epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Свіння пад Дубам

          Свіння пад Дубам векавым

Пад'ела жалудоў уволю, да адвалу,

                   Паспала, ўлёгшыся пад ім;

          Пасля, прадраўшы вочы, ўстала

І лычам падрываць карэнне ў Дуба стала.

          «Ты ж можаш дрэву так пашкодзіць, -

          Стаў з Дуба воран ёй даводзіць. -

Аголіш карані, яно зусім усхне».

          «Хай сохне. Клопат вельмі мне, -

Свіння спакойна адказала. -

Каб большай не было бяды.

Без Дуба пражыву, абы мне жалуды:

Ад іх на мне таўсцее сала».

«Няўдзячная! - прамовіў Дуб ёй тут. -

          Каб угару магла падняць ты лыч хоць мала,

                   Дык гэтага ніколі б не сказала,

Бо жалуды ж на мне растуць».

 

          Ёсць невукі - чаго таіць?

          Другі дык на чым свет стаіць

                   Навуку і вучоных лае,

          Хоць сам іх працу спажывае.



Пераклад: Кандрат Крапіва