epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Лісіца і Сурок

«Куды, кума, бяжыш, як ухапіўшы жару?» -

                   Лісіцу запытаў Сурок.

          «На высылку, кумок, мой галубок!

Нясу, бязвінная, нібы за хабар, кару.

Суддзёй жа над курамі я была,

          Здароўе і спакой на гэта аддала,

                   За працаю куска недаядала,

                            Начэй недасыпала,

          Яшчэ за тое і пад суд папала.

А ўсё - адзін паклёп. Ну сам падумай ты:

Паклёп жа узвядуць, хоць будзь зусім святы!

          Мне хабар браць? Ці ж я, кумок, рашуся?

Ці ж ты б сказаў, я на цябе спашлюся,

Што вінавата я у гэтым хоць крыху?

          І ў галаву табе не прыйдзе гэта думка!»

«Ох, часцяком я бачыў, кумка,

                   Што рыльца у цябе ў пуху».

 

          Так іншы, месца маючы, ўздыхае,

Нібы рубель апошні дажывае,

          І сапраўды, ўвесь горад знае, -

                   Няма ў яго ні за сабой,

                            Ні за сям'ёй.

                   А там, зірнеш, - паціху ды патрошку,

То дом збудуе ён, то купіць сабе вёску.

Тут, сам сабе падумаўшы ўцішку,

                   Хаця ў судзе і не дакажаш,

                   Ды як жа не сагрэшыш і не скажаш:

                   Што рыльца у яго ў пушку.



Пераклад: Кандрат Крапіва