epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Вяльможа і Філосаф

Вяльможа з Мудрацом аднойчы размаўляў

                   Пра сутнасць розных спраў.

«Скажы мне, - ён спытаў, - ты свет даволі знаеш

І ў сэрцах у людзей чытаеш:

                   Чаму, што б мы ні пачалі,

Суды або суполкі там вучоных завялі,

                   Яшчэ не ўспееш аглянуцца,

          А невукі даўно там труцца?

          Няўжо ад іх ратунку нам няма?»

Мудрэц яму: «Ну, гэта вы дарма.

З суполкамі вось тое ж (кажучы між намі),

                   Што і з драўлянымі дамамі».

«Як так?» - «Ды так. Я дом свой скончыў днямі:

                   Яшчэ не перабраўся сам,

                   А цвыркуны даўно ўжо там».



Пераклад: Кандрат Крапіва