epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Абоз

                   З гаршкамі раз ішоў Абоз,

І трэба тут з крутой гары спускацца.

          Другім сказаўшы рыхтавацца,

Стаў зводзіць гаспадар памалу першы воз.

          Конь добры на крыжы амаль яго панёс -

                   Так асцярожна, памаленьку.

          А зверху конік маладзенькі

Глядзіць і лае сяк і так:

          «Ай, конь хвалёны, проста дзіва!

          Ну, гляньце ж вы: паўзе, як рак;

          Вось ледзь не зачапіў за камень; коса! крыва!

                   Смялей! Ну вось ізноў штуршок,

          А тут бы крышку ўзяць убок.

Які асёл! Каб гэта на гару крутую

          Або ў пару начную,

А то ж з гары вязе і днём!

          Глядзець і то цярпення не хапае!

          Вазіў бы лепш ваду - няўдаліца такая!

          Вось глянь на нас, як мы махнём!

          Хвіліначкі не замарудзім, -

          Як бачыш пад гарою будзем».

Тут, выгнуўшы хрыбет, напяўся ён, як мог,

І на хамут грудзьмі налёг;

          Як толькі ж узышоў на скат пахілы,

Стаў воз тут напіраць усёю сілай:

Каня штурхае ўзад, каня штурхае ўбок;

          Пусціўся конь наўскок,

                   Імчыць на славу;

          Па грудах, ямінах пайшлі штуршкі,

                   Скачкі,

Лявей, лявей! Бух з возам у канаву!

          А добрыя былі гаршкі!

 

Такія і з людзьмі здараюцца прыгоды:

          Здаецца ўсё ў другім памылкай нам,

                   А возьмешся за справу сам,

          Дык удвайне наробіш шкоды.



Пераклад: Кандрат Крапіва