epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Селянін і Авечка

          Паклікаў Селянін Авечку ў суд,

Як быццам крымінальная была там справа.

А дзе суддзя - Ліса, там справа пойдзе жвава.

Адказчыку, істцу даюць пытанні тут.

Каб справу высветліць па пунктах дасканала,

Ліса пра доказы пытацца стала.

І кажа Селянін: «Такога вось чысла

Прапалі куркі дзве ў мяне і не знайшліся,

          Ад бедных толькі пёрцы засталіся,

А на дварэ адна Авечка там была».

          Авечка ж доказы і сведак прывяла,

Што спала цэлу ноч і красці не магла,

          Што дрэннага за ёй не ведалі нічога -

                   Ні крадзяжу,

                   Ні грабяжу,

І што, апроч таго, яна не есць мяснога.

Ды вось прысуд Ліса чытае строга:

«На доказы Авечкі не зважаць:

Вядома, што канцы хаваць

          Усе зладзеі маюць звычай.

Са справы тут відаць, што гэтага чысла

Авечка ад курэй на крок не адышла;

          А куры ж смачныя надзвычай,

          І выпадак быў зручны ёй.

Скажу я па сумленнасці сваёй:

          Тут нельга, каб яна ўцярпела

          І курачкі не з'ела.

За гэта вось Авечку смерцю пакараць,

Аўчыну ўзяць істцу, а мяса ў суд аддаць».



Пераклад: Кандрат Крапіва