epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Сустрэча на пероне

Праз адчыненую брамку Максім выйшаў на перон. Было каля дзесяці гадзін — з гарадка аўтобус рушыў а палавіне дзесятай і свае тры кіламетры праехаў хутка, балазе, што спыняцца нідзе не давялося: да самага вакзала на шашы нікога не сустрэлі. Да прыходу цягніка яшчэ заставалася часу, і Максім захацеў абысці маўклівы прывакзальны сквер, абнесены чыгуннай агароджай. Білет на цягнік быў куплены. Максім не першы раз на гэтай станцыі і добра ведаў, што ля білетнай касы тут заўсёды таўкатня. Да адзінага акенца, загароджанага жалезнай рашоткай, сыдуцца ў апошнія хвіліны і тыя, што ад'язджаюць, і тыя, што праважаюць, стоўпяцца невядома чаго, і калі не праціснешся, то ўжо будзеш потым, высунуўшы язык, бегчы, каб на хаду ўскочыць на прыступку вагона. Праўда, на гэты цягнік білетаў у касе звычайна хапае — раён хоць і вялікі, але ад Суража на чыгунцы яшчэ два раз'езды, і тыя, каму бліжэй, падаюцца на Ліпаўку, на Журбін. Зараней браць білет Максіма навучыў сам начальнік станцыі, калі Максім паскардзіўся яму аднаго разу.

— Можна б міліцыянера паставіць, — развёў рукамі начальнік станцыі. — Але што зробіць міліцыянер тут? Вёска, дарагі мой, вёска ніякай чаргі не прызнае. — Ён павёў Максіма праз службовы ход і выбіў сам білет да Магілева. — А вы... не ведаю вашага прозвішча...

Максім сказаў.

— ...Як будзеце ў нас другі раз, то не стойце там. Ідзіце сюды адразу. А то заказаць можна.

Але Максім пасля ўжо не хадзіў па білет праз службовы ход і тым больш не спрабаваў загаварыць з начальнікам станцыі...

Перад вечарам пабыў спорны дождж, і цяпер пад нагамі адчувалася сырасць. Максім самога дажджу не бачыў. Ён тады якраз сядзеў у кабінеце рэдактара — рыхтавалі вялікі артыкул у абласную газету і амаль ад самае раніцы не выходзілі з рэдакцыі. Хмара на гарадок найшла неспадзявана: свяціла нізкае сонца, і раптам у вокнах пацямнела. Запалілі святло. А сонца тым часам зайшло пад хмарай.

Пахла вуголлямі і садам. Але дыхалася лёгка і глыбока. Максім ішоў паўз агароджу спакваля. Плашч свой, які за ўсю паездку так і не давялося накінуць на плечы — кожны дзень над галавой было адно чыстае неба, — ён нёс на руцэ.

У глыбіні сквера хтосьці падладжваўся пад салаўя — свіст быў фальшывы, і адразу было відаць, што рабіў гэта чалавек. Можа, яму сумна стала без салаўя.

Максім любіў прыязджаць у гэты гарадок. Як надаралася ў аддзеле камандзіроўка, то браў яе і ехаў. Адсюль, з гэтых мясцін, была яго маці — мястэчка, у якім яна нарадзілася, знаходзілася кіламетраў за дваццаць. Але туды Максім ні разу не ездзіў. І не таму, што не выпадала як. Была свая прычына. Некалі маці яго выйшла замуж насуперак бацькавай волі, і той абмінаў яе аж усё жыццё — не хацеў бачыць; не адпусціўся стары нават тады, калі ў яе ўжо было чацвёра дзяцей. Жылі як чужыя. Так і памерлі абое — маці і Максімаў дзед, — не памірыўшыся. У гарадку цяпер жыла матчына сяброўка. Яны разам раслі ў мястэчку. Максім яшчэ з даўняга помніць, як яна прыязджала да іх і заўсёды казала, абы пераступіла парог:

— Твой куркуль усё злуецца. Надоечы я гэта сустрэла яго і кажу, што збіраюся да Аўгінні, дык ажно адвярнуўся. Ну і парода. Усе яны такія, адным помазам мазаныя. Шкада толькі маткі тваёй. Добрая жанчына была. Надта добрая.

Яна чамусьці кожны раз прывозіла з сабой яблыкі — ці гэта здаралася ўлетку, ці зімой. І, мусіць, таму Максім першы пачаў шкадаваць, як яна раптам перастала да іх прыязджаць.

— Гэта ж мяне тады не ўзлюбіў твой бацька, — прызналася старая Максіму, калі той ужо праз шмат гадоў сустрэў яе на вуліцы.

Жанчына вельмі радая была, што нарэшце пабачыла сына сваёй таварышкі, завяла Максіма да сябе і пачала частаваць ліповым мёдам — яна сама была за пчаляра і даглядала тыя чатыры вуллі, што стаялі пад вокнамі хаты, у гародчыку.

— Ты, Максімка, еш, не лянуйся, — казала яна, пасадзіўшы яго за стол. — Дык гаворыш, што вы ўжо ўсе параслі і раз'ехаліся? І Пятрок, і Ларыса? А гэтая ваша, малая?

— Алёнка?

— Ну але.

— Ужо замужам.

— Ну во, бачыш!.. Скажы-тка... Дык я і кажу, матка ваша... Во ўжо хто нагараваўся то нагараваўся. Быццам на аднае тое гора і разлічана было. Спачатку са сваім бацькам у яе здарылася, а пасля і з тваім... Не, не павязло ёй. Як хочаш, а не такога б ёй мужа... Ты не крыўдуй на мяне, старую, што гэтак пра бацьку твайго. Але ж мы з тваёй маткай, ведаеш?

Для Максіма раптам нібы адкрыццём стала тое, што недзе ўвесь гэты час жыў чалавек, які шкадаваў яго маці. І нават цяпер у словах жанчыны ён не адчуваў нічога крыўднага для сябе. Наадварот, яму падабалася, як яна гаварыла пра маці — ціха і па-жаночаму ласкава. Максім, здаецца, дзеля аднаго гэтага і прыязджаў сюды так часта.

У скверы, недзе на самай сярэдзіне яго, свяціліся агні ліхтароў. Але тут, ля агароджы, было амаль цёмна. Максім не спяшаўся. Ён ішоў па вузкай асфальтавай дарожцы, і на душы ў яго было прыемна і хораша.

Тым часам на перон ужо сыходзіліся людзі — неслі свае чамаданы, клункі. Максім глянуў на станцыйны гадзіннік — да цягніка заставалася трохі больш за дзесяць хвілін. І раптам ён пачуў, як хтосьці побач гучна сказаў:

— Ну і што? Пачакаем!

Голас быў надзіва знаёмы.

Максім падняў галаву і не даў сабе веры — наперадзе ішла Галя Яленская. Яна ішла па дарожцы і вяла пад руку высокага мужчыну ў вайсковай форме. Але Максіма яшчэ не пазнала. Ад нечаканасці Максім нават разгубіўся, хацеў збочыць, ды не паспеў.

— Глянь! — усклікнула Галя. — Гэта ж Максім... — Яна ўтаропіла на Максіма вочы і выслабаніла сваю правую руку. — Ну, што ж ты стаіш? — з дакорам у голасе сказала яна і неяк нясмела зрабіла колькі крокаў да Максіма, узяла яго за руку і ледзь не пацягнула да свайго спадарожніка.

«Муж», — падумаў Максім.

— Лёня, гэта Максім Перавалаў, — сказала Галя і, мусіць, ад хвалявання стала паміж мужчынамі, пазіраючы то на аднаго, то на другога. — Ты ж помніш, я гаварыла. Пазнаёмцеся.

Ужо на пероне Галя спытала:

— Ты як гэта трапіў сюды? Максім адказаў:

— А я тут часта бываю.

Галя здзівілася:

— Нават часта? — Яна паглядзела на Максіма. — Ах, так, я ўжо і забыла, што ў цябе такая работа!.. — І дадала: — А мы прыйшлі бацьку сустракаць.

— Тараса Антонавіча?

— Меўся прыехаць сёння.

— Даўно я не бачыў яго...

— Дык і пабачыш!.. Ты малайчына, што паказаўся на вочы нам.

— Не, зараз будзе мой цягнік.

— Магілеўскі?

— Так.

— А табе абавязкова трэба сёння ехаць?

Максім паціснуў плячамі.

Галін муж, які ўвесь гэты час маўчаў, пазяхнуў і сказаў:

— Ну, вы пагаварыце, а я зараз... Схаджу толькі ў вакзал, можа, газету куплю.

Калі ён адышоўся, Максім спытаў:

— А што? Муж твой і сапраўды вельмі чытае газеты? — І сам здзівіўся, што сказаў гэта ад нейкае яшчэ неўсвядомленае злосці.

— Ды кінь ты! — Галя тупнула нагой. — Лепш скажы, ці хочаш сустрэцца са сваім настаўнікам?

— Але ж мой цягнік...

— Значыць, не хочаш...

— Чаму ты так думаеш? Я вельмі хацеў бы пабачыць яго...

Над станцыйнымі забудовамі, што віднеліся за белымі рэйкамі, узыходзіў месяц — вялікі і круглы. Ён непрыкметна вынырнуў як з-пад зямлі і цяпер, нібы гарбуз увосень, ляжаў на даху. Недзе, яшчэ зусім далёка, крычаў спалоханай начной птушкай паравоз.

Галя стаяла насупраць Максіма і чакала адказу. Сярэдняга росту, стройная і прыгожая, у лёгкім бэзавым світэры, які нібы выточваў яе грудзі, яна нё зводзіла з яго сваіх вялікіх чорных вачэй. Твар у яе быў бледны, а паміж брывамі сабраліся пакутлівыя зморшчыны. Максім з любасцю глядзеў на яе і адчуў, як паступова штосьці вельмі сумнае бярэ яго за сэрца.

— Ты па-ранейшаму такая прыгожая, — уздыхнуў ён.

— Я даўно цябе не бачыла, — сказала яна.

У гэты момант захрыпеў на ўвесь перон дынамік, што вісеў непадалёку на драўляным слупе:

— Граждане пассажиры, будьте внимательны и осторожны, на второй путь прибывает поезд номер восемьдесят шестой, следующий по маршруту...

Максім падаў руку:

— Вось... бачыш. — Памаўчаў трохі, стрымліваючы дыханне. — А трэба ж столькі табе сказаць!..

— А я табе ўсё хацела падзякаваць, што навучыў мяне цалавацца, — раптам сказала яна і засмяялася, адкінуўшы галаву назад, але смех яе быў штучны.

Максім таксама засмяяўся — словы яе былі для яго нечаканыя і нават дзіўныя.

— Не такая ўжо складаная навука, — падладжваючыся пад яе штучную весялосць, адказаў ён. — Мог бы навучыць хто-небудзь іншы. Так што дзякаваць і няма за што...

Яна сумелася. Максім гэта адчуў і паправіўся.

— Нас жа заўсёды клікалі жаніхом і нявестай, — дадаў ён.

— А ты яшчэ не забыў?

— Не.

— Праўда?

Рукі Максімавай Галя не выпускала і ўсё трымала ў сваёй — мяккай і цёплай.

— Ты даруй мне, гэта я так, пажартавала.

— І я таксама...

З шумам, цяжка аддыхваючыся, падышоў цягнік. Вагоны адзін за адным паволі праплылі за паравозам і, ляснуўшы буферамі, спыніліся. Максім пашукаў вачамі нумар вагона, які быў насупраць.

— Сёмы, — падказала Галя.

— О, мне трэба ў дзесяты. — Максім азірнуўся і спытаў: — Куды ж гэта падзеўся твой муж?

— Сапраўды, дзе ён? — здзівілася Галя.

— Ну што ж, чакаць не будзем. Рады быў сустрэць цябе. Бывай.

— А можа, не паедзеш, а? — нібы спахапілася Галя і зноў пачала ўпрошваць Максіма. — Тата ж пакрыўдзіцца, калі я скажу, што ты быў і не захацеў сустрэцца. Застанься, Максім!..

І зноў у яе паміж брывамі сабраліся тыя пакутлівыя зморшчыны, а Максімава сэрца, як і некалькі хвілін назад, заныла, засадніла. Хлопцу раптам зрабілася шкада самога сябе. Ён нічога не адказаў ёй, прамаўчаў, але і не рушыў з месца. Усё стаяў і думаў: «Ты, мусіць, і не здагадваешся, як не хочацца мне цяпер ехаць адсюль. Я даўно чакаў гэтай сустрэчы...»

Цягнік тым часам пастаяў на станцыі і ціха крануўся. Праплыў апошні вагон. Чырвоны агеньчык на ім трывожна міргнуў, пачаў аддаляцца і нарэшце знік за будынкамі.

Максім і Галя маўчалі. Яны раптам адчулі сябе вінаватымі, быццам зрабілі штосьці нядобрае: стаялі, апусціўшы галовы, і баяліся падняць адзін на аднаго вочы.

Вярнуўся Галін муж.

— Вы не паехалі? — здзівіўся ён і ў голасе яго Максім пачуў нездаволенасць.

— Не! — Максім хацеў яшчэ сказаць, што ён перадумаў, бо хутка будзе Тарас Антонавіч, які столькі гадоў быў яго настаўнікам, але змоўчаў. «Навошта хлусіць, — рашыў ён. — Усё роўна ж не паверыць. Дык навошта гаварыць».

Галін муж адышоўся крокі за тры, стаў збоку недавольны і, мусіць, ад хвалявання пачаў падцягвацца на насках, ляскаючы па асфальце абцасамі.

Колькі хвілін не гаварылі. Маўчалі. І гэтае маўчанне было непрыемнае для ўсіх, абразлівае. Нарэшце Максім спытаў:

— Дзе цяпер Тарас Антонавіч працуе? Галя схамянулася і, кінуўшы нядоўгі позірк на мужа, адказала:

— А ён на пенсіі. — Яна ўжо, здаецца, была спакойная.

Ды размовы на гэты раз не выйшла. Абодвух збянтэжыла маўклівая постаць Галінага мужа.

А неўзабаве падышоў і той цягнік, на якім меўся прыехаць Тарас Антонавіч. Але дарэмна яны падоўгу ўглядаліся ў людзей, якія выходзілі з вагонаў. Галінага бацькі сярод пасажыраў не было.

Максім адчуў, у якое няёмкае становішча ён трапіў, і, каб суцешыць сябе, сказаў:

— Што ж, не прыехаў сёння — сустрэнеце заўтра. Загаварыў таксама і Галін муж.

— Вы прабачце нам, — павярнуўся ён да Максіма, — але мы не можам вас запрасіць да сябе. Мне трэба на дзяжурства.

На шырокім татарскім твары яго Максім лёгка прачытаў злараднасць.

Галя было запярэчыла:

— Цябе ж капітан Каралёў замяніў. Няхай ён да канца і дзяжурыць. Навошта перабіваць, мы ж яго прасілі...

— Гэта ўжо мая справа, — груба перапыніў яе муж.

Галя неяк сцялася ўся і балюча закусіла ніжнюю губу, — здавалася, вось-вось з яе вачэй пацякуць слёзы.

Максім памкнуўся да яе, але зрабіў усяго адзін крок — стрымаўся. Галін муж заўважыў гэты яго рух, чамусьці ўсміхнуўся і казырнуў:

— Прашу прабачыць, — ён крута, па-вайсковаму павярнуўся і рушыў да брамкі, кінуўшы на хаду: — Галя, пойдзем дамоў, у нас зусім мала часу.

Галя здрыганулася, спалохана паглядзела на мужаву спіну і правяла левай рукой па сваім твары. Максім ступіў наперад, узяў яе руку ў сваю.

— Табе трэба ісці, — сказаў ён.

Яна з нейкаю крыўднай пагардай глянула на яго, вырвала сваю руку і пабегла да брамкі. Максім застаўся стаяць на пероне.

«Трэба хутчэй адсюль ехаць, — рашыў ён. — На першым жа таварняку».

Быццам аднекуль здалёк прыляталі і адляталі гукі: абрыўкі слоў, паспешлівыя крокі людзей... Максім стаяў і думаў пра чужое няшчасце, якое так неспадзявана зрабілася сваім, і яшчэ пра тое, што неспакойнай і часам недарэчнай бывае радасць.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая