epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Паморак

Страшэнны біч нябёс - паморак з нейкіх пор

          Лютуе па лясах. Звяры прыўнылі,

                   Нібы ім дзверы ў пекла адчынілі.

Смерць ходзіць па палях, лагчынах, высях гор.

          Куды ні глянь, валяюцца ахвяры;

          Яна бязлітасна, як сена, косіць іх,

                   А тыя, што яшчэ ў жывых,

Чакаюць смерці сумныя, як хмары.

                   Зусім прыгнёў іх страх,

Змяніліся звяры ну, проста, на вачах:

Не душыць воўк авец - стаў ціхі, як манах;

Спакой дала курам ліса - у норцы посціць:

                   Яда на розум не ідзе.

                            З галубкай голуб у бядзе

                   Варкот любоўных не вядзе:

                   А без варкот якія ж весялосці?

          Леў даў загад на сход звяроў сабраць.

Плятуцца крок за крок, у чым ліпяць іх душы!

          Сышліся ў цішыні, сядзяць вакол цара,

Вачамі не змігнуць, папрыгіналі вушы.

«Сябры! - прамовіў Леў. - За намі шмат грахоў.

                   Страшэнна мы прагневалі багоў,

Дык той між нас, хто вінават найболей,

                   Няхай па добрай волі

                   Аддасць сябе ў ахвяру сам,

                   Каб дагадзіць багам!

                   Мо б шчырасць гэта ўтаймавала,

Ці хоць змякчыла жорсткасць гневу іх.

Бо хто не ведае між вас, сяброў маіх,

Што прыкладаў ахвяр такіх

                   Было ў гісторыі нямала?

                            Дык і на гэты раз

          Няхай прызнаецца тут кожны з нас,

Чым саграшыў калі ён вольна ці нявольна.

          Пакаемся ж, сябры! Баліць душа мая,

Але прызнацца сёння здольна,

                            Што не святы і я.

Авечак бедненькіх, - была ж бы хоць прычына!

          Я задзіраў зусім бязвінна.

                   А іншы раз - хто без грахоў? -

                   Бывала, драў і пастухоў:

Дык быць ахвяраю згаджаюся ахвотна.

Але раней нам лепш усім пералічыць

Свае грахі: на кім іх больш ляжыць,

          Таму з нас і ахвярай быць, -

Я думаю, багам так будзе больш лагодна».

«О, цар наш, добры цар! Ад лішняй дабраты, -

Прамовіла Ліса, - тут грэх знаходзіш ты.

Калі сваё сумленне гэтак несці,

Дык з голаду падохнем мы, нарэшце,

          Павер нам, наш айцец! -

Ды гэта ж гонар для авец,

          Што ты іх маеш ласку есці.

А што да пастухоў, мы ўсе тут б'ём чалом:

          Дзяры іх больш - усіх бы агулом.

Бясхвосты гэты род дурною пыхай дыша,

Царамі нашымі сябе заўсёды піша».

          Як скончыла Ліса, другія ўслед за ёй

          З пахіленай лісліва галавой

          Сказаць спяшаюцца наперабой,

Што Льву няма ў чым нават спавядацца.

За Львом Мядзведзь, і Тыгр, і сівыя Ваўкі,

                   Узор убачыўшы такі,

Рашылі і ў сваіх грахах прызнацца,

                   Ды іх бязбожных самых спраў

                   Ніхто са страху не чапаў.

І ў выніку ўсе тыя,

Хто кіпцюром ці зубам быў багат,

                   Выходзілі падрад

Не толькі без віны - ледзь нават не святыя.

За імі Вол рахманы мыкае: «І мы

З грахом. Таму гадоў мо пяць сярод зімы,

          Харчоў быў недахоп вялікі,

Мяне на грэх нячысцік падаткнуў:

          Не могучы дастаць нідзе сабе пазыкі,

Са стога у папа я сена скубянуў».

          Тут крык і лямант узнялі суседзі -

          Ваўкі, і Тыгры, і Мядзведзі:

                   «Ах, зладзюга! Разбой!

          Чужое сена есць! Праз гэтую пачвару

Такую нам багі паслалі кару!

          Яго, нягодніка, з рагатай галавой,

Багам прынесці зараз жа, адразу,

Каб целы ўратаваць і душы ад заразы

                   І больш не знацца нам з бядой!»

                            Прыгаварылі -

                   І на касцёр Вала ўзвалілі.

 

Такіх вось выпадкаў і між людзей ёсць шмат:

          Хто ціхі, той і вінават!



Пераклад: Кандрат Крапіва