epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Франко

Каменяры

Я дзіўны бачыў сон. Перада мной нібыта

Ў пустэльнай дзікасці бязмежнае плато

І я, сталёвым ланцугом абвіты,

Стаю пад скальнай стромаю з граніту,

А далей тысячы такіх, як я, братоў.

 

Чало ва ўсіх журбой жыцця ўзарана,

І ў кожнага ў вачах гарыць любові жар,

І на руках ва ўсіх гадзюкамі кайданы,

І плечы кожнага дадолу пазгінаны,

Бо нейкі страшны ўсіх гняце цяжар.

 

Ў руках у кожнага цяжкі жалезны молат,

І зверху - кліч да нас, пярунам над зямлёй:

«Дзяўбіце гэты ўцёс! Няхай спякота й холад

Не спыняць вас! Выносьце працу, смагу й голад,

Бо ВАМ прызначана скрышыць у друз скаллё».

 

І ўсе мы як адзін узнеслі ўгору рукі,

І безліч молатаў аб камень загуло,

І пырскалі ў бакі мільёны камянюкаў,

Бо з сілай роспачы і з сілай нашай мукі

Раз-пораз мы дзяўблі ў каменнае чало.

 

Як вадаспаду рык, як кроў і гром навалы,

Так молаты грымелі раз у раз.

Па пядзі пядзь абшар мы здабывалі,

Хоць не аднога з нас глыжы каменавалі, -

Мы йшлі далей. І што спыніла б нас?

 

І кожны ведаў з нас, што славы нам не будзе,

Ні памяці за кроў, як збурыцца гара,

Што аж тады дарогай гэтай пойдуць людзі,

Як мы праб'ём яе, сваім жыццём абудзім

І косткі нашы тут ператварацца ў прах.

 

Дый не прасілі мы ў людзей славутай долі,

Бо кроў герояў ў сэрцы нашым не гарыць.

Не, путы мы - сваёй абралі добрай воляй,

Нявольнікі, рабы адной-адзінай волі

І поступу людзей - хіба каменяры.

 

І ўсё ж мы верылі, што гэтымі рукамі

Раструшчым мы граніт адвечных мёртвых стром,

Што ўласнаю крывёй і ўласнымі касцямі

Ў граніце шлях змуруем і за намі

Ў свет прыйдзе новы дзень і новае дабро.

 

І ведалі, што там, у дальнім нейкім свеце,

Які мы кінулі для катаргі сваёй,

За намі слёзы льюць матулі, жонкі й дзеці,

Што ворагі й сябры клянуць па ўсім сусвеце

І нас, і наш намер, і наш няроўны бой.

 

Мы гэта ведалі. Душа не раз балела,

І сэрца рвалася, і грудзі жаль сціскаў.

Ды не спынілі нас ні жаль, ні мукі цела,

Ні брэх каменявержцаў ашалелых,

А молата ніхто з рукі не выпускаў.

 

Мы йдзем. Святая думка нас яднае

У грамаду адну, а молаты ў руках.

Хай праклінаюць нас, хай свет нас забывае!

Мы - камнябойцы. Праўдзе мы шляхі раўняем,

І прыйдзе шчасце ўсіх па нашых касцяках.

 

1978

 



Пераклад: Уладзімір Караткевіч