epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Макаловіч

Рэха даўняй сутычкі

Тэрміновы выклік
Залаты гадзіннік
Сустрэча на рынку


 

Дакументальная аповесць

 

Тэрміновы выклік

— Татка, пойдзем заўтра ў кіно? Ну, скажы, пойдзем? — Алёшка абхапіў рукамі за шыю, павіснуў на бацьку.— Не скажаш — не адпушчу.

— Задушыш яшчэ,— пажартавала маці, Любоў Міронаўна.— Дай яму хоць распрануцца ды аддыхацца.

— Не дам.

— Ну і ручкі падужэлі, як на дзюдо пайшоў,— пахваліў сына Міхаіл Мікалаевіч.

— Пачну плаваць — яшчэ дужэйшымі стануць.

— Ты што, у новую секцыю надумаў?

— Ага.

— Як жа дзюдо?

— Плаваць цікавей... Сходзім, татка, у кіно?

— Пастараемся, сынок...

— І да ігральных аўтаматаў?

— Так, і да іх. Толькі б выхадны атрымаўся.

— Заўтра ж субота.

— Яно так...— задуменна адказваў Міхаіл Мікалаевіч, знімаючы чаравікі. Ён паклаў руку на Алёшкава плячо, цёпла сказаў:

— Кладзіся спаць, сынку. Позна ўжо.

— Давай з табой пагаворым.

— Давай. Аб тваіх школьных і спартыўных справах.

Бацька і сын зачыніліся ў пакоі і яшчэ доўга шапталіся. Калі Алёшка заснуў, Міхаіл Мікалаевіч правёў рукою па яго валасах, паправіў падушку і цвёрда вырашыў: гэтыя выхадныя правесці з сынам, кінуць убок усе свае турботы.

Раніцою разбудзіў тэлефон. Дакладваў дзяжурны абласнога упраўлення ўнутраных спраў:

— Таварыш падпалкоўнік, у Дзяржынскім раёне забіты вартаўнік. Вам даручана тэрмінова выехаць на месца здарэння. Куды высылаць машыну?

— Побач прыгарадная станцыя, так што я аўтобусам. Няхай хутчэй выязджае эксперт,— ціха адказаў Міхаіл Санько. Ён нетаропка паклаў трубку, падышоў да акна, адхінуў рукою фіранку і прыпаў да халоднай шыбіны. Шэрыя, бухматыя аблокі плылі над самымі дахамі. Імжэў дождж уперамешку са снегам. Ён яшчэ якую хвіліну глядзеў на двор.

Не па гадах рана прыйшлі да Санько разважлівасць і нешматслоўнасць — найпершыя прыкметы сталасці і высокага прафесіяналізму. Цяпер ён, начальнік аддзела ўпраўлення крымінальнага вышуку, працуе ціха, як бы неўпрыкмет. Не тое што колісь. Кіпеў, як чайнік. Валтузні было зашмат, а карысці мала. Разбудзіў бы тады такі званок — ужо быў бы ў дарозе. Ды практыка пераканала: «Спешка — не хуткасць. Галоўнае паскарэнне ў рабоце — палёт думкі. Пакуль яна не саспела — не давай волю нагам».

Санько набраў нумар Дзяржынскага райаддзела міліцыі.

— Харлампенка слухае,— пачуўся голас начальніка.

— Што ж ты, Уладзімір Іосіфавіч, спаць не даеш? — жартам пачаў, прывітаўшыся, Санько.

— Такая служба, Міхаіл Мікалаевіч,— у тон адказваў калега.— Самі з досвітку на нагах.

— Расказвай, што там.

— Яшчэ не развіднела, як на будоўлю прыехалі начальнік участка і табельшчыца. Бачаць: вагончык-прарабская на замку, а вартаўніка не відаць. Пачалі клікаць — не адгукаецца. Падумалі, дахаты пайшоў. З'ездзілі ў вёску, дзе ён жыве. А жонка кажа: яшчэ не вяртаўся... Зноў пачалі хадзіць па аб'екце ды клікаць. Тут наткнуліся на кроплі крыві на пяску. Яны і вывелі ў траншэю-кар'ер. Спусціліся, скінулі ўбок ламачча, капанулі трохі пясок і ўбачылі рукі. Пазванілі нам.

— Што выяўлена на месцы здарэння?

— Агляд працягваецца. Чакаем вас.

— Да сустрэчы на будоўлі.

— Лепей сустрэцца на апорным пункце, у Фаніпалі,— працягваў Харлампенка.— Гэта недалёка ад аб'екта.

— Дамовіліся.

Міхаіл Мікалаевіч выпіў кубак гарачага чаю, прыадчыніў дзверы спальнага пакоя:

— Любаша, схадзі з Алёшкам у кіно замест мяне, а... Выкрай пару гадзін...

— Выкраю. Не прывыкаць. Толькі б ты не адвык ад сваёй сям'і...

Нялёгкая служба ў крымінальным вышуку. Але, калі б прыйшлося Санько зноў разважаць над пытаннем: «Кім быць?», не вагаючыся, паўтарыў бы свой выбар. Ён з маленства зачытваўся кніжкамі пра міліцэйскія будні. Праўда, дарога да прафесіі была няпростай. Пасля дзесяцігодкі давялося паспытаць хлеб слесара на Мінскім аўтазаводзе. Захапіў яго сэрца заводскі рытм, даспадобы прыйшлося важдацца з рознымі жалязякамі. Адслужыў армію, вярнуўся ў свой цэх. Сустрэлі ветліва, даручылі адказную справу. Але ранейшая мара не пакідала. І ён паступае ў школу міліцыі. Пасля вучобы працуе оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку аддзела ўнутраных спраў Мінскага райвыканкома.

Не ўсё клеілася спярша. Рашучасці, смеласці яму не пазычаць. Ды гэтага аказалася мала. Як зараз помніцца тая цёмная летняя ноч яго дзяжурства. Загудзеў тэлефон. У трубцы жаночы плач:

— Абакралі... Вырвалі сумачку з грашыма і рэчамі...

— Супакойцеся. Дзе вы?

— Тут, недалёка ад вас. Ля могілак.

— Чакайце,— адказаў Санько і ў машыну. «Вёсачка ў межах горада, зраслася са сталіцай. Гэта, вядома, ускладняе пошук злачынцаў»,— разважаў малады лейтэнант.

Пацярпеўшую адшукаў хутка.

— Напалі двое,— тлумачыла яна.

— Прыкметы якія запомнілі?

— А як жа? Адзін высокі такі, шырачэзны ў плячах. Другі ніжэйшы.

— Што-небудзь характэрнае ў паводзінах, на тварах прыкмецілі?

— Ніжэйшы — губаты такі. Каля носа фурункул невялікі, зялёнкай памазаны. Гэта я добра запомніла. Ён сумачку вырываў з рук. Святло ад слупа якраз яму на твар.

— Куды пабеглі?

— Вунь туды,— яна паказала рукой на ўскрай вёсачкі.

— Ідзіце ў аддзел міліцыі,— прапанаваў Санько жанчыне.— Мы хутка.

«Газік» сыпануў з-пад колаў пяском і памчаў туды, дзе свяціліся вокнамі дзве хаткі.

У першай адчыніў дзверы пажылы мужчына ў майцы. Твар стомлены. Адчувалася, толькі вярнуўся з работы, з другой змены.

— Прабачце, не бачылі двух мужчын? — пацікавіўся лейтэнант.

— Не, не бачыў.

— Прабачце яшчэ раз.

У другой хатцы за сталом сядзелі трое. Стаялі дзве адкаркававаныя бутэлькі. Адна валялася на падлозе. Санько адразу звярнуў увагу на круглатварага з тоўстымі губамі. Злева ад носа — плямка зялёнкі. Адчуў, як моцна затахкала сэрца ад удачы — так хутка адшукаў уцекачоў.

— Крымінальны вышук,— бойка прадставіўся ён.— Прашу дакументы.

Шырачэзны ў плячах павярнуўся, бліснуў цёмнымі вачыма. Ён акінуў лейтэнанта позіркам зверху ўніз і, падымаючыся з-за стала, прабурчэў, ледзь варочаючы языком:

— Дык-кумент захацел? Січас цібе пак-кажэм, зялёны.

Ён узяў нож і, хістаючыся, павярнуўся да Санько. Усталі і рушылі з нажамі на яго астатнія двое. Спярша падумалася: пужаюць. «Не, не на таго натрапілі»,— разважаў лейтэнант. Але раптам у позірках і рухах ён адчуў, што справа прымае больш чым сур'ёзны абарот. Раззлаваныя выпівохі, хмель якім задурманіў галовы, здольныя на ўсё. Мурашкамі прабег халадок па спіне. Што рабіць? Адзін супраць трох — сілы далёка не роўныя. Можа, адступіць за дзверы, зачыніць іх і падперці? Выскачыць праз акно. Даставаць зброю? Позна. Злачынцы ў двух-трох кроках.

Ён цьмяна памятае падрабязнасці сутычкі. Добра помніць, што рашэнне ўступіць у схватку прыйшло імгненна. Ён маланкава выбіў нож з рук шыракаплечага. Той грукнуўся пад ногі сябрукам. Санько нагой прыціснуў нож да падлогі і «падсечкай» паваліў другога. Пачуўшы тупат у двары, двое выскачылі праз акно. Трэцяга, з плямкай зялёнкі на твары, затрымаў з дапамогаю шафёра «газіка».

Толькі ў аддзеле, аддыхаўшыся, Санько заўважыў у двух месцах парэзаны нажамі пінжак. Цудам удалося яму пазбегнуць прамога сутыкнення з лязом.

Назаўтра ён сядзеў у кабінеце намесніка начальніка аддзела ўнутраных спраў Пятра Андрэевіча Іванова.

— Ты толькі палюбуйся, Мікалай Іванавіч, сваім падначаленым,— звяртаўся ён да начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Сушчэўскага, паказваючы на парэзы пінжака.— Бач, якім прыгажуном вяртаецца дамоў з дзяжурства.

— Затое атрымаў баявое хрышчэнне,— заступіўся начальнік аддзялення.

— Што ж, экзамен вытрымаў някепскі,— падабрэў Іваноў.— За смеласць, рашучасць хвалю. Малайчына! А вось залішнюю гарачлівасць будзем астуджваць...

Ён прайшоўся па покоі, павярнуўся да Санько, і голас яго зноў стаў цвёрдым.

— Чаму на затрыманне пайшоў адзін? Чаму не выклікаў нарад? Урэшце хоць бы праінфармаваў аб сваіх дзеяннях, каб было вядома, куды пасылаць падмогу? Так працаваць у крымінальным вышуку нельга. У нас цэніцца не столькі гарачая галава, колькі халодна-разважлівая.

Моцна перажываў малады лейтэнант. А ўдабавак не ўдавалася яшчэ многае іншае — дакладна агледзець месца здарэння, абгрунтаваць тую ці іншую версію... «Відаць, не атрымаецца з мяне добры оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку»,— задумаўся неяк.

Разам з такім жа адным калегам надумаў прыдбаць на ўсякі выпадак «запасную прафесію». Выбар паў на тэатральна-мастацкі інстытут. І вось пішуць сябрукі-крыміналісты рэцэнзію на тэлефільм. Пішуць упершыню. Але яе ацанілі някепска. Добра здалі экзамены і сталі студэнтамі завочнікамі.

Напэўна, гэтыя часовыя хістанні заўважылі кіраўнікі Іваноў і Сушчэўскі. Прыкмецілі яны ў маладога супрацоўніка і здольнасці. Пачалі тактоўна перадаваць свой вопыт. І Пётр Андрэевіч, і Мікалай Іванавіч часта бралі яго, выязджаючы на здарэнні, вучылі ўменню шукаць доказы, звяртаць увагу на самыя, здавалася б, дробныя, нязначныя дэталі, аналізаваць іх, рабіць накід версій, іх праверку.

— Не мітусіся,— павучаў Мікалай Іванавіч Сушчэўскі.— Хіба твая галоўная задача, браце, натупаць паболей на месцы здарэння?

— Не.

— Дык і не тупай... Уважліва глядзі, прыкмячай, намотвай на вус паболей інфармацыі. Шукай узаемасувязь паміж фактамі. Хіба не гэтаму вучылі ў школе дзядзькі-крыміналісты?

— Угу.

— Гарэць трэба. Але рашэнне прымаць, як астудзішся. Уцяміў? І яшчэ... Слухай і запамінай, браце: глядзі ў корань, а не на вяршкі. Адтуль лісце набіраецца сіл. Вучыся ў любых падзеях шукаць іх корань.

Выезды і гутаркі з Івановым і Сушчэўскім — выдатная школа. Лейтэнант прыглядаўся да сваіх настаўнікаў, вучыўся ў іх.

Як ён удзячны ім! З іхняй дапамогай адчуў упэўненасць, раскрыў не адно злачынства. І калі пазней паўстала пытанне: каго накіраваць у Вышэйшую школу МУС СССР, усе сышліся на кандыдатуры Санько — малады, энергічны, добра зарэкамендаваў сябе ў раскрыцці заблытаных спраў. Так і засталіся за спіной «два курсы з калідорам» тэатральна-мастацкага інстытута. Але ён не шкадуе. Яны пашырылі кругагляд, што для крыміналіста немалаважна.

Пасля вучобы ў Маскве накіравалі на работу ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Мінаблвыканкома. Пачынаў оперупаўнаважаным. Цяпер — начальнік аддзела. Ім раскрыты дзесяткі буйных злачынстваў. Узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу ў органах унутраных спраў», «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку».

 

...На апорным пункце ў Фаніпалі Санько сустрэлі начальнік Дзяржынскага райаддзела ўнутраных спраў Уладзімір Іосіфавіч Харлампенка, яго намеснік — Валянцін Фёдаравіч Патрын, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела Жорж Майсеевіч Сяўзюк, эксперт-крыміналіст Аляксей Міхайлавіч Епанічкін, следчы абласной пракуратуры Вячаслаў Фёдаравіч Суханаў і іншыя.

— Якія сляды, доказы? — адразу пацікавіўся Санько.

— Ніякіх, не лічачы дробязей,— пачулася ў адказ.

— У-гу,— працяжна, задумліва прамармытаў Міхаіл Мікалаевіч і дадаў: — Тады на месца здарэння.

Патрын паднёс гумавыя боты:

— У чаравіках там няма чаго рабіць. Вясна на будоўлі — месіва наўкол.

Міхаіл Мікалаевіч зноў, выцягваючы наперад губы, паўтарыў сваё «у-гу». Гэтым жэстам як бы гаварыў у такім разе адшукаць сляды сапраўды будзе не проста, але без іх — як без компаса ў дрымучым лесе.

— Паказвайце дробязі,— папрасіў Санько, як толькі прыехалі на будоўлю.

— Вось кавалак вяровачкі, якой звычайна ў вёсцы прывязваюць кароў,— пачаў Сяўзюк.— Знайшлі на сцяжынцы да кар'ера. Пакуль што ўсё.

— Добра прасеялі?

— Па поўнай форме.

— Забойства хутчэй учынена тут, недалёка ад бытоўкі,— тлумачыў Патрын.— Добра відаць сцежка, па якой цягнулі забітага... А вось і кар'ер, дзе яго прысыпалі пяском.

— Сляды ёсць?

— Невыразныя, залітыя вадой.

— Трэба шукаць наўкол... Што скажуць эксперты?

— На галаве некалькі прадаўгаватых ран, хутчэй за ўсё ад удараў цвёрдым прадметам, накшталт прута. Ад іх і памёр вартаўнік. Смерць наступіла дзесьці апоўначы. Падрабязнае заключэнне будзе пазней.

Санько нахіліўся і ўважліва разглядаў месца, дзе было натупана і, па ўсім відаць, адбылася бойка. Затым з нейкай, здавалася, незразумелай скрупулёзнасцю вывучаў сцежку, па якой валаклі забітага, зрэдку паўтараючы гэта загадкавае: «у-гу». Маладзейшыя калегі з недаўменнем сачылі за яго дзеяннямі. Маўляў, якую тайну можна тут раскрыць? Ну, атрымалася дарожка, якая звычайна бывае пасля таго, як працягнуць па пяску мех бульбы. Дык што з гэтага? Згубленую вяровачку тут знайшлі. Больш нічога не відаць.

Але падпалкоўнік усё нахіляўся і нахіляўся над сцежкаю. Адыходзіў убок, разглядаў яе адтуль, потым доўга разглядаў сляды, пакінутыя гумавымі ботамі.

Гэтак жа доўга і старанна ён агледзеў траншэю-кар'ер, месцы, дзе натупаў вартаўнік...

Работнікі аператыўнай групы сабраліся ў вагончыку, які выдзелілі будаўнікі ў іх распараджэнне.

— Чаму забойца так недалёка і ненадзейна схаваў труп? — разважаў Патрын.— Нейкіх трыста метраў ад бытоўкі, пакінуў на тэрыторыі будоўлі... Ліха яго ведае... Што гэта? Нявопытнасць тутэйшага злачынцы ці які аўтограф гастралёра? Прыехаў, здзейсніў задуманае і — на электрычку.

— Задачку задаў нам...— падтрымаў гаворку Санько.— Разгадаць яе, думаю, дапаможа начальнік участка.

Усе здзіўлена пераглянуліся

— Якім чынам? — не вытрымаў участковы інспектар.

— Паклічце яго — даведаецеся тады.

Увайшоў начальнік участка.

— Скажыце, калі ласка,— звярнуўся да яго Санько.— Калі збіраліся засыпаць траншэю-кар'ер?

— Сёння раніцай.

— Пра гэта многія ведалі?

— Сакрэтаў з такога не робім. Учора на планёрцы ставілі задачу.

— Чаму не засыпалі?

— Затрымаўся бульдазерыст.

— Дзякую. Вы свабодны.— Падпалкоўнік працягваў.— Вось так... Здымаць з парадку дня версію пра мясцовага злачынцу ніяк нельга. Той, хто цягнуў труп да кар'ера, мабыць, ведаў, што хавае яго надзейна. Як кажуць, не яго віна, што бульдазерыст спазніўся, а наша ўдача. Засыпалі б кар'ер — от тады доўга прыйшлося б шукаць...

— Стала быць,— уступіў у размову энергічны, рухавы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Сяўзюк,— нехта з тутэйшых жыхароў цягнуў нешта важнае з будоўлі. Яго застукаў вартаўнік. Далейшае ясна. Значыць, трэба шукаць мясцовага злодзея.

— Мяркую, кірунак думкі правільны,— падтрымаў яго Санько і спытаў: — Цягнуць, як вы кажаце, з будоўлі шмат?

— Ды нямала. Гутарыў з прарабам. Кажа, многія рэчы плывуць налева. Усё ж пад адкрытым небам...

— Затрымлівалі каго? Скажам, ноччу?

— Пакамест не паведамлялі.

— Словам, абыходзіліся без лішняга шуму.

— Так.

— Што за ноч прапала?

— Пакамест не выяўлена.

— Як так?

— Бачылі, які бедлам наўкол? Хіба адразу ўбачыш, чаго тут не стае?

— Спадзяюся, будаўнікі пачалі «рэвізію» маёмасці? — Санько паглядзеў на Патрына.

— Прасілі паварушыцца.

— Трэба напомніць яшчэ раз, каб хутчэй выявілі прапажу,— сказаў падпалкоўнік.

Удзельнікі аператыўнай групы з цікавасцю сачылі за дыялогам, які вёў Санько. Па іх позірках адчувалася: ім падабаецца Міхаіл Мікалаевіч сваёй логікай разважанняў, дакладнасцю пытанняў.

Санько тым часам устаў з-за стала, прайшоўся па вагончыку.

— На думку наводзіць вось што. Калі неслі з будоўлі не раз, чаму толькі гэта сустрэча несуна з вартаўніком закончылася так трагічна? Напэўна, паміж імі былі складаныя адносіны. Так што версія наконт гастралёра, выказаная раней, таксама вымалёўваецца даволі яскрава. Хтосьці мог затаіць крыўду на вартаўніка, прыехаць сюды, здзейсніць задуманае і спакойна адбыць па чыгунцы далей. Дзелімся на групы і распрацоўваем абедзве версіі.

Адчыніліся дзверы вагончыка, і на парозе паказаўся будаўнік у зашмальцаванай спяцоўцы.

— Пасматрэць электраправодку трэба,— сказаў ён на змешанай беларуска-рускай мове.

— Заходзьце, раз трэба, значыць, трэба.

Электрык доўга корпаўся ля разетак, электранагравальніка, цішком пазіраючы на работнікаў міліцыі, нібы карцела нешта спытаць.

Міхаіл Мікалаевіч падсеў да яго.

— Даўно на будоўлі?

— Не вочэнь.

— Як завуць?

— Уладзімір Гаркуша1.

— Скажыце, ці праўда, што з будоўлі часта крадуць матэрыялы?

— Разгаворы ходзяць.

— Пра каго?

— Фаміліяў не слыхаў,— ухіліўся ад прамога адказу электрык і, зірнуўшы на падпалкоўніка, працягваў: — Січас разгаворы пра адно: пра пошук праступнікаў.

— Наконт гэтага не хвалюйцеся. Знойдзем. І хутка,— адказаў падпалкоўнік міліцыі.

Электрык раптам замітусіўся, пачаў збіраць свой інструмент.

— Загаварыўся тут, а работа не ждзёць.

— Прабачце, калі ласка, яшчэ хачу спытаць,працягваў Міхаіл Мікалаевіч.

— Слухаю.

— Вы ведалі вартаўніка?

— Як сказаць? У твар...

— Як яго людзі характарызавалі?

— Няплоха. Рабацяга быў.

— Дзякую за гутарку.

Электрык падняў з падлогі трэснутую разетку, пакруціў пальцамі і паклаў у кішэню.

— Малайчына, акуратыст,— зазначыў Сяўзюк, як зачыніліся дзверы вагончыка.— Не пакінуў смецця пасля сябе, падабраў.

— Не спяшайся, калега... Глядзі ў корань,— Санько павярнуўся да оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі.— Колісь мяне гэтаму доўга вучылі. Настаўнікі і жыццё. Вось так...

— Вы нешта прыкмецілі?

— Угу... Як зараз бачу: круціць пальцамі тую разетку і вочы не спускае... Круціць і не спускае вачэй..

— Чым вас зацікавіў гэты электрык?

— Такая служба, калега. Хвалі «народнага тэлеграфа» нясуць шмат карыснай інфармацыі. Да таго ж звычка ў мяне: гутарыць з усімі, хто вакол нас Раю пераняць.

Аператыўная група прыступіла да распрацоўкі першай версіі. Задумаліся, хто з жыхароў навакольных вёсак праяўляў павышаную цікаўнасць да будаўнічых матэрыялаў.

— Ёсць у мяне адзін на прыкмеце,— пачаў Жорж Майсеевіч.— Рыгор Архіпчык. Церамок адгрохаў будзь здароў. Даўно прыглядаюся. Дарэчы, вечарам напярэдадні здарэння ён доўга пасля работы аціраўся на будоўлі. Усе пайшлі, а ён сноўдаўся і сноўдаўся туды-сюды.

— Адкуль інфармацыя?

— Рабочыя расказвалі. Спазніліся на электрычку, ну, і пакамест бавілі час ля вагончыка. От і прыкмецілі...

— З Архіпчыка і пачнём,— заключыў Санько.

Вобыск на сядзібе Архіпчыка праводзілі грунтоўна.

Нават беглы позірк па хаце, пабудовах пераконваў, што гаспадар жыве заможна, інтэр'ер аздоблены многімі дэфіцытнымі рэчамі. У склепе, на гарышчы, у іншых месцах адшукалі дошкі, фарбы, лінолеум, электракабель, плітку, іншыя матэрыялы. Цэлы філіял склада будоўлі.

— Дзе ўсё гэта прыдбалі? — спытаў Санько ў гаспадара.

— Купыў,— з палескім акцэнтам ціха вымавіў той.

— Дзе, у каго?

Замінка. Моршчыць лоб, шукаючы адказу.

— У шофэраў,— буркнуў нарэшце.

— Якіх?

— У проізжых... Чы мало іх тутэка?

— Колькі заплацілі за лінолеум?

Зноў моршчыць лоб. Ясна, што прыкідвае, колькі гэта каштуе, каб патрапіць бліжэй. Калі б купляў — суму назваў бы адразу.

— Дзе былі ў той вечар, калі адбылося забойства? — гледзячы ў вочы, спытаў Санько.

— У сосіда. Далібог, у сосіда. Ходыў тэлевізор побачыты... Муй спортыўся,— залепятаў той.— Тэ-сэ прыхватваў з об'екту... Нэ бэз гэтого. Як і многія роблять... Но што б на такэ... Рука нэ подымэцца...

Суседзі пацвердзілі: Архіпчык дапазна глядзеў у іх тэлевізар. Дадалі: блакітны экран капрызіў, дык ён і рэгуліроўкай займаўся. Праверка пацвердзіла правільнасць іх паказанняў — на тыльным баку тэлевізара захаваліся адбіткі яго пальцаў.

— Няхай ім займаюцца работнікі аддзялення барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці. Іхні кліент, а не наш,— заключыў Міхаіл Мікалаевіч.

Затым зацікавіліся «дачнікам». Так празвалі вяскоўцы аднаго жыхара за сувязі з членамі садовага таварыства. Сноўдаў між будоўляў і дачамі як чаўнок. Хадзілі плёткі — ён у іх у ролі забеспячэнца. Праверылі. І ў яго выявілі цэлы склад розных матэрыялаў. Але нішто не ўказвала на дачыненне да забойства.

— Што ў вас? — ціха, як бы неахвотна звярнуўся Санько да Патрына.

— Нічога... Ліха б яго ўзяло... Канфліктаваў трохі вартаўнік з адным. Бывала, схопліваліся, як тыя пеўні. Апошнія гады той пераехаў у Мінск. У яго стопрацэнтнае алібі. Вось і ўсё, не лічачы яшчэ адной дробязі..

— Выкладвай,— коратка сказаў Санько.

— Расказвалі, наязджалі сюды два маладыя хлапцы з-пад Нясвіжа. Аднаго завуць Алегам, другога, здаецца, Віцем. Кралі з будоўлі. Была лаянка наконт выкупу паміж імі і вартаўніком. Сварыліся, пагражалі адзін аднаму. Але ў іх цвёрдае алібі.

— Што яшчэ?

— Пляткараць, нясвіжцы доўга ўгаворвалі вартаўніка абмяняць дэфіцыт на гадзіннік. Надта нахвальвалі рэч, маўляў, і прыгажосць, і ходкі тавар.

— Адкуль завёўся такі?

— Па ўсім, хлусілі. Не было гадзінніка ў іх. Ні разу не паказвалі. Угаворвалі: абмяняеш — прывязём.

— Нашто ж размову вялі? Дзе «корань» такіх вяршкоў?

— Ліха ведае. Народны тэлеграф, як вы кажаце, нічога наконт гэтага не паведамляе.

— Няпростыя загадкі прынёс... Усё?

— Цяпер усё.

— Звяжыся з нясвіжскімі калегамі. Папрасі пабольш інфармацыі пра хлопцаў.

Ішлі дні. Адпрацоўка версій «Крадзеж» і «Помста» нічога не давала. Міхаіл Мікалаевіч хмурнеў, менш гаварыў, больш сядзеў задумлівы. Не лепшы быў настрой і ў астатніх работнікаў аператыўнай групы.

— Кепска прасейваем, кепска,— падсумоўваючы вынікі, парушыў маўчанне Санько.— Што ў нашым сіце? Падкінулі работы аддзяленню барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці, прымусілі будаўнікоў наводзіць парадак... Дарэчы, прапажу якую адшукалі?

— Пакамест кавалак лінолеуму, 16, 95 квадратных метра. Кажуць, знік нядаўна,— паведаміў Сяўзюк.

— Калі?

— Прыкладна ў той час, што і здарэнне.

— Адкуль?

— З аднаго пакоя бытоўкі. Ляжаў пакамест разасланы. Забыліся забіць цвікі ў плінтусы. Учора пад вечар прыйшлі, а яго няма. Прычым пакой быў замкнёны.

— Свой узяў?

— Напэўна ж.

— Колькі каштуе кавалак?

— Рублёў пад шэсцьдзесят.

— І з-за гэтага забойства?

— Малаверагодна.

Міхаіл Мікалаевіч задуменна прайшоўся па пакоі.

— Ідзём па другому кругу,— пачаў ён.— Штосьці ўпусцілі ў пагоні за першымі версіямі. Яшчэ раз варта ўсё прасеяць, пераасэнсаваць. Асаблівую ўвагу — дробным дэталям. Абрывак вяровачкі, іншыя нязначныя сляды, нітачкі патрабуюць самай грунтоўнай праверкі.

Даўшы кожнаму канкрэтнае заданне, Санько затрымаўся на апорным пункце па ахове грамадскага парадку. Вечарэла. Лёгкі ветрык гойдаў голыя вершаліны дрэў. Па вуліцы гарэзліва пранесліся дзяўчаты. Моцна шорхалі шынамі грузавікі па мокрым асфальце.

На апорным пункце пакуль ціха. Можна спакойна падумаць. Праўда, хутка павінны былі завітаць сюды дружыннікі на інструктаж. Вунь участковы інспектар ужо тут, рыхтуецца да сустрэчы з імі. Міхаіл Мікалаевіч падсеў да тэлефона, набраў дамашні нумар.

— Алёшка, ты? Ну, прывітанне,— на яго твары засвяцілася ўсмешка.— Хадзіў з мамкай у кіно? Што глядзеў? Спадабаўся? Як з плаваннем? Што ты кажаш?! Пырскі высока ляцяць? І ты скакаў? Забараняюць. Ну, канешне, хацеў адразу... Вельмі хачу схадзіць з табой на трэніроўку. Чаму? Паглядзець на пырскі вады. Ну, канешне ж, падабаюцца. Так даўно імі не любаваўся... Усё, прыеду — два выхадныя гуляем разам. Абяцаю. Пакліч мамку...

Размова з домам надала бадзёрасці. Дзе б ні быў, як бы ні замотвалі справы, ён абавязкова хоць пазвоніць, перакінецца словамі з дзецьмі, найперш з Алёшкам. А як жа інакш? Галоўнае прызначэнне чалавека — вывесці іх у людзі, каб выраслі сапраўднымі грамадзянамі. А для гэтага вельмі неабходна сэрцам адчуваць дзіцячыя турботы, унікаць у іх, як у свае.

Настрой узнімаўся і ад таго, што, як правіла, пасля раскрыцця злачынства першыя выхадныя свабодныя. Значыць, наперадзе два светлыя дні з Алёшкам. Міхаіл Мікалаевіч збіраўся пакінуць ужо апорны пункт, ды спыніўся ля дзвярэй. Павярнуўся, падышоў да тэлефона, набраў нясвіжскі нумар:

— Слухаю,— пачулася ў трубцы. Санько пазнаў голас начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Нясвіжскага райаддзела міліцыі Мікалая Сеня.

— Добры вечар, калега. Мо падкінеш харч для роздуму?

— Наўрад. Я ўжо званіў вам, Міхаіл Мікалаевіч, не змог застаць.

— Хто такія Алег і Віця?

— Гусі добрыя. Як адзін, так і другі. Маладыя, кемлівыя, ды да работы неахвочыя. Прыкладваюцца да чаркі. Кажуць пра іх, крадуць. На вашу будоўлю ездзілі раней. Апошнім часам не заўважана.

— Дзе і як жывуць?

— Адзін у Гарадзеі, другі — у Нясвіжы.

— Раслі побач?

— Ды не.

— Што тады звяло?

— Будзем высвятляць.

— Раю паспяшацца. Няхай зоймуцца імі вашы хлопцы, Мікола. Нядобрае ў мяне прадчуванне... Бач ты, аж сюды наведваюцца, каб пажывіцца чым. Яшчэ раз пераправер, калі ласка, іх алібі.

Калі б хто спытаў, навошта яму падрабязнасці пра двух нясвіжскіх абібокаў, напэўна, і сам дакладна не адказаў бы. Трэба хутчэй шукаць забойцу, а ён фіксуе ўвагу на другарадных рэчах. Гэта звычка ў яго выпрацоўвалася гадамі — даведвацца як мага болей аб тых, хто сумленна жыць не хоча, вывучаць іх псіхалогію, матывіроўку ўчынкаў. Як ён сам казаў, дакопвацца да кораня. Бадай у кожным раёне ён ведаў некалькі такіх ласых да чужых прыпасаў. Завітае па справе ў які кут вобласці, пацікавіцца іх жыццём-быццём. Так і трымае ў галаве цэлую «картатэку жывых тыпаў».

А пакуль дастаў блакнот, старанна вывеў у ім словы «Алег» і «Віця» і абвёў іх тлустым пытальнікам.

...Паснедаўшы, Санько скіраваў хаду на будоўлю. На павароце прагаласаваў самазвалу. Той спыніўся з моцным тармазным скавытаннем.

— Падкінеце на аб'ект?

— Калі ласка,— весела згадзіўся вадзіцель.— Толькі хутчэй.

— Ад чаго спешка?

— Ад рубля, вядома,— засмяяўся ён і ўжо сур'ёзна дадаў: — Ад графіка адсталі. Вось і гонім грузавікі на вялікай хуткасці.

— Што кажуць пра забойства?

— Таксама чуў?

— Угу, чуў.

— Лепш спытаць у Гаркушы.

— У электрыка?

— Канешне.

— Чаму ў яго?

— Дзе размова пра забойства — адразу вуха натапырыць. Калекцыянер шэптаў.

Парада вадзіцеля здалася слушнай. Санько заўважыў на будоўлі Гаркушу, памахаў яму рукой.

— Як электрагаспадарка працуе? — спытаў, прывітаўшыся.

— Работаець нармальна.

— Як жыццё-быццё?

— Так сабе.

— Чаму?

— Верцімся как вавёрка в калясе.

Абмяняліся яшчэ словамі аб тым-сім. Санько як бы незнарок павярнуў гаворку пра забойства і чутак пра гэта. І тут ахвота гаварыць у субяседніка прыкметна спала. Хутка, спаслаўшыся на «шмат работы», пакрочыў у другі бок. Падпалкоўнік міліцыі стаяў і разважаў над тым, чаму пры першай сустрэчы быў такім гаваруном і так хутка зматаў вуды цяпер. Падышоў да рабочых.

— Чаму ваш электрык не ў гуморы?

— Гэта ён апошнія дні як ашпараны нейкі. Напэўна, жонка на нервах пайграла. А так словаахвотлівы хлопец.

— Ат, мянціць языком усе мастакі. Каб да справы так. Думаеце, на грамадскай рабоце гарыць Гаркуша? Штосьці не відаць,— уставіў другі.

— Часцей маўклівы. На вуме адно — дамашняе гняздо,— пачуўся яшчэ голас.

— Скажыце, чаму навідавоку ўплываюць з будоўлі матэрыялы? Няўжо ўсе змірыліся з гэтым?

Прыціхлі, пераглянуліся субяседнікі, прыкідваючы, куды хіліць падпалкоўнік. Сёй-той падняўся, крэкнуўшы ў кулак, паціху патупаў убок, далей ад нежаданай размовы. Улавіўшы гэты настрой, Санько працягваў:

— Размова не дзеля пратакола. Хацелася б пачуць вашу думку. Паверце, не разумею тутэйшую абыякавасць.

— А што тут незразумела? — нарэшце падняўся пажылы ўжо ў ватоўцы мужчына.— Паглядзіце наўкол, што робіцца.

Ён паказаў рукой у бок бульдозера, які ракатаў з усяе моцы, засыпаючы яму.

— Душа баліць, гледзячы на такое... Як закопваюць кавалкі дошак, дроту, цвікі,— гаварыў будаўнік.— У гаспадарцы многае з гэтага спатрэбіцца. Ці плот падрамантаваць, ці граблі... Урэшце дровы з трэсак — лепшыя не трэба. Прадавалі б адходы... Дзяржаве была б капейка і нам тое-сёе. Дык не. Кажуць, не маем такога права. Закопваць у яму — права маюць. Вось гэта парадак!

— От і бяруць людзі патроху тое, што ляжыць пад нагамі,— ажывіўся другі.— Усё роўна ж згіне. От і прызвычаіліся. А пад гэту марку той-сёй адхоплівае і добры кавалак... Разбярыся, хто нясе тое, што закопвалі, а хто са склада. Злодзею гэта на руку...

Праходзячы міма бульдозера, Санько прыпыніўся, паназіраў. Якія толькі адходы ні спіхваліся ў яму. А побач, на бытоўцы, нібы ў насмешку, вялізны плакат, які заклікаў будаўнікоў эканоміць кожную цагліну, цвік... «Ну, адкуль такая безгаспадарчасць? — разважаў ён.— Мала таго што губяць каштоўнасці, дык жа разбэшчваюць людзей, кампраметуюць партыйнае слова, ператвараюць яго ў насмешку... На палітінфармацыі, на сходах заклікаюць, а на практыцы робяць супрацьлеглае... Ну, адкуль гэта пайшло?.. Бачачы такое гадамі, хіба будзеш цаніць цагліну, цвік... Праўду кажуць рабочыя, хоць бы прадавалі людзям непатрэбныя рэшткі альбо адвозілі ў магазіны «Зрабі сам».

Апоўдні аператыўная група сабралася ў вагончыку.

— Напрошваецца вобыск сядзібы Гаркушы,— пачаў Санько.

— Яго ўжо ўзялі на заметку нашы хлопцы з АБРСУ. Ці варта перабягаць ім дарогу?

— Варта,— коратка і цвёрда сказаў Санько. І, заўважыўшы запытальныя позіркі, разважаў уголас: — Штосьці ён ведае, недагаворвае. Штосьці яго непакоіць. Гэта факт... Ведаеце, што ўспомніла жонка забітага? Колісь была аварыя. Гаркуша матацыклам наехаў на бацьку забітага вартаўніка. Моцная тады была сутычка паміж імі.

— Яшчэ б! З-за такога заўсёды сыр-бор разгараецца... Толькі ж даўненька гэта было,— парыравалі калегі.

— Ведалі? І маўчалі? — Санько са здзіўленнем паглядзеў на паплечнікаў.

— Дык то ж далёкая, забытая гісторыя,— апраўдваліся яны.

— Э-э, не кажыце. Ёсць там варты ўвагі момант... Глядзіце ў корань. Успомніце, з-за чаго моцны крык стаяў? З-за аварыі? Як бы не так. З-за выкупу. Вось так... Вырашылі ж былі да міліцыі справу не даводзіць, разлічыцца грашыма. Тут і пачалося. Адзін патрабаваў болей, другі крычаў — абдзіраюць... Раскудахталіся, як дзве курыцы на ўсю вёску, бо кожны грабе толькі пад сябе... Кажуць, і пасля ўспыхвалі паміж імі слоўныя баталіі наконт таго выкупу... Між іншым, Гаркуша хлусіў, калі сцвярджаў, што ведаў вартаўніка толькі ў твар. Чаму ён хлусіў? Які рэзон?

Гаспадар у час вобыску трымаўся знешне спакойна. Але спрактыкаваным вокам Санько прыкмячаў, як нялёгка даецца яму гэты спакой.

Якіх толькі рэчаў не было паўсюдна, што давалі недвухсэнсоўную характарыстыку гаспадару. Ля плота, напрыклад, гара набітых бутэлек. Паміж імі парасло пустазелле.

— Даўно пара адвезці іх на сметнік,— ціха, пра сябе сказаў адзін з работнікаў міліцыі.

— Дабро і на мусарнік? — шырока раскрыў вочы Гаркуша. І столькі ў яго позірку адкрылася здзіўлення, што нельга было ўтрымацца, каб не прадоўжыць дыялог:

— Нашто ж яны вам?

— Как на что? У хазяйстве ўсяму месца знайдзёцца.

— Для чаго іх можна прымяніць?

— Врэмя пакажа.

Работнікі міліцыі адшукалі вялікую колькасць матэрыялаў. Імі былі літаральна загрувашчаны ўсе куткі. Тут ляжалі і шланг кіслародны і аж тры газавыя разакі, вялізныя бочкі, сальнікавыя набіўкі, кабель... Сярод рознага хламу заблішчэла разетка. Санько ўзяў яе і, вымавіўшы «у-гу», працягнуў Сяўзюку:

— Пазнаеш, калега?

— Ну і назіральнасць у вас! — з несхаванай зайздрасцю вымавіў оперупаўнаважаны.— Памыліўся я тады наконт яго акуратнасці, памыліўся...

Санько павярнуўся да Гаркушы:

— Дзе раздабываеце такое дабро?

— Вяздзе, гдзе пападзе.

— Ну вось хоць бы плітку.

— Купіў у аднаго шофера. Праязджаў тут.

— Кабель?

— Знайшоў у лесе.

— Шланг кіслародны і газавыя разакі?

— Забыўся сваршчык, как рамонт дзелаў. Чакаю, пака вярнёцца.

— Таварыш падпалкоўнік,— паклікаў намеснік начальніка райаддзела міліцыі Патрын.— Паглядзіце на гарышча.

— Што тут цікавага? — спытаў Санько.

— Таўшчэзная надта столь. Ці няма якога тайніка пад падлогай другога паверха?

— Прасейвайце ўсё,— коратка загадаў Міхаіл Мікалаевіч.

Як пачалі адрываць дошкі, змяніўся ў твары Гаркуша:

— Зачэм дошкі атрываць? — заенчыў.— Порціць падлогу?

— Не бойцеся. Мы акуратна.

Адарвалі дошкі і ўбачылі лінолеум. Замералі — 16,95 квадратных метраў. Акурат як той, што прапаў з бытоўкі.

— Дзе ўзялі?

— Как гдзе? Купіў за дзеньгі ў шофера...

— Якога?

— Адкуда знаць. Праязджаў...

Побач з лінолеумам ляжалі гумавыя боты, ватоўка.

— Ці не праўда, даволі дзіўны гардэроб? — казаў Сяўзюк.

— Рэчы на экспертызу,— коратка распарадзіўся Санько.

Як заўжды, з хваляваннем чакаў падпалкоўнік міліцыі заключэння экспертаў. Колькі гадоў працуе, а не можа прызвычаіцца да гэтага моманту. Ды і хіба можна? Экспертыза часцей ставіць заключную кропку, высвятляе, наколькі правільнай была логіка пошуку і здагадак.

...Санько глядзіць на Рыгора Гаркушу, маладога яшчэ мужчыну, і разважае над тым, што штурхнула яго на такое цяжкае злачынства. На рабоце характарызуецца станоўча, добры спецыяліст і сем'янін. Ёсць прыгожы дом. Дык не, стаў красці. Якая ржа раз'ела душу? Міхаілу Мікалаевічу вельмі важна дакапацца да матываў паводзін, учынкаў злачынцы. І ён задае і задае пытанні.

— Скажыце, вы былі ля траншэі-кар'ера, дзе знайшлі труп?

— Не хадзіў.

— Як жа тады растлумачыць той факт, што там зафіксаваны сляды вашых ботаў?

— Звініце, забыўся. На втары дзень бегаў, як і многія, пасматрэць...

— Ды не. Свой след вы пакінулі ў ноч забойства. Вось экспертыза,— паказвае Санько.— Вось ваш ключык, якім адкрывалі пакой бытоўкі, з якой забралі лінолеум. Вось заключэнне экспертаў аб тым, што кавалкі вяровачкі, знойдзенай на месцы забойства і ў вашым гардэробе пад падлогай гарышча, складаюць адно цэлае. Як на вашу ватоўку, адшуканую ў тым жа дзіўным гардэробе, трапілі кроплі крыві забітага?.. Хопіць хлусіць. Толькі чыстасардэчнае прызнанне можа зменшыць віну.

Гаркуша хапаецца рукамі за галаву і ўсхліпвае:

— Не хацеў я ўбіваць, не хацеў... Всё палучылася нечакана...

Слухае яго Санько, задае пытанні, супастаўляе дадзеныя, і ўсё выразней вымалёўваюцца трагічныя падзеі той ночы.

Напярэдадні Рыгор прыкмеціў лінолеум у пакоі. Прыкінуў: яму на гарышча ў самы раз. І колер спадабаўся. Падрабіў ключ ад таго пакоя. Надвячоркам згарнуў лінолеум у трубку, зачыніў пакой і пакрочыў дахаты.

Пасля вячэры паглядзеў праграму «Час», уклаўся спаць. Пасля адзінаццаці, як заснулі жонка і дачка, ціхенька апрануўся, выйшаў на двор. Пачаў адвязваць ад слупа вяровачку, якой меркаваў перавязаць скрутак лінолеуму. Вузел заеў і не паддаваўся. Рыгор тузануў з усяе сілы і адарваў яго.

На будоўлі непрыкметна, хаваючыся ў цемры, прабраўся ў бытоўку, забраў прыгатаваны матэрыял. Зрабіў крокаў з дзесятак ад пабудовы і сутыкнуўся з вартаўніком.

— Я хацеў адкупіцца, прэдлагаў гарэлку,— расказваў Гаркуша.— А ён трэбаваў дзеньгі, аж дзве сотні... От жа нягоднік... Прыпомніў, как стукнуў матацыклам яго бацьку, і гаварыў, што я не дадаў тагда... Я жэ расчытаўся спаўна... А ён не атставаў, трэбаваў і трэбаваў... Гарлахват... Ну, сцапіліся мы... Ён тузануў харашэнька мяне. Я схваціў прут і ўдарыў са злосці наводмаш. Нескалька раз... Па галаве... Давёў, зануда, да кіпення... Ну, ён сеў на калені, как мяшок, после ўпаў. Страшна стала. Связаў вяровачкай і пацягнуў да траншэі...

— Чаму лінолеум не кінуў? Пасварыліся б, разышліся — гэткай бяды.

— Как бросіць? Я ж яго пачці што вынес. На гарышчы ўжо і месца падгатоўлена было.

— Так значыць...

Санько стала амаль усё зразумела.

— Шкада, што мы не можам паслухаць другі бок,— разважліва пачаў ён, як зачыніліся дзверы за затрыманым.— Забіты, напэўна, даў бы іншую інтэрпрэтацыю фактаў. Але відавочна галоўнае — цяга да рэчаў, крадзяжу, сумніцельных шляхоў для паляпшэння дабрабыту ў аснове злачынства. Пасля той аварыі з матацыклам пачалася аварыя душы. Заўважце: не калецтва чалавека турбавала іх, а здзелка вакол выкупу... Далей, раз паклаў на плячо лінолеум, нават вартаўнік не можа ўжо спыніць. Маўляў, стала маім. Дзе спее такая логіка?.. Да чаго дайшло, нават не выкінуў ватоўку з кроплямі крыві забітага, боты. Другі спаліў бы ўсё гэта, каб замесці сляды. А тут цяга да паношаных, прама скажам, небяспечных рэчаў аказалася мацнейшая, чым страх суровай расплаты. Ды што там ватоўка, боты? Нават кавалак зашмальцаванай вяровачкі і то не выкінуў, схаваў на гарышчы, нібы каштоўную рэч. Вось дык гаспадарчык! Можаце ўявіць, якую злосць у яго выклікала патрабаванне вартаўніка пакінуць скрутак. З кавалкам непрыгоднай вяровачкі расстацца не можа, а вы хочаце, каб аддаў лінолеум... А колькі масла падліў у агонь напамінак аб аварыі! Псіхалогія накапляльніцтва — страшная рэч... Вось такое рэха той далёкай і амаль забытай вяскоўцамі сутычкі вакол аварыі.

— Раскажыце, Міхаіл Мікалаевіч, як вы выйшлі на Гаркушу? — спытаў Жорж Майсеевіч Сяўзюк.— Помніцца, вы амаль адразу звярнулі на яго ўвагу, непрыкметна і самастойна распрацоўвалі па сутнасці трэцюю версію «Электрык».

— Наконт версіі замоцна сказана. І мой уклад перабольшваць не трэба. Уся група дзейнічала творча і вынікова. Мне прыемна было працаваць з вамі, Жорж Майсеевіч, з Уладзімірам Іосіфавічам Харлампенкам і Валянцінам Фёдаравічам Патрыным. Не магу не сказаць добрыя словы ў адрас эксперта-крыміналіста Аляксея Міхайлавіча Епанічкіна і іншых таварышаў. Мы дружна рабілі адну важную справу. Наконт версіі пра электрыка ўсё проста, калегі. Глядзець трэба ў корань. Даўно вядома, злачынцу моцна карціць даведацца, што ды як. Так што візіт Гаркушы і асабліва яго доўгае корпанне ля разетак не магло прайсці міма нашага позірку. Таму падсеў, разгаварыўся. Вы не заўважылі, як знік у яго настрой, які сум з'явіўся ў вачах, калі я сказаў, што хутка затрымаем забойцу.

— Заўважылі, але не ў такой ступені, каб насцярожыцца. Ён і зайшоў у вагончык не надта вясёлы.

— Не забывайце, сябры, у мяне за плячыма больш як два курсы тэатральна-мастацкага інстытута,— усміхнуўся Санько і сур'ёзна дадаў: — Раю назіраць за паводзінамі людзей. Вядома, той першай размовы было мала, але я не мог забыць сум у яго вачах пасля маіх слоў аб хуткім затрыманні забойцы... Прыглядаўся, як працуе, якая паходка і г. д. Аналіз месца здарэння, шляху валачэння трупа, сляды ботаў і іншае ўказвала на рост, сілу рук, паходку забойцы. Усё гэта паказвала на падабенства злачынцы і электрыка. Нарэшце, гутаркі з работнікамі, успаміны аб аварыі, дзіўныя паводзіны Гаркушы, яго цяга да крадзяжу — усё гэта ўзятае разам малявала партрэт злачынцы... Да таго ж, абедзве нашы версіі «Крадзеж» і «Помста» як бы перакрыжаваліся на электрыку. У яго жыцці было і тое і другое. Як бачыце, усё проста.

Санько цёпла развітаўся з работнікамі Дзяржынскага раённага аддзела ўнутраных спраў, набраў нумар тэлефона:

— Алёшка, прывітанне! Што атрымаў па матэматыцы? Ух ты! А па пісьму? Няўжо не змог лепей?.. Выязджаю... Абавязкова пойдзем. У-гу. Пагуляем ля ігральных аўтаматаў удосталь... Як плаванне? Кажаш, падабаецца... Разам сходзім. Пакліч мамку...

 

 

1 Імёны некаторых дзеючых асоб па зразумелых прычынах зменены.

Залаты гадзіннік

Поезд паволі набіраў разбег. Міхаіл Санько падсеў бліжэй да акенца, адсунуў фіранку, правёў далонню па запацелай шыбіне. І толькі цяпер, зірнуўшы на ладна такі запэцканую руку, прыкмеціў навокал пыл. Падлога, столік даўно просяць мокрай анучы.

Ужо без звыклай радасці глядзеў на прыгожыя мінскія краявіды. Як замільгалі даўжэзнымі дзевяціпавярхоўкамі мікрараёны, Санько яшчэ больш насупіўся, незадаволена круцячы носам, зачмыхаў. «Завяжы каму вочы і прывязі сюды, спытай, у якім горадзе, нізашто не адгадае,— падумаў ён.— Паўсюдна растуць дамыблізняты, раёны тож ... Адкуль гэта? Ды ці толькі пры забудове гарадоў? Часам пашыюць касцюм, як пужала для агарода... Выпусці ж таго шаўца ці праектанта на трыбуну, так складна запяюць аб перавыкананні і паляпшэнні, заслухаешся... Хто ж іх прывучыў мянціць языкамі, а не ўвіхацца рукамі, выдаваць свайго вераб'я за салаўя?.. Даўно патрэбен вецер перамен, які здзьмуў бы ўсё гэта, як пажоўклае лісце з дрэў. Без асвяжальнага подыху ўжо душна і млосна... Пасля вайны, цяжкой і разбуральнай, такі праспект у Мінску адгрохалі! Ідзеш па ім — нібы кнігу чытаеш. Што ні плошча, паварот, квартал — свой твар. Акінеш вокам новыя праспекты — сум агортвае. А сёння ж у дойлідаў будаўнікоў такія магчымасці, пра якія ў пасляваенны час і не марылі. Што ж перашкаджае будаваць хоць бы на ўзроўні тагачасных майстроў?»

У вагон увайшоў дзяцюк з «дыпламатам» і авоськай, з якой тырчэлі пакункі, усеўся насупраць. Санько адразу пераключыў увагу на яго. Неяк вельмі ўжо не пасаваў яму той «дыпламат». Якая карысць ад яго вяскоўцу? Ні сняданак пакласці, ні пакупку якую. Даводзіцца прыхопліваць у дадатак авоську. У ёй — рэчы несці, ім — як данінай моды размахваць.

Раптам Міхаіл Мікалаевіч адчуў, што твар дзецюка яму знаёмы. «Няўжо сустракаўся? Дзе? Калі? — мучыўся ў здагадках ён.— А-а, вяснушкі... Як і ў таго хлопца...»

Тады ён ехаў у родную вёску: прыйшло з дому трывожнае пісьмо. «Даўно адцвіў, пачарнеў бульбоўнік, сынок. Суседзі засыпалі сваю бульбу ў капцы,— пісала маці,— а наша ўся ў полі...» У пятніцу пасля работы ён спяшаўся на вакзал.

У вагоне адразу звярнуў увагу на рослага хлапчыну з таўшчэзнай сумкай. Позірк неспакойны, так і водзіць вачыма па баках. Успомнілася ранішняя нарада ў начальніка аддзялення крымінальнага вышуку. Кіраўнік дакладваў аб апошніх здарэннях: «Зноў абабралі магазін. Узята шмат рэчаў. Прыкметы злодзея — твар у вяснушках...»

Санько паглядзеў на палахлівага спадарожніка. Прыкметы сыходзяцца. Вяснушчаты тым часам падняўся, пакрочыў да выхаду. Міхаіл за ім. У тамбуры руку на плячо:

— Міліцыя, дакументы.

І тут моцны ўдар у патыліцу. Пацямнела ў вачах. Падаючы, ухапіўся рукамі за дзверцы. Тыя з моцным скрыгатам адчыніліся насцеж, свежы вецер ударыў у тамбур. Двое з усяе сілы пхалі яго пад адхон. Моцна білі па руках і нагах, тузалі за вопратку, спрабуючы адарваць яго ад вагона. Лейтэнант правіс дугой над палатном чыгункі. Парывісты вецер кудлаціў валасы, закрываючы імі вочы. Злачынцы насядалі. Агнём пякла пабітая рука. Старэйшы, з вусікамі, відаць, пераканаўшыся, што спіхнуць не ўдасца, дастаў нож. «Што рабіць? — мільганула думка.— Можна скочыць з поезда. А як жа злодзеі? Не, іх трэба затрымаць». Сабраўшы ўсе сілы, ён ірвануўся ў тамбур і з лёту выбіў нож. Завязалася патасоўка. Але цяпер Санько трывала стаяў на нагах. Дзяцюк з вусікамі вырваўся з рук лейтэнанта і наўцёкі. Вяснушчатага ён затрымаў Той аказаўся напарнікам магазіннага злодзея.

Дамоў прыехаў з сінякамі і парваным пінжаком.

— Ой, дзіцятка маё, якую ж ты работу сабе выбраў,— плакала маці.— Нашто падаўся ў тую міліцыю?

— Не плач, матуля,— супакойваў яе Міхаіл.— Такое бывае рэдка... Некаму ж і гэтым трэба займацца. Што будзе, калі дасі ім волю?

— Жыткі тады, дзіцятка, не будзе.

— Я хачу, каб людзям жылося добра. А табе прафесія не падабаецца... Скажы лепей, дзе мяхі ды капанічка.

— Ужо на поле?

— Угу. Сонейка яшчэ высока.

— Можа, заўтра. Рука падгоіцца.

— Справа — лекар,— усміхнуўся сын, выходзячы з хаты.

У панядзелак Санько далажыў аб дарожным здарэнні начальніку аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі Мікалаю Іванавічу Сушчэўскаму. Той насупіў бровы:

— Чуў, браце, аб тваім подзвігу. Увесь аддзел у курсе,— сказаў ён.— Яшчэ раз напамінаю і прашу — не гарачыся. Варта ж было высветліць: адзін ён ці з кампаньёнам. Вучыся глядзець у корань. Мог бы праз брыгадзіра поезда звязацца з бліжэйшай станцыяй, папярэдзіць.

Гаварыў ён ціха, доўга і пераканаўча. Успамінаў эпізоды сваёй практыкі. Штосьці адбылося ў душы Санько пасля выпадку ў поездзе і той размовы. Бо ў наступны раз у вельмі крызіснай сітуацыі ён дзейнічаў рашуча і з дакладным, халодным не па гадах разлікам. А было тады так.

Ехалі браць узброенага злачынцу, які затаіўся ў хаце. Дом яго — пасярод вёскі. Так што страляніна зусім не пажадана. «Як будзем дзейнічаць?» — спытаў намеснік начальніка райаддзела міліцыі, стоячы ў ляску каля вёскі. «Ёсць задумка»,— сказаў Санько і выклаў свой план. «Давай»,— коратка адказаў кіраўнік. Скінуў лейтэнант пінжак, папрасіў у калегі паношаную, ладна скамечаную кашулю. Апрануўшы яе, закасаў рукавы, у другога ўзяў кепку і набакір. У першых сустрэчных распытаў, хто што прадае: зруб ці вепрука, дзе жыве.

— Ды вунь за паваротам Апанас збывае цялушку,— паказалі рукой жанчыны.

— Дзе-дзе?

— Дом старэнькі, з замшэлай страхой.

Ён стаяў амаль побач з хатай злачынцы, што было на руку. Падзякаваў субяседніцам, пакрочыў па добраўтаптаным ускрайку вуліцы. Падыходзячы бліжэй, яшчэ раз перапытаў у сустрэчных, дзе жыве той Апанас. Яны махнулі рукой, Санько, нібы не зразумеўшы, папрасіў паказаць яшчэ. Хлопцы настойліва тыкалі рукой у той бок.

— Хадзем, мы правядзём,— падрадзіліся малыя.

— Я сам. Бяжыце куды сабраліся.

Міхаіл завярнуў у двор злачынцы. Пастукаў рукою ў першае акно:

— Гаспадар, не вы будзеце Апанасам?

За шклом паказаўся твар. Санько адразу пазнаў яго — бачыў на здымку. Позірк напружаны.

— Пакажыце цялушку,— папрасіў.

— Не дайшоў, купец,— пачуўся голас з-за акна.— Во ягона хата.

— Дзе-дзе?

Ён адчыніў акно, працягнуў руку, паказваючы на замшэлую страху. Гэтага было дастаткова, каб ухапіць яго за плячо і галаву і імгненна перакуліць з падаконніка пад прызбу. Усё адбылося так хутка і нечакана, што злачынец не паспеў нават і апомніцца, як аказаўся са скручанымі рукамі за спіной.

— Малайчына! — пахваліў Сушчэўскі.— Першы сорт. Нездарма, браце, вучыўся ў тэатральна-мастацкім. Гэта ж так перайграць патрывожанага злачынцу. Адчуў смак? То-та ж. Гэта не тое што лезці на ражон.

...У Гарадзею Санько прыехаў пад вечар. На станцыі яго сустракаў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Нясвіжскага райаддзела міліцыі капітан Мікалай Сень.

— Навін асаблівых няма,— з сумам расказваў ён па дарозе.— Працягваем агляд сядзіб. Па другому кругу. Нічога істотнага не выяўлена.

— Што з сябе ўяўляе ахвяра?

— Адзінокая жанчына. Пенсіянерка. Жыла ціха і сціпла. У галаве не ўкладваецца, за што яе.

На дварэ сядзелі начальнік Нясвіжскага райаддзела міліцыі падпалкоўнік Валерый Сцяпанавіч Гарадзенка і іншыя работнікі.

Натупаліся зрання, ногі гудзяць, працягваючы руку, скардзіўся Гарадзенка.

Усе накіраваліся ў хату.

— Дзверы былі адамкнёныя, па ўсім, гаспадыняй,— тлумачыў Гарадзенка.

— Гэта важна. Вызначыць дакладна,— параіў Міхаіл Мікалаевіч.

Жудасны малюнак адкрыўся ў доме. Абгарэлыя сцены, мэбля, выбітыя вокны, раскіданыя рэчы, залітая вадой падлога...

— У-гу,— працягнуў Санько, у якім прагучала і заклапочанасць і задуменнасць.

— Суседзі пастараліся,— паказваючы на разбітыя рамы, працягваў начальнік райаддзела.— Збівалі полымя вёдрамі вады ды выносілі рэшткі рэчаў. Потым пажарнікі дабавілі. Словам, змылі ўсе сляды.

— Згарэла б — было б не лепей.

Прачытаўшы пратакол, Санько зноў толькі вымавіў тое загадкава-задуменнае «у-гу».

— Прасейваем яшчэ раз,— сказаў ён і, узяўшы лупу, тут жа пачаў вадзіць ёю па рэчах, астатках мэблі. «Шкада, што не пад'ехаў Аляксандр Іванавіч,— падумаў Міхаіл Мікалаевіч.— Тут яго вопыт, інтуіцыя вельмі дарэчы... Чаму ўсё-такі не паехаў?» Здаецца, не было выпадку, каб Балоцін ды не наведаў месца здарэння. Напэўна, першапачатковай інфармацыяй зблыталі яго карты.

Спярша атрымалі сігнал аб пажары ў Гарадзеі. І толькі апоўдні начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Мінаблвыканкома Аляксандр Іванавіч Балоцін зноў паклікаў Санько.

— Выязджай у Гарадзею,— пачаў ён.— Пахне там не толькі дымам. На абгарэлым трупе жанчыны знойдзены раны... Я не змагу. Завязаны ўжо справамі аб крадзяжах.

Патрабавальны, строгі, але і чулы палкоўнік Балоцін карыстаецца павагай падначаленых. Перш за ўсё тым, што не перакладвае свой нялёгкі груз на іншых, а бярэ ношу найбольш важкую.

За акном пачуўся віскат тармазоў легкавушкі. Міхаіл Мікалаевіч узняў галаву і ўзрадаваўся. З яе вылазіў Балоцін. У новым паліто. «Відаць, не было калі пераапрануцца»,— здагадаўся Санько.

Аляксандр Іванавіч азнаёміўся з пратаколам, перакінуўся словам з нясвіжскімі калегамі, дастаў сваю лупу і моўчкі пачаў агляд. Ужо праз хвіліну рукавы і ніз яго паліто былі ладна запэцканыя.

— Паберажыце абноўку, Аляксандр Іванавіч,— параіў Санько.— Самі ўправімся. Бачыце, колькі вуголля ды слякаці наўкол.

— Не да абноўкі, сам ведаеш. Ды і хімчыстка нашто? — І ён старанна працягваў агляд.

Дадаткова адшукалі два абгарэлыя нажы з меднымі заклёпкамі. На адным — цёмна-чырвоная плямка. У адной з шуфлядак шафы Балоцін выгледзеў адбіткі пальцаў.

— Ух ты! — вымавіў, разглядаючы іх, Санько.

— Што скажаш? — выціраючы ўзмакрэлы лоб, пытаў Балоцін у падпалкоўніка.

— Па ўсім відаць, аграбленне.

— Чаму ходкія рэчы на падлозе? Згубілі ў спешцы ці ў пакункі не ўлезлі? — Ён тут жа павярнуўся да Гарадзенкі і Сеня.— Багата жыла кабета?

— Не надта.

— Во! — Аляксандр Іванавіч узняў палец угару.— Багацця было не шмат. Па сіле любому хіляку. Так?

— Так,— падтрымалі Гарадзенка і Сень.

— Чаму пакінулі шыкоўныя бусы? Глядзіце, якія цуда-пацеркі.

Балоцін глядзеў на Санько, бо пытанне адрасавалася менавіта яму.

— Значыць, не цікавілі яны іх,— адказаў Міхаіл Мікалаевіч.

— Што цікавіла — тое забралі.

— Угу.

— Во! — Балоцін зноў узняў угару палец.— Ці не хочаш сказаць, што злачынец ведаў аб каштоўнасцях?

— Так. Альбо, як сказаў бы Пётр Мікалаевіч Шыянок, «ішоў па наводцы», а?

— Шыянок — галава,— падтрымаў Балоцін.— Думаю, менавіта так ён і сказаў бы і дабавіў бы: «Кумекаць трэба».

Пётр Мікалаевіч Шыянок шмат гадоў аддаў крымінальнаму вышуку. Дарос да намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкома. Многім маладым крыміналістам перадаў свой вопыт і веды. Не так даўно пайшоў на пенсію. Але сувязей з калектывам не парывае. Часта бывае ва ўпраўленні, дае добрыя парады пры разблытванні складаных спраў.

Санько добра помніцца адзін выпадак. На Салігоршчыне быў знойдзены труп жанчыны. Ніякіх слядоў насілля. Прыехаў Шыянок. Па вачах загінуўшай тут жа ўстанавіў — яе задушылі. Пачаў дэталёва аглядваць пакой. Пад шафай адшукаў асколак люстэрка, прыклаў лупу, павадзіў-павадзіў ёю ды і кажа:

— Ці не забойцы гэта адбітак пальца, а? Кумекаць трэба.

Як пазней высветлілася, так яно і было.

— Што гавораць эксперты? — пацікавіўся Балоцін.

— На абгарэлым целе пры дэталёвым разглядзе выяўлены нажавыя раны.

— З чаго пачнеш, Міхаіл Мікалаевіч?

— Трэба высветліць, што прапала з дому,— адказаў Санько і, павярнуўшыся да нясвіжскіх калег, працягваў: — Апытаць родзічаў, знаёмых, суседзяў забітай. Распытаць, хто наведваўся ў вёску, цікавіўся купляй-продажам. Іх размовы, прыкметы... Словам, па поўнай схеме.

— Што ж, кірунак правільны,— ухваліў Балоцін.— Жадаю поспеху. Звані штодня...

Ён паціснуў усім рукі і пайшоў да легкавушкі.

Лёг Санько позна і доўга не мог заснуць. Круціўся, чмыхаў носам. Старэнькі гасцінічны ложак парыпваў, гойдаўся нібы качалка. Прачнуўся на досвітку.

Дактары настойліва раяць: залез пад коўдру — жыцейскія турботы прэч. Але як іх адгоніш, калі яны недарэчна лезуць да цябе, вярэдзяць душу. Ды і як хораша думаецца ў ціхі начны час!

Міхаіл Мікалаевіч прыбраў ложак, зрабіў фіззарадку і пазваніў Мікалаю Сеню:

— Як пажываюць Алег і Віця? Тыя, што рыкашэтам мільганулі ў дзяржынскай справе. Помніш?

— Перабіваюцца часовымі заробкамі. Гарадзейскі адсядзеў за крадзеж, не так даўно вярнуўся. Уладкоўваецца на работу.

— Нясвіжскі?

— Падсобнікам на будоўлі. Часова. Неаднаразова судзімы за крадзеж.

— З іх і пачнём,— заключыў Санько.— Пад'едзь у гасцініцу.

На другім канцы провада цішыня. Адчувалася, такі паварот застаў калегу знянацку.

— У іх алібі. Дні за два да забойства абодва з'ехалі некуды.

— Куды?

— Мо на заробкі, мо ўкрасці што надумалі.

— Наведаем сем'і,— настойваў падпалкоўнік.

Маці Алега была дома. Санько звярнуў увагу на заляпаныя тлушчам шпалеры, нямыты посуд на стале. На бруднай падлозе гулялі дзеці.

— Дзе Алег? — тупаючы па хаце, спытаў Міхаіл Мікалаевіч.

— Работу шукае.

— Дзе?

— Мо ў Нясвіжу, мо ў Брэсту.

— Чаму ў Брэсце?

— Бацька ягоны там. Аблытала гэтая, каб яе, верціхвостка.

— Даўно гойсае ў пошуках работы?

— Даўно. Каб яго...

— Няпроста ўладкавацца? Рукі ж усюды патрэбны.

— А нам грошы патрэбны. А што даюць? Куды ні ткніся, рабоча-сялянскі аклад — сто рэ. Што на іх купіш? Кукіш з мылам.

— Вось так значыць... Колькі сын у ад'ездзе?

— Тры дні не паказваў носа.

Санько паглядзеў на мяшкі пад вачыма гаспадыні, пасінелы нос, шапнуў Сеню:

— Прыкладваецца да рыльца?

— Не без гэтага.

Ад гнілога кораня добрага парастка не бывае. Падпалкоўніка міліцыі ахоплівала прадчуванне, што сямяйныя нягоды, безбацькоўства, па ўсім, надламілі хлапца. Санько выцер далонню лаву, прысеў, завёў з гаспадыняй размову пра Алега.

— Рос ён здольным хлопчыкам,— кранутая ўвагай, ахвотна спавядалася жанчына.— Вучыўся на чатыры. Яшчэ як развод наклёўваўся — не да яго. Ну і звязаўся з гэтымі, каб іх... Дакаціўся. Школу кінуў, сядзеў ужо. Да работы неахвочы. Замкнёны, бы чужы які. Паесць, гыркне і з хаты.

— Сам ён — гусь добры,— даводзіў Сень, як выйшлі на вуліцу.— Сям'я цяжкая. Але школа ўвагай не абдзяліла. Уладкавалі ў прафтэхвучылішча. На поўным забеспячэнні. Авалодвай толькі тэхнікай. Дык не. Танцулькі, гулькі розныя больш даспадобы... Сям'я добры компас у рукі не дала. Яно так. Але нягоды падкошваюць слабака, моцнага духам загартоўваюць.

Разважанні капітана падабаліся Санько. Занадта часта мы шукаем апраўданні маладому абібоку, мала гаворым пра яго асабістую адказнасць. У жыцці самае важнае — умець вылучыць галоўнае, трымацца яго як стрэлкі компаса, як бардзюра на дарозе. Для школьніка галоўнае — вучоба. Бярэцца за яе ўпарта — вырасце чалавек. Косіцца на падручнікі, доўга жуе ручку, перш чым возьмецца рашаць задачу — першы трывожны сімптом. Губляе «бачанне бардзюра». Раздумваючы аб гэтым, Міхаіл Мікалаевіч і не заўважыў, як падышлі да апорнага пункта аховы правапарадку. Прысеў ля тэлефона, набраў дамашні нумар.

— Прывітанне, Алёшка. Урокі зрабіў? Не пачынаў? Чаму? Салдацікі пачакаюць. Выхадны, кажаш, вялікі... Помніш угавор? Во-во. Зрабіў дзела — гуляй смела. Дзела, сынок, найперш. У-гу. Ёсць тут адзін, хто на дзела абы-як. Прыеду, раскажу... Сядай за пісьмо... Пакліч мамку... Прывітанне, Любаша. Як маці?.. Хвалюецца пра дзіцятку?.. Пра мяне, значыць... Трохі лепей...

Паклаў трубку, звярнуўся да Гарадзенкі:

— Дакладвайце, што там каштоўнага знікла.

— Ды шмат чаго. Залатыя лыжкі, манеты, пярсцёнкі, кулоны...

Санько строга паглядзеў на падпалкоўніка і капітана:

— А казалі, жыве так сабе, сціпла.

— Любы скажа — не багачка. Наконт золата хто ж ведаў, у сундукі не заглядвалі,— апраўдваўся Сень.

— Аказваецца, хтосьці ведаў. У адрозненне ад вас. Спярша пажарам закаламуцілі галаву. Не разгледзелі злачынства. Цяпер вось зноў выяўляецца курыная слепата. За вяршкі ўхапіліся, пра корань забылі.

Нешматслоўнага Санько нібы прарвала. Выгаварыў калегам усё.

— Давайце пра характэрныя меткі, асаблівасці рэчаў,— супакоіўшыся, папрасіў ён.

— Адзін пярсцёнак з александрытам, адзін з брыльянтам...

— Не тое,— перабіў Міхаіл Мікалаевіч.— Глядзіце ў корань.

— Нахвальвалі мужчынскі залаты гадзіннік з ланцужком. Таўшчэзны, старынны. Яшчэ ад бацькі. На адваротным баку літары «В.С.».

— Гэта цікава,— ажывіўся Санько.— Вопіс рэчаў ёсць?

— Вось, калі ласка.

Хутка куды трэба паляцела тэлеграма: «Аб'яўляецца пошук пяці залатых манет царскай чаканкі, залатой пяцірублёвай манеты, дзесяці залатых пярсцёнкаў, у тым ліку адзін з александрытам, адзін у пары з кулонам і бурштынам, адзін з брыльянтам дыяметрам каля двух міліметраў, мужчынскага даўняга залатога гадзінніка з ланцужком даўжынёй дваццаць сантыметраў, з літарамі «В.С.» на адваротным баку, шасці пазалочаных лыжачак, футра цыгейкавага...»

Цяпер махавік пошуку набіраў абароты. Гэта ўзнімала настрой. Санько ўстаў з табурэткі, смачна пацягнуўся.

— Выкладвайце прапановы.

— Жыве тут родзіч забітай,— пачаў Сень.— То ў Мінск лётае, то да яго наязджаюць госці ў вопратцы з замежнымі этыкеткамі... Вечарам, перад той ноччу, дапазна з жонкай заседзеўся ў пенсіянеркі.

— Раней бываў у яе?

— Так. Нярэдка. Падсабляў па гаспадарцы... Жыве тут, у Гарадзеі, яшчэ адзін сваяк з сумніцельнымі сувязямі, Таксама гусь добры. Прыязджаюць аднекуль ганцы. Хто такія, суседзі не ведаюць. Сам не працуе. Харчуецца з уласнага падворка.

— Прасеяць абодвух,— заключыў Санько.

Зайшлі да тых, што напярэдадні вечарам наведвалі забітую. У пакоях — утульнасць і шыкоўнасць. Позірк падпалкоўніка імгненна выхапіў сурвэтку і распісны рог. Кропля ў кроплю як тыя рэчы, што суседзі бачылі ў пенсіянеркі.

— Падарыла нам цётка. Тыдні з два,— злавіўшы позірк падпалкоўніка, тлумачыла гаспадыня. Голас спакойны, твар адкрыты. Міхаіл Мікалаевіч уважліва паглядзеў на яе. «Не, не хлусіць»,— пераканаўся ён. Яго не правядзеш. Па вачах, па твары чытае думкі субяседніка.

— Аб чым вы гутарылі ў той вечар з загінуўшай?

— Аб усім,— усхліпнула жанчына, выціраючы хусцінкай вочы.— Непакоілася, што дровы канчаюцца, а веснавы бездараж... Не хвалюйцеся, падкінем,— паабяцалі мы...

— Яшчэ што трывожыла?

— Нічога.

— Ніякіх змен у настроі, паводзінах не прыкмячалі?

— Не. Як заўжды, спакойная, нетаропкая.

— Хто ведаў аб залатых рэчах?

— Хіба што родзічы ды суседзі. Напаказ не выстаўляла. Не хвалілася. Нават гадзіннікам.

— А што за гадзіннік?

— Дарагі быў для яе. Бывала, возьме ў рукі і доўга разглядае. Падарунак бацькі.

Гаспадары ахвотна далі адрасы тых, з кім сустракаліся апошнім часам. І хоць верылася ў іх шчырасць, але вобыск зрабілі. Ён нічога не выявіў, хіба што супакоіў душу, развеяў сумненні.

Безвынікова закончылася дасканальная праверка другога родзіча. Адзіны «ўлоў» — шматлікія мінскія адрасы знаёмых. Санько адчуваў, што яму хутка, напэўна, давядзецца вярнуцца ў сталіцу. Напрошвалася знаёмства з тымі, хто трапіў у арбіту яго ўвагі. Не выключана, хтосьці з іх мог ведаць аб каштоўнасцях пенсіянеркі. Але пакуль і тут хапала работы, той вялізнай, чарнавой, без якой цяжка абгрунтаваць версію, выйсці на след злачынцы.

Апоўдні Санько адправіў Сеня зрабіць выбарку апошніх здарэнняў у раёне, а сам рушыў па пасёлку. Была нядзеля. Людзі сноўдалі па магазінах, групкамі стаялі ля сядзіб. Разгаварыўся з суседкай-пенсіянеркай.

— Госці наведваліся да яе?

— Ні, рідко,— з украінскім акцэнтам адказвала яна.

— Чаму?

— Жыла сама по собі. Нэ дужа госцювала... Покуль нэ познае голос, нэ одомкнэ.

— Баялася?

— Хто ж одынокі пэршому встрэчному открые хату?

— Мабыць, хто незнаёмы наведваўся да яе, а мо цікавіўся ёю? Не помніце?

— На тым тыдні газовык прыходыў.

— Калі?

— Годын под пяць.

— Адкуль ведаеце, што ён з газавай гаспадаркі?

— Говорыў прозь окно. Она всё допытвалася, адкуль та зачым.

— Як апрануты?

— У біловатым плашчыку. Світловолосы. Рослы дэтына. Спортыўна сумка ў руках. Шчэ подумала, нашчо она ёму. Газоўшчыкі заўжды з чомоданчыкам. А гэты з сумкою.

— Што-небудзь характэрнае ў ім яшчэ прыкмецілі? Ну, мабыць, размову?

— Ну як жэ. Запомныла. Доўга цягнуў «г», як бы оно ў горлі ёго застрало, га-гакаў так. Га-га-зовык.

— Шчыра дзякую.

Затым завёў гамонку з мужчынамі, якія стоўпіліся каля ларка. Яго найбольш цікавілі незнаёмцы. Чаго наведваліся, чым цікавіліся, адкуль.

— Ну, панадзіліся, значыць, цыганы,— расказваў мужчына.— Раз'язджаюць, стала быць, распытваюць.

— Аб чым?

— Ну, хто, значыць, цяля прадае, хто магнітафон...

— Золатам не цікавіліся?

— Здаецца, пыталі.

— Адкуль наязджаюць?

— Нібыта з-пад Капыля ці, стала быць, са Слуцака.

— На чым прыязджалі?

— На легкавушцы, значыць, на матацыкле.

— Як выглядаюць?

— Як цыганы. Ну, чорныя як смоль, значыць, борады, вусы, толькі зубы блішчаць.

— Як клікалі адзін аднаго?

— Ніклухай. Відаць, старэйшы з іх. Ну, усе да яго, ды да яго... А ён неяк сказаў: «Кісця пакрыўдзіцца». Ці то імя такое, значыць, ці то мянушка.

— З якой нагоды ўспаміналі пра Кісцю?

— Ну, спрачаліся: ці ехаць цялушку паглядзець. Адзін у нас тут прадаваў. Ну дык Ніклуха, значыць, кажа: «Кісця пакрыўдзіцца, калі не паглядзім». Напэўна, таму Кісці, значыць, карова дужа спатрэбілася.

У сваім блакноце Міхаіл Мікалаевіч зрабіў кароткі запіс: «Ніклуха і Кісця». І паставіў супраць гэтых слоў вялікі пытальнік. На апорным пункце Санько ўжо чакаў Сень.

— Здарэнні былі такія,— пачаў капітан, як толькі Міхаіл Мікалаевіч паказаўся на парозе.— Кіламетраў за дваццаць адсюль укралі летась вепрука... Прачнуўся гаспадар, хлеўчык адчынены...

— Што ўстаноўлена следствам?

— Амаль нічога. Трое ў гумавых ботах задушылі яго ў хлеўчыку, вынеслі агародам на ўскрай вёскі, селі ў «Масквіч», выехалі на шасейку, і след знік. Шукай гуся, як ветру ў полі.

— Гастралёры?

— Яны, гусі залётныя.

— Злачынства не раскрыта?

— Не. Аналагічная гісторыя мінулай вясной у суседнім калгасе. З кароўніка ўвялі двух бычкоў. Пагрузілі на грузавік і на шасейку. Злачынства не раскрыта.

— Падобныя весткі зрэдку паступаюць і з другіх раёнаў вобласці,— ціха працягваў Санько.— Чыіх гэта рук справы? Асобных злачынцаў ці цэлай групы?

Ён дастаў блакноцік і запісаў: «Крадзяжы жывёл. Вывучыць почырк». На вуліцы спынілася легкавушка. У вокнах мільганула постаць Аляксандра Іванавіча Балоціна.

— Што непакоіць? — яшчэ з парога спытаў цвёрдым голасам.

— Цыганы.

— Адкуль узяліся?

— Раз'язджаюць тут, купляй-продажам займаюцца.

— Канчай са сваімі завіхрэннямі,— абарваў яго начальнік абласнога ўпраўлення крымінальнага вышуку.— Два дні топчамся на месцы. А яны цыганамі любуюцца. Чые нажы? Устанавілі?

— Збіраемся заняцца імі.

— Во, так і ведаў. Пакуль сам не возьмешся... Ён рашуча павярнуўся да выхаду, моцна ляснуўшы

дзвярыма.

— Якая муха ўкусіла палкоўніка? — толькі і вымавіў капітан.

— Відаць, вялікая,— адказаў Санько.— Едзем у Нясвіж.

У пасёлку іх машыну спыніў Балоцін. Гнеў палкоўніка даволі хутка спадаў.

— Куды шлях трымаеце? — пацікавіўся.

— Напярэдадні да пенсіянеркі наведваўся газавік. Трэба сустрэцца.

— Добра. Адтуль вяртайцеся на апорны пункт. Трэба памазгаваць. Не крыўдуйце за размову.

Паездка аказалася ўдалай.

— Выкліку ад пенсіянеркі не было, ніхто да яе не выязджаў,— тлумачыў дыспетчар райгазавай гаспадаркі.— Мабыць, адказны за яе зону наведваўся.— Зараз удакладнім.

Ён зняў тэлефонную трубку, набраў нумар:

— Пенсіянерку ў Гарадзеі калі наведвалі? Гады два назад? А днямі? Успомні. Ну, трэба. Не быў, значыць?

Ішлі да машыны моўчкі. Раптам Санько спыніўся, узяў за локаць Сеня:

— Абмалюй Віцю.

— Казаў жа, гусь той.

— Знешнія прыкметы.

— Рослы хлапчына, стройны, русавалосы. У шэрым плашчыку.

— Як бы ён сказаў: «Я — газавік».

— Я га-газавік.

Санько шырока ўсміхнуўся, кладучы пяцярню на плячо капітана.

— Віця наведваўся да пенсіянеркі напярэдадні. Паедзем, абрадуем Балоціна.

Выслухаўшы, палкоўнік пахваліў іх, выклаў свае здабыткі.

— Адзін нож, знойдзены на месцы здарэння, Алегаў. Во так! Яго апазнаў каваль. Ён майструе іх з дзвюма заклёпкамі. Той жа папрасіў з трыма, каб лепей, маўляў, трымаць... Дык вось чаго яны зніклі. Гэтым як бы алібі стварылі. На справе ж — рыхтаваліся да злачынства.

— Прашу дазволу ў Мінск,— папрасіў Санько.— У нашым ізалятары добра знаёмыя Віці. Папаліся на крадзяжы.

— Паедзем сёння разам.

— Каго пашлём у Брэст? Не выключана, падаліся туды, да бацькі Алега.

— Разбяромся на месцы. Найперш трэба аформіць і аб'явіць усесаюзны пошук.

Балоцін і Санько ўпершыню за гэтыя дні з палёгкай уздыхнулі. Хоць ведалі, што пошук злачынцаў няпросты, ён можа зацягнуцца надоўга, што патрабуюцца яшчэ грунтоўныя доказы, інтуіцыя абодвух падказвала, што выйшлі на прамы шлях. І гэта бадзёрыла, узнімала настрой.

...Санько запрасіў дзяўчыну прысесці. Разглядаючы яе, прыкідваў, з чаго пачаць размову. Інфармацыі спадзяваўся «выцягнуць» не шмат. Даведацца, што падштурхнула на крадзеж і галоўнае — адрасы сябрукоў Віці. Толькі спытаць прама — ці адкажа? Яшчэ пачне выгароджваць хаўрусніка. «Колькі людзі слоўнага туману часам напускаюць, каб схаваць свае намеры,— разважаў Міхаіл Мікалаевіч.— Шчабечуць пра адно, думаюць аб другім, робяць трэцяе. Вось і даводзіцца гуляць у слоўцы-хованкі».

Як не дарагі быў час, падпалкоўнік закінуў кручок здалёку:

— Колькі вам гадоў?

— Ну, дваццаць,— з нейкім выклікам выпаліла яна і скрывіла губкі.

— Пара спецыяльнасць прыдбаць.

— Якую ж?

— Любую... Якая падабаецца.

— Хэ... Які толк з таго? — адмовілася ад знешняй бравады, пачала па-філасофску.— Больш сотні рэ не адваляць. Мадэрн не адхопіш... за такі рабоча-сялянскі аклад.

— Не твае словы.

— Чые ж?

— Віціны... І Алега, і яго маці. Усіх вас абучыў катэгорыям з рэ... Як жа жыць без прафесіі?

— Хэ... Жывуць жа.

— Хто?

— Ну, Толік хоць бы. Падсобнік у магазіне, а «жыгуль» за руль трымае.

— Мінчанін?

— З Харкава.

— Адкуль ведаеш?

— Віцёк расказваў.

— Яго сябра?

— З яго кампашкі.

— Не ведаеш, як з ім сышоўся?

— Мабыць, у камандзіроўцы.

— Куды ездзіў у камандзіроўкі?

— Ну, у Адэсу, Паволжа.

— Назавіце прозвішчы, адрасы яго знаёмых.

— Не ведаю,— раптам холадна адказала яна.

— Раю сур'ёзна падумаць аб жыцці.

Далей працягваць размову не было сэнсу. Мабыць, яна сапраўды болей не ведала. Названыя пункты сувязей Віці, яго «камандзіроўкі» указвалі на тое, што ён плёў не простую сетку альбо сам уваходзіў часткай у чыюсьці. Відаць, турма толькі павысіла яго злачынную кваліфікацыю. Яшчэ адзін парадокс, з якімі Санько сустракаўся неаднойчы і не мог вытлумачыць іх паяўленне, як ні ламаў галаву. Хіба суды, турмы ствараюцца для таго, каб вучыць злодзеяў як лепш красці? Любы скажа: яны — школа перавыхавання асобы. Ды так яно і ёсць. Чаму ж часам аказваюцца школай абмену злачынным вопытам?

Ну, такі, як Віця, тройчы судзімы, не скажа лішняга знаёмай. Так што ўлоў з той размовы і так неблагі.

Праз пару хвілін Санько ўжо сядзеў у Балоціна.

— Трэба звязацца з харкаўскімі калегамі. Мо знойдуць якую рэч пенсіянеркі.

— Тэлеграфуй.

Яшчэ ў калідоры пачуў, як у пакоі дзынкае тэлефон. Міхаіл Мікалаевіч подбегам да стала:

— Слухаю.

— Вас выклікае Брэст... Хвіліну... Гаварыце.

Падпалкоўнік хуценька закрыў фортку, каб менш далятаў з вуліцы шум.

— Кушнер турбуе,— пачулася ў трубцы.— Прыязджалі абодва сюды. З чамаданам. Бацька Алега кажа: падаліся недзе на заробкі... Куды, не ведае. Што ў чамадане — не бачыў. Прадчуванне, што мікіціць. Што параіш?

— Прасей горад. Не выключана, затаіліся.

Падзеі пераконвалі, што кірунак пошуку выбраны правільны, але дзейнічаць трэба больш рашуча. Каб прадбачыць маршрут уцекачоў, патрэбна звязацца з месцамі заключэння, дзе адбываў пакаранне Віця, перапісаць адрасы тых, з кім ён кантачыў. Без грошай доўга не абыдуцца. Так што залатыя рэчы нябожчыцы павінны ўсплысці. Аператыўна толькі б іх выявіць.

Санько напружана думаў, пракручваў у галаве шматлікія варыянты дзеянняў, шукаючы той адзіны, найкарацейшы і найбольш верны.

— Міхаіл Мікалаевіч, зазірні да мяне,— пачуўся з дынаміка, які заўсёды хрыпеў і патрэскваў, голас Балоціна.

— Сядай і чытай,— працягваючы тэлеграму, сказаў Аляксандр Іванавіч.

...У мясцовым ламбардзе з'явіўся залаты гадзіннік з ланцужком і літарамі «В.С.» на адваротным баку... Грамадзянін, які здаў яго, паведамляе, што купіў у маладых людзей... Прыкметы... Упраўленне ўнутраных спраў Харкаўскага аблвыканкома,— прабег Санько, і яго вусны кранула ўсмешка.

— Туды выязджае Крукаў. Табе, думаю, нельга спускаць руку з пульта кіравання,— працягваў кіраўнік упраўлення крымінальнага вышуку.— Якія захады плануеш?

— Распрацоўваю магчымы далейшы маршрут злачынцаў... Прашу дазволу на запыт у месцы заключэння, дзе адбываў пакаранне Віця.

— Лічы, што атрымаў.

— Мяркую перагаварыць з адэскімі і астраханскімі калегамі, каб начаку былі.

— Звязвайся... Звані ў Нясвіж, адшукай там Крукава, няхай тэрмінова вяртаецца і вылятае ў Харкаў. Скажы, дакументы падпісаны, білеты заказаны.

Аляксандр Уладзіміравіч Крукаў — вопытны работнік. Працаваў намеснікам начальніка Маладзечанскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў. Праявіў сябе пры раскрыцці не аднаго злачынства. Вылучаны намеснікам начальніка аддзела абласнога ўпраўлення крымінальнага вышуку. Калі Санько паехаў у Мінск, ён падмяніў яго ў Нясвіжы. Так што ў курс справы ўвайшоў добра.

Праз дзень пазваніў Крукаў. Голас бадзёры, узрадаваны:

— Алег наш,— паведаміў ён.— Малайцы харкаўчане. Аператыўна спрацавалі. Да майго прыезду ўзялі. На кражы... Расказаў, як збывалі гадзіннік. Потым прызнаўся і ў злачынстве. Дзякуй табе.

— Мне за што?

— За парады. Глыбока здолеў зазірнуць у яго душу. Зайздрошчу. Без тваёй падказкі не раскалоў бы.

— Ну, годзе табе.

— Далібог, шчыра кажу.

— Дзе Віця?

— Збег. З рэчамі. Паспрачаліся, кінуў тут саўдзельніка. І гэтым нам памог. Што таму заставалася рабіць без сродкаў для існавання? У спешцы палез красці і папаўся... Віця, між іншым, адбыў у паўднёвым напрамку. Па тваім маршруце. Можа, скажаш, куды далей паедзе?

— На ўсход. Да Волгі.

Замільгалі дні. Звестак пра Віцю не паступала. Знік, нібы іголка ў стозе сена. Псаваўся настрой у Санько. Злавалі недахопы, якія перашкаджалі. Здавалася, не складаную інфармацыю прасіў з месц заключэнняў. З кім кантачыў, іх адрасы. Але аператыўна даць яе не маглі. Не было пад рукой. «Колькі ў нас паўсюдна папер. Усе сталы завалены імі ва ўстановах,— разважаў Санько.— А паспрабуй адшукаць патрэбную лічбу, даныя... Аказваецца, няма. Во парадокс! Мора даведак — і адсутнасць галоўнага ўліку... Усё пра вяршкі і ні слова пра карані... Хоць бы ў той жа калоніі. Столькі звестак пра асуджанага! І колькі лекцый праслухаў, і што зрабіў... Не ведаюць толькі, каму душу адкрываў, у каго «розуму» набіраўся... Няма такога ўліку... А гэта ж важней за ўсё. Запыт атрымалі, цяпер распытваюць, хто што ўспомніць... Толькі ці ўсё ўтрымаеш у галаве? Якая ж тады якасць той інфармацыі?»

Без тых звестак Санько не мог дакладна акрэсліць месцы ў Паволжы, куды мог завітаць Віця. Пакуль ён мучыўся ў чаканні, прыйшло паведамленне з Астрахані: «Злачынца затрыманы. Папаўся на кражы». У горад на Волзе вылецеў старшы следчы па асоба важных справах абласной пракуратуры Вячаслаў Фёдаравіч Суханаў.

— Адчаго сум? — па-сяброўску падштурхнуў Санько локцем Балоцін.

— Не мы ўзялі іх, не мы.

— Якая розніца. Галоўнае, рухаемся да фінішу... Ведаю цябе. Хацеў усё прадбачыць, вылічыць маршрут і ў канцы яго расставіць рукі насустрач злачынцу, маўляў, даўно тут чакаем, дзе блукаў?

— Чым дрэнна?

— У жыцці часцей бывае зусім не так, як прыкідваеш... Мне б твае турботы... Суханаў выказаў сумненне: Віця не хутка расколецца, моцны арэшак.

— Гэта даўно відавочна. Хіба не відаць, што ішлі па следу мацёрага ваўка?

— Што параіш?

— Везці хутчэй яго сюды. Тут доказы — нажы, месца здарэння, адбіткі пальцаў, паказанні Алега... Толькі неабвержныя доказы змогуць развязаць яму язык.

Яшчэ многа прыйшлося паваждацца следчым: вочныя стаўкі, выезд са злачынцамі на месца здарэння, паказанні сведкаў. Віця выкручваўся, хлусіў... Крок за крокам удалося аднавіць падзеі, якія папярэднічалі таму трывожнаму ранку.

Алегу адразу спадабаўся Віця. Моцны, з грашыма, умее павесяліцца. На жыццё глядзіць проста і лёгка... «Ад работы, Алежка, г-гавораць, лошадзі дохнуць,— павучаў яго пасля шклянкі віна.— Ты хочаш здохнуць, нібы той конь?.. На сто рэ радасць не бярэ. Рабоча-сялянскі аклад — не па мне». Паступова прывучыў яго красці. Неяк пенсіянерка папрасіла Алега падсобіць па гаспадарцы. У пошуку грошай, каб разлічыцца, адчыніла шуфлядку, у якой хлопец заўважыў бляск лыжачак і пярсцёнкаў, шыкоўны гадзіннік. Пазней пра ўбачанае расказаў Віцю.

— Малаток. Г-глаз намётан,— пахваліў яго той.— Залацішка многа?

— Паўнютка шуфляда.

— Паказалася ці добра ўвідзеў?

— Кажу ж, поўна.

Аднойчы пры сустрэчы Віця прапанаваў:

— Махнём на заробкі? Шапні мацеры, каб не валнавалася.

У Нясвіжы пачалі распрацоўваць план аграблення.

— З залацішкам весялей у дарозе,— гаварыў Віця і, паказваючы білеты на поезд, пытаў: — Што ета? Алібі. Как быццам мы ўкацілі.

Даведаўшыся, што пенсіянерка незнаёмым не адчыняе дзвярэй, прыдумаў ход з аглядам газу. Прыхапіў інструкцыю па эксплуатацыі пліт, пад вечар прыехаў у Гарадзею.

— Спраўная. Харашо работаець... Но можа случыцца аварыя. Пракладка таво... Г-газ выцячэт, канцы можна аддаць.

— Праўду кажаш, галубчык?

— Шуткі з ім плохі. Спічку чырк — г-грымне. Вот пачытай інструкцыю. Які разон туман пускаць?

Жанчына прачытала радкі аб тым, да чаго прыводзіць абыякавае абыходжанне з газам, спытала:

— Не складаны хоць рамонт?

— Плёвае дзела. Но падаждаць прыдзецца. Месяцаў етак з пару, ежэлі не болей. Г-га-завікоў не хапае...

— Пракладка вытрымае столькі?

— Наўрад.

— Хутчэй можна?

— За траяк.

— Выруч, галубчык.

— На етай нядзелі буду міма праязджаць. Магу падскочыць. Часікаў етак окала сямі. Паўчаса туды-сюды.

— Не забудзь, галубчык.

— Пакуда.

Праз дзень раніцой пад'ехаў. Пастукаў. Жанчына адкрыла газавіку...

— На макрушачна дзела не ішоў. Кораш падвёў. Зялёны, неабчосаны. Далдоніў яму: нос не суй, апазнаець. Крык услыхаў, з раскрытым ртом уляцеў. Яна г-глазішча раскрыла: «Алег-г». Прыйшлося нож вынімаць... Вынудзілі... То ж праг-гная старушэнцыя. Учапілася за вяшчычкі, не вырваць. Даражэй за жызню...

Група пошуку сабралася на заключны збор, каб правесці аналіз і разбор, ці, як кажа Санько, выявіць корань.

— Спрацавалі някепска. Уклаліся ў месяц,— падводзячы вынікі, пачаў Балоцін.— Бачыш, як павуцінне плёў — у Дзяржынск, іншыя раёны, наводзіў масты з дружбакамі з Украіны, Паволжа. Складвалася фірма па крадзяжу і збыту. Яе крах пры нараджэнні — галоўны вынік... Давай, Санько, пра карані.

— Мае настаўнікі вучылі глядзець у корань. Гэта раю ўсім. Дык аб ім, значыць... Самай істотнай дэталлю сярод выяўленых на месцы здарэння было заключэнне эксперта аб тым, што гаспадыня сама адамкнула хату. Пасля таго як родзічы, суседзі пацвердзілі, што ніколі незнаёмага не пускала, пакуль не пазнае голас — не адчыніць, стала ясна: злачынец з тутэйшых, яна яго ведала...

— Во! — Балоцін узняў угару ўказальны палец і паглядзеў на маладзейшых калег, прыцягваючы іх увагу да таго, што сказаў Санько.— Во ён першы карэньчык сярод шматлікіх вяршкоў...

— У гэтым пераконвала і тое,— працягваў Міхаіл Мікалаевіч,— што пра золата, акрамя бліжэйшых сваякоў, мала хто ведаў... Хто ж з мясцовых ласы да такіх прыпасаў? Яшчэ пры разблытванні дзяржынскай справы ў поле зроку трапілі Алег з Віцем. Кралі яны рэдка, ды метка... У Фаніпаль прыязджалі па дэфіцытныя запчасткі. І гэты факт, значыць, указваў на іх... Вывучаючы паводзіны, псіхалогію Алега, я прыйшоў да думкі, што сам ён пакуль не здольны на такое цяжкое злачынства. Хутчэй наводчык ці саўдзельнік. Хто ж той? Вядома, Віця. Тройчы судзімы, пастаянна не працуе, а жыць любіць з шыкам. Такі не мог утрымацца ад крадзяжу золата... Факты аб тым, што Алег падсабляў пенсіянерцы, візіт загадкавага газавіка поўнасцю пераканалі, што менавіта яны здзейснілі злачынства. Вось так...

— Абмалюй, Міхаіл Мікалаевіч, сваю стратэгію пошуку іх.

— З грашыма ў кішэні можна падацца ў любы край. Без іх, з рэчамі — толькі да знаёмых. Збываць крадзенае першым сустрэчным рызыкоўна. Віця не прастак, прайшоў турэмныя універсітэты... Так што шлях толькі да знаёмых... У каго пазычыць, у каго выменяць рублі за рэчы, каго скарыстаць пасрэднікам пры іх збыцці... Так і быў вызначаны маршрут.

— Выкладвай пра сум,— працягваў Аляксандр Іванавіч.— Ад чаго ён?

— Спазняемся заўжды... Што ж атрымліваецца? Пачулі пра злачынства — наўздагон, прасейваем сотні звестак, фактаў... Як бы галоўнае ў нашай рабоце — сядзець і чакаць, калі дзе што здарыцца.

— Хочаш сустрэць злачынцу ля ахвяры? Ён да яе — а ты ўжо чакаеш яго тут? Толькі адамкнула пенсіянерка дзверы, а ты Віцю: «Заходзь, даўно чакаем».

— Чаму б і не. Чаму не ўзяць іх напярэдадні забойства? Мару аб часе, калі галоўным у рабоце крыміналіста стане прафілактыка цяжкіх злачынстваў... Заўважце, на след Алега і Віці мы выйшлі даўно, яшчэ пры разблытванні забойства ў Фаніпалі... Тады імі варта было займацца. Упусцілі, і вось якое рэха тых дзён. Рэха заўжды бывае, ад любых падзей... Папярэджваць яго... Цяпер вось выявіліся загадкавыя цыганы і крадзяжы жывёл... Наязджаюць з-пад Капыля, Слуцка... Калі глядзець у корань — складваецца фірма, а можа, існуе ўжо... Значыць, яна не можа нас не зацікавіць... Баюся, цякучка заесць... Тэрміновыя выклікі, бег па гарачым следзе забойцы... Бегаем за вяршкамі. Да карэньчыкаў — са спазненнем. Вось ад чаго сум. Апошнія падзеі выявілі яшчэ гэты корань — прафілактычны, на які мала звяртаем увагі.

 

Сустрэча на рынку

Любіць Цімох рынак. Прыедзе — усе закуткі абыдзе. І хоць купляе не шмат, паўсюдна прыцэніцца, паспрачаецца аб вартасцях тавару. Альбо з замілаваннем паслухае ды паназірае за іншымі бойкімі гандлярамі. Даспадобы яму гэты вірлівы, шматгалосы, як вулей, куток горада. І нахвальванне бывалай гандляркі сваіх рэчаў, і віскат парасят у мяшках, і ціхі, амаль шэптам, пераказ бабулямі рэцэптаў ужывання траў ці кансервавання садавіны і агародніны, і гэтае кохканне «ко-коко» пеўняў — усё прываблівае яго, выклікае цікавасць.

А яшчэ, што найбольш палоніць яго душу,— магчымасць нагаварыцца ўдосталь і наслухацца. І слухачоў тут сустрэнеш, і апавядальнікаў. Пацешыш вока багатымі дарамі слуцкай зямлі. Яблыкі — з кулак, памідоры — бы хто размаляваў чырвоным алоўкам. Апісаць грушы — слоў не хапае. Не тое што ў магазіне.

Цімох часта разважаў аб тым, чаму на рынку, што ні яблык ці агурок — вачэй не адарваць, а ў магазіне — брыдка глядзець. Проста дзіву даешся: дзе тыя кааператары адшукалі ды як не пасаромеліся на прылавак выкласці. Іх і ў карыта не кожны гаспадар без перабору высыпле. А то, бач, на прылавак. І што яшчэ яго азадачвала, прымушала моршчыць лоб. Тэхнікі ў калгасе зашмат. А ўправіцца з уборкай ураджаю не паспяваюць. То дождж клянуць, то спякота ім перашкаджае. На яго, Цімохавым, агародзе і сотках адна каняга ды ён, інвалід, увіхаюцца. Але яшчэ ніводная бульбіна не засталася ў полі да замаразкаў.

Неяк купіў Цімох квашаную капусту ў магазіне. Узяў на зуб і выплюнуў. Салома, дый годзе. Возьмеш у бабулі на рынку — міску з бульбай увамнеш, толькі за вушамі патрэсквае. А суседскі ўнук, гараджанін, даводзіў, што квасяць у горадзе капусту спецыялісты па рэцэптах вучоных. Ніяк Цімох не дакумекае, якім чынам цьма спецыялістаў выдае тыя рэцэпты. Паслухалі б лепей бабулю на слуцкім рынку, запісалі ды і зрабілі б так, як яна расказвае — колькі б дабра збераглі!..

Цімох прывязаў сваю рагулю да воза, кінуў пад ногі ахапку духмянага сена і няспешна — па рынку. Калі вярнуўся, ля вазка, пазіраючы на кароўку, прытопваў ботамі цыган. Сярэдняга ўзросту, шырокі ў плячах, у чырвонай, вышытай жоўтымі ніткамі, кашулі. Яна была шырока расшпілена, раскрываючы густа пакрытыя валасамі грудзі.

— Не ты, радзімый, хазяін рагатай? — убачыўшы Цімоха, спытаў і рассмяяўся.

— Ну я.

— Сколька просіш?

— Колькі дасі?

— Менш чым думаеш, радзімый.

— Шэсцьсот,— перайшоў на дзелавы тон Цімох.

— Пабойся бога,— раскрыўшы рот, пачаў цыган,— скінь сотню, далына разгавор пайдзёт... Ана жэ еле сена жуёт, ты поглядзі, хазяін...

— Бо не галодная. Зранку жуе.

Неўпрыкмет размова перайшла аб жыцці-быцці.

— Хазяйства бальшой маеш? — пытаў цыган.

— Не маленькае. Акрамя гэтай, стала быць, у хляве яшчэ адна мыкае ды цялушка корму просіць. Ды вяпрук, ды пару парасят. Куры, стала быць, водзяцца.. Турбот поўны рот, а сілоў — малавата. Вось такая пятрушка. Стала быць, і збываю буронку,— шчыра апавядаў Цімох, радуючыся, што сустрэў свежае вуха, якому можна выгаварыцца аб сваіх турботах.— Нашто мне аднаму гэтулькі жыўнасці? Што старому трэба? Кружка малака, стала быць, ды шкварка з бульбінай. Ды гурок з цыбулінай у прыдачу..

— У адзіноце гаруеш?

— Адзін як пень. Дзеткі разляцеліся, як птахі з кубла. Звілі свае гнёзды далеча ад нашых мясцін. Зрэдку пісьмом адзавуцца. Унукаў, стала быць, даўно не бачыў... Сумота ў адзіноцтве. Зойдзеш у хату — няма з кім словам перакінуцца. Бліжэйшы сусед — з паўкіламетра. Вось такая пятрушка. З катом калякаю... Разумее вусач...

— А дзеткам каапераціў, машына, дача даспадобы Гні, бацько, спіну, гні... Праўду кажу, хазяін?

— Не без гэтага. У капейцы заўжды патрэба... Купляй, цыган, кароўку — каяцца не будзеш. Малака з вядра нацыркаеш. Інакш не трымалі б.

— Віжу, хазяйскі ты мужык,— нахвальваў цыган.— Сабяру дзяньжат — падскачу. Абзаважусь хазяйствам У цебя куплю — віжу, не прамахнусь.

— Прыязджай, добры чалавек, госцем будзеш

— Жывёш недалеча?

Цімох назваў вёску, расказаў, як даехаць.

— Спытай у любога пра Цімоха — пакажа. Ды і нашто пытаць? Пры ўездзе — першая хата. На абочыне. З паўвярсты, стала быць, ад мяне — дзярэўні пачатак...

Прайшлі тыдні. Цімох амаль забыў пра сустрэчу на рынку. Але аднойчы, корпаючыся ў агародзе, яшчэ з дарогі пачуў знаёмы голас:

— Прымай госця, хазяін харошы. Аль не рад прыходу?

Гаспадар ад душы ўзрадаваўся цыгану. Кінуў у разору капанічку, выцер пясок з рук ручніком, які дасыхаў на плоце, і з цёплай усмешкай насустрач.

— Праходзь, добры чалавек,— паціскаючы руку, гаварыў Цімох.— Якраз у самы раз. Скараспейка адцвіла, гурочкі засолены. Адведаем, стала быць, разварыстай з імі ці з кіслым малачком. З чым, стала быць, пажадаеце.

— Пакажы хазяйства,— папрасіў госць.— За ецім прытопаў. Дужа люблю скаціну... Без няё, как без крылаў. Увіжу — серцэ радуецца...

Абодва борздзенька пашпацыравалі ў хлеў. Цыган уважліва разглядаў каровы і свіней, нахвальваў Цімоха:

— Хазяйскі ты мужык, хазяйскі... А крыша свеціцца... Дзеткам нябось капейкі сабіраеш?

— Каму ж яшчэ?.. Бяры, цыган, карову... Спазніцца можаш. Напытваюць, стала быць, з суседніх вёсак. Чакаю купца ў нядзелю...

— Раз так, прадавай, Цімох. Я на цялё тваё глаз паклаў. Сам панімаеш, свінчо хачу, конь по душэ... Не па карману ўсё... Цялё прадаш?

— Табе, так і быць. Па праўдзе кажучы, сабе яго астаўляў. Табе ўступлю, цыган.

— Праз врэмя пад'еду, забяру. Называй цану...

Яны добра пагаварылі. Цімох без утайкі апавядаў пра свае турботы, пераконваў госця, што парода яго кароў надзвычай удалая. «Нізашто не прадаваў бы буронку. Ад малака выручка някепская,— гаварыў ён.— Ды не хапае для круглай сумы. Да прыезду дзяцей патрэбна. Такая пятрушка... Стала быць, і прадаю».

— Кагда ані прыязжаюць?

— Месяцы праз два, стала быць.

— Врэмя не многа. Но цялё забяру. Прыплюсуй і маю суму.

Пры расставанні доўга трэслі адзін аднаму рукі.

Цімох шкадаваў, што госць адмовіўся ад начлегу і паехаў назад. Цэлы вечар маглі б пагаварыць...

— Санько, да начальніка ўпраўлення,— пачуўся голас сакратаркі з траскучага дынаміка. Міхаіл Мікалаевіч паклаў папку ў сейф, згроб скамечаныя лісткі ў сметніцу і пакрочыў у кабінет Балоціна.

— Лічы, пашанцавала,— сустрэў яго ля парога Аляксандр Іванавіч.— Адкуль тыя цыганы?

— Кажуць, з-пад Капыля і Салігорска. Гэта яшчэ трэба праверыць.

— Заадно зоймешся і гэтым.

— Здарэнне там?

— Побач. У Слуцкім раёне. Знойдзены забіты. Мясцовыя крыміналісты ўжо задзейнічаны... Бяры падмогу.

— У такім разе Аляксеенку Івана Захаравіча.

Праз паўгадзіны Санько і Аляксеенка імчалі на хуткай «Волзе» на поўдзень вобласці. Падпалкоўніку падабаўся настрой напарніка. Не мітусіцца. Задумлівы. Напэўна, асэнсоўвае першыя атрыманыя весткі, прыкідвае план дзеяння. Правільна робіць.

Найперш Міхаіл Мікалаевіч і Іван Захаравіч, як і водзіцца, азнаёміліся з пратаколам агляду месца здарэння. Заключэннямі экспертаў. Было ўстаноўлена, што гаспадара застрэлілі на двары сядзібы з паляўнічай стрэльбы. Дзесьці апоўначы. Знойдзены гільзы і шрот. Ён аказаўся заводскага вырабу. Перад гэтым ахвяру моцна білі па галаве і спіне.

— Паедзем на месца, прасеем яшчэ раз,— прапанаваў Санько і, узяўшы за локаць Аляксеенку, шапнуў: — Вядзі першую скрыпку.

Разам з імі выехаў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Слуцкага райаддзела міліцыі Анатоль Міхайлавіч Калядка. У дарозе ён тлумачыў:

— Пенсіянер жыў адзінока. Нямала цяпер такіх у вёсцы. Дзеці падаліся ў горад, а яны бядуюць на старасці. Чалавек ён працавіты, вёў салідную гаспадарку. Але дзіўны нейкі. Хата дзіравая. Кажуць, халадэча ўзімку, што прасіўся на ноч да суседзяў. У агародзе новы дом. Вяскоўцы выказвалі ахвоту дабудаваць. Дык не, сена трымае ў ім.

Шчымлівыя пачуцці выклікала ў Санько наведанне сядзібы. Страха дзіравая, свіціцца як рэшата. Няцяжка ўявіць, як пад ёй у непагадзь. Падлога шчарбатая. Каб прайсці ды не спатыкнуцца?.. У хляве ж карова, цялушка, вяпрук, падсвінкі. Прадай што-небудзь ды дабудуй хароміну, што ў агародзе, і жыві як чалавек. Сапраўды, што яго стрымлівала? Напэўна ж, нешта перашкаджала.

Санько кінуў вока на бульбоўнік... Увесь у каларадскіх жуках... У хляве — чысціня... Дзіўна.

— Будзем прасейваць,— сказаў Санько і пачаў дэталёвы агляд сядзібы. Раптам ён адарваў позірк ад зямлі, пастаяў у задуменні і нечакана сказаў: — Працягвайце. Я прагуляюся па лесе.

І імкліва пайшоў на ўскраек палетка, туды, дзе шапталіся вольхі з бярозамі. Мясцовыя крыміналісты недаўменна пераглянуліся. Паціснуў плячыма і Аляксеенка.

Праз які час Міхаіл Мікалаевіч з'явіўся бадзёры, у настроі, пацікавіўся:

— Аб чым шэпча «народны тэлеграф»? Суседзяў, напэўна, паспелі апытаць?

— Так. Колісь гандляром быў някепскім...— гаварыў Калядка.— Купі-прадай... Коней гадаваў, кароў збываў на рынку. Часцяком наведваліся да яго незнаёмыя, такія ж купі-прадай, вялі доўгія тары-бары... Апошнім часам зноў развёў гаспадарку. Ды вы самі бачыце, хлявы не пустуюць.

— Што думаеш? — звярнуўся падпалкоўнік да Аляксеенкі.— З чаго пачнём?

— З пошуку стрэльбы. Ёсць тут хто на прыкмеце? — ён ужо адрасаваў пытанне Калядку.

— Не адзін, а тры. Тутэйшыя. Стрэльбы не зарэгістравалі. Двое з іх падэбашырыць не супраць. Трэці да выпівак здатны. Ёсць яшчэ двое. Працуюць у Слуцку. Затрымлівалі на прахадной. Крадуць і гандлююць... Словам, купі-прадай.

— Вось так вось,— задумліва ўставіў Санько, перавёў позірк на Аляксеенку: — Думаю, абыдзецеся без мяне. Пашукаю сустрэчы з Ніклухам і Кісцем.

Пасля агляду Міхаіл Мікалаевіч прыехаў у райаддзел унутраных спраў, разгарнуў сваё дасье па крадзяжах жывёлы. Ён быў упэўнены, што праверка версіі «Стрэльба» па сіле яго напарніку і тутэйшым крыміналістам. Рабіць далёка ідучыя вывады ранавата — мала інфармацыі. Так што якраз дарэчы прысвяціць час гэтай загадкавай гісторыі з крадзяжамі, нераскрытымі ў многіх раёнах. Па звестках, што паступілі ў абласное ўпраўленне, не так даўно ўкрадзена тры кані ў калгасе «Беларусь» і тры бычкі ў калгасе «Рассвет» Любанскага раёна, вяпрук пад Асіповічамі... Аналізуючы факты, падпалкоўнік прыходзіў да вываду, што почырк усюды адзін... Непакоіла таямнічая група цыган, якая гойсала ад Капыля да Слуцка і далей, распытвала пра мясцовых гандляроў.

Санько выехаў у вёску Слык, дзе ўкралі вепрука. Гаспадыня тлумачыла, што ўсю тую ноч брахалі сабакі.

— Выйшла на двор. Раптам чую крык суседкі з гарышча хаты: «Ратуйце...» — расказвала яна.— Прыбегла, іх дзверы на засаўцы. Адчыніла. Яны напалоханыя, усхваляваныя, кажуць: «І ў цябе бульбу ўкралі. Бачылі, як мех подбегам панеслі са двара». Прыйшла на свой двор, хлеў адчынены. Глянь, а вепрука няма... І візгату не чула.

Міхаіл Мікалаевіч наведаў суседзяў.

— Колькі іх было?

— Трое.

— Успомніце, можа, чулі якія словы? Гаварылі яны ці моўчкі неслі?

— Маўчком. Хуценька так пабеглі са двара... Хаця на вуліцы, як беглі міма нашай хаты, нехта шапнуў: «Міклуха, падсоб».

— Мабыць, Ніклуха?

— Здаецца, так... Пасля загудзела машына і паехала.

— Грузавік?

— Не, легкавушка,— уставіў мужчына, які да гэтага сядзеў і слухаў.— Хутчэй «Масквіч». Я — шафёр. Так што голас рухавікоў пазнаю.

На Любаншчыне бычкоў пагрузілі на грузавік, выехалі на шашу, і след згубіўся. Санько гутарыў з многімі жыхарамі, хто ў тую ноч засядзеўся дапазна. Нарэшце яму пашанцавала. Адзін хлопец, вяртаючыся ад каханай, бачыў грузавік на ўскрайку сяла.

— Яшчэ падумаў, чаму не на машынным двары.

— Якой маркі?

— ЗІЛ.

— Добра памятаеш?

— Так, яго не зблытаеш з іншымі.

— На нумар не звярнулі ўвагу?

— Першая лічба ці то 25, ці 35. Пяцёрку добра помню. Другая з чацвёркай. Крайняя чатыры. Першая, першая... Ці то адзінка, ці то сямёрка.

— Літары?

— М... Два «М» дык точна. Болей не помню.

Гэта была хоць і не ясная, але важная нітачка. Пошук машыны патрабаваў часу, але па гэтых даных яе можна было знайсці. Тым больш што ў райаддзелах міліцыі адбіткі яе шын, што таксама несла немалаважную інфармацыю. «Дзве літары «М» у нумары ўказвалі на тое, што яна з Магілёўшчыны,— разважаў Санько.— Хутчэй, што было «МГМ»... Ніклуха на машыне фігурыруе ўжо ў розных эпізодах і мясцінах. Відаць, пад відам куплі-продажу і чэрпаюць патрэбную інфармацыю, потым крадуць... Значыць, трэба бліжэй пазнаёміцца з тымі цыганамі. Толькі як?»

Вярнуўшыся ў Слуцк, Санько звярнуўся да Калядкі:

— Звядзі з цыганамі.

— Дружбу з імі не ваджу,— усміхнуўся той.

— Падкажы адрасы.

— Гэта можна... Ля Цітаўкі, напрыклад, табар, што вулей... Купі-прадай не сціхае.

— Машыны ёсць?

— Раз'язджаюць.

— Дзе бяруць?

— Таксі наймаюць, левакоў, уласнікаў... Надумалі завітаць?

— У-гу. Факты клічуць...

— Няпроста гэта. Думаеце, выкладуць што-небудзь? Толькі галаву задурманяць... Неяк спрабаваў кантакт наладзіць па адной справе... Бацюхны... Галдзёж, дай пагадаю, купі-прадай, чаго прыстаў, радзімы... Ні слова не выцягнуў.

— Эх, было не было,— Санько ляснуў далонямі і, адчыняючы сакваяж, падміргнуў.— Замкні дзверы, каб хто не перашкодзіў.

Ён дастаў фэцкія боты, чырвоную з мудрагелістымі вышыўкамі кашулю, кепку...

— Ух ты, рэквізіт,— толькі і вымавіў ад здзіўлення калега.

— У самадзейных артыстаў выманіў,— растлумачыў падпалкоўнік. Пераапрануўся, прыстукнуў ботамі і пайшоў упрысядку па кругу, напяваючы:

 

Запрагай-ка, баця, лошадзь

Серую, лахматую.

Давай паедзем в ту дзярэўню

Дяўчоначку сасватаем.

 

— Вось гэта да. У Балоціна такія курсы?

— У тэатральна-мастацкім, дружа... Студэнтамі не тое ўмелі.

Санько вырашыў у табар не ісці. Пачакаць, калі хто скіруе адтуль на Слуцк, каб прыладкавацца спадарожнікам. Пакуль прылёг на траўцы, воддаль ад сцяжынкі, прыглядаўся. Паказаліся тры цыганы. Зарослыя, адны вочы і зубы блішчаць. «Не падыдуць,— заключыў Міхаіл Мікалаевіч.— Шмат пабачылі на вяку. Такіх не правядзеш». Нарэшце пачуўся дзявочы шчэбет. Ён узняў галаву. Дзве дзяўчыны. З гэтымі можна пагутарыць. Стаў на абочыне з травінкай у зубах. Як параўняліся, падштурхнуў плячом тую, у квяцістай спадніцы:

— Раскажы, дзе тая ходзіць, што сэрца ўспакоіць? — працягваючы руку, гаварыў.

— Траяк гані — паваражу.

Санько палез у кішэню. «Штосьці не ў гуморы,— разважаў ён.— Ці выцягнеш з яе якую інфармацыю? Трэба мяняць пласцінку».

Трымаючы пяцёрку, сказаў:

— Смугу залечыш — твая.

— Па чом душа баліць, радзімый? — памякчэла адразу яна, беручы руку. Відаць, вельмі хацелася не ўпускаць такі шанц.

— Згубіў дружа — жыццё не дужа.

— Как зваць?

— Ніклухай.

— Ніклуха, гаворыш? Прашумеў, как вецер, і ўляцеў.

— Куды?

— Чудной, хто жа знает, гдзе вецер ноч каратает. Ты, радзімый, у няго спрасі.

— Як Кісця пажывае?

— Вы слыхалі? Он у мяне Кісцей інцярасуецца? Ты, радзімый, адкуль пуць дзержыш?

— З горада.

— Слыхалі, з горада. Эта я ў цяб'я спрасіць даўжна.

— Што вецер пра Ніклуху напявае? Прачакаў — не прыйшоў.

— Гавораць, дальні пуць у яго.

Развітаўся Санько са шчабятухамі, стаў далей чакаць. Убачыў групку моладзі, напяваючы «...запрагай-ка, баця, лошадзь серую, лахматую...», да іх. Разгаварыліся.

— Шмоткі мадэрн. Дамовіліся з Ніклухай, ды размінуліся,— пачаў Міхаіл Мікалаевіч.

— Чудной Ніклуха, за барахлішка ўзяўся. Чырвонцы да скаціна — яго дзела.

— Прасіў падкінуць.

— Адчаво, чудной. Мот Дзёма захацел.

— Хто такі?

— Дзям'ян Бурдо.

— Сябра Ніклухі?

— А то как жэ. Бурдо і Сліж — корэша даўнія.

Такі паход можна было назваць больш чым удалым.

Вядомы прозвішчы і імёны двух з групы, што раз'язджалі па раёнах. Было ясна, што Кісця жыве ў Слуцку. У райаддзеле спытаў:

— Не ведаеце цыгана без рукі ці без кісці?

— Ёсць такі. Жыве на вуліцы Кірава. Мікалай Андрайчук. Непісьменны, не працуе. Да гарэлкі ахвочы.

— На што жыве?

— Агародам корміцца. Гандлюе. Купі-прадай,— тлумачыў маёр Калядка.— Словам, цыган.

— З кім водзіць дружбу?

— З многімі з Цітаўкі. З цыганамі з Бабруйска, Мінска.

Усё паўней акрэслівалася кампанія. Санько скрупулёзна збіраў аб ёй звесткі. Даваліся яны нялёгка. Дзям'ян Бурдо пражываў у Бабруйску. Непісьменны. Нідзе не працаваў. Меў семярых непаўналетніх дзетак. Як іх пракарміць і апрануць не працуючы? Часта бываў пад Слуцкам, сябраваў з Мікалаем Андрайчуком. Разам гандлявалі коньмі, жывёлай.

Работнікі дзяржаўтаінспекцыі падрыхтавалі выбарку нумароў ЗІЛаў з лічбамі «5», «4», «1», «7», «3». Спіс, як і чакалася, аказаўся не кароткім.

— Раю звярнуць увагу вось на гэты «25-74 МГМ»,— паказаў пальцам старшы лейтэнант.— За рулём — Мурашнік Сяргей Адамавіч. Схільны да левых рэйсаў. Неаднойчы ставіў грузавік апоўначы.

Санько тут жа выехаў у аўтакалону. Дыспетчар пацвердзіў:

— Разы са два прыганяў ЗІЛ апоўначы. Скардзіўся на непаладкі ў рухавіку. Хаця машына не старая, бегае як звер. Рамонтнікаў асабліва не дапякае... Напэўна, падрабляў.

— Спазненні рэгіструюцца?

— А як жа.

— Паглядзіце, вось у гэты дзень своечасова прыехаў у гараж? — Міхаіл Мікалаевіч паказаў пальцам чысло ў сваім блакноце.

— Зараз праверым.— Мужчына ўзяў у рукі кнігу, пагартаў: — Аж а палове другой ночы прыкаціў.

Сяргея Мурашніка давялося пачакаць, пакуль не вярнуўся з рэйса. Падкаціў да стаянкі, заглушыў матор і, саскочыўшы на зямлю, ляснуў далонямі. Жвавы, энергічны. Санько прадставіўся, запрасіў пагутарыць. Настрой у таго адразу прапаў.

— Чаму так позна вярнуліся тады з рэйса?

— Матор забарахліў,— нехаця адказаў ён.

— Што вы рабілі ў калгасе «Рассвет» апоўначы?

— Каб ведаў, не павёз бы іх,— раптам пачаў Сяргей. Відаць, зразумеў, што адпірацца няма сэнсу, падпалкоўнік міліцыі шмат ужо ведае.— Папрасілі падскочыць па жывёлу. Купілі, а гнаць далекавата. Мігам туды і назад. Заплацілі добра. Ну і згадзіўся... На ўскрайку вёскі спыніліся. Кажуць, чакай, мы хутка... Скумекаў, штосьці не то... Прыгналі трох бычкоў... Не павязу, кажу... Цыц, раз тваю... Грошы ўзяў?.. Што было рабіць?

— Куды яшчэ вазілі іх?

Сяргей назваў яшчэ пару адрасоў.

— Як зваць цыганоў? Прыкметы?

— Ездзілі трое. Завадатар Дзёма.

— Чаму так рашыў?

— На ўсіх пакрыкваў, камандаваў. Слухаліся... З ім былі Гена і Цімафей. Усе ў гадах... За коньмі гэты ж Дзёма і нейкі ці то Ладзій, ці то Рыгорчанка. І так, і так клікалі яго.

— Можа, імя такое, Ладзій?

— Не. Звалі Валодзем.

— Прыкметы?

— Ладзій гэты, ці Рыгорчанка, з залатым зубам. Пасярэдзіне, зверху...

— Як пазнаёміліся?

— Галасавалі на дарозе. Прыпыніў. Разгаварыліся.

— Аб чым?

— Аб жыцці.

— Канкрэтней?

— Аб заработках... Прапаноўвалі рэчы.

— Якія?

— Джэмперы, кашулі, штаны-штроксы... Модныя дужа.

— Не хваліліся, дзе раздабылі?

— Казалі, кораш з-пад Кіева прывёз... Хацелася сабе займець такія. Грошай не было. Папрасіў пачакаць да заўтра. Кажу, пазычу і куплю... А яны гавораць, не бядуй. Падкінеш заўтра ў адну вёску — твае. Хіба ўпусціш такі шанец... Збочыў з рэйса і да месца сустрэчы.

— Што тады падвозіў?

— Нешта ў мяху. Закінулі ў кузаў і назад... Потым яшчэ разы два падвозіў. Плацяць добра. Па паўсотні, сотню... Вопратку модную даюць...

Вось так, неяк неўпрыкмет для сябе, стаў Сяргей саўдзельнікам злачынства. Ён зараз плакаў і каяўся, але дапамагчы яму Санько нічым не мог. Закон строгі. Збочыў — атрымлівай сваё. Але лёс Мурашніка наводзіў на роздум. Хлопец быццам не кепскі, да тэхнікі ахвочы. Толькі лянуецца трохі, да ўсяго моднага надта спакуслівы. Вядома, каб ведаў ён наперад, чым скончыцца яго знаёмства з цыганамі, нізашто не паддаўся б на ўгаворы. Але ў тым бяда, што не ўсе ўмеюць глядзець наперад. Часцей малады чалавек прыкідвае першыя крокі, асэнсоўвае іх, не задумваючыся аб далейшых выніках.

Помніцца падпалкоўніку адзін выпадак. На скрыжаванні хлапец перабягаў на той бок вуліцы. Нечакана паслізнуўся і ледзь не трапіў пад колы. «Машына была далёка,— лепятаў з перапуду ён.— Я быў упэўнены, што паспею перабегчы. Хто ж думаў, што паслізнуся?» — «Вось аб гэтым заўжды трэба думаць,— павучаў яго не малады ўжо старшына міліцыі.— Трэба ўлічваць нечаканасці. Разлічваць — калі спатыкнуся, ці паспею падняцца і адскочыць. Мець запас надзейнасці».

Даўно гэта было. Але словы старшыны аўтаінспекцыі моцна ўрэзаліся ў памяць. Была б воля Санько — вялікімі літарамі аформіў бы яго думку і кожнаму маладому чалавеку ўручаў бы разам з пашпартам. У правільнасці тых слоў ён пераконваўся неаднойчы. Неяк грузавік падбіў жанчыну. Яна стаяла на тратуары. На самай броўцы. З пад’езда выскачылі маладыя рослыя гарэзы, нечакана штурхнулі кабету ў плячо. Гэтага аказалася дастаткова, каб яна пахіснулася і зрабіла крок на праезную частку... Канешне, яна і ўявіць не магла, што яе нехта падштурхне. Але хіба ў горадзе гэта рэдкасць? Той умудроны вопытам старшына стаў бы на крок-два ад броўкі, каб мець запас надзейнасці.

Усё яго мае. Ствараючы любую машыну, канструктары і тэхнолагі даюць ёй запас надзейнасці. Разлічана на пяць тон, пагрузі — і восем пацягне. Любы жыццёвы ўчынак, крок павінен мець свой запас надзейнасці. Сяргей не падумаў аб ім і нечакана для самаго сябе аказаўся перад лавай падсудных.

 

Расследаванне забойства зайшло ў тупік. Санько давялося адкласці цыганскую загадку і поўнасцю пераключыцца на яго. З болем у душы рабіў ён гэта. Здавалася, мільганула магчымасць справай абгрунтаваць сваю стратэгію прафілактыкі, але цякучка, у каторы ўжо раз, паглынала яго, не даючы засяродзіцца на новых падыходах, якія падказвала багатая практыка.

З вобласці ўжо сярдзітым голасам прыспешвалі. Тэмпы, тэмпы... Ці заўсёды яны на карысць? Усё некім устаноўлена: калі пачынаць жаць, колькі сутак на выкрыццё забойства... Паспрабуй не ўкладзіся ў тэрмін... Не на карысць гэта якасці. Не на карысць... Пажнуць тое жыта, а яно, недаспелае, прэе, дыміцца ў гурбах... У спешцы, без дастатковых доказаў, можна не таму прад'явіць абвінавачванне... Было ж... У Мазыры... Гучная справа.

— Званілі з упраўлення,— перабіў яго думкі Іван Захаравіч Аляксеенка.— Выязджае сюды работнік з Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі.

Навіна азадачыла. Раз прысылаюць спецыяліста з міністэрства, значыць, альбо не задаволены ходам пошуку, альбо моцна зацікаўлены, каб паскорыць яго. Што ў гэтым выпадку?

 

Была нядзеля. На небе — ні аблачыны. Лёгкі ветрык ляніва перашэптваўся з лістотай. Абяцаўся цёплы дзень. Міхаіл Мікалаевіч выйшаў з гасцініцы, нетаропка пакрочыў на рынак. Хацелася падумаць, заадно паглядзець, чым багаты тутэйшы край. Меў і прафесійную цікавасць: можа, хто перапрадае з таго, што прапала з хаты забітага.

На павароце віскнула тармазамі сіняя легкавушка. Санько адразу звярнуў увагу на цыганоў, якія сядзелі ў ёй. Вясёлыя, шумлівыя. Ён машынальна дастаў ручку блакнот і запісаў нумар.

Хадзіў па рынку, але нішто не цікавіла. Перад вачыма стаяў той сіні «Масквіч» з цыганамі. Ён раз за разам вырульваў за цэнтральную вуліцу, і ў вокнах блішчэлі ўсмешкі на чорных няголеных тварах. Падпалкоўнік завярнуў у райаддзел унутраных спраў, звязаўся па тэлефоне з дзяржаўтаінспекцыяй. Яму хутка далі даведку — машына з названым нумарам належыць жыхару Бабруйска Цалуку Абраму Рыгоравічу.

Інтуіцыя падштурхоўвала Санько да дзеяння. Ён зайшоў у гасцініцу да калегі.

— Таварыш палкоўнік, прагуляемся ў Бабруйск? Слуцакі «козлік» даюць.

— З якой нагоды, калега?

Ён расказаў пра машыну і цыган.

— Думаеш, спатрэбіцца падмога бабруйчан? — адгадаў яго думкі той.

— Адчуваю.

Тады едзем... А пакуль я брэнкну ім. Што папрасіць?

— Інфармацыю пра Цалука. Яго сувязі з цыганамі.

Ад Слуцка да Бабруйска — дарога не блізкая. Але было мала надзеі, што мясцовыя крыміналісты паспеюць штосьці прасвятліць, пакуль яны трасуцца ў «газіку». Тым не менш, да радасці Санько, яны выклалі не малы зыходны матэрыял.

— Цалук Абрам Рыгоравіч, ва ўзросце шасцідзесяці гадоў, працуе гадзіншчыкам у майстэрні. Па рабоце характарызуецца станоўча. Сумленны, працавіты,— дакладваў работнік Бабруйскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў. У заключэнне дабавіў: — Мабыць, за рулём быў яго сын, Цалук Сямён. Рабочы завода. Хуліганіў, краў. Мае сувязі з цыганамі. Суседзі пацвярджаюць: часцяком яго наведваюць. Модна апрануты. Заработкі не вялікія. Цяга да грошай, рэчаў ён ужо ў полі нашага зроку.

Найперш завіталі да Цалука-бацькі. Іх візіт узрушыў старога.

— Скажыце, што такое выкінуў? У якую гісторыю ўлез? Гэта ж трэба, да Абрама — міліцыя? — хваляваўся той.— Я казаў яму: да дабра твая дружба з цыганамі не прывядзе.

— Супакойцеся, калі ласка. Успомніце, куды ён ездзіў з імі? Пра што расказваў?

— Што казаў? Нумары, казаў, змяніць трэба. Як пачуў — абамлеў. Кажу, што здарылася? Напакасціў — ідзі ў міліцыю, пакайся. Ён кажа, цыганы хай каюцца. Мне нумары надаелі. Кажу, мяняць не буду.

— Куды тады ездзіў?

— Смех сказаць. Скажы каму — не павераць. Нявесту красці. Цыганы падбілі. Казалі, звычай такі. Сотню, казалі, дадуць — мой дурань згадзіўся. Аж у Слуцк патарабаніў.

— Калі было?

— Не так даўно. Другі тыдзень скончыўся.

Пакуль размаўлялі з Цалуком-старэйшым, бабруйскія аператыўнікі адшукалі малодшага. Падцягнуты, модна апрануты. У джынсах, замежнай кашулі з асіметрычнымі каляровымі лініямі, у адзідасаўскіх красоўках. Экіпіроўка — рублёў за дзвесце...

— Колькі зарабляеце?

— Сто дваццаць.

— Не густа. За што вось гэта,— Санько паказаў рукою на яго вопратку,— прыдбалі?

— Падрабляю.

— Дзе і як?

— Па-рознаму. Вечарамі.

Голас дрыготкі, вочкі бегаюць. Адчуваецца, баіцца нечага моцна. «Відаць, наламаў дроў з тымі цыганамі,— думаў падпалкоўнік.— Чаго нумары збіраўся мяняць? Чаму не раней, а толькі пасля эпізода з нявестай? Што хаваецца за словам «нявеста». Назва аперацыі? Ці просты падман вадзіцеля, каб згадзіўся?»

— Раскажыце пра паездку па нявесту? — гледзячы ў вочы, сказаў Санько.— Раю быць шчырым. У вашых інтарэсах.

Задрыжэла шчака Сямёна, рукі. Раптам усхліпнуў, выцер рукавом вочы.

— Сам збіраўся прыйсці ў міліцыю, расказаць усё. Баяўся таго чорнага. Казаў, рот раскрыеш — язык адрэжу... Страшна на вуліцу паказвацца.

— Куды ездзілі?

За Слуцк... Ехаў я з работы. Вечарэла. На скрыжаванні цыган чорны, прозвішча Бурдо. Руку падняў і настойліва просіць затармазіць. Ціскаю на тармазы. Узрадаваўся, як мяне ўбачыў. Кажа, рад бачыць, Сеня, выруч. З таксістам дагавор мелі, да матор забарахліў. Нявыкрутка такая. А нявеста чакаць не можа. Трэба ўкрасці гэтым вечарам. Здзівіўся такой прапанове. А ён кажа, ты што, Сеня, упершыню з намі за рулём. Звычай наш цыганскі, украсці яе. Дагавор з усімі ёсць. І дастае сторублёўку... Мне якраз яна патрэбна была да зарэзу.

Ён папрасіў вады. Асушыў шклянку адным махам і працягваў:

— Падрулілі да магазіна. Цыганы набралі гарэлкі. Іх было трое — Ладзій, Бурдо і Сліж. Пасля падсеў Андрайчук. Ну той, без рукі. На дарозе затармазілі. Пасажыры селі пад дрэвамі, распілі дзве пляшкі гарэлкі. Скакалі, смяяліся... На дарозе, праз акно Ладзій грымнуў са стрэльбы. Я аж перапужаўся. Кажу, што гэта? Бурдо адказаў, няхай парадуецца трохі.

— Якая стрэльба ў іх была?

— Абрэз звычайны... Успомніў, заспрачаліся: ці спраўны абрэз. Тады Ладзій зарадзіў і выстраліў праз адчыненую дзверцу машыны. У той вёсцы прасілі ехаць павольна. Андрайчук бязрукі ўглядаўся ў акно, шукаючы нейкі дом... Цёмна было. Ля клуба сказаў затармазіць. Выйшаў, спытаў у некага, выпрасіў у яго цыгарэту. Кажа, курыць страшна хочацца... Паехалі назад. Пры выездзе спыніліся. Сказалі паставіць машыну збоку пад дрэвам і чакаць... Мінут праз дваццаць—трыццаць пачуў выстрал, потым — другі.

— У колькі гадзін гэта было?

Пад дванаццаць... Хутка вярнуліся цыганы, спрачаліся моцна, крычалі адзін на аднаго. Асабліва на таго без рукі... Маўляў, гаварыў, што дзела вернае... Сказалі мне, што застрэлілі старога. Далі яшчэ пяцьдзесят рублёў, каб рот не раскрываў і нумары памяняў.

Так даволі нечакана Санько выйшаў на злачынцаў, раскрыў забойства. Але чаму, уласна кажучы, нечакана? Раздумваючы аб гэтым, Санько цяпер яскрава бачыў, што з самага пачатку ён ішоў па гарачым следзе забойцаў. Больш таго, яшчэ з гарадзейскай справы ён узяў іх на заметку. Толькі цякучка не дазволіла і на гэты раз апярэдзіць злачынцаў.

Міхаіл Мікалаевіч яскрава адчуў і тое, што без таго задзелу па цыганскай справе, які ён меў, наўрад ці яму ўдалося б так хутка справіцца з заданнем на гэты раз. Менавіта дадзеныя, сабраныя па крупінках напярэдадні, сталі тым запасам надзейнасці, якія і спрыялі поспеху. І хоць наперадзе чакала яшчэ нялёгкая работа — злачынцы гулялі на волі,— Санько ўздыхнуў з палёгкай. І ад таго, што пазваніў Балоцін, павіншаваў з удачай і перадаў прывітанне Шыянка, і ад таго, што зрабіў для сябе яшчэ адно важнае адкрыццё — пра запас надзейнасці.

 

«...Прыкметы. Рост сярэдні, валасы чорныя, барада і вусы, верхні пярэдні зуб залаты... Узрост каля сарака, чорныя барада і вусы, накульгвае на правую нагу... Злачынцы ўзброены, маюць абрэз... Пры апазнанні — затрымаць...»

Санько з надзеяй і трывогай глядзеў на паперыну, складзеную паплечнікамі. Да пошуку падключаны сотні людзей. Але ці дастаткова прыкмет? Адгадай, у якім стэпе заначуе цыган. Было ясна — трэба дзейнічаць самому, прадумана, нешаблонна.

Аператыўная група, у якую ўваходзіў Санько, наведала Цітаўку. Дабіцца якіх-небудзь звестак у цыган не ўдалося.

— Какой Ніклуха, какой Бурдо? — перапытвала цыганка.— Ат тебя, дарагой, слышу... Купі кашулю, пасматры какая, в магазіне такой не ўвідзіш.

Падпалкоўнік напамінаў аб адказнасці за падман, а яна тараторыла сваё:

— Прымерый, красавец, пад цвет тваіх глаз... Красавіцы глаз атрываць ат цебя не будут... Пакупай, не дорага вазьму... па магазіннай цане.

— Адчапіся са сваёй кашуляй,— не вытрымаў Санько.— Куды паехалі Бурдо і Сліж?

— Кто ўгадает, аткуда вецер падунет,— гаварыла яна, паказваючы рукою.— С утра атсюда, к вечару аттуда... Пакупай, дарагой, не прагадаеш...

Да аператыўнікаў падышоў пажылы, з серабрыстымі валасамі цыган.

— Не мароч галаву маладусе, начальнік,— сказаў ён.— Аткуда бабе знаць? А колі знаець — не скажець... Каво ішчэце — здесь няма... Бывалі, наязжалі, таргавалі... Да, відаць, встрэча с вамі ў планы не вхадзіла... Улецелі з ветрам...

Вядома, зняліся яны з наседжаных месц. Але дзе звілі часовыя ці новыя кублы? Не верылася, што сябрукі не ведаюць пра маршруты іх вандровак, бліжэйшых паплечнікаў...

Санько паглядзеў на шаўковую вышываную кашулю, кепку, боты... Не хацелася яму пераапранацца ў карабейніка. Не ляжыць душа. Яго зброя — логіка, назіранні, багатае дасье... Гартаючы блакнот, спыніў позірк на прозвішчах хлопцаў і дзяўчат, якія кантачылі з цыганамі, набывалі ў іх тое-сёе з вопраткі. Спярша гэтыя факты адышлі на задні план. Крыміналу з боку кантактуючых бакоў не выявілася. Так сабе, сустракаліся, разам бавілі час, зрэдку набывалі адзін у аднаго рэчы... Нават падумалася: ці варта фіксаваць на гэтым увагу. Але датошны крыміналіст, добра ведаючы цану нават дробным, нязначным фактам, у свой час зрабіў запіс у блакноце, у якім значыліся іх прозвішчы і адрасы, характар кантактаў. «А раптам калісьці ўсплывуць?» І вось цяпер, праз многія месяцы, запіс зноў узбуджаў яго думку. Гэта была, бадай, адзіная нітачка. Тонкая, але ўсё ж нітачка.

Заклубілася пылам дарога пад коламі «козліка». З вёскі ў вёску трасецца Міхаіл Мікалаевіч, сустракаецца са «старымі знаёмымі», гамоніць, удакладняе асобныя дэталі былых размоў, просіць успомніць. Іх расказы быццам не радуюць. Даярка ўспомніла:

— Хусцінку ледзь выменяла на боты... Хітрушчая цыганка трапілася... Бачыць, што падабаецца рэч, дык цану заломвае вышэй... Нахвальваць майстрыца... Кажа, бяры, хлопцы чарадой хадзіць будуць, успамінаць добрым словам будзеш... Жаўтазубы з Васількова прывёз... Паследняя ў мяне, і там, гаварыў, болей нету... Давай в прыдачу пяцёрку і насі на радасць... Але ж і мы не лыкам шытыя. Бачу, вачэй ад боцікаў не адпускае... Паношаныя-то паношаныя, ды цёплыя, мех не прарваны... За акном жа лісце жоўтае кружыцца... Хітрушчая цыганка... Ды абмянялася без прыдачы.

Камбайнер суседняй гаспадаркі, смуглявы, нос з гарбінкай, расказваў:

— Без джынсаў, як без штаноў. У магазін зойдзеш — сотню выкладвай. Цыган і кажа: табе па дзяшоўцы заганю. Дай толькі матацыкл пракаціцца...

Не хацеў даваць... Да штаны спадабаліся. У магазіне такіх не бачыў. Цыган шэпча: апошнія з Васількова... Што за месца такое, пытаю, Васількова? «Чудной ты,— адказвае.— Цітаўку знаеш, а пра Васількова не слыхал»

Санько абвёў карандашом мясціны, якія прамільгнулі ў размове, перанёс іх на карту. Выразна акрэслілася сетка іх вандровак. Часцей за ўсё сустракалася ў размовах слова «Васількова». Цяпер трэба было высветліць месцазнаходжанне гэтага паселішча. Па ўсім, яно ці то на Кіеўшчыне, ці то на Чарнігаўшчыне.

Міхаіл Мікалаевіч звязаўся з палкоўнікам Шыянком, папрасіў падключыць аператыўнікаў шэрага абласных упраўленняў унутраных спраў... Затым набраў дамашні нумар:

— Любаша? Прывітанне. Як маці?.. У-гу... У-гу... Усё пра дзіцятку турбуецца? Перадай, хутка буду... Пакліч майго маленькага сябра... Алёшка? Як урокі? Ух ты! А дадатковы матэрыял... Абавязкова. Як навошта?.. Каб мець запас надзейнасці... Што такое? Прыеду — раскажу. Адзін тут не меў яго, дык пападзе пад суд... Без запасу трываласці можаш траяк адхапіць ці то яшчэ горш... Яшчэ нагуляешся... Алёшка, вечарам пойдзеш да бабулі ў бальніцу? Схадзі, сынок, за мяне...

 

...Сустрэча з работнікамі міліцыі для злачынцаў была настолькі нечаканай, што яны нават не спрабавалі збегчы, аказваць супраціўленне. Бурдо, Сліж, Ладзій спакойна піравалі ў хаце, былі ўпэўнены, што так хутка іх ніхто не знойдзе. Пад Слуцкам затрымалі Андрайчука. Хутка знайшлі абрэз.

Злачынцы выкручваліся, усё адмаўлялі... Бурдо даказваў, што ў вочы не бачыў абрэз.

— Як жа на ім аказаліся адбіткі вашых пальцаў? — спытаў Санько. Той панура апусціў вочы.

Сліж пераконваў, што не быў у той вёсцы, не бачыў Цімоха.

— Як жа яго кроў трапіла на ваш пінжак?

І ён замаўчаў. Але спярша такія доказы трэба было здабыць. Ім папярэднічалі ўсебаковыя даследаванні, вобыскі, вочныя стаўкі... У тыя дні Санько, як і ўсе аператыўнікі, былі на нагах з ранку да позняга змяркання, пакуль поўнасцю не ўзнавілі, дакументальна не зафіксавалі падзеі той ночы.

Сустрэўшыся з Цімохам на рынку, Андрайчук праявіў да яго цікавасць, завёў гамонку аб жыцці. Даверлівы гаспадар усё выклаў незнаёмцу. Цыган вырашыў пераправерыць, ці праўду гаварыў субяседнік. Праз нейкі час пад выглядам пакупкі рагулі праведаў Цімоха. Агледзеўшы яго гаспадарку, прыйшоў да думкі, што хутаранін мае не малыя зберажэнні. Цімох ахвотна выбаўтнуў, што сапраўды збірае круглую суму.

«Ах, гэтая даверлівасць,— дакараў у думках Санько Цімоха.— Вядома, някепская ўвогуле рыса, чыста сялянская. Але ж ці кожнаму сустрэчнаму ўсё выкладваць?.. Дорага, здараецца, абыходзіцца такое. Цімоху гэта каштавала жыцця».

Пра свайго новага знаёмага Андрайчук расказаў Бурдо, Сліжу, Ладзію. Вырашылі трахнуць старога. Пачалі распрацоўваць план аперацыі. Дамовіліся: біць да таго часу, пакуль не пакажа, дзе грошы і золата, а потым застрэліць. Ладзій для гэтай мэты падрыхтаваў абрэз.

У той вечар, добра змачыўшы горла спіртным, падгаварылі аднаго таксіста падкінуць з Бабруйска да Слуцка. Прыдумалі легенду з нявестай. Маўляў, вяселле з такім звычаем. Той вагаўся. Дасталі сто пяцьдзесят рублёў. Здаўся. Паводзіны і размовы здаліся таксісту падазронымі. Ён злёгку тармазнуў двойчы і спыніў машыну.

— Рызыкоўна ехаць на такую адлегласць... Барахліць матор...

Закрыў капот, вярнуў кампаніі задатак. Маленькі эпізод, а як многа расказвае пра хлопца. Ёсць, ёсць у яго запас маральнай надзейнасці. Вялікія дармовыя грошы не асляпілі. Толькі паманілі трохі... Розум мае... І цягу да лёгкага заработку... Паддаўся ўсё-такі спярша... Характар яшчэ няўстойлівы, не дужа моцна трымаецца на нагах... І пра міліцыю забыўся... Відаць, палічыў, не яго справа турбаваць сваімі падазрэннямі. Кіраваўся прынцыпам: мая хата з краю. Сам адхіліўся ад бяды, адвесці ад яе другога палічыў лішнім. А можа, аб гэтым не падумаў? Ненадзейны яшчэ ў яго запас трываласці.

Цыганы пачалі шукаць транспарт. І тут з-за павароту паказаўся цёмна-сіні «Масквіч» Цалука. Выпадковасць? Так, сустрэча незапланаваная. На яе, вялікасць-выпадковасць, і спасылацца будзе потым хлопец, праклінаць яе. Але ж ці яна вінавата? Выпадак толькі падводзіць чалавека да пэўнай рысы. А вось — зрабіць ці не зрабіць той непрадуманы крок? — залежыць ад чалавека, яго маральнай загартоўкі, жыццёвых прынцыпаў.

Сямён спярша аднекваўся. Але як убачыў сторублёўку, адчыніў дзверцы:

— Праўду кажаце? За нявестай?

— Канешне.

— Кліч карашоў, падкіну.

У дарозе цыганы пілі гарэлку. Потым засумняваліся: ці спраўны абрэз? Вырашылі праверыць. Адчынілі дзверцы і грымнулі ў неба. Але і гэта не насцярожыла Сямёна. Ён толькі сказаў:

— Што гэта? Схавай абрэз.

І ўсё. Дзе ж разважлівасць? Хто ж гэта «за нявестай» едзе з абрэзам? Што гэта за такі звычай? Сляпому відаць, што вясельная легенда пашыта белымі ніткамі.

У вёсцы ехалі ціха. Андрайчук уважліва ўглядаўся ў наваколле. Ля клуба прыпыніліся. Ён вылез з машыны, падышоў да нейкага хлопца, спытаў нешта ў яго, папрасіў цыгарэту. Ужо ладна сцямнела. Андрайчук прапанаваў ехаць назад. Пры выездзе з вёскі спыніліся. Машыну падагналі пад дрэвы. Сказалі шафёру: «Чакай тут. Мы хутка...»

Самі накіраваліся да хаты Цімоха. Ён якраз тупаў на двары. Накінуліся, павалілі і пачалі біць, патрабуючы зберажэнні. Цімох гаварыў, што грошай няма, клікаў на дапамогу. Андрайчук усеўся яму на спіну, закрыў рукою рот. Астатнія выкручвалі рукі, потым звязалі. Сліж стаў на калені перад звязаным Цімохам і выстраліў у яго...

Перавярнулі ў хаце, але вялікіх зберажэнняў, золата не знайшлі. Ідучы да машыны, сварыліся, папракалі Сліжа, што паспяшаўся... Сямёна папярэдзілі, каб змяніў нумары і колы. Далі для гэтага грошы. Яшчэ некалькі дзён піравалі ў Бабруйску і Слуцку, тутэйшых ваколіцах. Запахла смажаным — збеглі пад Кіеў, у Васількова, дзе жыла маці Ладзія.

— Ніяк не разумею, чаму вы з такой настойлівасцю, амаль з самага пачатку распрацоўвалі версію «Цыганы»? — спытаў у Санько Іван Захаравіч Аляксеенка.— Важкіх довадаў на яе карысць не было.

— І сапраўды,— падтрымаў яго Іван Міхайлавіч Калядка.— Што мы ведалі пра цыганоў?.. Гандляры, купі-прадай... Выкладвайце, Міхаіл Мікалаевіч, пра свой корань...

— Першае знаёмства з месцам здарэння не давала ніякіх падстаў для падазрэння на цыганоў. Больш таго, усё пераконвала ў тым, што яны тут ні пры чым. Помніце, у хляве стаялі карова, цялушка, вяпрук, авечкі. Ні адну жывёліну не ўкралі. Да гэтага ж яны толькі і займаліся жывёлай... Менавіта такая акалічнасць мяне і насцярожыла. Бо гэта былі вяршкі, тое, што кідалася адразу. Дзе корань?

— Во! — Балоцін узняў угору палец.— Прашу ўвагі.

Санько працягваў:

— Разважаючы па прынцыпу «ад адваротнага», задумаўся: ці не спецыяльна нічога не кранулі ў хляве? Ці не за другім, значыць, прыязджалі сюды?.. Да гэтага я ўжо шмат ведаў пра кампанію. Так, кралі жывёлу. Але часцей не для харчу, а прадавалі. Было відавочна, што ў хаце нешта шукалі. Што? Грошы?.. Расследаванне паказала: Цімох раней быў знаёмы з цыганамі, гандляваў з імі. Маглі штосьці не падзяліць, затаіць крыўду. Так што і па такой прычыне хлеў іх мала цікавіў.

Помніце, вы здзівіліся, калі я ў самым разгары агляду месца здарэння сказаў, што хачу прагуляцца па лесе. Успомнілі? Цяпер нагадаем крадзяжы ў іншых месцах. Заўжды яны прыязджалі на грузавіку ці легкавушцы, ставілі іх на ўскрайку вёскі. Дык вось у час прагулкі я і адшукаў след «Масквіча», які з'язджаў з дарогі пад дрэва і адтуль імкліва, з развароту рвануў назад. Жыхары пацвердзілі: у той вечар праязджаў па вёсцы цёмны «Масквіч». У аднаго хлопца пасажыр з яго папрасіў цыгарэту. Юнак заўважыў, што ў яго няма кісці. Значыць, была кампанія, з якой шукаў сустрэчы... Назаўтра я невыпадкова пацікавіўся, ці былі крадзяжы ноччу. Цыгане звычайна прыязджалі пад ноч, каб нешта ўкрасці. Не, было спакойна. Чаго наведваліся?.. Разведаць аб'ект налёту? Не, гэта рабілі днём... Усё ўказвала на дачыненне іх да забойства... Вестка пра бязрукага і выстралы ўслед за тым, як пабывала машына, канчаткова пераканалі мяне. У ходзе пошуку і ўдалося выйсці на Цалука, які пацвердзіў здагадкі і меркаванні.

— Як выйшлі на Васількова? Як план нарадзіўся?

— Гэта самае цяжкае. Але і павучальнае... Першыя пошукі паказалі, што цыгане альбо не ведаюць, дзе яны, альбо не скажуць... У такім разе шукаць іх было цяжэй, чым іголку ў стозе сена... Перабраў дзесяткі варыянтаў... Ніводзін не падабаўся. Як не раз бывала, асаблівую ўвагу звярнуў на розныя дробязі — запісы, хто з жыхароў што купіў у цыганоў. Міжволі падумалася, што пры куплі-продажы былі нейкія размовы... Варта было іх, значыць, прасеяць... Прасяванне і выявіла адрасы... Глядзіце, сябры, у корань, у гэтым наша сіла.

— Міхаіл Мікалаевіч, толькі што званіла жонка. Маці дрэнна... прыступ...— сустрэў яго сумнай навіной дзяжурны.

Машына хутка імчала ў Мінск. Санько сядзеў моўчкі, у глыбокім задуменні. Яму здавалася, што маці заўжды будзе дужай і маладой. Столькі выпала на яе долю. У сорак чацвёртым на яе вачах фашысты забілі мужа. Яна прытуліла маленькага Мішу і доўга плакала. Потым была нішчымніца і цяжкая работа. Усё адолела... Хвароба падкралася неспадзявана і паваліла маці. Апошні час жыве ў яго, Міхаіла. Цягне яе ў родную вёску, да роднага парога, ды хвароба не адпускае...

— Давай хутчэй,— папрасіў Санько шафёра.

Ён спяшаўся да маці.

 

* * *

 

Імкліва бягуць дні. Пакуль кніга рыхтавалася да друку, для Санько надышоў час ісці на заслужаны адпачынак. Праводзілі яго цёпла і ўрачыста.

— Выдатны працаўнік Міхаіл Мікалаевіч,— гаварыў намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкома Іван Іосіфавіч Карповіч.— Упэўнены, яго вопыт, веды яшчэ не раз спатрэбяцца і дапамогуць нам.




Тэкст падаецца паводле выдання: Макаловіч І. Версія капітана Барташа: Аповесці. - Мн.: Маст. літ., 1989. - 192 с.