epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Песня ў бары

 

Аднойчы я даведаўся, што сястра ідзе ў ягады. У Кайкаўскі лес. Я чуў, як яна з сяброўкамі дамаўлялася ісці туды рана ў нядзельку, на купалле. Я пачаў прасіцца пайсці разам. Падгаварыў дружбака Сцяпана таксама прасіцца. І яго сястра ішла ў лес.

Нас нарэшце ўзялі з сабой. Але папярэдзілі:

— Глядзіце ж, не пагубляйцеся ў бары!.. Ваўкі з’ядуць...

З кошыкамі ў руках, я і Сцяпан, у тую раніцу ішлі па вуліцы за шумлівым, вясёлым гуртам дзяўчат і, вядома, з дарослымі ніякіх ваўкоў не баяліся. Жарты! Але кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае.

Да гэтага мы яшчэ не былі ў Кайкаўскім лесе. Блізкі ад нашай вёскі лес, Галае балота, дзе раслі сасонкі, бярэзнік сярэдняй велічыні, лазовыя кусты, багун, мы са статкамі жывёлы абхадзілі ўдоўж і ўпоперак. Кайкаўскі лес знаходзіўся ад нас далекавата і называўся борам. У ім, праўда, можна было напаткаць драпежнага звера і заблудзіцца ў гушчары. Там стаялі дубы, ясені, адна ў адну высокія елкі, гонкія сосны, якія ў камлі мы ўдвух са Сцяпанам у абхват не абнялі б.

Мы ў гэтым цікавым падарожжы чакалі чагосьці загадкавага, таямнічага і вельмі захапляючага. Сэрца прадчувала. І сапраўды, такім захапляючым і незабыўным для мяне з’явілася песня ў бары.

Спачатку мы са Сцяпанам старанна збіралі суніцы. Колькі тут было спелых ягад! З берага чырвоныя суніцы. А далей, у густым ягадніку, пачалі трапляцца салодкія чарніцы, буйныя, як вішні. Іх мы збіралі з ахвотай: адну — у кошык, дзве — у рот... Збіраючы так, мы не адставалі ад дарослых... Пільнаваліся іх.

— Го-го-го!..— крычалі мы.

— Го-го-о-о! — кацілася ў адказ рэха.

Такога гучання свайго голасу, як у бары, я яшчэ не чуў. Хацелася спыніцца пад якім-небудзь магутным дрэвам. Прыслухацца... Як яно само сабе гамоніць!

Моўчкі драмалі кашлатыя елкі. На зялёныя лапкі папаратніку сям-там падалі праменні сонца. Летні дзень быў спякотлівы, душны. Нават у лесе.

Пасля абеду дзесьці загрымела.

— Дзевачкі, чуеце? Будзе дождж,— сказала сястра.— Хадзем бліжэй да леснічоўкі.

Дзяўчаты ведалі тут усе дзялянкі, лініі і просекі і дзе хата лесніка. Нам са Сцяпанам толькі заставалася пільнавацца іх.

Аднекуль нас даганяў дождж. Хмары не відно было, а грымоты набліжаліся.

Калі елкі і сосны зашумелі, а па лісцях арэшніку запякалі важкія кроплі, усе, хто збіраў ягады, кінуліся бегчы. І я пабег. Але мы беглі нядоўга. Наперадзе выглянула палянка, а на палянцы — леснікова хата. Пры самым лесе стаяла адрына. Вось у гэтай адрыне лесніковай мы схаваліся.

На духмяным, мурожным сене паселі. І слухалі, як над намі праносіцца навальніца, па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы...

А тут, у адрыне, нам было не страшна. Дзяўчаты спявалі, смяяліся. Сцяпан, расфарбаваўшы чарніцамі губы, апаражняў свой кошык. І мяне спакушаў.

Не агледзеліся, як зноў засвяціла сонца. Ды так ярка... Раптоўна нахлынула навальніца — раптоўна прамчалася.

Мы выйшлі з адрыны, босыя, па лужынах, па роснай траве, зноў накіраваліся ў лес. Ён цяпер быў абмыты, бадзёры. А рэха аддавалася ў ім яшчэ мацней.

На папаратніку, на чарнічніку густа віселі дажджавыя кроплі. Збіраць ягады — толькі абрасіцца... І, можа, таму дзяўчатам не захацелася нагінацца, мачыць у свежай расе рукі, а ў гэтым гулкім бары, дзе як струны нацятыя сосны, елкі,— захацелася заспяваць песню. Здаецца, ён так і чакаў паслухаць яе пасля дажджу.

— Го-го-го-го!

— Дзевачкі, сёння ж купалле! — крыкнула сястра.— Заспяваем «Купалінку»!

І ўсе дружна падхапілі запявалу. Як паўгадзіны таму назад бор быў поўны грымот і навальніцы з неба, так цяпер ён напоўніўся і адгукнуўся галасамі знізу. Песня ўзнялася шырока і працяжна:

 

Ку-у-палінка, ку-у-упалінка-а-а...

 

Эх, як я любіў песні!..

Мабыць, з тае пары, як засынаў пад спеў калыханкі, я ўлавіў гэта невымоўнае адчуванне ўсім сэрцам. Яно прыносіла спакой і сон, весялосць і радасць. А пазней і слёзы. Яно непрыкметна пранікала ў душу, калі я пачынаў услухоўвацца, як спяваюць... Песня адразу апаноўвала мяне ўсяго, і я застываў, нібыта анямелы, раскрыўшы рот.

Помню, маці прадзе ля акна кудзелю. Калаўрот шуміць, а пад гэты шум ільецца песня. Песня аб тым, як браты-разбойнікі затрымалі дзяўчыну ў лесе:

 

Адкуль, дзеўка?

З Даўгінава.

Чыя, дзеўка?

Яўхімава...

 

Усё, што было ў руках, я адсоўваў убок, ішоў, садзіўся каля прасніцы і слухаў. Слухаў да канца, а тады прасіў:

— Яшчэ.

Мне надта падабалася адна песня, дзе маці спявала, што з песняй нарадзілася, з песняй вырасла...

Чаму гэта некаторыя абыякавыя да песні?

А вось мой дзед быў нейкі асаблівы. Ён спяваў, але без слоў. У яго былі розныя матывы, якія выказвалі розныя пачуцці. Калі ў дзеда добры настрой, ён спяваў: «Ля-ля-ля! Тра-ля-ля-ля!..» Калі ён што-небудзь думаў і рабіў, стругаў нажом ці плёў кашы: «Та-та-тата! Тра-та-та-та!..» Калі што не ладзілася, ламаўся абруч, ірвалася старая хамуціна: «Гэй, да-да! Ну, да, ну!..» І шмат розных у яго было выклічнікаў: «Го-папа...», «Дуль-дуль-дуды...». А слоў ніколі не выгаворваў. Мармытаў, бубніў сам сабе.

Пазней я зразумеў, што ёсць песні, якія люба спяваць, а ёсць такія, якія люба слухаць. Слухаць іх сардэчныя, шчырыя словы. І люба слухаць яшчэ тыя, якія не пад сілу заспяваць. Няма на іх моцы голасу. Як у мяне... Я іх мог слухаць бясконца. І разважаць...

...У полі, на жніве, слухаў жніўныя... Увечары, на пагулянках, прывольныя... А як спявалі жанкі на вяселлі! Яны цягнулі мноствам танюткіх галасоў і так доўга, што чамусьці рабілася маркотна сэрцу. Чагосьці не хапала...

Затое як усхвалявана білася яно, калі я слухаў спевы хлопцаў. Іх песні, мужныя, гераічныя, спяваліся аб подзвігах на вайне і баявых паходах.

Гэта было часта вясною. Пасля рабочага дня, увечары. Калі з капяжу сыплецца і на марозік бярэцца. А на рэчцы крыгі плывуць... Паводка. Хлопцы збіраліся ў натоўп ля Лукаша. На ўзгорку. Сюды прыходзіла не толькі моладзь. Прыходзілі і жанатыя. Запявала, напрыклад, пачынаў: «Там ўдалі ля ракі заблішчалі штыкі...» — а ўсе зладжаным дужым хорам падцягвалі. Чутно было на ўсю ваколіцу. Запявала, здаецца, адрываўся ад зямлі, імкнуўся ўвысь, угору, туды, дзе мігцелі зялёныя вячэрнія зоркі, а жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Ды так цягнулі, што я аднойчы з бервяна зваліўся. Я заўсёды слухаў песні, седзячы ззаду на плоце ці на бервяне. Уявіў сабе, што зоркі трымцяць ад басоў, зірнуў на неба, галава закружылася, і... зваліўся.

...Тут, на ўзгорку, гучыць адна песня, а ў тым канцы сяла — другая. Там спяваюць дзяўчаты. Чаму гэта ў нас не было хору, у якім бы разам спявалі хлопцы і дзяўчаты, не ведаю. Спявалі паасобку. Мужчыны сабе. Жанчыны сабе.

Я надта імкнуўся памагчы спяваць. Я ўжо ўмеў пераймаць свіст шпакоў, стракатанне сарокі, кукарэканне пеўня... Я пераймаў і матыў песень.

Спяваў я, калі заставаўся адзін у хаце. Спяваў у вялікую бочку або ў калодзеж. Я тым самым, чуючы рэха, спрабаваў свой голас. Каб ён гучаў як трэба. Перагнуся цераз зруб калодзежа і зацягваю: «Штобы з боем ўзяць Прымор’е...»

Праўда, не ўсе словы песні да мяне даходзілі. Некаторыя я не разумеў, а калі разумеў, то па-свойму. Слова «аплот» з песні пра амурскіх партызан я зразумеў ужо толькі ў школе. Растлумачыў наш настаўнік Алесь Мікалаевіч... Да таго я спяваў:

 

Штобы з боем ўзяць Прымор’е...

І белу армію... аб плот!..

 

Я так і разумеў сэнс гэтага, што партызанам белую армію трэба ўдарыць галавой аб плот!..

Спяваў я сам сабе, пасучы жывёлу. Надта вольна было дэманстраваць свае вакальныя здольнасці ў полі, дзе ніхто з дарослых не сварыўся:

— Сціхні, не гарлапань!

...У бары, на купалле, я ўпершыню паспрабаваў спяваць разам з дарослымі і адчуў, што патрапляю. Купалле так далёка-далёка кацілася, а ў ім чуўся мой голас. Упершыню! Як радасна!

 

Ой, сягоння купалле купала,

А назаўтра рана, на Івана...

 

...З тае пары, калі я заходжу ў лес, пачынаю спяваць. Помніцца той выпадак у бары.

Я не вырас спеваком.

Але настаўнік спеваў, наш Алесь Мікалаевіч, са старэнькай скрыпачкай сваёй, тлумачачы ў класе нотную грамату, навучыў мяне і многіх такіх, як я, па-сапраўднаму спяваць у хоры. Гэта вялікае шчасце ўмець спяваць разам.

Ён казаў нам, вучням, мудрыя словы:

— Па песні можна пазнаваць людзей. Скажы мне, ці любіш ты спяваць, якую ты любіш песню, самую найлюбімейшую, і я адгадаю, хто ты такі!..

Ён яшчэ казаў:

— Трэба ўмець спяваць у хоры. Песня дужа магутная ў хоры. Яна ўсё дапаможа зрабіць чалавеку.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com