epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Селянін і Змяя

Як хочаш мець пашану ад людзей,

Сяброўства выбіраць умей!

 

          Адзін Мужык з Змяёю быў здружыўся.

          Змяя - хітрушчая здаўна:

          Так падлізалася да Мужыка яна,

Што ёю той і кляўся, і бажыўся.

Затое з сваякоў, з сяброў ніхто

          У доме у яго ніколі не бывае.

                   Мужык у крыўдзе наракае:

          «Чаму вы адракліся ад мяне? За што?

          Ці жонка вас нядобра частавала?

          Ці хлеба-солі неставала?»

«Ды не, кумок, - Мацей яму ў адказ, -

Табе былі б мы рады кожны раз;

Ніколі ты не крыўдзіў нас,

          І жонка ветліва прымала,

          Ды што з таго, калі ў цябе сядзі

                            Ды толькі і глядзі,

Каб сябар твой не ўправіў джала».



Пераклад: Кандрат Крапіва