epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Сініца

          Сініца к мору падалася,

                   Яна клялася,

          Што мора выпаліць датла.

Аб гэтым чутка на ўвесь свет пайшла.

Сам цар марскі Нептун калоціцца ад страху;

          Ляцяць чароды птахаў,

Звяры з лясоў збягаюцца глядзець,

Як будзе акіян, ці горача, гарэць.

          І нават, кажуць, нейкія абжоры,

          Што сквапны на чужыя пірагі,

          Прыбеглі з лыжкамі на берагі,

Каб тлустай поліўкі пасёрбаць з мора,

          Якой чыноўных кручкатвораў

          Не частаваў купец другі.

Цікаўных шмат прыйшло, каб з цуда падзівіцца;

          Глядзіць на мора кожны, не змігне,

          Хто-небудзь толькі час-часом шапне:

«Вось закіпіць, вось хутка загарыцца!»

          Ды дзе там! - мора не гарыць.

Дык, можа, хоць кіпіць? І не кіпіць.

Сініца з сорамам назад ляціць:

          Дарэмна шуму нарабіла,

                   А мора і не запаліла.

 

Нікога каб не крыўдзіць нам,

Я толькі пару слоў дадам:

          Пакуль не зробіш справы,

          Не распускай ты славы.



Пераклад: Кандрат Крапіва