epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Муха і Пчала

Вясной у садзіку пры лёгкім вецярку

                   На тоненькім сучку

                   Сядзела, гойдалася Муха.

          Убачыла Пчалу вяртуха:

«Ну што табе з таго, - сказала той яна, -

Што ў працы кожны дзень ты з ранку да цямна?

Каб гэтак мне, за суткі б я сканала.

                   Рэч іншая, маё

          Зусім жа райскае жыццё,

          Жыву і клопату мне мала,

          У госці лётаю к панам:

Усе яны мне ў горадзе знаёмы,

          Багаты кожны дом вядомы.

Каб ты пабачыла, як я балюю там!

          Вяселле дзе ці імяніны, -

          Я першая ўжо тут як тут

          І ем з фарфоравых багатых блюд,

І з хрусталя салодкія п'ю віны,

          І розныя прысмакі найчасцей

                   Раней каштую за гасцей;

Прыгожасць любячы бязмежна,

Вакол красунь люблю лятаць,

                   Саджуся ў іх адпачываць

На шчочцы ці на шыйцы беласнежнай».

«Я гэта ведаю, - адказвае Пчала, -

Ды чутка да мяне дайшла,

Што ўсюды ты - прычына скрухі,

Што ўсе аж моршчацца ад Мухі,

          Такую нават чула рэч,

          Што ўсюды гоняць цябе прэч».

«Ах, гоняць! Што ж такое?

Прагоняць праз акно, дык я ўлячу ў другое».



Пераклад: Кандрат Крапіва