Жылі два Галубкі, як два браточкі, дзесьці,
Адзін без аднаго не мог ні піць, ні есці;
Дзе ўбачыш аднаго, другі, напэўна, там;
І радасць і тугу дзялілі папалам.
Не бачылі яны, як дзён чарга сплывала,
Бывала сумна ім, а нудна не бывала.
Ну, як, здаецца, тут хацець
Пакінуць тых, хто сэрцу любы?
Дык не! Задумаў з іх адзін ляцець
Пабачыць, аглядзець
Зямны ўвесь шар сабе на згубу,
Дазнацца, дзе маны і праўды берагі.
«Куды ты? - кажа, ледзь не плачучы, другі. -
Што за карысць табе бадзяцца?
Ці з другам хочаш ты расстацца?
Калі табе мяне ўжо не шкада,
То ўспомні коршакаў, сіло, буран сустрэчны
І ўсё, чым вандраванні небяспечны.
Хоць пачакай вясны ляцець такую даль,
Тады і я згаджуся мо на гэта.
Цяпер жа дзе ты знойдзеш харч?
Вунь, чуеш? Крумкае крумкач, -
Паганая прыкмета.
Дык застаніся, мілы мой!
Удвух нам весела з табой.
Куды табе ляцець, не разумею;
А я тут без цябе зусім асірацею.
Сіло ды каршуны і ў сне
Здавацца будуць мне:
Няшчасця над табой я буду ўсё баяцца.
Ледзь хмарка з'явіцца над галавой,
Адразу я скажу: "Ах, дзе ён - братка мой?
Ці жыў? Ці ёсць дзе ад дажджу схавацца?"»
Ад слоў тых Галубку на сэрца смутак лёг,
Але жадання ён перамагчы не змог,
Што пачуццё і розум засланіла.
«Не плач, - адказвае, - мой братка мілы!
На тры дзянькі цябе пакінуць я хачу,
Каб хутка на ляту прыкмеціць,
Што ёсць дзівоснага на свеце,
І пад тваё крыло дадому прылячу.
Тады ўжо раскажу я не адну навінку:
Пра кожную мясцінку,
Пра разнастайнасць звычаяў і спраў,
І дзіва бачыў дзе якое,
Перад табой устане, як жывое,
Нібы са мною ты па свеце сам лятаў».
Ну - што ж рабіць? Прыйшлося ім расстацца,
Пацалавацца, развітацца.
Вандроўнік наш ляціць; тут раптам дождж і гром;
Пад ім, як акіян, сінее стэп кругом.
На шчасце, дуб сухі на вочы паказаўся;
Вандроўнік на яго - туліўся, прыціскаўся,
Але ад холаду сябе не засцярог:
Дрыжаў, прамокшы з галавы да ног.
Патроху гром уціх. Ледзь сонейка заззяла,
Як Галубка далей жаданне вабіць стала.
Атросся і ляціць... Ляціць і з-пад аблок
Ля лесу зерняткі пшанічныя прыкмеціў,
Спусціўся ён і - проста ў сеці.
Бяда - папаўся Галубок.
Трапечацца ён, рвецца, б'ецца;
Старая сець была: сяк-так яе прарваў,
Хоць ножку вывіхнуў і крыльцы трохі змяў,
Ды не да іх: ён прэч адгэтуль падаецца...
Тут горшая бяда над галавой:
Імчыцца коршак на разбой.
Трымціць ад страху Голуб мой,
Ад коршака ўцякае,
Ды сілы больш няма. Драпежнік мой з гары
Ужо над ім наставіў кіпцюры,
І холад ад яго шырокіх крыл шугае.
Ды тут арол аднекуль, як віхор,
Ударыў коршака з усёй магутнай сілы -
Драпежнік ды драпежніка задзёр,
Між тым наш Голуб мілы
Уніз тут рынуўся, прысеў пад плот,
Ды гэта не канец прыгод,
Адна бяда другую наклікае:
Тут хлопчык, чарапком шпурнуўшы ў Галубка,
(Дзіця - яму бяда якая?)
Раструшчыў скронь у бедака.
І вось вандроўнік наш з разбітай галавою,
Папсованым крылом, скалечанай нагою,
Пракляўшы сквапнасць бачыць свет,
Ляціць дамоў сяк-так без новых бед.
Шчаслівы ён яшчэ, што дружба там чакае,
Якая лепш за дактароў
Дагледзіць, вылечыць, і будзеш ты здароў:
Пры другу друг бяду і гора забывае.
Вось кожны, хто аб'ехаць свет наўкруг,
Як Голуб той, жадае,
Хай гэту байку прачытае
І сцішыць свой вандроўны дух.
Якія б вас ні вабілі навіны,
За тую лепшай вы не знойдзеце краіны,
Дзе ваша мілая ці дзе жыве ваш друг.