epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пакуль маладыя

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ПЯТАЯ
  КАРЦІНА ШОСТАЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

 

Ігар Вазоўскі.

Андрэй Дубкоў.

Галя Жураўка.

Грачоў Аляксей Сяргеевіч.

Анна Апанасаўна, яго жонка.

Ала, іх дачка.

Аляксандра Сцяпанаўна.

Яўгень, яе сын.

Далінюк.

Студэнты.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Сквер інстытуцкага гарадка. Зялёныя, у росквіце, дрэвы. Наводдаль — будынак вучэбнага корпуса. Збоку, на пярэднім плане, частка другога будынка, дзверы ў яго. Каля дзвярэй расчыненае акно, у якім час ад часу паяўляюцца Студэнты. Яны ходзяць і каля будынка. Чуваць іх галасы: «Ужо?», «Куды?», «Віншую!», «Спачуваю!» Перад кустамі, на пярэднім плане, лавачка. На ёй сядзяць Ігар і Андрэй. Андрэй думае аб нечым.

Андрэй. Можа б, у калідор пайшоў?

Iгар. У калідоры, не ў калідоры — раней не выклікаюць. А тут усё-ткі — улонне прыроды...

Андрэй. Улонне... Шчасліўчыкі думаюць пра ўлонне прыроды!

Iгар. Настала, як кажуць, пара ростані.

Андрэй. Падобна на тое.

Iгар. Эх, Андрэй, як жа мы — у розныя бакі, а? Пяць год ложкі побач. Кніжкі разам, адны канспекты...

Андрэй (іранічна). Адзін чайнік. З якім па чарзе хадзілі па кіпяток да тытана. Аднаго тытана...

Iгар. Іменна. Агульная заварка на дваіх!

Андрэй маўчыць.

І ўсё раптам скончыцца... Значыцца, у Круты Яр. Шчыра кажучы, табе, дружа, не надта пашанцавала.

Андрэй. Можа быць.

Iгар. Я цябе разумею і спачуваю, Андруша.

Андрэй. Дзякую... (Заўважыў Галю, якая выходзіць з будынка інстытута.) Галечка паявілася! Ззяе. Задаволеная.

Галя. Ой, хлопчыкі, калі б вы ведалі...

Андрэй. Ведаем ужо!

Галя. Ведаеце? Адкуль? Нічога вы не ведаеце!

Андрэй. Цябе, мяркуючы па тваім шчаслівым твары, пасылаюць разам са мной! У Круты Яр. Правільна?

Галя. Смяешся. Застаюся тут! Ды яшчэ на якім заводзе! «Слава рэвалюцыі»!

Iгар. Праўда?

Галя. А ці ж я буду маніць? Праўда, цудоўна, дзевачкі? Ой, хлопчыкі! Здурэла ад радасці! Аж не верыцца.

Андрэй. Штосьці нячыста. І Ігар тут, і ты. (Ігару.) Хадзіў, мусіць, да Грачова? Угадаў?

Iгар. Не ўгадаў. Не хадзіў.

Андрэй. Тады — Галя прасіла?

Галя. Не прасіла я! І думаць не думала, што могуць тут пакінуць. І цяпер не верыцца!

Андрэй. Няўжо Грачоў сам здагадаўся? Паклапаціўся не толькі пра свайго любімага студэнта, але і пра яго спадарожніцу. Верх чуласці...

Галя. Андрэй, што ты выдумляеш? (Яна не тоіць шчасця.)

Iгар. Кажу, не прасіў Грачова. Да таго ж, яшчэ невядома, куды мяне самога пашлюць.

Андрэй. Не люблю, калі людзі какетнічаюць. І жаночага какецтва не люблю, а калі гэтым пачынаюць займацца зусім дарослыя, здаровыя мужчыны, трываць не магу.

Iгар (дабрадушна). Ты што, цярплівасць маю правяраеш?

Галя (Ігару). Не слухай яго. Не зважай!..

Андрэй. Я, здаецца, лішні. (Выходзіць.)

Галя. Папрацуеш тут з Грачовым і так узляціш — не дастаць цябе. Толькі, Ігар, не зазнавайся! Не задзірай нос!

Iгар. Ну вось, сказала! Галка, слаўная Галечка. Ты ведаеш, мне і самому здаецца, што я зраблю штосьці незвычайнае. Такое, пра што з захапленнем загавораць усюды. Я яшчэ дакладна не ведаю, дзе ён, мой пункт, абапёршыся на які, я... перавярну свет, але я знайду яго. У мяне такое прадчуванне! Упэўненасць такая!..

Галя. Яна цябе не ашуквае.

Iгар. Галка, ты — цуд! Ты самая разумная з усіх. І самая прыгожая, вядома!.. Можна мне пацалаваць цябе?

Галя. Ой, што ты! Вар’ят! Людзей колькі.

Iгар. А што мне яны! Чаго нам саромецца? Акрамя таго, мы ж ужо выходзім з-пад апекі інстытуцкай. На сваё жыццё. Возьмемся рука за руку і пойдзем насустрач вятрам!..

Галя. Ты добра сказаў, Ігар. Цудоўна сказаў.

Непадалёку чуецца песня:

 

Толькі з табою мне хочацца быць,

Толькі з табою.

Радасць, і гора, і шчасце дзяліць

Толькі з табою.

 

Цудоўная песня. Праўда, Ігар? (Падпявае.)

 

Кожнай часінай к табе я лячу,

Каб быць з табою.

Толькі к табе прыхіліцца хачу

Сэрцам, душою...1

 

Iгар. Галка, я люблю цябе. (У душэўным парыве.) Галка, ведаеш што — давай пажэнімся! (Бярэ Галю за руку, з надзеяй глядзіць на яе.)

Галя маўчыць, збянтэжаная і радасная.

Сёння ж пойдзем у загс! Я зараз паклічу хлопцаў і аб’яўлю!

Галя. Ігар! (Закахана.) Ты вар’ят! Кажуць, што ўсе геніяльныя людзі трошкі вар’яты. Бачу па табе. Ігар.

Iгар. Значыцца, згодна?

Галя. Ты не... ведаеш?

Iгар. Згодна?

Галя ківае галавой.

Галка, якая ты харошая! Ты будзеш заўсёды мне — з усяго мільярда жанчын — самаю прыгожаю і самаю любаю...

Галя (шчасліва). Ігар... праўда?

Iгар. Ага! Ледзь не забыў. Учора на заводзе прынялі мой праекцік. Прайшоў на «пяцёрку»! Павінен атрымаць жменю грошай! Якраз у пару!..

Галя. Ты — малайчына!..

З акна высоўваецца студэнт, махае Ігару рукой, кліча: «Вазоўскі, цябе!»

Iгар. Іду! (Подбегам падаецца да дзвярэй.)

Убачыўшы, што Ігар адышоў, да Галі вяртаецца Андрэй.

Андрэй. Чаму ты такая? Што здарылася, Галя?

Галя. Нічога асаблівага.

Андрэй (недаверліва). Але ж чаму ў цябе твар такі, асаблівы?

Галя. Які? Выдумляеш...

Андрэй. Такі, нібы ты экзамен Грачову здавала. І нібы — пяцёрка з плюсам! Што з табой, Галя?

Галя. Не пытайся!

Андрэй. Тайна. Што ж тут можа быць такое тайнае?

Чуваць шум машыны.

Галя. Алачка Грачова прыехала.

Андрэй. Што? А, Ала! На блакітнай бацькавай машыне і ў суправаджэнні мамы. Толькі чаму ж без канвоя? Без маёра?

Галя. Яго перавялі. На Урал, здаецца.

Андрэй. Такі ўдар! Адразу пасля вяселля і перад прызначэннем! Маладая жонка, трэба спадзявацца, з радасцю памчыць услед за ім?

Галя. Не... яна, здаецца, не збіралася.

Андрэй. І не збіраецца, мусіць.

Галя. Я на тым тыдні заходзіла да Алачкі, дык маці — як неба перад навальніцай: «Не пушчу!» А бацька — на сваім: «Паедзе! Сам буду прасіць!»

Андрэй. Прафесар — чалавек з характарам! Аднак і мадам Грачова — не мякіш! Не капітулюе без бою!..

Уваходзяць Ала Грачова і яе маці.

Ала. Добры дзень, Галечка! (Абдымае яе, стрымана вітаецца з Андрэем.) Добры дзень! Мама, я зараз прыйду.

Анна Апанасаўна. Глядзі, не затрымлівайся!

Анна Апанасаўна выходзіць.

Андрэй. Добры дзень, Ала Аляксееўна! Які настрой?

Ала (нібы не заўважаючы яго нядобрага тону). Дзякую, добры. (Да Галі.) Ну, табе ўжо вядома? Ужо рашылі? Куды?

Галя. Тут.

Ала. Пашанцавала! Віншую, Галечка! А Ігара куды?

Андрэй. Ігара таксама тут пакідаюць.

Ала. Праўда? Ну, вядома, гэтага трэба было чакаць!

Галя хоча сказаць ёй пра Ігара, але Ала не заўважае гэтага, не дае гаварыць.

Шчаслівая ты! А я... Ты і не ўяўляеш, колькі я перажыла за гэтыя дні! Праз маму ўсё. У яе такое хворае сэрца, а столькі даводзіцца хвалявацца! «Не перажыву»,— кажа.

Андрэй. Перажыве яна, усё перажыве! Абы ты перажыла.

Ала. Я? А што мне? Калі б не мама, я гатова куды хочаш. Хоць на цаліну, хоць... на Курылы.

Андрэй. Нашто на Курылы? Да мужа, на Урал.

Ала. Дурныя жарты!.. Ты — няўдачнік, і табе хочацца ўсіх крыўдзіць!..

Андрэй. Вунь маці знакі робіць! Ідзі.

Ала (нібы не чуючы). Што ж Ігара няма?..

Прыбягае Анна Апанасаўна.

Анна Апанасаўна. Потым, потым нагаворышся. Хадзем!

Ала. Мама, я зараз.

Анна Апанасаўна. Потым, потым. Ах, дзіця бесклапотнае! Ні трохі думаць пра сябе не хоча!

Ала. Мама, я зараз.

З будынка выходзіць Iгар. Ён нездаволены.

Галя (кідаючыся да яго). Ну, што?

Ігар маўчыць.

Ала. Што з табою? Чаму ты такі?

Андрэй (жартам). У Круты Яр накіравалі!

Ала. Як — у Круты Яр? Ты ж казаў...

Галя. Куды?

Iгар. Андрэй угадаў...

Ала. Ты жартуеш? Гэта — непаразуменне. Гэта... Мы не пакінем гэта, мы даб’емся, каб камісія змяніла рашэнне!

Анна Апанасаўна. Алачка!

Анна Апанасаўна цягне Алу да дзвярэй. Нешта ціха гаворыць ёй. Галя спачувае Ігару. Андрэй рады і не тоіць гэтага.

Андрэй. У Круты Яр? Праўда? Цудоўна!.. Хто сказаў, што няма на зямлі справядлівасці?

Галя. Маўчы ты!

Андрэй. Яна яшчэ, вядома, не для ўсіх. Вось каб — ад душы — яшчэ Алачку Грачову яна не абышла! (Ігару, абдымаючы.) Не бядуй, друг адзіны. Не, што гэта я? Радуйся! Разам будзем! А што да Галі, не шкадуй яе! Пажыве ў разлуцы — любіць больш будзе!

Галя (з дакорам). Андрэй!

Андрэй. Ліха не без дабра. Разлука для кахання — як вецер для агню... Раней спецыяльна назначалі тэрмін жаніху: жаніцца хочаш, год-два пачакай. Па меншай меры! Выпрабоўвалі.

Галя. Андрэй! Змоўкні!

Андрэй. Я ж пра вас клапачуся. А ты замест падзякі... Ведаеш, Галечка, я — ад душы — больш за цябе непакоюся. Ён там закапаецца ў свае вопыты, у навуку, а ты, здаецца, натура ўлюбчывая! Да таго ж — горад які! Хлопцаў прыгожых...

Галя. Як ты смееш гаварыць так! Ігар, чаму ты маўчыш?

Андрэй. Ён згодзен са мной, таму і маўчыць.

Iгар. Што? У чым згодзен?

Андрэй. Ты бачыш, ён нават не чуў! Яго проста гэта не цікавіць!

Ігар (расчаравана). Ні лабараторый, ні спецыялістаў... Вось табе і планы, і задумы!..

Галя. Ігар! Можа, яшчэ не ўсё? Не можа быць, каб з табой так абышліся!.. Грачоў жа гарой за цябе!

Iгар. Грачоў! Яго ласцы я і павінен дзякаваць!

Галя. Быць не можа! Ён жа сам казаў, што спадзяецца на цябе...

Iгар. Спадзяецца! З-за гэтага і зрабіў усё, не інакш. Пашкадаваў мяне!..

Андрэй. Пашкадаваў!

Галя (Ігару). Усе навінкі, усё, што будзе выходзіць, ты будзеш мець! Я табе буду пасылаць... А калі трэба будзе сюды, параіцца, цябе ж адпусцяць!..

Iгар. Стары дзівак!

У дзвярах паяўляецца прафесар Грачоў.

Галя (папярэджваючы). Грачоў!

Андрэй. Значыцца, Алачка пайшла на камісію. Не вытрымала душа прафесара. Каб не шкадавалі бацькоўскіх пачуццяў...

Грачоў падыходзіць да студэнтаў.

Грачоў. Дзень які сёння блакітны! Цяпер за горад бы, у поле ці на рэчку! Пахадзіць па беражку са спінінгам! Басанож! (Да Ігара.) Вы не спінінгіст?

Iгар (гледзячы неўразумела). Не.

Грачоў. На вудачку ловіце?

Iгар. Я не захапляюся рыбнай лоўляй.

Грачоў. Вы не рыбалоў? А я думаў, вы — рыбалоў! Паляваннем забаўляецеся?

Iгар. І паляваннем не захапляюся.

Грачоў. Дзіўна. У вашы гады! Вы ж выраслі сярод лясоў!.. А я, дарэчы, Круты Яр ведаю.

Андрэй. Былі там?

Грачоў. Быў. Даўно, праўда... АГ-1 там мой рабілі... Канструктарская маладосць!

Андрэй. Так што, Аляксей Сяргеевіч, землякі, можна сказаць.

Грачоў. Землякі!.. Круты Яр — на ўсё жыццё родны мне куток. (Заўважыў, што Ігар пануры.) Гм, а вы, Вазоўскі, нездаволены нечым? У вас непрыемнасць нейкая?

Галя. Непрыемнасць. Пакрыўдзілі яго.

Грачоў. Хто?

Галя. Вы.

Грачоў. Я? Чым?

Галя. Вы ведаеце. Ігар — адзін з лепшых вашых вучняў, а вы...

Грачоў. У Круты Яр? Круты Яр — мая маладосць! (Інакш, стрымана.) Вазоўскі там, дарагая Галя, можа, больш будзе значыць, чым тут Грачоў. Вы разумееце гэта?

Галя. Я разумею. Але нельга забываць і пра самога Ігара.

Грачоў. А хіба пра яго забылі? Разумныя думкі нараджаюцца не толькі на сталічнай глебе.

Галя. Сталіца ёсць сталіца.

Грачоў. У нас і без таго даволі кабінетных вучоных. (Ігару.) Нічога, паспытаць, як халаднаватым ветрам жыцця сцябае, не шкодна. Карысна — для галавы, для кровазвароту, наогул для нармальнага развіцця. Потым зразумееце, дзякаваць будзеце! (Заўважае, што з будынка выйшлі Анна Апанасаўна і Ала. Павярнуўшыся да іх, насцярожана чакае.) Ну, што? Задаволены?

Анна Апанасаўна. Задаволены.

Грачоў. Цудоўна! Віншую... (З недавер’ем.) Проста дзіўна!

Анна Апанасаўна. Дзякуем. Раптам такая неспадзеўка. Заяўка — трэба чалавек ва ўпраўленне. У сваім жа горадзе.

Грачоў. Што! Мне ж абяцалі Арэнбург!

Анна Апанасаўна. Заяўка там акурат прыйшла: патрэбен чалавек! Такая нечаканасць!..

Грачоў. Нечаканасць!

Анна Апанасаўна. Не можа ж пустым быць важнае дзяржаўнае месца!

Грачоў, гнеўны, ідзе да дзвярэй. Анна Апанасаўна бярэ дачку за локаць.

Хадзем!

Ала. Мама, я на адну хвілінку. Я зараз.

Анна Апанасаўна. Не забывай — нам трэба яшчэ заехаць.

Аля нецярпліва паводзіць плячыма.

Я буду каля машыны. (Выходзіць.)

Ала (Ігару). Як добра мы ўчора павесяліліся! На возеры каталіся, абедалі там, у рэстаране!

Андрэй. Не разумею, чаму некаторыя, едучы ў Арэнбург, пакідаюць сваіх жонак...

Ала (Ігару). Чаму ты не быў? Нядобра — абяцаў...

Iгар. За абяцанне даруй. А не прыехаў таму, што не хацеў.

Ала. Чаму ў цябе такі тон? Пры чым жа тут я, Ігар? Ты на мяне крыўдуеш дарэмна.

Iгар. Нічога я не крыўдую!

Ала. Не крыўдуй. Прыходзь. Сёння ж, гадзін у сем. (Схамянуўшыся.) І ты, Галечка, і ты, Андрэй. Будзе Салавіцкі з оперы. Арыю Дуброўскага абяцаў. Добра?

Галя. У мяне сёння... білеты ў кіно.

Iгар. Я таксама не прыйду.

Ала (пакрыўджана). Ну, што ж, вольнаму воля! (Хоча ісці.)

На сцэну ўвальваецца натоўп студэнтаў.

Адзін са студэнтаў. Ігар! Вазоўскі! Дубкоў! Алачка! Увага! Усім — увага!

Студэнты. Увага! Цішэй!

Андрэй, цябе таксама датычыцца.

Урачыстая хвіліна!

Юрка, чытай!

Студэнт. Увага! Урачыстае абяцанне! Прашу ўсіх паўтараць як клятву!.. «Мы, студэнты пятага курса, у гэту гістарычную ў нашым жыцці хвіліну ўрачыста і з усёй сур’ёзнасцю, на якую толькі здольны, сумленна гледзячы друг другу ў вочы — карыя, сінія, шэрыя, зялёныя,— абвяшчаем...»

Ала. Заўвага. Трэба дадаць пра вочы — «а таксама з усімі адценнямі»...

Студэнт. Прашу не перабіваць!

Студэнты. Яна правільна кажа!

Не трэба!

Правільна!

Паставіць на галасаванне!

Андрэй. Хто за дапаўненне Грачовай, прашу падняць белыя інтэлігенцкія рукі! Большасць! Трэба ўнесці!

Студэнт. Ёсць! Пішу. Працягваю. «...аб’яўляем і клянёмся: дзе б мы ні былі, куды б нас ні занеслі хвалі бурнага жыцця, верна берагчы дружбу, гонар нашага курса, нашага факультэта і інстытута, перад сценамі якога адбываецца гэтая ўрачыстая цырымонія. Абяцаем — будучы барадатымі, вусатымі, жанатымі, вядомымі і невядомымі...»

Ала. Жанчын пакрыўдзілі! Трэба дадаць за «жанатымі» слова «замужнімі».

Андрэй. Светлая галава!

Студэнт. Прымаю без галасавання. Працягваю. «...жанатымі, замужнімі, вядомымі і невядомымі, худымі і тоўстымі... абяцаем не старэць душой, не чарсцвець, не тлусцець сэрцам, не паддавацца адной з самых страшных чалавечых хвароб — агіднай ленасці. Зберагаць у сэрцы на ўсё жыццё, да апошніх дзён, неспакойны агонь маладосці! Таму, хто адступіцца ад гэтага абяцання, мы дружна і рашуча заяўляем тройчы — ганьба, ганьба, ганьба!»

Усе паўтараюць: «Ганьба, ганьба, ганьба!»

Клятва лічыцца прынятай. Можна разысціся!

Студэнты, смеючыся, спяваючы, разыходзяцца. Застаецца толькі Галя.

Галя. Ігар!

Iгар вяртаецца.

Iгар. Што?

Галя. Не перажывай! Не трэба! Можа, і там добра будзе!.. Не бядуй да часу!.. І ведай, што мы... што я — твая!.. (Шкадуючы.) Мама такая хворая! Не можа яна адна, без мяне! Каб не такое няшчасце, я паляцела б у Круты Яр... За табою.

Iгар. Нічога. Гэта ненадоўга. Мы яшчэ будзем разам.

Галя. Ты свайго даб’ешся! Я табе веру!

Ігар абдымае яе.

Заслона

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Круты Яр. Невялікі сціплы пакой. Пасярэдзіне сцэны — акно, распісанае марознымі ўзорамі. За акном — аснежаныя сосны, з-за сосен чырванеюць карпусы завода. У пакоі перад акном — стол, на якім ляжаць чарцяжы, кніжкі, каля стала — этажэрка, таксама з кнігамі і чарцяжамі. Збоку — печка, непадалёку ад печкі і каля стала — два ложкі, адзін з іх прысунуты да стала і замяняе канапу. На ложку таксама чарцяжы. У пакоі Андрэй і Ігар. Яны распранаюцца: толькі што прыйшлі з працы. Абодва расціраюць вушы, падбягаюць да печкі, грэюць рукі.

Iгар. Ну, разлютаваўся люты!..

Уваходзіць Аляксандра Сцяпанаўна.

Аляксандра Сцяпанаўна. Можна да вас? Ну што, бачылі нашы даныя?

Андрэй. Бачылі. Парадак.

Аляксандра Сцяпанаўна. Ну вось і добра. Значыцца, мы праваждаліся недарма. А то я непакоілася. Ігар Іванавіч, табе пісьмо.

Iгар. Дзякую.

Ігар бярэ пісьмо, з цікавасцю чытае. Андрэй уключае радыё, з рэпрадуктара чуваць песня.

Аляксандра Сцяпанаўна. Ну, я пайшла...

Дранікі пяку!

Аляксандра Сцяпанаўна выходзіць. Андрэй дастае булку, есць. Адчуваецца, што ён прагаладаўся.

Iгар (адрываецца ад пісьма). Ёсць жа на свеце такія цудоўныя мясціны, як Масква, Мінск, Арбат... Нават у саміх гэтых назвах — своеасаблівы водар!

Андрэй. Калі гаварыць пра назвы, то самыя пахучыя ў Маскве ўсё ж Чаромушкі. А ў Мінску, вядома, Няміга.

Iгар. Туды прыехалі ленінградскія хакеісты. Там будуць хвалявацца, нямець ад адчаю, гарланіць ад шчасця... А мы...

Андрэй. Ты ж і так ледзь не штомесяц бываеш там. Цяпер і зусім хутка перабярэшся. Да наступнага матча.

Iгар. Так, хутка для мяне ўсё зноў вернецца...

Андрэй. Што ж, рабі як хочаш! Але я табе гэтага не раіў бы! Я ўжо казаў... (Ківаючы на ліст.) Ад Алачкі?

Iгар. Ад яе.

Андрэй. Не разумею, як лічыць,— у цябе з Алачкаю такая густая перапіска?

Iгар. Муж яе, напэўна, менш непакоіцца.

Андрэй. Проста, муж — сляпы, не ведае нічога... А можа, ты не да Галі, а да Алачкі наязджаеш?

Iгар. Да Галі, да Галі, не трывожся! (Бярэ ручнік, мыла, ідзе ўмывацца.)

Уваходзіць Аляксандра Сцяпанаўна, нясе на талерцы аладкі.

Аляксандра Сцяпанаўна. Вось пачастуйцеся!

Андрэй. Аляксандра Сцяпанаўна! Ды мы ў сталовую зараз! (Накідваецца на дранікі.)

Аляксандра Сцяпанаўна. Жаніліся б вы! Маладыя, прыгожыя, а жывяце, даруйце, як бабылі!

Андрэй. Не так усё гэта проста, як вам здаецца!

Аляксандра Сцяпанаўна. А чаго ж не проста? Хіба нявест мала?

Андрэй. Мала не мала, ды не хапае. Адной.

Аляксандра Сцяпанаўна. Бач, які пераборлівы!

Андрэй. Аляксандра Сцяпанаўна, я ўжо знайшоў.

Аляксандра Сцяпанаўна. Ну дык чаго ж ты?

Андрэй. Не падабаюся. Таварыш, гэты самы, што вы бачылі, засланіў ёй свет. Яна яму пацалункі шле ў лістах, а мне толькі прывітанні — мімаходам, і то не заўсёды. Чаму гэта атрымліваецца так?

Аляксандра Сцяпанаўна. А можа, ты сам вінаваты?

Андрэй (нявесела ўсміхаючыся). Я, ведаеце, заўсёды задзіраўся з ёю. Сам не ведаю чаму.

Аляксандра Сцяпанаўна. Дзяўчаты любяць, каб з імі далікатна абыходзіліся.

Андрэй. Усё адно! Не горнецца ў яе да мяне душа. Сілаю мілы не будзеш. Ну, ды і наогул — не перабіваць жа таварышу дарогу.

Аляксандра Сцяпанаўна. А ён яе любіць?

Андрэй. Любіць, здаецца... (Схамянуўся.) Любіць, вядома. Такую дзяўчыну не любіць!

Уваходзіць Iгар, ружовы, туліцца ад холаду.

Iгар. Ну і сцюжа ў сенцах! А вада ва ўмывальніку — сіні агонь! Цела да касцей стыне!

Аляксандра Сцяпанаўна (робячы выгляд, што разглядае кніжкі на этажэрцы). Значыцца, вы давольны лабараторнымі вынікамі?

Андрэй. А? Так! Добрыя!

У дзверы стукаюць. Уваходзіць Далінюк.

Далінюк. Ну і мароз! Скажы за мэнэ «тпру», бо ў мэнэ губы померзлы!.. Доброго вечора!

Аляксандра Сцяпанаўна. Добры вечар!

Далінюк. Шэфствуеце? Цэ правільно! Воны, так бы мовіць самім богом — вашы подопечні. Під вашым крылом!

Аляксандра Сцяпанаўна (жартам, безнадзейна). Мала толку з гэтага крыла! Не слухаюцца. Беспарадак заўсёды... Падкажу каменданту, каб выселіў на мароз!

Андрэй. Аляксандра Сцяпанаўна, гэта бесчалавечна!

Аляксандра Сцяпанаўна. З вамі інакш нельга!

Уваходзіць Яўгень.

Яўгень. Мама, там прыйшлі...

Аляксандра Сцяпанаўна. Іду. (Выходзіць.)

Далінюк. Пораіцца, зайшоў, друзі. Ёсць заказ — сьогодні атрымалы.

Андрэй. Заказ?.. Больш канкрэтна?

Далінюк. Аўтамат! Шчоб стругаць кромкі стальных лістоў. Цэй аўтамат будэ толькі звэном велыкой аўтаматычнай лініі. На лінію будуць падаваць стальні лісты, аўтаматы іх вырыўняюць (услед за сваімі словамі паказвае, што яны зробяць), абстругаюць кромкі ім, згорнуць лісты ў трубы, звараць і выпусцяць ужо гатові трубы!

Андрэй. Тэхнічнае заданне ў вас?

Далінюк. У канструктарскім бюро. Заўтра пакажу. Усю аўтаматычну лінію будуць рабіць некалькі заводаў... Адзін аўтамат даручэно, як вы вжэ знаетэ, нам...

Яўгень. Для чаго гэтыя трубы?

Далінюк. Звісно. На газаправоды, нафтаправоды...

Яўгень. О!

Iгар. Але ж для стругання кромак ужо ёсць аўтамат Грачова.

Далінюк. Аўтамат Грачова не задаволюе. Міністэрства просіць новы... Цэ діло мы думаемо даручыць вам.

Андрэй. Вунь яно што!

Далінюк. Вядучым канструктарам пагодылысь рэкомендаваць вас, Ігар Іванавіч.

Iгар. Дзякую. (Ён не ўзрадаваўся. Вестка гэта яго нават занепакоіла.)

Далінюк. Заўтра мы дамовімся пра всэ гаразд. Ну, і піду. (Выходзіць.)

Ігар каля люстры прычэсвае валасы.

Андрэй. Ну-с, па шчырасці, з цябе належыць, таварыш вядучы канструктар!.. Кромкастругальны! На такім заводзе! Належыць!

Iгар. Чую.

Яўгень. Нішто сабе! Важнае заданне!

Андрэй. Ты чаму такі дзіўны?

Iгар. Які? Адыдзі...

Андрэй. Няўжо ты яшчэ можаш думаць пра тое, каб кінуць усё і ехаць?!.

Ігар маўчыць.

Андрэй. Ігар, не рабі глупства. Ты не павінен ехаць. Ты цяпер, калі хочаш, не маеш нават права!

Iгар. Не маю права? Хто ў мяне яго адабраў?

Яўгень. А заказ як жа?

Iгар. Андрэй, я еду, паўтараю, не для гульбы-забавы. Я хачу пачаць нарэшце працаваць, па-сапраўднаму. Мне надакучыла гэтая саматужнасць!

Андрэй. Саматужнасць?! Гэта — саматужнасць? Дзе ты знойдзеш такі прастор для працы?

Iгар. Нашто драматычны тон? Я разумею, што жыць тут карысна — для мозгу, для кровазвароту. Гэта мне вядома яшчэ ад Грачова, і таму не будзем спрачацца. Лічу, што на гэтым наогул лепш нашу дыскусію скончыць!

Андрэй маўчыць. Iгар апранаецца, выходзіць. Андрэй усхваляваны, ходзіць па пакоі. Яўгень са спачуваннем сочыць за ім.

Яўгень (пра Ігара). Вось тып!

Андрэй не адказвае. Спыняецца ля акна, аб нечым думае.

Яўгень. Андрэй Пятровіч, не шкадуйце вы пра яго. Ёсць пра каго шкадаваць! Бярыцеся вы без яго!.. Андрэй Пятровіч, а калі вам патрэбна будзе дапамога...

Андрэй. Дык што?

Яўгень. Разлічвайце на нас! (Схамянуўся.) Усе хлопцы нашы, уся брыгада, кожны ваш заказ — мігам!.. Са ўсёй душою!

У дзверы стукаюць.

Андрэй. Можаце адчыніць!

У пакой уваходзіць Галя. Яна, відаць, з дарогі: на паліто і чаравіках снег. У руках чамаданчык.

Андрэй. Галя? (Кідаецца насустрач.)

Галя. Я. Я, сама.

Андрэй. Дабралася! Нос не белы?..

Галя. Дарогі ўсе занесла. Цягнік спазніўся на сем гадзін. Сцюжа, аж дух забівае!..

Яўгень, не заўважаны імі, выходзіць з пакоя.

Андрэй. Ты з вакзала аўтобусам?

Галя. Не, на таксі... (Азіраючыся, шукаючы вачыма.) А дзе другі жыхар? Ігар дзе?

Андрэй. Ён хутка прыйдзе.

Галя (знарок дакорліва). Доўга яшчэ стаяць мне ля дзвярэй? Так сустракаюць госця?!

Андрэй (схамянуўшыся). Даруй. Чамадан — сюды. А паліто — дазволь дапамагчы... (Узрадаваны, цягне няўмела, моцна.)

Галя. Лягчэй! Так і рукі нядоўга адарваць. Кавалер з цябе, трэба сказаць, не надта ўмелы!.. (Аддае яму паліто, хустку. Перад люстэркам прычэсваецца.) Ух, калматая якая!

Андрэй. У цябе чаравікі ў снезе. Разуйся... Вось пантофлі мае.

Галя. Дзякую. (Разуваецца.)

Андрэй. Можа, чаю прыгатаваць? Ці печку запаліць?

Галя. Дзякую, чаю не хачу. А печка (туліцца да яе) цёплая. Якая цёплая! І пантофлі твае мяккія, прыемныя...

Андрэй. Пантофлі як пантофлі. Да таго ж паношаныя... Бабуля летась прыслала... Дарэмна ты чаю не хочаш.

Галя. Як тут у вас добра! Мне ўсё гэта такое знаёмае, нібы я не ў першы раз бачу. Ігар усё апісаў... Ён так умее апісваць! (Трывожна.) Андрэй, што ў вас здарылася? Чаму гэтая тэлеграма?

Андрэй. Нічога страшнага. Напалохаў я цябе, мусіць... Раскажы лепш, як ты жывеш?

Галя. Што ж расказваць? Ігар, можа, гаварыў... Мама памерла, ведаеш?

Андрэй. Ведаю.

Галя. Напакутавалася, гаротніца! Два з палавінай гады такой пакуты! Ні ўстаць, ні варухнуцца — гэта з яснай галавой! Яна ўсё жыццё, як я помню, бегала, мітусілася. Заклапочаная заўсёды была. А тут раптам — гэты жах!

Галя заплакала. Андрэй разгублена падыходзіць да яе, не ведае, што сказаць, як супакоіць.

Андрэй. Галя! Не трэба! Ну, не трэба!..

Галя. Даруй. Прывыкла ўжо, здаецца, а тут ты... Вось бачыш, якая я? (Выціраючы вочы.) Толькі ўвайшла — слёзы! Андрэй, я сюды не ў госці. Пасля вашай тэлеграмы я адразу падала заяву. Каб перавялі. І мне дазволілі!..

Андрэй. Сюды?!

Галя. Да вас. Вось і зноў будзе наша тройка ў поўным зборы. Толькі мы будзем дружныя, праўда?

Андрэй хвалюецца, і Галя заўважае гэта.

Чаму ты такі?

Андрэй (не адразу). Ігар збіраецца ехаць адсюль.

Галя. Зусім?.. Куды?..

Андрэй. Туды. Назад. Ва ўпраўленне.

Галя. Чаго?

Андрэй. Цесна яму, кажа, тут. Саматужніцтва мучыць. Галя, буду шчыра казаць усё. Ён едзе туды, але не павінен быў бы ехаць.

Галя (здзіўлена). Як жа... як жа так, раптам? Чаму ж ён мне нічога...

Андрэй. Ты, мусіць, ведаеш: тут усякае даводзілася рабіць. І цікавае, і нецікавае. Дробязь найбольш... Цяпер нам далі заданне. Яго прызначаюць вядучым канструктарам. І вось ён хоча кінуць усё! Засесці ў канцылярыі. Сярод папер — «входящих» і «исходящих»!

Галя. Андрэй, чаму ж я гэтага не ведала? Чаму ён, ты не напісалі мне пра ўсё?

У пакой вяртаецца Iгар. Убачыўшы Галю, здзіўлена глядзіць на яе.

Iгар. Галя? Адкуль ты?!

Галя. Ты б спачатку прывітаўся!

Ігар. Вінават. Даруй, Галка! Гэта так нечакана!

Галя. Нечакана? А тэлеграма?

Iгар. Якая тэлеграма?

Галя. Якая? (Дастае з сумачкі тэлеграму.)

Андрэй. Тэлеграму, Галя, пасылаў я.

Галя. Ты? Не Ігар?

Андрэй. Я. Я адзін.

Галя (амаль гнеўна). Ты? Навошта ты гэта зрабіў?

Андрэй. Я баяўся, што, калі я адзін падпішу, ты не прыедзеш...

Iгар (чытае). «Калі можаш, прыедзь важнай справе. Патрэбна твая дапамога. Ігар. Андрэй». Так. Цікава! (Андрэю.) Для чаго гэта? Падтрымку хацеў знайсці? (Да Галі.) Спадзяюся, у цябе ўжо ёсць поўная інфармацыя?

Галя. Ігар, гэта праўда?

Iгар. Што? Што я еду?

Галя. Так. І што ты кідаеш усё?

Iгар. Я не кідаю нічога. Я еду набываць.

Галя. Дзе? У канцылярыі ўпраўлення?

Iгар. Я ў канцылярыі буду часова... Я вымушаны пайсці на гэта, як на масток, які наблізіць мяне да сапраўднай справы. Я спадзяюся, што там хутка змагу паступіць у аспірантуру, у свет сапраўдных праблем, вялікай навукі. Галка, мне гэта неабходна. Разумееш, неабходна. Я хачу развіць некаторыя важныя тэарэтычныя палажэнні. Палажэнні, якія, я спадзяюся, адкрыюць новы раздзел у аўтаматыцы...

Андрэй. Што ж табе не дае развіваць іх тут?

Ігар. Я табе ўжо ўсё растлумачыў. Не хачу паўтараць.

Андрэй. Ты растлумач ёй.

Iгар. Ёй я растлумачу асабіста.

Андрэй. Растлумач. (Выходзіць.)

Галя. Ігар! Я ўзяла перавод... Я пераязджаю...

Iгар. Куды?

Галя. Сюды.

Iгар. Нашто ты гэта зрабіла?

Галя. Ты пытаешся? Няўжо ты не ведаеш?.. Я так чакала, калі мы зможам нарэшце быць разам...

Iгар. Я разумею. Але хіба... нельга было пачакаць?

Галя. Пачакаць?! (Раптам насцярожана.) Хто цябе выклікае туды?

Iгар. Хто? Упраўленне. І Грачоў.

Галя. Грачоў цябе сюды паслаў.

Iгар. Відаць, перадумаў.

Галя. Ён быў супраць працы ва ўпраўленні!

Iгар (пасля паўзы). Я лічу, што магу не апраўдвацца.

Галя. Чаму ты не сказаў пра гэта раней? Чаму ты таіў?

Iгар. Пакуль не было чаго гаварыць...

Галя. Ты таіў!

Паўза.

Галя насцярожана сочыць за Ігарам, за кожным яго рухам. Ёй раптам адкрываецца — гэта відаць па яе занепакоеным твары — нешта нядобрае, але яна не хоча верыць. Ігар неспакойна ходзіць.

Ігар, чаму ты маўчыш? Ты чуеш?

Iгар. Што табе сказаць!..

Галя. Ты не ведаеш? (Са страхам.) Ігар, ты мяне... не любіш!

Iгар. Пры чым тут любоў?

Галя. Не любіш! Не любіш!

Iгар. Што ты выдумляеш, Галя? Нашто табе гэта?..

Галя (горка). Сустрэліся! Нарэшце!

Iгар. Я цябе, прабач, проста не разумею. У рэшце рэшт, я не бачу ва ўсім гэтым нічога жахлівага. Ты ж таксама можаш вярнуцца.

Галя. «Можаш»?..

Iгар. Ну, калі трэба больш дакладнае слова: павінна. Вярніся...

Галя. Для чаго?

Iгар. Я думаю, гэта вядома.

Галя. Цяпер я не ведаю. Каб бегчы за табою?

Iгар (з крыўдай). Ну, што ж, калі так — я магу і застацца!

Галя. Гэта што — ахвяра?

Iгар. Ты хочаш гэтага — я застаюся. Задаволена?

Галя. Мне ахвяры тваёй не трэба!

Iгар. Я сказаў: застаюся. Радуйся...

Галя не стрымалася, заплакала. Уваходзіць Андрэй.

Андрэй. Можна ўвайсці?.. Галя, што ты, што з табой?

Галя маўчыць, стрымліваючы боль. Раптам яна зрывае з вешалкі паліто, кідаецца з пакоя.

Iгар. Куды ты?! (Спрабуе затрымаць яе, але яна не слухаецца, выбягае.) Галя! Галя!

Iгар кідаецца ўслед за ёй. Андрэй, усхваляваны, задуменны, неспакойна ходзіць па пакоі.

Заслона

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Пакой Галі. Ён падобны на той, што і ў другой карціне. Пасярэдзіне яго стол, два крэслы, каля адной сцяны чарцёжны стол, каля другой канапа. Ля канапы этажэрка з кнігамі, на этажэрцы некалькі флакончыкаў, статуэтка. Над канапай фотакартка маці. За шырокім акном у сіняватым прыцемку відны асветленыя вокны дома, блізкія і далёкія агні і агеньчыкі. У пакоі Андрэй і Галя — чытаюць, крэсляць, запісваюць. Андрэй сядзіць за сталом, Галя, схіліўшыся над кнігай,— на канапе. Пад рукой у яе падушачка, ногі прыкрыты шалем. Яна, відаць, не зусім здаровая.

Галя. Колькі гэта часу?

Андрэй. Не ведаю. Гадзіннік дома пакінуў...

Галя. Паглядзі мой. На этажэрцы.

Андрэй. Ужо без семнаццаці адзінаццаць!.. Дзіва!

Галя. Угу!.. (Дастае новую кнігу, раскрывае, стомлена адкідваецца на спінку канапы.) Штосьці мне не працуецца!

Андрэй. Дзіва! Толькі што з бальніцы... Прастуда гэтая твая не ў час прыйшла.

Галя. Нібы хвароба бывае ў пару! Я ніколі раней не думала, што так цяжка звычайную задачу рашыць!..

Андрэй. Збоку ўсё здаецца простым... Адтуль усе лічаць сябе стратэгамі.

Галя. Колькі закавык!..

Андрэй. Нічога! А ты часам падымі вочы ад чарцяжоў, пафантазіруй крыху... (Задуменна.) Людзі вызвалілі энергію атама. А мы... такія аўтаматы, як наш, будуць вызваляць энергію, якую вякамі губіла ў чалавеку стома. Чалавек не будзе стамляцца. (Захапляючыся.) Энергія розуму будзе ўся, цалкам, аддадзена самаму прыгожаму — творчасці.

Галя. Філосаф ты!..

Андрэй (пасля паўзы). Мне здаецца, што я толькі цяпер па-сапраўднаму вучуся. Быў у інстытуце, думаў — усё ведаю! А тут, як прыйшлося, аказваецца — невук!.. І таго не ведаеш, і другога. Вось хоць бы гідраўліка... Што я ведаў у ёй? (Чытае. Галю хіліць на сон, яна цяжка адольвае дрымоту). Нашаму брату настойлівасць патрэбна. Да зарэзу. І вера вялікая. Без гэтага не будзе нармальнага кровазвароту, як кажа Грачоў. (Зноў чытае. Галя то задрэмле, то абудзіцца.) Усё-такі мы зробім нешта сваё!

Галя (праз сон). ... сваё...

Андрэй. Што сказала? Сваё? (Крэсліць у сшытку, заглядваючы ў кнігу.) А ты ведаеш, я не думаў — ад душы,— што ты такая настойлівая, такая вынос... такая вынослівая! (Заўважае — Галя схіліла галаву на грудзі, спіць. Устае збянтэжаны, разважыўшы, асцярожна памагае ёй легчы. Кладзе падушку пад галаву. Прыкрыў лямпачку так, каб святло не падала на Галю.) Стамілася... У, не мог здагадацца! (Падумаўшы, накрыў Галю паліто.) Вось так! Спі! (Сеў за стол. Чытаючы, час ад часу лагодна паглядвае на яе.)

У дзверы стукаюць. Уваходзіць Далінюк.

Далінюк (голасна). Прошу велікодушна пробачыць, шчо ўворвався. Іду з поезда, бачу — вогнік...

Андрэй прыкладвае палец да рота, паказвае ў бок Галі, якая спіць. Далінюк моўчкі ківае галавою, ступае асцярожна, на пальчыках. Кладзе на стол пакунак.

Андрэй. Ёй?

Далінюк. Нэ тобі ж! Вона, мабуць, любыць солодкае...

Андрэй (успомніўшы). А я вас бачыў сёння ў сне.

Далінюк. В сні? З чого б цэ? Тобі б крашчэ — Галіну чы шчэ каго такого!..

Андрэй. Паганае снілася. Бачыў наш аўтамат... Стаіць — аграмадзіна, прыгажун... Народу сабралася, як на свята. I я — як імяніннік. Ззяю... І вось — уключыў. У мяне пахаладзела ўсярэдзіне: стварэнне наша стаіць! Я яшчэ раз уключаю — не варухнецца нішто!.. Людзі пачынаюць смяяцца. Рагочуць. А вы на мяне пальцам паказваеце — хвалько, бездар!..

Далінюк. Непрыемны сон. (Жартаўліва). Але бабка моя Горпына колысь казала: бачыць поганэ ў сні — то до доброго...

Андрэй. На душы прыкра! (Азірнуўся на Галю, потым насцярожана — на Далінюка: што ён падумае пра гэта?)

Далінюк. Шчо ж цэ господыня спочывае?

Андрэй. Працавалі. Ну, і — пасля хваробы — не вытрымала!... А наогул — працаўніца!

Далінюк. Жынкі — народ упарты!

Андрэй. Не ўсе! Ад душы — такіх, як яна... (Стрымаўся.)

Далінюк. Праўда?.. (Пасля паўзы.) Вазоўскі не заходзіць сюды, не цікавіцца?

Андрэй. Заходзіць...

Далінюк (кінуўшы ў бок Галі). Перажывае?

Андрэй. Не ведаю. (Хоча змяніць гаворку.) У тупіку мы, Васіль Паўлавіч!..

Далінюк (зірнуўшы ў бок Галі). Відомо, у тупіку.

Андрэй. Не, я не пра тое. Пра заказ... Ніяк не магу дадумаць. Думаю, думаю — аж галава пухне... Чытаю, гару кніг перачытаў — і хоць бы што!..

Далінюк. Ага, здогадуюсь, пра шчо ты... Цэнтраванне? І шчо, так нічого і не прыдумав?

Андрэй. Ёсць накіды...

Далінюк. Пакажы!

Андрэй. Не, Васіль Паўлавіч, не магу!

Далінюк. Чаму?

Андрэй. Не тое! Сам ведаю — не тое... Складана, блытана. Не тое! Адчуваю сябе — ад душы — самым нікчэмным чалавекам на зямлі!

Далінюк. Сурово дужэ!

Андрэй. Людзі чорт ведае што вынаходзяць! Атамам упраўляюць!.. А я...

Далінюк. Цэ часово. Пройдзе. Одразу, як толькі выйдзеш з тупіку!

Андрэй. І, чорт пабяры, адступіцца не магу! Не магу!

Далінюк (з запалам, павышаючы голас). Трэба рассеяцца. Супакоіцца. У тэатр сходыць з Галяй. Чы заняцца чым-небудзь... Мендзялееў быў таксама нэ поганы вучоны, а для адпачынку робів чамаданы, пераплятав кнігі...

Андрэй. Мендзялееў!..

Іх размова разбудзіла Галю. Яна падымаецца.

Галя (збянтэжана). Як гэта я?

Далінюк. Цэ дужэ просто, колы здоров’я слабе.

Галя. Сама не заўважыла.

Далінюк. Я, мабудзь, розбудыв? Пробачтэ...

Галя. Нічога.

У дзверы стукаюць. Уваходзіць Iгар. Ён задуменны, заклапочаны.

Iгар. Зайшоў праведаць. Як здароўе?

Галя. Дзякую. Добрае.

Маўчанне. Усе адчуваюць сябе няёмка.

Далінюк. Андрэй Пятровіч... я штось хотів у вас запытацца...

Далінюк ківае на дзверы. Ён і Андрэй выходзяць. Паўза.

Iгар. Галя... Мне так цяжка стала гаварыць з табою.

Галя. Што ты хочаш мне сказаць?

Iгар. Я многа думаў пра нашы адносіны і рашыў — мне ўсё ж трэба ехаць...

Галя. Калі рашыў, то едзь...

Iгар. Я не магу тут сядзець. Не магу больш!.. Мне трэба прастор вялікага горада, вялікага жыцця! Я задыхаюся тут. Ты разумееш?

Галя. Баюся, што ты памыляешся. Што цябе спакушае не тое, што табе трэба! Ты ахвяруеш такой справай...

Iгар. Я ахвярую ў імя большага, у імя... Не хачу паўтараць, ты ведаеш, у імя чаго. Я буду табе пісаць. Не крыўдуй.

Галя (стрымана). Пастараюся...

Паўза.

Iгар. Можа быць, разлука зноў зблізіць нас...

Галя. Пабачым!..

Iгар (адчуваючы вінаватасць, адольваючы яе, заўважае чарцяжы). Што гэта?

Галя. Гэта Андрэй пакінуў. Думаем...

Ігар нечакана зацікавіўся, схіліўся над чарцяжамі.

Iгар. Не там, не там ён шукае, памыляецца. Тут трэба плунжэры. Ясна? Як ён не разумее? Скажы яму!

Галя (сумна назіраючы за ім). Скажу.

Ігар схамянуўся, адышоў ад чарцяжоў.

Iгар (няёмка). Я ўжо аформіў перавод...

Галя. Аформіў?! Ну, што ж...

Уваходзіць Аляксандра Сцяпанаўна, нясе Галі на сподачку шклянку цёплага малака.

Аляксандра Сцяпанаўна (строга). А... праведаць рашылі?

Iгар. Развітацца вось прыйшоў.

Аляксандра Сцяпанаўна (ставіць шклянку перад Галяй, Ігару). Развіталіся?

Iгар. Так. Увогуле, так... развітаўся...

Аляксандра Сцяпанаўна. Дык — дзякуем за ласку!

Iгар. Іду. (Галі.) Я сёння ноччу еду.

Галя. Што ж, едзь.

Iгар. Бывай. (Нечакана.) Дай я цябе пацалую...

Аляксандра Сцяпанаўна адварочваецца. Ігар цалуе Галю.

Аляксандра Сцяпанаўна (нядобра). Не спазніцеся на цягнік. (Амаль выводзіць Ігара. Вяртаецца.) Выпі вось малака.

Галя не адказвае, нібы не чуе.

Пабераглася б ты. Яшчэ не паправілася, а ўжо... (Бачыць, што Галя сумная, здагадваецца, што яна, мусіць, думае пра Ігара, пра развітанне, хоча адвесці ад яе невясёлыя думкі. Паказваючы на чарцяжы.) Як справы ідуць?

Галя. Ніяк.

Аляксандра Сцяпанаўна. Нічога. З Андрэем Пятровічам вы даб’ецеся свайго. Які ён быў у інстытуце?

Галя (з намаганнем, адольваючы смутак). У інстытуце, Аляксандра Сцяпанаўна, ніхто не лічыў Андрэя асабліва здольным.

Аляксандра Сцяпанаўна. Чаму гэта?

Галя. Не ведаю... Ён прыйшоў з арміі. Старэйшы быў за многіх. І яго лічылі як бы пераросткам. І сур’ёзнасць яго тлумачылі гадамі, узростам...

Аляксандра Сцяпанаўна. Выдумалі! Веру я ў яго!..

Боль, смутак, якія Галя стрымлівала, прарываюцца. Горка, няўцешна рыдаючы, яна апускаецца на канапу. Аляксандра Сцяпанаўна сядае побач з ёй, пяшчотна гладзіць яе галаву, плечы, стараецца супакоіць.

Нічога, дачушка, перабаліць...

Галя. Пасля выпускнога банкета я, Ігар і яшчэ некалькі чалавек ішлі разам. Раніца была. На вуліцы — ні душы... Ігар... Якая я тады была шчаслівая! А аказалася, што ўсё гэта адзін прывід.

Аляксандра Сцяпанаўна. Мы часамі лічым за шчасце толькі жаданне, чаканне шчасця і людзей бачым такімі, якімі нам хочацца.

Галя. Як мне крыўдна, як мне, цёця Саня, горка!.. Божа мой, чаму я ўсё думаю пра яго? Сама не ведаю, што са мной. Туман з вачэй маіх спаў, а боль не сціхае.

Аляксандра Сцяпанаўна. Сціхне. Не такое сціхае. А аб гэтым я шкадаваць бы не стала.

Галя. Мы... мы блізкія былі. Ён як... муж мне быў... Жыць збіраліся разам. (Зноў плача.)

Аляксандра Сцяпанаўна. Жыць збіраліся!.. Збіраліся, прыгледзеліся — разышліся. І на добрае. На добрае. (Задуменна, вельмі шчыра.) У мяне таксама калісьці было... таксама думала — не перажыву... Ён, Грачоў Аляксей, быў не гэтаму Ігарку пара. І любіў, здаецца, па-сапраўднаму.

Галя. Які Грачоў?

Аляксандра Сцяпанаўна. Аляксей. Аляксей Сяргеевіч.

Галя. Аляксей Сяргеевіч! Дык... што ж вы?..

Аляксандра Сцяпанаўна. Позна сустрэліся. Спазніліся. Жанаты ён быў, калі злюбіліся. Дачка ў яго была...

Галя. Ала.

Аляксандра Сцяпанаўна. Не любіў ён жонкі, пакінуць яе рашыў, а без дачкі жыцця не бачыў. Так і было: тут — я, а там — дачка, а ён між нас, пасярэдзіне. Як плытнік: плыве і не ведае, да якога берага прыстаць. Перажываў ён, і я перажывала... А кінуць, парваць — не магла, бо любіла.

Галя. Моцна любілі?

Аляксандра Сцяпанаўна. Моцна... Потым скончылася яго тут праца. Выклікалі яго зноў у інстытут. Хацеў ён тады ўзяць мяне. Але я не згадзілася.

Галя. Чаму?

Аляксандра Сцяпанаўна. Сям’я ж у яго была. Дачку ён вельмі любіў. Думала, што не будзе ён шчаслівы без дачкі сваёй. Палова душы яго была там.

Паўза.

Як паехаў ён, засумавала, загаравала. Здалося, быццам нікога ў свеце больш няма, толькі ён. Адзін ён. Але як успомню — дачка ў яго, любіць ён яе,— сэрца адразу і пацверазее... Потым прыйшла новая трывога...

Галя. Што?

Аляксандра Сцяпанаўна. Даведалася, што і ў мяне дзіця будзе, ад Аляксея.

Галя. Дзіця? А Аляксей Сяргеевіч, што ж ён?

Аляксандра Сцяпанаўна. Не напісала я яму. Ён потым ужо даведаўся. Калі Жэня падрос.

Галя. Чаму ж вы ад яго хавалі?

Аляксандра Сцяпанаўна. А нашто было напамінаць? Жыццё толькі хмарыць і сабе і яму. Калі ўжо разыходзіцца, дык адразу, назусім. А што да Жэні, то хіба мала яму маёй ласкі? Так думала...

Галя. Што ж вы, так і жылі? Адна? Усё жыццё адна?

Аляксандра Сцяпанаўна. Удваіх. З Жэнем.

Галя. І не спаткалі больш нікога?

Аляксандра Сцяпанаўна. Так з адным каханнем і пражыла.

Галя (задуменна). Каханне, што яно такое — каханне?

Аляксандра Сцяпанаўна. Здаецца, у кожнага яно сваё.

Галя. Кажуць, гэта самае лепшае... Ці сапраўды яно такое? У ім жа не толькі шчасце... І невядома, чаго ў ім больш, добрага ці злога. (З роздумам.) А можа, Ігар і не так ужо вінаваты?

Аляксандра Сцяпанаўна. «Не вінаваты»!

Галя. Ён не такі, як усе, ён — талент. Ён ірвецца к навуцы, к вялікай будучыні... А тут — я, на шляху. Што ж яму?.. Адмовіцца ад будучыні?

Аляксандра Сцяпанаўна. «Адмовіцца»... Калі ён талент, то яму і крыўдзіць можна?..

Заслона

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Кватэра Грачова. Гасціная. Стыльная мэбля, піяніна, на сцяне карціны, фота. Адна з карцін, добра відная,— нацюрморт. Уся абстаноўка гаворыць пра тое, што гаспадыня сочыць за пакоем, што яна любіць жыць прыгожа, утульна.

З гасцінай адны дзверы вядуць у прыхожую, другія — у кабінет прафесара.

За піяніна ў шаўковым халаце сядзіць Ала, іграе. Звініць званок.

Ала. Арына!

Ніхто не адгукаецца.

Ала нездаволена ўстае, ідзе адчыняць. З калідора, узрадавана:

А! Гэта ты! Вось малайчына!

Яна вяртаецца з Iгар а м. Увайшоўшы ў пакой, Ігар падносіць Але кветкі.

Ала. Што гэта? Адкуль кветкі?

Iгар. Кветкі палёў. Ездзілі з мамай дачу шукаць.

Ала. Ты проста з вакзала?

Iгар. Проста. Не заходзячы дамоў... Ведаеш, знайшлі — побач з вашай!

Ала. Ты — геній. (Цалуе яго.)

Паяўляецца Анна Апанасаўна. Ала хутка адыходзіць ад Ігара, робіць выгляд, нібы папраўляе абрус.

Анна Апанасаўна. А, Ігар Іванавіч! (Па-сяброўску падае руку.) Як здароўе?

Iгар. Наогул — добрае, калі не лічыць дробязі.

Анна Апанасаўна. Якой дробязі?

Ігар. Трошкі пад рабром паколвае! Прастудзіўся, ці што?

Анна Апанасаўна. Добрая дробязь! Прастрэл відаць.

Ала. Гэта недзе скразнячок нарабіў. Адчыненае акно!

Iгар. Ніколі такога не было раней. Не хварэў.

Анна Апанасаўна. Трэба асцерагацца, берагчы сябе... Хочаце, я вас прафесару Трубчэўскаму пакажу?

Iгар. Дзякую, Анна Апанасаўна. Але не варта турбавацца.

Анна Апанасаўна. Не, не, Ігар Іванавіч! Не кажыце, такімі рэчамі нельга жартаваць. Што ж вы стаіце? Будзьце як дома! Ала!

Iгар. Дзякую! Не турбуйцеся.

Анна Апанасаўна. Пайду. Не буду замінаць. (Ігар хоча запярэчыць, але яна не дае яму сказаць.) У маладых — маладыя размовы. А Барысу Аркадзьевічу я сёння ж пазваню пра вас... (Выходзіць.)

Iгар (узіраючыся ў Алу). Ты нечым, Алік, занепакоена? Што здарылася?

Ала (стрымана). Не пытайся!.. Не хочацца зараз казаць... Дарэчы, я пісьмо атрымала.

Iгар. Непрыемнае?

Ала. Звычайнае. Ад мужа... Ультыматум. Патрабуе прыехаць... Што рабіць, не ведаю...

Iгар. Што? Твой лёс у тваіх руках.

Ала (хвалюючыся). Не люблю я яго! Якое я глупства зрабіла!

Iгар (знарок). Чаму ж ты, даруй за цікаўнасць, разлюбіла?

Ала. Чаму? Ты б яшчэ запытаўся, чаму я палюбіла? Ведаеш, часам нібы зацьменне находзіць, розум траціш. Мы пазнаёміліся на катку, у парку Горкага. Снег пераліваецца, іскрыцца. Потым — лес у інеі, як казка. І ён здаўся казкай. Цар Берандзей! А я — лясная царэўна.

Iгар. Рамантычна.

Ала. А потым аказалася — ніякай казкі няма. Нудны ён, халодны, раўнівы. І шэры-шэры. Як каверкот... Я ўздыхнула з палёгкай, калі яго перавялі... Тады пачалі пісьмы трывожыць. Кожнае — як напамінак, прыкры і дурны напамінак... Вось. Цябе не здзіўляе такая шчырасць?

Iгар. Я цаню яе, Алік.

Ала. Я толькі табе паказваю душу сваю. Для ўсіх іншых Ала будзе заўсёды бесклапотнай і легкадумнай... Ты не падобны на іншых. Ты — прынц. Ці не, ты — Герман, у якога закахалася бедная Ала... Калі ты быў у Крутым Яры гэтым, я пра цябе думала ледзь не ўвесь час. Я таму і пісала часта. Не магла не пісаць... Злавалася і — пісала...

Iгар. Чаму злавалася, бедная Ліза?

Ала. Таму, што Герман любіў мала. Раўнавала да Галі... Смешна, праўда?

Iгар. Не, не смешна.

Ала. Жонка, і — раўнуе чужога! Дурніца!.. Я сёння ж напішу яму! Сур’ёзна... Усё кончу... Надакучыла! (Мяняе гаворку.) Дарэчы, Захар Міхайлавіч быў учора вельмі незадаволены, што ты не скончыў цыркуляра ў Круты Яр.

Iгар (з выразам нуды). Не гавары пра іх хоць сёння.

Ала. Так яны цябе хвалююць?

Ігар (падражаючы начальніку, пагардліва перадае яго жэсты, тон). «Усё гэта сведчыць аб нездавальняючай рабоце завода... Такое становішча далей не можа быць цярпімым...»

Ала. Ты так добра падрабляешся. Разумець начальства — на гэта таксама талент патрэбен.

Iгар (іранічна). Я хутка магу стаць падобны на яго так, як цень бацькі Гамлета на самога бацьку... Цень начальніка! Двайнік!.. Нуда! Зялёна-жоўтая нуда!

Ала. Няўдзячны ты! Які няўдзячны! Я столькі старалася. І вось табе — падзяка!

Iгар. Ведаеш, я адчуваю, што станаўлюся інжынерам паперы, душа мая афарбоўваецца фіялетавым чарнілам. Павесіцца можна! Я прадчуваю, што аднойчы і павешуся. На дзвярах сваёй канцылярыі.

Ала. Вярніся ў Круты Яр.

Iгар. Не магу. Мне і цяпер — ледзь толькі ўспомню яго — робіцца нудна і холадна.

Ала. Калі я толькі паступіла ў інстытут, мы наймалі пакой у вёсцы. У нас тады дачы яшчэ не было. Ведаеш, які гэта быў жах — свінні, смурод, мухі!.. Я ледзь вытрымала некалькі дзён! Вось заклікаюць — едзьце на перыферыю, а як ехаць — я не магу без утульнасці! Без канцэртаў, без Баха! (Раптам бесклапотна.) Прынц мой добры, ты вольны заўтра?

Iгар. А што?

Ала. Ёсць два білеты на канцэрт Рыхтэра. З тытанічнай цяжкасцю дастала.

Iгар. Дзякую. Але, на жаль, буду заняты. Трэба ў лабараторыю...

Ала. Будуць фугі Баха, Бетховен!

Iгар. Сумленне грызе за дысертацыю. Без лабараторных доследаў я не магу рушыць ні на крок.

Ала. Рыхтэр, Бах, Бетховен,— ты разумееш, варвар?

Iгар. Не магу. Я і так ужо многа адкладваў.

Ала. Не, ты не прынц, ты — брыдкі Герман. Многа разоў адкладваў? Ну і яшчэ раз адкладзі! Бяда якая!

Iгар. Мітусішся, завіхаешся, хапаеш усё, баішся ўпусціць! І ўсё ж ніяк не ўпраўляешся. Сутак мала...

Ала. Дзівак ты, мілы! (Туліцца да яго, цалуе.) Але што гэта мы стаім тут? Хадзем да мяне, мой прынц.

Iгар. Ахвотна, Золушка.

Выходзяць.

Уваходзіць Анна Апанасаўна. Аглядае пакой, тое-сёе папраўляе.

Анна Апанасаўна (кліча). Аляксей. (Мацней, больш настойліва.) Аляксей!

Уваходзіць Грачоў.

Грачоў. Ну, што? Я прасіў не турбаваць!

Анна Апанасаўна. Трэба ж табе зрабіць перапынак. Адпачыць. Аляксей, ты зусім не думаеш пра дачку.

Грачоў. Проста дзіўна, як не ў час ты ўмееш пачынаць такія размовы.

Анна Апанасаўна. Табе яны заўсёды не ў час... Ігар Вазоўскі прыйшоў. Ты не думаў, чаму ён... наведваецца так часта?

Грачоў (думаючы пра нешта іншае). А што?

Анна Апанасаўна (дыпламатычна, тоячы намер). Ігар робіць такое ўражанне, быццам ён з інтэлігентнай сям’і. Проста цяжка ўявіць, што бацька яго быў усяго звычайны каваль.

Грачоў. Што з таго, што каваль! А я хто — стаўбавы дваранін? Не са свінапаса кар’еру пачаў?

Анна Апанасаўна. Калі сочыш за ім, здзіўляешся, адкуль у яго такая культура, тактоўнасць...

Грачоў. У гэтым ён, вядома, перагнаў. Зрэшты — ён, можа быць, нарадзіўся для немалых спраў.

Анна Апанасаўна. Вось-вось!

Грачоў. Але ён амаль не працуе.

Анна Апанасаўна. Ён усё роўна дасягне больш, як некаторыя, што лезуць угару з усіх сіл... Вялікім чалавекам будзе... Гэта будучы акадэмік ці міністр! Я прадчуваю, я ўпэўнена. Пабачыш... Толькі маці ў яго нейкая... нязграбная...

Грачоў. А што табе да маці?

Анна Апанасаўна. Так... Знаёмыя ж... Ну, але гэта нішто. (Трывожна.) Аляксей, ты не ведаеш, у яго няма, выпадкова, жонкі?

Грачоў. Якой жонкі? Навошта гэта табе? А! Ты ці не жаніць іх надумала?!.

Анна Апанасаўна. Яны самі не дзеці.

Грачоў. Не дзеці? Замест таго, каб аберагчы дачку ад легкадумнага, непрыгожага ўчынку, ты сама ёй патураеш!

Анна Апанасаўна (зірнуўшы ў бок Алінага пакоя). Цішэй ты!..

Грачоў. Няхай чуе! Яе гэта датычыцца!.. Я скажу гэта ёй у вочы!

Анна Апанасаўна. Цішэй ты!.. Спадзяюся — не цяпер...

Грачоў. Цяпер скажу!

Анна Апанасаўна. Там — Ігар.

Грачоў (рашуча). Ала!

Анна Апанасаўна. Адумайся!

Уваходзіць Ала.

Ала. Ты клікаў мяне, тата?

Грачоў. Так, я клікаў. Мы павінны пагаварыць.

Ала. Аб чым, тата? Што здарылася?

Грачоў. Здарылася тое, што я з некаторага часу не разумею цябе... Тваіх паводзін!

Ала. Чаму гэта?

Грачоў. У цябе муж, а ты дазваляеш сабе такі адкрыты флірт!

Ала. Ты кажаш пра маю дружбу з Ігарам? Я не бачу ў гэтым нічога нядобрага...

Анна Апанасаўна. І я таксама.

Ала. Мы з Ігарам — даўнія сябры!

Грачоў. Ваша сяброўства мне не падабаецца! Я зноў атрымаў пісьмо ад Анатоля... (Выходзіць у кабінет, вяртаецца з пісьмом.) Вось! Чытай! Ён чакае цябе!

Ала. Я ведаю.

Грачоў. Табе нельга больш адцягваць ад’езд. Ты павінна ехаць да яго.

Ала. Я не паеду!

Грачоў. Не паедзеш? Чаму?

Ала. Не магу.

Грачоў. Што значыць — не магу?

Ала. Я не люблю яго...

Анна Апанасаўна (падтрымліваючы). Яна яго не любіць.

Грачоў. Ужо не любіш?

Ала. Я памылілася, ашукалася. Я каюся за гэты свой учынак.

Грачоў. Як ты можаш каяцца, амаль не ведаючы яго?

Ала. Я рашыла напісаць пісьмо, прасіць развод.

Грачоў. Развод?

Ала. Так!

Анна Апанасаўна. Яна гэта сур’ёзна абдумала.

Грачоў (узрушана). Я разумею, гэта ён, Вазоўскі, усяму прычына...

Ала. Ён не вінаваты ні ў чым!.. Я люблю яго.

Анна Апанасаўна. Яна любіць яго.

Грачоў. Любіш? Паверым... А ты ўпэўнена, што ён, Вазоўскі, таксама любіць цябе?

Ала. Любіць. Я ведаю. Мы любім адно аднаго.

Грачоў. Але ж ён яшчэ зусім нядаўна, калі не памыляюся, любіў другую. У яго ў інстытуце была Галя Жураўка. Як жа гэта разумець?

Ала. Яны... Яны разышліся. Ён пакінуў яе.

Грачоў. Разлюбіў яе? Сёння адну палюбіў, заўтра — другую! (Узрушана ходзіць. Спыніўся, рашуча.) Ты жывеш бяздумна, як птушка! І пуста... Ты павінна працаваць — як усе. Я магу цябе ўладзіць! На сапраўдную працу!

Ала. У мяне ўжо ёсць праца.

Грачоў. Гэта не праца! Гэта — марнатраўства!

Ала. Не ўсім быць канструктарамі.

Грачоў. Але ўсе павінны займацца сапраўднай працай! А не прыкідвацца...

Ала. Тата, мы пагаворым пра гэта потым.

Анна Апанасаўна. Чым табе гэтае ўпраўленне шкодзіць?

Грачоў. Не разумееш! Вось вырасцілі матылька, выхавалі, а ты ўсё не разумееш?

Анна Апанасаўна. Ты адзін разумееш!

Грачоў кінуў на яе гарачы, непрыхільны позірк, але стрымаўся. Неспакойна захадзіў па пакоі.

Грачоў (зірнуўшы ў бок пакоя, дзе Ігар). Пра што ён думае?!

Анна Апанасаўна. Ты хоць яго ўжо не чапай.

Грачоў. А што ён за такая недатыкальная асоба, што яго і крануць нельга? (Падыходзіць да дзвярэй.) Малады чалавек, зрабіце ласку... дазвольце вас на хвілінку.

Ала. Тата, што ты надумаў?

Уваходзіць Iгар.

Грачоў. Даруйце, што патурбаваў. Але я павінен пагаварыць з вамі — высветліць, так сказаць, некаторыя нашы ўзаемныя дачыненні.

Iгар. Я слухаю.

Грачоў. Вам вядома, што мая дачка — замужам?

Ала. Тата!

Грачоў. Вам вядома, што заляцацца да замужняй — непрыстойна?

Iгар. Я люблю яе.

Ала. Мы любім адно аднаго!

Анна Апанасаўна. Аляксей, ты думаеш, што гаворыш?

Грачоў. Мне не падабаюцца вашы заляцанні да маёй дачкі... Як бацька я адношуся да гэтага непрыхільна. Так, непрыхільна! Прашу ведаць!

Ала. Тата! Я не дзяўчынка ўжо...

Iгар. Аляксей Сяргеевіч...

Грачоў. І наогул, павінен сказаць... Я ў вас расчараваўся!

Ала. Тата!

Iгар. Вы спяшаецеся, Аляксей Сяргеевіч! Я спадзяюся, што вы пераменіце сваю думку пра мяне...

Грачоў. Рад буду, калі памыляюся... Але пакуль, даруйце, бачу, што вы робіце на маю дачку нядобры ўплыў. І лічу, што вам лепш бы...

Ала. Тата!..

Грачоў. Лепш бы хадзіць сюды не так часта.

Ала. Тата, гэта не твой клопат!

Анна Апанасаўна. Ігар Іванавіч, не крыўдуйце... (На Грачова.) Прафесар так — не ў настроі...

Ала. Тата, я ўжо даўно не дзіця. Я сама ведаю, як жыць.

Анна Апанасаўна. Так. Сама рашаць мае права.

Грачоў (Ігару). Я сказаў усё. Прашу запомніць. (Выходзіць.)

Iгар. Што ж, я выканаю загад прафесара. (Збіраючыся ісці.) Даруйце, што прынёс такі неспакой...

Анна Апанасаўна. Не крыўдуйце, Ігар Іванавіч.

Iгар. Не, я не магу, Анна Апанасаўна, не крыўдаваць. Мяне так незаслужана абразілі, што я не магу застацца...

Анна Апанасаўна. Мы з Алачкай вельмі шкадуем, што так выйшла.

Ала. Нам гэта вельмі непрыемна.

Дае Анне Апанасаўне знак, каб тая выйшла.

Анна Апанасаўна. Вы для нас заўсёды жаданы госць — былі і будзеце. Прыходзьце.

Iгар. Не ведаю, Анна Апанасаўна.

Анна Апанасаўна. Мы вас запрашаем.

Выходзіць.

Ала. Гарык, праўда, не крыўдуй!.. Не трэба!.. Гэта ўсё, урэшце, дробязь.

Iгар. Нішто сабе дробязь! Так абразілі!

Ала. Гарык, у нас ёсць... клопаты больш важныя.

Iгар. Амаль выгналі, як...

Ала. Ігар... (Пасля паўзы, неспакойна.) У нас будзе дзіця.

Ігар момант нібы не разумее нічога.

Iгар. Дзіця?

Ала. Дзіця.

Iгар. Маё?

Ала. Тваё! Чыё ж?

Ігар, разгублены, сеў у крэсла, устаў. Ала панура сочыць за ім, чакае.

Iгар. Ты ўпэўнена? Ты не памыляешся?

Ала маўчыць.

Пра гэта хто-небудзь ведае?

Ала. Мама.

Iгар. А... прафесар?

Ала. Не.

Iгар. Трэба штосьці зрабіць, Ала... Яго не павінна быць!

Алу яго словы крыўдзяць.

Ала. Чаму не павінна быць?!

Iгар. У цябе — муж...

Ала. З мужам хутка будзе ўсё скончана. Я сказала.

Iгар. Дзіця цябе звяжа...

Ала. Не мяне, а — цябе?!

Iгар. І цябе, і мяне... Я ўсё ж не трачу надзеі, што змагу вярнуцца да навукі. Мне і без гэтага цяжка, а з ім... Зразумей ты!

Ала. Я цябе разумею. (Ледзь стрымліваецца ад абурэння.)

Ігар падыходзіць, хоча абняць.

Iгар. Не злуйся.

Ала (гнеўна). Адыдзі!..

Iгар. Ала!

Ала. Не падыходзь!.. (Шкадуючы.) Верыла, спадзявалася, дурніца!.. Забыла ўсё! (З насмешкай.) Прынца сустрэла!..

Iгар. Ала!

Ала. Ідзі адсюль! Зараз жа! Чуеш? Не хачу бачыць цябе!

Iгар. Ала, паслухай...

Ала. Не хачу! Бачыць не хачу! Ты чуеш?

Iгар. Што ж, я пайду, калі табе так хочацца. Але дай слова сказаць! Я не думаў, што гэта цябе так абразіць... Ва ўсякім выпадку, я... не хацеў абразіць...

Ала. Не хацеў?!

Iгар. Можа быць, я сказаў што-небудзь няўдала, але ж ты ўлічы — у якім я стане гаварыў...

Ала. «У якім я стане»!.. А пра мой стан ты падумаў? Ты падумаў, як я буду выглядаць, калі пра ўсё даведаюцца бацька, прыяцелькі. (Моцна каючыся.) Як я дазволіла сабе!

Iгар. Ала, я вінаваты. Але я не ашукваў: я люблю цябе.

Ала. «Люблю»! Ты даказаў гэта! Вельмі добра!

Iгар. Дай руку. Будзь маім паплечнікам... маёй... (Абдымае яе, цалуе.)

Ала слаба супраціўляецца.

Ты згодна?

Паўза.

Я чакаю. Кажы.

Звініць званок.

Ала (кліча). Арына! Домработніца — няма чаго казаць! Ніколі не даклічашся. (Ідзе адчыняць.)

Уваходзяць Андрэй і Галя.

Ала. А! Госці! Заходзьце, калі ласка!..

Ігар, убачыўшы Галю, вельмі непакоіцца. Галя таксама хвалюецца.

Ігар (працягваючы Андрэю руку). А... Андрэй! Калега!..

Андрэй (холадна). Добры дзень.

Iгар. Усё такі ж... Ты, здаецца, не змяніўся...

Андрэй. Не змяніўся.

Ігар насцярожана вітаецца з Галяй. Увесь час потым трывожна сочыць то за ёй, то за Алай.

Ала. Ну, як жывецца? Квітнее Круты Яр?

Андрэй. Нічога. Квітнее.

Ала. Даруйце, калі я не памыляюся, вы не да мяне, да прафесара...

Галя. Нам Аляксея Сяргеевіча хацелася...

Ала. Ён дома. Толькі ён вельмі заняты. Сядайце, калі ласка! (Ідзе ў кабінет, хутка вяртаецца.) Ён зараз будзе.

Уваходзіць Грачоў, яшчэ хмурны, нездаволены.

Грачоў. А! Вітаю!

Андрэй, Галя. Добры дзень, Аляксей Сяргеевіч!

Грачоў. Якім ветрам?

Андрэй. З заданнем — клопат. Былі тут, на «Славе рэвалюцыі», глядзелі, як працуюць іншыя. Думалі, можа, што падкажуць...

Галя. Аляксей Сяргеевіч, прабачце, выгляд у вас... Вы, прабачце, не хворы?

Грачоў. Не, нічога, я здаровы... Вопытам пакарыстацца думалі?..

Андрэй. Аляксей Сяргеевіч, нам патрэбна ваша дапамога. Вашы парады...

Грачоў. Паможам... Дарэчы, маё дзецішча бачылі?..

Галя, Андрэй. Бачылі.

Грачоў (з надзеяй). Ну, што скажаце?

Галя. Ёсць вельмі цікавыя знаходкі... у дэталях...

Грачоў. У дэталях...

Андрэй (пасля паўзы). Мне здаецца, Аляксей Сяргеевіч, што... Прабачце, але ў нас — па шчырасці — такая думка, што прынцып фотаэлементаў тут не зусім апраўдаў сябе...

Грачоў. Не апраўдаў?.. Цікава...

Iгар. Андрэй! Табе, мусіць, нагаварылі там? І ты паддаўся?

Галя. Ніхто нам не нагаворваў...

Грачоў. Гэта, значыцца... так сказаць, ваша перакананне?

Андрэй. Так... Мы, Аляксей Сяргеевіч, можна сказаць, яшчэ раз пераканаліся,— можа, вам гэта і непрыемна чуць,— тое, што нам даручылі, патрэбна...

Грачоў. Вы, значыцца, хочаце зрабіць лепш?

Андрэй. Трэба.

Грачоў. Ну што ж, пабачым... А наогул — ці не занадта саманадзейныя вы, маладыя людзі? (Горача, Андрэю.) Вы ведаеце, што такое зрабіць новы аўтамат?

Андрэй. Па шчырасці, здагадваюся.

Грачоў. Вы здагадваецеся. А я спраектаваў дзесятак іх. Разумееце, дзесятак.

Андрэй. І ўсё ж гэта не дае вам права лічыць, што ў вас не могуць быць няўдачы...

Галя, бачачы, што Андрэй усхваляваны, бярэ яго за руку, хоча стрымаць.

Грачоў. Чаго ж вы тады прыйшлі да мяне? Пытацца, вучыцца — пасля такой атэстацыі маёй працы?

Галя. Прабачце, Аляксей Сяргеевіч, Андрэй пагарачыўся. Мы вельмі паважаем вас.

Грачоў. Дзякую за павагу!.. (Непрыхільна глядзіць на Андрэя, Галю, рэзка паварочваецца, выходзіць.)

Ала. Тата! (Ідзе за ім.)

Iгар. Нашто ты яго пакрыўдзіў? Ён проста захварэў з-за гэтай няўдачы. Гэта — балючы мазоль у яго.

Андрэй. Што ж, мне трэба было хлусіць?..

Галя. Андрэй, усё ж ты, здаецца, мог бы быць мякчэйшы.

Андрэй. Гэта ўжо форма. (Ходзіць па пакоі, узрушаны сутычкай з Грачовым.)

Галя (пасля паўзы Ігару). А мы збіраліся табе пазваніць.

Iгар. У мяне, між іншым, другі тэлефон.

Галя. Ігар, як твая дысертацыя?

Ігар. Нішто. Нядрэнна.

Галя. Праўда? Многа зрабіў?

Iгар. Зрабіў крыху. Ты што так глядзіш?

Галя. Дзіўны ты. Нібы маніш.

Андрэй з роздумам, са шкадаваннем за тое, што гарачыўся, груба гаварыў, сапсаваў усё, падыходзіць да дзвярэй кабінета Грачова. Можа, увайсці, паправіць усё? Узрушана адыходзіць ад дзвярэй. Вяртаецца да Ігара і Галі. Злуе на Ігара.

Iгар. Не... (Разважыўшы.) Хоць — сапраўды, я маню. Я напісаў мала. Вельмі мала.

Галя. Чаму ты так?

Ігар (рукой правёўшы па горле). Час. Суткі вельмі кароткія, а клопату многа.

Андрэй. На што ж ты іх траціш, суткі свае?

Iгар. Папрацавалі б вы тут, ведалі б!

Галя. Ігар, ты не баішся растраціць сябе на дробязі?

Iгар. Не баюся.

Андрэй (Ігару). Я чакаў — ад душы,— што ты за гэты час... адумаўся...

Iгар. Ці не здаецца табе, што ты робіш больш разумна?

Андрэй. Можаш сумнявацца. Але я ведаю, у жыцці кожнага ёсць нейкая галоўная дарога. Трэба ісці прама, а не віляць... куды павабяць розныя прынады...

Iгар. Ты глядзі, замест таго, каб пра другіх непакоіцца, сам не заблытайся!

Андрэй. Ты, здаецца, такой размовы не разумееш. Калі нам было цяжка, я асабліва адчуў, што ты зрабіў, кінуўшы нас, нашу справу...

Iгар (насмешліва). Што ж я зрабіў?

Андрэй. Па шчырасці, подласць.

Iгар. Праўда? Нельга лічыць другіх нягоднікамі толькі за тое, што ў цябе не клеіцца справа.

Андрэй. Іх можна лічыць такімі хаця б таму, што яны стараюцца ўладзіцца, дзе пацяплей ды паўтульней...

Iгар. Сурова.

Андрэй. Думаю, што не залішне. Праўда.

Iгар. Праўда ў кожнага свая. А чыя больш вартая, пакажа час...

Андрэй. Пакажа. (Зірнуўшы ў апошні раз на дзверы ў кабінет Грачова, вырашыўшы, што прасіць прымірэння не трэба, ідзе да дзвярэй.) Пойдзем, Галя! (Ігару.) Жыві і радуйся!.. (Галі.) Ты што... застаешся?

Галя. Я... я хутка прыйду.

Андрэй выходзіць. Галя хоча штосьці сказаць Ігару, штосьці важнае і цяжкае.

Галя. Ігар, скажы, ты праўда не шкадуеш... што пакінуў Круты Яр?

Iгар. Што з таго — шкадуеш, не шкадуеш? У жыцці часта прыходзіцца нечым ахвяраваць.

Галя. Гэта дарагая ахвяра...

Iгар. Усё гэта, можа быць, натуральна. Ці варта хвалявацца. Ёсць, у рэшце рэшт, толькі адна рэч, якой нельга ахвяраваць,— маладосць. І не трэба падганяць час. Гэта — нудна. Усё прыйдзе ў сваю пару. У запасе, як казаў адзін мудрэц, вечнасць!..

Галя. Ты, праўда, так думаеш? Ігар, гэта не твае словы.

Iгар. Чаму?

Галя. Ты не такі!.. «У запасе — вечнасць!..»

Iгар. Хіба гэта няпраўда?

Уваходзіць Ала, але Галя яе не заўважае. Ала ціха назірае за ёю.

Галя. Ігар, табе трэба... ты павінен вярнуцца... да нас.

Iгар. Не магу...

Галя. Чаму?

Iгар. Так... не адпусцяць...

Галя. Я разумею — ты не хочаш! Табе тут добра... (Пасля паўзы.) Ігар, тады... я даравала табе, я думала, ты ахвяраваў... у імя свайго таленту, будучыні... А ты...

Iгар. Што?

Галя. Ты аддаў усё, што было між нас... (з горыччу) за нішто... Значыцца, яно табе было... нішто!

Ігар. Галя!

Ала (падыходзячы да іх). Галечка, можаш павіншаваць мяне. Я выходжу замуж.

Галя. Замуж? Ты ж замужам.

Ала. Я бяру развод.

Галя. А...

Ала. Не здагадалася — за каго?

Галя. Не.

Ала (у бок Ігара). Вось за каго!

Галя. За Ігара?! (Яна момант стаіць, уражаная навіной. Разгубленасць змяняецца сорамам, абурэннем.) Ну, што ж... Віншую... (Кідаецца да дзвярэй, выходзіць.)

Iгар (збянтэжаны, Але). Нашто ты гэта?

Ала. Табе трэба, Гарык, адпачыць... Дык як, кажы,— пойдзем?

Заслона

 

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Двор завода побач з цэхам, дзе выпрабоўваюць аўтамат. Справа вялікі заводскі корпус — чырвоныя цагляныя сцены з шырокімі вокнамі. Адтуль час ад часу чуваць гул станкоў, ляскат металу. На двары некалькі дрэваў, газоны, столік, лавачкі. Столік недалёка ад сцяны. Тут цень — добрае месца адпачыць хвіліну. Блізка ад століка дзверы ў цэх. Адтуль выходзяць Андрэй і Галя.

Андрэй. Чорт пабяры, што ж з валікамі такое?

Галя. Я таксама думаю пра гэта. Чаму яны падводзяць?

Андрэй. Хоць ты яго, гэты ліст, рукамі цягні! (Нецярпліва.) Да ўсяго яшчэ — гэты ўпаўнаважаны над душой...

Уваходзіць Далінюк.

Далінюк. Звонылы з Трубопрокатного! «Уся затрымка цяпер од вас!»

Андрэй (нервова). Ну і што?! Нашто вы мне гэта кажаце!..

Далінюк. Просто так. Звонылы, кажу.

Андрэй. Не проста! Я ведаю!

Далінюк. Можа, і не просто так. Однак ты нэ кіпі. Будзь мужчыною!

Андрэй. Дзякую за параду.

Далінюк. Пойдзем, паглядым шчэ...

Уваходзіць Аляксандра Сцяпанаўна.

Аляксандра Сцяпанаўна. Галя! Пачакай!

Галя затрымліваецца. Далінюк і Андрэй выходзяць.

Ну, як там? Лепш?

Галя. Падводзяць усё.

Аляксандра Сцяпанаўна. От бяда!.. Чаго прыбыў сюды гэты... як яго... Вазоўскі?

Галя. Спецыяльны ўпаўнаважаны. Прыехаў ліквідаваць прарыў.

Аляксандра Сцяпанаўна. Глядзі ты, якое начальства!

Галя маўчыць, адчуваецца, што гаварыць ёй на гэту тэму не хочацца.

Аляксандра Сцяпанаўна. А што... прафесар?

Галя. Не крыўдуйце, цёця Саня,— не разумею, чаму яго паслалі сюды?

Аляксандра Сцяпанаўна. Чаму не разумееш?

Галя. Які ён кансультант нам? Былі ж ужо раз у яго.

Аляксандра Сцяпанаўна. Ты што ж, думаеш, што ён будзе помсціць?

Галя. Не ведаю. Але мне здаецца — нібы знарок прыслалі, каб звесці разам, сутыкнуць...

Аляксандра Сцяпанаўна. А не можа быць, што гэта ўпаўнаважаны падладзіў?

Галя. Не ведаю...

Аляксандра Сцяпанаўна. Галечка, трымайся, не вешай галавы! (Стараючыся суцешыць Галю.) А што прафесар прыехаў, гэтага, думаю, баяцца не трэба. Ён дзе цяпер?

Галя. У цэху.

Аляксандра Сцяпанаўна. Хадзем.

Галя і Аляксандра Сцяпанаўна падаюцца да дзвярэй. У дзвярах раптам сустракаюцца з Iгарам.

Iгар. А... Галя! Нарэшце! А я думаў, куды ты гэта знікла?

Галя. Заўважыў.

Аляксандра Сцяпанаўна выходзіць.

Iгар. З табой так цяжка і словам перамовіцца!..

Галя. Чаму цяжка? Я ўвесь час там была...

Iгар. Абстаноўка не такая, якую хочацца...

Галя. Якая ж... вам патрэбна абстаноўка?

Iгар. Я думаю, што мы ўсё ж пагаворым. Праўда? Як даўнія сябры... Ты быццам яшчэ пахарашэла!.. За тварэнне сваё перажываеш? Так, нядобра! Не ўправіліся, не ўправіліся!

Галя. Не ўправіліся. (Выходзіць.)

Iгар ідзе за ёй. Праз хвіліну з-за будынка паяўляецца Грачоў. Ён задуменны, сумны, адчуваецца, што ён нешта ўспамінае. У гэтым стане ён не адразу заўважае А л я к с а н д р у С ц я п а н а ў н у, якая неўзабаве выходзіць з дзвярэй.

Грачоў. Шура?

Аляксандра Сцяпанаўна. Добры дзень.

Грачоў. Добры дзень, родная...

Аляксандра Сцяпанаўна. Зайшла вось, пабачыць бліжэй захацелася.

Грачоў. Значыцца, я недарэмна ехаў сюды...

Аляксандра Сцяпанаўна. Аляксей... як табе ў нас?

Грачоў. Як? Так — нібы ў маладосць вярнуўся. Са спазненнем вялікім.

Аляксандра Сцяпанаўна. Успамінаеш?

Грачоў. Успамінаю.

Аляксандра Сцяпанаўна. Сумна, мусіць?

Грачоў. Ведаеш, я чамусьці тут асабліва адчуў, як багата вады сплыло. Вельмі багата.

Аляксандра Сцяпанаўна. Так, нямала.

Грачоў. Большая частка сплыла...

Аляксандра Сцяпанаўна. Мусіць, і не пазнаў бы, каб сустрэліся на вуліцы.

Грачоў. Пазнаў бы. (Раптам.) Дзіўна, людзі, якіх мы не бачым, здаецца — не старэюць.

Аляксандра Сцяпанаўна. Што ж, усё як трэба. Час. Але ты не надта змяніўся. Вочы, як прыгледзецца, зусім такія ж... як тады...

Грачоў. Такія ж. Ты заўсёды была добрая. Пастарэў я, Шура, і вельмі. Я гэта асабліва тут адчуў. І адчуў зноў, што многае ў маім жыцці было не так. Прывыкае чалавек да страт... самых цяжкіх...

Аляксандра Сцяпанаўна. Не ўсё ж знікла без знаку...

Грачоў. Не ўсё... Шура, я хаджу тут, хаджу, а ў душы больш за ўсё адно — сына бачу. Так рады.

Аляксандра Сцяпанаўна. Праўда?

Грачоў. Нашчадак. (Вельмі ўзрушана.) Аднаго не магу дасюль дараваць, што ты столькі гадоў таіла!

Аляксандра Сцяпанаўна. Не магла інакш. Зразумей мяне. Хацела не раз напісаць. І не напісала.

Грачоў. Добра гэта — што ў мяне сын. Мой сын. Мужчына. Даруй за ўсё.

Аляксандра Сцяпанаўна (шчыра). Дзякуй табе... Харошыя ўсё ж дні былі!

Грачоў. Магло б іх быць многа!..

Аляксандра Сцяпанаўна. Магло б... Маці калісьці, помню, любіла гаварыць: страчанае золата можна знайсці, а страчаны час — ніколі.

Грачоў. Час, час! Калі ўсё было!.. Праляцела, як міг, і не вернецца!..

Аляксандра Сцяпанаўна (стрымліваючы сябе). Не трэба!.. Табе бедаваць не трэба! Ты не прабайдачыў дарэмна гады! Вунь колькі зрабіў для людзей! А колькі вывеў маладых у свет, на дарогу! Колькі вучняў, ці злічыць?.. Ты бачыў, што зрабілі твае тут?

Грачоў. Машына цікавая. Але з дэфектам.

Аляксандра Сцяпанаўна. Аляксей, можа, табе крыўдна? Будзь усё ж справядлівы.

Грачоў (задуменна). Што такое яна — справядлівасць? Здацца самому, падняць рукі...

Аляксандра Сцяпанаўна. Успомні, як табе маладому было. Помніш?

Паўза.

Грачоў. Раскажы пра Жэню.

Аляксандра Сцяпанаўна. Жэня жыве, расце...

Грачоў. Вырас...

Аляксандра Сцяпанаўна. На завочным вучыцца.

Грачоў. Стамляецца...

Аляксандра Сцяпанаўна. Баюся, каб не надарвала яго гэта. Багата бярэ на свае плечы...

Грачоў. Я магу памагчы яму на стацыянар перайсці...

Аляксандра Сцяпанаўна. Не захоча ён...

Грачоў. Чаму?

Аляксандра Сцяпанаўна. Хлопцаў не хоча кідаць. Брыгада ў іх дружная.

Грачоў. Ты гаварыла з ім пра гэта?

Аляксандра Сцяпанаўна. Гаварыла. Ён упарты! Што і рабіць, не ведаю.

Грачоў. Вось што... Як бы мне пагаварыць з ім?

Паўза.

Аляксандра Сцяпанаўна. Зайшоў бы ты да нас. Я і прыйшла найбольш, каб запрасіць. Мы тут у пасёлку, недалёка. На трэцяй лініі. Вуліца так завецца. Дом нумар восем. Дамок драўляны, але харошы. Сосны пад акном.

Грачоў. Дзякую, прыйду абавязкова... Толькі ты не выдумляй там нічога. Мне і так прыемна будзе. Пасядзець проста. (Заклапочана.) Я хацеў падысці да яго, загаварыць. Дык ён — падобна — уцёк... Гаварыць не хоча, ці што... Ён злуе на мяне... Я адчуваю гэта.

Аляксандра Сцяпанаўна. У іх, маладых, усё проста...

Грачоў. І ўсё ж я яго люблю!.. Не толькі таму, што ён сын... Я ўбачыў сябе! Гэта я сам, я, Грачоў Алёшка, многа гадоў назад. Не такі, як цяпер, старэчы, нязграбны, а такі, як тады. Яршысты, задзірысты, гатовы на ўсё. Перамагчы або памерці!

Хутка ўваходзіць Яўгень.

Яўгень. Галіны Антонаўны... не было? (Ён не чакаў сустрэчы, крыху збянтэжыўся, але хавае разгубленасць, трымаецца вельмі ганарыста, самаўпэўнена).

Аляксандра Сцяпанаўна. Пайшла, Жэнечка.

Яўгень. Куды, не ведаеш?

Аляксандра Сцяпанаўна. Яна, мусіць, ужо там, у цэху.

Яўгень збіраецца ісці.

Грачоў. Яўгень, хвіліну! Прашу... Прабач — ты не вельмі спяшаешся?

Яўгень. Спяшаюся. А што?

Аляксандра Сцяпанаўна. Жэнечка, Аляксей Сяргеевіч... хоча з табой пагаварыць.

Грачоў. Так, я хачу пагаварыць.

Яўгень. Мяне па Галіну Антонаўну паслалі.

Грачоў. Гэта неабходна.

Яўгень (неахвотна). Ну, што ж. Я вас слухаю.

Аляксандра Сцяпанаўна. Жэня, як ты гаворыш?

Грачоў. Шура, ты даруй мне... Я хачу пагаварыць з ім адзін на адзін.

Яўгень. Мама, нам трэба застацца ўдвух.

Аляксандра Сцяпанаўна. Як вам лепш!.. Толькі ты, Жэнечка...

Яўгень. Мама!..

Аляксандра Сцяпанаўна. Іду, іду! (Выходзіць.)

Грачоў і Яўгень маўчаць.

Грачоў хвалюецца.

У Яўгеня спакойны, ганарысты выгляд.

Яўгень. Я слухаю.

Грачоў. Яўгень, дарагі мой. Ты пачаў новую пару жыцця...

Яўгень. Так. Але я гэта ведаю.

Грачоў. Я хацеў бы табе дапамагчы, Яўгень...

Яўгень (ганарыста). Дзякую.

Грачоў. Яўгень, скажы, як ты думаеш далей з вучобаю? Ты скончыў курс. Паспрабаваў, што такое працаваць і вучыцца... Табе не цяжка?

Яўгень. Нічога, нармальна.

Грачоў. Перш чым асуджаць каго-небудзь, трэба ведаць яго...

Яўгень. Я ведаю вас.

Грачоў. Нічога ты, дружа мой, не ведаеш!

Яўгень. Чаго ж тут ведаць!

Грачоў. Ну, і што ж ты ведаеш?

Яўгень. Усё, што трэба!

Грачоў. Ну, напрыклад?..

Яўгень. Напрыклад, што вы адну... жанчыну... ашукалі...

Грачоў. Не было такога! Не было!..

Яўгень. Вядома. Не ашукалі. Проста «забылі»!

Грачоў. Не забываў я. Ты ўжо дарослы. Я магу сказаць табе ўсё. Яна не згадзілася ехаць са мной...

Яўгень. Калі б вы хацелі гэтага, яна згадзілася б.

Грачоў. Я хацеў. Я любіў яе, Яўгень. У адным, можа быць, я вінаваты... Гэтага я потым не мог дараваць сабе. Што пакрыўдзіўся на яе, прымірыўся. Не ваяваў за яе... Што вярнуўся зноў да чалавека, які... (Схамянуўся). Ты не крыўдзіш маці?

Яўгень. Не ведаю. Ёй відней.

Грачоў. Ты, здаецца, грубаваты з ёю.

Яўгень не адказаў.

Грачоў (не стрываў). Ну, бачу, сёння нам з табой больш няма чаго гаварыць.

Яўгень. Няма чаго. (Выходзіць.)

Грачоў (устаючы, задуменна, сумна.) Вось і сустрэліся два Грачовы. Прафесар Грачоў і яго маладосць...

Уваходзіць Iгар.

Iгар. Што ж, дарагі прафесар, выходзіць — канфуз! Канфуз!

Грачоў. Так... канфуз...

Iгар. Я думаю, што ваша дзецішча яшчэ паслужыць нямала...

Грачоў. Вы рады... канфузу?

Iгар. Я вас не разумею...

Грачоў. Мне здавалася, што вы будзеце шкадаваць.

Iгар. Аб чым шкадаваць, Аляксей Сяргеевіч?

Грачоў. З-за няўдачы таварыша. Вы ж, помніцца, былі таварышамі?

Iгар. Былі... Але ісціна, ісціна вышэй за ўсё. Я — дзяржаўны чалавек. Зарываецца аўтамат? Зарываецца! Магу я, маю я права далажыць, што заказ выкананы?

Грачоў. Вы лічыце дэфект арганічным?

Iгар. Мне трэба аперыраваць фактамі. А факты абавязваюць мяне далажыць, што выпрабаванне не дало станоўчых вынікаў. Важнае дзяржаўнае заданне, такім чынам, фактычна сарвана... Я — калі вас цікавіць мая думка — наогул не веру ў будучыню гэтага дубкоўскага неданоска...

Грачоў (раптам). Вы хлусіце!

Iгар. Што? У чым хлушу?

Грачоў (пранікліва, цвёрда). Вы верыце ў яго! Але вы... зайздросціце! Вы не хочаце прызнацца сабе, што ў той час, калі вы лёталі па жыцці, другія жылі! Вы толькі елі і спалі, а другія ў той час думалі, тварылі. І за гэта вы ў душы сваёй, хаваючы нікчэмненькую зайздрасць, шукаючы сабе апраўдання, хочаце паказаць нікчэмнай і іх справу! Як гэта нізка!

Ігар (абражаны, ганарліва). Што ж, дапусцім, што ў вашых словах і ёсць доля праўды. Але хіба я ў гэтым, даруйце, не падобны... на вас?

Грачоў. На мяне? Вы — нахабнік!

Iгар. Будзьце мужным, прафесар! Вы другіх абвінавачваеце ў баязлівасці, гляньце ж самі ў вочы праўдзе...

Грачоў. Я... Я... Вы гаворыце гэта мне, чалавеку, які дзесяткі год... усё сваё жыццё аддаў творчасці!..

Iгар (помсліва). Не ўсё. Да таго ж, я не збіраюся выказваць абсалютную ісціну, якая, здаецца, наогул не існуе. Я гавару пра канкрэтны выпадак, пра гэты... Чым мы рознімся?

Грачоў. Чым?

Iгар. Так!

Грачоў. Тым, што вы — гультай, абібок!

Iгар. Можа быць! А хто — вы?

Грачоў. Хто я? Як гэта разумець?

Iгар. Вы ўпэўнены, што вы вучоны, творчая асоба. А ці не ўспамін гэта? Ці не здаецца вам, што вы даўно сталі, даруйце... самазадаволеным... бажком?

Грачоў. Што?! Бажком?..

Iгар. Шчырасць за шчырасць. Вы даўно ўжо ледзь пляцецеся... раўніва паглядваючы на тых, хто вас абыходзіць!

Грачоў. Значыцца, я таксама зайздрошчу?

Ігар. Вы гэтага не заўважылі, прафесар?..

Грачоў. Якое нахабства!.. (Ходзіць, узрушаны.) «Бажок»! Дажыў! «Раўніва паглядваеце»... (Горача.) Не, вы хлусіце! Вы хлусіце, чуеце!

Уваходзяць Андрэй, Галя, Далінюк і Яўгень.

Далінюк. Уся бяда тобто — од нэправільного разліку ціску на валікі. Цэ ўжэ можно ўважаць за факт.

Андрэй. Гэта ясна! Трэба новы разлік!

Iгар. Ну вось, аказваецца, усё проста... Што ж!.. Так і даложым. Вінаваты валікі.

Андрэй. А, ты тут...

Галя (Андрэю). Не трэба... Не зважай...

Андрэй. Не, я скажу яму! (Ігару.) Ты калісьці не захацеў ісці разам, чаго ж ты цяпер блытаешся на дарозе? Што табе трэба?!

Iгар. Я думаю адкласці гэтую спрэчку — да іншых абставін. (Выходзіць.)

Андрэй. Адкладзі! (Услед яму.) Да іншых!

Яўгень. Ну і тып!

Грачоў (усхвалявана). Андрэй Пятровіч, калі не памыляюся, вам патрэбна дапамога... Мне хацелася б, так сказаць, прапанаваць свае паслугі. Адным словам, калі ёсць патрэба ў іх — разлічвайце...

Андрэй. Аляксей Сяргеевіч!.. Дарагі Аляксей Сяргеевіч!

Далінюк. Здаецца, нашого полку прыбуло!

Грачоў. Андруша, і вы, Галя!.. Не трывожцеся! Я яшчэ тое-сёе разумею ў нашай справе. І думаю, што буду карысны вам, гарачыя вы галовы!

Заслона

 

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Вечар. На пярэднім плане бяроза, пад бярозай — лавачка. Далей — частка дачы, адкрытая веранда. За дачай — дрэвы, абрысы якіх акрэсліваюцца на фоне вячэрняга неба. На верандзе — стол. Каля стала гаспадарыць Анна Апанасаўна. З хаты выносіць талеркі, пляшкі, стаўляе на стол, перастаўляе. Паяўляецца Ала, у халаце, з ручніком, сядае на лавачку.

Ала. Ух, нахадзілася! (Выцягвае ногі.) Бедныя мае ножкі, аж ныюць!

Анна Апанасаўна. Рэчка далекавата. Тры кіламетры туды, тры назад...

Ала. Не мог стары ўзвесці дачу дзе-небудзь бліжэй...

Анна Апанасаўна. Месца яму тут спадабалася. Ён быў нават задаволены, што рэчка далёка. Ёсць, казаў, стымул для добрага мацыёну...

Ала. Мацыён! Цягнуцца за паўсвету — пакупацца! (Ківае на стол.) Усё гатова?

Анна Апанасаўна. Стол — і ў рэстаране лепшага не зрабілі б!

Ала. Толькі каб «гасцей» не найшло. Бацька на дзіва ўмее абрастаць гасцямі.

Анна Апанасаўна. Я разлічыла на шэсць персон. Тут ты, побач — Ігар, тут — ён, тут каля дзвярэй — я, і два прыборы будуць у рэзерве, на ўсякі выпадак.

Ала. Арыны няма?

Анна Апанасаўна. Гуляць пайшла са сваім салдатам. Для нас, домработніц, кажа, таксама перад выхадным належыць скарочаны працоўны дзень.

Ала. Кадзік не плакаў?

Анна Апанасаўна. Не... Прачнуўся быў, закугакаў, але я дала соску... Ён і сціх. Зноў спіць...

Уваходзіць Iгар. Ён, відаць, толькі што прыехаў, стомлены, пахмурны.

Iгар. Добры вечар.

Анна Апанасаўна. Добры вечар. Ала чакае вас.

Ігар ідзе да Алы. Анна Апанасаўна выходзіць у пакой.

Ала. Ножкі, бедныя ножкі! Натаміліся!..

Iгар. Што ножкі баляць, галава вінавата.

Ала. Не кажы так, злы ты чалавек. (Капрызна.) Табе яшчэ трэба будзе занесці сваю Алачку дамоў. Бо сама Алачка з месца скрануцца не можа.

Iгар. Што ж, такая ўжо наша мужчынская доля.

Ала. Чаму гэта ты не ў настроі? Перад імянінамі? Якая цябе муха ўкусіла?.. Дарэчы, ты не з татам?

Iгар. Не. Я на таксі.

Ала. Што там на калегіі было? Уклеілі? Дубкову з Жураўкай?

Ігар. Не.

Ала. Чаму?

Iгар. Запытайся ў бацькі... (Са злосцю.) Стары дзівак!

Ала. Што такое?

Iгар. Выступіў сам супраць сябе. І мяне аблаяў... Я націскаў на тое, што канструктары спазніліся з заказам, што гэта халатнасць. Ён усё зваліў на завод. А Дубкову і Жураўцы столькі наспяваў хвалы, што проста брыдка!

Ала. Чаму ж гэта ён?

Iгар. Ат! (Садзіцца.) Я галодны, як мядзведзь на Паўночным полюсе!

Ала. Зараз пойдзем. Я толькі што з рэчкі. Пасля купання есці хочацца д’ябальскі!.. Ужо ўсё гатова. І пачнецца сціплы неафіцыйны банкет у чэсць Ігарка Вазоўскага...

Iгар. Якому заўтра стукне — страх сказаць — дваццаць дзевяць! Хутка тры дзесяткі!.. (Задуменна.) І які яшчэ так мала зрабіў...

Ала. Для бяссмерця... У юбілейныя дні, я заўважыла, людзям чамусьці часта прыходзяць пакаянныя думкі.

Iгар. Не, каяцца, здаецца, я не буду. Не ўмею... Мне не дваццаць год. Каля дваццаці мы ўяўляем сябе Лермантавымі, Мендзялеевымі, Суворавымі. Чакаем славы не меншай, як у Аляксандра Македонскага...

Ала. Я калісьці марыла стаць славутай актрысай.

Iгар. Так, марым быць Мендзялеевымі, а становімся самымі звычайнымі рабочымі валамі, думаем пра выкананне квартальнага плана, пра тое, каб быць на добрай памяці начальніка ўпраўлення.

Ала. А калі што і адкрываем, то такое, што забудуць не толькі нашы патомкі, але і мы праз два гады... Ты зрабіў, Гарык, больш за ўсіх. Не заўтра — паслязаўтра ты станеш загадчыкам аддзела! Табе дадуць персанальную машыну, у цябе будзе свой шафёр... Ігар, ты дазволіш мне браць тваю машыну?

Iгар. Яе пакуль няма.

Ала. Яна будзе. Скажы, дазволіш?

Iгар. Што з табой зробіш?

Ала цалуе яго.

Дзівак стары! Самому сабе падпісаць прыгавор.

Ала. Падумаеш, вынайшлі! Атамную энергію! Аўтамацік нейкі...

Iгар. І ўсё ж выходзіць, нібы ён абагнаў... Што ж, кожнаму сваё! (Абдымаючы Алу.) Я не каюся, я затое пажыў! Ён такога шчасця не бачыў і не ўбачыць... (З непакоем.) Ты ведаеш, Ала, я з кожным годам адчуваю, як мне ўсё цяжэй і цяжэй брацца за дысертацыю... Я, як птушка, якая ўзнялася ў неба. Спачатку было лёгка ляцець, і лёгка думалася, і пісалася лёгка. А цяпер і думаецца цяжка, і пішацца цяжка, а галоўнае, энергія некуды знікае. Куды ж гэта ўсё падзелася? Старэю я, ці што?

Ала. Ну вось, я ж казала, што юбіляры любяць каяцца. Гэта ў цябе ад таго, што ты галодны. Хадзем, пакуль ты не пачаў яшчэ чаго вярзці! Паднімі мяне!

Чуваць шум машыны.

Вось якраз і тата прыехаў!

Ігар бярэ Алу на рукі.

Ну, пайшлі, імяніннік мой! Ох, ножкі мае...

Ігар нясе Алу ў дом. Ідучы, азіраецца, бачыць, што на двор уваходзяць акрамя Грачова Андрэй, Галя і Яўгень.

Iгар. Вось сюрпрыз! Госці!

Ала. Што ж! Гасцям трэба радавацца.

Знікаюць за дзвярыма.

Грачоў (падняўшыся на веранду). О, а тут, аказваецца, усё падрыхтавана для вячэры... Для сустрэчы імяніннікаў! Вось малайцы! (Аглядае стол.) Малайцы! (Андрэю, Яўгеню і Галі.) Ну, марш мыць рукі! Умывальнік — там (паказвае).

Уваходзіць Анна Апанасаўна.

Анна Апанасаўна. А, дарагія госці! Добры вечар! (Называе сябе.) Анна Апанасаўна. (Галі.) Вы ў нас, здаецца, былі?

Галя. Была некалі. Галя.

Андрэй і Галя ідуць мыць рукі.

Грачоў. Гэта Яўгень. Мой сын.

Яўгень. Яўгень.

Анна Апанасаўна (уражаная). Яўгень?! (Падае руку з асцярогай.) Анна Апанасаўна. (Холадна, строга.) Вельмі... прыемна...

Яўгень, закасваючы рукавы, таксама ідзе мыць рукі.

(Грачову.) Прывёў усё-такі! Рашыў парадаваць мяне! Ну што ж, дзякую! Дзякую!..

Вяртаецца Андрэй.

Андрэй. Даруйце, што так позна!.. Нам не хацелася парушаць вашу дачную цішыню, але Аляксей Сяргеевіч...

Анна Апанасаўна (непрыязна). Не, што вы, мы рады!

Грачоў. Анна, ручнік гасцям, калі ласка!

Анна Апанасаўна няветліва падае ручнік, выходзіць.

На верандзе паяўляецца Ігар і Ала.

Андрэй (Ігару). Ты тут?

Iгар. Здзіўлены? Не чакаў бачыць?

Андрэй. Па шчырасці, не хацеў бы!..

Iгар. Прыйдзецца лічыцца з фактам!

Вяртаюцца Галя і Яўгень.

Грачоў. Ала,— твой брат.

Ала (разглядае Яўгеня). Гэта ты і ёсць Яўгень?

Яўгень (ганарыста). Яўгень.

Ала. А ты — нішто сабе! Сімпатычны! (Ігару.) Ён, па-мойму, на тату вельмі падобны. Мусіць, тата такім быў у маладосці.

Яўгень. Ну, хопіць! Што я... экспанат?

Грачоў. Хутчэй з цырымоніямі ды за стол!.. Андрэй Пятровіч, прашу! Сюды! Галя,— ваша месца! Яўгень! (Садзіць каля сябе.) Прашу ўсіх заняць свае пазіцыі!..

Калі ўсе, акрамя Ігара і Анны Апанасаўны, паселі, аказалася, што аднаго крэсла не хапае.

Анна Апанасаўна. Сядайце, Ігар.

Iгар (пакрыўджана). Анна Апанасаўна, гэта ваша месца. Калі ласка!.. Я чалавек не горды... Сам прынясу...

Ала. Мама, прынясі крэсла!

Анна Апанасаўна. Я зараз!

Паяўляецца з плеценым крэслам, ставіць каля Ігара.

Ігар садзіцца.

Усе размяшчаюцца.

Яўгень увесь час адчувае сябе дзікавата, няёмка, але стараецца не падаваць выгляду. Трымае сябе знарок ганарыста.

Грачоў (акідваючы вачыма стол). Э, а гаспадыня наша, аказваецца, зрабіла памылку ў сваім прагнозе. Не палічыла правільна...

Анна Апанасаўна. Не змагла прадбачыць. (Ігару, падсоўваючы чарку.) Гэта ваша! (Выходзіць. Нясе яшчэ чаркі, талеркі, відэльцы. Спяшаючыся, ставіць, раскладвае.)

Ала налівае Ігару.

Ала. Тата, першы тост — за Ігара. Ён імяніннік!..

Грачоў. Імяніннік? З чаго ты гэта ўзяла? Пра якія імяніны гаворка?

Анна Апанасаўна. Пра самыя сапраўдныя! Ігар заўтра народзіцца.

Ала. Яму — дваццаць дзевяць год!

Грачоў. А! Гэта... больш заслуга маці!.. Ведаеце што, давайце без усякіх тостаў. Давайце проста павіншуем маіх калег, Андрэя Пятровіча і Галіну Антонаўну, з перамогай. Яўгеня — таксама. Іх справе дадзены кірунак у жыццё... Вось і ўсё. І давайце павячэраем проста, без лішняга шуму...

Усе п’юць.

Ігар (устаючы, паважна). Што ж, хоць я нейкім чынам, можна сказаць, і ваш ідэйны праціўнік, лічу сваім абавязкам падтрымаць урачыстасць... Віншую! Рад!

Андрэй. Радавацца вам, па шчырасці, няма чаго.

Iгар. Я не эгаіст. Мы — калегі.

Андрэй. Мы былі праціўнікамі. А кім будзем — гаварыць рана.

Анна Апанасаўна. Пакіньце вы гэтыя размовы. Нудна слухаць за сталом.

Андрэй. Даруйце. Характар такі!

Анна Апанасаўна. Характар трэба выхоўваць.

Андрэй. Магчыма.

Грачоў. Урокі выхавання трэба адкласці.

Ала. Кадзік плача... Мама! (Перадумала. Раўнуючы да Галі.) Ігар!

Iгар. Што?

Ала. Пагушкай ідзі!

Ігар, не хочучы непрыемнай спрэчкі, устае.

Глядзі, асцярожней!

Неўзабаве ўстае Андрэй.

Грачоў. Што ж вы так хутка?

Андрэй. Дзякую. Не хочацца есці... (Выходзіць.)

За Андрэем падымаецца Яўгень.

Грачоў. А ты чаму?.. Пакрыўдзіўся чым?

Яўгень. Я? Не... А чаго тут сядзець? Лепш пагляджу, што тут навокал.

Грачоў. Што ж, глядзі... Пачакай, пойдзем разам. (Падымаецца, выходзіць за Яўгенем.)

Яўгень (Грачову). Таксама калега знайшоўся, «імяніннік» гэты!

Грачоў. Гм, ты, Яўгень, маеш, здаецца, рацыю.

Яўгень (шчыра). А я, калі прыязджала камісія, думаў, вы яго руку будзеце падтрымліваць...

Грачоў. Яго і сваю?..

Яўгень. Я думаў, што вы не такі.

Грачоў. Які?

Яўгень. Вы — справядлівы! І не крыўдлівы! Адным словам — сумленны чалавек!..

Грачоў (хаваючы пяшчоту, стрымана). Атэстацыя!

Яўгень (азіраючыся). Гэта і ёсць дача?

Грачоў. Дача, сын... Тут, поруч, добры лес. Хвойнік. І рэчка — шчупакі там — во! (Паказвае якія.) Пойдзем заўтра?

Яўгень. Можна...

Падыходзіць Андрэй.

Грачоў. Вам не сапсавалі настрой?

Андрэй. Не. Мне не так лёгка сапсаваць!

Яўгень. Я пайду, пагляджу.

Грачоў. Ідзі, ідзі. Гаспадаром будзь!..

Яўгень выходзіць. Грачоў ласкава пазірае яму ўслед.

Грачоў (Андрэю). Хочаце, я вам сапсую вашу бесклапотнасць? Я, дарагі, баюся, як бы вы не зрабілі глупства.

Андрэй. Якога?

Грачоў. Самага небяспечнага для маладога чалавека.

Андрэй. Вы мяне заінтрыгавалі, Аляксей Сяргеевіч!

Грачоў. Яно загубіла многіх... Вы што думаеце рабіць пасля сённяшняга дня? Вярнуўшыся ў Круты Яр?

Андрэй. Што? Працаваць.

Грачоў. А ці не думаеце вы, што цяпер можна і... пакарыстацца поспехам? Скажыце, якія ў вас планы?

Андрэй. У нас будуецца завод аўтаматычных ліній. Буду прасіцца туды, у канструктарскае бюро! (Таямніча.) Ад душы — мару зрабіць адну лінію!

Грачоў (усхвалявана). Не спыняйцеся! Не давайце сябе ляноце! Не растрачвайце сябе попусту!.. Вы калі-небудзь былі ў вялікай дарозе пеша? Былі?

Андрэй. Быў.

Грачоў. Вы павінны ведаць, як цяжка ўставаць пасля прывалу і ісці далей. Ёсць людзі, якія заседжваюцца на прывале многія гады. А ёсць і такія, што, можна сказаць, пачынаюць жыццё з прывалу. (Заўважае Ігара, які, выйшаўшы на веранду, бярэ графін з гарэлкай.) Як шаноўны мой Вазоўскі.

Андрэй. Я вас разумею.

Грачоў. Фізкультурнікі, каб быць у спартыўнай форме, сістэматычна трэніруюцца. Нам таксама важна трымаць сябе ў форме. А для гэтага — рушце, дзень за днём! Пакуль маладыя!

Андрэй. Дзякую. (Успамінаючы, з усмешкай.) Гэта карысна — для мозгу, для кровазвароту і наогул для нармальнага развіцця.

Грачоў. Правільна!

Паўза.

Андрэй Пятровіч, дарэчы, скажыце, калі ласка, а чаму вы ўсё ў халасцяках?

Андрэй (збянтэжана). Чаму?.. Ёсць пытанні, у якіх нельга разабрацца. Ніякая логіка не дапамагае.

Грачоў. Вы ў кагосьці закаханы? У якую-небудзь кіназорку? (Узрушана.) Дарагі Андрэй, ёсць акрамя памылкі Вазоўскага іншыя. Адну з іх зрабіў Грачоў малады... У жыцці, бывае, сустрэнецца толькі адна жанчына, якая можа зрабіць вас шчаслівым. (З роздумам.) Ці — нешчаслівым... Дарэчы, Галіна Антонаўна, здаецца, таксама незамужняя?

Андрэй (з болем). Не... незамужняя...

Грачоў. Па-мойму, яна магла б стаць вам добрай спадарожніцай, Андрэй Пятровіч!...

Андрэй (стрымана). Магла б...

Грачоў. Што — не? Гэта праўда, іхняга брата не заўсёды зразумееш!.. (Азірнуўся.) Галіна Антонаўна ідзе! Прыйдзецца нашу мужчынскую размову спыніць...

Падыходзіць Галя.

Галя. Я не перашкодзіла?

Грачоў. Не, што вы, Галіна Антонаўна!.. Я пайшоў. З сынам пагавару. А вы пасядзіце, пагуляйце. Тут за дачай лясок слаўны... (Выходзіць.)

Галя і Андрэй спачатку маўчаць.

Галя. Андрэй, пра што вы тут гаварылі, калі я падыходзіла?

Андрэй. Так, пра рознае.

Галя. Мне здалося, пра мяне. (Паглядзела на Андрэя, той не адказаў.) Чаму ты такі дзіўны, Андрэй? Быццам сумны. У такі вечар!

Андрэй. Так проста. Штосьці неспакойна на душы.

Галя. Не трэба, Андрэй! (Прыслухоўваецца, здалёк чуваць песня.) Ты чуеш, спяваюць! Можа быць, студэнты, такія самыя, якімі мы былі! Помніш нашу прысягу, смешную, гарэзную?.. Андрэй, усё ж чаму ты такі? Скажы, аб чым ты думаеш? Андрэй!

Андрэй. Па шчырасці — аб адной дзіўнай асаблівасці жыцця. Аб недарэчнасці яго...

Галя. Аб якой недарэчнасці?

Андрэй. Два чалавекі, якім трэба быць разам, чамусьці староняцца адзін аднаго. Жывуць, як чужыя. (Узрушана.) Думаеш, я маўчаў бы, чакаў бы, калі б ведаў, што ты любіш? Што ты не абыякавая да мяне, як крыга.

Галя. Андрэй...

Андрэй. Дай дагавару. Я разумею, ты і так можаш жыць, табе маё каханне — як госць выпадковы, ёсць, няма — усё роўна. А я... я не магу бачыць цябе і ведаць, што ты чужая, не мая! Я не магу так далей! Далей так не павінна быць! Трэба або перамяніць нашы адносіны, або (рашуча) разысціся!

Галя. Я хачу, каб ты адказаў на адно маё пытанне.

Андрэй. Што? Кажы.

Галя. Падумай добра. (Вельмі хвалюючыся.) Я аднойчы балюча памылілася. Ты ўсё бачыў, ведаеш усё. Ты зможаш дараваць мне, што было з гэтым чалавекам?

Паўза.

Андрэй. Галя, я сказаў. Я люблю цябе.

Галя (усхвалявана). Андрэй... Не спяшайся. Падумай, правер сябе.

Андрэй. Я рашыў ужо.

Галя. Падумай. І я падумаю. Я не хачу, каб ты... памыліўся...

Паяўляецца Iгар. Убачыўшы Галю і Андрэя, спыніўся ўстрывожаны. Потым нагнаў на твар абыякавасць, выраз нуды.

Iгар (з нотай насмешкі). Якая ідылія! Вечар, дача... Ён і яна!.. Ідылія!

Галя. Ігар, ты... ты... Змоўкні!

Iгар. А мне якраз гаварыць хочацца!.. Ну што ж, калі трэба, зраблю ласку, памаўчу. (Сядае на лавачку, закурвае. Андрэю і Галі.) Не курыце?

Андрэй (беручы Галю за руку). Хадзем!

Iгар. Куды вы? Чаму так хутка? Хіба вам не было калі нагаварыцца?.. (Амаль шчыра.) Андрэй... Пятровіч, прашу велікадушна прабачыць, але я хацеў бы застацца з Галяй... тэт-а-тэт.

Андрэй. Пра гэта ты запытайся ў Галі...

Iгар. Галя... (Папраўляецца.) Галіна Антонаўна, я прашу!

Галя (неахвотна). Я слухаю.

Iгар. Я хачу адзін на адзін. Якая ты незгаворлівая!

Андрэй. Я пачакаю каля веснічак. (Павольна ідзе.)

Ігар і Галя ўдваіх. Паўза. Недзе за дачай пачулася песня:

«Толькі з табою мне хочацца быць, толькі з табою...»

Iгар. Ты помніш, гэту песню спявалі тады...

Галя моўчкі кіўнула галавой.

Дзіўна! Калі б я верыў у забабоны, я мог бы ўбачыць у гэтым прарочы знак... Давай пасядзім. Прашу.

Галя сядае на лавачку. Ігар важка апускаецца побач.

Галя. Ігар, ты зусім п’яны! Што гэта значыць?

Iгар. П’яны? Так, ты праўду кажаш, п’яны!.. Я сёння і п'яны і цвярозы, як, можа быць, ніколі за ўсе гэтыя гады. Цвярозы!

Галя. У цябе часта гэта бывае — што ты п’яны?

Iгар. Бывае. Але сёння я не п’яны!.. Галя, можа, і дзіўна гэта, пасля ўсяго... Я зразумеў, кім ты была для мяне!

Галя. Нашто ты гэта! Ты пра Алу думай!

Iгар. Ала... (Пасля паўзы.) Галя, табе не хочацца, каб зноў... усё вярнулася?

Наводдаль праходзіць Грачоў. Ён шукае сына. Кліча: «Яўгень!»

Галя. Тое, што было, не вернецца. Ды і няма нашто вяртаць яго...

Iгар. Ты не хочаш. Я разумею... Галя, у цябе нічога не засталося ад былога?..

Галя. Ігар, я люблю Андрэя.

Ігар (холадна). Гэта, як кажуць, канчаткова?

Галя. Так, канчаткова. Думаю, што — на ўсё жыццё!

Iгар (стрымліваючыся). Ну што ж!.. Яму пашанцавала, здаецца!

Падыходзяць Ала і Анна Апанасаўна, Анна Апанасаўна трымае пінжак.

Галя (устае). Я пайду. Андрэй чакае... (Ідзе да веснічак.)

Анна Апанасаўна. Сыра становіцца! Ігар, я пінжак прынесла, накрыйце плечы!.. (Накідвае пінжак яму на плечы.)

Ігар. Нашто гэта?! (Нервова скідае пінжак на зямлю.)

Анна Апанасаўна (падымаючы пінжак). Сыра стала.

Ала. Яму і без пінжака цёпла. Гэта ж яго інстытуцкая любоў! А я думала, куды гэта ён збег?.. Але ён нешта не ў настроі? Што з табой?

Ігар. Адыдзіце! Дайце хвіліну пабыць аднаму. (Азірнуўся ў той бок, куды пайшла Галя.) Яна калісьці была ўпэўнена, што я геній! (Горка смяецца.)

Ала (супакойваючы). Геній, геній...

Анна Апанасаўна (трывожна). Ігар Іванавіч!

Падыходзяць Грачоў з Яўгенем.

Грачоў (Яўгеню). Нічога! Добрая пачостка старому таксама карысная! Для галавы, для добрага кровазвароту! (Заўважыўшы Ігара.) Што з ім?

Ала. Ён, здаецца, лішне выпіў! Вось і вярзе! (Тонам загаду.) Хадзем, пагуляем з Кадзікам!

Ігар пакорліва ідзе за Алай. На ганку раптам паварочваецца да Грачова, да Галі і Андрэя, якія вяртаюцца к дому.

Iгар (помсліва). Так, я — нішто! Але і яны — не геніі!

Ала. Не геніі, не геніі. (Выводзіць Ігара са сцэны.)

Яўгень. Хто? А, гэта пра Андрэя Пятровіча... (Гнеўна.) Ты! Ты... ведаеш... Маўчы лепш!

Грачоў. Не геніі. (З пашанай.) Так, не геніі, праўда. Але такімі створана многа цудоўнага на зямлі.

Яўгень (Ігару). Многа цудоўнага! Чуеш ты?

Заслона

1 Словы Адама Русака.




Беларуская Палічка: http://knihi.com