epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Чырвоны колер

 

Наколькі мая памяць можа паглыбіцца ва ўспаміны, то першы раз чырвоны сцяг я ўбачыў над нашым пасёлкам, які знаходзіўся за паўкіламетра ад сяла. Каб малому ўгледзець што-небудзь цікавае, я мусіў тэпаць пеша праз агарод, аж на ўзгорак, адкуль віднеліся сады і хаты, вынесеныя на роўнае поле. І ўбачыў.

Там, на ўскраі пасёлка — выглядала гэта вышэй за сады і стрэхі будынкаў,— на высознай жэрдцы трапяталася нешта чырвонага колеру. Нібы хустка. Вецер яе калыхаў, і чырвань узрывалася полымем. Сцяг!

Я чуў, як аб ім гаварылі ўсе дарослыя, але зразумець сутнасць усяго яшчэ тады не мог. Стаяў і доўга любаваўся рэдкім відовішчам чырвонага колеру. Адчуваў: там нешта незвычайнае, якое ўсіх узрушыла. Яно здалёк, нібыта агонь, палымнее.

— Што гэта? — запытаўся я ў дзеда.

— Землямер,— адказаў дзед.— Прыехаў людзям надзяляць панскую зямлю.

Хто такі землямер, каму надзяляць? — гэта ўжо былі іншыя пытанні. Не помню, можа, я і цікавіўся, прыставаў да дзеда, але ведаю, што вярнуўся ў хату і ўваччу, асабліва ў змрочнай хаце, усё трапятаўся сцяг чырвонага колеру, які зрокава запаў у маю дзіцячую душу.

...І яшчэ. Помніцца восень. Надышло Кастрычніцкае свята.

Я бягу на той самы ўзгорак, адкуль усё бачна наўкол. Усе блізкія і далёкія вёскі. І суседні саўгас за ракой.

У саўгасе на пляцы відаць рабочыя. Раніца. Яны збіраюцца ісці на дэманстрацыю. З нашай вёскі не хадзілі натоўпам на святочны мітынг. Хадзілі паасобку, па два, па тры чалавекі. Асабліва маладыя. А ў саўгасе хадзілі калонай. Сабраўшыся і параўняўшыся ў шарэнгі, рабочыя са сцягам наперадзе выпраўляліся ў дарогу. Яны ішлі тры кіламетры па гасцінцы туды, дзе знаходзіўся сельскі Савет. Там збіраліся ўсе з сёлаў, хутароў і засценкаў.

Якое гэта было цікавае відовішча! Дэманстрацыя! Слова новае, цікавае...

Дэманстранты спачатку выходзілі ў прысады на алею, абсаджаную клёнамі, каб ісці на гасцінец. Лісце на клёнах ужо асыпалася. Між голых дрэў сям-там — залатыя лапінкі. Прыемна малому наглядаць, як са сцягамі рухаюцца людзі.

Як толькі яны скіроўвалі на прамы гасцінец, палотнішчы іх сцягоў разгортваліся на ўсю шырыню. Пачынала гучаць песня. Яна чулася па ўсёй ваколіцы.

Рабочыя рухаліся дарогай, якая пралегла на пагорку, уздоўж рэчышча Пцічы, а наша вёска знаходзілася ля рэчкі, на гэтым баку, унізе. І я ўяўляў сабе гасцінец вышэй, як на гары. Бо туды, за гару, летнім вечарам хавалася сонца. І вось цяпер, асеннім ранкам, я назіраў на гасцінцы густы натоўп людзей. Са сцягамі, з паходнай песняй. Слоў не разабраць, але яна маршавая. Крочыла людская калона. То знікне ў лагчыне, то зноў пакажацца на грэбені. Над чорным саўгасным ворывам, палымнеючы, плывуць чырвоныя сцягі. Яны не маглі схавацца за гару. Яны рухаліся над полем.

Я доўга чакаў, пакуль дэманстрацыя не знікне за краем вёскі, дзе быў сельсавет... Сцягі! Песні! Пабег бы за імі туды, куды ўсе пайшлі, куды крочылі так урачыста, ды старэйшыя не пускалі — малы.

Дзед сказаў:

— У цябе яшчэ ногі дробненькім крокам бегаюць. Падрасці крыху.

І я марыў пра тую пару, якая калі-небудзь настане. Я чакаў, я спрабаваў шпарчэй бегаць. Можа, не столькі бегаць, колькі шырока ступаць. Крок у крок, як у шарэнзе.

Дачакаўся.

У нашай вёсцы адкрылася школа. Школа прынесла новае жыццё. Навучыўся чытаць. Зразумеў, што такое Кастрычнік і чырвоны сцяг. Я ўжо не толькі ведаў, але мог многае расказаць пра чалавека таго, што на партрэце,— з усмешкай, з вусамі, з бародкай і высокім чалом на вялікай галаве.

— Уладзімір Ільіч Ленін.

Цяпер на Кастрычніцкае свята, на Першамай у доме, дзе арандавала памяшканне школа, мы вывешвалі чырвоныя сцягі — сімвал рэвалюцыі. А вялікі сцяг з залатымі літарамі, назвай нашай пачатковай школы, мы неслі на мітынг, як і рабочыя саўгаса.

Як мне хацелася ўзняць над сабою дрэўка сцяга і пайсці на святочны мітынг. Але заўсёды знаходзіліся вучні, якія лічыліся старэйшымі, яны, бач, дужэйшыя, большыя... Зноў мне трэба было, як казаў дзед, чакаць, расці, даганяць старэйшых па вучобе.

Калі ж даводзілася раўняцца ў вучнёўскай калоне, я прыладжваўся побач са сцяганосцам наперадзе, а нада мной трапятаўся на ветры сцяг. Тады мне было радасна і святочна.

...Ніколі не забудуся, як я дэкламаваў верш на ўроку. Наш настаўнік даў нам заданне: вывучыць на памяць верш Міхася Чарота «Ваш сцяг абаронім».

Я вывучыў. Ці сядзеў над кнігай-чытанкай, ці хадзіў у дрывотнік, куды мяне пасылалі па дровы, я паўтараў яго сам сабе. Кожнае слова гэтага верша было прачула напісана, пранікала да самай душы. Я ўяўляў напісанае паэтам. Прыйшоў у школу. Сеў за парту. Сяджу і дрыжу. Верш узрушваў усё ў маёй душы.

Калі дайшла да мяне чарга — настаўнік выклікаў усіх: ці ведаеш урок,— я ўстаў і ўсхвалявана вымавіў:

— Эм Чарот... «Ваш сцяг абаронім»!

— Міхась Чарот,— паправіў настаўнік.— «Ваш сцяг абаронім».

Я паўтарыў, што сказаў настаўнік, але ад гэтай заўвагі мой запал узрушанасці не патух.

— Памяці пецярбургскіх рабочых,— сказаў я,— расстраляных 9 студзеня 1905 года.

Не, не знікла мая ўзбуджанасць, якая з гневам і злосцю збіралася дома за ўчарашні і сённяшні дзень. Мяне ўсяго калаціла, а словы — я іх адразу запомніў на памяць,— яны гучалі, як крык:

 

І цяпер нібы енкі чуваць

Бедных матак галодных дзяцей,

Як цар рускі загад даў страляць

Ля палаца рабочых людзей...

 

Настаўнік падышоў да парты і выслухаў мяне да апошняга радка. Я закончыў:

 

А мы песню спяём вам свабоды

Гучна так, каб пачулі ў зямлі,

Што ваш сцяг абароняць народы,

За які ў барацьбе вы ляглі.

 

— Добра,— сказаў настаўнік і паўтарыў: — Добра!

А калі скончыўся ўрок, ён паклікаў да свайго стала і адзін на адзін, быццам па сакрэту, запытаў:

— Ты ведаеш, што на Першамай тут, у нашым памяшканні, будзе вечар вясковай самадзейнасці. Будуць ставіць спектакль... Чуў?

— Чуў,— адказаў я.

— А што, калі на канцэрце ты прадэкламуеш перад бацькамі верш Міхася Чарота? Асмелішся са сцэны? Будзе шмат людзей, не зблытаеш, не спалохаешся перад вялікім натоўпам?

— Не спалохаюся,— адказаў я.

Чаго палохацца? Я не зблытаўся і не спалохаўся ў школе. Але хвалявацца — хваляваўся. Прысутнічалі ўсе з дому. Прыйшлі дарослыя з усяго сяла, некаторыя з суседніх вёсак. Прысутнічаў дзядзька Нарановіч з саўгаса.

Сцэну ў школе зрабілі самі, з дошак. Шырму з посцілак, якія прынеслі дзяўчаты. Я сядзеў за посцілкамі ў куточку, дзе мяне пасадзіў настаўнік, і прыслухоўваўся, як усё гучней і гучней гудзе памяшканне. Назбіралася людзей поўны будынак.

Настаўнік наш пачаў вечар прамовай. Ён гаварыў пра міжнародны дзень працоўных — Першае мая. Мне толькі відаць былі партрэт Леніна і чырвоны сцяг каля партрэта. А больш мяне нічога і не вабіла. Я рыхтаваў свой верш перад выхадам у невядомасць.

Нарэшце настаўнік падышоў і запытаў, ці гатовы я выйсці на сцэну. Я матнуў галавой: «Гатовы».

Мноства людзей, мноства вачэй, святло дзвюх лямпаў крышку збянтэжыла мяне. На момант. Моцна стала біцца сэрца. Але гэта няблага. Бо ў маіх думках якраз былі словы пра сцяг, які вісеў тут жа, на сцэне. Мой голас вырваўся з грудзей і дзесьці знік пад столлю, над галовамі прысутных. Я дэкламаваў, як у класе. І гэта павінны былі адчуць усе ў зале.

 

Кроў лілася ракою тады

(Бо тырану было яшчэ мала...)

Той крыві засталіся сляды —

Сцяг працоўных яна фарбавала...

 

Я паказаў рукой на чырвоны сцяг.

Калі скончыў, пачуліся воплескі. Доўгія воплескі. Настаўнік падышоў да мяне ў куток, шапнуў, каб я выйшаў яшчэ раз на сярэдзіну сцэны, але я ўпёрся і зусім збянтэжыўся...

Пасля гэтага вечара я стаў піянерам-ленінцам. А даваў прысягу ў саўгасным клубе, куды я хадзіў ужо самастойна ў вольны час. Там мяне прынялі. У саўгасе была і піянерская і камсамольская арганізацыі.

Помню, калі мне важаты атрада Мікола завязваў на шыю чырвоны гальштук, камуніст-будзёнавец дзядзька Нарановіч сказаў:

— А цяпер, каб весялей было хадзіць на зборы атрада, падбяры сабе таварышаў... Стварыце на сяле піянерскае звяно. Спадзяюся, што ты здужаеш быць важатым звяна.

Нарановіч — сакратар партыйнай ячэйкі саўгаса. Добры дзядзька. Ён ваяваў за Савецкую ўладу на франтах, узнагароджаны ордэнам баявога Чырвонага Сцяга. Гэта ён параіў мне спачатку запісацца чытачом у саўгасную бібліятэку, а потым уступіць у піянеры.

Якое шчасце напаўняла мяне, калі я з чырвоным гальштукам на грудзях ішоў па вёсцы!

Толькі не ўсім гэта, відаць, падабалася. Яўхім Свігач з густой шырокай барадой, заўважыўшы мяне — ён сядзеў на вуліцы са старымі мужчынамі, яны курылі на лаўцы,— кіўнуў піпкай у мой бок і сказаў:

— Бач ты! Ужо і ў нас на сяле з’явіліся саўхозскія клапы.

Дзядзька Свігач — гэта той вясковец, якому калісьці землямер не прырэзаў панскай зямлі. У яго сваёй — хоць урабі! — хапала. І гэта ж яго пляменнік, Косця, заўсёды са мною задзіраўся, біўся, хаўрусаваў з Грышкам Бародкам і з Астапам Анэціным.

Звяно ахвотнікаў у піянеры неўзабаве арганізавалася. Мне настаўнік памог. Запісаліся такія ж падлеткі, як і я, найбольш дзяўчаткі: Насця Антонава, Саша Рыгорава, Антаніна Піліпава, Люба Хведарава і Пеця Піліпаў. Вось і ўсё звяно.

Пасля хатняй работы, пасля таго як падрыхтуем урокі, мы збіраліся на зборы. Месца збораў — у школе. Кожны збор — па загадзя запланаванаму парадку дня. Важаты атрада Мікола яго зацвердзіў. Пытанні былі, напрыклад: «Нашы поспехі і адставанні ў вучобе», «Аб дапамозе па гаспадарцы хворай цётцы Матруне»... Розныя былі павесткі. Калі набліжаліся рэвалюцыйныя святы, зборы адбываліся амаль кожны дзень.

Мы дзяжурылі каля сцяга школы. Спявалі гімн каля яго. Ішлі са сцягам на дэманстрацыю.

Збіралася, вядома, звяно надвячоркам. Калі час дазваляў. І аднойчы заседзеліся ў класе позна. Чагосьці доўга спрачаліся, нешта абмяркоўвалі, а нас падпільнавала кампанія Грышкі Бародкі. Шарая гадзіна — яе пара. Мы і не заўважылі, як сцямнела.

Гаворым так і раптам чуем на вуліцы свіст. Мы здагадаліся, хто гэта. Так умеў свістаць толькі Грышка Бародка.

Дзяўчаты ўсхапіліся і хутчэй уцякаць. Я, як важаты звяна, кажу:

— Спакойна! Не бойцеся, будзем разыходзіцца арганізавана.

Я выходзіў са школы апошні. Мне трэба было замкнуць дзверы і аднесці настаўніку ключ.

Грышкавы хлопцы распрануліся (верасень ужо стаяў на дварэ). Яны тых, хто выходзіў са школы, світамі білі па нагах. З размаху, моўчкі, ціха, не падымаючы шуму. Чаго заседзеліся позна?..

Узняўся піск, крык...

Я, вядома, стараўся быць спакойным. Хоць адчуваў, што на мяне замахваецца Косця, трымаючы ў руках сваю вопратку. Ну, бі! Бі па нагах! Я знарок на ганку шырока расставіў ногі, каб не паваліцца. Я не баяўся ўдару. Нават світкі Астапа Анэцінага. Мне здавалася, што Грышка Бародка не зачэпіць мяне. І ён не зачапіў... Вось Косця?.. Я толькі не разлічыў, што ў Косцевай вопратцы ў кішэню ўкладзены быў камень... Удар потым доўга балеў. І пакінуў знак.

Не ўсім падабаўся чырвоны колер.

Помню, Яўхім Свігач, седзячы на бервяне, з люлькай, калі я праходзіў па вуліцы, паклікаў:

— Ну, падыдзі сюды! Пакажы гальштук!

Мне не хацелася падыходзіць... Але падышоў.

— Чаго ты баішся? — памяркоўна загаварыў ён.— Не ўкушу... Вельмі ўжо трасешся, каб не пакамячыць шматок гэтай тканіны...

Рудымі, закуранымі ад люлькі пальцамі з рыжымі пазногцямі ён узяў пунсовы ражок гальштука. Пацёр яго, нібыта хацеў навобмацак паспрабаваць моц матэрыі або расцерці, як махру для люлькі... Ці што ён хацеў?..

У грудзях Яўхіма нешта сіпела...

А я сабе думаў: ці можна так пачуць матэрыю гальштука? Ну ён, гальштук, вядома, сатканы, як і кожная матэрыя. Як і сцяг, сатканы з такой матэрыі. Але ж не ў тым сэнс. Іх аб’ядноўвае адзін чырвоны колер. А ў ім — думкі і пачуцці ўсіх людзей, асабліва майго сэрца.

 


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан