epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Быць у першым эшалоне

Кожны, хто ў думках акіне позіркам шлях савецкай літаратуры з дня яе нараджэння да нашых дзён, не можа не заўважыць адной яе характэрнай асаблівасці: выключнай увагі да тэмы подзвігу, гераічнай барацьбы ў імя Радзімы, да так званай ваеннай тэмы. Яна вызначыла вялікі перыяд творчасці Дзям’яна Беднага, заўсёды хвалявала і натхняла Маякоўскага, пафасам яе прасякнута творчасць Твардоўскага, Суркова, Куляшова, Броўкі і многіх іншых паэтаў.

Ёй абавязана лепшымі сваімі дасягненнямі і савецкая проза. Гэта яна нарадзіла выдатны фадзееўскі «Разгром» з яго непаўторнай атмасферай народнай вайны на Далёкім Усходзе, шчыры і мужны, як салдацкая песня, «Жалезны паток» Серафімовіча, фурманаўскага «Чапаева», што глыбока палюбіўся ўсім і стаў сапраўды народным. Сюды ж з поўным правам можна аднесці «Ціхі Дон» Шолахава — непараўнаны па праўдзівасці і яркасці фарбаў летапіс крывавай бітвы за новы свет, і трылогію А. Талстога «Блуканне па пакутах», — захапляюча шырокую мастацкую панараму цяжкіх, незабыўных гадоў.

З ваеннай тэмай звязаны таксама вялікія творчыя перамогі ў галіне гістарычнага жанру. Пра гэта красамоўна сведчаць буйныя ваенна-гістарычныя раманы, прысвечаныя воінскай доблесці рускіх салдат, — «Севастопальская страда» Сяргеева-Цэнскага, «Порт-Артур» Сцяпанава, «Цусіма» Новікава-Прыбоя.

Галоўнае, чым жыла савецкая літаратура ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вызначалася агульнай народнай задачай: усё для фронту, усё для перамогі. Натуральна, што ў гэты час ваенная тэма стала найважнейшай у савецкай літаратуры. Франтавыя нарысы пра гераізм салдат і афіцэраў, замалёўкі, апавяданні былі гарачымі аператыўнымі водгукамі на патрабаванні суровага часу. Аўтары гэтых твораў былі самі, па сутнасці, салдатамі, абставіны на фронце вымагалі ўмення працаваць хутка, выказваць думкі коратка, гранічна сцісла. Усё гэта садзейнічала надзвычай бурнаму развіццю так званага малога жанру.

Аднак ужо ў гэты час з’явіліся і такія буйныя творы, як «Сцяг брыгады» А. Куляшова, раздзелы з «Васіля Цёркіна» А. Твардоўскага, што друкаваліся ўпершыню на старонках франтавой газеты, «Фронт» А. Карнейчука, «Народ бессмяротны» В. Гросмана, раздзелы з раманаў К. Чорнага і М. Лынькова.

Першыя пасляваенныя гады былі, як вядома, адзначаны з’яўленнем у савецкай літаратуры шэрагу цікавых, таленавітых твораў на ваенныя тэмы. Цікава адзначыць, што побач з кнігамі «чыста» мастацкімі, такімі, як «Сцяганосцы» А. Ганчара, «Звязда» Э. Казакевіча, паявілася цэлая серыя кніг мемуарнага характару, разнастайных запісак. Гэтыя кнігі значна ўзбагацілі нашу літаратуру, зрабілі сур’ёзную справу, перадаючы масам важны вопыт, выпакутаваны ў вайне.

Нельга не заўважыць адну характэрную асаблівасць у развіцці ваеннай тэмы тых гадоў: у кожным з ваенных раманаў у думках герояў, у іх уяўленні пра будучае жылі вобразы міру, мірнай працы. Разам з тым у шэрагу твораў, прысвечаных мірнаму жыццю, тэма міру арганічна перапляталася з ваеннымі вобразамі і падзеямі; гэта двухбаковая сувязь як бы адзначала сабой асаблівасці пераходнага перыяду ў жыцці нашай краіны. У творах пра мірныя дні мы сустракалі героя, шмат у чым падобнага на героя ваенных кніг, але ўжо заклапочанага новай справай на новым этапе.

Развіццё ваеннай тэмы ў беларускай літаратуры ў пасляваенны перыяд мела некаторыя свае асаблівасці. Калі ва ўсёй савецкай літаратуры на гэтую тэму галоўным героем быў воін Савецкай Арміі, які адстаяў у баях Радзіму, дык увага беларускіх пісьменнікаў засяроджана была амаль выключна на вобразе народнага мсціўцы, на вобразе мірнага насельніцтва, што ўзнялося на барацьбу з акупантамі. Гэтыя вобразы і гэтыя абставіны вызначаюць сабой змест амаль усіх прысвечаных вайне празаічных твораў.

Вялікую цікавасць беларускіх пісьменнікаў да такой найважнейшай і слаўнай старонкі гісторыі нашага народа, якой з’яўляецца партызанская вайна супраць фашысцкіх прыгнятальнікаў, вядома, нельга не прызнаць правамернай. Беларускі і ўсесаюзны чытач з пачуццём удзячнасці адзначыў тыя сур’ёзныя поспехі, якіх дасягнула беларуская літаратура, што мае ў актыве такія творы, як раманы «Векапомныя дні» М. Лынькова, «Глыбокая плынь» І. Шамякіна, «Згуртаванасць» М. Ткачова, «Расстаёмся ненадоўга» А. Кулакоўскага, п’есы А. Кучара, А. Маўзона, паэма «Янук Сяліба» М. Танка, аповесці Ул. Карпава, Ул. Шахаўца, апавяданні Я. Брыля, У. Краўчанкі.

Аўтары гэтых твораў паспяхова прадоўжылі тую высакародную традыцыю, пачатак якой паклалі Я. Колас аповесцю «Дрыгва» і К. Крапіва драмай «Партызаны».

Працягваючы гэтую традыцыю, беларускія пісьменнікі зрабілі многа новага, каб разгарнуць годную карціну ўсенароднага подзвігу ў суровыя ваенныя гады. Пісьменнікам перш за ўсё ўдалося паказаць, як выяўляліся патрыятычныя пачуцці савецкага чалавека ў цяжкіх абставінах фашысцкай няволі, паказаць непарыўную сувязь Камуністычнай партыі з народам, што асабліва ярка выявілася ва ўмовах самаадданай барацьбы з ворагам. Гэтыя якасці ўласцівы таксама і нашым мемуарным творам — успамінам В. Казлова «Людзі асобага складу» (у літаратурным запісе А. Кулакоўскага), В. Лівенцава «Партызанскі край» (літаратурны запіс Р. Няхая), успамінам партызанскага журналіста Г. Шчарбатава.

З’яўленне ўсіх гэтых твораў сведчыць пра тое, што беларускія пісьменнікі нямала папрацавалі, каб выканаць свой абавязак перад народам, замацаваць у творах мастацтва яго баявы подзвіг.

Аднак нельга не заўважыць, што развіццё ваенна-патрыятычнай тэмы ў беларускай літаратуры ў пасляваенныя гады мае прыкметна аднабаковы характар. Калі вобраз народнага мсціўцы разгорнуты тут увогуле шырока і шматгранна, дык вобразу салдата, вобразу воіна, мужнасць і баявая праца якога перш за ўсё забяспечылі вызваленне савецкай зямлі, вырашылі зыход вайны, у беларускай літаратуры, асабліва ў прозе, не пашанцавала. Мы былі і застаёмся ў вялікім даўгу перад нашай вялікай арміяй, што паказала ў баях цуды гераізму і адданую сыноўнюю любоў да Радзімы. Гэты доўг пакуль застаецца нясплачаным, нягледзячы на тое, што мы маем такія творы, як «Сцяг брыгады» А. Куляшова — адну з лепшых паэм пра вайну ў савецкай літаратуры, хвалюючую «Брэсцкую крэпасць» К. Губарэвіча, шэраг выдатных вершаў П. Панчанкі, П. Броўкі, М. Танка і іншых.

Пэўнае адставанне на гэтым кірунку беларускай літаратуры, перш за ўсё прозы, можна было заўважыць і ў даваенны час. У даваенныя гады наша літаратура, праўда, дала некалькі добрых вершаў і апавяданняў, цікавую паэму «Праз горы і стэп» П. Броўкі, але яна ўсё ж не стварыла ні аднаго буйнога твора пра армію, роўнага тым, што з’явіліся ў рускай або ўкраінскай літаратуры.

Гэты недахоп у пасляваенны час стаў яшчэ больш прыкметны. Ён быў асабліва прыкметны ў параўнанні з тым багаццем вельмі значнага матэрыялу, які дала мастакам эпапея ўсенароднай вайны, у параўнанні з вялікімі поспехамі ўсесаюзнай літаратуры.

Між тым сярод пісьменнікаў да апошняга часу бытавала думка, што пісаць пра Айчынную вайну — значыць займацца справай амаль непатрэбнай, што работа над такім творам азначае ледзь не адыход ад надзённых задач дня «ў гісторыю». Гэтыя творы нярэдка супрацьстаўляліся творам пра сённяшняе жыццё народа, іх адводзілі, кажучы ваеннай мовай, у другі эшалон літаратуры, да літаратурных тылоў. Сёй-той з літаратараў прытрымліваўся думкі, што барацьба за мір — адна з высакароднейшых тэм савецкай літаратуры — ужо сама па сабе амаль выключае неабходнасць і нават мэтазгоднасць развіваць «ваенную» літаратуру. Не выпадкова творы пра вайну звычайна сустракалі больш чым халодны прыём у рэдакцыях часопісаў і ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі. Зрэшты, трэба сказаць, што і цяпер, пасля выступленняў па гэтаму пытанню «Правды», у выдавецтве такія адносіны да ваенна-патрыятычнай тэмы яшчэ не змяніліся.

Ці трэба даказваць, якія гэта беспадстаўныя, памылковыя думкі. Пра які адыход «у гісторыю» можна гаварыць, калі ў нашы дні, сёння жывуць наваяўленыя прэтэндэнты ў сусветныя дыктатары, пагражаюць атамнай бомбай і спрабуюць гаварыць з нашай краінай і з краінамі народнай дэмакратыі з «пазіцыі сілы». Як можна адводзіць творы пра народны подзвіг, воінскую доблесць у другі эшалон літаратуры, калі неабходна, як ніколі, мацаваць армію, здольную абараняць вялікую нашу савецкую справу, выхоўваць народ у духу баявой гатоўнасці. Наша барацьба за мір і наш клопат пра армію — гэта паняцці роднасныя. Мне здаецца, што пісаць — асабліва ў прозе ці ў драматургіі — пра мір, не звяртаючыся да нядаўняй вайны, дзе ў пакутах і крыві нараджаўся мір, дзе людзі асабліва моцна адчулі хараство міру, проста немагчыма. Здаецца, што іменна гэтым тлумачыцца не адна творчая няўдача нашых празаікаў, якія спрабавалі вырашаць тэму міру. Па сутнасці дэзарыентаваныя насцярожанымі адносінамі да ваенный тэматыкі, яны, імкнучыся вырашаць тэму міру, адыходзілі ад роднай зямлі, адпраўлялі сваіх выдуманых герояў, прадстаўнікоў розных рас і нацый, у далёкія краіны, якіх аўтары самі, як правіла, не ведалі.

Зусім мала ў нас твораў пра сучаснае жыццё Савецкай Арміі. Пра жыццё арміі ў мірных умовах, пра вучэбныя будні пісалі толькі паэты М. Калачынскі і П. Прыходзька ды празаік падпалкоўнік А. Алешка, аўтар увогуле цікавай аповесці пра ваенных лётчыкаў, што вучацца лятаць і ваяваць на рэактыўных самалётах. Аповесць А. Алешкі, нягледзячы на мастацкія пралікі, вабіць навізной матэрыялу, які аўтар добра ведае, цікавымі назіраннямі. Гэта першая і пакуль што, на жаль, адзіная ў беларускай літаратуры аповесць пра сучасную армію. Прыходзіцца шкадаваць, што яна, хоць напісана некалькі гадоў таму назад, яшчэ не выйшла асобным выданнем.

Пра армію напісалі творы нашы рускія пісьменнікі — афіцэры — Пранякін, аўтар аповесці «Курсанты», і А. Іваноў, які выступіў з раманам «На Далёкім Усходзе». Сябрам-лётчыкам прысвечаны зборнік вершаў Н. Шамава «Дзяжурнае звяно». Можна было б назваць яшчэ два-тры творы, у асноўным закончаныя, пакуль не апублікаваныя.

Аднак усё гэта не зменіць таго факта, што беларускія пісьменнікі пакуль недаравальна мала зрабілі, каб паказаць салдацкую доблесць у мірных умовах.

Такое становішча нельга лічыць нармальным. І для таго каб яго выправіць, патрэбна не толькі арганізацыйная работа, каб скіраваць увагу пісьменнікаў да тэмы арміі, але яшчэ ў большай меры глыбокая і нялёгкая вучоба. З той пары як скончылася вайна і многія пісьменнікі знялі шынялі, прайшло нямала год, якія надзвычай змянілі армію. Пісаць пра сучасную армію, карыстаючыся ўспамінамі мінулага, ужо немагчыма.

Усесаюзная нарада па ваенна-мастацкай літаратуры, што была нядаўна ў Маскве, заклікала пісьменнікаў мацаваць сувязь з арміяй, ствараць новыя творы, вартыя вялікіх спраў нашых войск у мінулым і засяроджанай, мужнай працы ў сённяшнія мірныя дні. Хацелася б запэўніць нашых чытачоў, што пісьменнікі Беларусі не пашкадуюць ні сіл, ні часу для таго, каб свой абавязак перад Савецкай Арміяй выканаць з гонарам.

 

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 128-133
Крыніца: скан