epub
 
падключыць
слоўнікі

Ісак Бабель

Пераход цераз Збруч

Начдыў шэсць далажыў аб тым, што Наваград-Валынск узяты сёння на досвітку. Штаб выступіў з Крапіўны, і наш абоз шумлівым ар'ергардам расцягнуўся па шашы, што ішла ад Берасця да Варшавы і была пабудавана на касцях мужыкоў Мікалаем Першым.

Палі пурпуровага маку цвітуць вакол нас, паўдзённы вецер гуляе ў пажаўцелым жыце, нечапаная грэчка паўстае на небасхіле, як сцяна далёкага манастыра. Ціхая Валынь выгінаецца, Валынь адыходзіць ад нас у жамчужны туман бярозавых гаёў, яна ўпаўзае ў квяцістыя ўзгоркі і аслабелымі рукамі блытаецца ў зарасніках хмелю. Аранжавае сонца коціцца па небе, як адсечаная галава, ласкавае святло загараецца ў цяснінах хмар, штандары захаду лунаюць над нашымі галовамі. Пах учарашняй крыві і забітых коней капае ў вячэрнюю прахалоду. Пачарнелы Збруч шуміць і закручвае пеністыя вузлы сваіх парогаў. Масты разбураны, і мы пераязджаем раку ўброд. Велічны месяц ляжыць на хвалях. Коні па спіну ўваходзяць у ваду, гучныя патокі прасочваюцца паміж сотнямі конскіх ног. Хтосьці тоне і звонка бэсціць багародзіцу. Рака ўсеяна чорнымі квадратамі калёс, яна поўная гулу, свісту і песень, што грымяць паверх месячных змей і зіхатлівых ям.

Позняй ноччу прыязджаем мы ў Наваград. На адведзенай мне кватэры страчаю цяжарную жанчыну і двух рудых жыдоў з тонкімі шыямі; трэці спіць, накрыўшыся з галавой і прыткнуўшыся да сцяны. Бачу спустошаныя шафы ў прызначаным мне пакоі, ашмоткі жаночых футраў на падлозе, чалавечы кал і чарапкі запаветнага посуду, якім карыстаюцца жыды раз у год - на вялікдзень.

- Прыбярыце, - кажу я жанчыне. - Як вы брудна жывяце, гаспадары...

Два жыда падхопліваюцца з месца. Яны скачуць на лямцавых падэшвах і прыбіраюць абломкі з падлогі, яны скачуць моўчкі, як малпы, як японцы ў цырку, іх шыі пахнуць і круцяцца. Яны кладуць на падлогу распоратую пярыну, і я лажуся да сценкі, побач з трэцім, сонным жыдом. Палахлівая галеча ахінае маю пасцель.

Усё забіта цішынёй, і толькі месяц, абхапіўшы сінімі рукамі сваю круглую, бліскучую, бесклапотную галаву, блукае пад акном.

Я размінаю зацёклыя ногі, я ляжу на распоранай пярыне і засынаю. Начдыў шэсць сніцца мне. Ён гоніцца на цяжкім жарабку за камбрыгам і ўсаджвае яму дзве кулі ў вочы. Кулі прабіваюць галаву камбрыга, і абодва вокі яго падаюць на зямлю. «Навошта ты павярнуў брыгаду?» - крычыць параненаму Савіцкі, начдыў шэсць, - і тут я прачынаюся, бо цяжарная жанчына шнарыць пальцамі па маім твары.

- Пане, - кажа яна мне, - вы крычыце ў сне, і вы кідаецеся. Я пасцялю вам у другім кутку, таму што вы штурхаеце майго татулю...

Яна падымае з падлогі худыя свае ногі і круглы жывот і сцягвае коўдру з заснулага чалавека. Мёртвы стары ляжыць там, закінуўшыся дагары. Горла ў яго вырвана, твар рассечаны напалам, сіняя кроў ляжыць у яго барадзе, як кавалак свінцу.

- Пане, - гаворыць жыдоўка і ўстрахвае пярыну, - палякі рэзалі яго, і ён умольваў іх: забіце мяне на чорным двары, каб мая дачка не бачыла, як я памру. Але яны зрабілі так, як ім было патрэбна, - ён канаў у гэтым пакоі і думаў пра мяне... І цяпер я хачу ведаць, - сказала раптам жанчына з жахлівай сілай, - я хачу ведаць, дзе яшчэ на ўсёй зямлі вы знойдзеце такога бацьку, як мой бацька...

 

1920



Пераклад: Уладзімір Шахавец