Адзін, наводшыбе, ў бары
Нясмелы Чыж чырыкаў на зары,
Зусім не для таго, каб зарабіць ухвалу, -
Няма за што. Спеў сам гучаў сабе памалу.
І тут у бляску променяў сваіх
Агністы Феб з абшараў вадзяных
Узняўся.
Здавалася, што ён прынёс жыццё ўсяму,
І насустрэч яму
Хор гучных салаўёў у пушчы разлягаўся.
Чыж раптам змоўк: «А ты чаго, -
Спытаўся Вожык у яго, -
Мастацтва не паказваеш свайго?»
«Бо гімн спяваць я голасу не маю,
А слабым славіць не хачу,
Таму вось і маўчу,
І Феба не ўслаўляю».
Так я са смуткам наракаю,
Што мне Піндара ліры лёс не даў:
Я б Аляксандра праслаўляў.