epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Чатыры сантыметры надзеі

Смуглявы камлюкаваты хлопец ляжаў дагары на траве, прывольна раскінуўшы наросхрыст рукі. Ён толькі што вылез з вады і грэўся на сонцы. Крышку прыплюшчваўся, паглядаючы ў чысты блакіт летняй раніцы.

Ён выбраў сабе мясцінку каля разгалістай вярбы, знарок воддаль ад шумлівага і мітуслівага пляжа ў санаторыі.

Хлопец, лежачы на траве, не звяртаў ні на кога ўвагі, і я адразу пазнаў, што ён — не з санаторыя. Да вярбы прыхілены, стаяў яго веласіпед. На рулю вісела, нібы надзьмутая, сіняя сінтэтычная куртачка, а старанна згорнутыя джынсы, белая саколка былі роўненька пакладзены на сядле. Вопратка, як у звычайнага гарадскога юнака. Толькі з-пад куртачкі віднелася спражка шырачэзнай папругі.

Раптам ён узняўся, сеў і пачаў углядацца ўгору. Да валасоў на лбе, разбэрсаных, яшчэ мокрых, прыклаў далонь брылем. Канешне, я таксама ўзняў позірк.

У блакітнай вышыні, мы ўбачылі, срабрылася палоска. З поўначы на поўдзень ляцеў самалёт. Гуку не чутно, ды і пазней я яго не пачуў. А хлопец, які першы прыкмеціў зіхатліва-белую дарожку, пільна сачыў за ёю: страла самалёта ў небе, быццам пад лінейку, пісала роўненькую рыску, якая з цягам часу разрасталася істужкай дробненькіх воблачкаў. Даўжэла, шырэла.

Хлопец доўга глядзеў услед выведзенай самалётам дарожцы, што таяла ў сіняве.

Потым устаў і пачаў адзявацца. Усё больш і больш нашых прыходзіла на пляж — самы пік загару, а юнак пакідаў такую сонечную пару і сваё месца. Вядома, мяркуючы па яго смугляваму выгляду, ні сонца, ні вада не былі ў яго далёкія і рэдкія сябры. І хвацкая сіла ў руках. Мяне аж здзівіла, што гэта ў яго за папруга? Вось дык папруга! Нібы патранташ. З патронамі. Здаецца, сапраўдныя патроны сядзелі ў скураных гнёздах патранташа і, бадай, непустыя. Гэта можна было ўявіць, калі ён, напружана сілячыся, зашпіляўся і згінаўся ад патранташа. А падперазаўшыся, неяк фасоніста раўняў свае важкія рэмянёвыя газыры на поясе.

Якая ўжо мода на рамяні ў маладых людзей ні здзіўляла, але такую папругу я не сустракаў.

— А дзе ж да патронаў стрэльба? — зацікавіўся я, бачачы, што апроч патранташа нічога з амуніцыі, патрэбнай для палявання, у яго не знайшлося.— Так без стрэльбы выпраўляцца, што ісці касіць без касы.

Юнак, апранаючы сінтэтычную куртачку, нічога не адказаў. Можа, не хацеў са мной размаўляць. Ці засердаваў за дакор сваёй нядбайнай несабранасці? Куртачку абцягнуў уніз, каб не відаць былі ні патранташ, ні што ў патранташы.

— Качэчы шрот? — з цікавасцю паляўнічага зноў запытаўся я, нібыта курэц курца пра тытунь у кішэнях.— На світанні вунь у тым чароце крыжанак лятала цэлая чарада, сам бачыў... Сёлетні вывадак... Хоць яшчэ, праўда, не сезон. На качку паляваць не дазволена.

— А мае зарады на мядзведзя,— сур’ёзна, амаль пагрозліва, адказаў хлопец, адштурхнуўся, закінуў нагу на двухколага каня і паехаў. Паехаў не міма пляжа, па асфальце, у санаторый, а ў бок гарадка.

Мяне наша незакончаная размова яшчэ больш зацікавіла. Нават заінтрыгавала.

Назаўтра з няўрымслівасцю я зноў падышоў да разгалістай вярбы, нават раней, чым учора.

Зноў грэла невысокае, ранняе сонца. Яшчэ зыбкі туман слаўся між берагоў, нібы вада парыла, нагрэтая занач. На тым баку між алешніку рыбакі-санаторнікі задрамалі над вудзільнамі.

Ага, вось і ён, мой ваяўнічы веласіпедыст! Адзінокая галава яго, як мяч, паказалася пасярэдзіне возера і ледзь-ледзь рухалася да берага. Рухалася нетаропка, нібы ён страшэнна змарыўся. Але, наблізіўшыся, мабыць, адчуўшы пад сабою дно, хлопец жвава, боўтаючы нагамі, пачаў вылазіць.

Сёння ён стаяў бліжэй да веласіпеда і бліжэй да мяне. Нашы вочы спаткаліся.

— Стаміўся? — як мага спачувальна запытаўся я.

— Не,— ціха адказаў хлопец.— Я пераплываю без адпачынку два разы. Туды і назад, туды і назад.

Я ўгледзеўся ў далеч возера, прыкідваючы ў думках адлегласць, потым на яго гладкае цела, як у спартсмена. Мабыць, будучы чэмпіён?.. Ужо намерыўся пачаць знаёмства са спорту, як хлопец кудысьці заспяшаўся. Прысадзісты, ён мігам улез у свае джынсы. Сёння я яшчэ ўважлівей, зблізку, прыгледзеўся, як ён з патранташам намагаецца падпяразваць паясніцу паверсе джынсаў. У гнёздах патранташа сапраўды сядзелі патроны матавага бляску. Няйнакш, баявыя патроны. Ён зноў абцягнуў полы куртачкі, нібы штосьці там схаваў патаемнае.

Хлопец ужо асядлаў веласіпед.

— І заўтра будзеш купацца на гэтым месы? Бачу, аблюбаваў ты яго? — імкнучыся неяк завязаць знаёмства, пацікавіўся я.

— Штодня тут купаюся,— адказаў ён.— Толькі сёння ў дарозе паштовы аўтобус спазніўся. Спяшаюся па пошту.

Яшчэ з большай зацікаўленасцю я паглядзеў услед юнаку, як ён аб’ездам санаторыя паехаў у райгарадок. Паштальён? З патронамі?..

Разгаварыліся шчыра мы пры наступнай сустрэчы. На заўсёдашнім месцы, пад вярбой.

— Як цябе зваць?

— Сяргей.

Мы пазнаёміліся. Я сказаў, што палова мае пуцёўкі ў санаторыі ўжо за плячыма. Успомніў, што яго аднойчы бачыў у спартыўнай зале нашага корпуса, а ён, прызнаўся, мільгом згледзеў мяне. Позіркамі, такім чынам, мы былі ўжо добра знаёмыя.

— Дык ты не паляўнічы?

— Не.

— І не вартаўнік, каму належыць мець стрэльбу?

— Не.

— І паштальёну, як ты прызнаўся, патроны не патрэбны?

— Не.

— Дык што гэта ў цябе за патранташ з патронамі?

Яму, бедалагу, здаецца, сорамна было прызнавацца.

— Гэта не патроны,— раптам адказаў ён.

— А што гэта?

Сяргей расперазаў патранташ і працягнуў мне ў рукі. Калі я ўзяў яго аберуч, то мой капялюш выпаў з рукі. Ад цяжару мусіў нахіліцца наперад. Вось дык папруга! Вага была такая, што я ледзь яе ўтрымаў. Я ўважліва разгледзеў скураныя гнёзды, у якіх сядзелі патроны. Але гэта былі не патроны.

І не патроны, і не газыры. Чымсьці, як волавам, былі напоўнены гнёзды.

— Што гэта такое? — здзівіўся я.— Нашто ты яго носіш?

Сяргей не хацеў прызнавацца, а потым коратка сказаў:

— Доўгая гісторыя.

Гэта папруга — не папруга, гэта — нібы талісман. Ведаеце, што значыць талісман? Сяргей не называў яе так, але пэўны сэнс меў. Гэта папруга, без якой ён жыць не можа. Ні хадзіць, ні бегаць, ні ездзіць на веласіпедзе. Распяразвае, калі спаць кладзецца ці ў возера акунаецца. Яна нібы чароўная...

Я сказаў, што не разумею і што мне цікава, які тут можа быць сакрэт?

Мы з Сяргеем потым шмат разоў бачыліся, часам на хаду «добры дзень»— «добры дзень», часам падоўгу размаўлялі, разважалі, і ён так растлумачыў сакрэт свайго «патранташа».

— Я люблю авіяцыю! — горда вымавіў ён.— Я хачу лятаць!

Пачуўшы гэта, я стаіў дыханне: якая можа быць сувязь між марай, жаданнем лятаць і цяжкім алавяным «патранташом»?

Расказваў ён «гісторыю» не адразу, тады, як мы бачыліся і калі ён не быў заняты на пошце або яшчэ дзе-небудзь. А час «гісторыя» ахоплівала немаленькі.

Жыла яго сям’я не ў дастатку, на невялічкім пляцы зямлі ў гарадку, ва ўласным доме. Бацька калісьці быў майстрам і настаўнікам у раённай школе механізатараў. Вярнуўшыся з фронту паранены, ён доўга не пажыў, пакінуў іх сіротамі, Сяргея і яшчэ старэйшага на тры гады брата, Юрку. Маці працавала на сваёй гаспадарцы з агародам і хадзіла на заработкі.

З Юркам яны вучыліся ў адной школе. Вучыліся і старанна памагалі маці.

І вось, яшчэ ў дзесяцігодцы, Сяргей захапіўся авіямадэлямі, а потым і авіяцыяй. Ён і сам добра не прыпомніць, калі ў яго з’явілася жаданне лятаць. Бадай, Юрка прышчапіў яму гэту «хваробу». А Юрка, старэйшы, хварэў на авіяцыю. Толькі ён найбольш цікавіўся тэхнікай. У шостым класе арганізаваў гурток авіямадэлістаў, куды і Сяргей пішчом прыстасаваўся. Пераймаючы забавы брата, і ён стаў майстраваць мадэлі.

Разам з Юркам, а яны ўдвух дружылі, удвух марылі і надумаліся ўзняцца ў паветра аж да хмар, палятаць у небе. Як яны ляталі на сапраўдным самалёце — гэта незабыўная старонка іх жыцця, і пра яе ніхто не ведае, нават маці... Каб сесці на самалёт і паляцець, патрэбен білет. Білет можна купіць за грошы ў касе аэрапорта. Вось і пачалі яны цішком, украдкі, назапашваць рублі. Хадзілі на заработкі, дзе ішло будаўніцтва санаторыя — падносілі цэглу. Сабралі амаль дваццаць рублёў. У час летніх канікул — Юрка якраз перайшоў у дзесяты клас, а Сяргей у сёмы,— нікому нічога не кажучы, выправіліся ў паветранае падарожжа, каб у той жа дзень вярнуцца дамоў. Раненька аўтобусам паехалі ў Мінск, каб у касе аэрапорта набыць білеты. У сваім гарадку аэрадрома, вось бяда, не было. Прыехалі ў сталіцу. Да касы па білеты! Але спачатку трэба паглядзець у расклад руху самалётаў. Які выбраць самалёт, каб на сходны кошт білетаў? Вядома, толькі можна раздабыць білет на мясцовыя лініі. Ніякага значэння, які рэйс і куды маршрут, завідна вярнуцца б. А летні дзень — год! Управяцца... Як успомніць Сяргей той клопат, дык і смех, і сумна робіцца... Куды ляцець? Хоць куды! Толькі б падняцца ў неба. Падумалі і выбралі білеты па кішэні: два да Навагрудка. «Мінск — Навагрудак»! Прыкінулі, што яшчэ хопіць некалькі рублёў апошнім аўтобусам дамоў вярнуцца... Купілі білеты. Выйшлі, дзе пасадка. Глядзяць, як грымяць, узнімаюцца магутныя лайнеры ТУ-124, ТУ-134 (Юрка казаў, што іх называюць «тушкі»), а навагрудскага АН-2 нідзе няма. Ён невялічкі, па здымках хлопцы яго ведалі. Яны нічога не палохаліся, адчувалі сябе бадзёрымі, але Сяргею чамусьці падсілкавацца захацелася. «Ты перакусіць не хочаш?» — запытаў ён у брата. «Мы ж нядаўна снедалі». Усё, што хлопцы бралі з сабой у школьную сумку, едучы, той кусане, той кусане — увесь запас расходавалі. Цяпер, як аб’явілі пасадку на мясцовыя самалёты, у Сяргея раптам пад лыжачкай нібы голад засмактаў. Пайшлі ў буфет. Што купіць, калі ў дарозе ўсё трэба ашчаджаць. «Вунь таннае пірожнае. Возьмем па адным»,— прапанаваў Сяргей. Юрка заказаў у буфетчыцы адно з заварным крэмам, а сам, як старэйшы, толькі праглынуў сліну. «Падзелімся»,— прасіў яго Сяргей, але Юрка адмовіўся. Між іншым, гэта эканомнасць у палёце не пашкодзіла Юрку, а Сяргей толькі адпакутаваў... АН-2 маленькі. Пасажыраў мала. Ляцеў ён супраць ветру. Яго кідала, як на паветраных узгорках і нізінах. Юрка пазіраў у акно, разглядаў навокал, а Сяргей і наглядаў, і неспакойна круціўся. А потым самалёт кінула, нібы ў якуюсьці яму, то ўсё, што Сяргей праглынуў у буфеце, палілося з яго, і ён раптам затуліў твар прыпалом кашулі... Прызямліліся ў Навагрудку. Пасажыры разышліся, а Сяргей лёг на травяністым полі, бледны, з мутнымі вачамі. Юрка пабег у будыначак прынесці брату вады, хацеў нават выклікаць доктара. Але хворасць Сяргея хутка прайшла... Устаў і павесялеў.

Не зусім удаўся першы палёт. У дадатак да ўсяго сапсавалася пагода. Наплылі нізкія хмары. Пачаўся дождж, ды такі несціханы, што аб’явілі: рэйс адкладваецца на заўтра. Дзе хлопцам начаваць? Няма дзе. І харчу няма. Яны мусілі ехаць назад у Мінск аўтобусам. А ён перапоўнены. На сілу ўціснуліся. А з Мінска апошнім рэйсам ледзь дабраліся дадому ў свой райгарадок. Дзядзька-сваяк ехаў разам на гэтым аўтобусе і пазычыў хлопцам два рублі — столькі не даставала на білеты.

Толькі цераз дзень браты ўспомнілі сваё паветраплаванне... «А чаго? — з захапленнем нагадаў Сяргей.— Я думаў, хмары плывуць на адной вышыні, сцелюцца, як столь. А над гэтымі ж хмарамі плывуць яшчэ хмары. Прыгожа! А над тымі — яшчэ. Ой, як хораша!» — «А ты не бачыў сенажацей, палеткаў жыта,— радасна падхапіў Юрка.— Дарогі, павозкі, людзі вось як на далоні. Так цікава».— «Вельмі хораша».

Браты дзяліліся сваімі жаданнямі, прысягалі адзінай надзеі — толькі навучыцца лятаць.

А Юрка паступаў праз год у лётнае вучылішча — ведай, што спаткае наперадзе,— не паступіў. Сяргей туга рос, каранасты, снапаваты. Юрка — на галаву вышэй, спрытны, стройны, значкіст, так доўга рыхтаваўся — і не прынялі. Дзіва, дый толькі! Дактары знайшлі «шумы ў сэрцы». Вярнуўся дадому паніклы, засмучаны.

...Цяпер вучыцца ў фізкультурным інстытуце. Наперакор дактарам ці, можа, наадварот, каб «шумы ў сэрцы» заціхлі.

Няўдача старэйшага брата зажурыла і Сяргея. Ён не мог ставіцца да гэтага абыякава. Знайшла медыцына загану! Быць таго не можа, каб і яго, Сяргея, забракавалі! Сяргей не адчуваў ніякіх «шумоў». Ён не расчараваўся, не перадумаў і не змяніў свайго намеру. Стаць авіятарам—не інакш, абавязкова!

Юркавы кніжкі — той назбіраў амаль бібліятэку, пра авіятэхніку, пра лётчыкаў-герояў Айчыннай вайны, была там і кніга Юрыя Гагарына,— забраў сабе. Купіў кніжкі пра герояў-землякоў Клімука і Кавалёнка. Чытаў і зноў перачытваў. Такой літаратуры стаяла поўная этажэрка.

Ён гартаваў характар. І сваіх сяброў-выпускнікоў падгаворваў. «Вы толкам разбярэцеся,— казаў ён Грышку і Генадзю,— навукова-тэхнічны прагрэс. Век космасу. Усё чалавецтва павінна лятаць. Ну, хворыя, інваліды, калекі — тыя не сядуць на касмічны карабель. А мы? Ты, ён і я можам скласці каманду экіпажа. Што, у нас няма дружбы, псіхалагічнай сумяшчальнасці?» Пра псіхалагічную сумяшчальнасць Сяргей вычытаў у касманаўтаў і цяпер тлумачыў пра гэта сябрам.

Хлопцы сябравалі. Вучыліся яны роўна, без двоек. Грышку не цяжка ўгаворваць. А Генадзь — упарты і задзірака. Ён мог няпэўна паабяцаць. Вагаўся... Але нарэшце пагадзіўся.

Ужо ў пачатку дзесятага класа дружбакі пачалі думаць пра паступленне ў лётнае вучылішча. Схадзілі ў райваенкамат, параіліся з ваенкомам. Той паглядзеў на іх: камсамольцы, адзін — высокі, другі — сярэдні, трэці —так сабе. Усё роўна як згаварыліся, просяцца, асабліва меншы. Што ж? Паабяцаў рэкамендаваць.

Будучыя авіятары вясёлыя вярталіся ад ваенкома. Разважалі пра службу, якую выбралі сабе, захапляліся героямі-лётчыкамі, якіх яны ведалі або мелі ў сваёй радні.

У канцы ліпеня з рэкамендацыямі райваенкамата тры смельчакі паслалі свае заявы з дакументамі ў лётнае вучылішча. А праз нейкі час атрымалі паведамленні з’явіцца на камісію, прайсці экзамен на паступленне.

Сяргей ужо некалькі разоў распытваў старэйшага брата Юрку, як гэта бывае на камісіі, што патрабуюць і пытаюцца. Пра ўсё падрабязна цікавіўся і пра мажлівую няўдачу.

Брат казаў, што, апрача медыцынскай камісіі, яны яшчэ будуць праходзіць камісію па псіхалагічнаму адбору. Там іх будуць правяраць на ўменне правільна ўспрымаць на слых гукі, словы. Ім прыйдзецца пісаць розныя тры дыктанты. Запамінаць літары. Будуць на стэндзе запальвацца некалькі рознакаляровых лямпачак, а іх аднаго колеру трэба будзе адначасна, па камандзе, кнопкамі тушыць.

І ўсё гэта дзеля таго, каб Сяргея і ўсіх праверыць на ўвагу, на хуткасць і рэакцыю.

Сяргей думаў, намагаўся, але больш за ўсё быў спакойны за сваё здароўе. Тут да яго не прыдзяруцца. Няхай правяраюць!

Хлопцы паехалі ў горад.

Рэгістраваў прыезджых старшы лейтэнант. Зарэгістраваў, выдаў прапускі на сталаванне, адвёў у сталоўку. У інтэрнаце, куды ён прывёў начаваць, сабралася такіх, як яны, добраахвотнікаў, з паўсотні. Грышка нават здзівіўся. А што, калі не хопіць вакантных месц?

— Не хвалюйся! — запэўніў Сяргей.— Нас нашы месцы чакаюць.

Раніцай — пад’ём. Паснедалі. Потым старшы лейтэнант аб’явіў: выйсці на пляц, на пастраенне. Пастроіў усіх па ранжыру. Выраўняў у адну шарэнгу. Тут, хочаш — не хочаш, сябрам давялося разлучыцца. Генадзь трапіў на правы фланг, Грышка — у сярэдзіну, а Сяргей апынуўся «замыкаючым». Старшы лейтэнант па-вайсковаму падаў каманды: «смірна», «раўняйся», «вольна» і пайшоў у двухпавярховы будынак на плошчы. Адтуль, з расчыненых дзвярэй, ён вярнуўся, суправаджаючы двух афіцэраў. З іх быў адзін палкоўнік, другі — падпалкоўнік. Зноў прагучала каманда: «Раўняйся, смірна!»

«Здрастуйце, таварышы! — прывітаўся палкоўнік і, пачуўшы ў адказ нядружныя галасы ўсяе пярэстай шарэнгі, абыякава, неяк ціха дадаў: — «Вольна».

Кожны стаяў у чым прыехаў: хто — у шапцы, хто — без шапкі, хто — у світэры, хто — у безрукаўцы, хто — у басаножках, хто — у красоўках.

Палкоўнік зрабіў пераклічку, так, як і рабілі ў школе перад першым урокам, потым загаварыў разважліва, але строга:

— Я старшыня прыёмнай камісіі. Гэта — мой намеснік,— кіўнуў на падпалкоўніка.— У нас з вамі першапачатковае знаёмства. Усе, хто будзе прыняты ў вучылішча, куды вы падалі заявы, ужо ведаеце, кім станеце. Ваеннымі лётчыкамі. Пасля заканчэння вучобы... І прыём, і вучоба, адразу хачу папярэдзіць, будуць нялёгкія і складаныя. Патрабаванне ў камісіі строгае. Я сказаў бы, надта строгае. Летуценнікаў такіх, разумееце, якія прыехалі з ружовымі марамі, лёгка палятаць, паплаваць у нябёсах, мушу сур’ёзна папярэдзіць. У каго ёсць вось такая рамантычная пазіцыя, ён павінен тут жа яе перамяніць. Рашуча адставіць! У сучаснай авіяцыі, як вы ведаеце, а калі — не, павінны ўведаць, велізарныя задачы і патрабаванні. І вучоба, і практыка пілатажа вымагаюць ад маладога чалавека моцных і высокіх якасцей. І фізічных, і разумовых.

І псіхалагічных. Я паўтараю, і псіхалагічных! Вы павінны прайсці псіхалагічны адбор. Гэтыя якасці на камісіі вы павінны выявіць і прадэманстраваць. Чакаем ад вас адных пяцёрак... Тыя таварышы, якія атрымаюць тройкі, на жаль, не трапяць у вучылішча. Ну, бяда гэта невялікая. Хто не пройдзе на камісіі, не здасць тут экзамены, можа паступіць у вучылішча грамадзянскай авіяцыі. На тэхніка, на штурмана, на пілота...

Пакуль гаварыў палкоўнік, хлопцы зацята маўчалі. І ў душы Сяргея штосьці шэрхла ад гэтых слоў, якія здаваліся жорсткімі, суровымі папярэджаннямі. «Ну, што ж, хутчэй выклікайце!—думаў Сяргей.— Памераемся, падужаемся! А калі на тое пойдзе, дык і паспрачаемся. Псіхалагічны — дык псіхалагічны адбор». Сяргея акрыляла мара, і яна не ружовая, а заўсёдашняя мэта, з пэўным намерам і са штодзённай падрыхтаванасцю. Юрка яго рыхтаваў. І ніякіх «шумоў» у сэрцы, як у брата, дактары не знойдуць!..

«Есць запытанні?» — пасля афіцыйнай прамовы звярнуўся палкоўнік. Пытанні ў шарэнзе былі. Старшыня камісіі і яго намеснік, падыходзячы да кожнага, спыняліся, гутарылі, тлумачылі. Палкоўнік памячаў нешта ў спісе.

Сяргей чуў размову з Генадзем, які стаяў, як вядома, правафланговым. Паказваючы на Генкавы доўгія, да каўняра, валасы, палкоўнік заўважыў: «Па палажэнню ўсе павінны мець кароткую прычоску. Яшчэ час ёсць, прашу ўсіх набыць належную форму».

Ні ў палкоўніка да яго, Сяргея, ні ў Сяргея да палкоўніка пытанняў не было. Хлопец толькі зблізку распазнаў: у падпалкоўніка пагоны медыцынскай службы. То ён, значыць, намеснік старшыні прыёмнай камісіі па медыцынскай частцы?

Як і папярэджваў Юрка, прыём адбываўся ў тры захады. Спачатку агульнае азнаямленне. Потым медыцынскі агляд. Псіхалагічны адбор. Нарэшце, здача экзаменаў па алгебры, фізіцы, геаметрыі і сачыненне за сярэднюю школу.

Хлопцы не бачылі адзін другога і сустракаліся толькі ў сталовай. Пасля вячэры маглі падзяліцца ўражаннямі.

«Ты да чала падстрыгся?» — зыркнуў на Сяргея Генадзь. «Калі трэба, дык трэба,— разважліва адказаў Сяргей.— А ты чаму? Цырульня побач, са двара — налева».— «Яна мяне чамусьці не прываблівае,— усміхаючыся, адказаў Генадзь.— Цяпер Сяргей, падстрыжаны, зрабіўся яшчэ карацейшы. Клава не пазнае».— «Не выскаляйся,— узлаваўся на Гену Сяргей.— Дзеля чаго прыехалі?» Але і Грышка, які заўсёды падтрымліваў Сяргея, маўчаў абыякава. «Я размаўляў з ад’язджаючымі,— нібы па сакрэту, дадаў ён, Грышка.— Адсейваюць кожнага другога. Хто з нас ходзіць пад шчаслівай зоркай?» — «Паступім! — упэўнена сказаў Сяргей.— Толькі не хныкаць і не хандрыць!» — «А я так думаю,— прашаптаў Генадзь.— Рана ці позна ўсё роўна апрануць нас у пашытыя шынялі. Куды спяшацца? Пагуляем! Прыехалі мы...» — «Ты — камсамолец! Не балбачы! Рабі, што загадалі»,— павысіў голас Сяргей.

Ён не хацеў камандаваць. Але адкуль хныканне між сяброў? Няўжо размякла воля загартаванага, дружнага экіпажа? Ці, можа, адсутнічае «псіхалагічная сумяшчальнасць», пра што ён чытаў ім ва ўспамінах аднаго касманаўта?

Гена, як у доказ гэтаму, ціха прапанаваў: «Мы прыехалі... і давайце пашастаем па тэатрах, па кактэйль-холах».— «Ты прыехаў шастаць па рэстаранах? Мала было гулянак дома ў кафэ «Лілея» над возерам? А што ваенком скажа, як даведаецца? Хадайніцтва нам пісаў»,— абурыўся на іх Сяргей.

Трое накіраваліся ў інтэрнат. Моўчкі ляглі. Але Сяргей не спаў. Было не да сну. Іх «касмічны экіпаж» развальваўся яшчэ да «старту».

Адзін ён, Сяргей, ішоў з пяцёркамі.

...Генадзь так і не трапіў у цырульню. Ён не мог пагадзіцца з тым, што прыедзе ў гарадок з падстрыжанай галавой. Хоць на некалькі месяцаў адтэрмінуе фінал свае моднай чупрыны...

...Грышка медыцынскую камісію вытрымаў, але на псіхалагічным адборы: на лямпачках, на колцах— увага слабая — «запарыўся». Не прайшоў.

Толькі Сяргей набіраў «балы». Медкамісія не прыдралася ні да сэрца, ні да слыху, ні да зроку. Якіх гэта прыбораў ні павынаходзіла медыцынская тэхніка! Сяргея ганялі па розных пакоях. І дзе стаяў рэнтген, і дзе віселі драбіны, і дзе зыбаліся гушкалкі, і дзе круціўся калаўрот. І ў баракамеры пабываў. Усюды добрасумленна перанёс свае цяжкія пакуты. Нейкую кружыліху: «уверх-уніз — галава-ногі» адолеў. Пасля кожнай працэдуры медсёстры слухалі ў яго пульс, змяралі крывяны ціск і тэмпературу. Так, як і гаварыў яму Юрка, Сяргей прайшоў і вытрымаў усе патрабаванні. Спіраметрыя, дынамаметрыя, артэрыяльны ціск — усё было ў норме. Якой яшчэ можна было чакаць пагрозы ці перашкоды? Сяргей быў рад. Ужо на хаду прадчуваў: і ў яго, што ў той прачытанай кнізе, нібыта ў каня-пегаса самі вырастаюць крылы...

Псіхалагічны адбор — сам не спадзяваўся — вытрымаў.

Акадэмічныя веды на ўзроўні. На ўсе пытанні адказаў выдатна. Сачыненне напісаў таксама на пяцёрку. Яго знаёмства з літаратурай па касманаўтыцы і авіяканструктарскай тэхніцы не было лішнім.

І нарэшце, пасля ўсіх паходаў і адоленых выпрабаванняў, Сяргей апынуўся ля кабінета галоўнай камісіі, атрымаць заключэнне. У кабінеце сядзела пяць чалавек, тэрапеўт, хірург, яшчэ хтосьці. Пасярэдзіне палкоўнік. Падпалкоўнік медыцынскай службы, намеснік старшыні прыёмнай камісіі без шапкі быў сівы-сівенькі, а на грудзях меў шмат баявых ордэнаў. За сталом яны рашалі лёс кожнага паступаючага.

«Та-ак,— працяжна сказаў старшыня камісіі, беручы справу Сяргея. Перагортваючы запоўненыя анкеты, лісткі, дакументы, ён нібы ўсцешыў: — Вы атрымалі выдатныя ацэнкі. У вас усё выдатна!»

І тут умяшаўся сівы падпалкоўнік. «За выключэннем аднаго надта важнага патрабавання пры паступленні на вучобу... Рост у вас сто шэсцьдзесят адзін сантыметр... А прымаюцца маладыя людзі з ростам сто шэсцьдзесят пяць сантыметраў!..»

Запанавала маўчанне.

Унутры ў Сяргея спачатку заныла штосьці, а потым у галаве зашумела, нібы пры палёце на АН-2 у Навагрудак... Як гэта ўцяміць? На рост ён, сапраўды, ніколі не звяртаў увагі. Няўжо гэта так важна? Няўжо так істотна? Ён намагаўся набыць сілу і дужасць у руках, а галоўнае, у грудзях.

«Я яшчэ вырасту»,— чырванеючы, сказаў Сяргей.

«Мы не сумняваемся»,— сказаў хтосьці.

Збянтэжаным позіркам Сяргей абвёў усіх, спыніўся на сівым падпалкоўніку і пачаў прасіцца:

«Я вельмі хачу лятаць. Прыміце!.. Адзнакі мае, бачыце, выдатныя. Прашу вас, прыміце навырост. Я падцягнуся».

«Вучылішча не крама, дзе падбіраюць гарнітур ці абутак, які потым можна падагнаць у майстэрні па росту»,— сказаў хірург.

«У вас няпоўных васемнаццаць год,— падбадзёрыў падпалкоўнік.— Яшчэ ўсё наперадзе... Прыняць вас мы не можам. Не маем права парушаць палажэнне».

«Я прашу вас».

«Вы супакойцеся, не трэба хвалявацца,— загаварыў старшыня камісіі — Я папярэджваў усіх не рабіць з гэтага трагедыю. Хочаце, можам накіраваць вас у вучылішча грамадзянскага флоту. Вы экзамены вытрымалі, кончыце там вучобу і будзеце тэхнікам на аэрадроме».

«Я хачу ў ваеннае лётнае вучылішча».

Тады палкоўнік паглядзеў на лячэбную карту, з якой хадзіў Сяргей па дактарах, і, нібыта спецыяльна, як для яго, растлумачыў:

«Разумейце, даўжыня ног ваеннага лётчыка павінна раўняцца не менш як васьмідзесяці сантыметрам... а ў вас семдзесят пяць».

Зноў Сяргея разанулі па сэрцы гэтыя праклятыя, недастаючыя сантыметры.

«А ў Гагарына было восемдзесят сантыметраў? Ногі, ногі! Што ногі? Марэсьеў лятаў з пратэзам.

І не адзін ён... Інваліды ляталі ў вайну, і ім дазвалялі!..»

Гэты прысадзісты і задзірысты юнак чымсьці падпалкоўніку спадабаўся. Ён ледзь усміхнуўся і, пагладзіўшы сівізну на галаве, ужо не так катэгарычна, больш лагодна стаў тлумачыць, не закранаючы Сяргееў закід пра першага ў свеце касманаўта.

«Я, малады чалавек, таксама прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну ў авіяцыі. І павінен вам сказаць, што на фронце яшчэ не такое здаралася. Былі выпадкі проста кур’ёзныя... Памятаю, у нашым знішчальным палку быў лётчык Падабед. Вашага росту, а можа, чутку меншы. Бадай, меншы! Педаль не даставаў. А рабіў вылеты кожны дзень.

У кабіне, каб вышэй сядзець, падкладваў пад парашут падушку. І павінен вам далажыць, Падабед збіў чатыры «юнкерсы» і «месершміты»... От як здаралася! То гэта ж было некалі на вайне. Вы, малады чалавек, на жаль, не прыгодны для вучобы на ваеннага пілота... Усяго вам добрага! Паклічце наступнага».

Сяргей выйшаў, якімсьці не сваім голасам прапанаваў заходзіць наступнаму і здранцвелымі нагамі пакрочыў з памяшкання. Не хацелася сустракацца з сябрамі, з тымі, хто яго распытваў: «Вытрымаў? Не прынялі?..» Не хацелася глядзець ні на неба, ні на зямлю. У вачах свяціўся нейкі разгублены позірк, нібыта ён быў накіраваны ў самога сябе, нібы Сяргей нікога і нічога не бачыць. Праўда, горкі адчай не смылеў на душы. Адчуваў, штосьці здарылася незразумелае. Што рабіць? Што рабіць?..

Сяргей, паблукаўшы па двары, рашыў яшчэ раз звярнуцца да падпалкоўніка. Ён пільнаваў, калі пасля пасяджэння той выходзіў з кабінета, затрымаў яго на калідоры. Як вайсковец ужо, згодна статуту. «Звяртайцеся»,— адказаў сівы франтавік. «Таварыш падпалкоўнік, я наконт майго прыёму... Няўжо гэтыя чатыры сантыметры мяне зарэзалі назаўсёды? Няўжо яны адабралі навек маю надзею лятаць у небе? Скажыце, ці ёсць магчымасць мне паўтарыць паступленне ў вучылішча?» — «І я вам паўтару як старшыня камісіі. Не рабіце непатрэбную трагедыю. Вы здаровы, прыгодны да службы ў арміі юнак, і знойдзецца для вас выдатнае месца і спецыяльнасць».— «Я іншага не хачу, таварыш падпалкоўнік. Я хачу ў ваенна-паветранае вучылішча. Я рыхтаваўся, вывучаў літаратуру. Я...» — «Па-першае, на сённяшні дзень з гэтым пытаннем ужо вырашана. Вырашана адмоўна. І рашэнне камісіі ніхто не адменіць. Па-другое, пра якую магчымасць вы разважаеце? Чаго вы хочаце?» — «Што, калі я праз год зноў падам заяву?» — «А што будзе праз год?» — «Калі праз год я адолею гэтыя нешчаслівыя чатыры сантыметры, якія так патрабуюцца па закону. Хіба нельга?» — «Ваш выраз «па закону» няправільны. Пры чым тут закон? Рэактыўная тэхніка і «закон»... Я вам прыводзіў прыклад, як здаралася ў вайну. Калісьці. Цяпер так нельга! Цяпер няўхільнае, непарушнае патрабаванне. Сучасная рэактыўная авіяцыі, вы разумееце? — падпалкоўнік змераў позіркам Сяргея з галавы да ног і, чамусьці, без афіцыйнага тону, у роздуме загаварыў: — Рост маладога чалавека прадаўжаецца да дваццаці пяці год. Спадзяюся, вы гэта ведаеце? Як урач я магу яшчэ ўдакладніць. Хрыбетнік ваш расце. Ён падаўжаецца за кошт павелічэння храстковых прамежкаў, дыскаў. У хрыбетніку маладога чалавека між пазванкамі існуюць храстковыя дыскі. Яны расшыраюцца, павялічваюцца, калі знаходзяцца ў руху. Сціскаюцца, расцягваюцца... Дзеля гэтага неабходны штодзённыя спартыўныя заняткі. Сістэматычна! Калі хрыбетнік доўжыцца, даўжэе, чалавек расце... От, можа, гэта і ёсць тая магчымасць, пра якую вы надумаліся... ці захацелі ажыццявіць, звяртаючыся да мяне?» — «Так, гэта».— «Што ж, гарант ёсць. Маеце... Нялёгкі, але мажлівы. Выхад быць можа... Толькі — фізкультурай, практыкаваннямі, сістэматычнымі, пад кантролем урача».— «Я гатоў на ўсё! Я згодзен трэніравацца штодзённа, таварыш падпалкоўнік. Я на ўсё пайду, таварыш падпалкоўнік...» — «Паспрабуйце».— «То калі я перамагу сябе і ў будучым годзе зноў прынясу заяву, возьмеце яе разглядаць?» — «Паспрабуйце».— «А калі наш райваенкамат перарве мой год трэніровак, вясной датэрмінова выкліча на прызыў?» — «Скажыце ваенкому вусна, я на камісіі прасіў адтэрмінаваць».

Сяргей пайшоў ад падпалкоўніка спачатку з бадзёрым, радасным настроем, а потым задумаўся... Яму трэ было ехаць да брата.

«Братка, Юрась, ратуй, памажы! Гэта па тваёй спецыяльнасці і ведах»,— рашыў ён.

Старэйшы брат жыў у інтэрнаце фізкультурнага інстытута, і к таму часу ён перайшоў ужо на трэці курс.

Якая адбылася ў іх гаворка, мне Сяргей падрабязна не расказваў. Вядома, невясёлая. Абодва браты — аднаго лёсу. Хіба не горка на душы станавілася ім ад таго, што іх разбівалася мара, рабілася зусім недасягальнай. Ён казаў, што сядзелі на плошчы Якуба Коласа, шапацелі кроплі фантана, а над горадам угары недаступным купалам вісела хмарнае неба. Няўжо яно ніколі не будзе люба-блакітным, куды кожнаму з іх хацелася ўзняцца, як птушцы?..

Мабыць, з тае часіны Сяргееў выгляд стаў сурова-маўклівы. Можна было падумаць, што ён нейкі сярдзіты, злосны. Не, ён проста пачаў глыбока ўзважваць уласныя магчымасці і ўчынкі, узважваць сказаныя сабе словы. Апроч выхавання — ёсць яшчэ самавыхаванне. Намер яго заставаўся ранейшы. Ён вярнуўся ў гарадок, але жаданне лятаць, авалодаць паветранай машынай усё роўна не давала яму спакою.

...Я трымаў у руках яго «патранташ».

— Тады мне Юрка гэта пашыў па заказу ў прыватнага шаўца,— прызнаўся Сяргей.— У майстэрні пашыць не падрадзіліся. Ён, бачыце, не абы-які рэмень. Зроблены спецыяльна і адмыслова.

У мяне самлелі рукі, трымаючы гэту папругу. Сяргей усміхнуўся і забраў яе. Рэмень, сапраўды, быў унікальны. Як растлумачыў хлопец, не патроны, а прадаўгаватыя алавяныя гіркі сядзелі ў газырах папругі. Кожная важыла трыста грамаў. Сяргей напакоўваў імі гнёзды, так, як раіў брат. Дабаўляў, вымаў у залежнасці ад нагрузкі. Наогул, паступова павялічваў іх колькасць. З месяца ў месяц. Як патрабавала норма. І падпяразваўся. Усіх гнёздаў у «патранташы» было дваццаць чатыры.

— Падлічыце, колькі ўсіх кілаграмаў?

— Што ж лічыць? — сказаў я, жартуючы.— Як мы знаёміліся, помніш, мабыць, я не памыліўся. Патроны тут сапраўды на птушку. Дакладней, каб авалодаць птушкай!.. Толькі такой, што з рэактыўным рухавіком...

Сяргей, напэўна, не зразумеў мой жарт. А можа, ён выйшаў не зусім дасціпны. Атрымалася ніякаватая, невялічкая паўза. Падпяразваючыся, ён, нібы нічога не скеміўшы, па-ранейшаму тлумачыў, як трэніруецца з важкай папругай. Бегае, скача, падцягваецца на турніку. Пасля такіх заняткаў ногі яго спружыняць, сярэдзіна спіны і паясніца нібы выпрамляюцца...

...Тады ж, вярнуўшыся пасля няўдалага паступлення, Сяргей падмяніў маці. Яна і з хатняй работай упынялася, і на пошце служыла. Сяргей у той жа дзень забраў сабе яе паштовую сумку. Не без мэты. Сумясціў, як кажуць, прыемнае з карысным. Стаў разносіць лісты, тэлеграмы. І разносіў, дзе подбегам, дзе бягом.

...Генадзь і Грышка шлындалі па гарадку, чакалі позвы з ваенкамата. Абазвалі Сяргея замест «касманаўт» — «марафонец», пакуль ён «марафоніў» і не купіў сабе веласіпед. Толькі Сяргей, можа, у душы і таіў засмучэнне, пачуццё прыніжанасці або крыўды, але выгляду нікому не паказваў. Сваю работу ён лічыў патрэбнай і неабходнай. І помач у доме. І кожную раніцу спартыўным трушком. Туды і назад. Хіба гэта не спрыяе росту хоць колечкі міліметраў. Ды яшчэ з чароўнай папругай? Ён прывык да яе, як конь да падпінка.

А калі Сяргей пазнаёміўся і падружыўся з фізруком у санаторыі (аднойчы ён прынёс таму даўно жданае, заказное пісьмо), то большага ў сваіх замыслах — марыць не марыў. Трэніроўка, якую праводзіў калі-нікалі, зрабілася абавязковай, кваліфікаванай і штодзённай. Сяргей стаў заходзіць у зал, як свой супрацоўнік. Узброіўшыся секундамерам, фізрук камандаваў яму, а Сяргей скакаў цераз «казла» і «каня», куляўся на батуце, лазіў па драбінах і падцягваўся на турніку з талісманам на поясе.

Больш таго, фізрук параіў і дапамог атрымаць у доктара надта важную працэдуру: выцяжку пазваночніка. Сяргей клаўся на дошцы са спецыяльным прыстасаваннем, якое расцягвала яму хрыбетнік. Ён моўчкі ляжаў, а пясочны гадзіннік ціхенька сыпаў пясочак з верхняй шклянай пасудзінкі ў ніжнюю... І яшчэ. І так многа разоў.

Цяпер дзень праходзіў, як па раскладу. Раніцай Сяргей імчаўся на пошту, разносіў па гарадку лісты і газеты. Потым купаўся і адпачываў ля вярбы. Санаторнікі абедалі або млелі ў «паложаны ім мёртвы час», а Сяргей зноў прывольна гаспадарыў у спартыўнай зале. Пад вечар — шпацыр з напоўненым «талісманам».

— Дык гэты талісман, вялікі чарадзей, памог табе? — запытаўся я.— Цяпер які ў цябе рост?

Сяргей крыху памаўчаў. Ён старанна разгладзіў газыры, схаваў іх пад куртачку, паправіў педаль веласіпеда якраз да ступня, нехаця адказаў:

— Яшчэ год падпяразвацца буду.

...Чаму яшчэ год? Другі год? Я помніў паступленне Сяргея ў вучылішча і тэрмін, пра які ён дамаўляўся з падпалкоўнікам. Гэтым летам Сяргей паступаў ці не паступаў?.. Заўважыўшы маё збянтэжанае здзіўленне, хлопец апусціў вочы долу, потым узняў:

— І сёлета не прынялі мяне.

Я быў уражаны. Як так? Што магло здарыцца? Навошта тады па-ранейшаму практыкавацца, калі ўсе захады марныя?

— Дык што, леташнія трэніроўкі не далі ніякіх вынікаў?

— Пасля раскажу,— ён сеў і паехаў.

...Усё было так, як і ў першы прыём. Зарэгістраваўся. Той двухпавярховы будынак. Той пляц вучылішча. Тая сталовая. Толькі Сяргей, перш-наперш, узбег на паверх, дзе ён летась размаўляў з сівым-сівенькім падпалкоўнікам. Шыльдачка на дзвярах тая самая. Прозвішча падпалкоўніка тое самае. Сяргею зрабілася лёгка ад радасці.

Ідучы ўніз па прыступках, ён быў упэўнены: ну, цяпер ёсць гарант! Успомнілася гэта слова падпалкоўніка. Успомнілася, як ён дома, пакуль не падружыўся з фізруком санаторыя, на вушаку дзвярэй рабіў паметкі над сваёй галавой. Нібы ў маленстве, яшчэ як бацька жывы быў... Потым ён стаў змярацца ў спартыўнай зале... Міліметры прыбывалі. Раслі. Раслі. Але ж надта марудна. Павялічваліся ў сантыметры павольна... Часамі лінейка паказвала ранейшую адзнаку. Адкуль? З чаго гэта?

«Ты так часта не мерайся і не ўзважвайся! — сварыўся фізрук.— Часта змярацца не варта. Ты хвалюешся. А хвалявацца не трэба. Трэніруйся спакойна, а на паметкі не звяртай увагі».

Перад ад’ездам ён ляпнуў па крамяным у саколцы плячы Сяргея і сказаў:

«Дацягнуў! Смела ідзі на камісію. Толькі не хвалюйся. Ад сполаху можаш калаціцца, сагнуцца... Рэфлекторна».

І Сяргей стараўся не хвалявацца. Тым больш усё было знаёмае, вядомае, як год назад. І чуў тое самае папярэджанне старшыні камісіі, што прыём і вучоба будуць нялёгкія і складаныя... Тыя ж словы: «У каго рамантычная пазіцыя, павінен тут жа яе адставіць...»

А Сяргей, стоячы ў шарэнзе, думаў: «Што мне адставіць? З маленства была ў мяне мэта. Адзіная, простая і незаменная!.. Як дарога. Ён ідзе ёю, дасягнуць фінішу нялёгка. Але ён ніколечкі не зверне ўбок і не пахіснецца. Хіба ў яго не хапае настойлівасці або волі?.. Іншыя — як сабе хочуць! Вось Гену паклікалі — пайшоў у дэсантныя войскі... Грышка не спадзяваўся — трапіў на флот... А я?.. Колькі я марыў?.. Прылягу і, здаецца, наглядаю зямлю з вышыні. Нібы калісьці ў палёце з Юркам да Навагрудка. Плыве АН-2 між воблакаў, а ўнізе пад ім дарогі, палеткі... Як я хачу, каб гэта быў не сон. Каб гэта хутчэй бачыць не заплюшчанымі вачамі!.. Брат казаў: «Трэба валодаць целам, як цыркач». Хіба я не дасягнуў гэтага?»

Прайшоў камісію, паўторны псіхалагічны адбор — адказваў без запінкі. Ён ведаў цану сваім адзнакам.

«Паказчыкі выдатныя,— перагартаўшы Сяргеевы дакументы, як заўсёды, удумліва сказаў падпалкоўнік.— Вы атлет! Здаровы, дужы, цудоўна!.. Але заключэння даць, што годны быць пілотам на рэактыўным самалёце, не можам».

«Чаму?» — Сяргей аж усхапіўся.

«Росту не хапае... Адзін сантыметр».

«Не можа быць!»

«Ну, тут напісана... сем міліметраў. Амаль сантыметр. Усё роўна справы не мяняе».

«Летась чатыры не хапала,— абурыўся Сяргей.— Сёлета адзін!.. Я не згодзен вымярэннем... Я хваляваўся...»

І тут падпалкоўнік, нібы штосьці ўспомніўшы, яшчэ раз прагледзеў паперы Сяргея, штосьці доўга стаў перамаўляцца са старшынёй камісіі, са сваімі калегамі.

«Нямнога засталося чакаць,— раптам сказаў старшыня камісіі.— Прадаўжайце падрыхтоўку. Жадаем такой жа настойлівасці. Мы вашу справу пакідаем у сябе, на асобым уліку. Чакайце паведамлення з райваенкамата!.. Паклічце наступнага таварыша!»

У Сяргея, калі ён вярнуўся дадому, у гарадок, маці запыталася: «Прынялі?» Ён адказаў спакойна: «На лета. Да поўнай меркі яшчэ не стае аднаго сантыметра».— «А божухна!» — паспачувала матуля. «Не турбуйцеся, мама,— сціскаючы да анямення зубы, сказаў Сяргей,— дарасту! І паступлю».

У гарадку чуткі хутка разносяцца. Яшчэ пасля таго, як у першы раз Сяргей без нічога вярнуўся з вучылішча, з яго пасміхаліся. Убачаць сябры дарожку самалёта між воблакаў і дражняцца: «Сяргей, ці не твой? Вунь, малюсенькі каля белай хмары».— «Акурат яго!» — падтакваў хто-небудзь.

У нядзелю, ды і ў будзень, яго спакушалі ў санаторную «Лілею», што пад ліпамі на беразе возера, дзе хлопцы (асабліва Валодзя і Гена перад прызывам у армію) забаўляліся віном. «Кінь ты свой марафон! — казаў Валодзя.— Пайшлі, возьмем па шклянцы «чарніла»!»

Аднойчы яго моцна дацялі пры Клаве, дзяўчыне, якая Сяргею падабалася. З ёю яны сябравалі яшчэ ў дзесятым класе. Цяпер Клава паступіла і займаецца ў гандлёвым вучылішчы. Можа, Сяргею трэба было больш настойліва запрашаць Клаву на танцы, але ён саромеўся свайго рэменя, які муляў пад сінтэтычнай куртачкай... Дружба з Клавай, як і з хлопцамі, халадзела. І вось, даведаўшыся, што Сяргею паўторна адмовілі, яна ўсміхнулася: «Чаму ты, Сярожа, імпартныя туфлі не абуў на высокіх каблуках?» — «Дык там жа на камісіі рост не ўтоіш, патрабуюць разувацца, раздзявацца,— падхапіў хтосьці.— Нават штаны скідаць...».— «Ха-хаха!»— пырснула ад смеху Клава. «Добра, што ты ў гандлі і надзела боцікі на высокіх хадулях,— пакрыўджана адказаў Сяргей.— Баскетбалісту парай будзеш».

Якія нікчэмныя гэтыя сантыметры, што рашаюць лёс чалавека! Чатыры!.. Цяпер адзін!.. Сем міліметраў — і каля твайго прозвішча вырастае гарбаты пытальнік. Якая дробязь! Дробязь, калі параўнаеш з той мэтай, з тымі юнацкімі жаданнямі, якія нічым не вымераеш. Чым вызначыш даўжыню жорсткага цярпення, ці змераеш далечыню і вышыню пазірку ў прасторы нябёс? Прагнага, імклівага, натхнёнага... Ого, куды Сяргей дасягаў вокам! Колькі ён адолеў бягом і пешкі незлічоных кіламетраў! Крыўдна да болю. Адны яго ногі ведаюць... А вышыню паднябесся, якую не раз позіркамі пранізваў ён!.. На сёмых воблаках бываў у сне. Толькі юнацкія мары могуць прыблізна ўявіць тую адлегласць... Не, пакуль ёсць дужасць маладосці, яе намеры і надзея павінны збыцца!

Тэрмін мае пуцёўкі скончыўся. Пара было ад’язджаць, пакідаць шырокае рыбнае возера і гасцінны санаторый.

— Сяргей, хачу, як магу, табе памагчы,— сказаў я на развітанні.— Я чуў, сам чытаў у газеце, гэта ўжо дакладна, літоўскім медыкам удалося вынайсці унікальны прэпарат «гармон росту». Арыгінальны прэпарат, які памагае падрасці людзям. Называецца ён самататрапін. Доўга не ўдавалася атрымаць гэты гармон. Гадоў дзесяць назад гэты самататрапін быў выдзелены ва ўмовах заводскай лабараторыі. Цяпер асвоена яго вытворчасць. А гэта ж суседзі, наш гарадок з імі мяжуе. Мы зараз на машыну і праз гадзіну ў Каўнасе. У Літве ў мяне ёсць франтавыя, вельмі блізкія сябры. Паехалі, Сяргей!

— Не! — рашуча адмовіўся ён.

— Чаму?

— Я шчыра дзякую вам, не!

Упартасць яго перамагчы не ўдалося. Сяргей даводзіў, што ў асенні набор ён усё роўна пойдзе ў армію. А там, з вайсковай часці, лягчэй трапіць у вучылішча. Ды, можа, і сівы падпалкоўнік не забудзецца на яго.

Развітваючыся, я прасіў Сяргея, каб ён паведамляў пра сябе. Я даў свой адрас і прасіў яго пісаць лісты.

...Але лістоў ад Сяргея не было. І мінула нямала часу. Я ўжо думаў, характар яго такі ці лёс — ліста не прышле...

Прыслаў!

Праз год прыслаў ліст, дзе ён апісваў, што, гадана — не гадана, апынуўся ў лётным вучылішчы. Яго надзея збылася.

Перапіска між намі, як і знаёмства, працякала павольна. На рэвалюцыйныя святы, на Новы год. Ды мне трэба было ўлічваць Сяргееву занятасць на вучобе. У кожным лісце я жадаў яму выдатнай баявой і палітычнай падрыхтоўкі.

...Пад старасць гады бягуць непрыкметна. Гэта ўсім пажылым і франтавікам добра вядома.

Не магу выказаць радасці, калі даведаўся, што Сяргей закончыў лётнае ваенна-паветранае вучылішча, збіраецца ў адпачынак і хоча прыехаць у родны гарадок.

Я сардэчна прасіў яго заехаць да мяне ў госці.

...І вось ён, Сяргей, у мяне на кватэры. Фуражка з залатой эмблемай пілота. Пагоны залатыя. Лейтэнант! У кіцелі, стройны, высокі. (Ці, можа, гэта я стаптаўся?) На грудзях тры адзнакі: класнасць лётчыка, скачкі з парашутам і яшчэ якаясьці цяпер мне незнаёмая адзнака ці ўзнагарода. Мабыць, лётчык-снайпер.

Вядома, мяне цікавіла ўсё: і сам Сяргей, і палёты, і як там яму на рэактыўным жадана лятаецца ў небе...

Пакуль жонка рыхтавала пачастунак, мы выйшлі на балкон нашага дзевяціпавярховага дома. На небе не было ні воблачка. Міжволі зірнулі ўгору. Зырка свяціла сонца. І ляцеў рэактыўны самалёт, пішучы срабрыстую палоску, роўненькую такую, як калісьці над возерам, дзе мы ўпершыню спаткаліся.

— Як там? — паказаў я ўгору.— Не забыў паветранае падарожжа ў Навагрудак?

Сяргей засмяяўся.

— Калі перафразіраваць Твардоўскага — за вышынёю вышыня... Прыгожа! Ведаеце, ноччу на зямлі агні гарадоў, а ў небе зоркі... Ляціш, і прыемна на сэрцы, цудоўна!

— Значыцца, не патухла юначая рамантыка? Любіш неба?

— Як вам сказаць,— усміхаючыся, прамовіў ён,— гэта ўжо — не любоў да неба, а любоў да палёту... Гэта ўжо не рамантыка, а штосьці такое... Ну, спачатку задавальненне закончаным палётам. Калі закончыш палёт, ведаеце, такая прыемная стомленасць... Задаволенасць, што дасягнуў, выканаў, патрапіў у цэль... Тэхніка ж мудрая. Вопыт! Пасля вучылішча ўжо не да рамантыкі... Баявая сталасць!

Сяргей быў увесь не той: не сярдзіты, не злосны, а вясёлы і гаваркі. Ён зрабіўся мужны і сталы, імклівы і спакойны.

— Калі падабаецца лятаць — ноччу ці днём?

— Ноччу. Ноччу сцішана. Наўкол прыгожа... А днём, асабліва калі суцэльная воблачнасць, трэба заўсёды быць пільным.

— Дзе любіш лятаць? Над якой мясцовасцю — дзе лес ці поле?..

Адказ Сяргея мяне ўзрушыў.

— Люблю лятаць над Байкалам. Там летам сонца ледзь не цэлы дзень... А над Балтыкай — часта хмары ўнізе. Густыя, шэрыя, хмурныя...

— І гэту перамену можна адчуць, ну... усяго праз некалькі часу?

— А што ж тут такога? На рэактыўным, канешне!

Я, яшчэ раз паказваючы на срабрыстую палоску самалёта, здзівіўся:

— І ты так?

— Так!

— Не страшна там, на вышыні?

— Не! Вось тут, на балконе, калі стаіш на дзевятым паверсе, неяк страшна глядзець уніз... А ў палёце, не! Нічога не страшна.

Сядаючы за стол, я яшчэ ўспамянуў:

— Ну, а дзе падзеў рэмень з газырамі, як я празваў твой «патранташ»?

— Сыну падарую, каб насіў і яшчэ большы вырас.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com