epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Франко

Майсей

Паэма (урывак)

 

Пралог

 

Народзе мой, адрынуты, разбіты,

Як паралітык на глухой дарозе,

Людской знявагай, што струп'ём, пакрыты!

 

Душа мая за лёс твой у трывозе.

Ад сораму, які ў вячыстай далі

Нашчадкаў спаліць, я заснуць не ў змозе.

 

Няўжо тваёй гісторыі скрыжалі

Цяглом быць для суседзяў і пагноем -

Такую долю нам наканавалі?

 

Няўжо павек - спадманлівым спакоем

Ахутваць злосць, гуляць у легкавернасць,

Лагодзіць тых, хто здрадай і разбоем

 

Цябе скаваў, запрысягнуў на вернасць?

Дзе веліч спраў тваіх рашучых, смелых,

Што выявілі б сіл тваіх бязмернасць?

 

Няўжо дарэмна столькі сэрц гарэла

Ахвярадайнай да цябе любоўю,

Табе аддаўшы і душу, і цела?

 

Ці ж марна ўвесь наш край паліты кроўю

Сыноў тваіх? Няўжо не захапляцца

Яму красою, воляй і здароўем?

 

Ці ж марна ў слове у тваім іскрацца

І моц, і мяккасць, досціп і развага -

Усё, чым можа ўгору дух узняцца?

 

Дарэмны ў песнях у тваіх адвага,

І звонкі смех, і жаль, і млосць кахання,

Надзей і ўцехі неспатольнай смага?

 

О не! Не толькі слёзы і ўздыханні

Нам суджаны! Я ў лёс твой веру новы,

У дзень твой запаветны ўваскрасання!

 

О, каб жа дзень той быў паслушны слову,

А слова - дню, што ў радасці святлістай

Агонь акрые, выснуе абнову!

 

О, каб успыхнуў песні зніч агністы,

Той, што вядзе мільёны за сабою

На новы шлях, пакінуўшы імглісты!

 

Ды не!.. Не нам, зняможаным журбою,

Знясіленым сумненнямі і горам,

Не нам свяшчэнна выгукнуць: «Да бою!»

 

Але надыдзе час: ты Чорным морам

Пакоціш, як цунамі, рокат волі -

Ўздрыгне Каўказ, Карпаты змыюць сорам.

 

Заззяеш у народаў вольным коле

І - гаспадар руплівы, дамавіты -

Агледзіш сваю хату, сваё поле.

 

Прымі ж мой гэты спеў, тугой спавіты,

Ды поўны веры ў шлях твой і кірунак, -

Як прышласці тваёй залог, слязьмі паліты,

 

Як генію твайму вясельны падарунак.

 

20 ліпеня 1905

 



Пераклад: Вячаслаў Рагойша