epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Падзел

Кампанія купцоў супольна гандлявала,

          Кантору мела, дом гандлёвы свой,

                   І, зарабіўшы барышу нямала,

Давай дзяліць яго паміж сабой.

Але дзяльбы без спрэчак не бывала.

Спрачаюцца яны за грошы, за тавар,

Як раптам крык, што ў доме ў іх пажар.

                   «Хутчэй жа ратаваць спяшайце

                   Тавар і дом!»

          Крычыць адзін: «Вадою залівайце!

                   Рахункі потым падвядзём!»

«Раней мне толькі тысячу маю аддайце, -

          Крычыць другі, забыўшы пра бяду, -

          Іначай я і з месца не сыду».

«Мне дзве не дадалі, вось тут рахунак ясны», -

Яшчэ адзін крычыць. «Ах, прайдзісвет няшчасны!

                   Рахункі правільней пішы!»

                   І так яны за барышы

                   Спрачаліся, шумелі,

          Пакуль іх дым не задушыў

І ўсе яны з сваім дабром згарэлі.

 

І ў справах, што за гэтыя важней,

Часамі так бывае:

Канец трагічны справа мае,

Калі замест таго, каб стрэць бяду дружней,

Пра выгаду сваю асобна кожны дбае.



Пераклад: Кандрат Крапіва