epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Да чытачоў рамана «Людзі на балоце» (Прадмова да літоўскага выдання)

Гэта кніга пра маю радзіму, пра блізкіх мне людзей. У ёй апісаны палі і дарогі, якія я бачыў, паказаны людзі, якіх я добра ведаў. Я нарадзіўся ў гэтых мясцінах, сярод балотных прасцягаў беларускага Палесся, жыў сярод гэтых людзей. Пазней, калі я пабачыў іншыя краі і іншае жыццё, я адчуў непарыўную сувязь сваю з гэтым жыццём, зразумеў сэнс яго і хараство яго, і мне неадольна захацелася пра яго расказаць. Я не мог пісаць больш ні пра што датуль, пакуль не раскажу пра гэта жыццё, пра гэтых людзей.

Я адчуваў, што сказаць пра іх,— мой абавязак. Абавязак сына і брата, абавязак сэрца.

Але, акрамя пачуцця любові і разумення абавязку, мяне вяло і моцнае перакананне, што жыццё гэтых людзей важнае тым, што яно — жыццё майго народа. Што ў жыцці маленькіх Куранёў, іх жыхароў можна ўбачыць жыццё таго вялікага свету, які завецца беларускім народам. Што адкрываючы клопаты і дзеі Куранёў, я ў пэўнай меры адкрываю вялікія клопаты і дзеі ўсяго роднага, майго роднага, народа. У важную пару яго гісторыі, ля вытокаў новага шляху яго.

Мне здаецца, што ў жыцці маіх герояў-беларусаў было нямала агульнага з жыццём іх суседзяў літоўцаў. Таму я спадзяюся, што за нялёгкім лёсам герояў гэтай кнігі літоўскі чытач будзе сачыць з разуменнем і цікавасцю.

1975


29.09.1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан