epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Дуб і Трысціна

Трысціне Дуб сказаў: «Як бачу я,

Дык сапраўды цябе пакрыўдзіла прырода:

Ты не ўтрымаеш нават вераб'я.

Павее ветрык хоць і ў ціхую пагоду,

Ты захістаешся, пачнеш слабець

І так нагнешся сіратліва,

Што нават жаласна глядзець.

Між тым, як нараўне з Каўказам, ганарліва

                   Узняўшы галаву сваю,

Я мала што прабіцца сонцу не даю,

А перад бурамі з усмешкаю стаю,

Нібы абкружаны навокала спакоем.

Што бурай для цябе, дык мне зефірам тое.

Хоць бы ты блізка ля мяне расла,

Прыкрытая маёй густою кронай,

Я быў бы для цябе надзейнай абаронай;

          Але ж табе прырода адвяла,

Нягледзячы на стан твой кволы,

          Ўладанні бурныя Эола».

Трысціна тут яму: «Не плач па мне дарма:

Каб шкадаваць мяне, прычын зусім няма,

Не за сябе віхураў я баюся:

          Хоць гнуся я, ды не ламлюся,

Дык буры мала шкодзяць мне,

Бадай табе страшней яны ўдвайне.

Хоць праўда, што сярдзітыя навалы

          Цябе дагэтуль не зламалі,

І ад удараў іх не страціў ты вянца,

          Ды пачакаем да канца!»

Трысціна гэта ледзь сказала,

Як раптам з поўначы сярдзітай напралом

І з градам, і з дажджом прымчаўся аквілон.

Стаіць наш Дуб, Трысціна да зямлі прыпала.

Вятрыска злы - падвоіў сілы ён,

          Завыў і вырваў з каранём

Таго, хто галавой да хмараў дакранаўся

          І аб зямлю пятою апіраўся.



Пераклад: Кандрат Крапіва