epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Перуновы стрэлы

 

Чорная хмара сунецца памаленьку, ахінае ўвесь небакрай на захадзе, за ракою. Лес, што сіняй палоскай віднеўся на даляглядзе, растае ў гэтым заўчасным змроку. Нібыта насоўваецца ноч. Набліжаецца штосьці грознае, таямнічае. Перасталі шапацець бярозы, пацямнела вада ў рэчцы, духата ў паветры зрабілася густая, застылая. І вось гэту анямелую цішыню раз-пораз пачалі калаціць грымоты. Далёкія, цяжкія, яны чуваць мацней і мацней. Часцей бліскае маланка. У яе палахлівым бляску відны контуры хмар, закругленыя і вострыя, як вяршыні гор. Успалыхне бліскавіца, асвеціць залацістыя краі воблакаў — і зноў мрок... Праз нейкі час паветра і зямлю ўскалыхне выбух.

На вуліцы бляюць авечкі. Гэта пастухі загадзя прыгналі статак з поля. Усё жывое хаваецца пад страху. Птушкі знікаюць невядома куды. Толькі дрэвы насцярожана стаяць пад адкрытым небам.

...Так не раз было над нашым сялом, калі надыходзіла навальніца. Улетку навальніцы бывалі часта. Дзед казаў, што іх прыцягвае лес. Бывалі яны і пад восень. О, гэта самыя страшныя навальніцы! Пад восень яны грымяць бесперастанку і абавязкова што-небудзь падпаляць. Аднойчы маланка ўдарыла ў комін хаты. Пачаўся пажар, і ледзь не згарэла сяло.

Каб не здарылася бяда, юшкі ў коміне і вокны перад навальніцай зачыняюць. Я таксама зачыняў, але без такога страху, як Настуля, мая равесніца, дачка суседа. Яна ў навальніцу хавалася за печ ці пад ложак.

Мы са Сцяпанам, дазнаўшыся аб гэтым, смяяліся з яе.

А самі ў навальніцу прыліпалі да шыбаў, не баяліся ніякіх маланак і грому. Толькі ў грудзях нешта ёкала, калі гром каціўся па небе. Асабліва калі ён коціцца, коціцца ды як грукне!..

Сцяпан сказаў мне, што гэта пярун і страляе ён стрэламі. А страла мае залаты наканечнік. Ён недзе чуў пра гэта. Мы шмат разважалі і нарэшце звярнуліся да нашага дзеда, што ён скажа.

— Вядома, пярун страляе залатымі стрэламі,— сцвердзіў дзед.— Ты паглядзі на яе, як ляціць на зямлю. Агнём зіхаціць.

— І куды яна дзяецца?

— У зямлю ўваходзіць...

— А ці можна зблізку яе разгледзець?

— Ого, каб гэта знайшоўся хто ды сабраў усе маланкі! — сказаў дзед.— Сіла нетароная была б. Магутная сіла. Свяціла б яна людзям, як сонца.

Мы слухалі дзеда і здзіўляліся. Нарэшце я спытаўся яшчэ:

— А чаму перуновай стралы так баяцца?

— Бо яна вялікую шкоду можа зрабіць,— адказаў дзед.— Будынак можа падпаліць, чалавека забіць... Але вы не бойцеся. Малых яна не чапае.

— А вялікая яна? — спытаў Сцяпан.

— Я-то не бачыў, але кажуць, што бывае нават велічынёю з качаргу...

Мы са Сцяпанам дамовіліся наглядаць, дзе стукне пярун. Неяк нам здалося, што перунова страла ўпала дзесьці недалёчка за сялом. Пасля навальніцы мы пабеглі на зарэчча.

Выбеглі на ўзгорак. Стаім, пазіраем. Выглянула сонца. Зелянеюць умытыя дажджом вербы, алешыны. Нідзе нічога не відно. А навальніца ўжо далёка над лесам грукоча...

Але мы вырашылі не адступаць і калі-небудзь усё ж падпільнаваць перуна, куды ён страляе, і знайсці яго стралу.

Так пачаліся нашы пошукі. Як толькі набліжалася навальніца, мы са Сцяпанам беглі да гумна. Там хаваліся пад страху манежа, у якім не было сцен. Седзячы на дышле малатарні, мы сачылі, як рухаецца хмара...

Эх, і прыгожа ж!.. Маланка была для нас чаканай госцяй, а гром — прыемнай музыкай... Якіх толькі маланак нам не давялося бачыць! То нейкія трапяткія, што загараліся і тухлі ў самой хмары, то чырвона-агністыя, то сляпучыя, як сонца. Бывала і так, што маланка полымем успыхвала і знікала, а грому не было. Мы дзівіліся: чаму гэта? Можа, асечка ці страла паляцела з аднае хмары ў другую? Асабліва мы сачылі за тымі маланкамі, што агнявой лукаткай праціналі неба і ўразаліся ў зямлю.

Неяк мы ўбачылі, што маланка секанула ў грушу на полі. Сцяпан і я заўважылі агністую лукатку, якая дакранулася да вяршаліны грушы. А потым ляснуў страшэнны гром, ад якога наўкол уздрыгнула зямля...

Пасля мы расказалі дзеду, што бачылі, як маланка стукнула ў грушу.

— Груша-дзічка — высокае дрэва. У яе часта б’е... Пад ёй не стойце ў навальніцу,— сказаў нам дзед.

Для нас усё было зразумела. Захапіўшы рыдлёўкі і падкасаўшы штаны, мы пабеглі па лужынах да грушы-дзічкі. Яна стаяла ў полі адна-адзінюткая, камель яе быў пры зямлі ў нашы два абхваты. Бывала, пад грушаю мы ласаваліся кіслымі пераседкамі.

Але цяпер нас цікавіла другое: дзе тут упала залатая страла? Яе мы бачылі сваімі вачыма. Падбегшы, заўважылі на дзічцы свежую рану. Сук быў адламаны і з зялёным лісцем ляжаў доле. Зверху аж да самай зямлі на грушы быццам нехта адшчапаў трэску.

Мы доўга капаліся пад грушай. Адну яму вырылі па калена. Увесь час здавалася, што рыдлёўка вось-ось звякне аб залатую стралу. Мы спрабавалі капаць у розных месцах, хоць перашкаджала карэнне грушы. Але так нічога і не знайшлі. Відаць, глыбока ў зямлю ўвайшла перунова страла.

Потым мы са Сцяпанам яшчэ раз падпільнавалі маланку. Схаваўшыся ў сушні, што стаяла на ўзгорку за сялом, мы глядзелі праз невялічкае акенца ў сцяне, як наплывае страшная цёмная хмара. Сівыя пасмы яе цягнуліся да зямлі. Маланкі мільгалі адна за адной. І раптам агнявая бліскавіца ўдарыла ў стог на лузе. Грукнуў гром.

Не зважаючы на лівень, мы памчаліся да стога. Покуль дабеглі, змоклі, але ўбачылі, што верх у стозе пачаў дымець.

Дым, прыбіты дажджом, нік да зямлі. Чуваць быў пах гарэлага сена.

Мы аж абрадаваліся. Значыць, страла сядзіць у стозе. Яе можна знайсці. Але для гэтага трэба шмат людзей, нам удвух са Сцяпанам не справіцца.

Мы пабеглі ў сяло, паднялі крык:

— У шырокай луцэ пярун запаліў стог сена!

Людзі ўмомант пачалі збірацца. З віламі, з граблямі ўсе рушылі на луг, да стога. Мы — наперадзе.

Навальніца мінула, дождж сціх. Рэдзенькі дым ледзь-ледзь віўся над стогам. Ён бы доўга мог так тлець, і не скора пажар выявілі б. Але людзі своечасова пачалі ратаваць стог, расцягваць сена. Я са Сцяпанам таксама расцягваў. Мы баяліся, каб хто-небудзь раней за нас не знайшоў таямнічай стралы... Разгрэблі ўвесь стог. Расцягнулі на бакі мурожнае сена. Толькі ў самай сярэдзіне стажарышча сена гарэла. Калупаючыся ў гэтай чорнай, дымлівай кучы, мы яшчэ не трацілі надзеі ўгледзець бліскучы наканечнік ці хоць віламі крануць стрыжань стралы. Але дарэмна!

Усе нам дзякавалі, хвалілі, што мы не далі стогу згарэць, і тым не менш настрой наш быў сумны, панылы.

У тую восень мы пайшлі ў школу. Пасябраваўшы з кніжкамі, зразумелі, што памыляліся. Але дзедавых слоў пра магутныя маланкавыя стрэлы мы не забыліся. Яны былі справядлівыя.

...Цяпер увечары ва ўсіх брыгадах нашага калгаса зіхацяць электрычныя лямпачкі, як іскры маланкавай стралы. Па праекту Сцяпана калгаснікі пабудавалі гідраэлектрастанцыю. Вось і сабраў ён усе маланкі, што стралялі над намі.

А я на ўсё жыццё спадабаў навальніцу. Як загрыміць гром, як пакоціцца па небе, дык нібы чуеш моцную смелую музыку, якая навявае ўспаміны, абуджае сны маленства.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com