epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Рына-Марына

З карэтай «хуткая дапамога», у якой ехалі дзяжурны доктар і дзве медсястры, здарыўся няшчасны выпадак. Машына імчалася правай стараной па цэнтральнай вуліцы горада. Па яе сігналу быў адкрыты праезд на ўсіх скрыжаваннях. І раптам нечакана з бакавой вуліцы наперарэз выскачыў маленькі «Масквіч».

Маладзейшая сястра сядзела ў карэце бліжэй да кабіны і бачыла, як вадзіцель хацеў абмінуць нецярплівага ездака, а можа разяваку на сваёй уласнай малалітражцы, і паспела заўважыць, як ён затармазіў і крутнуў абаранак. Яна помніць толькі рэзкі ўдар ілбом у кабіну і звон разбітага шкла.

На месцы здарэння ў момант сабраўся натоўп. Спыніўся тралейбус, і ўсе пасажыры высыпалі на вуліцу. Пакуль міліцыя распачынала сваю справу, сёй-той памагаў пацярпеўшым, сёй-той разглядаў, распытваўся. Некаторыя не маглі стрымаць гневу і казалі, што цяпер пешаход на вуліцы можа не баяцца ні трамвая, ні тралейбуса, ні іншай машыны, акрамя «Масквіча», якога купіў вось такі грамадзянін ва ўласнае карыстанне. Небяспечныя сталі вадзіцелі! Дарэчы, вінаваты вадзіцель з пабітымі акулярамі, гаспадар «Масквіча», разгублены і перапалоханы, мітусіўся між людзей. Ён быў адзін у машыне і не вельмі каб пацярпеў. Яму больш дасталася ад дакораў прысутных, якія выказвалі яму ў вочы сваё абурэнне.

Медыцынская сястра нічога гэтага не чула. Яе, непрытомную, дастаў з карэты шафёр легкавой машыны, якая спынілася ля месца аварыі. Шыракаплечы, у клятчастай рубашцы з распішленым каўняром, ён беражліва ўзяў яе, падтрымліваючы адной рукой пад калені, другой - пад плечы. Галава ў дзяўчыны бязвольна схілялася на грудзі, ногі ў басаножках матляліся, як нежывыя. Шафёр, відаць, растаропны хлопец, закамандаваў даставаць з машыны астатніх, а сам са сваёй ношай падаўся да ўласнай «Пабеды». Натоўп перад ім расступіўся. Нехта адчыніў яму пярэднія дзверцы.

Не прайшло і пяці хвілін з моманту няшчасця, як пацярпеўшыя - доктар і дзве сястры, адна пажылая, другая год дзевятнаццаці, былі адпраўлены ў клініку.

Шафёр у клятчастай рубашцы неспакойна думаў, што вось дактары выехалі з клінікі па трывозе, ды самі трапілі ў бяду, а дзесьці нехта чакае хуткай дапамогі, можа, скалечаны ці пры смерці. Ён не ведаў, што карэта належыць радзільнаму дому і ўсе гэтыя пацярпеўшыя ехалі па тэлефоннаму выкліку да парадзіхі.

На мосце «Пабеда» падскочыла, гайданулася, і сястра, якая сядзела побач, вяла прытуліўшыся да шафёра, войкнула і адкрыла павекі. Першае, што трапіла ёй на вочы, была кроў на белым халаце. Цёмна-сінія вочы дзяўчыны ад спалоху зрабіліся вялікія і яшчэ больш сінія. Яна паварухнулася, каб раўней сесці, і зноў войкнула. Праз адкрытыя збялелыя вусны шафёру відаць былі сцятыя два рады густых зубоў. Дыхала яна часта і парывіста.

- Баліць? - запытаўся шафёр, але медсястра не адказала. - Ну, нічога, нічога! Пройдзе!

Дзяўчына толькі зірнула на яго з мальбою. Шафёр стаў яшчэ мякчэй і лагодней суцяшаць яе, спрабуючы нават пажартаваць. Яна ўжо зусім апрытомнела, але маўчала і старалася не застагнаць.

На двары ў клініцы шафёр хутка выскачыў з машыны, адчыніў процілеглыя дзверцы і асцярожна ўзяў яе аберуч, падняў на рукі. Ён не намнога быў старэйшы за гэтую дзяўчыну. Так падумаў ён сам сабе, несучы яе на руках. А сястра, зноў адчуўшы сябе ў дужых абдымках, даверліва, як дзіця, абняла яго шыю і чамусьці ўсхліпнула.

- Нічога, нічога! - супакойваў шафёр.

Несучы па прыступках ганка гэтую маладую дзяўчыну, ён адчуваў сябе такім дужым, што нават крыху ганарыўся сабою. Ён рад быў, што памог чалавеку ў бядзе. Да таго ж ён бачыў, што з дзяўчынай нічога небяспечнага няма, і паволі супакоіўся. Яму прыемны быў яе мяккі дотык да шыі, да валасоў. За шклянымі дзварамі клінікі ў калідоры ён пайшоў дробна, памаленьку, быццам не хацеў адпускаць ад сябе сястру.

- Цябе як зваць?

Яе звалі Марына, але ад болю яна ледзь вымавіла праз зубы, скраўшы першы склад слова:

- Рына.

- Нічога, нічога, Рына! Усё пройдзе. Усё будзе добра, - падбадзёрваў ён. - А мяне завуць Мікола. Коля!.. Запомніш? Я заўтра наведаюся... Ну, папраўляйся, Рына!..

Ён сапраўды назаўтра прыехаў у клініку даведацца пра яе здароўе. Але яны не ўбачыліся. Было позна, і яму не дазволілі ўбачыцца з ёю. Яго супакоілі, што медсястра, якую ён прывёз, неўзабаве паправіцца. Яна перанесла моцны ўдар, і толькі. Вось астатнія - горш. У доктара сатрасенне мазгоў, а пажылая сястра, напэўна, застанецца інвалідам. Што датычыць шафёра карэты і гаспадара «Масквіча», то ім толькі зрабілі перавязкі.

Марына ў бальніцы, праўда, доўга не ляжала. «Шчасце тваё», - казалі сяброўкі, прыходзячы ў палату адведаць яе. А яна сабе думала: «У чым жа тое шчасце? Хіба ў тым, што сядзела ў карэце бліжэй за ўсіх да кабіны?» - і ўсміхалася. Яна моцна выцялася. Набітыя гузакі пачалі разыходзіцца, а рану над брывом ёй старанна зашылі і забінтавалі.

Калі рана зусім загаілася, Марыну выпісалі. Яна адразу пайшла не дадому, а туды, дзе працавала. Яе спаткалі радасна, як гераіню, якая вярнулася з небяспечнага падарожжа. Ну, што ж, здараюцца і ў будзённым жыцці гераічныя моманты!.. Усе ёю цікавіліся, а яна не хацела бясконца расказваць пра той няшчасны выпадак. Марына сама ўсіх распытвала. Яе так усхвалявала сардэчная сустрэча таварышаў па рабоце, што яна адмовілася ад бюлетэня і на наступны дзень, як звычайна, пайшла працаваць, усё роўна як з ёй нічога тыдзень таму назад не было.

Неяк яна вярталася з работы. Стаяла сонечнае позняе лета. Пылела. (Той дзень ёй чамусьці запомніўся вельмі добра.) На скверах, на плошчах шамацела сарванае ветрам жоўтае лісце.

Марына з букетам яркіх кветак у руках ішла і думала, як зараз прыйдзе дадому, паставіць кветкі ў ваду, згатуе сабе смачны абед. У вокнах кватэр гаспадыні павыстаўлялі засыпаныя цукрам шкляныя банкі з вішнямі, суніцамі. Яна ішла, заглядала ў вокны і зайздросціла.

Раптам па вуліцы пранеслася «Пабеда», абагнала Марыну і спынілася. Дзверцы ў машыне пстрыкнулі, адчыніліся, і адтуль выглянуў шафёр у клятчастай рубашцы.

- Рына! - паклікаў ён. - Сядай, падвязу!

Гэта быў Коля. Яна адразу пазнала яго. І тут жа ўспомніла, як у палаце аб ім гаварылі, перадавалі ад яго прывітанне. Без шапкі, загарэлы, ён і цяпер быў такі, як тады, калі нёс яе на руках у прыёмную клінікі. Тады ў яе кружылася галава, а цяпер неяк забілася сэрца. Гэта ж яна была ў яго на руках!

- Сядай, сядай! - загадаў ён. - Ну, як тваё здароўе? Паправілася?

- Як бачыце, паправілася.

- Правільна! Так і трэба.

- Толькі знак яшчэ вось, - паклаўшы сумачку на калені, паказала яна над брывом.

- Э-э, глупства! Не так яшчэ бывае! - зірнуў і зноў прадаўжаў кіраваць Коля. - От і ўсё добра! А то спалохалася тады, збялела... Ні слова, як рыба...

- Я не помню, што было, - сарамліва адказала Марына. - Памалу! Нашто вы гоніце машыну?

- Баішся? Хе-хе! - засмяяўся Коля.

- А што ж?! Вашаму брату, шафёру, цяпер давяраць нельга. Самі былі сведкай.

Колю, як шафёру, гэта было пацешна. Ён знарок націснуў на педаль і пабольшыў хуткасць.

- Ха-ха-ха! - смяяўся ён. - Мы паўзём, як чарапаха. Але, як гаворыцца, апёкшыся на малацэ, на ваду дзьмухаеш. Ці як гэта?.. Толькі я, Рына, не з такіх!

Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой. І цяпер такое жаданне якраз яго апанавала. Ён пачаў расказваць, што працуе вадзіцелем у аднаго начальніка, што гэта «Пабеда» - яго персанальная машына. Яна стаіць у гаражы Савета Міністраў. У Колі правы шафёра першага класа. Ён ужо даўно здаў экзамен на гэтыя правы. І машыны розных марак даўно водзіць, але на гэтай, сіняй «Пабедзе», ездзіць з таго часу, як дэмабілізаваўся. Яны з начальнікам выязджаюць у працяглыя камандзіроўкі ў бездараж, часамі ноччу, як «па трывозе». І ніколі ў яго «чэпэ» не здаралася. «Гаспадарка» заўсёды ў парадку.

- Ну, а дзе ты жывеш? - раптам змяніў ён напрамак гаворкі.

Марына так заслухалася расказам Колі, што забылася назваць сваю вуліцу яшчэ ў пачатку, калі села. Ён расказваў весела, цікава, спрытна кіраваў машынай, прызнаваўся ва ўсім, здаецца, без хітрасці і адначасова быў уважлівы да яе. На гэта не ўсякі меў здольнасць. У любым яго руху было многа бойкасці, энергіі, непасрэднасці, якая заўсёды захапляла, падабалася новаму, незнаёмаму чалавеку.

- Ты і нарадзілася тут, у горадзе?

Яны звярнулі на ўскраіну, і ўжо было блізка ад Марынінага дома. Адсюль віднеліся прыгарадныя мясціны, палеткі, лес удалечыні. Марына праз акенца паглядзела на горад, моўчкі кіўнула ў адказ, а сама тым часам успомніла сваё сяло. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Там, дзе яна нарадзілася, на тым месцы, дзе стаяла бацькава хата, пасля вайны нічога не засталося. Нават бярозы пагарэлі. Гэта далёка ад горада, у былой партызанскай зоне. Сяло яе не перастала існаваць, аднавілася, але ўсе яго будынкі, у тым ліку і новы дом Марынінай цёткі, якая некалі прытуліла ў сябе дачку брата-партызана, выраслі з другога канца. Сяло так адбудавалася, што яго нельга было пазнаць. Марына ездзіла туды ў госці гады са тры таму назад, якраз як скончыла медыцынскае вучылішча. І называлася гэта паселішча смешна - Пальчык. Марына заўсёды саромелася назваць сваё роднае сяло. Ну, як гэта выгаварыць перад усімі? Адкуль ты? З Пальчыка. Куды ты едзеш? У Пальчык. Неяк сорамна...

- Значыцца, ты тут жывеш? - сказаў Коля, спыняючыся перад невялічкім драўляным домікам з чырвонымі аканіцамі.

- Тут, - адказала Марына. - Я кожны дзень па гэтай вуліцы на работу хаджу. І з работы.

- От гэта вуліца!.. От гэты дом!.. - нараспеў пажартаваў Коля. - Буду мець на прыкмеце. Запомню твой дом, Рына.

Яна ўсміхнулася і, ужо трымаючыся за ручку дзверцаў, сказала:

- Вы, Коля, не так мяне завеце. Я не Рына, а Марына.

- Марына? - здівіўся ён. - Марына. Рына-Марына! А так яшчэ лепш - Рына-Марына! Рына-Марына!

Яна засмяялася, вылазячы з кабіны, і не заўважыла, як ён выхапіў з букета кветку. Тут жа ён прымацаваў яе ў кішэньку клятчастай рубашкі. Гэта была самая прыгажэйшая кветка.

Ужо стоячы на тратуары, Марына, як гэта належыць, падзякавала шафёру.

- Няма за што! - адказаў Коля і з падкрэсленым жэстам панюхаў украдзеную кветку. - Вось ад цябе замест падзякі. Не крыўдуеш, што ўзяў?

- Калі ласка! - адказала яна.

Марына пайшла да брамкі ў варотах, а «Пабеда» фыркнула і знікла. Дзяўчына не глянула ўслед машыне, але дома, дагледзеўшы кветкі і паставіўшы букет на стол, падумала: «Мне трэба было самой усе іх падарыць яму».

Тут яе думкі абарвала, уляцеўшы ў пакойчык, стрыечная сястра Зоя.

- Паслухай, Мара, што я табе хачу сказаць, - абняўшы Марыну, загаварыла яна. - З табою хоча пазнаёміцца Барыс. Помніш, такі сімпатычны, у шэрым гарнітуры, з кітайскім гальштукам. Ён з нашага тэрапеўтычнага факультэта... Пойдзем сёння ў кіно?

Марына жыла ў пакойчыку разам з Зояй. Пакойчык быў невялічкі, але ўтульны. Сонечнае паўднёвае акно асвятляла пафарбаваную падлогу, шафу ля дзвярэй і снежна-белыя пасцелі з вышываннем на падушках, фотакарткі на сценах. Два ложкі стаялі адзін супроць другога. Увесь домік належаў другой Марынінай цётцы. Навокал яго быў пляц з агародам і садком, як ва ўсіх гараджан-старажылаў. Марына пасля сямігодкі ў Пальчыку прыехала сюды, ды так і засталася. Яе прынялі тут як сваю, і пасялілі са светлавалосай сястрой, равесніцай і сакатухай Зояй. Марына, прыехаўшы сюды, паступіла ў медвучылішча і цяпер ужо трэці год самастойна працавала. Сёстры сябравалі, не спрачаліся, аднак Зоя гульнямі і вечарынкамі захаплялася больш, чым Марына. Тут іх густы разыходзіліся, хоць яны ад чатырнаццаці год, як кажуць, разам елі і спалі галава ў галаву.

- Заўтра мне рана ісці на работу, - адказала Марына.

- Ой, гэта твая работа, - перадражніла Зоя. - Вечна ў цябе адзін адказ... Нібы я нічым не занятая.

Да сваёй работы Марына ставілася як да чагосьці важнага, самага большага ў жыцці. Да гэтага яна дайшла сама, хоць і не хутка. Калі дзядзька Раман Іванавіч калісьці параіў ёй паступіць у медвучылішча, яна ніколі не прадбачыла, што ёй па характару дасца спецыяльнасць медыцынскай сястры. Пачатак вучобы быў сумны і нецікавы. Марына адразу нават каялася, што зрабіла такі выбар. Канечне, яна была падрыхтавана да любых выпрабаванняў і цяжкасцей, якія маглі сустрэцца на яе шляху. Пасля свайго жахлівага маленства Марына расла замкнутай, крыху дзікаватай. Здавалася, яе сэрца ачарсцвела да ўсялякага болю, як да свайго, так і да чужога. Сінія вочы падлетка Марыны былі спакойныя, задуменныя, бадай-што халодныя. На другім курсе, асабліва на практыцы, яны зрабіліся вострыя, у іх свяцілася кемлівасць. Яна не крывілася, бачачы раны і калецтвы, не баялася іх, як іншыя, і магла зрабіць самую цяжкую перавязку, не адварочваючыся ад крыві. «У цябе, Марына, каменнае сэрца», - казалі ёй сяброўкі. І яна не пярэчыла ім.

Але якое здзіўленне і разгубленасць з'явіліся на Марыніным твары, калі яна пачула, куды яе прызначаюць пасля выпуску! У горадзе адкрыўся новы радзільны дом, і Марына пасля экзаменаў была ўключана ў спіс яго штатных работнікаў. «Куды ж гэта? - думала яна. - Што ж я там буду рабіць?» Але гэтая разгубленасць была ад няведання ўмоў работы. Неўзабаве ўсё наладзілася, і яна зразумела свае абавязкі. «Каменнае сэрца» і тут не прадчувала, што ў ім прачнецца гэтулькі чуласці, шчырасці і спагады да тых, хто трапляў у палату. Работу сваю Марына палюбіла і праз нейкі месяц зразумела, што перад ёю адразу здрабнелі ўсе іншыя інтарэсы.

У канцы дня, вярнуўшыся з работы, Марына частавала Зою прынесеным шакаладам і дзялілася сваімі ўражаннямі.

- Ты ведаеш, што ў нашай краіне штогод прыбывае тры мільёны насельніцтва? - пераканаўча казала яна сястры. - Такі вялікі прырост! Кожную гадзіну нараджаецца трыста семдзесят пяць чалавек... А па ўсім зямным шары - кожную секунду два чалавекі... Кожную секунду два чалавекі!

Зоя пырснула ад смеху і кінулася на пасцель.

- Чаго ты рагочаш? - насупліваючы бровы, пыталася Марына.

- Адзін смех! - адказала Зоя, абдымаючы свае калені. - Гэта вам на палітзанятках гаварылі?

- Пры чым тут палітзаняткі? Я сама вычытала.

- Ха-ха-ха! - залівалася Зоя.

- Нічога тут смешнага не бачу, - пакрыўджана сказала Марына. - Прыйдзі да нас, паглядзі! Я цябе колькі разоў запрашала і халат насіла... А ты ўсё зубы паказваеш. Гэта несур'ёзна. Ты ж будучы ўрач.

- Я будучы ўрач-тэрапеўт, - з напускной важнасцю адказвала сястра. - У дом ваш мне рана адчыняць дзверы... Ха-ха-ха! Мне лепш у тэатр... ці ў цырк! Ну чаго ты злуешся, Мара?

Такія размовы раней узнікалі часта, але з часам зусім прапалі. Марына перастала расказваць Зоі свае навіны. Ды тая і не цікавілася імі, хоць шакаладам, падарункамі, якія прыносіла сястра, яна рада была паласавацца. Марына заўсёды маўчала, і з ёю нельга было распачаць спрэчку.

Зоя не разумела сястру. Асабліва пасля таго, як Марына трапіла ў аварыю і Зоя прыбегла праведаць яе ў клініку. Зою страшэнна ўразілі словы, сказаныя Марынай на развітанне:

- Пазвані да нас у дзяжурку, - зняможана загадала хворая. - Запытайся, як з той парадзіхай, да якой мы ехалі. Я... я сама па тэлефоне выклік прыняла... Ты даведайся і скажаш заўтра, што з ёю?..

Зоя з жахам зірнула на забінтаваную галаву сястры, і ў яе паказаліся слёзы. «Памуцілася яна!» - з жалем падумала аб сястры Зоя...

І яшчэ аднаго не разумела Зоя ў Марыне - гэта яе адносін да хлопцаў. Марына з цягам часу зрабілася страйнейшай і прывабнейшай за сваю сястру. На вечарах, на танцах, дзе яны бывалі ўдваіх, юнакі больш заглядаліся на Марыну. Студэнт трэцяга курса Барыс Любан проста надакучыў Зоі пісулькамі аб сястры. Дзе яна? А яна, як знарок, да ўсіх заставалася абыякавай.

Час ішоў, і Зоя крадком, з радасцю для сябе, адзначыла ў Марыне перамену. Пачалося ўсё, здаецца, з аварыі. Яна заўважыла, як сястру нехта падвёз на машыне. Потым яшчэ раз. Зоя гэта бачыла, але знарок не хацела дапытвацца, чакала, пакуль тая сама прызнаецца.

Ды ў чым асабліва было прызнавацца Марыне? Коля і другі раз дагнаў яе, калі яна вярталася дадому з букетам кветак.

- Рына-Марына, прывет! - крыкнуў ён, параўняўшыся з ёю, і адразу адчыніў дзверцы сіняй «Пабеды». - Паехалі!

Марына села, папраўляючы сумачку на руцэ, і разам з кветкамі, здаецца, заружавела ад радасці. У яе быў надзвычай бялявы твар. Ледзь-ледзь захвалявалася - адразу шчокі загарацца. Марына была нездаволена сабой. У смуглых і чарнявых гэтага не відаць. Бывала, гледзячыся ў люстэрка, яна зайздросціла ў думках смуглатварым: тыя, здаецца, умелі хаваць сваё душэўнае ўзрушэнне.

- Што? Ты зноў з букетам? - здзівіўся Коля. - Цікава!..

Стаяў позні верасень. Усё на скверах і ў парках адцвітала, а Марына туліла да грудзей свежыя, яркія кветкі.

- Сур'ёзна, дзе ты бярэш іх? - сказаў Коля. - Яны ж цяпер дарагія.

- Гэта падарунак, - прыціскаючы да сябе кветкі, адказала Марына. - Мне іх падарылі.

- А-я-я-яй! - яшчэ больш здзівіўся Коля, раз-поразу паглядаючы то на букет, то на Марыну. - Ад каго? Хто ж такія падарункі дае штодзень?.. Цябе, мусіць, няйначай, прафесар ці акадэмік праводзіць з бальніцы на ганак?

Марына засмяялася, ды так ад душы і так звонка, што і яму стала смешна. І ён стаў рагатаць. Калі гэты вясёлы жарт пад шум калёс «Пабеды» прайшоў, Коля спытаў сур'ёзна:

- Праўда, Рына!.. Дзе ты працуеш?

- У бальніцы, - сказала яна і (бывае смехатлівы настрой) зноў прыступ смеху напоўніў грудзі. Таіць ад Колі сваё месца работы яна не збіралася - яна ганарылася сваёй работай, як гэтымі кветкамі, - але ёй проста хацелася пажартаваць з ім. Ды што ён сам такі нездагадлівы? Вядома, жартуе!

- Што ж, у вас там кветнік ёсць? - круцячы стырно, казаў Коля. - Можа, аранжэрэя ці цяпліца якая?

Марына не выцерпела і зноў залілася смехам. Яна бачыла, што ён жартуе, і ёй прыемна было жартаваць з ім.

- Можа, пакатаемся? - спытаў Коля, пад'язджаючы да міліцыянера на скрыжаванні вуліцы. - От так, аж за горад! Гэта раз-два!

Марына, калі б гэта было раней, калі б не такі вясёлы настрой, калі б не з тым, хто яе ратаваў, безумоўна, не дала б згоды. Але тут яна завагалася і не асмелілася катэгарычна адмовіць.

- Толькі ненадоўга, - сказала яна. - Трошачкі праедзем і назад...

«Пабеда» рванулася, аж вецер засвістаў у прачыненых вітражах. Хоць Марына і прасіла павольна ехаць, Коля наперакор ёй, смеючыся, угаворваў не палохацца і знарок праязджаў усутык з сустрэчнымі машынамі. Так яны не агледзеліся, як выскачылі за горад. Тут перад імі злева паказаліся два дамы, між якімі была нацягнута вяроўка з развешанай бялізнай, а справа, збоку, дзе сядзела Марына, - шырокі краявід, луг і рэчка, а далей лес. Коля спыніўся. Яна паклала букет і ўзялася за ручку дзверцаў.

- Пачакай! - стрымаў Марыну Коля. - Сядзі, мы яшчэ прагазуем!

Удалечыні Марына ўбачыла лес і адмоўна пакруціла галавой. Яна сказала, што лепш тут адпачыць, паглядзець і вярнуцца ў горад. Тут быў узгорак, усё навокал далёка было відно.

- Тады давай пракатаемся назад, аж на той канец, - горача прапанаваў Коля. - Зноў праз увесь цэнтр.

Марына ўсміхнулся.

- А ваш начальнік убачыць і стане сварыцца потым, - сказала Марына.

- Ну, яшчэ! - махнуў рукой Коля і націснуў на педаль. - Я свайго начальніка адвёз на вакзал. Ён паехаў у Маскву, у камандзіроўку.

Машына вільнула па пагорках і памчалася ў горад, быццам яна там штосьці забылася.

Коля цяпер ехаў роўна, спакойна, нікога не абганяў. Марына гэта прыкмеціла і была рада, што ён яе паслухаў. Сталі гаварыць аб усім, што траплялася на вочы: аб новых будоўлях, аб магазінах. Праязджаючы там, дзе калісьці была аварыя, абое загаварылі пра здарэнне. Ім стала зноў смешна: значыць, яны аднолькава думалі і ўспомнілі тое самае.

Праз нейкі час яны апынуліся на другім канцы горада. Гэта ўскраіна была ніжэйшая, без узгоркаў. Абапал старой брукаванай дарогі выраўняліся, як на чыгунцы, высокія елкі, утварыўшы жываплот, за якім стаялі прысадзістыя яблыні. Безліч спелых яблыкаў і бярозавых падпорак былі відны між яловых прагалін. Тут была цішыня. Здаецца, яе ніхто, акрамя вартаўніка, не мог парушыць.

Коля спыніў машыну. Марына выйшла і ўздыхнула вольна, на ўсе грудзі. Толькі цяпер яна адчула зморанасць. І яшчэ яна задыхнулася ад настою яблыкаў, тут, у блізкім садзе.

- Хораша? - падыходзячы да яе, запытаўся Коля.

Яна кіўнула ў знак згоды, агледзелася навокал і пачала расказваць, як яны каталіся на аўтобусе, калі выязджалі ў нядзелю на маёўку. Загаварыла, што яна вельмі любіць доўгае падарожжа і яно ёй ніколі не надакучае. Коля стаяў побач з ёю. Упершыню яго свабодныя, без работы, рукі не знаходзілі сабе месца. Яны пацягнуліся да Марыны і неяк незнарок злавілі яе два пальцы. І моцна злавілі. Яна паспрабавала вызваліцца і не змагла. Размова іх абарвалася. Абедзве яе рукі трапілі ў яго дужую жменю. І раптам яна адчула, як Коля адным парывам абхапіў яе, быццам некалі, несучы ў клініку, і прыгарнуў да сябе.

- Не трэба! - сказала Марына, стараючыся вызваліцца ад Колі.

Яго ўсхваляванае дыханне чуваць было на яе твары. Рукі яго ўчэпіста самкнуліся дзесьці за плячыма. Ён лавіў яе вусны, а яна старалася схаваць свой гарачы твар.

- Не трэба! - зноў паўтарыла яна і, сабраўшы сілы, штурхнула яго ў грудзі. Ён выпусціў яе з абдымкаў, потым зноў стаў намагацца абняць. Тады Марына нехаця размахнулася і ўдарыла Колю. Але тут жа ёй стала шкада яго.

Ён, збянтэжаны, здзіўлена разглядаў яе, нібы першы раз бачыў, і адступіўся.

Марына паправіла кофту. Позірк яе штосьці шукаў на зямлі і не знаходзіў.

- Калі хочаце, то я пайду пешшу.

Яна падумала: «Калі будзеце прыставаць яшчэ», але сказала «калі хочаце». Вочы яе пазбягалі сустрэчы з яго вачыма. Коля адышоў да машыны і ўздыхнуў.

- Паедзем! - апамятаўшыся, сказала яна.

Коля нешта пакалупаўся ў маторы, потым зайшоў са свайго боку і адчыніў дзверцы. Калі крануліся, ён загаварыў, быццам нічога між імі не было:

- Ну і строгая ты... Дужая будзеш жонка, - і засмяяўся, недаверліва паглядаючы на Марыну. - Ты, мусіць, хворых лупцуеш? Га-га-га! Бяда будзе з табой мужыку... Не будзе яму жыцця. А дзяцей сыпнеш, як з прыполу. Штогод - у радзілку!..

Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Яна сцяміла, што Коля даведаўся аб яе спецыяльнасці. Аднак ён з усёй прастатой свайго характару і не падазраючы аб месцы яе працы рагатаў і даводзіў свае, як ёй здавалася, грубыя думкі. Яна вымушана была слухаць.

- Як вам не сорамна так гаварыць? - сказала яна ў апраўданне.

- Ну, а што, няпраўда? Ты ж, як гром! Хіба ты не адчуваеш сама? Эх!..

Коля зноў уздыхнуў, быццам пашкадаваў чагосьці пакінутага, беззваротнага. Крадком паглядаючы ўправа, ён адной рукою пачаў шукаць яе локця. Але Марына адсоўвалася. Яна глядзела толькі наперад з-пад насупленых броваў. І, вядома, усё чула, што ён гаварыў, і нават пад канец ёй здалося, што ён і не думаў абразіць яе, як яна спачатку палічыла.

- Выбачай! - папрасіў Коля на развітанне. - Ты не крыўдуй! Больш так не буду... Ты ж, брат, ну... слоў не падабраць. Дальбог! З табою не ўседзіш. Не крыўдуй, Рына-Марына!..

Яна не ведала, што яму адказаць, дзе схаваць свае вочы, і ўсё не давалася, каб ён да яе дакрануўся. Быццам дотык яго мог запаліць яе полымем. Нарэшце яна проста вырвалася з машыны.

- Рына! - паклікаў ён, і крык яго прымусіў яе азірнуцца. - Рына-Марына, не крыўдуй! Ну, ладна... Бачу, недарэмна табе дараць гэтыя кветкі. Пачакай, я табе таксама арганізую букет. Яшчэ не такі... Добра, Рына-Марына?

Марына прыйшла дадому пакрыўджаная. Зоі якраз не было. Дзяўчына распранулася і чамусьці баязліва зірнула ў акно. Там, дзе стаяла Колева машына, цяпер праехаў ламавы рамізнік. Перачакаўшы, калі ён міне акно, яна адхінулася і падышла да люстэрка. Занятак перад люстэркам не быў у яе любімым, як у Зоі. Марыне здавалася, што той, хто прыхарошвае свой вонкавы выгляд, робіць гэта знарок, каб схаваць сваю сапраўдную, зусім непрывабную душу. А ёй не трэба было клапаціцца аб гэтым. Яна была такой, што выгляд адпавядаў яе натуры - адкрытай і простай душы, як яна ўся сама.

Аднак з нядаўняга моманту ў Марыны з'явілася іншае адчуванне. Яна была ранейшая, але як быццам глянула на сябе збоку. З'явіліся новыя думкі і жаданні, якіх раней не было. Марына настойліва не хацела ўспамінаць тое, што было гадзіну таму назад, аб чым Коля гаварыў ёй у машыне, а яно само лезла ў галаву, за што яна ні бралася.

Яна лягла ў пасцель і таксама прадаўжала думаць. Неадчэпныя думкі кружыліся вакол сённяшняга здарэння з Колем. Марына ўсё абуралася - яна яшчэ не зусім астыла. Але гэтае абурэнне не было ўжо такое моцнае, як тады: яна знаходзілася дома, адпачывала, ухутаная коўдрай. І ёй усё здавалася, што шчокі яе палаюць, а дужыя рукі Колі, як абцугі, сашчэплены ў яе за плячыма. Яна адчувала гэта целам і доўга не магла заснуць.

Раніцай, збіраючыся на работу, Марына падышла да люстэрка. Зоя бачыла, як сястра доўга і старанна падбірала косы пад шаўковыя беражкі касынкі. І не дзіва! А што там? Марына прывыкла да акуратнасці на рабоце!

Наогул некаторыя дзяўчаты насілі касынку, як павязку ад зубнога болю. Згорнуць яе напалам, яшчэ раз напалам, потым кладуць на галаву, завяжуць пад барадой, а ззаду матляецца ражок. З валасамі ён тырчыць, як абшчыпаны хвост у пеўня. Марына не любіла так рабіць.

Пасля здаровага сну і ўмывання твар яе быў ясны, а вочы свяціліся. Закінуўшы рукі за галаву, каб завязаць ражкі касынкі на патыліцы, Марына хвілін пяць стаяла перад люстэркам.

- Ты пудрай! - параіла Зоя, бачачы, як Марына далонню разгладжвае шрам над брывом.

- Ай, не хачу! - адказала сястра.

Яна выйшла на вуліцу і накіравалася да цэнтра. Марына ніколі не пазнілася на работу, хоць і часта бывала ў розных зменах. За свой параўнаўча невялікі час працы ў роддоме яна ўжо мела сякі-такі поспех. Практыка ёй была залічана на «выдатна». У роддоме, дзе засталася працаваць Марына, можна сказаць, былі тры асноўныя аддзяленні. Сёстры, як памочнікі дактароў, ва, ўсіх гэтых аддзяленнях былі розныя, з рознымі абавязкамі. Яны не маглі адразу падмяніць адна другую, паколькі ў кожнай было сваё пэўнае кола абавязкаў. Аднак Марына, працуючы са сваімі шматлікімі сяброўкамі, прайшла ўсе гэтыя аддзяленні, як ступені. І прыёмную, куды перш-наперш траплялі парадзіхі, і аддзяленне, адкуль выпісваліся і вярталіся ўжо дадому маткамі з дзецьмі, і палату з хворымі пасля цяжкіх родаў. Цяпер яна працавала ў аддзяленні старшага ўрача-акушора Зарыны Палікарпаўны. Гэта было, бадай-што, галоўнае аддзяленне. Марыну не так даўно перавялі сюды на абавязкі сястры-акушоркі. Ёй павялічылі аклад. Канечне, і працы тут прыбавілася і надта адказнай. У гэтым аддзяленні трэба было акрамя ведаў і ўмення мець сілу.

Дарэмна Коля падазраваў, што яна няветлівая ў абыходжанні з хворымі. Калі ўжо гаварыць аб ёй, дык усюды, дзе ні пабывала Марына, яна была самай абыходлівай і ласкавай сярод медсясцёр. А гэта, магчыма, самае асноўнае ў іх рабоце. Часамі патрабавалася супакоіць і дзіця і маці. Здаралася так, што, калі Марына брала нованароджанага на рукі, ён адразу пераставаў плакаць, засынаў. Вядома, што і слёзы такога грамадзяніна ці грамадзянкі яшчэ не называліся слязьмі, аднак многа значыць пяшчота і голас добрай сястры ў вачах роднай маткі, якая ні на хвіліну не хоча разлучацца са сваёй пацехай.

А колькі клопатаў і ўвагі патрабуецца, напрыклад, у трэцім аддзяленні? І падушку папраў, і падай, і накажы, і схадзі прынясі!.. Марына навучылася лёгка і ціха ступаць, рабіць усё хутка, на хаду. З палаты ў палату яна лятала быццам на крыллях у сваім лебядзіна-белым халаце і накрухмаленай касынцы. Бывалі дні, што яна страшэнна стамлялася. К канцу змены не чула ні рук, ні ног. Але гэтая знямога апаноўвала тады, калі, панурыўшы галаву, Марына ішла дадому. У час работы ёй было заўсёды весела і радасна. Гэта вялікае, бязмерна радаснае пачуццё, калі ты памагаеш нарадзіцца чалавеку на свет, скарачаеш яго і матчыны пакуты, калі ты адзін на некалькі хвілін раней, як сакрэт, ужо ведаеш аб новым чалавеку і ідзеш паведаміць бацькам пра тое, што ў іх ёсць, але аб чым яны яшчэ не знаюць: сын ці дачка?! Сын!!! Дачка!!! Зарына Палікарпаўна строгая, яна паведамляе, быццам спакойны бухгалтар адкладвае на лічыльніку штодзённага прыбытку чалавецтва чарговую костачку: «сын» або «дачка». А Марына ўсхвалявана вымаўляе гэтыя словы са шчаслівым святлом у сініх вачах. Бацька падскаквае ад радасці, а маці пераможна ўсміхаецца. Калісьці ў аддзяленні выпіскі яна прымала наведвальнікаў, збірала, адносіла ў палату перадачы. Здараліся смешныя выпадкі. Бацькі - нецярплівы народ! Бывала, некаторыя кідаліся пад рукі, каб прарвацца ў палату. Але сястра і для іх знаходзіла супакойлівае слова. Яна адносіла перадачы, назад прыносіла пісьмы. Нярэдка сама карандашом на лісце паперы пісала іх пад дыктоўку маці, аслабелай, з глыбока запалымі вачыма. Яна сама меркавала, якія словы трэба дадаць, каб не напалохаць тых, хто чакае. Між імі - бацькам, маткай і іх нашчадкам - сястра была сувязной, як тэлефон без дроту. І некаторыя за якіх-небудзь восем дзён так прывыкалі да Марыны, што, пакідаючы гэты светлы двухпавярховы будынак, казалі: «А назавём малога, як Марына скажа...» І яна бласлаўляла. Былі такія выпадкі! Марына мела запісную кніжачку, дзе былі разам з песнямі сабраныя ёю імёны.

Не, ніхто, ні Зоя, а тым больш Коля, не мог здагадацца, як яна горача адносілася да сваёй работы. І цяпер, пасля аварыі, асабліва пасля апошняй сустрэчы з Колем, Марына яшчэ ў большай меры несла трапяткую павагу да сваёй палаты. Сама таго не прыкмячаючы, яна і тут пераменьвалася.

Цяпер Марына яшчэ больш замілавана глядзела на нованароджаных, усміхалася ім, іх галасы былі для яе пацешныя і прыемныя. Яна проста зрабілася артысткай у сваёй справе. У прыёмным аддзяленні яна ўсіх падбадзёрвала словам, хоць сама нічога такога не перажыла. А магчыма ў гэтым і заключалася ўрачыстасць яе бадзёрых слоў!

Змардаваўшыся на рабоце, Марына вярталася дадому не панурая, як раней. Цяпер яна перад заканчэннем змены паглядала на гадзіннік, а ў вестыбюлі затрымлівалася перад люстэркам. Яна ступала па вуліцы, не аглядалася, але ёй усё неяк здавалася, што хтосьці сочыць, вось-вось пакліча, затрымае яе. Сігнал машыны ззаду збіваў, непакоіў яе крокі, хоць ішла яна стараной, па тратуары. Яе позірк праводзіў сустрэчныя і спадарожныя «Пабеды». І ў гэтым позірку гарэла трывожнае чаканне.

Аднак мінуў дзень. І тыдзень.

Прайшло некалькі тыдняў...

Па графіку Марыну перавялі на другую змену. Цяпер яна вярталася дадому позна ноччу. Ішла адна. Ішла і баялася. У яе ўжо стала прывычкай адчуваць, што хтосьці ў яе за плячыма. І гэта неяк раз страшэнна напалохала Марыну. Святла на ўскраінах горада не было, мабыць, дзесьці на электралініі здарылася пашкоджанне. Цёмна... Вуліца пустая. Уласныя крокі адгукаюцца ўнутры. І раптам яна пачула ззаду: цоп-цоп!.. Відаць, нехта бег. Марына падумала, што яе нехта даганяе. Яна прытулілася за вуглом дома і стала чакаць, што будзе. І раптам скрозь цемень яна ўгледзела каня. Ён дзесьці, відаць, адарваў прывязь і з доўгім канцом вяроўкі, якая цягнулася ззаду, шпацыраваў па гарадской вуліцы.

Марыне зрабілася смешна з самой сябе. Яна прыйшла дадому і расказала аб гэтым Зоі.

- Мара, ты нешта тоіш. Па вачах бачу, - сказала сястра. - Што з табою?

Марына недаўменна паціснула плячыма.

- Давай заўтра пойдзем да нас, у інстытут, - усхапілася Зоя. - На танцы!

Марына падумала і адмовілася.

- Не, не пайду.

Яе яшчэ больш апанаваў назойлівы роздум над тым, што з ёю адбываецца. У пасцелі яна таямніча перабірала былое і разважала над тым, чаму яна так чакае сустрэчы з Колем. «Што з ім?» - гадала Марына. А далей злавалася: «Коля, Коля! Ну, што ж Коля?!»

І на другі дзень, як заўсёды, спяшалася на работу.

Аднойчы ў аддзяленне Марыны трапіла маладая парадзіха. Прозвішча яе было Кавалёва. Невысокая, смуглявая з твару ад плям рабаціння, спалоханая, як усе, хто ўпершыню збіраўся выканаць свой матчын абавязак. Урач-акушор агледзела яе і запыталася, ці была яна на кансультацыі. Кавалёва прызналася, што нідзе не была.

- Чаму? - здзівілася Зарына Палікарпаўна.

Марына, прысутнічаючы на аглядзе, бачыла, што Кавалёва не можа знайсці апраўдання.

- Саромелася, доктар.

- Саромецца няма чаго, - строга заўважыла Марыніна начальніца. - Мы ўжо дарослыя людзі. Чаго ж нам саромецца схадзіць да ўрача? Мы ж ведаем, што аб здароўі будучага дзіцяці клапопяцца не толькі бацькі... Каб раней паказаліся, вы цяпер сябе лепш адчувалі б...

Становішча было небяспечнае. Дзіцяці цяжка, а мо і немагчыма было з'явіцца на свет. Такія выпадкі Марына ведала. Аднак гэта былі для яе вельмі адказныя і рашучыя моманты. Зарына Палікарпаўна загадала падрыхтавацца да аперацыі.

Пакуль ішла падрыхтоўка, сястра-акушорка глядзела на Кавалёву і спачувала ёй. Марына была ў адных гадах з маладой парадзіхай, і гэта яе вельмі кранала. Яна хвалявалася за Кавалёву. Калі ў парадзіхі пачаліся прыступы і крыкі ад болю напоўнілі палату, Марына, дапытліва пазіраючы ў вочы Зарыне Палікарпаўне, спытала:

- А можа, без аперацыі? Самі справімся...

Яна сказала ціха, з просьбай, але цвёрда. Зарына Палікарпаўна не раз даручала ёй такое, што магла зрабіць толькі адна Марына. Урач-акушор ганарылася ёю. На гэта давер'е і спадзявалася цяпер сястра-акушорка.

Ну, што ж? Зарына Палікарпаўна паглядзела на маладую парадзіху і згадзілася, хоць усе інструменты былі напагатове ў суседнім пакоі. Зарына Палікарпаўна была побач і не спускала позірку з кожнага руху Марыны.

Гэта была барацьба. Упартая барацьба за два жыцці. І магло здарыцца так, што з двух адно жыццё магло ахвяраваць сабою. Марына не хацела думаць аб гэтым. Яна ўся была разам з Кавалёвай. Трэ было мець вялікую любасць да сваёй сястры-жанчыны, каб так тонка адчуваць адно і другое жыццё. Зарына Палікарпаўна не без радасці за сваю памочніцу сачыла за яе рухамі, часамі папраўляла. Дзве жанчыны, адна пажылая, з сівымі валасамі, схаванымі пад павязкай, і другая - юная, расчырванеўшыся ў сваім старанні, дапамагалі. Тут была няпісаная калектыўная змова матак, ад якіх ішло, ідзе і будзе ісці жыццё.

Справа зацягнулася. Кавалёва страціла прытомнасць. Марына таксама не помніла сябе, не ведала, колькі прайшло часу. Ёй здавалася, што прайшла вечнасць. І ўсё ж яны перамаглі. Як на тое, нібы ў доказ іх жаночай змовы, чалавечак, які ішоў на свет недазволеным медыцынай чынам, нагамі ўперад, аказаўся дзяўчынкай. Сястра ўсміхнулася Зарыне Палікарпаўне, калі пачула, што нованароджаная важыць пяць з палавінай кілаграмаў.

Усё на гэтым не скончылася. Кавалёву адвезлі ў палату для цяжкахворых. І толькі на другі дзень у яе твары з сінімі пражылкамі на скронях пачала паказвацца рэдкая ружовасць. Але Марына была ўжо спакойная. Ёй здавалася, што самае найлепшае, найважнейшае, зробленае ёю ў жыцці, было тое, што споўніла яна ўчора.

Пакуль Кавалёва папраўлялася, Марына па некалькі разоў у дзень прыходзіла да яе ў палату. Яны гаварылі, як роўная з роўнай, і нават пасябравалі. Кавалёва частавала Марыну гасцінцамі, якія прысылаў муж. А ён прысылаў перадачы з сёстрамі трэцяга аддзялення. Марына яго не бачыла.

Калі ж Кавалёва ўжо змагла хадзіць па калідоры і настаў дзень выпіскі, Марыне захацелася самой выправіць дадому маладую маці з дачкой. Яна помніла, калі яшчэ працавала ў аддзяленні выпіскі, з якім хваляваннем развітваліся ўсе, пакідаючы гэты гасцінны дом.

Вось Марына прыйшла ў палату да Кавалёвай. Яны пацалаваліся па-жаночаму на развітанне. Дачка была закутана ў прасцірадла і спала. Любуючыся на чырвоны мяккі носік дзяўчынкі, на яе малюсенькія роўныя губкі, Марына ўзяла яе на рукі і панесла. За ёю яшчэ няроўным крокам пайшла маці. У калідоры да іх далучылася Зарына Палікарпаўна.

З гэтым жывым белым канвертам Марына выйшла на ганак. Яна ўжо не ўпершыню ўручала такія гасцінцы бацькам. На ганку заўсёды чакалі: ён, родныя і блізкія маці.

Вось тут і здарылася нечаканае. На двары яна ўбачыла сінюю «Пабеду». Ад машыны, насустрач ім ішоў Коля, толькі ўжо не ў клятчастай рубашцы, а ў фрэнчы. Ён! Можа, Коля заехаў падвезці Кавалёву? Вось цяпер ён даведаецца, дзе яна працуе. Марына замарудзіла крок, паглядаючы наўкола. Але ён перш-наперш падышоў да Кавалёвай, абняў і пацалаваў яе. Коля быў жанаты! Коля Кавалёў! Марына стаяла побач з Зарынай Палікарпаўнай і не верыла сваім вачам. Сэрца яе спачатку замерла, а потым моцна затахкала. Рукі самлелі...

Але вось ён адвярнуўся ад жонкі, каб узяць дачку. Ён радасна зірнуў у бок урачоў, а потым на тую, што трымала яго, бацькаў, гасцінец.

- Ма-рына?! - здзівіўся ён.

Адзін момант бліснула ўсмешка на твары Марыны. А потым, нібы Зарына Палікарпаўна штурханула яе: маўчы, не ўсміхайся!.. І даўняе абурэнне ў ёй нахлынула і запяклося ў грудзях.

Коля ўзяў з Марыніных рук дачку і больш ні на каго не хацеў глядзець, толькі на сваё дзіця. Можа, баяўся? А жонка гаварыла:

- Гэта, Коля, наша сястра... Я пісала табе, помніш? Дзякуй вам, доктар!

Панурыўшы галаву, з дзіцем на руках Коля пайшоў да машыны. Ён пасадзіў жонку, нейкіх дзвюх бабулек і потым спахапіўся. Букет кветак, якія трымалі бабулькі, ён перадаў ёй і Зарыне Палікарпаўне. Гэта былі познія чырвоныя, белыя і сінія астры.

- Дзякую! - сказаў ён ветліва і стрымана. - Бывайце здаровы!

Вядома, ён помніў пра сваё абяцанне. Вось гэта і быў яго абяцаны букет. Цяпер ён будзе ведаць, хто Марыне дорыць кветкі. Вось і яго падарунак. Толькі які незвычайны! Такога Марына не чакала...

З гэтым падарункам яна ішла дадому, а сініца на дрэве нібы круціла ржавы вінцік: «чыкі-чыкі!», «чыкі-чыкі!» - на холад. Так заўсёды бывае глыбокай восенню.

«Кіну я гэту работу! - думала Марына пад гэты свіст. - Стамілася зусім». Ішла і ўсю дарогу ёй у вачах стаяў маленькі мяккі чырвоны носік Кавалёвай дачкі. Чамусьці знікла замілаванне да яе, якое было ўсе гэтыя дні. «Чыкі-чыкі!», «чыкі-чыкі!» - пілавала сініца.

Марына зайшла ў пакой, паставіла кветкі ў ваду і зморана села перад імі. Задуменная, яна пачала іх кратаць рукой.

Колькі Марына атрымала такіх букетаў! Колькі яна вынесла нованароджаных на ганак! Гэта відаць і з фота на сцяне. Вось картачка: вусаты дзядзька бярэ з рук сястры ў белым халаце дзіця. Побач стаіць другая сястра, у яе на руках - другое дзіця. Вусаты дзядзька - слесар трактарнага завода. У яго жонкі нарадзілася двое. Іх спецыяльна фатаграфаваў карэспандэнт з газеты... Падарункі! Падарункі! А колькі флаконаў духоў! Розных марак: «Казка», «Палёт», «Чакай мяне»...

Марына моўчкі глядзела на астры. Гэта былі кветкі, але не такія, якіх яна чакала. Што ж, яе кветкі яшчэ не расцвілі.

...Назаўтра яна прахапілася як заўсёды, у адну пару, і, памыўшыся сцюдзёнай вадою, снедала на хаду. Свежасцю раніцы зноў дыхала ад яе.

Яна шпарка ішла па вуліцы і думала, што ніколі ёй не разлучыцца са сваёй работай, ніколі.

 

1956 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com