Сабраўшыся вялікай чарадой,
Звяры мядзведзя аблажылі,
Сярод палянкі задушылі
І дзеляць між сабой,
Хто колькі закавеліць.
І Заяц тут на вуха медзвядзёва цэліць.
«Чакай! - крычаць яму. - Пастой!
А ты, касы, чаму грабеш дзялянку?
Цябе на лоўлі штось ніхто не заўважаў».
«Ну, што вы, хлопцы! - Заяц адказаў. -
А з лесу хто ж яго, калі не я, пужаў
І вам даставіў проста на палянку?
Таму ён і не ўцёк».
Хоць гэту ўсю лухту было і слухаць смешна,
Але маніў ён так пацешна,
Што вушка атрымаў мядзведжага шматок.
Хоць з выхвалякаў і смяюцца,
Аднак ім часцяком дзялянкі дастаюцца.