epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Чырвонец

          Асвета - на карысць народу.

          Хто ж гэта будзе адмаўляць?

          Але асветай любім зваць

          Часамі мы раскошы моду

          І нават звычаяў распусных шкоду:

          Дык трэба вельмі разбіраць,

Як станеш грубасці кару з людзей здзіраць,

Каб добрых якасцей ад іх не адабраць,

Не закрануць душы найлепшыя праявы,

          Каб не пазбавіць прастаты

          І, даўшы толькі бляск пусты,

Няславы не набыць для іх заместа славы.

                   Пра гэты доўг святы

Хапіла б важных слоў на кніжак пару,

Ды важна гаварыць не кожнаму да твару,

                   Дык з жартам папалам

Я гэта байкаю хачу давесці вам.

 

Адзін мужык-прасцяк - і сам аб тым не марыў -

          Знайшоў Чырвонец на зямлі

Запылены, на ім сляды гразі былі,

Аднак жа медзякоў мо прыгаршчаў са трое

          За той Чырвонец мужыку даюць.

«Чакайце, - кажа ён, - дасце яшчэ не тое!

          Я нешта з ім зраблю такое,

Што аж яго ў мяне з рукамі адарвуць».

          Набраў мужык пяску, жарствы і мелу

          Ды цэглы дробненька натоўк,

          І... праца закіпела.

          Мужык у працы знае толк:

          Чырвонец ён аб цэглу точыць,

                   Жарствой дзярэ,

                   Пяском і мелам трэ,

Каб аж гарэў, як жар, зрабіць ён хоча.

І што ж - гарыць Чырвонец, як агонь,

                   Ды толькі стала

                   Вагі ў ім мала,

          Цану былую страціў ён.



Пераклад: Кандрат Крапіва