epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Кудраўцаў

Разгневаная зямля

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
47
48


 

1

Яны шмыганулі ў панадворак і пакідаліся на зямлю. Адзін, вусаты мажны салдат, які бег першы, даскочыў да старой тоўстай яблыні і залёг з вінтоўкай. Другі, невысокенькі, у гімнасцёрцы наросхрыст, пусціўся да хаты і прыладзіўся за ганкам. Няйначай, за імі гналіся па пятах — каля сядзібы сыпанулі аўтаматныя чэргі.

Неўзабаве ў расчыненай брамцы паказаўся немец з аўтаматам, у касцы, з закасанымі рукавамі. На нейкі момант ён застыў, гледзячы ў двор, нібы раздумваючы, заходзіць ці не. Ды тут з-за ганка нягучна трэснуў стрэл, і немец, хапаючыся за вушак брамкі, паволі пачаў асядаць на дол. Да яго падляцеў другі аўтаматчык. Ён толькі працягнуў рукі, каб падхапіць параненага і не даць яму ўпасці, як з-за ганка зноў трэснуў стрэл. Гэты стрэл быў больш трапны — другі немец ураз грымнуўся вобзем.

Больш да брамкі ніхто не патыкаўся. Залёгшы на вуліцы, нямецкія аўтаматчыкі пачалі паліць па сядзібе.

Страляніна на гэтай вуліцы злівалася са стралянінай, якая даносілася з горада. Там яшчэ ішлі баі. Мінск яшчэ змагаўся, адбіваўся ад чужынцаў як мог. Раз-пораз разлягаліся выбухі — нямецкія бамбавозы не пакідалі мінскае неба. Ім ніхто не замінаў чыніць іхнюю страшную работу — ні знішчальнікі, ні зенітчыкі. Горад гарэў, найбольш палалі драўляныя ўскраіны, цэнтр быў разбомблены і выгараў пры ранейшых налётах. Сяды-тады ў розных раёнах разам з выбухамі шугала полымя і ўскідваліся чорныя бухматыя дымы: каб не дасталося заваёўнікам, там узрывалі і палілі людское дабро...

Аляксандры Пятроўне з акна відно было, як ў яе двор заскочылі два нашыя салдаты і прынялі бой з немцамі. Яна не бачыла, як страляў з-за ганка невысокенькі, але бачыла, як ён зваліў тых двух аўтаматчыкаў. Салдат жа, што залёг за яблыняй, быў як на далоні. Ён здаваўся надзіва спакойным: высачыць праз шчыліны ў плоце немца і нетаропка, гэтак спаважна, па-гаспадарску стрэліць. Ды не доўга давялося яму страляць — адна з аўтаматных чэргаў з вуліцы зрабіла сваё: галава вусатага тарганулася, ён неяк скалануўся ўвесь, павярнуўся на бок і знерухомеў...

А з-за ганка стрэлы ўсё яшчэ бабахалі. Немцаў, што білі па сядзібе з вуліцы, урэшце раз’юшыў гэты апантаны рускі, які нарабіў ужо вунь колькі трупаў, і яны скіравалі ўвесь свой агонь туды, адкуль абзывалася вінтоўка. Аўтаматныя чэргі секлі па ганку, па хаце. З вакон пасыпаліся шыбы...

Аляксандра Пятроўна кінулася на падлогу. Яна знямела ад жаху. Страляніна ўсё шалела, здавалася, ёй не будзе канца. Жанчына ўжо развітвалася з жыццём. Затаіўшы дыханне, яна чакала, што яе вось-вось праніжа куля. Але кулі, што заляталі праз вокны ў хату, мецілі сцены і яе не даставалі. Разляцелася пад столлю лямпа са шкляным абажурам, дробныя асколкі сыпанулі на Аляксандру Пятроўну. А потым каля ганка нешта грукнула так, што са звонам вылецелі ўсе ўцалелыя шыбіны. Праз хвіліну яшчэ раз грукнула. У пакоі запахла нечым едкім, смярдзючым, уварваўся не то пыл, не то дым. І стала ціха...

Яна ляжала, баючыся паварухнуцца, не ведаючы, што рабіць. Цішыню нішто не парушала, і жанчына пачала падумваць, ці не выглянуць у акно, паглядзець, што там творыцца каля хаты. Толькі яна прыўзнялася, як учула галасы. Набліжаючыся, яны мацнелі. Разабраць, пра што гаварылі тыя, што спыніліся каля ганка, яна не магла,— гергеталі нешта незразумелае.

Аляксандра Пятроўна ўстала — зараз яны ўвойдуць у хату, а яна ляжыць на падлозе...

Але ў хату ніхто не ішоў. Змоўклі галасы каля ганка. Яна падступіла да акна, асцярожна вызірнула: немцы кіраваліся да вусатага. Ішлі нешта маўклівыя, нібыта і не тыя, што так заўзята гергеталі вось толькі што.

Абступіўшы забітага, колькі хвілін стаялі, слухалі афіцэра, які штосьці гаварыў, размахваючы рукамі. Нешта дружна выгукнулі, калі афіцэр скончыў, і адзін за адным падаліся да брамкі. Немец, які ступаў апошнім, раптам крута павярнуўся і падбег да мёртвага. Нагнуўшыся, апрастаў ад вінтоўкі яго левую руку, на момант ашчарэпіў яе, потым адкінуў і, спрытна ўсхапіўшыся, бежкам пусціўся даганяць таварышаў.

«Гадзіннік зняў, брыдота!» — грэбліва перасмыкнулася Аляксандра Пятроўна.

Яна зняможана апусцілася на канапу і колькі часу была нібы аглушаная. У галаве — нейкі тлум, ніводнай яснай думкі. Сэрца то татахкала на ўсю моц, то, быццам спахапіўшыся, што стук яго вельмі ж далёка чуваць, сцішвалася, замірала. У хаце было душна, а па яе целе прабягала халодная дрыготка. Рэзаў вочы змешаны з пылам дым ад выбухаў гранат каля ганка — ён усё яшчэ вісеў у пакоі.

Але ж трэба было на нешта наважыцца, не сядзець жа так бясконца.

Яна зноў падышла да акна, глядзела ў сад, услухоўвалася. Пасля грукатні, якая толькі што калаціла сядзібу, гэта мёртвая ціша здавалася зманлівай, несапраўднай. Аднекуль зводдалек даляталі розныя гукі, а тут была маўклівая знямеласць.

Адчыніўшы сенечныя дзверы, Аляксандра Пятроўна міжволі адхіснулася назад. Ганак здаўся ёй чужым, незнаёмым. Адзін яго кут, ад вуліцы, быў ушчэнт скрышаны і пашчапаны, з-пад рэшткаў закуродымленага памосту выступалі падваліны. Пярэднія і бакавыя філёнгі амаль усе павыляталі. Прыступкі неміласэрна патрушчаны.

Выбіраючы, куды ступіць, яна марудна спусцілася з ганка.

У яе пацямнела ўваччу, з грудзей ледзь не рвануўся немы крык, калі яна ўбачыла тое, што засталося ад невысокенькага.

Граната, відаць, гахнула вельмі блізка. Твар салдата быў увесь пасечаны асколкамі. Цяпер гэта ўжо быў не твар, а суцэльная крывавая рана. На колер крыві выбух наклаў чорны колер гару, і галава здавалася абгарэлай. Мабыць, перад тым як грымнуць гранаце, яго дастала і куля: на сцегняку барвавела вялізная пляма.

Аляксандра Пятроўна датупала да другога забітага. Вусаты ляжаў як чалавек, што задрамаў, добра натаміўшыся. На абліччы — ціхамірнасць, нават нейкая супакоенасць. Куды ўвайшла куля, не відно было, і адразу неяк не верылася, што гэта ляжыць мёртвы.

Яна стаяла і думала. Думала, як аддаць зямлі гэтых людзей. Без яе ж ніхто не пахавае іх. Каму цяпер клопат, што на нечай сядзібе забітыя?.. Тут яны прынялі свой апошні бой. Ні адзін гад не прайшоў праз яе браму, не ступіў на яе двор, пакуль яны былі жывыя...

Парупіўшыся, Аляксандра Пятроўна знайшла рыдлёўку. Капала доўга, натужна. Смылела рана на плячы: у адну з бамбёжак горада яе добра такі секанула асколкам (дзякуй суседу-доктару — выцягнуў той пракляты асколак). Трохі больш возьмеш на рыдлёўку — і запячэ, боль расплываецца па целе.

Дол выкапала неглыбокі — як змагла. Абставіўшы магілу дошкамі, апусціла ў яе забітых, зверху захінула посцілкамі, прыкрыла дошкамі.

Няхай спяць вечным сном. І няхай не крыўдуюць, што не здолела пахаваць так, як яны заслугоўваюць. Няхай даруюць ёй, бездапаможнай жанчыне...

Ужо добра звечарэла, калі Аляксандра Пятроўна даклыпала ў хату. Паклаўшы на стол тое, што знайшла ў кішэнях забітых, яна доўга сядзела ў нейкім здранцвенні.

Гэта ўсё, што ад іх засталося...

У абодвух быў «пашпарт смерці» — згорнутая ў скрутачак і ўкладзеная ў чорны пластмасавы патрончык паперка з хатнім адрасам воіна або з адрасам, па якім ён хацеў бы, каб паведамілі пра яго, калі надарыцца патрэба. У вусатага была яшчэ чырвонаармейская кніжка, у невысокенькага — таксама чырвонаармейская кніжка, некалькі пісем, невялічкія грошы, фотакартка дзяўчыны-бялянкі гадоў васемнаццаці — уся яна так і свеціцца ў шчаслівай усмешцы...

«Вось табе і адрасы, вось табе і патрэба... Паведамляй. Апошняя іх тайна — у тваіх руках, пра апошні іх крок на зямлі ведаеш толькі ты... А як паведаміш?..»

Каласоўскі Марк Вікенцьевіч. Год нараджэння — 1915. Старшына. Горад Барнаул...

«Далёка ж ты заляцеў, саколе!.. А ці снілася табе, што на маёй сядзібе скончыш свой палёт?..»

Акінчыц Рыгор Астапавіч. Год нараджэння— 1921. Радавы. Гомельская вобласць...

«Дваццаць гадочкаў... У дваццаць тваіх гадочкаў, радавы Рыгорка, аддала цябе зямлі чужая маці... А ці ўведае калі твая маці пра гэту маю сядзібу, дзе спачываць табе вечна?..»

Аляксандру Пятроўну ахапіла такая маркота, такая горнасць, што яна не стрымалася і дала волю слязам...

Можа, і яе Валодзі няма ўжо на гэтым свеце, можа, і ёй не суджана ўведаць, якая зямля прыняла сыночка...

Дзе ён, родненькі, дзе?.. Як пайшоў той пякельнай ноччу з горада, дык хоць бы вестка якая, хоць бы чутка якая. Што з ім сталася ў гэту страшную калатнечу?..

 

2

Хведар Васільевіч прыўзняўся на локцях і, праганяючы сон, энергічна страсянуў галавою. Ціха вымавіў:

— Уставай, маці. Нешта мы сёння разлежаліся. Час збірацца на работу. Згатуй што-кольвечы на сняданак.

Млява пацягнуўшыся, Антаніна Сцяпанаўна расплюшчыла вочы.

— А і праўда, разлежаліся.

Яна рэзка скінула з сябе коўдру, таропка апранулася па-хатняму, і неўзабаве з кухні ўжо чуўся нягучны бразгат посуду, мяккае патупванне.

Ліпеньскі ранак добра такі ўвабраўся ў сілу. Світальныя колеры даўно ўжо расталі, саступіўшы месца фарбам хмарнага, непагодлівага дня. Па шэрым небе нудна паўзлі брудныя хмары, кволы вецер ляніва варушыў лісты ў гушчэчы сада, у якім патанала Рускевічава хата. Ранішняй прахалоды не было, у паветры вісела парнасць,— збіралася на дождж.

Працягла загукаў паравоз каля блізкага пераезда — чыгунка на высокім насыпе праходзіла амаль каля саменькай сядзібы Хведара Васільевіча. Выразна чуваць было аднастайнае рытмічнае пататакванне колаў вагонаў, узняты рухам састава гуд паступова аціхаў.

«Зноў у бок Масквы...— Рускевіч глядзеў праз акно ўслед эшалону, што знікаў за павароткай.— Пасажырскі. Мабыць, з салдатнёй...»

— Сядай, Хведар, яда на стале.— Антаніна Сцяпанаўна падышла да акна і паклала руку на плячо мужу.— Няма на іх упынку — пруць і пруць...

Яна цяжка ўздыхнула. Невымоўная журба і скруха былі ў яе голасе і ў паглядзе, скіраваным туды, куды вось зараз пашыбаваў той пракляты поезд.

Яны моўчкі паснедалі, і Хведар Васільевіч падаўся на работу.

 

У Хведаравага бацькі Васіля, што жыў у глухой палескай вёсцы Капачы, было шасцёра дзяцей. Зямлі — вобмаль, лапік. Пакуль дзеці былі малыя, сяк-так перакідваліся. Ішоў час, пападрасталі сыны і дочкі — бацьку памочнікі. Гаспадарка ж была такая, што няма куды прыкласці тыя рабочыя рукі. Ды тут яшчэ няўдала выйшла замуж дачка Люба — прыняла прымака. Надышла пара двух сыноў жаніць — старэйшы, Хведар, ужо ў пераспелых кавалерах хадзіў. У рост ішла Васілёва сям’я. А зямелька — усё тая ж, і хата ўсё тая ж — ужо і цяпер цяснота. Трэба набыць зямлі — няхай аддзельваюцца сыны, няхай заводзяць свае гаспадаркі. Але ж дзе знайсці грошай на тое набыццё? І надумаўся Васіль паслаць старэйшага сына на заробкі. У Амерыку. Туды многія ў той час ездзілі. Кажуць, добрую капейчыну адтуль прывозяць, і на ногі чалавек становіцца...

Так падаўся Хведар Рускевіч у 1912 годзе ў заморскую краіну.

Праехаў палескі хлопец, які зроду не бачыў чыгункі, усю Еўропу, сеў на параход і праз дваццаць адны суткі даплыў да Нью-Йорка.

Разважны, кемлівы, Хведар не разгубіўся ў тлуме агромністага амерыканскага горада. Ён даволі хутка дапяў свайго — знайшоў работу: наняўся конюхам да бармэна на Брадвеі. Яму, сялянскаму хлопцу, не прывыкаць было да коней, прызвычаіўся і да працы ў горадзе, і да гарадской стайні. Вельмі туга даводзілася на першым часе ад няведання мовы. Выручаў рускі, які працаваў у бармэна,— нядоля з год назад яго таксама загнала сюды, за акіян, і ён збольшага ўжо разумеў і гаварыў па-англійску. Пазней і Хведар наламаўся ў чужой мове, самае неабходнае для паразумення пры рабоце і ў абыходку з людзьмі паступова набылося.

Прамінулі чатыры гады. Нямала было перажыта, зроблена і перароблена ў чужым горадзе. Але да тае мэты, дзеля якой не шкадаваў сябе, Хведар не наблізіўся, лічы, што ні на крок. Сёе-тое, вядома, прызапас. Аднак жа гэта былі не такія грошы, што пусцілі б яго на добрую жыццёвую дарогу. І нічога не мог змяніць тут ні заўтрашні, ні паслязаўтрашні дзень.

Памеркаваўшы так і гэтак, Хведар вырашыў вярнуцца дамоў, на бацькаўшчыну.

Быў тады 1916 год. У Расіі ішла вайна. Пасля вяртання Хведар і не згледзеў, як апынуўся ў арміі, а неўзабаве і на фронце. Быў ён чалавек граматны (меў пачатковую школу, па тым часе адукацыя не маленькая), на службе старанны, увішны, яго прыкмеціў ротны камандзір і ўзяў сабе за дзеншчыка. Хоць дзеншчыкоўская доля на фронце была мо трохі і лягчэйшая за звычайную салдацкую, але і Хведару двойчы за вайну смерць пазірала ў самыя вочы — стрэўся з куляю і снарадным асколкам. На шчасце, абодва разы ён абыходзіўся палявым шпіталем і вяртаўся да свайго ротнага.

Лёс не скупы быў для яго — шмат дазволіў пабачыць, зведаць, спазнаць. На многае адкрыліся вочы на не так ужо і кароткім Хведаравым вяку. І ў той заморскай краіне, дзе ён не раз браў удзел у штрайках-забастоўках, у якіх рабочыя патрабавалі павышэння зарплаты, умоў працы і людскага жыцця. І ў акопах імперыялістычнай вайны, дзе салдат гібеў і гінуў немаведама за што. Там, у акопах, Хведар пачуў бальшавіцкае слова праўды пра тую крывавую бойню. А потым прагучала нечуванае слова — рэвалюцыя...

Восенню дваццатага года дэмабілізаваны Хведар Рускевіч з’явіўся ў родныя Капачы. Грозны час сурова пагаспадарыў у бацькавай сям’і. Брат Пятрок склаў галаву пад Баранавічамі. Без левай рукі вярнуўся з вайны Любін муж-прымак Даніла. Сам Васіль пачаў год ад году ўсё больш марнець — ці не сухоты якія ўкінуліся? Моцна заняпала гаспадарка,— не маглі даць ёй рады жонка і падлетак Антось...

Горка было на душы ў Хведара, глыбокі одум узяў.

За некалькі месяцаў, што мінулі пасля вяртання ў Капачы, ён убачыў і глыбока ўразумеў, што рэвалюцыя і Савецкая ўлада ставяць вёску на новы шлях. А яго неадольна пацягнула ў горад, чатыры гады нью-йоркскага жыцця ўсё-такі не прайшлі бясследна.

Чалавек ён быў майстравіты — і сталяр, і цесля, і бондар. Далёка ў навакольных вёсках славіліся залатыя Хведаравы рукі. У многіх хатах служылі людзям зробленыя ім дзверы, вокны, шафы, ложкі, сталы, зэдлікі, бочкі, кадоўбчыкі. Заказы ў яго ніколі не зводзіліся. Бадай, не было таго ранку, каб у вялізным пакоі, прыстасаваным пад майстэрню, не шоргаў гэблік, рубанак, не грукаў малаток, не жыгала піла. На самым золку зімовага дня ўжо свяцілася Хведарава акно.

Яму не трэба было думаць, ці знойдзецца для яго работа ў горадзе.

Без доўгай развагі вырашыў — падавацца ў Мінск. Горад вялікі, пра яго Хведару не раз расказвалі ў акопныя дні мінчане з іх роты — Сцяпан Латушка і Адам Петрашкевіч. Хвалілі горад, запрашалі завітваць да іх, калі надарыцца трапіць у тыя мясціны. Шкада, да Адама ўжо, як бы ні хацеў, не завітаеш,— загінуў небарака. А Сцяпан недзе там на бацькоўскім гняздоўі. Трэба будзе адшукаць. На першы час меўся б прытулак.

Хведар не ўмеў і не любіў адкладваць задуманае на потым. Неўзабаве ён ужо быў у Мінску. Знайшоў Сцяпана Латушку, і той сам прапанаваў яму кут у сваёй хаце. Некалькі дзён хадзіў па горадзе, выведваў, распытваў пра работу.

Хведар Рускевіч ужо быў немаладзён, калі з'явіўся на тым заводзіку на Ляхаўцы,— яму падбіралася пад сорак. Заводзік быў маленечкі — нешта каля пятнаццаці рабочых варушылася на ім. Прадукцыю выпускаў не вельмі самавітую — лыжкі, рыдлёўкі, вулічныя ліхтары, плугі, бароны, сошкі. Жылося яго працавікам не дужа зайздросна. Зарплаты не атрымлівалі, выдавалася яна пайком: на месяц — пуд аўсянай мукі, пяць фунтаў солі, некалькі фунтаў тараноў ды яшчэ сёе-тое.

Час быў імклівы, жыццё бурлівіла ўсюды. Набіраў разгон і заводзік, на якім рабіў Хведар. Расла яго працоўная сям’я, на трывалыя ногі станавілася прадпрыемства. З заводскай брамы ўжо выходзілі конныя прыводы, сячкарні, веялкі, каменедрабілкі. А потым узяліся за станкі і пачалі выпускаць такія, якіх у Беларусі яшчэ не было, а далей і станкі, якія не рабіліся ва ўсёй краіне. Нядошлы заводзік стаўся слынным станкабудаўнічым заводам.

Непрацяглая па часе, але слаўная гісторыя роднага завода на свой лад пакіравала жыццё Хведара Васільевіча. Чалавек урэшце знайшоў тое, што праз доўгія гады марна шукаў і ў родным краі, і далёка за яго межамі.

Напачатку шмат было сталярнай работы — адно раздолле для Хведаравых рук. Ён наважыўся і спазнаў сакрэты слясарнага і такарнага майстэрства, авалодаў рознай машыннай тэхнікай. У ім спалучаліся прыроджанае працалюбства з кемлівасцю, знаходлівасцю. Хведара любілі і паважалі за шчырасць, адкрытасць душы, заўсёдную чалавечнасць. Да яго гарнуліся рабочыя, цаніла начальства. І хлопец з палескай вёскі стаў старшым майстрам зборачнага цэха завода.

Быў у Хведара Рускевіча ў яго заводскім жыцці цяжкі, горкі час. Нейкая злыбяда напісала, што ён у час паездкі праз Еўропу ў Нью-Йорк быў завербаваны адной з замежных разведак і робіць чорную справу. Яго арыштавалі. Доўга, пакутліва вялося следства. Толькі праз два гады яго выпусцілі. Ён вярнуўся на свой завод і стаў працаваць, але ўжо не майстрам, а слесарам-інструментальшчыкам. А праз некаторы час над краінай выбухнуў чэрвень сорак першага...

 

3

Сярэдзіна лета 41-га выдалася надзіва гарачая.

Мінскія вуліцы млелі ад спякоты. Ад бязлітасна нагрэтых руін патыхала пякельнай задухай. Не прадыхнуць, не схавацца ад спёкі. Самы маленькі ветрык узнімаў на яшчэ не выдзьмутых жывых могілках нядаўняга чалавечага жытла хмары пылу і ганяў яго па горадзе.

Аляксандра Пятроўна аблівалася потам у сваёй палатцы. А знадворку пагрозна грымелі ашалелыя ад гарачыні:

— Давай хутчэй ваду!..

Нешта каля месяца мінулася, як яна ўладкавалася ў палатку па продажу газіраванай вады. Дапамог даўні знаёмы Кернажыцкі. Яны калісьці разам працавалі ў гарадскім аддзеле харчгандлю, ён — загадчыкам аддзела, яна — намеснікам.

Аднойчы яны выпадкова спаткаліся на вуліцы.

— Аляксандра Пятроўна! Ты што ж гэта трохі... асунулася? Змізарнела...

— А на чым цяпер раскашаваць? — Яна ўраз пазмрачнела, у сухіх вачах бліснула няветлае.— Табе, можа, лягчэй жывецца. Можа, здолеў прыстасавацца да новага парадку. А я... Я не ўмею. Спродваю, што магу. На кавалак хлеба, на бульбіну мяняю ў бліжніх вёсках сякія-такія транты...

— А ты пайшла б... да нас працаваць? — расцягваючы словы, спытаў Кернажыцкі, пільна гледзячы ёй у вочы.

— Да каго гэта — да вас? — Аляксандра Пятроўна насупілася і стала ў позу, добра знаёмую яму з тых часоў, калі яны іншы раз браліся загрудкі.

— Ну, ты не трапячыся вельмі. Я ж табе па-добраму, па старой памяці. Раю падумаць, ёсць магчымасць уладкавацца прадаўшчыцай газіроўкі. Вунь там, на Маскоўскай, управа адкрывае палатку. Будзеш, ва ўсякім разе, мець кавалак хлеба. Не давядзецца спускаць апошнія транты.

Колькі хвілін абое маўчалі.

— Ну што ж,— голас яе прыкметна задрыжэў,— у мяне няма выбару. Толькі...—Аляксандра Пятроўна, перасіліўшы сябе, ласкава папрасіла: — Толькі няхай ніхто не ведае, што мы знаёмыя. Ты, відаць, у той управе нейкае начальства. А я баюся цяперашняга начальства і, даруй, не вельмі хачу з ім знацца...

— Дамовіліся!..

Ён, хаваючы ў тонкіх губах хітрую ўсмешку, падаўся ў бок Дома ўрада.

...І вось Аляксандра Пятроўна адмервае шклянкі шыпучкі: аднаму, другому, трэцяму. Мімаходам зважае на сваіх кліентаў. Прыслухоўваецца да іх размоў.

Розныя, вельмі розныя яны.

Вось гэты выпіў, нахабна ўсміхнуўся і, не заплаціўшы, падыбаў прэч. Ну што ж — не даганяць жа яго!.. А той даў за шклянку пяцёрку — усё роўна цяпер яна не дорага каштуе...

Яе памяць моцна трымала ў сабе нядаўні кошт пяцёркі. Не можа ж быць, каб гэтыя амаль бязважкія пфенінгі, што бразгаюць спакваля на яе талерку, перацягнулі на шалях часу тую вунь пяцёрку, што паклаў мужчына ў картовых штанах з даўно не голеным тварам!

Аляксандра Пятроўна збольшага ўжо ведала сваю кліентуру. Прыроджаная назіральнасць і асцярожлівасць цяпер вельмі абвастрыліся, яны цяпер ой як патрэбны! Чым можа скончыцца сённяшні дзень у такую заваруху?.. Ды і сама гэтая яе работа, атрыманая з дапамогай былога саслужбоўца,— ці не хаваецца тут што-небудзь небяспечнае? Ён жа зараз, аказваецца, робіць у гарадской управе, і не малым начальнікам...

І Аляксандра Пятроўна асцерагалася. Асцерагалася ў гаворцы, зважала на кожны свой крок. І неяк міжволі звяртала ўвагу на сваіх пастаянных кліентаў.

Праз не вельмі ладны час ёй упаў у вока адзін чалавек.

Ён амаль штодня з’яўляўся ля палаткі, станавіўся ў самую доўгую чаргу і цярпліва выстойваў яе. Дайшоўшы да стойкі, прасіў нязменна дзве шклянкі без сіропу.

Аднойчы ён прыйшоў і стаў у чаргу, калі Аляксандра Пятроўна сказала, што вады хопіць толькі чалавек на пяць і ўвогуле яна ўжо забавілася — пара закрывацца.

Ён быў пяты. Выпіў, як звычайна, свае дзве шклянкі. Незаўважна азірнуўшыся, паўшэптам вымавіў:

— У мяне ёсць да вас адна размова...

— Калі ласка, я вас слухаю.

— Яна не такая кароценькая,— ён крыху сумеўся.— Каб не тут...

Яна паспрабавала звесці гаворку на жарт:

— Ну што ж, калі гэта любоўнае спатканне,— запрашаю вас на сквер, што ля таварнай станцыі. Я там непадалёку жыву. Буду праз гадзінку-паўтары: трэба ж пераапрануцца, набыць выгляд красуні, што прыйшла да свайго любага!..

— Я не жартую, Аляксандра Пятроўна.

— О-о-о, вы нават ведаеце маё імя! Адкуль?

— Пра ўсё дазнаецеся. Не спяшайцеся...

— Калі так — добра! Як і кожную жанчыну, бог не пакрыўдзіў і мяне — цікаўнасці адмераў дастаткова!.. Буду, як сказала,— з горкай усмешкай вымавіла Аляксандра Пятроўна.

Яе сапраўды не на жарт узяла цікаўнасць, трывожная цікаўнасць: ведае імя, прыглядаецца ўвесь час, прыходзіць ледзь не кожны дзень... Што гэта значыць? Сочыць?.. Хто ён?.. «Ёсць да вас размова...» Якая можа быць у яго размова? Можа, не пайсці? Можа, пастка якая? Але ж заўтра ён з’явіцца зноў і спытае, чаму не стрымала слова... А мо што сур’ёзнае, важнае?..

Аляксандра Пятроўна вырашыла пайсці. Ён прапанаваў пашукаць лаўку і сесці.

— Што вы, што вы! — рашуча запярэчыла Аляксандра Пятроўна.— Не дай бог, напорацца патруль ці які паліцай,— бяды не абярэшся! Парачка ж з нас не вельмі складная. Каму ж не відаць, што я, даруйце,— ледзь не бабулька для вас. Прычэпяцца, а я ж не толькі не ведаю, хто ён, мой любенькі,— не ведаю нават, як яго завуць... Значыць, не заляцацца мы тут сустрэліся... Не, лепш пройдземся спаважненька туды-сюды і вы раскажаце, што вас змусіла на гэту незвычайную стрэчу.

Ён ступаў побач з Аляксандрай Пятроўнай. Ступаў і маўчаў, спадцішка сочачы за ёю. Маўчала і яна, не могучы ўцяміць, да чаго хіліцца іх спатканне.

Выпрабоўвалі адно аднаго.

Урэшце ён не вытрымаў:

— Прабачце, Аляксандра Пятроўна, што я падбіў вас на гэта спатканне. Дзякую, што прыйшлі. Мне вельмі захацелася пазнаёміцца з чалавекам, пра якога сказалі, што ён...

— Хто сказаў? — яна ўся ўзгарэлася.— Хто сказаў?..

У яе спачатку мільганула думка бегчы, уцячы ад гэтага зусім незнаёмага чалавека.

Яна стрымала сябе.

— Хто вы? Што вам трэба ад мяне?

— Хто я? Мяне завуць Хвядос Апанасавіч,— загадкава ўсміхнуўшыся, нетаропка вымавіў ён.— І нічога асаблівага ад вас мне не трэба. Дарэмна вы так занепакоіліся. Мне, я ж кажу, проста захацелася пазнаёміцца з вамі.— Усмешка зноўку кранула яго твар.

— А навошта? — рэзка кінула Аляксандра Пятроўна.

Ён не адказаў. Адразу спахмурнеўшы, мерна перастаўляў ногі. Відавочна было — глыбока задумаўся.

Яны ішлі па алеі, на якой раскашавала трава-мурава: гаспадаром трымаўся ўчэпісты трыпутнік, сарамліва высунуўся далікатны дзяцельнік, узбоч дарожкі выпусціла свае пякучыя лісточкі-кіпцікі жгучка-крапіва.

— Ды вы не думайце нічога благога, Аляксандра Пятроўна,— загаварыў Хвядос Апанасавіч, адчуўшы няёмкасць праз сваю працяглую маўчанку. Ён пастараўся надаць голасу спакойны, бяспечны тон бесклапотнага чалавека.— Толькі і ўсяго — хачу завесці знаёмства з чалавекам... ну... высакародным, шчырай душы...

Яна ўраз насцярожылася, натапырылася:

— Адкуль вы ўзялі, што я гэткая?

— Казаў Антон Кернажыцкі. Ведаеце такога? З управы. Ён жа прымусіў мяне выстойваць чэргі каля вашай газіраванай хаткі...

Аляксандра Пятроўна спынілася і разгублена ўтаропілася ў Хвядоса Апанасавіча. А той, нібы не заўважаючы яе разгубленасці, ужо іншым тонам працягваў:

— І хоць бы, разбойнік, шапнуў Аляксандры Пятроўне слоўца, і пі тады, Хвядос Апанасавіч, тую газіроўку без усякай чаргі — хоць пуп расперажы! Дык не ж, кажа — стой усю чаргу ад пачатку да канца! І назірай! За яе кліентамі. І — за ёю назірай... Прызнаюся, Аляксандра Пятроўна: і за вамі назіраў. Так загадана было...

Яна, пакуль Хвядос Апанасавіч гаварыў, абшчыпала па лісточку ўсю галінку таполі, што ненарокам зламала, калі ўваходзілі ў сквер.

— Чакайце! — Абцярэбленая галінка затрымцела ў яе руках.— А хто ён такі, гэты ваш Антон Кернажыцкі, каб загадваць вам? Ён жа — ва ўправе!..

— Не гарачыцеся, дарагая мая газіроўшчыца. Ён мае права загадваць мне. І — вам... Так, так — і вам...

Яны яшчэ доўга пошапкам гаманілі, тупаючы па цемнаватай алеі сквера, што сонна варушыў тапалінымі лістамі.

Вярталася Аляксандра Пятроўна дамоў з нейкай прасветленасцю ў душы. Нібыта нічога асаблівага і не сказаў ёй Хвядос Апанасавіч, а быццам вальней стала дыхаць. З’явілася нязнаная ўжо колькі часу ўсцешанасць. І думкі, думкі апанавалі... Сёе-тое высвятлялася, рабілася зразумелым. Разблытваліся недаўменныя загадкі...

«Які малайчына, аказваецца, Кернажыцкі! А я яго так бэсціла!—дакарала сябе Аляксандра Пятроўна.— Але ж хіба я вінавата? Падаўся ва ўправу, улез у шкуру юды... Аж бач ты яго! Паслужыць ён вам, прыблуды няшчасныя, бокам вылезе вам яго праца ў вашай паскуднай установе! Вунь ужо і іншых арганізоўвае. Такіх, як вось гэты слаўны Хвядос Апанасавіч, яго сувязнік з ляснымі хлопцамі. І прыдумалі ж месца сустрэч — каля маёй газіроўкі!.. Яно і праўда — хто вельмі што зверне ўвагу, калі ў чарзе за шыпучкай кінеш свайму чалавеку пару слоў, ім чаканых і толькі яму зразумелых? Дзе ж цяпер людзям бяспечна сустракацца, асабліва калі ў такіх сустрэчах ёсць частая патрэба?..»

 

4

Аляксандра Пятроўна, падвязаная стракатым фартухом, завіхалася на кухні.

На кухні... А дзе яна была ў той час думкамі?..

Валодзька...

Вось тут ён тэпаў, трымаючыся за яе спадніцу. Вось за гэтым сталом яму, белабрысаму, пападала, калі натурыўся і капрызнічаў за ядой...

«Родненькі мой хлопчык! Што цяпер з табою? Дзе ты цяпер?.. Каб ты ведаў, як баліць па табе сэрца. Валодзік, няўжо ты не чуеш мяне?..»

Яна прайшлася па кухні, пратупала ў пакой, села на канапку. Нічога не бачыла перад сабой. Усё было ў яе недзе ўнутры. І вайна гэтая, і ўвесь свет. І — нічога няма. Толькі ён, Валодзік, адзін. Жыве, трапечацца. Як і тады, калі быў пад сэрцам. Адзін ён...

Глуха енчыў у коміне вецер, грукаў адарванай аканіцай. Вусцішна было. Кожны новы гук палохаў. Хацелася схавацца куды-небудзь, каб нічога не чуць і не бачыць. Але ж — куды схаваешся?..

Надышло страшнае ліхалецце. Нішчацца набыткі рук людскіх. Дымам-куродымам пазначаны мясціны, куды ступіў шалёны прышэлец. Няўжо не знойдзецца на яго ўправы?..

Стук у дзверы перабіў плынь думак Аляксандры Пятроўны. Яна борздзенька ўсхапілася з канапкі.

На парозе стаяў сярэдніх год немец у афіцэрскай форме. Ветла ўсміхаецца. Позіркам тут жа абабег і жанчыну, і пакой.

«Божухна, гэтага яшчэ не ставала! Што яму трэба? Няўжо...» — пеканула ў сэрца думка.

— Калі ласка, заходзьце.— Яна старалася быць спакойнай.

— Дзякую. Я ненадоўга вас патурбую.— Яго гаворка па-руску здзівіла і ўразіла Аляксандру Пятроўну. «Ды чаго цяпер не бывае на свеце...»

Яна справілася са сваім хваляваннем і ветла вымавіла:

— Я вас слухаю.

Ён маўчаў, усё яшчэ азіраючы пакой. Блішчэлі халяўкі ботаў, срэбрам зіхацелі на плячах пагоны.

— Колькі ў вас пакояў?

— Тры.

— Пакажыце.

Аляксандра Пятроўна адчыніла дзверы ў другі пакой, потым у трэці.

— А ведаеце, мне тут падабаецца! Асабліва гэты пакой. Утульны, сонечны, прасторны. Вокны ў сад. Вось у ім я і пасялюся. Буду, так сказаць, вашым кватарантам. Спадзяюся, вы пярэчыць не будзеце?

Ён рэзка павярнуўся да Аляксандры Пятроўны. На твары блукала ўхмылка, і цяжка было сказаць, што яна азначала. У ёй былі і ўрачыстасць пераможцы, і нейкая затоеная думка, і добра прыхаваная хітрыня. Гэтак жа цяжка было зразумець, што тоіцца ў яго паглядзе: вочы няпэўнага колеру то ўспыхвалі злавесным агнём, то тут жа гаслі, лагоднелі, то загадкава жмурыліся.

— А што з таго, калі б я і пярэчыла! Ваша сіла — ваша і права. Уладкоўвайцеся, жывіце.

— Навошта ж так негасцінна сустракаць кватаранта! Я не люблю, калі гаспадыня глядзіць на мяне скоса, непрыязна, калі я для яе непажаданы. Нам жа разам жыць... Дык як — будзе ў нашай хаце лад?

— Можа, і будзе,— няпэўна адказала яна і памкнулася ісці на кухню.

— Прабачце,— спыніў ён,— я не прадставіўся: Франц Майер.

— Аляксандра Пятроўна.

— Яшчэ адно, Аляксандра Пятроўна: калі я магу пераязджаць?

— Калі хочаце.

— Тады я сёння ж і пераеду.

Ён пайшоў, пакінуўшы ў кватэры пах дарагіх духоў і цыгарэтнага дыму...

Вось і канчаецца твая сцежка-дарожка, Аляксандра... Колькі газіроўкі яшчэ паспееш прадаць? Нездарма ж пасяляецца да цябе гэты афіцэр. Мог жа знайсці шыкоўную кватэру — вунь колькі дамоў запуставала, гаспадары збеглі, падаліся на ўсход у тыя вогненныя чэрвеньскія дні і ночы. Ды не ж — сюды прывалокся!.. Далікатны які, пачцівы, ветлівенькі... О, гэта яны ўмеюць! Будзе накідваць пятлю на шыю і ласкава ўсміхацца. Сама бачыла такое ў мінулую нядзелю на плошчы Свабоды: хлопец гадоў васемнаццаці з фанеркай на грудзях «Партызан» і нямецкая салдатня навокал...

«Чаго ж гэта я сяджу склаўшы рукі? Ён жа вось-вось можа з’явіцца! Трэба ж падрыхтаваць пакой...»

І сапраўды, ледзь паспела яна параспіхаць сякія-такія рэчы (не быць жа ім у пакоі немца), як за акном завурчала машына. З яе вылезлі Майер і салдат. Салдат валок два вялізныя чамаданы.

Пастукаўшы, увайшлі.

— Данке,— кінуў афіцэр насільшчыку. Той казырнуў і знік за дзвярыма.

— Тут усе мае манаткі,— Майер кіўнуў на чамаданы.— Па-салдацку жыву, па-франтавому.

«Нішто сабе — «па-салдацку, па-франтавому»: такія два куфры!..» — варухнулася ў Аляксандры Пятроўны нянавісць да кватаранта.

— Дык я магу размяшчацца?

— Размяшчайцеся...

Мармычучы матыў нейкай заліхвацкай песенькі, Майер патарабаніў чамаданы ў свой пакой.

Дзверы былі адчынены, і Аляксандра Пятроўна чула, як ён жвава крочыў па пакоі і мармытаў усё тую ж песеньку. Потым пачаў насвістваць «Кацюшу».

«Здзекуецца, нягоднік!..»

Урэшце свіст спыніўся, і з пакоя выйшаў Майер.

— Ну вось, усё ў парадку — мая халасцяцкая кватэра, можна сказаць, абсталявана. Пачну патроху абжываць.— Ён яўна любаваўся сабой: хвацка паварочваўся на абцасах, рабіў крок туды-сюды, зноўку паварочваўся, трымаючы рукі за спіной, выпнуўшы грудзі.— Я, Аляксандра Пятроўна, мушу з’яўляцца на работу а дзевятай уранку. Было б вельмі не блага, калі б перад адыходам я меў шклянку гарачай кавы. Ведаеце, з маленства звычка: выпіць ранічкаю нашча шклянку. Цукар і кава ў мяне знойдуцца. Думаю, вам гэта не цяжка будзе рабіць?

— Не цяжка.

— Значыць, дамовіліся. Яшчэ адно: з работы я вяртаюся ў няпэўны час. Бывае — рана, а бывае — і позна. Таму, каб часам лішне не турбаваць вас, я хацеў бы мець свой ключ. Ці не знойдзецца для мяне ключ?

— Знойдзецца.

Яна пайшла на кухню, папоркалася ў шуфлядзе стала і адшукала запасны ключ.

— Данке!

Ціхенька ляпнуўшы дзвярыма, ён пайшоў з хаты.

 

5

— Каб ты, любенькая мая, ведала, як глыбока сядзіш у маім сэрцы! Што ні раблю,— ты са мною, увесь час са мною! Іншы раз такое находзіць, што хочацца кінуць усё і бегчы шукаць цябе... каб толькі пабачыць. Каб толькі пачуць тваё слоўца...

Ларыса калупалася ў сваіх кіпціках і моўчкі спакойна слухала п’яную балбатню Васіля.

Рэзаў вушы, грукатаў джаз. «Ві айнс Лілі Марлен...» — надрыўна выспеўвала на эстрадзе моцна размаляваная цыбатая дзеўка.

Васіль касавурыўся на амаль пустую пляшку і нешта мыляў неслухмянымі губамі. Ікнуўшы, патрабавальна выгукнуў:

— Ларыска, кульнём яшчэ па чарчыне!

— Ну што ж, кульнём. Дзе наша не прападала!..

Яна непрыкметным рухам кранула рукой блузку, і прарэз паміж грудзямі нашмат павялічыўся.

Гэта быў гонар Ларысы — грудзі. Бог не пакрыўдзіў яе — было чым варухнуць. Яна ўсяляк старалася выставіць напаказ сваё багацце. Станікаў у магазіне не купляла, а шыла па заказу, прасіла швачку рабіць усё, каб грудзі былі велічна ўзнятыя, пышныя. І, вядома, шмат клапацілася пра плацце — шыла з такім дэкальтэ, якое добра дэманстравала яе прыгажосці...

Трэба было бачыць, якая радасць свяцілася на твары Ларысы, калі яна заўважала, як некаторыя мужчыны кідалі сквапныя позіркі на яе: значыць, нездарма старалася! Можа, гляне сёй-той і з нямецкіх афіцэраў: у іх сухапарых мартаў ды эльзаў такога днём з агнём не знойдзеш — адно толькі званне, што грудзі!..

Вось і цяпер, даволі было ёй варухнуць плячом, каб паставіць на патрэбнае месца дэкальтэ, як паліцай, непрыкметна прыкрыўшы рукой вочы, упіўся позіркам у яе бюст. О, яе не ашукаеш, яна гэта добра заўважыла! Для таго ж і варухнула плячом... Ну што ж, зіркай, зіркай — лагаднейшы і больш патульны будзеш!

Васіль усё больш п’янеў. Вочы яго пасалавелі, язык перастаў слухацца. Набіраючы разгон, запрацаваў язык Ларысы. Тараторыць яна ўмела і любіла. Васіль глядзеў на яе, лыпаючы вачыма, ледзь паспяваючы сачыць за яе гаворкай.

— Можа, дзюбнем яшчэ па маленькай? — прапанавала Ларыса.

Шчокі ў яе гарэлі, яна зухавата ўстрасала сваімі прыгожымі бялявымі кудзеркамі і какетліва шчабятала:

— Васілёк! Чаго ты маўчыш? Я магу пакрыўдзіцца! Лапачу і лапачу я адна. А ты нешта — ні тпру, ні но... Што — я зараз не падабаюся табе?

— Навошта такое чаўпеш? Ты мне заўсёды падабаешся! Чуеш — заўсёды!..— Язык яго ледзь варушыўся.— А зараз у мяне думкі сур’ёзныя. Разумееш? Заўтра я павінен быць на важнай аперацыі. Табе я, канечне, не скажу, на якой. Бо — на сакрэтнай! Чуеш — на сакрэтнай!..— ён узняў палец і тут жа стукнуў ім па стале.

Яна безуважна корпалася ў талерцы з вінегрэтам — то падчэпіць на відэлец кавалачак селядца, то скібкай хлеба ссуне яго.

— А мне ніколечкі не цікава, куды ты падасіся са сваімі паліцаямі. Ведама ж — партызан высочваць. Хіба ж не праўда?

Васіль насцеражыўся. Чорная чупрына матлянулася ўбок.

— А ты... ты адкуль гэта ўзяла? — вырачыўшы вочы, зашаптаў ён.

Тут яна не вытрымала, зарагатала.

— Ды ведаю. Ты ж спіш і бачыш партызанскія атрады, на якія робіш аблавы, акружаеш, знішчаеш... Атрымліваеш высокія ўзнагароды, цябе робяць вялікім камандзірам, і ты... І ты, задраўшы ў неба нос, ходзіш гэткім усемагутным уладаром свету. На людзей пазіраеш, як на казюлек... Ці ж не праўда?

— Ну, сказанула...— Васіль па-дзіцячы, капрызна надзьмуў губы, насупіўся, зрабіўшы выгляд пакрыўджанага.— Задавакам я ніколі не быў і носа не задзіраў. Я... я...— ён запнуўся, не могучы падабраць слоў, якія выказалі б тое, што заварушылася ў гэтую хвілю ў яго галаве.— Я... увогуле... увогуле ў тым, што ты ляпнула, нейкая доля праўды ёсць... Сапраўды, партызаны мне не даюць спакою. Трэба ж неяк мне схапіцца з імі. Ну, так, каб выслужыцца, каб мяне заўважылі і адзначылі. Я ж паліцэйскі, нешта ж павінен рабіць, варушыцца, інакш... гаспадары ж могуць і пад зад даць, калі не вельмі будзеш рупіцца... Ты мяне разумееш?

Ларыса не адказала. У яе быў выгляд чалавека, апанаванага цяжкім роздумам. Адкінуўшыся на спінку крэсла, яна зацята курыла.

— А наконт узнагароды і ўсемагутнага ўладара,— зноў загаварыў Васіль,— дык яно... зусім не зашкодзіла б займець які крыжык ці ардэнок... Ды і ў камандзіры або ў начальнікі выбіцца — хто ж адмовіцца ад такога! Як прыдалося б гэта нам з табой, Ларысік,— і цяпер, і пасля вайны. Эх, і зажылі б мы!.. Ты ж, мой любы пупсік, праўду казала — згодна ісці са мной хоць на край свету?

— Праўду. Згодна,— буркнула Ларыса.

Яна пацягнулася да бутэлькі з фруктовай вадой, наліла ў шклянку, зрабіла некалькі глыткоў.

Васіль, нібы схамянуўшыся ад думкі, якая ў яго вось зараз раптоўна ўзнікла, урачыста выгукнуў:

— То давай напоўнім і асушым да дна за нашу шчасную будучыню! І каб яна надышла для нас!..

— З вялізнай ахвотай і радасцю! — азвалася ўраз павесялелая Ларыса.

Яны чокнуліся, абодва адным дыхам выпілі і неяк лена пачалі закусваць — есці ўжо не хацелася.

Пакалупаўшыся ў вінегрэце, Васіль адсунуў ад сябе талерку і, узняўшы вочы, паглядзеў на Ларысу так, нібы ўпершыню ўбачыў яе. Яе ўразіў гэты позірк.

— Ты што? Мо нядобра табе? — устурбавана запытала яна.

— Ды нічога,— пацепнуў ён плячыма.— Проста ў мяне з'явілася адна ідэя. Мне здаецца — вельмі важная...

— Якая ж? Калі не сакрэт, вядома.

Васіль крыва ўсміхнуўся. У момант пасур’ёзнеўшы, сказаў:

— Якраз ніякі не сакрэт. Для цябе. Для ўсіх — вялікі сакрэт, а для цябе — не...

— Ну, не мучай, кажы хутчэй! — з прытворна-ўмольнай грымасай праспявала Ларыса.

З дакорам зірнуўшы на яе, Васіль загаварыў:

— Не блазнуй, не трэба. Гэта сапраўды вельмі сур’ёзна.— ён нахіліўся над сталом, пальцы бязгучна забарабанілі па абрусе.— Вось мы толькі што выпілі за ўсё наша добрае, і каб яно прыйшло... Але ж яго трэба яшчэ здабыць. Я стараюся і буду старацца, каб збылося тое, што задумаў. Для сябе і... для нас... Час такі, што... Ты сама разумееш, як гэта нялёгка. Мне, паліцэйскаму, вельмі нялёгка. Выбіцца... каб я быў ацэнены... узняты... Паспрабуй з тымі ж падпольшчыкамі ці партызанамі пабарукацца... Як да іх падступіцца, выкрыць, злавіць або хоць бы на які след натрапіць?.. Аднаму страшэнна не проста. Вось я і прашу цябе, Ларысік, як-небудзь, хоць крышачку, дапамагчы мне...

— Я? Чым? Што я магу? — сыпанула яна, перабіўшы Васіля. У вачах заблішчэлі і здзіўленне, і бездапаможнасць, і роспач.

Ён паклаў руку на Ларысіна плячо і, як някемліваму дзіцяці, загуў над яе вухам:

— Ды нічога асаблівага табе, мая дурненькая, рабіць і не трэба. Проста — жыві, як жыла, і — прыглядайся, прыслухоўвайся, запамінай... Можа, на што-небудзь цікавае для мяне і наткнешся. Можа, натрапіш на якую зачэпачку, напорашся на нітачку, што дапаможа разматаць цэлы клубок. Назірай за сваімі знаёмымі, старайся ўведаць, чым яны дыхаюць цяпер, пры новай уладзе. Магчыма, заўважыш за імі сёе-тое, падазронае, што заслугоўвае высвятлення... Ну і шапні мне. А я ўжо буду кумекаць. Вось і ўся помач, якую мне хацелася б ад цябе мець...

— Такое можна, коцік мой ненаглядны! — расплылася ва ўсмешцы Ларыса.— Гэта я магу рабіць найлепшым чынам і з ахвотаю!..

— Значыць, лады? — па-змоўніцку падміргнуў ён.

— Лады! — шапнула яна.

Джаз усё грукатаў, ажно зала разлягалася.

Па прапанове Васіля яны выпілі за тую іх, як ён сказаў, святую дамоўленасць, потым — на дарожку і пакінулі рэстаран.

Было ўжо даволі позна. Бязлюдныя вуліцы, нідзе ні агеньчыка. Вусцішна рабілася і ад гэтай сцішанасці горада, і ад глухой цемры, што панавала ў яго кварталах.

— Мне страшна, Васілёк! — тулілася да хлопца Ларыса.— Ты праводзіш мяне?

— А як жа! — хмыкнуў ён.— Адну цябе адразу ж сцапаюць. Пакуль разбяруцца — ліха паспытаеш.

Ён ведаў вуліцу Талстога, дзе жыла Ларыса,— не першы раз праводзіў яе. Далёка, ліха матары, але нікуды не дзенешся — яна зробіцца здабычай першых жа патрулёў.

Мабыць, маўклівасць горада нейкім чынам перадалася і ім —ладны час яны ішлі моўчкі. Вечар у рэстаране на гэты раз прайшоў не як звычайная чарговая пагулянка — ён скончыўся размовай, ажыццяўленне якой магло ўварвацца ў лёс кожнага з іх і ў лёс абодвух разам. Відаць, цяпер яны, моўчкі ступаючы па пустыннаму гораду, усё яшчэ былі ў той размове, па-свойму асэнсоўваючы яе.

Загаварыла Ларыса.

— Васілёк,— тузанула яна хлопца за руку, якую трымала ў сваёй руцэ.— Я, здаецца, магу табе нештачкі шапнуць...

— Што ж ты хочаш мне шапнуць, мая красачка? — гулліва запытаў ён.

— Ды я пра сур’ёзнае,— засердавала Ларыса.

— Давай і пра сур’ёзнае,— насцярожыўся Васіль.

— Я вось зараз, пакуль мы ішлі, успомніла адну жанчыну. Мы перад вайной разам працавалі на швейнай фабрыцы. Актывісткай такой была, любіла на сходах выступаць, пра камунізм усё спявала. Муж на фінскай вайне загінуў. Сын, як пачалася гэтая вайна, некуды знік. Можа, дзе ў арміі, а можа, у партызанах... Калі ў горадзе былі ўжо немцы, хавала акружэнцаў. Пра гэта хадзілі моцныя чуткі. Мабыць, да ўлад яны не дайшлі... Мы жывём па суседству — цераз вуліцу, вокны ў вокны. Разы са два я бачыла, як да яе ў двор заходзіў незнаёмы чалавек, адзін і той жа. Яе знаёмых я ўвогуле ведаю, а гэтага нешта ні разу не бачыла... Можа, варта пацікавіцца маладзіцай?

— А што ты думаеш! — у радасным узрушэнні выгукнуў Васіль.— Тут можа нешта быць!.. Акружэнцы, сынок, незнаёмы — ёсць за што зачапіцца. Зусім, зусім магчыма, што для нас важная птушка гэта... гэта... Як яе?

— Гайдуковіч Аляксандра Пятроўна.

— Ну, што ж, Гайдуковіч, не крыўдуй,— Васілёў голас клекатаў ад радасці,— пацікавімся тваёй асобай, пацікавімся. Патурбуем, абавязкова патурбуем!... Дзякую, ад душы дзякую, мой любенькі Ларысік! Ты мяне сёння ўсцешыла, так усцешыла!..

 

Бязмежна ўсцешана была і Ларыса. У тую ноч яна доўга не магла заснуць. Круцілася на ложку ў злапомнай радасці, у прадчуванні шчаслівай асалоды, якую яна атрымае, калі збудзецца задума.

«Спазнаеш і ты, гадаўка, ліха! Ды не такога, як я! — спявала Ларысіна душа.— Адальюцца табе мае тыя гаручыя слёзкі, тое маё горкае гора!..»

...Яны сапраўды перад вайной працавалі на швейнай фабрыцы — Ларыса і Аляксандра Пятроўна. Па-суседску жывучы, часта разам хадзілі на работу, разам вярталіся дамоў. Узаемаадносіны ў іх былі даволі няпэўныя. Здаралася, сварыліся, ладзілі, зноў сумесна мералі шлях да фабрыкі і назад. Не толькі рознасць узростаў, а і натур, звычак, адносін да жыцця не дазваляла ім сысціся блізка, пасябраваць.

Адно з вяртанняў суседак дамоў скончылася гучным скандалам.

Швачцы Ларысе надта ж спадабаўся шоўк, толькі што атрыманы фабрыкай,— такія ўзоры, такія колеры!.. І яна не вытрымала спакусы — адрэзала некалькі метраў, у канцы работы прашмыгнула з пакункам у туалет і абгарнула матэрыю вакол сябе...

Ішла тады Ларыса з Аляксандрай Пятроўнай — нібы на крылах ляцела. Тымі крыламі, вядома, быў шоўк, што шчыгульненька аблягаў яе цела. І ўсё скончылася б добра, калі б пракляты д’ябал не пацягнуў яе за язык!.. Ларысе так захацелася, так захацелася пахваліцца прыгажосцю, якая стаілася ў яе пад кофтачкай, што яна расшпіліла каўнерык і сказала пра свой малюпасенькі грашок...

Аляксандра Пятроўна спачатку здзівілася, потым ахнула, а далей раз’юшылася. Яна запатрабавала вярнуцца на фабрыку і здаць украдзенае. Ларыса адмовілася.

Назаўтра на вытворчай лятучцы Аляксандра Пятроўна расказала пра кражу швачкі.

Быў суд. Ларыса атрымала тры гады астрогу. Адбывала ў Гродне. Адбыла крыху больш за палову тэрміну, як пачалася вайна. Астрог не паспелі эвакуіраваць, і зняволеныя разбрыліся хто куды. Праз колькі сутак Ларыса дабралася да мінскай дамоўкі...

...«Дорага ты заплаціш за той шоўк, падла ты трыбухатая, змяюка падкалодная, зараза паршывая! — на чым свет стаіць кляла Ларыса Аляксандру Пятроўну.— У такія ручкі аддасць цябе Васілёк, што і галавой наложыш! Дастаткова будзе доказаў!.. Няважна, што я не бачыла таго незнаёмага, які нібыта да цябе хадзіў,— чым ты дакажаш, што не хадзіў?.. А акружэнцы? А сынок?..»

 

6

Гаўптман Франц Майер вяртаўся са службы да свайго новага жытла. Ішоў хадою чалавека, якому няма куды спяшацца, якога ніхто не чакае там, куды ён кіруецца.

Быў адвячорак. Рэзкі парывісты вецер віхурыў у закуродымленых каробках дамоў, у падворках і пад’ездах, гнаў па вуліцы попельна-шэрыя пасмы пылу. Сухі пясок і дробныя каменьчыкі шаргацелі па бруку і глуха барабанілі аб лісты пакарабачанай згарэлай бляхі, што валялася то тут, то там.

Рэдкія сустрэчныя прахожыя стараліся неўпрыкметку размінуцца з афіцэрам, каб лішне не ўпадаць у вока чужынцу.

Нямецкі ваяка штодзень ходзіць па вуліцы Маскоўскай, кватаруе на вуліцы Льва Талстога... У гэтым было штосьці злавеснае і адначасова жахлівае, штосьці розуму недаступнае...

Не даходзячы да вялізнага бетоннага моста цераз чыгунку, Майер звярнуў налева, у нешырокую вулачку. Яшчэ мінут пяць хады — і будзе Льва Талстога.

«Малайчына фельдфебель Шварцман — зручную кватэру падшукаў,— з удзячнасцю да свайго старшыны падумаў гаўптман.— І блізка ад работы — усяго нейкая паўгадзінка хады, і — самае галоўнае — бяспечна: раён нашпігаваны нямецкай сілай, недалёка адсюль кватаруюць некалькі важных вайсковых чыноў з добрай аховай. Ды і побач — пасажырская станцыя, а з другога боку — таварная, там яшчэ больш надзейная ахова».

Ён збочыў на вуліцу, якую, каб не ведаў, палічыў бы за вясковую. Вузкая, выгінастая, абапал платы — то штакетнік, то глухі высокі тын, разнаколерны, фарбаваны даўно — мабыць, вясною, цяпер ужо добра злінялы і забруджаны. Драўляныя аднапавярховыя хаты патанулі ў зеляніне садоў: яблыні, грушы і вішні са слівамі так разбуяліся, што не разабраць, якая будыніна віднеецца на двары — хляўчук ці мо прыгрэбка. Зрэдку трапляюцца двухпавярховыя дамы-мураванкі — яны высоўваюць праз зялёныя шаты свае жоўтыя і белыя макаўкі і фанабэрыста красуюцца перад драўлянымі сваякамі-недаросткамі. Сям-там узбоч вуліцы папрыхоўваліся ў агароджы водаправодныя калонкі.

Домік Аляксандры Пятроўны, дзе стаяў кватарантам гаўптман, нічым не вылучаўся сярод многіх. Гэтак жа пільнаваў уваход на сядзібу глухі няпэўнага колеру тын. Раскашаваў на той ладнай сядзібе сад. Кідалася ў вочы, што з дбайнай гаспадарскай рукою знаўся немаленькі гарод.

Аляксандры Пятроўны дома не было — недзе забавілася, звычайна ў такі час яна корпалася ў хаце ці дзе на панадворку.

Гаўптман увайшоў у свой пакойчык, павесіў фуражку з высокай тульяй на цвік, убіты каля дзвярэй, паклаў планшэт на край стала, што стаяў побач са старамодным цёмна-вішнёвым камодам. Расчыніў акно ў сад, адтуль пацягнула надвячоркавай прахалодай. Вецер шастаў трапяткой лістотай, варушыў купчастыя верхавіны яблынь і груш.

Ён доўга тупаў па пакоі — з кута ў кут, з кута ў кут. Расшпіліў каўнер мундзіра, папругу з цяжкой пісталетнай кабурою кінуў на ложак. Прысеў на канапу. З галавы не выходзіла нарада ў камандзіра батальёна.

Маёр кідаў афіцэрам часці дакоры за абыякавасць, злачынна нядбайныя адносіны да сваіх воінскіх і службовых абавязкаў. Камандаванне нездаволена батальёнам. На давераных яму ўчастках і аб’ектах няма спакою і патрэбнага гітлераўцам парадку. Дыверсіі, сабатаж, трупы воінаў фюрэра ў руінах горада, на ўскраінных вулках... Колькі будзе працягвацца такое?.. У вушах Майера і зараз гучыць пагрозная перасцярога маёра: «Калі мы не навядзём у сваім раёне железнага парадку,— наш батальён памаршыруе на фронт...»

«Фронт, фронт!..— гаўптман падхапіўся з канапы і зноў затупаў па пакоі.— Не страшны фронт,— страшна тое, што творыцца тут, там, на ўсім белым свеце!..»

Майера ўсё часцей і часцей апаноўваў пакутны одум, ён гняце вось ужо колькі гадоў, яшчэ з той пары, калі яго бацькаўшчына запаліла гэту праклятую вайну. Зноў і зноў згадваецца дзень, у які на плечы настаўніка літаратуры Франца Майера шчыгульна лёг салдацкі шынель. З яго, чалавека адукаванага, гарматнае мяса рыхтавалі хуткімі тэмпамі. Нешта месяцы са два муштравалі ў ваенным лагеры, выбівалі грамадзянскасць. Потым былі спецыяльныя афіцэрскія курсы, на якіх вучылі барацьбе з партызанамі і рознымі падпольшчыкамі, знаёмілі з іх метадамі і тактыкай. А далей выпускніка курсаў Майера павялі многія пуцявіны вайны, у якой брала ўдзел і іх палявая паліцыя. Гэта была паліцыя, на якую ўскладалася задача сачыць за парадкам на занятай зямлі, мацаваць тылы заваёўнікаў.

Колькі давялося пабачыць на тых ваенных дарогах! Учарашні настаўнік яшчэ ў пару першай сваёй сталасці ведаў, што такое фашызм. Ведаў, што ён ужо натварыў за кароткі свой век. І ў сябе дома, у Нямеччыне. І ў Іспаніі. Прыход Гітлера да ўлады сям’я Майера ўспрыняла як вялікае няшчасце для краіны і як сваю ўласную бяду. Людзі ж ведалі, што старога Майера згнаілі ў турме за ўдзел у 1919 годзе ў падзеях, звязаных са стварэннем Баварскай Савецкай рэспублікі. Старэйшы брат Франца Рудольф у тыя бурныя дні пайшоў добраахвотнікам у нямецкую Чырвоную Армію. А ў самога маладога настаўніка — вядома было сяму-таму — не дужа ляжала душа да тых, што верхаводзілі ў краіне... Калі б пра гэта падаткнуў каму трэба які злыдзень,— нездабраваць бы такой сямейцы! На шчасце, абышлося...

Сапраўдную сутнасць германскага фашызму, яго глыбіннае нутро Франц Майер уведаў вось цяпер, калі апынуўся ў віры вайны. Ён сам бачыў крывавыя сляды нямецкай ваеншчыны на польскай зямлі, незагойныя раны на беларускай зямлі, на якой і яго паліцыі трэба ствараць належны акупацыйны рэжым, пакуль недзе там, на ўсходзе, з усяе сілы рвецца да сваёй перамогі гітлераўскае воінства...

Хіба ж не зразумець савецкіх людзей, якія так самаахвярна б’юцца з немцамі, прымаюць самую лютую смерць, але не скараюцца? І не дзіва, што ў заваяваных раёнах, калі фронт ужо немаведама дзе, барацьба не сціхае: такія гэта людзі! Кладуць галовы, а не даюць чужынцам гаспадарыць на бацькоўскай зямлі. І тут, у глыбокім тыле, ідзе зацятая барацьба, і тут фронт — бязлітасны, няўмольны...

«Нялёгка, ой як нялёгка будзе расправіцца з гэтым фронтам! — Майер стомлена сеў у мяккае крэсла, адкінуў на спінку галаву і заплюшчыў вочы.— А ці трэба распраўляцца?..»

 

7

Быў ужо даволі позні ранак, калі ля сядзібы Аляксандры Пятроўны спынілася машына. Праз акно добра было бачна, як з яе вылезлі два мужчыны з вінтоўкамі і, прашмыгнуўшы праз брамку, падаліся да яе хаты.

Дома яна была адна, Майер ужо даўно пайшоў на работу.

«Чаго гэта яны пруцца сюды? — устрывожана думала Аляксандра Пятроўна.— Якога ліха трэба ім?..»

Прайшоўшы сенцы, без стуку адчынілі дзверы ў хату.

Пярэдні, белабрысы камлюкаваты чалавек сярэдняга веку, пераступіўшы парог, буркнуў «Добры дзень» і нягучна спытаў:

— Ві ест Гайдуковіч?

Аляксандра Пятроўна пазнала іх па форме — нямецкая паліцыя.

— Я,— гэтак жа нягучна адказала яна.

— Вам трэба ехаць з намі,— коратка кінуў ён.

— А куды? Чаго? — роспачна развяла рукамі жанчына.

— Там скажуць. Ёсць загад даставіць.— І ён стаў у позу чалавека, які чакае, каб выканалі толькі што сказанае.

— То, можа, што ўзяць з сабою? — Яна пераводзіла позірк з аднаго паліцэйскага на другога.

— Нічога не ўзяць,— мармытнуў белабрысы...

Ехалі яны нядоўга.

Машына спынілася перад трохпавярховай камяніцай, якая амаль што адзіная ўцалела ў гэтым даволі глухім завулку.

Аляксандра Пятроўна зірнула на будынак і зразумела, куды прывезлі: тут размяшчалася нямецкая паліцыя.

Канваіры спынілі яе перад пакоем, на дзвярах якога на выцвілым квадраціку былой шыльды паблісквала новая, напісаная па-нямецку.

Пастукаўшы, за дзвярыма знік адзін з канваіраў. Неўзабаве ён вярнуўся і падаў знак Аляксандры Пятроўне ўвайсці.

Маладжавы лейтэнант, які сядзеў за гламаздаватым сталом, накрытым мышаста-зялёнага колеру абрусам, кіўком галавы прывітаўся і прапанаваў сесці.

— Дык будзем знаёміцца... фрау Аляксандра Гайдуковіч,— зірнуўшы неўпрыкметку ў паперку, што ляжала на стале, сказаў ён. «І гэты чэша па-руску»,— Аляксандры Пятроўне міжволі згадаўся яе кватарант.— Нам пра сёе-тое трэба пагаварыць. Ад нашай гаворкі многае будзе залежаць.— ён буркнуў штосьці канваіру, які ўсё яшчэ стаяў тут і ўважна прыслухоўваўся. Той пайшоў.— І ваша ўласнае жыццё...— пасля маленькай паўзы вымавіў лейтэнант, пусціўшы на твар усмешку і тут жа сагнаўшы яе.— Так, так! Нам вядома пра вас столькі, што вы нават і не ўяўляеце сабе. Ваша прызнанне палегчыць ваш лёс. Вы ж, мабыць, ведаеце, як мы распраўляемся са сваімі ворагамі?

Ён спадцішка назіраў, якое ўражанне зрабіў на арыштаваную сваёй гаворкай. Прайшоўся па даўжэзным пакоі з канца ў канец, стаў каля крэсла, на якім сядзела Аляксандра Пятроўна.

Яна знямела маўчала.

— Што вы ад мяне хочаце? Пра што дапытваецеся? У чым я павінна прызнавацца? — голас яе дрыжэў, зрываўся.— Я нават не ведаю, чаго мяне прывезлі сюды...

Позірк лейтэнанта свідраваў арыштаваную. Афіцэр яўна пачынаў нервавацца.

— Няўжо вы думаеце, што мы, немцы, такія дурні, што не бачым, што робіцца ў нас пад носам? — Ён плюхнуўся ў крэсла. Паспрабаваў надаць свайму голасу як мага больш лагоднасці.— Дарэмна вам, фрау, здаецца, што мы не ведаем, хто вы такая...

— Вы з некім мяне зблыталі...

— Не зблыталі! — грымнуў паліцыянт, страціўшы вытрымку. Ён увачавідкі пабарвавеў. Зноў устаў з-за стала, затупаў па пакоі. Прыпыніўся каля акна, даволі доўга глядзеў у яго, барабанячы па падаконніку. Крыху астыўшы, вярнуўся да крэсла, сеў.

— Вы сказалі, фрау, што вас зблыталі з некім,— загаварыў лейтэнант.— А скажыце, ці не вы хавалі савецкіх воінаў, што выходзілі з акружэння? Кармілі, паілі і тайком у дарогу выправілі? Хіба вы не ведалі загаду нямецкага камандавання, які пад пагрозай смерці забараняў гэта?

Яна сядзела, апусціўшы галаву, уся сцяўшыся, нібы чакаючы ўдару.

«Значыць, вось чаму ўзялі! — мільганула ў галаве.— Нехта данёс, выдаў...»

— Што ж вы маўчыце? — як аднекуль здалёк, даляцеў голас паліцыянта.

«Так, адказваць трэба, трэба...» — бязлітаснымі малаточкамі стукала кроў у скронях.

— Было такое...— глуха выціснула яна з сябе.— Зайшлі аднойчы два салдаты. Папрасілі есці. І пайшлі... Як я магла не даць? Свае ж людзі... Галодныя...

— Ведалі, што нельга было гэта рабіць?

— Чула...

— Вось бачыце, а кажаце, што зблыталі вас з некім, і не ведаеце, чаго сюды прывезлі.— ён ледзь прыкметна ўздыхнуў.— Цяпер скажыце другое: што за чалавек наведваецца да вас?

— Які чалавек? — бровы ў Аляксандры Пятроўны гнеўна ўскінуліся.

— І я пытаюся: хто патаемна ходзіць да вас? — хітрая ўсмешка з’явілася на твары лейтэнанта.— Яго неаднаразова бачылі суседзі, як ён крадком з’яўляўся і знікаў.

— Ну, гэта ўжо лухта несусветная! — злосна крыкнула жанчына.— Ніхто да мяне патаемна не хадзіў і не ходзіць! Хлусня, адна хлусня гэта!..

Паліцыянт, крыху счакаўшы, пакуль Аляксандра Пятроўна супакоіцца, працягваў:

— І яшчэ, фрау Гайдуковіч, скажыце; дзе ваш сын?

Яна ад нечаканасці прыўзнялася з крэсла і зноў села. Здалося, ёй зацяло дыханне.

— Вы... вы што-небудзь... ведаеце пра... майго сына?..— заікаючыся, ледзь чутна вымавіла Аляксандра Пятроўна.

— Гэта я ў вас пытаюся пра яго,— жорстка кінуў лейтэнант.— І прашу... без усякіх сантыментаў адказваць!

— Каб жа я ведала, дзе мой сынок...— На твары жанчыны — глыбокая скруха і пякучы боль.— Як пайшоў на пачатку вайны з групай студэнтаў, дык хоць бы якая чутка...

— А можа,— пад тон Аляксандры Пятроўны працягнуў паліцыянт,— ён з групай студэнтаў арганізаваў партызанскі атрад і... б’е нямецкіх захопнікаў... як пішуць у савецкіх газетах.— Задаволены дасціпным паваротам допыту, следчы шырока заўсміхаўся.— Магло такое здарыцца?

Яна з дрэнна прыхаванай нянавісцю зірнула на свайго мучыцеля:

— Не ведаю, нічога не ведаю...

— Хто ж паверыць,— не сунімаўся паліцыянт,— што сын не падае роднай маме вестак, што ў іх няма ніякай сувязі?.. Як бачыце, фрау Гайдуковіч, у нас ёсць пра што гаварыць, і расказваць у вас ёсць пра што...

Ён скрыжаваў на грудзях рукі і, ва ўпор гледзячы на Аляксандру Пятроўну, з ліслівай усмешкай сказаў:

— Значыць, пачнем. Я вас слухаю. Расказвайце.

— Мне няма чаго расказваць...

Лейтэнант змяніўся з твару. Ружовасць расплылася па шчоках, ён замыляў губамі, вочы злавесна заблішчэлі. Здалося, зараз выбухне крыкам, лаянкай. Але ён авалодаў сабой і даволі спакойна працадзіў скрозь зубы:

— Ну што ж, пачакаем да заўтра. Я не спяшаюся. Спадзяюся, што мае хлопцы здолеюць развязаць вам язык... І яшчэ раз напамінаю: ваша жыццё — у вашых руках!..

Выклікаўшы канваіра, паліцыянт загадаў адвесці арыштаваную ў камеру.

Настрой быў дашчэнту сапсаваны. Учора яму здалося, што ўдача нарэшце плыве ў яго рукі. Столькі часу ён, следчы лейтэнант Мюфке, не раскрыў ні адной важнай справы, а тут яна, можна сказаць, сама жыўцом легла на стол, бяры ды раскручвай: мясцовы паліцэйскі Васіль Базылькевіч з’явіўся і расказаў пра гэту Гайдуковіч. Бажыўся і кляўся, што калі ўмела, з розумам узяцца — вынікі будуць надзвычайныя. У паліцэйскі ўчастак, дзе сам служыць, паведамляць не стаў таму, што якраз сумняваецца ў здатнасці супрацоўнікаў сваёй паліцыі ўправіцца з гэтай вернай, але не лёгкай справай... «Нашы недарэкі,— сказаў,— могуць праваліць, а з мяне яшчэ і кпіць будуць, што перастараўся. А ў вашых хлопцаў вопыт не той і ўсё-такі ўмельства... Толькі не забудзьцеся потым, што гэта ж я прасігналіў...»

«Не забудзем, калега, не забудзем,— Мюфке паблажліва ўсміхнуўся.— Толькі б удала ўсё атрымалася...»

Што справа не лёгкая, у гэтым лейтэнант пераканаўся з першай жа сустрэчы з арыштаванай. Маўчыць, усё адмаўляе...

«Ну, нічога, гэта ж толькі першая сустрэча,— супакойваў сам сябе Мюфке,— пабачым, што дадуць наступныя. Пастараемся, як можам... Для мяне ж перш за ўсё трэба пастарацца выбіць з гэтай рускай бабы што-небудзь важнае...»

 

Камера такая малюсенькая, што можна легчы, толькі падкурчыўшы ногі.

«Чаго яны хочуць ад мяне? За што арыштавалі?..— прыціснуўшыся да куточка камеры, зноў і зноў думала Аляксандра Пятроўна.— Якога чалавека, што хадзіў да мяне, прыплялі? Ніхто ж не хадзіў, і бачыць яго ніхто не мог. Тут нейкая правакацыя... А што нашых салдат пакарміла, то няўжо за гэта катаваць?.. Пра Валодзьку... Ну, што яна можа сказаць, калі нічагусенькі не ведае, дзе ён і што з ім!.. Паліцыянт заявіў, што яго хлопцы змогуць развязаць ёй язык. Ды хоць рэжце мяне на кавалкі,— што я вам, ірады, скажу пра Валодзьку?.. Каб і ведала, то трасцу адкрылася б, а тут...»

Яны неўзабаве з’явіліся: адзін — высозны здаравяк, другі — дробненькі ростам, з нейкай застылай на твары ўсмешкай. Здаравяк трымаў у руцэ ладны чамадан, абцягнуты жоўтай скурай, дробненькі нёс вядро з вадой.

Калі дзверы камеры зашчоўкнуліся, позіркі паліцэйскіх спрактыкавана абабеглі памяшканне, нібыта збіраліся тут уладкоўвацца і ў думках ужо прыкідвалі, дзе што размясціць. Нетаропка, па-гаспадарску паставілі прынесенае — чамадан у адзін кут камеры, вядро з вадой — у другі.

Аляксандра Пятроўна як сядзела на ложку, так і засталася сядзець. Яна глядзела на прышэльцаў і ніяк не магла сцяміць, што яны збіраюцца тут рабіць. «Чамадан, вядро з вадой... Бамбіза з закасанымі рукавамі і нехлямяжы карантыш з дзіўнай ухмылкай... Што гэта за праява?..» — свідравалі яе недаўменныя пытанні.

Яны маўчалі. Доўга, злавесна. Аляксандра Пятроўна паволі ўстала і, не ведаючы, у каторага папытаць, што ім трэба, паглядала то на аднаго паліцмана, то на другога.

Нарэшце загаварыў здаравяк. Пакутна-цяжка падбіраючы словы, ён сказаў:

— Мы... прышол... боль... рабіць боль... вам... Загад такі... разумей — бефель... начальства... Будзеце згодны... даваць расказ пра ўсё... боль будзем канчаць рабіць. Вядзем да лёйтнант... Ферштэйн?..

Аляксандра Пятроўна зразумела. Як тут не зразумець — будуць катаваць, пакуль не сазнаецца. Але ў чым сазнацца?..

— Будзеце... расказ даваць? — запытаў здаравяк.

— Няма расказ...— яна апусціла галаву.— Рабіце, што хочаце...

— Давайце... створым... дагавор,— узяўшы чамадан, паліцэйскі стаў побач з Аляксандрай Пятроўнай.— Захочаце гаварыць... падавайце знак. І пайшлі да лёйтнант... Гут?

Яна нічога не адказала. Ніякага знаку, каб вялі на гаворку з лейтэнантам, яна не падасць. Ніякай гаворкі быць не можа...

Нейкая млявасць разлілася па целе, страцілася адчуванне, дзе яна знаходзіцца і што зараз тут творыцца. Страху не было, з’явілася абыякавасць — і да таго, пра што гаварыў гэты паліцыянт з закасанымі рукавамі, і да таго, што ён, адчыніўшы чамадан, дастаў адтуль і пакручвае ў руках якісьці блішчасты абруч.

Паліцэйскія, перакінуўшыся між сабой некалькімі словамі, вынялі з таго ж чамадана вяроўку, паклалі Аляксандру Пятроўну на ложак і звязалі за спінай рукі. Моцна звязалі, варухнеш — боль працінае.

Таўсцяк начапіў жанчыне на галаву абруч — металічны вянок аперазаў лоб, скроні, патыліцу.

Аляксандра Пятроўна ляжала на левым баку, велікаваты абруч непрыемна халадзіў лоб і левую скронь. Але вось паліцэйскі нешта заваждаўся каля абруча, што ахопліваў патыліцу, штосьці там пачаў паварочваць, падкручваць, і жанчына адчула металічны халадок і на правай скроні. Шчыгульна аблёг абруч і шыю. Вось ён ужо стаў цесны, балюча душыць. У абедзвюх скронях шалёна застукала кроў — здавалася, яна вось-вось прарве жылы і пырсне ва ўсе бакі... А ціск усё павялічваўся і павялічваўся, рэзкі боль рос і рос. Падалося — галава зараз лопне, раструшчыцца на дробныя кавалачкі...

Аляксандра Пятроўна страціла прытомнасць...

Карантыш нетаропка ўзяў вядро і, як чалавек, які ўрэшце дачакаўся сваёй чаргі нешта зрабіць, спаважна пачаў ліць на жанчыну. Яна праз нейкі момант варухнулася, адкрыла вочы, скаланула галавой і зноў знепрытомнела. Таўсцяк зняў абруч, яшчэ раз пусцілі ў ход вядро з вадой, і Аляксандра Пятроўна канчаткова ачомалася. Яна ціха стагнала, час ад часу ўсхліпваючы, шмыгаючы носам.

Бачачы, што арыштаваная не збіраецца што-небудзь сказаць, паліцэйскія развязалі ёй рукі і, захапіўшы свае прычындалы, пакінулі камеру.

Пад вечар яны зноў наведалі Аляксандру Пятроўну. Цалкам паўтарылі папярэднюю аперацыю. Назаўтра з жоўтага чамадана было вынята і пушчана ў работу яшчэ сёе-тое: іголкі, што заганяюцца пад пазногці; нагрудны пояс, які сціскае тулава чалавека так, што рэбры трашчаць і спыняецца дыханне...

Так працягвалася некалькі дзён. Вынікі былі адны і тыя ж: страта прытомнасці, вядро халоднай вады і — маўчанне...

 

У той дзень нешта доўга яе не чапалі. Апоўдні наглядчык прынёс паўміскі поліўкі з крышанчыкам хлеба і замкнуў дзверы. Пад вечар пачуўся глухі шоргат ключа, іржавае скрыгатанне дзвярэй.

— Пайшлі!..

Яе прывялі да таго ж лейтэнанта.

— О, як неважнецка вы выглядаеце, фрау! — з прытворнай устурбаванасцю прамовіў ён.— Мабыць, мае хлопцы трошкі перастараліся, адшукваючы з вамі агульную мову. Ну, гэта бывае. Ды я іх і не вельмі дакараю за такое. Хто ведае, дзе тая мера! Асабліва калі трапіцца вось такая негаваркая асоба, як вы...

Ён устаў з-за стала, абышоў яго, сеў, зноў устаў. Штосьці злавеснае, затоенае свяцілася на яго твары.

— Дык вось. Апошняя ў нас размова. Я вас слухаю.

Аляксандра Пятроўна неяк сцялася, быццам падрыхтавалася да страшэннага ўдару, які вось-вось абрынецца на яе.

— Я ўсё ўжо сказала.

— Вы нічога не сказалі!

— Бо ў мяне няма чаго казаць...

— Хто да вас хадзіў?

— Ніхто не хадзіў...

— Дзе сын?

— Не ведаю...

Лейтэнант надоўга замоўк. Здавалася, што ён глыбока задумаўся, што яго агарнуў напружаны роздум. Раптам, нібы схамянуўшыся, спакойна сказаў:

— Ну, што ж, вы самі сабе падпісваеце прысуд. Калі заўтра ўранку не загаворыце, мы вас расстраляем...

Яна нават не зварухнулася. Квола вымавіла:

— Страляйце. Хутчэй бы канец...

Але Аляксандру Пятроўну не расстралялі.

Непасрэдных доказаў яе сувязей з падпольшчыкамі ці партызанамі ўстанавіць не ўдалося. Аднак у сяго-таго з высокіх чыноў цеплілася надзея: а раптам усё-такі сувязь ёсць?..

І яе выпусцілі, узяўшы пад строгі нагляд: можа, на чым-небудзь ды пападзецца...

 

8

Оберст фон Дранцыгер цяжка варухнуўся ў крэсле, агледзеў кабінет.

Гэта быў чалавек у ладных гадах. Друзлы твар старанна дагледжаны. Шчокі добра такі абвіслі. Раскашуе валляк-падбароддзе. Лоб прарэзалі глыбокія маршчыны — нямала, відаць, давялося перадумаць гэтай галаве, якую час старанна выгаліў, пакінуўшы толькі сякія-такія агрэхі на патыліцы і на скронях.

У вялізным оберставым кабінеце стаяла ціша. Адно былі чуваць за акном мерныя крокі вартавога. Як заведзены, ён з аўтаматам на грудзях праходзіў міма акна, праз пэўныя мінуты вяртаўся назад, зноў праходзіў, праўцом трымаючы галаву.

Позірк фон Дранцыгера ўтаропіўся ў тоўстую папку, што ляжала на стале. Праз колькі хвілін оберсту здалося, што нехта глядзіць на яго, цікуе за кожным яго рухам. Так выразна здалося, што ён здрыгануўся. Бывае ж такое: ты неяк патыліцай адчуваеш, што за табой сочаць, пранізваюць позіркам. Азірнешся — так яно і ёсць...

Фон Дранцыгер адарваўся ад папкі, вочы яго абшнырылі пакой: нікога няма... Знаёмыя крэслы ўздоўж сцен, два накрытыя зялёным сукном сталы воддаль, вялікая карта-план горада на сцяне і...

Оберст міжволі ўстаў: з процілеглай сцяны на яго глядзеў Гітлер. Фон Дранцыгеру здалося, што фюрэр глядзіць злосна, гнеўна, вось-вось закрычыць-залямантуе — істэрычна, прарэзліва, так, як толькі ён умее крычаць-лямантаваць...

«Фу ты, насланнё нейкае!..— Оберст сеў, выцер насоўкай узмакрэлы лоб і лысіну.— Нервы, нікуды ўжо нявартыя нервы. Старэю...»

Супакоіўшыся, фон Дранцыгер нярушна сядзеў, задуменны і змрочны. Бровы насупіліся, сышліся на пераноссі, ад чаго маршчыны на лбе і пад вачыма паглыбелі...

Та-а-ак, Фрыдрых, сёе-тое пачынае табе не падабацца ў гэтай Руслянд, у гэтай Беларутэніі, у гэтай усходняй кампаніі. А хто ж вінаваты, што ты апынуўся тут? Сам жа ўпарта дамагаўся адпраўкі на ўсходні фронт. Памятаеш, на якім па ліку рапарце з’явілася «Не пярэчу»?.. Хіба ж блага табе было ў Парыжы? Спакой, парадак, раздолле для душы!.. «Оберст Фрыдрых Дранцыгер — гаспадар Манмартра!..» От толькі шкада, што нельга было скінуць з плячэй пару дзесяткаў гадкоў... Ты баяўся, што без цябе скончыцца гэты так удала пачаты грандыёзны паход у Расію, і ты не прымеш у ім удзелу, і не павісне на тваіх грудзях, абвешаных ордэнамі і крыжамі, яшчэ які-небудзь ордэн ці крыж і за гэту кампанію. Не сустракаць жа, думалася табе, канец вайны ў Парыжы! Пабываеш на ўсходнім фронце, і ніхто потым не папікне цябе, што ў той грымотны час адседжваўся там, дзе вайной малавата пахла...

Праўда, трохі па-іншаму ўяўляўся на парыжскіх вуліцах паход на Расію. Гэты праціўнік не спяшаецца вывешваць на балконах дамоў белыя сцягі. Адзін брэсцкі арэшак грызлі цэлы месяц!.. Фанатыкі праклятыя! Фронт ужо чорт ведае дзе, абложаны з усіх бакоў, усё ў агні, суцэльнае пекла, а не здаюцца, трымаюцца!.. А то выкінуць такое, што жахнешся. Пад Оршай так смалянулі з нейкіх новых гармат, што зямля гарэла, давялося нават спыніць наступленне, пакуль не ачомаліся.

Што яны яшчэ могуць выкінуць?..

На стале забрынкаў тэлефон. Оберст перасмыкнуўся — засердаваў, што перабілі плынь яго думак. Пацягнуўся да невялічкага століка, што стаяў справа, выбраў сярод некалькіх рознакаляровых апаратаў той, што брынчэў, і зняў трубку.

— Слухаю!

На твары было нецярплівае чаканне, вусны ўпарта сцяліся.

— Гер оберст,— пачулася ў трубцы,— турбуе гаўптман Майер...

— Што ў вас там, гаварыце хутчэй, не цягніце! — злосна перапыніў фон Дранцыгер.

— Гер оберст, вы загадалі дакладваць асабіста вам пра ўсе значныя здарэнні і выпадкі. Вось я і дакладваю. Сёння ноччу нашы патрулі на ўскраіне горада затрымалі цывільнага. Вельмі падазроны. Мяркуем, што гэта — партызан. Што загадаеце рабіць?

— Гм... Прывядзіце да мяне!

«Партызан...»

Сама сабой усплыла на памяць зусім свежая гісторыя з обер-лейтэнантам, які не вярнуўся ў сваю часць і труп якога знайшлі толькі на чацвёрты дзень у руінах на Савецкай вуліцы. У цэнтры горада!.. А бальшавіцкія лістоўкі, якія з’яўляюцца зноў і зноў дзе папала!..

Смаленскі напрамак і — труп обер-лейтэнанта ў руінах глыбока тылавога горада!..

Некалькі крокаў наперад, некалькі — назад. Падлога рыпіць пад ступою грузнага оберста. Пальцы счэпленых за спіною рук варушацца, да болю сціскаюць адзін аднаго.

«Партызан...»

— Дазвольце, гер оберст? — У дзвярах, выцягнуўшыся ў струнку, стаяў Майер.

— Давайце!

Двое аўтаматчыкаў увялі арыштаванага і застылі абапал дзвярэй. Фон Дранцыгер махнуў ім рукой, і яны зніклі.

Яму было гадоў васемнаццаць. Камлюкаваты, моцна знітаваны юнак. Чупрына чорных з кучаравінкай валасоў рассыпалася, сям-там збілася на лямец. Твар у сіняках і крывападцёках.

«Папрацавалі ніштавата...» — Оберст не зводзіў вачэй з арыштаванага. Нетаропка дастаў з кішэні партсігар, пстрыкнуў запальнічкай, прыпаліў сігарэту. Пыхкнуў некалькі разоў дымам.

— Дык я слухаю, расказвайце: хто вы і што, дзе і чаму вас арыштавалі?

Пятро Лукашэвіч паўтарыў оберсту тое, што гаварыў на допыце.

...Як апынуўся ў поўнач на ўкраіне горада? Ішоў дамоў. Вяртаўся з Гасцілавіч — гэта такі пасёлак непадалёку ад Мінска. Хадзіў да цёткі разжыцца сякіх-такіх харчоў. Ды не пашанцавала: цётка эвакуіравалася, яго сустрэла хата з забітымі вокнамі. Давялося вяртацца з пустымі рукамі. Дарога ўсё-такі немалая, забавіўся, вось і прыйшоў у горад пазнавата... Дзе жыве? У апусцелым доме на Першамайскай вуліцы. Дзе працуе? Нідзе. Перакідваецца выпадковымі заробкамі. Сёе-тое купіць і сходна перапрадаць на рынку. А вось апошнім часам давялося з харчамі туга, таму і падаўся да цёткі ў Гасцілавічы...

Майер, пераводзячы позірк з арыштаванага на оберста, перакладаў Пятроў расказ.

— Так, складна пляцеш. Нямала, відаць, памазгаваў. Але чым ты дакажаш, што ўсё, пра што ты мне тут плявузгаў,— праўда?

— Калі ласка, праверце: ці жыла мая цётка ў Гасцілавічах перад вайной і ці эвакуіравалася. Людзі скажуць, яе суседзі скажуць. Праверце маё жытло — Першамайская ж недалёка...

 

9

Сапраўды, на Першамайскай Пятро знайшоў сабе прыстанак пасля таго, як цяжкая бомба ператварыла ў бязладную кучу цэглы дом, у якім жыла іх сям’я. Пад тою цэглаю пахаваны яго маці, бацька і маленькая сястрычка, ён сам уцалеў таму, што на той час яго не было дома: гойсаў недзе па горадзе...

Гэта было на чацвёрты дзень вайны. Пятро вяртаўся дамоў пасля асабліва лютага налёту. Тое, што ён убачыў, зжахнула. Сэрца спачатку закалацілася, а потым замерла. Ногі зрабіліся, нібы ватныя: вось-вось грымнецца вобзем...

На месцы квартала, у адным з дамоў якога была кватэра Лукашэвічаў, дыміліся руіны. Хмара рудога пылу ад патрушчанай цэглы яшчэ не паспела асесці і вісела ў бязветранай высі. Скасабочаная чатырохпавярховая камяніца гарэла, барвовыя языкі полымя, перавітыя чорнымі пасмамі дыму, трапяталі ў пустых вокнах. У суседні дом, відаць, уцэліла буйная фугасная бомба: ён быў расколаны напал, пярэдняя сцяна рухнула, і кожны з паверхаў выглядаў, нібы палічка этажэркі. Дом у разрэзе...

Пятро, ачомаўшыся, ірвануўся да свайго дома. Ён не адразу адшукаў яго,— руіны падобныя між сабой. Вуліца завалена цагляным друзам, пакручанымі, пакарабачанымі бэлькамі, бітым і плаўленым шклом.

Па двух чорных, абсмаленых агнём дрэвах, што калісьці раслі ў іх двары, хлопец пазнаў свой дом. Тое, што ад яго засталося...

Ён не плакаў. Усё ўсярэдзіне анямела, змярцвела. Рэж — не будзе ні болю, ні крыві. Юнак увачавідкі зрабіўся дарослым, сталым чалавекам. Хлапчуковая цікаўнасць да вайны знікла,— яна пад вось гэтымі руінамі, дзе пахаваны мама, тата, сястрычка. Нарадзілася страшнае для яго ўзросту — нянавісць. Нянавісць да таго, хто скінуў бомбу на іх хату і асіраціў яго. Нянавісць да тых, што паклалі горад у руіны...

Тую ноч Пятро, як непрыкаяны, прабадзяўся па горадзе. Трэба было думаць, што рабіць, як жыць.

Аблюбаваўшы адну апусцелую кватэру, прыходзіў туды начаваць. Пракачаецца сяк-так ноч (добра, што тыя ночы не ціснулі холадам). Перакусіць. Балазе было што перакусіць: натрапіў на пакінуты склад гастранома і нацягаў у сваю гаротную дамоўку буханак хлеба, кансерваў, каўбас. Пакрысе спажываў...

 

10

Нягледзячы на ранні час, у гарадской управе было даволі тлумна. Сюды-туды снавалі службоўцы, раз-пораз адчыняліся і зачыняліся шматлікія дзверы розных кабінетаў. У калідорах назбіралася ўжо ніштавата наведвальнікаў. Прыёму яшчэ не было, і, чакаючы яго, кожны быў ва ўладзе сваіх клопатаў і настрою. Рознае можна было прачытаць на тварах, убачыць у паставах, у рухах. Тут была і звычайная чалавечая ўстурбаванасць, і анямелая абыякавасць, і непрыхаваная роспачнасць, і зацятая рашучасць. Панура пераступалі з нагі на нагу каля дзвярэй кабінетаў з важнымі шыльдамі, паціху перамаўляліся, стоячы ля сцен. Ва ўстанове гэтай многае рабілася, многае вырашалася. Аднак сюды без пільнай патрэбы чалавек не ішоў, калі ж выклікалі — не дабро абяцаў той выклік. І людзі стараліся не знацца з управай, абміналі яе. Ды што ж парадзіш, калі ў яе сіла і ўлада!..

Пятро Лукашэвіч з’явіўся сярод наведвальнікаў, калі прыём ужо ішоў поўным ходам. Ён асабліва не спяшаўся, часу ў яго ставала. Трэба было да драбніцы ўсё ўзважыць і прадумаць, што гаварыць і як паводзіць сябе ва ўправе, каб узялі на работу. Ён павінен працаваць тут! Адсюль ён пачне сваю бязлітасную помсту... Пятро ўсё абмазгоўваў ужо некалькі дзён, дзе б ні быў і што б ні рабіў; абмазгоўваў і сёння, кіруючыся ў гэту злыбедную ўстанову. Памыліцца ці зрабіць няверны ход ён не меў права. Розум і кемлівасць возьмуць верх! Кавалкі праўды так звяжы-знітуй выдумкай, каб яна зазвінела суцэльнай праўдай!..

Пятру трэба было прабіцца да Антона Захаравіча Кернажыцкага, які рабіў ва ўправе ў нейкім аддзеле. Пра гэта яму расказаў даўні яго сябрук Толя Аўдзеенка. Нядаўна яны выпадкова сустрэліся на рынку. Калісьці разам вучыліся ў адной школе, праўда, Толя на клас быў вышэй за Пятра. Потым шляхі іх размінуліся — Толя перавёўся ў другую школу. І вось нечаканае спатканне. Гаворка была несканчоная — навін у хлопцаў без канца і краю. Пятроў сябра ўжо з месяц працаваў ва ўправе. Начальнікам у яго быў Кернажыцкі.

— Чакай, чакай! — перапыніў Пятро.— Нешта знаёмае прозвішча... Ці не яго гэта сын вучыўся ў нашай школе? Ну, помніш, у мінулым годзе сямікласнік Косця Кернажыцкі трапіў пад машыну? Пра гэта столькі гаварылі...

— Ён самы. Яго Косціка забіла тады.— Толя добра ведаў тое здарэнне.— Ну, дык калі шукаеш работу— і падавайся да нас. Усё ж такі — амаль знаёмы чалавек. Нагадаеш яму сёе-тое,— нябось, возьме...

Дачакаўшыся сваёй чаргі, Пятро пераступіў парог кабінета Кернажыцкага. За сталом у даволі прасторным пакоі сядзеў хударлявы мужчына гадоў пад пяцьдзесят. З-пад рыжаватых кусцістых броваў пазіралі праніклівыя жвавыя вочы. На твары былі важнасць і думнасць. Здавалася, гэты чалавек бачыць цябе навылёт, і гаварыць яму ты мусіш адну праўду, ману ён адразу ж пазнае.

Адказаўшы на Пятрова «дзяндобры», Антон Захаравіч моўчкі кіўнуў на крэслы, што радком стаялі ўздоўж сцяны. Ён рухава ўстаў з-за стала і — высокі, станісты — ступіў да акна.

— Я слухаю. Якая патрэба да мяне? — У голасе была ўладнасць і адначасова штосьці спагадна-зацікаўленае.

— Я наконт работы...— Пятро сказаў і асекся — вельмі ж пранізлівы быў у Кернажыцкага позірк.

— А чаму ты, хлопча, якраз сюды надумаў прыйсці? Цяпер жа, дзякуй богу, работы ўсюды заваліся. Ты хоць збольшага ведаеш, што гэта за ўстанова?

— Збольшага ведаю.— Пятро ўжо авалодаў сабой.— Мне параіў Толя Аўдзеенка. Ён працуе тут. Мы з ім калісьці вучыліся ў адной школе. У дзевятнаццатай. Там вучыўся і ваш Косцік...

Антон Захаравіч скалануўся, ён вярнуўся на сваё крэсла за сталом і нейкі момант няўцямна глядзеў перад сабой. Сціснуўшы аберуч галаву, заплюшчыў вочы.

«Косцік, Косцік... Сынок...» — З-пад сэрца рвануўся той страшны дзень...

Пятру зрабілася шкада гэтага чалавека, які ўвачавідкі змяніўся, раздушаны згадкай пра тое не вельмі даўняе гора. Некалькі доўгіх хвілін Антон Захаравіч маўчаў, потым з відавочнай натугай вымавіў:

— Зайдзі заўтра...

Пятро цішком падаўся да дзвярэй, цішком адчыніў іх і гэтак жа ціха прычыніў.

Прыход гэтага хлапчука зжахнуў Антона Захаравіча. Увесь той ужо ладны час, што цягнецца ад свежай Косцікавай магілкі, ён як мага стараўся не вярэдзіць сябе ўспамінамі пра сынаву нядолю. Не заўжды гэта ўдавалася. Што-небудзь ды нагадвала. І тады месца не знаходзіў сабе, некалькі дзён быў сам не свой. Вось і сёння...

Антон Захаравіч згарнуў раскладзеныя на стале паперы, замкнуў у шуфлядзе. Сказаўшы сакратарцы, што ідзе па справах і прыёму сёння больш не будзе, выйшаў з управы і па Камсамольскай накіраваўся ў бок стадыёна. Яму захацелася пабыць на адзіноце, каб справіцца з наплывам горкіх успамінаў. Зашыцца б куды-небудзь, нічога не бачыць і не чуць, нікога не ведаць... Ды куды зашыешся, куды схаваешся? Ад самога сябе хіба ж схаваешся? Якраз на адзіноце і апаноўваюць чалавека ўсялякія ўспаміны. А такога, як Антон Захаравіч,— і роздум, разважнасць...

Гэта было ў яго натуры — спачатку прыкінуць, а потым рабіць. Заўсёды зважаць — куды і як павернецца справа. Тут, аднак, не было сухога разліку, сумысле вымеркаванага кроку. Антон Захаравіч проста валодаў здольнасцю хутка арыентавацца ў пэўных абставінах і гэтак жа хутка быць ужо ў дзеянні. За гэта ён меў шмат павагі ад людзей і ад начальства з гарадскога харчгандлю, дзе шмат гадоў працаваў аж да самай вайны.

Ён вельмі любіў сваю работу, атрымліваў ад яе, можна сказаць, асалоду. Мабыць, не кожны ведае, колькі штодзённа людскога клопату кладзецца, каб дары прыроды і плён працы хлебароба разумна і надзейна кіраваліся ў вялікім горадзе да чалавека. Харчгандаль — механізм не просты, але за многія гады працы Антон Захаравіч авалодаў ім і зрабіўся добрым спецам. Работнік ён быў цягавіты і няўрымслівы. Часам дзіваваліся службоўцы: адкуль у гэтага з выгляду не мацака, ужо ў ладных гадах чалавека бярэцца бадзёрасць? Яму лёгка працавалася з людзьмі, і людзям было лёгка з ім. З падначаленымі Антон Захаравіч ніколі не быў запанібрата, але яны нязменна гарнуліся да яго, заўжды чалавечнага, непадкупна справядлівага. А самае строгае начальства трымалася цвёрдае думкі, што Кернажыцкаму можна давяраць справы і складаныя, і адказныя.

Антону Захаравічу ў жыцці вельмі пашчасціла — ён быў багаты на дружбакоў. З многімі пратупаны доўгія жыццёвыя пуцявіны, на якіх сяброўству наладжваліся бязлітасныя выпрабаванні. На тых пуцявінах нараджалася дружба, не падуладная ні часу, ні падзеям...

«Дзе ты цяпер, мой дарагі вусач Юзік?..»

Антон Захаравіч спыніўся. Ён ужо колькі часу тупаў па стадыёне, па той пустцы, што сталася на яго месцы. Тут ён не раз бавіўся, калі было асабліва маркотна і трывожна на душы. Сюды мала хто заглядваў, знямелая ціша вісела над гэтым шматком зямлі, і рабілася вусцішна, неяк не верылася, што знаходзішся ў цэнтры вялізнага горада, і ўяўлялася, што ён нібыта замёр, стаіўся, рыхтуючыся да нечага надзвычайнага...

Антон Захаравіч ужо з добры тыдзень нічога не чуў пра Юзіка Бойку — цяперашнім часам гэта даўно. Неяк ніхто з яго лясных уладанняў не прыходзіў у горад, і туды амаль нікога не пасылалі. Бойкаў атрад ад Мінска далекавата — кіламетраў з трыццаць. Але ж сувязь з ім надзейная. Чаго варты адзін Хвядос Апанасавіч! Ні разу яшчэ не падводзіў, аднаму яму вядомымі хадамі вышмыгне з горада, зробіць, што скажуць, і вернецца з патрэбнымі весткамі. Не памыліўся ў ім Антон Захаравіч — колішні знаёмы Хвядос Маталыцкі, бухгалтар з гастранома па Пушкінскай,— чалавек верны, сапраўдны савецкі чалавек.

Кернажыцкі і Бойка — дружбакі, можна сказаць, старадаўнія. Яшчэ ў грамадзянскую вайну яны былі — вадой не разліеш. Як нахлынулі тады на беларускую зямлю нямецкія, а потым белапольскія заваёўнікі, загрымела слава партызанскага атрада Іосіфа Бойкі, у якога правай рукой быў Антон Кернажыцкі. Водгуллем кацілася яна па лясах і сёлах. Подзвігі важака чырвоных партызан былі высока ацэнены — ордэн Чырвонага Сцяга, самы высокі баявы ордэн, толькі што ўстаноўлены Савецкім урадам, лёг на Бойкавы грудзі. Ён вельмі шанаваў тую ўзнагароду — праз многія гады яна нязменна красавалася на яго святочных касцюмах. У час лясных баёў і паходаў Іосіф Макаравіч адгадаваў шыкоўныя вусы. Пышныя, задзірыста закручаныя, яны яўна мецілі пад славутыя будзёнаўскія. Вусы былі слабасцю і сілаю іх гаспадара. На ўвагу да сябе яны не скардзіліся. І люба-дорага было глядзець на гэтага вусатага стройнага мужчыну з ордэнам на агніста-чырвоным шматку матэрыі...

 

Тым надвячоркам да Кернажыцкага нечакана-негадана прыйшоў Бойка. Неяк увесь час у іх так вялося, што яны вельмі рэдка завітвалі адзін да аднаго на кватэры, аж тут, калі творыцца такое... Натуральнай была ўстрывожанасць гаспадара.

Устрывожанасцю быў ахоплены, як ён ні стараўся не выдаваць гэта, і госць.

Калі яны засталіся ўдвух, Іосіф Макаравіч нязвыкла ціхім для яго голасам загаварыў:

— Ведаю, што ты вельмі здзіўлены маім прыходам. Але ж... але ж я мусіў да цябе прыйсці для надзвычай сур’ёзнай размовы.

— Дык я слухаю цябе, Юзічак, мы ж столькі не бачыліся, можна сказаць — з даваеннай пары...— прысаджваючыся побач з Бойкам на канапу, тым жа сцішаным голасам прамовіў Кернажыцкі.— У нас ёсць пра што пагаманіць...

Крыху памарудзіўшы, Іосіф Макаравіч у роздумнасці зазначыў:

— Ты і не заўважыў, як у цябе толькі што вырваліся словы, да якіх праз нейкі час будуць часта звяртацца і якія будуць столькі значыць... «Даваенная пара...» Так, будуць гаварыць «даваенная пара» і «ваенная пара»... Але да таго часу яшчэ, браток, трэба дажыць. Трэба ж яшчэ заваяваць і пару, якая будзе называцца пасляваеннай... Вось пра тое, што мне і табе, Антоне, патрэбна рабіць, каб наблізіць пасляваенную пару, і гаварылі ўчора на адной нарадзе. З гэтым я і прыйшоў да цябе — расказаць, што там абмяркоўвалася, якія рашэнні прыняты...

Кернажыцкі нейкі момант сядзеў, імкнучыся ўцяміць тое, што пачуў ад Бойкі.

— Пра мяне гаворка? Якая нарада? — ён не зводзіў позірку з вачэй Іосіфа Макаравіча.

— Нарада вельмі важная. Адказных партыйных работнікаў. Пра стварэнне падполля ў горадзе. Пра разгортванне партызанскай вайны з чужынцамі... Ну, а пра цябе... Хіба ж не ты меўся на ўвазе, калі гаварылі пра неабходнасць актыўнага ўключэння ўсіх, хто любіць родную зямлю, у барацьбу з акупантамі? Няўжо ж ты будзеш стаяць у баку ад гэтай барацьбы?

— Ты што, Юзік,— абурана выгукнуў Антон Захавіч.— Як ты мог падумаць такое?..

Бойка адкінуўся на спінку канапы.

— Ды я і не падумаў. Таму і заявіўся да цябе. Каб пагутарыць і дамовіцца, хто чым канкрэтна будзе займацца, што будзе рабіць. Пра сябе я ўжо цвёрда вырашыў — падамся ў родны край і, як калісьці ў грамадзянскую, буду гуртаваць людзей на партызанскую бітву з паразітамі. А ты...

— Дык і я з табой! — перабіў Іосіфа Макаравіча Кернажыцкі.— Хіба я блага ваяваў разам з табой у той грамадзянскай?

— Пачакай, не кіпяціся, Антон. Ваяваў ты здорава, я гэта добра помню. Паслухай вось што. На нарадзе, як я табе казаў, абмяркоўвалася стварэнне гарадскога падполля. Справа,— думаю, што ты згодзішся са мной,— ой, якая не простая!.. Сярод іншых было прынята рашэнне засылаць сваіх людзей у розныя арганізацыі і ўстановы, адкрытыя акупантамі. Мабыць, ты разумееш, якую карысць можа прынесці падполлю патрыёт, што пранік у такія арганізацыі ці ўстановы... Памеркаваўшы так і гэтак, я вырашыў прапанаваць табе заняцца гарадской управай. Як ты глядзіш на гэта, Антоне?

— Ну, ты жартуеш, Юзік! —усклікнуў Кернажыцкі.— Управа і — я!..

— А калі трэба? Вельмі трэба?..

— Ды як я туды прымайструюся?

— Гэта ўжо іншая гаворка. Думаю, што ўладкавацца ўдасца. Управа зараз на стадыі арганізацыі. Ёй патрэбна нямала работнікаў, у тым ліку тваёй прафесіі — харчгандлю. У іх там ёсць спецыяльны гандлёвы аддзел. Ты многія гады працаваў у кіраўніцтве гарадскім гандлем, харчавік з цябе вопытны, спраўны. Немцы з такімі лічацца. Могуць узяць. Зрэшты, ты нічога не траціш. Паспрабаваць можна...

— Ну што ж, паспрабую,— глыбока ўздыхнуўшы, рашуча вымавіў Антон Захаравіч.

...Прадстаўленыя Кернажыцкім дакументы аб шматгадовай працы ў гарадскім харчгандлі зрабілі сваю справу — яго ўзялі на работу ў гандлёвы аддзел. Управе сапраўды тэрмінова патрабаваліся ў гэты аддзел кваліфікаваныя спецыялісты.

 

11

Яны выйшлі з камендатуры ўдвух — Васіль Базылькевіч і Сцяпан Крамарчык. Наседзеліся на той нарадзе — аж галовы разбалеліся. Памочнік каменданта, гаўптман з шырознай лысінай, больш за гадзіну распінаўся перад паліцэйскімі, якіх было бітком набіта ў вялікай зале. Вучыў, як высочваць, вывіжоўваць партызан, натрапляць на сляды атрадаў, надзейна ахоўваць важныя аб’екты. Відаць было, што гітлеравец недарма еў свой хлеб,— ён не шкадаваў горла, даводзячы, што з партызанамі можна паспяхова змагацца, што іх можна вынішчыць дазвання. Не выбіраючы выразаў, гнеўна распякаў паліцэйскіх за бяздзейнасць, за тое, што ў горадзе і ваколіцах няма спакою. Сыпаў свежымі звесткамі: ад выбуху міны, закладзенай пад цыстэрну з гаручым, дзве гадзіны бушаваў пажар на таварнай станцыі; на перагоне Мінск — Заслаўе скінуты пад адхон важны воінскі эшалон; ад вялізнага склада з ваеннай амуніцыяй на вуліцы Высокай засталіся адны галавешкі; на Даўгабродскай прыцемкам выйшлі з могілак двое, спынілі нямецкі матацыкл, цішком прыкончылі салдата і лейтэнанта, што ехаў з імі, і зніклі; у афіцэрскай школе наладзілі магутны выбух — забіта звыш двух дзесяткаў афіцэраў і генерал-інтэндант; прапаў бясследна важны гестапаўскі чын, які вёз высокаму начальству вельмі сакрэтныя дакументы... А гэтыя праклятыя лістоўкі, пракламацыі, адозвы, што самі так і ліпнуць на сцены дамоў, на каробкі мураванак, на слупы і платы!..

— Хто ж тут гаспадар, у гэтым зацятым горадзе?!!— выціраючы насоўкай змакрэлую лысіну, раўнуў у цішу залы гаўптман.— Мы, адданыя слугі фюрэра, і нашы сябры ці лясныя бандыты і тая іхняя хеўра, што невідочна акружае нас?..

Пасля нямецкага афіцэра вылазілі на трыбуну паліцэйскія чыны. Ім не было чым крыць, яны мусілі згаджацца: так, трывожна, вельмі трывожна ва ўладаннях, куды ступіла нага немца, няма не толькі пакоры, слухмянасці,— усюды процідзеянне, адкрытае і старанна прыхаванае. Аднак тут жа рабілася шматабяцальная, ледзь не клятвенная заява, што такое — ненадоўга. Лад і парадак будуць наведзены! Нямецкія ўлады могуць быць упэўнены, што паліцэйскія сілы выканаюць сваю высокую місію!.. І прысутным спадарам давялося выслухаць нудныя прызнанні ў неміласэрнай любові і бясконцай адданасці ім, вышэйшай расе чалавецтва...

— Ну, вось, пане Сцяпане,— спаважна кіўнуў Васіль Крамарчыку, калі яны крыху адышліся ад камендатуры,— цяпер, можа, ты будзеш больш увішны службоўца. Чуў, што творыцца?..

Яны разышліся. Васіль забег на хвілінку дамоў — пераапрануцца, сёння ў яго меўся быць адказны дзень: трэба было ўважна пацікаваць за адным чалавекам, а паліцэйская форма пры такой справе — найпершы вораг.

Быў на падазрэнні ў Васіля хлапец гадоў так васемнаццаці-дваццаці. Невысокі ростам, камлюкаваты, заўсёды ў адным і тым жа шэрым пінжачку з караткаватымі рукавамі, ён часцяком завітваў на Камароўскі рынак. Патрэцца паміж людзей, неўпрыкметку ўшчэміцца ў купку, дзе гучнавата разгаманіліся, паслухае, уставіць пару сваіх слоў,— і неяк незаўважна знікне. Часам яго можна было бачыць з сякой-такой дробяззю на продаж-абмен: парай брускоў мыла, некалькімі карабкамі запалак, кубачкам солі і некаторымі іншымі рэчамі, якіх ва ўсе войны так не хапае людзям.

«Час ужо мне як след заняцца ім, досыць адных назіранняў, — разважаў сам з сабой Васіль, ідучы да Камароўскага рынку.— Падазронае і загадкавае ёсць. Адкуль ён бярэ такія дарагія цяперашнім часам рэчы? Нібы выведвае, вынюхвае нешта. Можа, наладжвае тут якія сустрэчы, трымае з кім сувязь? Што гэта за птушка і чаго яна пырхае ў маім камароўскім краі?.. Трэба ўведаць, абавязкова трэба ўведаць! Можа, на гэты раз пашэнціць, і я вырасту ў вачах начальства, мяне больш не будуць папікаць дармаедствам, калоць вочы няздатнасцю да прыстойнай работы. Тая ж махінацыя, на якую падбіла Ларыса, лічы што пагарэла: шуму натварыў, а толк які? На партызан жа ці на падпольшчыкаў Аляксандра Пятроўна не навяла...»

Камароўскі рынак з’яўляўся асноўным полем службовай паліцэйскай дзейнасці Васіля Базылькевіча.

Гэта быў вельмі нялёгкі пост. У жыцці акупіраванага горада рынкі займалі немалое месца. Яны дапамагалі чалавеку здабыць што-кольвечы з харчу, разжыцца на сякую-такую адзежыну ці на сёе-тое з абутку. На рыначнай плошчы, дзе збіралася шмат люду, рабіўся не толькі гандаль-абмен прадуктамі ды рэчамі,— тут ішоў не менш бойкі абмен навінамі, чуткамі, рознымі меркаваннямі і здагадкамі пра тое, што дзеецца на свеце і што будзе дзеяцца. У тлумным людскім натоўпе зручна было ладзіць усялякія гешэфты і махінацыі. А дзе лепш патаемна сустрэцца, перакінуцца парай шматзначных слоў, перадаць што-небудзь з рук у рукі ці сунуць у кішэню, як не сярод базарнай мітусні, у якой чалавек лёгка раствараецца і становіцца мала дасяжным для ліхога вока?.. Не дзіва, што рынак у вайну не раз бываў жаданым саюзнікам падпольшчыка і партызана. Гэта не было таямніцай для акупацыйнікаў і іх паслугачоў, і яны як мага стараліся, каб на рыначных плошчах зіркалі свае вочы, каб падслухоўвалі там свае вушы...

Дзень быў нядзельны, і блізкасць рынку адчувалася ўжо на прылеглых да яго вуліцах. Рэдкія ручайкі людзей з усіх бакоў сплываліся да Камароўкі ў тое гаманкое зборышча, якое будзе варушыцца цягам доўгіх гадзін. Камароўскі рынак не быў цэнтральным у горадзе, але неяк так ужо здавён павялося, што мінчане аддавалі яму перавагу і ахвотна ішлі сюды зблізку і здалёку, з блізкіх і з далёкіх вёсак ехалі сюды фурманкі. Не дзіва, што рыначная плошча не пуставала нават у гэта страшнае ліхалецце,— горад жыў, нягледзячы ні на што.

Час перабраўся ўжо за поўдзень.

Васіль уступіў у тлум Камароўкі з выглядам чалавека, які сабраўся прабавіць тут вольную часіну. Ён сноўдаў уздоўж бязладных радоў прынесенага і прывезенага на продаж дабра, што было раскладзена і расстаўлена на розных прыстасаваннях і проста на доле, цёрся паміж прадаўцоў з рэчамі ў выцягнутых руках, з таварам, накінутым на плечы, начэпленым на шыю. Сяды-тады спыняўся каля групак, у якіх завязваўся гучны торг, любаваўся гандлярскім спрытам вядомых ужо яму частых базарных наведвальнікаў. Часам неўпрыкметку сам умешваўся ў торг, спрабаваў узяць яго ў свае рукі, збіць цану — нібыта яму немаведама як патрэбны быў той касцюм ці паліто. Таргуючыся, асцярожна, як бы між іншым, кідаў правакацыйныя рэплікі і жарты. Стараўся ўсё прыкмеціць, запомніць...

Але сёння іншы клопат валодаў Васілём — раскусіць таго хлопца! Сёння вельмі хацелася сустрэць яго і паспрабаваць свае ўдачы. Ён зусім не ўяўляў сабе, што і як будзе, калі спаткае яго, але неяк неадчэпна думалася — абы ўбачыць, абы ўбачыць...

Толькі з выгляду здавалася, што Васіль безуважна і бяздумна швэндаўся па рынку. Ён шмат бачыў і шмат прыкмячаў. Аднак таго, каго шукаў, усё не было і не было. Пачала закрадвацца трывога: «Няўжо не прыйдзе? Чакаць наступнага базару? Паскудная няпэўнасць!..»

Рынак пачаў паступова пусцець. Васіль гатовы ўжо быў змірыцца з няўдачай, як яго позірк упаў на знаёмую камлюкаватую фігуру ў шэрым пінжачку.

«А-а, з’явіўся, галубок!..» — заспявала душа паліцэйскага, нібы прыход гэтага чалавека азначаў: «А-а, папаўся, галубок!..» З’явіўся, але ж ці пападзецца яшчэ? А можа, ён і ніякі не галубок?..

Незнаёмы лена прасоўваўся між людзей. У руках у яго быў невялікі чамадан — Васіль нешта не прыпамінаў, каб калі хлопец бываў з чамаданам. На твары — заклапочанасць і задумнасць. Ён раз-пораз зіркаў па баках, нібы вышукваючы некага, аднак стараўся рабіць гэта з асцярогай, незаўважна. Ён яўна нерваваўся, але хацеў, каб гэтага тут не прыкмецілі. Васіль назіркам прасоўваўся ўслед за ім. Вось незнаёмы выбіўся на цішэйшае месца і прыпыніўся. Паставіў чамаданчык каля ног, агледзеўся. Нетаропка закурыў і з відавочнай асалодай пыхкае.

«Як жа да цябе, шэльма, падступіцца?..»

Васіль прайшоўся міма хлопца — раз і другі. Той працягваў курыць, усё азіраючыся вакол. І тут Васіль адчуў, што незнаёмы спыніў на ім увагу і цікуе за ім. Ён зноў прайшоўся міма, павярнуўся назад. Позіркі іх сустрэліся. Лёгкая ўсмешка кранула твар хлапца.

— Адрэз на касцюмчык не жадаеце? — ён кіўнуў на чамаданчык.— Ва-ажнецкі...

Спрытнасцю розуму Васілёва галава ніколі не вызначалася, а тут спрацавала маланкава.

— Добры адрэз мне ўга як трэба! Цэлы дзень ганяюся за ім. Давай зірнём...

Адрэз і праўда быў хвацкі, касцюм з яго выйшаў бы слаўны. Увогуле спраўляць касцюм Васіль не збіраўся, хоць яно і не пашкодзіла б,— ніводнага людскага ў яго няма. Але ж справа тут пахла іншым, і даводзіць яе трэба было да канца. Ён уступіў у прапанаваны хлапцом торг. Збіваў цану, стаяў за кожную дзесятку, а ў гэты час ліхаманкава думаў, думаў... І рашыўся...

— Ну што ж, лады. Бяру,— урэшце кажа Васіль. У голасе — важнасць і самавітасць.— Толькі вось... Прабач, як цябе завуць?

— Міша.

— Толькі, Міша, у мяне з сабою няма столькі грошай. Я думаў, што куплю больш танны касцюм ці адрэз. А тут надарылася такая любата... Ну, не бяда: я жыву зусім недалёчка, заскочым і разлічымся. За фатыгу з мяне ж і належыць сёе-тое... Камароўскі першачок гарыць сінім агеньчыкам, пару пляшак я прыхаплю. А на зуб у маім халасцяцкім жытле што-небудзь знойдзецца. Дык як — згода?

— Згода!

На тварах абодвух свяціліся непадробная радасць і задавальненне. І прадавец, і пакупнік дзякавалі богу за такі ўдалы гешэфт. Асабліва радаваўся Васіль — гэта ж быў толькі пачатак, які можа так раскруціцца, што будзеш спяваць і скакаць! Вочы Мішы гарэлі неяк таямніча-загадкава...

Свой чалавек на рынку, Васіль ведаў, дзе і ў каго шукаць самагонку,— неўзабаве ў Мішын чамаданчык нырнула пляшка.

Ішлі яны нядоўга. Васіль сапраўды жыў блізка, на Цнянскай вуліцы, якая брала свой пачатак каля рыначнага плота.

Адчыніўшы збуцвелую скасабочаную брамку і прапускаючы Мішу наперад, гаспадар наўмысна ўзнёсла выгукнуў:

— Проша пана ў мой хорам!..

Ступілі на двор.

«Замок на дзвярах, нікога няма дома,— з прыемнасцю адзначыў сам сабе кожны.

Васіль дастаў з-пад ганка ключ, адамкнуў хату.

— Сюды давай, Міша, у маю бакоўку,— прыадчыніў дзверы ў велікаваты пакой з двума вокнамі.— А там — мае сямейнікі. Яны, відаць, не скора прыйдуць. А калі і прыйдуць, то нам не перашкодзяць. Пасядзім па-людску якую гадзіну. Цяпер такое не часта здараецца.

Васіль заклапаціўся пра закуску. Праўда, у яго было што пакласці на стол. Служба такая, што калі не будзеш разявакам і не станеш асабліва няньчыцца з тымі, што трапляюць у рукі да цябе, узброенага прадстаўніка ўлады,— не прападзеш. Не звядзецца капейчына ў кішэні, не запустуе кубёлак для сала. Хіба мала аперацый, якія ён абавязаны рабіць, якія мае права рабіць, якія сам можа выдумаць? Як будзеш розум мець пры розных там вобысках, арыштах, аблавах, то дадому з пустымі рукамі не прыйдзеш...

Васіль насіў і насіў на стол.

«Улагодзіць, улагодзіць, залезці ў яго душу!.. Хапяне першаку дзядзі Васі — расколецца, нікуды не дзенецца!.. Я пры такой закусі не спляжуся, а ён... Пабачым, пабачым!..»

— Ну, пакуль мо хопіць, а там відаць будзе,— Васіль пацягнуў за рукаў Мішу, які ўважна разглядаў фотакарткі, што ўвешвалі сцены пакоя.

— О, вы...

— Васіль Тарасавіч,— прыбег на падмогу гаспадар.

— Вы, Васіль Тарасавіч, нацягалі тут, як на якое вяселле! Я даўно не бачыў столькі і гэткай яды...— Міша сапраўды сумеўся, гледзячы на такую раскошу на стале. «Відаць, фрукцік! — пеканула думка.— Адкуль яно цяперашнім часам?..»

— Сядай! Як кажуць, бліжэй да справы.

Васіль наліў траха не поўныя шклянкі.

— Ну, за знаёмства і каб не апошнюю!

Ён кульнуў адным глытком, без перадыху запіў вадой з вялікага алюмініевага кубка, які загадзя трымаў у левай руцэ.

— Ух, чорт! Сільна наша ўласць! — Васіль крэкнуў і ўзяўся за маласольны гурок. У момант спахапіўся: «Ляпнуў, ёлупень!..» У яго, як і ў некаторых выпівох, пасля першай добрай чарчыны была звычка выдыхнуць: «Сільна наша ўласць!..» Зрабіў тое ж і цяпер. Атрымалася яно само сабой. «Чакай, чакай! Прымавачка можа вельмі згадзіцца!..»

— Ну, цягні, чаго марудзіш! — падагнаў Васіль, налягаючы на закуску.

— Я так не змагу,— уздыхнуў Міша, касавурачыся на шклянку.

— Нічога, зможаш. Газуй!

Міша адолеў шклянку, хоць і не так хвацка, як Васіль,— мабыць, піток з яго быў слабейшы.

Ён паружавеў, аднекуль з’явілася жвавасць — і ў гаворцы, і ў рухах. Расказаў некалькі непрыстойных анекдотаў. Канчаючы кожны, сам першы залівіста рагатаў. І ўсё ўважліва пазіраў на Васіля. Адчувалася, што ў яго нешта круціцца наўме, нібыта хоча вырвацца, ды не можа.

Васіль стараўся, дзе належала, таксама рагатаць і таксама пільна прыглядаўся да свайго госця. Ішла нейкая барацьба пільнасцей.

«Штосьці мудруе, ліха яго матары!» — пачынаў злавацца Васіль. Ён пацягнуўся да пляшкі.

— Давай тваю шклянку,— і нацурболіў Мішу поўную.

— Што ж вы зрабілі? Вам жа толькі на дне засталося...— са шчырым шкадаваннем прагаварыў Міша.

— Не турбуйся, хлопча. Васіль Тарасавіч не такі чалавек, што не мае ў хаце людскага прыпасу. Для сябра ў яго заўсёды, што трэба, знойдзецца. А мы з табой сябры? — ён ва ўпор глядзеў на Мішу.

— Сябры, канечне, сябры! — з запалам прамовіў хлопец, рады такім паваротам гаворкі.

Васіль пайшоў у бакоўку і праз хвілю вярнуўся. У яго руках быў пузаты гляк. Важна паставіўшы яго на стол, нібы між іншым, заўважыў:

— На пакуль што хопіць...

У Мішы вочы на лоб палезлі. Але ён тут жа астудзіў сябе: «Трымайся, хлопча, трымайся! Адступаць няма куды!..»

Калі шклянкі былі напоўнены, Васіль устаў:

— А цяпер — за дружбу, за сапраўдную дружбу!

І, як і першую шклянку, перакуліў залпам. Запіўшы з таго ж алюмініевага кубка, выдыхнуў:

— Ух, чорт! Сільна савецкая ўласць!..

Тут ужо Васіль націснуў на «савецкая ўласць». Міша гэта прыкмеціў.

— Зноў ты валэндаешся! — прабурчаў Васіль, робячы злосны выгляд.— Ці мо тост мой не даспадобы?

— Што вы! Вельмі нават даспадобы!..— І Міша без пярэдыху пракаўтнуў самагонку.

Закусвалі моўчкі. Кожны быў недзе ў сваіх думках, і кожны хацеў пранікнуць у думкі другога...

А самагонка рабіла сваё. Абодва ўжо добра ўчырванелі. Хлопцам, асабліва Мішу, ужо весялей глядзелася на свет белы. Некуды аддалілася вайна, на душы так лагодна і хораша, так лёгка дыхаецца... Памізарнелі тыя дакучныя клопаты, што віселі над каркам, змушаючы думаць пра заўтрашні дзень...

Першы схамянуўся Васіль. «Раскіс, слімак, расчуліўся... Вазьмі сябе ў рукі, дубіна!» — загадаў сабе паліцэйскі.

— Слухай, Міша,— пачаў Васіль здаля.— Вось тут мы спамянулі Савецкую ўладу. Па звычцы сказанулася — сільна... А ці так гэта? Каб жа яна сілу добрую мела, то ці сядзелі б мы во зараз пад немцам?

Міша тут жа ўхапіўся за Васілёва пытанне:

— Вот, вот, і я часам гэтак думаю...— У яго асалавелых вачах з’явіўся пробліск думкі, яны загадкава заблішчэлі.— Казалі-спявалі, што ворага, калі сунецца, раскалашмацім на яго зямлі, а ён, бачыш, куды запёр, і нашу зямлю топчуць яго капыты...

Ён прымоўк і чакаў, што скажа Васіль. Той, крыху памарудзіўшы, раздумна прадоўжыў Мішаву развагу:

— Праўду кажаш — топчуць... Але ж не вельмі лёгка даецца яму гэтая тапчанка. Напэўна ж, чуў, як даюць немцу ў патыліцу то тут, то там. Цягнікі скідваюць з рэек, ірвуць усялякія аб’екты, страляюць у руінах. Кажуць, у лясах сілішча партызан гуртуецца. Ды і самі партызаны пра гэта пішуць у лістоўках, наклейваюць іх усюды... Трапляліся табе на вочы?

— Трапляліся...

Міша ўвесь ператварыўся ў слых, яму не хацелася гаварыць, а толькі б слухаць Васіля, слухаць...

— Якую адвагу і рызыку трэба мець, каб не скарыцца такой моцы! — Васіль раптам рэзка павярнуўся да Мішы: — Табе ні разу не прыходзіла ў галаву: паглядзець бы, што гэта за людзі — тыя лясныя бандыты, як іх называюць немцы? Пагутарыць бы з імі?..

— Прыходзіла...

— Каб жа падказаў... Эх, каб хто падказаў, дзе шукаць хоць які іх след!..

Варушыліся сківіцы ў хлопцаў. Варушыліся мазгі.

— А ты дзе робіш? — спытаў, нібы між іншым, Васіль.

— У бальніцы. Ёсць такая на вуліцы Леніна — Трэцяя Савецкая называецца. Можа, ведаеш?

— Ведаю. Кім жа? Якім доктарам?

— Жартаўнік... доктарам...— пакрыўджана скрывіў губы Міша.— Грузчыкам.

— І добра зарабляеш?

— Ат, якія там заробкі. Перабіваюся сяк-так. Колькі мне аднаму трэба...— Хлопец спакваля адрывіста кідаў фразы і ўсё еў, еў. Відаць было, што ён сёння не палуднаваў, а можа, і не снедаў.— Трохі Камароўка падмагае. Знаёмыя падкінуць што-кольвечы, перапрадам талкова — і, як той казаў, сальда ў кішэню...

Васіль паціху крактануў, кісла ўсміхнуўся:

— А скажы, калі не сакрэт, якое сальда ты пакладзеш у кішэню пасля аперацыі з адрэзам?..— І тут жа паспешліва дадаў: — Можаш не адказваць, калі не хочаш. Мне ўсё роўна, я проста так папытаўся.

Міша адразу спахмурнеў, нейкая трывожнасць адбілася на яго твары. Кінулася ў вочы, што пытанне гэтае не такое простае для яго, як думалася Васілю,— колькі зарабіў на ім...

— Не, Васіль Тарасавіч, не сакрэт,— у Мішавым голасе былі і даверлівасць, і непрыхаваная насцярожлівасць.— Я прадаў вам свой адрэз. Перад саменькай вайной купіў, ды так і не пашыў касцюм. Цяпер вось вымушаны быў прадаць...— ён змоўк, яўна стараючыся справіцца з хваляваннем.— А вось далей, можна сказаць, пачынаецца сакрэт... Хоць вы, як мне здаецца, чалавек, ад якога я сакрэтаў... магу і не трымаць... Мы троху паразумеліся, адкрыліся адзін аднаму, і я думаю, што вы гэткі, як і я... Адным словам, наш чалавек... А прадаў я адрэз таму, што дужа спатрэбіліся грошы. Трэба ўратаваць аднаго чалавека. Ён цяпер у бальніцы, дзе я раблю. Даўно ўжо там. Наш баец, быў цяжка паранены ў час баёў пад Мінскам. Трапіў у бальніцу. Мне давялося з ім пазнаёміцца. Хоча ўцячы — ён ужо ў такім стане, што зможа. Трэба от толькі адзенне для яго здабыць. Я і вырашыў прадаць адрэз і на выручаныя грошы купіць яму што-небудзь. Пра ўцёкі мы з ім яшчэ абгаворым. У мяне ёсць планы, думаю, што ўдасца выбавіць чалавека... Вось вам і сакрэт мой... Вось вам і маё сальда,— з горкай усмешкай скончыў Міша.

Васіль слухаў Мішаў расказ як чалавек, якому падключылі электрычны ток. Напружанне такое, што забіць не можа, але ж працінае, можна сказаць, наскрозь. Хлопцу трэба было прыкладаць вялізныя намаганні, каб утаймаваць хваляванне і радасць, якія распіралі яго ў час таго расказу, і не выдаць сябе. Празмернае захапленне пачутай гісторыяй магло выклікаць у Мішы насцярожанасць, падазрэнне і ўрэшце сапсаваць усю справу. Таму Васіль з усёй сілы імкнуўся слухаць спакойна, амаль што абыякава,— як слухаюць цікавую, але звычайную гісторыю.

— Ты прабач, хлопча, за маё недарэчнае пытанне,— з робленай збянтэжанасцю прамовіў ён.— Тут такая, як кажуць, высакародная рэч, а я... пра нейкі заробак... Я магу нават накінуць некалькі дзесяткаў рублёў за адрэз, калі... такі выпадак... Ты ж на сапраўдны подзвіг ідзеш, дарагі Мішутка, так і знай!.. Дай, слаўны мой, вып’ем за цябе, за тваю ўдачу! За выбаўленне таго савецкага байца!..

Дзень падбіраўся пад вечар, і Васіль навёў гаворку на тое, што патрулі вельмі ж пачалі выслужвацца ў каменданцкі час, што ён чуў, нібыта бязлітасна хапаюць усіх, хто толькі не з’явіцца на вуліцы,— мыш не прашмыгне!..

Неўзабаве Міша развітаўся з такім гасцінным гаспадаром, дамовіўшыся сустракацца, трымаць сувязь. Расказаў, дзе жыве,— пры пільнай патрэбе ямчэй жа знайсці дома, чым шукаць у Трэцяй Савецкай бальніцы, дзе той грузчык Міша...

Трохі счакаўшы, пакуль хлопец адыдзе ад дому, Васіль хуценька сабраўся і памчаўся ў паліцэйскі ўчастак.

Ахоплены невыказнай радасцю, ён ног пад сабою не чуў. Хацелася перайсці на бег, ірвануць у лёт — нібы баяўся, што спозніцца, што нехта апярэдзіць яго.

«Вось і прыплыло да цябе шчасце, Васька-балабешка!..— чамусьці ўзбрыла на памяць яго дзіцячая мянушка-дражнілка, якой нярэдка даводзілі яго да шаленства.— Раскалоўся-такі, даражэнькі Мішка! Цяпер, як той казаў, толькі справа тэхнікі!.. І загаворыце вы пра мяне, шаноўныя мае калегі-паліцманы, зусім па-іншаму! Хто з вас вынюхаў такую здабычу? А я — я вынюхаў!..»

...У паліцэйскім участку не марудзілі — па ўказанаму адрасу тут жа накіравалі двух паліцэйскіх.

 

Міша ўсяляк адмаўляў, што збіраўся дапамагчы параненаму байцу ўцячы з бальніцы. Хлопец ніяк не мог даць веры, што на яго навёў Васіль: такі чалавек — і раптам... Ды і развіталіся яны зусім нядаўна, калі ж тое ўсё паспелася?.. Значыць, нехта іншы раней данёс. Хто?..

Мішу сталі біць — моцна, бязлітасна, а ён усё сваё ўпарта гнуў: «Непаразуменне, непаразуменне нейкае!.. Ніякага параненага не ведаю і не збіраўся памагаць яму ўцячы!..»

Калі прывялі на вочную стаўку Васіля і той пачаў выкладаць, як яно ўсё было, Міша быў да таго ашаломлены і разгублены, што выдаў сябе з галавой, і ніхто ўжо не сумняваўся — Васіль расказаў праўду. Зразумеў і сам Міша, што безнадзейна папаўся, што гэта — канец...

Паліцэйскім, вядома, закарцела ўзяць у рукі і другога, як яны ахрысцілі, галубка, які таксама мог сяму-таму з іх набуркаваць удачы ў службовых справах,— параненага з бальніцы. Але тут выйшла даволі працяглая замінка.

Добра ўразумеўшы сітуацыю, Міша зацята маўчаў на ўсіх допытах. Хіба ж ён ірад які, што пашле ні ў чым не павіннага чалавека на пакутную смерць?.. Хопіць, што сам па-дурному папаўся, даверыўшыся гэтаму вылюдку Васілю. Чаго ж гінуць таму небараку? Можа, ён яшчэ і сам выкараскаецца з бальніцы і зноў стане байцом — з фашысцкай ці з гэтай паліцэйскай

Праз некалькі дзён, пераканаўшыся, што ад Мішы нічога не даб’юцца, паліцыянты яго расстралялі.

 

12

Крыты грузавік, выехаўшы з заводскай брамы з кантрольна-прапускным пастом, пакаціўся пыльнаю, калісьці брукаванаю вуліцай. У кузаве тарахцела некалькі бочак. Машына выбілася з людных вуліц і спынілася ў глухім завулку. З кабіны мякка скочыў на зямлю малады жвавы мужчына. Кінуўшы быстры позірк сюды-туды, падышоў да задняга борта кузава.

— Вылазь, Дыяген! — клікнуў ціха.

У вялізнай бочцы, што стаяла ад краю, адкінулася накрыўка, і адтуль высунулася галава.

— Хутчэй! Нікога...

Чалавек у момант быў на доле. У руках ён трымаў скрутак.

— Ну, вялікай табе ўдачы, дарагі!..

Яны моцна, па-мужчынску абняліся, як на ростані перад доўгай і небяспечнай дарогай. Адзін подбегам ускочыў у кабіну, грузавік завурчаў і павесіў на завулку воблака пылу. Другі, азіраючыся наўкола, пашыбаваў да хлеўчука, што прытаіўся ў кучомцы дрэў на недалёкай сядзібе, дастаў са скрутка пінжак, адным махам накінуў яго на плечы і няспешнай хадою пакіраваўся на выхад з горада ў раёне Магілёўскай шашы.

«Вось і яшчэ адзін чалавек на волі! — свяціўся радасцю Андрэй Бушуеў.— Яшчэ на аднаго байца пабольшае ў лясным войску!..»

Нялёгка, ой як нялёгка дасталося Андрэю выбаўленне і гэтага ваеннапалоннага!..

Іх, ваеннапалонных, у тым лагеры на заводскім двары напачатку назбіралася каля двухсот чалавек, потым прыгналі яшчэ. Тут было іх пакутнае жытло, тут яны і працавалі, на былым станкабудаўнічым заводзе. Заводскія корпусы акупанты прыстасавалі пад майстэрні — надумалі рамантаваць розную зброю і ваенную тэхніку.

Андрэй Бушуеў быў з волжскіх земляробаў. Яго бацька меў долю патомнага аратая, такую ж рыхтаваў і свайму старэйшаму сыну. Уласнай зямлі ў Бушуевых было вобмаль, і аж да самай рэвалюцыі сям’я кармілася больш з зямлі нямецкага памешчыка-каланіста Курта Шрэдара, які свае абшары сам урабіць не мог і ахвотна карыстаўся дармовымі рукамі гарапашнікаў. Такіх памешчыкаў на Паволжы было процьма — цэлая калонія. Андрэй добра помніць, як ён падлеткам гойсаў за панскімі авечкамі і каровамі, юнаком шнураваў плугам панскія гоні. Штодзень ён чуў чужую нямецкую мову, пакрысе пачаў у ёй цяміць і з часам налаўчыўся так, што лёгенька мог паразумецца з панам і з панянятамі.

Андрэй не спраўдзіў бацькавых надзей — хлебароб з яго не выйшаў. Хлопца неадольна пацягнула да вучобы, а потым і да навукі,— прасторы іх савецкая ўлада развінула самыя шырокія. Год за годам, і вось Андрэй ужо скончыў Інстытут народнай гаспадаркі. Скончыў бліскуча. Усё-такі пацягнула да той навукі, якая кажа чалавеку, як быць гаспадаром на зямлі-карміцельцы. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў родны інстытут, адолеў аспірантуру... Каб жывы быў стары Бушуеў, як парадаваўся б ён, паганарыўся сваім Андрэем, які выбіўся ў вучоны свет і робіць у ім патрэбнае, карыснае людзям! І чалавекам стаў, ого якім чалавекам стаў яго сын — камуністам!..

...Старшына запаса Андрэй Бушуеў атрымаў позву з ваенкамата ў першы ж дзень вайны. Полк, сфарміраваны з такіх, як ён, рэзервістаў, пашыбаваў на адзін з самых гарачых участкаў фронту — на мінскі напрамак. Праз некалькі дзён ён уступіў у баі. Стрымліваючы націск немцаў, адыходзіў. Пад Лагойскам трапіў у акружэнне. Вырвацца з яго ўдалося не ўсім. Калону палонных пагналі па дарозе на Мінск. Пакуль дабрылі да горада, калона падаўжэла, папоўнілася байцамі з іншых часцей.

На вялізным двары мёртвага станкабудаўнічага завода праз колькі дзён выраслі дашчаныя баракі. Калючы дрот тугім вузлом абвязаў гэты лапік мінскай зямлі, і на ім пачаліся беспрасветныя будні нявольнікаў.

Андрэй Бушуеў усё больш асвойтваўся з лагерным рэжымам, прыглядаўся да лагернага начальства.

І думаў, думаў. Нарэшце ўсё было ўзважана, вырашана...

Неяк у полудзень Андрэй падабраў момант і пайшоў да каменданта лагера. Ціха пастукаўся. Пачуўшы дазвол, адчыніў дзверы. У кабінеце лейтэнанта Пфайфеля, злёгку кучаравага бландзіна з азызлым тварам аматара добрай чаркі, сядзеў перакладчык Дудкевіч. «Пры ім ніяк нельга!» — мільганула думка. Андрэй тут жа знайшоўся і на чысцюткай нямецкай мове сказаў:

— Пан камендант, мне неабходна пагутарыць з вамі па важнай справе. Думаю, што перакладчык нам не спатрэбіцца...

Лейтэнант і перакладчык застылі ад нечаканасці, здзіўлена пераглянуліся між сабою.

— Адкуль вы ведаеце...— пачаў камендант.

— Я ўсё растлумачу,— хуценька перапыніў яго Андрэй.

Пфайфель кіўнуў Дудкевічу, і той, паціснуўшы плячыма, моўчкі выйшаў.

Андрэй нетаропка пачаў расказваць, адкуль ён ведае нямецкую мову. Прыгадаў даўняе жыццё іх сям’і, нямецкую калонію на Волзе. Пры ўпамінку калоніі камендант ажывіўся — ён ведае пра такую калонію ў Расіі, заснаваную яшчэ ў семнаццатым стагоддзі. У вачах лейтэнанта загарэлася яшчэ большая цікаўнасць да расказа ваеннапалоннага.

Андрэй гаварыў пра вельмі паважанага ва ўсёй акрузе пана Курта Шрэдэра, пра яго мілую сям’ю, пра яго такіх слаўных карапузаў, з якімі ён з ранку да вечара галёкаў на прывольных панскіх палетках... Адтуль, з незабыўнага маленства, ён ведае і любіць нямецкую мову, з тых часоў у яго і любоў да вялікай нямецкай нацыі, да яе высокай культуры... На жаль, надышла рэвалюцыя і ўсё паламала, пакрышыла. Бацьку загналі ў калгас, сам ён, Андрэй, пасля школы скончыў бухгалтарскія курсы і ў калгасным праўленні ляскаў на лічыльніках. А потым у іх хату ўвайшла вялікая бяда. Бацька рабіў у той час калгасным брыгадзірам (гаспадарнік з яго быў добры), восень выдалася наўздзіў дажджлівая, і пасланы на полі лён яго брыгады пагніў. Якраз тым годам была выдадзена пастанова пра ахову сацыялістычнай уласнасці. Брыгадзіру і прыпаялі дзесяць гадоў. Давялося пракладваць чыгунку ў Сібіры. Праўда, адбарабаніў не ўвесь тэрмін, за год да вайны стары вярнуўся дамоў. Як грымнула вайна, Андрэя тут жа змабілізавалі. У бой кінулі на Лагойшчыне... Што яны маглі зрабіць нямецкай незлічонай сіле? Іх часць растрыбушылі, хто выйшаў жывы з той калатнечы — трапіў у палон...

— Ну, вось так я і апынуўся тут, у лагеры,— Андрэй на якую мінуту змоўк, нібы збіраючыся з думкамі, потым горача прадоўжыў: — Але я прыйшоў да вас, пан камендант, не для таго, каб сказаць, што ведаю нямецкую мову і вельмі паважаю нямецкую нацыю. Я хачу, каб вы далі мне магчымасць даказаць, што Германіі вялікага фюрэра я магу прыносіць куды больш карысці, чым проста рамантуючы тут зброю. Я многа думаў пра гэта, перш чым адважыўся адкрыцца вам. Паверце мне — і вы не памыліцеся...

І расказ ваеннапалоннага, і гэта яго просьба для лейтэнанта Пфайфеля былі такой нечаканасцю, што ён сядзеў, слухаў і толькі лыпаў вачыма. Гітлераўца лагодзілі словы рускага, які з’явіўся да яго на паклон і на споведзь. Радасць і гонар распіралі яго грудзі...

— Што ж, пахвальна, вельмі пахвальна, што вы да мяне прыйшлі,— камендант важна ўсеўся за сталом.— Вы атрымаеце магчымасць пасведчыць сваю прыязнасць да нямецкай арміі-вызваліцельніцы, да гістарычнай місіі на зямлі нашага вялікага фюрэра. Я належна прадумаю ўсё, што вы расказалі, і тое, што вы просіце. Чакайце майго выкліку.

— Але, пан камендант,— панізіўшы голас да шэпту, прамовіў Андрэй скорагаворкай,— вельмі прашу ўлічыць адну рэч. Тут, у лагеры, ёсць ваеннапалонныя і з той роты, дзе я быў старшыною. Мяне могуць ведаць, старшына ж у роце — фігура прыкметная...

— Улічу, абавязкова ўлічу,— паабяцаў камендант, з задавальненнем адзначыўшы сабе: «А ў яго кацялок варыць — прыкінуў, што яму можа быць прапанавана...»

Лейтэнант Пфайфель быў гаспадар слова — неўзабаве ён выклікаў да сябе Андрэя. Паміж імі адбылася дзелавая гаворка і была заключана патаемная змова. Андрэй мусіў быць у лагеры вачыма і вушамі каменданта. Паводзіны, настрой, намеры ваеннапалонных — нядрэмны клопат Андрэя Бушуева. Усе рамонтныя майстэрні павінны працаваць, як добры гадзіннікавы механізм. Андрэй будзе мець магчымасць бываць, дзе хоча і калі хоча. Яго асабісты дабрабыт бярэ на сябе сам камендант...

Ён энергічна ўзяўся рабіць тое, пра што дамовіліся. Спакваля знаёміўся з людзьмі. Стараўся разгаварыць чалавека, каб ён адкрыўся, пусціў у сваю душу. Некаторых з іхняй роты за тыя кароткія дні, што давялося прабыць разам ад мабілізацыі да паланення, ён запомніў. Ведаў, што асобныя — камуністы, камсамольцы, сярэднія камандзіры. Тут гэта складала тайну, якая была раўназначна чалавечаму жыццю. Зазірнуць у тую тайну хоць адным вокам было вельмі не проста і не лёгка. Аднак ён умеў. І выяўляліся натуры з мараллю высокай пробы, нязломныя духам, і натуры, раздушаныя суровымі абставінамі, а то і подлыя. Уратавацца, выжыць, вырвацца з гэтага пекла — было ў галаве ў кожнага. Але па-рознаму працавалі тыя галовы. Зацятая нянавісць да чужынца, гатоўнасць загінуць, а не скарыцца і — пакорлівасць, гатоўнасць прадацца, нават здрадзіць, абы ўцалець,— жылі тут пад адным дахам, спалі на адных нарах... Андрэй Бушуеў і вырашыў, што яго, камуніста, справа — пранікнуць у гэта страшнае жыццё і хоць трохі ўздзейнічаць на яго хаду.

Асаблівы клопат быў у Андрэя — высочваць здраднікаў і правакатараў. Да іх ён быў бязлітасны. Цвёрда пераканаўшыся, што перад ім прадажная душа, нягоднік, праз якога ўжо загінулі ці могуць загінуць нашы людзі, Андрэй ішоў да каменданта. Там яму была добрая вера. Адпаведная гісторыя, прадумана выкладзеная лейтэнанту Пфайфелю,— і ад таго нягодніка і след прастываў. Тым часам давер да Андрэя, яго аўтарытэт у вачах лагернага начальніка раслі і мацнелі — чалавек жа не бяздзейнічаў, адрабляў абяцанае. Камендант пачаў выклікаць яго да сябе быць перакладчыкам пры асабліва важных допытах... Так сам Пфайфель уцягваў Андрэя ў таямніцы падпольнага жыцця ваеннапалонных. Перакладаючы, Бушуеў асцярожна выпытваў патрэбнае сабе, імкнуўся скіраваць допыт у пажаданы яму бок. Калі вынікалі факты і акалічнасці, якія пагражалі каму-небудзь з палонных,— стараўся як мага хутчэй папярэдзіць яго аб гэтым, падказаць, як трымацца, калі будуць дапытваць.

...Неяк раз кіраўнік групы па рамонту грузавікоў Мамедаў шапнуў каменданту, калі той зайшоў у іх майстэрню, што мае сказаць яму нешта важнае. На размову Пфайфель паклікаў Андрэя. Мамедаў даносіў, што Кошалеў і Будкевіч нібыта камуністы. Перакладаючы, Бушуеў здолеў пераканаць каменданта, што ў даносчыка толькі падазрэнні, толькі меркаванні, што не варта хлопцаў, майстравітых работнікаў, адразу перадаваць у рукі карных органаў, як след не праверыўшы паведамленне.

— Вам я і даручаю праверыць,— тонам загаду сказаў камендант, калі Мамедаў выйшаў.

І Андрэй тут жа заняўся праверкай. Вынікам было знікненне Мамедава, а камуністы Кошалеў і Будкевіч сталіся для Бушуева першымі людзьмі, на якіх у лагеры можна было надзейна абаперціся. Пасля гэтай гісторыі Андрэй для каменданта зрабіўся, можна сказаць, сваім чалавекам.

Некаторыя майстэрні па рамонту зброі мелі паміж сабой сякія-такія сувязі і зносіны. Пасрэднікамі звычайна былі лагерныя ахоўнікі. Аднойчы Пфайфель даручыў Андрэю схадзіць у майстэрню, што размясцілася ў былым гаражы Саўнаркома.

Бушуеў выйшаў з заводскай брамы. Ззаду засталася лагерная агароджа з калючым дротам наверсе. Патрэбныя дакументы былі ў кішэні. Мінскія вуліцы развіналіся перад ім. Яшчэ трохі — і будзе край горада, а там — лясное збавенне і змаганне з нелюдзямі ў адкрытую, са зброяй у руках...

Андрэй не пакіраваўся ў лясное збавенне. Ён патупаў у гараж Саўнаркома, выканаў даручэнне камендантаі вярнуўся за калючы дрот. Вельмі ж шмат гарачых спраў чакала яго там. І рабіць іх — толькі яму. Калі задуманае пачало так удала ажыццяўляцца, калі з такімі намаганнямі ўжо заняў надзвычай зручны рубеж для бітвы з ліхадзеямі,— адступіцца ад яе, не кінуцца ў яе ён не можа, не мае права!..

 

13

Загад камандавання быў катэгарычны: палявой паліцыі неадкладна правесці карную экспедыцыю і знішчыць партызанскі атрад, што атабарыўся недзе ў Гасцілавіцкіх лясах і вось ужо колькі часу трасе мінскае наваколле.

На лятучым зборы афіцэраў камандзір часці паведаміў аб загадзе і даў указанне распрацаваць план аперацыі.

Гаўптман Франц Майер прыйшоў на кватэру ў глыбокім роздуме. Яго роце належала прыняць удзел у планаванні экспедыцыі, ён мусіць быць і адным з яе камандзіраў.

Бадай, вось толькі цяпер Майер упершыню адчуў і пачаў разумець невымерную складанасць абставін і сітуацыі, у якія ўкінула яго вайна. Да гэтага часу ў яго сэрцы і памяці ўсё як бы адкладвалася, фіксавалася, занатоўвалася. Падзеі разгортваліся, у іх віры круцілася чалавечая істота, то выныраючы на паверхню і плывучы па цячэнні або супраць яго, то знікаючы ў ім бясследна. Цяпер і яго закруціў гэты страшны вір. Тут выбар небагаты — або знойдзеш сілы і разумна, па-людску будзеш плысці і чалавекам застанешся, або бясслаўна пойдзеш на дно. Часу на роздум не вельмі што дадзена. Нерашучасць і бяздзейнасць — аднолькава згубныя.

Гаўптман ужо добра нагледзеўся на гэтую вайну. Асабліва нагледзеўся, калі ступаў па савецкай зямлі. Такога з чалавечай памяці не выб’еш ніякай даўжынёю гадоў. Тут, у Мінску, у закарнашкі яго душы штодзень заганяецца столькі жуды, што звар’яцець можна. Шматлікія допыты, на якіх ён бываў і якія сам праводзіў, малявалі карціну людской мужнасці і людскога трагізму. У жандарскіх і паліцэйскіх засценках не сціхала водгулле таго, што дзеялася ў партызанскіх лясах і пад гарадскімі дахамі.

Змяркалася. Праз адчыненае акно ў пакой плыў садовы водар. Дрэвы застылі ў нейкай здранцвелай нерухомасці. Стоеная ціша прысела на гэтым ускрайку горада.

Гаўптман смаліў папяросу за папяросай. Думак у галаве круцілася процьма, але ўсе яны ўпарта віліся вакол адной: «Што рабіць? Як дапамагчы ім, як выручыць?..» Самае вернае, вядома,— папярэдзіць аб экспедыцыі. Але як? У яго няма ніякай сувязі з ляснымі салдатамі. Яна яшчэ толькі задумвалася. І вось насоўваецца гэта аперацыя...

Ад нечаканага стуку брамкі Майер уздрыгнуў — вярнулася з работы Аляксандра Пятроўна. Жыў ён з гаспадыняй сваёй кватэры ціхамірна, у іх хаціне аднастайна зменьваліся ночы на дні, дні на ночы, спакваля плыў час, нібыта нічога і не рабілася на свеце. Яны вельмі мала і вельмі рэдка размаўлялі паміж сабой. Пасля вяртання з паліцыі яна, чалавек увогуле негаваркі, замкнулася ў сабе і была надзіва скупою на слова. Колькі разоў гаўптман спрабаваў разгаварыць гаспадыню, будучы ў лагодным настроі — пажартаваць, расказаць што-небудзь пацешнае,— яна моўчкі выслухае, буркне для прыліку слова-другое і зоймецца чым-небудзь, каб скончыць гаворку.

Майер убачыў Аляксандру Пятроўну каля брамкі — і сама сабой выплыла думка: «А што, калі паспрабаваць? Яе ж цягалі ў паліцыю — можа, і мела якія зносіны з партызанамі? Як яны самі кажуць — дыму без агню не бывае... Адкруцілася, выпусцілі — ну і на здароўе! Варта паспрабаваць! Іншага ж выйсця няма!..»

Ён пачакаў, пакуль Аляксандра Пятроўна пераапранецца, трохі агледзіцца ў хаце, збольшага прыкінуў, што і як гаварыць, і зайшоў да яе ў пакой.

— У мяне да вас просьба,— пачаў гаўптман. Голас яўна выдаваў узрушанасць.— Невялічкая просьба...— паўтарыў ён пасля кароткага маўчання.

Спалох адбіўся на яе твары. Так да яе ніколі ён не звяртаўся.

— Я слухаю...— з дрыготкай у голасе прамовіла яна.

— Ды нічога асаблівага,— заўважыўшы яе збянтэжанасць, з наўмыснай абыякавасцю сказаў Майер.— Проста мне няёмка прасіць такое... Але... вы даруйце мне...— ён змушана ўсміхнуўся.— Разумееце, наша часць на некалькі дзён выязджае з горада... Ну, можна сказаць, на прагулачку... Недалёчка, у Гасцілавіцкія лясы... Трохі паганяць партызан, а то яны нешта пачалі, як тыя дзеці, сваволіць, дурэць...— Сагнаўшы з твару ўсмешку, ужо іншым тонам — з гарэзлівай жорсткасцю — вымавіў:— Страляюць, забіваюць нашых хлопцаў, нішчаць нямецкае дабро... Адным словам, перашкаджаюць нам працаваць...— Нібы спахапіўшыся, што кажа непатрэбшчыну, гаўптман зноў змяніў тон і загаварыў з ранейшай наўмыснай абыякавасцю:— Але гэта між іншым, гэта вам нецікава і ведаць неабавязкова... А просьба мая такая: пакуль я буду адсутнічаць,— памыйце, калі ласка, маю бялізну. Любата будзе, вярнуўшыся, схадзіць у лазню, у чыстае пераапрануцца! Не чакаць жа, пакуль нашы гаспадарнікі разгорнуцца. Я — чысцюля... Ну, дык як, Аляксандра Пятроўна, зробіце?

— Зраблю.

— Вось і слаўна.— Гаўптман рэзка павярнуўся і знік за дзвярыма свайго пакоя.

Аляксандра Пятроўна сядзела як аслупянелая. Глядзела перад сабою і нічога не бачыла.

«Што гэта ён тут нагаварыў? — Яна ўсхапілася з крэсла і памкнулася была да дзвярэй, якія зачыніліся за ім, але тут жа спынілася.— Навошта расказаў? — Думкі ў галаве мільгацелі, зганялі адна адну. І тут раптам працяла яе страшнае: —А што, калі сказанае ім — праўда? Калі і сапраўды над людзьмі звісла бяда? Хлопцы ж, да якіх ходзяць сувязныя, завіхаюцца якраз недзе ў Гасцілавіцкіх лясах! Можа, і сапраўды на іх рыхтуецца аблава? Пераб’юць усіх чыста...»

Яна ні за што не магла ўзяцца ў хаце, усё валілася з рук. Як непрыкаяная, сноўдалася з кута ў кут. А рабіць нешта трэба было...

У тую ноч Аляксандра Пятроўна не замгнула ні на волас. Перадумана і перамеркавана было ўсё да драбніцы. І выспела цвёрдае рашэнне: перадаць лясным хлопцам чутку пра аблаву. Перадаць, чаго б гэта ёй ні каштавала!..

Быў аўторак. Толькі ў пятніцу з’явіцца Хвядос Апанасавіч. А марудзіць жа нельга ні гадзіны...

Гэта быў той выпадак, калі дазвалялася ісці на сустрэчу, якую трымалі для выключных абставін.

Уранку, як толькі Майер падаўся на работу, Аляксандра Пятроўна замкнула хату і памчала да Антона Захаравіча. Яна старалася заспець яго дома — ісці на службу ва ўправу ніяк не выпадала. Балазе жыў ён недалёка — на Грушаўскім пасёлку, каля таварнай станцыі. Даскочыла, калі ён ужо стаяў ля парога.

— О, нечаканая госця!—усклікнуў Антон Захаравіч з непадробным здзіўленнем.— Заходзь, заходзь!..

— Ды мне няма калі, я на хвілінку,— адсопваючыся, прамовіла яна.

— І мне асабліва няма калі. Бач, ужо гатовы дыбаць на службу.

— Вось і добра. Па дарозе і пагамонім.

Антон Захаравіч трохі ведаў пра яе кватаранта — яна пераказвала сяды-тады пра Франца Майера. Ён не надаваў асаблівага значэння таму, што капітан размаўляў па-руску, што калі-нікалі напявае мелодыю савецкай песні ці кіне мімаходам двухсэнсавую заўвагу наконт якой-небудзь падзеі ці здарэння. А вось гэта яго паведамленне пра аблаву — Антона Захаравіча, як і Аляксандру Пятроўну, надзвычай уразілі і ўстурбавалі.

— Нешта тут ёсць, нешта ёсць, Аляксандра! — ён з цяжкасцю падбіраў словы.— Нездарма твой кватарант такое табе сказануў, нездарма... Разумееш — ён жа галаву сваю табе даверыў! Калі сапраўды робіцца падрыхтоўка да аблавы і ты падаткнула б немцам пра яго гаворку,— дзе была б тая яго галава?.. Ён верыць табе, верыць, што не выдасі і паспрабуеш, калі можаш, адвесці ад людзей бяду. Гэтага, відаць, ён і хоча... Справа вельмі сур’ёзная. Трэба дзейнічаць неадкладна. Добра зрабіла, Аляксандра, што прыйшла да мяне, не дачакаўшыся Хвядоса Апанасавіча. Не дачакалася б. Няма ўжо яго, нашага дарагога чалавека. Загубілі гады...

— А што, што здарылася з ім? — Аляксандра Пятроўна міжволі аберуч схапіла локаць Кернажыцкага і разгублена ўтаропілася ў яго адразу скамянелы твар.— Калі?..

— Ды на тым тыдні,— глуха выдыхнуў Антон Захаравіч.— Ішоў у лес. Напароўся на патруль. Спрабаваў уцячы. Параненага ўзялі... Мучылі доўга. Нічога не сказаў. Нават прозвішча, хто ён і што ён,— не сказаў. Так і закатавалі, толкам не ўведаўшы каго... Ужо мёртвага павесілі. Некалькі дзён вісеў труп. Неўпрыкметку цікавалі за ім — можа, хто пазнае... Я ледзь пазнаў — так ён быў знявечаны... Мабыць, я падазрона доўга разглядаў павешанага — мяне затрымалі і прывялі ў жандармерыю. З дапамогай дакументаў работніка ўправы выкруціўся. Вось там мне, як свайму чалавеку,— горкая ўсмешка скрывіла губы Кернажыцкага,— і раскрылі апошнюю тайну Хвядоса Апанасавіча...

— Ну, цяпер, відаць,— пасля працяглага маўчання загаварыла Аляксандра Пятроўна,—ты можаш мне сказаць... хоць бы некалькімі словамі... хто ж такі быў Хвядос Апанасавіч? Я ж пра яго толькі і ведала, што гэта чалавек ад цябе.

Кернажыцкі, унурыўшыся, ступаў цяжка, здавалася — кожны крок каштаваў яму немалога напружання.

— Магу сказаць, магу....— Твар яго перасмыкнуўся, нібы працяты раптоўным болем.— Ведаў я яго даўно. Яшчэ з хлапчукоўскіх яго гадкоў. Дзетдомавец. Пасля школы падаўся на бухгалтарскія курсы. Скончыў і рабіў бухгалтарам у адным гастраноме. Як пачалася вайна і прыйшлі немцы, ён неяк раз прыбег да мяне і стаў роспачна прасіць парадзіць, як жа яму жыць. Я абяцаў што-небудзь прыдумаць. Праз нейкі час мы сустрэліся. Доўга гутарылі. Ён прагна лавіў кожнае маё слова. Я глыбока давяраў яму і прапанаваў пайсці ва ўправу. Пад маё паручыцельства яго ўзялі, якраз патрабаваліся тады работнікі, што ўмеюць ляскаць на лічыльніках... Калі арганізаваўся атрад Бойкі, Хвядос Апанасавіч зрабіўся нашым сувязным. Ды такім, што...

Кернажыцкі змоўк. Па-ранейшаму натужна ступаючы, ён у каторы раз цяжка перажываў гібель чалавека, які стаўся для яго самым родным. Успаміны, згаданыя для Аляксандры Пятроўны, балюча развярэдзілі яшчэ такую свежую рану...

Аглушаная бязлітаснай навіной, Аляксандра Пятроўна нейкі час стаяла, нічога не цямячы. Здавалася б, пара ўжо звыкнуцца з гэткім — закатавалі, павесілі, расстралялі... І нагледзелася ўжо нямала. Толькі заўчора, праходзячы паўз тэатральны сквер, бачыла, як там на дрэвах гайдаюцца чацвёра... Але да такога, мабыць, ніколі не прывыкнеш... Не сваяк які і амаль не знаёмы быў ёй гэты Хвядос Апанасавіч, а вось загінуў— і нібы страціла вельмі дарагога чалавека.

Яна панура пасунулася да сваёй газіроўкі...

Антон Захаравіч тым часам ішоў і пакутна думаў, каго паслаць да Іосіфа Макаравіча. Калі рыхтуецца аблава на партызан у Гасцілавіцкіх лясах, то рыхтуецца іменна на яго атрад,— Кернажыцкі ў гэтым ніколькі не сумняваўся. Там гаспадарнічаюць Бойкавы хлопцы. Гэта яны так дапяклі немцам, што тыя вырашылі зрабіць аблаву. Антон Захаравіч добра ведаў пра кожны крок свайго слаўнага сябра — Хвядос Апанасавіч дзейнічаў надзейна, верна. Цяпер сувязь парвана. Антон Захаравіч ужо шукаў чалавека, які мог бы замяніць Хвядоса Апанасавіча. Хто ж мог прадбачыць, што гэта спатрэбіцца так тэрмінова?..

Думка Кернажыцкага круцілася вакол Пятра Лукашэвіча. Успомнілася — яго Косціка неразлучны сябрук... Памятае — сын умеў выбіраць сапраўдных сяброў... Антону Захаравічу падабаўся гэты энергічны, крыху гарачы хлапец. Ведаў ён, які лёс напаткаў Пятрову сям’ю пры бамбёжцы горада. Уважліваму воку відаць былі яго настрой і стан яго душы. Кернажыцкі ўжо колькі часу назірае за ім і амаль не сумняваецца, што хлапец не бяздзейны ў буднях здушанага акупацыяй горада. Ён напэўна ж не стаіць у баку ад таго, што творыцца навокал. І як дарэчы, што Пятру знаёмы гасцілавіцкія мясціны — там жа яго цётка жыве. Нічога, што эвакуіравалася, як пачалася вайна. Усё-такі пойдзе не чужы чалавек у чужы край,— у выпадку чаго гэта вельмі прыдасца. Патрэбныя дакументы ў яго, работніка ўправы, ёсць. Пра тое, што Пятро збаіцца ці, спаслаўшыся на што-небудзь, адмовіцца схадзіць у атрад Бойкі, Антону Захаравічу проста і не думалася.

Ён не памыліўся: ледзь толькі Пятро зразумеў, што яму прапануецца, як загарэўся жаданнем адразу ж кінуцца ў дарогу. Сказаў, што сам добра ведае, колькі небяспекі на той дарозе і чым яна можа скончыцца...

 

Карная экспедыцыя зводзілася, па сутнасці, да нескладанай аперацыі: абкружыць лес, дзе базіруецца партызанскі атрад, даць бой і знішчыць яго. Сілы вылучаліся ладныя — дзве роты палявой паліцыі. Адной з іх была рота гаўптмана Майера.

Экспедыцыя пачалася і разгортвалася па распісанаму плану. Быў абложаны з усіх бакоў лес — партызаны няйначай тут павінны знаходзіцца, больш зручнага, больш прыдатнага для іх прыстанішча ў гэтым краі не адшукаеш.

Лес прачэсваў часты грабянец карнікаў. Былі знойдзены відавочныя свежыя сляды тых, каго загадана было знайсці і знішчыць...

Урэшце і камандзіры аперацыі, і ўсе яе ўдзельнікі зразумелі, што іх пакінулі ў дурнях: партызаны зніклі... І кожны патайна ўздыхнуў з палёгкай: бою не будзе, адным шанцам меней атрымаць кулю ў лоб...

Аднак ранавата было ім з палёгкаю ўздыхаць і радавацца...

Старанна прачасаўшы лес, паліцаі пад вечар вярталіся на пункт збору, дзе іх чакалі грузавікі, каб павезці назад.

А яшчэ іх чакала засада.

Падпусціўшы карнікаў на блізкую адлегласць, партызаны пачалі смаліць у іх. Удар быў такі нечаканы, што строй паліцэйскіх як бы на момант застыў, знерухомеў,— ніхто не разумеў, што ўсчалося. Але толькі на момант. Прарэзлівыя крыкі параненых тут жа вывелі людзей са здранцвення. Большасць, ратуючыся ад куль, падала на зямлю, многія шукалі схованку за тоўстымі дрэвамі, некаторыя з перапуду беглі, не думаючы, куды нясуць іх ногі... Пачуліся крыкі каманд, загады, але яны танулі ў грукаце страляніны, у ляманце параненых.

Так прайшло некалькі мінут. Засада ўсё грымела і грымела.

Але вось абазваліся і карнікі. Рэдкія стрэлы пачасціліся і неўзабаве выліліся хоць і ў не зладжаную, але моцную страляніну. Паліцаі апамяталіся і пачалі арганізоўвацца, каб даць партызанам бой...

Лясным салдатам быў дадзены загад на адыход: вельмі няроўныя былі сілы...

Карнікі не адважыліся на праследаванне. Насоўвалася ноч, гэты надзейны саюзнік народных мсціўцаў, асабліва страшны ў лесе. А больш за ўсё адбіў ахвоту праследаваць партызан бой, які толькі што адгрымеў. Такі ўдар, такія страты!..

На лятучай нарадзе з камандзірам другой паліцэйскай роты, які ўзначальваў карную аперацыю, гаўптман Майер падаў прапанову вяртацца ў горад — каб пазбегнуць новых страт і не трапіць пад разгром. Трэба будзе адзначыць у дакладзе камандаванню, што прынялі жорсткі бой з ляснымі бандытамі (пра гэта сведчаць ахвяры), атрад разграмілі, уцалелыя партызаны разбегліся па лесе і ніякай небяспекі не ўяўляюць.

На тым і пагадзіліся.

...На душы ў Франца Майера, які пагойдваўся ў кабіне аднаго з грузавікоў, што вярталіся ў горад з карнай экспедыцыі, былі ўсцешанасць і горыч. Усцешанасць ад таго, што чалавечную, справядлівую справу зрабіў — уратаваў людзей, якія хочуць быць гаспадарамі на сваёй зямлі і не прызнаюць над сабой гвалту. Горыч ад таго, што вось у гэтых грузавіках яны вязуць столькі мёртвых яго суайчыннікаў, якім ніколі ўжо не пабачыць сваіх далёкіх бацькоўскіх краёў. Ды ці вінаваты ён, што яны загінулі? Ці жылі б яны, калі б праз яго партызаны і не былі папярэджаны пра аблаву? Карная экспедыцыя ўсё роўна адбылася б, іх усё роўна пагналі б у бой. І быў бы той бой куды больш зацяты. Гэтыя ж людзі не здаюцца, абложаныя — біліся б да апошняга. І хто ведае, колькі мерцвякоў трэслася б тады ў кузавах грузавікоў! Можа, і ён, Майер, быў бы сярод іх...

 

14

З самага ранку на небе — ні хмурынкі, ні аблачынкі. Апоўдні аднекуль вырваўся і ўсхадзіўся вецер. У горадзе яму не было разгону, і ён гойсаў па вуліцах і завулках, раз’юшана налятаў на пакладзеныя ў руіны кварталы, вывіхурваючы з іх размаітыя клубы таго, што было яму пад сілу. На далёкім захадзе, дзе ўсчаўся і адкуль накінуўся сюды гэты разбойны вятрыска, неба ледзь прыкметна пачало цьмянець. Паступова пацямненне гусцела і гусцела. Неяк раптоўна сціх, улёгся вецер, і на знямелую зямлю, як з луба, лінуў дождж...

Антаніна Сцяпанаўна пляснула рукамі, калі Хведар Васільевіч пераступіў парог:

— Божухна, на каго ты падобны!....

На ім рубца сухога не было. Наскрозь прамоклы пінжак так шчыгульна абцягнуў плечы і спіну, што на іх, здавалася, заўважна была мускулатура. Злубянелыя штаны шархацелі, як бляшаныя, з іх цурком цякло. Пышная чорная шавялюра, у якой сям-там пачала ўжо выбівацца сівізна, злямчылася і нагадвала няўклюдную шапку-кучомку, спехам усцягнутую на галаву.

— Што ж гэта ты, Хведарка, не прыхаваўся дзе-небудзь? Так вымакнуць!..— як малому дзіцяці, казала Антаніна Сцяпанаўна з дакорам.

— А дзе прыхаваешся? Заходзіць у чужую хату ці пад якую паветку не хацелася. Ды і калі там было раздумваць! Нібы рубільнік недзе ўключылі, як кран крутанулі,— адразу ж вадаспадам шуганула. Некалькі мінут — і да нітачкі мокры, ступай сабе спакойна, болей не змакрэеш... Я і ступаў. Ды і ці перачакаеш такую навалу! Бач, як усё неба аблажыла. Ляскоча неміласэрна. Надоўга гэта, маці.

— А ўжо ж, надоўга, мусіць...

Пераапрануўшыся ў сухое, Хведар Васільевіч, змораны, прысеў каля Антаніны Сцяпанаўны, якая прыладкавалася пад акном і корпалася з нейкім шытвом.

— Есці хочаш? — спытала яна.

— Ды не.

— То і добра. Дачакаемся дзяцей і разам будзем вячэраць. Нічыпар сёння на першай змене, хутка павінен быць. Вось толькі гэты дажджыска..

— Нічога, дабярэцца як-небудзь. А дзе Ларык?

— Ліха ведае, дзе твой Ларык! Зранку як шмаргануў некуды, дык і след прастыў. Вазьмі ты яго ў рукі, Хведар! — Антаніна Сцяпанаўна кінула шыць і ўмольна глядзела на мужа.— Чуе маё сэрца — бяда звісае над намі! Лётае гэта шаляніца дзень пры дні немаведама дзе, дальбог жа, нарвецца на сваю пагібель. Ведаеш жа, які цяпер час...

— Думаў я пра гэта, маці, не раз думаў.— Твар Хведара Васільевіча пасуровеў.— Думаў і надумаўся — вазьму Ларыка да сябе ў майстэрню. Будзе ўсё-такі навідавоку. Менш будзе ў гарачай галаве шанцу наляцець на няшчасце.

 

Пра старэйшага сына, Нічыпара, часам пад настрой Антаніна Сцяпанаўна казала свайму Хведару:

«І ў каго ён толькі ўдаўся? Не па табе, бацька, пайшоў, не па табе...» Яна добра помніць малога Хведзьку — разам гадаваліся, разам у школу бегалі. Сур’ёзнасць, нейкая самавітасць былі ў тым сарамлівым юнаку, які часам мог проста здзівіць сваёй разважнасцю і сталасцю. А сын з самых сваіх маленькіх гадкоў рос свавольнікам і вісусам. Адкуль толькі ў хлапчаняці бралася энергія! Да ўсяго ён імкнуўся дапяць, усё паспрабаваць. З яго не злазілі гузы і сінякі. Колькі перадраў ён штаноў, ведаюць адны маміны іголкі. У школе ён быў першы вучань і першы дураслівец. Калі Нічыпар вучыўся ў пятым класе, адно з яго свавольстваў ледзь не скончылася трагічна. Неяк раз з купкай аднакласнікаў ён ішоў са школы. На трамвайным прыпынку было людна. Давялося прапусціць адзін, другі. І тут пракудзе закарцела фарсануць перад сябрукамі, паказаць свой спрыт. Прайшоўшы ад прыпынку трохі наперад, Нічыпар, калі трамвай параўняўся з ім, скокнуў на прыступкі першага вагона. Скокнуў няўдала, не адзержаўся, рухам яго падхапіла і кінула пад другі вагон. Мабыць, наканавана было гэтаму чалавеку жыць — яго выцягнулі з-пад трамвая жывога, але з адрэзанай нагой. Пасля таго страшнага здарэння неяк адразу, раптоўна перайначыўся юнак. Ці гэта было вынікам надзвычайнага нервовага ўзрушэння, якое да глыбіні страсянула яго істоту, ці вынікам ужо нехлапечай развагі ў бальніцы над тым, што адбылося, але разам з адрэзанай ступнёй нагі нібы адрэзала ўсе Нічыпаравы бяздумныя свавольствы, бузацёрства, гарэзную бестурботнасць. Расквітаўся з дзяцінствам і з юнацтвам, якое толькі што нарадзілася. Сталасць уварвалася ў нясталыя гады. Скончыўшы сямігодку, ён вырашыў набыць прафесію. Любімым прадметам школьніка Нічыпара была фізіка. Яго захаплялі розныя вынаходствы. Урокі, на якіх настаўнік расказваў пра электрычнасць, радыё, тэлеграф, былі для хлапчука святам, на іх ён сядзеў, як заварожаны. Дачуўшыся, што ў горадзе ёсць станцыя юных тэхнікаў, ён зрабіўся адным з самых заўзятых членаў радыётэхнічнага гуртка. Перад Нічыпарам не стаяла пытанне, куды пайсці вучыцца,— ён падаўся ў электратэхнікум сувязі. Незаўважна прамінулі тры студэнцкія гады, і малады спецыяліст перад вайною стаў работнікам сталічнага галоўпаштамта. Калі акупанты ўступілі ў Мінск і пачалі наладжваць гарадскую гаспадарку, ім адразу ж спатрэбіліся спецыялісты па сувязі. Нічыпара Рускевіча выклікалі ва управу і катэгарычна прапанавалі пайсці працаваць у паштовае аддзяленне пры чыгуначным вакзале. Давялося згадзіцца.

Другі сын Хведара Васільевіча, Лаўрэн, з самага маленства і кропелькі пабраў ад брата Нічыпара. Рос гэткім жа свавольнікам і вісусам. І ён, як пачаў тэпаць па зямлі, даваў бацькам процьму клопатаў. Яго захапленнем быў авіямадэлізм. Палац піянераў, дзе вучылі ўласнымі рукамі рабіць жывыя самалёцікі, якія ўспырхваюць над зямлёй, зрабіўся для Ларыка другім домам... Год наплываў на год, клас на клас,— бацькі і агледзецца не паспелі, як іх меншанькі ужо васьмікласнік...

 

— Нешта, Хведар, вельмі ж неважнецкі выгляд у цябе сёння. Мо што нядобрае на рабоце? —трывожна спытала Антаніна Сцяпанаўна.

— А што добрае можа быць на той рабоце? Такі ж, як і ўсе, шалёны быў дзень. Важдаемся з нямецкімі недабіткамі. Нацягалі іх дай божа колькі. І грузавікоў, і гармат, і аўтаматаў, і кулямётаў. І ўсё — хутчэй, хутчэй, на фронце дужа патрэбны!.. Душа баліць, калі корпаемся ў гэтым ламаччы. Даведзенае да ладу, яно ж будзе служыць немчуры, нішчыць нашых...

— То вы б не вельмі шчыравалі, асабліва не завіхаліся...

— Каб ты ведала, як мы шчыруем... Але ж гэта небяспечна. Вельмі небяспечна. Наша начальства, розныя наглядчыкі не такія ўжо дурні, каб нічога не бачыць і не цяміць. Сёння Цімох Булацкі скончыў рамонт процітанкавай гарматы. Агледзеў яе нямецкі вайсковец — кантралёр-прыёмшчык. Дапяў-такі, сабака: адкатнае прыстасаванне мой Цішка так адрамантаваў, што пасля некалькіх стрэлаў тую гармату бяры ды зноў валачы да нас... Схапілі яго тут жа. Загінуў, небарака. Толькі тром гарматам паспеў даць такі рамонт, на чацвёртай засыпаўся. Казаў жа яму, прасіў — асцерагайся, сыне, у выжлятнікаў нюх тонкі... Не асцярогся...

— То ты ведаеш пра такія рамонты?

— А чаму мне не ведаць? Мае ж хлопцы робяць. Я абавязаны ведаць. Хоць невялікае, а ўсё-такі начальства. Сачу і бачу, хто ўкладвае ў работу душу, а хто што-кольвечы іншае. Калі заўважу, што чалавеку трэба і можна сёе-тое параіць,— раю.— Шматзначная ўсмешка на хвілю асвятліла твар Хведара Васільевіча.— Вайна, маці, усюды ідзе. І павінна ісці. Інакш злыбяду нам не зваліць...

— Дык і цябе ж могуць схапіць, Хведарка!..— у вачах Антаніны Сцяпанаўны застыў жах.

— Могуць, Тоня, могуць. Разумеў, што могуць схапіць, і Цімоша. Але рабіў, як падказвала сумленне. А яно ў сапраўднага нашага чалавека за любым калючым дротам заўсёды чыстае і заўсёды падкажа яму адзіна правільны ход. Нярэдка той ход спыняюць куля ці шыбеніца. На тое і вайна...

Па натуры не вельмі гаваркі, Хведар Васільевіч сёння разгаманіўся. Правал і арышт Цімоха Булацкага не выходзілі з галавы, і яму захацелася выгаварыцца. Гэтага хлопца ён па-бацькоўску любіў. Нешта прывабнае ў ім адразу кінулася ў вочы, калі ў той дзень прывялі яго і сказалі навучыць рамонтнай справе. Цімох, нягледзячы на маладосць, меў зайдросныя рукі слесара-інструментальшчыка. Яго кемлівасць і напорнасць у працы былі заўважаны, і Хведар Васільевіч пачаў даручаць хлопцу даволі складаныя аперацыі. Аднойчы ад пільнага вока старога майстра не ўхавалася, што гармату Цімох адрамантаваў так, каб магла вытрымаць толькі некалькі пробных стрэлаў. Зроблена было тонка, хітра, нават пры ўважным аглядзе можна не здагадацца. Хведар Васільевіч выклікаў Булацкага да сябе. Размова была доўгай і цяжкой для абодвух. Хлопец упарта адмаўляў, што наўмысна так рамантаваў гармату. І толькі пасля таго, як Хведар Васільевіч асцярожна навёў гаворку на тое, што, можа, вялікай бяды і не было б, калі б гэтая гармата на фронце выйшла са строю і ад яе загінула менш нашых людзей,— хлопец трохі адкрыўся. Так, вялікай бяды не было б... І тут жа ў Цімоха з душы вырвалася — яшчэ лепш было б, калі б нямецкія гарматы зусім не стралялі ў нашых людзей!.. Цалкам пераканаўшыся, што яму нічога не пагражае, хлопец прызнаўся, што надумаўся рамантаваць варожую зброю так, каб у першым жа баі яна псавалася. З той гаворкі Цімох і Хведар Васільевіч паразумеліся. Лягчэй і смялей стала працаваць юнаку. Нянаісць да чужынцаў паліла яго... Моцна гараваў Хведар Васільевіч, што той агонь так рана згас... Ведаў, што калі выйшаў на бой, то можаш і загінуць. Ты забіваеш, і цябе могуць забіць. Да смерці нібыта заўсёды гатовы, але яна, праклятая, заўсёды нечаканая. Асабліва балюча сціскаецца сэрца, калі на тваіх вачах гіне той, каму б жыць ды жыць...

Хведар Васільевіч ведаў пра тое, што рабілася штодзень у збраевікоў. Чуткі пра здарэнні паўзлі па ўсіх майстэрнях. Яго як начальніка над вялікай групай рамонтнікаў кожным ранкам выклікалі на лятучкі, на якіх, акрамя гаворкі пра чарговыя заданні, была асаблівая гаворка пра ўсё колькі-небудзь значнае, што адбылося за суткі. Даваліся наганяі і накладваліся суровыя спагнанні на кіраўнікоў, у чыіх групах выяўляліся злачынныя здарэнні. Начальства майстэрняў і камендант лагера ваеннапалонных Пфайфель, які часта браў удзел у лятучках, не скупіліся на пагрозы і абяцанні самых жорсткіх кар. Яны, зрэшты, не толькі пагражалі,— пакаранні сыпаліся направа і налева. Аднак чаканага парадку і, галоўнае, хуткасці ў рамонце зброі наладзіць не ўдавалася. А тут гэтыя дыверсіі, што пачашчаліся і пачашчаліся... Вылоўлівалі віноўных, бязлітасна каралі, а дыверсіі не спыняліся.

Сэрца Хведара Васільевіча радавалася — не дрэмлюць хлопцы! І тут ідзе бітва, і тут фронт, хай сабе і маленечкі, але патрэбны для таго ўсеагульнага, што вось ужо колькі часу грукоча на родных прасторах. Весялей на душы, калі адчуваеш, што і ты салдат гэтай бітвы, што і ты нешта робіш, каб хутчэй спруцянела нямецкая пачвара.

Яму тут вераць, многае давяраюць. Два гады, што ён праседзеў у свой час, пакуль ішло следства і высвятлялі, які з яго агент замежнай разведкі, зрабілі сваю справу. Калі прыйшлі немцы, тую яго пасадку прыгадалі. Іх тупым даўбешкам думаецца, што чалавек затаіў злосць на Савецкую ўладу за прыкрую несправядлівасць і цяпер, калі гэтай уладзе крута даводзіцца, папомсціцца ёй. Ну што ж, няхай думаецца! А ваш давер сёння Хведару Васільевічу во як дарэчы!..

...Сыны з’явіліся, як згаварыўшыся, амаль адначасова. Навальніца па-ранейшаму бушавала, вар’явалася.

— Есці — паміраю!..— з парога крыкнуў Ларык.

— Хоць рукі памый, пустальга! — бяскрыўдна паўшчувала маці.— Зараз будзем вячэраць. Цябе чакалі.

Іх сям’я цяпер рэдка калі збіралася на вячэру ўся разам. Нічыпар рабіў то на першай, то на другой змене. У працы рамонтных майстэрняў сталых змен і сталага распарадку ўвогуле амаль не было. Раз-пораз надараліся такія заказы, што рабочыя суткамі не вылазілі з цэхаў. Калі Хведар Васільевіч прыйдзе дахаты, не ведала ні Антаніна Сцяпанаўна, ні ён сам. У часе ж Ларыка проста не было, як кажуць, ні складу, ні ладу,— ніхто не мог наперад сказаць, калі ён з’явіцца. І гаспадыні даводзілася прымяркоўвацца да кожнага, зноў і зноў турбавацца, каб усе яе мужчыны былі накормлены. Як жа ўсцешана бывала яна, калі вось так гуртком завіхаюцца яны каля сваіх місак, галодненькія, бясконца дарагія, родныя...

— Дык дзе, Лаўрэн, ты бадзяўся сёння? — спытаў Хведар Васільевіч, калі ўсе дружна налеглі на яду.

— Мала дзе! Дзень вялікі...— няпэўна мармытнуў Ларык, і тут жа насцярожанасць з’явілася на яго твары. Бацька дагэтуль яшчэ ні разу не пытаўся, дзе ён бегае.

— А я, сыне, хачу ведаць, што ты робіш. І маці хоча ведаць. Тут мы гаварылі пра цябе. Ты ўжо не маленькі. Бачыш і павінен разумець, што творыцца навокал. Тваё бадзянне можа кепска скончыцца...

— А што загадаеце мне рабіць? — Ларык кінуў есці, адсунуў міску. У яго вачах загарэліся дзёрзкасць і ўпартасць.— Што рабіць мне? — выкрыкнуў ён.

— Не крычы! Будзеш рабіць тое, што скажуць! Я і маці хочам, каб усё было добра. Ты пойдзеш да мяне ў майстэрні.

— Што я там не бачыў? Рамантаваць нямецкія кулямёты і гарматы, каб з іх білі нашых? — Голас хлопца зазвінеў.

Гэта было для Хведара Васільевіча такой нечаканасцю, што ён на хвіліну разгубіўся. Што сказаць сыну? Не адкрыешся ж так вось адразу перад дзіцем, нават калі яно і роднае. Памаўчаўшы, як мага больш спакойна сказаў:

— Там будзе відаць. Будзеш рабіць тое, што і іншыя робяць...

— Добра, татачка,— з прытворнай ласкавасцю прамовіў Ларык.— Я буду самым-самым спраўным рамонтнікам...

 

15

Золак дыхаў свежасцю і пранізлівай восеньскай прахалодай. Здавалася, паветра густа настоена на бадзёрасці, глытні яго — і як рукой зніме стому, затрапечацца жыццё ў кожнай жылачцы...

Іосіф Макаравіч вось ужо з гадзіну тупае па лясной цішыні, а супакой у душу не завітвае. Усю ноч праварочаўся на мулкіх нарах у будане, а хоць бы на кропельку заснуў. Учарашні дзень не выходзіць з галавы. І прадумана ж было ўсё нібыта як след, і пачатак быў такі ўдалы, а як крута павярнулася, як сурова скончылася!..

Атраду Бойкі косткай у горле стаяў моцны нямецкі паліцэйскі гарнізон у сяле Бортнікі. Гэта даволі ладнае сяло размясцілася непадалёку ад дарогі, якую вельмі цяжка абмінуць, калі кіруешся з боку Гасцілавіцкіх лясоў у Мінск. Паліцыянты выставілі каля Бортнікаў кантрольна-прапускны пункт. Яго не абыдзеш і не аб’едзеш ні ўдзень, ні ўночы. Правяраюць строга, чапляюцца да ўсяго. Самаўпэўненыя, трымаюцца нахабна-смела. Дзіва што: пад бокам жа добры гарнізон, ледзь што — падмога ў момант прыгрыміць. Камандаванне атрада і вырашыла знішчыць гэта гадаўскае гняздо. Аперацыя разгортвалася па старанна распрацаванаму плану. Удар для паліцэйскіх, здавалася, быў поўнай нечаканасцю. У іх стане пачалася паніка. Бязладна адстрэльваючыся, яны адступалі і адступалі, потым кінуліся наўцёкі. І тут здарылася непрадбачанае: на партызан, якія гналіся за ўцекачамі, раптоўна абрынуўся шквал агню. Засада!.. Пасля працяглай перастрэлкі атрад вымушаны быў пакінуць поле бою і вярнуцца на сваю базу. Не ўсе вярнуліся. З баёў, якія даводзілася весці партызанам, гэты па стратах быў самы цяжкі. Асабліва перажываў Іосіф Макаравіч страту свайго камісара Кірылы Дзядзюлі. Кулямётчык Ігар Лазарэўскі расказаў, што бачыў, як да цяжка параненага Дзядзюлі беглі паліцаі...

«Кіруша, Кіруша... Стыне кроў у жылах, калі падумаеш, што чакае цябе, камуніста і камісара атрада, у лапах вылюдкаў... Лепш бы ты ўжо мёртвым застаўся ляжаць на тым полі бою... Колькі ператупана разам дарог-пуцявін на гэтай турботнай, спрадвеку неспакойнай зямлі, колькі пабачана і зведана!..»

З Кірылам Дзядзюлем Бойка знаёмы з часу, калі толькі-толькі пачыналася калектывізацыя. Абодвум камуністам нямала дзе давялося тады пабываць. Не ўсюды гладка ў іх ішлося. Аднойчы Дзядзюля вярнуўся ў раён з прастрэленай рукою. Яшчэ і пашанцавала чалавеку — кулацкі абрэз мог пацэліць больш трапна...

Тыя працяглыя паездкі для Іосіфа Макаравіча скончыліся вельмі нечакана і дужа непрадбачана. У адной вёсцы выдаўся нялёгкі сход. І вось ужо ў самым канцы яго, калі пра стварэнне калгаса амаль што было дамоўлена, раптам усхопліваецца ў задніх радах шустрая дзяўчына.

— Таварышок! — звяртаецца яна да Іосіфа Макаравіча. У зале, якая ўвесь той вечар гула, як патрывожаны вулей, адразу ж зрабілася ціха. Усе прысутныя, нібы па камандзе, павярнуліся на выгук дзяўчыны. Відаць было, што яе тут добра ведаюць,— на тварах расплыліся хітранькія ўсмешкі і непрыхаванае чаканне пацешнага.— Вы тут вельмі складна казалі пра калгас. І пра тое, як хораша нам будзе там. А я хачу, каб кіраўніком таго калгаса былі вы! Ідзіце да нас за старшыню!..

Яна выпаліла гэта адным дыхам. Калі пачутае ўцямілі, у зале ўзняўся гармідар. Іосіф Макаравіч спрабаваў звесці гаворку на жарт. Спасылаўся, што дамоўка яго далёка,— абяцалі тут жа збудаваць хату... А што недзе нявеста чакае,— дык тая языкастая запэўніла, што ў іх акрузе знойдуць такую кралю, якая яму і ў сне не снілася... Скончыўся той гармідар тым, што сход запісаў у пратакол рашэнне — прасіць раённае начальства прыслаць у створаны ў іх вёсцы калгас «Першае мая» старшынёю таварыша Бойку...

Так павярнулася жыццёвая дарога работніка райкома партыі.

Старшынстваваў Іосіф Макаравіч нешта гадоў з дзесяць. Тыя гады ўрэзаліся яму ў памяць на ўсё жыццё. Час быў бурны і складаны. Крышылася спрадвечнае, сівой мінуўшчынай усталяванае, нараджалася новая вёска. У камуніста Бойкі энергіі тады ставала. І ён не шкадаваў яе. Вясковец, чалавек ад зямлі, Іосіф Макаравіч умеў гаспадарыць на ёй. У ім, як потым аказалася, сядзеў і добры кіраўнік калектыву земляробаў. Калгас «Першае мая» год ад году набіраўся дужасці і стаў гаспадаркай, якой ганарыўся раён. Няўрымслівы старшыня сам штодня не ведаў спакою і людзям не даваў спакою. Але на яго не крыўдавалі і не наракалі, бо ведалі і бачылі, што чалавек жыве іхнімі клопатамі. Быў добры лад і парадак і ў Бойкавай хаце, якую калгаснікі сапраўды неўзабаве адгрукалі свайму старшыні. Неяк так сталася, што не вельмі доўга стаяла яна без гаспадыні. І хто б мог падумаць — гаспадыняй у хорам Іосіфа Макаравіча ўвайшла тая самая шустрая дзяўчына, што прапанавала яго старшынёй калгаса,— весялуха і адчайная на неверагодныя выдумкі Люся Стрыжак!.. Гарэза і праз гады часам пакеплівала са свайго Юзіка: «А хто зрабіў цябе старшынёю?» У адказ ляцела яго шпілечка: «А хто зрабіў цябе шчаслівай жонкай?» Яна мігам парыравала: «А хто зрабіў цябе шчаслівым мужам?» У яе козыраў набіралася нібыта больш... Яны з асалодаю дураслівілі і забаўляліся, як малыя дзеці...

Невядома, колькі старшынстваваў бы Іосіф Макаравіч у сваім «Першым маі» — тут было ўжо для яго ўсё блізкае, роднае, тут пусціў ён глыбокія карані,— калі б не тая нарада ў Мінску. Наркамат сельскай гаспадаркі склікаў рэспубліканскую нараду хлебаробаў, майстроў высокіх ураджаяў. На яе быў запрошаны і Бойка. Яго выступленне высока ацанілі, на гаспадарнага старшыню-наватара звярнулі ўвагу ў наркамаце. Неўзабаве Іосіф Макаравіч атрымаў выклік у абком партыі. І давялося яму пакінуць калгас і сельскай гаспадаркай займацца як работніку абкома.

Працуючы ў Мінску, Бойка не забываў Кірылу Дзядзюлю, які пасля таго ранення працаваў у райкоме. Нярэдка сустракаліся яны — на розных нарадах, у камандзіроўках. Іосіф Макаравіч любіў праводзіць свае адпачынкі на роднай Гасцілаўшчыне, і тады ўжо ніяк не абыходзілася без таго, каб дружбакі не парыбачылі на беразе соннай маруды Ракіцянкі.

Як пачалася вайна, Дзядзюля не паспеў эвакуіравацца. Фронт пракаціўся дзесьці бокам, абмінуўшы гэты лясны кут. Па нядоўгай развазе Кірыла вырашыў шукаць Бойку. Усё-такі чалавек блізка стаіць да высокага кіраўніцтва, павінен ведаць, што і як рабіць цяперашнім часам. Ды і натуру свайго сябра добра ведаў — былы партызанскі верхавод не будзе сядзець склаўшы рукі, ён возьмецца за тое, што трэба...

Але не Дзядзюля знайшоў Бойку, а Бойка знайшоў Дзядзюлю...

...Іосіф Макаравіч ішоў у Гасцілавічы. Думалася аб тым, што чакае яго наперадзе, куды і як можа павярнуцца яго жыццё. А найперш і найбольш думалася пра яе — зусім нядаўнюю падпольную сустрэчу-нараду, на якой ён прысутнічаў. Гэта была сустрэча некалькіх адказных работнікаў абкома і гаркома партыі. На ёй былі прыняты вялікай важнасці рашэнні, рэкамендацыі. Яны зараз зноў і зноў згадваліся, змушалі яшчэ і яшчэ раз усё ўзважыць і прыкінуць — з чаго пачаць, як падступіцца да таго грандыёзнага, што мусіць рабіць ён, Іосіф Макаравіч,— цяпер, неадкладна, зараз жа. Пра тое, што час і абставіны падкажуць, як дзейнічаць,— у яго і думка не ўзнікала. Камуніст Бойка, гартаваны агнём грамадзянскай вайны, добра ведаў, што значыць у надзвычайных абставінах прымаць своечасовыя меры і пачынаць адразу ж рашуча іх ажыццяўляць.

Падзеі разгортваюцца так, што на карту ставіцца самае высокае, самае дарагое — лёс бацькаўшчыны. Гэта асабліва падкрэслівалася на нарадзе... У памяць Іосіфа Макаравіча глыбока ўрэзаліся прыведзеныя адным з прысутных словы Сталіна з яго выступлення па радыё: справа ідзе пра жыццё і смерць Савецкай дзяржавы, пра жыццё і смерць народаў нашай краіны... І яшчэ з таго выступлення глыбока запала — пра стварэнне на захопленай зямлі невыносных для ворага ўмоў, пра распальванне бязлітаснай партызанскай вайны...

«Партызанская вайна... Здаецца, так даўно гэта было і... так нядаўна...— гэтая думка-згадка ўладарна ўзяла верх над іншымі думкамі Бойкі.— Зноў яна, партызаншчына.. Але ж трэба, ой як трэба!..»

Для Іосіфа Макаравіча не было нечаканасцю, калі на нарадзе сярод тых, хто павінен актыўна ўключыцца ў разгортванне партызанскага руху, было названа і яго прозвішча. Пра баявыя справы Бойкі ў грамадзянскую вайну было добра вядома, і колішняму важаку лясных воінаў належала стаць важаком цяперашніх лясных воінаў.

І вось ён ідзе ў родныя мясціны, у знаёмы край, дзе ён многіх ведае і яго ведаюць. Там і Дзядзюля, на якога шмат надзей ускладвае Бойка. Верыць яму — як сабе. Ні на кроплю не сумняваецца, што старадаўні дружбак зразумее яго з паўслова і разам з ім возьмецца за справу, на якую выкіроўваецца ён, Іосіф Макаравіч. Трэба толькі знайсці яго і пачаць, пачаць...

...Яны сустрэліся, яны пачалі з невялікай групай першых адважных, моцных духам. Тая група разраслася ў ладны баяздольны атрад. Камандзір і камісар радаваліся — гэта ўжо сіла, якая можа даваць дыхту акупантам! І давалі, яшчэ як давалі! Ды новай дужасці набіраліся, гаспадарамі наваколля рабіліся. Чужынцы не на жарт устурбаваліся — надта ж небяспечным рабіўся атрад, што аблюбаваў сабе Гасцілавіцкія лясы. Тады і ўзнікла ў іх задума пра блакаду і разгром партызан.

 

Лес пакрысе ажываў. Азваліся першыя птушкі. Між дрэў прабіліся каснікі сонечных праменняў.

Трохі прытаміўшыся, Іосіф Макаравіч прысеў на абымшэлы дубовы пянчук. У галаве таўкачэча думак і ніякай пэўнасці. Гэта не была разгубленасць чалавека пасля жорсткага ўдару, які знянацку абрынуўся на яго. Бывалы баец, ён ведаў, што на вайне — чаго не бывае! Асабліва на партызанскай. Непрадбачанага і нечаканага тут заўжды процьма. І ўсё ж неяк душой ён адчуваў, што правал учарашняй аперацыі — не выпадковасць. А калі не выпадковасць, дык — што, што?..

Каторы раз перабіраючы ў памяці, як усё адбывалася, Бойка зноў і зноў думаў пра засаду. І чым больш думаў, тым больш схільны быў верыць, што тут не было выпадковасці. Засаду — наладзілі, іх чакалі... Паліцэйскія ведалі пра аперацыю, былі папярэджаны... Значыць, у атрадзе — правакатар, здраднік... Іосіф Макаравіч урэшце цвёрда пераканаў сябе ў гэтым, і яму зрабілася нават нібыта лягчэй. Але тут жа навалілася непазбежнае: «Хто ж ён, юда?..»

Апошнім часам у атрад людзей стала прыходзіць усё больш і больш. Сям’я лясных салдат дзень пры дні расла. Да тых, што ішлі, прыглядаліся, як маглі — дазнаваліся, хто яны. Ведалі (чуткі прыпаўзлі з суседняга атрада), што акупанты засылаюць да партызан розную брыду, якая можа нарабіць нямала шкоды. І вось...

«Правакатар, правакатар...— Іосіф Макаравіч аж калаціўся ад лютасці.— Выяўлю ж, гадзюку!..»

 

16

Пятро Лукашэвіч не знаходзіў сабе месца. Неўтаймоўная радасць распірала грудзі. Хацелася па-дзіцячы дурэць, сваволіць, вытварыць што-небудзь несусветнае. За што ўзяцца, з чаго пачаць гэты нядзельны выхадны дзень, калі не трэба ісці ва ўправу на працу і наперадзе столькі вольнага часу, ён не ведаў. Ды і не хацеў ведаць. Апанавала нейкая бяздумнасць і адначасна шалёная прага дзейнасці...

Учарашняя пабыўка ў партызанскім атрадзе Бойкі перавярнула Пятрову душу. Ён упершыню зрабіў нешта сур’ёзнае. А колькі ўведаў за ўчарашні дзень, колькі адкрылася яму!.. Ішлі і чым далей, то ўсё больш і больш ідуць погаласкі пра партызан... Дык то ж погаласкі і чуткі, а ён сам быў у партызанскім атрадзе, на ўласныя вочы бачыў жывых лясных салдат, гутарыў з імі!.. Як хацелася яму застацца сярод іх, не вяртацца ў сваю праклятую ўправу! Вось дзе знайшла б выйсце яго нянавісць да вылюдкаў, вось калі ён папомсціўся б ім за ўсё, за ўсё!.. Прасіў-маліў Бойку, каб пакінулі ў атрадзе, расказаў пра сваё невымернае гора,— дзе там, і ні блізка! І нельга было не згаджацца з партызанскім важаком: робячы ва ўправе, ты, кажа, прынясеш куды больш карысці, чым будучы ў атрадзе. Свой чалавек сярод чужакоў — гэта сіла, якой цаны няма. Там, вядома, нашмат цяжэй, штодзень над прадоннем трэба хадзіць. Але калі ты баец, то не будзеш выбіраць лягчэйшага і пойдзеш туды, дзе найболей патрэбны...

Гэта была суровая праўда, і Пятро яе прыняў. На развітанні толькі спытаў, ці не знойдзецца яму пісталета,— у дарозе часам можа вельмі спатрэбіцца. Пісталета не знайшлося — са зброяй у атрадзе было туга. І ўвогуле яму параілі быць як мага больш асцярожным: ці многа зробіш тым пісталетам, калі трапіш у бяду?! А вось бясспрэчны доказ супраць цябе ў злыдняў будзе, і тады табе не выкруціцца і не апраўдацца...

Але хіба такі хлапец, як Пятро, мог у гэткі час быць бяззбройным! Думка пра пісталет вяла яго ўсю дарогу, як вяртаўся ўчора з атрада. Яна ў Пятровай галаве ўрэшце запанавала над усімі іншымі і сённяшнім ранкам. Перабрана было некалькі варыянтаў. У гарачым хлапечым уяўленні быў і напад з-за вугла на падцікаванага вечарам нямецкага афіцэра, і сцэна, як ён, прыстукнуўшы вартавога, прабіраецца ў зброевы склад. Але — рызыкі было задужа, а шанцаў на ўдачу — не вельмі што.

Пятро спыніўся на самым пэўным, самым верным.

Калі ў чэрвені ішлі цяжкія баі за Мінск, на блізкіх і далёкіх подступах да горада грукаталі абарончыя рубяжы. На месцы тых рубяжоў засталіся заваленыя траншэі і акопы, разбураныя бліндажы і зямлянкі. Засталося там нямала зброі і баявой тэхнікі — разбітай, спаленай, засыпанай выбухамі бомбаў і снарадаў, а то і проста страчанай у шале жорсткіх схватак.

Пятро не раз чуў пра гэта, цяпер тыя расказы вельмі дарэчы згадаліся. Ён ведаў, дзе адбываліся асабліва суровыя баі, і выбраў раён Астрашыцкага Гарадка.

Лукашэвіч быў з тых людзей, якія, калі ў галаве з’яўлялася цвёрдая пэўнасць, увачавідкі рабіліся ўнутрана сабранымі і дзейнымі. Усяму неадкладна давалася адстаўка, наперадзе маячыла толькі задуманае...

Ён пайшоў на кухню згатаваць свой несамавіты сняданак.

Так, у яго была свая кухня. І два даволі ладныя пакоі.

Цяжка з пэўнасцю сказаць, хто быў гаспадар гэтай кватэры. Мабыць, чалавек добрага дастатку, пра тое сведчылі мэбліроўка і ўбранства пакояў і кухні. Відаць было, што кватэру пакідалі спехам і няшмат маглі з сабой прыхапіць. На ложках валяліся пасцельныя рэчы, у расчыненай шафе вісела адзенне, кухонны буфет быў з посудам. У спальні на сцяне — вялікая карціна ў раскошнай раме: заліты сонцам жытнёвы палетак...

Пятро снедаў, а думкамі быў ужо каля Астрашыцкага Гарадка. Той раён яму быў крыху знаёмы — некалькі разоў ездзіў са школьным сябруком Антонам Грымайлам на рыбалку. Антось ведаў на рачулцы Усяжы добрыя рыбныя мясціны. Вось бы зараз злавіць свайго Грымайліка — ён там аблазіў усё наваколле. Дзіва што — два гады пражыў у Астрашыцкім Гарадку. Ды не зловіш — летась сям’я маёра Грымайлы з’ехала некуды пад Рыгу.

А напарнік у такім паходзе ой як патрэбны! Нават калі не ведае мясцовасці. Усё-такі ўдвух, гэтым ліхім часам ці мала што можа надарыцца.

Пятро пачаў згадваць сваіх дружбакоў. «Ну, вядома ж,— «Ларык Рускевіч! Чаго ж тут галаву ламаць!..»

Сяброўству Пятра і Лаўрэна Рускевіча — ужо некалькі гадоў. Пачалося яно ў Палацы піянераў, у гуртку авіямадэлістаў. Гады на два маладзейшы за Пятра, Ларык неяк неўзаметку моцна прывязаўся да самавітага Лукашэвіча, які верхаводзіў сярод юных аматараў паветраплавання. Дружбакамі яны засталіся і калі перараслі свой авіямадэлізм.

«Зараз жа да Ларыка!..»

Пятро не раз бываў у хаце Рускевіча і меўся там сваім чалавекам. Яго нечаканаму прыходу асабліва не здзівіліся, хоць, як пачалася вайна, зайшоў ён упершыню.

— Жывы, жывы!..— замест прывітання казала Антаніна Сцяпанаўна.— Заходзь, Петрык, заходзь. Наш басурман толькі што ўстаў. Умываецца.

— Я на хвілінку, часу няма. Скажыце Ларыку, што чакаю, хай паспяшаецца.

Яму не хацелася і на трохі затрымлівацца. Пачнуцца роспыты. Трэба будзе згадаць пра той пякельны дзень, калі ён застаўся адзін на белым свеце, расказаць пра работу ва ўправе. Гаворка развярэдзіць сэрца і выб’е яго з каляіны.

Калі ўскочыў у пакой з ручніком на плячы Ларык і пачаў закідваць пытаннямі, Пятро спыніў яго:

— Потым, потым усё раскажу. Мне вельмі ж няма калі. Пойдзем — ёсць размова.

Як толькі выйшлі з хаты, Пятро спытаў:

— Ты можаш надоўга адлучыцца з дому? Аж на цэлы дзень?

Ларык здзіўлена пацепнуў плячыма:

— Чаму ж не! Хіба я малое хлапчанё?

— Чакай, чакай, не трапячыся! Справа вельмі важная і сур’ёзная. Вярніся і скажы, каб цябе да вечара не чакалі.

Задзірыстая зухаватасць на Ларыкавым твары змянілася здзіўленасцю, а потым рашучасцю:

— Добра, скажу!

Ларык не забавіўся — тут жа прыскочыў назад. У яго руках быў паходны сняданак,— хіба ж Антаніна Сцяпанаўна пусціць на цэлы дзень галодным свайго меншанькага?..

— Дык я слухаю цябе,— кінуў ён. Цікаўнасць так і рвалася з яго.

— Як ты глядзіш на тое, каб прагуляцца пад Астрашыцкі Гарадок? — з ходу спытаў Пятро.

— А на якое ліха здаўся табе гэты Гарадок? — Ларык спыніўся.

— Трэба! — спыніўся і Пятро.— Думаю, што і табе будзе карысна пабываць там.

— Нічога не разумею...

— Бачыш, мне вельмі патрэбны пісталет. А ў тым раёне, як ты ведаеш, былі вялікія баі. Пашукаўшы, можна знайсці напэўна. Цяперашнім часам такая штучка чалавеку іншы раз дужа дарэчы можа быць! Зрэшты,— нібы спахапіўшыся, прытворна абыякава заўважыў Пятро,— я не агітую цябе. Можаш не ісці. Я і адзін схаджу. Проста ўдвух спадручней было б...

— Ды ты што!—усклікнуў Ларык.— Я гатовы! З ахвотаю! Займець пісталецік — гэта ж любата!

— Тады — не будзем траціць часу. Гайда!..

Хлопцы напрасткі пакіраваліся ў бок Лагойскага тракту. Дарога іх чакала не блізкая. Хто ведае, колькі давядзецца і там забавіцца. А вярнуцца ж трэба абавязкова завідна. Дакументы, праўда, ёсць, але калі пашанцуе і побач з дакументамі ў кішэнях будзе ляжаць яшчэ сёе-тое і іх спыняць, тады гэты дзень можа стацца ў іх жыцці і апошнім днём... І яны спяшаліся. Аднак хлопцы ні на хвілю не забывалі, што прамая дарога зараз для іх можа быць самай кароткай да мясцін, куды яны кіруюцца, і можа быць самай кароткай да вялікай бяды. У гэты нядзельны дзень і больш кантрольна-праверачных пастоў, і прапускное сіта іх больш частае. Таму, як ні спакушае Лагойскі тракт сваімі зручнасцямі і абяцаннем найхутчэй прывесці куды трэба,— няхай ён будзе збоку, няхай сцелецца ўздоўж палявых і лясных дарожак і сцяжын, па якіх ідуць Пятро і Ларык...

Ідучы, хлопцы мелі ўволю часу, каб пра ўсё распытвацца і пра ўсё расказваць, у абодвух навін хапала. Яны ж столькі не бачыліся!

Пятроў расказ пра трагедыю яго сям’і быў кароткі. Разы са два хлопцу ўжо даводзілася пераказваць яго. Сам сабою той страшны расказ рабіўся кароткім, нібы абарваным на паўслове. Ну, а што будзеш казаць пра работу ва ўправе? Тое, што можаш,— для Ларыка нецікава, а што цікава было б,— пакуль нельга. Дружбак хоць і даўні, але справы і час надта сур’ёзныя і жорсткія, трэба асцярога ды асцярога...

А Ларык гаварыў доўга, з запалам. За той час, як ідзе вайна, у яго было ўга колькі розных здарэнняў і прыгод. Добра, што пра іх не ведалі бацька і маці,— ушчункаў было б нямала.

Асабліва распаліўся Ларык, калі расказваў пра не так даўні выпадак. Хвалюючыся, ён то забягаў наперад, то спыняўся. І ўсё гаварыў, гаварыў, суправаджаючы расказ энергічнымі жэстамі, красамоўнай мімікай.

...У той дзень ён са сваім неразлучным Змітром Варывончыкам, сябрам з суседняга дома, падаліся ў грыбы. Пайшлі ў вядомыя ім грыбныя мясціны кіламетраў за дзесяць ад горада. Сонца то хавалася за бухматымі шызымі аблокамі, то вынырвала сярод іх і добра такі прыгравала. Было ўжо за поўдзень. Хлопцы ладна назбіралі грыбоў і трохі прытаміліся. Выйшаўшы на ўзлесак, прыселі. Як вокам скінуць, наўкола было поле ды поле. Удалечыні віднелася невялікая вёсачка. Сядзяць, балабоняць пра сёе, пра тое. Раптам учулі гул самалёта. Ён далятаў аднекуль з-за лесу. А вось выплыў і самалёт...

— Разумееш, Пятро, — тут у голасе Ларыка загучала здзіўленне і развага,— такога нямецкага самалёта я, здаецца, яшчэ не бачыў. Не бамбавоз і не знішчальнік. Ляціць не вельмі каб хутка...

— Можа, які сувязны ці разведчык? — кінуў здагадку Пятро.

— Ліха яго ведае. Можа, сувязнік, а можа, і разведчык. Плыве сабе спакойна, спакваля гудзе. Ды тут з-за хмары вышмыгнуў наш чырваназорны ястрабок і вобцас рынуўся на чарнакрыжніка. Смалянуў кулямётнай чаргою і мігам узвіўся ўгару. Немец агрызнуўся агнём — раз, другі, трэці і гудзе сабе далей. Тады наш ястрабок, набраўшы вышыню, каменем кінуўся на фрыца. На гэты раз не прамахнуўся. Мабыць, уцэліў у лётчыка, бо нямецкі самалёт стрымгалоў ірвануўся дадолу і ўрэзаўся ў зямлю...— Ларык перавёў дыханне.— Гэта было зусім недалёка ад нас, нейкіх з паўкіламетра. Мы ад нечаканасці знямелі. Ачомаўшыся, кінуліся да самалёта: хіба ж не цікава паглядзець, што там сталася? Страху ад таго, што гэта нямецкі самалёт, тады не было. Неяк і не падумалася, што лётчык, калі жывы, можа страляць... Але, калі мы падбеглі, ён быў мёртвы. Ляжаў у скасабочанай кабіне, падплыўшы крывёю. Кулямётная чарга нашага ястрабка прайшлася яму па грудзях. Мы ўзялі яго дакументы, планшэтку, пісталет і — ходу ў лес! На ўзлеску, азірнуўшыся, убачылі, што ад вёскі ў бок самалёта пыліла машына.

— І куды ж вы дзелі свае трафеі? — спытаў Пятро, калі Ларык замаўчаў.

— Пісталет забраў сабе Змітрок,— з непрыхаванай крыўдай і шкадаваннем сказаў Ларык.— Ён зняў... А што рабіць з дакументамі і планшэткай, мы спачатку не ведалі. Доўга думалі і меркавалі. Потым я ўспомніў свайго суседа па пад’езду Серафіма Рагозіна. Ён інвалід, бязрукі, да вайны рабіў у канторы лямцавай фабрыкі. Там і цяпер робіць. Добры дзядзька. Ненавідзіць немчуру. Гэта я не раз чуў ад яго. Вось яму я і расказаў пра самалёт і дакументы. Серафім папрасіў па сакрэту паказаць яму. Назаўтра сказаў, што аддасць знаходку каму трэба. Толькі каб я пра ўсё — нікому нізавошта ні гу-гу!.. А яшчэ праз пару дзён знайшоў мяне і з вока на вока паведаміў, што наша знаходка перададзена і што тыя, каму яна ўручана, прасілі сказаць мне і Змітраку, што мы вялікія малайцы, ледзь не героі. Кажа, што лётчык вёз дакументы асаблівай важнасці...

За гаворкай незаўважна бег час і плылі кіламетры. Ужо недалёка мясціны, куды Пятро з Ларыкам трымалі курс.

Хлопцы, зразумела, не ведалі і не маглі ведаць, што тварылася там у чэрвені сорак першага. Вядома ім было толькі, што ішлі жорсткія баі...

Гэта былі баі, якіх адбылося за вайну вялікае мноства. Але з такіх — суровых і зацятых — складалася агульная суровая і зацятая бітва з чужынцамі. Пад Астрашыцкім Гарадком не вырашаўся лёс Мінска, аднак немцам давялося моцна напружыцца, каб авалодаць тым раёнам. Перлі напралом танкамі, малацілі гарматамі і мінамётамі, пусцілі ў ход паветраныя дэсанты — на паляну каля Гарадка раз за разам саджалі самалёты. Але на тых рубяжах стаялі воіны, якіх неўзабаве назавуць гвардзейцамі...

Калі на здратаванае поле бою асела цішыня, на ім засталіся надоўга памятныя сляды і незагойныя раны. На іх зараз зноў і зноў траплялі Пятро і Ларык.

— А што гэта вунь там? — паказаў Ларык на нешта пад кустоўем.

Яны падышлі бліжэй.

— Бліндаж...

Відаць было, што зроблены ён быў пад час баёў, спехам, але гаспадарскімі рукамі і трывала. Страхою яму служылі чатыры накаты з тоўстых хваін, зверху — паўметровы насып зямлі. Для маскіроўкі ў насып закапалі маладыя хвойкі. Яны даўно ўжо засохлі і сталіся для бліндажа, як рыжая шапка. Усярэдзіну вёў даволі шырокі ўваход, з бакоў шчыльна абкладзены тонкімі жэрдкамі, каб не сыпалася зямля. Уніз спускалася некалькі ступенек-сходцаў, змайстраваных з палачак і калкоў. Цяпер уваходныя мацаванні падаліся, пааб’язджалі, заплылі пяском.

— Зірнём? — кіўнуў галавой Пятро.

— Давай...

Унутры бліндаж быў даволі прасторны, у ім магло змясціцца нямала людзей. Уздоўж сцен, ашаляваных дошкамі, калісьці былі змайстраваныя з жэрдак нары,— ад іх засталіся бязладныя рэшткі. Пасярэдзіне стаяў досыць вялікі стол.

— Мусіць, камандзірскі,— выказаў здагадку Пятро.

— Няйначай,— згадзіўся Ларык.— Для салдат так не ашалёўвалі б... А такі накат! Яго, відаць, і бомба не ўзяла б, не тое што снарад ці міна.

— Вялікая ўзяла б. У горадзе вунь якія дамы матлашылі...— Пятру рэзнуў па сэрцы ўспамін.— Пайшлі на паветра — тут дыхаць цяжка.

Хлопцам усё больш і больш пападаліся на вочы варонкі — ад снарадаў і бомбаў, малых і вялікіх. Некаторыя, асабліва буйныя, заплылі вадою, па краях ужо добра убраліся зелянінай і выглядалі, як малюпасенькія азёркі.

Пятро і Ларык ужо мала ўвагі звярталі на варонкі, якія то тут, то там трапляліся ім, як раптам спыніліся, уражаныя: варонкі — ну, нібы воспіны на твары зямлі!.. Адна каля адной, і маленькія, і глыбозныя. Напэўна, на гэтай мясціне была важная цэль і па ёй малацілі і малацілі нямецкія бамбавозы. Цяпер цяжка сказаць, што тут знаходзілася, хутчэй за ўсё камандны пункт нейкай часці — гэта была якраз досыць значная вышыня, адкуль адкрываўся шырокі далягляд. Цяпер яна ляжала ўшчэнт здратаваная.

Сям-там віднеліся грузавікі, праўдзівей сказаць — тое, што было калісьці грузавікамі: згарэлае, у тры столкі перакручанае металічнае ламачча, рамы на ўрослых у зямлю колах-абадах з рэшткамі кабін і кузаваў.

— Глядзі — танк! — выгукнуў Ларык.

Гэта быў наш лёгкі танк, якіх пад час нападу немцаў у нас мелася нямала, але якім так не ставала баявой сілы. Вось такія, як гэты небарака, што ржавеў на ўзгорку. Хлопцы абышлі яго наўкола. Снарад уцэліў яму пад вежу — яна, сарваная шалёнай сілай, адляцела на некалькі метраў і гарматным ствалом уваткнулася ў зямлю. На брані танка шчэрылася вялікая рваная рана ад снарада. Ужо мёртвы ад прамога пападання, ён згарэў. Агонь пагаспадарнічаў і ў маторы, і дзе былі танкісты. А вось і апошні прытулак тых, кім жыла гэта баявая машына: непадалёку самотна ўзвышаўся здзірванелы магільны ўзгорачак... Нямала такіх магілак пабачылі ў той дзень Пятро і Лаўрэн. Пабачылі яны і свежыя могілкі — дагледжаныя, акуратныя. Доўгія строгія рады крыжоў. Бы на парадзе войска. Парад мёртвага войска... Чужая няласкавая зямля, якую прыйшлі яны заваяваць, прыняла іх у сябе. Збуцвеюць крыжы на гэтых могілках, заплывуць насыпы, і следу не застанецца ад паганых чужынцаў, якія збіраліся тут уладарыць...

Хлопцы згледзелі яшчэ адзін танк — з чорнымі крыжамі на баках. Увесь закуродымлены — згарэў.

— Гэта была сіла! — вырвалася ў Ларыка.

— Але ж, як бачыш, і на яе знайшлася ўправа.— Пятро пачаў азірацца.— Цікава, адкуль у яго маглі так смалянуць, што толькі гэта абгарэлая галавешка засталася? Стоп, стоп!..

Ён подбегам кінуўся ў кірунку, адкуль прыпаўзло гэтае страшыдла,— там нешта чарнелася.

— Сюды, Ларык! — гукнуў Пятро.

Ён стаяў каля расплюшчанай, увагнанай у зямлю маленькай супрацьтанкавай гарматы.

— Наехаў, раздушыў...

Так, зусім відавочна было, што тут адбыўся паядынак нашай «саракапяткі» і цяжкога нямецкага танка. Гармата падпусціла яго на верны стрэл. Смяртэльна паранены, ахоплены полымем, ён у бяссільнай лютасці накінуўся на гармату і, прасунуўшыся яшчэ з сотню метраў, знямела застыў на месцы...

Дзень адлічваў гадзіну за гадзінай, напамінаючы хлопцам, што ён не бясконцы.

Яны не прапускалі бліндажоў і зямлянак, на якія раз-пораз натыкаліся, залазілі ў лясную гушчэчу, шнырылі па акопах.

— Давай маханём вунь на тую горку,— прапанаваў Пятро, калі выйшлі на ўскраек аднаго ляска.— Бач, яна, як кажуць ваенныя, пануе над мясцовасцю. Там мог быць абарончы рубеж.

— А і сапраўды! — згадзіўся Ларык.

Хлопцы не памыліліся. На зарослай хмызам і рэдкалессем вышыні, якая ўзнімалася над шырачэзнымі, як згледзець вокам, навакольнымі палеткамі, пад час баёў праходзіла адна з важных ліній нашай абароны.

Вышыня была глыбока прарэзана траншэямі, хадамі зносін, акопамі. Тут людзі ведалі, што зямля — іх надзейны абаронца і збаўца ў крутую часіну. І не шкадавалі поту, каб закапацца ў яе як мага глыбей. Час робіць сваё — траншэі ўжо сталі заплываць, але і цяпер хлопцы ледзь не на ўвесь рост маглі хадзіць па іх, не высоўваючыся. Вядома, там, дзе яны не былі здратаваны бомбамі, снарадамі, мінамі.

— Ну, і пекла ж было тут!..— ахаў Ларык, прабіраючыся ўслед за Пятром цераз шматлікія завалы і варонкі ў траншэях і акопах.— Гэта ж трэба так усё растрыбушыць!..

Каля адной павароткі траншэі хлопцы спыніліся — устаў крутой гарою завал.

— Няйначай, добрая фугаска трахнула побач,— прысвіснуўшы, аўтарытэтна заключыў Ларык.

— Яе работа,— згадзіўся Пятро.

Трэба было выбірацца напаверх. Пятро разагнаўся і, пару разоў паслізнуўшыся, выкарабкаўся. У Ларыка ж, калі ён быў амаль на самым версе, адна нага не адзержалася, і ён на жываце аб’ехаў уніз, праараўшы рукамі і нагамі глыбакаватыя палосы.

Пятро зарагатаў:

— Жывы, альпініст?..

А Ларык, спаўзаючы, аб нешта моцна выцяўся каленам. «На што гэта я наляцеў?» — мільганула ў галаве. Ён зірнуў — на праведзенай яго каленам паласе штосьці вытыркнулася. Грабянуў рукою — металічнае.

— Слухай,— крыкнуў ён наверх,— тут нейкая жалезная патарчака...

— Ці мала іх тут,— азваўся Пятро.— Вылазь.

Але Ларык яшчэ і яшчэ пагроб каля той патарчакі і раптам нема загукаў:

— Петрык,— здаецца — кулямёт!..

Пятро ў момант сігануў у траншэю.

Так, гэта быў станковы кулямёт.

Не верачы сваім вачам, хлопцы, адкопваючы, абмацвалі яго, трымаліся за яго, нібы баючыся, каб ён не вырваўся з рук і не знік.

— Нават і стужка, праўда — пустая! — не мог апамятацца Ларык.

— Ты хацеў бы, каб яшчэ і патронамі набітая,— буркнуў Пятро.— Ну, хопіць захапляцца!

— А што ж рабіць?

— Патарабанілі вунь у той лясок. Схаваем.

— А далей?

— Далей ужо мой клопат...

Нямала павалтузіўшыся, яны выцягнулі кулямёт з траншэі і пакацілі. Шукаць доўга схованку не давялося. У ляску аблюбавалі адну з варонак пад густым хмызам. Старанна прыкрыўшы галлём і ламаччам, абышлі з усіх бакоў і засталіся задаволеныя: пройдзеш міма — не заўважыш.

— Цвёрда запомні і ты гэтую мясціну, — у Пятровым голасе загучала заклапочанасць чалавека, які наважыўся задуманае абавязкова давесці да канца.— Са мной можа што здарыцца. А кулямёт не павінен тут маўкліва стаяць і ржавець. Работы цяпер яму ўга колькі... Калі што якое,— ты знойдзеш спосаб даць яму ход. Дапаможа твой сусед Серафім Рагозін ці яшчэ хто. Пра мой план пакуль што не пытай. Так трэба. Потым дазнаешся. Мы ж цяпер моцна будзем трымацца адзін аднаго. Праўда?

— Яшчэ якая праўда!..

Кулямёт, пакуль важдаліся з ім, так узрушыў хлопцаў, што яны забылі, чаго прыйшлі сюды, пад Астрашыцкі Гарадок. Адышоўшыся ад мясціны, якой даверылі сваю дарагую знаходку, успомнілі пра пісталеты.

— Не шкада, калі і не знойдзем,— суцешна сказаў Пятро.— Здабылі ж ого-го што!.. Але, браток, пара і пра зваротак думаць. Сонца вунь ужо дзе.

Кіруючыся дамоў, яны зазіралі сюды-туды, лазілі па акопах і траншэях, але ўжо неяк без таго імпэту і стараннасці, з якімі пачалі пошукі.

Цалкам задаволеныя паходам, хлопцы на змярканні вярнуліся ў горад.

 

Пятро здалёк пазнаў Кернажыцкага, які ішоў ва ўправу, і падаўся насустрач яму.

— Куды так рана? — адказаўшы на прывітанне, спытаў Антон Захаравіч.

— Вас чакаю.

— Тут? Здарылася што-небудзь? — Кернажыцкі ўстурбавана спыніўся.

— Бачыце, ва ўправе ўжо шмат народу... Да вас... чарга...— хвалюючыся, пачаў Пятро.— А і сапраўды здарылася... Можа, тут паслухаеце?

— Тады давай трохі пройдзем.

Пятро, збіваючыся, таропка пераказаў учарашні дзень.

— Трэба, каб Бойкавы хлопцы забралі кулямёт,— скончыў ён.

— Трэба, вельмі трэба! І неадкладна! — Справіўшыся з узрушанасцю, Антон Захаравіч ціха сказаў: — Сёння ж шыбуй у лес!..

— Я і хацеў спытацца ў вас, каб дазволілі.

— Не дазваляю, а загадваю! Ёсць, да таго ж, для Іосіфа Макаравіча важная навіна — я збіраўся пасылаць цябе з ёю знарок. Вось і зробіцца заадно.

 

Яго сустракалі ў атрадзе, як вестуна і радасці і жальбы.

— Сядай, браток, адсапіся трохі.— Іосіф Макаравіч быў у зямлянцы адзін. Ён кожны раз вельмі прыкметна хваляваўся, калі прыходзіў ганец з горада, асабліва ад Кернажыцкага. З пустымі рукамі, з дробязнымі навінамі Антон Захаравіч да яго чалавека не пашле.— Выкладвай пакрысе.

Выслухаўшы Пятра, Іосіф Макаравіч спахмурнеў.

— Так, справа сур’ёзная. Вельмі сур’ёзная. Мы гэтым абавязкова зоймемся.— Ён памаўчаў, паглыбіўшыся ў свае думкі.— Так і перадай Антону Захаравічу — абавязкова зоймемся!..

Радасць расплылася на твары Бойкі, калі ён выслухаў Пятрову гісторыю з кулямётам. Звыклым рухам падкруціўшы свае цуда-вусы, з запалам выпаліў:

— Ты, Петручок, і сам не ўяўляеш, што ты зрабіў для нас! Так, так, зрабіў! Я лічу, што кулямёт ужо ў нашых руках! Дам табе такіх хлапцоў-малайцоў, што ён, галубок, нідзе не дзенецца — сёння ж будзе ў нас!..

Шчырая захопленасць гэтага чалавека міжволі перадалася Пятру, і ён зачаравана глядзеў на Іосіфа Макаравіча.

Але вось Бойка нібы схамянуўся:

— Дык выходзіць — шукаў пісталет, а знайшоў кулямёт... Ну, што ж — трымай!..

Ён выняў з кабуры ТТ і працягнуў Пятру. Той збянтэжана ўсхапіўся з лаўкі:

— Што вы, што вы! Вам жа ён больш патрэбны!..

— Бяры, бяры, камандзір атрада без пісталета не будзе!..

...На схованку, у якой станкач чакаў сваіх новых гаспадароў, Пятро навёў адразу.

Калі ў хлопцаў трохі сунялося захапленне ад падарунка, старшы з тройкі партызан сказаў Пятру:

— Ну, браце, шчаслівай табе зваротнай дарогі! Мы ж дачакаемся прыцемку і пад аховай ночкі пададзімся ў сваю лясную дамоўку. Можаш быць пэўны — твой падарунак у надзейных руках! Ох і будзе ж ён смаліць злыдняў! Ты пра гэта яшчэ пачуеш!..

 

17

Зіма ў тым годзе на рэдкасць рана ўзяла загрудкі восень і не вельмі каб ветла выправадзіла яе з гэтых краёў. З сібернымі вятрамі і халадэчай уварвалася яна ў залаты лістапад і не дала яму як след пакрасавацца сваёй прыгажосцю. Знямелыя лясы і пожні неспадзявана абпаліла марозным дыханнем студзеньскай моцы, шчодра заваліла снегавымі сумётамі. Была толькі сярэдзіна снежня, а здавалася, што зіма ўжо ўладарыць даўным-даўно. Марозы завіхаліся, нібы ў якім лютым.

 

— Ну і пячэ, ну і смаліць! — гукнуў Хведар Васільевіч, уваліўшыся ў хату.— Проста дыхаць няма чым...

— Распранайся ж хутчэй, як бач сагрэешся,— заклапацілася Антаніна Сцяпанаўна.— У нас сёння цёпла, я добра прапаліла.

Вусы і бровы ў Хведара Васільевіча заінелі і былі белыя-белыя. Боты грукалі па падлозе, быццам драўляныя.

— Нешта ж і сёння ты прыпазніўся,— беручы Хведараў кажух, уздыхнула Антаніна Сцяпанаўна.

— Прыпознішся...— ён зябка варухнуў плячыма і, выставіўшы далоні, падышоў да грубкі.— Пруць і пруць усякую халеру. То гэта адрамантуй, то тое. І ўсё тэрмінова, усё гарыць! Паспрабуй не ўправіцца! Вось і цягнем, высалапіўшы языкі. А каму там асабліва цягнуць! На някормленым кані многа не наездзіш... Ты ж ведаеш, якая яда ў маіх гаротнікаў. А над іх душою — хутчэй давай, хутчэй!.. Дасць табе хуткасць чалавек, седзячы на нішчымніцы!.. А ты б паглядзела на ваеннапалонных, якія робяць тое ж, што і мы! Жывыя цені сноўдаюцца, і над імі — хутчэй, хутчэй!..

— Хведарка, няўжо ж гэтаму не будзе канца? — скрыжаваўшы на грудзях рукі, прашаптала Антаніна Сцяпанаўна.

— Будзе, маці, абавязкова будзе! — Хведар Васільевіч адняў ад грубкі ўжо добра ўгрэтыя рукі, паклаў іх на жончыны плечы. Гледзячы ў яе стомленыя дарагія вочы, паўтарыў: — Абавязкова будзе, Тоня!

— Нешта не на тое ідзецца. Плявузгаюць, што немцы ўжо Маскву занялі...

— Плявузганне — яно і ёсць плявузганне.— Ён паціху прайшоўся па пакоі. Прысеўшы каля стала, горача загаварыў: — Зразумей, Тонечка, што нават калі б яны і ўзялі Маскву, то гэта яшчэ не была б іх поўная перамога. Такое ўжо здаралася, што чужакі заваёўвалі Маскву, аднак яны не заваёўвалі Расію. Напалеон сто гадоў назад пераможцам хадзіў па маскоўскіх вуліцах і плошчах, але ж потым так турнулі яго, што ледзь жывы дабраўся да свайго Парыжа!.. Скруцяць галаву і Гітлеру! Мы з табой яшчэ пачуем, як ён будзе рабіць драп-марш у свой паганы берлінскі бярлог!..

— Дай жа бог, каб гэта хутчэй збылося!

— Збудзецца! — Хведар Васільевіч зноў падышоў да грубкі.— Толькі якой цаною збудзецца!.. Вось я, прабегшы ад завода да сваёй хаты і адубеўшы, адагрэўся каля напаленай табой грубкі. А ўяві сабе нашага салдата ў гэтую часіну недзе там, на заснежаных палях Падмаскоўя, на такім лютым марозе... Хто яму напаліць грубку і калі? А яму ж яшчэ трэба немца біць, ды так біць, каб забіць і самому жывым застацца. Бо заўтра зноў бой, і так — дзень пры дні, без спачыну і роздыху...

— І як толькі людзі трываюць? — вырвалася ў Антаніны Сцяпанаўны.

— Трываюць, маці, бо іншай рады няма. Інакш Гітлеру смерці не зробіш. Тут толькі адно — або яму магіла, або табе магіла. Дваім на адной зямлі не хадзіць...

У сенцах нешта загрукала, дзверы рэзка адчыніліся, і ў пакой уляцеў Ларык. Адно вуха яго шапкі задралася ўгару, на твары незвычайная ўзрушанасць, вочы гараць.

— Раскалашмацілі!!! — крыкнуў ён.— Раскалашмацілі!...

— Каго? Што?..— пляснула рукамі Антаніна Сцяпанаўна. Яна ніколі не бачыла сына такім.— Зачыні дзверы і толкам скажы, што дзе здарылася?

— Немцаў пад Масквой раскалашмацілі!..— адным дыхам выпаліў ён.

Хведар Васільевіч ірвануўся да Ларыка:

— Што ты сказаў?!.

— А тое, што нашы разбілі пад Масквою фрыцаў! Драпаюць так, што пяткі на марозе бліскаюць ..

— Адкуль ты гэта ўзяў?

— Сам чуў! Па радыё чуў! Вось толькі што!..

— Па радыё? Ты слухаеш радыё? — здзіўленне і страх былі ў голасе Хведара Васільевіча.— Ну, але пра гэта я з табой яшчэ пагавару... А зараз давай расказвай усё, што чуў. Нічога не прапусці. І ад сябе нічога не дадавай, не прыдумляй. Толькі тое, што Масква гаварыла...

Ларык нічога не прапусціў, нічога не забыў з той перадачы Савецкага Інфармбюро. Ён пераказаў яе бацькам амаль слова ў слова. І пра поўны правал акружэння і захопу Масквы. І пра разгром адборных войск гітлераўцаў, якія намерыліся штурмаваць нашу сталіцу. І пра адбітыя ў ворага гарады і сёлы. І пра многія тысячы забітых і ўзятых у палон немцаў, пра багатыя трафеі, захопленыя на полі бою. І пра тое, што наступленне нашых войск працягваецца...

— Ну, сыне, ты прынёс такую навіну, такую навіну!..— не знаходзіў слоў Хведар Васільевіч.

Навіна аглушыла. Пра такое марылася, такога чакалі, а вось калі сталася, дык аж не верыцца. Не верыцца і адразу нават не ўяўляецца, што адбылося...

— Пачалося, маці, пачалося! Пачалося, сынок! — вырвалася ў заўсёды стрыманага Хведара Васільевіча.— Гэта пачатак канца людаеда Гітлера! Наперамагаўся, бандзюга! Гэта яму не Еўропа, гэта Расія! Жывым адсюль не вынесе капытоў сваіх!..

— Ой, як добра, Хведарка!—выціраючы ражком хусткі вочы, прагаварыла Антаніна Сцяпанаўна.— Растаўклі морду іраду. Адальюцца паганцам нашы слёзы!..

— Яшчэ як адальюцца, мама! — У Ларыка радасць не месцілася ў грудзях.— Цяпер курс нашых — на Берлін!

— Далекавата яшчэ, сыне, да Берліна...— цяжка ўздыхнуў Хведар Васільевіч.— Але будзе і Берлін, нікуды не дзенецца! — Раптам лёгкая ўсмешка з’явілася на яго твары: — Бач, маці, як складна атрымалася,— нібы ў тым кіно: толькі што мы гаварылі пра баі пад Масквой, пра тое, што скруціць там Гітлер галаву, як на табе — такая вестка!..

Ён, здавалася, увесь свяціўся ад шчасця. Ды і як было не свяціцца! Цяпер, калі над разбойным воінствам прышэльцаў прагрукатаў падмаскоўны гром, з яшчэ большай лютасцю будзе наш чалавек нішчыць германца-супастата! Весялей пойдзе бітва! Колькі дужасці і бадзёрасці ўвальецца ў сэрцы людзей, як акрыляцца надзеі тых, каго прыгнялі нашы доўгія няўдачы і паражэнні!.. А як скалане гэты гром устаноўшчыкаў новага парадку і іх розных прыхвасняў! Давядзецца падтуліць хвасты і варухнуць мазгамі, куды яно ідзецца і чым можа скончыцца!..

Бязмежнай радасці вестку прынёс Ларык. А сам як загарэўся! Бач ты, ужо на Берлін накіраваў войскі!.. Добра, сыне, правільна накіроўваеш! Туды ім ляжыць дарога, там яны завершаць свой паход. Толькі хто скажа, колькі яшчэ крыві пральецца ў тым паходзе, колькі галоў будзе складзена на яго доўгіх грымучых вёрстах...

 

18

Хата сустрэла Аляксандру Пятроўну халадэчай і, можа, таму нейкай няўтульнасцю. Яна цэлыя суткі не была дома — дзяжурыла ў бальніцы. Як ні напаліла грубку перад адыходам на работу, але за такі час ад яе цяпла і духу не засталося. Мароз стаіць сіберны, усю мінулую ноч круціла завіруха, і не дзіва, што ў хаце хоць ваўкоў ганяй.

Распрануўшыся, Аляксандра Пятроўна запаліла печку, і неўзабаве яна азвалася роўным гулам полымя і дружнай траскатнёю дроў. Прысеўшы каля грубкі, глядзела на жвавыя языкі зыркага агню, што прагна лізалі сухія паленцы, слухала іх ажыўленае пастрэльванне. Яна з маленства любіла вось так сядзець каля печкі, любавацца трапяткім агеньчыкам, адчуваць тварам яго ласкавае цяпло. Самі сабой наплывалі думы, агортвалі мары...

Схамянуўшыся, Аляксандра Пятроўна зарупілася пра вячэру. Гэта ж была не звычайная вячэра. На парозе стаяў і вось-вось стукне ў дзверы Новы год. Яе навагодняя вячэра... На самоце, упершыню ў сваім не так ужо і кароткім жыцці,— адна-адзінюсенькая стрэне Новы год. Сама сябе разважыць, сама сабе нечага пажадае і пераступіць тую невідочную рысу, за якой пачынаецца чарговы, адмераны лёсам год. Заўжды ў такі час гадалася-загадвалася, якім ён будзе,— шчасце, радасць прынясе ці будзе шчодры для цябе на няўдачы, на прыкрасці розныя... Якім жа цяпер загадаеш яго? Хто прадкажа, што ён прыхаваў для цябе нават на заўтра або на паслязаўтра?..

Добра, што дома не было кватаранта Майера,— лепш у такую часіну адной, як з чужым чалавекам. Ён, праўда, аказаўся не тым, за каго прымала яго спачатку, не ліхадзей, якога бойся ды бойся. Тады, калі ўратаваў атрад Бойкі, раскрыўся і з таго часу не тоіцца ад яе, хто ён. Але ўсё-такі, як ні кажы, а чалавек чужы, з ім не адвядзеш душу, не выкажаш, што набалела за гэта страшнае ліхалецце. То лепш ужо на самоце нядобрым словам згадаць і памянуць злыбядны сорак першы, выправадзіць яго са сваёй гаротнай хаты і сустрэць год, які ўступіць у яе невядома з чым...

Ды ці толькі нядаўняе мінулае згадваецца чалавеку, калі ён на горкай адзіноце, калі растрывожана яго сэрца?..

 

Яна была ў сям’і адзіным дзіцем. Бацькі нагледзецца не маглі на сваю Шурачку, гатовы былі яе на руках насіць. Раскошы ў хаце Шуневічаў вельмі што не было, але і з нішчымніцай тут не зналіся. Пятрок, робячы на гарбарні, клаў усе сілы, каб на стале не зводзіўся хлеб і было што да хлеба, каб і адзежына на плячах была людская. Асаблівы клопат у бацькі быў пра дачушку, яго ўцеху і надзею. Хацелася вывесці яе ў людзі, каб абмінула яе гаротная доля, якую сам меў змалку. Наважыўся даць дзіцяці асвету — няхай не ведае і бацькавай цямноты, няхай святлей глядзіць на белы свет. Шура была здатная да вучобы, і Пятрок са сваёй Кацярынай не згледзелі, як іх дачка ўжо канчала пачатковую школу.

А далей лёс падхапіў дзяўчыну і закруціў у сваіх бязлітасных буднях...

Сіберная работа ў гарбарні год за годам падточвала здароўе Пятра, таго дзецюка, пра якога калісьці казалі, што яму і зносу не будзе. Што далей, то ўсё больш і больш ён чэз і марнеў, а потым злёг і не ўстаў — сухоты такі даканалі яго.

Пасля смерці бацькі пра далейшую вучобу Шуры і думаць не даводзілася. Пайшла рабіць у бальніцу санітаркай.

І як на тое ішлося чалавеку...

Шурына маці і раней не магла пахваліцца здароўем, а пасля смерці Пятра, які быў для яе даражэй за ўсё на свеце, і зусім занядужала. Крыху паліпеўшы, ціха сканала...

Час тады быў віхурны. Скончылася імперыялістычная вайна, выбухнула рэвалюцыя, узгарэлася вайна грамадзянская. Санітарка Аляксандра Шуневіч, захопленая незвычайнасцю падзей, што адбываліся ў краіне, дамаглася свайго — прайшла невялічкія курсы медсясцёр і апынулася на фронце. Там яна назаўжды развіталася з маладосцю і ўступіла ў пару свае суровае сталасці.

За вайну Аляксандра нагледзелася столькі крыві і смерці, што адчула: не, медыцына — не яе работа. А спецыяльнасці ж у руках ніякай, і за душой — толькі чатыры класы. Праўда, па тым часе гэта была не так ужо малая адукацыя. І яна пачала думаць, каб убіцца ў якую кантору. Гэта аказалася зусім не цяжка, работы тады ўсюды ставала — толькі бярыся. З год Аляксандра папрацавала ў гарадскім аддзеле харчгандлю. Ды нешта не даспадобы прыйшлася ёй тая работа, і яна ўладкавалася табельшчыцай у кантору швейнай фабрыкі. Пакрысе ўцягнулася ў сваю нескладаную і не надта цяжкую працу, прывыкла. Спакваля плыў час, гаілася глыбокая рана, што засталася ад амаль адначаснай смерці бацькоў. Патроху адступалі беспрасветная маркота і туга, у якія ўкінулі яе тыя страшныя дні; на рабоце, сярод людзей пачало адтайваць яе зледзянелае сэрца. І вельмі дапамог у гэтым ён, Ваня Гайдуковіч..

Высачэзны, з мужным валявым тварам, які не назавеш сімпатычным, Іван Гайдуковіч быў з тых хлопцаў, што прыгожыя мужчынскай прыгажосцю, але не вельмі спыняюць на сабе ўвагу,— пройдзеш міма і асабліва не прыкмеціш. Не прыкмячала яго колькі часу і Аляксандра. А вось Ваню маладая табельшчыца ўпала ў вока адразу ж, як убачыў яе ў фабрычнай канторы. За свае дваццаць шэсць гадоў ён сустракаў нямала дзяўчат, якія падабаліся яму, гэтая ж з’явілася — і закасавала ўсіх яго знаёмых...

Аляксандра не ведала, кім рабіў на фабрыцы гэты волат. Неяк так здаралася, што ён ледзь не штодзень трапляў у кантору, і яна лавіла на сабе яго позіркі. Што ў іх было,— хіба зразумееш, калі яны здаюцца выпадковымі і на іх проста не зважаеш?.. Гайдуковіч неўзабаве знайшоў зачэпку, і яны пазнаёміліся. А праз нейкі час Аляксандра ніколечкі не здзівілася, калі яе Іван, не то ўсур’ёз, не то блазнуючы, прызнаўся, што канчаткова тоне ў сваім бурным каханні,— яна тады сама ўжо канчаткова патанула ў каханні да гэтага няўклюднага і самага роднага ў свеце Ванечкі..

Перабраўшыся да Гайдуковічаў, Аляксандра аж пачала баяцца, ці вытрымае той цяжар шчасця, што наваліўся на яе. Людзі кажуць, што з любым і ў будане рай... Любы быў з ёю, быў яе, увесь да кропелечкі яе!.. А іх будан — дай бог усім закаханым такія буданы, як гэты іх на ціхай вуліцы Талстога, якая наскрозь прапахла садамі!..

Іван Гайдуковіч жыў удваіх з маткай. Свайго бацькі амаль не помніў. Зусім малым дзіцем быў, калі той, чыгуначнік з таварнай станцыі, аднойчы не вярнуўся дамоў — трапіў пад цягнік. Хапіла тады Агата са сваім Ванечкам гора. За мужам яна жыла анігадкі — Грысь добра зарабляў. Праўда, клопатаў заўсёды ставала. На яе руках, можна сказаць, была ўся гаспадарка. Трэба было пыніць у хаце, дагледзець у гародзе, у садзе. У хляве рохкала свінчо, ніколі не зводзіліся куры. Але з яе ўвішнасцю — упраўлялася ўсюды. Як загінуў Грысь, з гаспадаркі і карміліся, пакуль Ваня не стаў на ногі. Нашмат палегчала, калі зрабіўся працавіком і пачаў прыносіць жывую капейчыну. А потым надышоў час, калі прывёў у хату нявестку. Аляксандра ўсім спадабалася Агаце Васільеўне: і характарам, і дабрынёю, і спрытам. А якой памочніцай у гаспадарцы стала!.. Не шмат, аднак, цешылася Ванева маці Шурачкай і шчасцем сына: неяк позняй восенню, корпаючыся на гародзе, моцна прастудзілася, і лютае запаленне лёгкіх звяло яе ў магілу. Маладыя людзі засталіся адны...

Аляксандра кінула сваю кантору — на работу і на такую гаспадарку не магла разарвацца. Ваня выбіўся ў добрыя майстры, заробак меў высокі. Жыццё іх пакацілася па роўнай, гладкай дарозе, на якой было шмат і зайздроснай любасці, і чалавечага шчасця.

Адным толькі крыўдзіў іх лёс — дзяцьмі.

Першынцу асабліва радаваўся бацька — гэта ж быў сын! Але нядоўгай была тая радасць — з месяц памучыліся з ім бацькі і дактары і пахавалі. І другі быў сын. Гэты пражыў амаль паўгода,— пахавалі і яго. Аляксандра знебылася так, што на яе страшна было глядзець. Калі нарадзілася трэцяе дзіця — ізноўку сын! — нейкі прымхлівы страх міжволі апанаваў Івана і Аляксандру: няўжо і трэцяя смерць будзе?..

Трэцяя абмінула гаротную сям’ю...

Валодзя год ад году рос, сам таго не ведаючы, што ён значыў для сваіх бацькоў, якім столькі пакут прынеслі тыя два чалавечкі, што маглі стаць яго брацікамі. Можа, таму ўсе клопаты і ўся бацькоўская любасць былі аддадзены яму, трэцяму і адзінаму, іх апошняй надзеі.

Але з Валодзі не вырастаў пястун, раздураны мамчын сынок. Ён мала чым розніўся сярод равеснікаў. Гэтаксама гойсаў усюды, да ўсяго цікаўны, дапытлівы, дамоў прыходзіў з сінякамі і гузамі. Праўда, часам рабіўся не па гадах сур’ёзны, разважны,— гэта ўжо ўсталёўваўся характар. Вучоба Валодзю давалася надзіва лёгка. Бацькі ніякага клопату са сваім вучнем не мелі. Каб падганяць яго ці прымушаць брацца за ўрокі,— такога не бывала ад першага да дзесятага класа. Школу скончыў з пахвальнай граматай, што давала права паступаць куды хочаш без экзаменаў. Ён надумаўся падавацца ва універсітэт, на філалагічны факультэт. Чытанне, літаратура былі Валодзевым захапленнем ад пачатковых класаў. Не злічыць, колькі кніг прачытала гэтае хлапчаня.

Аляксандры Пятроўне тады ўжо здавалася, што шчасце ўсё-такі не абышло яе бокам, вось яно, у яе руках! І муж, з якім жывецца душа ў душу, і сын, якім не магла нарадавацца, ужо студэнт універсітэта, і даўно не ведае, што такое нястача ў хаце...

Але ці згадаеш, што падпільноўвае цябе на тваёй жыццёвай пуцявіне, што стрэне цябе заўтра? Хіба магла яна ў тым саракавым годзе думаць, што ў яе шчасце ўцэліць страшны ўдар? А ён уцэліў: узяты па вайну з белафінамі, загінуў яе Ваня.

Яна знесла гэты нясцерпна цяжкі ўдар. Жыць трэба было. Валодзю яшчэ патрэбна была моцная рука на яго шляху да чалавечай сталасці і самастойнасці. Чаго не стрывае матчына сэрца, калі дзіця яшчэ бездапаможнае, яшчэ не можа стаяць на сваіх кволых ножках!..

Але толькі адзін курс суджана было прайсці яе студэнту, яе сыночку...

Валодзю ў тыя першыя дні вайны яна амаль не бачыла. Ён то лётаў невядома дзе, то прападаў ва універсітэце, то выконваў розныя камсамольскія даручэнні, дапамагаючы наводзіць парадак у горадзе, калі яго калацілі нямецкія бамбавозы. Адну ноч дзяжурыў у райкоме камсамола. А дваццаць пятага, на чацвёрты дзень вайны, апоўдні забег дамоў і сказаў, што з групай студэнтаў ідзе на ўсход, што Мінск, можа, будзе заняты немцамі...

Жах бярэ, калі падумаць,— гэта ж больш за паўгода мінулася, як абняла яго на тым страшным расстанні. Ды якіх паўгода! Можа, апошняе было яно, тое расстанне... Куды ён пайшоў, куды пакіравалася яго дарожка ў тыя пякельныя чэрвеньскія дні?.. «На ўсход...» — сказаў. Ой, які шырокі ўсход, колькі на ім тады было сцежак, што абрываліся кулямётнымі чэргамі з самалёта ды бомбавымі выбухамі! Куды ён датупаў, сыночак?.. Яму ўжо васемнаццаць, то, калі жывенькі, напэўна ж узялі ў армію. Можа, недзе на фронце... А які з яго, горкага дзіцяці, ваяка? Заб’юць у першым жа баі... Можа, трапіў у агонь падмаскоўнай бітвы і яго, мёртвага, засыпала там глыбокім снегам...

«Родненькі Валодзік... Няўжо ж цябе ніколі-ніколі не будзе? І ніколі не ўбачу цябе, і слоўца жывога твайго не пачую?..»

 

19

І гэты выклік каменданта лагера не быў для Андрэя Бушуева нечаканасцю. Апошнім часам лейтэнант Пфайфель часта загадваў з’яўляцца да яго — даваў розныя ўказанні і даручэнні.

— Слухаю, гер камендант,— звыкла вымавіў Андрэй, зайшоўшы ў начальніцкі кабінет.

Пфайфель сядзеў за сталом і, па ўсім было відаць, быў не ў гуморы. Ды і адчуваў ён сябе, мусіць, блага — раз-пораз моршчыўся, крывіўся, варушыўся ў крэсле.

«Няйнакш, перабраў учора — трашчыць галава. Не зайздрошчу тым, што трапяцца яму сёння на вочы»,— варухнулася ў Андрэя думка. Бушуеў не ўпершыню бачыў каменданта такім і ведаў, на што ён бывае здатны пасля перапою.

— Вам я даручаю адну важную справу,— пачаў Пфайфель.— Вы, мабыць, заўважылі, што за ўчарашні дзень наш лагерны двор заставілі пакалечанымі грузавікамі?

— Як не заўважыць, гер камендант!— адклікнуўся Андрэй, яшчэ не разумеючы, куды лейтэнант пакіруе гаворку.

— Дык вось — іх, пакалечаных, мы як мага хутчэй павінны адрамантаваць і паставіць у строй. Здарылася няшчасце — лясныя бандыты-партызаны пад Гасцілавічамі скінулі пад адхон наш воінскі эшалон. Няцяжка ўявіць, што застаецца ад эшалона, калі ён на ўсіх парах ляціць да чортавай матары. Што згарэла і што зрабілася грудай суцэльнага лому,— таго ўжо не ўваскрэсіш. Але засталося і такое, што яшчэ можна ўваскрасіць. Вось да нас і прыцягнулі дзевятнаццаць грузавікоў, якія могуць і павінны быць вернуты ў строй... Вы мяне разумееце, пан Бушуеў?

— Разумею. Але толькі не разумею, што я...

— Пачакайце,— раздражнена перапыніў Андрэя камендант.— Майце вытрымку выслухаць, што вам кажуць.— Камендант засердаваў, вочы злавесна заблішчэлі.— Кіраванне рамонтам машын я даручаю Рускевічу. Ведаеце такога?

— Крыху ведаю,— адказаў Андрэй, усё яшчэ не могучы ўцяміць, куды гне Пфайфель.

— Вось і добра. Вопытны майстар. Чалавек надзейны. Такім мы можам давяраць... Запомніце немалаважную дэтальку: сядзеў пры бальшавіках. Ні за што сядзеў! — павысіўшы голас, падкрэсліў лейтэнант.— Хіба ж такое забываецца?.. Вось ён і будзе ўзначальваць рамонт. А вам... А вам трэба прасачыць за Рускевічам...

— Даруйце, прасачыць за чалавекам, якому давер...

— Зноў перапыняеце, не даслухаўшы! — камендант узлавана ўстаў з-за стала.— Так, ёсць яму давер. Але вам у мяне большы давер. Чалавеку, які гаворыць са мной на маёй роднай мове, я больш веру. Чалавеку, які ўзрос і выгадаваўся побач з немцамі,— я веру куды больш!..— Голас лейтэнанта Пфайфеля забраўся на высокія ноты.

— Вельмі ўдзячны, гер камендант, за ваш высокі давер. Зраблю ўсё, каб апраўдаць яго!..— налягаючы на цеплыню і шчырасць, вымавіў Андрэй.

— Вось гэта мне падабаецца,— мармытнуў лейтэнант.— Першае, з чаго вам трэба пачаць, гэта разам з Рускевічам вызначыць меру пашкоджанасці грузавікоў. Кожнага! Ад гэтага адпаведна будзе залежаць тэрмін усяго рамонту. Запомніце! — Камендант ва ўпор глядзеў на Андрэя.— А то я ведаю гэтых сімулянтаў — будуць важдацца чорт ведае колькі. Часу ж мне далі — не ведаю, як спраўлюся пры самым строгім рэжыме. Будзем працаваць і па начах. Таму галоўнае, паўтараю,— даць цвёрдае заключэнне, калі кожны грузавік зможа выехаць з нашых варот.

— Але ж, гер камендант, я ніякі не спецыяліст па машынах...— адважыўся на пярэчанне Андрэй.

— Ведаю. Ведаю, што і Рускевіч не вельмі што спецыяліст. Але гэта асабліва і не патрэбна,— Пфайфель стаў гаварыць больш спакойна.— Разумееце, я бачыў гэтыя машыны. У грузавіках пры крушэнні пакалечаны кузавы, кабіны, пагнуты, пакарабачаны металічныя часткі, паламаны драўляныя. Ну, а гэта відаць і неспецыялісту. Вось я вас і прашу, прашу і загадваю,— уладнасць загучала ў голасе каменданта,— устанавіць самыя мінімальныя, самыя жорсткія тэрміны рамонту кожнага грузавіка. Ну, а каб вытрымліваліся гэтыя тэрміны, будзем ужо разам і сачыць, і клапаціцца. Ёсць якія пытанні?

— Няма.

— Тады зараз жа ідзіце да Рускевіча і пачынайце. З ім я ўжо вёў размову. Вядома, пра нашу гаворку ён ведаць не павінен,— вы проста прыйшлі да яго ў памагатыя. Там, зразумела, павінны быць і падабраныя Рускевічам спецыялісты — інжынеры і шафёры. Кіруйце імі. Памятайце — рашаючае слова пры кожнай ацэнцы стану грузавіка павінна быць ваша...

«Вось яшчэ ліха на маю галаву! — сердаваў Андрэй, ідучы ад каменданта ў цэх, дзе рабіла брыгада Рускевіча.— Важдайся яшчэ з гэтым пакрыўджаным савецкай уладай!..»

Хведара Васільевіча Бушуеў, можна сказаць, не ведаў — ат, сустракаліся сяды-тады на нарадах і лятучках у каменданта, здароўкаліся мімаходам,— і толькі. Хто ён, гэты з выгляду імпазантны, самавіты чалавек, што ў яго на душы,— ці ж дазнаешся з такіх сустрэч? Пфайфель кажа — нізавошта сядзеў і ў немцаў ёсць падставы давяраць яму. Магчыма, і ёсць... Але ж і яму давяраюць! Ды яшчэ як давяраюць!..

Андрэй, лічы, ужо не быў рамонтнікам. Само сабой так сталася, што ён незаўважна зрабіўся ледзь не правай рукой каменданта. Ад задання да задання, ад даручэння да даручэння — так і плылі яго дні. Лейтэнант быў задаволены гэтым слухмяным ваеннапалонным, які, як яму здавалася, гатовы выканаць усё, што ён загадае. Душу немца лашчыў гонар, што ён у лагеры набыў сабе вернага рускага служаку. Каб лепш таму працавалася, камендант прапанаваў яму заняць адзін з пакояў у былой канцылярыі завода і абсталяваць яго сабе пад кабінет. Андрэй ахвотна згадзіўся. Туды ён і выклікаў хлопцаў для належных гутарак. Зараз сюды ён запрасіў Рускевіча.

Ідучы поплеч з Андрэем, Хведар Васільевіч думаў-гадаў, што ж таму трэба ад яго. Прызнацца, дык ён толкам не ведаў, што за чалавек Андрэй і што ён тут робіць. Ваеннапалонны, стаў у каменданта перакладчыкам... Бывае на нарадах, лятучках. Часам не толькі перакладзе сказанае лейтэнантам, а і ад сябе нешта ўставіць. Нібыта і спагадлівае, чалавечнае, калі камендантава гаворка бывае асабліва жорсткай, бязлітаснай... Бач, даслужыўся свайго кабінета, мае вольны выхад у горад. Звыклым стала, што выклікае да сябе то аднаго, то другога. Яго пабойваліся — з тых, што пабывалі ў яго кабінеце, некаторыя потым бясследна знікалі...

— Вы, мабыць, ведаеце, пра што ў нас пойдзе гаворка? — як толькі Хведар Васільевіч прычыніў за сабой дзверы кабінета, адразу ж пачаў Андрэй.

— І не здагадваюся,— паціснуў плячыма Рускевіч.

— Хіба вам нічога не казаў камендант? Пра рамонт грузавікоў?

— А-а, пра грузавікі казаў...— У Хведара Васільевіча трохі адлягло на сэрцы.— Толькі што пачалі. Рамантуем.

— І мне казаў камендант пра гэты рамонт. Ён загадаў нам усебакова агледзець кожную машыну і кожнай вызначыць тэрмін, калі яе можна паставіць на ногі. Самы кароткі, самы мінімальны.

— Што ж, гэта можна. Давайце агледзім.

— У вас ёсць шафёры, інжынеры, якім аўтамабільная тэхніка блізкая?

— Ёсць.

— Вазьміце некалькі добрых спецаў, няхай будуць з намі пры аглядзе. Праз паўгадзінкі я прыйду.

— Добра, будзе зроблена.

Андрэй застаўся адзін.

«Хто ж ты такі, Хведар Васільевіч? Няўжо сапраўды затаіў крыўду і злосць на савецкую ўладу і чакаў свайго часу адпомсціць? Але на каго — крыўду, каму — помсціць? Хіба ж улада — твой ліхі сусед ці непрыяцель твой, якому на зробленае табе зло не шкодзіць адказаць тым жа? І ўвогуле — што за крыўда ў цябе?.. Не, даражэнькі, я залезу ў тваё нутро, выверну яго!..»

Хведар Васільевіч чакаў Андрэя з двума шафёрамі і інжынерам, які перад вайной працаваў тут жа, на станкабудаўнічым заводзе. Адразу ж рушылі ў абход — ад машыны да машыны. Андрэй і Хведар Васільевіч рабілі падрабязныя запісы: якая паломка ці пашкоджанне, што можна выправіць, а што трэба замяніць, колькі часу можа пайсці на кожны грузавік.

Як абышлі некалькі машын, Андрэй стаў прыкмячаць, што ступень пашкоджанасці грузавікоў Хведар Васільевіч стараўся яўна перабольшваць. А Рускевіч адразу адчуў недасведчанасць каменданцкага перакладчыка і дзейнічаў смела. Яго цалкам падтрымлівалі абодва шафёры і інжынер. Тэрміны рамонту ставіліся празмерна вялікія — гэта зразумела было і неспецыялісту. Такія тэрміны Хведар Васільевіч не проста арыенціровачна называў, а ўпарта адстойваў. Хоць не вельмі пераканальна... Андрэй сяды-тады лавіў позірк і трох запрошаных Рускевічам рабочых — у іх былі і хітрынкі, і нешта здзеклівае. Ён рабіў выгляд, што не заўважае ні гэтых позіркаў, ні таго, што тэрмін на рамонт машын Хведар Васільевіч вызначае відавочна задоўгі. Часам, праўда, пярэчыў, спрачаўся, але ўрэшце згаджаўся з прапановамі і заключэннямі. І рабіў у свой блакноцік запісы...

Калі агляд быў скончаны, Андрэй сказаў:

— Зойдзем да мяне, Хведар Васільевіч, падсумуем.

— Зойдзем, калі трэба...

Рускевіч быў задаволены аглядам. «Трасцу, а не тэмпы будзеце вы мець на нашым рамонце! — зларадна ступаў ён за Андрэем.— Трохі пачакаюць на фронце гэтых грузавічкоў!.. А табе, пан перакладчык, выслужыцца на гэтай аперацыі наўрад ці ўдасца...»

Андрэй жа яўна нерваваўся. Пасля агляду машын Рускевіч для яго стаў яшчэ больш загадкавы. Ён наўмысна парасцягнуў тэрміны рамонту — гэта ж відавочна. Навошта? Хацеў зрабіць тое, што павінен быў зрабіць сапраўдны савецкі чалавек? А ці не наладзіў табе, Андрэю, праверку: падказаў такія тэрміны, за якія камендант, калі дазнаецца, знясе тваю галаву?.. Падказаў, каб, заявіўшы потым, знішчыць цябе, начальніцкага перакладчыка, здрадніка, якім амаль усе тут лічаць цябе?..

«Хто ж ты такі, Хведар Васільевіч? Свой чалавек ці хітры вораг?..»

— Дык як, Хведар Васільевіч,— пачаў Андрэй, як толькі яны зайшлі ў яго кабінет,— адрамантуем грузавікі ў намі вызначаны час? — ён падкрэсліў апошнія словы. Галава ў яго ліхаманкава працавала, ён адчуваў, што зараз павінен адбыцца паядынак, які многае вырашыць.

— Думаю, што павінны,— неяк вельмі спакойна, нават нібыта абыякава сказаў Рускевіч. — Будзем старацца.

«Павінны», «старацца»...— Андрэй пачаў закіпаць.— Добра ж разумее, што намечаны тэрмін, калі на яго паглядзець вачыма каменданта,— злачынны.

І калі той расшалопае гэта, то абодвум нездабраваць. А перш за ўсё нездабраваць яму, Андрэю: на яго ўскладзена адказнасць за рамонт. Ён жа згадзіўся з прапановамі Рускевіча. Падаткні гэта Хведар Васільевіч лейтэнанту Пфайфелю,— і спета твая песенька, Андрэйка!.. Але стой, я зараз цябе аглавушу!..»

— Кажаце, адрамантуем у пазначаны час,— як мага больш спакойна вымавіў Андрэй.— А ці не думаецца вам, што калі камендант уцяміць, які час мы яму падсунулі, то ён так возьмецца за нашы душы, што ад іх адзін толькі ўспамін застанецца? Перш за ўсё — ад вашай, вы ж тэрміны вызначалі...

Хведар Васільевіч ніяк не чакаў такога павароту размовы. Ён ашалела ўтаропіўся ў Андрэя.

— Вы... вы хочаце на мяне спіхнуць?..— Здавалася, яму не хапае паветра і ён вось-вось задыхнецца, твар яго ўвачавідкі спалатнеў.— Не выйдзе, пан перакладчык!..— раптоўным крыкам вырвалася ў Хведара Васільевіча.— Я вам толькі падказваў, а вы згаджаліся. Маглі і не згаджацца, калі я лухту падказваў... На мяне зваліць?!!

— Супакойцеся, Хведар Васільевіч.— Андрэй крыху нават разгубіўся ад такога бурнага ўзрыву Рускевіча.— І не хвалюйцеся. Нас жа яшчэ ніхто не абвінавачвае і не судзіць. Дасць бог, і не будзе судзіць...— шматзначна дадаў ён і змоўк.

«Пастку расстаўляеш, нягоднік?..— Хведара Васільевіча біла дрыготка.— Глядзі, каб сам не ўскочыў у яе! Трасцу ты што дакажаш! Мяне ты голымі рукамі не возьмеш!..»

— Не будзем так блізка браць да сэрца,— прымірэнча сказаў Андрэй, напружана думаючы, што б азначала такая рэакцыя Рускевіча на яго адзін толькі намёк. «А можа, ён з самых шчырых памкненняў хацеў як мага зацягнуць гэты злашчасны рамонт? — мільганула і сама сабой пачала ўсталёўвацца думка.— Што ён рызыкаваў галавой, не ведаючы, чым я дыхаю, дык гэта ж несумненна...» — Не трэба так блізка браць да сэрца,— паўтарыў Андрэй.— Нічога ж асаблівага не здарылася...— Суцішаны глухаваты Андрэеў голас нечакана зацепліўся задушэўнасцю, даверлівасцю.— А займацца рамонтамі нам давядзецца. Хочам мы таго ці не. Адзінае, што ў нашай уладзе,— гэта — колькі часу рамантаваць і як...

Хведару Васільевічу здалося, што ён недачуў. «Гэта сказаў перакладчык? Правакуе ці на душы такое?..»

Андрэй рызыкнуў пайсці далей.

— Я ведаю, што вы мне не верыце. Ды і як верыць чалавеку, які трэцца каля нямецкага начальства і адно слова якога можа сцяць тваю галаву! Але ж цяпер ужо мая галава ў вашых руках: ваш данос пра вось гэту нашу размову — і на аднаго насельніка на тым свеце стане больш...

— Даносчыкам я зроду не быў і ніколі не буду! — абурана выдыхнуў Хведар Васільевіч.

Вельмі ж сур’ёзна павярнулася размова, страшнымі могуць быць яе вынікі...

Першы загаварыў Андрэй.

— Ці праўда, Хведар Васільевіч, што вас арыштоўвалі і вы сядзелі?

— Праўда... А чаму вы пра гэта пытаеце?

— Ды проста так...

Андрэй і сам не ведаў, як у яго вырвалася гэта пытанне. Ён аднойчы пазнаёміўся з дакументамі Хведара Васільевіча, якія захоўваюцца ў каменданта, і збольшага ведаў пра жыццёвыя пуцявіны гэтага чалавека. Судзімасць Рускевіча ў яго аўтабіяграфіі была падкрэслена,— цяпер яна неяк узбрыла на памяць і вырвалася пытаннем. «А і добра, што вырвалася,— мільганула думка,— за яе якраз і зачаплюся...»

— Бачыце, вам тут давяраюць. Гэта трэба цаніць і апраўдваць,— асцярожна павёў Андрэй.— І, зрэшты, не так ужо важна, як заслужаны такі давер...

Хведар Васільевіч злосна перапыніў:

— Але ж пытаецеся! Я ж у вас не пытаюся, як вы заслужылі такі давер, што вас паставілі над намі і аддалі нашы галовы ў вашы рукі. Чаго ж вы лезеце ў маю душу?..

— Не трэба так сердаваць, Хведар Васільевіч,— лагодна сказаў Андрэй. Яму ўсё больш падабаліся злосць і абурэнне Рускевіча.— А наконт даверу мне... Гэта песня доўгая... Можа, калі-небудзь і пачуеце яе. І зусім не такая яна, як вам зараз думаецца. Ды і не толькі вам...

Нешта нейкае раптоўна Андрэя так пацягнула за язык, што яму захацелася крыкнуць, хто ён такі, захацелася сказаць, што ён не той, за каго тут яго прымаюць. Ды не мог ён такога зараз сказаць. Не ведаў Андрэй, хто перад ім быў. Адно ён уразумеў з гэтай гісторыі з рамонтам грузавікоў, што Хведар Васільевіч не прадаўся немцам і іх давер яму — ці нейкае непаразуменне, ці штосьці іншае. Цяпер трэба было неяк падступіцца да Рускевіча, каб той паверыў, што ён, Андрэй, не здраднік. Пра тое, што Хведар Васільевіч прадасць, ужо і не думалася.

— Ну, што ж,— падаў Андрэй руку на развітанне,— пагаварылі і сёе-тое, мне здаецца, высветлілі.— Ён пранізліва глядзеў на Рускевіча. Той вытрымаў яго позірк, не адвёў вачэй.— Значыць, строга пільнуемся вызначаных тэрмінаў рамонту кожнай машыны. Адказнасць перад начальствам — мая, адказнасць за рамонт — ваша. Не пярэчыце такому размеркаванню абавязкаў? — Усмешка засвяцілася на Андрэевым твары.

— Не пярэчу, пан перакладчык,— глуха вымавіў Хведар Васільевіч.

— Тады — да пабачэння! Прашу, калі будзе якая патрэба, заходзьце да мяне. Ва ўсякі час.

— Дзякую.

— Дарэчы,— кінуў наўздагон Хведару Васільевічу Андрэй,— мяне завуць Андрэй Піліпавіч. Я быў бы не супраць, каб і вы так называлі... калі мы ўдвух...

Хведар Васільевіч спыніўся, паволі павярнуўся.

— Добра, Андрэй Піліпавіч...

 

20

Калі Пятро Лукашэвіч уранку зайшоў у кабінет Антона Захаравіча падпісаць нейкую паперыну, той задаволена прамовіў:

— Добра, што з’явіўся. Я ўжо збіраўся пасылаць па цябе. Сядай.

Хлопец прысеў. Ён адразу адчуў, што адбудзецца важная гаворка,— не часта Кернажыцкі прапаноўваў яму вось так сесці.

Нібы адгадваючы Пятровы думкі, Антон Захаравіч сказаў:

— Ёсць сур’ёзная справа, трэба неадкладна заняцца.

Ён выйшаў з-за стала і спыніўся каля Пятра. Ціха загаварыў:

— Ці няма ў цябе каго-небудзь знаёмага, хто працуе на чыгуначным вузле? Ну, сярод тых, што робяць на чыгунцы або маюць дачыненне да яе?

Пятро пацепнуў плячыма:

— Я не думаў пра гэта. Трэба перабраць у памяці. Можа, хто і аб’явіцца...

— Падумай, моцненька падумай.— Антон Захаравіч сеў побач.— Вельмі патрэбна мець сталыя звесткі, што адбываецца, што творыцца на гэтай жыццёва важнай артэрыі вайны. Нельга, каб яна пульсавала нармальна!.. Ты разумееш мяне?

— Добра разумею, Антон Захаравіч!

— Значыць, дамовіліся. Думай. І не марудзь. Як што згадаецца — адразу ж да мяне!..

За што б ні браўся Пятро ў той дзень, думкі яго неадчэпна круціліся вакол праклятай чыгункі. І нічога не прыходзіла ў галаву. Ну, хоць бы за што ці за каго зачапіцца! Проста хоць ты бяры ды ідзі да Антона Захаравіча і прызнайся ў сваёй бездапаможнасці. Але ж нельга ісці. Калі ўжо ён звярнуўся да цябе з такой гаворкай — значыць, у яго сапраўды нявыкрутка. Дапамагчы ой як трэба!..

«А што, калі асцярожна пагутарыць з Ларыкам! — раптам цюкнула ў галаву Пятру.— Ён хлопец пракідны, ды і знаёмых у яго нямала,— можа, што і падкажа...» І тут жа пляснуў сам сабе па лобе: «Ларык... падкажа... А Ларыкаў брат Нічыпар, які робіць на пошце пры вакзале?..»

Праўда, з Нічыпарам пра яго работу на пошце Пятру гаварыць ні разу не даводзілася — ён толькі чуў пра яе ад Ларыка. Ды і адносіны ў іх былі не вельмі блізкія — толькі як з Ларыкавым братам. Але ж зараз для Пятра і гэта была знаходка — ды яшчэ якая!..

Улучыўшы момант, калі ў кабінеце Кернажыцкага нікога не было, Пятро прашмыгнуў туды. Па яго ўзбуджаным выглядзе Антон Захаравіч зразумеў, што хлопец з’явіўся з добрай весткай.

— Ёсць, ёсць свой чалавек! — з ходу выпаліў Лукашэвіч.— На прывакзальнай пошце робіць!..

Ён кораценька расказаў пра сям’ю Рускевічаў. Не абмінуў, вядома, гісторыю з кулямётам, асабліва падкрэсліўшы, што Нічыпар — гэта ж брат Лаўрэна. Тут жа, праўда, прызнаўся, што ведае яго куды менш, чым свайго даўняга школьнага сябрука Ларыка.

— Ну, што ж, вестка неблагая,— узрадаваўся Антон Захаравіч.— Магчыма, нават вельмі неблагая. Ты разумееш, што гэта значыць,— работнік прывакзальнай пошты!.. Толькі... Толькі застаецца самае галоўнае — высветліць, чым дыхае сёння гэты Нічыпар Рускевіч, які ў яго настрой... Сам жа кажаш — мала яго ведаеш, тым больш цяперашняга. Вось ты, дарагі мой, неадкладна і займіся гэтым. Сустрэнься і пастарайся зазірнуць у яго душу. Так павярні размову, каб ён сам табе адкрыўся. Напачатку хоць крышачку, а там убачыш, як табе трымацца. І перш за ўсё — асцярожнасць! Цяпер без яе ніяк нельга. Бывае ж, што нават родныя браты трапляюць у процілеглыя станы... Ну, ды ты хоць падпольшчык і без асаблівага вопыту, але хлопец кемлівы, думаю, што зробіш усё як след...

— Буду старацца, Антон Захаравіч.

— Поспеху табе, дарагі!..

Не так заданне, як сама размова, яе тон моцна ўзрушылі Пятра. Столькі даверу яму! Кернажыцкі мае яго за сапраўднага байца, якому можна даць адказную баявую задачу! І верыць, што яна будзе выканана!.. А колькі цеплыні і бацькоўскага клопату было ў той, па сутнасці, суровай размове!..

Так, заданне і простае, і не вельмі што. Хто ведае, што за птушка цяпер Нічыпар. Можа, прыстасаваўся да акупацыйных улад, зашыўся ў сваёй паштовай канторы і вырашыў ціхамірненька перачакаць ліхі час. Такому — абы пярун не ўцэліў у яго дарагую галаву, абы яна ўцалела. Такога ніякай сілай не зацягнеш туды, дзе страляюць і на кулю можна натрапіць... Пра тое, што Нічыпар здатны на подлую здраду і ў выпадку чаго выдасць,— пра гэта нават і думаць не хацелася: у такой слаўнай сям’і ды такі вырадак... А вось ці здатны ён кінуцца ў вір бітвы, з якой невядома яшчэ, ці выйдзеш жывы?..

Пятро вырашыў убачыцца з Нічыпарам не дома ў яго — не хацелася лішне трапляцца на вочы старым Рускевічам. Непажаданай была зараз і сустрэча з Ларыкам: пачнуцца роспыты, нешта трэба будзе казаць пра кулямёт, прыдумваць, навошта Нічыпар спатрэбіўся. І ён пад канец рабочага дня падаўся на прывакзальную пошту. Хоць не быў там ні разу і не ведаў, дзе сядзіць Нічыпар, але гэта не турбавала — ат, дапытаецца...

І сапраўды, ён даволі хутка дазнаўся, як знайсці Рускевіча.

Здзіўлены нечаканай сустрэчай, Нічыпар папрасіў Пятра пабавіцца дзе-небудзь крыху, пакуль ён скончыць змену. Дамовіліся спаткацца каля стадыёна.

Пятро даўно ўжо не быў у гэтым раёне горада — проста не надаралася ніякай патрэбы. А без пільнай патрэбы цяперашнім часам тут не вельмі пашпацыруеш,— як бач нарвешся на якую брыду, што прычэпіцца да цябе і, чаго добрага, зацягне ў паліцыю, дзе пачнуць выпытваць, хто ты ды што ты... Такой брыды тут хапае — вакзал жа побач!..

А вось і Нічыпар. Ён ішоў размашыста, накульгваючы на правую нагу на пратэзе,— відаць было, што спяшаўся.

— Мабыць, нешта здарылася,— паціскаючы руку, адразу ж спытаў Нічыпар.— Я вачам сваім не паверыў, калі ўбачыў цябе...

— Ды нічога не здарылася,— Пятро стараўся гаварыць як мага больш спакойна і нетаропка, каб пільна сачыць за кожным словам і весці гаворку так, як загадзя прыкінуў. Ну, хоць бы завязку яе.— Нічога асаблівага. Проста апынуўся ў гэтым раёне і надумаў зайсці да цябе. Я ж ведаў, што ты тут працуеш.

— Дзякую, я рады, што зайшоў.

Пятро бачыў, што Нічыпар сапраўды рады яго нечаканаму прыходу, але ад яго не ўхавалася і ўстурбаванасць, якая пракінулася і на Нічыпаравым твары, і ў тоне яго размовы.

— Дык як служыцца?

— Ат, служыцца...— няпэўна вымавіў Нічыпар з уздыхам.— Дзень за днём, дзень за днём...

Адчувалася, што яму не хочацца гаварыць пра сваю работу.

А гэта ж так патрэбна было!..

— Па-мойму, у вас штодзень шмат цікавага...— пачаў здалёку Пятро.— Вунь колькі чутак па горадзе паўзе! І ў газетах пішуць, і ў розных загадах вывешваюць. У іх жа пра тое, што робіцца на чыгунцы,— уга колькі! Шмат чаго, лічы, у цябе пад носам дзеецца. Па-мойму, некаторыя паштавікі раней за іншых дазнаюцца пра розныя там блізкія і далёкія здарэнні і падзеі. У вас жа тэлефоны, тэлеграф, якія круглыя суткі не спяць... Хіба ж не так?

— Так...

Твар Нічыпара адкрыта выдаваў напружаную работу думкі. Ссунутыя бровы, сцятыя вусны, долу звернуты позірк... Пятрова гаворка развярэдзіла сэрца. Навошта ён усчаў яе? Звычайная хлапечая цікаўнасць, жаданне пачуць свежанькую навіну, на якую сярод паштавікоў сапраўды амаль заўсёды можна разжыцца? А што можа быць іншае? Праўда, Пятро працуе ва ўправе — Нічыпар ведаў гэта праз Ларыка. Няўжо ў яго які злы намер?..

— Ну, а як ты гаспадарнічаеш у сваёй управе? У вас жа навін штодня, бадай, не менш, чым на любой пошце,— разам павярнуў гаворку Нічыпар.

— Якія ў нас навіны! — чмыхнуў Пятро, нездаволены гэтым паваротам размовы.— Там аблава, там арышт, там шыбеніца,— каму гэта цікава?

— А каму цікава, што недзе эшалон кульнуўся пад адхон, згарэў пакгауз, узляцеў у паветра чыгуначны мост і з-за гэтага на нейкай станцыі загарае чарада эшалонаў? — хітра прыжмурыўшыся, Пятровым тонам запытаўся Нічыпар.

— Ну, гэта іншае...

— Каму ж, усё-такі, цікава гэта, каму? — не адступаўся Нічыпар.

Пятро смела разануў:

— Мне, напрыклад! Пачуўшы пра што-небудзь падобнае, я шчыра радуюся, што не перавяліся сапраўдныя людзі і не спяць у шапку. Што злыдням няма спакою ў нашым краі... А ў цябе, Нічыпар, ні разу такое не ўзнікала?

— Дык вось ты які, Лукашэвіч!..— Нічыпар, спыніўшыся, павярнуў Пятра тварам да сябе і глядзеў на яго, нібы бачыў упершыню.— Гэта ж... так здорава!..— Ён не знаходзіў слоў, каб выказаць радасць, што раптам апанавала яго.— У мяне тое ж самае на душы. Гэта я знарок так з табой... Я ж цябе амаль не ведаю...

— Вось і любата!..— пляснуў Пятро Нічыпара па плячы.— Адно, значыць, у нас на думках!.. А што паасцярожнічалі і павыпрабоўвалі адзін аднаго,— яно не на шкоду...

За гаворкай яны і не заўважылі, як згодна павярнулі ад стадыёна і ўжо ступалі па Ульянаўскай вуліцы. Абодвум было па дарозе.

— Я вот іду і думаю,— сказаў Нічыпар,— а якая каму карысць ад таго, што мы радуемся — нехта недзе лупіць фрыцаў, не дае ім спакою? Мужнасці вялікай не трэба — глядзець ды радавацца...

— Чыстая праўда! — разам загарэўся Пятро.— Не трэба глядзець і цешыцца, а і самому сёе-тое рабіць!..

— А што, што рабіць?! — выкрыкнуў Нічыпар.— Што я магу на сваёй пошце, якая толькі і ведае, што прымае — перадае — паведамляе?..

— Вось-вось! — схапіўся за Нічыпаравы словы Пятро.— Ці не прыходзіла табе ў галаву, што ў гэтым «прымае — перадае — паведамляе» трапляецца такое, што яму проста цаны няма? Калі, вядома, з розумам сачыць і своечасова паведамляць, каму трэба...

— Зноў жа — каму паведамляць?

— Ну, а гэта ўжо іншая гаворка...

...Развітваючыся, Пятро папрасіў заўтра сустрэцца — ён быў упэўнены, што Антон Захаравіч пашле яго да Нічыпара. Дамовіліся, што Нічыпар прыйдзе на Пятрову кватэру (каля яе хлопцы канчалі размову). Так будзе больш зручна.

 

Тое спатканне і размова з Пятром выбілі Нічыпара са звыклай каляіны, па якой клыгала яго жыццёвая каламажка, як пачаў рабіць на пошце. Пятро не многае сказаў яму з таго, што — па ўсім было відаць — ведае і што не мае права гаварыць. Гэта зусім зразумела. І ўсё ж...

Перад Нічыпарам, службоўцам прывакзальнай пошты, дзень пры дні разгортваюцца будні чыгуначнага вузла. Ён там свой чалавек і шмат чаго бачыць. А колькі чутак, навін, расказаў штодзень паўзе там,— толькі слухай! І мясцовыя, і прывезеныя зблізку і здалёку. Вайна вайной, а чыгунка без людскога тлуму не бывае...

Кажуць, што ёсць службовыя тайны. На пошце іх заўсёды нямала. Зразумела, што асаблівымі тайнамі і сакрэтнасцю акружаецца гэта ўстанова ў вайну,— у такі час іншая сакрэтная рэч, вылецеўшы адсюль, можа нарабіць нямала. Таму і не дзіва, што ў паштовыя службы чалавека без добрай праверкі не возьмуць. Нічыпара Рускевіча ўзялі — бацька яго меў давер у новых улад. І вось ён ужо колькі часу сядзіць тут старшым групы тэлефаністак.

Праца была знаёмая, звыклая. Нічыпар моўчкі цягнуў яе, рабіў тое, што патрабавалася. Паспрабуй не зрабі або зрабі няўдала! Размова будзе кароткая — добра, калі толькі вылеціш, а то і на шыбеніцу загрыміш!.. У Нічыпара і цяпер, як жывая, стаіць перад вачыма тэлефаністка Тоня Галубкіна: мілае свавольнае дзяўчо, яшчэ зусім зялёнае... Дасваволілася: шапнула нейкай злыбядзе з сябровак пра адну падслуханую па тэлефоне размову,— і два дні яе труп гайдаўся ў скверы...

А маўчаць пра тое, што даводзілася бачыць і пра што дазнавацца, Нічыпар не мог. Каб не гэтая пакалечаная нага — быў бы ў партызанах! Тут, у горадзе, яго не ўтрымала б ніякая сіла!..

Нічыпар ужо неаднойчы спрабаваў натрапіць на падпольшчыкаў, якія (ён гэта адчуваў) дзейнічалі недзе побач, або на тых, хто мае сувязь з ляснымі салдатамі, і ўсё было марна. Ён жа на сустрэчы з тымі людзьмі не прыходзіў бы з пустымі рукамі. Хіба не важна было б сяму-таму ведаць тое, што яму нярэдка даводзіцца назіраць на вузле самому або чуць ад добрага знаёмага дыспетчара Яраслава Спыхальскага? Удвух яны шмат бачаць і, калі спатрэбілася б, маглі б бачыць куды больш. А пакуль што — сустрэнуцца, перакінуцца навінамі, панаракаюць на сваю бездапаможнасць, на тым і разыдуцца... Акрамя як Яраславу, нікому не скажаш і пра тое, што ўведаеш на пошце...

Цяпер Нічыпар проста акрыяў духам. Сустрэча на Пятровай кватэры, дамоўленасць, што і як рабіць пры розных варунках і сітуацыях, і акрылілі, і падказалі, чым трэба займацца, чаму аддаваць пільную ўвагу.

А Кернажыцкі ад душы радаваўся: нядрэмнае вока і чуйнае вуха з’явіліся ў яго на чыгуначным вузле! Звесткі, паведамленні, што паступалі ад Нічыпара, былі каштоўныя, аператыўныя, дакладныя. Яны тут жа рабіліся вядомыя Бойку, які даваў ім адпаведны ход. Тыя звесткі прыносілі Іосіфу Макаравічу нямала клопатаў: часам даводзілася прыводзіць у рух ледзь не ўвесь атрад, каб выканаць заданне, якое вынікала з паведамлення. Але ж гэта былі клопаты, дзеля якіх яны трымалі ў руках зброю, звычайныя будзённыя клопаты байцоў ляснога фронту.

Нічыпар і Пятро ішлі адзін да аднаго на сустрэчу, як з’яўлялася патрэба: Нічыпар — калі надаралася важная вестка, Пятро — калі неабходна было перадаць Нічыпару заданне ад Бойкі ці ад Кернажыцкага. Зразумела, што спатканні часцей за ўсё бывалі нечаканыя,— хто ж мог прадбачыць у такі час, што адбудзецца не толькі праз дзень, а і праз нейкую гадзіну?..

Нечаканым быў прыход Нічыпара на Пятрову кватэру і на гэты раз.

Пятро толькі што вярнуўся з работы. З Нічыпарам ён не бачыўся даўнавата і яго з’яўленню быў рады. Ён ведаў, што так сабе, абы-чаго хлопец не зойдзе, што заўжды нясе навіну — няхай сабе турботную, але патрэбную, а можа, і важную.

Так, гэта была важная навіна.

Нічыпар расказаў, што за апошнія тры-чатыры дні на чыгуначным вузле назбіраўся вялізны гурт эшалонаў. Невядома, чаго яны збіліся тут, як авечкі ў летнюю спёку: можа, дзе наперадзе мост узарваны, а можа, дзе папсавана дарога і не могуць рушыць далей. І якіх толькі няма там саставаў: платформы з танкамі, з гарматамі, з аўтамашынамі, таварнякі...

— Гэта толькі мара...— У Нічыпара дзівосным бляскам засвяціліся вочы.— Вось каб над гэтай плоймай фрыцаўскіх эшалонаў з’явіліся ў начным небе нашы бамбавозы ды — наце вам, наце, наце!..

— А што ты думаеш! — загарэўся і Пятро.— Такога яшчэ не было, але ідэю падаць можна. Збегаю я куды трэба, раскажу пра эшалончыкі. Там ёсць сувязь з Цэнтрам. Няхай паведамяць — можа, што і атрымаецца...

Хлопцам у той час уявіўся грозны гуд нашых бамбавозаў над Мінскам, мора агню на станцыі...

— І перадай,— спахапіўшыся, сказаў Нічыпар,— што, калі трэба, пасігналім нашым самалётам...

— Што? Пасігналім? Як? — здзіўлена сыпаў пытанні Пятро.— Вядома ж, пасігналіць было б вельмі здорава. Але як?

— Я ламаў галаву над гэтым,— памаўчаўшы, прамовіў Нічыпар.— Ракета — рэч не надта надзейная: і загінуць лёгка можаш, і на цэль не дужа навядзеш. Ды і дзе тую ракетніцу знойдзеш!

— Што ж тады? — нецярпліва падагнаў Пятро.

— Варыянт падказаў Слава Спыхальскі. У яго, мусіць, нездарма імя такое — слаўны хлопец! Яму я веру. Даўно яго ведаю. Да вайны працаваў на гэтай жа станцыі, таксама дыспетчарам. Не эвакуіраваўся — ляжаў пасля аперацыі... Учора, калі прыйшла мне гэтая ідэя пра налёт і сам не дадумаўся пра надзейную сігналізацыю, спытаў у Славы, як бы ён пасігналіў. Ён спачатку таксама падумаў пра ракеты, а крыху пазней прыходзіць да мяне і пытае: «Ты карбідную лямпу ведаеш?» — «Ну, ведаю»,— адказваю. «Дык вось,— кажа,— узяў бы яе, за гадзіну-другую да налёту паставіў бы запаленую ў трубу аднаго з паравозаў-ламачын, што стаяць у тупіку. І ўся табе механіка: гарыць так, што з любой вышыні відаць!.. Пагасне хіба толькі тады, калі бомба ўцэліць проста ў яе. А тады яна ўжо і не патрэбна, тады ўжо лётчыкі самі наробяць сабе вогненных арыенціраў...» Сказаў так Слава і хітра падміргнуў мне: «Калі спатрэбіцца часам,— скажы, праверым маю задуму. Павінна атрымацца...»

— Ну, і малайчына хлопец! Ну, і хвацка прыдумаў! — аж заходзіўся ад захаплення Пятро.— Вось гэта дык любата!..

— Пачакай, братка, ранавата радавацца,— астудзіў яго Нічыпар.— Яшчэ ж Слава не паставіў карбідку ў паравозную трубу. І яшчэ не трымаюць курс на Мінск нашы самалёты...

— Яно і праўда,— нялёгка ўздыхнуў Пятро.

 

— Нешта ты, Нічыпарка, сёння як сам не свой. Як прыйшоў з работы, дык ніякага занятку сабе не знойдзеш. І твар нейкі зблажэлы. Ці не захварэў? — занепакоена запытала Антаніна Сцяпанаўна.

— Я, мама, здаровы, як бугай! Пападзіся мне на рогі сам чорт — і яму моташна зробіцца!..

Нічыпар нечакана падхапіў маці і закружыў вакол сябе.

— Адчапіся, басурман! — вызвалілася яна з рук сына.— Штосьці ўсё-такі з табою сёння творыцца. Ой, глядзі, ці на дабро?

— Нічога, мамачка, не творыцца! А калі і творыцца, то на дабро!..— загадкава прашаптаў «басурман» і пашыбаваў на двор.

Яму хацелася зараз быць аднаму, са сваімі думкамі, настроем. І нясцерпна хацелася — гнаць і гнаць час, каб гадзіна за гадзінай ляцелі, каб хутчэй наблізілася поўнач, а потым і гадзіна ночы...

Аж не верылася, што ўсё ідзе так гладка, што ўсё можа збыцца...

Пятро паведаміў, што налёт будзе а першай ночы. Бойка асабліва прасіў забяспечыць бамбёжку сігналізацыяй. Трэба было бачыць, як узрадаваўся Слава, калі яму сказалі, што агеньчык яго карбідкі будзе свяціць нашым лётчыкам, будзе кіраваць іх бомбамі!..

Ужо добра звечарэла, калі Нічыпар вярнуўся ў хату. Пра сон і не думалася. Запаліўшы газоўку, унурыўся ў кнігу. Але каб яго спыталі, што вычытаў за ладную гадзіну, ён нічога пэўнага не сказаў бы. Думкі былі то далёка-далёка, там, дзе ў гэты час, можа, падвешвалі да самалётаў бомбы, то зусім блізенька, на стойбішчы эшалонаў, на якія Славаў агеньчык вабіць тыя бомбы...

— Тушыў бы, сыне, лямпу,— прыадчыніў дзверы Хведар Васільевіч,— сам жа ведаеш, як цяпер з газай.

Нічыпар лёг і, прачакаўшы з гадзіну, нечакана заснуў. Прахапіўся, калі гадзіннік паказваў палову першай.

«Фу ты, чорт! — вылаяўся ён.— Так і праспаць можна. І не думаў, што засну...»

Калі гадзіннік на сцяне, пашыпеўшы, бомкнуў адзін раз, Нічыпар увесь ператварыўся ў слых.

За акном была ўсё тая ж сонная начная цішыня.

Ён ляжаў і слухаў, як цікае гадзіннік і як тахкае сэрца. Паўзлі мінута за мінутай, мінута за мінутай — і толькі ціканне гадзінніка ды тахканне сэрца...

Нічыпар ужо рыхтаваўся змірыцца з горкай думкай, што нешта здарылася і налёту не будзе, як цішыню раскалоў разложысты выбух і ўслед амаль адначасова грымнулі другі, трэці...

«Пачалося!..»

Выбухі сарвалі Нічыпара з ложка і кінулі на двор.

У раёне вакзала шалелі грукат і агонь. Там зрабілася відната. Раз-пораз чуўся прарэзлівы віскат — і новыя, і новыя выбухі скаланалі горад. З неба плыў густы, натужны гул многіх матораў.

«Ай, добра! Ай, добра!..— нібыта выстуквала Нічыпарава сэрца.— Яшчэ! Яшчэ!..»

Нічыпар не згледзеў, як поплеч з ім стаў Ларык.

— Што гэта? — выгукнуў ён.

— Глядзі сам!..

— Дык гэта ж нашы! Па вакзале лупяць!..

— Чые ж яшчэ! Не будуць жа фрыцы саміх сябе так матлашыць...— з напускным спакоем спаважна заўважыў Нічыпар, нібы гаворка ішла пра звыклую з’яву.

Да хлопцаў таропка набліжалася Антаніна Сцяпанаўна, услед за ёю спяшаўся Хведар Васільевіч.

— Што там творыцца, сыночкі?..— дрыготкім голасам спыталася яна.

— Ці ж не бачыш, маці: тое, што трэба, творыцца!..— спакойна адказаў за сыноў Хведар Васільевіч.

Абняўшы Антаніну Сцяпанаўну, Нічыпар прашаптаў ёй на вуха:

— На дабро творыцца, мамачка! На дабро!..

 

21

— Нешта ж і абед, як і снеданне, амаль не чапаны.— Аляксандра Пятроўна з дакорам паглядзела на Дзядзюлю.— Хіба ж можна так, Кірыла Гарасімавіч? Вам жа есці ды есці трэба, іначай адкуль жа тая папраўка будзе?

— Дык не есца, каб на яго немач! Я і так, я і гэтак,— а ў горла не лезе,— спрабаваў жартаваць Дзядзюля.

— А вы цераз сілу, цераз сілу! Разумееце, гэта вельмі трэба! — не сунімалася яна.

— Трэба, трэба...— губы яго склаліся ў горкую ўсмешку.— Каму яно трэба?

Аляксандра Пятроўна сабрала посуд і ціха выйшла з палаты.

Вось ужо колькі тыдняў, як яна робіць у гэтай бальніцы. Даўно закрыла сваю палатку з газіроўкай — мінуў сезон, разам з летняй гарачынёй восень прагнала ў людзей смагу на халодную ваду. Некаторы час Аляксандра Пятроўна хадзіла без работы, спадручнага нічога не траплялася. Ёй успомнілася даўніна — грамадзянская вайна, калі яна была сястрой міласэрнасці. І вырашыла пайсці ў бальніцу — хоць санітаркай ды возьмуць. Узялі. Нялёгкая, клопатная работа. А хто цяпер шукае лёгкага? Жыць жа з нечага трэба.

Важданіны з хворымі хапала. Іх тут заўсёды было поўна, ніводнае месца не пуставала, ложкі стаялі і на калідорах.

Аляксандра Пятроўна даглядала некалькі палат, якія былі бітком набіты хворымі. Ёй даручылі і асаблівую палату — малюсенькую, на аднаго чалавека. Калі яе бралі на работу, хворы там ужо ляжаў. Бальнічнае начальства мела пра яго з Аляксандрай Пятроўнай строга сакрэтную размову. То быў не хворы, а цяжка паранены. Хто ён, як быў паранены,— вядома, не сказалі. Папярэдзілі, каб гаворак з ім не заводзіла,— можа перакінуцца толькі самымі неабходнымі словамі. У палату да яго нікога з пабочных не пускалі, нават не ўсе дактары маглі зайсці туды. Але для аднаго пабочнага было зроблена выключэнне — ён меў права наведацца да параненага ў любы час дня і ночы. З ім пазнаёмілі Аляксандру Пятроўну. Назваўся Аркадзем Ларывонавічам Вырвічам. Высокі стройны мужчына гадоў пад трыццаць. Яго твар можна было б назваць прыгожым, нават сімпатычным, калі б не вочкі, якія хітра зіркалі з-пад рудаватых веек і былі ў нейкім заўсёдным руху. Здавалася, гэты чалавек не можа ні на чым спыніць сваю ўвагу, яго позірк пераскоквае з аднаго на другое, не затрымліваючыся. Відаць, калі б такому чалавеку сказалі — «паглядзі мне шчыра ў вочы»,— ён не змог бы гэтага зрабіць, пагляд яго праз адзін міг ужо сігануў бы куды-небудзь.

Даўмецца, хто такі Вырвіч, Аляксандра Пятроўна, вядома, не магла. Зрэшты, гэта яе мала абыходзіла: ну, прыйдзе да параненага, прабудзе каля яго колькі часу і пайшоў сабе. А вось хто такі паранены — моцна карцела дазнацца. Усяляк разважала і прыкідвала — і ні на чым не магла спыніцца. Адно было зразумела, што птушка не са звычайных. Ці будуць жа простага чалавека трымаць вось так у асобнай палаце пад такімі забаронамі, пад сакрэтнасцю? А гэты падазроны наведвальнік з вялікімі паўнамоцтвамі? Калі б паранены быў які партызан ці падпольшчык,— хто б яго ўвогуле тут лячыў? Ці звычайны паліцэйскі,— не было б такой таямнічасці і пачцівасці... А можа, якая-небудзь важная шышка з акупацыйных улад, зацяты прыхільнік новага парадку, што нарваўся на справядлівую кулю?..

Аляксандра Пятроўна пакрысе прыглядалася да параненага. Неўзабаве ўжо ведала, як яго завуць.

Кірыла Гарасімавіч быў у той час вельмі слабы, пластом ляжаў. У яго было раздроблена бядро. Рана гаілася пакутліва марудна, нягледзячы на старанны доктарскі нагляд.

Неяк раз, прынёсшы вячэру, Аляксандра Пятроўна не вытрымала і загаварыла:

— Можа, вы і не адкажаце, можа, вам і нельга казаць. Але я папытаю.— Яна стаяла каля акна і глядзела, як ён памешваў чай у кубачку.— Дзе гэта вас так параніла?

Кірылу Гарасімавіча не здзівіла яе пытанне — нібыта і чакаў яго. Працягваючы памешваць чай і не ўзнімаючы галавы, сам спытаў:

— А як вы думаеце — дзе?

Яна пацепнула плячыма:

— Ці мала дзе цяпер могуць бахнуць у чалавека! Цяпер многа крыві льецца. І людскай, і паганай...

— А якая ў мяне кроў? — ён натужна ўсміхнуўся.

— Хто ж вас ведае. Можа, тая, а можа, гэтая...

Кірыла Гарасімавіч адхінуўся ад тумбачкі, на якой стаяла вячэра. Заклаўшы рукі за патыліцу, лёг. Некаторы час ляжаў моўчкі. Не мяняючы паставы, прагаварыў:

— Якая льецца кроў, калі страляе паліцэйскі?

— Паліцэйскі? Тады звычайна льецца партызанская кроў...

— Ну, вось вы і адказалі на сваё пытанне...— спакойна вымавіў Дзядзюля. Ён мог не таіцца ад гэтай спагадлівай жанчыны. Хіба толькі для яе ён быў тут невядомым параненым. Тыя, што запраторылі яго сюды, добра ведалі, хто такі Кірыла Дзядзюля.

— Дык, выходзіць, што вы партызан...— вырвалася ў Аляксандры Пятроўны.

— Выходзіць, што партызан...

Кірыла Гарасімавіч ляжаў усё ў той жа паставе, утаропіўшы позірк у столь.

Яна павярнулася і стала глядзець у акно.

— Не трэба так... жартаваць...

— Чаму вы лічыце, што гэта жарт?

— Таму што гэта няпраўда...

Аляксандра Пятроўна падышла да ложка і рэзка кінула:

— Так няньчыцца з партызанам? Вы мяне за дурнічку маеце ці проста здзекуецеся!

— Ні тое і ні другое...

— Значыць, яны не ведаюць, хто вы?

— Добра ведаюць...

— І лечаць партызана?

— І лечаць партызана... Таму што я не абы-які партызан!..— Усмешка ў яго атрымалася горкая.— Вось адрамантуюць як мае быць і накажуць, каб біў нямецкую погань куды мацней і больш не пападаўся!..

— Страшныя вашы жарты, Кірыла Гарасімавіч...

 

Яго жыццё тады, можна сказаць, выратаваў вось гэты Аркадзь Ларывонавіч Вырвіч. Гэта быў адзін з малапрыкметных, незаўважных партызан, якіх у атрадзе Бойкі было многа. Дзядзюля помніў яго з той першай гаворкі, калі ён упершыню з’явіўся да іх і напрасіўся ў атрад. І настрой таго Вырвіча, і яго відавочная гатоўнасць біцца з немцамі, і тое, што прыйшоў не з пустымі рукамі, а з пісталетам, які, як расказаў, здабыў у забітага ім гітлераўца,— усім спадабаліся, і Аркадзь Ларывонавіч стаў партызанам. Далей Дзядзюля нешта не помніў нічога асаблівага пра яго як пра байца. Разам з іншымі хадзіў на аперацыі, бываў у баях, наперад не вырываўся, але і баязліўцам не быў.

А тым часам Вырвіч жыў падвойным жыццём. Да партызан ён не сам падаўся — яго паслалі. З паліцэйскага ўпраўлення. Калі атрад Бойкі ўвабраўся ў сілу і акупанты пачалі адчуваць яе на сваіх рэбрах, упраўленню было загадана ўсур’ёз заняцца тым атрадам і знішчыць яго або хоць бы паралізаваць дзейнасць. Вырашылі заслаць у партызаны смелага і кемлівага лазутчыка-правакатара. Заданне: выведваць планы і намеры камандавання, інфармаваць пра баявы стан атрада, пры магчымасці — знішчаць камандзіраў. Пашукалі добраахвотніка. Ім аб’явіўся Вырвіч, радавы паліцэйскі, адчайны галаварэз. Хітра і асцярожна дзейнічаючы, заслужыў давер у партызан і ў камандавання. Стараўся асабліва не выпінацца, каб не звяртаць на сябе ўвагу. Паступова дамогся таго, да чаго спакваля імкнуўся,— яго іншым разам пасылалі ў горад з разведчымі заданнямі. Так Вырвіч і пабываў у паліцэйскім упраўленні напярэдадні партызанскай аперацыі па знішчэнню паліцэйскага гарнізона ў вёсцы Бортнікі. Папярэджаныя, паліцаі наладзілі засаду і нарабілі атраду Бойкі нямала бяды. Сам Вырвіч пад час аперацыі вырашыў трымацца паблізу Бойкі ці Дзядзюлі — падцікаваць момант і сярод страляніны і мітусні неўпрыкметку пусціць кулю ў спіну камандзіра атрада ці камісара. Здарылася так, што Бойка з самага пачатку бою апынуўся ў яго віхуры, там лёгка было і самому расквітацца з жыццём, і Вырвіч пераключыў сваю ўвагу на Дзядзюлю, які кіраваў аперацыяй з правага фланга. Правакатар выбіраў ужо зручны выпадак, каб узяць на мушку камісара, як убачыў, што той паволі асядае на зямлю: побач з ім трэснуў выбух гранаты. Вырвіч з палёгкай уздыхнуў — абышлося без яго рукі... Ён падпоўз да Дзядзюлі. Камісар ляжаў на спіне. Правы бок быў увесь у крыві. Пасечаная асколкамі планшэтка — на бядры, таксама спрэс акрываўленым. «Трэба забраць,— мільганула ў Вырвічавай галаве.— Там могуць быць дакументы...» І тут Дзядзюля паварушыўся, расплюшчыў вочы.

— А, гэта ты, Аркадзь...— пазнаў ён.— Памажы мне. Бач, як хвастанула...

Бой між тым аддаліўся і паволі суціхаў.

Азірнуўшыся навокала, Вырвіч удалечыні ўбачыў рэдкія фігуры, якія адна за адной знікалі. Яны засталіся ўдвух.

Яго раптам разанула думка...

— Зараз, зараз, даражэнькі Кірыла Гарасімавіч,— заклапаціўся Вырвіч.— Памагу, канечне ж, памагу...

Ён, як мог, старанна перавязаў камісара. Задумна патупаўшы каля яго некалькі хвілін, сказаў:

— Паляжыце трохі, а я ў момант скокну па хлопцаў. І ўсё будзе ў парадку! Мы яшчэ паваюем!..

І Вырвіч неўзабаве сапраўды прывёў хлопцаў. Толькі гэта былі хлопцы з паліцэйскага падраздзялення...

 

Калі Кірылу Гарасімавіча ўзялі паліцэйскія і везлі ў горад, ён ніяк не мог уцяміць, што тут да чаго. А калі змясцілі ў бальніцу, тут жа паклалі на аперацыйны стол і далі асобную палату,— ён, звязаўшы гэтыя факты ў адзін вузел, пачаў сёе-тое цяміць. Першы ж прыход Вырвіча пацвердзіў яго страшную здагадку.

Як толькі Вырвіч заходзіў у палату, Дзядзюля адварочваўся да сцяны і чакаў, пакуль ён выгаварыцца і знікне за дзвярыма. А той не вельмі спяшаўся, зноў і зноў вёў сваю гамонку, усяляк імкнучыся, каб хоць разгаварыць Кірылу Гарасімавіча, каб выклікаць яго хоць на якую спрэчку ці нават сварку. Ён ужо звыкся з тымі знішчальна-з’едлівымі словамі, якія часам зрываліся з вуснаў камісара, і ўсё гнуў сваё.

— Зразумейце, Кірыла Гарасімавіч,— паўтараў Вырвіч,— што ў вас няма выбару! І няма выйсця! Калі хочаце жыць — перад вамі толькі адзін шлях — той, што я прапаную... Перад вамі лягуць такія дарогі!..

Балбатні Вырвіча пра перамогу немцаў у вайне Дзядзюля ні на грош не верыў. А вось што жывым яму адсюль не выйсці, калі не прыме прапанаванага яму,— не трэба было вялікай мудрасці, каб з гэтым не згадзіцца. Ці ж выпусцяць яны са сваіх рук жывенькім камуніста, камісара партызанскага атрада,— ідзі, знішчай нас, ненавісных табе акупантаў і іх паслугачоў?!.

Не пра смерць думалася ў тыя пякельныя дні Кірылу Гарасімавічу. «Няўжо сапраўды няма ніякага выйсця? Ці ўсё зроблена, каб застацца жывым і вярнуцца ў баявы строй?..» — гэта было найперш у галаве камісара.

Пасля пакутнага роздуму Дзядзюля даў згоду працаваць у паліцэйскай управе...

Ён добра ведаў, дзеля чаго столькі валаводзіліся з яго асобай, — уратавалі ад смерці, лячылі, угаворвалі. Ім патрэбны быў камуніст, былы партызанскі камісар, які выракся сваіх пераконанняў і прыйшоў у лагер стваральнікаў новага парадку. Для іх, зрэшты, нават не так важна было, наколькі шчыры той вырак,— важна было мець фігуру, якая давала б падставы нарабіць вельмі патрэбнай прапагандысцкай шуміхі.

Шуміха ўсчалася, як толькі партызанскі камісар пачаў працаваць у паліцэйскай управе. Гаварылі на вялікіх сходах-зборышчах. Надрукавалі ў газеце партрэт Дзядзюлі. Паўзлі чуткі...

Кернажыцкі страшэнна разгневаўся, калі дайшла да яго гэта навіна. Ён не быў знаёмы з Кірылам Гарасімавічам, але ведаў, што Дзядзюля — камісар у Бойкавым атрадзе. Ведаў, што гэта даўні дружбак Бойкі і добры камісар, камуніст высокага гарту. А тут такое!.. Натуральна з’явілася рашэнне — звярнуцца да самога Бойкі, дазнацца, што здарылася. Можа, гэта проста правакацыя,— на падобныя штукі немцы майстры, якіх мала. Праз Пятра Антон Захаравіч звязаўся з Іосіфам Макаравічам.

Для Бойкі навіна была як гром з яснага неба.

Лёс Дзядзюлі не выходзіў у яго з галавы з дня таго страшнага бою. Прайшло столькі часу, а хоць бы якая чутка... Іосіф Макаравіч ужо амаль гатовы быў змірыцца з жахлівай непазбежнасцю: замардавалі нелюдзі яго вернага дружбака, і нічога тут не парадзіш. І нават ніколі не ўведаеш, што давялося знесці яму ў апошнія перадсмяротныя часіны... А ён — жывы. Камісар атрада жывы і працуе ў паліцэйскай управе!..

Бойка і верыў пачутаму, і не мог даць веры. Нейкае насланнё!..

— Пятро,— трохі ачомаўшыся, урэшце сказаў Іосіф Макаравіч,— перадай Кернажыцкаму маю просьбу... не — мой загад: як бы там ні было — звязацца з Дзядзюлем, сустрэцца каму-небудзь з ім ці якім іншым шляхам (пра гэта хай падумае сам) і як мае быць высветліць, што з былым камісарам. І неадкладна паведаміць мне. Зразумеў?

— Як не зразумець... Антон Захаравіч сам моцна ўстурбаваны гэтай загадкавай гісторыяй. Цяпер хоць ён будзе ведаць, як Кірыла Гарасімавіч знік з атрада. А то — учора партызанскі камісар, а сёння ўжо нейкі паліцэйскі чын, пра якога ўсюды трубяць...

...Прынесеная Пятром вестка аб акалічнасцях знікнення Дзядзюлі з атрада і трохі праясняла, і яшчэ больш заблытвала загадкавасць гісторыі. Кернажыцкі перабіраў магчымыя варыянты. Магло быць, што цяжка параненага падабралі на полі бою, каб падлячыць і любымі сродкамі і спосабамі вырваць у яго згоду служыць акупантам. На такое злыдні не пашкадавалі б ні сіл, ні часу. Але адкуль яны ведалі на тым полі бою, што гэты паранены — камісар? Калі б такое здарылася з Бойкам, таго маглі выдаць яго славутыя вусы, знешні выгляд камандзіра партызанскага атрада карнікам, можа, вядомы. У Дзядзюлі ж, як ведаў Кернажыцкі, ніякіх асаблівых прыкмет не было. Значыць, нехта падказаў?.. А што змусіла пайсці ў паліцыю? Катаванні звяругаў? Пэўны план, прадыктаваны сітуацыяй?..

Пытанні, пытанні... Хто на іх адкажа беспамылкова?

Толькі сам Дзядзюля!..

«Так, толькі сам Дзядзюля...» — Антон Захаравіч схамянуўся і ўздрыгнуў: ён ледзь не ўслых вымавіў гэта. Азірнуўшыся, супакоіўся,— ён адзін ішоў па бязлюднай перадвячэрняй вуліцы, кіруючыся дамоў. «Так, патрэбна сустрэча. Вельмі патрэбна. Каму на яе пайсці? Самому? А і праўда, ён пра мяне чуў, ведае праз сувязных, не раз у атрадзе атрымлівалі мае паведамленні. Але ж цяперашняя невядомасць... Да таго ж, пры ўсіх варунках, з яго зараз не зводзяць вока, сочаць за кожным крокам. Самая маленькая дробязь можа стацца згубнай і для яго, і для мяне... Не, тут трэба чалавек непрыкметны...»

Памяць нечакана падказала Аляксандру Пятроўну.

«Яна працуе ў бальніцы, дзе ляжаў Дзядзюля. Магчыма, там хадзілі сякія-такія чуткі пра параненага партызана. А можа, самой даводзілася бачыць яго?.. Так ці інакш, трэба спаткацца з Аляксандрай Пятроўнай!..»

Антон Захаравіч вырашыў зрабіць гэта неадкладна, зараз жа.

Да знаёмай хаты на вуліцы Талстога было рукой падаць, і вось ужо ён вітаецца са збянтэжанай, разгубленай гаспадыняй.

— Не чакала, бачу, бачу,— заўсміхаўся ён.— Не часта мы адведваем адзін аднаго, хоць і жывем, можна сказаць, па суседству...

— Спадзяюся, што хутка надыдзе час, калі адведзіны зробяцца частымі. Ужо вунь колькі назбіралася таго, што будзе ўспамінацца і ўспамінацца. А яшчэ колькі назбіраецца, пакуль надыдзе той час!.. Ты ж і зараз, пэўна, прыйшоў з нечым такім, што калісьці будзе варта ўспамінаў? Абы-чаго цяпер не ходзяць...

— Праўда твая, даражэнькая Аляксандра. Не абы-чаго завітаў да цябе. Ёсць сур’ёзная гаворка.

— То сядай, Антон, у нагах, кажуць, праўды няма.— Яна прыкметна хвалявалася.— Сядай і пагамонім.

— Ну, як працуецца, доктар? — пачаў ён жартаўліва, каб суцішыць і яе, і сваю ўзрушанасць.

— Працуецца...— нервова кінула Аляксандра Пятроўна.— Ты лепш пачынай тую сур’ёзную гаворку, дзеля якой прыйшоў. Бо не цікавасць жа да маёй працы прывяла цябе.

— А вось гэта і ёсць пачатак нашай важнай размовы... Скажы, Аляксандра, у вашай бальніцы ў апошні час не хадзілі чуткі пра параненага партызана, якога лячылі ў вас?

— Не чуткі хадзілі, а сапраўды лячылі параненага партызана.

— Табе яго не даводзілася бачыць?

— Як жа не даводзілася... Кожны дзень, ён ляжаў у маёй палаце, я даглядала яго.

Антон Захаравіч парывіста ўстаў.

— Ён, часам, не сказаў, як яго завуць?

— Чаму ж не, сказаў, ён не таіўся: Кірыла Гарасімавіч Дзядзюля.

— Дзядзюля...

— А што, што здарылася? — трывожна гледзячы на раптоўна скамянелы твар Кернажыцкага, спытала Аляксандра Пятроўна.

Антон Захаравіч маўчаў, зацята думаў.

— Нейкі дзіўны партызан...— яна сцепанула плячыма.

— Ты ведала, што ён партызан?

— Ведала, ён сам прызнаўся. Можа, жартаваў. Але такі жарт!.. Кажа, лечаць мяне тут, бо я не абыякі партызан, я павінен хутчэй паправіцца, каб біць немцаў яшчэ мацней...

— Так і сказаў?

— Так і сказаў...

Яна ўзяла Антона Захаравіча за плячук:

— Ну, не муч мяне: што ўсё-такі здарылася?

— А тое,— расцягваючы словы, ціха прамовіў ён,— што вылечаны табой не абы-які партызан сёння завіхаецца ў паліцэйскай управе. Хіба не чула — пра гэта такая пагалоска ішла...

— Не чула. Ды ліха з ім, ці мала поскудзі на свеце! Такі гэта, значыць, і партызан быў!

— У тым уся і штука, што партызан быў сапраўды не абы-які. Гэта быў камісар партызанскага атрада. Тыя звесткі, што перадаваліся і праз цябе, былі адрасаваны атраду, дзе ён з’яўляўся камісарам. Добрым, баямі правераным камісарам-камуністам.

— Тады гэтая яго работа ў паліцыі, можа...

— Вось гэтую здагадку-загадку і трэба высветліць,— перапыніў Аляксандру Пятроўну Кернажыцкі.— Гэта заданне камандавання атрада, дзе быў камісарам Дзядзюля. Я, калі думаў, каму б яго даручыць, першай успомніў цябе. Цяпер жа, калі мне стала вядома тваё сякое-такое знаёмства з Кірылам Гарасімавічам, я не загадваю, а пытаю цябе: каму, як не табе, ісці на сустрэчу з ім? Хто без асаблівых дальніх падыходаў падступіцца да яго? Каму ён хутчэй адкрыецца, як не чалавеку, з якім, хай сабе і жартам, але была гаворка пра яго партызанства?..

— Антон,— мякка сказала яна,— ты мяне нібыта ўгаворваеш. Не трэба. Канечне, мне ісці. І я пайду. Думаю, што я адчую, што на душы ў гэтага чалавека. Мне і цяпер здаецца, што ён быў шчыры са мной увесь час. Нават тады, калі гаварыў жарты, ад якіх мне страшна рабілася... Зрэшты, сама сустрэча пакажа і падкажа, як мне размаўляць з ім і як паводзіць сябе. Ты толькі раскажы мне сёе-тое пра Дзядзюлю, што мне ў гаворцы можа спатрэбіцца.

— Калі ласка...

 

Церушыў дакучны восеньскі дождж. Неба спрэс завалаклі густыя цёмныя хмары. Паветра застыла ў нерухомасці — толькі цэдзіцца і цэдзіцца гэты нудны восеньскі дождж, якога колькі ні чакай — не перачакаеш.

А ісці на сустрэчу трэба. І Аляксандра Пятроўна пайшла.

Яна прашпацыравала міма паліцэйскай управы і раз, і другі. Час падбіраўся пад заканчэнне работы. Хто ведае, якая ў ім там дакладнасць,— так ці інакш, але доўга шпацыраваць каля гэтай установы ніяк не выпадала, і яна думала, што ж рабіць. Прыдумалася хутка: дождж, насупраць управы — пад’езд. Стаіць чалавек, прыхаваўся ад непагоды...

Аляксандры Пятроўне добра былі відаць патрэбныя дзверы. Патупваючы ў пад’ездзе туды-сюды, яна кідала на іх мімалётныя ўважныя позіркі. Ні адзін чалавек непрыкмечаным не выйдзе. І пазнаць адсюль лёгка можна. Вось толькі ці выйдзе ён з гэтых дзвярэй? Ліха ведае, дзе ён можа быць зараз,— спаткання ж не прызначалі...

Але ён неўзабаве выйшаў. Аляксандра Пятроўна пазнала яго адразу, хоць у звычайным адзенні свайго былога хворага бачыла ўпершыню. Дзядзюля быў у цёмна-шэрым плашчыку, у сіняй кепцы. Неяк там, у бальніцы, і не прыкмеціла, што ён нізенькага росту.

Кірыла Гарасімавіч хвілінку пастаяў на ганку, наставіў каўнер плашча і, спусціўшыся з прыступкаў, даволі шпарка пайшоў налева. Аляксандра Пятроўна, не трацячы часу, назіркам пашыбавала ўслед за ім.

На перакрыжаванні вуліц Дзядзюля на нейкі момант прыпыніўся, нібы раздумваючы, куды павярнуць.

— Кірыла Гарасімавіч! — аклікнула яна.

Ён рэзка павярнуўся на вокліч і застыў на месцы. Ён тут нікога не ведаў, і яго ніхто не ведае...

Калі Аляксандра Пятроўна наблізілася, Дзядзюля пазнаў яе.

— Вы?!.— вырвалася ў яго.— Як вы тут апынуліся?

— Ды вось прыйшла на спатканне з вамі, а вы, аказваецца, такі галантны кавалер, што ледзьве дагнала...

— Ну, навошта такія жарты, Аляксандра Пятроўна!..— у яго голасе былі і недаўменне, і разгубленасць.

— А хіба толькі вам можна жартаваць? — хітранька прыжмурыўшыся, спытала яна.

— Ну, так злосна я ніколі не жартаваў...— ён зрабіў выгляд пакрыўджанага дзіцяці.

— А ў бальніцы, калі называліся партызанам? І не абы-якім партызанам?

Гарэзлівасць зляцела з яго твару, ён адразу спахмурнеў. Памаўчаўшы, з уздыхам вымавіў:

— То быў не жарт...

Яна маўчала. Маўчаў і ён. Так моўчкі і ішлі яны нейкі час, паглынутыя сваімі суровымі думамі, адгароджаныя сваімі тайнамі.

Дождж усё імжыў і імжыў, на тратуарах і на вуліцы скрозь блішчалі лужыны. Рэдкія машыны, пралятаючы міма, узнімалі шалёныя пырскі, і трэба было сцерагчыся, каб не трапіць пад іх.

— Скажыце,— перапыніла здоўжанае маўчанне Аляксандра Пятроўна,— а тое, што не абы-які партызан пасля бальніцы асеў у паліцэйскай установе,— гэта жарт ці не?..

Кірыла Гарасімавіч прыўзняў каўнер, які, намокшы, абсунуўся, і ўсё гэтак жа моўчкі ступаў побач з Аляксандрай Пятроўнай. Што ён мог сказаць гэтай зусім незнаёмай жанчыне? Яна зараз як мае быць прыціснула яго з тымі сапраўды страшнымі жартамі, што пачула ад яго. І вось — пытанне ва ўпор: як ты апынуўся ў зграі паліцыянтаў?..

І на гэты раз яму зноў захацелася схавацца за жарт — іншай рады не было:

— Я і сам не ведаю, як такое сталася. Проста ўзяў ды асеў... А зрэшты, каму гэта асабліва цікава?

Яна, нібы між іншым, абыякава заўважыла:

— Ну, напрыклад, Юзіку Бойку...

— Каму, каму?!.— скалануўся Дзядзюля.— Вы сказалі — Бойку?..

— Так, Бойку... Іосіфу Макаравічу Бойку. Ну, таму, што з вамі некалі працаваў у Старобінскім райкоме...

Ён спыніўся і ашаломлена ўставіўся на Аляксандру Пятроўну.

— Вы яго ведаеце? Чаму ж не сказалі там, у бальніцы? Гэта ж так важна было б для мяне!..

— Бо тады не ведала. А цяпер вось ведаю. І яшчэ ведаю, што ён цікавіцца, як у вас справы на новай пасадзе...

— То яму вядома, дзе я?

— Вядома, інакш як бы ён мог цікавіцца?..

Яны зрушылі з месца і патупалі далей. У каторы раз запанавала напружанае маўчанне.

— Вы, значыць, маеце сувязь з Бойкам? — спытаў Кірыла Гарасімавіч.

— Магчыма...

Дзядзюля ішоў і адчуваў, як з кожным крокам з яго душы скочваўся вялізарны цяжар, які наваліўся на яго за той утрапёны час, што прайшоў ад выбуху праклятай паліцэйскай гранаты. Ён жыў надзеяй, што рана ці позна знойдзе сцежку ў падполле ці ў партызанскі атрад — калі не ў Бойкаў, то ў які-небудзь іншы. Трапіўшы ў тое гадаўскае гняздо, ён не драмаў. Знаёміўся са структурай і арганізацыяй кодла здраднікаў і гітлераўскіх паслугачоў — у далейшым гэта магло спатрэбіцца. І думаў, штодзень і штоноч думаў, што можна рабіць і тут, калі звязаны твае крылы, калі з усіх бакоў цябе свідруюць пільныя позіркі і ты ўвесь час на мушцы... А яшчэ ён не пераставаў думаць, што яго знікненне з атрада, вядома ж, не магло застацца незаўважаным. Але хто там мог ведаць, як яно ўсё адбылося? Каму ў галаву магла прыйсці гэтая гісторыя з Вырвічам, бальніцай і фіналам у паліцэйскім упраўленні? Натуральным было палічыць — загінуў, як і многія ў той нечакана прайгранай аперацыі. Пабедавалі — і змірыліся: мёртвы не ўваскрэсне... А мёртвы вунь дзе вынырнуў!.. І шуму нарабіў такога, што водгалас дакаціўся да Гасцілавіцкіх лясоў, да яго слаўных хлопцаў, да Бойкі...

«Даражэнькі мой вусач, чалавечышча! Я жывы, я той жа твой Кіруша!.. Родныя вы мае хлопцы! Я той жа ваш камісар!..»

— Аляксандра Пятроўна,— не мог больш трываць Дзядзюля,— скажыце: у вас ёсць сувязь з Бойкам?

— Магчыма...— паўтарыла яно зноў са шматзначнай усмешкай.

— Тады — праз каго я магу звязацца з ім?

— Відаць, праз мяне...— памаўчаўшы, вымавіла яна, і тая ж шматзначная ўсмешка асвятліла ўвесь яе твар.

— У такім разе — я хачу атрымаць указанні, што мне рабіць...

— Вы іх атрымаеце праз тры дні...

 

22

Аркадзь Вырвіч быў на сёмым небе. Гэта ж трэба так пашчасціць! Ён не мог нават і падумаць, што да яго прыплыве столькі ўдачы! Ён не толькі ўцалеў, жывым вырваўся з партызанскага пекла, у якое амаль на верную гібель быў засланы, не толькі бліскуча выканаў важнейшае заданне высокага паліцэйскага начальства, але здзейсніў і другі подзвіг, пра які тое начальства магло хіба што марыць: даў яму ў рукі партызанскага камісара!.. Няхай сабе цяжка параненага, але жывога! Дастойна было б адзначана і ацэнена, калі б яго і знішчыў пры любых акалічнасцях, як гэта і вызначалася заданнем, а ён, Аркадзь Вырвіч, праявіў выключную кемлівасць і вялікую мужнасць,— і вось вам жывенькі камісар-бальшавік, бярыце і рабіце з ім, што хочаце!..

Вырвіч зноў наліў сабе шклянку самагонкі, спакваля высмактаў і наваліўся на закуску. Сёння ён быў вольны ад службы, дома нікога няма, і ён, расстараўшыся пляшку першаку, засеў за стол. Вось ужо каторы раз для яго было вялікай асалодай — застаўшыся сам-насам, аддавацца на волю ўспамінаў, вельмі яшчэ не далёкіх, але такіх салодкіх, такіх мілых сэрцу... У такія часіны ён не ведаў, ці ёсць яшчэ на свеце чалавек, у якога так хораша на душы, у якога столькі шчасця і радасці. Ён купаўся ў гэтым сваім шчасці і не шкадаваў сабе ні высокіх пахвал, ні шчырых падзяк. За прыроджаную кемлівасць, знаходлівасць, розум, за смеласць, адвагу, мужнасць... Што ж, гэта, канечне, заўважылі і ацанілі. Ды яшчэ як заўважылі! Ды яшчэ як ацанілі!.. Цяпер ён не які-небудзь звычайны паліцэйскі радавы Вырвіч, а камандзір паліцэйскага ўзвода!.. А хто, хто з іх, самага высокага паліцыянцкага камандавання-начальства, мае тое, што ён,— бронзавы крыж? Гэта партызанскі камісар пачапіў яго на мужныя Вырвічавы грудзі!..

«Аркадзік, Аркадзік, ты так слаўна пачаў! А колькі ж яшчэ ўсяго наперадзе!.. Дык дзюбнем за твае новыя подзвігі!..»

Вырвіч чокнуўся шклянкай з амаль пустой ужо пляшкай, кульнуў і, закусваючы, аддаўся салодкім марам. Крыж ужо вісеў на грудзях, крыж стаяў уваччу...

Не было нічога дзіўнага ў тым, што цяпер Аркадзь Вырвіч п’янеў не толькі ад самагонкі, але і ад славы, якую, як яму здавалася, нарэшце здабыў. Вядомасць, зайздросныя позіркі, а галоўнае — улада над людзьмі,— дзеля гэтага, трасца яго матары, не шкада нічога на свеце! Абы табе выбіцца з агульнай людской масы, прыўзняцца над ёю і мець хоць якую перавагу над іншымі. Каб штодзень неўпрыкметку збіраць з адных — даніну пашаны, з другіх — даніну страху. Расштурхай цэлы натоўп, а праплішчыся на самы перад, каб адчуваць, што нехта табе сапе ў карак, а не ты прымяркоўваешся да кроку пярэдняга, хоць той крок і верны, упэўнены. Дзе можаш і дзе не можаш — усяляк пніся ў першыя! Ніколі не будзь разявакам — пры зручным выпадку хапай кіраўнічыя лейцы (ну, хоць бы адну ляйчыну!) і не забудзь пра замашную пугу,— на жыццёвай дарозе яна можа вельмі спатрэбіцца!..

Яшчэ ў школе хлапчаняці, а потым падлетку Аркадзіку вельмі хацелася быць сярод вучняў першым, каб яго ўсе хвалілі, каб яго ставілі ў прыклад. Але як ні стараўся, як ні налягаў на вучобу, яна давалася яму нешта надта туга. Ён злаваўся на настаўнікаў, на аднакласнікаў, якія траплялі на школьную Дошку гонару або ў насценгазету як перадавікі, рады быў, калі ў каго з’яўляліся дрэнныя адзнакі і пра яго пачыналі блага гаварыць у класе і ў школе. Аркадзь паступова ўсё больш і больш замыкаўся ў сабе, адгароджваўся ад равеснікаў. За ўсе школьныя гады ён не займеў ніводнага прыстойнага дружбака, затое хаўрусаваў з многімі славутымі на ўсю школу бузацёрамі і вісусамі. Здаралася трапляць у скандальныя гісторыі. Вырвіч разлічваў пасля дзесяцігодкі падацца ў політэхнічны інстытут — поле дзейнасці ў інжынера заўсёды шырокае. Не атрымалася — зрэзаўся на ўступных экзаменах. Тады ўбіўся ў будаўнічы тэхнікум — хоць не той размах, але калі мець галаву на карку, то і з тэхнікумаўскім дыпломам можна разгарнуцца. Скончыў з грэхам папалам вучобу, пачаў працаваць. Не так працаваў, як не выпускаў з галавы думку — хоць пакрысе, хоць патроху, а паўзці па службова-жыццёвай лесвіцы. Дарогі асабліва не выбіраў — мог і напрасцяк, мог і ў абход,— як калі зручней выдаралася. Трэба было — ліслівасць, падхалімаж спакваля расчышчалі сцежачку, а трэба было — выбуховыя рэчы ставіліся на той сцяжыне...

Аркадзю Вырвічу ніколі не забыць яго аперацыі, якая, калі б удала скончылася, па-іншаму пакіравала б яго жыццё...

Яму трэба было прыбраць з дарогі начальніка будаўнічай арганізацыі, да намесніка якога ўжо дапяў тады, і самому сесці на яго месца. Вырвіч даносіць у адпаведныя органы, што арганізацыя з ведама яе начальніка будуе важны абаронны аб’ект злачынна. Пачалося расследаванне. Праз некалькі месяцаў яго спынілі. На ранейшае сваё месца звольнены начальнік не вярнуўся, прыслалі іншага чалавека... Вырвіч так і не пераступіў апошнюю прыступку да высокага паста. А неўзабаве па калектыву будаўнікоў распаўзліся ўпартыя чуткі, што гісторыя з іх былым кіраўніком — справа рук Вырвіча...

Сцяўшы зубы, Аркадзь пакінуў тую работу і знайшоў іншую. Раз’ятраны крахам нядаўняй задумы, зноў упарта пачаў церабіць дарогу ў свой ясны дзень.

Аж тут нахапілася вайна...

Калі пачала арганізоўвацца паліцыя і пасыпаліся запрашэнні ўступаць у яе, Аркадзь Вырвіч без доўгай развагі вырашыў, што выбіў яго час. Паліцыя — гэта сіла і права, гэта ўлада! Паліцыя — гэта зброя, перад якой скараецца кожны, хто хоча жыць! Паліцыя — гэта новае жыццё, можа, нават лепшае за тое, да якога ён столькі рваўся!..

І вось для паліцэйскага Вырвіча надышло яно, жыццё, калі можна расправіць крылы, калі можна параскашаваць. Яму, застарэламу халасцяку, успомнілася, што ён усё-такі мужчына, і яго пацягнула да асоб жаночага роду. Надта пераборлівы не быў, ды, зрэшты, самагонка добра затушоўвала кабечыя недасканаласці... Кола знаёмстваў шырылася. Пра выбар сяброў ці таварышаў ён неяк нават і не думаў. Проста душа яго спявала, калі яму, крыжаносцу, сыпалі хвалу, славасловілі. У такія моманты думалася пра будучы, яшчэ больш гучны подзвіг, і ўяўлялася, як побач з бронзавым крыжам на грудзях заматляецца высокі ордэн, а на плечы лягуць афіцэрскія пагоны...

«Дайце ж, дайце мне такі подзвіг!..»

Неўзабаве налучылася сітуацыя, за якую Аркадзь Вырвіч схапіўся аберуч.

Непадалёку ад Мінска ў невялічкім гарадку надта ж актывізавалася падполле. Акупацыйныя ўлады і мясцовая паліцыя не маглі даць яму рады, з ног збіліся, шукаючы, а яно жыло і дзейнічала. Дыверсіі то тут, то там, усялякі сабатаж, пастаянныя лістоўкі, нядаўняе забойства бургамістра не на жарт устрывожылі мясцовыя ўлады і змусілі іх звярнуцца ў Мінск за дапамогай. Паліцэйскае ўпраўленне ламала галаву над нялёгкай задачай. Вось тут і прапанаваў свае паслугі Вырвіч — прыбегшы да начальства, выклаў старанна абмазгаваны план выкрыцця няўлоўнага падполля. План ухвалілі і загадалі дзейнічаць.

 

— Мабыць, ты, Васіль, не здагадваешся, чаго я запрасіў цябе? — зноў наліваючы, спытаў Аркадзь.

— Ніколечкі,— насцярожыўся Базылькевіч і адарваўся ад закускі.

Яны сядзелі ў Вырвічавай кватэры ўжо з гадзіну. Аркадзь не спяшаўся раскрываць свае карты. Няхай Васіль трохі набудзе пэўную форму, тады лягчэй будзе запаліць яго сваім планам-задумай — гэта Вырвіч ведаў.

З Базылькевічам ён знаёмы даволі даўно, з таго часу, як іх сцежкі сышліся тут, у паліцыі. У Васілёвым характары Аркадзю імпанавала тое, што сядзела і ў яго ўласным,— выбіцца напаверх, зрабіцца хоць якой, але вядомасцю, каб пра яго гаварылі, каб яму зайздросцілі. Праўда, небараку Базылькевічу пакуль што ўсё ніяк не шэнціла. Аркадзь добра помніць няўдалую гісторыю з даносам на Аляксандру Пятроўну,— аперацыя аказалася пустой. А аперацыя з затрыманнем Мішы Друцкага — амаль асечка... Але хлапец не зважаў на свае бязлітасныя няўдачы (у каго іх не бывае!) і ўпарта рваўся да свайго. Таму Аркадзь і спыніў свой выбар на Васілю.

— Скажы,— пачаў Вырвіч,— ты шчыра віншаваў мяне, калі мне далі бронзавы крыж?

— Канечне! — усклікнуў Васіль.

— Вось і я цябе гэтак жа шчыра павіншую...

— З чым, за што? Што за лухту ты вярзеш? — Базылькевіч не зводзіў з Аркадзя позірку, нічога не разумеючы.

— Павіншую з такім крыжам...— І ён таямніча змоўк.

— Ці ты звар’яцеў, ці... Здаецца ж, і не шмат яшчэ глынуў...

— Не, брат, кацёл у мяне варыць. Вельмі спраўна варыць!

Аркадзь перагнуўся цераз стол да Васіля і горача зашаптаў:

— Ёсць у мяне адна геніяльная задумка. Зварганім яе — будуць нам крыжы! А зварганіць — можам, я ў гэта моцна веру. У цябе веру. Не павінен падвесці!.. А потым толькі трымайся: віншаванняў усякіх і хвалы рознай — па завязку будзе!..

— Ды кажы ж ты, кажы, не цягні ката за хвост!— загарэўся Васіль.— Што ўзбрыло ў тваю мудрую галаву?

— А ты не пстрыкай, не закіпай раней часу. Сур’ёзныя справы рашаюцца спакойна. А ў нас яна сур’ёзная... Ёсць, зразумела, і рызыка, трохі і страху ёсць. А як жа іначай, вайна! Думаеш, мне часам не было страшнавата, калі ў той партызанскай пастцы круціўся! Ды нічога, браў сябе ў рукі. І бач, як хвацка выкруціўся! І жывы застаўся, і якім чалавекам стаў!..

 

У гарадок яны ўвайшлі, калі ўжо добра змеркла. У рэдкіх вокнах свяціліся агні. Хлопцы гарадка не ведалі, былі тут упершыню, і давялося зайсці на першы ж агонь, каб распытаць, дзе жыве бургамістр. Сівенькі стары выйшаў на двор і расказаў, як знайсці хату гарадскога начальства. Праз колькі часу Аркадзь і Васіль стаялі перад даволі ладным дамком, абгароджаным высокім тынам. Дамок не спаў — некалькі вокнаў ярка свяціліся.

— Пайшлі? — кіўнуў Аркадзь.

— Пайшлі!..

Брамка аказалася прымкнутай знутры. Як толькі Васіль націснуў на клямку, на двары загрымеў ланцугом і заліўся брэхам, відаць, добры ваўкарэзіна. Хлопцы міжволі пераглянуліся — што рабіць? А сабака не сунімаўся і ўсё больш шалеў, адчуваючы, што незнаёмыя спыніліся і стаяць каля брамкі. Прайшло некалькі хвілін. У доме бразнулі дзверы, на ганку з’явілася постаць і, пастаяўшы, паволі рушыла да варот.

— Прэч, Галас! — прыкрыкнулі на сабаку.— Хто там? — У голасе ўладнасць і трывога.

— Адчыніце, Мітрафан Архіпавіч,— тонам загаду сказаў Аркадзь.— Справа ёсць...

Ляснула засаўка, і брамка расчынілася.

— Калі вы ведаеце мяне — прашу ў хату,— прамовіў гаспадар і сам пайшоў паперадзе.

Яны апынуліся ў прасторным, добра асветленым пакоі. І мэбля, і ўсё яго ўбранства маглі пасведчыць, што з беднасцю тут не знаюцца. У пакоі нікога не было.

Гаспадар, рухавы, лысаваты мужчына няпэўнага ўзросту, запрасіўшы сесці, спытаў:

— Хто вы? Чым магу служыць?

— Вы бургамістр? — пытаннем на пытанне адказаў Аркадзь.

— Так, бургамістр.

— А мы — партызаны...

Гаспадар перасмыкнуўся, кіслая ўхмылка з’явілася на яго твары.

— Можа, абыдземся без недарэчных жартаў... І ўзрост наш не такі, і час не такі,— вымавіў ён з прыкметным раздражненнем. У позірку мільганула трывожнасць.— Хто вы такія і што вам трэба? — стараючыся быць спакойным, цвёрда паўтарыў гаспадар.

— А мы і сапраўды партызаны.— Аркадзь устаў і падышоў да бургамістра, што сядзеў з другога канца стала. Той таксама ўстаў.— Праўда, дакументаў прад’явіць не можам. Адзіны і самы верны наш дакумент сёння — вось ён...— Аркадзь дастаў з кішэні рэвальвер.

— Ды што ўсё гэта значыць? — ужо разгублена, калоцячыся, выціснуў з сябе гаспадар.— Прыйшлі застрэліць — страляйце, я ў вашай уладзе.

— Мы, можа, і не застрэлім вас, калі зробіце тое, што нам трэба.— Побач з Аркадзем стаў Васіль, і ў яго рэвальвер быў ужо ў руцэ.

— Загадвайце. Зраблю, калі магу...

— Можаце. Але і не падумайце хітраваць, дурыць нас! — Знізіўшыся да шэпту, Аркадзеў голас, здавалася, працінаў бургамістра наскрозь.— Скончыце так, як і ваш папярэднік бургамістр! Гэта мы вам абсалютна гарантуем! Зразумелі?

— Так, так, зразумеў...

— Дык вось. Нам, партызанам, як і вам, бургамістру, вядома, што ў гэтым гарадку дзейнічае бальшавіцкае падполле. Вядома вам?

— Так, так, вядома.

— Вось мы і хочам зараз сустрэцца з адным з падпольшчыкаў. Гарадок ваш невялічкі, вы ўсіх тут ведаеце. Калі не ведаеце, хто яўны падпольшчык, то на падазрэнні сяго-таго вы напэўна ж трымаеце. Перабярыце ў памяці. Каб чалавек быў той, што нам патрэбны... Нам — падпольшчык, вам — жыццё! Вас такое задаволіць?

— Яно-то задаволіць, але...

— І ніякіх але! Чуеце? Думайце і — пайшлі!..

У бургамістравай галаве ходарам хадзілі думкі. Вось жа нанесла нячыстая сіла... Няўжо — смерць і ніякай рады няма? Няўжо ж ты, Мітрафанушка, адкінеш капыты, калі ўжо ўзбіўся на гэту высокую бургамістраўскую вышку, адкуль табе бачацца твае такія вабныя далі?.. А што ты зробіш — прыстукнуць гэтыя бандыты, і канец усяму!.. Дзе ж ты ім возьмеш таго вернага падпольшчыка? Калі б чуў ці ведаў пра такога, хіба маўчаў бы Мітрафан Латушка, якому трэба мацаваць глебу пад нагамі на гэтай сваёй вышцы?.. Тут трэба зрабіць нешта такое, каб ад саміх гэтых двух злыдняў і следу не засталося! Тады і сам уцалееш, і заадно, чаго добрага, у героі выб’ешся... Дзе ж ратунак?!.

Мільганула думка: «А што, калі павесці іх куды папала, з тым разлікам, што недзе напорамся на якога паліцэйскага і той нейкім чынам выбавіць?..» Адагнаў яе: «Дохлая надзея! І не згледзіш, як і табе, і твайму паліцэйскаму будзе крышка...» І тут думка пра паліцэйскага ў Мітрафанавай галаве самым нечаканым чынам перакруцілася і бліснула як збавенне...

Бургамістр ціха сказаў:

— Ну, што ж, пайшлі. Толькі,— ён абвёў хлопцаў уважлівым позіркам,— думаю, што я не павінен заходзіць у тую хату, куды вас павяду. Ці ж будзе падпольшчык гаварыць пра свае справы з партызанамі, якіх прывёў бургамістр?

— Канечне, гэта само сабой зразумела,— згадзіўся Аркадзь.— Вы даводзіце нас да патрэбнай хаты і ідзяце, куды хочаце. Калі ў нас усё абыдзецца ладам, абяцаем вас больш ніколі не турбаваць. Калі ж што не так будзе, калі вы нас ашукаеце,— тады крыўдуйце толькі на сябе. Адрас ваш мы добра ведаем... Ну, а пра тое, каб па дарозе чаго непажаданага не здарылася, відаць, казаць не варта: партызаны і ўпоцемку добра бачаць і што вакол іх, і што побач з імі... Зразумелі?..

— Так...

Пад брэх Галаса трое пакінулі бургамістраву сядзібу.

— Гэта далёка? — спытаў Аркадзь.

— Не, не вельмі,— азваўся Мітрафан Архіпавіч, ступаючы пярэднім.

— Вы не сказалі пра галоўнае,— зноў падаў голас Аркадзь.— Да каго мы ідзём?

— Яго завуць Платон Мурашка,— сцішана загаварыў бургамістр.— Платон Агеевіч. Пры бальшавіках у нейкай арцелі рабіў — я добра не ведаю, у якой. З актывістаў. На падазрэнні ў паліцыі. За ім сочаць. Чакаюць, каб накрыць і яго, і тых, з кім звязаны... Мужык хітры і асцярожны. Ужо колькі разоў вылузваўся з паліцэйскіх рук: не злоўлены — не злодзей... Добра падкоціцеся — то, можа, і расколецца...

Бургамістр гаварыў, а ў душы яго клекатала зларадна-гнеўнае: «Ён вам расколецца! Ён вам партызанскія вашы мазгаўні расколе!.. Платон Мурашка, мой старадаўні дружбак, краса і гордасць паліцыі нашага гарадка, выручыць мяне! Не з такіх пераплётаў выкручваўся, не спудлуе і на гэты раз! Не памогуць і вашы пісталецікі! І не давядзецца вам топаць па майму адраску! Не будзе каму топаць!.. І сам Платоша з новаю славай паходзіць, і мне сёе-тое перападзе!..»

Калі павярнулі яшчэ на адну цёмную бязлюдную вуліцу, бургамістр спыніўся.

— Яго хата... Я больш не патрэбны?

— Не...

Трохі параіўшыся, паліцэйскія зайшлі на двор. Нават у цемрыве можна было разабраць, што гэта двор не абы-якога гаспадара. Сярод будынін рознага прызначэння кідалася ў вочы хата, перш за ўсё — яе даўжыня, стромы гонтавы дах і вялізныя вокны.

— Нішто сабе арцельшчык! Адгрукаў сядзібку!..— вырвалася ў Аркадзя.— Вось што, Васіль. Давай станавіся на ганку пры дзвярах. Я пайду стукаць у акно. І запомні — кожную секунду будзь напагатове. Кожную секунду!..

Аркадзь пастукаў у першае ж акно. Спачатку не гучна, потым мацней. Цішыня. Ён тады добра такі забарабаніў. У хаце пачуліся нейкія гукі, запалілася святло. Да шыбы прыпаў твар мужчыны:

— Каго гэта там носіць у такую пару?

— Скажыце, тут жыве Платон Мурашка? — прапусціўшы міма вушэй не асаблівую далікатнасць пытання, сам запытаў Аркадзь.

— Ну, я Мурашка Платон. А што трэба? — трохі змякчыўся голас за шыбай.

— Пагутарыць трэба... Ды... так вось крыху нязручна...— паказаў Аркадзь на акно і на сябе каля прызбы.

Мужчына зашмаргнуў фіранку і знік. Неўзабаве ў сенцах пачуліся крокі, бразгат завалы, потым замка, і дзверы адчыніліся.

— Заходзьце,— прамовіў гаспадар.

Ён яўна быў здзіўлены, што замест аднаго ўвайшлі двое, але выгляду не падаў. Правёўшы нечаканых начных гасцей у вялізарны, як стадола, пакой, у якім ужо гарэла святло, Мурашка сказаў:

— То, можа, пазнаёмімся. Мяне вы аднекуль ведаеце. А вас хоць як завуць на пачатак? — У голасе гаспадара, апроч зразумелай цікаўнасці, была ўжо і цеплаватая гасціннасць.

— Я — Аркадзь, ён — Васіль...

Хлопцы агледзеліся. У абодвух, нібы па камандзе, мільганула, бадай, адно і тое ж: «Ну і пакой!.. Арцельшчык!..» І нейкае трывожнае сумненне на момант з’явілася. Але толькі на момант. «Якое, зрэшты, зараз мае значэнне, адкуль у яго гэтыя хорамы? Самае важнае зараз,— што ён за чалавек?..»

Пасля знаёмства ўсталявалася ніякаватае маўчанне. Нечаканай прапановай яго парушыў гаспадар.

— Хлопцы ж, мабыць, з дарогі. Можа, і елася бог ведае калі. То ці не прысесці нам за стол з чым бог паслаў? За сталом ямчэй-спрытней гамоніцца...

— Яно-то не шкодзіла б прысесці,— узрадавана схапіўся Аркадзь за прапанову Мурашкі. Больш удалага пачатку тае аперацыі, дзеля якой яны сюды з’явіліся, і не прыдумаеш.— Сапраўды, ад ранку ў нас макавай расінкі ў роце не было. Толькі ж клопату вам...

— Ат, які там клопат,— махнуў рукой гаспадар.— Жонкі паднімаць не буду, сам што-нішто згарбузую,— і ён выйшаў.

Хлопцы пераглянуліся між сабой.

— Слаўна, Васька! — прашаптаў Аркадзь, паціраючы рукі.— Рэй вяду я, ты мне памагай. І — трымай вуха востра! А падмацавацца і праўда вельмі не шкодзіць — у мяне дык даўно кішкі марш граюць...

І ў Аркадзя, і ў Васіля асабліва загарэліся вочы, калі Мурашка паставіў на стол вялізную бутлю самагонкі. («Дзе толькі ён выкапаў?..»)

— Ну, першую, хлопцы,— за знаёмства і за справу, якая прывяла вас да мяне! — узняў шклянку гаспадар, калі начныя візіцёры ўселіся.— Спадзяюся, што справа гэта важная, бо з драбязой да мяне не ідуць. А людзей з важнымі справамі я страчаю звычайна з душою... Ну, дык адчальваем! — І ён нетаропка, з відавочным смакам, выпіў да дна.

«Што ён вярзе? — цягнучы самагонку, насцярожана думаў Аркадзь.— З драбязой да яго не ідуць, страчае людзей з важнымі справамі... Хто ён такі? Ці не наблытаў чаго бургамістр? За каго ён прымае нас?.. Спакойна, спакойна, Аркадзь Ларывонавіч, без гарачкі, без панікі, усё паступова высветліцца... Толькі не сарвіся! Вядзі лінію, як задумана, а там будзе відаць...»

Выпіў сваю шклянку і Васіль. Тост Мурашкі насцярожыў і яго, і ў яго заварушыліся розныя падазрэнні. Самі сабой супаставіліся — загадкавыя словы арцельшчыка, яго гаспадарка, гэты нечаканы прыём...

Усе ўтрох варушылі відэльцамі, нажамі. І варушылі мазгамі...

Платон Мурашка закусваў і напружана разважаў, каго ж гэта бог паслаў яму сённяшняю ночкай... Назвалі прозвішча... Але хто тут не ведае яго — паліцэйскага верхавода?.. А можа, прачулі пра яго партызаны і падаслалі вось гэтых галубкоў, каб прыстукнуць? Але ж ці палезуць яны самі ў пашчу звера, ды так ціхамірненька, з лагодным візітам,— проста застрэлілі б дзе-небудзь з-за вугла... Не, нешта не тое... Тады — што?..

— То, хлопчыкі, можа, яшчэ паспытаем мае свянцонае вадзічкі? — гаспадар пацягнуўся да бутлі.— А то неяк сумнавата, мо і на гаворку патрэбную ўзаб’ёмся... Як самагоначка? Свае, як той казаў, гадоўлі!..

— Самагонка — любата! — дажаваўшы, сказаў Аркадзь.— А што да гаворкі, дык, відаць, яе можна завязаць і без асаблівага ўступу...

— Аднак,— перапыніў Мурашка,— я ўсё-такі прапаную спачатку ўзяць па другой. Будзем закусваць і адначасова гутарыць.

— Не пярэчу,— падтрымаў Васіль, які ніколі не адмаўляўся ад прапановы наліць па чарговай.

Чокнуліся.

— Ну і мацунак! — дасмактаўшы да кроплі, крэкнуў Аркадзь.— Няйначай, шэсцьдзесят будзе.

— Калі не болей,— падхапіў Васіль, хрумстаючы гурком.

Закусваючы, Мурашка спадылба цікаваў за хлопцамі, за выразамі іх твараў, за кожным іх рухам.

— Платон Агеевіч,— загаварыў Аркадзь,— вось вы тут казалі, што да вас не ходзяць з драбязой, а толькі з важнымі справамі. Дык і мы ж прыйшлі не з драбязой...

— Ну, і добра! — пакінуўшы есці, падрыхтаваўся слухаць гаспадар. Тое ж зрабіў і Васіль.— Інакш я і не думаў!..

Падахвочаны ўвагай Мурашкі, Аркадзь вальней павёў нялёгкі расказ:

— Мы нямала пра вас чулі. Пра тое, што ў гэту суровую для ўсіх нас часіну вы з таварышамі, рызыкуючы галавой, робіце добрыя справы. Героем не выстаўляецеся, а робіце, што трэба... А прыйдзе час — ён ужо недалёка,— і героем вас назавуць. Пры ўсім народзе назавуць! Таму што правільны пакірунак узялі... Мы рады, што пазнаёміліся з вамі. Нам хочацца стаць поплеч і з вамі, і з вашымі таварышамі...

Аркадзь прымоўк і чакаў, што скажа Мурашка. Яму думалася, што прычыну іх прыходу сюды ён выказаў досыць выразна і гаспадару лёгка зразумець, што да чаго. Не называць жа яго ў лоб падпольшчыкам і не выпытваць жа вось так з ходу пра падполле! Няхай разгаворыцца і сам пра ўсё скажа. Хіба можна хоць на момант забывацца на асцярожнасць,— гаспадар жа пакуль што для іх усё яшчэ кот у мяшку!..

Мурашка ж, слухаючы Аркадзя, сядзеў і толькі лыпаў вачыма. Ён проста нічога не разумеў. «Пра якое маё геройства меле? Калі я асабліва рызыкаваў, ваюючы з бабамі ды з бяззбройнымі мужыкамі? З чаго ён узяў, што ў мяне правільная арыентацыя-пакірунак,— я ж і сам толкам не ведаю, куды мяне чорт нясе і дзе пасадзіць! А з якімі гэта маімі таварышамі ім захацелася стаць поплеч? Падацца ў паліцыю,— дык хто ж вас трымае, туды дарога не закрыта! Рэкамендацый вялікіх не патрэбна, дзеля гэтага няма чаго перціся да мяне ў поўнач!.. Не, тут штосьці не так, штосьці яны яўна наблыталі!.. А мо проста не туды трапілі і не з тым вядуць гаворку?..»

Небяспечную паўзу ліквідаваў Васіль:

— Нешта ж, хлопцы, надта слаўна пайшла, ліха на яе... Можа, каўтнём яшчэ па адной?

— Згода, згода,— схамянуўшыся, адарваўся Мурашка ад сваіх небяспечна-трывожных думак.

Выпілі, закусваюць. А гаворка не кладзецца...

Аркадзь, палічыўшы маўчанне і відавочную збянтэжанасць гаспадара за добры знак, вырашыў пакрысе ісці на адкрытасць.

— Вы ж, Платон Агеевіч,— сказаў ён,— відаць, не будзеце спрачацца, якая сіла мацнейшая: ці калі яна б’е сцятым кулаком, ці калі б’е растапыранымі пальцамі?

— Якая можа быць спрэчка! — засвяціўся ўвесь наструнены гаспадар.

— Вось бачыце! — І Аркадзь стаў развіваць сваю думку: — Вы дзейнічаеце тут, у сваім гарадку. Добра. Мы дзейнічаем у лесе. І тыя, і другія робяць, што трэба. Але ж гэта не кулак, а растапыраныя пальцы... Сіла, значыць,— не тая, удар, значыць,— не той!.. З гэтым хіба вы не згодзіцеся, даражэнькі Платон Агеевіч? Вы мяне зразумелі?..

Зразумеў, яшчэ як зразумеў Мурашка, што за начныя госці завіталі да яго, каго ён зараз частуе!.. Надзвычайнасць сітуацыі маланкай смалянула па свядомасці. Але Платон быў з тых людзей, якіх самая невераемная нечаканасць не кідала ў роспачную разгубленасць. У такія моманты на яго немаведама адкуль находзіў спакой, яснасць думкі, ён імгненна прымаў рашэнні і дзейнічаў з зайздроснай разважнасцю, з халоднай вытрымкай.

«Значыць — партызанчыкі агітуюць падпольшчыка Мурашку... Сціснуць пальчыкі ў кулак... Так, так... А што, калі Мурашкавы пальчыкі ды сціснуць вашы партызанскія пальчыкі ў свой паліцэйскі кулачок?.. Толькі — як?.. Спакойненька!.. Галоўнае зараз — не спужаць дарагіх гасцей, не ўстрывожыць, не выклікаць падазрэння... Прымаю прапанаваную вамі ролю падпольшчыка!.. Тым часам нешта ж павінна завітаць у маю мудрую балабешку, калі яна хоча жыць ды яшчэ і нажыцца з гэтай далікатненькай сітуацыі, якая сама так нечакана прыплыла ў рукі...»

— Малайчына ты, Аркадзь, з гэтым сваім кулаком! — усклікнуў Платон Агеевіч, пастараўшыся ўкласці ў свой голас як мага больш радасці.— Вось цяпер я датумкаў, што да чаго! А то нагарадзіў ліха ведае што: я і герой нейкі, я і пакірунак нейкі трымаю!.. З той твае гаманы я нічагусенькі не ўцяміў!.. Прызнаюся — грэшны! — нават мільганула думка: ці не правакацыя якая тут?..

— Але ж вы павінны зразумець нас, Платон Агеевіч,— важна ўставіў Васіль,— не маглі мы так адразу адкрыцца вам. Канспірацыя! Адкуль жа мы ведалі, які вы чалавек? Гэта ўжо цяпер... Трэба ж было асцярожненька, здалёку падступіцца да незнаёмца...

— Твая праўда, Васілёк! — гаспадар, усміхнуўшыся, уздыхнуў.— Уф ты! Нібыта лягчэй дыхаць стала! Дык давайце ж, хлопцы, па поўненькай за кулак, каб ён малаціў без промаху і без стомы!..

Павесялелыя Аркадзь і Васіль дружна падтрымалі Мурашку — налілі шклянкі і вельмі ахвотна выпілі. Нейкі час кожны быў заняты толькі сваёй талеркай. Госці на апетыт паскардзіцца не маглі — апошні раз елі бог ведае калі, недзе ў Мінску.

— Частуйцеся, частуйцеся, баявыя сябры! — падахвочваў гаспадар.— У вас жа ў атрадзе, мусіць, з ядой не заўсёды густа. У мяне ж, дзякаваць богу, сёе-тое водзіцца...

— Дзе там густа,— аплятаючы кавалак вяндліны, мармытнуў Аркадзь.— Часцей бывае пуста. Самі разумееце — лясная жытка... Але, як той казаў, не адной ядою сыты чалавек. Асабліва ў такі час, як цяперашні. Для нас зараз самае важнае — немца біць, гэтак жа, як і для вас, падпольшчыкаў. Хіба ж не праўда, дарагі Платон Агеевіч?

— Чыстая, святая праўда, Аркадзік! І мы, падпольшчыкі, толькі гэтым і жывём!..— выпаліў Мурашка. «Каб не перастарацца! — мільганула ў яго думка.— Але ж і недабор можа дорага каштаваць...»

Арудуючы відэльцам і нажом, працягваючы жаваць, Вырвіч, нібы між іншым, пацікавіўся:

— Ці ж хоць дружна жывяце вы, падпольшчыкі? Гарадок невялічкі, мабыць, сяды-тады сустракаецеся? Ну, хоць бы так, як мы зараз, за чарчынай...

«Бач ты яго, куды гне!» — адразу раскусіў Мурашка нібыта бяскрыўднае пытанне Аркадзя.

— Ды як вам, хлопцы, сказаць,— услых вымавіў ён.— Страчаемся часам. Не без гэтага. Робім жа агульную справу...

— Я гэта проста так папытаў,— адчуўшы ніякаватасць гаспадара, паспешліва сказаў Аркадзь.— Бачыце, мы ж і з’явіліся сюды, каб толькі пазнаёміцца і наладзіць сувязь з вашымі хлопцамі. Вас, Платон Агеевіч, мы крыху ўжо ўведалі. Яно не шкодзіла б і яшчэ з сім-тым пазнаёміцца. Але напачатку, мабыць, дастаткова і таго, што з вамі сустрэліся. З вамі і будзем мець сувязь. Як вы думаеце, даражэнькі гаспадар?

— Вельмі правільна, хлопчыкі! — сцішыўшы голас ледзь не да шэпту, сказаў Мурашка.— Канспірацыя — штука такая, што чым вузейшае кола знаёмстваў, тым лепш. Пакуль што даволі і таго, што вы мяне ведаеце. Спатрэбіцца — дапамагу наладзіць сувязь і з іншымі таварышамі.

А ў душы Мурашкі ў гэты час бурліла злараднасць:

«Я вам нараблю і знаёмстваў, і сувязей. І атрымаеце вы сваё, а я, Агееў Платошка, сваё!.. Даўно я чакаў нечага падобнага! Не думаў і не гадаў, што ў гэтую ночку яно прыплыве... Трэба от толькі яшчэ закілзаць удачу, трэба толькі партызанчыкаў даставіць у належнае месцейка...

І план склаўся. Пастарацца як мага больш напаіць,— з п’янымі лягчэй управіцца. Зрабіць усё без страляніны,— у іх ёсць пісталеты, могуць абараняцца. Калі дойдуць да патрэбнай нормы — пашлю сына Дзімку да Сцяпана Жыгоцкага, камандзіра паліцэйскага ўзвода, ён праз чатыры хаты жыве, мігам даскочыць. Удвух цёпленькіх хлопцаў скруціць — аперацыя не са складаных...

Калі Мурашка ў каторы раз пайшоў на кухню напоўніць самагонам бутлю, Аркадзь зашаптаў:

— Трэба, Васіль, канчаць. Бярэм Платошу! Гэта тое, што нам трэба! Толькі — на вуліцы бярэм. У хаце можам нарабіць вэрхалу. Папросім, каб крыху правёў нас. Пойдзем абапал яго: ты, мацнейшы, з правай рукі, я — з левай. Адыдземся трохі ад яго хаты. Па маёй камандзе — кіўну галавой — хапаем за рукі і звязваем. Вось табе мая папружка. І пагонім у паліцэйскі ўчастак. Здадзім і... і адрэкамендуемся, хто мы і адкуль. А далей патрэбная машынка закруціцца... Ну, як?

— Поўная згода!

— Значыць, сачы за мной. За кожным рухам і дзеяннем. Чакай маёй каманды. Галоўнае — спакой, вытрымка, рашучасць!..

Вяртанне Мурашкі ў пакой з поўнай бутляй самагону Вырвіч сустрэў дакорлівым воклічам:

— Ну, навошта, Платон Агеевіч, вы гэта зрабілі? Мы і так ужо, як той казаў, напампаваліся пад завязку. А нас жа яшчэ чакае ўга якая дарога!..

— Ды дзе там напампаваліся! — запярэчыў Мурашка.— Для дарагіх госцейкаў нічога не шкада. Ні калі было, ні калі будзе...

— Тады,— падаў голас Васіль,— дамовіліся: па апошняй. На дарожку.

— Падтрымліваю,— рашуча сказаў і Аркадзь.— Пасашок — і больш ні-ні!..

Калі выпілі, да закускі амаль не дакрануліся — сапраўды добра наеліся.

Васіль і Аркадзь сталі вылазіць з-за стала.

У Мурашкі сэрца то грукала так, што, здавалася, яго вось-вось пачуюць хлопцы, то замірала, нібы правальваючыся ў нейкую прорву. Ліхаманкава забілася думка: «Што рабіць? Правароніў, ёлуп няшчасны,— не паслаў Дзімку да ўзводнага, цяпер — позна... Усё ляснула... Пойдуць — паспрабуй дагані ды вазьмі іх... Такое ўпусціць з рук!..»

А Вырвіч і Базылькевіч ужо на парозе.

— Дзякуем за пачастунак! — казаў Васіль.— Мы вашы даўжнікі.

— У нас будзе магчымасць сквітацца,— заўважыў Аркадзь.— Мы ж будзем трымаць сувязь, сустракацца. Праўда ж?

— Вядома, вядома...— неяк разгублена прамовіў Мурашка.

Вырвіч развітальным позіркам акінуў пакой, дзе яны стаялі, і звярнуўся да гаспадара:

— Можа, трошкі праводзіце нас і раскажаце, як нам лепш выбіцца з гарадка,— мы ж яго не вельмі што ведаем.

Платон Агеевіч нечакана зайшоўся кашлем — глухім, нутраным.

— Чаму ж не... Гэта... гэта можна... Праводжу...— натужна вымавіў ён. Вымавіў, і толькі тады да яго свядомасці дайшло, пра што яго папрасілі і што ён зараз збіраецца рабіць.

«Праводзіць... Чакай, чакай, дык, можа, яшчэ не ўсё і рухнула? Мо па дарозе што-небудзь ды прыдумаецца? Няўжо ж жывое шчасце так і выслізне з рук?.. На самы горшы канец, калі нічога іншага не будзе свяціць,— хлопнуць гэтых субчыкаў!.. Яны ж, нічога не падазраючы, будуць ціхамірненька ісці са мной, і пару разоў смалянуць ва ўпор з пісталета,— раз плюнуць!.. Забітыя партызаны — і гэта здабыча, ды яшчэ якая!.. А можа, усё-такі нешта вымудруецца такое, што ўдасца ўзяць жывенькімі...»

— Значыць, рушылі? — запытальна паглядзеў на хлопцаў Мурашка.

— Рушылі,— кіўнуў галавой Вырвіч.

— Хвілінку пачакайце, я накіну на плечы пінжачок,— і Платон Агеевіч знік у бакоўцы.

Сунуўшы ў кішэню штаноў пісталет і апрануўшы пінжак, ён тут жа з’явіўся. На твары — ухмылка:

— Я гатоў!..

Яны выйшлі з хаты, пратупалі па двары і падаліся па вуліцы. Як і дамовіліся, Васіль ступаў справа ад Мурашкі, Аркадзь — злева.

Маўчаў сонны гарадок, маўчалі і гэтыя тры чалавекі, што паступова аддаляліся ад месца, якое невідочна бязлітасна звязала іх лёс.

Васіль, цікуючы за Аркадзем, убачыў, як ён падаў знак — кіўнуў галавой. І ён схапіў Мурашкаву правую руку, спрабуючы завярнуць яе за спіну. На нейкі міг Аркадзь спазніўся гэта зрабіць з левай рукой Платона Агеевіча, і той, шалёна крутнуўшыся, вырваў яе з Аркадзевых рук і так садануў кулаком у твар Васіля, што ён заліўся крывёю. Яшчэ раз крутануўшыся, Мурашка апрастаў рукі і рвануў наўцёкі. Адбегшы некалькі крокаў, рэзка спыніўся. Грымнуў стрэл, услед другі. Васілёву правую руку як агнём смалянула, яна бездапаможна павісла. Яшчэ два стрэлы грымнулі — гэта Аркадзь біў у Платона Агеевіча. І стала ціха. Толькі, сагнуўшыся ў тры пагібелі, заціскаючы левай рукой ужо набраклы крывёю рукаў правай, енчыў Базылькевіч.

Вырвіч асцярожна наблізіўся да Мурашкі, пісталет якога нешта больш не абзываўся. Ён быў мёртвы.

Вярнуўшыся да Васіля, Аркадзь зжахнуўся: увесь яго твар заплыў крывёю. «Як жа ён жыве? — мільганула ў галаве.— Не твар, а суцэльная рана...»

— Што гэта? Як жа гэта?..— толькі і спытаў Вырвіч.

— Ды гэта нічога,— моршчачыся, працадзіў Базылькевіч.— Проста нос расквасіў. А вось рука... Не магу паварушыць. Агнём пячэ...

— Давай пакажы.

Сцягнуўшы з Васіля пінжак, пад стогны параненага Вырвіч закасаў да пляча яго рукаў. Уся рука была ў крыві, якая ледзь не цурком цякла з раны вышэй локця.

— Сцебанула ніштавата, — прыцмокнуў Аркадзь.— Куля не выйшла, недзе ў костцы, мабыць, засела. Заціскай рану, зараз перавяжу. Давай кашулю.

Адарваўшы ад яе ладны кавалак, разадраў на дзве палосы і сяк-так заматаў рану. Кроў сунялася.

Нарэшце яны выкіраваліся ў зваротны шлях. Ішлі ў панылай маўклівасці, амаль не размаўляючы.

Калі падбіраліся да ўскраіны гарадка, Васіль раптам спыніўся і, заікаючыся ад гневу, вымавіў:

— Я не пайду адсюль... і не супакоюся, пакуль... не дазнаюся, што гэта за падла была... Хачу ведаць, хто так лоўка абдурыў нас... Хто мяне пакалечыў... Я зайду ў любую хату і папытаю, хто такі Платон Мурашка. Тут яны ўсе адзін аднаго знаюць — скажуць...

— Калі на тое пайшло,— азваўся Аркадзь,— то я гэта зраблю. Думаеш, мне не хочацца ведаць, хто і мяне ледзь не адправіў на той свет?.. Як жа ты — аднарукі — пойдзеш?.. А я... адным словам — іду вунь у тую хату.

І ён накіраваўся да невялічкай хаткі пад саламянай страхой, што, здавалася, урасла ў зямлю за нізенькім штакетнікам. Загрукаў у дзверы. На спалоханае «хто там?» уладна крыкнуў: «Паліцыя».

Яму адчыніла маладая жанчына.

Не пераступаючы парога, Аркадзь рэзка спытаў:

— Скажыце, ці не ведаеце вы, хто такі Платон Мурашка?

Яна з дрэнна стоенай злосцю сказала:

— Хто ж яго не ведае! Ён жа ваш! На ўсю акругу вядомы паліцай!..

Аркадзь крута павярнуўся і пайшоў да Васіля, які ўжо стаяў каля варотцаў у двор.

— Я ўсё чуў,— буркнуў Базылькевіч. Праз нейкую хвілю ён зноў закіпеў гневам: — Пайшлі да бургамістра і зробім сабаку каюк!.. Звёў з «падпольшчыкам»!.. Гад падкалодны, юда-хрыстапрадавец!..

Вырвіч слухаў Васіля і думаў, думаў. Было над чым думаць.

— Яно не шкодзіла б правучыць бандзюгу,— разважна загаварыў ён.— З-за яго правакацыі мы маглі б абодва загінуць. Прыстрэліць абармота трэба было б — ён заслужыў гэтага. Але ж... слухай... Мы забілі верхавода мясцовай паліцыі. Заб’ём бургамістра... Можа ж здарыцца, што дазнаюцца, хто гэта зрабіў. Ці даруюць нам такое?.. Так што, братка, давай лепш змывацца адсюль і пра тое, што мы пабывалі тут,— языкі на замок!..

 

23

За выкананне загаду каменданта Андрэй Бушуеў узяўся з ахвотай, нават з радасцю. Як было не зарадавацца, калі столькі заманлівага адкрывалася перад ім!..

— Вы павінны выканаць адно важнае заданне,— сказаў лейтэнант Пфайфель Андрэю. У кабінеце яны былі ўдвух.— Нам вельмі патрэбны рамонтнікі танкаў. Майстэрня не спраўляецца з заказамі. Вайсковае начальства незадаволена нашай работай.— Ён дастаў партсігар, працягнуў цыгарэту Андрэю.— Буду з вамі трохі шчыры — мне не вельмі хочацца памаршыраваць на фронт. А намёк такі зрабілі. Калі на нашым двары будзе чарга пакалечаных каробак,— гэта можа здарыцца... Яна ж, праклятая чарга, мала змяншаецца і з такімі тэмпамі работы невядома калі знікне. Рамонтнікаў нам ніхто не дабавіць, трэба самім выкручвацца. Вось я і надумаўся здабыць іх. У горадзе каля парку Чалюскінцаў ёсць лагер ваеннапалонных. Не такі задрыпаны, як наш,— вялізны. Ёсць там, вядома, і тыя, што знаюцца ў танкавай справе,— розныя тэхнікі-інтэнданты, не кажучы ўжо, зразумела, пратанкістаў. З іх трэба і выбраць чалавек з дзесятак і ўзяць у наш лагер. Вам я і даручаю пайсці туды і падабраць патрэбных людзей. Заданне, паўтараю, важнае, спадзяюся, што вы з ім справіцеся як мае быць.

— Дзякую за давер. Пастараюся,— стрымліваючы хваляванне, якое гатова было прарвацца, сказаў Андрэй.

— Не спяшайцеся пры адборы,— наказаў камендант..— Гутарце грунтоўна. Вельмі не шкодзіць, каб вы адчулі, чым дыхае чалавек, як ён да нас, немцаў, ставіцца. Праўда, мы яго ўрэшце прымусім рабіць тое, што нам трэба, але ж лепш, калі рабіць ён будзе ад душы, рабіць, як у вас кажуць — па загаду сэрца...— Здзеклівая ўсмешачка прагучала ў голасе Пфайфеля.— Перш за ўсё шукайце тэхнікаў-інтэндантаў, яны ў танкавых часцях якраз і займаюцца рамонтам танкаў у палявых умовах. А з танкістаў у першую чаргу звяртайце ўвагу на механікаў-вадзіцеляў — яны больш дасканала ведаюць танк... Вось вашы дакументы. Пра ваш прыход, каму траба, паведамлена. Збірайцеся і неадкладна ідзіце.

 

Дзе знаходзіцца парк Чалюскінцаў і як туды трапіць, камендант расказаў, і Андрэй ішоў без роспытаў.

Злосны асенні вятрыска працінаў наскрозь. Дажджу не было, але ўсё неба клубілася бухматымі цёмна-шэрымі хмарамі.

Падбіралася пад поўдзень.

Выйшаўшы на Ульянаўскую вуліцу, Андрэй пакіраваўся ў бок парку Горкага, які трэба было перасекчы.

Перад ім ляжаў знямелы горад, часам здавалася, што ён проста вымер. Цяжка было ўявіць, як у гэтых страшных руінах уцалела што-небудзь і, насуперак усяму, жыве.

У Андрэя, пакуль ішоў па Ульянаўскай вуліцы, двойчы праверылі дакументы. На рагу Чырвонаармейскай два паліцыянты ў трэці раз спынілі. Падыходзячы да Пралетарскай, здалёк заўважыў купку паліцэйскіх. «Што гэта яны сёння ўсхадзіліся? — мільганула ў галаве.— Чаго такая пільнасць?» Паглядзеўшы дакументы, загадалі ісці ў парк. Андрэй бачыў, што ў той бок заварочвалі ўсіх, хто ў гэты час трапляўся тут на вочы паліцэйскім.

«Нешта там адбываецца...» — ужо цікаўнасць вяла ў парк Андрэя.

Туды з розных бакоў сыходзіліся людзі. Усе кіраваліся да паркавай горкі, дзе з даўніх часоў знаходзяцца магілы двух герояў грамадзянскай вайны. Там ужо назбіралася досыць вялікая грамада. Адтуль далятаў прыглушаны гул, бязладная гамана, рэзкія выкрыкі.

Андрэй падышоў. Першае, што кінулася яму ў вочы,— шыбеніца. Яна была свежая, відаць, толькі-што пастаўленая,— на слупах і перакладзіне віднеліся сляды нядаўняй сякеры. Сюды-туды снавалі паліцэйскія, каля самой шыбеніцы паходжвала некалькі немцаў. Найболей у зборышчы было жанчын — пажылых і маладзіц, сівагаловых мужыкоў, трапляліся маладога веку мужчыны і хлопцы, шнырылі то тут, то там падлеткі. Усе былі відавочна ўзбуджаны.

— Каго гэта будуць вешаць? — ціха спытаў Андрэй у старога з кійком, што стаяў побач.

— А хто ж яго ведае, чалавеча,— не адразу адказаў дзед.— Мо якога важнага парцізана... Бач, колькі народу сагналі, усім паказаць хочуць...

Людзі падыходзілі і падыходзілі. Натоўп варушыўся, сям-там чуліся ў ім сцішаныя кароткія размовы, вырываліся выгукі.

Каля бліжняга ўвахода ў парк спынілася вялізная крытая машына. З яе высыпалі нямецкія салдаты. Вывелі чалавека, якога чакала тут шыбеніца.

Натоўп застыў у нейкім здранцвенні, а потым, нібы ачомаўшыся, шматгалосна выдыхнуў:

— Вядуць!..

Калі разгледзелі, каго вядуць, па натоўпе пракаціўся гул...

Гэта была дзяўчына гадоў дваццаці. А можа, менш ці больш гадкоў мела яна,— сказаць было цяжка. Твар яе ўчарнеў ад катаванняў, гарэў сінякамі і крывападцёкамі. Адны вочы ды стройная дзявочая фігура выдавалі маладосць. Са звязанымі за спіной рукамі, у карычневай сукні, неміласэрна падранай на спіне, яна ішла, акружаная аўтаматчыкамі. Хада яе была цвёрдай, хоць добра кідалася ў вочы, што давалася гэта дзяўчыне вельмі не лёгка. Па-хлапечы падстрыжаную бялявую галаву яна старалася трымаць роўна і высока. На грудзях у яе вісела фанера са здалёк бачным: «Партызанка».

Па жывым калідоры, спешна пракладзеным у натоўпе паліцэйскімі, дзяўчыну правялі да месца пакарання.

Запатрабаваўшы ўвагу, хоць гэта было зусім лішнім — усе стаялі ў нямым маўчанні і ўважна сачылі за тым, што адбываецца,— на рускай мове загаварыў цыбаты нямецкі лейтэнант. Ён казаў пра поспехі доблеснай арміі фюрэра, пра блізкі разгром савецкіх войск.

— Людзі! Не верце брахні гэтага вылюдка!..— сабраўшы сілы, выгукнула дзяўчына.— Не бачыць ім перамогі, як сваіх вушэй! Біце гадаў! Не будзе гаспадарыць у нас паганая гітлераўская сабачня!!!

Лейтэнант разгубіўся і змоўк. А яна кідала і кідала ў натоўп:

— Знішчайце фашысцкіх ірадаў! Нашы прыйдуць! Памагайце ім, чым можаце!.. Па мне не тужыце! Нас не перавешаюць і не перастраляюць! Нас — мільёны!..

Па грамадзе прайшоў рух, яна трывожна загула.

— Змоўкні! — зароў лейтэнант і, размахнуўшыся, што было сілы ўдарыў дзяўчыну па твары. Яна пахіснулася, але ўстаяла на нагах. Іх позіркі на імгненне счапіліся ў лютай нянавісці. Яна плюнула ў вочы немцу. Нервы гітлераўца не вытрымалі — ашалела выхапіўшы пісталет, ён разрадзіў яго ў партызанку... Страпянуўшыся ўсім целам, яна паволі апусцілася на дол і заціхла.

Знямелы народ хістануўся, нібы ад удару. Праз імгненне рвануліся прарэзлівыя крыкі:

— Што робіце, душагубы?!!

— Нелюдзі!!!

— Каты!!!

Загаласілі жанкі. Усчалася мітусня. Грамада ўвачавідкі стала радзець...

Толькі цяпер нямецкі лейтэнант сцяміў, што ён натварыў. «Праваліў аперацыю... Сарваў паказальна-пострахавае павешанне...— пранеслася ў галаве.— Трэба ж хоць як вылузвацца...»

— Павесіць..— крыкнуў афіцэр.

Некалькі салдат кінуліся да застрэленай. Яны ўзвалаклі яе на памост, адкінулі прэч непатрэбны ўжо цяпер зэдлік, на якім павінна была стаяць асуджаная перад павешаннем, паднялі яе пад перакладзіну і, зашмаргнуўшы на шыі пятлю, адпусцілі цела забітай. Загайдаўшыся, яна крутнулася сюды-туды і замерла...

Андрэй выкіраваўся на Савецкую вуліцу і ішоў, нічога не бачачы перад сабою. «Пачвары, што вытвараюць! Страцілі ўсё людскае! Так азвярэць! На безабароннае дзяўчо — такое шаленства!..»

З гэтай хадою ў лагер ваеннапалонных Андрэй звязваў пэўныя надзеі, у яго былі пэўныя планы і разлікі. Але іх яшчэ трэба было здзейсніць...

Лагер, як і казаў лейтэнант Пфайфель, сапраўды быў вялікі. Колькі там трымалі людзей — дакладна сказаць, мабыць, не змагло б яго самае высокае начальства. Ды да асаблівай дакладнасці тут ніхто і не імкнуўся, а калі б і імкнуўся, то не многага дасягнуў бы. Тут быў штодзённы рух людзей і штодзённыя змены. Адны прыбывалі, другія выбывалі, гэтых нечакана прыганялі сюды, а тых забіралі. А колькі з гэтага страшнага зборышча голад, хваробы, жахлівая нялюдскасць дзень пры дні адпраўлялі на той свет! Адчайна-бясстрашныя і кемлівыя вырываліся з лагернага пекла і шукалі магчымасці ўзяцца за зброю...

Аб прыходзе Бушуева ў лагеры сапраўды ведалі. Дамоўленасць, відаць, адбылася на высокім начальніцкім узроўні — калі Андрэй прад’явіў свае дакументы, яму сказалі, што спіс патрэбных яму людзей ужо складзены і ён можа пагаварыць з імі хоць зараз.

— Можа, у вас знойдзецца якое месцейка для гаворкі,— папрасіў Бушуеў.— І яшчэ просьба — я хацеў бы гутарыць з кожным асобна.

— Калі ласка, будзе і тое, і другое,— пачціва адказаў работнік камендатуры.

Чакаючы наведвальнікаў, Андрэй думаў, як выканаць гэту сваю нялёгкую місію. Як з тых, што зараз будуць з’яўляцца перад ім, пазнаць не зламаных палонам і лагерам? Якому можна даверыцца, на якога можна пакласціся і не памыліцца?.. Жывучы ўвесь час пад пагрозай смерці, кожны з іх замкнуўся ў сабе, і паспрабуй падступіся да яго, каб ён адкрыўся! Хто ты зараз для яго? Нейкая падазрона-невядомая асоба, якая прапаноўвае змяніць адзін лагер ваеннапалонных на другі. Але ж трэба, трэба прабіцца ў душы гэтых людзей!..

Як і чакаў, Андрэй сустрэў суцэльную насцярожанасць і недавер. На роспыты, спробу разгаварыць — няпэўныя, ухілістыя адказы, кароткія рэплікі. Ужо расчараванне заварушылася ў Бушуева і пачала прабівацца думка — проста выканаць загад каменданта, прадставіць спіс дзесяці танкістаў, як яго ўвага запынілася на адным ваеннапалонным.

Гэта быў механік-вадзіцель старшына Эдуард Яшкін. Толькі дваццаць тры гады ён меў, а каб не ведаў — даў бы ўсе пяцьдзесят. Змарнелы малады твар прарэзалі глыбокія маршчыны, чорную, як смоль, кучаравую чупрыну добра такі перавіла сівізна. На абедзвюх руках ірдзелі ўзорыстыя ліловыя шрамы.

— Гарэў? — кіўнуў Андрэй.

— Як бачыце,— буркнуў Яшкін.

— Дзе?

— Пад Барысавам. Пры пераправе цераз Бярэзіну.— Ён пазмрачнеў. Відаць было, што гэта для яго празмерна цяжкі ўспамін.

— З экіпажа яшчэ хто-небудзь уцалеў?

— Камандзір танка.

— Не ведаеш, дзе ён цяпер?

— Тут, у лагеры...

— Скажы, старшына... Толькі адкрыта, як яно ёсць, скажы,— пасля даволі доўгага маўчання загаварыў Бушуеў.— Як тут у вас у лагеры? Ну, як жывецца, працуецца?

Яшкін апусціў галаву, нейкую хвіліну сядзеў нерухома. Можа, тыя ўспаміны, што зачапіў зараз гэты незнаёмец, апанавалі яго, а можа, думаў, што адказаць на такое простае і такое недарэчнае пытанне. Ведаючы, што нешта ж сказаць трэба, з дакорам вымавіў:

— А няўжо ж пану начальніку невядома, як жывецца ў лагеры ваеннапалонных?

Голас і словы танкіста балюча рэзнулі Андрэя, і ён на нейкі момант нават разгубіўся. Старшына вярнуў яго да рэальнасці, бязлітасна напомніў, што ён тут — пан начальнік... Калі не знайсці тонкага, разумнага падыходу,— і Яшкін возьме душу на клямку. А Бушуеў сэрцам і душою адчуваў, што гэты абгарэлы танкіст і ёсць той верны чалавек, якога ён тут так вышуквае. Але ж гэта пакуль што толькі адчуванне...

— Я, даражэнькі старшына, ніякі не пан начальнік,— глуха сказаў Андрэй.— Я таксама ваеннапалонны. А як жывецца ў вашым лагеры я пытаюся таму, што сам знаходжуся ў другім. А ў розных лагерах людзей трымаюць, можа, па-рознаму...

Яшкін скептычным позіркам акінуў Бушуева з ног да галавы і зласліва працадзіў:

— Расказвайце каму-небудзь іншаму, ваеннапалонны пан начальнік!..

— Ну што ж, калі не верыш — правер!

— А як, дазвольце спытаць, гэта зрабіць — праверыць?..— з хлапечай задзірлівасцю, крыва ўсміхаючыся, з расстаноўкай вымавіў старшына.

— Пойдзем са мной у той лагер, дзе я знаходжуся, і праверыш...

— А як, скажыце, калі ласка, адбудзецца гэты цуд — я іду правяраць ваша месцажыхарства? — нібы працягваючы забаўную гульню, здзекліва запытаў Яшкін.

— Ну, а гэта ўжо мой клопат, таварыш старшына! — падкрэсліўшы апошнія словы, спакойна адказаў Андрэй.

— Можа, шаноўны, скажаце, калі пачнецца дзеянне вашага цуда,— я хоць трохі падрыхтаваўся б,— працягваў блазнаваць танкіст, зрабіўшы выгляд, што не звярнуў увагі на гэтае «таварыш старшына». А ўвагу звярнуў, яшчэ як звярнуў! У душы нешта такое лагоднае затрапяталася, як бы загарэўся там нейкі агеньчык, які выпраменіў сэрцу столькі цеплыні... Ён зараз, бадай, не згадаў бы, калі ў апошні раз чуў гэта калісьці звыклае «таварыш старшына...».

— А дзеянне цуда, як ты кажаш, пачалося ўжо,— сказаў Андрэй Яшкіну, які, стаіўшыся, чакаў, куды ж павернецца гэта незвычайная размова.— Калі сур’ёзна гаварыць, ніякага цуда няма і не будзе. Ты і некалькі тваіх таварышаў будзеце пераведзены ў наш лагер. Згода?

— А якая нам розніца, у якім лагеры быць? Адна халера! А пра згоду,— хто ж і калі ў нас пытаўся, што з намі вытвараць? — раздражнена вымавіў танкіст.

— Наконт згоды ты праўду сказаў — ніхто яе ў вас пытацца не будзе. А вось наконт таго, што ў нашым лагеры такая ж халера, як і ў вашым,— то гэта трошачкі не так,— спакваля, нетаропка гаварыў Андрэй, час ад часу спыняючы на Яшкіну ўважныя позіркі.— Наш невялікі лагер размясціўся на тэрыторыі станкабудаўнічага завода, які немцы ператварылі ў майстэрню па рамонту рознай зброі і ваеннай тэхнікі. Рамонтам займаюцца і ваеннапалонныя. Гэта і ёсць уся іх праца. Іх не ганяюць, як вас, на розныя і ўсялякія работы куды папала і калі папала,— яны ведаюць адно — сваю майстэрню. Ужо гэта нешта значыць — усё-такі нейкі дах ёсць над галавой. У вас жа яго няма. Ды і начуеце вы, як я бачу, амаль усе пад адкрытым небам. Нашы небаракі змайстравалі сабе сякое-такое жытло. Ты добра ведаеш, якія ўжо ночы, а на носе ж — зіма...

Андрэй змоўк, злавіўшы сябе на думцы, што так можна і перастарацца і ператварыцца ў заўзятага агітатара за свой лагер, а яму ж трэба быць хоць крышачку, але і панам начальнікам. Загаварыў тонам дзелавога чалавека:

— Зрэшты, сам убачыш, што і як у нашым лагеры. З’явіўся я сюды не дзеля таго, каб набраць некалькі чалавек і проста папоўніць свой лагер. Перакінуць колькі трэба людзей з аднаго лагера ў другі — для гэтага дастаткова дамоўленасці пэўнага начальства. Нам жа патрэбна не колькасць галоў, а спецыялісты. Нават, калі хочаш ведаць, не проста спецыялісты, людзі пэўных прафесій,— такіх таксама можна набраць лёгка, па спісе. Трэба, каб гэта былі і майстры сваёй справы, і людзі, якія...— Андрэй запнуўся, падбіраючы словы,— якія маглі б рабіць, што трэба... якім можна было б даверыцца...

Яшкін паціснуў плячыма:

— Калі ўзяць мяне, то што за спецыяліст я, што за майстра? Звычайны танкіст! А хто ведае, які я чалавек і што мне можна даверыць і чаго не?..

Андрэй лагодна пасміхнуўся:

— Ну, тое, што ты, будучы механікам-вадзіцелем, абавязаны ведаць рухавік танка,— відаць, пярэчыць не будзеш?

— Дапусцім...— згодна кіўнуў старшына.

— А што ты за чалавек... З гэтым сапраўды не вельмі проста... Але тут у мяне ёсць нядрэнны дарадчык, якому, прызнаюся, я часам давяраю. Адчуванне, нюх на чалавека... Вось мне зараз здаецца, што калі б тады пры пераправе не загарэўся ваш танк і вы апынуліся за Бярэзінай, вы ж працягвалі б біць немцаў?

— Вядома! — згадзіўся механік-вадзіцель.

— І так было б, пакуль твае рукі трымалі б рычагі кіравання?

— Ну, а як жа!..— загарэліся вочы ў старшыны, але тут жа і згаслі. Твар яго нібы скамянеў.— Дык то ж фронт. А я — баец быў. Хіба я мог інакш?..

— Правільна, там быў фронт, ты быў баец, а тут ты ніякі не баец,— марудна, расцягваючы словы, вымавіў Андрэй.— Зрэшты,— сказаў ён, нібы схамянуўшыся,— мы, здаецца, трохі адхілілася ад размовы. Да гэтай тэмы ў нас, я думаю, будзе магчымасць яшчэ вярнуцца... Закругляемся, а то гаворка наша падазрона зацягнулася. Скажы, Эдуард, сярод ваеннапалонных ты ведаеш каго-небудзь з танкістаў? Перш за ўсё — механікаў-вадзіцеляў, а можа, і інжынераў-рамонтнікаў?

— Ведаю.

— Назаві мне, каго ты параіў бы ўзяць у наш лагер. Падумай, каго варта браць, хто заслугоўвае таго, каб... Адным словам, хто табе проста па душы, каго ты рэкамендуеш.

 

Лейтэнант Пфайфель быў яўна задаволены дакладам Андрэя пра яго місію ў лагер ваеннапалонных. Ён радаваўся, што ўдалося падабраць вопытных, бывалых танкістаў, у асноўным механікаў-вадзіцеляў, нават адзін інжынер-рамонтнік трапіўся. Добрая падмога! Толькі здолей выціснуць з іх, што можна, і будзе спацца табе, гер камендант, куды больш спакойна!..

Тупаючы па кабінеце і паціраючы ад задавальнення рукі, Пфайфель услых разважаў:

— А што, калі мы з падабраных намі танкістаў створым асобную брыгаду? Хай будзе асобная баявая адзінка. Хай працуе самастойна. Яна будзе ў мяне заўсёды пад рукой, у патрэбны момант я змагу яе кінуць на прарыў. Можа, паставім брыгадзірам гэтага хваленага вамі...

— Яшкіна,— падказаў Андрэй.

— Паставім Яшкіна. А яшчэ мне хацелася б, каб над гэтай брыгадай асабіста вы ўзялі... ну, нешта накшталт шэфства, нагляду, каб не выпускалі яе са свайго поля зроку. Вам не цяжкай будзе такая дадатковая нагрузка?

— Я ахвотна вазьму яе! — зусім шчыра сказаў Андрэй.

— Вось і добра! Спадзяюся, што нам удасца зрабіць з гэтых хлопцаў... ну, як іх у вас там называюць... вашых перадавікоў?..

— Можа — ударнікаў?

— Во-во — ударнікаў!..— узрадавана пляснуў сабе па лбе камендант і зарагатаў: — Ударнікаў!.. Значыць — дамовіліся! Прашу дзейнічаць!..

 

Старшына Яшкін не вельмі здзівіўся, калі яго выклікаў да сябе Андрэй. І тое ўчарашняе з’яўленне ў іх лагеры гэтага незнаёмца, і тая шмат у чым загадкавая размова з ім, і перавод сюды, у лагер на заводскім двары,— ва ўсім гэтым было столькі нечаканага і незразумелага, што Эдуард міжволі перастаў здзіўляцца таму, што адбывалася ў тыя два дні.

— Ну, дык як наконт цудаў, Эдуард? Бываюць?— здароўкаючыся за руку, з усмешкай спытаў Андрэй.

— Выходзіць, што бываюць...— паціснуў плячыма танкіст, таксама ўсміхаючыся.

— Вось бачыш...— Бушуеў сеў і кіўнуў Яшкіну на крэсла.— А цяпер — пра рэчы вельмі рэальныя, вельмі будзённыя. З тае групы, што прыбыла сюды разам з табой, арганізуецца асобная брыгада па рамонту танкаў. Брыгадзірам прызначаешся ты. Хлопцы ў цябе, можна сказаць, адборныя, ты сам выбіраў, казаў жа, што некаторых добра ведаеш, ды і я прыглядаўся да кожнага. Рабіць з імі можна. Рабіць тое, што трэба. Галоўнае — каб галава працавала, калі за што бярэшся. Каб розум быў у згодзе з чалавечым сумленнем... Я заўсёды буду побач з табою. Якія з’явяцца ў цябе ці ў хлопцаў патрэбы, клопаты — кажы мне, дзе ні зловіш, а то і заходзь у мой кабінет.

Ад Бушуева старшына выйшаў, цалкам заблытаўшыся ў сваіх думках і меркаваннях. У галаве карагодзілі розныя здагадкі. Тут, у лагеры, дазнаўся, што Андрэй — перакладчык каменданта. І бач ты — выклікаў у свой кабінет, надаваў указанняў, распараджэнняў... Але ж у тых указаннях і распараджэннях нешта надта ж мала было загаднай катэгарычнасці, начальніцкай уладнасці... А было і штосьці такое, што часам хацелася кінуцца да гэтага перакладчыка і закрычаць, што ён не той, за каго сябе выдае...

Ды ці не кінуўся б так насустрач уласнай пагібелі?..

 

24

У той тлумны дзень Хведар Васільевіч добра такі натаміўся. Ідучы дамоў, думаў, як бы хутчэй дабрацца да ложка і выспацца. Ён аж пазяхнуў — так пацягнула на адпачынак і сон. Калі ж апынуўся пад коўдрай, праз даволі працяглы час адчуў, што сон нешта не ідзе да яго. Была прыемная асалода ў стомленым целе і — яснота ў галаве. Спаць зусім не хацелася.

Хведар Васільевіч ляжаў з заплюшчанымі вачыма і стараўся не варушыцца, каб не разбудзіць Антаніну Сцяпанаўну. І неяк самі сабой пачалі з’яўляцца думкі. Можа, за ўсё жыццё яго вось так не апаноўвалі яны, як у гэтую ноч. Неяк усплыло на памяць і тое, што засланілася гадамі і здавалася беззваротна забытым. Па-іншаму зірнулася на тое, што адшугала над галавой, да чаго рваўся душою праз гады...

Жыццё яго гнула і ламала, выпрабоўвала на моц і на разрыў. Яго круціла ў падзеях, якія трэслі свет. Але заўсёды ў ім нязгасна жыла вера ў сілу мазольнай рукі працаўніка. Усюды і заўжды давала яму надзею на прасветліну ў заўтрашнім дні гэтая вера: чалавек працы адолее насланыя на яго нягоды, знішчыць ліха і выжыве ў самім пекле. Не можа ж таго быць, каб няпраўда і несправядлівасць узялі верх і назаўжды запанавалі!..

Пераможны ход немцаў у гэтай вайне не кінуў Хведара Васільевіча ў роспач. Страшная варожая сіла, якая ў тым суровым сорак першым дзень за днём паглынала нашы вёскі і гарады, не выклікала думкі пра безнадзейнасць і марнасць супраціўлення ёй, пра непазбежнасць краху ўсяго таго, чым жылі людзі, што свяціла ім пры савецкай уладзе. Хведар Васільевіч верыў, што гітлераўская зграя будзе спынена, размалочана і загнана туды, адкуль прывалаклася на нашу зямлю. Гэтая вера давала Рускевічу сілу цягацца штодзень на завод, рабіць выгляд стараннага і слухмянага майстра і рупнага кіраўніка групы рамонтнікаў. Усё яго сапраўднае, жывое было загнана ў сярэдзіну, у глыбіню душы, усе думкі, адчуванні і пачуцці пастаўлены на бязлітасны кантроль. Ён нават сам асцерагаўся на людзях зазірнуць у сваю душу, каб ненаўмысна не выдаць, што там дзеецца. Гэта было вельмі нялёгка — дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам жыць на такім вось самакантролі. Без асцярогі — ні кроку! — само сабой сталася яго звычкай. Але даводзілася і рызыкаваць. Сітуацыі надараліся такія, што, не рызыкнуўшы, можна было страціць вельмі важнае і застацца толькі са сваёй ахоўнай асцярогай. Так было, калі аглядалі на рамонт тую партыю грузавікоў. Не рызыкнуў бы тады і не даверыўся каменданцкаму перакладчыку Бушуеву,— і не меў бы зараз Хведар Васільевіч надзейнага і вернага чалавека, смелага да адчайнасці Андрэя Бушуева.

Аціраючыся ўвесь час каля лагернага начальства і начальства рамонтных майстэрняў, перакладчык шмат дазнаецца пра іх планы і намеры, а падчас і пра патайныя задумы. Тыя задумы і намеры нярэдка бываюць злавесныя і бяруць людскія жыцці. Разгадаць іх і апярэдзіць — значыць, ратаваць тых, хто павінен жыць і працягваць сваю вайну з нелюдзямі. Некалькі ваеннапалонных, выбаўленых з лагера Бушуевым і Хведарам Васільевічам, ужо добрыя весткі падалі ад партызан. Радасна на сэрцы і ад цвёрдай упэўненасці, што адрамантаваная яго і Андрэевымі хлопцамі зброя, як і тэхніка, не надта паслужаць немцам,— нездарма ж стараюцца адчайныя галовы!..

Нешта нібыта і робіш, нібыта і не стаіш у баку ад смяртэльнай схваткі са звар’яцелым зверам. Але мала, ой як мала! Хацелася б нечага большага, такога, каб добра ведаў і сам бачыў — гэта ж мая работа, гэта ж я так дапёк ліхадзеям, што вунь ужо колькі часу не могуць апамятацца...

Суровыя, бязлітасныя думкі лезуць у галаву. Трывожна і боязна на душы ў Хведара Васільевіча. Не за сябе — ён разумеў і разумее, на што пайшоў, і гатовы да ўсяго, што б ні здарылася з ім. За дзяцей, за іх лёс у гэты ўтрапёны час...

Ларык, Нічыпар, сынкі...

І страшна, і радасна за іх. У нашу, Рускевічаву, пароду абодва. Не мяккай, падатлівай натуры. Хлопцы з тых, што можаш зламаць, а сагнуць не сагнеш. Хораша трымаюць гэты страшны жыццёвы і чалавечы экзамен. Не вельмі кажуць, чым займаюцца і што робяць, але ад бацькі не ўхаваешся,— адчувае, што займаюцца, робяць! Малайцы, сыночкі! Толькі каб у іх гарачыя сэрцы ды мудрую асцярожлівасць... Але дзе там! Хіба надта будзе трымацца асцярогі Ларык, які рос адчайным вісусам і якому вайна ўяўлялася як адно геройства і адны перамогі нашых і як паражэнні і смерць ворага!.. За ўвесь час, як прыйшлі немцы, ні разу не пахваліўся, што трапляў у добрыя пераплёты. А што такое здаралася, відаць было, калі вяртаўся пасля некаторых знікненняў з дому. Цяпер Ларык, як стаў рабіць у майстэрні, нібыта навідавоку. Але ж хіба і цяпер дапільнуеш яго?..

У Нічыпара няма ўжо ветру ў галаве, дачасная сталасць да яго даўно прыйшла. Ды і гады ў яго не тыя. Гэты сяму-таму ўжо навучыўся,— няхай не сем, а разы са тры прымерае, перш чым адрэжа. Але і ён яшчэ бездапаможнае дзіця. Што яно бачыла на сваім вяку? Цяперашнім часам і жыццём кручанаму-перакручанаму чалавеку можна спатыкнуцца і паляцець у прорву. У таго, хто не чакае склаўшы рукі, пакуль нехта зробіць канец гітлераўскаму зверу, а сам спрыяе гэтаму,— на дарозе смяротных пастак ой як многа!.. Нічыпарка не чакае!.. Адкрыўся ў тую грымотную ноч, калі нашы бамбавозы мясілі мінскі чыгуначны вузел, што да налёту прыклалася і яго рука...

Каб жа ўсё добра было, дзеткі! Каб жа ўбачыць ваш ясны дзень, калі будзе знішчана чужацкая навалач і сонца ўзыдзе над здрантаванаю зямлёй!..

 

25

Тыя тры дні, што Аляксандра Пятроўна сказала Кірылу Гарасімавічу чакаць, пакуль прынясуць вестку ад Бойкі, сцягліся для яго неймаверна. Ён ніколі не думаў, што час можа паўзці так марудна. А чакаць трэба было. Цяпер ён ужо не мог дзейнічаць уласным одумам. Там, у партызанскім атрадзе, ведаюць, у якім ён становішчы, і іх думка-парада будзе, вядома, самая слушная і самая правільная.

Ужо нешта з месяц, як Дзядзюля апынуўся ў паліцэйскім упраўленні. Тады, у дзень выпіскі з бальніцы, па яго зайшоў Вырвіч, каб правесці і суправаджаць па дарозе ў гэту мярзотную ўстанову.

Калі выйшлі на вуліцу, у Кірылы Гарасімавіча міжвольна закружылася галава. Яно і было ад чаго. Столькі часу — бальнічная абстаноўка, палата-адзіночка, якая была ператворана амаль што ў камеру-адзіночку... Здалося, нібы вось толькі зараз упершыню ў жыцці дыхае свежым паветрам, упершыню адчувае яго слодыч. Нават падалося, што і неба ў гэты момант было нейкае асаблівае, вабнае, хоць яно хмурна звісала над горадам, усцяж засланае цяжкімі попельна-шэрымі хмарамі... Тупа ныла пры хадзе бядро, раны толькі нядаўна зарубцаваліся, і боль яшчэ не пакінуў пасечаныя гранатнымі асколкамі месцы. Накульгваючы, Дзядзюля ступаў з дапамогай кія-апірашкі, з якім вучыўся хадзіць у палаце. Ён ішоў у сваю невядомасць. Што такое паліцэйскае ўпраўленне, ён няблага ўяўляў сабе, а вось што атрымаецца з задумы ліхадзеяў і чым усё гэта скончыцца,— мабыць, сам д’ябал не прадказаў бы. Хіба што некалькі трагічных варыянтаў. Яму трэба было быць гатовым да ўсяго. І ён гатовы быў...

Ва ўпраўленні Дзядзюлю сустрэла высокае начальства. Сустрэла падкрэслена ветла, падкрэслена добразычліва — нібыта даўно чакалі і нарэшце дачакаліся дарагога чалавека. Размова была не доўгай — адчувалася, што да яе належна падрыхтаваліся і старанна прадумалі. Тут ужо асабліва не цырымоніліся — гучалі амаль адны загадныя ўстаноўкі, выкладалася, што мусіць рабіць, акрэслівалася, што дазволена і што катэгарычна забаронена. Папрасілі ні на мінуту не забываць, што неадкладна пакліча за сабой нават нязначнае парушэнне іх жалезных патрабаванняў. Адкрыта сказалі, што пастараюцца не спускаць з яго вока, і таму няхай не думае, што хоць адзін яго крок застанецца не заўважаным... На першым часе яму давалася магчымасць трохі асвойтацца ва ўпраўленні, крыху прыгледзецца да работы і да людзей. Потым скажуць, чым павінен будзе займацца.

Яны прадумалі ўсё, прадумалі і куды пасяліць Кірылу Гарасімавіча. Вырвіч і тут быў варты высокай пахвалы — падказаў кватэру, якая пуставала ў доме, дзе ён жыў, нават у тым жа пад’ездзе. Гэта і не так далёка ад упраўлення, і, самае важнае, свой чалавек будзе амаль па суседству з партызанскім камісарам: паназірае, прасочыць...

«Што ж, няблага абмазгавалі, нягоднікі! — адразу сцяміў Дзядзюля.— І распісалі ўсё дакладненька — адсюль і дасюль. Бязлітасныя рамкі-краты паставілі, паспрабуй толькі высунься за іх!.. А высунуся ж, падлюкі, не застрашыце, дайце толькі агледзецца!..»

Як і было задумана, з першых жа дзён знаходжання Кірылы Гарасімавіча ў паліцэйскім упраўленні з яго пачалі рабіць сенсацыю. З’явіліся карэспандэнты і рэпарцёры з газет, часопісаў і нават радыё, распытвалі, выведвалі і ўсё старанна занатоўвалі. Асабліва завіхаўся і быў дапытлівы адзін з іх — даўгалыгі, з акуратнай рудаватай бародкай-клінком, у пенснэ, з фотаапаратам цераз плячо. Адрэкамендаваўся супрацоўнікам «Беларускай газэты». Сказаў шматзначна, што пасланы самім спадаром-рэдактарам Уладзіславам Казлоўскім. Гэтага цікавіла ўсякая драбяза з дзядзюлеўскай біяграфіі, ён засыпаў Кірылу Гарасімавіча пытаннямі, ад якіх яго часам ледзь не нудзіла. Але трэба было цярпець і спакойна адказваць. Так ён валаводзіў Дзядзюлю з гадзіну. На адыходзе пакруціў перад фотаапаратам і некалькі разоў пстрыкнуў.

Гэта былі пакутныя сустрэчы. Аднак сапраўдная пакута была, калі яму аднойчы загадалі выступіць перад паліцэйскім зборышчам. Што ж, давялося знесці і такое. Праўда, тым выступленнем начальства засталося яўна не задаволена, і яго больш не змушалі выступаць.

Вырвіч, як і меркавалася, быў клапатлівым суседам. Ён часта не ленаваўся заскочыць уранку да Кірылы Гарасімавіча, каб разам ісці на службу. Калі-нікалі зазірне вечарком — каб не сумавалася адзінокаму чалавеку...

Пэўнай работы Дзядзюлю пакуль што не давалі. За яго тым часам без стомы працавала рэклама. І рабіла сваё. Пра гісторыю партызанскага камісара папаўзла погаласка. Хто не верыў ёй, лічыў выдумкай гітлераўскіх падбрэхічаў, а хто і верыў. Ды і як было не даць веры, калі вось яго жывая біяграфія, калі вось ён сам глядзіць з газетнага ліста і расказвае пра сябе!

Калі аціхла шуміха вакол гэтай гісторыі, ва ўпраўленні падумалі пра яе віноўніка і вырашылі, што няма чаго яму дарма есці паліцэйскі хлеб і жыць на створанай яму славе, якая ўжо адслужыла сваё і вось-вось сканае. Памеркаваўшы і так і гэтак, Кірылу Гарасімавічу загадалі пакуль што заняцца справамі крымінальнікаў. Такіх спраў хапала па горла, з імі ніяк не ўпраўляліся. Аднаго зладзейства было — хоць ты каравул крычы. Кралі — дзе толькі можна і дзе не можна. Нават у прадуктовыя склады вайскоўцаў залазілі,— з-пад носа варты цібрылі. Ведама ж, галодны чалавек есці хоча... А колькі непаслушэнства развялося, колькі парушэнняў парадку, устаноўленага акупацыйнымі ўладамі!.. Можа, не вельмі па душы будзе партызанскаму камісару корпацца ў такіх справах, але ж няхай не крыўдуе — больш адказныя давяраць яму нельга, небяспечна...

Амаль кожны рабочы дзень ва ўпраўленні быў тлумна-ўзбаламучаны, спакой сюды рэдка калі завітваў. У розных паліцэйскіх участках, раскінутых па горадзе, увесь час нешта ды здаралася. На найбольш важныя і трывожныя паведамленні трэба было рэагаваць неадкладна. Нярэдка бывала, што здарэнні выходзілі за межы ўлады паліцыянтаў,— пра іх тут жа даводзілі да ведама акупанцкія органы.

Радасна было Дзядзюлю назіраць, як ліхаманкава калаціла і тых і другіх, як ні адным, ні другім ніяк не ўдавалася наладзіць парадку і спакою ў горадзе і наваколлі. Асабліва радавалі Кірылу Гарасімавіча, вядома, не яго падапечныя крымінальнікі, з якімі ён і не думаў весці колькі-небудзь сур’ёзнай барацьбы, а падпольшчыкі і партызаны,— пра іх дзёрзкія баявыя справы ва ўпраўленні штодзень не сціхалі гаворкі. Ён жыў чуткамі пра тыя справы, яны давалі яму сілы весці падвойнае жыццё ў гэтай зграі нягоднікаў.

Але Дзядзюлевага трывання хапіла ненадоўга. Ён пачаў адчуваць, што падыходзіць да мяжы, калі трэба зрабіць рашучы крок і скончыць з гэтай яго паліцэйшчынай.

Неадчэпна-ўпартыя думкі, што ж рабіць, як выкараскацца са становішча, зрабілі Дзядзюлю раздражняльным, нервозным, ён стаў востра рэагаваць на тое, што даводзілася чуць штодзень ва ўпраўленні, і ён баяўся, каб не сарвацца, не натварыць якога глупства.

Засада, лес, атрад, Бойка — усё ўспамінам нахлынула-абрынулася на Кірылу Гарасімавіча так, што ён адчуў — больш тут не можа быць! Што б ні здарылася, а ён зробіць самую адчайную спробу вырвацца адсюль!..

Але нечакана-негадана, як гром з яснага неба, звалілася на яго сустрэча з Аляксандрай Пятроўнай і дала вось гэтыя тры пакутныя дні чакання. Ён знябыўся душою, пакуль адлічваў гадзіны-маруды, што заставаліся да яе прыходу.

...Вестка ад Бойкі была — вярнуцца ў партызанскі атрад.

 

Кірыла Гарасімавіч ішоў хадою чалавека, які адчуў, што трэба прыспешваць, а то спозніцца. Нервовая ўзбуджанасць не праходзіла. Там, у горадзе, ён усяляк стараўся гасіць яе, намагаўся напускаць на сябе выгляд бесклапотнасці і абыякавасці да ўсяго, што траплялася на вочы. Ведаў, што калі і затрымаюць, то дакументы работніка паліцэйскага ўпраўлення зробяць сваё. Праўда, абышлося — ні на адну праверку не напароўся. Тут, за горадам, здавалася б, можна ўжо і расслабіцца, пачуваць сябе вальней. Але ўзрушанасць не толькі не спадала, а павялічвалася. Толькі ж пачатак зроблены. Як яно пакіруецца далей?.. Нібыта і моцна прадумана гэта незвычайнае вяртанне ў атрад, нібыта і пракручаны ў думках варыянты таго, што можа здарыцца ў дарозе. Але хіба ўсё прадбачыш? Хто прадкажа, на якое ліха можаш нарвацца?..

У Дзядзюлі было некалькі версій, якія ён у адпаведнасці з акалічнасцямі збіраўся выкарыстаць. Адна з іх — ідзе ў гэты выхадны нядзельны дзень да свайго даўняга дружбака, які жыве ў Забалоцці, што пад Гасцілавічамі. «Няёмка перад чалавекам — бываючы ў Мінску, ён часцяком да мяне завітваў, а я ўсё ніяк не магу выбрацца...» Другая — амаль што службовая камандзіроўка: накіроўваецца ў Гасцілавічы ад паліцэйскага ўпраўлення. «Чаму пехатой? Здарылася так, што справа тэрміновая, а з транспартам атрымалася нявыкрутка...»

Не згадаў свайго варыянта Кірыла Гарасімавіч...

Ён ужо з добры дзесятак кіламетраў пакінуў ззаду. Усё бліжэй і бліжэй да мясцін, дзе гаспадарыць лясное войска Бойкі. «Няхай шукае нас на ранейшых стойбішчах»,— гэты наказ партызанскага важака вёў Дзядзюлю.

Кірыла Гарасімавіч ішоў і асабліва не зважаў на машыны, што зрэдку трапляліся на дарозе,— імчаліся насустрач і праляталі збоку ці выныралі ззаду і жыгалі міма.

Ён ужо наважыўся збочыць з дарогі і далей ісці пералескамі, як раптам адна легкавушка, абагнаўшы Дзядзюлю, сцішыла бег і спынілася. З яе выціснуўся мажны каржакаваты мужчына ў паліцэйскай форме. Нетаропка абышоўшы ззаду машыну, ён стаў на ўзбочыне і, пазіраючы ў бок Кірылы Гарасімавіча, пачаў чакаць.

Нешта знаёмае падалося Дзядзюлю ў фігуры і ў хадзе таго чалавека. Наблізіўшыся, ён пахаладзеў: «Дык гэта ж адзін з важных чыноў паліцэйскага ўпраўлення Бяржынскі! Якой трасцы ён спыніўся?..»

На твары паліцмана — знаёмая не то ўсмешка, не то грымаса, па якой ніколі не зразумееш і не адгадаеш, што яна азначае. Гэты чалавек для Кірылы Гарасімавіча ўвогуле быў суцэльнай загадкай, хоць за час службы ва ўпраўленні сустракацца з ім даводзілася даволі часта і нямала было гутарак з вока на вока. А куды дзенешся — начальства ж, выклікае, калі палічыць патрэбным...

Бязлітасна працавалі імгненні і многае, вельмі многае вырашалі. Разгубленасць, нават збянтэжанасць маглі прывесці да непапраўнага.

— Вітаю вас, калега,— першым загаварыў Бяржынскі. З твару не сыходзіла ўсё тая ж усмешка.— Куды гэта кіруемся? Калі не сакрэт, вядома...— Вочы яго так і свідравалі Кірылу Гарасімавіча.

— Ды які там сакрэт, Мікіта Антонавіч,— з гарэзлівай зухаватасцю выгукнуў Дзядзюля. Яму самому спадабалася, што вырваўся іменна гэты тон. Вырашыў і трымацца яго.— Вось захацелася, як кажуць, крыху праветрыцца і здароўя набрацца. Даўно за горадам не быў. Дзянёк, як бачыце, слаўны... А калі больш сур’ёзна гаварыць — надумаўся наведаць сябра маленства. У Забалоцці, пад Гасцілавічамі, жыве. Крыўдзіцца, што ніяк не збяруся і не зайду, хоць неаднойчы абяцаў. Толькі ў Мінску і сустракаемся. Трэба ж, як той казаў, і сумленне мець — нанесці візіт дружбаку і яго вясковым апартаментам...

— Пахвальна, пахвальна...— сагнаўшы ўсмешку, працадзіў паліцман, і адзнака роздуму адбілася на яго твары.— Ну што ж, сядайце, падвязу — нам па дарозе. Месца ў машыне якраз ёсць.

— Ды што вы, Мікіта Антонавіч, не турбуйцеся! Мне ўжо недалёка, датопаю і пехам! — У голасе Кірылы Гарасімавіча была непадробная шчырасць.— Да таго ж,— Дзядзюля зноў перайшоў на гарэзлівасць,— я яшчэ не выканаў прадугледжанага на гэты мой паход плана нарыхтоўкі эліксіраў здароўя...

— Сядайце ў машыну! — Гэта ўжо было не запрашэнне, а ўладны загад.

Два паліцэйскія, што сядзелі ў задняй кабіне, пасунуліся, даючы месца Кірылу Гарасімавічу.

Зарыпела сядзенне пад Бяржынскім, бразнулі дзверы легкавушкі.

— Заварочвай назад, у горад! — кінуў шафёру паліцман.

— Я вас не разумею, Мікіта Антонавіч! — выдыхнуў Кірыла Гарасімавіч.

— Зразумееце...

Машына крута развярнулася і рванула наперад.

 

Хто такі Дзядзюля — ва ўпраўленні добра ведалі. Яшчэ свежая была ў памяці ўсіх справа былога камісара партызанскага атрада. Няцяжка было зразумець, куды ён трымаў курс у той дзень: праверка паказала, што ў Забалоцці ніякага дружбака ў яго няма.

Паліцэйскае начальства вырашыла скончыць з учарашнім камісарам. Скончыць без шуму. Публічнае пакаранне смерцю і шуміха вакол гэтага зацятага камуніста і партызанскага кіраўніка былі б толькі на шкоду прапагандзе акупацыйнікаў: тая, ранейшая шуміха аб свядомым і добраахвотным пераходзе камісара Дзядзюлі на бок новых улад выглядала б як наўмысная хлусня і ашуканства...

І Кірылу Гарасімавіча ціха застрэлілі ў турэмнай камеры.

 

26

Пятро Лукашэвіч ужо каторую гадзіну кіраваўся палявымі дарогамі, глухімі сцежкамі. І вось ён у лесе. Тут, у лясным гушчары, мароз здаваўся мякчэйшы, чым у горадзе. Хлопец моцна ўпарыўся, але стараўся не зважаць на гэта і ўсё шыбаваў ды шыбаваў наперад. Цяпер хады засталося ўжо не так і шмат — пачаліся лясныя ўладанні атрада Бойкі.

Пятро міжволі прыцішыў крок. Ды і як было не прыцішыць, калі яго атуліла такая пекната! Зімовы лес — колькі ў ім невымоўнага хараства! Што б ні ляжала ў цябе на сэрцы, а на нейкі момант ён зачаруе, на нейкія хвілі адгоніць ліхія думы, улагодзіць душу.

Невідочны майстар так дзівосна заштукаваў снегам кашлатыя елкі, так аздобіў іх, што вачэй не адвесці. Хвойны маладняк фарсіста панавешваў на свае доўгія цёмна-зялёныя шыпулькі бялюткія снежныя шапачкі і гатовы кінуць выклік вабнай красе саміх елак. Ціша стаіць такая, што хочацца затаіць дыханне, каб не парушыць яе, каб не перашкодзіць гэтаму прыгажуну-волату думаць свае адвечныя думы...

Гэты раз Пятра ў атрадзе сустрэлі асабліва радасна, па ўсім было відаць, што вельмі чакалі. Яго адразу ж завялі ў Бойкаву зямлянку. Пасля вітанняў і кароткіх роспытаў пра навіны, калі засталіся ўдвух, Іосіф Макаравіч сказаў:

— Ёсць надзвычай важнае заданне. У нашым атрадзе — госці з Вялікай зямлі, спусціліся пазаўчора на парашутах. Пасланец штаба партызанскага руху і радыстка. Іх трэба пераправіць у горад. Самае цяжкае і самае складанае, вядома,— падшукаць надзейныя кватэры і ўладкаваць на работу. Асесці ў горадзе яны павінны грунтоўна, надоўга, таму ім абавязкова трэба дзе-небудзь працаваць. Зразумела — па магчымасці з найменшай рызыкай. Такое ўказанне і такі загад Цэнтра.

— Та-ак,— уздыхнуў Пятро, — загад не з надта лёгкіх, нічога не скажаш. І з кватэрай, і з работай...

— А выканаць трэба, даражэнькі мой Петручок. Як ні цяжка, а выканаць. Добра там памазгуйце. Перадай Антону Захаравічу — няхай пусціць у ход усе свае сувязі і знаёмствы.— Памаўчаўшы, Бойка працягваў: — Пра важнасць таго, што вы зробіце, няма чаго і казаць. Непасрэдная сувязь з Цэнтрам вам, падпольшчыкам, ужо цяпер да зарэзу патрэбна. З часам патрэба ў ёй будзе ўсё ўзрастаць. Пра гэта і паклапаціліся там, у Цэнтры. Ну, а цяпер слова за вамі, падпольшчыкі.

 

Адно цвёрда і пэўна надумаўся Пятро, вяртаючыся з атрада: парашутыста ён можа ўзяць у сваю кватэру. Месца хопіць, а хто ён, Пятроў госць, як прыбіўся сюды,— гісторыю скляпаць не цяжка. Яно і радыстцы месца хапіла б, але небяспечна будзе, адразу падазрона кінуцца ў вочы незнаёмыя, што нечакана з’явіліся. Сямейныя пары цяперашнім часам не дужа падарожнічаюць... Куды ж яе, тую дзяўчыну ці жанчыну, прыткнуць? А на якія работы пасланцаў Масквы прыладзіць?..

Не, тут ужо хіба толькі Антон Захаравіч што-небудзь змаракуе, што-небудзь выштукуе. Толькі ён дасць рады гэтай нялёгкай задачы, задачы з многімі невядомымі...

І Кернажыцкі рашыў-такі тую задачу!

Антон Захаравіч адразу ж ухваліў і адобрыў Пятрову думку пра кватараванне парашутыста ў яго — гэта быў зручны і, вядома, самы надзейны варыянт. Вельмі ж удала атрымалася і з радысткай — яе згадзілася ўзяць да сябе Аляксандра Пятроўна. Чаму ж не ўзяць: акалічнасці прывялі сваячку ў Мінск, дзе ж ёй прытуліць галаву, як не ў блізкага чалавека? Пераканальна і верна! А гаўптман Майер на госцю асаблівай увагі не зверне, калі ж і западозрыць што, дык не вораг, не выдасць. Сядзіба такая, што для рацыі схованка знойдзецца, і перадачы можна будзе весці. Зразумела, што рызыкі і небяспекі нямала. А дзе іх цяпер няма?..

Нечакана лёгка знайшлі для радысткі работу. У аддзеле Антона Захаравіча даўно ўжо шукалі машыністку-сакратарку. Аказалася, што гаспадыня рацыі добра такі стукала і на машынцы... Усе клопаты з афармленнем на працу Кернажыцкі, канечне, узяў на сябе, і ён, свой і вядомы ва ўправе чалавек, зрабіў гэта адмыслова.

А вось з работай другога маскоўскага госця давялося нямала паваждацца. Надзейнага і больш-менш бяспечнага месца ўсё ніяк падабраць не маглі. Нарэшце Пятро прапанаваў разведаць Ларыкавага і і Нічыпаравага бацьку. У зброевай майстэрні ён фігура прыкметная, кіруе брыгадай рамонтнікаў, калі захоча, то да яго рэкамендацыі прыслухаюцца і могуць узяць на працу. Толькі ці захоча, ці рызыкне прыняць на сябе адказнасць і паручыцца за незнаёмага чалавека?..

Антон Захаравіч ухапіўся за гэту ідэю, і неўзабаве Пятро пабываў у Рускевіча. Хведар Васільевіч, выслухаўшы просьбу сябра сваіх сыноў, неспадзявана толькі адным пацікавіўся: а ці сапраўды ён свой чалавек, ці вельмі патрэбна яму працаваць у іх майстэрні?.. І паабяцаў паспрыяць, закінуць слоўца перад начальствам.

Аляксандра Пятроўна не толькі згадзілася даць прытулак патрэбнаму чалавеку, але і была невыказна рада, калі дазналася, што Рая — масквічка і зусім нядаўна са сталіцы. Гаспадыня напачатку не дала веры, што гэта праўда. Падумаць толькі — усяго некалькі дзён назад яна хадзіла па маскоўскіх вуліцах, дыхала маскоўскім паветрам, была атулена маскоўскім небам!.. Тут з такой прагнасцю лавілася кожная вестачка, кожная чутка, як жыве Масква, як яна, родная, трымаецца, а вось гэтая дзяўчына, што сядзіць зараз перад ёю, была ў той пякельны час там, у горадзе, за лёсам якога сачылі людзі ўсяго свету!.. Ну, як нагаворышся з такім чалавекам! Ці можа быць канец роспытам — і пра Маскву, і пра яе, Раечку, якая адразу зрабілася блізкай, дарагой і пра якую захацелася ведаць як мага больш!..

Не надта гаваркой Раісе Абакумоўскай давялося расказваць і расказваць, ледзьве спраўляючыся з пытаннямі, якімі Аляксандра Пятроўна сыпала і сыпала.

Асяродкам размовы, вядома ж, была Масква, цяперашняя, ваенная, асабліва калі зрабілася прыфрантавой. Тут, здавалася, канца-краю гамонцы не будзе.

А пра сябе ў дзевятнаццацігадовай Раі гаворка аказалася надта ж кароценькая. Дачка маскоўскага рабочага, скончыла дзесяцігодку, вучылася ў інстытуце. Радыётэхнічным. Два курсы прайшла. Вайна паламала-пакрышыла ўсе планы і мары... Не магла сядзець на студэнцкай лаўцы ў такі час — прабілася ў спецшколу. Ну, а далей былі — начны палёт у настылым самалёце, скачок з парашутам у начную прорву, сустрэча ў лесе...

 

І Рая, і Анісім Шыдлоўскі маглі радавацца — пачалі ўдала. Маюць надзейнае жыллё. Уладкаваны на работу. Можна брацца за справу, да якой так старанна рыхтаваліся, дзеля якой сюды з’явіліся...

Анісім Сяргеевіч не думаў, што калі-небудзь будзе рамантаваць баявую зброю ці ваенную тэхніку. Ажно давялося! У майстэрні збройнікаў знайшлася праца і для яго, учарашняга лейтэнанта з маскоўскага ваенкамата. Хведар Васільевіч узяў Шыдлоўскага ў сваю брыгаду рамонтнікаў аўтамашын. Добра разумеў Рускевіч, што не патрэба агораць дзе-небудзь кавалачак хлеба прывяла сюды гэтага чалавека, але не спяшаўся разгадваць, хто ён такі. Усяму свой час. Прыспешваць разгортванне падзей было не ў характары Хведара Васільевіча. Шыдлоўскі ж спакваля цягнуў ярэмца непрыкметнага падсобніка, стараючыся ніяк не выпінацца сярод рамонтнікаў, працаваць так, каб на яго не звярталася аніякай увагі. Ён са слоў Пятра ведаў, што Рускевіч — свой чалавек, але пакуль што ні ў якія зносіны з ім не ўступаў: проста ў гэтым не было неабходнасці. На тым першым часе Анісім Сяргеевіч трымаўся аднаго Лукашэвіча. Гаспадар кватэры, Пятро, заўсёды быў пад рукой, ён, Пятро, працягнуў надзейную нітку сувязі — да Нічыпара з прывакзальнай пошты, да Кернажыцкага, да Бойкі і, вядома ж, да правай рукі Шыдлоўскага — радысткі Раісы Абакумоўскай.

 

27

Тое, што можа загінуць, Ларыку, неяк і ў галаву не прыходзіла. Ён асабліва не дбаў, чым можа скончыцца задуманае, і ён бачыў толькі яе, сваю мэту. Калі на што наважыўся, дык павінен дамагчыся! Ларык амаль што цвяліўся са смерцю і заставаўся жывы. Можа, гэта часам і наводзіла яго на думку, што так і павінна быць, што з любога пераплёту можна вылузацца. Работа ў рамонтнай майстэрні, пад бацькавым наглядам, у пэўнай меры ўтаймоўвала энергію хлопца. Але ж хіба цалкам стрымаеш тую энергію, калі яе столькі і навокала такое творыцца!..

Ларыку, можна сказаць, пашанцавала. Яго неразлучны школьны сябрук Алёша Якубоўскі быў гэткай жа няўрымслівай натуры, як і ён сам. Цяжка было з пэўнасцю сцвярджаць, хто на каго быў падобны,— Алёша на Ларыка ці наадварот. Аднолькава гарачыя галовы не давалі спакою абодвум. Іх дружбацкі саюз патрабаваў дзеяння і дзеяння.

Калі прыйшлі немцы і выдалі строгі загад аб здачы радыёпрыёмнікаў, Алёша прыбег да Ларыка на раду. У іх дома быў прыёмнік. Няўжо аддаць паскудам так патрэбную цяпер рэч?.. Хлопцы цвёрда вырашылі не здаваць. Каб супакоіць бацькоў, Алёша сказаў, што занёс прыёмнік, куды загадана. А ўзяў яго з Ларыкам ды схаваў так, што ніякі д’ябал не знойдзе. Толькі ўдвух і наведваліся ў тую схованку, слухалі Маскву. Хоць і горкую, але чулі праўду пра вайну. Лягчэй дыхаецца чалавеку, калі ён пазбаўляецца слепаты і глухаты... Было ў вестках з Масквы і такое, што радавала сэрца, пра што хацелася расказваць, каб ведалі ўсе добрыя людзі... Хлопцы і расказвалі. Ды ці многім нарасказваеш?.. І яны найбольш важныя навіны, пачутыя па радыё, запісвалі і лістоўкамі расклейвалі. Удвух рабіць гэта было спадручней і хоць трохі больш бяспечна — падстрахоўвалі адзін аднаго, падсігнальвалі. Колькі хлопцавых паперак забялелася на будынінах, на слупах, на платах, на чым папала ў людных месцах!..

Ларык нават бацькам не гаварыў, што слухае радыё,— ведаў, як напалохае іх і які атрымае ўшчунак. Проста расказваў пра навіны, як недзе ад некага пачутыя. Вось толькі калі перадалі пра разгром нямецкіх войск пад Масквой,— не вытрымаў, прызнаўся, што сваімі вушамі чуў па радыё. Канечне, выпадкова чуў...

Толькі самому Ларыку вядома было, чым поўнілася яго душа, калі пачаў ён працаваць у рамонтнай майстэрні. Што дзесьці ідзе лютая бітва з немцамі, пра гэта былі ўсе перадачы маскоўскага радыё, якія ён з Алёшам слухаў. А вось тут, у майстэрні, ён на ўласныя вочы ўбачыў нямых сведкаў той бітвы, мог дакранацца да іх уласнымі рукамі. Яны нядаўна адтуль, з пекла бою. І гэты цяжкі танк з растрыбушаным бокам — праз глыбокую рваную рану вантробы матора відны. І гэтая гаўбіца з пакручанай станінай. І гэты бранявік са звернутай набок вежай-шапкай... Сэрцу ў грудзях цесна было ад радасці, калі валаклі чарговую партыю іх — пакарабачаных, знявечаных...

Не шмат часу спатрэбілася Ларыку, каб абшнырыць усе куткі і закуткі заводскай тэрыторыі і дазнацца, дзе што знаходзіцца і дзе што робіцца. Цёрся ён сярод ваеннапалонных, хоць цывільным уступаць з імі ў зносіны асабліва і не дазвалялася. З сім-тым пазнаёміўся. Шкада было іх, бедакоў. Заўсёды галодныя, змардаваныя, яны жывымі ценямі варушыліся каля скалечаных грузавікоў, гармат, матацыклаў, танкаў. Калі надышлі халады, а потым ударылі марозы, адно дзіва было, як яны трывалі, адкуль бралі сілы штодзень выпаўзаць з настылых баракаў і нешта ўсё-такі рабіць. Аднаго свайго знаёмага Ларык проста ўратаваў: калі-нікалі прыносіў тайком яду, даў сёе-тое з вопраткі, і небарака акрыяў, стаў на ногі.

З першых дзён працы ў майстэрні Ларык звярнуў увагу на ваеннапалоннага, які, як неўзабаве высветліў, цяпер ужо быў, можна сказаць, і не ваеннапалонным, а камендантавым перакладчыкам. «Падлюка, бач як выслужыўся!..— кіпела ў Ларыкавым сэрцы.— Свой кабінецік завёў, цягае туды такіх жа, якім учора быў сам...» Ён чуў ад ваеннапалонных, што сёй-той з іх таварышаў, пабываўшы ў кабінеце Бушуева, праз нейкі час бясследна знікаў з лагера. Хлопец загарэўся намерам раскрыць, хто ж ён такі, перакладчык лейтэнанта Пфайфеля, і, калі гэта прадажная шкура,— бязлітасна знішчыць.

Ларык, неяк прачуўшы, што ў кабінет Бушуева сяды-тады наведваўся бацька, аднойчы асцярожна запытаў у яго, што ён думае пра каменданцкага перакладчыка. Намякнуў, ці не правакатар, з ласкі якога ўжо загінула некалькі ваеннапалонных. Хведар Васільевіч зразумеў пытанне і намёк сына і гэтак жа асцярожна даў зразумець, што памыляецца, што Бушуеў наш чалавек і ніякі не правакатар. Ларык крыху супакоіўся і вырашыў чакаць — час пакажа. Але з перакладчыка ўсё роўна не спускаў вока.

 

На тэрыторыі майстэрні праз пэўны час назбірвалася шмат адрамантаваных аўтамашын, матацыклаў, браневікоў, танкаў, гармат. Іх паступова гуртавалі ў партыі для адпраўкі на таварную станцыю. Ларык не раз глядзеў на гэту прадукцыю, нарыхтаваную гарапашнымі рукамі, у тым ліку і ягонымі, і пякучы боль сціскаў яго сэрца. Яна пойдзе на фронт і зноў будзе страляць, нявечыць, нішчыць нашых людзей. Пойдзе, і нічым, і ніяк не спыніш яе... А чаму не спыніш? Няўжо нічога нельга зрабіць, каб не выпаўзла з заводскіх варот? Каб загінула тут, на гэтым месцы? Што, што ўчыніць?.. Узарваць, спаліць? Але як?..

Думка спынілася на складзе з гаручым, які знаходзіўся на заводскай тэрыторыі. Ён быў досыць ладны — калі б ірвануць, хапіла б і для гэтай гатовенькай на адпраўку прадукцыі, і ўсёй майстэрні нямала дасталося б. Толькі як ты яго рванеш? Гранату знайсці не так цяжка — калі прыцягваюць падбітыя танкі і браневікі, унутры іх на гранату можна натрапіць, ды і прынесці з сабой можна. Але ж не кінеш яе сярод белага дня пад цыстэрны: і сам наўрад ці ўцалееш і ці ўзарвеш яшчэ склад...

Дадумаўся — міна з гадзіннікавым механізмам! Падсунь як след, і няхай ірве дзе-небудзь апоўначы!..

Цяпер трэба было дадумацца, дзе і як здабыць міну. Тут самому, бадай, і не ўправіцца. Трэба падавацца да Пятра Лукашэвіча. Той нешта парадзіць, нешта змаракуе. Да яго! Удваіх што-небудзь ды вымудруецца...

...Пятро быў у захапленні ад таго, што надумаўся Ларык.

— Ты разумееш, як здорава можа атрымацца! — выслухаўшы сябрука, выпаліў ён.— Па-першае, адны асмалкі застануцца ад вамі адрамантаванай фрыцавай тэхнікі. Па-другое, надоўга можа захлынуцца ваша рамонтка — на ёй і ўнутры яе нямала добрай спажывы для агню... А міну я табе дам, абавязкова дам! Схаджу да Бойкі. Для такой работы ён расстараецца, з-пад зямлі дастане!..

...Калі Пятро расказаў Іосіфу Макаравічу пра Ларыкаву задуму, той і сам, як хлапчук, узгарэўся:

— Ну, і жэўжык! Ну, і хват! — усклікаў ён узрушана.— Слаўная, вельмі слаўная ідэя! — І тут жа асекся, змоўк. Наморшчыў лоб, уздыхнуў: — Але дзе ўзяць тую міну? Гэта ж, сынкі мае, такая штука, што...

Бойка зноў змоўк. Нейкі момант пасядзеў нерухома, потым рэзка ўскінуў галаву:

— Ды нічога! Трэба ж, трэба знайсці! Абавязкова трэба!.. Думаю, што знойдзем... Давай, Петручок, дамовімся так: роўна праз тыдзень ты прыходзіш да нас. Спадзяюся, што вернешся дамоў не з пустымі рукамі...

...І партызанскі важак патрэбную міну сапраўды расстараўся. Пятро перадаў яе Ларыку. Назаўтра ўранку яна прытаілася ў надзейным месцы на заводскай тэрыторыі. У канцы рабочага дня ўлеглася пад адну з цыстэрнаў і ўзялася дзелавіта цікаць...

 

Калі заставалася некалькі мінут да дванаццаці ночы, Ларык адчуў, што, як вырашыў, зрабіць не здолее. Дачакацца выбуху, лежачы ў пасцелі, а потым выйсці на двор і назіраць, што будзе тварыцца ў раёне рамонтнай майстэрні,— ён не мог. Накінуў на плечы адзежыну і, нібы па начной патрэбе, падаўся з хаты.

Над горадам вісела старожкая цішыня. Хоць бы дзе які агеньчык. Халодны серпік месяца самотна застыў у чорнай высі, зрэдку пакропленай бледнымі зорамі. Быў ладны мароз, і Ларык пашкадаваў, што не апрануўся цяплей, але не вяртацца ж зараз у хату...

Выбух, хоць яго Ларык чакаў з зацятай напружанасцю, здаўся раптоўным. Прыглушаны адлегласцю, ён быў не гулкі. Яшчэ пакуль даляцеў да яго водгук, там, куды ўглядаўся Ларык, шугануў угару сноп зыркага полымя. Праз імгненне зноў тузануўся ў неба агонь, потым яшчэ і яшчэ. Зарыва шырока расплылося ў начным цемрыве.

«Узарваліся, даражэнькія! — гатовы быў скакаць ад радасці Ларык.— Дайце, дайце жару, мілыя цыстэрначкі!..»

Авалодаўшы сабой, ледзь стрымліваючы неўтаймоўнае хваляванне, Ларык пабудзіў бацьку.

— Тата,— наколькі мог спакойна, сказаў ён.— Пажар...

— Які пажар? Дзе?..— трывожна ўсхапіўся Хведар Васільевіч.

— Мабыць, наша майстэрня гарыць...

— Майстэрня? — перапытаў Рускевіч, спехам апранаючыся.

— Здаецца...

Зірнуўшы на пажар, які ўжо добра такі ўвабраўся ў сілу, Хведар Васільевіч выдыхнуў:

— Так, майстэрня гарыць. З чаго б гэта яна?..

 

28

У зямлянку нерашуча ўвайшоў Мікола Салаўянчык.

— Дазвольце, Іосіф Макаравіч? — спыніўся ён, знімаючы вушанку.— Прабачце, што так позна.

— А-а, інжынер. Заходзь, заходзь! — Бойка кіўнуў на зэдлік.— Сядай і кажы, што там у цябе. Ты ж у маім хораме — рэдкі госць. Мабыць, нешта адбылося, што завітаў.

— Ды нічога асаблівага...— Мікола яўна нерваваўся, быў узрушаны.— Не спіцца... Я і рашыўся... схадзіць да вас...

Іосіф Макаравіч усміхнуўся:

— Відаць, тут нешта трошкі іншае. Наколькі мне помніцца, у гэтую зямлянку партызаны з-за таго, што ім не спіцца, яшчэ не прыходзілі... Штосьці больш сур’ёзнае цябе прывяло. Таму давай, Міколка, і расказвай. Ты ж мяне, думаю, не саромеешся?

— Ды яно... разумееце... штука такая...— Салаўянчык круціў у руках шапку, не ведаючы, што з ёю рабіць.— Параіцца з вамі я прыйшоў. Задума ў мяне адна ўзнікла...

— Вось і добра, выкладвай.

Кашлянуўшы, Мікола ўжо амаль спакойна загаварыў:

— Я вот толькі што з задання. З Мішам Цярохіным хадзілі на жалезку. Кульнулі эшалон. На гэты раз трапіўся з салдатнёй. Ну, як звычайна,— грукат, шум, гам, крыкі. Уцалелыя фрыцы высыпалі з вагонаў і са страху ўсчалі пальбу-страляніну — смалілі, вядома, куды папала. Мы зірканулі на гэты вэрхал і, канечне, лататы: сваю справу зрабілі... Але ці ўсю справу зрабілі? Гэта ж калі б на тоймомант аказаўся, скажам, кулямёт ды некалькі аўтаматаў ды шмаргануць па тым гадаўскім бедламе, пакуль ён не ачомаўся,— колькі можна было б нашаткаваць гітлераўцаў!.. Ну, а наладзіўшы такое, мігам змывайся. Вось і быў бы ў нас куды большы каэфіцыент карыснага дзеяння. Пра гэта я думаў і раней, а сёння вырашыў абавязкова зайсці да вас, Іосіф Макаравіч, з такой думкай: а што, калі разам з намі, падрыўнікамі, часам будуць агневікі? Гэта ж калі пашанцуе зваліць састаў з жывой сілай,— бяры яе, жывую, і рабі мёртвай!..

Бойка слухаў Салаўянчыка, не зводзячы з яго позірку.

Калі падрыўнік змоўк, Іосіф Макаравіч нейкі час сядзеў моўчкі, потым устаў:

— Малайчына, Мікола! Задума твая і цікавая, і вартая падтрымкі. Невялічкая рухомая група, як ты кажаш, агневікоў, прыдадзеная падрыўнікам, і сапраўды можа шмат зрабіць. Тады і сапраўды каэфіцыент карыснага дзеяння паляўнічых на эшалоны ўзрасце. Будзем практыкаваць. Абавязкова будзем!

 

Яны ляжалі ўжо з гадзіну. Ранак выдаўся досыць золкі, і хлопцы ніштавата асклелі. Ды не ўскочыш, каб пабегаць і пагрэцца,— чыгунка побач, толькі нешырокая лясная паласа, высечаная ўздоўж палатна, аддзяляе Міколу Салаўянчыка і Віктара Цярохіна ад насыпу, па якім пралеглі нябачныя адсюль рэйкі і па якім зараз сноўдаюцца сюды-туды даволі прыкметныя постаці патрульных. Непадалёку ад падрыўнікоў стаіўся ланцужок хлопцаў з аўтаматамі і кулямётам.

Час паўзе неміласэрна марудна. А чыгунка ўсё маўчыць і маўчыць, не хоча азвацца цягніком, якога так чакаюць гэтыя людзі.

Мікола нібыта спакойна ўзіраецца ў чыгуначнае палатно, але ўвесь ён напружаны, напяты, як струна. Думка працуе востра і ясна... Усё ідзе так, як спланавана. Міну ўдала паставіў, перахітрыў патрульных. Шнур вось ён, пад рукою, шмаргані — і расколецца грукатам гэта начная ціша. Не павінна прыкмеціць хітрае вока патрулёў партызанскага куслівага гасцінчыку — здаецца, надзейна замаскіраваў. Застаецца чакаць і з розумам шмаргануць. Тут ужо Мікола не спудлуе — добра вядомы яму фрыцаўскія штучкі з рознымі кантрольнымі платформамі...

Яму ўспомнілася ўчарашняе камісарава: «Здароў, інжынер!..» Прыліпла-такі!.. Нехта аднойчы яго, студэнта трэцяга курса політэхнічнага інстытута, жартам назваў інжынерам, нехта потым паўтарыў, і з таго часу пра Міколу Салаўянчыка толькі і кажуць у атрадзе: «Інжынер зноў упаляваў эшалон», «Трэба параіцца з інжынерам», «Ці не здарылася што з інжынерам — павінен быў бы ўжо вярнуцца з задання...»

Так, прапоўз і на гэты раз спярша цягнік з кантрольнымі платформамі. Потым пратарахцела разведвальная дрызіна. Хлопцы зразумелі, што будзе важны эшалон.

І яны не памыліліся.

Цяжка сапучы, паравоз валок даўжэзны змешаны састаў — цяплушкі і платформы, на якіх чарнеліся невыразныя сілуэты нечага страшнага накрытага брызентам...

Калі з-пад колаў паравоза з раскацістым выбухам шуганула зыркае полымя і ён, нібы збіўшыся з тропу, стаў нехаця валіцца набок, цягнучы за сабой вагоны і платформы, якія гвалтам лезлі адно на адно,— пачаўся знаёмы Міколу і Віктару тарарам...

Лес, здавалася, стагнаў ад бязладнай грукатні і мітусяніны. Яшчэ не азвалася агнявым шквалам салдатня, што кулём вылятала з цяплушак, як па ёй з засады разанулі аўтаматы і кулямёт хлопцаў, якія столькі чакалі гэтага моманту. Пусцілі ў ход свае аўтаматы і падрыўнікі.

Але вось ашчэрыўся агнём эшалон, сыпануўшы ў наваколле кулямётна-аўтаматную траскатню.

Даўшы яшчэ некалькі развітальных чэргаў, падрыўнікі кінуліся адыходзіць. Тут і здагнала куля Міколу Салаўянчыка. Па левай руцэ сцебанула так, што ўміг пачарнела ўваччу. Востры боль працяў усё цела. Рука бездапаможна павісла, як чужая.

Перасільваючы боль, Мікола колькі часу бег, потым не вытрымаў — гукнуў:

— Віця, мяне параніла...

Цярохін падскочыў да сябра.

— Трэба бегчы! Адбяжым яшчэ трохі і перавяжамся. Давай твой аўтамат. Зацісні, як можаш, рану і гайда за мной!..

Рана ў Міколы Салаўянчыка аказалася цяжкай. Былі пасечаны мышцы прадплечча, і пальцы левай рукі не дзейнічалі. Пацвердзілася апаска дактароў — куля так зачапіла косць, што нарабіла глыбокіх трэшчын, амаль што патрушчыла яе. Думка партызанскіх медыкаў схілялася на ампутацыю рукі. Дазнаўшыся пра гэта, Бойка рашуча запярэчыў:

— Адрэзаць руку? Не дазволю! Гэтаму хлопцу яшчэ жыць ды жыць! І працаваць абедзвюма рукамі! Адпраўлю самалётам на Вялікую зямлю. У Маскве яму так адрамантуюць руку, што баксёрам зможа быць!..

...Мікола колькі жыць будзе — не забудзе той палёт. Двухматорны самалёт на лясной палянцы-аэрадроме, агні кастроў, якія сігналілі яму пасадку і потым скупа выхоплівалі з начной цемры постаці людзей, што завіхаліся каля аэраплана, рыхтуючы яго ў зваротны шлях... Развітанне з таварышамі, якія праводзілі ў няблізкую небывалую дарогу... Першыя ў жыцці мінуты ў паветры, першы ў жыцці палёт... Ды які палёт!..

Параненых у самалёце было многа, амаль усе яны ляжалі — хто на насілках, хто на чым давялося, некаторыя сядзелі. Сям-там з манатоннага гулу матораў вырываліся галасы — то завязваліся размовы паміж гэтымі незвычайнымі авіяпасажырамі. У цемры нікога не было відаць, толькі тыя галасы і сведчылі, што ў гэтым грымучым і не вельмі надзейным збудаванні знайшлі сабе прытулак людзі...

Мікола, седзячы на нейкай скрынцы, прыхінуўся здаровым плечуком да сценкі корпуса самалёта і ўрэшце выбраў для параненага прадплечча і рукі паставу, пры якой боль быў найменшы.

Марудна плыў час. Аднастайнае гудзенне матораў усё-такі зрабіла сваё — Мікола і не заўважыў, як задрамаў. Спаць яму давялося не доўга. За бортам самалёта, перакрываючы гул яго рухавікоў, раптам пачалі раз-пораз грукаць выбухі: гэта азвалася лінія фронту, якую яны пераляталі. Разрывы былі то далекаватыя, то пагрозна набліжаліся. Потым змоўклі...

Масква сустрэла цёмнымі вуліцамі, маўклівай суровасцю. Яе Мікола тым начным часам, можна сказаць, і не пабачыў. Доўгая аўтобусная паездка ад аэрадрома па зацемненым горадзе скончылася ў шпіталі.

І паплылі для партызана Міколы Салаўянчыка шпітальныя дні і ночы. Быць бы ім напэўна ж аднастайным, як дзве кроплі між сабой падобным і марудна-цягучым, калі б суседам у яго палату не з’явіўся ў хуткім часе Валодзя Гайдуковіч. Высветлілася, што Валодзя — з Мінска, студэнт універсітэта. Такая сустрэча! І зямляк, і свой брат-студэнт, і франтавік, які зведаў пярэдні край!.. А Мікола для Валодзі быў жывым чалавекам адтуль, з роднага краю, з партызанскага лесу.

Такая сустрэча!..

Толькі гэтым двум хлопцам вядома, колькі яны гутарылі штодзень і калі засыналі, пакуль трохі не выгаварыліся, пакуль збольшага не ўлегліся ў аднаго і ў другога роспыты, згадкі.

 

Развітаўшыся з мамай у той утрапёны чацвёрты дзень вайны, Валодзя пакінуў Мінск. Ішоў ён з групай студэнтаў універсітэта — іх набралася чалавек нешта з трыццаць. Паход прадумалі, пастараліся ўнесці ў яго, наколькі было можна тады, арганізаванасць. Сам рэктар Парфен Пятровіч Савіцкі ўзначаліў групу.

Хлопцы ўзялі на ваеннай кафедры універсітэта дробнакаліберныя вінтоўкі, напакавалі кішэні патронамі: вайна ж! Яны на ваенных занятках нямала гулялі ў вайну, вось цяпер тыя гульні, можа, і спатрэбяцца... Узброены такім чынам атрад рушыў па Магілёўскай шашы на ўсход... Мабыць, цікава было збоку паглядаць на той атрад: крочаць упэўненыя ў сваёй баявой сіле хлопцы з дробнакаліберкамі за плячыма, амаль што смелыя пад такой надзейнай аховай — дыбаюць дзяўчаты...

За першы дзень яны адышліся ад горада кіламетраў на дваццаць. Надумаліся заначаваць на хутары, які непадалёку ад шашы на даволі крутой вышыні самотна прыляпіўся на ўзлеску.

Адсюль адкрываўся далёкі прасцяг. Звечарэла.

Чым гусцейшы змрок асядаў на зямлю, тым больш зыркае зарыва разлівалася над Мінскам.

У сваім атрадзе студэнты адразу ж увялі ваенныя парадкі. Каля пуні, у якой размясціліся на начлег, выставілі ўзброеную варту. І перасцярога аказалася не дарэмнай: пад ранак вартавы заўважыў, як з самалёта, што праляцеў над хутарам, выкінуліся два парашутысты і прызямліліся ў недалёкім жыце. Трывога ў момант ўзняла ўсіх на ногі. Добра такі здратавалі тое жыта, а дэсантнікаў нават і не пабачылі.

Назаўтра студэнты самі апынуліся, можна сказаць, у ролі дэсантнікаў.

...Яны нагледзелі ўзбоч шашы чуб лесу і вырашылі спыніцца там — трохі адпачыць, а заадно і падсілкавацца. Той чуб аказаўся даволі запушчанымі вясковымі могілкамі. Прыладкаваліся, хто дзе: на здзірванелых магілах, на надмагільных плітах, між агароджаў. Перакусваюць, што ў каго знайшлося, сякія-такія размовы вядуць. І раптам грамавое:

— Рукі ўгору! Кідай зброю!..

Тую дробнакаліберную зброю кідаць вельмі што і не трэба было — яна валялася дзе папала або была прыстаўлена да чаго-небудзь. А на студэнтаў тым часам пагрозна глядзела сапраўдная баявая зброя.

Людзі, што нахапіліся на атрад, былі энергічна-рашучыя, гатовыя тут жа страляць.

У многіх тады ёкнулі сэрцы, смалянула думка: «Немцы! Дэсантнікі ў нашай форме! Вунь той з раскосымі вачыма і лапоча нешта не вельмі зразумелае...»

Давялося паднімаць рукі. Адзін студэнт не захацеў падняць — узяў ды цішком папоўз у жыта, што падступала пад самыя могілкі. Гэта прыкмеціў дзябёлы салдат, той, што выкрыкваў нешта невыразнае, і кінуўся наўздагон. Адтуль, дзе яны зніклі, пачуліся рэзкія воклічы, кароткая валтузня, і неўзабаве ўцякач з паднятымі рукамі, пад вінтоўкай, вярнуўся на могілкі да групы, якая застыла ў акружэнні ўзброеных людзей.

— Хто вы і што тут робіце? — строга спытаў вайсковец з двума кубікамі на пятліцах.

Парфен Пятровіч выступіў наперад.

— Мы...— Ён то прыкрываў рукой знак дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі, то адкрываў яго.— Мы... група студэнтаў універсітэта ідзе на ўсход... Я — рэктар універсітэта. Вось мае дакументы...

Лейтэнант уважліва прагледзеў дакументы. Усміхнуўся:

— Ну што ж, топайце, таварышы студэнты. Толькі вам мая парада — здайце дзе-небудзь у бліжэйшым ваенкамаце сваю баявую тэхніку,— ён кіўнуў на дробнакаліберкі.— Карысці ад яе не дужа шмат, а непаразуменні, ну, як вось гэтае, могуць быць...

І яны топалі — усё на ўсход і на ўсход. Спачатку ішлі ўдзень, а ноччу сяк-так адпачывалі — у якім-небудзь паселішчы, калі траплялася на маршруце, а то і проста ў лесе. Потым днём ісці зрабілася немагчыма — нямецкія самалёты так запаланілі неба, што бежанскім групам і групкам не прадыхнуць было. Ад відна і да відна шнырылі над бальшакамі і нават над палявымі дарогамі і бязлітасна секлі з кулямётаў, а калі нарываліся на ладную купку людзей — бамбілі. Давялося перайсці на начную хаду.

На восьмыя суткі студэнты дабрылі да Магілёва. Парадзела іх група за час паходу — хто ўзяў кірунак на родныя мясціны, хто проста адбіўся за тыя ўтрапёныя дні і ночы. У Магілёве яна амаль цалкам распалася — кожны выбраў свой маршрут.

Валодзю і яшчэ некалькім студэнтам удалося зашыцца ў эшалон з заводскім абсталяваннем, якое эвакуіравалася, і іх павезлі. Везлі доўга і завезлі далёка — аж у сталіцу Мардовіі горад Саранск.

Глыбозны тыл... Тут толькі праз радыё, газеты ведалі, якая шалее дзесьці на нашай зямлі вайна. Дакацілася яна сюды і з жывымі сведкамі — бежанцамі. З кожным днём іх тут станавілася больш і больш. Пазнаваліся яны адразу — і па змардаваным выглядзе, і па вопратцы, што зведала шматпакутны шлях свайго гаспадара, і па тых яўна спехам прыхопленых клумках і рэчах, якія мелі ў руках гэтыя людзі.

 

...Валодзя расплюшчыў вочы і міжволі тут жа зажмурыўся — сонца сляпіла. Быў самы поўдзень. Прыўзняўшыся, ён сеў на лаўцы, на якой спаў, і агледзеўся.

У гэты ціхі, увесь у зеляніне сквер Валодзя забрыў, натупаўшыся па горадзе. І трохі прытаміўся, і проста не было чаго рабіць.

Яго сённяшні дзень у чужым, незнаёмым горадзе пачаўся раненька. Начаваў, як і ўчора, на прывакзальнай плошчы. Ліпеньская ноч цёплая, і хлопцу нават у яго лёгкім палітончыку спалася няблага. Падклаў пад галаву дзве цагліны і скруціўся каля слупа, на якім чарнеўся вялізны рэпрадуктар. Як і ўчора, у шэсць раніцы рэпрадуктар засіпеў, прайграў «Інтэрнацыянал» і перадаў апошнія паведамленні. Выслухаўшы франтавыя навіны, якія зноў жа былі суровыя, цяжкія, Валодзя пайшоў блукаць па бязлюдных гарадскіх вуліцах. Адзін са сваімі думамі, са сваім настроем... Потым паснедаў (у яго былі талоны на дзесяцідзённае харчаванне, атрыманыя ў бюро дапамогі эвакуіраваным) і зноўку блукаў дзе папала. Была нядзеля, выхадны дзень. Пошукі работы адкладваліся на заўтра...

Агледзеўшыся, Валодзя ўбачыў насупраць сябе, на лаўцы за фантанчыкам, двух мужчын, якія ўважліва назіралі за ім. Калі ён прыйшоў сюды і, пачытаўшы газеты, прыладжваўся трохі падрамаць, іх не было.

Яны падышлі да Валодзевай лаўкі, як толькі ён прачнуўся і сеў,— відаць, чакалі гэтага. Абодва ўжо ў добрых гадах, інтэлігентна апранутыя. Адзін, старэйшы, з шырокай лысінай, мажны, ступаў на мыліцах.

Гэта былі настаўнікі мясцовай школы. Завязалася нетаропкая размова. Ім было пра што распытваць. Яму было пра што расказваць...

Нагаварыўшыся, настаўнікі не пакінулі Валодзю ў скверы. Як ні аднекваўся, павялі яго з сабой. Бліжэйшай аказалася кватэра таго, што быў на мыліцах. Удосталь накармілі, прымусілі сёе-тое з яды ўзяць з сабой. Не абышлі ўвагай студэнцкія чаравікі: ім ад Мінска да Магілёва дасталося столькі, што ў Саранску падэшву на адным Валодзя мусіў падвязаць вяровачкай. Давялося ўзяць і новенькія чаравікі... Потым ужо, калі развітаўся з гэтымі мілымі людзьмі, адкрыўшы па нейкай патрэбе свой партфель, знайшоў у ім дзесяцірублёўку... Мабыць, і не ўяўлялі слаўныя саранскія педагогі, як згадзілася Валодзю тая дзесяцірублёўка!..

Ён вырашыў паспрабаваць уладкавацца на работу ў якую-небудзь школу — усё-такі за плячыма меўся адзін курс універсітэта, можа, хоць у пачатковыя класы возьмуць. Гэта раілі яму і настаўнікі. Яны ж падказалі схадзіць у наркамат асветы: калі не ў школы горада, то ў школы рэспублікі напэўна патрэбны выкладчыкі,— цяпер жа ідзе вунь якая мабілізацыя, бяруць і настаўнікаў.

У Дом Саветаў, самую вялізную будыніну мардоўскай сталіцы, дзе размяшчаўся наркамат асветы, Валодзя прыйшоў ранютка. Думаў — будзе першым наведвальнікам ва ўсёй гэтай хароміне, ды памыліўся: тут ужо было нямала народу. Такіх, як ён, эвакуіраваных. І ўсіх прывяло сюды адно і тое ж — пошукі работы. Некаторыя тут і начавалі — на калідорах, на лесвічных пляцоўках, дзе хто прыткнецца. Дазвалялі... Трапілася некалькі знаёмых мінчан — спадарожнікаў са студэнцкай групы.

Як і Валодзя, меў намер прабіцца да наркома асветы студэнт-хімік, той, што спрабаваў шмыгануць з могілак, калі нахапіліся туды нашы байцы. Вырашылі трымацца разам.

На трэці дзень яны ўсё-такі прабіліся да наркома. Выйшлі ад высокага начальства ў радасным узбуджэнні — з накіраваннямі ў сярэднюю школу. Новаспечаным настаўнікам расказалі, як дабрацца да таго Ацямара — вялізнага рускага сяла, дзе была іх дзесяцігодка. Не бяда, што яно ад горада нешта кіламетраў з дваццаць і давядзецца дыбаць туды пяшэчкам,— хлопцы акрыялі духам: была ўжо нейкая пэўнасць пра заўтрашні дзень.

Школа ў Ацямары аказалася на рэдкасць вялікай — усе класы паралельныя, прычым амаль кожны — тройчы паралельны. А настаўніцкі калектыў вайна ўжо зачапіла — то адзін, то другі выкладчык прызываўся ў армію. І давялося Валодзю не з пачаткоўцамі займацца, як думалася, а з вучнямі пятых — дзесятых класаў. І весці прадметы не толькі свайго профілю — рускую мову і літаратуру, а і нямецкую мову: выкладчыка-немца ўзялі ў армію яшчэ на канікулах (фронту патрэбны і перакладчыкі), замяніць не было кім. Валодзя неяк прагаварыўся, што захапляўся нямецкай мовай, быў ва універсітэце заўзятым гурткоўцам-замежнікам, і яго проста ўпрасілі ўзяць гэты прадмет. Ну, і нагараваўся з ім, небарака! І не таму, што даводзілася шмат рыхтавацца да кожнага ўрока, асабліва да заняткаў са старшакласнікамі. Невераемна складана было заахвоціць школьнікаў вучыць мову, на якой гавораць людзі, што недзе там, на фронце, забіваюць іх бацькоў, братоў... Той жа клас, той жа настаўнік, а як па-рознаму праходзілі ў Валодзі ўрокі рускай мовы і літаратуры і ўрокі нямецкай мовы!..

Дзве змены, амаль штодзень — дванаццаць урокаў... Мабыць, маладосць і вайной народжаная энергія давалі ўчарашняму студэнту сілы цягнуць такую ношу. Не зважалася, што не памятае, калі пад’еў удосыць, калі ўставаў, выспаўшыся як мае быць. Аднаго яму было ўдосталь — горкіх дум пра так далёкі адсюль родны край, дзе цяпер лютуе чужаніца, пра маму, з якой невядома што сталася, пра тое, як жа яно ўсё далей будзе...

Але пра тое, што рабіць далей, за Валодзю падумалі. Надышоў і яго час, і настаўнік Уладзімір Іванавіч Гайдуковіч марозным лютаўскім днём сорак другога з позвай у кішэні з’явіўся ў ваенкамат. Бязлітасная нулявая машынка прайшлася па яго густой кучаравай чупрыне, шэры салдацкі шынель як уліп на стройнай фігуры хлопца...

Невялікі рускі пасёлак, дзе былі ваенныя казармы, школа малодшых камандзіраў... Суровая школа настаўніка-студэнта... Два месяцы, якія ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё...

Май сорак другога года камандзір мінамётнага разліку сяржант Гайдуковіч адзначаў у дарозе. Эшалоны з танкавай брыгадай, у якую ўваходзіў іх мотастралковы батальён, ехалі на фронт. Ім давалі зялёную вуліцу — мабыць, была ў тым неадкладная патрэба. Пасля Масквы стала зразумела, што кіруюцца на Заходні фронт.

Некалькі дзён брыгада вяла зацятыя баі, пра якія зводка паведамляла — баі мясцовага значэння...

Баявое хрышчэнне для Валодзі было жорсткае, але ўсё-такі літасцівае: снарад, што разарваўся побач з пазіцыяй яго мінамётнага разліку, наводчыка і падносчыка скасіў напавал, а яму загнаў у бок не смяротны асколак...

 

Расказ Міколы Салаўянчыка пра сваё жыццё-быццё ад пачатку вайны хоць быў не так багаты на падзеі і ўражанні, як Валодзеў, але слухаўся суседам па палаце з не меншай увагай. Дзіва што! Гэта ж быў расказ чалавека, які бачыў на мінскіх вуліцах жывога немца, што прыйшоў туды ўладарнічаць і заводзіць свае парадкі, чалавека, які не проста сустракаўся з сапраўднымі народнымі мсціўцамі, а сам вунь колькі партызаніў!.. І такія думы нахлынулі на Валодзю, такая туга па родных мясцінах, па дому, па маме агарнула, што страціў спакой у гэтым, бадай, самым спакойным у вайну месцы — шпіталі. Каб прымеў — паляцеў бы туды, ніякая сіла не стрымала б!..

І неяк сама сабой з’явілася думка-ідэя: а чаму б і не паляцець? Хіба не закідваюць туды самалётамі разведчыкаў, радыстаў, падрыўнікоў? Ён ахвотна пайшоў бы, скажам, у партызанскія разведчыкі. Або, як вось гэты Мікола, у падрыўнікі...

Валодзеву задуму ўхваліў і горача падтрымаў Мікола Салаўянчык. Ён і сам цвёрда вырашыў пасля выздараўлення вярнуцца ў партызанскі лес, у родную брыгаду. Раіў падавацца да Бойкі і Валодзю. Адтуль жа, казаў ён мімаходам, і да Мінска не так далёка, хлопцы з іх брыгады там бываюць.

Вядома, усё аказалася куды больш складана, чым Валодзю ўяўлялася. Але ён у свае дзевятнаццаць гадоў ужо быў тым чалавекам, які калі на што наважыцца,— ад свайго не адступіцца!..

Выпісаўшыся са шпіталя, сяржант Гайдуковіч падаўся ў першы ж ваенкамат. Там ён прабіўся да ваенкома. Расказаў пра сваё вялікае жаданне, пра сваю задуму. Доўгай была гутарка ў ваенкома, пра многае давялося расказваць палкоўніку, адказваць на розныя яго пытанні. Скончылася тым, што ваенком некуды пазваніў па тэлефоне і з некім меў размову. З той кароткай размовы Валодзя амаль нічога не зразумеў. Паклаўшы трубку, палкоўнік узяў лісток паперы і нешта напісаў. Падаючы сяржанту, сказаў:

— Ідзіце па гэтаму адрасу і звярніцеся да гэтага таварыша. Думаю, што ён вам дапаможа...

Валодзя, падзякаваўшы, памчаўся. Было радасна на душы — ваенком жа сказаў, што чалавек, да якога ён едзе, дапаможа...

Сяржанта Гайдуковіча тут, як яму здалося, ужо чакалі: калі прад’явіў дакумент, адразу ж расказалі, як прайсці да патрэбнага таварыша. Ім аказаўся каржакаваты, сярэдняга ўзросту чалавек, які назваўся Сымонам Рыгоравічам. І ад яго імя, і ад імя па бацьку, і ад яго гаворкі на Валодзю дыхнула такім блізкім, свойскім, што пад сэрца падступіла нейкая шчымлівая лагоднасць. «Недзе адтуль, з нашых краёў»,— мільганула ў галаве.

Гутарка з Сымонам Рыгоравічам была яшчэ даўжэўшай, чым з ваенкомам. Зноў давялося расказваць пра сябе. Мусіў спыняцца на дэталях і падрабязнасцях у сваім жыцці, на якія раней не звяртаў увагі...

Яны развіталіся, дамовіўшыся, што Валодзя заўтра зноў з’явіцца да Сымона Рыгоравіча.

У той заўтрашні дзень і вырашылася справа сяржанта Гайдуковіча: ён быў залічаны ў спецшколу пры Беларускім штабе партызанскага руху.

 

29

Даўно Антона Захаравіча Кернажыцкага так не гнялі думкі, даўно не было так цяжка на душы, як у гэты дзень. Можа, прычынай таму была нарада, якая толькі што скончылася ва ўправе? Але ж цану падобным нарадам, цану гаварыльні на іх ён добра ведаў і да галавы тую балбатню асабліва не браў. Нарада хіба што развярэдзіла роздум, які ўсё больш пачынаў даймаць Антона Захаравіча.

Вайна ўжо вунь колькі бушуе, і невядома, калі будзе ёй канец. Вельмі ж далёка ступіла нага чужаніцы, столькі зямлі ў варожым палоне! Яе ж усю трэба адваяваць, усю вызваліць — кіламетр за кіламетрам, метр за метрам... Колькі часу спатрэбіцца, пакуль вайна дакоціцца да Берліна! Колькі крыві пральецца, пакуль шалёнага звяругу загоняць у бярлог і прыкончаць там!..

Жонка, як толькі Антон Захаравіч распрануўся папрасіў вячэру, адчула, што ён не ў гуморы і нечым узрушаны. Ведаючы, што пытацца ці заводзіць гаворку пра яго настрой не варта,— калі трэба, то сам скажа, а калі не хоча гаварыць, то лепш не чапаць яго ў такім стане,— Еўдакія Анісімаўна пачала моўчкі збіраць познюю вячэру.

Сёння яму ні пра што не хацелася гаварыць. Тое, што на душы і ў думках,— як ты яго выкажаш? Ды і не з Еўдакіяй такая размова. Яна, можна сказаць, амаль нічога не ведае, што робіць, чым займаецца яе Антон у цяперашні пякельны час,— не расказвае ёй пра гэта. Не хоча, каб жыла ў заўсёдным страху за яго. Адно ёй вядома — ён чэсны, чысты чалавек, якім паказаў сябе яшчэ ў тую вайну і якім быў усё сваё жыццё. А пайшоў ва ўправу, бо, мусіць, так трэба было. І Еўдакія Анісімаўна ні разу не прыставала да мужа з роспытамі, ці не мае ён якіх-небудзь дачыненняў да падпольшчыкаў. Антон Захаравіч цаніў гэта і, ведаючы, што яго Дуся на гераічнае не здатная, як мог, засцерагаў яе ад непатрэбных перажыванняў. Ёй і так часам рыкашэтам пападала за яго работу ва ўправе. Аднойчы за снеданнем Еўдакія Анісімаўна не вытрымала і са слязьмі на вачах расказала, як у магазіне, стоячы ў чарзе, пачула ззаду: «Глядзі, вунь і жонка ўпраўнага стаіць! Няўжо ж яму на кватэру не дастаўляюць?..»

— Азірнулася — аж знаёмая... Не здароўкаецца са мною ўжо даўно, як ты пачаў там працаваць. Я з гэтым ужо звыклася, хоць і блізкія знаёмыя былі, ледзь не сяброўкі. А тут, бач, прарвала: «Жонка ўпраўнага!..»

Ён тады ад душы зарагатаў:

— Так і сказанула: «Жонка ўпраўнага»? Малайчына! Значыць, сапраўдны чалавек! Ненавідзіць, каго трэба... А ты ж жонка мая, мая...

Так, акупанты са скуры вылузваюцца, каб разграміць падполле, ідуць на ўсё, каб знішчыць яго. На якое толькі паскудства не здатныя — абы расправіцца з непакорай, абы паслушэнства і страх перад заваёўнікамі былі там, дзе ступіла іх нага. І знаходзяцца ж вылюдкі, што становяцца чужынцам шчырымі памагатымі, што аддаюць на шыбеніцы і ставяць пад кулі сваіх жа людзей!..

Антон Захаравіч ніяк не можа зразумець душу здрадніка, ніяк не можа даўмецца, адкуль у чалавеку нялюдскасць... Яго ж, здрадніка, і са зверам не параўнаеш,— там, у жывёльным свеце, падобнага, бадай, няма... У вайне без лініі фронту здраднік — больш страшны вораг, чым адкрыты праціўнік. Удар у спіну, нанесены чалавекам, якога лічыў сваім, якому верыў і давяраў,— што можа быць больш подлым!.. Даверлівасць, празмерная даверлівасць і бяспечнасць у такі бязлітасна складаны час,— ад іх адзін крок да правалаў, да расстрэлаў і вісельняў. Пра гэта Антон Захаравіч напамінае і напамінае сваім людзям, даючы заданні ці проста сустракаючыся. Нялёгка, ой як нялёгка, ходзячы над прадоннем, не спатыкнуцца, не памыліцца! На памылкі ж ім права не дадзена...

Бадай, не так за сябе, як за іншых падпольшчыкаў непакоіцца і ўвесь час у трывозе Антон Захаравіч. Яго самога жыццё нямала калашмаціла і сякую-такую навуку разбірацца ў людзях і ў кручаных абставінах дала. А дзе тая навука ў Пятра Лукашэвіча, у Ларыка і Нічыпара Рускевічаў? Можна сказаць, горкія дзеці. Сталасці толькі-толькі набіраюцца. Як такому не разгубіцца і не паслізнуцца, трапіўшы ў складаную, небяспечную сітуацыю? Але хлопцы — малайцы! Ажно дзіва — адкуль у іх столькі бясстрашнасці, вытрымкі, кемнасці!..

«Мая правая рука...— з гонарам і бацькоўскай любасцю думаецца Антону Захаравічу пра Пятра.— Цяжка давялося б без яго. Хто спрытней прашмыгне да Бойкі ў самы нечаканы і гарачы час? Хто з такой вынаходлівасцю здабудзе важныя звесткі, выведае, што творыцца ў горадзе? А хто так спраўна дастане да зарэзу патрэбны свайму чалавеку дакумент, расстараецца прадкартку? Гарачы толькі, рызыкі мнагавата. Боязна за яго, вельмі боязна...»

Не менш боязна і за Нічыпара Рускевіча. Таму, што ён робіць на чыгуначным вузле, проста няма цаны. А калі з’явіліся Анісім Шыдлоўскі і Рая, гэтая тройка варта немаведама чаго. Цэнтр ужо некалькі разоў аб’яўляў падзякі за вельмі важныя звесткі. «Каб жа ўдача іх не абмінала, каб жа не сарваліся на чым-небудзь... І яны ж — зялёныя яшчэ, вопыту — з гулькін нос...»

Вопыт, вопыт... У каго ён быў і адкуль яму было ўзяцца? І моладзь жа, і людзі даўно ўжо сталага веку жылі клопатамі свайго пагоднага мірнага дня. Ці ж думалася ім, што над гэтым днём аднойчы лясне страшэнны пярун, ад якога нікому і нічому не будзе літасці! А ён ляснуў, і кожнаму давялося да канца выявіць сваю людскую ці нялюдскую сутнасць. Выяўлялася тое, што чалавек і сам у сабе, можа, не падазраваў. Напэўна ж, ніколі не думала Аляксандра Пятроўна, што здатная на небяспечную рызыку, нават на самаахвярнасць...

Цяжка, невыносна цяжка гарапашніцы. Як пайшоў сынок Валодзя ў першыя дні вайны, дык нібы скрозь зямлю праваліўся. Антон Захаравіч бачыць, як пакутуе небарака. Не падае выгляду, але ж яно і так відно, які цяжар на душы ў чалавека. Жыве адной надзеяй, той матчынай надзеяй, што непадуладная ніякай сіле...

«А колькі ж гэта было б цяпер майму Косціку? — неяк само сабой прыйшло ў галаву Антону Захаравічу, і шчымлівы боль сціснуў сэрца.— Відаць, на пару гадкоў быў маладзейшы за Пятра Лукашэвіча. Напэўна ж ён зараз знаўся б з такімі, як Пятро, Ларык, Нічыпар, і ён не ўседзеў бы ў хаце ў гэткі час...»

— То ці доўга яшчэ ты будзеш удоўж і ўпоперак вымерваць пакой? — прыадчыніла дзверы заспаная Еўдакія Анісімаўна.— Ішоў бы класціся. Поўнач жа даўно мінула.

— Іду, Дусечка, іду...

 

30

Той начны пажар пасля выбуху Ларыкавай міны бушаваў некалькі гадзін. Ахопленыя полымем, пачалі ўзрывацца цыстэрны, бочкі з гаручым, і неўзабаве склад так запалаў, што вакол зрабілася відна, хоць іголкі збірай. Агонь накінуўся на заводскія карпусы, на баракі ваеннапалонных, на адрамантаваныя і гатовыя да адпраўкі грузавікі, танкі, бронемашыны, матацыклы, гарматы. Корму для пажару тут ставала ўсюды, і ён спяшаўся параскашаваць, пакуль яго не ўтаймавалі. А ўтаймоўваць асабліва не было каму. Ваеннапалонныя кінуліся перш за ўсё ратаваць сваё жытло. Пакуль управіліся, агонь добра такі пажывіўся ў майстэрнях,— у іх, прамазучаных, не бедных на гаручыя матэрыялы, можна было разгуляцца.

Мабыць, гэта быў адзін з тых надзвычайных пажараў, калі людзі радаваліся яму, калі яны былі задаволены, што бязлітасна панішчаны вынікі іх нялёгкай, суровай працы. Як жа было не радавацца! Гэтыя ж асмалкі не трапяць на фронт, не будуць ліць кроў і несці смерць блізкім і родным!.. А як добра, што і майстэрням здорава дасталося! Пакуль давядуць іх да ладу,— з рамонцікам прыйдзецца пачакаць...

Тая радасць дорага абышлася насельнікам лагера. Раз’юшанае начальства шукала віноўнікаў пажару. А хіба іх знойдзеш? А трэба было! Трэба было далажыць адпаведнаму начальству, што злачынцы выкрыты і пакараны. Вось і выкрывалі... Было замардавана некалькі бязвінных бедакоў...

Але гэта не ўратавала каменданта лагера ад гневу высокіх інстанцый і неадкладнай кары.

Для лейтэнанта Пфайфеля пажар быў няшчасцем, такім няшчасцем, якое кінула яго ў страх і роспач. Пачаўся ж пажар з выбуху на складзе, гэта засведчылі вартавыя. Значыць — дыверсія, значыць — на лагернай тэрыторыі, пад носам у яго, каменданта, арудуюць падпольшчыкі... Спакойненька ўзарвалі цыстэрны, спалілі столькі гатовай ваеннай прадукцыі, якую так чакае фронт. Вывелі са строю баявы аб’ект...

«Гэта — жах, гэта — катастрофа!..— не знаходзіў сабе месца Пфайфель.— У лепшым выпадку — фронт, пад кулі, на смерць...»

І камендант не памыліўся — разжалаваны ў радавыя, ён загрымеў на фронт.

Перадача лагера новаму каменданту — гаўптману Шпрынгеру была кароткай і без асаблівых цырымоній.

Прадстаўляючы перакладчыка Андрэя Бушуева, Прайфель адрэкамендаваў яго як вернага работніка, на якога можна надзейна абаперціся...

А гэты надзейны работнік усё яшчэ ніяк не мог ачомацца ад пажару. Выбух на складзе для Андрэя быў такі загадкавы, што колькі ён ні ламаў галаву,— да разгадкі ані блізка! «Хто ж так спраўна рвануў? З ваеннапалонных,— гэта амаль начыста адпадае: адкуль дастаць ім тую міну ці якую-небудзь узрыўчатку?.. Хіба хто з цывільных... Але хто? Вазьмі здагадайся, хто на такое адважыўся, хто здатны на такое!.. А як хацелася б дазнацца! Як трэба дазнацца!..»

Чалавеку няўрымслівай, турботнай натуры, Бушуеву ўсё цяжэйшымі робяцца лагерныя будні. Дзень за днём, тыдзень за тыднем,— ужо вунь колькі месяцаў напластавалася, як ён тут, у гэтым праклятым лагеры. Як бы хацелася схапіцца з нелюдзямі загрудкі ў адкрытую, са зброяй у руках! А тут нібыта нешта і робіш, а пра вынікі тае работы толькі здагадвайся і ўяўляй, як можаш...

Аднак жа яны, вынікі, павінны быць! У агульны здабытак бітвы з чужакамі ідуць намаганні і справы ўсіх, хто чым можа спрыяе набліжэнню нашай перамогі. І, зрэшты, не так ужо і важна, што ты на ўласныя вочы не бачыш, як падае забіты табою вораг,— важна, каб ты страляў у яго. З закрытых пазіцый таксама б’юць смяротным боем...

Адно Андрэю палёгкай было і давала сілы на кожны, самы суровы дзень,— ён ужо не адчуваў сябе адзінокім, як у першыя свае лагерныя дні. Цяпер у яго былі надзейныя хлопцы з ваеннапалонных, з якімі ён мог лёгка, з паўслова паразумецца. Разыкуючы галавой, яны рабілі ўсё, што маглі ў сваім нявольніцкім становішчы. Пападаліся, гінулі. А жывыя ўсё роўна сімулявалі на рабоце, толькі для прыклёпу рамантавалі нямецкую тэхніку.

Бушуеў быў вельмі ўсцешаны, што такімі малайцамі аказаліся хлопцы з дзесяткі танкістаў, якіх ён набраў з лагера каля парку Чалюскінцаў і над якімі лейтэнант Пфайфель загадаў яму ўзяць своеасаблівае шэфства. Каб ведаў камендант, колькі душы ўкладаў Андрэй у тое шэфства! Бадай, адзіна цяжкім было для яго ўвесь час — як стрымліваць энергію гэтых падшэфных, каб яна неразумна не прарвалася і не нарабіла бяды...

Дарагой знаходкай для Бушуева з’явіўся Хведар Васільевіч. Цяпер нават не верыцца, што на пачатку знаёмства паставіўся да яго з такой насцярожанасцю, ледзь не варожа. А як не паставішся, калі гітлеравец выдае яго як амаль што свайго чалавека, якому можна цалкам даверыцца? «Пакрыўджаны савецкай уладай. Сядзеў...— згадваецца Андрэю сказанае камендантам Пфайфелем.— Ведаеце ж вы, фашысцкія прыблуды, душы нашых людзей! Ды гэты пакрыўджаны вам горла перагрызе за савецкую ўладу!..»

На ўспамін усплыло выбаўленне з лагера Клішэвіча.

...Узяць з сабой гэтага чалавека механік-вадзіцель Эдуард Яшкін тады рэкамендаваў асабліва настойліва. Казаў, што і танкіст ён самага высокага класа, і ўвогуле слаўны хлапчына. Нешматслоўны, з адкрытым позіркам, крыху нават сарамлівы, гэты з выгляду нехлямяжы мужчына нечым выклікаў прыхільнасць. Андрэю ён спадабаўся, характарыстыку ж яму Яшкін выдаў проста зайздросную, і Клішэвіч трапіў у дзесятку выбраных у лагеры майстроў-танкістаў. Пазней стала вядома, што Яшкін пра гэтага ваеннапалоннага сказаў не ўсю праўду. Ён змоўчаў, што Клішэвіч — старшы палітрук, камуніст. У лагеры, апроч механіка-вадзіцеля, пра гэта ведала толькі некалькі чалавек — танкісты тае часці, пасля разгрому якой былі разам узяты ў палон. Калі Яшкін даведаўся, хто такі каменданцкі перакладчык, ён адкрыў яму тайну Клішэвіча і падаў думку, ці не арганізаваць старшаму палітруку ўцёкі з лагера.

Андрэй добра разумеў клопат механіка-вадзіцеля. Але ажыццявіць задуму з больш-менш пэўнай надзеяй на поспех было не так проста. Апынуцца па-за калючым дротам — яшчэ не значыла ўратавацца. У незнаёмым горадзе чалавек у апратцы, якая была на ваеннапалонных, лёгка трапіць у ліхія рукі. Вось тут Андрэй і надумаўся — Хведар Васільевіч! На яго ўся надзея!..

Аперацыя ўдалася на славу, Хведар Васільевіч прынёс старшаму палітруку адзежыну, у якой можна было прайсці па вуліцы, асабліва не кідаючыся ў вочы. Андрэй паклапаціўся, каб на машыну, якая штодзень хадзіла на склад па прадукты для сталоўкі, трапіў Клішэвіч. Са складу палітрук уцёк. Як дабрацца ад склада да хаты Рускевіча, наказ меў ясны. Калі звечарэла, Ларык аднаму яму вядомымі праходамі павёў старшага палітрука. Хведар Васільевіч быў амаль упэўнены, што яго вісус не толькі выведзе дарагога чалавека за горад, але і раскажа, куды падавацца...

Так ужо неяк само сабой пайшлося, што Андрэй Бушуеў і Хведар Васільевіч з пэўнага часу пачалі адчуваць адзін у адным патрэбу. Калі надаралася ў той кручанай штодзёншчыне што-небудзь непрадбачанае, трывожна-пагрознае, іх неадольна цягнула на сустрэчу, на разважную мужчынскую раду. З часам без такіх сустрэч-рад, часцей за ўсё кароценькіх, лятучых, яны проста не маглі абыходзіцца. Удвух жа куды лягчэй ісці па дарозе, на якой кожны крок небяспечны...

Згадваецца Андрэю, як падляцеў ён да Хведара Васільевіча, ледзь той з’явіўся на тэрыторыі майстэрняў, якія яшчэ добра такі куродымелі. Падляцеў з кучай пытанняў і загадак. Але такую ж кучу пытанняў і загадак сыпануў Андрэю і Хведар Васільевіч. І для Рускевіча суцэльнай загадкай быў той пажар. Хіба мог ён уявіць, што ўсё гэта натварыў Ларык, яго Ларык! Хіба западозрыш у такім дзіця, калі тут напэўна ж пахадзіў чалавек бязмернай адвагі і сталай кемлівасці!

І Хведару Васільевічу, і Андрэю даводзілася толькі разводзіць рукамі ў невымоўным захапленні: вось дык малайчына, вось дык чалавечышча!..

У адным была яснасць для абодвух: пажар крута паверне, а то і паломіць парадкі ў майстэрнях і ў лагеры ваеннапалонных.

 

31

Сваёй бязлітаснай ступою другі год ішла вайна.

Сіла ў фашысцкага звера, пакалечанага пад Масквой, была яшчэ вялікая, і ён, залізаўшы глыбокія раны, апантана рвануўся ў новы наступ. На шырокіх стэпавых прасторах поўдня Радзімы завязаліся несціханыя кровапралітныя баі.

Над краінай, над светам уставала імя горада, якому суджана было зрабіцца на вякі сімвалам мужнасці ібяссмерця,— Сталінград...

 

Нарада ў камандзіра брыгады Бойкі была не доўгая. Камбрыг не цярпеў цягучых балбатлівых пасяджэнняў. Гэта было ў яго натуры — яшчэ з пары старшынёўства ў калгасе. Ён не любіў гаваруноў, ахвочых памянціць языкамі. Без пільнай патрэбы Іосіф Макаравіч увогуле стараўся не склікаць шырокіх нарад — канкрэтныя справы вырашаў з канкрэтнымі людзьмі, якіх яны непасрэдна датычыліся. Так было, калі ён узначальваў партызанскі атрад. Так павялося і калі некалькі суседніх атрадаў народных мсціўцаў злілося ў партызанскую брыгаду, а камандзірам паставілі яго, Бойку.

Гэтая нарада была важная, падзеямі прадыктаваная. Ужо адно тое, што склікалі многіх камандзіраў, аж да ўзводных, сведчыла — гаворка пойдзе надзвычай сур’ёзная, будуць нейкія навіны. На невялічкай сонечнай палянцы ў прадчуванні гэтых навін і чакалі адкрыцця нарады партызанскія важакі, якія зблізку і здалёку сабраліся сюды.

Гамана і выбухі дружнага рогату, што ўспыхвалі то тут, то там, сціхлі, калі ў людскі кружок ўвайшоў Бойка.

— Ну, што ж, пачнём, таварышы,— агледзеўшы прысутных, не гучна, але так, каб чулі ўсе, сказаў Іосіф Макаравіч.— Часу для шырокіх размоў-абмеркаванняў у нас няма. Не тыя абставіны. Ды і абмяркоўваць, уласна кажучы, няма чаго. Па звестках і паведамленнях Савецкага Інфармбюро, нашым войскам на фронце зараз цяжка. Немец наступае. Сабраўшы моцныя сілы, ён хоча зрабіць пералом у вайне. Гітлер паабяцаў сваім ваякам, што гэта будзе іх апошняе наступленне. Праўда, мы добра ведаем цану гітлераўскім абяцанкам-цацанкам. Растаўкуць звяругу мазгаўню і на гэты раз, як растаўклі пад Масквой! Але нялёгка, вядома, гэта дасца. Чырвоная Армія вымушана пакуль што адыходзіць. З’явіўся сталінградскі напрамак...

Бойка гаварыў, спыняючы позіркі то на адным, то на другім камандзіры. Некаторых ён добра ведаў і нібы вёў з імі адкрытую размову пра тое, што набалела на душы, пра што ўжо нельга маўчаць. Красамоўствам Іосіф Макаравіч не вызначаўся, але быў з тых, што калі ўзяўся гаварыць, то за словам у кішэню не палезе. Яго слухалі з той уважлівасцю, якую можа выклікаць толькі гутарка пра вельмі ж блізкае, надта дарагое і важнае для чалавека.

— Штаб партызанскага руху патрабуе ад нас узмацніць баявую дзейнасць, з яшчэ большай сілай трэсці варожы тыл. Як адна з галоўнейшых ставіцца перад намі задача — паралізаваць работу чыгункі, нішчыць гэты важны нерв вайны. Нам трэба так насесці на чыгунку, каб многія эшалоны валяліся пад адхонам, а не даходзілі да фронту!..

Валодзя Гайдуковіч слухаў камбрыга Бойку, не прапускаючы ні слова.

Было нясцерпна горка і балюча — зноў адступленне... Перамога пад Масквой дала столькі надзей, ужо была цвёрдая вера, што бязлітасны, нястрымны разгром гітлераўскай навалачы пачаўся і яна беззваротна пакоціцца ў сваё логавішча. Аж зноў даводзіцца адыходзіць, здаваць сёлы і гарады, зноў трэба напружваць усе сілы, каб спыніць варожую зграю, выстаяць. Вунь куды ўжо яна дапяла і куды ўжо меціць!..

Вяртаючыся з нарады ў атрад, Валодзя думаў пра загад Цэнтра трыбушыць чыгунку. Гэты ж загад непасрэдна адрасаваны і яму. Яго ж і запрасілі на нараду як кіраўніка групы падрыўнікоў. Як ўсё-такі добра зрабіў, што выбраў гэту слаўную партызанскую спецыяльнасць! Падрыўнік — гэта ж сіла! Што ні кажы, ён у атрадзе — фігура адна з найпершых! Няхай пакуль што ў яго тых спляжаных эшалонаў і аб’ектаў яшчэ рэдзенькія адзінкі, але ж ён толькі пачынае свой рахунак. Усё наперадзе! Вось і зараз Цэнтр нацэльвае партызан на знішчальныя ўдары па чыгунцы. А тут ужо, канечне, першае слова — яго высокасці падрыўніку!..

Навуку падрыўніка Валодзя прайшоў неблагую. У партызанскай школе яго ўзброілі даволі грунтоўнымі ведамі ў падрыўной справе. Праўда, з практыкай было значна горш,— якая ж у той школе магла быць практыка? Ды наракаць на яе беднасць не даводзілася, кожнаму было зразумела, што ўся яна — за лініяй фронту, куды навучэнцы так ірваліся.

Масква, шпіталь, палёт сюды... Так нядаўна было ўсё гэта, а здаецца — невядома калі. Нібыта з іншага свету з’явіўся, і проста цяжка даць веры, што там і сёння гэтак жа ідзе жыццё, як і тады, калі ён, Валодзя, быў у ім. Ну, а як паверыць, што цяпер ён так блізенька ад мамы — да Мінска ж рукой падаць!.. Блізенька, а не сустрэнешся, і нават вестачкі пра сябе не падасі, і глухой невядомасці не пазбудзешся. Што з ёю? Столькі ж пякельнага прашалясцела над абодвума!.. Ведаць бы маме, што яе Валодзік ходзіць па гэтых Гасцілавіцкіх лясах і так тужыць па ёй, так знябыўся душою!.. Ён даўно ўжо не той бездапаможны хлопчык, якім здаваўся ёй заўсёды і якога яна, як магла, старалася ахоўваць, каб яму толькі добранька было. Гэты хлопчык паспытаў ужо і фронту, і шпіталь адведаў, і вось цяпер — на лясных партызанскіх сцяжынах...

У атрадзе пасланцу Вялікай зямлі падрыўніку Уладзіміру Гайдуковічу былі не тое што рады,— сустрэлі з дарагой душою. Для лясных салдат гэта быў чалавек, так сказаць, з таго боку вайны, адкуль на гітлераўцаў ідуць у лоб. І гэта быў чалавек, які ўжо ўведаў франтавы пярэдні край. А самае важнае — гэта быў падрыўнік з прафесійнай падрыхтоўкай. Такіх у атрадзе было не густа.

Масквіч, як тут жа ахрысцілі Валодзю, расказваў падрыўнікам-практыкам пра сакрэты выбухова-ўзрыўных рэчываў, часам адкрываў ім такое, што хлопцы толькі языкамі цмокалі. А Валодзю-тэарэтыку на баявых аперацыях не раз даводзілася ахаць ад захаплення: да чаго ж спрытна і кемліва дзейнічаюць гэтыя хлопцы! Пра такое ні ў якіх вайсковых інструкцыях і памятках не вычытаеш... З часам малады падрыўнік і сам набіраўся ўмельства, пакрысе набываў вопыт. Нервы ў хлопца былі моцныя, смеласцю яго прырода не абдзяліла. Ён быў з тых людзей, якія, трапіўшы ў небяспечную сітуацыю, пра небяспеку не думаюць. Потым ужо, калі яна мінецца, ім пры роздуме часам робіцца страшнавата: а магло ж скончыцца зусім інакш!.. Так было з Валодзем на фронце, так неаднойчы здаралася і цяпер. Яму і самому падабалася такая яго рэакцыя на небяспеку: ну, а калі б дзейнічаў, думаючы, што загінуць можаш? Напэўна ж, ад страху зрабіў бы што-небудзь не так, не лепшым чынам, і мог бы сапраўды аддаць канцы... А цяпер, калі ўсё шчасліва абышлося,— паразважай сабе, наколькі гэта небяспечна было...

Уладзімір Гайдуковіч не доўга хадзіў у радавых падрыўніках. Калі да яго добра прыгледзеліся,— даручылі дыверсійна-падрыўную групу. І неўзабаве аказалася, што ён талковы арганізатар і камандзір. Валодзя ўмеў лёгка паразумецца з чалавекам, адчуць яго настрой, зазірнуць у яго душу. Нават людзі з багатым жыццёвым набыткам нярэдка звярталіся за парадай да гэтага хлапца, які, можна сказаць, толькі-толькі пачаў убірацца ў сваю сталасць.

 

32

Недзе далёка, за многія сотні кіламетраў ад Мінска, грымеў фронт. Сюды, у глыбозны варожы тыл, не дасягаў грукат далёкіх бітваў. Але дыханне фронту, яго водгулле даносілася. Гэтым водгуллем тут жылі ўсе. Нейтральных і абыякавых да таго, што адбываецца на фронце, не было. Ад ходу і павароту падзей там, дзе біліся ў смяротнай схватцы арміі, залежаў у канчатковым выніку лёс кожнага. За час, які трэсла нашу зямлю вайна, кожны так ці інакш выявіў свае адносіны да яе, заняў пэўную пазіцыю.

І кожнаму міжволі даводзілася падумваць, куды прывядзе дарога, на якую ступіў у ліхую для бацькаўшчыны часіну. Весткі з далёкага фронту, якімі жывілі акупіраваны горад афіцыйныя паведамленні і чуткі, кіравалі настроем і паводзінамі яго насельнікаў. Радасці, трывогі, страхі, надзеі, сумненні неслі розным людзям розныя весткі. Фронт нібы дырыжыраваў барацьбой з фашысцкай навалай у варожым тыле. Яго перамогі акрылялі і падзесяцяралі сілы патрыётаў-байцоў, яго няўдачы і паражэнні глыбока ранілі іх і патрабавалі рабіць усё магчымае, каб падсабіць франтавікам у іх неймаверна цяжкай бітве.

Натуральна, што надзвычай востра на хаду падзей на фронце рэагавалі і акупанты і іх паслугачы. Гэтым перш за ўсё даводзілася думаць пра сваю шкуру, пра сваю галаву. Злавесны страх працяў іх, калі катастрофа навісла над гітлераўскім воінствам. Падмаскоўны разгром скалануў душы і ўстаноўшчыкаў новага парадку, і іх заўзятых прыхільнікаў. Яны ўздыхнулі з палёгкай, калі пасля таго разгрому фронт праз нейкі час перастаў каціцца на захад. З’явілася надзея: а можа, падмаскоўная катастрофа — выпадковая няўдача і далей усё зноў пойдзе так, як задумана і спланавана ў Берліне?

Яны ажылі душой, калі іх прапаганда затрубіла пра небывалае паражэнне рускіх пад Харкавам, пра пачатак пераможнага летняга наступлення немцаў. Ім уявілася, што цяпер да вялікай мэты ўжо блізка, што іхняй хады да яе на гэты раз ужо нішто не супыніць.

І, упэўненыя ў блізкай перамозе, падбадзёраныя немалымі поспехамі гітлераўцаў летам сорак другога, яны сталі яшчэ больш лютымі ў сваёй нялюдскасці.

 

— Хведар Васільевіч, даражэнькі, не крыўдуйце, што патурбаваў вас і паклікаў! — загаварыў Бушуеў, як толькі Рускевіч, увайшоўшы ў Андрэеў кабінецік, зачыніў за сабою дзверы.— Я проста не мог не паклікаць вас...

— Якая там турбацыя! — паморшчыўся Хведар Васільевіч.— Кажыце, што трэба. Зробім.

— Ды рабіць нічога не трэба. Хоць яно якраз, мабыць, і вельмі трэба нешта рабіць...— Было адразу відаць, што Андрэй нечым надта ўстурбаваны і нервуецца.— Я толькі што ад каменданта Шпрынгера. Ён сёння аж свеціцца ўвесь ад радасці. Выгляд такі, што, здаецца, зараз захлынецца ад шчасця. Я не стрымаўся і запытаў, чаго гэта ў яго такі настрой. Мне страшна зрабілася, як гаўптман пачаў расказваць...

— Пра што ж гэта ён табе малоў? — Хведар Васільевіч увесь насцярожыўся.

— Пра фронт. Пра тое, што цяпер там творыцца...— Андрэй усё ніяк не мог супакоіцца.— Разумееце, чалавек ён не з гаваркіх, не тое, што Пфайфель. Маўчун маўчуном. Выкліча, загадае, што зрабіць, і — марш. На нарадах розных — таксама голыя загады, указанні, інструкцыі. А тут — як прарвала яго. Даў распараджэнне і запыніў мяне. Бачу, нешта муляецца, штосьці яму карціць... І вось кажа, што ўранку праслухаў свежую франтавую зводку, а таксама агляд падзей на фронце за апошні час... Мяне і цяпер калоціць ад таго, што ён расказваў... Да нас жа сюды, за калючы дрот, навіны ведаеце як даходзяць. Вы, канечне, больш чуеце, што робіцца на фронце. Я і папрасіў вас зайсці да мяне, пагаманіць... Скажыце, няўжо гэта праўда?

— Што, Андрэй? Пра што ён сказаў табе? — Узрушанасць Бушуева перадалася Хведару Васільевічу.— Я і сам не на шмат больш за цябе ведаю, як там на фронце. З іхняга радыё і газет не вельмі дазнаешся праўды. Бывае, на лістоўку з паведамленнямі нашага Інфармбюро натрапіш,— там жывую праўду пачуеш. А то яшчэ хто са знаёмых прачытае і пад сакрэтам перакажа. Часам нехта падслухае маскоўскае радыё... Але такія рэдкія і выпадковыя весткі ці ж дадуць табе выразную карціну, як жыве і чым дыхае фронт? Адно я ведаю, што крута зараз даводзіцца там нашым. Па ўсім адчуваецца — ідуць цяжкія баі, немец зноў прэ наперад... А што ж усё-такі казаў табе камендант?

— Што ідзе грандыёзнае нямецкае наступленне. Поспех — надзвычайны. Узяты прамы кірунак на Сталінград і на Каўказ. Нашы войскі разбіты і ў паніцы адступаюць. Немцы вось-вось выйдуць да Волгі, да перадгор’яў Каўказа... Няўжо гэта праўда?

У Андрэевым пытанні быў крык душы. Хведар Васільевіч адчуў, што ў гэты крык уварвалася роспачнасць.

— Канечне, як і заўсёды, немцы і праз меру перабольшылі, і нямала прыхлусілі,— Хведар Васільевіч цяжка ўздыхнуў.— Але ў гэтай іхняй балбатні нейкая праўда ёсць. Масква таксама перадае пра вялікія баі на сталінградскім напрамку.

Запала доўгае маўчанне. Яны нібы баяліся парушыць яго. Абодвух гнялі цяжкія думы. Словамі так проста іх не выкажаш — яны ўнутры, у сэрцах пакутна варочаюцца і не могуць прабіцца вонкі.

— Не верыцца, ніяк не верыцца, не месціцца ў маёй галаве, што немцы дапялі аж да маіх родных мясцін і зараз топчуць іх...— стогнам вырвалася ў Андрэя.— Падумаць толькі: дзе тая граніца, адкуль насунулася вайна, і дзе — Волга!.. А яны ўжо там... Што ж гэта такое? Няўжо — канец?..

— Ну, ты лухты не чаўпі! — сярдзіта кінуў Хведар Васільевіч.— Пра канец загаварыў... Будзе канец, але не такі!..

— І мне не верыцца, што гэта канец, але ж — Волга, Каўказ... Гэта што-небудзь ды значыць...

— Значыць. І вельмі многа значыць! Трэба ж будзе адабраць тое, што аддалі, і ўжо тады там, на чужацкай зямлі, рабіць канец вайне... Можа, я да такога не дажыву, але веру, што так будзе! Хай сабе немец і на Волзе пабывае...

І зноў запанавала доўгае маўчанне. Зноў першы парушыў яго Андрэй:

— Гэта ж можа так стацца, што ніхто з маіх родных, таварышаў, знаёмых ніколі потым, калі адгрыміць вайна, і не ўведае, дзе я быў, што рабіў і як скончыў...

— Можа, вельмі можа стацца такое, Андрэйка...— Хведар Васільевіч справіўся з даўкім камяком у горле.— Такая бойня ўскруцілася. Страшны ў яе маштаб, і нялёгка будзе пасля разабрацца, як яно дзе папраўдзе ўсё было, як некаторыя трымаліся ў крывавым віры. Але ж, думаю, разбяруцца. Мусяць разабрацца і кожнаму адвесці сваё... Нам жа, Андрэйка, зараз іншы клопат не павінен даваць спакою: дзе толькі можна — дапякаць вылюдкам! Як мага мацней дапякаць. Гэта і будзе наш бой і за Сталінград, і за тваю волжскую зямлю... Сам ведаеш, пасля той дыверсіі і пажару нам і паварушыцца, не азірнуўшыся, нельга. А варушыцца трэба, ой як трэба! Усё ж зноўку ідзе поўным ходам, гоняць і гоняць рамонт. Нібыта і не гарэлі гэтыя праклятыя майстэрні!.. А што цяжка, дык пад Сталінградам цяжэй. І крыві, і смерці там больш...

— Каб мог, я сам спаліў бы ўсё тут! — заскрыгатаў зубамі Андрэй.— Спаліў бы дашчэнту!..

 

«Раскісаць пачаў, раскісаць...— раз-пораз дакараў сябе Андрэй. Размова з Хведарам Васільевічам так развярэдзіла яго, што ён быў сам не свой.— Плявузгаў: «Канец...», «Ніхто не ўведае, як скончыў...» Размазня! Аж няёмка перад Хведарам Васільевічам... Вера ў яго цвярдзейшая? Не, брат, дудкі! Адсячы мне галаву, а веру — не адолее нас немчура!.. І вось жа — раскіс...»

Андрэй спыняўся каля адзінага ў кабінеце акна, якое выходзіла ў глухі кут двара, падоўгу глядзеў туды, садзіўся на канапу і, ашчаперыўшы галаву, нярушна сядзеў. Сёння, як ніколі, было цяжка на душы. Адчувалася такая самота... Адзін у далёкім краі, за тысячы кіламетраў ад усяго роднага, што было яго жыццём, яго штодзёншчынай...

Недзе там — сцежкі яго маленства і юнацтва, яго першай сталасці, недзе там станавіўся на ногі, выходзіў у людзі. Там нараджаліся крылатыя мары, выспявалі заманлівыя планы. Што паспеў здзейсніць? Ат, драбязу... Толькі-толькі выкіраваўся ў дарогу, у якой бачыў сэнс свайго жыцця і на якой толькі-толькі паспеў адчуць яго слодыч. Навука пра зямлю, якую спрадвеку ўраблялі бацькі,— ці ж не з самых зайздросных людскіх дарог гэта выбраная ім дарога?..

Сорак першы год пакаціўся па Андрэевай дарозе...

«Родныя, любыя волжскія прасторы! Ці ўбачу зноў я вас?..»

 

33

Васіль Базылькевіч прачнуўся ад рэзкіх пранізлівых крыкаў за акном. Каля самай хаты лямантавала жанчына, яе голас заглушыла некалькі мужчынскіх галасоў, і тут жа бахнуў стрэл. Шум пачаў аддаляцца і неўзабаве сціх...

Брыдка вылаяўшыся, што перабілі сон, Васіль павярнуўся на спіну. Спаць больш не хацелася, і ўставаць не было ахвоты. Галава, здавалася, вось-вось расколецца ад болю — нібы яе ашчарэпілі невідочнымі абручамі і ўсё тужэй і тужэй сціскаюць. Маргнеш — і ўваччу замільгацяць шматкалёрныя плямы...

«Гэта ж трэба так нарэзацца!» — нязлосна дакараў сябе Васіль, сілячыся прыгадаць, што было з ім учора.. Але як ні намагаўся, а толькі асобныя, не звязаныя між сабой абрыўкі бязладна ўсплывалі ў памяці. Вынырнуў твар незнаёмага хлопца, брудэршафт з ім у руінах... Нейкая дзеўка, ад якой не мог адчапіцца... Нейкая леснічоўка, незнаёмыя людзі... Як дабрыў дамоў,— адзін д’ябал ведае: можа, сам давалокся, а можа, хто прытарабаніў... Распранаўся, канечне, сам — штаны і рубашка валяюцца на падлозе. Маці, значыць, не заходзіла ў пакойчык. У хаце ціха — бацькі, вядома, на рабоце. Дзіва што, ходзікі на сцяне чыкаюць дванаццатую...

А ў роце перасохла! Язык — як шурпатая калода, не павернеш.

«Трэба хоць вады глынуць, трасца яго матары!..»

Ён сяк-так вылузаўся з-пад коўдры, натужна пераваліўся цераз край ложка, ступіў на халаднаватую падлогу і пасунуўся ў сенцы. Піў прагна, доўга і не мог напіцца. Цёплая вада не праганяла смагі. Па целе разлілася млявасць, зрабілася млосна. Ён павалокся назад да ложка і, крэкчучы па-старэчы, абваліўся на яго.

«Шкляначку б самагонкі! Іначай не акрыяеш...— пачала свідраваць мазгі думка.— Толькі дзе ты яе возьмеш? Дома ж ні кроплі. Відаць, трэба цягнуцца да старых знаёмых з Камароўскага рынку, хай выручаюць. А мо падацца да Аркадзя — хай ён палечыць...»

Згадка пра Вырвіча выклікала ўспамін пра злашчасную аперацыю з выведкамі падпольшчыкаў, з якой ён вярнуўся з перабітай рукой і са страхам, што засеў у закарнашках яго душы.

Рука, рука... Разам з ёю быў перабіты-ператрушчаны лёс Васіля. Тая паліцэйская куля спляжыла ўсе яго планы і надзеі. Хто ён цяпер? Калека, нікому не патрэбны калека. Няхай не выгналі, а ветлівенька папрасілі пакінуць паліцыю,— яму ад гэтага не лягчэй. Ды яно і праўда — што там рабіць яму, аднарукаму?

Ведама, з адной рукою не вельмі настраляеш з вінтоўкі ці з аўтамата. А які ж паліцай без зброі?.. І нікому зараз няма справы да таго, што ты страціў руку, можна сказаць, на баявым пасту...

Але жыць трэба!

«Як жа, як жа жыць?..»

Гэтая думка зноў і зноў заплывала ў Васілёву галаву, як ён развітаўся з паліцыяй. Можа, упершыню ў яго жыцці заплывала.

Міналіся гады, даўным-даўно ўвабраўся Васіль у сталасць, а для яго звыклым і нярушным было — жыць як набяжыць. Асабліва не выбіраў і не задумваўся, па якой сцежцы пайсці, якую пазіцыю заняць,— рабіў так, як на той час гэта здавалася яму больш зручным і больш выгодным. Пра далёкія вынікі неяк не думалася. Забіраў усё клопат пра сённяшні дзень, на заўтрашні амаль не зважалася, а паслязаўтрашні ўвогуле не існаваў. Надыдзе той дзень — нешта ды прынясе з сабою, і жыві, як падкажуць абставіны, як складуцца варункі і акалічнасці. Галоўнае — утрымацца на жыццёвых хвалях, а куды яны вынесуць, на які бераг выкінуць,— навошта ламаць галаву? Выблісне твая часіна — тады не будзь разявякам, разгарніся на ўсю моц і вазьмі ад жыцця, што зможаш...

Ён, калі азірнуцца назад, усё спадзяваўся на сваю ўдачу. Усё верылася, што калі-небудзь ды добра пашанцуе і ён асядлае сваё шчасце. Важна — спадзявацца, што яно не абміне цябе, не павінна абмінуць! Маленькае і вялікае...

Як быў школьнікам, спадзяваўся, што яго выклічуць якраз тады, калі добра ведае ўрок, і не зачэпяць, калі ў галаве вецер свішча. Па праўдзе сказаць, дык той вецер у Васілёвай галаве свістаў усё часцей і часцей, ахвота вучыцца ўсё меншала і меншала. Агораўшы за восем гадоў сем класаў, Васіль, як ні гразіліся і ні страшылі бацькі, кінуў знелюбелую школу. Каб не папікалі дармаедствам, гатовы быў рабіць усё, што маглі яго хлапечыя гады,— абы не вучыцца. Нічога не ўмеючы, за многае браўся. Браўся і кідаў. Рукі на спрыт і ўмельства не ўдаліся, а працавітасць у Васілёву натуру зроду не заглядвала. Так і правалэндаў некалькі гадоў. Стаў сваім чалавекам у падазроных кампаніях, хаўрусаваў з такімі ж, як сам, шукальнікамі безмазольнага хлеба і лёгкай жыткі. Трапляў у пераплёты, з якіх ледзь вылузваўся...

Бацькі былі ў роспачы, гледзячы, па якой дарожцы коціцца іх адзіная надзея і ўцеха, іх адзіны сынок Васілёк. І ніякай рады даць не маглі, колькі ні намагаліся.

Неяк зачапіўся ўжо быў за добрую работу — бацька, начальнік цэха кандытарскай фабрыкі, прыладзіў Васіля на фабрычным складзе вагавіком. Работа такая, што не вельмі падвярэдзішся, працуй і не шманай. Ды дзе там! Першая ж рэвізія выявіла, што нешта за паўгода хлапчына наважыў сабе ні многа ні мала, а на тры гады турмы. Ён не адбыў і палавіны тэрміну, як пачалася вайна. Калонію, у якой быў Васіль, разбамбілі нямецкія самалёты, і ён пабрыў дамоў, ва ўжо заняты Мінск...

Вайна, прыход у горад немцаў, новыя парадкі, якія пачалі яны ўсталёўваць, нахлынулі на Васіля і закруцілі яго ў сваім віры так, што нейкі час ён не мог апамятацца. Прыглядаўся да таго, што творыцца, даваў прастор развагам. Але, як і раней, гэты прастор быў вузенечкі. Як і раней, Васілёва думка не ўмела ды і не хацела сягаць у заўтрашні дзень, тым больш у паслязаўтрашні. Абы сёння было, як той казаў, уежна і вылежна. А потым давялося добра мазгаваць і над кожным сённяшнім днём. Пэўнасці ж — анізвання! Трэба было нешта рабіць, убіцца ў гэта новае жыццё, у гэтыя новыя абставіны, створаныя заваёўнікамі.

І Васіль убіўся. Калі пачала арганізоўвацца паліцыя, без асаблівага роздуму падаўся туды. Думалася пра адно — служба такая, што не натрудзіш ні рук, ні галавы, а добры кавалак хлеба мець будзеш, да хлеба будзе. Даўшы зброю, і нейкую ўладу над іншымі дадуць, і не апошнім сярод людзей станешся!..

І ступіў на паліцэйскую сцяжыну Васіль Базылькевіч. Ён дыбаў па ёй усё далей і далей, ні разу не прыпыніўшыся у развазе: а куды ж яна можа прывесці?.. Калі трапляліся горкія, а часам і суровыя няўдачы, ён цярпліва зносіў іх і дыбаў далей, спадзеючыся, як і калісьці, што сваю ўдачу, сваё шчасце яшчэ стрэне. Васіль не падаў духам ад шматлікіх дробязных непрыемнасцей, якія, як знарок, падпільноўвалі яго раз за разам. Не вельмі ўныў душою, калі правалілася аперацыя з Аляксандрай Пятроўнай. А вось аперацыя, калі ён з Аркадзем Вырвічам спрабавалі натрапіць на след падпольшчыкаў, не толькі зрабіла яго калекай на ўсё жыццё, але і ўвагнала ў глыбокі роздум, куды гэта ён забрыў са сваім паліцэйствам. Можа ж такое стацца, што потым спытаюць, што ты рабіў у вайну... Ход жа гэтай калатнечы вунь які няпэўны — то немцы здорава лупцуюць, а то і ім добра ўсмаляць. Хіба мог ён падумаць, што пад Масквой такое атрымаецца?.. Цяпер, праўда, гітлераўскае войска зноў бярэ верх, прэцца на Сталінград, і кажуць, што гэта апошні наступ, што хутка з Расіяй будзе скончана. Але ж і падмаскоўны наступ аб’явілі апошнім, аж бач, як ён павярнуўся-пакруціўся!..

«Праклятая рука! Яе ж ад людзей не ўхаваеш. Уведаюць жа, як акалечаў...»

Прадчуванне магчымай бяды не-не ды запаўзала ў Васілёву душу, і тады неўсвядомлены страх авалодваў ім. Ён стараўся адганяць яго, хацеў адкараскацца ад яго, выкінуць з галавы і назаўсёды забыцца пра тую злавесную схватку з Платонам Мурашкам. Але хіба адкараскаешся ад яе, калі толькі паварушыся — і нягнуткая калека-рука ўраз усё нагадае! Як уцячэш ад гэтага вечнага табе напамінку?..

«Могуць прыпомніць, могуць...»

І благі настрой, і нядобрыя прадчуванні Васіль праганяў з дапамогай выпрабаванай вернай саюзніцы — чаркі. З ёю сябруе ён ужо даўно, яшчэ з хлапечых гадоў, калі пачала заводзіцца ў яго кішэні сякая-такая капейчына і спазнаўся з рознымі кампаніямі. Як зрабіўся паліцаем, дык рэдкі дзень абыходзіўся без самагонкі. Цяпер жа да чаркі Васіля цягнула не так звычка, як неадольнае жаданне забыцца на ўсё, што адбылося, не думаць ні пра тое, што робіцца сёння, ні пра тое, што будзе потым...

 

34

— Бяда, Анісім Сяргеевіч,— пераступіўшы парог, роспачна загаварыў Пятро Лукашэвіч.— Вялікая бяда! — Не распранаючыся, ён падышоў да Шыдлоўскага.

— Што здарылася? Якая бяда? Супакойся і кажы толкам — я ж нічога не ведаю.

— Толкам і я не ведаю. Адным словам — узялі Нічыпара Рускевіча... Паліцыя...— Пятро апусціўся ў крэсла, сцягнуў з галавы шапку.— Сёння мы дамовіліся сустрэцца — ён павінен быў перадаць чарговыя звесткі. Я не дачакаўся яго. Ведаючы яго заўсёдную акуратнасць, устрывожыўся. Пайшоў на іх пошту. Знаёмы хлапец, які іншы раз прыходзіў замест Нічыпара, сказаў, што сёння ўранку ў аддзяленне ўляцелі паліцаі, у Нічыпаравым кабінеціку перавярнулі ўсё дагары нагамі, забралі яго і павялі...

Анісім Сяргеевіч даслухаў Пятра, не зводзячы з яго позірку, і моўчкі адышоўся да акна. Глядзеў у яго доўга, зацята.

— Так, гэта бяда...— ледзь чутна вымавіў ён.— Бяда, якая можа пацягнуць за сабой страшныя вынікі...

— Што вы, што вы, Анісім Сяргеевіч! — усклікнуў Пятро.— Ён нікога не выдасць! Нізашто!.. Ён такі хлопец, такі... Толькі вось яго ўжо не будзе ніколі...

— Петрык, ты не ведаеш гэтых душагубаў, іх катавальняў. Але будзем спадзявацца, што Нічыпара яны не зломяць. Выйсці адтуль яму, канечне, ужо не давядзецца. Узялі — значыць, на нечым засеклі, недзе паслізнуўся, і ў іх ёсць нейкія доказы. А ім дастаткова драбязы, каб застрэліць ці накінуць пятлю...

— Што ж нам рабіць? — з дзіцячай наіўнасцю спытаўся Пятро.

— У тым і штука, што нічога мы не можам рабіць...— Пятро, бадай, упершыю бачыў на твары Шыдлоўскага штосьці падобнае на разгубленасць.— Нічыпара нішто ўжо не ўратуе...

Мабыць, у той вечар першы раз у Пятровым жытле не было ажыўленай гаворкі яго незвычайнага гаспадара і незвычайнага кватаранта. Жорсткая навіна аглушыла абодвух.

Анісім Сяргеевіч не ведаў Нічыпара, яны нават ні разу не бачыліся. Але ён шмат ведаў пра яго ад Пятра. Меў уяўленне, якой цаной здабываліся хлопцам тыя звесткі, што Рая адстуквала ў Цэнтр. Дакладнасць і каштоўнасць іх адразу заўважылі там, у Цэнтры, за Нічыпаравай работай сачылі, яе адзначалі. Цяпер не будзе ні яго работы, ні яго самога. Важны пункт дарагой інфармацыі ўсё-такі будзе жыць, а вось яго, слаўнага чалавека, не будзе. Гэта Шыдлоўскаму было вельмі балюча.

А Пятру ніяк не верылася, што ніколі больш не стрэнецца з крыху няўклюдным, негаваркім, не надта адкрытым, але нечым дужа сімпатычным Ларыкавым братам. Праз Ларыка было іх знаёмства і сяброўства. Цяпер Рускевічава сям’я асірацее на старэйшанькага...

Пятру цяжка ўявіць, як вытрывае такі ўдар Хведар Васільевіч. А як вытрывае Антаніна Сцяпанаўна, у якой калецтва яе любіменькага першынца Нічыпаркі ў тыя далёкія яго школьныя гадкі адабрала столькі здароўя?..

«Вайна, вайна... Смерць за смерцю...»

Пятру несціхана пячэ яго ўласная незагойная рана. Страшная пагібель бацькоў і Марыські сама сабой усплывае ў памяці, калі ён бачыць ці чуе пра пагібель блізкіх, знаёмых і нават зусім чужых людзей. Хоць і кажуць, што час лечыць самыя глыбокія раны, але ж да чаго марудна і пакутліва лечыць! Мабыць, праз усё жыццё будзе крывавіць такая рана і будзе вострым болем адзывацца, ледзь толькі да яе дакранешся. Сёння Пятро дакрануўся да яе, яшчэ такой свежай...

Ён ратаваўся тым, што цалкам, да рэшты аддаваўся клопатам. А клопатаў яго неўгамаваная натура магла знайсці сабе заўжды процьму.

Яму трэба было перш за ўсё быць спраўным службоўцам. Нічым не вылучацца, ціха і неўпрыкметку рабіць тое, што належала, каб быць незаўважным, каб ніякі гад ва ўправе і не падазраваў, што гэты ціхоня, гэты бяскрыўдны хлапчук здатны на што іншае, апроч як акуратна з’яўляцца на работу і корпацца ў сваіх паперах. Ён і корпаўся сабе, і толькі яго начальніку Кернажыцкаму было вядома, што ў галаве і на душы сціплага слухмянага работніка ўправы Пятра Лукашэвіча. Унутраная разрадка адбывалася, калі Пятро вяртаўся ў сваё жытло і быў сам-насам з Анісімам Сяргеевічам.

Яны ўмелі адзін аднаго разважыць, развеяць прыгнечаны настрой, з якім добра зналіся і той і другі. За вельмі кароткі час Шыдлоўскі і Лукашэвіч блізка сышліся, паразумеліся і, нягледзячы на даволі прыкметную розніцу ў гадах, моцна пасябравалі. Небяспека, якая штодзень вісела над абодвума, знітоўвала іх адносіны, і кожны жыў у хваляванні за ўдачы і няўдачы дружбака, быў у трывозе, каб не налучылася непапраўная бяда на тых шчодрых на пасткі сцяжынах, па якіх яны ступалі дзень пры дні.

Пятро для Анісіма Сяргеевіча быў больш чым правай рукой, праз яго разведчык у чужым горадзе не адчуваў сябе чужаком, чалавекам, ізаляваным ад яго складанага і напружанага жыцця. Пятро з’яўляўся спраўным інфарматарам мінскіх падзей, розных гарадскіх чутак і плётак. Галоўнае ж — гэта быў надзейны сувязнік, што жывіў Шыдлоўскага звесткамі, якія цікавілі Цэнтр і дзеля чаго, уласна кажучы, Анісім Сяргеевіч і дэсантаваўся сюды з Раісай Абакумоўскай. Перадача радыстцы разведдадзеных складала цяпер важнейшы Пятроў клопат, і ён рабіў гэта з зайздросным спрытам. Спрыяла таму, вядома, і тое, што ён і яна працавалі, можна сказаць, побач, у адной будыніне ўправы. Але даводзілася кожны раз добра думаць, каб сустрэча была непрыкметнай, не кідалася нікому ў вочы. На кватэру да Раі, на сядзібу Аляксандры Пятроўны, Пятро не хадзіў, гэта дазвалялася толькі ў крайнім выпадку. Не бываў ні разу там, зразумела, і Анісім Сяргеевіч. Ведаў усё пра сваю радыстку, пра яе працу і настрой, канечне ж, праз Пятра.

Няўтульная дамоўка на Першамайскай кожным вечарам вабна цягнула да сябе абодвух. Тут іх чакаў не толькі спачынак пасля тлумнага, часам небяспекамі нашпігаванага дня, але і магчымасць зрабіцца самім сабой, выйсці з ролі, якую змушаны выконваць. Тут хлопцы адводзілі душу, скідвалі з сябе ой які нялёгкі груз падвойнага жыцця. Тут ім вальней дыхалася, думалася, марылася...

Анісім Сяргеевіч пакуль што не мог крыўдаваць на сваю жыццёвую ўдачу. Пятро, кватэра, работа — неяк адно да аднаго прыклаліся яны, стварыўшы мажлівасць разгарнуцца і пачаць выконваць заданні Цэнтра. Пашанцавала яму і з радысткай — Рая хоць і маладзенькае дзяўчо і вопыту, вядома, не вельмі што, але робіць сваю справу з зайздросным умельствам і разумнай асцярогай. Шыдлоўскі добра і не ведае, як і адкуль ухітраецца яна весці перадачы. Важна, што сувязь з Цэнтрам у яго ёсць...

Вайна ў Анісіма Сяргеевіча — не са звычайных. Дома не ведаюць і ці ўведаюць, дзе ён, на якім фронце, як яму ваюецца. Няма тут палявой пошты, не прыйдзе адсюль франтавы трохкутнік, які скажа, што воін жывы, што вяртанне яго будзе... Адлятаючы сюды, ён не мог сказаць, куды кіруецца, якой будзе яго вайна. Няхай даруе даражэнькая мама, што ведаў і не сказаў,— так трэба было... Няхай прабачыць Лена, што не адкрыўся ёй, у якую дарогу праводзіла яна свайго Анісю,— так трэба было...

 

35

Крыты брызентам велізарны грузавік ускаціў на вуліцу Талстога і спыніўся. Пачулася каманда, і салдаты пасыпаліся з кузава. Групкамі рынуліся па дварах.

Марозны лютаўскі дзень пераваліў за сваю палавіну. Была нядзеля.

Аляксандра Пятроўна кешкалася ў хаце. То адно ўпыніць, то другое — руплівая гаспадыня заўсёды знойдзе, чым заняцца. Дома нікога не было. Майер, як заўжды, зранку некуды павалокся — ён мала калі ўседзіць у хаце і ў выхадны. З гадзіну назад, нічога не сказаўшы, кудысьці падалася Рая.

Жанчына не звярнула асаблівай увагі, што каля хаты зараўла машына,— не так ужо рэдка равуць яны і на гэтай калісьці ціхай вуліцы; не здзівілі яе шум і выгукі — і такое цяперашнім часам тут не навіна.

Яна схамянулася, калі рэзка бразнулі дзверы і ў пакой бурай уляцела Рая. На спалатнелым твары ні крывінкі, у шырока раскрытых вачах застыў жах.

— Немцы!!! — выдыхнула яна.

— Ну і што? Не бачыла гэтага гадаўя? Мала чаго ім трэба. Прыехалі і паедуць.

Аляксандра Пятроўна ўпершыню бачыла дзяўчыну такой бездапаможна-разгубленай, апанаванай страхам.

— А калі ў хлеў кінуцца?

— Стукала?..

Рая моўчкі кіўнула галавой...

Яны ўжо грукалі ў сенцах. Некалькі постацей матлянулася паўз акно пад прыгрэбку і хлеў.

Абшуквалі доўга і ўважна. Абшныпарылі ўсе куткі і закуткі, злазілі на гарышча. У пакоі Майера натрапілі на яго мундзір.

— Што гэта ест такое? — вырачыўшы вочы, спытаў той, што камандаваў вобыскам.

— У гэтым пакоі жыве ваш афіцэр. Шукайце асабліва ўважліва! — задзірыста кінула Аляксандра Пятроўна.

Яны перапаролі і пакой гаўптмана.

І тут каля хаты пачулася гучная гамана. Раіса, якая не-не ды цікавала праз акно, што робіцца на двары, зірнула і знямела: два салдаты неслі ад хлява рацыю...

У хату ўскочыў высозны салдат з ружовымі ад марозу шчокамі і скорагаворкай нешта выпаліў камандзіру вобыску. У таго злавеснай радасцю загарэліся вочы. З ухмылкай гледзячы на Аляксандру Пятроўну і Раю, ён з гуллівай пачцівасцю вымавіў, натужна падбіраючы словы:

— Я вельмі шкадую, але нам і вам трэба пайсці разам...

 

Раю павялі на допыт толькі назаўтра ўранку. Як прывезлі і замкнулі ў гэтай бруднай малюсенькай каморцы, у якой стаяў адзіны тапчан, так, здаецца, і забыліся на яе. Згас кароткі лютаўскі дзень, насунулася бясконцая ноч, а яе хоць бы патурбавалі. Магчыма, хтось з заўзятых службоўцаў вырашыў паднесці свайму высокаму начальству дарагі прэзент: самому зрабіць першы допыт толькі што злоўленай важнай птушкі — радысткі, якую доўга не маглі ўпаляваць. Узялі, можна сказаць, цёпленькую... А магчыма, тут быў проста псіхалагічны ход: радыстку ж амаль што спаймалі за руку, адкруціцца ёй усё роўна не ўдасца,— няхай, чакаючы размовы, папамучыцца, няхай душэўныя пакуты зломяць волю да супраціўлення. І тады, перадрыжэўшы, нажахаўшыся ад адных сваіх думак,— нідзе не дзенецца: якой бы зацятай ні была — раскрыецца. Важна ж, каб гэтая нітка раскруціла клубок,— ён, вядома, ёсць!..

Што было на душы ў Раі, калі яна апынулася ў той каморцы,— адной ёй толькі і ведама. Неяк дзіўна — страху быццам бы не было. Ён усю яе аглушыў тады, калі ў хляве праз акенца ў даху ўбачыла на вуліцы машыну з салдатамі і зразумела, што папалася. І яшчэ — калі згледзела, што нясуць яе рацыю. А потым, калі везлі ў машыне, калі ўвапхнулі сюды і пакінулі адну,— страх паволі пачаў асядаць, глухнуць, з’явілася тупая абыякавасць. Нібыта не з ёю ўсё гэта адбылося і адбываецца... А можа, нічога не здарылася і ўсё абыдзецца і будзе, як і было?..

Чым больш авалодвала Раяй заспакаенне, тым мацней бралі думы. Бязлітасныя, няўмольныя, яны прынеслі аглушанай свядомасці прасвятленне і ўрэшце поўную яснасць. Толькі тады дзяўчына да канца ўразумела, што адбылося і што яе чакае...

Пра тое, што перадачу могуць запеленгаваць і яе арыштаваць, Рая ведала і да такога гатова была. Але неяк не думалася, што так хутка яно здарыцца. Асцерагалася ж, як магла. З кватэры ні разу не перадавала. Выбіралася з дому з клункам-рацыяй за плячыма (ці мала жанчын з клункамі ходзіць цяперашнім часам па знявечаным горадзе), аблюбоўвала глухую мясціну ці якое сутарэнне ў руінах, рабіла перадачу і знікала... Як на тое ліха, апошнія дні са тры Рая адчувала сябе блага, нешта ёй вельмі нядужылася, у яе ледзь ставала сілы цягацца на службу ва ўправу. На ўчарашні дзень быў прызначаны яе абавязковы выхад у эфір. Дзяўчына рызыкнула ўключыць рацыю ў хлеўчуку...

Што яна ў нявыкрутным становішчы, сумненняў не было ніякіх: рацыя — неабвержны доказ. Пачнуць дапытваць, хто яна, адкуль, як з’явілася тут. І дурню набітаму зразумела — радыстка-дэсантніца... Значыць — выкладай, з кім прызямлілася, з кім звязана, хто паспрыяў асталявацца ў горадзе...

«Бедная Аляксандра Пятроўна! Яна ўжо ў іх руках, і ніяк ёй не апраўдацца: у яе ж хляве знойдзена рацыя, у яе ж хаце я жыла... Легенда са сваячкай лопнула... Могуць страсянуць і Кернажыцкага — каго ж ты браў на работу, адкуль ведаеш гэтага чалавека?.. Да Шыдлоўскага і Пятра трасцу яны дабяруцца, адна яна ведае пра іх... Толькі б вытрываць і змаўчаць! Толькі б змаўчаць! Няхай рэжуць на кавалкі, але — змаўчаць!..»

Прыйшло адно рашэнне — усё адмаўляць! Нічога не ведае пра рацыю. Як яна з’явілася ў хляве,— ніякага ўяўлення не мае. І ўвогуле, рацыя для яе — немаведамая скрынка, да якой з яе розумам і не падступіцца!.. А легенда са сваячкай няхай застаецца — усё ж такі хоць нейкая аргументацыя з’яўлення ў Мінску. Іншай няма, на гэтую і трэба націскаць...

...Допытам Раі і сапраўды вялікая шышка кіравала — оберст. Абчэплены крыжамі, медалямі, мажны, спрэс сівы, ён важна раскінуўся ў крэсле і праз вяртлявага, увішнага перакладчыка дробненькага росту задаваў пытанні.

Калі ўвялі арыштаваную, оберст спрактыкаваным вокам майстра допытных спраў сам сабе адзначыў, што цяжкой размовы не будзе. Хіба ж не скажа зараз яму, фон Дранцыгеру, усё, што яго цікавіць, гэтае дзяўчо, амаль дзіця? Зацятых асаў розных еўрапейскіх разведак ставіў на калені і выцягваў з іхніх душ тое, што трэба было, а тут...

Раю пасадзілі каля стала, насупраць оберста, і ён тонам спагадлівага начальніка, да якога звярнуліся са скаргай на незаслужаную крыўду, спытаў:

— Дык раскажыце, за што вас прывялі сюды?

І пытанне, і яго тон былі для Раі нечаканымі. Крыху сумеўшыся, яна авалодала сабой:

— А я і сама не ведаю, за што...

Оберст паблажліва ўсміхнуўся:

— Ну, гэта ўжо вы жартуеце!..

— Не, праўда,— не ведаю...— вяла сваю ролю Рая.— Уварваліся ў хату салдаты і, нічога не сказаўшы, прывялі сюды. Нейкае непаразуменне...

Оберст зарагатаў. Рагатаў доўга, залівіста. Ад смеху запунсавеў яго твар. Выціраючы насоўкай вочы, ён звярнуўся да гаўптмана, які стаяў поруч:

— Скажыце, гаўптман, можа, і сапраўды гэта непаразуменне? Чаго яна тут?

— Глупства вярзе, гер оберст,— ухмыльнуўся афіцэр.— Добра ведае, чаму трапіла сюды. У адной жа машыне везлі і яе рацыю...

Фон Дранцыгер нібы схапіўся за сказанае гаўптманам:

— А-а-а, рацыя!.. Вось бачыце, а кажаце, што не разумееце, чаго вы тут...

— Ніякай рацыі я не ведаю! І адкуль яна, і чыя яна, і чаго вы яе да мяне вяжаце!..— Рая старалася ўкласці ў свае словы як мага больш злосці і абурэння.— Чаго вы да мяне прычапіліся з нейкай рацыяй?

— Дык, можа, ваша гаспадыня — радыстка? — зноў зарагатаў оберст.— У яе ж хляве знайшлі рацыю. Значыць, ці вы радыстка, ці яна... Нядобра, фройляйн, так падводзіць чалавека, які даў вам прытулак, нядобра!.. Ну, за тое, што яна дала прытулак савецкай радыстцы, ёй давядзецца адказваць...

— Няпраўда! — выгукнула, перапыняючы, Рая.— Яна дала прытулак сваёй сваячцы! А пра рацыю і яна нічога не ведае!..

— Скажыце, калі ласка,— ні адна, ні другая не ведаюць, як у хляве з’явілася рацыя! — стрымліваючыся, працадзіў фон Дранцыгер.— З неба звалілася, ці што? — І тут жа ўсхапіўся з крэсла.— Вось іменна — з неба! Разам з табой, парашутысткай!..

Оберст стаяў каля Раі і еў яе вачыма.

— Ну, вось што, дзеўка,— зашыпеў ён,— кінь прыкідвацца дурнічкай! І не прымай мяне за ёлупня, які паверыць тваёй балбатні! Калі не раскажаш, хто ты і што ты, то пашкадуеш, што на свет нарадзілася!..

— Нічога я не ведаю, няма чаго мне расказваць,— ціха вымавіла Рая.

— Гаўптман! — раўнуў фон Дранцыгер.— Займіцеся!..

Бразнуўшы дзвярыма, ён выйшаў.

 

Аляксандру Пятроўну дапытвалі ўслед за Раяй. Оберст Дранцыгер на допыт не прыйшоў. Ён быў раз’юшаны, што сюрпрыз з радысткай аказаўся не толькі не з прыемных, а проста, можна сказаць, зняважыў гонар яго. Хто б падумаў, нейкае зялёнае дзяўчо, лічы што схопленае на месцы злачынства, і — поўная асечка!..

Так сталася, што справу Аляксандры Пятроўны вёў той жа самы лейтэнант Мюфке, які займаўся допытамі яе ў час таго першага яе арышту. Можа, выпадкова атрымалася, а хутчэй за ўсё — арыштаваную даручылі следчаму, у руках якога яна пабывала ўжо.

Аляксандра Пятроўна пазнала Мюфке. Ён амаль ніколькі не змяніўся, гэты белабрысы сярэдніх гадоў невысокі хударлявы немчык. Гэтаксама змрочна спадылба глядзеў, калі кідаў рэзкія кароткія пытанні, спыняючы позіркі то на ёй, то на перакладчыку. Толькі прыкмеціла яна, што паглыбелі маршчыны на ягоным яшчэ маладжавым твары. Яна не раз тады ўглядалася ў гэтыя невыразнага колеру вочы, у гэтыя маршчыны, і яны ўрэзаліся ў яе памяць, відаць, на ўсё жыццё... «Так, паглыбелі маршчынкі, і гусцейшай зрабілася іх сетка... З чаго б гэта, пане, за нейкі годзік?..»

Першы допыт Мюфке пачаў, нібы працягваючы нядаўна перапыненую размову: субяседнікі добра помняць, пра што гутарылі, на чым спыніліся, таму гаворка імкне абаіх адразу далей:

— Расказвайце пра ўсё, як з’явілася ў вас Абакумоўская, хто вам яе рэкамендаваў, з кім мае сувязь. З кім маеце сувязь вы... Самі ж разумееце, што адпірацца вам няма абсалютна ніякага сэнсу. Толькі поўнае прызнанне можа ўратаваць вас...

Даслухаўшы перакладчыка, Аляксандра Пятроўна некалькі мінут сядзела ў нейкім здранцвенні, са скамянелым тварам. Яна разумела, што гэта ўжо канец, што ратунку ніякага няма і казаць што-небудзь зусім бескарысна. Але калі вокрык следчага вывеў яе са здранцвення, пачала расказваць, пра што загадзя надумала. Пра тое, што Раіса яе сваячка з Беластока, бацькі загінулі пры бамбёжцы і яна, калі жыць вельмі крута давялося, прыехала ратавацца ў Мінск да яе, адзінай родзічкі. Ніякая яна не радыстка. Адкуль узялася ў хляве рацыя,— ведаць не ведае... А што да сувязі яе, Аляксандры Пятроўны, з партызанамі ці падпольшчыкамі, дык гэта такая ж лухта, якую прыпісвалі ёй і ў мінулы арышт...

Так, лейтэнанту Мюфке і без гэтага яе напамінку вельмі выразна згадаўся той арышт. І не толькі таму, што, ідучы на допыт, уважна перагартаў справу, якую калісьці вёў. Тая ж справа на яго некароткім следчым шляху была адзінай, калі чалавек выйшаў на волю! Адзінай! Такое — запомніш!.. Праўда, так трэба было. Прыкончыць арыштаваную, вядома, маглі б. Але колькі той карысці было б, каб знішчылі яшчэ адну нейкую там савецкую бабу!.. Вось ён тады і прапанаваў выпусціць арыштаваную як прынаду — а можа, на яе сапраўдная здабыча клюне?.. Яго задуму ўхвалілі. Аднак прайшло столькі часу, ніякіх сігналаў ад тых, што цікавалі за Аляксандрай Пятроўнай, не паступала. Мюфке гатовы быў змірыцца з думкай, што яго разлік праваліўся. Аж бач ты — папалася!.. Няхай сабе гэта справа рук пеленгатараў, а не яго хлопцаў. Аднак жа гэты невідочны паядынак ён выйграў — сувязь з партызанамі яна ўсё-такі мела, больш таго — дала прыстанішча савецкай радыстцы... Цяпер ужо нікуды не дзенецца, варта толькі ўмела павесці справу,— і пасля вялізнай паласы няўдач, якія вось-вось гатовы былі скончыцца адпраўкай на фронт, лейтэнант Мюфке закілзае сваё шчасце!..

Першы допыт не абяцаў нічога суцешнага. З якога боку ён ні падступаўся, Аляксандра Пятроўна наадрэз адмаўлялася прызнаць, што хавала радыстку. На ўсе довады нязменны быў адказ: Рая — не радыстка, а сваячка. Праверце... Гэта ўжо гучала амаль што як здзек: хто мог такое праверыць? А яна стаяла на сваім — праверце...

Мюфке адчуў, што перад ім усё той жа непахісны ў сваёй зацятасці чалавек, што быў і тады. Ад допыту да допыту цьмела і згасала яго надзея зламаць Аляксандру Пятроўну і змусіць яе да прызнання. Яе білі. Білі жорстка, бязлітасна, катавалі майстры сваёй справы. І ўсё марна. Змардаваная, напаўжывая, яна або маўчала, сцяўшы зубы, або адмаўляла тое, у чым яе абвінавачвалі. Мюфке нарэшце паабяцаў Аляксандры Пятроўне вызваленне за самую, як ён сказаў, бяскрыўдную драбязу — паведаміць, хто наведваўся да Раісы за час, калі тая аб’явілася ў Мінску. Яна адсекла і гэту апошнюю надзею гітлераўца. І ён вымушаны быў сам сабе прызнацца ў сваёй поўнай бездапаможнасці перад гэтай скатаванай жанчынай, у якой ледзь-ледзь ліпіць жыццё...

А ёй цяпер жадалася толькі аднаго — хутчэй бы ўжо ўсё канчалася... Пра выбаўленне ж і думкі ніякай не можа быць. Дык няхай бы адным разам спыніліся ўсе пакуты, усе гэтыя мучэнні...

І ўсё ж паміраць не хацелася, ой як не хацелася!..

Пажылося на свеце хоць не так ужо і мала і пабачылася не так мала, а паміраць не хочацца... Няма таго супакаення, калі чалавек можа сказаць, што цяпер і памерці не страшна. Ёй — страшна! Мабыць, віной таму ён, Валодзік... Яна ж памрэ, так і не дазнаўшыся, што сталася з ім, ці ступаюць яшчэ па зямлі ножкі яе хлопчыка... Каб ведала, што ён жывы, што ён выйдзе жывы з гэтай пякельнай калатнечы і будзе ладзіць сваё чалавечае шчасце,— вось тады спакойна прыняла б смерць. Было б адчуванне нейкай завершанасці таго, што рабіла праз увесь свой век. Было б адчуванне, што нешта застанецца пасля яе, што яна прадоўжыцца на зямлі. У Валодзіку яна прадоўжылася б, не знесла б з сабой усю сябе на той свет...

 

У той дзень нешта надта доўга не бралі яе на допыт. Сама сабой з’явілася думка: усё, адгаравала... Адно невядома: што будзе — шыбеніца ці расстрэл?.. Толькі б не шыбеніца! Толькі б не матляцца ў пятлі навідавоку ў людзей, як матляліся тыя, якіх столькі разоў яна бачыла! Куля — і ў зямлю!..

Аляксандра Пятроўна здрыганулася, калі ў дзвярах камеры зашоргаў ключ.

Дзверы адчыніліся, і яна вачам сваім не паверыла — парог пераступіў гаўптман Майер.

У яго быў выгляд чалавека адначасна і збянтэжанага, і разгубленага, і вінаватага.

Зачыніўшы дзверы, ён ціха прамовіў:

— Не здзіўляйцеся майму прыходу. Я ведаю пра ўсё, што з вамі адбылося. Я ж сам працую ў падобнай установе. Чытаў вашу справу. Мяне таксама дапытвалі як вашага кватаранта...

Словы цяжка даваліся гаўптману, але ён напружваў сваю памяць і сяк-так здабываў з яе патрэбныя.

— Буду адкрыта казаць, набярыцеся сілы слухаць горкую праўду... Вам дрэнна... Усё супраць вас. Яны не вераць, што вы не ведалі пра радыстку... А Рая малайчына. Яна нічога не сказала. Яе павесяць... Мне загадалі пагутарыць з вамі тут, у камеры, як гэта называецца, неафіцыйна, каб вы хоць што-небудзь сказалі, каб прагаварыліся... Я ведаю, што вы такога не зробіце... І не рабіце... Вы вялікі чалавек... Вы сапраўдны чалавек... Мужайцеся...

Майер змоўк. Утрапёна маўчала яна.

Калі маўчанне зрабілася нясцерпна доўгім, гаўптман павярнуўся і ступіў да дзвярэй.

— Стойце...— глуха азвалася Аляксандра Пятроўна.— А ці не... можна, каб мяне не... вешалі, а... расстралялі?..

Майера скаланула яе запытанне, на нейкі момант ён знямеў. Справіўшыся з сабою, вымавіў:

— Не ведаю.... Папытаю... Паспрабую...

 

36

Пад раніцу бой пачаў паволі сціхаць. Зрэдку то тут, то там яшчэ разлягаліся выбухі гранат, усчыналася траскатня аўтаматаў і кулямётаў, ляскалі адзінкавыя вінтовачныя стрэлы, але паступова ціша асядала на сяло. Толькі-толькі пачынала брацца на золак, густое цемрыва яшчэ вісела над аглушанымі грукатам хатамі, пад стрэхі якіх сон у гэтую ноч і не завітваў. Сям-там была відната — гарэлі падпаленыя ў часе бою будыніны. Адтуль даляталі бязладныя крыкі, полымя высвятляла там людскую мітусню. На рагу адной з вуліц зырка палаў бранявік. Вакол яго не было ні душы, і магло здацца дзіўным, навошта запалілі і кінулі тут гэты яркі факел...

Камбрыг Бойка ледзь стрымліваў радасць: то была сур’ёзная перамога! Сарвалі дэталёва прадуманую аперацыю! Ды не толькі сарвалі,— саміх карнікаў узялі ў абцугі і размалацілі!..

Іосіф Макаравіч вырашыў правесці тут жа, у сяле, невялікую нараду камандавання. Трэба было падвесці вынікі бою, аддаць неадкладныя загады, паставіць бліжэйшыя задачы. Гэта была першая буйная аперацыя, у якой бралі ўдзел асноўныя сілы ўсёй брыгады, і разбор яе, няхай сабе пакуль што беглы, сціслы, вельмі неабходны быў.

У прасторную хату, якую для нарады падшукаў увішны ардынарац камбрыга Лёня Цітавец, адзін за адным заходзілі выкліканыя. Яны яшчэ не астылі пасля бою і ўзрушана перамаўляліся. У некаторых бялеліся свежыя павязкі. Напаўняючыся людзьмі, хата напаўнялася гаманой.

Пачалі нараду кароткімі справаздачамі начальнікаў штабоў атрадаў пра ход бою, пра дзеянні падраздзяленняў.

Яшчэ не было поўных і дакладных звестак пра разгортванне ўсяго бою, пра яго падрабязнасці і дэталі, але агульная карціна выступіла досыць выразна і вынікі былі відавочныя. Па-першае, брыгада добра такі пакалашмаціла групоўку карнікаў, па-другое,— і гэта было самае важнае,— партызаны засцерагліся ад небяспекі быць уцягнутымі ў цяжкія зацяжныя баі, якія маглі скончыцца блакадай. А іменна на гэта — блакаду і разгром партызан — і была разлічана, на гэта і была нацэлена ўся карная аперацыя гітлераўцаў.

Пра тое, што такая аперацыя задумана і вось-вось пачнецца, камандаванню брыгады стала вядома. Партызанскія сувязныя і разведчыкі данеслі, што ў раёне вялізнага сяла, якое раскінулася на Мінска-Барысаўскай шашы, сцягваюцца карныя падраздзяленні. Было зразумела, што робіцца гэта нездарма. Разведчыкам быў дадзены загад як мага хутчэй дазнацца, што ж надумаліся гітлераўцы. Хлопцы выканалі загад — лепш не трэба: узялі вельмі ж важнецкага языка — обер-лейтэнанта, што каціў на матацыкле з сакрэтнымі дакументамі. І дакументы, і сам обер-лейтэнант, якога прымусілі падзяліцца вядомымі яму сакрэтамі, раскрылі варожыя намеры і планы. З таго моманту падзеі развіваліся імкліва. Узнятыя па трывозе, усе тры атрады былі кінуты ў раён сяла, запруджанага карнікамі, з надыходам змроку аблажылі яго з усіх бакоў і завязалі начны бой...

— Так, таварышы, сёння, можна сказаць, на нашай партызанскай вуліцы радаснае свята,— гаварыў, падагульняючы нараду, Бойка.— Як той казаў, добра папрацавалі, то і добры ўраджай сабралі! Наладзілі фрыцам, як кажуць, кацёл. Гэты наш кацялочак увальецца ў той вялізарны кацёл, што нядаўна адкіпеў на Волзе, і будзе рабіць сваю справу. Галаварэзы, якіх мы паклалі тут сённяшняй ноччу, не прыйдуць на падмогу тым ваякам, што драпаюць пасля Сталінградскага разгрому... Не ўсім суджана дайсці да перамогі — такі бязлітасны закон вайны. Дарога да перамогі непазбежна пазначаецца магіламі. Вось і сёння на адну вялікую брацкую магілу стане больш на зямлі. На гэтым кавалку нашай беларускай зямлі пасля сённяшняй ночы...

 

Калі добра ўднела, заварушыўся над зямлёю вецер. Спачатку гэта былі кволыя павевы, якія лена, быццам неахвотна, праходжваліся ў паветры, спускаючыся долу і блытаючыся паміж хат. Потым нібы хтосьці сагнаў з ветру гэтую ляноту, і ён узяўся за сваю работу з увішнай стараннасцю і зацятасцю. Загойсаў па заснежаным наваколлі, засвістаў і заскуголіў на розныя лады. Усчалася завіруха. Мароз трымаў злосны, узмоцнены ветрам, ён агнём пёк твар, працінаў наскрозь.

Магілу капалі пасярэдзіне сяла, у самым яго цэнтры. Адну на ўсіх, брацкую. За адну вялікую справу змагаліся, адзін лёс напаткаў, няхай і спачываюць вечным сном разам. Некалі тут паставяць ім агульны помнік. Сюды будуць прыходзіць людзі. З чалавечай удзячнасцю. З жывымі кветкамі для мёртвых...

Скаваная марозам зямля паддавалася не надта. Рыдлёўкі і недзе здабытыя ламы толькі выкрышвалі ў ёй, скамянелай, сантыметр за сантыметрам, часам выкрасаючы іскры. Згледзеўшы такую работу, камандзір падрыўнікоў Валодзя Гайдуковіч прапанаваў капануць зямлю выбухам. Балазе ў тую ноч добра разжыліся ў карнікаў — сярод багатых трафеяў было нямала і ўзрыўчаткі, розных мін. З Валодзем згадзіліся. Ірванулі добры зарад. З агромністай варонкі рабіць магілу было ўжо куды лягчэй.

Забітых зносілі і звозілі да месца пахавання. Іх было нямала. Бой кіпеў у шырокім наваколлі і ўсюды быў бязлітасны. Абложаным адступаць не было куды, гэта яны зразумелі, калі велізарны вогненны абруч пачаў няўмольна сціскацца. Ішла бітва на знішчэнне. А такая бітва на смерць шчодрая...

Завіруха тым часам не сунімалася. Каля будынкаў і платоў ужо горбіліся свежыя сумёты снегу. Вецер па-ранейшаму віхурыў і шпурляўся снежнай пацярухай.

Гэтае сяло за сваё жыццё не ведала ні такой ночы, ні такой раніцы. Перакалаціўшыся за ноч, людзі толькі ўранку дазналіся, што тут адбывалася і адбылося. Здзіўленню, ахам і охам канца-краю не было. Чулі, ведалі, што ў лясах шмат партызан, якія таўкуць немцаў. Тыя аж шалеюць, ганяючыся за імі, за некаторых шалёныя грошы абяцаюць таму, хто дапаможа злавіць. А хто б мог падумаць, што ў партызан такая сілішча! Гэта ж цэлае войска! Такі бой далі ўзброеным да зубоў гітлераўскім ваякам, так растрыбушылі! Цяпер, бач, ужо і тут, у сяле, гаспадары, а не толькі ў лесе!..

На завіруху не зважалася — павыпаўзалі з хат і старыя, і малыя. Падлеткаў — адкуль іх гэтулькі і набралася! Дзіва што — свае ж прыйшлі, родныя! Праклятых прыблуд — нізвання, адны толькі трупы валяюцца, а тыя, што паднялі рукі,— вунь яны, мерзнуць, сагнаныя ў кучу. Прытопваюць нагамі, варушацца, стараючыся сагрэцца. На тварах — разгубленасць, страх, роспач. Гэтых ужо можна не баяцца, яны ўжо абясшкоджаны!..

Іх разглядалі зблізку, так, як у звярынцы разглядаюць тых, што за рашоткамі. Небяспечны на волі звер — бясшкодны ў клетцы. Гэтыя бясшкоднымі зрабіліся, калі з іх рук выбілі зброю. Цяпер у іх галовах адно — як бы ўцалець, як бы не рашылі жыцця... Такое — і ва ўмольных позірках, у працятых страхам істотах.

Заваёўнікі! Гідка глядзець!..

Валодзя стаяў у гурце партызан і вяскоўцаў, што абступілі магілу, у якую зноў і зноў апускалі загінуўшых. Яму міжволі кінулася ў вочы адна старэнькая бабулька, якая праціснулася да ямы з процілеглага краю. Яна ўважліва ўзіралася ў твар кожнага забітага. Можа, пазнавала каго з родных ці сваякоў?.. Да самага апошняга правяла яна тым пільным маўклівым позіркам усіх нябожчыкаў...

Было відаць, што бабуля не чула і не бачыла нічога наўкола, не чула прамоў над магілай,— усё гэтак жа маўкліва і ўважліва пазірала на забітых. Схамянулася толькі тады, калі суха трэснуў развітальны залп. Стрэлы вывелі старэнькую з нейкага здранцвення, у якім яна ўвесь час знаходзілася, нечым, мабыць, сцебанулі па яе памяці, яна машынальна, услед за іншымі, кінула ў магілу жменю зямлі і паклыпала дамоў.

Даганяючы бежкам атрад, Валодзя азірнуўся: постаць бабулі ўжо ледзь віднелася ў снежнай завеі.

 

37

Кашаль вымучыў Хведара Васільевіча да рэшты. Вось ужо каторы дзень бухае небарака, не ведаючы спачыну. Сухі, надрыўны кашаль, агнём пячэ нутро, тупым болем аддаецца ў галаве. Увачавідкі змізарнеў чалавек, абнядужаў так, што не стае сілы варухнуць ні рукой, ні нагой. Чырванню палае твар, гарачкавы бляск у вачах.

Цяжкае запаленне лёгкіх скруціла Хведара Васільевіча. Скруціла, можна сказаць, у момант. Ці то яго добра праняло на скразняках, якія гуляюць у майстэрні дзе ні павярніся, ці якая іншая напасць, толькі пад вечар таго дня ён адчуў сябе блага. Шумела ў галаве, з’явілася млявасць, схлупіла ў грудзях. Ён давалокся сяк-так дамоў і, не вячэраўшы, лёг.

Антаніна Сцяпанаўна замітусілася, забожкала:

— Хведарка, дык ты ж захварэў! Бач, агнём гарыш... Што з табою?

— Ды нічога такога, маці, трохі занядужылася. От пасплю, і ўранку ўсё пройдзе.

Але ўранку Хведару Васільевічу не палепшала. Усю ноч ён пракачаўся без сну. На сваім вяку ён рэдка калі моцна хварэў і не надта зважаў на хваробы, а на гэты раз мусіў прызнацца, што яго добра такі спляжыла. Ён увесь гарэў, яму то рабілася горача, то калаціла ад холаду. Пра работу, вядома, і думаць не было чаго.

Антаніна Сцяпанаўна кінулася ў рупесак па доктара. Ды дзе было знайсці яго такім часам?.. Але яна знайшла — згадала даўняга-даўняга знаёмага сям’і, які перад вайной рабіў у чыгуначнай паліклініцы. Доктару не давялося ламаць галаву, што за хвароба навалілася на Хведара Васільевіча,— ён распазнаў яе адразу. Ужо немаладому арганізму, які, да таго ж, не раскашаваў на акупацыйным пайку, трэба было справіцца з крупозным запаленнем лёгкіх. На гэта і была ўся надзея. Ды яшчэ — на хатнюю аптэку Антаніны Сцяпанаўны, на яе лекі.

Гэта засталося ў яе з пары вясковай маладосці — мама прывучыла збіраць розныя лекавыя травы, высушваць іх і захоўваць: калі ўкінецца ў хату якая хвароба,— пакуль тыя дактары, дык сваімі зёлкамі можна ратавацца. Звычка засталася і тады, як Рускевічы пераехалі ў горад. Бываючы на рынку, Антаніна Сцяпанаўна зазірала да цётак, якія прадавалі ўсялякія зёлкі, выбірала патрэбныя, даводзіла іх да ладу, і яны ў яе хаце ніколі не зводзіліся. Гэты занятак жанчыны не быў пустым клопатам. Не раз яна пускала ў ход свае лекі, калі жылі са сваім Хведарам удваіх, а яшчэ часцей — калі з’явіліся дзеці...

І перакалацілася ж Антаніна Сцяпанаўна некалькі дзён! Хведар Васільевіч то ўпадаў у забыццё, то пачынаў трызніць. Апрытомнеўшы, часам не пазнаваў яе, абыякава глядзеў у столь і маўчаў. Аднаго разу так напужаў, што яна траха не самлела: апоўначы заснуў, сцішыўся настолькі, што ёй падалося — не дыхае... Яна гатова ўжо была ўзняць крык. Памацаўшы пульс, супакоілася: Хведар спаў глыбокім сном. Мабыць, то наступіў пералом у хваробе. Ён праспаў усю тую ноч і ўвесь дзень. Прачнуўся пасвяжэлы, паклікаў Антаніну Сцяпанаўну, загаварыў, папрасіў есці. Пасля таго пакрысе пайшоў на папраўку.

Бацькава хвароба пасля нядаўняй гібелі Нічыпара аглушыла Ларыка. Можа, таму, што адно і другое наваліліся амаль услед адно за адным. Тая жахлівая смерць яшчэ стаяла ўваччу, а тут каля парога цікавала ўжо новая. Ларык не мог сабе ўявіць, што бацька сканае ад нейкай недарэчнай хваробы, якая магла ж не налучыцца на яго, прайсці міма. І таты не будзе, і яму, Ларыку, аднаму несці праз усё сваё жыццё тую страшную тайну, што ведае ён ды бацька. Удвух жа ўсё-такі куды лягчэй было б.

...Ён тады віхурна ўляцеў у хату. Жахам працяты твар. Невымоўны адчай у вачах.

— Нічыпар вісіць!..— задыхана вымавіў на парозе.

— Што, што ты сказаў? — Хведар Васільевіч, нічога не цямячы, ірвануўся да Ларыка.— Што ты сказаў?!.— паўтарыў ён, аберуч абхапіўшы галаву сына і пранізваючы яго позіркам, у якім застылі страх і роспач.

— Нічыпар... вісіць... у парку...

І тут да Хведара Васільевіча дайшоў сэнс Ларыкавых слоў. Ён знямела глядзеў на сына, каўтаючы і ніяк не могучы пракаўтнуць камяк, што засеў у горле.

— У парку?..

— У парку. Я праходзіў там. Убачыў на горцы шыбеніцу. Падышоў. Гляджу — ён...

Лютая вестка так аглушыла Хведара Васільевіча, што ў яго, здавалася, адняло і мову, і разважнасць. Ён страшна маўчаў і ўсё стаяў нярушна каля сына. Ларык, не зводзячы з бацькі вачэй, пачаў баяцца яго знямеласці. Трэба было нешта рабіць, дзейнічаць, а ён разгублена стаіць, бездапаможны, варты жалю.

Нарэшце Хведар Васільевіч нібы ачомаўся. Загаварыў:

— Вось што, Ларык: маме — ні слова... Ты ж ведаеш, якая яна ў нас. Гэта яе даканае... Зразумеў?

— Ну, што вы, тата!..

— А зараз мы пойдзем да яго. Да Нічыпара. Я хачу пабачыць яго. Развітацца... Балазе мамы няма дома...

Яны спяшаліся — да каменданцкай гадзіны не так далёка было.

Вечарэла. Прыцемак толькі-толькі пачынаў гусцець у вышыні, збіраючыся неўпрыкметку апусціцца на горад.

Рэдкія прахожыя трапляліся ім насустрач. Тых, што ішлі ў адным з імі кірунку, яны абганялі. І наўрад ці хто з сустрэчных і спадарожных здагадаўся, куды спяшаюцца гэтыя двое, на якое спатканне спяшаюцца бацька і сын...

Яно і самому Хведару Васільевічу ніяк не ўяўлялася тое страшнае спатканне. Не верылася, што ідуць на такое спатканне. Не верылася, што сказанае Ларыкам — праўда... Ён проста ішоў, бо так трэба, бо Ларык сказаў, што там іх Нічыпар вісіць... У галаве ўсё зблыталася, змяшалася, думак і чарада, і ні адной. Нейкая пустата, адначасна — і лёгкасць, і цяжар, які гняце, душыць. Спакой і — прадчуванне страху, які то наблізіцца так, што, здаецца, дыхае ў твар, то адплывае ў такую далеч, што яго ўжо зусім няма...

Хведар Васільевіч машынальна перастаўляў ногі, ідучы ўслед за сынам, які вёў да таго, другога сына...

Парк сустрэў іх нематой. Тут і ўдзень не вельмі каго ўбачыш, а ў гэты перадвячэрні час у ім не было ні душы.

У некалькіх кірунках парк перасякалі сцяжыны, прабітыя людзьмі, якія скарачалі тут свае маршруты. Па адной з іх і павёў Ларык бацьку.

Пазаўчора ледзь не цэлы дзень шалела завея, сцяжыну яшчэ слаба пратапталі, і ісці было цяжка. Ногі грузнулі ў сыпкім снезе, раз-пораз слізгалі, раз’язджаліся.

Хведар Васільевіч след у след ступаў за сынам, бачыў перад сабой толькі яго ногі, што пакідалі яму на сцежцы паўзасыпаныя ямкі-слядкі, у якія ён стараўся цаляць сваімі ботамі. Бадай, адно было ў яго тады ў галаве — калі ж спыняцца тыя ногі?..

І яны спыніліся.

— Вунь...

Ён ступіў са сцежкі і па цаліку пайшоў да павешанага. Снег быў у калена, вялікая натуга патрэбна была, каб выцягваць і перастаўляць ногі, а ён зашыбаваў так, што Ларык ледзь паспяваў за бацькам.

Хведар Васільевіч глядзеў на роднае аблічча і не пазнаваў... Так, гэта ён, Нічыпар, і — не ён...

«Што яны зрабілі з табой, сынок, што зрабілі!..— Яго душылі слёзы, даўкі камяк зноў і зноў падступаў да горла — не прадыхнуць.— Нічыпарка, дзіцятка родненькае, што гэта такое?.. Ну, скажы — як, як паверыць, што ты ўжо нежывы, што ўжо не будзе цябе на свеце?.. Няўжо ж гэта праўда, што аніколі ніхто цябе і не пабачыць, і не пачуе, што ты згінеш назаўсёды?.. Як і не было... Толькі ўспамінаць можна будзе... Няўжо ж гэта праўда?..»

Хведар Васільевіч то пазіраў утрапёна на сынаў труп, які застыў у нярушным паветры, то адводзіў вочы ўбок, гледзячы перад сабой і нічога не бачачы. Ён гнаў ад сябе неўсвядомленае вострае жаданне падысці і дакрануцца рукой да таго, што зусім нядаўна было яго Нічыпарам, што жыло, рухалася, гаварыла, а цяпер вісіць тут, як нешта пакінутае, забытае, нікому не патрэбнае. Ён баяўся: сэрца і зараз калоціцца так, што гатова разарвацца,— таго дотыку яно не вытрывае...

— Тата, мо пойдзем...— пацягнуў Хведара Васільевіча за рукаў Ларык. Яму рабілася страшна і ад доўгага бацькавага маўчання, і ад яго дзіўнага пагойдвання. Сам ён нагледзеўся на брата пры тым першым спатканні з ім, мёртвым. І тады, і цяпер тое, што здарылася, усур’ёз ён неяк не ўспрымаў. Чымсьці несапраўдным здавалася яму ўсё гэта, нібыта нейкай страшнай гульнёй... Ну, хіба можа быць, што іх Нічыпар зусім-зусім не прыйдзе дамоў, што яго ўжо няма на векі вечныя?..

— Пойдзем...— ледзь чутна выдыхнуў Хведар Васільевіч.

Трэба было нешта рабіць — не стаяць жа тут немаведама колькі. Нічыпару яны ўжо непатрэбны. Аніяк непатрэбны... А ім неяк жа трэба жыць, калі ўцалелі. Адзін д’ябал мог бы сказаць, чаму і яго, і Ларыка, і Антаніну не адправілі на той свет. У гэтых жа звяруг завядзёнка вядомая: спаймаюць на чым-небудзь нашага чалавека — канцы яго родным і блізкім... Не важна, ведалі ці не ведалі яны, што рабіў ці зрабіў гэты чалавек,— дастаткова таго, што быў іх сваяком. А тут... Можа, таму пакінулі жывымі, што яны, на самой справе нічагусенькі не ўяўляючы, на чым папаўся Нічыпар, былі на допытах надзіва натуральна шчырымі і тым кранулі гадаўскія сэрцы сваіх мучыцеляў... Хто ведае, але ж вось бач, выпусцілі...

Хведар Васільевіч загаварыў каля самай хаты:

— Яшчэ раз прашу цябе, Ларык. Ты ўжо дарослы, павінен ўсё разумець. Барані божа — не прагаварыся маме пра Нічыпара! Няхай пакуль што нічога не ведае. Яна пачала звыкацца, што яго загубілі. Яна ўжо яго пахавала. Другога пахавання, ды яшчэ такога, яна не вытрывае...

 

Антаніна Сцяпанаўна і сапраўды ўжо аплакала свайго старэйшанькага. Калі яны тады ўварваліся ў хату, усё ператрэслі, калі цягалі на допыты яе, Хведара Васільевіча, Ларыка, рабілі вочныя стаўкі са змардаваным сынам,— яна зразумела, што гэта яго канец, што Нічыпаркі ў яе ўжо больш няма... А ён яшчэ жывы быў, яго яшчэ працягвалі катаваць.

І вось... вісіць у парку... І пра гэта ведаюць толькі бацька і брат... Няхай пакуль што не ведае маці. Няхай святая тайна двух родных людзей дапаможа трэцяму справіцца з невымерным горам...

 

38

Другі дзень Анішчык хадзіў устурбаваны. Яго не на жарт непакоіў сувязны Яўхім Варапай, які быў пасланы з важным заданнем у Мінск. Прайшлі ўсе тэрміны, а ён не вяртаецца. Пачаў непакоіцца і камандзір атрада Патупчык, які чакаў звестак ад Кернажыцкага,— ужо два разы выклікаў яго, Анішчыка, свайго намесніка па разведцы, пытаўся, ці не вярнуўся Варапай. А таго няма і няма. Няйначай, нешта здарылася, можа, і загінуў.

Калі мінула яшчэ два дні марнага чакання, а сувязнога ўсё не было, вырашылі паслаць у горад другога чалавека — прадубліраваць заданне і высветліць, калі ўдасца, што з Яўхімам Варапаем. Перабіраючы, каго накіраваць, Анішчык успомніў, што да яго некалькі разоў звяртаўся Валодзя Гайдуковіч з просьбай дазволіць схадзіць у Мінск — там жа яго маці. На гэты раз дазвол не выклікаў ніякіх пярэчанняў — горад падрыўніку знаёмы, смеласці і кемлівасці ў яго стае, заадно заскочыць і дахаты.

Валодзя ішоў, і яму не верылася, аніяк не верылася, што гэта ж ён ідзе дамоў. Да мамы ідзе... Няўжо праўда, што вось проста так яны і сустрэнуцца? Ён бразне ў сенцах клямкай, пераступіць парог і павісне на мамчынай шыі... І не доўга да той хвілі!.. Пратупаць да горада, зрабіць, што трэба, і — прашмыгнуць у родны панадворак... Засталося толькі крышачку пачакаць,— і ён убачыць маму!..

Ён ішоў, пакідаючы за сабой кіламетр за кіламетрам. Цвёрда памятаючы наказы ў атрадзе, асцярожнічаў, як мог. На бітыя дарогі, дзе можна было наскочыць на якую праверку, стараўся не ўзыходзіць. Не шкадаваў даць круку: абыходзячы ненадзейную мясціну — абыходзіш сваю бяду...

Вясна ўжо даўно ўвабралася ў сваю моц. Яна ўжо да рэшты расправілася з суровай спадчынай зімы, даўшы зямлі колер жыцця, напаіўшы яе жыватворнымі сокамі.

Здаецца, толькі цяпер Валодзя ўпершыню чуе, што лес так звініць-разлягаецца ад птушынага граю і шчэбету. І ўпершыню дыхае такім водарным настоем паветра. І ўпершыню бачыць бяздонную сінечу неба.

А можа, гэта таму, што ён ідзе да сваёй мамы?..

Да Мінска ён дабраўся, калі дзень ужо згасаў і сутонне пачало ахінаць горад.

Раён Студэнцкай вуліцы, дзе была патрэбная явачная кватэра, Валодзя добра ведаў. Тут знаходзіўся універсітэцкі інтэрнат, у якім ён не раз бываў. Да таго ж, Студэнцкая вуліца і вуліца Талстога, дзе жылі Гайдуковічы,— у сумежных раёнах.

Яго сустрэў мужчына ў гадах. Ад Валодзі не схаваліся насцярожанасць і непакой, якія адбіліся на твары чалавека, што адчыніў яму дзверы. Пачуўшы пароль, прыязна ўсміхнуўся і запрасіў у хату.

Размова была кароткая.

Пацвердзілася горшае, што меркавалася ў атрадзе: сувязны не прыходзіў. Што з ім — невядома...

Быў надвячорак, калі Валодзя кіраваўся на родную вуліцу.

Яму не лёгка давалася ісці хадою чалавека, які нічым не ўсхваляваны і не ўстурбаваны, а проста спакойна некуды крочыць па нейкіх сваіх справах ці аднекуль вяртаецца дадому.

Ці думалася Валодзю на тым страшным расстанні з мамай, што вось такім будзе яго вяртанне? Што вось так будзе ісці дамоў — асцерагаючыся кожнага свайго кроку?..

Да болю знаёмыя мясціны кроілі сэрца, хацелася рвануцца ў шалёны бег, каб хутчэй дапасці да свае вуліцы, апынуцца каля брамкі роднага двара. Але ён утаймоўваў сябе і ступаў, як чалавек, які хіба што трохі спяшаецца.

Ні на момант не забываючы пра асцярогу, Валодзя прымусіў сябе перайсці на другі бок вуліцы — спачатку зірнуць на хату і сядзібу крыху зводдаль.

І як жа разумна гэта было!..

Ён убачыў, як на ганак выйшаў і падаўся ў глыб двара афіцэр...

«Што за праява? Афіцэр?!. Насланнё нейкае!..» Валодзя задыхнуўся ад нечаканасці.

Ён прайшоў міма хаты. Машынальна пераступаў нагамі, апанаваны думкамі.

«Што рабіць? Дамоў ісці нельга!..»

Нейкая ўладная сіла раптам спыніла яго і пагнала назад, па тым жа баку вуліцы. Недзе ў свядомасці варухнулася: «А мо здалося? Адкуль там афіцэр?..»

Але не, яму не здалося: калі падыходзіў да двара, зноў убачыў таго афіцэра — ён вяртаўся ў хату.

«Што рабіць? Што рабіць?..»

Няўцямна ступаючы, Валодзя ледзь не сутыкнуўся з жанчынай, якая ішла насустрач. Яна адхіснулася, саступаючы дарогу, і нягучна ўсклікнула:

— Божачкі, ці не Валодзька?..

Ён стаў як укопаны.

— Цётка Анэта?..

— Пазнаў, сынок, пазнаў... А як жа гэта ты тут? Адкуль жа гэта ты?..

— Я... я...— у Валодзі заняло дыханне.— Я прыйшоў... маму пабачыць прыйшоў... Праходзіў паўз двор... Нейкі афіцэр там ходзіць... Што гэта?..

Яна, нібы схамянуўшыся, адразу пасуровела. Узяўшы Валодзю за руку, ціха сказала:

— Чаго ж мы тут стаім? Пойдзем да нас...

Хата Анэты была праз два двары ад хаты Гайдуковічаў, і Валодзю яна была больш чым добра знаёмая. Змалку ён там прападаў у свайго неразлучнага сябрука Алёшкі, Анэцінага пляменніка, не раз там і яго строгая цётка частавала трапкачамі, цягала за вушы. Праўда, хлопцы аніколечкі не баяліся тых ушчункаў, бо яны не былі сярдзітымі. Анэта аўдавела ў вельмі паважных гадах, сваіх дзяцей у яе не было, і яе нерастрачаная жаночая любасць скіравалася на пляменніка, а потым і на яго вернага дружбака.

— Глядзіце, каго я прывяла! — ледзь пераступіўшы парог і прапускаючы наперад Валодзю, гукнула ў хату Анэта.

Мужчына, што сядзеў за сталом, над нечым схіліўшыся, прыўзняў галаву, паўзіраўся на таго прыведзенага і, накульгваючы, кінуўся яму насустрач.

— Валодзік! Дальбог жа — Валодзік! Валодзік!.. — душачы хлопца ў абдымках, паўтараў ён.— Дзе гэта ты, Анэтка, злавіла яго?

— Ды на нашай вуліцы. Іду, а ён некуды так разагнаўся, што ледзь не збіў мяне з ног...

Анэта спрабавала падтрымаць жартоўны тон брата, лапатала абы-што, як часам лапочуць пры вельмі нечаканых сустрэчах. Яна старалася як мага адцягнуць, аддаліць суровую размову, якая мусіла адбыцца. Яна хацела сама падрыхтавацца да тае размовы і хоць трошачкі падрыхтаваць да яе Валодзю.

На шумныя галасы з суседняга пакоя выйшла Алёшкава маці Ірына Анціпаўна. Убачыўшы Валодзю, яна ўся памкнулася да яго, прыпала грудзьмі і зайшлася ў плачы.

Казімір Дарафеевіч неяк разгублена глядзеў, як горка плача жонка, і не ведаў, што рабіць. Авалодаўшы сабой, сказаў:

— Не трэба, Ірачка... Супакойся. Можа, і наш Алёшка дзе-небудзь жывы і вернецца...

Словы Казіміра Дарафеевіча вывелі Валодзю са здранцвення.

— А што — пра Алёшу нічога невядома? — спытаў ён.

— Дзе там...— Казімір Дарафеевіч перасіліў горкі ўздых.— Ты ж ведаеш, у той год ён канчаў лётнае ваеннае вучылішча. Толькі адно пісямко і прыйшло,— пачалася вайна. Пісаў, што скора адправяцца граміць гадаў. З тае часіны — ні вестачкі!..

Так, Валодзя ведаў, што Алёшка тады канчаў лётнае вучылішча. Што сталася з ім далей,— адкуль жа яму магло быць вядома? Але ж адкуль магло быць вядома пра гэта і яго бацькам? Толькі надзеяй і жылі, толькі надзеяй і суцяшалі адно аднаго.

— Валодзя,— сказала Анэта,— можа, ты з’еў бы чаго? Мабыць жа, галодны?..

— Не, не галодны,— страпянуўся Валодзя.— Цётачка, што за афіцэр хадзіў? І як мне пабачыць маму?

Анэта апусціла вочы, твар яе са ссунутымі на пераноссі брывамі неяк адразу бы скамянеў. Загаварыла, марудзячы на кожным слове, нібы ашчаджаючы кожнае:

— Сынок, ты ўжо мужчына. Набярыся ж мужнасці... Гора ў цябе вялікае. Няма ў цябе больш мамы...

Ён у момант апынуўся каля Анэты:

— Што значыць — няма?..

— Трэба, Валодзька, перагараваць... Няма ўжо мамы... Месяцы з два назад гэта было. Наляцелі на нашу вуліцу немцы на машыне. Аблаву нейкую рабілі. Ну, у вашым хляве, кажуць, рацыю знайшлі. У вас кватаравала адна дзяўчына. Яна, кажуць, маскоўская радыстка была. Арыштавалі і яе, і тваю маму... Так яны абедзве і не вярнуліся. Невядома, што з імі зрабілі ірады... Хадзілі чуткі, што радыстку бачылі на вісельні... А той афіцэр, што ты бачыў,— ён жыве ў вашай хаце. Яшчэ з восені таго года, як пачалася вайна, закватараваў. Нябожчыца нічога благога пра яго не казала. Як забралі маці, дык у скорым часе пасяліўся ў вас і салдат. Дзяншчык ці ад’ютант таго афіцэра, ліха іх ведае. Трэба ж каму-небудзь у хаце паліць, у халоднай жа зімою не ўседзіш, а самому афіцэру гэта, мабыць, не з рукі...

Валодзя моўчкі слухаў Анэту, ні словам не перапыніў. Яго пачалі распытваць, дзе быў столькі часу, што рабіў, як тут апынуўся. Ён нешта гаварыў, адказваў, калі пра што пыталіся. І ўсё гэта нібы ў нейкім тлумным сне, без асаблівага асэнсавання таго, пра што казаў. Гэтак і з хаты выйшаў і падаўся з горада.

Валодзя вяртаўся ў атрад, дазнаўшыся пра тое, што не давала яму спакою амаль два гады. Можа, лепш было б, каб і не дазнаваўся... Жыў бы яшчэ колькі часу надзеяй, як Ірына Анціпаўна і Казімір Дарафеевіч...

Але хто скажа, калі чалавеку лепш уведаць пра самае страшнае — раней ці пазней?..

 

39

«Якой трасцы ён сёння трэці раз выклікае? — злаваўся Андрэй Бушуеў, ідучы да каменданта.— Нешта ж, мабыць, важнае: «тэрмінова»,— сказаў пасыльны. Няўжо хто папаўся?..»

Гаўптман Шпрынгер быў у кабінеце адзін. Па яго твары звычайна немагчыма было вызначыць, у якім ён настроі. На гэты ж раз кідалася ў вочы, што камендант нечым і ўзрушаны, і не ў гуморы. «Няйначай, здарылася што,— падумаў Андрэй.— Зараз пачнецца...»

Ды нічога не пачалося.

Гаўптман загаварыў. Нечакана занадта спакойна, амаль абыякава. Гаварыў доўга, паступова распаляючыся. Гэта была не размова, а хутчэй прамова. Андрэю заставалася толькі слухаць, яму, каб і хацеў, цяжка было б уклініцца ў тую прамову. Такім гаваруном Бушуеў бачыў Шпрынгера толькі адзін раз, тады, калі ён расказваў пра грандыёзнае нямецкае наступленне на Сталінград і маляваў блізкую перамогу арміі фюрэра. Ён і цяпер гаварыў пра Сталінград. Але якая цяпер была гаворка! Горад на Волзе камендант вымаўляў як штосьці для яго пакутна-балючае іадначасова як нешта такое, пра што не хоча і не збіраецца забываць і за што ніколі не даруе. Прызнаючы, што Сталінградская бітва была для немцаў вельмі непрыемнай няўдачай, гаўптман кінуўся ў развагі пра помсту за Сталінград, пра рэванш за яго...

Андрэй слухаў каменданта і аніяк не мог расшалопаць, чаго гэта немец так распінаецца перад ім, чаго гэта ён абрынуў на яго такую гаварыльню і ўвогуле — чаго выклікаў сюды.

«Халера яго ведае,— думалася Андрэю,— можа, пад настрой проста захацелася выгаварыцца, выліць душу. Перад кім жа тут яму выліць сваю паганую душу? Усё-такі я тут для яго амаль свой чалавек, аднадумца, хоць і рускі... Ды і пакрасавацца перад рускім, паказаць сваю нямецкую перавагу такому часам — ой як прыемна-соладка!..»

Усё прасвятлілася, калі гаўптман загаварыў, як нямецкая армія зробіць пералом у вайне і пакоціцца да свае перамогі.

— Няхай сабе рускія крычаць, што мы прайгралі Сталінград... Так, мы прайгралі Сталінград!..— голас яго надтрэснута зазвінеў.— Але мы ўжо стаім перад выйгрышам усёй вайны! Рускія не ўяўляюць, якой сілы ўдар абрынецца на іх на гэтым заключным этапе вайны. Пойдзе ў ход новая зброя, якой фюрэр нарыхтаваў колькі трэба. Сталінская армія яе не вытрымае. Адну з такіх навінак я зараз вам пакажу.— Камендант устаў з-за стала і, адчыніўшы шафу, стаў апранацца.— Вы ўбачыце новыя танкі, якіх на фронце яшчэ не было. Не трэба быць асаблівым знаўцам, каб пераканацца, якая іх магутнасць. Праўда, тым двум, якіх толькі што даставілі сюды да нас, не пашанцавала: недзе пад Баранавічамі савецкія лётчыкі разбамбілі эшалон, і два пашкоджаныя танкі прывезлі нам на рамонт. Гэтым і зоймецца брыгада рамонтнікаў, над якой, як казаў мне мой папярэднік Пфайфель, вы так удала шэфствуеце. Гэта і будзе ваша самае першараднае і самае важнае зараз заданне. Усё адкладзіце — ім займіцеся! Майце на ўвазе — танкі зусім новыя, сакрэтныя, пра гэта мяне папярэдзілі, вам я сказаў, як свайму чалавеку. Думаю, вы разумееце, што адсюль вынікае?

— Вядома, гер гаўптман!.. — усклікнуў Андрэй.

«Сталінград... Рэванш... Новая зброя...— гучала ў Андрэевых вушах.— «Сакрэтныя танкі» — гэта ўжо цікава, вельмі цікава, калі не брахня якая!..»

Шпрынгер ішоў паважна, нетаропка, як гаспадар і гэтых уладанняў, і гэтых людзей, што важдаліся хто з чым на дварах і ў цэхах.

Танкі, да якіх гаўптман падвёў Андрэя, сапраўды былі не раўня тым, што стаялі на двары. Такіх ён яшчэ не бачыў, хоць тут перабывала іх вунь колькі і самых розных марак. У аграмадзіны — скошаная крутая лабаціна. Вуглаватая вежа. Даўжэзны хобат гарматы са здаравенным дульным тормазам. Два кулямёты. На чатырох вялізных суцэльных катках — шырачэзныя гусеніцы.

«Страшыдла, магутнае страшыдла...» — было першае Андрэева ўражанне.

— Ну, як нованароджанае дзіцятка нашага фюрэра? — не тоячы захаплення, спытаў Шпрынгер, калі абышлі вакол танка.

— Моцная машына, моцная,— сказаў Андрэй.

— Вельмі, надзвычай моцная! Асілак! Каласаль! Яна будзе рабіць нашу перамогу!..— паляпваючы танк па лабавой брані, не пераставаў захапляцца камендант.— У строй мы павінны вярнуць і гэтыя дзве. Як мага хутчэй паставіць. Гэта вам мой загад. За рамонтам буду сачыць я сам асабіста!

 

«Здаецца, не хлусіць гаўптман, гэта, мабыць, сапраўды танкавая навінка немцаў,— узрушана тупаў па кабінеціку Андрэй, чакаючы Яшкіна, якому наказаў зайсці да яго.— «Навінка, сюрпрыз для рускіх...»

Бушуеў выклікаў Яшкіна ў свой кабінет вельмі рэдка, толькі па пільнай патрэбе, таму Эдуард пераступіў парог, не хаваючы ўстурбаванасці. Папярэджваючы пытанне, Андрэй кінуў:

— Нічога асаблівага не здарылася. Заходзь.— Каб супакоіць хлопца і самому сабрацца з думкамі, спытаў: — Ну, як рамонт самаходкі? Як хлопцы?

Яшкін няпэўна развёў рукамі:

— Ды ідзе рамонт. Варушымся пакрысе. А хлопцы — мацуюцца, небаракі. Ірвуцца ў дзеянне, ды дзе тут у нас тое дзеянне? Толькі і ўсяго — робім, як мокрае гарыць. На жывую нітку злепваем-склёпваем, што трэба, каб дапаўзло да першага бою...

— Што ж, і гэта нешта ды значыць. А выклікаў я цябе, Эдзік, каб сказаць пра важнае заданне, якое атрымаў ад каменданта.

— Чакайце, дык мы ж яшчэ не выканалі таго, папярэдняга, якое вы таксама казалі, што важнае...

— Правільна, казаў,— Андрэй усміхнуўся.— Для іх цяпер усе заданні — важныя. Чым хутчэй і чым больш рамантаваць — так ім цяпер патрэбна. Але ж гэтае заданне сапраўды вельмі важнае. Думаю, што і ты згодзішся, калі пазнаёмішся з ім. Адным словам, сёння сюды даставілі два пакалечаныя танкі. Іх трэба тэрмінова адрамантаваць. Вазьмі хлопцаў і агледзьце іх. Агледзьце вельмі ўважліва, абмацайце як мае быць. Зрабіце гэта зараз жа. Як толькі скончыце, з’явішся сюды.

З Андрэевай галавы не выходзіла камендантава гаворка пра рэванш, пра сакрушальнае наступленне...

«Так, яны могуць паспрабаваць узяць рэванш за Сталінград. Будуць спрабаваць — іншага ж выйсця ў іх няма, ход вайны вунь як пераламаўся! Так турнулі ад роднай Волгі!.. Пачакайце ж, гады, пераступіць рускі Іван вашы Шпрэі і Эльбы!..»

Яшкін вярнуўся нечакана хутка.

— Ну, як, агледзелі? — спытаў Бушуеў, ледзь толькі Эдуард зачыніў дзверы.

— Агледзелі, Андрэй Піліпавіч. Будзем рамантаваць. Трэба ж...— буркнуў механік-вадзіцель.

— А што ты скажаш пра танкі?

Яшкін адказаў не адразу.

— Здаецца, сур’ёзныя штучкі,— з цяжкім выдыхам вымавіў ён.— Я такіх не бачыў. І хлопцы не бачылі. Мабыць, навінка...

— Так, камендант кажа, што гэта іх навінка. Сюрпрыз для рускіх...— Андрэй колькі хвілін барабаніў пальцамі па стале.— А што, калі нашы не ведаюць пра гэту навінку і яна для іх будзе сюрпрызам?..

— А і праўда,— падхапіў Эдуард.— Выпаўзе такая халера, ты па ёй лупіш, а яна сунецца і сунецца... Невядома ж, куды ямчэй смалянуць, каб падбіць. Такое танкісты ведаюць...

— Ды і артылерысты добра ведаюць...— Бушуеў раптам рэзка павярнуўся да Яшкіна.— Эдуард, зрабі як мага больш поўнае апісанне танка, абмерай усяго, падлічы ўсё. Карацей кажучы — складзі яго баявую характарыстыку і дай мне. Вазьміся за гэта неадкладна. Пастарайся, каб хлопцы асабліва не заўважылі, што ты робіш, і не ведалі, навошта робіш. Увогуле — каб не папаўзлі ніякія чуткі, што прыцягнулі сакрэтныя танкі. Камендант строга папярэдзіў мяне. Разумееш, чым можа скончыцца, калі да яго дапаўзуць такія чуткі... Газуй, механік-вадзіцель!..

«Не пашкодзіць, калі я вынайду веласіпед,— разважаў Андрэй.— А раптам усё-такі — навінка?!.»

Натуральна, што тут жа паўстала пытанне — як жа даць ход гэтай навінцы? Каму паведаміць пра яе?..

Уся надзея была на Хведара Васільевіча. Бушуеў ужо добра ўведаў гэтага чалавека. Яны часцяком сакрэтнічалі і даўно ўжо таямніц адзін ад аднаго не мелі. А можа, і ёсць у Хведара Васільевіча нітачка, якая вядзе да людзей, што звязаны з Масквой?..

І Андрэй не памыліўся.

Той нітачкай быў Ларык. Паступова бацька дазнаўся, што сын мае дачыненне да падполля. Якое — Лаўрэн не гаварыў, ды Хведар Васільевіч і не дапытваўся. І тады не пытаў, калі толькі падазраваў, што мае, і потым, калі сын у гэтым прызнаўся. Спярша страшна было — яшчэ ж неразумнае дзіця, ой як блізка да бяды! Нават вопытныя, сталага розуму людзі пападаюцца, гінуць, а тут блазнюк... Але што ты зробіш, калі час такі настаў! Ён і сам потым не дараваў бы ні сыну, ні сабе, калі б у гэткі час сядзелі ў запечку і чакалі, пакуль хто іншы вытурыць паганцаў. А што загінуць можна,— куды ж дзенешся, некаму ж давядзецца і галаву скласці... Вунь і Нічыпара ўжо няма. І з Ларыкам усялякае можа надарыцца. Ды і сам ад ліхога канца не застрахаваны...

...Калі Хведар Васільевіч спытаў у Ларыка, ці можа ён знайсці патрэбных людзей, каб перадаць у Маскву сакрэтныя матэрыялы, той паабяцаў пашукаць.

Вядома, доўга шукаць яму не давялося. Складзеная Яшкіным характарыстыка новага нямецкага танка трапіла да Пятра Лукашэвіча, ад Пятра — да Шыдлоўскага. На той час у Анісіма Сяргеевіча ўжо быў радыст, прысланы Масквою.

Цэнтр атрымаў звесткі пра сакрэтны танк «пантэра», на які, як і на новы танк «тыгр», немцы ўскладалі шмат надзей у рыхтуемай тады Курскай бітве.

 

40

Правал і гібель Нічыпара Рускевіча вось ужо каторы дзень не выходзілі з галавы Кернажыцкага. Ён жа нават не ведае, на чым папаўся хлапчына, за што яго схапілі і павесілі. Недзе ж не ўсцярогся, дзесьці спудлаваў... Нічыпараў арышт не пацягнуў за сабой іншых арыштаў. Значыць, малайчынай аказаўся! Нічога не выведалі гады, не зламалі!.. А што стараліся зламаць, як маглі, колькі хапала іх катаўскага майстэрства,— хто ж у гэтым можа сумнявацца! Вунь і Пятро Лукашэвіч казаў, што Ларык ледзь пазнаў у павешаным роднага брата, і бацька не пазнаваў сына...

Антону Захаравічу на момант уявілася, як бацька і сын глядзяць на труп таго, хто толькі што быў для іх сваім, блізкім, дарагім чалавекам... Цяпер ён гайдаецца на вяроўцы, назаўсёды, на векі вечныя адабраны ад іх і выстаўлены перад усімі на страшны паказ...

Ад аднаго гэтага ўяўлення Антону Захаравічу зрабілася вусцішна. Захацелася пабыць на адзіноце, каб справіцца з самім сабой, з тым страшэнным, што абрынулася на яго. Як не раз ужо бывала ў падобных выпадках, пацягнула прайсціся па знаёмаму маршруту на стадыён.

Ён ішоў, безуважна гледзячы перад сабой, не заўважаючы ні ясноты майскага дня, ні даволі прыкметнага вулічнага ажыўлення ў гэты паўдзённы час. Можа, ці не адзін ён ішоў вось так, не кіруемы пэўным клопатам. Цяпер на вуліцу з’яўляліся, каб пайсці куды-небудзь і зрабіць што-небудзь,— на шпацыры і бяздумныя прагулкі людзі даўно ўжо забыліся...

Кернажыцкі меў уражлівую натуру. Але ў яго была не тая ўражлівасць, калі чалавек ад якой-небудзь праявы хутка ўзгараецца і хутка астывае, забываючы праз кароткі час, што ж яго так моцна здзівіла або нават скаланула. Тое, што глыбока ўсхвалявала, у Антона Захаравіча асядала недзе ў яго душы і доўга не давала спакою.

Як ні шкада было Нічыпара, як ні горка рабілася ад адной згадкі пра яго гібель, а згадка пра гібель Аляксандры Пятроўны і цяпер гняла Кернажыцкага. Усё-такі Нічыпара ён нават у вочы не бачыў, толькі ведаў па расказах, а вось Аляксандра Пятроўна...

Ён памятаў яе яшчэ Шурачкай, табельшчыцай швейнай фабрыкі, па якой сох яго дружбак Іван Гайдуковіч, пакуль не справіў вяселле. На яго вачах ішлі па жыцці гэтыя слаўныя людзі. Ён ведаў іх радасці і нягоды. Помніць той утрапёны дзень, калі прыйшла вестка пра Іванаву смерць на фінскай вайне. Шура была тады ў такой роспачы, што Антон Захаравіч баяўся, каб не нарабіла чаго з сабой. Сяк-так выкараскалася з гора. Валодзька даў сілы. Трэба было яго паставіць на ногі, дзеля яго жыць. Валодзькам жыла яна і тады, як гэтае ліхалецце ўскруцілася. Надзеяй, спадзяваннем, што ён вырабіцца са страшнага віру і вернецца да яе... Вялікая, ой якая вялікая трываласць у матчыным сэрцы!.. Не дачакалася, сышла на той свет, небарака, так і не ўведаўшы, што сталася з сынам, які лёс напаткаў яго.

«Не дачакалася... Хто скажа, колькі будзе тых, што не дачакаюцца? Колькі сустрэч не адбудзецца?.. Вунь і Раю Абакумоўскую недзе нехта чакае...»

Тады гэта быў адначасна двайны ўдар — і Аляксандра Пятроўна, і Рая. За Раю яго нямала пацягалі. Нават вочную стаўку рабілі. У яго ж аддзеле працавала, ён жа рэкамендаваў...

І цяпер яго аж калоціць, калі ўспамінае, як прывялі яе на тую вочную стаўку. Знявечаную, ледзь жывую. Не ён, а яна крадком падбадзёрвала яго позіркам, які ён і паміраць будзе — не забудзе!

Мабыць, усё-такі патроху нервы пачынаюць слабець, здаваць. Вельмі адчувальнай стала рэакцыя на ўсё больш-менш значнае, і надзвычай глыбока ўсё западае ў памяць, асядае там. Можа, не так гады віною тут, хоць і яны ўжо вунь якія, як тое, што столькі часу напяты твае нервы да самай высокай расцяжкі. Не бывае ў іх расслаблення, спачыну. Нават вялікай ўдачы ці перамозе, да якой і ты добра прыклаў руку, па-людску не парадуешся: трэба зноў усяго сябе сцяць у кулак, усе адчуванні і пачуцці зноў загнаць у сэрца і ўзяць на моцную клямку...

Падбадзёрвае, не спускае з вока лясны дружбак Юзік Бойка. Хораша на душы ад аднаго ўспаміну пра гэтага слаўнага вусача. Якія справы твораць яго хлопцы! Неяк нават у зводцы Саўінфармбюро (сам чытаў!) прамільгнула паведамленне пра буйную аперацыю па разгрому варожага гарнізона на Міншчыне, якую правяло партызанскае злучэнне пад камандаваннем «таварыша Б.». Памятае пра тую аперацыю Антон Захаравіч, ведае таго «таварыша Б»!.. Во ў каго прастора для дзеяння! Такая сілішча развінулася, такі разгон-размах узялі — цэлая брыгада! Ды і на вопыт баявы, дзякаваць богу, ужо няма чаго скардзіцца. У жорсткіх сутычках, у крывавых баях яго набіраліся. Яны таўклі, і ім пападала... Нехта казаў — бітыя арміі добра вучацца... Антон Захаравіч ведае, якой цаной партызаны спасцігаюць бязлітасную навуку перамагаць. Ведае яшчэ з грамадзянскай вайны. Цяпер тая навука ўжо нашмат іншая. Куды больш складаная, больш лютая. А хіба тыя маштабы!..

«Нялёгка, ой як нялёгка і табе, даражэнькі вусач! І тваім нервам — ні расслабіцца, ні спачыць... А табе ж яшчэ думаць і пра многія сотні людзей, пра іх жыцці, пра іх кроў...»

Клыпаючы сюды-туды па амаль пустынным стадыёне, па яго закінутых, зарослых быльнягом алейках і дарожках, зрэдку прысаджваючыся на лаўкі, якія трапляліся дзе-нідзе, Антон Захаравіч і не заўважыў, як дзень ужо даўно гаспадарыць у сваёй другой палове і падумвае, ці не пара пакрысе рыхтавацца да адвячорка. Ён ужо збіраўся пакіравацца памаленьку дахаты, як яго ўвагу прыцягнуў гуд, што плыў з захаду. Гуд усё нарастаў, дужэў. Сумнення не было — ішлі самалёты. Паўзіраўшыся ў чыстае неба, Антон Захаравіч згледзеў іх. Роўна і спакойна сунуліся яны агромністым табуном. Здавалася, што нехта невідочны нядрэмна сочыць за строгім парадкам ў тым табуне. Выразна відаць тройкі самалётаў, якія лучыліся ў дзевяткі, кожная на сваім дакладна вызначаным месцы. Плывуць, нібы ўстаўлены ў велізарную, нябачную адсюль, з зямлі, раму, змайстраваную з адмысловых ячэек — у кожную па бамбавозу... І, можа, палюбаваўся б гармоніяй, строгасцю і дасканаласцю гэтага рукатворнага лятучага кліна, калі б не ведаў, што ён вязе, што пад яго зіхотнымі крыламі.

«Дальнія,— адзначыў сам сабе Антон Захаравіч.— Масіраваны налёт... Куды ж гэта панесла іх? Ды хіба адгадаеш!.. Недзе на паўднёвы ўсход. Недзе далёка адсюль зробяць сваю страшную разгрузку...»

Узбрылі на памяць паведамленні хлопцаў з чыгуначнага вузла пра вельмі прыкметнае ажыўленне руху цягнікоў. Фугуюць і фугуюць на ўсход эшалон за эшалонам. І старанна замаскіраваныя, рознымі брызентамі абцягнутыя, і проста на адкрытых платформах — танкі, гарматы, аўтамашыны... Нездарма гэта, канечне. Нешта, мабыць, спланавалі, нешта выпраектавалі... Ды яны асабліва і не сакрэтнічаюць — балабоняць на ўсе лады, што набліжаецца час іх апошняга, разгромнага наступлення, што вайна цяпер стала на сваім канчатковым пераломе і гэтае лета будзе летам краху Расіі. Новая зброя нечуванай сілы, якую даў фюрэр свайму доблеснаму воінству, ушчэнт скрышыць і растопча сталінскую армію...

 

41

Пятро стараўся як мага радзей трапляць у раён свайго былога жытла, дзе ляжалі руіны дома, якія сталіся могілкамі яго родных. Ён баяўся гэтай мясціны, баяўся, што страціць уладу над сабой. Успаміны ўраз бязлітасна агортвалі яго і не адступаліся некалькі дзён. Хлопцу цяжка было адкараскацца ад таго, што яшчэ ў памяці такое свежае і жывое. Пабываўшы там, ён хадзіў апанураны, замкнёны ў сабе, і сёй-той пытаўся, што з ім, ці не здарылася чаго-небудзь. А каго пусціш у сваю душу? Каму выкажаш тое, што цябе гняце, пячэ агнём?.. Лукашэвічу часам рабілася страшна, што ён можа не стрымацца перад начальствам гэтай праклятай установы і незнарок выдаць сябе. Паспрабуй пачціва-дагодліва ўсміхацца і салодка выспеўваць, калі воўкам выць хочацца!..

Неяк раз, вяртаючыся пад вечар дахаты, Пятру давялося праходзіць міма тых жахлівых руін.

Калі наблізіўся да месца колішняй дамоўкі, не стрымаўся, зайшоў на руіны.

Тут усё было да болю знаёмае, роднае і — чужое, страшнае. Колькі нябачных слядоў пакінулі яго ногі на гэтым двары — і тады, калі, трымаючыся за маміну руку, толькі пачынаў тэпаць, і тады, калі хлапчуком гойсаў па ўсіх закутках і залятаў у суседнія двары і пад’езды... З гэтага дрэва, абпаленага ў той жудасны дзень і так і не ажыўшага, яго не раз зганяла маці з добрым ушчункам... Там была пляцоўка, якой ад ранку да вечара не давала спакою дзятва ўсяго дома. Тут не раз малеча наладжвала гульні ў вайну, граміла ворагаў... На тое поле бою хлапчукоў прыйшла гэтая вайна... Шматпавярховы гмах дома, гінучы пад бомбамі, шпурлянуў на дзіцячую пляцоўку свае цагляныя абломкі, заваліў імі двор...

Пятру і цяпер не верыцца, што такое было: адзін момант, адно імгненне — і на месцы дома ўзвышаецца гара бітай, трушчанай цэглы. Агромністы магільны насып на нечуваных могілках, які ўраз пахаваў пад сабой бог ведае колькі людзей. І маму, і тату, і Марыську пахаваў...

Каб не рваць сабе душу, ён ледзь не бегма падаўся адсюль.

Анісім Сяргеевіч быў ужо дома. Прымайстраваўшыся каля акна, чытаў нейкую кнігу.

— Нешта ты забавіўся сёння,— прамовіў ён.— І чамусьці хмурны, насуплены. Здарылася што?

— Ды нічога асаблівага,— буркнуў хлопец. — Проста натаміўся вельмі. Амаль увесь дзень на нагах.— Памаўчаўшы, вымавіў з натугай:— Заходзіў туды...

— А-а-а...— працягнуў Анісім Сяргеевіч, усё зразумеўшы.

Ён ведаў пра непазбыўнае гора Пятра. Ведаў, якім робіцца хлопец пасля пабыўкі там, каля сваіх родных. У такіх выпадках паміж імі надоўга ўсталёўвалася маўчанне. Яны амаль не размаўлялі — адзін папытае што патрэбнае, другі адкажа. Абодва неяк звыкліся ўжо з гэтым.

Сёння ж Пятрова маўчанне трывала не доўга. Пасноўдаўшыся па пакоі, па кухні, хлопец падышоў да Шыдлоўскага.

— Анісім Сяргеевіч! — сказаў ён.— Што мне рабіць? Я больш так не магу!..

— Што з табою, Пятро? Ты пра што гэта? — Шыдлоўскі ўстаў. На твары хлопца была зацятасць.— Ты пра што гэта? — паўтарыў ён устурбавана.

— Скажыце ж, што мне зрабіць, каб хоць трохі адплаціць гадам за тую магілу? Загадайце, я нічога не збаюся, усё зраблю!..

— Чакай, чалавеча,— Анісім Сяргеевіч паклаў рукі на Пятровы плечы.— Давай спакойна пагаворым. Хіба ты мала робіш? І мала зрабіў?

— А што такое я рабіў і зрабіў? — усё яшчэ ў запале выкрыкваў хлопец.— Хадзіў, перадаваў, каб другія рабілі, каб нехта дзейнічаў... Як той паштальён ці пасыльны... А што ва ўправе розныя там дакументы выштукоўваў, дык ці ж гэта работа? Тут, як кажуць, спрытнасць рук і — ніякага ашуканства...

Горкая ўсмешка скрывіла Пятроў твар.

Анісім Сяргеевіч павольна адышоўся ад Пятра, думаючы над толькі што пачутым. Вымавіў, рэзка павярнуўшыся:

— А ты дарэмна так наконт гэтых паштальёнаў-пасыльных. Ці з гарачкі ляпнуў, ці знарок змалоў глупства. Няўжо ты не разумееш, якія справы твораць сувязныя? Хіба ж можна ўявіць гарадское падполле і партызан без сувязных? Як узгаднялі б яны свае дзеянні, наладжвалі ўзаемаадносіны?.. Не ведаю, як у цябе язык павярнуўся непаважліва гаварыць пра людзей, якія кожны дзень, кожную мінуту рызыкуюць галавой. Прыпомні, колькі разоў быў ты на валасок ад смерці, ідучы да партызан Бойкі або вяртаючыся адтуль... Эх ты, паштальён-пасыльны!..

Пятро няёмка маўчаў. Маўчаў і Шыдлоўскі.

— Не думаў ты, калі казаў і пра выштукоўванне дакументаў,— загаварыў зноў Анісім Сяргеевіч.— Каму-каму, а табе добра вядома, што тыя дакументы ратавалі людзей. Ну, а наконт гульні ў спрытнасць рук, то ты сам куды лепш мог бы расказаць мне, чым яна канчаецца, калі ў іграка спрытнасці трошачкі не хопіць...

Па ўсім было відаць, што Пятро пакрысе пачаў астываць і супакойвацца.

— Можа, у вашых словах і праўда,— глуха вымавіў ён.— Але я хачу большага! Большага! Разумееце?..— Голас яго ўзвіўся на высокія ноты.— Хачу, каб... лоб у лоб і бачыць вынікі!..

— Вынікі, вынікі!..— зазлаваў Анісім Сяргеевіч.— Ты верыш, што яны ёсць, хоць сам і не бачыш іх?

— Мабыць, ёсць...

— Дык чаго ж табе яшчэ трэба? Не сядзіш, як мыш пад венікам, ад работы тваёй ёсць карысць,— вось і трымайся такой лініі!.. Яна ў цябе, Петрык, вельмі правільная...— Шыдлоўскі лагодна паляпаў хлопца па плячы.— А наконт таго, што хочацца на ўласныя вочы бачыць, што зрабіў, то такая магчымасць у цябе, на жаль, можа надарыцца яшчэ не раз і не два. Вайна ж яшчэ вунь як шугае! І кожнаму з нас перш за ўсё трэба думаць, як найлепш зрабіць тое, што можам і што ад нас патрабуецца.

Анісім Сяргеевіч закурыў. Зрабіўшы некалькі зацяжак, павёў гаворку далей:

— Так, моцна думаць і з розумам рабіць. Вось і сёння Цэнтр даў неадкладнае заданне.

— Якое? — загарэліся ў Пятра вочы.

— Цэнтр атрымаў паведамленне, што пад Мінскам выяўлены новы буйны нямецкі аэрадром. Загадана пераправерыць гэта паведамленне — трэба, каб нашы самалёты нанеслі верны бомбавы ўдар. Падумай ты, няхай добра падумае Антон Захаравіч, як найлепшым чынам выканаць заданне. Сам ведаеш, як нялёгка падступіцца да раёна, у якім немцы збудавалі гэтую штучку. І ведаеш, наколькі дакладнымі павінны быць звесткі,— ажыццявіць такі налёт — справа, мякка кажучы, не з лёгкіх...

Анісім Сяргеевіч змоўк. Смактануўшы папяросу, заўважыў, што яна згасла. Нетаропка прыпаліў.

— Я разведаю аэрадром,— расцягваючы словы, як даўным-даўно вырашанае, прагаварыў Пятро.— Я разведаю! — паўтарыў ён, павысіўшы голас.

Задуменны позірк Шыдлоўскага затрымаўся на хлопцы.

— І ўсё-такі парайся з Антонам Захаравічам.

— Параюся. Але ў разведку пайду я!..

Яны выбраліся з горада і падаліся ў кірунку Гасцілавіч. Недзе на паўдарозе ад гэтага пасёлка ляжала вёсачка Вежкі — сюды і трымалі курс хлопцы. У паведамленні з Цэнтра гаварылася, што аэрадром знаходзіцца нібыта ў раёне Вежак.

Бралася пад паўдня. Быў пагодны цёплы дзень, трохі нават душнаваты. Прыпарвала. У нерухомым паветры нізка над зямлёй шмыгацелі ластаўкі. Няйначай, збіралася на дождж.

Горад даўно ўжо застаўся ззаду, і Пятро з Ларыкам бачылі яго зацягнутыя смугой камяніцы, толькі калі ўзнімаліся на ладныя ўзгоркі.

Думка ўзяць з сабою Ларыка ў Пятра з’явілася адразу, як толькі прыйшло рашэнне пайсці на разведку аэрадрома. Удвух у такой справе куды больш спадручна і на шмат больш шанцаў зрабіць патрэбнае. Вайна добра праверыла дружбацтва хлопцаў, цяпер яны разумелі адзін аднаго з паўслова і абодва заўсёды былі ў вялікай згоднасці. Таму, калі Пятро расказаў пра заданне Цэнтра, Ларык аберуч ухапіўся за прапанову сябра.

Доўга ішлі моўчкі. Кожны думаў пра тое, што наважыліся зрабіць.

— Аэрадром — гэта ж не іголка ў сене,— першы падаў голас Ларык.— Знойдзем, нікуды не дзенецца!

— Павінны знайсці,— сказаў Пятро, які ішоў паперадзе. Ён выбіраў напрамак хады, прыкідваючы, дзе б мог размясціцца той пракляты аэрадром.

Мясцовасць тут узгоркавая, з хмызнякамі, пералескамі і шматкіламетровымі лясамі, у якіх трапляліся агромністыя паляны. Выбраць зручную пляцоўку і абсталяваць яе пад аэрадром было дзе.

Дык дзе ж, дзе яе выбралі?..

Калі прайшлі наскрозь яшчэ адзін досыць ладны лясок, Ларык раптам усклікнуў:

— Петрык! А што, калі ўзлезці на высокае дрэва і зіркануць наўкола?

— Малайчына, Ларык! Як гэта мы, дурні, адразу не скумекалі!..

Патрэбнае дрэва доўга шукаць не давялося. Высачэзны дуб на ўзлеску так і прапаноўваў свае паслугі.

— Думаю, спрачацца не будзем: я прапанаваў — мне і лезці! — безапеляцыйна сказаў Ларык.

— Давай,— не вельмі ахвотна згадзіўся Пятро: ён, пакуль падыходзілі да дуба, у думках ужо быў на яго верхавіне.

Ніжнія галіны волата былі крыху вышэй за рост чалавека, і Ларыку спачатку давялося пабываць на Пятровых руках і плячах. Далей ужо не, цяжка было спрытнаму хлопцу праз нейкую хвіліну знікнуць у раскошных шатах ляснога асілка.

Пятро стаў чакаць вяртання назіральніка.

Але што гэта? Не паспеў ён і трохі парадавацца Ларыкавай прыдумцы з дрэвам, як у галлі зашамацела і хлопец шуснуў на зямлю. У яго вачах была невымоўная радасць.

— Самалёты! Аэрадром!..— выдыхнуў ён.

— Дзе?!!

— Вунь за тым ляском. На ўскрайку...

— Многа?

— Здаецца, многа... Не разгледзеў... Блішчастыя...

Ашаломленыя адкрыццём, хлопцы спачатку трохі разгубіліся: вяртацца ў горад — аэрадром жа знайшлі — ці паспрабаваць падабрацца да яго і, калі ўдасца, хоць збольшага разведаць? Ён на ўскрайку лесу — можа, і здолеюць наблізіцца і пацікаваць з-за дрэў... Памеркаваўшы, вырашылі паспрабаваць разведаць.

Лес іх сустрэў нямой цішынёю. Сяды-тады ціліўкне нябачная пташка — і зноў мёртвая ціша.

«Побач аэрадром і — такая ціша? — падумалася Пятру.— Нешта незразумелае...» Тая ж думка круцілася і ў Ларыкавай галаве.

Моўчкі, як мага асцярожней, яны ўсё больш і больш паглыбляліся ў лес. Адчувалася, што пратупалі ўжо добрую палову яго, хутка будзе ўзлессе, а навокал — цішыня... Вось наперадзе пасвятлела, дрэвы парадзелі — лес канчаўся. І тут Пятро шапнуў:

— Глядзі — самалёт!..

Так, там стаяў самалёт. Зіхацелі пад сонцам вялізныя крылы, таўсматы фюзеляж.

— А вунь яшчэ адзін,— выцягнуў Ларык руку.

— І вунь...

Хлопцы, нібы змовіўшыся, адразу леглі. Пазіралі туды, дзе застылі агромністыя драпежнікі, і маўчалі. Першы не вытрымаў Ларык:

— А чаму ніякай аховы няма? Бач, як блізка мы падабраліся...

— Ахова, вядома, ёсць,— прамовіў Пятро.— Відаць, недзе ў засадзе хаваецца. У дазорных сакрэтах.

— Дык што будзем рабіць?

Як старэйшаму і як адказнаму перад Анісімам Сяргеевічам за гэтую разведку вырашаць трэба было Пятру. Памарудзіўшы, ён сказаў:

— Вось што зробім. Заданне мы, лічы, выканалі — аэрадром знайшлі. Але вельмі важна было б, каб мы дазналіся, колькі на ім самалётаў. Хоць прыблізна, канечне. Давай падпаўзем і паспрабуем палічыць...

Калі яны выпаўзлі ледзь не на ўзлесак, Ларык, замёршы на месцы, ціхенька кінуў Пятру:

— Зірні, што за дзіўныя самалёты?

Тут і Пятро ўбачыў, што самалёты сапраўды дзіўныя. Крылы, фюзеляж, а без прапелераў, без колаў, на нейкіх падпорках.

— Дык яны ж фанерныя!..— прашаптаў Пятро.— Фанерныя, разумееш?

— Нічагусенькі не разумею! Што ж гэта значыць?

— А тое, што фальшывы аэрадром...

— Каму ж ён патрэбны, такі аэрадром?

— Немцам. Каб абдурыць нашых лётчыкаў. З вышыні не вельмі разбярэш, сапраўдны ён ці фальшывы. І пачнуць гваздаць яго, малаціць гэтую фанеру. Бомбы пакладуць, а недзе жывы аэрадром і ўцалее. Уцяміў?

— Уцяміў... Хітрушчыя, гады! Ну, тады пайшлі паперакульваем гэтых фанернікаў, каб не дурылі нашым галовы. Бачыш, аж у Цэнтр ужо дайшло, што з’явіўся новы аэрадром...

Ларык устаў і памкнуўся ісці.

— Стой! — спыніў яго Пятро.— Тут жа абавязкова ёсць ахова. Так яны такое дабро не пакінуць. Інакш гэтых фанернікаў ужо даўно панішчылі б...

Толькі цяпер хлопцы заўважылі, што там, дзе канчаўся аэрадром, маячыла постаць немца з аўтаматам. Такую ж постаць згледзелі яны і ў іншым месцы.

— А як жа яны, гэтыя ахоўнікі, калі наляцяць нашыя бамбавозы? — спытаў Ларык.

— Ды як давядзецца. Пазашываюцца, канечне, у сховішчы. А калі бомба трапіць і туды, будзе звычайны капут... Такая ў іх служба.

— Адкуль ты, Петрык, усё гэта ведаеш?

— Анісім Сяргеевіч расказваў... Ну, браток, цяпер паварочваем аглоблі!..

Чалавеку пасля ўдала зробленай справы дамоў заўсёды лягчэй і весялей ідзецца. Хлопцы і не заўважылі, як адмахалі нешта з дзесятак кіламетраў. Вярталіся яны іншым шляхам, і трэба было падумаць, дзе ўвайсці ў горад з меншымі шанцамі напаткаць які-небудзь пост ці праверачны пункт. Пятро падаў думку — перш за ўсё раздзяліцца: паасобку, калі давядзецца, лягчэй выкручвацца. А ўдвух — ого: паспрабуй пераканай, адкуль і чаго ідзяце ў Мінск!..

— Аўсвайс з сабой?

Ларык ляпнуў сябе па кішэнях і прамармытаў:

— Не. У пінжаку застаўся...

— Ну, вось, малайчына. Адразу сцапаюць: ідзе ў горад без дакументаў... Значыць, топаем разам. Паспрабуем выехаць на маім аўсвайсе, ён жа ўсё-такі дакумент работніка ўправы, а не абы-каго! Вось толькі трэба згарбузаваць праўдападобную гісторыю, куды гэта нас нячыстая насіла і адкуль мы вяртаемся.

Але згарбузоўваць не давялося...

З-за лесу, праз які хлопцам трэба было прайсці, з аглушальным ровам узняўся самалёт. Набраўшы вышыню, развярнуўся і падаўся на захад.

Знямелыя хлопцы правялі позіркамі бамбавоз і толькі тады ачомаліся.

— Петрык, там — аэрадром. Там — сапраўдны аэрадром!..— прашаптаў Ларык.

— Мабыць, ён...

...Ішлі так, каб адзін аднаго ўвесь час бачыў з-за дрэў. Стараліся ступаць, каб і галінка пад нагамі не трэснула. Сумненняў не было, на ўзлессі — аэрадром: толькі што адтуль узняўся яшчэ адзін самалёт... Паглядзець бы, колькі іх там? Ну, хоць бы зірнуць, якая пляцоўка?..

Адбылося ўсё з невераемнай хуткасцю.

Недзе наперадзе, непадалёку, разанула вушы «Хальт!». Затрашчала аўтаматная чарга — доўгая, залівістая. Пятро ў момант прыціснуўся да зямлі. «Уліплі!..— мільганула думка.— Дзе ж Ларык?.. Ён прыўзняў галаву, пашукаў вачыма. Ларык ляжаў блізенька, там, дзе ішоў. Аклікнуў. Той не азваўся і не паварушыўся.

«Няўжо...» — апаліла Пятра ўсяго.

Ён ірвануўся паўзці. Калі падпоўз, усё зразумеў: Ларыкава галава падплыла крывёю, ён не дыхаў...

Новая аўтаматная чарга вывела Пятра са знямеласці. Ён усхапіўся і што было сілы кінуўся наўцёкі. Шмыгаючы між дрэў, спатыкаючыся, падаючы і імгненна падхопліваючыся, ён імчаўся ў глыб лесу. Ззаду яшчэ раз-пораз чуўся пошчак страляніны, потым усё сціхла.

 

42

«Як сказаць? Як сказаць?..» — гэтая думка жахала Пятра ўсю дарогу, пакуль ён дабіраўся да Мінска. У горадзе, калі непазбежнасць страшнай размовы адчуў усёй істотай сваёй, яму зрабілася жудасна. Яшчэ такая свежая рана ў бацькоўскіх сэрцах пасля пагібелі Нічыпара, а тут — Ларык... Пятро ведаў з Ларыкавых расказаў, што рабілася тады ў іх сям’і. Сын і бацька ўхавалі жахлівую тайну — Антаніна Сцяпанаўна так і не ведае пра павешанне Нічыпара. Гэта хоць трохі зменшыла матчына гора. Толькі ў Хведара Васільевіча ды Ларыка застаўся навечна ў памяці ён павешаны. А цяпер і Ларыка няма... Ляжыць недзе там, забіты. Апошні раз бачыў яго, мёртвага, толькі ён, Пятро... Балазе ніякіх дакументаў у Ларыка няма — яго смерць побліз аэрадрома непазбежна пацягнула б за сабой пакутніцкую смерць бацькоў. А так — закапаюць і — усё...

«Як сказаць? Як сказаць?..»

Тут Пятра як маланкай смалянула: гэта ж ён забіў Ларыка! Гэта ж ён павёў яго шукаць аэрадром... Калі б не ён, Ларык зараз быў бы дома ці дзе-небудзь, а не валяўся мёртвы ў тым лесе. Калі б не ён, не было б гэтай дзікай смерці, не было б у бацькоў новага страшнага гора... А няхай бы замест Ларыка там ляжаў ён! Няхай бы яго галаву працяла аўтаматная чарга, што дасталася Ларыкавай!.. Яго смерць нікому не нарабіла б гора, ніхто і слязы не пусціў бы: яны, яго родныя, пад руінамі дома...

Адно цвёрда вырашыў Пятро — пра пагібель Ларыка ён раскажа толькі Хведару Васільевічу і толькі з вока на вока. Пры такой бядзе бацькава сэрца мацнейшае за матчына...

Як нядобра, што сёння выхадны! Пайшоў бы да Хведара Васільевіча на работу, дачакаўся канца змены і сустрэў. Застаецца — падавацца пад дамоўку Рускевічаў і прыдумаць, як убачыцца. Ды што тут асабліва прыдумляць: круціцца каля хаты, пакуль не выйдзе! Хоць да самага позняга вечара круціцца. Быць жа не можа, каб гаспадар не выйшаў па якой патрэбе на свой двор. Іншай рады няма...

І Пятро пачаў круціцца. Самавіта прайшоўся па вуліцы міма Рускевічавай сядзібы, спыніўся зводдалеку і, крадком кідаючы на яе позіркі, стаў закурваць. Не спяшаючыся дастаў газеціну, адарваў патрэбны шматок, выцягнуў невялічкі ружовы кісецік, паволі расшмаргнуў яго, запусціў туды тры пальцы, выняў іх і, асцярожна, па дробачцы высыпаўшы на паперку тытунь, пачаў слініць яе краёк. Слініў доўга, старанна пажаваў, каб цыгарка ямчэй склеілася. Нетаропка залез у кішэню, дастаў карабок запалак. Прыпаліў доўгую зграбную самакрутку...

Калі б хто зблізку паглядзеў, як адмыслова, як хвацка майстраваў Пятро цыгарку, ён падумаў бы, што перад ім — зацяты курэц, які ўсё жыццё смаліў самакруткі. А гэты хлопец толькі ў вайну стаў курыць.

І сядзіба Рускевічаў, і вуліца, на якой яна размясцілася, бадай нічым не адрозніваліся ад звычайнай сялянскай сядзібы і звычайнай вясковай вуліцы. Увогуле гэты ўскраінны раён Мінска, які называўся Ляхаўкай, быў нібы вёска, што прыляпілася да горада. Тыя ж хаты і гаспадарчыя будыніны ў садах і садочках, тыя ж гароды і гародчыкі, тыя ж платы ўздоўж усёй вуліцы. Тут жывуць мінчане, якія кажуць, што «трэба схадзіць у горад» або — «даўно не быў у горадзе». Тут водзяць знаёмствы суседзі бліжнія і дальнія, навіны неўзабаве паўзуць з хаты ў хату, важныя здарэнні і падзеі робяцца вядомымі ўсяму раёну. Як і ў вёсцы, незнаёмага чалавека, які нечага швэндаецца ўздоўж платоў, тут хутка заўважалі. Праўда, такое было да вайны, калі жыццё на гэтай вуліцы плыло ціхамірна і ўсё было навідавоку. Цяпер, парушанае, пакрышанае ваенным ліхалеццем, яно набыло іншы ход. Хто цяпер асабліва звяртаў увагу на тых, што сноўдаюцца сюды-туды!.. І ўсё-такі Пятро разумеў, што вельмі ўпадаць у вока суседзям Рускевічаў не трэба. Ці мала іх, ліхіх вачэй, цяперашнім часам! Асцярожнасць не пашкодзіць і яму, і, вядома ж, Хведару Васільевічу...

Вярнуўшыся і яшчэ раз прайшоўшы паўз Рускевічаву сядзібу, Пятро згледзеў лаўку каля плота. Яна была на процілеглым баку вуліцы, наўскасяк ад хаты Хведара Васільевіча. Уся сядзіба адсюль была добра відна. Чаму б не прысесці для назірання? Усё ж гэта будзе менш заўважацца, чым шпацыр туды-сюды: мала чаго сядзіць чалавек, стаміўся і прысеў...

А Пятро і сапраўды моцна-такі натаміўся. Колькі кіламетраў выпала сёння на яго долю! Ды якіх кіламетраў! Толькі цяпер, як сеў, адчуў гэта. Ногі аж гулі, стомленасць разлілася ва ўсім целе. З якой бы асалодаю расцягнуўся зараз дзе папала і заплюшчыў вочы!.. Але ж вачам зараз — глядзець ды глядзець!..

Ён праседзеў з добрую гадзіну, высмаліў не адну цыгарку, ужо і адпачыў няблага, а на Рускевічавай сядзібе — хоць бы які рух. З’явілася была думка — нарабіць як-небудзь шуму, каб у хаце пачулі і выйшлі. Але як ты яго наробіш так, каб і суседзі не павыскоквалі?..

Сядзець страшэнна надакучыла, і Пятро пачаў падумваць, ці не прайсціся разок-другі па вуліцы. І тут ён убачыў, што дзверы ў Рускевічавай хаце адчыніліся, у іх спярша паказалася Антаніна Сцяпанаўна, а ўслед за ёю — Хведар Васільевіч. Яны неслі вялікі цэбар, відаць, поўны: цяжка ступаючы, асцярожна спусціліся з ганка і паволі падаліся пад хлеў.

Пятро ўсхапіўся з лаўкі і напачатку разгубіўся: што ж рабіць? Так недарэчы Антаніна Сцяпанаўна...

Пакуль ён разважаў, назіраючы за Рускевічамі, тыя данеслі цэбар да хлява і зніклі ў ім. Неўзабаве Антаніна Сцяпанаўна з’явілася на парозе і, спыніўшыся, нешта пачала гаварыць. Скончыўшы, накіравалася ў хату. Пятро з палёгкай уздыхнуў.

Хведар Васільевіч у хляве не забавіўся. Замкнуўшы, патупаў каля яго, паглядаючы на страху, якая — гэта і здаля было відаць — ужо даўно прасіла рамонту, і таксама накіраваўся ў хату.

Пятро тут жа рвануўся да брамкі і аклікнуў Хведара Васільевіча. Той ад нечаканасці ўздрыгнуў.

— А-а-а, Пятро,— пазнаўшы, прамовіў ён.— Заходзь.

— Ды я... Ды, можа, вы...— Хлопцу як дыханне зацяло. Падрыхтаваныя словы выскачылі з галавы, і ён толькі лыпаў вачыма, гледзячы на Хведара Васільевіча, які паціху набліжаўся.

— Заходзь жа, заходзь. Чаго там стаяць за плотам. Праўда, Ларыка дома няма, ты ж, пэўне, да яго. Як пайшоў зранку, то і няма. Казаў, надоўга ідзе. Можа, скора і аб’явіцца. Разам пачакаем. Пагамонім.

І тут у Пятра вырвалася:

— Не аб’явіцца больш Ларык...

— Як не аб’явіцца? Ты што чаўпеш? — працінаючы хлопца позіркам, прашаптаў Хведар Васільевіч. Ён раптам адчуў, што ў незразумелых Пятровых словах затоена штосьці нядобрае.— Што ты сказаў?! — амаль выгукнуў ён, закалаціўшыся.— Што з ім?

— Забіты Ларык...

— Забіты? Ларык забіты?..— ён умольна пазіраў на Пятра, пазіраў, спадзеючыся, што Пятро загаворыць далей і скажа нешта іншае. І тое, што ён пачуў, акажацца няпраўдай. Але Пятро нясцерпна доўга маўчаў, апусціўшы вочы долу, і Хведар Васільевіч зразумеў, што пачуў праўду. Іншага хлопец не скажа.

«Ларык забіты...»

Хведар Васільевіч неяк адразу звяў, увачавідкі зрабіўся такі бездапаможны, разгублены і роспачны, што Пятра працяла вострае шкадаванне.

— Не трэба так, Хведар Васільевіч... Нічога ж цяпер не паможа...

Трохі авалодаўшы сабой, Рускевіч глуха спытаў:

— Як было?..

Пятро ведаў, што пра гэта трэба будзе гаварыць, ён і ішоў сюды, каб сказаць пра гэта, і ўсё ж пытанне здалося нечаканым. Памаўчаўшы, ён справіўся з разгубленасцю і ціха прамовіў, расцягваючы словы:

— Мы пайшлі за горад... Нам... трэба было... У лесе нас абстралялі... Ларык упаў... Калі я падпоўз, ён быў мёртвы...

Знямелы Хведар Васільевіч даслухаў Пятра, моўчкі павярнуўся і цяжкай ступою паклыпаў. Ён мінуў хату, датупаў да дрывотні і сеў на тоўстую калоду, на якой сек дровы.

«Вось і ўсё... Няма і другога... Божа, божа, за што такая кара?..»

Абхапіўшы аберуч галаву, ён нярушна сядзеў, абязвечаны новым горам. Яго адразу нібы выпусташылі ўсяго дашчэнту. Не хацелася жыць. Нашто жыць яму, які пабачыў свет белы і добра ўжо нажыўся, калі загінулі яны, хлапчукі, што толькі-толькі сталі перад сваім векам?.. Загінулі так, што абодвух не хавала бацькоўская рука, не бачылі ў астатні раз перад магілай бацькоўскія вочы...

І раптам Хведар Васільевіч скалануўся: «Тоня... Як жа ён скажа ёй пра Ларыкаву смерць? Гэта ж можа забіць яе!.. Аднаму богу вядома, як яна выжыла пасля Нічыпаравай смерці, а цяпер гэтая, яе меншанькага, яе любенькага...»

У галаве ходарам захадзілі думкі, як падрыхтаваць Антаніну Сцяпанаўну да жудаснага ўдару. Але як ты падрыхтуеш, калі ўдар усё-такі жудасны і такім, колькі ні змякчай, ён усё роўна застанецца?..

З цяжкога одуму Хведара Васільевіча вывеў голас Антаніны Сцяпанаўны:

— Хведарка, ты што гэта рассеўся на сваёй калодзе? Вячэраць пара.

Яна стаяла на ганку, пазіраючы на згорбленую постаць мужа.

— Іду, Тоня, іду,— страпянуўшыся, азваўся ён.

Антаніна Сцяпанаўна чакала. Заўважыўшы, што і ўставаў ён, і ступае нешта натужна, з нязвыклай для яго нямогласцю, яна ўстурбавана падалася насустрач.

— Што з табою? Табе нядобра?

— Ат, нічога...

Ён стараўся перастаўляць ногі як мага цвярдзей, але яна бачыла, што яму гэта не вельмі ўдаецца, і ўзяла пад руку.

— З чаго б жа гэта? Ты ж і ўвесь дзень, і толькі што, як неслі цэбар, быў здаровенькі, а тут на табе...— не сунімалася Антаніна Сцяпанаўна, адчуваючы, як нялёгка даецца Хведару Васільевічу кожны крок.

На прыступках ганка ён неяк папрутчэў, адвёў жончыну руку і сам узышоў.

— Павячэрай і — на ложак... Я мігам усё прыгатую,— замітусілася яна па хаце.— Вот жа ліханька!..

Калі яна шустра накрыла стол абрусам і павярнулася ісці на кухню, Хведар Васільевіч спыніў:

— Тонечка, сядзь...

Яна недаўменна зірнула яму ў твар і здрыганулася — столькі ў ім было пакуты і невымоўнага гора.

— Тонечка, сядзь,— паўтарыў ён.— Пагаворым...

Яна прысела каля ўскрайку стала, не зводзячы з яго вачэй. У матчыным сэрцы варухнулася страшнае прадчуванне.

— З Ларыкам што-небудзь?..— выдыхнула яна, схапіўшы Хведара Васільевіча за плечы.

— З ім...

— Што, што з Ларыкам?!!

Ён не вытрымаў яе позірку, адвёў вочы ўбок.

— Трымайся, маці... Нічога не зробіш... Няма ў нас больш Ларыка... Забілі...

Яна як скамянела ўся. Не загаласіла, не кінулася распытваць, як жа, дзе і калі гэта здарылася, адкуль ён дазнаўся, што забіты,— нікуды ж з двара не адлучаўся... Вестка нібы ўраз паралізавала яе і на нейкі момант выключыла і свядомасць, і пачуцці. Яна спрабавала ўявіць сабе тое, што пачула: няма ўжо Ларыка, забілі Ларыка... Такое не ўяўлялася ніяк, у галаве не месцілася, і яе ахапіў жах. Ёй здалося, што нешта агромністае, пачварнае павольна насоўваецца на зямлю, на іх хату, на яе, і яна, як стаяла, пачала паціху аб’язджаць на дол. Хведар Васільевіч не даў упасці.

— Тоня, Тонечка! Што ты, што ты!..— закрычаў ён, раскатурхваючы абвялую Антаніну Сцяпанаўну.

Яму зрабілася страшна — здалося, што яна памерла: заплюшчаныя вочы, ні крывінкі ў твары...

Хуценька паклаўшы непрытомную на ложак, ён кінуўся на кухню і вярнуўся з кубкам вады.

Яна доўга не магла ачомацца. Апрытомнеўшы, зноў упадала ў забыццё. Не пазнавала Хведара Васільевіча. Гаварыла абы-што.

Ён не ведаў, што рабіць. Трэба было бегчы да каго-небудзь, клікаць на дапамогу. Але да каго? Ды і як пакінеш яе адну?..

Пакрысе Антаніна Сцяпанаўна супакоілася, сталая свядомасць вярнулася да яе.

— Няма Ларыка... — прашаптала яна.

І заплакала. Плакала доўга, несціхана, галасіла на ўсю хату. Суцяшэнні Хведара Васільевіча не даходзілі да яе, яна ўся была ў сваім горы і не чула іх. «Няхай паплача, можа, палегчае»,— змірыўся ён, гатовы сам расплакацца.

Ці то выплакаўшы ўсе слёзы, ці то знямогшыся, яна нарэшце пачала сціхаць і сціхла зусім. Ён падышоў да ложка, убачыў — Антаніна Сцяпанаўна спала...

За ўсю ноч яна ні разу не прачнулася — як ляжала на спіне, так і не павярнулася. Хведар Васільевіч, да якога сон і не завітваў, часам са страхам прыслухоўваўся, ці дыхае.

Ён рашыўся сёння на работу не ісці. Хіба ж пойдзеш ад такой? Прыйдзецца сказаць, што жонка раптоўна захварэла, а дома нікога няма.

«Ларык?.. І ён жа на работу не прыйдзе... Трэба ж будзе гаварыць... Гаварыць, куды прапаў сын...»

Толькі цяпер да яго дайшло, што спытаюць, дзе Ларык, і нешта трэба выдумаць, чаму яго няма на рабоце і больш ніколі не будзе...

Галава трашчала пасля бяссоннай ночы, трашчала ад дум, як адолець страшную бяду, што так знянацку навалілася. Ён баяўся за Антаніну Сцяпанаўну — як яна перажыве смерць Ларыка?..

Прачнуўшыся, яна не ўкінулася, як звычайна, у хатні клопат. Не ўстаючы, папрасіла вады. Ад яды адмовілася. Моўчкі ляжала і пазірала ў столь. Хоць трохі разгаварыць яе, як ні стараўся Хведар Васільевіч, не ўдавалася: вымавіць слова і зноў маўчыць.

Ён кінуўся на пошукі і недзе расстараўся доктара. На што захварэла Антаніна Сцяпанаўна, доктар зразумеў, як толькі Хведар Васільевіч збольшага расказаў пра пагібель іхняга сына: моцнае нервовае ўзрушэнне. Лякарства адно — поўны спакой. Адключыцца ад таго, што выклікала хваробу.

А як маці адключыцца ад смерці сына? Як ёй змірыцца з тым, што ўжо ніколі-ніколі не ўбачыць яго?..

З кожным днём Антаніна Сцяпанаўна слабела ўсё больш і больш. Часам несуцешна плакала, душачыся слязьмі. Болей жа ціхенька ляжала ў адной і той жа паставе — на спіне, пазіраючы ў столь. У яе зблыталіся дні і ночы: то за ўсю ноч вачэй не заплюшчыць, то цалюткі дзень спіць. Яда, якую Хведар Васільевіч, ідучы на работу, пакідаў каля ложка, заставалася амаль нячэпанай. Яна страшна схуднела, на ўчарнелым твары жывымі былі адны вочы, у якіх застылі востры боль і невыказная туга.

— Хведарка,— ледзь чутна паклікала Антаніна Сцяпанаўна неяк раз пад вечар.— Я скора памру... Ты па мне не нудзіся... Табе трэба жыць... За хлопцаў нашых... За Нічыпара і Ларыка...

Усю тую ноч яна спала спакойна. І не прачнулася...

Вяртанні пасля працы дамоў, у пустую хату, былі для Хведара Васільевіча сапраўднай пакутай. На людзях, у рабочым занятку, ён хоць трохі забываўся, што з ім сталася і хто ён цяпер. А тут, дома, куды ні павярніся, усё крыкам крычала, што ён адзін. Адзін-адзінюсенькі... На тым свеце ўсе трое, яго аднаго пакінулі... Вялікая гаротніца Тоня наказала жыць за сынкоў. Сама не здолела, не знесла вечнай разлукі з імі, сышла ў магілу...

Ён будзе жыць! І за сыноў, і за Тоню! Ён павінен дачакацца канца гэтай навалы, канца гэтых людаедаў, якія забралі ў яго самае дарагое, самае любае. Ён пажыве яшчэ ў тым часе, за які згінулі Нічыпар і Ларык!..

 

43

Трэцюю восень дратавала зямлю вайна. Неабсяжныя прасторы ахоплены былі ёю. У далёкія далі краіны дакочваўся яе вогненны вал. Волжскія берагі і горы Каўказа ўсутыч бачылі чужынцаў.

І вось ён, фронт, на гэты раз — фронт вызвалення, ступіў і на беларускую зямлю. Пройдзены яе першыя метры, першыя кіламетры...

Валодзя Гайдуковіч вяртаўся з нарады ў камбрыга Бойкі, калі ўжо бралася на адвячорак. Да размяшчэння атрада было яшчэ далекавата, і хлопец спяшаўся, каб дайсці завідна: хоць шлях і добра знаёмы, але не хацелася ўпоцемку блытацца па лясных сцяжынах.

Дзьмуў пранізлівы восеньскі вецер. У лесе было зацішна, там ступалася лёгка, а на полі сустрэчны вятрыска часам накідваўся з такой лютасцю, што даводзілася, прыгнуўшыся, браць на грудзі яго невідочную напорную сцяну. Рабілася холадна.

Ён увесь ужо быў там, у заўтрашнім дні, а больш пэўна — у заўтрашняй ночы. З галавы не выходзілі словы камандзіра брыгады: «Нам загадана заўтра ноччу выйсці на «рэйкавую вайну», якая прагрыміць па ўсёй акупіраванай беларускай зямлі, дзе ёсць чыгунка... Наш баявы ўчастак — на чыгуначным палатне Смалявічы — Барысаў. Мы яго павінны зматлашыць так, каб рух тут замёр на многія дні, а мо і тыдні...»

Што такое «рэйкавая вайна», Валодзю расказваць не трэба. Яшчэ свежая ў памяці жнівеньская баталія на рэйках. Гэткае не забываецца. Уся іх брыгада, наваліўшыся на чыгунку, нарабіла такога тарараму, што небу было горача! Дзесяткі кіламетраў спляжанага палатна пакінулі пасля сябе хлопцы тою ночкай.

«Грукнем і заўтра! Запомніце і заўтрашнюю ноч, бандзюгі! Яшчэ мацней запомніце! Цяпер жа хоць і невялічкі, а вопыт падобнай бітвы ўжо ёсць, не тое што тым разам. Тады, лічы, была рэпетыцыя. Цяпер зайграем на ўсю моц!..»

Перапыняючы адна адну, у галаву лезлі думкі, як бы найлепей падрыхтавацца да заўтрашняга выхаду на жалезку. Усяго, канечне, не прадугледзіш, але хочацца, каб не прамаргаць чаго-небудзь. Там драбяза якая крыві можа каштаваць, а то і смерць пацягне за сабой. Было ж такое — два хлопцы загінулі недарэчна... На ім, камандзіры групы падрыўнікоў, ляжыць цяжкі клопат. Яму трэба думаць ды думаць, як нацэліцца на аперацыю і які даць ёй ход, калі разгорнецца. Камбрыг Бойка так і сказаў, што камандзіры атрадных груп падрыўнікоў павінны быць дырыжорамі баявога канцэрта.

«Дырыжор...— сам сабе ўсміхнуўся Валодзя.— Што ж, аркестранты ў мяне — хоць куды, могуць даць музыку, ад якой у немчуры вочы на лоб палезуць...»

Згадка пра хлопцаў-падрыўнікоў радасна ўсцешыла. Такія не падвядуць, з такімі — хоць да чорта на рогі! І Андрэй Сахута, і Дзямід Загарульскі, і Юрка Сяркоў, і Слава Вярсоцкі. Адно слова — малайцы! Хлопцы — хваты-зухі!.. А было ж і няўмельства, і процьма страхаў... Кажуць — у агні гартуецца сталь... Дык агню ў іх было аж завельмі. Хто не згараў — загартоўваўся самым высокім гартам...

А хіба яго самога мала паліў агонь? І там, на фронце, і тут, на лясным партызанскім фронце. Паліў, але не спаліў! І не спаліць! Ён яшчэ ўвойдзе ў Мінск! Ды не так, як тады, калі хацеў пабачыць маму...

«Мама...»

Валодзя рэшту шляху да атрада ішоў ужо не адзін, а з мамай. Размаўляў з ёю, як з жывой, раіўся з ёю, як з жывой, і яна, як жывая, вяла сына да яго баявых сяброў, з якімі заўтрашняй ноччу ён будзе набліжаць дзень свайго вяртання ў Мінск, у родны дом...

 

Вецер шалеў усю ноч і ўвесь наступны дзень. Ён зрабіў-такі сваё — аднекуль прыгнаў навальніцу. Неба спрэс зацягнула чорнымі бухматымі хмарамі. Агромністыя, няўклюдныя, яны, лена паварушваючыся, спаважна плылі бясконцымі чародамі. У цёмнай далечы краю, з якога сунуліся хмары, сяды-тады пачалі памільгваць агністыя бліскаўкі. Вячэрні змрок з хмарнай чарнатой усё больш і больш ахіналі зямлю. Вецер, відаць, знямогся і ўжо толькі парывамі злосна налятаў на лес і поле, віхурыў пыл на дарогах, шкуматаў верхавіны дрэў. Вось пачасцелі клінкі маланак, якія жыгалі злавесна-чорную сцяну, што засланіла сабой увесь небакрай. А вось вуркатнуў першы гром — глуха, нясмела. Парывы ветру рабіліся штораз слабейшыя і ўрэшце аціхлі зусім. У паветры запанавала нерухомасць. Гром тым часам наблізіўся і нашмат падужэў, неўзабаве ён пачаў так ляскатаць, што скаланаўся прастор. Бліскавіцы раз-пораз паласавалі неба. Сыпнулі першыя рэдзенькія кроплі дажджу — буйныя, важкія, яны падалі як бы нехаця. Потым, нібы асмялеўшы, шуганулі нястрымным патокам — няйначай маланкі пасеклі хмары на велізарнае рэшата...

Як добра звечарэла, прыйшла ў рух уся брыгада. У лагерах заставаліся толькі ахова, хворыя ды параненыя.

Шматкіламетровы ўчастак чыгункі, на які нацэльваўся начны налёт, падзялілі на асобныя кавалкі. Іх аддавалі ва ўладу рухомых груп, створаных у атрадах. Асядлаўшы свае кавалкі, кожная група павінна была давесці іх да найбольшага зруйнавання.

Галоўнай ударнай сілай, вядома, былі падрыўнікі. Яны пачыналі «канцэрт», ад зладжанасці і эфектыўнасці дзеянняў іх баявых груп залежала яго гучанне і канчатковы вынік усёй рэйкавай баталіі.

Шмат давялося думаць пра ўварванне на жалезку. Яе ж голымі рукамі, не возьмеш, не выйдзеш проста так знішку на чыгуначнае палатно і рабі з ім, што хочаш. З яго акупанты не спускаюць вока, панастаўлялі ахоўных пастоў, панабудавалі дзотаў, у лясах павысякалі абапал чыгункі двухсотметровыя палосы, кругласутачна патрулююць. Па першаму ж сігналу з бліжэйшых ваенных і паліцэйскіх гарнізонаў прылятае да вартавых падмога... Падрыўнікі добра ведалі, што значыла кожная вылазка на жалезку. Часта звярталіся да верных памочнікаў — хітрасці, партызанскай кемлівасці. І абхітроўвалі, яшчэ як абхітроўвалі! Пад носам у вартавых ірвалі рэйкі, пускалі пад адхон эшалон за эшалонам. Але то былі асобныя аперацыі. А тут такая махіна, такая веліч — цэлая «рэйкавая вайна»!.. Жнівеньская баталія на рэйках паказала, што ў гэтай махіны ёсць вялізныя перавагі: яна крышыць сваім нечаканым размахам, сваёй магутнасцю. Ад зладжанага адначасовага ўдару паралізуецца абарона жалезкі. Куды ты кінеш тыя гарнізоны, на які ўчастак, калі ўсюды ідзе руйнаванне, калі такая сіла абрынулася і тут, і там?..

Сістэма аховы чыгункі партызанам у асноўным была знаёма — не раз разведвалі, не раз прымалі і давалі баі. Ведалі найбольш умацаваныя ўчасткі, якія нашпігаваны пастамі, патрулямі, дзотамі. Вядома было, дзе стаяць бліжэйшыя гарнізоны, якія могуць кінуцца на месца схваткі з ахоўнікамі.

Усё трэба было ўлічыць, узважыць, прадбачыць магчымыя варыянты асобных баёў, каб як мага менш было прыкрых нечаканасцей, якія могуць адбіцца на ходзе аперацыі, пазбавіць яе патрэбнага размаху.

...Дождж несціхана ліў і ліў, здавалася, што ён увогуле ніколі не скончыцца. Вецер, адвыўшы і адшалясцеўшы сваё, даўно ўжо аддаў зямлю пад абладу ліўня і навальніцы. Ляскатаў пярун, маланка бязлітасна секла цемрадзь, балюча слепячы вочы.

— Вось дык хвошча! Вось дык жарыць!..— у каторы раз усклікаў Валодзя.— На маім вяку такога, дальбог жа, не надаралася бачыць і чуць!..

— На тваім вяку, кажаш...— пачуўся з цемры голас Андрыяна Малашкіна, які ступаў услед за Валодзем.— Мой век, хлопча, удвая даўжэйшы за твой, і то гэткага нябеснага тарараму і гэткага патопу нешта не прыпомню.

— Але як жа добра, браткі, што сёння ўрэзала такая лютая непагадзь! — падаў голас нехта збоку.— Мы не растанем, не цукар, чэрці нас не возьмуць, сцерпім. А вось ахоўнічкам такое — вай-вай!.. Пад гэткім вадаспадам не вельмі соладка патруляваць. У бункер ці пад якую схованку загоніць. Натуры ў іх далікатныя, канфорт любяць, а тут бач які канфорцік...

Яны ішлі ўжо досыць доўга. Наскрозь прамокшы на самым пачатку паходу, ішлі, не толькі не злуючыся на дождж (больш ужо ніяк не прамокнеш), а радуючыся яму, сёння вернаму саюзніку і надзейнаму памочніку. І ўсім вельмі хацелася, каб ён не сціхаў да самага ранку, каб падстрахоўваў аперацыю ад пачатку да канца.

Дзеянні ўся брыгада павінна была пачаць строга ў адзін час. Паколькі розныя атрады стаялі да чыгункі на рознай адлегласці, рушылі не адначасова. Падзеленыя на баявыя групы, ядро якіх складалі падрыўнікі, бралі курс на жалезку,— ёй сённяшнюю ноч наканавана было курчыцца ў агні «рэйкавай вайны»...

Валодзя радаваўся, што ўсе падрыўнікі былі ў добрай баявой сіле. Узрыўчаткі ім заўсёды не ставала. Можа, таму, што колькі яе ні з’яўлялася, стараліся даць ёй ход, арганізоўвалі аперацыю за аперацыяй. Міны, толавыя шашкі не залежваліся ні на атрадным, ні на брыгадным складах. І Валодзя ўчора быў вельмі ўсцешаны, калі камбрыг Бойка сказаў, што на гэты раз пра ўзрыўчатку ніякага клопату няма: з Вялікай зямлі падкінулі, колькі трэба на бітву такога маштабу. Значыць, там, у Цэнтры, загадзя абдумалі, спланавалі, падрыхтавалі гэту грозную бітву з грознай назвай «рэйкавая вайна»...

 

Усю ноч бушавала навальніца. Маланкі шкуматалі цемру, гром то аглушальна перыў над самай галавой, то злосна буркатаў дзесьці ўдалечыні. Дождж і не збіраўся меншаць.

Да позняга восеньскага світання агнём і грукатам жыла чыгунка ад Смалявіч да Барысава. Мабыць, з часу стварэння свету ні адна ноч не чула столькі выбухаў мін, фугасаў, толавых шашак, такой аўтаматна-кулямётнай і вінтовачнай страляніны, не бачыла столькі агню на шматлікіх месцах жорсткіх сутычак з чыгуначнай аховай і падмацаваннямі з гарнізонаў.

Шугала «рэйкавая вайна»...

 

44

Лютавалі акупанты праз увесь час свайго гаспадарання ў Мінску. Бязлітасна душылася ўсялякая праява непакоры, непадпарадкавання ўладам, супраціўлення «новаму парадку». Удар за ўдарам абрыналіся на мінскае падполле.

Шаленства ў сваёй лютасці заваёўнікі дасягнулі, калі восенню 1943 года партызанская міна, гахнуўшы пад матрацам гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ, разнесла на мэтлахі гэтага любімчыка самога Гітлера.

Незлічоныя аблавы, арышты сыпануліся на горад. На вуліцах і плошчах не пераводзіліся шыбеніцы, не моўклі расстрэлы...

Не толькі выбух у спальні фашысцкага обер-бандыта кідаў у шаленства заваёўнікаў. Іх верхаводы пачалі трывожна падумваць, ці не канчаецца тут іхняе панаванне, ці не час падрыхтоўвацца да драп-маршу. Падставы для такой трывогі і роздуму з’явіліся вельмі ж грунтоўныя. Фронт ужо грымеў на беларускай зямлі — ад Віцебшчыны да Гомельшчыны, ужо турнулі ваякаў фюрэра з Гомеля. Усё ішлося на тое, што набліжаецца пара, калі турнуць і з Мінска...

— Добры вечар, Антон Захаравіч! — прачыніў дзверы Буднікаў. То, можа, і вам пара дахаты?

— Яно і праўда, Канстанцін Ермалаевіч,— пачаў складваць паперы Антон Захаравіч.— Час і мне, як кажуць, шабашыць.

— Вось і добра. Нам жа ў адзін бок. Удвух яно весялей ідзецца. Пабалабонім па дарозе. Мы ж, можна сказаць, ні разу і не пагутарылі па-людску. Адно толькі вітаемся-кланяемся. А хіба ў нас няма пра што пагаманіць? Чаму б нам і не пазнаёміцца як след? Уведалі б адзін аднаго,— можа, і патаварышавалі б...

З гэтым чалавекам Кернажыцкі, можна сказаць, быў амаль не знаёмы — сапраўды адно толькі віталіся. Ведаў, што працуе на біржы працы ад самага яе стварэння. Пачынаў невялічкім чыноўнікам, з цягам часу выбіўся ў важныя тузы. Сустракаліся на розных нарадах, дзе не раз называлася яго прозвішча — часцей з пахвалой за службовую стараннасць.

«Чаго б гэта цябе, біржавічок, пацягнула да мяне? — спрабаваў уцяміць Антон Захаравіч, апранаючыся.— Можа, і патаварышавалі б...»

— Як вы думаеце, Антон Захаравіч, чым усё гэта скончыцца? — спытаў Буднікаў, ледзь толькі яны спусціліся з ганка.

Кернажыцкі міжволі сцішыў даволі шпаркую хаду, якую яны ўзялі адразу, ступіўшы на вуліцу, і зазірнуў у твар Канстанціна Ермалаевіча.

— Я вас... не разумею,— прамовіў ён збянтэжана.— Вы пра што?

— Ды пра тое... Ну, што будзе з намі? Ну, са мною, з вамі?..— Яму нібыта не ставала слоў, каб выказаць тое, што сядзела у галаве, што у гэты момант востра турбавала і трывожыла яго.— Адным словам, вы здагадваецеся, пра што я кажу...

Антон Захаравіч пачаў цяміць, куды гне гаворку Буднікаў, але ён хацеў, каб Канстанцін Ермалаевіч павёў яе сам, каб атрымаць такім чынам хоць маленькую магчымасць зразумець, што ж надумаў гэты чалавек, дзеля чаго ж ён набіўся зараз да яго ў спадарожнікі.

Ранні зімовы вечар ужо даўно панаваў над горадам. Бяззорнае неба цяжка звісала над руінамі мёртвых кварталаў, над рэдкімі ўцалелымі будынінамі. Трываў ладны марозік. Зранку сыпаў снег, за дзень яго насунула столькі, што прахожыя пабілі тратуары на сцежкі і стараліся іх трымацца, збочваючы толькі, калі трапляўся сустрэчны.

Кернажыцкі ішоў пярэднім — так настаяў Буднікаў. Дробны ростам, рухавы, Канстанцін Ермалаевіч ступаў за Антонам Захаравічам шчыльненька, амаль крок у крок, каб размову весці не надта гучную, але і каб добра чуць субяседніка.

— І ўсё-такі не здагадваюся.— Кернажыцкі размашыста сігаў, думаючы, як змусіць Буднікава на адкрытасць, як пакіраваць размову, каб ён прагаварыўся і трохі раскрыў свае карты.— Кажаце — чым усё скончыцца, што будзе з намі?.. А што скончыцца? Што вы маеце на ўвазе? Вайну?

— Ну канечне ж яе, праклятую! Яна ж бясконца не будзе. Па ўсім відаць, на закругленне ідзе. Але нешта не на тое закругленне, на якое мецілася. Не так можа скончыцца, як абяцалася...

— Напэўна, кончыцца так, як павінна кончыцца,— рэзнуў Кернажыцкі.— У вайны свой закон, свая хада і свой канец.

— Яно-то так, свая хада і ўсё такое... Але ж бачыце, куды тая хада паварочваецца? Могуць жа і нашы прыйсці...— збіваючыся з тропу, ледзь паспяваючы за Антонам Захаравічам, лапатаў Буднікаў.

— А вы супроць таго, каб нашы прыйшлі? — з робленай усмешкай кінуў Кернажыцкі.

— Нашто вы так, Антон Захаравіч? Хіба ж я супраць...— Канстанцін Ермалаевіч не стрымаў глыбокага ўздыху.— Ды вось у чым загвоздка: а што будзе з намі, калі прыйдуць нашы? Мы ж служым ва ўправе. На немца служым. Там ваююць проціў немца, а мы служым яму. Што ж скажуць нашы, як з’явяцца сюды?.. Вось што не дае мне спакою ўжо колькі часу...

— А яно і праўда ёсць над чым задумацца. Я неяк не надаваў асаблівай увагі таму, пра што вы гаворыце,— з прытворным шкадаваннем сказаў Кернажыцкі, запавольваючы крок: яны падыходзілі да скрыжавання вуліц, дзе ім трэба было разыходзіцца.

— Дарма, ой як дарма вы над гэтым не задумваліся і не надавалі гэтаму, як вы кажаце, асаблівай увагі! — з запалам усклікнуў Буднікаў.— Тут жа, можа, наша жыццё або смерць...

— Ну, наконт смерці вы, відаць, трохі перабольшылі. Зрэшты, хто ведае, як яно ўсё пакруціцца і як можна пакруціць нашу службу ва ўправе,— прамовіў Антон Захаравіч, спыняючыся.— А вось што нам абодвум ужо трэба ламаць галовы, думаць, што чакае нас,— я з вамі цалкам згодны.

— Яшчэ як трэба ламаць! — затрапятаўся Буднікаў.— Абодвум! І добра было б, каб — разам!..— Ён раптам схамянуўся: — Ведаеце што, даражэнькі Антон Захаравіч, у мяне цудоўная ідэя: гайда да мяне! Пасядзім як людзі, спакойненька паразважаем. Знойдзецца і шкляначка патрэбная...

— Ды піток з мяне...

— Ай не гаварыце, Захаравіч,— не даў пярэчыць Канстанцін Ермалаевіч,— чарчына, скажу я вам,— штука, бывае, незаменная: яна і знаёмству добра спрыяе, яна і ў важнай размове моцную вагу мае. Я таксама лішне не захапляюся ёю, але часам нойдзе такое, што чалавекам пачуешся, толькі калі возьмеш шклянку-другую... Мая хароміна недалёчка...

«Што ж ты так узгарэўся на размову са мной? Ці не задумаў што, псяюха?..» — пякло Кернажыцкага.

Ён вырашыў — ісці! Гутарка можа быць карыснай. У біржавіка напэўна ж ёсць навіны, якія яму, Кернажыцкаму, невядомы,— біржа атрымлівае ад акупацыйных улад свае сакрэтныя загады, распараджэнні, інструкцыі. За чаркаю ён пра нешта ды прабалбочацца. Да таго ж, Буднікаў, мяркуючы па ўсім, прымае яго за аднадумца і шчыра збіраецца весці гаворку як калега з калегам.

— Ну, што ж, згода, пайшлі,— вымавіў Антон Захаравіч.

— Вось і любата! — зарадаваўся Канстанцін Ермалаевіч.— Толькі цяпер, прабачце, я папярод пайду, буду, так сказаць, павадыром...

Буднікава хароміна аказалася не так ужо і блізка. Яны зрабілі не адзін паварот, пакуль узбіліся на патрэбную вулічку Вызвалення. Тут было глуха і цёмна. Чарнелі за платамі драўляныя хаты, рэдка дзе пракідаліся аднапавярховыя мураванкі.

— А вось і мой замак,— шырокім жэстам паказаў ён на ладную камяніцу. Рухава адчыніўшы брамку, таропка запрасіў: — Прашу, прашу!..

У прасторным пакоі, куды яны ўвайшлі, была жанчына сярэдніх гадоў, круглатварая, досыць мажная. Яна сядзела на канапе і нешта вязала.

— Знаёмцеся,— жвава адрэкамендаваў Буднікаў,— гэта мая, так сказаць, жыццёвая спадарожніца Анэта Якаўлеўна, а гэта — мой калега Антон Захаравіч.— І да Кернажыцкага:—Даруйце, Захаравіч, мы на хвілінку пакінем вас, мне трэба з Нэтачкай трошкі пашаптацца — цэлы ж дзень не бачыліся...— Ён гарэзліва ўсміхнуўся.— Пасядзіце крыху. Зірніце, калі хочаце, маю бібліятэчку. Яна не вельмі што вялікая, але для мяне дарагая.

Гэтая бібліятэчка Кернажыцкаму кінулася ў вочы, як толькі ступілі ў пакой. Дзве вялізныя адмысловыя кніжныя шафы, зашклёныя ад верху да нізу, закрывалі сабой амаль усю сцяну. Асобна стаялі рознакаляровыя і рознафарматныя кнігі, выстраіліся шарэнгамі — кароткімі і даволі доўгімі — зборы твораў асобных пісьменнікаў.

Буднікаў і жонка ўсё насілі і насілі на стол. «Ніштавата жывеш, калега!..» — грэбліва падумаў Антон Захаравіч.

— Ну вось і ўсё,— нарэшце сказаў Канстанцін Ермалаевіч.— Проша пана да стала! І вельмі проша выбачыць, што ён вельмі скромненькі,— самі ведаеце, які цяперака час...

— Мяркуючы па тым, што панастаўлена на гэтым стале,— вам грэх наракаць на час,— падкалупнуў Кернажыцкі.— Я і перад вайной не заўсёды мог так сустрэць чалавека.

— Ай, не кажыце абы-што! — робячы выгляд, што не заўважыў намёку, кінуў Буднікаў.— Стол для дарагога госця задужа скромненькі! Ды, зрэшты, нашто нам гэта спрэчка-сварка, калі нас чакае чарка? — рагатнуў ён, задаволены, што нечакана сказаў складна.— Чым пераліваць з пустога ў парожняе, лепш наліваць з поўнай бутлі...— І зноў засмяяўся — яму яўна падабалася, што сёння ў яго гладка ходзіць язык.— Адным словам, селі!

— То паклічце гаспадыню,— прапанаваў Антон Захаравіч.— Як жа без яе?

— Ды яна... занятая,— трохі сумеўшыся, праказаў Буднікаў.— Вы ж ведаеце, у жанчыны ў хаце заўсёды клопат знойдзецца. А зрэшты, я лічу, што іхняй сястры пры мужчынскай размове часам прысутнічаць не абавязкова...— Змоўшчыцкая ўсмешка кранула яго твар.

Наліўшы паўнюткія шклянкі, нагрузіўшы сваю талерку закускай і счакаўшы, пакуль тое ж самае зробіць Кернажыцкі, Буднікаў на нейкі момант задумаўся над першым тостам. Збегліся на лбе маршчыны.

— Ну, то будзем жывы!..— шматзначна выдыхнуў ён.

— Будзем! — адгукнуўся Антон Захаравіч.

Колькі часу яны моўчкі закусвалі. Кожны думаў пра сваё. І абодвум хацелася ведаць, пра што думае ў гэтую хвілю яго нечаканы хаўруснік.

— Ну, як мая самагоначка? — перапыніў няёмкае маўчанне Канстанцін Ермалаевіч.

— Моцная, халера! Ледзь пракаўтнуў. Як той спірытус. Самі гналі?

— Ды што вы! Прыносная.

— Якая? — не зразумеў Кернажыцкі.

— Ды прынеслі. Бачыце, служба ў мяне такая. Зробіш чалавеку дабро — ён табе і аддзячыць. Прынясе што-небудзь. Ці гэтую, як вы сказалі, халеру-самагонку, ці што іншае. З яды сёе-тое. Ну і бярэш, вядома. Просіць жа вельмі, не адступіцца, пакуль не возьмеш. А яно — чаго ж там асабліва адмаўляцца? Не ў раскошы жыву... І ўвесь гэты сённяшні стол, што здаўся вам шыкоўным, можна сказаць — прыносны. Дары добрых людзей. Адкуль бы я ўзяў гэту вядлінку, гэты кумпячок, гэтыя каўбаскі, сырок...

— Мабыць, нешта ж вельмі патрэбнае робіце, калі аддзячваюць такімі рэдкімі ў наш час дарамі? Калі не сакрэт — што?

— Шчыра кажучы, то сакрэт. І не малы. Але вам адкрыю. Мы ж калегі. Мабыць, і самі на маім месцы рабілі б гэтаксама...— Змоўшчыцкая ўсмешка зноўку выбліснула на Буднікавым твары. Сагнаўшы яе, Канстанцін Ермалаевіч тут жа стаў сур’ёзны.— Рознае бывае. Часам роўнае ўратаванню жыцця...

«Што ж ты за дабрадзей такі, біржавічок? Нават людзей уратоўваеш?» — узгарэўся Кернажыцкі, заінтрыгаваны словамі Буднікава.

— Вам жа вядома, чым займаецца біржа працы нашай управы. З усялякім прыходзяць штодзень: то ўладкуй на работу, то паспрыяй абмяняць на лепшую. Таму дай патрэбную даведку, каб атрымаць нейкі дакумент, у гэтага нявыкрутка з прадкарткамі... А ўзяць адпраўку ў Германію. Добраахвотнікаў не вельмі што, вярбоўка колькі там дае. Адны хаваюцца, адвільваюць, іншыя выкручваюцца, як могуць. А немец нічога і знаць не хоча — яму план, разнарадку давай!..

Буднікаў прымоўк. Адчувалася, што ў ім зараз ідзе напружаная работа думкі. Відаць, ён ламаў галаву над тым, па якой сцяжыне пусціць ход размовы.

— Не ведаю, як вы, а я дык не вельмі разумею, чаго яны баяцца той Германіі, як чорт ладана,— загаварыў Канстанцін Ермалаевіч, адкінуўшыся на спінку крэсла і скрыжаваўшы на грудзях рукі.— Мабыць, наша цямнота. Краіна надзвычайнай культуры, навукі, тэхнікі! Там жа столькі такога, чаму можна павучыцца, што можна пераняць!.. Яму б, катораму, за шчасце мець — пабываць у той краіне, падыхаць паветрам, якім дыхалі тыя геніяльныя людзі, а ён усяляк адкручваецца і яшчэ робіць з гэтага трагедыю. Нібы яго на катаргу пасылаюць...

— Але ж таго паветра, пра якое вы кажаце, там даўно і заваду няма,— не стрываў Кернажыцкі.— Выветрылася дашчэнту!..— І ён выціснуў з сябе нешта накшталт усмешкі.

— Паветра няхай сабе і няма, але дух краіны і народа — ёсць! — усклікнуў Буднікаў.— Тое, што складалася праз стагоддзі, жыве і жыць будзе!

— Правільна. Аднак час няўмольна дыктуе і сваё. Ён можа бязлітасна нішчыць тое, што ўсталявалася, і заводзіць іншае.

— Ваша праўда, Антон Захаравіч, час — сіла ўсемагутная. Змен ён можа натварыць надзвычай шмат, яму ўсё падуладна. Гэта, так сказаць, калі гаварыць увогуле. А калі мець на ўвазе прадмет нашай размовы, то вы, я думаю, не будзеце сцвярджаць, што сённяшняя Германія — краіна ўжо не той культуры, не той навукі і тэхнікі, якой была, дапусцім, у мінулым стагоддзі і перад вайной. Ці не Германія цяпер з’яўляецца адной з магутнейшых, калі не самай магутнай, дзяржавай свету? Яна — гаспадар і ўладар усёй Еўропы! Захоча — перабярэцца за акіян і над светам будзе панаваць!.. Вось толькі Расіі, мабыць, не трэба было чапаць... Штосьці незразумелае тут у немца атрымліваецца. Таўкуць яго чамусьці тут. Столькі быў паназаваёўваў, а пачаў адступаць, адкочвацца назад. Можа, гэта толькі часовая няўпраўка ў яго, можа, яшчэ збярэцца з сілаю?.. Як вы мяркуеце, Захаравіч?

— Ды што тут скажаш...— паціснуў плячыма Кернажыцкі.— Нешта ж нібыта ўсур’ёз збіраецца пакаціцца і адсюль, з Беларусі, і Мінск пакінуць. Вы ж, мабыць, ведаеце, што спехам дэманціруецца і эвакуіруецца ці рыхтуецца да эвакуацыі заводскае і фабрычнае абсталяванне?

— Ведаю, даражэнькі, ведаю... Ведаю і тое, што нам загадана рэзка павялічыць адпраўку людзей у Германію. Ужо фугуем эшалон за эшалонам... Не разумею, навошта іх вывозяць туды, калі вайна дала такі паварот?

— Паварот-то дала, але да канца яе яшчэ далекавата. Да Берліна вунь яшчэ колькі! Вось і трэба немцу вызваліць свае рабочыя рукі, каб даць ім зброю і кінуць на фронт...

— Няўжо ж нашы дойдуць да Берліна? — У голасе Буднікава былі сумненне і трывожнасць.

Памаўчаўшы, Антон Захаравіч прымусіў сябе бесклапотна ўсміхнуцца:

— А што нам лішне думаць над гэтым? Калі дажывём — пабачым... Давайце лепш вып’ем, а то мы так захапіліся гаманой, што забылі, дзеля чаго прыселі за гэтым слаўным сталом. І вып’ем іменна за тое, каб дажыць да дня, калі вайне будзе крышка!..

Кернажыцкі закусваў з асалодай, якую ўжо і не помніў, калі меў у час яды. Усё тут было смачнае і ўсяго ўдосталь. І ён не саромеючыся налягаў на гэтую раскошу.

— Мы вось выпілі за цудоўны тост — дажыць да канца вайны,— жуючы, загаварыў Буднікаў.— Але дажыць да таго часу — гэта яшчэ не ўсё. Мяне моцна турбуе тое, пра што я вам ужо казаў. Яно і вас, як мне здаецца, павінна турбаваць. Што ж будзе з намі, сённяшнімі службоўцамі нямецкай управы? Ці пагладзяць нас па галоўцы за такую службу?

Антон Захаравіч узняў галаву ад талеркі, ссунуў бровы на пераноссі.

— Думаю, будуць разбірацца.

— А што там разбярэшся...— уздыхнуў Канстанцін Ермалаевіч.— Управа і ёсць управа! Служыў — значыць, служыў!.. Каму я дакажу, што пайшоў туды, бо трэба было жыць і сям’ю карміць?..

— Можна было і ў іншае месца пайсці.

— Лёгенька сказаць — у іншае! Я настаўнік, рукі ў мяне не майстравыя, ні на што не спец. Куды мне было — у грузчыкі падацца? Я ніякі не палітык, мне проста трэба было жыць! І калі ўжо апынуліся пад немцам і надарылася месца ва ўправе, я заняў яго. Выбару ў мяне не было. Каму патрэбна была мая школьная фізіка? Вы ж таксама ў грузчыкі не падаліся...

— І са мной будуць разбірацца,— бліснуў вачыма Кернажыцкі.— Абавязкова будуць!..

— Ды ці вельмі разбяруцца? — нерваваўся Буднікаў.— За час гэтай пякельнай службы ўсялякага было. Можа, дзе каму-небудзь калі-небудзь і не дагадзіў, на ўсіх мілы не будзеш. Можа, хто і затаіў якое паскудства. І з’явіцца, куды трэба, і наробіць звону. І возьмуць за шкірку...— ён неяк увесь звяў, уцягнуў галаву ў плечы, нібы чакаючы ўдару. Памаўчаўшы, глуха сказаў: — Было ўжо нешта падобнае. Нядаўна было... Бралі чарговую партыю для адпраўкі ў Германію. Прыйшла да мяне жанчына прасіць за дачку, каб не адпраўлялі. Ну, я нічога не зрабіў. У мяне разнарадка, загад! Ды ліха не ўзяло б яе дзеўку, калі б і з’ездзіла!.. Вы б пабачылі, якім зверам накінулася на мяне тая кабеціна, які вэрхал узняла! Лямантавала, што, калі прыйдуць нашы, мяне, нямецкага паслугача і душагуба, упячэ на шыбеніцу!.. Ну, гэтая не ўпячэ, я сякія-такія захады прыняў... А іншыя ж могуць аб’явіцца...

— Могуць, Канстанцін Ермалаевіч, могуць,— задумна прамовіў Кернажыцкі.— І напэўна ж аб’явяцца! І спытаюць з кожнага за ўсё!..

 

45

Увесь той дзень, што б ні рабіў, куды б ні падаваўся, у Андрэя Бушуева не выходзіла з галавы і не давала спакою ўчарашняя размова з камендантам лагера гаўптманам Шпрынгерам. Адбылася яна ў кабінеце гаўптмана пасля допыту аднаго з ваеннапалонных, які спрабаваў уцячы і быў схоплены. Выкліканыя камендантам гітлераўцы, як ні шалелі, нічога не маглі выпытаць у злоўленага. Перакладчыку Андрэю, можна сказаць, работы не было — палонны зацята маўчаў. Калі яго павялі, Шпрынгер загадаў Бушуеву застацца.

Андрэй рэдка калі бачыў гаўптмана такім змрочным і задуменным. Ён ведаў, што не допыт узрушыў каменданта,— ці такое рабілася на яго вачах! Шпрынгер быў не з уражлівых натур, на самую нялюдскую жорсткасць ён мог глядзець зусім спакойна, у яго самога яе было колькі хочаш.

Гаўптман моўчкі сядзеў за сталом, утаропіўшыся ў настольны каляндар. Яго маўчанка нешта ўсё не канчалася, і Андрэй падумаў, ці не забыў камендант, што ў кабінеце ён не адзін.

Бадай, толькі цяпер Андрэй заўважыў: здорава такі змяніўся яго начальнічак! Моцна падаўся! Твар азыз, мяшкі пад вачыма. Здалося, што пагусцелі і паглыбелі зморшчкі, пабольшала сівізна. «А яшчэ ж і двух гадкоў не прайшло, як стаў уладарыць тут, гер каменданцік!.. З якім настроем пачынаў ты, колькі імпэту, ледзь не юначага запалу і самаўпэўненасці было ў табе тады! Мо згадаеш, даражэнькі, як, затрымаўшы мяне вось у гэтым кабінеце, ты, захліпаючыся ад шчасця і радасці, гаварыў пра ваша генеральнае наступленне на Сталінград, пра тое, што перамога ўжо ў кішэні фюрэра!.. А ці не ты спяваў пра сакрэтную наймагутнейшую нямецкую зброю, якая нарэшце паставіць Расію на калені?!. Успомні «пантэры», якія мы па твайму загаду рамантавалі,— ці павярнулі яны разам з «тыграмі» ход вайны на Курскай бітве?.. Што ж ты зараз скажаш мне, гер камендант? Якая пільная навіна ў цябе?..»

Шпрынгер рэзка адарваў позірк ад календара і парывіста ўстаў. Заклаўшы рукі за спіну, нетаропка прайшоўся па кабінеце. Спыніўся каля вялікага гадзінніка, што стаяў у куце, паўзіраўся на доўгі маятнік, які лена ківаўся з боку на бок.

— Мы з вамі даволі даўно працуем,— не мяняючы паставы, глуха загаварыў гаўптман.— І, здаецца, навучыліся разумець адзін аднаго. Думаю, што вы зразумееце і гэту нашу гаворку...

Ён вярнуўся да стала, важна і спаважна ўсеўся на сваё месца. Змрочнасць не сыходзіла з яго твару.

— Хоць вы і рускі, але я маю да вас сімпатыю,— позірк гаўптмана сустрэўся з Андрэевым.— Вы выклікаеце мой давер, і я з вамі заўсёды быў адкрыты. Часам, можа, задужа адкрыты...— Камендантаў твар кранула хітраватая ўсмешка.

«Ды не цягні ты, паганец пракляты! — ірвалася з душы Бушуева.— Патрэбны мне твае прызнанні ў ў шчырасці, твае любошчы!.. Што ты маеш сказаць?..»

— Мы з вамі, рускімі, ваюем, але я цвёрда веру, што не ўсе вы — нашы ворагі,— павольна цадзіў Шпрынгер.— Ёсць у вашай краіне і шмат нашых прыхільнікаў, і нават добрых сяброў. Іх будзе куды больш, калі скончыцца вайна і рускі народ як след спазнае наш нямецкі народ... На жаль,— ён стрымаў уздых, які гатовы быў вырвацца,— на жаль, вайна зацягваецца. Парушыліся планы нашага камандавання. Давялося адступіць з некаторых занятых намі тэрыторый. Так трэба было. Дзеля скарачэння фронту. Мы захавалі ўдарную сілу свайго войска, каб выйграць вайну! — Голас гаўптмана з размоўнага пачаў перабірацца на прамоўны.— Так, мы выйграем вайну, колькі б ні давялося ваяваць!.. Дарэмна рускія радуюцца нашым адступленням і лічаць, што ўжо ідуць да свае перамогі! Ой як дарэмна радуюцца!.. Нават калі і яшчэ будуць нашы адступленні,— перамогу вырве ўсё-такі армія фюрэра! І да таго часу мы не выпусцім з рук зброі!..

Камендант пацягнуўся рукой да графіна з вадою, наліў шклянку, зрабіў некалькі глыткоў. Дастаў насоўку, выцер спацелы лоб.

«Ну, выліты трыбунны прамоўца! — мільганула ў Андрэя.— Толькі на халеру мне гэтая твая балбатня? Няўжо гэта і ўсё, што ты мне хацеў сказаць?»

Калі Бушуеў пачаў ужо прыкідваць, чым яму перш-наперш трэба заняцца, пакінуўшы камендантаў кабінет, гаўптман, сцішыўшы голас, спаважна прагаварыў, нібы прадыктаваў:

— Мне загадана падрыхтаваць лагер ваеннапалонных да эвакуацыі. Пра час і яго новае месца будзе аб’яўлена. Я палічыў магчымым паведаміць пра гэта вам. Няхай такая аперацыя не будзе для вас поўнай нечаканасцю. Разлічваю на вашу дапамогу ў яе падрыхтоўцы і правядзенні.— Шпрынгер памаўчаў.— Думаю, няма патрэбы казаць, наколькі моцна вы звязалі свой лёс з намі, немцамі, і вашага вяртання ў стан суайчыннікаў ужо не можа быць. Нават калі дапусціць амаль неверагоднае — іх перамогу. Уявіце сабе, што яны зробяць з вамі, чалавекам, які фактычна ваяваў супраць сваіх... А можа, я памыляюся? — Камендант ва ўпор глядзеў на Андрэя.

— Ды не, што вы...— ашаломлены і пачутым, і гэтым пытаннем, прамармытаў Бушуеў.

— Вось і добра, іншага адказу я і не чакаў.— Шпрынгер крыху ажывіўся.— Ваша задача на гэты час — быць асабліва пільным да ўсяго, што робіцца ў лагеры, чым ён жыве і дыхае. Пра ўсё неадкладна інфармуйце. І думайце, думайце, як нам найлепш правесці перадыслакацыю. Вашы меркаванні і прапановы, я ўпэўнены, для мяне будуць карысныя.

 

І Андрэй пачаў думаць. Думаць — што рабіць? Эвакуіравацца з лагерам,— каму гэта патрэбна? Хіба што немцам... На новым месцы цяперашні лагер-майстэрню ператвораць у звычайны лагер ваеннапалонных, у якім будуць усе шанцы загінуць, не дачакаўшыся вызвалення. Што б там ні балбатаў гэты немчык,— у вайне настаў пералом. У паветры моцна запахла нашай перамогай! І перадыслакацыя лагера, якою зараз так занепакоены камендант,— яшчэ адзін напамінак пра справы гітлераўцаў на фронце. «Дык ехаць насустрач амаль вернай сваёй пагібелі, калі вайна ідзе на скон і яшчэ сёе-тое можна зрабіць, каб хутчэй захлынулася фашысцкае гадаўё?.. Не, дудкі, шаноўны гер камендант, вельмі ж нам не па дарозе!..»

Рашэнне безагаворачнае — пакінуць лагер і падавацца ў партызаны. І неадкладна! Заўтра — паслязаўтра можа быць позна! Гаўптман казаў, што загад на эвакуацыю могуць даць у любы час, тады ўсё страшэнна ўскладніцца, непрыкметна знікнуць камендантаваму памочніку будзе амаль немагчыма. Цяпер жа ў яго ёсць права на свабодны выхад з лагера, адпаведныя дакументы правядуць па гораду. А там — да лясных салдат, да слаўных лясных салдат, пра якіх столькі думалася тут, за калючым дротам, праз гэтыя даўжэзныя ледзь не тры гады!..

Вось-вось будзе загорнута апошняя старонка пакут гэтых людзей на гэтым нявольнічым двары. Што чакае іх там, куды павязуць душагубы? Можа, зацягнуць у свой пракляты райх і ператвораць у рабочае быдла? Што зробяць з імі, калі самі будуць гінуць?.. Мо папярэдзіць сваіх хлопцаў пра намер немцаў эвакуіраваць лагер? Але што ім дасць гэта нядобрая навіна? Падкажа ўцёкі? Дык жа нават старанна падрыхтаваныя ўцёкі не ўсе ўдаваліся, а тут...

У Андрэя галава трашчала ад неадкладных пытанняў, на якія трэба было знайсці толькі беспамылковыя адказы. Ён сноўдаўся па лагеры з выглядам чалавека, які нечым заняты, а ў галаве было адно: як найлепш зрабіць, што задумаў. Каб жа не выпусціць з-пад увагі што-небудзь такое, пра што будзе потым шкадаваць або што можа прывесці да непапраўнага...

Так, навіна аб эвакуацыі лагера, акрамя немалых хваляванняў, ваеннапалонным, бадай, нічога не дасць,— думалася Андрэю.— А вось Хведару Васільевічу, мабыць, нешта такі дасць. З ад’ездам палоннікаў непазбежна распадзецца і закрыецца рамонтная майстэрня — не будзе каму рамантаваць. Ды і не да рамонтаў цяпер фрыцам — ходзяць чуткі, што дэманціруюць і вывозяць рознае прамысловае абсталяванне. Канечне, вывезуць, што могуць, і адсюль... Няхай для Хведара Васільевіча гэта не будзе раптоўнай нечаканасцю, няхай будзе гатовы да ўсяго, што можа тады адбыцца. І ўвогуле — хіба ён пакіне лагер, не пагаварыўшы па душах, па-мужчынску з гэтым светлым і мужным, такім няшчасным цяпер чалавекам! Ён адкрые яму і свой намер — хто ведае, чым скончацца яго ўцёкі, можа, і давядзецца Хведару Васільевічу выканаць яго апошнюю просьбу — паведаміць у родны волжскі кут, што быў у гэтай праклятай майстэрні Андрэй Бушуеў, пайшоў адсюль у свой час... Хай хоць гэта стане вядома там, дома...»

Ён знайшоў Рускевіча ў сталярні. Прыладзіўшыся ў кутку, Хведар Васільевіч нешта габляваў. Кіўнуўшы на прывітанне, ён адклаў рубанак.

— Ну, як работа? — знарок гучна спытаў Бушуеў.

— Ат, якая там работа. Вот раблю стружкі...— крыва пасміхнуўся Рускевіч.

Андрэй азірнуў майстэрню.

— Ёсць размова, Хведар Васільевіч,— сцішана праказаў Бушуеў.— Тут не вельмі зручна. Пойдзем у маю каморку.

— Размова дык размова. Хадзем.

Андрэй даўнавата не бачыў Рускевіча. Як учарнеў, як зблажэў чалавек! Жывы цень соўгаецца... А хто не ўчарнее, хто не зблажэе, калі столькі бязлітаснага гора наваліць на яго! Можна толькі дзіву давацца, як яшчэ стрывала яго далёка не першай маладосці сэрца, як ён сам выжыў і не пайшоў услед за сваёй пакутніцай Тоняй...

— Ну вось тут і пагутарым,— узяўшы дзверы на ключ, сказаў Бушуеў.— Апошні раз тут пагутарым...— Хвіліну памарудзіўшы, дадаў з кіслай усмешкай: — А можа, і апошні раз на гэтым свеце...

— Ты што гэта, Піліпавіч? Пра што? Чаго гэта той свет успомніў? — сыпануў Рускевіч, не пераводзячы дыхання.— Калі што якое сур’ёзнае, то кажы адразу, не рві мне душу!

— Сур’ёзнае, даражэнькі Хведар Васільевіч, нават дужа сур’ёзнае.— Андрэй знізіў голас ледзь не да шэпту.— Учора камендант пад вялікім сакрэтам сказаў мне, што немцы збіраюцца эвакуіраваць лагер ваеннапалонных. Мабыць, увогуле рыхтуюцца да драпу з Мінска. Ды яно да гэтага і ідзе... Я вырашыў не ехаць з лагерам. Падамся шукаць партызан...

Рускевіч слухаў Бушуева, і твар яго ўвачавідкі змяняўся — рабіўся то змрочным, то ўстурбаваным, то радасна-ўзбуджаным. Ён некаторы час не мог вымавіць і слова, і незразумела было, як ён успрыняў пачутае. Парывіста абняўшы Андрэя, загаварыў:

— Правільна, сыне, вырашыў! Няма чаго табе з імі ехаць! Толькі той і карысці будзе, што недзе галаву можаш скласці. А трапіш да партызан,— карысці людзям прынясеш яшчэ ўга колькі! З супастатам жа яшчэ ваяваць ды ваяваць. Толькі туды, у лес, табе дарога!..

Рады, што яго рашэнне ўхваліў гэты дарагі для яго чалавек, Бушуеў думкай сігануў далёка адсюль.

— Каб жа трапіць!..— вырвалася ў яго.

— Трапіш, сыне, абавязкова трапіш! — адгукнуўся Рускевіч.— Я памагу. Ну, не я,— тут жа паправіўся ён,— а хлопец, якога я дам. Ёсць у мяне такі — Хведар Васільевіч прымоўк, твар яго перасмыкнуўся вострым болем, сцьмеў бляск вачэй.— Мае абодва былі яго сябрамі. Гэта ён прынёс мне вестку пра гібель Ларыка. Разам былі, пры ім скасіла яго... Пятро калі не давядзе да саменькіх партызан, то дарогу ўкажа.

— Дык гэта ж так здорава!—усхапіўся з крэсла Андрэй.— Вы ж залаты чалавек, Хведар Васільевіч!..

— Ну, знайшоў золата,— махнуў рукой Рускевіч.— Лічы, што ты партызан ужо, а не пан перакладчык... І лупцуй паганцаў колькі хочаш! — выклікнуў ён. Пасур’ёзнеўшы, сказаў — як папрасіў: — І пастарайся жывым застацца. Каб вярнуўся на родную Волгу і расказаў, што і як у нас тут было...

Здрадніцкі камяк падступіў да Андрэевага горла і не дае гаварыць. Сяк-так утаймаваўшы яго, Бушуеў праз сілу ўсміхнуўся:

— Пастараюся, Хведар Васільевіч...— Каб не выдаць узрушанасці і крыху супакоіцца, пажартаваў: — Пастараюся, калі так просіце. Абяцаю... А вас прашу паабяцаць мне выканаць адну маю невялічкую просьбу. Абяцаеце?

— Калі здолею — чаму ж не, выканаю. Абяцаю.

— Бачыце, усялякае са мною можа здарыцца. Можа, нават і да партызан не дайду... Дык вы, калі мінецца ліхалецце, чырканіце маім родным пару слоў пра мяне. Вось па гэтаму адрасу. Добра?

— Чаму не чыркануць, гэта не цяжка. Але ж ты абяцаў, што жывы застанешся?

— А хіба вам не будзе прыемна, калі ў такім выпадку пісьмо трапіць у мае рукі і я сам адпішу? Пра ўсё адпішу, што са мною сталася пасля вось гэтага нашага апошняга развітання...

— Вось жа звадыяш! Яшчэ раз абяцаю — абавязкова дам вестку! І хачу адказ атрымаць толькі ад цябе. Чуеш?!

 

46

— Можна? — адхінуўшы плашч-палатку, якая занавешвала ўваход у зямлянку, крыкнуў задыханы радыст Качалкін. У руках ён трымаў рацыю.

— Уваходзь, Жэня,— адарваўся ад карты, разасланай на шырозным самаробным стале, камбрыг Бойка.— Здарылася што-небудзь?

— Здарылася, Іосіф Макаравіч! Пачалося! Здорава пачалося!..— Ён хапаў ротам паветра.— Вельмі здорава!..

Ды кажы ж ты ўрэшце, што пачалося? — не стрываў Бойка.

— Наступленне нашых!.. Я злавіў Маскву... Вось толькі што. Перадавалі зводку. Ды такую!.. Я не даслухаў, за прыёмнік і да вас... Зараз паўтараць будуць... Дазвольце ўключыць?

— Давай хутчэй!..— выгукнуў камбрыг.

Прыёмнік ажыў адразу. Нядоўгае папіскванне, патрэскванне, і зямлянку запоўніў голас, які калісьці ўварваўся ў нашы хаты з жахлівай весткай пра вайну, голас, якога чакалі са страхам і надзеяй, які столькі паведаміў людзям і пра суровыя нягоды, і пра невымоўныя радасці. Дыктар гаварыў аб жульніцкай балбатні гітлераўскага камандавання пра фантастычныя страты, якія нібыта панесла Чырвоная Армія за тры гады вайны. Скончыўшы, ён зрабіў паўзу. Тая паўза здалася занадта доўгай. Міжволі падумалася, ці не заканчэнне зводкі даслухалі яны. Але з рацыі пачулася: «Войскі Першага Прыбалтыйскага і Трэццяга Беларускага франтоў вялі баі па знішчэнню акружанай групоўкі праціўніка ў раёне Віцебска і, сціскаючы кола акружэння, штурмам авалодалі буйным абласным цэнтрам Беларусі горадам Віцебскам — важным стратэгічным вузлом абароны немцаў на Заходнім напрамку...»

— Вось гэта штука — Віцебск!!! — крыкнуў Качалкін.— Віцебск! Чулі?

— Чуў, Жэня, чуў! — адгукнуўся Іосіф Макаравіч.— Слухаем далей...

«На Аршанскім напрамку нашы войскі з баямі прасоўваліся наперад і авалодалі раённым цэнтрам Віцебскай вобласці — горадам Дуброўна, горадам і буйной чыгуначнай станцыяй Талачын, а таксама занялі больш за 400 іншых населеных пунктаў...

На Магілёўскім напрамку нашы войскі, паспяхова прасоўваючыся наперад, з боем авалодалі раённым цэнтрам Магілёўскай вобласці горадам Горкі, а таксама занялі больш за 450 іншых населеных пунктаў...»

— Во даюць! Больш за 450 населеных пунктаў! — зноў не стрымаўся Качалкін.— Во тэмпік!..

«Войскі Першага Беларускага фронту, працягваючы паспяховае наступленне, авалодалі горадам і буйным чыгуначным вузлом Жлобін — важным апорным пунктам абароны немцаў на Бабруйскім напрамку, а таксама з баямі занялі больш за 150 населеных пунктаў...»

— Пачалося, Жэнечка, пачалося! — Бойка не мог суняць хвалявання.— Дай, даражэнькі, я цябе абніму за такую навіну! — І камбрыг так абхапіў Качалкіна, што той ледзь не задыхнуўся.— Ну, а цяпер ідзі, браток, і расказвай усім, што мы тут пачулі...

Як толькі радыст выйшаў, Іосіф Макаравіч вярнуўся да стала, нейкую хвіліну пастаяў і сеў. Радыёперадача нібы аглушыла яго, над усім было толькі адно адчуванне— невымерная радасць.

«Гэта — грандыёзна! Рушылі ў наступ усе франты, нацэленыя на Беларусь! Маштаб — дай божа! Відаць, там, у Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання, і наш лясны фронт улічылі, калі абмазгоўвалі гэты наступ. Можа, мы, самі таго не ведаючы, так сказаць, і пачалі яго?.. Наш апошні канцэрт на рэйках адбыўся якраз жа на самым пярэдадні падзей на франтах, пра якія толькі што перадавалі...»

 

Той канцэрт на рэйках прайшоў з вялікай зладжанасцю і прагрымеў з асаблівай сілаю. Дзіва што! Гэта ж быў ужо трэці, не раўня таму першаму, калі велізарную аперацыю пачыналі, цалкам не ўяўляючы, які размах яна можа набыць. І вынік, зразумела, атрымаўся найлепшы. Брыгада асядлала адведзены ёй участак чыгункі і за ноч здрасавала яго. Не адны суткі тутэйшыя лясы і палеткі не ўчуюць паравознага гудка, татахкання колаў на рэйках...

У тую ноч не толькі брыгада Бойкі пляжыла чыгунку, паралізуючы яе, адсякаючы тым самым фронт нямецкіх армій ад тылоў, ад падмацаванняў, ад рэзерваў. І гэта добра адчула гітлераўскае камандаванне, калі ўслед за громам бітвы на рэйках грымнуў гром франтоў, што занялі заходнія рубяжы для вялікай бітвы за Беларусь. Рэха абодвух бітваў злілося і пакацілася па шматпакутнай беларускай зямлі, дзе яшчэ гаспадарылі чужынцы.

Наступленне Чырвонай Арміі не проста ажывіла, а ўзвіхурыла баявыя дзеянні народных мсціўцаў. Усім было зразумела, што пачаўся заключны бой за родны край, і ўсе рваліся ў гэты бой.

А ён, заключны бой, быў бязлітасна суровы, неймаверна цяжкі. Спрабуючы арганізаваць абарону на фронце, якая трашчала і крышылася пад сакрушальным напорам нашых войск, нямецкае камандаванне імкнулася ачысціць свае тылы ад народных мсціўцаў, засцерагчы армію ад удараў у патыліцу. Супраць іх былі кінуты рэгулярныя часці. На партызан абрынуліся аблавы, акружэнні, блакады.

А войска фюрэра, разгромленае на пярэднім краі, на лініях абароны, на ўмацаваных рубяжах, само апынулася паміж молатам і кавадлам. Удары з тылу вельмі ж удала спалучаліся з ударамі з фронту! Блакіраваныя магістральныя дарогі, узарваныя масты, узятыя пад агнявы кантроль пераправы неміласэрна блыталі планы і разлікі камандзіраў нямецкіх часцей і злучэнняў, якія пад нястрымным націскам савецкіх воінаў адкочваліся на захад...

Была ўсе тыя дні і ночы ў няспынным віры і брыгада Бойкі, спазнала ўвесь іх агонь і полымя. Збівалі з бальшакоў разгромленыя падраздзяленні немцаў, прымушалі іх адступаць па лясных дарогах і бездаражы і там калашмацілі. Рабілі засады, дзе іх ніяк не чакалі. Палявалі за разбітымі часцямі, якія ратаваліся ад франтавога шквалу нашых войск, і тых, што не здаваліся ў палон, дабівалі.

Брыгада зведала і суровую зацяжную бітву з пераважнымі сіламі рэгулярных нямецкіх падраздзяленняў, якія спрабавалі акружыць яе і знішчыць. Давялося з цяжкімі баямі адыходзіць. Каля возера Палік атрады ўсё-такі трапілі ў блакаду. Знайшлі ў сабе сілу, прарвалі яе і вярнуліся ў Гасцілавіцкія лясы. Фронт тым часам падкаціўся сюды ўшчыльную. Устанавілі першыя сувязі з нашымі наступаўшымі часцямі. Далі разведчыкаў-праваднікоў. Злучыўшыся з армейцамі, дапамагалі ім выбіваць гітлераўцаў з раёна, разам бралі Гасцілавічы...

 

47

Каторую ўжо ноч сон у Пятра Лукашэвіча чуйны і трывожны. Кладучыся спаць, хлопец думае-гадае: а можа, гэтай ночкай прыйдуць нашы?.. Яму ой як хочацца не праспаць сам прыход родных вызваліцеляў: прачнуўся, а яны ўжо ў горадзе... Ён павінен на ўласныя вочы бачыць, як фрыцы будуць драпаць! Ён хоча, хоча паглядзець, як гэта будзе! Яму трэба самому выскачыць насустрач ім.

Пятро сам слухаў перадачу маскоўскага радыё і ведаў, што вал наступлення нашай арміі імкліва коціць на захад і вось-вось павінен дасягнуць Мінска. Ды і па тым, што тварылася ў горадзе ў апошнія дні, адчувалася, што заваёўнікі падмазалі пяткі і заўтра-паслязаўтра дадуць лататы. Тут ужо не яны гаспадарылі, а тлум і паніка. Чужынцы і іх паслугачы думалі пра адно — пра паратунак. Уцякалі з гэтага цяпер страшнага для іх горада, хто як мог. Хапалі і імкнуліся вывезці ўсё, што маглі. Небяспечна было трапляцца злыдням на вочы — людзей лавілі сярод вуліцы, заганялі на зборныя пункты і адпраўлялі ў Германію.

Управа ўжо колькі часу не працавала, яе начальства і работнікі, якія верай і праўдай служылі новаму парадку, разбегліся хто куды. Кернажыцкі прыхаваўся сам і загадаў Лукашэвічу прыхавацца, каб не апынуцца на зборным пункце нявольнікаў. І Пятро стараўся без вельмі пільнай патрэбы не патыкацца на вуліцу, быў увесь час усюды асцярожлівы.

...Той ліпеньскай ноччу ён спаў нешта асабліва неспакойна і насцярожана. Колькі разоў прахопліваўся, ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Уставаў, выходзіў на балкон, услухоўваўся ў трывожную цішыню горада. Сяды-тады яе рвалі выбухі — то далёкія, ледзь чутныя, то зусім блізкія, аглушальныя. На месцы выбухаў шугала ў начное неба полымя, усчынаўся пажар,

Ужо добра бралася на раніцу, калі Пятро, выйшаўшы на балкон, учуў, нібыта ў баку Лагойскага тракту і Маскоўскай шашы час ад часу лена перакочваецца невыразны гуд. Сумненняў не было — там жыў, адтуль даносіўся гуд! Ён то слабеў і амаль прападаў, то гучнеў і як быццам набліжаўся.

Сну — як не бывала. Пятро стаяў і, стрымліваючы дыханне, слухаў, слухаў... Так хацелася пачуць у тым далёкім гудзе асобныя выбухі і стрэлы,— тады зразумела было б, што там ідзе бой, што гэта фронт ідзе!..

Даўно адступілася начное цемрыва, развеяліся апошнія рэшткі ранішняга змроку. У горад уладна ўступаў новы дзень. Першыя сонечныя каснікі высвецілі руіны кварталаў і вуліц, выставілі, бы напаказ, тое, што засталося ад колішняга чалавечага жытла...

Тым часам невыразны гуд ператварыўся ў грукат, у якім можна было разабраць і разложыстыя выбухі, і пошчак страляніны. А вось адтуль, з боку той мінскай ускраіны, вышмыгнулі і са страшэнным ровам пранесліся ледзь не над самымі дахамі тры самалёты. Пятро паспеў згледзець, што яны былі чырваназорныя.

«Родныя! Нашы!!!» — хацелася гукнуць на ўвесь горад, на ўвесь свет.

Ён куляй уляцеў у пакой і, зіркаючы туды-сюды, не ведаў, што ж цяпер рабіць. Думкі закруціліся ў шалёнай каруселі.

«Пачаўся бой за горад — гэта ўжо абсалютна зразумела!.. Але ж немцы так проста яго не здадуць. Будзе зацяты бой. Можа, не дзень і не два. Вунь па колькі біліся ў важных для вайны гарадах і нашы, і фрыцы! А Мінск жа для немцаў — не абы-які горад!»

Дома ўседзець ён не мог. Надумаўся прабрацца пад цэнтральную Савецкую вуліцу, зашыцца ў які-небудзь згарэлы гмах і цікаваць. Па Савецкай жа, напэўна, пойдзе галоўнае наступленне!..

Прыхапіўшы з сабой пісталет (можа спатрэбіцца!), Пятро, перш чым пакінуць дом, вырашыў заскочыць яшчэ разок на балкон, паслухаць, ці не памацнеў той далёкі гуд. Толькі гэта ён апынуўся на балконе, як пачуў і ўбачыў: на вуліцу, дзе знаходзілася цяперашняе яго прыстанішча, з-за павароткі з ляскатам ускаціліся два цяжкія нямецкія танкі, услед за імі шыбавалі грузавікі з салдатамі і гарматамі на прычэпах. Калона кіравалася да цэнтральнай магістралі горада. Калі яна прагрукатала міма дома і знікла, вуліца апусцела. Неўзабаве з шалёнай траскатнёй на яе ўзляцела плойма матацыклаў з каляскамі, у якіх за ручнымі кулямётамі застылі салдаты. Нарабіўшы грымоты, зніклі і матацыклісты ў тым жа кірунку.

«Та-а-ак, скора будзе вай-вай!..— Пятро на нейкі момант нібы прыкіпеў да балкона.— Бач, як заварушыліся, гады! Але ўсё роўна пабачу, як будуць рабіць вам канцы! Каціце сабе па вуліцах, а я — руінамі, руінамі...»

Ад камяніцы да камяніцы, з двара ў двор, з квартала ў квартал пракрадваўся ён да Савецкай вуліцы. У думках прыкінуў, дзе паспрабуе прыладзіцца.

Між тым на горад усё больш і больш насоўваўся несціханы гул. Ужо выразныя былі пальба гармат, залівістыя чэргі кулямётаў і аўтаматаў, выбухі снарадаў і мін, гудзенне танкаў...

Вось і трохпавярховая камяніца, якую Пятро меў на ўвазе. У адзін з першых налётаў на Мінск у яе ўцэліла бомба і амаль палову абваліла. Пры выбуху дом загарэўся і траха не ўвесь згарэў. Так і стаіць з таго часу мёртвая спаленая каробка. У самым, можна сказаць, цэнтры горада стаіць. І на ўзвышанай мясціне, з яе павінна быць далёка відно.

Хлопцу давялося пашнырыць не ў адным пад’ездзе, пакуль пачаў прабівацца на гарышча камяніцы. І выпацкаўся неміласэрна ў бруд і сажу, і пылу наглытаўся, і парызыкаваў нямала, караскаючыся па ненадзейных лесвічных парэнчах і бэльках, але свайго дапяў — на гарышча пранік.

Тут было цемнавата. З двух дахавых вокнаў цадзілася скупое святло. Цяжка было дыхаць у застаялым паветры, напоўненым нейкай прэласцю і цвіллю. Запяршыла ў горле, і Пятро не стрымаўся — гучна зачхаў. Адразу ж спахапіўся: «Знайшоў дзе чхаць!»

Ён разведаў абодва акны. Адно выходзіла на двор, другое — на Савецкую вуліцу. Пад’езд быў не куткавы, і, каб добра бачыць, што робіцца на вуліцы, трэба было ніштавата высунуцца з акна. Галоўны напрамак, які перш за ўсё цікавіў Пятра і за якім ён намерваўся сачыць, быў з боку Камароўкі. Там пакуль што не было ніякага руху, і Пятро, узрадаваны зручным назіральным пунктам, стаў аглядаць іншыя раёны горада.

Колькі акінуць вокам, шарэлі руіны знявечаных кварталаў, выступалі рознафарбныя плямы дахаў на ўцалелых будынках. У некалькіх месцах цягнуліся ў неба дымы пажараў: то гушчэзныя, то чорнымі бухматымі клубамі ляніва, нібы нехаця, плылі ўвысь, то светлыя, жвавыя — яны, здавалася, увесь час імкнуцца як мага хутчэй адарвацца ад спарадзіўшага іх агню...

А што гэта?..

Пятру падалося, што з боку Кальварыі далятаюць выбухі і страляніна. Прыслухаўся і ледзь не закрычаў: ён чуў і там гукі бою! Значыць, і адтуль коціць наступленне!..

Тыя далёкія гукі раптоўна заглушыліся ляскатам і грукатам, якія аднекуль вырваліся. Пятро павярнуў галаву і міжволі падаўся назад: па Садовай вуліцы, перасякаючы Савецкую, у кірунку опернага тэатра шыбавала калона нямецкіх танкаў.

Некалькі грузавікоў, набітых салдатамі, выскачылі з боку цэнтральнай часткі горада. Мінаваўшы Пятроў назіральны пункт, зрабілі паварот на Садовую і памчалі таксама ў кірунку опернага тэатра.

«Нешта ж яны не бяруцца прама па Савецкай на Камароўку і адтуль на Лагойскі тракт,— мільганула ў хлопца ў галаве.— Усё на оперны, на оперны... Можа, з таго раёна рыхтуюць галоўны ўдар па нашых часцях, што прарваліся, збіраюцца там убіць у іх які клін ці адсячы клін, убіты нашымі?..»

Сонца ўжо набрала ладную вышыню. Рэдкія аблачынкі нібы застылі ў бяздоннай сінечы неба, і само паветра здавалася нярушна застылым. Але не было ў ім цішыні. У гукі, што на світанні і ўранку нарадзіла тут зямля, паветра зноў і зноў уплятала свае. Спаважны басовы гуд бамбавозаў, якія самавіта плылі на вялікай вышыні, прарэзвалі высокія ноты матораў вяртлявых знішчальнікаў з чырвонымі зоркамі, што няспынна кружылі над горадам. Часам ястрабкі пакідалі неба над Мінскам і некуды знікалі. «На перахват фрыцаў падаліся,— праводзіў іх вачыма Пятро.— Малайцы, саколікі! Здорава прыкрылі з паветра наступленне! Ні адна гітлераўская падлюка не прарвецца!..»

Раптам з боку Камароўкі данёсся гул. Хлопец зірнуў туды і ўбачыў танкі. Яны імчаліся па Савецкай. Усё бліжэй і бліжэй грымяць, хутка перамахнуць мост і будуць каля яго назіральнага пункта...

Пятро хацеў ужо сарвацца адсюль, шмаргануць уніз і кінуцца насустрач танкам. Ды што гэта?.. Падляцеўшы да рэчкі, танкі спыніліся. Колькі мінут пастаялі, пабурчалі маторамі, потым, павярнуўшы направа, падаліся ўздоўж рэчкі ў бок опернага тэатра.

«Узарваны мост»,— здагадаўся хлопец. Толькі цяпер ён зразумеў, чаму гэта немцы зварочвалі на Садовую, там быў другі мост цераз Свіслач. Туды, відаць, узялі курс і нашы танкі.

Неўзабаве ў раёне таго другога моста затрашчала страляніна, гахнулі выбухі. Ненадоўга ўсё сціхла, а праз некаторы час Садовая задрыжэла ад танкавага гулу. Робячы паварот на Савецкую, танкі кацілі і кацілі...

Куляй вылецеўшы са сваёй схованкі, Пятро кумільгом скаціўся на першы паверх і выскачыў на вуліцу. Ці мо таму, што ўраз вырваўся з затхлага паветра на свежае, ці таму, што такое тварылася ў гэтыя хвілі на яго вачах, у хлопца закружылася галава. Ён пастаяў нейкі момант, аддыхваючыся, потым прыпусціў услед за танкам, які газаваў па вуліцы. Хутка адчуў, што не здагоніць, і спыніўся. З-за павароткі на Савецкую яшчэ і яшчэ выкочваліся танкі. У гэтых былі адчыненыя люкі — і пярэднія, і вежавыя. У вежавых па пояс павысоўваліся танкісты. А вось паказаліся танкі з аўтаматчыкамі на брані. Салдаты так густа абляпілі машыны, што відаць былі толькі даўгія хобаты гармат.

Пятро рвануўся насустрач ім. Штосьці ашалела крычаў, размахваў рукамі, падскокваў. Зіркануўшы вокала, заўважыў, што не адзін ён ляціць да танкаў. Аднекуль панавыбягалі людзі, гэтак жа ляцелі да браніраваных волатаў і гэтак жа ашалела крычалі, махалі рукамі. Салдаты на танках таксама крычалі, размахвалі ўзнятымі аўтаматамі...

Потым Пятро апынуўся на вуліцы Леніна. Тут было ўжо даволі людна. Гэты мёртвы, дашчэнту зруйнаваны раён горада нібы ажыў, заварушыўся, затрапятаў, шматгалоса загаманіў, напоўніўся разнастайнымі гукамі. А людзі ўсё ішлі і ішлі, беглі і беглі...

Танкі спускаліся сюды з узгорка плошчы Свабоды. І гэтыя былі густа аблеплены аўтаматчыкамі. Паступова на вуліцы сабралася столькі люду, што машыны нібы плылі па жывым чалавечым калідоры. Гул натоўпу заглушыў гул танкавых матораў, і здавалася, што плылі яны бясшумна...

І тут здарылася нечаканае: той жывы чалавечы калідор раптам наглуха самкнуўся і закрыў ход калоне. Яна спынілася. Людзі кінуліся да танкаў, абступілі іх. Пасаскоквалі з брані аўтаматчыкі, павылазілі танкісты. Іх ціснулі ў абдымках, цалавалі. На іх проста глядзелі, стараючыся наглядзецца на гэтых стомленых, запыленых і мурзатых, бясконца дарагіх і мілых хлопцаў, якія зараз былі яўна збянтэжаны і не ведалі, як трымацца ў такой сітуацыі.

— Родненькія!..

— Сыночкі!..

— Саколікі ясныя!..

Пятра вынесла натоўпам да галаўнога танка. Хлопец пазіраў на яго, углядаўся ва ўсхвалявана-ўзрушаныя твары танкістаў, аўтаматчыкаў і аж калаціўся ад невыказнага шчасця і радасці. Калі б яго зараз аклікнулі і спыталі, хто ён такі, ён не змог бы вымавіць і сваё імя...

Праз натоўп да танка праціснулася жанчына няпэўнага ўзросту пад руку са старэнькай — відаць, сваёй бабуляй. Старэнькая нізка, да зямлі пакланілася танкісту, што апынуўся побач, моцна абняла яго і тройчы пацалавала. Той увесь зачырванеўся і разгублена стаяў, не ведаючы, куды б гэта дзець рукі і самому куды б дзецца. Жанчына, што была з бабуляй, працягнула танкісту букецік кветак.

— Дзякую, матуля,— расчулена прамовіў ён.

Вочы старэнькай у момант патухлі, твар бы скамянеў.

— Якая яна табе матуля, сынок,— горка сказала бабка.— Ці не маладзей за цябе мая ўнучка... Гэта немец яе такой зрабіў...

...Над натоўпам, над танкавай калонай ірвануўся зычны голас:

— Па машы-ы-ы-на-ах!!!

Зараўлі маторы, заляскаталі гусеніцы браніраваных волатаў. Услед ім несласля:

— Біце іх, акаянных!..

— Канчайце гадаў у Берліне!..

— Вяртайцеся з перамогай!..

 

48

Збіраючыся ступіць на ганак, Пятро акінуў позіркам Рускевічаву сядзібу і ўбачыў, што Хведар Васільевіч корпаецца ў дальнім кутку гарода. Ён і пакіраваўся туды. На душы было хораша і светла, настрой такі, што хацелася спяваць і па-блазенску сваволіць. А тут і ранак — проста любата! На небе — ні хмурынкі, сонца шчыруе на ўсю сваю ліпеньскую моц.

Адразу за брамкай Пятру кінулася ў вочы, што сядзіба Хведара Васільевіча моцна такі запушчана, не дагледжана. Ён добра помніць яе з не так далёкага часу, калі яны з Нічыпарам паседжвалі вунь у той альтанцы, спрэс зарослай тады павоем, і рабілі адтуль набегі на градкі з гуркамі, на маліннік і вішаннік, сцепалі грушы і яблыні. Каля іх часцяком круціўся Ларык, які заўсёды быў гатовы па загаду сваіх старэйшых сябрукоў разведаць, дзе зараз мама і тата, або ўскараскацца на самую вершаліну дрэва, каб налаташыць спялейшых малінавак ці бэр... Цяпер хіба што адны дрэвы стаялі амаль такімі ж, як і некалі. Кустоўе ягаднікаў заглушана бадыллём чартапалоху, дзядоўніку, крапівы. Яшчэ мінулым летам, калі жывая была Антаніна Сцяпанаўна, гарод цешыў вока градкамі цыбулі, гуркоў, капусты, бульбы. Гэтым летам тут раскашуюць пырнік, драсён, бур’ян, лебяда. Толькі на некалькіх градках утрымалася бульба, на іх зараз і корпаўся Хведар Васільевіч.

«Як нядаўна і як даўно было ўсё гэта!.. А калі ж я апошні раз быў тут? І калі ўвогуле апошні раз бачыўся з Хведарам Васільевічам? — Пятро прайшоўся па памяці.— Няўжо ж у той пракляты дзень, калі з’явіўся сюды з весткай пра Ларыка?.. Ну але, з таго дня яны ні разу не страчаліся...»

Хлопцу зрабілася вельмі ніякавата, ён адчуў сябе нібы злоўленым на нечым нядобрым, настрой увачавідкі прыцьмеў.

«А з чым я мог прыходзіць да гэтага абязвечанага горам чалавека? — варухнулася ў Пятра апраўдальная развага.— Са сваімі суцяшэннямі? Дык яны ж толькі развярэджвалі б свежыя раны...»

Хведар Васільевіч падкопваў бульбу. Падважыўшы рыдлёўкай корч, ён стаў на каленцы і, разгрэбваючы рукамі зямлю, намацваў бульбіны, зрываў іх з карэньчыкаў і кідаў у вядро, што стаяла побач. За сваім заняткам ён і не заўважыў, як падышоў хлопец.

— А-а-а, Пятро,— азваўся Хведар Васільевіч на прывітанне.— Здароў, здароў!

І гэтае «А-а-а, Пятро», і тон, якім яно было вымаўлена, смалянулі хлопца. Іменна так азваўся на яго прыход Рускевіч і тады, калі ён з’явіўся і не ведаў, як сказаць, што Ларык забіты. Можа, і ў памяці Хведара Васільевіча ў гэты момант мільгануў той страшны Пятроў прыход, можа, і яго зараз смалянуў той пракляты дзень... Як бы там ні было, а сваёй звычайнай гасціннасці і ўвагі да чалавека, які да яго завітаў, Рускевіч не выказаў.

Выглядаў Хведар Васільевіч вельмі неважнецка. Ён стаў спрэс белы, неяк прыгорбіўся. На даўно не голеным твары — вялікая ўтома і нямогласць. На рух зрабіўся марудны, як бы непаваротны. Толькі ў вачах часам выбліскваў жывы агеньчык...

Пятро такім яшчэ не бачыў Ларыкавага бацьку і спачатку крыху сумеўся. Каб не выдаць маўчаннем сваёй збянтэжанасці, спытаў — абы спытаць:

— Бульбачку падкопваеце?

— Як бачыш.— Хлопцу здалося, быццам у голасе Хведара Васільевіча прагучала нездаволенасць, што адарваў ад работы.— Падкопваю сваю карміцельку.

— А ведаеце, чаго я да вас прыйшоў? — бадзёра выгукнуў хлопец.

— То, мусіць, нейкую пільную патрэбу маеш. Вунь колькі не паказваўся. З таго самага дня...

«Згадаў і ён!..» — пеканула Пятра.

— Бачыце...

— А ты не апраўдвайся, сынок,— перапыніў Хведар Васільевіч.— Я не дакараю цябе і не крыўдую. Чаго табе асабліва да мяне заходзіць? Хіба што каб разам успомніць хлопцаў ды пабедаваць. Дык на ўспамінкі і бедаванне ў мяне самога столькі часу, што не ведаю, куды і дзяваць яго. Яно і лепш, калі хто лішні раз не напамінае... Ну то кажы, што там у цябе.

— Я прыйшоў запрасіць вас на партызанскі парад! — выпаліў хлопец.

— Што, што? На парад? На партызанскі парад? — Рускевіч шырока раскрытымі вачыма глядзеў на Пятра.— Што ты чаўпеш, хлопча? Які парад?..

— Ды на самы сапраўдны, партызанскі! І мітынг аб вызваленні Мінска! Недалёка адсюль будуць. На іпадроме...

Хведар Васільевіч усё глядзеў на Пятра. Вочы адбівалі напружаную работу думкі, твар пакрысе прасвятляўся.

— Пойдзем, канечне, пойдзем! — ураз зарупіўся ён.— От толькі заскочу ў хату, трохі прыбяруся, а то бачыш, якавы я. Цябе туды не запрашаю. Ты яшчэ не ведаеш, што такое хата без гаспадыні. Не ўваб’ешся. Пагуляй па садзе. Я не забаўлюся...

Але Рускевіч добра такі забавіўся. Затое калі ён выйшаў, Пятро ледзь не ахнуў ад здзіўлення: паголены, у яшчэ вельмі прыстойным цёмна-сінім касцюме, у чысцюткай белай кашулі, павязанай зялёным гальштукам, да бляску начышчаных чаравіках,— Хведара Васільевіча цяжка было пазнаць.

— Ой, які вы!..— вырвалася ў хлопца.

— Які? — з наўмыснай суровасцю ссунуў бровы Рускевіч.

— Малады і... такі важны!..

— Ды дзе ўжо там мне! Трохі абскробся. Апрануў, што ўцалела. У такі дзень грэх не апрануцца ў лепшае, што ў цябе ёсць...— ён памаўчаў, на твар набегла змрочнасць.— А што да маладосці, дык яна, сынок, даўно ўжо ў адных згадках. Хоць я і не такая ўжо ламачына... Калі б не гэтае ліхалецце, калі б не хлопцы, не Антаніна Сцяпанаўна...

 

Раён іпадрома, які размясціўся ў лукавіне Свіслачы, на той дзень стаўся цэнтрам Мінска. Ад самага ранку з усяго горада сюды кіраваліся людзі.

Прылеглыя да іпадромнага поля вуліцы Пуліхава і Чырвонаармейская і само поле тым часам даўно ўжо віравалі ляснымі салдатамі. Такога натоўпу тут ніхто і ніколі не бачыў. Але то была не бязладная людская маса, якая збілася ў гурт. Калі прыгледзецца, заўважалася, што партызаны трымаліся пэўнымі групамі, падраздзяленнямі.

— Глядзі-тка, колькі іх! — не пераставаў дзівавацца Хведар Васільевіч.— Ды гэта ж цэлая армія! Нездарма, значыць, немцаў кідае ў шаленства адно слова партызан!..

Чым больш набліжаліся яны да іпадрома, тым гучней рабілася музыка. Ігралі ваенныя аркестры, наваколле разлягалася ад маршаў і песень, якія грымелі з магутных дынамікаў. Здаўна вядомыя, даваеннай пары мелодыі кроілі душу, пранікалі, здавалася, у кожную жылачку і спявалі там, спявалі...

— Петручок, «Кацюша»! — прыпыніўся, услухоўваючыся, Хведар Васільевіч.— Помніш?

— Яна, «Кацюша»! Золата песня!..

Іпадромнае поле — суцэльнае людское мора. Ад Свіслачы і да Чырвонаармейскай вуліцы яно было запоўнена народам.

— Хведар Васільевіч, давайце, пакуль яшчэ можна, падбярэмся як мага бліжэй да трыбуны,— падаў прапанову Пятро.— Вунь яна чырванеецца. Там жа найбольш усяго пабачым!

— Добра кажаш, пайшлі.

І яны, лавіруючы ў натоўпе, пачалі церабіцца праз натоўп у кірунку, дзе была трыбуна.

Пятро, прабіраючыся праз гушчэчу людзей, увесь час пільна ўзіраўся і туды, і сюды: ён выглядаў Антона Захаравіча. Яшчэ дома, збіраючыся на іпадром, ён думаў пра Кернажыцкага, пра сустрэчу з ім тут. Быць жа не можа, каб Антон Захаравіч не прыйшоў глядзець парад! Ён напэўна ж зараз на іпадроме! Але паспрабуй знайдзі яго ў такім тлуме!.. І ўсё-такі круціў галавой ва ўсе бакі.

— Пятро! — раптам гукнулі недзе ззаду.

Ён азірнуўся.

— Антон Захаравіч! А я вас шукаю! Думаў, што вы ж павінны быць тут...

— Ты вельмі правільна думаў! — сціснуў хлопца ў моцных абдымках Кернажыцкі.— Як жа не прыйсці на такое! Будзем глядзець.

— Будзем!— Пятро павярнуўся да свайго спадарожніка. Радасць згасла на яго твары.— А гэта Хведар Васільевіч, бацька Нічыпара і Ларыка...

Мужчыны падалі адзін аднаму рукі. Нібыта сумеўшыся, абодва моўчкі стаялі.

— Я ведаю пра вашых сыноў,— парушыў маўчанне Антон Захаравіч.— Усё ведаю... Ім бы зараз быць вось тут. Ды што зробіш, многія не дайшлі і яшчэ не дойдуць да парадаў. Трэба мужацца, Хведар Васільевіч, іншай рады няма...

Ужо ўтрох яны прабіваліся наперад, пакуль не зразумелі, што далей ходу няма. Яно, можна сказаць, больш і не трэба было прабівацца, і адсюль усё добра відно: і трыбуна, і калона, што будзе маршыраваць паўз яе.

Трыбуна гарэла чырванню матэрыі, якой была абабіта. Два яе бакавыя крылы для гасцей, ніжэйшыя за сярэднюю частку, былі запоўнены. Там віднеліся шапкі партызан з чырвонымі стужкамі наўскос, шапкі ваенных, пасівелыя галовы мужчын і жанчын.

І вось ажыла цэнтральная трыбуна. На яе ўзнімаліся кіраўнікі партыі і ўрада рэспублікі, вайскоўцы.

Наперадзе ступалі мажны чалавек у светлым касцюме са здалёк бачнай добрай сівізной і высокі стройны чорнавалосы генерал, грудзі якога зіхацелі ад узнагарод.

Сціхлі аркестры, змоўклі дынамікі.

Пачаўся мітынг.

Адзін за адным да мікрафона падыходзілі прамоўцы. Над наваколлем узнёсла-ўрачыста гучалі словы пра вызваленне сталіцы роднай Беларусі, пра слаўныя перамогі савецкай зброі, пра непазбежны ганебны канец лютага фашысцкага звера. Неслася клятва шматпакутнаму Мінску ўзняць яго з папялішчаў і руін, удыхнуць у яго вялікае жыццё, зрабіць адным з прыгажэйшых гарадоў радзімы.

Калі адгучалі прамовы, воклічы і воплескі, на полі іпадрома на нейкі час усталявалася цішыня. Яе ўзарвалі каманды. Грымнула музыка.

Пайшоў парад!..

Рушыла галаўная калона. Трымаючы раўненне, пад строгі маршавы такт крочыла лясная гвардыя.

Вельмі нязвыклая гэта была парадная калона, і такога параду баявых сіл, мабыць, яшчэ ніколі не бывала. Адбіваў зладжаны чаканны крок размаіты стракаты строй узброеных людзей, апранутых кожны адметна. Не на гулкім бруку адбіваў, а на здзірванелым полі, і абутак не грымеў, а толькі гупаў. Але ўдзельнікі таго незвычайнага баявога параду дэманстравалі сваю грозную сілу, свой высокі ваенны гарт.

Калона за калонай брава маршыравалі міма трыбун. Атрад за атрадам, брыгада за брыгадай.

— Антон Захаравіч,— прамовіў Пятро,— а можа, і брыгада Бойкі будзе ісці?

— Можа, і будзе,— азваўся Кернажыцкі.— Вунь яшчэ колькі іх чакаюць праходкі! Канца-краю няма! Сачы...

— Ну, вусоў Іосіфа Макаравіча мы не прапусцім! Другіх такіх, відаць, ва ўсёй гэтай партызанскай арміі не знойдзецца. Да таго ж, камбрыгі ідуць паперадзе сваіх брыгад — убачым!..

І яны ўбачылі Бойку.

Пасля невялікага інтэрвалу паміж брыгадамі да трыбуны набліжалася калона, якую вёў чалавек з наўздзіў пышнымі вусамі... Ну хто сказаў бы, што, перш чым прывесці гэтага чалавека сюды на парадную дарогу, жыццё павадзіла яго ой па якіх доўгіх і суровых дарогах! А бач які яшчэ хвацкі і бадзёры адмах рукі, які яшчэ цвёрды крок!.. Антон Захаравіч адразу ж змеціў, што на Бойкавых грудзях добра знаёмы яму ордэн за грамадзянскую вайну (ён і цяпер быў на тым жа чырвоным шматку матэрыі) ззяе ў акружэнні іншых узнагарод.

Калі калона была ўжо зусім блізенька, Кернажыцкі не стрымаўся — гукнуў, заглушаючы музыку:

— Ю-ю-зі-ік!!!

Бойка неяк увесь страпянуўся, рэзка павярнуў галаву на крык. Позіркі іх сустрэліся.

— Антон! Антоша!..— ірвануўся голас Іосіфа Макаравіча. Бойка тут жа збіўся з такту хады і зрабіў некалькі крокаў неўпапад. Выправіўшыся, азірнуўся і памахаў рукой. Вусаты твар свяціўся шчасцем.

Тут падаў голас Хведар Васільевіч:

— То, можа, Пятро, і Андрэй Бушуеў недзе ў гэтых калонах? Помніш, я прасіў цябе адвесці яго ў лес?

— Чаму ж не помню! Павінен быць і Бушуеў. Калі, вядома, нічога з ім не здарылася і ён жывы...

— Ну глядзі ж, глядзі, сынок, у цябе вочы вастрэйшыя. Каб не прапусціць жа Андрэйку...

Калона ўсё рухалася, а Бушуева не відаць было.

«Не ацалеў, мабыць, небарака, няма...» — уздыхнуў Рускевіч. І толькі гэта ён так падумаў, як з калоны вырвалася:

— Хведар Васільевіч!!!

— Ён, ён, ваш Бушуеў! — першы згледзеў Пятро.— Вунь крайні з аўтаматам!..

Цяпер згледзеў і Рускевіч. Пракаўтнуўшы камяк, што знянацку падступіў да горла, ён гукнуў:

— Андрэйка!..

Покліч атрымаўся не вельмі зычны, і Пятро падмог сваім прарэзлівым:

— Андрэй Пі-ілі-і-іпавіч!!!

І абодва сталі заўзята махаць Бушуеву рукамі і махалі, пакуль яго можна было бачыць.

— Жывенькі валжанін, жывенькі!..— усцешна шаптаў Хведар Васільевіч.

Кернажыцкі з Пятровых расказаў ведаў пра ваеннапалоннага Андрэя Бушуева, і яму было радасна, што гэты чалавек зараз крочыць у калоне партызан. Ён замілавана глядзеў на іх, паглынуты тым, што бачыць, і тым, што ў памяці жыве, што трапечацца дзесьці на дне душы. І калі ў калоне выгукнулі яго імя, да Антона Захаравіча не адразу дайшло, што гэта яго клічуць. Ён схамянуўся толькі тады, як выгук паўтарыўся. «Хто б то мог быць?..» — мільганула ў галаве... Кернажыцкі ўбачыў таго, хто клікаў. Гэта быў высокі хударлявы хлопец з белабрысым чубам. Пільна ўгледзеўшыся, Антон Захаравіч ледзь не застагнаў: «Няўжо ж Аляксандрын Валодзька?.. Бацюхны, ён!..»

— Валодзя!!! — што было сілы, крыкнуў Кернажыцкі. На твары яго свяціліся і надзвычайнае здзіўленне, і бязмежная радасць, і пякучы боль. Ён пазіраў на хлопца, які заўзята махаў яму рукой, і не мог даць веры, што гэта ж яму махае жывы сынок Аляксандры Пятроўны... Валодзька, якога яна так хацела пабачыць і якога ёй не суджана было пабачыць...

— Знаёмы? — спытаў Хведар Васільевіч.

— Знаёмы...— не адразу вымавіў Антон Захаравіч.— Сын адной слаўнай жанчыны... Загубілі, вылюдкі...

Музыка грымела і грымела, калоны ішлі і ішлі. Пракацілася баявая тэхніка народных мсціўцаў, у большасці — трафейная. Захапленне выклікала самаробная гармата — прымайстраванае на колы коннай сеялкі дула танкавай гарматы.

На некалькі мінут аркестр змоўк, а потым урэзаў марш будзёнаўцаў. Гэта быў марш для даўжэзнай калоны партызанскіх коннікаў, якія замыкалі парад.

А вось па натоўпе нечакана прайшоў рух — усе павярнуліся і задралі ўгору галовы. Высока ў небе плылі самалёты. Іх было многа, вельмі многа.

— Глядзіце,— усклікнуў Пятро,— гэта ж як быццам да нашага параду яшчэ і паветраны!..

— Та-а-ак,— не адрываючы вачэй ад самалётаў, працягнуў Кернажыцкі.— Сапраўды, нібы завяршаюць наш парад сваім, паветраным... На жаль, у іх гэта яшчэ рабочы, баявы парад. Паляцелі малаціць фашысцкую звярыну. Дамалоцяць — вось тады дадуць святочны парад. Парад нашай вялікай Перамогі!..


1975-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кудраўцаў І. Разгневаная зямля: Раман. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1984. - 286 с.
Крыніца: скан