epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Арол і Куры

          Арол, любуючыся ранкам,

          У высі воблачнай лятаў

                   І там гуляў,

          Дзе нараджаецца маланка.

Спусціўшыся на ніз хвілінку пасядзець,

          Цар-птушка села па павець.

Хоць гэта для Арла як быццам і занізка,

Ды норавы цароў не нам распазнаваць:

          Ці, можа, ён хацеў павець ушанаваць,

Ці мо не меў на чым адпачываць -

          Ні дуба, ні скалы не бачыў блізка,

Не ведаю, што ён у думках меў,

                            Але хвілінку пасядзеў

          І на суседнюю павець пераляцеў.

Квахтуха з гэтага не можа надзівіцца

          І так дудукае з сваёй кумой:

          «За што Арлы ў пашане у такой?

          Няўжо за лёт? Дальбог, сястрыца,

                   Як моцна захачу,

З павеці на павець і я пералячу.

          Мы па сваёй дурной натуры

Лічылі, што яны за нас вышэй,

          А ў іх не больш ні ног і ні вачэй,

                   Ды і лятаюць не ямчэй,

                   А так жа нізка, як і куры».

«Яно-то так, ды не зусім, -

Арол з пагардай кінуў ім, -

Арлам трапляецца ніжэй курэй спускацца,

Але курам да хмар ніколі не падняцца».

 

          Калі аб талентах бярэшся меркаваць,

Іх слабасці лічыць - не траць дарэмна працы:

Умей на ўзровень талентаў узняцца,

          Каб хараство іх разбіраць.



Пераклад: Кандрат Крапіва