epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Першая кніга

УСТУП
  РАДЗІМЕ
  ЖУРАЎЛІ
  БАГДАНОВІЧ
ДЗЁННІКІ
  Кніжка першая. НА ПАЎДНЁВЫМ ФРОНЦЕ
    22 чэрвеня 1941 г.— 6 мая 1942 г.
  Кніжка другая. НА ФРОНЦЕ. У ШПІТАЛЯХ
    9 мая 1942 г.— 23 верасня 1942 г.
  Кніжка трэцяя. ВОДПУСК НА ПАПРАЎКУ
    24 верасня 1942 г.— 1 студзеня 1943 г.
СШЫТКІ. З ЗАПІСНЫХ КНІЖАК
  ШПІТАЛЬ. ТБІЛІСІ
    МЫ НОЧЧУ ПАКІДАЛІ ВЁСКУ...
    У ПАЛАЦЕ
    БЛАКНОТ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
      8
      9
      10
      11
      12
      13
      14
      15
      16
      17
      18
    СШЫТАК
      1. ВАЛОДЗЯ СІНЮКОЎ
      2. АЛЁША (З расказаў Валодзі Сінюкова)
      3. ВАДАП’ЯНАЎ (З расказаў Валодзі Сінюкова)
      4. НЯПЕЙВАДА
      5. НА ТЫМ БЕРАЗЕ
      6. ХВІЛІНА
    ЗАПІСНАЯ КНІЖКА (1/VII—22/IX)
  КАСПІЙСКАЕ МОРА. Бугуруслан
    «У АПОШНІ ЧАС»
    ДАРОЖНЫЯ ЗНАКІ
    НОЧ ЧАТЫРОХ
    СЯБРОЎСКІЯ ПАЧУЦЦІ (З апавяданняў Валодзі Сінюкова)
    ТРЫ СУСТРЭЧЫ
    ЗАПІСНАЯ КНІЖКА (23/ІХ—24/ХІ 1942 г.)


 

У гэтай кнізе нічога выдуманага. У ёй толькі тое, што было. Са мной асабіста ці з людзьмі.

Тут запісана тое, што я перажыў, бачыў сваімі вачыма і чуў ад іншых, якія перажылі сваё.

Доўгія гады ўсё гэта мне здавалася матэрыялам для нейкага дасканалага твора. Спатрэбілася багата гадоў, каб я зразумеў, што гэта само па сабе твор, можа, не менш варты, чым той прыдуманы. Бо гэта жывое сведчанне незабыўнага, непадобнага ні на які іншы час.

Гэта ўсё было напісана трыццаць пяць гадоў назад. У 1941 і 1942 гадах.

Гэта фактычна першая мая кніга.

 

УСТУП

У адзін з першых дзён вайны, калі прыйшоў загад адступаць, трывожным вечарам я закапаў у гайку каля граніцы скрутак з даваенным сваім скарбам — запіснымі кніжкамі, канспектамі, вершамі. Пастараўся прыкмеціць месца сховы.

Думаў вярнуцца неўзабаве. Але пачалося пакутнае, бясконцае адступленне.

Вярнуўся я на былыя нашы пазіцыі толькі гадоў праз пятнаццаць. Месца, дзе былі акопы, знайшоў і пазнаў. Але гаю ўжо не было. І не было знаку маёй сховы.

Зрэшты, я і не стаў шукаць. Увесь даваенны скарб мой прапаў. Два вершы «Жураўлі» і «Багдановіч» я аднавіў па памяці.

Яны, як і «Радзіме»,— скупыя памяткі з даваеннай пары. Тым і дарагія. У тым іх і права на жыццё.

 

 

РАДЗІМЕ

 

Усё табе — прыгожай і багатай,—

Смеласць самалётаў баявых,

Дужасць караблёў Кранштата,

Берагі гранітныя Нявы,

 

У далячынь пралеглыя дарогі,

Спелыя жытнёвыя палі

І яшчэ — не пералічыш — многа,

Што табе навек мы аддалі.

 

У тваіх, адзіная, прасторах

Гонар векавы наш і краса,—

Гарманісты — песні табе дораць,

Песні на найлепшых галасах.

 

Ты пачуй — у песнях тых пяецца,

Што ў палях, у морах і ў баю

Для цябе, адданыя ўсім сэрцам,

Маладосць гартуем мы сваю.

 

Недарэмна кожны год увосень

З сцягамі па вуліцы ідзём —

Мы сыноўняй клятваю праносім

Імя найдарожшае тваё.

 

Мы клянёмся —

За жыццё вясёлых,

Ў звоне працы, ў лёце гарадоў,

За вясенні вецер, што па сёлах

Вольна дваццаць першы раз прайшоў,

 

За нязгасны зырк Крамлёвых зорак

Над палямі роднымі — усё:

Сэрцы, мужнасць, дум сваіх прасторы —

Толькі клікні — зразу прынясём!

 

1938 г.

 

 

ЖУРАЎЛІ

 

У асенняй вышыні бязмежжа,

Роўны зык раняючы к зямлі,

І на захад — к вольнай Белай вежы

Рэй вядуць нязвыклы жураўлі.

 

Над шчаслівым Пінскам строй

праходзіць,

Цень бяжыць па дахах, па траве.

У звонкім гуле, у строгай,

стройнай згодзе

Іх вядзе блакітны журавель.

 

Йдуць над лесам, над рачною плыняй.

У полі дзеўчына не зводзіць воч,

Сочыць: ціхнуць, таюць ў высі сіняй

Жураўлі, што адагналі ноч.

 

1940 г.

 

 

БАГДАНОВІЧ

 

Сціхае горад. Стукне крок

І змоўкне, недарэчны, гулкі.

Васковы, месяцавы рог

Застыў у змроку над правулкам.

 

Гняце ў пакоі цішыня.

Журботу адзінокасць будзіць.

Лажыся, спі! Даволі дня!

Спачні! — Хрыпяць нядобра грудзі.

 

Ён лямпу ўзяў.

Гары, святло!

Няхай сухоты душаць грудзі,

Насуперак хваробе злой

Ён ноч усю жыць, дзеяць будзе!

 

...Дзень надышоў, і сон здалеў,

Глыбокі, моцны.

Ноч не сцерці. Гарэў у сшытку на стале

Нядаўні верш.

Жыццё. Бяссмерце.

 

1940 г.

 

На другі ці на трэці дзень вайны, калі мы стаялі ў гарах на пазіцыях, адзін з маіх таварышаў прывёз мне з горада чыстую запісную кніжку.

Блізка справа няспынна грымела, а ў нас было ціха. Але спакою ў нас не было. Мы ўвесь час чакалі, што і на нас пойдуць, што і ў нас пачнецца. Мы стаялі напагатове, і ў нашых трывожных сэрцах жыло адчуванне вялікай, нязвыкла важкай бяды.

Тады мне захацелася запісаць усё, што было ў першы дзень вайны. Здолеў я напісаць, аднак, толькі некалькі слоў. Усё ж і гэтых слоў, здалося мне, было даволі: было такое адчуванне, нібы яны спрасавалі ў сабе ўсё, што адбылося.

Я і цяпер не магу спакойна чытаць гэтыя скупыя, хапатлівыя словы, столькі тояць яны для мяне невыказнага. Не магу чытаць спакойна, бо бачу не толькі тое, што не выказана, але і помню, у якім стане ўсё пісалася. Калі кожны запіс мог аказацца апошнім.

Таму, хто будзе чытаць гэта, я хацеў бы напомніць: многія мае запісы пісаліся на зняможных, нярадасных дарогах адступлення, пад пранізлівымі вятрамі зімы 1941/42 года.

Таму яны такія скупыя і таму ў іх столькі гаркаты.

Гэта акалічнасць дае падставы таксама спадзявацца на тое, што чытач даруе мне паспешлівасць запісаў.

Я спрабаваў разгарнуць дзённік, дапісаць тое, што бачыцца мне між радкоў запісанага, запоўніць пропускі.

Дзесяць староначак маіх франтавых запісаў выраслі ў восемдзесят старонак таксама даволі сціслай прозы. Таму, хто захоча даведацца пра першыя франтавыя дні аўтара ў гэтым больш разгорнутым выглядзе, магу параіць адкрыць першы том Збору маіх твораў. Там гэты твор названы «У пачатку вайны». Цяпер ён публікуецца таксама ў маёй кнізе «Белыя вішні і яблыні».

У дадатак неабходныя факты. У пачатку вайны я быў намеснікам палітрука, служыў спачатку ў 298-м горнаартылерыйскім палку 192-й горнастралковай дывізіі, пазней — у 269-м (70-м гвардзейскім) артылерыйскім палку Рэзерву Вярхоўнага галоўнакамандавання. Гэта Паўднёва-Заходні і Паўднёвы франты.

Турка, якая ўпамінаецца на першай старонцы дзённіка — гарадок у Карпатах. У той час каля яго ішла дзяржаўная мяжа.

З франтавых таварышаў, якія тут названы, мне вядома, вярнуліся з вайны трое — Павел Матора, Іван Карабутэнка і Губанаў.

Карабутэнка і Губанаў скончылі вайну ў Дзень Перамогі, а Матора вярнуўся дамоў з Нарвегіі, з палону, у які ён трапіў, паранены, у маі 1942 года пад Харкавам. Там, пад Харкавам, у акружэнні, амаль усе мае аднапалчане або загінулі, або трапілі ў палон. Але сцяг палка выратавалі. Пад гэтым сцягам зноў сфарміраваны полк абараняў Сталінград, вызваляў Беларусь, браў Кёнігсберг. Скончыў ён вайну ў Маньчжурыі, за Хінганам.

У Беларусі, а пазней таксама за Хінганам ваявала і 192-я стралковая дывізія. Я з радасцю думаў, што гэта тая ж, наша 192-я, якая пачынала вайну ў Карпатах, але аказалася, што гэтая была сфарміравана летам 1943-га, пад Смаленскам.

Лёс той дывізіі мне невядомы.

Я не трапіў у акружэнне пад Харкавам таму, што ў гэтыя дні быў на курсах. Але аб гэтым ёсць у дзённіку.

 

ДЗЁННІКІ

 

Кніжка першая. НА ПАЎДНЁВЫМ ФРОНЦЕ

 

22 чэрвеня 1941 г.— 6 мая 1942 г.

22 чэрвеня 1941 года

Турка. Нядзеля

У 7 гадзін лагер паднялі па трывозе. Хтосьці незадаволена бурчаў: «Зноў раней тэрміну паднялі! Нават у выхадны дзень не дадуць пакою. Мабыць, коней чысціць». Але здарылася нешта большае. У канюшні раздавалі процівагазы, патроны. З парку гарматы спешна перацягнулі да ракі. Нехта сказаў на вуха: «Нямецкія самалёты бамбілі Явора». Я не веру. Не можа быць, каб Германія ўвязалася ў вайну з намі ў такую цяжкую для яе хвіліну. Вайна з Англіяй не скончана, спрэчка ў разгары. У горшым выпадку самалёты гэтыя — чарговая правакацыя... Каля 9 гадзін. Над канюшняй праляцеў нямецкі бамбардзіроўшчык, абстраляў нас. А мы, стоўпіўшыся, глядзелі на яго і не верылі. Над паркам ён развярнуўся і кінуў бомбы, пасля бамбіў горад... Усе мітусяцца, ніхто толкам не ведае, што рабіць.

Нарэшце прыходзіць загад. Дывізіён цягнецца па дарозе, да граніцы, на пазіцыі.

 

26 чэрвеня, пазіцыі

Акапаліся добра. Падрыхтаваны даныя. Але мы пакуль маўчым і немцы таксама. Наперадзе — высокая, пакрытая лесам гара. У бінокль відаць белы дамок — на схіле гары. Там — немцы. Перад гарой — Сан, яго не відаць. Ля ракі наша пяхота. Дні цягнуцца ў цягучым чаканні нечага вялікага і страшнага, што немагчыма ўявіць, такое яно незвычайнае. Удалечыні, справа, гарматная кананада. Яна ўсё пасоўваецца ў наш тыл. Што гэта значыць? Уначы не сплю, пільную, нельга давярацца асабліва. Картушын сказаў: «На вайне камандзіры менш за ўсіх спяць». І ён не спіць. Ён трымаецца па-ранейшаму цвёрда, упэўнена, у той час як многія разгубіліся... У Турцы пакуль усё спакойна. Адправіў ліст, адтуль прывезлі пячэнне, цукеркі. Працуюць магазіны... Учора эвакуіравалі жонак камсаставу.

 

28 чэрвеня

Увечары 26 чэрвеня нас папярэдзілі: «Сёння ўначы чакаецца бой. Глядзець за коньмі, быць гатовымі». Зрабілася чамусьці цяжка і сумна на сэрцы, успомніліся родныя, сябры. Можа, у гэтую ноч... Але ў гэтую ноч бою не было. Як толькі добра сцямнела, мы зняліся з пазіцый і пайшлі ў напрамку Туркі. Рабілася штосьці незразумелае. Перад горадам дарогі былі забітыя войскамі, машынамі, павозкамі. Нашу калону ўвесь час разрывалі. Сірэны, цокат капыт, лаянка... Мільгнуў збоку дом райкома, кніжны магазін, мост угары; мы выйшлі на дарогу ў Явору. Што такое робіцца? Ніхто не ведае. Хтосьці кажа: новую пазіцыю каля Яворы зоймем. Але не — хутка і Явора засталася ззаду. А мы ўсё ішлі ды ішлі... Увечары падышлі да вышак Барыслава — яны яшчэ працавалі. Потым ззаду застаўся і горад, а мы ішлі ды ішлі... Нарэшце спыніліся на вышыні ля Драгобыча. Увесь горад быццам на далоні. Прыгажун горад блішчыць на сонцы. З горада прывезлі цукерак, мыла. Адпачываем пакуль. Хутка будзе бой, будзем абараняць Драгобыч. Карпаты засталіся ззаду.

 

30 чэрвеня

Пасля поўдня пакінулі Драгобыч. Чамусьці загадалі праз горад праскакаць рыссю, хаця мы тады былі спакойныя. Нашто было рабіць разгублены выгляд? Калі мы былі за горадам, узарвалі нафтазаводы. Вялікае чорнае воблака закрыла паўнеба, схавала сонца. Удзень зрабілася цёмна, нібы ўначы. Усё далей ідзем без бою.

 

1 ліпеня

Ноч усю ішлі. Раніцай падышлі да ўскраіны Стрыя. Сэрца ахапіў жах. Упершыню я адчуў з усёй яснасцю, што такое вайна. Горад увесь палаў. Выбухі непадалёк ад нас тузалі паветра — можа, ірвалі склады, можа, стралялі. Коні з перапуду ўздрыгвалі, то кідаліся ў рысь, то ішлі ступою. Вось па гэтай шашы мы калісьці ўязджалі ў лагер. Цяпер усё тут мела іншы выгляд: усё было чужое, страшнае... Праскочылі цераз палаючы мост, у дыме... Ля дарогі стаяла некалькі танкаў. Яны прыкрыюць нас... Спераду гарэў склад боепрыпасаў. Агонь ускідваў высокія струмені. Асколкі з шыпеннем падалі непадалёк дарогі... Гарэла на дарозе спехам падпаленая танкетка. Абозы, абозы, што бягуць на ўсход. Не магу зразумець, што гэта робіцца. Лепш не думаць, усё роўна зараз не зразумець. Развіднела. Выехалі ў лес. Ціўкаюць птушкі. Выбухі далёка ззаду.

 

4 ліпеня

Будынак, што мы ўсе гады ўпарта будавалі, бурыцца, штодзень цагліна за цаглінай адпадае ад будынка. Цагліны — гарады. Мы іх пакідаем без бою, цудоўныя, зялёныя ўкраінскія гарады. Кажуць, выходзім з мяшка. Дзесяткі гарадоў і сотні вёсак прамільгнулі, ззаду. Сёння прайшлі Чарткоў. Хутка Заходняя Украіна застанецца ззаду. Вайна такая непадобная на тую, якой мы яе ўяўлялі. Ой, як сурова яна нас вучыць. Бязлітасна. Я думаў, што бой будзе ісці за кожнае сяло. Думаў, што ў першы ж дзень будзем здорава біцца. Але не, усё наадварот. Прайшло каля паўмесяца, а мы яшчэ не былі ў баі. Вайна яшчэ наперадзе... На аэрадроме ля Тарнопаля нямецкай мінай паранены Маеўскі. Прапаў недзе сяржант Леўскі. Радзее наша сям'я. У 1-м дывізіёне 9 чалавек паранена яшчэ 22 чэрвеня. (Іх вайна заспела на баявых стрэльбах. Па шляху з палігона яны папалі пад бамбардзіроўку.)

 

5 ліпеня

Учора ўвечары хтосьці застрэліў Сафронава, калі той стаяў на пасту. Дзве кулі прабілі галаву. Хто страляў — высветліць не ўдалося. Сёння была сустрэча з немцамі. У твар іх мы, праўда, не бачылі. Білі па пяхоце. Упершыню пачулі віск мін і гук разрыву. Гэта — пачатак. Потым міны рваліся бліжэй, спераду, ззаду, па баках. Мы прыкрывалі адыход батарэі. Картушын загадаў: «Хто лішні, ідзіце!» Я мог бы пайсці, але пачуццё сумлення і годнасці перамагло страх смерці. (Я цяпер ганаруся гэтым.) Міны рваліся ўсюды, але мы стралялі і стралялі. Матора быў наводчыкам. Толькі па загаду адышлі да лесу. У лагчыне ляжала пакарэжаная наша гармата. Міна ўцэліла ў перадок. Некалькі чалавек забіла. Раненыя былі пакінуты. Мы іх пасадзілі на свае гарматы і вывезлі... Спыніліся на ўзлессі. У лесе недзе зусім блізка страчылі кулямёты. Я стаяў назіральнікам на флангу. Мне здавалася, што ўсё скончана. Немцы ўжо зусім побач. Толькі ўвечары прыйшоў загад адысці. У вячэрняй цемры — злавесныя языкі полымя. Гэта гарыць запаленае сяло. Усюды валяюцца кінутыя ў спешцы ранцы. Мы натрапілі на скрынку з яйкамі. Можна было суцішыць свой голад. Толькі цяпер усе ўспомнілі, што нічога не елі. Спрабавалі прайсці праз лес, вывезці гарматы. Іншага шляху не было, мы ў акружэнні. Круты ўздым і вузкая сцяжынка. Гармату немагчыма ўратаваць. Узарвалі. Ідзем да Збручча, праз лес. Цёмна, як у магіле.

 

6 ліпеня

Усю ноч блукалі. Ішлі лесам, у цемры натыкаліся адзін на аднаго. Нашы на конях кудысьці паехалі іншай дарогай, і я з некалькімі байцамі апынуўся сярод незнаёмых байцоў. Мы ішлі ланцужком. Узбіраліся ўгару, спускаліся ў яры, дзерліся па схілах. Толькі незадоўга перад раніцай дабраліся да Збруча. Маленькая, хуткая і глыбокая рэчка. Доўга шукалі пераходу. Потым перайшлі ўброд. Я пачакаў сваіх, але не дачакаўся нікога. Усе адыходзілі, і я пайшоў, заставацца далей рабілася рызыкоўным. Прачыналіся немцы. Загаварыў кулямёт. Становішча незайздроснае. Галодны як воўк. Добра, што я не адзін. Са мной Абаротаў, Карманаў і інш. Разам усё-такі весялей.

 

9 ліпеня

Зноў са сваімі. Ляцічаў. Абаротаў ужо тут. У Ліціне мы ледзь не трапілі ў лапы немцаў. Меркаванні нашы разышліся, мы паспрачаліся. Час быў крытычны, нашы ўсе пайшлі, нямецкія танкі былі ўжо ля ўскраіны. Мы разышліся ў розныя бакі. І вось зноў сышліся. Жывем ля будынка парткабінета. Справа з забеспячэннем пастаўлена добра. Я гаспадару ў раскошнай бібліятэцы. Праўда, тут ужо «пагаспадарылі» раней: кнігі валяюцца на падлозе, па іх ходзяць; разарваныя карты. Непрыемнае адчуванне — над намі ўвесь час вішчаць нямецкія міны, абстрэльваюць нашы батарэі... Забіты Бягун — даведаўся толькі цяпер. Картушын у шпіталі.

 

12 ліпеня

Немцы ўзарвалі наш дот. Загінулі камбат Рашчупкін, Ляшкоў і іншыя разведчыкі 5-й батарэі. Мінай адарвала рукі і ногі лейтэнанту Харунжаму. Ён прасіў прыстрэліць. Раненыя Таркоўскі, Камароў. Кожны дзень са строю выбываюць сябры, але мы трымаемся, тут умацаванні.

 

15 ліпеня

Мы адышлі. Стаім на новым рубяжы. Ад нашага дывізіёна засталася адна гармата. Чыжыкаў і палітрук прапалі, напэўна, забіты. Нашу калону бамбіў нямецкі бамбардзіроўшчык. Забіты: сержант Лабуцін, Крачкоў, Лінкоў, Кісялёў, Лейкін. Ранены Смірноў і інш. Лінкоў — весялун, каваль 5-й батарэі — ранены ў 9 месцах, Кісялёва разарвала ў шматкі... Мы будзем у рэзерве.

 

19 ліпеня

Нам далі некалькі гаўбіц з братняга палка, і мы ваюем. У нас са старых камандзіраў засталіся толькі лейтэнанты Сітнікаў і Шылін. Сітнікаў камандуе дывізіёнам — галоўным чынам 5-й батарэяй. 4-я — у рэзерве. Ад чацвёртай засталося ўсяго чалавек дваццаць. Учора нас пабілі нямецкія танкі. Мы ішлі з абозам. Потым абоз спыніўся. Абознікі ціхамірна драмалі. Я таксама задрамаў. Раптам недзе наперадзе, збоку, пачалі страляць. У момант уся дарога апусцела. Павозкі рыссю памчалі наперад. Мы былі каля павароту, ён быў прамым вуглом. Вырашылі па полі, напрасткі, праскакаць, каб дагнаць сваіх. Але ў полі лопнулі пастронкі. Я, Матора, Землякоў кінуліся звязваць... А стрэлы — усё бліжэй. «Давайце адыходзіць»,— кажу я. Хлопцы марудзяць. Раптам бачу — з-за ўзгорка танкі! Мы кінуліся бегчы. Танк — за намі, трасіруючыя кулі абганяюць нас. Збегшы з дарогі, упаў у траву, ледзь не задыхнуўся ад стомы. Танк падышоў, насупраць на дарозе спыніўся, пастрачыў, потым пайшоў далей. За танкам прайшла калона. Грымела наша артылерыя. Калі танкі прайшлі і ўсё трохі супакоілася, я ўстаў. Сустрэў Землякова, Паўла не было. Я пайшоў шукаць, баючыся, што яго паранілі, як раптам заўважаю, што насустрач ранейшым ідуць таксама танкі. Схаваўся ў сланечніках, метраў за сто ад дарогі. Нада мной ірваліся нашы снарады — гарматы білі па танках, страчылі танкі. Адзін танк, абыходзячы прыстрэленую дарогу, ледзь не раздушыў мяне. У мяне не было і гранаты. Толькі пад вечар усё змоўкла. Адно рваліся снарады на двух разбітых танках ды гарэлі нашы аўтамашыны. Гэты дзень, напэўна, самы жахлівы з усіх мінулых дзён вайны. Толькі ўначы я дабраўся да сваіх. Землякоў быў ужо там. Няма Вятошкіна, яго цяжка параніла. Няфёдава — таксама.

 

29 ліпеня

Забіты Драбкін, цяжка паранены Сітнікаў, выбыў са строю адразу амаль цэлы разлік... Немцы па нядзелях маўчаць. Ноччу таксама ўсё змаўкае. Кажуць: яны прымаюць адбой.

 

7 жніўня

Мы ідзем на фарміраванне. Ззаду — Першамайск, Умань і Вазнясенск. Непадалёку ад Вазнясенска мы адсталі ад калоны. Коней у нас забралі, і мы ехалі на трактары. Вось у гэтым месцы трактар стаў. Нам было шкада яго кідаць. І мы засталіся да раніцы рамантаваць. Калі адрамантавалі, дагнаць сваіх не змаглі, а сувязныя, пакінутыя «батарэяй», зблыталі дарогу. Мы стараліся здагнаць іх па дарозе на Нікалаеў. А яны, напэўна, пайшлі на Кіраваград. Маршрут мы не ведаем. Факт застаецца фактам. Мы — я, Матора, Арцём’еў, Маляроў, Новікаў — адсталі, без надзеі на сустрэчу. Трэба хутчэй знайсці сваё месца ў страі, інакш нам не паздаровіцца.

 

10 жніўня

Новая Адэса. Мы ў новай часці. Першыя хвіліны азнаменаваны вельмі моцным абстрэлам нашых пазіцый. Увесь час ірвуцца ля акопаў міны. У 9-й міна трапіла ў акоп. Забіты адзін з нашай тройкі — Віктар Кузьміч Арцём’еў. Матора быў побач з ім, але ўцалеў. Цяпер нас толькі двое старых таварышаў, туркаўскіх працаўнікоў.

 

11 жніўня

Нас увесь час абстрэльваюць. Немцы абыходзяць нас з фланга, за Бугам. Мы ўжо страляем уздоўж лагчыны, якая, відаць, прагледжваецца. Міны дакладна кладуцца ў цэль. Пад абстрэлам спрабуем зняцца. Пачуўшы віск міны, падаем. Я звычайна хаваўся між станін. Але потым кінуўся — маё месца занята. Я прысеў пасля разрыву. Баец, які ўкрыўся на маім месцы, быў цяжка паранены ў грудзі, праз 3 хвіліны памёр.

 

12 жніўня

Ідзем па начах. Увесь час па флангах, непадалёк ад дарогі, ірвуцца снарады. Немцы, відаць, па шуму трактараў угадваюць нас. Удзень стаім у стэпе, капаем ровікі. Няпэўнасць нашага становішча мучыць нас.

 

17 жніўня

Страшэнная раніца. Аднекуль нахлынулі абозы, быццам нехта іх дасюль трымаў. Чароды іх цягнуцца па ўсім стэпе. Стэп шырокі, роўны. З’явіліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Ад іх няма дзе схавацца ў гэтым шырокім, бязлесным стэпе. Думалі: наробяць «кашы». Але яны пралятаюць міма. Справа рвуцца міны. Правыя абозы паварочваюць улева, збіваюць іншыя. Увесь паток паварачвае ўлева. Рушым так. Раптам міны рвуцца злева. Левыя рады кінуліся ўправа, уперад, паскараючы хаду. Павозкі рыссю ляцяць. Тады зачыняецца апошні выхад. Мінамёты б’юць у цэнтр. Мора абозаў у паніцы кідаецца па крузе. Яно не ведае, што рабіць. Засталося адно, толькі разгубіцца — і вялізная маса абозаў, гармат загінула б. Але камандзір нашага палка загадаў развярнуцца. Першы дывізіён б’е па станцыі. Другі б’е па сялу з вежай. Трэці — таксама, трохі ўперадзе. Мінамёты немцаў змаўкаюць. Кажуць, снарады нашы пахавалі цэлую нямецкую калону. Немцы адышлі. Нам дапамаглі штурмавікі, і мы выйшлі з акружэння, усе ў цэласці, жывымі. А былі хвіліны, калі, можа, ніхто не думаў, што вырвемся.

 

19 жніўня

Спакойна рушым па стэпе. Перапраўляемся цераз Дняпро ля вёскі Качкароўка. Купаемся ў Дняпры.

 

20 жніўня

Вёска Зялёнае. Нечакана-негадана сустрэў земляка, з Людзвіна. Разам некалі хадзілі ў Хойнікі, бавілі вечары ў Гарбатых. Ён глядзеў на мяне, я на яго. Потым ён спытаў: «Ты быў у Людзвіне?» Толькі тады я ўспомніў. Пачаліся ўспаміны, апавяданні. З ім ёсць яшчэ землякі. Кавалёў, відаць, Шура, і Шчэрбін з Тунеўшчыны. Але Шура адстаў недзе і не вярнуўся. Яго лёс невядомы.

Кажуць, будзе кароткі адпачынак.

 

23 жніўня

Пагрузіліся на ст. Прышыб. Кудысьці рушым па дарозе. У сэрцы надзея: ці не трапім у родныя мясціны. Хлопцы таксама гадаюць ля акна вагона.

 

25 жніўня

З раніцы доўга тырчалі на нейкай станцыі. Побач — таксама эшалоны. Мабыць, дарога забіта. Нудна, дрэмлем. Пасля поўдня поезд рушыў. Я драмаў. Моцны штуршок, як выбух. Поезд стаў. Хтосьці сказаў: пэўна, бамбяць. Выскокваем з вагона. Не, усё спакойна. Зноў — у вагон. Яўна чую моцны выбух, потым другі, трэці. Выскокваем з вагона. Немцы разбілі пуць у сярэдзіне эшалона. Паравоз з двума вагонамі прарваўся ўперад, у Запарожжа. Астатнія вагоны мы пад абстрэлам рукамі адганяем па аднаму, па два назад. Са ст. Канкрынаўка прыйшоў паравоз. Прычапілі вагоны і адвялі. Некалькі чалавек загінула. Абстрэл вялі з в. Хорціца. На ст. Канкрынаўка нас бамбілі. Адна бомба разарвалася ў затоцы ля берага, і нас заліло вадой і граззю. Абышлося шчасліва. Але кулямётнай чаргой паранены Растаропаў. На другі дзень нас павезлі зноў на злашчаснае месца. Многія бурчалі — на пагібель яшчэ раз вязуць. Але ўсё абышлося ўдала. Ст. Запарожжа амаль уся разбіта — сляды абстрэлаў з Хорціцы. Хутчэй бы скончыўся гэты шлях, на фронт, хутчэй бы.

 

26 жніўня

Згрузіліся на ст. Іларыёнаўка. Займаем пазіцыі за сялом, у лагчыне. Ахоўваем Дняпро. З назіральнага пункту відаць Днепрапятроўск, мост цераз Дняпро.

 

10 верасня

Занялі новую агнявую пазіцыю ў стэпе. Немцы спрабуюць нас намацаць, але без поспеху. Мне здаецца, што немец тады добра страляе, калі вокам бачыць. Усе гэтыя гукавыя і іншыя разведкі дапамагаюць дрэнна, інакш іх старанні былі б паспяховыя. Жывем спакойна. Выкапалі бліндажы, уцяплілі палаткі. На дварэ мароз раніцай серабрыць траву. Дні ідуць у чытанні, у гульнях, у спевах,— што каму да сэрца. Нават неяк не па-франтавому. Весткі з франтоў абмяркоўваем, як нешта далёкае.

 

27 верасня

У наша жыццё зноў уварваліся трывога, неспакой. Знімаемся з пазіцый і стаім ля Грыгор'еўкі (пад Сінельнікава). Чуткі чорныя, трывожныя. Кажуць, быццам немцы ўзялі Новамаскоўск, ноччу ўварваліся ў горад. Ідуць гаворкі: сюды ідуць нямецкія танкі. Цэлы дзень сапёры рвуць дарогу. Гукі разрываў гнятуць сэрца. Стаім, нічога не ведаем пра становішча — гэта самае горшае... Сустрэў Озерава, разведчыка 298-га. Ён расказаў пра трагедыю пад Самарай. Якая цяжкая вестка! З ім больш з нашых нікога не было, ён спяшаўся. Паведаміў: Мартынава забілі, Макавецкі паранены. «Дзе іншыя — не ведаю»,— сказаў ён на развітанне.

 

28 верасня

Чакалі лейтэнантаў Драбашка і Ткаленка з разведкі. Час вярнуцца, а іх — няма. Паехалі на машыне — і ні слыху ні дыху. Нарэшце вярнуліся шафёр і яго памочнік. Яны расказалі наступнае. Пасля таго як яны выехалі, на ўскраіне Іларыёнаўкі іх аклікнуў нямецкі патруль. Ён, мабыць, палічыў іх за сваіх. Побач стаяў матацыкл, і спалі немцы. Вартавы, спакойна падыходзячы, нешта па-нямецку спытаў. Сержант, што ехаў у кузаве, схапіў вінтоўку ў байца і стрэліў. Немец закрычаў і ўпаў. Немцы, што спалі пры ўзбочыне, усхапіліся. Шафёр, лейтэнанты кінуліся бегчы пад стракатню стрэлаў. Шафёр з памочнікам уначы прыбеглі да сваіх, а лейтэнантаў няма. Мусіць, папаліся ў рукі немцаў.

 

3 кастрычніка

Становішча няяснае і заблытанае. Мы па некалькі разоў то адыходзім назад, то зноў вяртаемся на старыя месцы. Гэта злуе — падобна на недарэчную гульню. Байцы таксама бурчаць: усё развінаем гарматы ды капаем, а якая карысць — ніводнага снарада не выпусцілі. Пасля аднаго з такіх поўзанняў пад Сінельнікава мы ледзь не наскочылі на нямецкія танкі. Мы ішлі па адной вуліцы сяла, а яны па другой, паралельнай першай. Паміж вуліцамі — лагчына, у ёй сады, агароды. Знакі на танках не былі відаць, і мы, чакаючы, паглядалі на іх, але працягвалі ехаць. Калі мы пачалі супакойвацца, пярэдні з танкаў развярнуўся і застрачыў. Мы саскочылі з гармат і кінуліся ва ўкрыцці. Адзін снарад трапіў у люльку, другі — у трактар; загарэўся прычэп. Калі доўгая танкавая калона прайшла, мы рушылі зноў. Адзін трактар выйшаў са строю, гарматы таксама моцна пакалечаны. Снарад трапіў у бачок з макаронамі (мы не паспелі паснедаць), і ўся гармата была абвешана гэтай аздобаю. Калі прывезлі абед, байцы жартавалі: «Давайце зараз, а то не атрымалася б гісторыя, падобная на снеданне».

 

5 кастрычніка

Мы ў Васількоўцы. Тут яшчэ «мірнае» жыццё: працуюць магазіны, сталовая. Захацелася пацешыцца адчуваннем мірнага жыцця. З Паўлам паснедалі ў сталовай, пабадзяліся па магазінах, куплялі непатрэбныя дробязі — для адчування. Цэлую ноч рамантуюць гарматы.

 

7 кастрычніка

Гарматы адрамантаваць не ўдалося. За сялом — страляніна. Абстрэльваюць сяло. Мы спешна пакідаем яго. Ірвуць элеватар, цыстэрны, пуць. 9-я і 8-я застаюцца, займаюць агнявыя пазіцыі. Ноччу дабраліся да Прасянога. Начуем. Упершыню за час вайны спалі на ложку. Нас спала тры чалавекі, было цесна, але спаў цудоўна, як ніколі.

 

10 кастрычніка

Згрузілі гарматы на станцыі Дэмурына. Цяпер як пяхота,— кажа камандзір батарэі, генерал без арміі. У адной вёсачцы сустрэў Шчэрбіна. Распытваў яго пра родных, але ён таксама нічога не ведае... Увечары прыехалі зноў у Прасяное. Прамёрз да таго, што не магу дыхаць. Думаў, што захварэў. Ледзь дацягнуўся дадому і ўсё не мог заснуць, дрыжаў. Твар гарэў. Позна раніцай разбудзіў Раманаў.

 

12 кастрычніка

Добра адпачылі ў Прасяным! Якія прыгожыя гэтыя ціхія спакойныя дні (пасля баёў і трывогі), гэтыя вечары пры святле лямпы і ў цяпле пакоя!

 

14 кастрычніка

Прыйшлі гарматы, што абаранялі Паўлаград. Вярнуўся Дубінкін, які пайшоў паўмесяца назад, і яго разлік. Хваліўся, што пяхота была вельмі задаволена імі. Шампанскім пачаставала камандзіра групы. Начуем у пасёлку каля Чапліна... У 9 гадзін лёг, а ў 11 паднялі. Зняліся з АП і адправіліся назад. Пранізлівы вецер. Праклінаю ўсё ў свеце і самога сябе.

 

15 кастрычніка

Удзень стаялі недалёка ад Дэмурына. А ўвечары зняліся і зноў дрыжалі ад холаду і дробнага дожджыку з ветрам. Сунуліся ў цьме непрагляднай, нічога не бачачы. Загрузлі. За 5 гадзін прайшлі 4 кіламетры. Адпачываем у пустой школе.

 

16 кастрычніка

Пасля 40 км шляху прыбылі ў Краснаармейск. Зайшоў у хату абагрэцца і заснуў. Са мной заснулі і хлопцы. А гарматы пайшлі. За намі паслалі. Вось дык гісторыя!

 

17 кастрычніка

Дабраполле. Мы ў Данбасе. Гараць шахты. Тут, відаць, будзем біцца па-сапраўднаму.

 

19 кастрычніка

Адыходзім на ўсход. Не даязджаючы да с. Акцябрскае, сустрэў Землякова, Тышчанка, Хазіева, Чыгілейчыка, Шмідава. Землякоў расказаў іх гісторыю з часу нашай разлукі. З Умані яны накіраваліся на Кіраваград, а затым у сяло Вольнае ля Ніжнедняпроўска. Тут іх фарміравалі. Землякоў і другія трапілі ў 203-ці, а Пісьман, Удовенка, Грыгар’ян у 657-ы пяхотны. Пасля трагедыі за Самарай яны ледзь выратаваліся, а Удовенка і ўсе з 657-га прапалі без вестак. Дзе Пісьман, Грыгар’ян, Удовенка — невядома. (Але яны, кажуць, не загінулі.) Карабутэнка, аказваецца, працуе ў «Начеку». Мяне таксама лічылі загінуўшым. Ля Ніжнедняпроўска Землякоў выпадкова знайшоў згублены блакнот. Глядзіць — мой подпіс. Ён аддаў яго Івану.

 

21 кастрычніка

Стаялі на ўскраіне Канстанцінаўкі. Мы бачылі, як гарэлі дзесяткі заводаў горада. Увесь дзень і вечар грымелі выбухі. Мы пойдзем у напрамку на Арцёмаўск. Такі важны горад здаем без адзінага стрэлу. Што робіцца? Незразумела. Зрэшты, гэтага і ніхто з нашых не ведае.

 

22 кастрычніка

Сяло Чырвонае. Лёс зноў прывёў у сяло, у якім я бываў на занятках паўтара года назад. Тады я быў маладым чырвонаармейцам. Першы начны паход у Чырвонае. Памятаю нават асобныя думкі, што ўзніклі ў начным паходзе пры сустрэчы з закаханай парачкай, што засядзелася на марозе да глыбокай ночы.

 

23 кастрычніка

Усю ноч і палову дня ехалі. Не паспелі даехаць на пазіцыі ля Канстанцінаўкі і размясціцца, як прыйшоў пасыльны з загадам ісці назад. Трактар на ўздыме буксаваў, а ў рэшце рэшт і зусім заглух. Давялося гармату цягнуць перакатамі: дзве гарматы па чарзе адным трактарам.

Пасля поўдня паказаўся Арцёмаўск. Я з хваляваннем узіраўся ў знаёмыя і родныя мясціны. Аэрадром, дзе быў на варце. Вось тут, ля антэн, у нас былі заняткі... Ваенны гарадок, я хадзіў па казармах, адкуль толькі што выехаў шпіталь. Падлога зацярушана сенам, раскіданы слоікі ад варэння, абрыўкі газет, бінты...

У адным з пакояў ніжняга паверха, відаць, стаялі коні, едка шыбала ў нос пахам мачы. Мала што напамінала пра першыя дні армейскага жыцця. Толькі сталовая засталася такой жа. Вось тут у клубе ў першы дзень мы чакалі размеркавання, вось па гэтай дарозе ішлі ў лазню. Адсюль, з гэтай станцыі, я ехаў дадому ў адпачынак... Але як змяніўся горад! Дамы і тыя пахмурнелі. На дарозе ляжаў конь з разбітым каленам, вакол яго тоўпіліся жыхары. Па ўзбочынах — разбітыя машыны. Чыгілейчык і Шмідаў ішлі ў горад, відаць, да знаёмых дзяўчат. Мы праехалі горад. Ззаду чуліся выбухі, у розных месцах гарэла. Бывай, родны Арцёмаўск! Ці сустрэнемся? Не многім давялося цябе ўбачыць цяпер, каму ўдасца ўбачыць яшчэ раз! Хто ведае!

 

26 кастрычніка

«Вымушаная пасадка» ў сяле Далінаўка. Мы прайшлі Луганскае, Троіцкае. Гаручага няма, і мы начавалі ў Далінаўцы. Цэлы дзень прайшоў таксама тут. Я «круціў» патэфон. Па некалькі разоў слухаў «Ноч светла» і «Мой костер». У пакоі было чыста, утульна. Насупраць сядзела медсястра Рая Я. Каля нас не рваліся снарады. Зноў раптам узнікла вострае жаданне радасці і шчасця, забытае на франтавых дарогах, зашчымела ў сэрцы вострае адчуванне спакойнага жыцця. Дні ў інстытуце, такія кароткія і непрыкметныя,— што я аддаў бы для таго, каб вы вярнуліся, але вы далёка... І я амаль упэўнены, што вы не вернецеся. Ворагі ля варот Масквы. Не трэба пра гэта думаць. Лепш думаць пра сённяшні дзень у Далінаўцы. Ён добры: хлопцы знайшлі дзяўчат, смяюцца, звініць гітара...

 

27 кастрычніка

Учора ноччу прыехалі ў Сярго. Стаім на ўскраіне. Горада амаль не відаць. Горы пароды ля вугальных шахт, нібы егіпецкія піраміды, акружаюць нас. Вакол шахты, заводы. Хутка паедзем на Варашылаўск.

 

28 кастрычніка

Варашылаўск. Вадзілі ў лазню. Калі чакалі ў чарзе, была аб яўлена паветраная трывога. Праляцеў «юнкерс» у напрамку Варашылаўграда. Жыхары адчуваюць сябе амаль спакойна, відаць, абстраляны.

Ля станцыі вялікі металургічны завод. Ён ужо паўмесяца стаіць. Яго бамбілі «юнкерсы», але амаль не пашкодзілі. Адна бомба ўпала ў заводскую сталовую ў час абеду. 70 чалавек забіта і паранена. У горадзе чэргі за хлебам, за насоўкамі. Купляюць усё, нават цацкі, якія непатрэбны. У магазінах амаль пуста. Купіў дзве паштоўкі — любімыя — Левітанавы «Залатая восень» і «Сакавік», люстэрка і ножык.

 

29 кастрычніка

Начуем у Міхайлаўскім. Гусараў сказаў, што штаб арміі застаўся ззаду і мы едзем на адпачынак. Нас павінны абмундзіраваць, узброіць. Трактары таксама зменяць. Мы ідзем вельмі марудна. Учора кінулі адзін трактар, стары, які патрабаваў капітальнага рамонту. Другі ледзь-ледзь цягне абедзве гарматы, як не рассыплецца.

Старая жанчына мяне спытала, адкуль я родам. Я сказаў, што з Арцёмаўска. Няма ў мяне больш родных Глінішч, і дарогі туды зараз усе зачынены. А мяне там нехта чакае, доўга і нецярпліва чакае, не верачы, што я яшчэ жыву. Мілыя, родныя, бацька, маці, сястрычкі, Геня, вы не ведаеце, што я жывы, што я цэлы і здаровы, еду на адпачынак. Выплакалі вочы. Як бы я хацеў убачыцца з вамі, мае юныя сябры і сяброўкі: Алеся, Каця, Вася Паўленка, Іван Карабутэнка, Міканор Ярош, па ўсім свеце раскіданы, невядома дзе. Можа, таксама ўспамінаеце пра свайго сябра. Усё так страшэнна змянілася, усё светлае мінулае і ясныя надзеі выкраслены няшчадна лёгка, хутка; адразу і бязлітасна. Ці будзе ваш зварот? Ці ў шырокіх стэпах згублюся і высахну, пахаваўшы з сабою ўсе думкі, надзеі, толькі белыя косці пакінуўшы на ўспамін?

 

30 кастрычніка

Прайшлі праз Варашылаўград. На станіцу Луганскую. Тут «нармальнае» жыццё: дыхае завод, кіпяць вуліцы, плакаты «Чым ты дапамог фронту», «Знішчым...» і інш. Горад шырокі, будынкі больш сельскія,— маленькія, белыя — вялікая вёска. Выключэнне — цэнтральныя вуліцы. У астатнім усё ўжо знаёмае — чэргі за хлебам, пустыя вітрыны. Ішлі па знаёмых вуліцах, сэрца пяклі жывыя ўспаміны. Увечары прыбылі ў станіцу.

 

3 лістапада

Станіца Луганская. Вось ужо некалькі дзён стаім на адпачынку. Дзіўна, але грызе туга. «Адпачынак» адрадзіў успаміны, забытыя адчуванні. Не даюць спакою думкі. Масква, Мажайск, Валакаламск, Тула. Нож ля горла. Не, лепш не думаць. Надрываецца Хенкін «Ноччу на дачы...». Недзе мерзнуць, гінуць таварышы, ды і мы, можа, заўтра таксама. Хіба можна спакойна сядзець з такімі думкамі?

Жыццё наша спрабуюць падпарадкаваць распарадку: зарадка, снеданне, заняткі.

 

7 лістапада

Хто б мог падумаць, што 24-ы Кастрычнік я буду святкаваць у ст. Луганскай. Колькі светлых надзей ускладаў я на гэты дзень! І як жорстка ашукаўся! Думаў, сустрэнуся з сябрамі, з роднымі,— цяпер гэта зусім немагчыма, нават лістом не адзавуцца. Адзін Паўлік са мной. Увечары быў урачысты абед. Грымела цяжкае артылерыйскае «ўра». Што вы робіце сёння ў роднай «заграніцы», родныя, сябры, сяброўкі? Я п’ю, дарагія таварышы, за тое, каб 25-ы Кастрычнік святкаваць у вызваленай роднай Беларусі!

 

9 лістапада

Сталін на парадзе сказаў: «Яшчэ некалькі месяцаў, яшчэ паўгода, можа, гадок, і Германія павінна рухнуць». Вясёлы агеньчык у цёмнай начы. Маракам, што сярод мора засумаваліся па зямлі, паабяцалі, што хутка будзе бераг. Мой дэвіз — надзея і вытрымка.

 

10 лістапада

Некалькі слоў пра жанчыну. У нашай батарэі была адзіная ў дывізіёне жанчына — медсястра Рая Я. П-к яе «падчапіў» недзе на дарозе, здаецца, у Акцябрскім. Ён клапатліва бярог яе, вазіў з сабою ў тачанцы, ухутваў, падарыў плашч. Калі станавіліся на прывал, ён шукаў для яе добрую кватэру і сам разам з ёю начаваў. У батарэі яго не бачылі па сутках. Ён казаў, што ў іх нічога, акрамя «дзелавых» адносін, няма. Потым аднойчы капітан Л. аб’явіў, што сястра будзе ўзята з батарэі для абслугоўвання адначасна іншага падраздзялення. Рая перасела з тачанкі ў «эмачку». У батарэі паяўлялася толькі для таго, каб зрабіць перавязку. П-к напіўся і «пад мухай» хваліўся сваімі перамогамі над дзяўчынай, прычым абліў яе граззю, аблаяў. Мне дзіўнай была гэтая хуткая змена — ад клопату да варожасці. У яго было многа спачуваючых, якія не дабіліся яе ласкі, таму што яна была з усімі аднолькава ласкавая... Хутка Рая пасля перавязак стала праводзіць вечары ў батарэі — чым далей, тым часцей і даўжэй. Над ёй пачалі падсмейвацца, абыходзіцца занадта бесцырымонна. Не магла (ці не хацела) зразумець, што яе «кавалерамі» не кіравала пачуццё кахання ці павагі да жанчыны, а проста жывёльнае жаданне. Скончылася гэта ўчора тым, што яе раптам знайшлі «звыш штату» і спіхнулі ў іншае падраздзяленне.

 

12 лістапада

2 гадзіны ночы. Учора вечарам паведамілі, што ў 5.00 будзем грузіцца. Куды паедзем — невядома. Чуткі самыя супярэчлівыя. З галавы не ідуць словы камандзіра: «Пасля адпачынку нам дадуць важнае заданне». Роўная плынь жыцця перарвана. Што будзе праз некалькі дзён? Зноў маразы, трывогі, бяссонныя халодныя начныя паходы... Бывай, Луганская. Дзесяць дзён, упершыню за вайну, мы пажылі спакойна, без трывогі, адпачылі і целам, і сэрцам. Твае дні, як светлыя агеньчыкі, будуць свяціць мне, саграваць успамінамі.

 

13 лістапада

Цэлы дзень прайшоў у чаканні. Рушым толькі перад вечарам. Цяпер мы на станцыі Кандрашаўка, будзем начаваць, бо эшалон для нас не сфарміраван. Пішу, весела блішчыць агеньчык лямпы ля вуха, гамоняць хлопцы, а за акном вые вецер, ледзяны, неласкавы, круціць снежны пыл. Пачынаецца зіма.

Хочацца напісаць пра тое, як праводзілі хлопцаў. Калі ад’язджалі са станіцы, многія доўга ішлі з дзяўчатамі, парачкамі. Развітваючыся, некаторыя ледзь не плакалі. Мяне ніхто не праводзіў. Было сумна і чамусьці зайздросна.

 

17 лістапада

Учора згрузіліся на ст. Сямейкіна, за 35 км ад Варашылаўграда. Два дні чакання, дзень пагрузкі, ноч язды — і 35 км шлях! Увечары прыехалі ў сяло Паўлаўку. У 9 гадзін лёг спаць, а ў 11 па трывозе паднялі. Пайшлі на хутар Усцінаўку, займаць агнявыя пазіцыі. Мы знаходзімся ў складзе другога эшалона. Ззаду нас трэці эшалон. Нашы НП побач з пазіцыямі цяжкіх батарэй першага эшалона. Схватка будзе, відаць, гарачая. Войск многа. Усе дамы літаральна забіты імі, нават у канюшнях і хлявах палаюць вогнішчы, у акружэнні вайсковых.

 

18 лістапада

Учора зняліся з пазіцый і рушылі наперад, на захад. Пазіцыі занялі км у 5-ці далей мінулых НП. Не паспелі выкапаць ровікі, як прыйшоў загад выступіць на падтрымку нашай пяхоты ў мястэчку N. Рушылі на поўдзень, уначы прыбылі на АП у полі. Холадна. Мароз працінае ўсяго. За 200 метраў канюшня. У канюшні поўна вайсковых усіх родаў войск, дзесяткі вогнішчаў аблеплены імі. Паспаць не ўдалося. Страляем, асабліва цяпер, раніцай. Наперадзе таксама чуваць батарэі. Стаяць напагатове танкі. Мы ў наступленні. Тут учора ўдзень былі немцы.

 

20 лістапада

Учора ўвечары зняліся з пазіцый. Ноч блукалі, рушылі на новае месца. Стаім недзе ў полі. Холадна. Вецер. Запалілі вогнішчы і грэемся. Усю ноч не спаў, стараўся сагрэцца і не змог. Удзень увесь час ляталі нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Бамбілі сяло, дзе НП. Пікіруюць па некалькі, адзін за адным, скідваюць пры кожным піке па бомбе. Стаім у полі, цэлы полк, многа машын, усё на віду, адкрыта. Здзіўляюся, як нас да гэтай пары не зачапілі.

 

21 лістапада

Рушым па Любімаўцы. Дзесяткі разбітых хат, выбітыя вокны, пустыя вуліцы. Ля аднаго двара каля двух дзесяткаў забітых чырвонаармейцаў. Кажуць, палонныя, расстраляныя. Разбітыя машыны, кінутая процітанкавая гармата. Жыхары ў падвалах. Стаім на ўскрайку сяла, бо наперадзе пікіруюць бамбардзіроўшчыкі.

 

22 лістапада

6-ы месяц вайны. Усю ноч ішлі. Бясконца доўга. А прайшлі, кажуць, каля 12 кіламетраў. Стаім у нейкім закінутым хутары... Знайшоў брудны, завалены паграбок вычысціў, расклаў агонь — гэта жыллё. Спаць немагчыма, холадна. Вось прыйдуць таварышы, наб’юцца, як селядцоў у бочцы, абагрэюць адзін аднаго — будзе цёпла. Толькі калектыў здольны адолець тыя цяжкасці, што сустракаліся і будуць сустракацца на шляху. Таму і жыве такая асаблівая, франтавая цяга адзін да аднаго ў тых, хто побач, плячо ў плячо. Стойка праз усе выпрабаванні мы прайшлі з Паўлам М. разам, і я яго люблю, быццам дзяўчыну, не, болей! Калі скончыцца вайна, мы таксама будзем разам. Цікава будзе ўспомніць гэтыя, тады ўжо былыя, гады, пакуты!

 

23 лістапада

Аб жыцці. У якіх бы выпрабаваннях ні быў, я заўсёды любіў жыццё. Я заўважыў, што чым слабей туліла мяне да сябе жыццё, тым мацней я за яго трымаўся, тым больш салодкім яно здавалася мне, мяне радаваў проста-такі кожны ўдых. Мне было як шчасце бачыць любое хараство жыцця: сіняе — звычайнае — неба, палі, лугі. Я шчаслівы быў ад таго, што мог гаварыць, спяваць! Заўсёды я адужваў усе цяжкасці ў імя будучыні, у імя жыцця. Светлы вобраз будучыні быў мне ўвесь час пуцяводным агеньчыкам сярод чорнага быцця сённяшняга дня. Мары сагравалі мяне, рабілі больш бадзёрым, моцным. Мары, у якія пастаянна ўпляталіся цёплыя ўспаміны былога!

 

24 лістапада

Стаім у полі, грэемся ў саломе. Каля гармат вогнішчы. Надвор’е яснае. Увесь час самалёты. Апоўдні чаргой з бамбардзіроўшчыка параніла Новікава. Ён спаў ля гарматы, прабіла мякаць абедзвюх ног. Штаны загарэліся. Ён усё крычаў: «Гару, гару!» Дзяжуру ля кулямёта. Матора перадаў прывітанне ад Картушына.

 

26 лістапада

Пішу. У маленькай магіле-акопе. Цемнавата. Святло працінаецца праз маленькую шчыліну. Цёпла і цесна. Прыціснуўся нагамі да ног кулямётчыка Фядотава. Ён укрыўся матрацам і дрэмле, а я пішу, паклаўшы кніжку на калені. Ранішні агляд раблю. У люстэрку — зарослы шчацінай, чорны ад пылу і сажы твар. Няўжо гэта я? Шапка і шынель — у чырвонай гліне. Захлынаючыся, кашляю. Пасля вайны, калі і ўцалею, я, відаць, буду калекай, хворым. Але аб гэтым я нікому не кажу.

Фядотаў узняў галаву. «Ты ўсё дзённік? Кінь. Гэтыя дні і так ніколі не забудуцца».

 

29 лістапада

Стаім усё там жа. Немцы шалёна супраціўляюцца. Авіяцыі амаль не відаць. (Можна палюбавацца яснымі асеннімі днямі.) Але ў немцаў з’явіліся танкі. Кажуць, моцна пабілі камандны пункт 1-га дывізіёна. Гэтыя дні цягнуцца ў чаканні танкаў.

Баяцца і трывожыцца я ўжо не магу. Дзіўна, але боязі зусім няма. Сяджу спакойна ў сваім заканурку, цёпла (дзякуй — родная зямля грэе і аберагае). Па начах дзяжуру. Холадна. Але горш тое, што ў цішы неадменна выплываюць нярадасныя думкі, успаміны. Я не магу ўратавацца ад іх. Тады становіцца цяжка. Тады здаецца, што не стае цярпення далей цягнуць нярадасную, бясконцую нітку такога жыцця, няпэўную, слабую, гатовую ў любую хвіліну абарвацца. Можа, усё дарэмна. Канца не відаць. Ці блісне нарэшце ясны дзень, калі ўсё трывала стане ў свае месцы, як раней? Я столькі чакаў адказу на гэта пытанне, але мінула ўжо больш за пяць месяцаў, а ясны дзень такі ж далёкі, як і ў пачатку вайны... Менш думак, больш вытрымкі,— цярпенне, цярпенне. Ты ж салдат!

 

1 снежня

Я з нейкім задавальненнем паставіў гэтую дату — 1 снежня. Пачатак зімы. Снегу няма. Вятры дзьмуць халодныя, пранізлівыя. Ляніва круцяцца матылі снегу... Пачатак зімы. Я спадзяюся, што яна будзе паваротнаю ў ходзе вайны. Яна дапаможа нам, халодная руская зіма.

Сёння разляцелася чутка пра нашу перамогу пад Растовам. Кажуць, нашы вярнулі Растоў, узялі каля сотні танкаў, 180 гармат, каля 20 тысяч палонных. Ці 5 ці 50 тыс. забітых — цяжка зразумець колькі, таму што ўсе гавораць па-рознаму. Але агульны настрой цудоўны, усе смяюцца, строяць надзеі на хуткую перамогу.

Зноў зіхнула зыркая іскра, не ўпершыню ярка, казачна засвяцілася ўсё вакол і — спераду. Але гэта — іскра. Хутчэй прыйдзі, дзянёк, калі такіх іскраў будзе многа, калі яны сальюцца ў адзінае пераможнае, яснае зарыва.

 

2 снежня

Стаім усё там жа, але нас папярэдзілі пра тое, што хутка будзе адбой. Нуда чакання.

Паблізу знайшлі забітага байца. Непадалёк варонкі ад бомбы. Ён даўно быў забіты, ужо зацярушаны снегам. Рукі падняты, твар глядзіць угару, чысты, нібы жывы. Вочы паўзаплюшчаны, але ў іх блішчаць іскрачкі-сняжынкі. У кішэні знайшлі ліст. Жонка пісала аб тым, што дачка Люся ўвесь час чакае бацьку, што дапамогі пакуль не далі, што яна чакае. «Ці хутка?..» Не хутка. Ніколі не вернецца. Не чакайце. Мы яго закапалі ў глыбокай варонцы, навалілі на яго грудзі цяжкія глыбы мерзлай зямлі. Ніхто не ведае яго прозвішча, яго імя. Колькі такіх Невядомых ляжыць на рускіх палях,— адарваныя ад сем’яў, ад працы. Колькі горкіх слёз!.. Спяшаюся, скамандавалі адбой. Рушым далей.

 

4 снежня

Новаспасаўка. Учора мы праязджалі праз в. Крукава. Яна ўся спалена. Дамы ўсе без дахаў. Быццам фабрычныя, тырчаць абгарэлыя каміны. Пустыя вокны, чорныя сцены. Жыхароў няма, яны пакінулі вёску пад пагрозай немцаў. Мы ледзь знайшлі дамок, дзе былі цэлыя падлога і дах. Прыйшоў гаспадар, разам з намі адважыўся спаць у хаце. Было холадна, бо шыбы выбіты.. Прачнуўся ноччу з дрыжыкамі, паехалі далей. У Лысагорцы на вуліцы валяліся трупы кароў, коней. Па дарозе ўвесь час сустракалі жанчын з дзецьмі і клункамі — вярталіся дадому. У Н-Спасаўцы зайшоў абагрэцца. Гаспадыня пасадзіла за стол, запрасіла снедаць. Я быў галодны і не адмовіўся. Было няёмка за чыстым сталом за свой закураны твар і чорныя рукі. А гаспадыня апавядала аб месячным гаспадаранні немцаў.

Спрабавалі дастаць паесці, ездзілі ў нямецкую калонію. У ёй не было нікога. Усе жыхары ці эвакуіраваны, ці пайшлі разам з нямецкай арміяй. Усё забралі з сабой.

 

5 снежня

Выкапалі зямлянку. Цэлы дзень працавалі, таму што зямля прамерзла амаль на паўметра. У зямлянцы цёпла. Можна сядзець. Весела трашчыць печ. Прыемна сядзець ля яе і пісаць. Прынеслі абед. Хлеб замерз, як камень, яго сякуць шабляй. Спяшаюся паесці, рукі ў момант стынуць. Усе спяшаюцца ў зямлянку.

 

6 снежня

Нашы вядуць баі на подступах да Таганрога. Узята Куйбышава. Немцы кінулі мноства трафеяў. Мы пакуль стаім. Немец умацаваўся на зручнай вышыні. Уперад падцягваюцца рэзервы. Ідуць роты, батарэі праязджаюць. Нашы метадычна б’юць па вышыні, але тут спакойна. Пайшоў у вёску, памыцца і папарыць бялізну. Вельмі ж пачалі непакоіць насякомыя.

 

7 снежня

Я вельмі люблю песні. Калі ў ветраную халодную ноч мы паўзем па дарогах вайны, мармычу песню. Яна дапамагае пераадолець дрыжанне, яна сагравае. Калі становіцца цяжка і сумна, прыходзіць зноў песня. У песні цёплыя ласкавыя ўспаміны мінулага і светлыя надзеі будучыні. Кожная песня — успамін, агеньчык. «Тучи над городом» — і ўспамінаецца Мазыр, чыстае, шчырае каханне, ласкавыя позіркі. «Ночь светла» — гэта голас з роднай вёскі, дзе маці, бацька, маё каханне, першае каханне. Прыемна спяваць песню, ціха, цешачыся мараю, расцягваючы з асалодай словы, і думаць ціха разам... Я люблю песні за тое, што яны заўсёды са мной, як самыя верныя сябры, у самую сцюжу, на адзіноце — усюды. Што насіць салдату — яму можна мець толькі самае неабходнае, каб нішто не замінала. Песня яму не абцяжарыць плечы ў паходах, не трэба яе сцерагчы, яе ніхто не ўкрадзе, яна не згубіцца. Песня — нямногая з радасцей на вайне.

 

11 снежня

Занялі новую пазіцыю на вышыні. Зрабілі некалькі стрэлаў. Немцы некалькімі стрэламі прыстралялі нашу пазіцыю. Блізка, спераду і ззаду, ірвуцца снарады. Я капаў акоп. Раптам чую: «Санінструктара!» Аказваецца, у 9-й батарэі некага параніла. Я ўстрывожыўся, дапытваюся, аказваецца: Матору, але, кажуць,— лёгка, і ў шпіталь яго не адправяць. Ён таксама капаў і не паспеў ускочыць у акоп. Асколак выцеў, абадраў лоб. Павел паўгадзіны ляжаў непрытомным. Другі раз смерць яго шкадуе. Добра, што і далей будзем разам.

 

12 снежня

Недарэчны, няшчасны выпадак. Мой твар і правая рука абпалены. Увесь час хаджу па полі, на ветры — інакш нельга трываць жудаснага болю (гэтыя радкі пішу па памяці 7 студзеня, таму што рука не дзейнічае).

 

16 снежня

Ляжу ў санчасці. Раніцай і ўвечары — тэрмометр і перавязкі, прыпяканне перакісам марганца. Калоціць, асабліва ўвечары. Правая рука не здатная ні на што, пальцы зусім не варушацца. Я цяпер зразумеў, што значыць страціць правую руку. Я быццам інвалід, на кожным кроку адчуваю патрэбу ў чужой дапамозе. Мне смешна глядзець, як маладзенькая блакітнавокая «сястра» Оля даглядае мяне, як дзіця.

 

20 снежня

Ціха. Бялеюць у вачах прасціны, белыя адзенні хворых. Хворых — тры чалавекі. За акном павольна ідзе абоз. Ціха, кружачыся, падае снег. Там таксама бела. А недзе грыміць кананада, хмарамі рушаць войскі. Нашы ўзялі Ялец, Ціхвін, Калінін, фронт рушыць на захад. Надзеі спраўджваюцца. Светлыя мары, белыя як снег за акном, плывуць у галаве. Добра было б дажыць да перамогі. Колькі тады будзе мне работы! Ёсць аб чым расказаць, я так многа перажыў і пабачыў. Адразу пасля вайны засяду за апавяданні і аповесці, толькі б... А перамога набліжаецца.

Оля здзівілася, калі даведалася пра мой год нараджэння. Вы, кажа, па выгляду значна старэйшы — і наогул, па вашых учынках.

 

28 снежня

Выпісаўся з санчасці. Хлопцы сустрэлі радасна. «Твар зусім загаіўся. Нават прыгажэй зрабіўся — маладзей, далікатней». Я таксама радаваўся: вярнуўся ў сваю сям’ю. У мяне цяпер няма нікога, акрамя гэтай сям’і. Хіба можна іх не любіць усім сэрцам. З імі ўсё перажылі. Дык няхай жыве сёмая!

 

31 снежня

Апошні дзень 1941 года. Цяжкі ты быў, 41-ы год. Доўга будзем цябе памятаць. Але канчаешся ты, вяселячы надзеяй. Фронт рушыў на захад, туды, дзе мае родныя пакутуюць, дзе мая родная Беларусь. Які вялікі шлях паміж першай тваёй лічбай і апошняй. Мірнае жыццё ў Турцы — пачатак, і зямлянкі, зацярушаныя снегам, сярод поля — канец. Я аднаго хачу, каб у новым годзе гэты шлях паўтарыўся, пачынаючы з канца. Ад зямлянак у полі да мірнай працы ў Мінску, гордым і непераможным.

 

1942 год. 1 студзеня

Пачаўся новы год. У гонар такой урачыстасці нам выдалі падарункі ад рабочых Баку. У зямлянцы сядзелі Смоквін, Лугавы, сувязісты. Гусараў увесь час глядзеў на гадзіннік. Без 5-ці ў 12 мы выйшлі. Была ясная марозная ноч. Блішчаў месяц. Рыпеў снег пад нагамі. Роўна ў 12 мы далі залп. Некалькі хвілін справа і злева, далёка і блізка, гаварыла артылерыя. Потым падышлі спачатку Гусараў, а пасля іншыя таварышы, пажадалі шчасця, усе разышліся, але я доўга не спаў, успамінаючы сяброў. Гадаў, дзе яны ў гэтую ноч. І многіх не мог уявіць. Згубіў з імі ўсякую сувязь. Тры такія ночы — тры гады — не быў з імі. Але ўсюды, дзе б вы ні былі, сябры, я зычу вам шчасця ў гэтую ноч. Веру, што мы ўсё ж сустрэнемся яшчэ.

 

2 студзеня

Перадалі, што ўзяты Арол. Калі так будзем ісці і далей, то ў канцы лютага я змагу паслаць паштоўку ў Глінішча.

Прынеслі газеты. Чытаем на двары. Халодны вецер круціць снежны пыл. Ля гармат ходзяць толькі вартавыя. Усе астатнія сядзяць у зямлянцы, вылазячы толькі па крайняй неабходнасці. Тады вецер заносіць снег у зямлянку.

 

4 студзеня

Выклікаў камісар. Папярэдзіў, што ўвечары знімемся з пазіцый, будзе цяжкі і, відаць, доўгі шлях. Больш нічога невядома. Трэба падрыхтаваць людзей да паходу. Анучы высушыць, сабраць усё, злажыць на месцы. Каб усё было напагатове.

 

5 студзеня

Увесь час з учарашняга вечара да 3-х гадзін сённяшняга дня ішлі. Надвор’е жудаснае. Увесь час паўночны вецер біў у твар. Вочы забівае снегам. Стыне твар. У некаторых твары з цёмнымі плямамі абмарожання. Ісці цяжка. Дарога ў многіх месцах засыпана снегам глыбока. Байцы ўвесь час перапытваюць, ці далёка яшчэ. Але ніхто не ведае. А мы ўсё ідзем і ідзем. Наперадзе зачарнелі дамы. Мільгнула надзея, можа,— прывал, але не, мы няспынна цягнемся наперад. Сесці на гармату, адпачыць нельга, мароз адразу скоўвае ногі. Толькі ўдзень калона спынілася. Сяло наперадзе праз восем кіламетраў. Камісар з групай пайшоў у разведку. Стаім. Мерзнем больш ранейшага. Лепш ужо ісці. Робімся танцорамі нехаця. Хтосьці дастаў кавалак цвёрдага, як цагліна, хлеба. Адразу ўзнікае чарга. З учарашняга абеду мы нічога не елі. Камісар вярнуўся без вынікаў. Зварочваем назад, потым убок. Потым яшчэ пакутлівыя пяць кіламетраў з двума хутарамі, якія забіты ваеннымі і якія мы вымушаны абмінуць — і вось, нарэшце, мы ў хаце. Халаднавата. Усе прыладжваюцца бліжэй да пліты. Але яшчэ горш мучыць голад. Абед будзе не хутка. Загадваюць класціся спаць, таму што адразу, як толькі прыйдзе запраўка, рушым. Хутчэй спаць.

 

6 студзеня

Вечарам дабраліся да шахты Алмазная. Горача натоплены вугалем маленькі пакойчык. Нарэшце трапілася магчымасць спакойна адпачыць. Двое сутак зусім не спалі. Праз 5 кіламетраў станцыя, шлях закончаны.

 

7 студзеня

Аказваецца, маршрут прадоўжаны. У Ровеньках няма пагрузачных платформ. Паедзем на Лобаўку, яшчэ 15 кіламетраў. За Ровенькамі дарогі занесены снегам. Трактары грузнуць. Загадалі спыніцца — кіламетр ад сяла, выставіць ахову, а астатняму саставу ісці спаць у вёску.

 

9 студзеня

Лобаўка. Тут пачалі адбудоўваць заваленую шахту. Многіх шахцёраў вярнулі з арміі. Учора, я бачыў, збіраўся партыйны сход. Хутка шахта будзе працаваць. Сёння першы дзень заняткаў у школе. Але наглядных дапаможнікаў няма, падручнікаў мала. Магазіны ў большасці яшчэ без вокан, клуб забіты дошкамі. Усё ж жыццё патроху пачынае ажываць.

Аказваецца, грузіцца будзем на наступнай станцыі. Хутка паедзем туды.

 

10 студзеня

Шчотава. Пагрузіліся. Куды паедзем — невядома. Праўда, мяне гэта мала цікавіць: відаць, звычка.

 

11 студзеня

Паўзем па дарозе. Доўга стаім на станцыях. За суткі прайшлі 30 кіламетраў. Ровенькі.

 

13 студзеня

Другія суткі стаім у Радакава. Увесь час праходзяць міма эшалоны, гружаныя танкамі, гарматамі, цяплушкі з людзьмі. Ідуць і ідуць эшалоны на фронт. На станцыі тоўпяцца людзі. Плакаты: «Все в помощь фронту!» У залах цёмна і пуста. Буфет не працуе. Магазін чарнее разбітымі вокнамі. Схаваўшы пад палой буханку хлеба, крадком праходзіць ля эшалона жанчына. Мяняе на пачак махоркі. Жанчыны расчышчаюць пуць. Мы ў тыле. Зноў пачынаюць патроху «падціскаць». Увечары, вярнуўшыся з нарады, палітрук патрабуе, каб усе хадзілі падцягнутыя, запраўленыя, забараніў выходзіць з вагона без дазволу старэйшага па вагону. Здорава пападае за «мат», які ўжо «працвітае». Гэта добра, народ вельмі ж ужо распусціўся.

 

14 студзеня

Закінуты раз’езд, згублены ў шырокіх снежных прасторах. Вечарэе. Байцы зноў пачалі нудзіцца аднастайнасцю шляху, доўгімі стаянкамі. Усё радзей прыпадаюць да вокан. Кожны стараецца заняцца чым-небудзь. У Заічанка самае дарагое, відаць, альбом з фатаграфіямі. Можа, у соты раз ён павольна гартае яго, падоўгу ўглядваецца, расказвае. Пажылыя па старой звычцы гаспадараць, у рэчмяшках усё перакладваюць — рушнік, яшчэ, мусіць, жончыны, дамашнія шкарпэткі. Многія заняты «пытаннем харчавання». Дымяць кацялкі на печы. Потым п’юць чай, часта без цукру, таму што чаяпіцце паўтараецца некалькі разоў на працягу дня, і цукру не хапае. Вечна хто-небудзь жуе. Гусараў чытае... Жыгалава просяць расказаць казку. У мяне ўцеха-дзённік. Чым ён мне дарагі! У цяжкія хвіліны яму я давяраў свае запаветныя мары і думкі, якія не маглі зразумець лепшыя сябры. З ім у хвіліны адзіноты я шчыра гаварыў і, быццам сябра, слухаў яго. Не песціць нас жыццё, мала ўцех прыносіць яно нам, дзённік — у ліку іх. Ён разрастаецца падрабязнасцямі, цяпер не цікавымі, гэта — для заўтрашніх дзён... Цяжка растлумачыць усё гэта. Атрымліваецца неяк блытана, бязладна. Пасля як-небудзь абдумаем, збяромся з думкамі.

 

15 студзеня

У ранішнім тумане прайшоў міма Варашылаўград. Аднапавярховыя, невялікія дамочкі, голыя дрэвы. Гэта — знаёмае — нечым кранула глыбіні сэрца. Стаім на Кандрашоўскай. Станіца Луганская засталася недзе ззаду, у цемры. Цяпер ноч.

 

16 студзеня

Ззаду Валуйкі. Наперадзе — Купянск. Стаім на нейкім паўстанку. За станцыйнымі будынкамі сцяной устаў сасновы бор. Сасонкі, абцярушаных снегам, маўклівыя, задуменныя! Сэрца заняло ад аднаго выгляду іх. Шэсць месяцаў валтузіліся мы на бязлесных прасторах Украіны. Мусіць, адчуванне гэта падобна на адчуванне марака, доўгі час адарванага ад роднага мора. Увесь час па баках дарогі цягнуцца лясы. Я быццам прыліп да акна.

 

19 студзеня

Купянск — сартавальная. Хутка выгрузка. Марозы стаяць жахлівыя. Мы амаль усе ў ботах. Боты да ўсяго летняй падгонкі, цесныя. У многіх ногі абкручаны адной анучай. Баявая задача — абматаць боты зверху. На гэта спатрэбіліся старыя шынялі, ватныя курткі, кабель. Выгляд у такім касалапым абутку невайсковы, але затое цяплей.

Скончыўся тытунь. Сказалі, пакуль не прыбудзем на месца, не будзе. Прадуктаў не хапае... Варта толькі закурыць каму папяроску, як з усіх бакоў чуваць: «мне дваццаць», «мне дзесяць». Папяроска ходзіць па ўсяму вагону — кожнаму па зацяжцы. Лесныху сказалі, што яго шукае зямляк. Пасля першага слова сержант спытаў: «Зямляк, тытунь ёсць?» Далей зайшла размова пра родныя мясціны, але яна не ладзілася — не было махры.

 

20 студзеня

Лісічанск. Выгружаемся. Проста з платформ рушым на фронт. Так сказаў камбат. Апошняя надзея на кароткатэрміновы адпачынак, на лазню ў хлопцаў знікла. Павінен быць начны паход у Серабранку, кіламетраў трыццаць.

 

21 студзеня

Начавалі на паўдарозе. Атрымалі хлеб на ўвесь дзень. Позна ўночы, гадзіны ў тры, паднялі абедаць. Абед добры, макаронны. Значыць, справа наладзілася, кухня забяспечана. Але гэта не ўсё. Цяжкасці на кожным кроку. Не паспелі выехаць з вёскі, дзе начавалі, як трактар Заічанкі стаў. Усе старанні завесці матор не далі нічога. Давялося пакінуць другую гармату. Першая гармата пайшла наперад. Трактар давялося вяртаць праз 15 кіламетраў назад. Так даводзіцца рухацца ўвесь час. Трактар, матор якога стаў, мабыць, кінем, адхадзіў свой тэрмін, усю Украіну прайшоў.

 

22 студзеня

8-ы месяц вайны. Нас увесь час ганяюць нямецкія бамбардзіроўшчыкі. На працягу некалькіх кіламетраў засыпаюць нашы калоны бомбамі. А калоны ўсё ідуць і ідуць. Вёска і станцыя Яма.

 

24 студзеня

Нашы войскі прарвалі абарончую лінію немцаў на Калінінскім фронце. А мы пакуль стаім усё там жа. Пастрэльваем патроху — і ўсё. Надвор’е на дварэ жахлівае. Замяло дарогі. Вецер кідае ў твар пякучыя крупінкі снегу, твар пячэ мароз. Але ў зямлянцы цёпла. Трашчыць самаробная, з бляшанкі, печ. Полымя кідае чырвоныя водбліскі на байцоў, што стоўпіліся ля печы. У такі час можна пачуць многа казак, анекдотаў, успамінаў, жартаў — самых разнастайных. Шкода — няма дзе запісваць, а ўсё забываецца. Вось разведчык Пяцін расказвае пра тое, як малым украў на пасёлку мёд. Потым яны баяліся расплаты і некалькі сутак жылі ў лесе, не ішлі ў школу. Іх знайшоў пчаляр. «Вы бралі мёд».— «Не, мы не бралі».— «Прызнайцеся, я ж бачыў, як вы з брацікам ішлі і елі».— «Не, мы, дзядзька, не елі».— «А чаго ў вас губы ў мёдзе?» Маленькі Пяцін панурыўшыся маўчаў. «Вы не бойцеся. Вы толькі аддайце рамкі». Пяцін прывёў да таго месца, дзе валяліся рамкі. Пчаляр пайшоў, а Пяцін вярнуўся дадому. Малодшы брацік застаўся — біць будзе бацька. Але бацька не біў Пяціна. «Ідзі пазаві Шурку, сёння ў нас будзе кіно — пойдзем разам». Вярнуўся і другі віноўнік. Потым хадзілі ў кіно. «Чаго ж вы не ішлі дадому?» — «Баяліся, што біць будзеш».— «Не буду, толькі ў другі раз не рабіце гэтага».— «Не будзем, тата!»

Прыносяць абед. Падвешваецца абрывак кабеля. Мігае бледнае полымя. Тады змаўкае ўсе — усе заняты. А потым просяць мяне прачытаць газету. «Пісьмо таварышу аб жыцці і смерці». «Так, вельмі хочацца жыць, прыціснуць да шорсткага шыняля кучаравую галоўку дачкі. Убачыць нашу перамогу». Ці аб тым, як Даніла паміраў. На дварэ цямнее. «Выставіць назіральнікаў!» Адчыняецца палатка ля ўвахода — выходзіць назіральнік. У палатку сыплецца снег, клубамі коціцца пара. Потым спяць, толькі адзін-два сядзяць ля агню, падкідваюць ламачча, абаграваюцца з марозу, сушаць анучы ці шукаюць насякомых. Горш за ўсё даводзіцца пры пераездах, пакуль не выкапана зямлянка, а ў зямлянцы — рай.

 

28 студзеня

Другія суткі ідзем. Дарогі замяло снегам. Жанчыны расчышчаюць лапатамі дарогу. Трактар цягне снегаачышчальнік. З драўлянымі лапатамі ланцужком ідуць байцы. Усё дарэмна. Дарогі замятае снегам. Толькі трактары ды павозкі праходзяць. На дарогах, да паловы засыпаныя, стаяць грузавікі. Шафёр расклаў агонь, грэецца. Пагана ісці ў такое надвор’е. Ногі грузнуць у снезе, слізгаюць. Трэба ісці сцяжынкай. Але мы стаміліся, хістаемся, ногі ступаюць не туды, убок. Сіл няма ісці прама. Дарэмна наперадзе вочы шукаюць сяло — усё снег ды снег, ды тэлеграфныя слупы.

 

31 студзеня

Стомленыя, дабраліся да сяла Чырвоны Ліман. Хочацца ў першую ж хату заваліць. Хтосьці жартуе: «Гэта хата незайздросная, але затое варэнікамі пахне, і ў ёй паліцца». Кухня пайшла наперад, мы не снедалі, а час ужо абедаць. Добра б зараз пагрэцца і паесці! Утрох уваходзім у хату. Усе разыходзяцца па два, па тры. Уваходзім з надзеяй... Аднак памаўчым аб ёй. Паліцца пліта — пагрэемся. Але паесці... У таварышаў плітка канцэнтрату — адна на траіх, у кішэні ні сухарыка. Што ж, хоць гэтым падсілкуемся. Гаспадыня скардзіцца на цяжкае становішча, а мы разуваемся, пасушыць анучы. Бот зняў, а ануча не вылазіць, прымерзла, прамокла. Гаспадыня бядуе над намі, а я стараюся прыкрыць ногі шкарпэткамі. Ногі мае ўжо даўно патрабуюць лазні. Прыхоўваю бялізну. Бянтэжуся. Таварыш, смеючыся, гаворыць пра тое, з якім задавальненнем ён памыў учора галаву. Хто не быў у акопах, не валяўся месяцамі ў гразі, той не зразумее мяне... Сёрбаем гарохавы суп. Гаспадыня моўчкі глядзіць. «Чаму без сухароў?» Мы маўчым. Яна частуе сухарамі. Потым расказвае: «Учора былі ў мяне два начальнікі. Бялізна, як сценка. Прыйшлі і кажуць: ты не кладзі нас на падлозе, а на ложку. Потым прынеслі кілаграмы два каўбасы (тоўстай), булачак, бялейшых за маю сцяну, масла. Гэтыя вось жывуць! Ім вайна — што прагулка. Я аднаму кажу: «Вы, мусіць, равеснік майму сыну. Вам 20 год». А ён: «Мне 29». Канечне, так жывучы, не састарышся». Як шкода, што на нашай шыі ёсць такія паразіты, бадзяюцца па тылах, аб’ядаюць краіну, не даючы ёй карысці. Яны, як вошы, былі пры войнах заўсёды, і ў гэту вайну не вывеліся. На фронт бы іх, у акопы.

 

6 лютага

Адолелі цяжкі саракакіламетровы шлях ад Чырвонага Лімана да Нованікалаеўкі. Трэба далей ісці — няма на чым. Адну гармату праз снежныя гурбы ледзь дацягнулі да сяла. Другая гармата засела на дарозе. Прыйшлося пасылаць трактар. Потым трактар пайшоў за кухняй. Назад ён не вярнуўся. Добра, што непадалёк ад вёскі заглух. Трактарыст Заічанка прыйшоў цёмнай ноччу адзін, без трактара, другі трактарыст застаўся вартаваць. Паслалі трактар, каб выцягнуць кухню і трактар. Заічанка сядзіць ля пліткі, грэецца і кажа: «Я ж казаў. Хіба можна доўга так ганяць трактары. Такой нагрузкі ні адзін трактар не вытрымае. Ірвеш, ірвеш над сілу. За такую работу ў другой абстаноўцы судзілі б». Так, трактарыстам у нас дастаецца больш за ўсіх. Вось і заўтра на 40-градусным марозе Заічанка і Кручкоў будуць цэлы дзень корпацца ў халодным трактары, абмарожваць пальцы, лаяцца, праклінаючы і мароз, і трактар. Калі трываць не стане змогі, прыйдуць, абагрэюцца ля пліткі, пасварацца, каб адлягло на сэрцы, і пойдуць зноў і абавязкова зробяць усё, «вылечаць» трактар! Так яны рабілі не раз. Сустрэўшы разбіты трактар, здымаюць неабходныя часткі. Заічанка дзесятак серг беражэ ў запасе. Рамантаваць даводзілася і даводзіцца вельмі часта. На старых разбітых трактарах яны вядуць нашы гарматы па ўсіх дарогах, пакуль не выціснуць з машын сваіх апошнія сілы... Дык вось, стаім у Нованікалаеўцы, у цеснаце, напаўгалодныя. Усе дарогі замецены, лютуе завіруха, цісне мароз. Пайшлі павозкі за прадуктамі. А пяхота па сумётах прабіраецца наперад, у снежную замець, у самы цяжкі час, ноччу падкрадваецца да сяла, дзе немцы.

 

8 лютага

Так што сёння зампалітруку Мележу Івану Паўлавічу 21 год. Тры гады з іх прайшлі ў арміі. Трэцюю гадавіну святкую я ў шэрым шынялі, з туга зацягнутым поясам, сярод падобных да мяне. Далёка, ледзь чутны перажыванні светлага юнацтва і кахання, пахаваны мары аб вучобе. Залатое юнацтва, ты ўжо ззаду. Жыццё сурова сцябае. Сёння ў мяне таго юнацтва няма, ёсць толькі грозная, цяжкая, франтавая... як бы гэта назваць — сталасць, ці што? Я на жыццё гляджу проста, я далёкі ад тугі, расчараванняў. Я не смяюся бесклапотна (як раней), але і не бядую, такая ўраўнаважанасць, я заўважыў, характэрна для дарослых і, асабліва, для вопытных, якія сербанулі з мора жыцця, людзей. Такі быў Картушын, такі будзе хутка Гусараў... Той з равеснікаў, хто вытрымае гэту буру, не зламаецца, няхай выгнецца, але выпрастаецца горда,— той будзе моцны.

Чым парадуе мяне гэты дзянёк? Дзіўна, з нейкім вострым адчуваннем я адзначаў падзеі сённяшняга дня. Дробязі, на якія я звычайна не звяртаў увагі, учэпліваліся ў памяць. Усё нібы вылучала гэты дзень з іншых. Ноччу падзьмуў моцны веснавы вецер, глуха шумеў, стукаў аканіцамі. Удзень раставаў снег, ледзяшы капалі з дахаў, веснавая млявая пяшчота ўсялілася ў хлопцаў. Дыхнула вясна. (Чырвонаармеец на двары, разаслаўшы дзяружку, выбіраў зерне са старых сланечнікаў. «Першы верабей»,— пажартаваў нехта.) Прыйшоў старшына з весткай, што прыбылі хлеб, мяса і гарэлка. Дзве падводы яшчэ засталіся на базе, так што харчовае пытанне вырашаецца добра. Вырашылі памыць байцоў. Ужо грэюць ваду. Дасталі два тазы, вядро, нагрэлі пакой у пуставаўшай школе — вось і лазня. Шкода, дэзкамеры няма. Увечары, захапіўшы пару чыстай бялізны, я пайшоў у лазню, але памыцца не ўдалося. Пасыльны-баец вызваў да камбата, а Раманаў загадаў збіраць рэчы і адпраўляцца ў штаб дывізіёна. Ён ведае толькі, што пасылаюць на курсы палітсаставу, больш я нічога не змог дабіцца. Напісалі характарыстыку, доўгую і гучную. Развітаўся і больш не вяртаўся. Праз гадзіну мы крочылі ўтрох, па снежнай зыбкай дарозе, у начной халоднай цемры, узрушаныя, асабліва мае таварышы. Недзе ззаду ўскінулася полымя і праз некалькі хвілін — разрыў.

— Бывай, фронт, амаль восем месяцаў хадзілі мы па табе, жартавалі са смерцю і трывалі нягоды.

— Бывай, можа, не хутка сустрэнемся.

Сябры без упынку гаварылі — то баяліся, што не прымуць, то меркавалі, дзе будуць і колькі часу працягнуцца курсы. Паабяцалі адзін аднаму «там» быць «землякамі», дапамагаць адзін аднаму. Я больш маўчаў і думаў аб тым, ці будзе шчаслівы гэты дзень, ці здружымся мы з новымі таварышамі, чым парадуе нас новае, амаль забытае жыццё. Усё роўна, зараз выбару няма — вучыцца ці не вучыцца — вайна закрыла ўсе далягляды. Там, за даляглядам, ёсць светлая будучыня, але да яе шлях праз вайну. Я ніколі не марыў пра вайсковую кар’еру, а зараз буду вайсковым. Іншага шляху няма.

Так што, ішлі салдаты з фронту. Заначуем у першай вёсачцы, а заўтра далей у дарогу.

 

11 лютага

Усе мінулыя дні пайшлі на пераходы са штаба ў штаб. Сёння хаджэнні гэтыя скончаны, мы ўзялі кірунак на станцыю. Пакуль сёння будзе прывал у Чырвоным Лімане. Мы спрытна ўчапіліся ў машыну і прыкацілі ў сяло.

Маленькае адступленне. Многае ў маёй кніжцы ўпушчана, але больш за ўсё я лаю сябе за тое, што мала пісаў пра таварышаў, аддаў вялікую ўвагу ўласным думкам і перажыванням. Некалькі слоў пра маіх новых спадарожнікаў.

Нас трое. Нікіценка, Гаркуноў, я. Наша сям’я будзе моцнай, калі мы будзем дзяліць нягоды і радасці пароўну, дапамагаць адзін аднаму. Трэба, каб кожны з нашай сям’і меў што-небудзь карыснае адзін ад аднаго, каб быў упэўнены, што жыць у калектыве лягчэй, лепш, чым у адзіночку. Так думаў я, сустрэўшы гэтых таварышаў. З першых дзён, аднак, пачаўся разнабой у дзеяннях, які ў далейшым узмацніўся і прывёў да таго, што жыць сумесным жыццём нам стала цяжка. Гаркуноў вельмі цяжка пераносіў нягоды. Калі мы ехалі ў аўтамашыне, ён увесь час скардзіўся, што ногі замерзлі «чартоўскі», і прапанаваў злезці з машыны. Мы абавязкова павінны былі спяшацца. У мяне ногі мерзлі не менш, але я прапанаваў ехаць далей. На прывалах ён не ўдзельнічаў у агульнай працы, яго трэба было даглядаць. Калі трэба было спяшацца, каб не адстаць ад таварышаў, ён, не шкадуючы, марудзіў, мы адставалі. Паспрабавалі па-сяброўску растлумачыць, але ён і слухаць не хацеў. Так трэшчына пашыралася. Што добрага ў ім? Ён дасціпны хлопец. Першае ўражанне ад яго вельмі добрае. Вось прыклады яго апавяданняў:

— Камандзір палка ў нас страшэнна лаецца. Але калі ўбачыць, што лаецца баец, ён крычыць: «Ты ведаеш, што ў палку маюць права лаяцца толькі я і мой шафёр» і інш.

Апавядае ён, захапляючыся сам, і вобразы ў яго атрымліваюцца жывыя.

— На браневіку ехаў голы хлопец, калі мы былі ў акружэнні. На назе доўгая рана, кроў заліла нагу, кроў на твары, афарбавала аўтамабіль. А ў акружэнні была справа. І вось урачы разгубіліся, не хочуць браць, кажуць, няма куды. Тады лейтэнант — рускі хлопец — прыгразіў: калі не возьмеце на лячэнне, вашу машыну пушчу ў паветра. Урач бачыў, што тут не жартуюць, і ўзяў... Больш за ўсё я не люблю ўрачоў і сабак. Сабакі кусаюцца, а гэтыя памагаюць паміраць. І г. д.

З ім я магу падзяліцца думкамі, хлопец ён разумны, дапытлівы і развіты. Зусім іншае Нікіценка. Веды яго неглыбокія, ён не надта ўдумлівы, думак сваіх мала, паўтарае іншымі сказанае ці падтаквае нам. Гэта пры тым, што ў жыцці ён, відаць, пабачыў нямала: працаваў змалку шахцёрам, потым — у арміі. Затое ён добры таварыш, ён дапаможа заўсёды, вынослівы, вытрыманы. Пакуль усё.

 

12 лютага

Дабраліся да Крамяной, у кузаве выпадкова «падкінуўшага» нас грузавіка мы забраліся пад брызент і з задавальненнем праімчалі шлях да станцыі. Марозы стаяць пякучыя, злыя. Вецер. Снегу няма.

 

16 лютага

Зноў Варашылаўград. На такі невялікі адрэзак дарогі мы патрацілі трое сутак. 13-га апоўдні пагрузіліся на Крамяной. Праз тры пралёты (25 км) высадзіліся. Далей паязды не ідуць, шлях перарэзаны немцамі. Ад Пераезднай да Сенцян (каля 20 км) дабіраліся пешкі і машынамі. Апоўначы — пасадка ў Сенцянах. Вагоны таварныя. Забіты пасажырамі. У наш вайсковы вагон раней за нас набілася нейкіх жанчын. Цесна да таго, што сесці нельга, хаця б на падлогу (лавак не было). Праз 20 км перасадка, зноў чатыры гадзіны чакання. Вакзал заняла нейкая часць. Мы забраліся ў прыёмную ваеннага каменданта і там паспалі трохі. Яшчэ некалькі дзесяткаў кіламетраў — Радакава. Раніца. Поезд у 2 гадзіны. Адпачываем у выпадковай знаёмай — спадарожніцы па вагоне. Каля самага Варашылаўграда стаялі, пуць заняты,— да чаго дарогі загружаны! 15-га прыбылі ў Варашылаўград. Многія «пасажыры» едуць на прыступках. Раскладу паяздоў няма. Транспарт загружаны страшэнна. У Варашылаўградзе вырашылі пабыць дзянёк, адпачыць, пацешыць сябе. Раніцай бадзяліся па горадзе, па магазінах, сталовых, глядзелі кінафільмы. Нарэшце збавіўся ад ненавіснага свербу, памыўся ў лазні і бялізну прадэгазаваў. Адчуваем сябе добра. Пасля фронту радуемся кожнай дробязі. Ідзеш па вуліцы сярод спакойных твараў — і радасна, проста радасна, без прычыны. Заходзіш у сталовую, сядаеш за стол з белым абрусам — на сэрцы лёгка і весела. Чытаю «Горький об искусстве».

 

17 лютага

Ніяк не ідзе з галавы думка пра дзяўчыну, што сустрэў у вагоне. Мы спачатку жартавалі з ёй, пыталіся, куды едзе, адкуль. Дзяўчына нам не адказвала. Потым мы пачалі між сабой успамінаць франтавыя эпізоды. Яна слухала. Раптам, нібы выпадкова, выняла ваенны білет. Чаму білет — зацікавіла нас. Яна сказала, што хутка паедзе на фронт, медсястра. Мяне парадавала, што яна добра глядзіць на жыццё. Яна разумела, як цяжка на фронце. Такія будуць моцнымі. Аказваецца, працавала ўжо ў шпіталі. Выратавала некалькі раненых. Раненаму хацелі адрэзаць руку, яна сказала яму — каб не дазваляў — і вылечыла... Неяк у гутарцы яна сказала, што вайсковым не верыць, яны ашукваюць. Яна амаль мае рацыю. Насумаваўшыся па дзяўчатах на фронце, многія з нас кідаюцца да першай, хто трапіцца, а трапляюцца тыя, хто сам шукае; таму лёгка здраджваюць ім. Добра, я застаўся «нягрэшным», але мне не раз хацелася дружбы добрай, сумленнай дзяўчыны, сэрца прасіла ласкі. У Мілерава яна сышла. І быццам нечага не хапала, сумна. Лаю сябе, чаму не папрасіў адрас, трэба было сказаць, што яна добрая, каб і далей была такой.

 

20 лютага

Мы ў Каменску. У школе пакуль не былі. Мінулую ноч амаль не спалі, хочацца спаць. Акрамя таго, трэба азнаёміцца з горадам, пакуль ёсць магчымасць. Але ў горад не хадзілі, праспалі ўвесь дзень.

 

24 лютага

Усё яшчэ не пачалі нармальных заняткаў. Фармальна заняткі праводзяцца, але бессістэмна, без плана,— каб курсанты не «нудзіліся». Камандзір узвода, камандзіры аддзяленняў з нашых жа хлопцаў, франтавікі. Адносіны ў нас сяброўскія, свабодныя. Падбор курсантаў у асноўным добры. Асабліва падабаюцца мне Губанаў, Гныпель, Тарабан, Осіпаў, Сахно. Першая тройка з аднаго палка. У дарозе яны супольна забяспечвалі сябе прадуктамі, супольна разведвалі становішча на станцыях і абмяркоўвалі яго. Жывуць яны і тут дружна, робяць усё сумесна... Першыя дні ў Каменску нудзімся. Былі ў ДКА і ў кіно. А ў астатні час расказваем адзін аднаму франтавыя эпізоды, спрачаемся аб самых розных пытаннях. Сёння Гныпель і Тарабан спрачаюцца пра розніцу паміж прастытуцыяй і распустай, прыводзячы розныя прыклады. У горад — толькі па звальніцельных. Мяне і Смірнова ледзь было не павялі да каменданта за тое, што не прывіталі нейкага са «шпалай»... Словам, «старое пачынаецца зноў».

 

1 сакавіка

На вуліцы — вясна. Удзень прыгравае сонца, растае снег. Па вуліцы бягуць ручайкі, і сонца веснавое плешчацца ў іх, як дзіця. Але ноччу яшчэ трымаюцца маразы. Раніцай зямля цвёрдая, звініць, як чыгун.

Заўтра пачынаюцца планавыя заняткі. Увесь мінулы час нас ганялі з аднаго аддзялення ў другое, з аднаго ўзвода ў другі, некалькі разоў мянялі пакоі і вінтоўкі. Сёння ў нас за камандзіра аддзялення Осіпаў. Ён прыйшоў з нарады ў камандзіра роты. Выпраўка, знешні выгляд, прывітанні, дакладнае выкананне загадаў камандзіраў аддзяленняў і ўзводаў. Вось словы, якіх найбольш у яго інфармацыі. Пасля фронту нам гэта здаецца непатрэбным, штучным. Я думаю пра форму нашых адносін. На фронце, у баявой, гарачай працы, гэтыя адносіны прасцей, шчырэй, натуральней, чалавечней. «Вінаватае» ў гэтым, відаць, само франтавое жыццё, дзе камандзір любіць байца за дапамогу, смеласць, адданасць, а баец камандзіра за кіраванне, розум, чуласць. Франтавое жыццё не церпіць фармалістаў, самадураў, яны на фронце ці перавыхоўваюцца, ці маладушнічаюць, ператвараючыся ў нікчэмныя стварэнні. А тут глеба вельмі ўраджайная на бюракратаў, бяздушных фармалістаў і інш. І гэтае пустазелле не праполваецца, нават, наадварот, клімат ім спрыяе. Я гутарыў з палітруком, пазнаёміўся з камандзірамі, і мне здаецца, што вучоба можа пайсці ў атмасферы дружбы, шчырасці, свядомай дысцыпліны. Дыхаць будзе лёгка, хоць работы наперадзе многа.

Некалькі эпізодаў з учарашняга дня. Назначылі камандзірам аддзялення Смірнова («белая шапка»). Смірноў праводзіў заняткі па страявой. «Хлопцы, давайце пап’ём бражкі». Павёў аддзяленне ў горад. «А ці не засыплемся мы?» — нехта непакоіцца. «Я камандзір, я адказваю»,— смяецца: «Хе-хе». Прывёў, выстраіў аддзяленне ў чаргу. Папілі, прыйшлі пад канец заняткаў. На страявой, калі вучыліся вітаць, ён скамандаваў: «Смірна, раўненне налева!», а злева — жанчына. Сам засмяяўся сваім асаблівым, шчырым смехам — хе-хе. Так заўсёды — весела з ім жыць, вучыцца. Так лягчэй справа ідзе, спарней. Калі хто чужы падыдзе — як «секанём» страявым, любата!

Ага, забыў. Хлопцы вырашылі па-ранейшаму між сабой быць на ты, статуту прытрымлівацца толькі ў прысутнасці начальства.

 

8 сакавіка

Вось зноў мы сталі студэнтамі. Пад падушкамі ў нас кніжачкі, розныя статуты і «наставления». Спім на ложках, засланых беласнежнымі прасцінамі. У пакоях па-дамашняму ўтульна і цёпла. У класах часта разгараюцца дыскусіі — гарачыя, хвалюючыя. Здаецца, чаму б не быць спакойным. Але і тут часта ўспамінаецца фронт, дзе засталіся мае сябры, дзе хутка буду я. Па начах сняцца бамбардзіроўшчыкі, аўтаматчыкі. Подых далёкага фронту чуваць і тут. Па рэйках няспынна спяшаюцца эшалоны — з танкамі, са снарадамі, з ваеннымі людзьмі, а назад — пасажырскія вагоны з крыжамі. Цяпер пакуль стаяць марозы, выпаў снег, хрупае пад нагамі. А дні бягуць, бягуць. Пралятаюць, як паязды, толькі лёгкі ўспамін застаецца; сціхаюць, бы стук адышоўшага эшалона. З пад’ёму да адбою — заняткі. Раніцай 4 гадзіны — тактыка, вучаць атакаваць. Потым палітпадрыхтоўка, статуты. Да канца дня выматаешся да рэшты. Мне яшчэ далі партработу роты — сакратар. Выпусцілі газету, «баявыя лісткі», агітатары працуюць, спаборніцтва разгортваем. Работы многа, тым больш, што ўсё гэта трэба рабіць у перапынках між заняткаў.

З фронту мала добрых вестак. Нашы ідуць наперад, але вельмі марудна. Ціхае жыццё зноў і зноў нараджае ўспаміны пра Глінішчы, пра родных, пра каханне. Я часта забываюся на занятках, гадаю, што робіцца ў гэты час на маёй далёкай радзіме. Што робіць маці, ці дома бацька, браты? Сёння прысніўся цудоўны сон, нібы еду я па Алексічах. Свята. Еду — і назад, як кветкі, праносяцца прыбраныя дзяўчаты. Адну пазнаў — Каця! «Гэй, чарнабровая»,— крыкнуў я і раптам анямеў: гэта не Каця. Потым снілася Алеся — родная, мілая, быццам мы сядзім ля плятня. Цэлы дзень хаджу сам не свой. Адчуванне такое, нібы толькі што сустрэў яе сапраўды, такая ж цеплыня ў сэрцы. Ці хутка ўбачымся? Узяў звальніцельную. Са мной Гныпель, Губанаў, Смірноў, Тарабан. Пайду пахаджу па горадзе, у кіно пойдзем.

 

20 сакавіка

Цяпер гадзін дзесяць раніцы. Таварышы мае на занятках, у полі. Я застаўся, прывёў у парадак пратаколы бюро, склаў план работы.

Сяджу ў сваім пакойчыку і пішу. А за акном зноў сыпле густы, як снежаньскі, снег, засцілае вуліцы, дахі дамоў.

Даўно я не заглядваў на твае старонкі, мой верны спадарожнік. Але я не вінаваты, проста часу вольнага мала, па цэлых днях бегаю па ўзводах. Учора правёў партактыў, пазаўчора сход, заўтра трэба правесці бюро. Работы наперадзе непачаты край. Ва ўзводах пачасцелі выпадкі парушэння дысцыпліны, памножылася колькасць адстаючых курсантаў. Некаторыя з таварышаў кепска выконваюць даручэнні. Трэба ўзяцца мацней за нядбайных, дапамагчы адстаючым. Надзялюеў, палітрук наш, учора мяне ўпікнуў — у цябе добрае сэрца, шкадуеш. Гэта праўда, я шкадаваў. Я лічыў, што нашых хлопцаў, камуністаў, не трэба падганяць у вучобе, што да іх непатрэбны нейкія дысцыплінарныя меры, я вучыў, тлумачыў. Аказваецца, для некаторых маіх таварышаў адных тлумачэнняў мала. Адным словам, трэба падцягваць і сябе і людзей. Калі тут застанецца расхлябанасць, то яна будзе і на фронце, прывядзе да гібелі многіх, давераных людзей. Калі камуніст ставіцца безадказна да абавязкаў сваіх тут, то і на фронце, у цяжкіх абставінах, будзе тое ж, і нават больш. Таму трэба будзе за некаторых курсантаў узяцца і «прабаніць» іх як належыць.

А прыйдзецца нам прайсці праз моцную навальніцу. Падае на дварэ сняжок, з фронту пішуць аб тым, што нічога істотнага не здарылася. Але гэта не цішыня, гэта зацішша, зацішша перад навальніцай! Вось растане снег, зазелянеюць палі — вышэй пойдзе сонца. Тады грымне бура! Тысячы тысяч узброеных да зубоў людзей счэпяцца ў смяротнай стычцы. І многія тысячы лягуць назаўсёды ў зямлю. Некаторыя з нас у апошні раз убачаць сонца, можа быць, ужо ў маі. Ляцяць дні — усё бліжэй навальніца.

Гэта будзе наш апошні і рашаючы.

Пазаўчора мы атрымалі падарункі. Калі дайшла чарга да мяне, Шышкін падарунка не выдаў, выклікаў да сябе. Калі ўсе разышліся, ён выцягнуў пакунак з рускай белай. Падарунак ад сталінградцаў. Такі падарунак дастаўся толькі мне, многія ўздыхалі аб ім. Утрох — Гныпель, Губанаў і я — у маім пакойчыку мы выпілі за здароўе дарагіх сталінградцаў. У пасылцы былі яблыкі, пячэнне, тытунь, шкарпэткі. Усяму я бясконца ўдзячны. Шкода, адраса не было, падзякаваў бы. Піражкі спякла чыясьці маці. Такія некалі прысылала мне маці, калі я вучыўся ў Хойніках. Можа, пасылаючы іх, яна таксама думала пра сваіх сыноў, якія на фронце.

У выхадны дзень быў у кіно з дзяўчынай. Пасля кіно не праводзіў яе, не спадабалася. Гныпель падстрэльвае за яе сяброўкай, Тарабан — за другой, хоць пры нас смяецца з яе. Звалі мяне да знаёмай па кіно — не пайшоў. Не магу хадзіць, калі не люблю, не магу заляцацца без прыхільнасці. А сэрца, як сухая бяроза, такое чуйнае да агню — паднясі агонь — і загарыцца ў адзін момант. Агню, пагрэцца і памучыцца, хоць бы на хвіліну, пакуль мы ў горадзе! Сэрца тужыць.

 

26 сакавіка

Учора таварышы пайшлі ў гарнізонную варту. Сёння каменданцкі нагляд з нашых хлопцаў. Смяюцца, расказваюць, як заварочвалі ў камендатуру без звальніцельных. Многія паехалі кудысьці за горад, у стэп, ахоўваць склады. Словам, сёння засталіся толькі «начальнікі» (камузводаў), пісары, ды тыя, хто павінен пайсці ў нарад заўтра. А палове дзесятай зрабілі адбой, у шэсць, павольна, падняліся, адзеліся, прыбралі ў пакоях. Даўно забытае адчуванне няспешнасці, спакойнага шчасця. На сэрцы неяк па-святочнаму светла і ціха. А на дварэ зіхціць сонца. Учора быў мароз, а сёння азёры вады на вуліцах.

Да Выстаўкіна пазаўчора прыехала жонка. Яго адпусцілі на ноч, да 7 гадзін раніцы, у горад, да яе. Штодзённа, калі строем ідзем з заняткаў у полі, хто-небудзь сустракае з кашолкай у руцэ, шукае вачыма. Хлопцы смяюцца: «Зноў да некага шчасце прыляцела».

А мне нават лісточка няма. Напісаў у Маскву Яўц. Паўл., Паўлу паслаў. Прайшло больш за месяц, а адказу няма. Я часта спадзяюся, прыйшоўшы з заняткаў, атрымаць ліст, але яго няма і няма. Саседка — шахцёр з Новашахцінска, на занятках неяк, спытаўшы, ці няма ў мяне брата, сказаў, што ў Новашахцінску вучыўся ў Р. В. мой аднафамілец. Па прыкметах, якія ён мне перадаў, гэта, падобна — Косцік. Калі немцы ўзялі Растоў, вучылішча распусцілі, і хлопец той трапіў на акопныя работы. Потым яго мабілізавалі, прапанавалі пайсці са спецыяльным заданнем у тыл. Ён адмовіўся, сказаў — высокі для такой аперацыі. Гэта было ў снежні. Пасля гэтага яны рассталіся. Дзе ён цяпер — Саседка не ведае.

 

2 красавіка

Надвор'е ўсе гэтыя дні жахлівае. Хмарнае, панылае неба. Гразь на вуліцах. Вецер, ад якога калоціць, які пранізвае, як казаў нехта сёння, да касцей. Вось такі ж і настрой. Атрымаў, нарэшце, кароткі ліст ад Паўла. Адкуль піша, як жыве — нічога невядома. Прасіў адно рэкамендацыю ў партыю. Напісаў і паслаў. У гэтым чалавеку я ўпэўнены так, як у сабе. Гэты сціплы, ціхі хлопец — вельмі сумленны, вытрыманы. Моцны чалавек. Недарма я яго паважаю. З Масквы па-ранейшаму нічога не пішуць. Можа, ад гэтага тая гарката, што шчыміць у сэрцы. З дому таксама нічога не чуваць. Дзіўна, раней на фронце аб гэтым я мала думаў, а цяпер гэта проста нясцерпна. Ноччу сніцца тое, аб чым думалася ўдзень... Нічога невядома. Самае дарагое мне — цёмнае, як асенняя ноч. Я напісаў Яўц. Паўл. аб тым, каб ён паспрабаваў праз эвакуацыйнае бюро даведацца, дзе сем’і Бельскага, Касабуцкага. Я амаль упэўнены, што яны на савецкай тэрыторыі.

Ужо пачынае стварацца «чамаданны настрой». Красніцкі чытаў прыкладныя пытанні на экзаменах. Хутка май, хутка зноў фронт. Павел пісаў, добра было б, каб я зноў вярнуўся ў свой полк. Так, гэта было б цудоўна. Пакуль невядома, што чакае наперадзе. Толькі надзеі салодкія, сумныя, трывожныя...

Цяжка з дысцыплінай. Асабліва Гаркуноў — лаецца трохпавярховым матам, самавольна ўцякае з заняткаў. Штодзень пра яго пішуць «баявыя лісткі», газеты. На яго гэта мала дзейнічае. Ён, вядома, выключэнне, а такіх, як Сахно, многа. Сахно — добры, дысцыплінаваны курсант, але расхлябанасць нейкая адчуваецца і ў яго, ва ўчынках, у рабоце. Неяк у гутарцы ён мне сказаў: «Чорт пабяры, калі мы тут не павесялімся трохі, то што на фронце». Ён сказаў шчыра, як заўсёды. Мне здаецца, што няхай многія пра гэта не кажуць, але яны таксама так думаюць. Хочацца адпачыць маральна, фізічна. Вось таму цяжка падцягнуць.

Учора я з цікавасцю назіраў, як Надзялюеў нешта вылічваў на паперы. Яго арыфметыка мяне зацікавіла. Аказалася, ён вылічваў, колькі да канца года вайны. Вылічыў — 80 дзён. Праз 80 дзён будзе гадавіна вайны! Колькі змен прынёс гэты год! Колькі нарадзіў ён у сэрцах людзей нянавісці да нахлынуўшых зграй. Колькі чыстай нашай крыві ён увабраў, колькі слёз. Гэты год доўга будзе палохаць сваім страшным прывідам людзей, якія да таго часу змятуць банду. Шчаслівы той, хто не будзе ведаць гэтага кашмару.

 

10 красавіка

Надвор’е стаіць веснавое. Зіхціць яснае сонца. З поўдня дзьме свежы пругкі вецер. Хутка сохнуць дарожкі. Шаша ўжо па-летняму сухая і радасная. Па вуліцах бясконца, не спяшаючыся ад марозу, ходзяць людзі. Ва ўсім веснавая ўсмешка і млоснае адчуванне цяпла. На бульвары пад голымі дрэвамі сядзяць парачкі. Як востра адчуваецца ў такія дні радасць жыцця, хочацца жыць і жыць. Усё часцей і часцей курсанты заводзяць размовы пра выпуск. Перадаюць чуткі аб тым, што тэрмін вучобы прадоўжаны на 8 дзён. Гаркуноў лаецца: хутчэй бы на фронт. А хлопцы мяркуюць пра будучую работу. Хто хоча ў артылерыю, хто ў аўтароты, кожны спадзяецца (стараючыся пераканаць сябе), што работа дастанецца па сэрцу. Расказваюць адзін аднаму пра тое, што з курсантамі папярэдняга выпуску гутарылі, пыталіся пра жаданне. Кажуць, што Сталін загадаў усіх сярэдніх камандзіраў накіроўваць па спецыяльнасці...

Я таксама часта стараюся ўгадаць, дзе мне прыйдзецца рабіць справы. Аднойчы на бюро я мімаволі ўявіў, нібы мы сядзім у рэдакцыі і выкладчыкі — гэта супрацоўнікі газеты. Гэта мая мара. Усе сілы аддаў бы любімай справе, усяго сябе, гарэў бы на рабоце. Але мара мая ахутана сырым і халодным туманам.

Людзі хутка адвыкаюць ад вайны. Спакойна ідзе жыццё, мы сталі бесклапотней. Калі прыйдзем на фронт, давядзецца яшчэ раз абстрэльвацца. Я таксама распесціўся. А палове адзінаццатай кладуся пад мяккую прасціну, і ноччу ўставаць — пісаць сваё — не хочацца. Раніцай, калі чырвоныя праменні сонца адзначаюцца на сцяне, хочацца паляжаць яшчэ... Не час цяпер песціцца. Трэба франтавую суровую загартоўку трымаць.

Наперадзе чакаюць баі. Добра сказаў Эрэнбург — «веснавое раўнадзенства», у чый бок перацягне сіла. Гэтай вясной павінна вырашыцца канчаткова — калі скончыцца вайна, калі Германія не перацягне, калі ініцыятыва па-ранейшаму будзе ў нашых руках, мы будзем гаспадарамі вайны. Зімой мы іх даб’ем. Гадзіна ўсё будзе рабіць для таго, каб выкруціцца жыць. Суровыя выпрабаванні рыхтуюць нам вясна і лета. А надвор’е такое ласкавае, і так ясна, па-дзіцячаму зіхціць сонца.

 

20 красавіка

Прайшло больш за палавіну вясны. Ужо на дварэ цяплей, чым у пакоі апоўдні. Мы прыслухоўваемся да подыху франтавога жыцця. Радыё паведамляе, што на фронце нічога істотнага не адбылося. А побач паведамленні аб тым, што знішчана на адным участку больш за паўтары тысячы немцаў. Часам колькасць знішчаных за дзень самалётаў дасягае сотні. На фронце цяпер, вядома, гарачыя дзянёчкі. З лістоў, што прыйшлі сюды з фронту, мы даведаліся аб нямецкім наступленні ў раёне Дэбальцава. Цяжка давялося, ледзь утрымалі, але затое ўсё поле ўслалі нямецкімі трупамі. Таму я веру словам палоннага, які сказаў, што шуміха пра веснавое наступленне выклікае ў іх толькі трывогу. Яны ведаюць цяпер, у што абыходзіцца кожны крок наперад.

З мінулага выпуску многіх нашых хлопцаў ужо раніла. Ёсць забітыя. Аб гэтым пісалі таварышам. Якая туманная далеч наперадзе, нічога не ўбачыш.

Адно я цвёрда ведаю — нас не перамогуць. Такую вялікую і храбрую армію, якая поўна рашучасці і настойлівасці, нельга перамагчы. Цікавыя дні перажывае заграніца. У Англіі і Амерыцы ўсё больш кажуць пра адкрыццё другога фронту. Капітуляцыя Петэна — яшчэ напальвае становішча. Што гэта будзе?

Хутка мы раз’едземся. За мінулы час мы прывыклі адзін да аднаго, пасябравалі. З кім будзем потым дзяліць франтавыя трывогі, успамінаць пра гэтыя дні?

Мне падабаецца наша камандаванне тут. Больш за ўсіх любяць у нас Красніцкага. Ён ведае дарогі да сэрца. З курсантамі ён гаворыць заўсёды ў сяброўскім, часта жартаўлівым тоне. У рабоце ён чулы, далікатны, спагадлівы. Раіўся ён многа і са мной, і з хлопцамі. З думкамі нашымі заўсёды лічыцца, сам дапамагае парадамі. Самае добрае ў яго тое, што ён, калі і папракае байца, то з нейкай лагоднай мяккасцю. Папракаючы, падбадзёрыць, падвяселіць. У горад адпускае больш за ўсіх, няхай пацешацца, пакуль на курсах. Ніколі не крычыць, а цярпліва расказвае. Наогул, я адчуваю сябе добра і з іншымі камандзірамі.

Работа ў нас ідзе дружна — «узаемадзеянне» добрае. Надзялюеў заўсёды ідзе насустрач, дае прастор, ёсць дзе разгарнуць плечы. Ёсць у яго адна вельмі добрая рыса: гаварыць заўсёды адкрыта, шчыра. Ён заўсёды дае дакладныя адказы. З Шышкіным адносіны ў нас таксама сталі самыя добрыя. Ва ўсякім разе, я адчуваю, што ён мяне цяпер цэніць, паважае. У прыклад Марозава, як гэта было спачатку, ён мне цяпер не ставіць. Працуем дружна, і справа ў нас кіпіць.

 

21 красавіка

У выхадны дзень я ўзяў звальніцельную ў горад. Хадзіў па вуліцах з таварышамі. Хутка гэта ўсё надакучыла. Мы стаялі на беразе Данца, які разліўся больш за кіламетр у шырыню. Рака затапіла цэлую вуліцу горада, а на процілеглым беразе станіцу. Людзі з хаты ў хату пераязджалі на лодках, як у Венецыі. На беразе сабраўся натоўп разявак. Потым мы зноў хадзілі па горадзе, часу было многа, і мы не ведалі, куды яго змарнаваць. У горадзе ніводнага знаёмага, няма куды падацца павесяліцца. Сумна, калі няма сяброў. Старыя засталіся ў Хойніках ці на фронце, а новых мы ў горадзе не набылі. Дні баявога жыцця выхавалі ў нас асабліва моцнае імкненне да дружбы. Я вельмі рэдка сяджу ў сябе ў пакоі адзін, цягне ў гушчу таварышаў. Таварыш — гэта друг і брат, бацька і маці, сястра і каханая. З кім дзяліўся б сваімі думкамі, калі б не было таварышаў і дружбы. Толькі вось — таварышы хутка расстаюцца, сыходзяць, губляюцца ў віхуры падзей. Добра б адшукаць іх ды расказаць пра ўсё, пра што перадумаў і чым перахварэў. Але дзе там, не знайсці іх цяпер, па ўсім свеце разышліся!

Седзячы над гэтай кніжкай, я таксама часта думаю аб родных сваіх. Калі мяне не стане, хай бы гэтыя радкі дайшлі да іх, каб яны не мучыліся невядомасцю майго лёсу. Амаль год я нічога не атрымліваў ад іх. Маці, мусіць, ужо даўно пахавала мяне. Хай бы прачыталі ёй пра ўсё і хай бы яна была такою ж спакойнай, як я, ідучы па франтавой дарозе.

 

30 красавіка

Сёння канчаецца красавік. Заўтра будзе ўжо май. Пачатак месяца хвалюючых пачуццяў і загадкавага заўтра. Ён нас развязе з курсаў, пабывае з намі ў рэзерве, правядзе нас на баявыя справы.

Заўтра Першае мая. У горадзе вывешаны сцягі, але звычайнага перадсвяточнага настрою няма. У суровых абставінах святкуем мы 1 Мая 1942 года. Сябры ў акопах адзначаць свята, дадуць салют і будуць расказваць пра 1 Мая 1941, 1940, 1930 гадоў — мілыя ўспаміны. Родныя, мусіць, успомняць таксама пра 1 Мая ранейшых гадоў і, мабыць, паплачуць — такі нярадасны Першамай 1942 года. Глыбока ён урэжацца ў памяць, як адно з самых невясёлых свят. Але затое Першамай 1943 года яны адсвяткуюць весела, нікога не баючыся, адчуваючы радасць вызвалення. Савецкія арміі ўжо ўступілі на родную зямлю, у раёне Суража. Да Віцебска толькі 45 кіламетраў. Усё бліжэй светлы дзень падыходзіць.

Заўтра будзе рабочы дзень. Хутка пачнуцца экзамены. Такім чынам, праз некалькі дзён этап вучобы скончыцца.

 

4 мая

Учора прачытаў, што родны 269-ы артылерыйскі перайменаваны ў 70-ы гвардзейскі. Гаркуноў ходзіць горды, расказвае тысячы гісторый пра Дзядова, пра Пешыкава, пра дзядоўцаў. Да хлопцаў ён звяртаецца з жартаўлівай пагардай, кажа: «Што вы? Вы — нуль! Вось я — гвардыя». З гэтага часу — нам дарога ў гвардзейскую артылерыю. Можа, пападзём у наш 70?

Мне напісалі вельмі пахвальную атэстацыю: працуючы сакратаром партбюро 2-й роты, з работай спраўляўся добра, палітычна развіты добра, у баі паводзіў сябе мужна і смела, можна выкарыстаць на рабоце рэдактарам дывізіённай газеты. Заўтра экзамен.

 

6 мая

З усім пакончана. Разлічыўся з тактыкай і агнявой. Здаў партыйныя справы, пратаколы. Нуда, калі не ведаеш, чым засмуціцца, аб чым патрывожыцца, да чаго прыкласці рукі. Трошкі сумна, трошкі, таму што глыбока сумаваць я развучыўся даўно. Пайду пабадзяюся па горадзе. Не для таго, каб знайсці сяброўку — цяпер позна, а проста каб не шчыміла сэрца назойлівая туга.

Заўтра выпускны вечар.

 

Кніжка другая. НА ФРОНЦЕ. У ШПІТАЛЯХ

 

9 мая 1942 г.— 23 верасня 1942 г.

9 мая

Апошнія гадзіны ў Каменску. У адзінаццаць раніцы мы паедзем. Усё гатова да ад’езду. У маім пакойчыку сумна. Ложак голы, кнігі раскіданы; усё неабходнае складзена ў рэчмяшок. Запіскі падраны, дробныя шматкі іх валяюцца ля этажэркі. Бывай, Каменск! Добрыя ўспаміны павязу я на фронт пра цябе — пра твае сонечныя вуліцы, пра Данец, пра маіх сяброў... Смірноў, Саседка, Кірычэнка, Выстаўкін паехалі дамоў — у адпачынак...

На станцыю прыйшлі пасля другога званка. Не паспелі сесці — поезд крануўся. Я паціснуў руку Красніцкаму і на хаду ўскочыў на падножку. Адыходзяць назад Спартак, Красніцкі,— махаючы рукамі,— станцыя, склады. Вось ужо за акном праплывае стэп, сіні ля гарызонта, срабрыстая гладзь Данца, белыя дамкі на тым беразе. Колькі разоў я, бывала, любаваўся імі! Цяпер я ў апошні раз гляджу на іх, і сэрца сціскае ад гэтай думкі. Вось у першым акне праплывае поле, дзе праходзілі заняткі па тактыцы...

Бывай, Каменск! Поезд усё далей і далей нясе нас на захад.

 

10 мая

Варашылаўград. Мы ў адным узводзе — Гарадзецкі, Пацянкоў, Сцяпанаў, Гаркуноў, Кулакоў. Наша рэзідэнцыя — «Стандартны гарадок». Мы з Гаркуновым спім на адным ложку.

 

12 мая

Учора адправілі Паўла Вушава і Цыганкова. Павел абяцаў паведаміць свой адрас Надзялюеву,— каб той перадаў мне. На развітанне я пажадаў яму — і сабе — сустрэцца ў роднай Беларусі. Ці давядзецца? Як гэта было б цудоўна!

Ці хутка мая чарга? Хутчэй бы на фронт!

 

15 мая

З фронту паведамляюць — пачалося наступленне нашых войск на Харкаўскім напрамку. Ля гучнагаварыцелей на вуліцы збіраюцца натоўпы, узрушана абмяркоўваюць зводку. «У Керчы цяжка».— «Затое на Харкаўскім справы ідуць цудоўна!» — «Да, гэта не мінулы год!» Нехта задуменна прамовіў: «Пачалося!» Так, пачалося. Пачалася веснавая схватка, не на жыццё — на смерць. Запомнім, гэта — пачатак.

...Мы жывем па-ранейшаму. У шэсць устаем, збіраемся на паверку, удзень бадзяемся па горадзе. У 10 вечара ўсё змаўкае. Хадзіць увечары забаронена. Толькі патрулі крочаць па вуліцах ды пражэктар рассякае, бы нажом, цемнату неба.

 

16 мая

Гутарыў з Ільёй Фр.1. Рэдакцыя месціцца на ўскраіне горада, у несамавітым, амаль сялянскім дамку. Мы сядзелі на дворыку, на тоўстым бервяне і гутарылі — на хвалюючыя літаратурныя тэмы. Даўно ні адна гаворка не цешыла так мяне, як гэтая. І. Ф. прасіў прыслаць два мае вершы. Прышлю, але пазней, пакуль пачакаю.

 

17 мая

Глядзеў «Машаньку». Калі пасля абеду чакаў пастаноўкі «Запарожац за Дунаем», паведамілі, што заўтра мяне адправяць. Пасля другога акта я выйшаў з тэатра, не вытрымаў, пабег у канцылярыю. Там нікога не было, і я нічога не даведаўся.

 

18 мая

Раніцай выстраілі нас — вялікую групу. Аб’явілі: у 11 гадзін явіцца з рэчамі для адпраўкі. Хутка паснедаў і — збіраць рэчы.

Як звычайна перад ад’ездам, абходзілі з лісткамі і атэстатамі незнаёмых раней начальнікаў, стаялі ў чарзе за іх подпісамі. Потым развіталіся з таварышамі, драмалі ў цені дрэў, чакаючы пастраення. Нарэшце загад строіцца, падзел на групы. Я ў групе 19 — артылерысты. Грузавік імчыць нас па горадзе — шумліваму, з тэатрамі, з магазінамі, з натоўпамі прыбраных жанчын. На цягнік спазніліся, начуем у горадзе.

 

20 мая

Зноў Чырвоны Ліман. Таксама, як і раней, з-за ракі, з боку Маякаў, прылятаюць нямецкія снарады. Учора ўночы некалькі снарадаў упала ў цэнтры, у гарадскім садзе. На вуліцах — чэргі ля магазінаў, жанчыны ў прывабным майскім адзенні. Цяпер Ліман па-майску ззяе сонцам. Яго шматлікія вуліцы тонуць у зеляніне. Вокны расчынены, у іх плыве шум маладых бярозак. Я быў у доме, дзе мы, дзядоўцы, начавалі пасля пераезду з-пад Растова. Гаспадыня сказала, што таварышы мае паехалі адсюль усяго які месяц назад, доўга стаялі побач — у Бандышаве. Цяпер яны далёка. Прыслалі ліст, у кутку паведамілі, што стаяць у Краснапаўлаўцы — за 70 кіламетраў ад Харкава. Усе жывыя, акрамя аднаго, які загінуў ад бамбёжкі — гэта ў штабной. Вось усё, што яна ведала.

Франтавікі паведамілі нядобрыя весткі. Становішча вельмі трывожнае. За два дні, з 17 мая, нечаканым, моцным ударам немцы выбілі нашы войскі з іх пазіцый і адцяснілі на левы бераг Данца. Хрысцішча, Голая Даліна, Чаркаскае, Адамаўка, Багародзічна і іншыя сёлы, за якія мы столькі пралілі крыві ў зімніх баях, зноў заняты немцамі. Адышлі нашы войскі і ў раёне Славянска. Немец працягвае цясніць нашы часці. Б. пакінута намі. Баі ідуць на подступах да Ізюма. Усё гэта чуткі, але яны ўпарта паўтараюцца і прымушаюць верыць у іх. Падобна на тое, што і мой сямідзесяты ўдзельнічаў у баях на харкаўскім напрамку. І, відаць, як ні горка верыць,— застаўся ў акружэнні. У кальцы... Кажуць, што такіх бязлітасных баёў, як гэтыя, даўно не бачылі. За 40 км было відаць безупыннае зарыва артылерыйскіх разрываў, яно пачалося ў 1 гадзіну ночы і не знікала да світання. Самалёты пікіравалі на нашы войскі вялікімі групамі.

Гэтыя баі паказалі, што барацьба будзе лютая. І ўсё ж я ўпэўнены — тое, што было ўлетку мінулага года, прайшло і больш ніколі не вернецца.

 

21 мая

Адпачываем у садку ў Навасёлаўцы. Над намі гамоняць вішні, гайдаюць галіны, пакрытыя кволым белым цветам. Вецер зрывае пялёсткі, і над намі круціць чароўная белая завея. Лёгкія пялёсткі-матылькі кладуцца на нашы твары, на гімнасцёркі, на разасланыя шынялі. Над садам высока сінее неба, ласкава кудлаціць валасы ветрык,— так і хочацца засмяяцца. Як добра жыць! І такое адчуванне ўсюды — у зялёных палях, у ажыўшых лясах. Я ніколі не забуду гэту зялёную трывожную вясну, здаецца, ніколі не любіў я так жыццё!

 

22 мая

Дванаццаты месяц вайны. У першыя дні казалі: такая разбуральная вайна можа цягнуцца толькі адзін-два месяцы. Аднак вось пасля 11 месяцаў мы бачым: вайна не толькі не ідзе на спад, а робіцца ўсё больш бязлітаснай. Вораг гатовы пайсці на ўсё, толькі не на капітуляцыю. Прывід паражэння яго, прывід расплаты за яго злачынствы ўсё больш выразна акрэсліваецца перад ім. Але забойца здатны на ўсё, толькі б утрымацца на краі бездані. Ён загіне, але загіне не адзін, у сваім імкненні панаваць ён пастараецца пацягнуць з сабой усё, што можа. Як камень, што сарваўся з гары. Многія з нас — каменьчыкі гэтай гары — нашай радзімы — стануць ахвярамі. Вайна будзе доўгай, непрымірымай, кровапралітнай. Вайна на смерць за жыццё, вайна да таго часу, пакуль рукі маюць сілу, а вочы бачаць зямлю.

Жывём у лесе. Размясціліся ў цені густых хвой на жоўтых іголках. Між дрэў пад палаткамі стукаюць машынкі, на чамаданах, складзеных як сталы, сядзяць штабісты. Здалёк даносіцца вурчанне батарэй. Пахне смалой, уверсе шуміць вецер.

 

25 мая

Чырвоны Шахцёр. 18 кіламетраў вышэй Ізюма. Вёсачка стаіць на Данцы. На гэтым баку, у сяле — нашы, на тым беразе, на вышыні — немцы. Некалі людзі ездзілі туды на работу. Спакойна пераязджалі цераз мост, у стэп. Цяпер маста няма. Па рацэ ідзе лінія фронту. У лесе ля ракі сядзяць нашы і ловяць немцаў на мушку. Адтуль, заўважыўшы рух на нашым баку, адгукаюцца мінамёты. На гародах за хатамі працуюць жанчыны. Тут часта рвуцца снарады, забіваюць, але жанкі працуюць, хавацца няма часу, вясна канчаецца.

Жыццё на перадавой ідзе знешне звычайна: па чарзе — з асцярогай — ля платоў гоняць жывёлу ў лес, закрываюць вокны з выбітымі шыбамі, робяць на агародах. Сёння сёмуха. Калісьці ў гэты дзень ставілі дрэвы пад вокнамі, бялілі хаты. Цяпер хаты чорныя, сцены патрэскаліся ад разрываў, чорныя вокны забіты дошкамі. Цяпер не да весялосці, немец блізка, як бы не прарваўся сюды. Людзі жывуць у трывожным чаканні. Фронт ужо быў тут, увосень, але ў студзені яго далёка адвялі. Тады ўсе былі ўпэўнены, што вораг не вернецца — столькі нашых танкаў прайшло ў той бок. І вось зноў нашы восьмы дзень трымаюць абарону на Данцы.

Тут трэці дзень мы ў камандзіроўцы. Цёмнымі начамі перапраўляем зброю, машыны, павозкі, што былі пакінуты на тым баку пры пераправе цераз Данец. Падышоўшы да Данца, нашы артылерысты білі прамой наводкай, але таго берага не аддалі. Давалі перапраўляцца іншым. Пераправы ішлі пад няспынным абстрэлам і бамбёжкамі. Ішлі кровапралітныя баі. Цяпер у асноўным усё перапраўлена, артылерыя вядзе агонь з гэтага берага.

 

31 мая

Атрымаў прызначэнне. На шляху да месца працы заначаваў у сяле. Тут пазнаёміўся з фельчарам. Сівы, няголены, ён сядзеў у маленькім пакойчыку, што быў цяпер амбулаторыяй. Прасторны будынак былой амбулаторыі занялі вайскоўцы, і ён ужо амаль паўгода туліцца тут. У пакойчыку ложак ды пліта з кацялком. У кацялку кіпіць вада. Фельчар гатуе вячэру. Медыкаменты раскладзены на вокнах і на століку, на якім таксама ляжыць сшытак запісу хворых. Ён мне расказаў сваю гісторыю. Трыццаць год працуе фельчарам, дзесяць год бязвыезна ў гэтым сяле. Прывык, зрадніўся. Цяпер дні ідуць у трывозе, ён з надзеяй услухоўваецца ў гул батарэй. Калі нашы не стрымаюць, ён пойдзе з Чырвонай Арміяй. Нялёгка гэта слабому старому, але ён пойдзе. Немцы збіраліся расстраляць яго за лячэнне партызан у 18-м годзе, яны цяпер таксама не даруюць. Сям’ю ён адправіў у роднае сяло, а сам жыве адзін. Прымае хворых.

Пасля аднаго гарачага бою, калі ішло многа раненых, ён вывесіў сцяжок з чырвоным крыжам. Двое бяссонных сутак ён памагаў раненым, перавязаў 106 чалавек. Адзін з раненых падарыў гэты кацялок. Ён усё перагледзеў, падрыхтаваўся да горшага. Сабраў самае неабходнае, яно павінна ўмясціцца ў партфелі. З гэтым ён забярэ самае дарагое — пісьмы. Ён возьме іх з сабой, як памяць пра сваю шматгадовую працу.

 

2 чэрвеня

У газетах паведамленні аб цяжкіх баях на нашым Ізюм-Барвенкаўскім напрамку. Паведамляецца, што 28 мая былі збіты 62 нямецкія самалёты, 29-га — 94. Апублікавана агульнае паведамленне — «Аб баях на Харкаўскім напрамку». Паведамляецца, што немцы рыхтавалі наступленне пад Растовам, для гэтага яны сканцэнтравалі 30 пяхотных і 6 танкавых дывізій, а таксама іншыя часці. Каб папярэдзіць гэтае наступленне, нашы пачалі наступленне пад Харкавам, прычым, Харкаў мы браць не збіраліся.

Баі ішлі каля двух тыдняў, і цяпер задача, якую мы паставілі, выканана. Немцы страцілі не менш 90 тысяч забітымі, 540 танкаў, 1500 гармат, 200 самалётаў. Мы страцілі 75 тысяч чалавек, з іх забітымі — 5 тыс. Прапалі без вестак — 70 тыс. чал.

Немцы, гаворыцца ў паведамленні, са свайго боку падаюць яшчэ большыя, фантастычныя лічбы забітых і палонных, захопленай тэхнікі. Я ўсё думаю пра гэтыя — семдзесят тысяч прапаўшых без вестак. Ці няма сярод іх і маіх таварышаў? Ці не мог апынуцца сярод іх і я, калі б не быў на курсах?

 

3 чэрвеня

Я на месцы, у рэдакцыі. Начальнік мой — сакратар рэдакцыі Галецкі. Ён тут ужо даўно, але да сённяшняга дня быў у камандзіроўцы, ездзіў за папаўненнем. Пазнаёміўся таксама з работнікамі друкарні: Любімскі, Мая, Вайншток, Харашаеў. У склад рэдакцыі «ўваходзіць» таксама палатка з архівамі газет, у якой мы спім. Вось і ўсё. Рэдактара няма. Друкарні няма. Газета не выходзіць. Усё гэта мы павінны чакаць. Гэта нас хвалюе. Каб хутчэй...

Яшчэ ў дарозе гаваркі Вайншток расказваў пра сябе і таварышаў. На ўсім шляху да рэдакцыі — сем км — ён уводзіў мяне ў курс падзей. Я даведаўся, што друкарня загінула ў грозныя майскія дні. Машына стаяла ў сяле. У самым пачатку наступлення нямецкія бамбардзіроўшчыкі прайшліся па тылах. Адна з бомб падпаліла машыну. Асколкам бомбы быў цяжка паранены ў спіну сакратар рэдакцыі Спірын. Па дарозе ў шпіталь ён памёр. Машыны згарэлі, з імі пайшла агнём уся маёмасць, што ў іх была. У наступны дзень быў ранены рэдактар Трахтэнберг. У дом, дзе ён на той час быў, трапіла тэрмітная бомба. Адзежа на ім загарэлася, ён выбег з дому ў агні. Потым ён ляжаў — чорны, да непазнавальнасці абгарэлы. Адправілі ў шпіталь у безнадзейным стане. Майго папярэдніка — літработніка — задоўга да гэтых падзей паслалі на курсы. Такім чынам, склад рэдакцыі амаль цалкам новы. Няма пакуль рэдактара. Газета, мяркуючы па архівах, была нядрэннай, лепшай за многія армейскія. Думаю, у нас будзе не горшая.

 

4 чэрвеня

Сустрэў таварыша, туркаўскага працаўніка, Вінаградава. Ён цяпер таксама малодшы палітрук і працуе сакратаром камсамольскага бюро палка. Успомнілі «аб баях-пажарышчах, аб сябрах-таварышах».

 

5 чэрвеня

Быў у артылерыстаў-чырванасцяжнікаў. Якія цудоўныя хлопцы! У дні 17—18 яны рабілі проста цуды. Вось адзін з іх — беларус, сціплы чыгуначнік з Віцебска Балтрушэвіч. На яго напала вялікая група нямецкіх аўтаматчыкаў. Ён засеў у бліндажы і застрэліў з карабіна аднаго фашыста. Потым геройскі трымаўся ў акружаным акопе. Яны кінулі гранату. Няўдала. Яна не трапіла ў шчыліну, а разарвалася перад ёй, абсыпаўшы байца пяском. Другая граната пацэліла проста ў акоп. Ён схапіў гатовую разарвацца гранату і выкінуў да немцаў. Трое фашыстаў было разарвана сваёй жа гранатай. Потым артылерыст вырашыў наступаць. Ён зарадзіў гранату і кінуў у кусты, што акружалі бліндаж. Вызначыўшы па гуку аўтаматных стрэлаў, дзе сабраліся фашысты, кінуў процітанкавую гранату. Немцы з лямантам разбегліся. Тады наш хлопец-камсамолец Балтрушэвіч выбраўся з бліндажа і вывеў з сабой маладога, неабстралянага таварыша. Было нямала такіх подзвігаў, калі пад агнём аўтаматчыкаў-немцаў ездавыя ўрываліся на пазіцыі і, зачапіўшы гармату, імчаліся да сваіх. Некаторыя за гэта заплацілі жыццём.

Пісаць можна многа, добра. Толькі, каб — друкарню. Галецкі паехаў «стукаць» аб ёй.

 

8 чэрвеня

Ура! Прыйшла тэлеграма: выслаць людзей па друкарню. Паслалі Галецкага. Мы засталіся і ўвесь час спрачаемся — дадуць ці не дадуць.

 

11 чэрвеня

Еду следам за Галецкім з шафёрамі і бензінам. У кузаве абвявае ласкавы ветрык, па баках праходзяць шырокія палі, зялёныя вёсачкі. Зноў Чырвоны Ліман, Крамяная. Едзем уздоўж лініі фронту. Калі імчым па дарозе на А., абрысы высокага, крутога лясістага берага на тым баку Данца такія яркія і выразныя, што здзіўляешся, чаму яны маўкліва праводзяць нашу машыну. (Успамінаю, як ля Дняпра мы падбівалі на тым беразе машыны і нават матацыклы!) У лесе там нешта гарыць. На вуліцах Ч. Лімана па-ранейшаму рвуцца снарады. Аднак чыгунка ў Лімане працуе. Станцыя, прыгожая станцыя разбурана, але ў начной цемры, крадучыся, употай прыходзяць і адыходзяць цягнікі на Дробышава, Святагорск. Цягнікі (эшалоны) часам трапляюць пад агонь: на тым беразе немцам, мусіць, чутны іх шум... Адсюль добра відаць помнік Арцёму — высокая, магутная фігура над кручай берага,— яна ўзнімаецца над дрэвамі. Унізе ля берага славутыя купалы Святагорскага манастыра. Там — немцы. А тут — у Святагорскім санаторыі — нашы. Мімаволі хочацца ўсміхнуцца, калі ўспомніш, што Данец у гэтым месцы быў даволі шумным: тут з песнямі і смехам каталіся адпачываючыя. Хто, пабываўшы ў Святагорску, не прывёз дамоў фотакарткі — лодка на беразе Д., у ёй гаспадар у лёгкім, белым касцюмчыку, а ўдалечыні, на тым беразе — абрысы манастыра.

Начуем у Рубежным.

 

12 чэрвеня

Ззаду засталіся Лісічанск, Верны, Ірміна, Серго, Варашылаўск, Міхайлаўскае, многа вёсак, хутароў. З імі прайшлі і сотні навеяных імі ўспамінаў. Зноў Варашылаўград, усё той жа, знаёмы. Толькі афішы на кінатэатрах змяніліся.

Стандартны гарадок. Зайшоў да знаёмых. Яны расказалі, што Вася (так рэкамендаваў сябе Цігрый Гаркуноў) паехаў на Маскоўскі напрамак,— папрасіўся туды. 3-га ліпеня паехаў Абрам. Я пакінуў для яго запіску са сваім адрасам. Чугуноў, Кулакоў, Пацянкоў паехалі з Гаркуновым. «А Мікалай трапіў у партызаны»,— сказалі пра Аглуздзіна... Усе паехалі. Па ўсяму фронту, на ўсіх участках яго працуюць цяпер курсанты другой роты. Сябры-сябры. Зноў разышліся — не збярэш, толькі ў сэрцы пакінулі шчымлівую памяць. З кім давядзецца ўбачыцца?

 

13 чэрвеня

Каменск. Зайшоў у памяшканне, дзе мы жылі больш за два месяцы. Цяпер там было пуста. Некалькі чыіхсьці скрынак у куце. У маім пакоі — таксама пуста. На сцяне пад акном відаць вершы, якія я пісаў у ложку ў час хваробы. Той жа надпіс «выключальн. няспраўны». У іншых пакоях знаёмыя надпісы: Сахно, Перапечанка. Усё да болю знаёмае. Прайдзі па Украіне, і колькі такіх родных мясцін, колькі вёсачак, хутаркоў, такіх амаль невядомых нікому, з якімі пазнаёміла і парадніла вайна.

 

14 чэрвеня

У дарозе сустрэлі калону дзяўчат, што з песняй крочылі па шляху. Збоку ішоў ... малодшы палітрук Юракоў — парторг першага ўзвода нашай роты! Вёў добраахвотнікаў у запасны полк. Ён адзін з нямногіх «спартакаўцаў», што засталіся ў рэзерве.

 

16 чэрвеня

Ззаду Новашахцінск, Шахты, Новачэркаск. Мы ў Растове. Вуліца Сямашкі. Жывем на другім паверсе, у кватэры Сіважалезава — справавода з нашай дывізіі. (Ён таксама прыехаў з намі.) Нястомна хаджу па шумнаму зялёнаму гораду. Спраў многа, клопату многа.

Жыву з адчуваннем, што такія дні сустракаюцца нячаста.

 

17 чэрвеня

На дзвярах магазіна красамоўны надпіс: «Магазін зачынены, работнікі пайшлі на трасу». Такіх надпісаў многа. Прадаўцы, загадчыкі, дырэктары пайшлі на абаронныя работы. Вузкія, як цясніны, вуліцы перасякаюць сотні барыкад. Яны зроблены старанна, акуратна. На барыкадах надпісы: «Смерць нямецкім акупантам!» Часам такія: «Будаўнікі і шэфы гэтай барыкады работнікі сувязі N раёна». Горад акружаны лініямі процітанкавых равоў, дотаў і дзотаў. Ён гатовы змагацца, ён непахісна верыць у перамогу. Па вуліцах крочаць стройныя калоны байцоў. Часам калоны дзяўчат у вайсковай форме. На сукенках дзяўчат — процівагазы.

Жыццё ў горадзе знешне ідзе спакойна. Звіняць трамваі, таўкатня ля магазінаў. Твары сустрэчных спакойныя. А перад вечарам несціханы паток на цэнтральнай алеі ў гарадскім садзе. Усё дзяўчаты, дзяўчаты, хлопцаў мала. Дзяўчаты, многія ў вайсковай форме. Хлопцы, калі і сустракаюцца, то найбольш у зялёных і блакітных фуражках.

 

3 ліпеня, Есентукі

Я ранены. Ранены цяжка, у плячо. Далёка ад фронту. Тады, калі, здавалася, быў зусім у бяспецы.

Я ледзь не загінуў. У апошні момант я павярнуўся, і гэта мяне выратавала.

Гэта было дваццатага чэрвеня, у Растове.

 

5 ліпеня

У Растове мне зрабілі аперацыю. Рабіў яе галоўны ўрач шпіталя Антонаў.

Спачатку мне збіраліся ампутаваць руку, і я згадзіўся. У мяне было зусім разбіта плячо, і баяліся гангрэны. Але Антонаў забараніў рабіць ампутацыю. Ён сказаў, што рука спатрэбіцца, малады хлопец. Ён сам наглядаў за мной і сам зрабіў аперацыю.

 

6 ліпеня

Наогул, я перажыў пасля ранення вельмі цяжкія дні. Некалькі дзён быў страшэнны боль. Калі б я не трапіў хутка ў шпіталь, не ведаю, ці быў бы жывы.

Мяне літаральна выратавалі. У шпіталі аказаліся побач цудоўныя людзі. Я ім усё жыццё буду ўдзячны. Я ім абавязаны жыццём. Асабліва — хірургу Антонаву.

Праз некалькі дзён пасля ранення мяне закавалі ў гіпс, ад шыі да пояса. Рука таксама ў гіпсе, на падстаўцы выцягнута наперад, на ўзроўні пляча.

Гэта завецца «самалёт».

 

7 ліпеня

Цяпер я ў Есентуках, у былым санаторыі № 2. Мой дом — невялікі, двухпавярховы, палата — на другім паверсе. Я ў палаце пакуль адзін. За вокнамі, вялікімі, сонечнымі, зелянеюць каштаны.

Учора з аднаго пакоя бачыў снежныя вяршыні Эльбруса. Цудоўнае відовішча!

Я паволі ачуньваю. Боль ужо не такі моцны. Тое, што рука замацавана нерухома, дае ране спакой. Але часам я раблю неасцярожныя рухі, і тады боль бярэ зноў. Часам стукаюся пальцамі аб што-небудзь. Гэта таксама выклікае боль.

 

9 ліпеня

Усё яшчэ цяжка без рукі. Аднак прызвычайваюся патрохі. Усё ж з цяжкасцю ўладкоўваюся на ноч з «самалётам». Пакуль уляжашся як трэба. І потым — паварочвацца нязручна.

І ўвогуле — кальчугу гэтую на целе, кажуць, месяцы два насіць трэба будзе, пакуль здымуць.

Тут за мной назірае вельмі добры і сімпатычны ўрач — Марыя Дзмітрыеўна Рубанік. Клапатліва абыходзіцца з намі сястра Ася. Абедзве яны — масквічкі і, здаецца, нават сваячкі.

 

10 ліпеня

У Растове, калі трохі сціх боль, я чытаў у часопісе «Новый мир» раман «Ціхі Дон» М. Шолахава, чацвёртую кнігу.

Кніга вельмі хвалявала. Успамінаўся Каменск, дзе я быў так блізка ад тых мясцін, у якіх жылі героі кнігі. Я быццам нанава хадзіў па роднаму цяпер, такому знаёмаму стэпу. І як бы зноў дыхаў яго, насычаным ветрам і травамі, паветрам. І разам з гэтым я ўспамінаў Глінішча: жыццё на Доне здавалася такім падобным да нашага. А вайна і памяць пра тое, што мая радзіма і радня мая там, за фронтам, надавалі чытанню майму горыч і вастрыню перажыванняў.

Цудоўная кніга. І зараз жыву пад яе ўражаннем.

Тут знайшоў любімую сваю «По следам войны» Вайталоўскага. Я яе чытаў калісьці ў Турцы, перад вайной, і яна ўвесь час нагадвае мне пра Турку. Быццам я не ў Есентуках, а зноў там. І часам раптам здаецца, што і не было вайны.

Але гэта толькі часам. А наогул, гэта кніга выклікае многа параўнанняў з гэтай, нашай вайною.

 

11 ліпеня

Чытаю «По следам войны». Раблю выпіскі ў запісную кніжку. Здзіўляюся, як многа падобнага ў побыце, у паводзінах людзей у тую вайну і ў гэтую. Найбольш значныя месцы выпісваю для памяці. І як навучанне аб чым і як трэба пісаць. Наогул, вельмі праўдзівая і павучальная кніга. Бадай, толькі «Агонь» А. Барбюса можна паставіць побач.

Вось так і трэба пісаць.

 

12 ліпеня

Штодзень мне робяць перавязкі. Аперацыя гэтая, трэба сказаць, мала прыемная: тады, калі прысохлы бінт аддзіраюць ад раны. Але гэта нічога. Тым больш што сястра і ўрач робяць гэта асцярожна і ўмела.

Я паздаравеў даволі і хадзіў ужо ў парк. Горад, колькі я бачыў яго, увесь у бульварах і прысадах, у зеляніне. Усюды сустракаюцца раненыя, разгульваюць у халатах, як дома.

Нейкая мірнасць быццам ляжыць на дрэвах гэтых, у траве, у ціхіх вулачках. Ціха-ціха навокал, і гэта навявае спакой. І неяк цяжка думаць, што недзе вайна, гінуць людзі.

Але весткі з фронту трывожныя. Тыдзень назад нашы пакінулі Севастопаль. А цяпер нешта нядобрае адбываецца пад Варонежам і Харкавам. Нашы пакінулі Росаш і вядуць баі ў раёне Кантэміраўкі і на Лісічанскім напрамку.

 

13 ліпеня

Нашы пакінулі Кантэміраўку і вядуць баі ў раёне Багучар, на Доне, далёка ў тыле ад тых мясцін, дзе нядаўна была наша дывізія... Гэта так далёка ў тыле, што я не магу зразумець, што ж гэта там адбываецца. Здаецца, нешта вельмі небяспечнае, страшнае. Мяне гэтыя весткі гнятуць нясцерпна. Здаецца ўсё гэта кашмарным сном. Але гэта не сон. Што ж там робіцца?

Нашы пакінулі Лісічанск. Бяда ў знаёмых маіх мясцінах. Але гэтыя знаёмыя мясціны — ужо ў тыле ў немцаў. Няўжо немцы ідуць па нашых тылах?

Так, усяго я чакаў, толькі не гэтага. Хто б мог падумаць пра такое!

За тыдзень збіта 583 самалёты немцаў. Можна ўявіць, якія баі!

 

14 ліпеня

Немцы прарваліся ў раён Варонежа. Баі ідуць на поўдзень ад Багучар. Наступаюць у немцаў танкі і мотапяхота. Баі ідуць цяжкія.

 

16 ліпеня

Нашы вядуць баі ў Варонежы. Пакінулі Багучар і — Мілерава.

Два дні назад быў Лісічанск, а вось ужо — Мілерава! Неверагодна! Як гэта здарылася? І што тады з войскамі, якія былі ў Лісічанску? З таварышамі што?

У паведамленні гаворыцца, што асабліва лютыя баі ў Варонежы, але я ўсё думаю пра Мілерава! Што там адбываецца? Там, дзе я павінен быў быць. Калі б не раненне.

Думкі самыя страшныя...

А навокал сонечна, цёпла, ціха.

 

17 ліпеня

Перадалі вынікі баёў за два месяцы — ад 15 мая да 5 ліпеня. Гаворыцца, што новым у гэтых баях з’яўляецца ўзросшая стойкасць і арганізаванасць Чырвонай Арміі ў баях з немцамі. Гаворыцца аб вялікіх стратах немцаў у людзях і зброі.

Там жа [гітлераўская лухта]: немцы паведамілі, што захапілі больш за 700 тыс. палонных, захапілі і знішчылі каля 4 тыс. нашых танкаў...

Баі ідуць на поўдзень і ўсход ад Мілерава.

 

18 ліпеня

Нашы на поўдзень ад Мілерава адбівалі атакі вялікіх сіл танкаў і мотапяхоты немцаў.

Але што значыць гэта — на поўдзень?

 

19 ліпеня

Па-ранейшаму цяжкія баі на поўдзень ад Мілерава.

Прыбыў састаў з раненымі з Варашылаўграда. У дарозе, на станцыі, ён трапіў пад бамбёжку. Многіх раненых забіла. Некалькі вагонаў згарэла, з іншых сарвала дахі. Потым састаў перафарміравалі. Ранены, што апавядаў, ехаў у вагоне без даху.

З прыбыццём гэтых раненых нібыта зноў дыхнула вайной у шпіталі. Гарачым і жорсткім подыхам.

 

20 ліпеня

Нашы пакінулі Варашылаўград. Горад, у якім зусім нядаўна я з таварышамі жыў, ужо пад акупацыяй. Успамінаю вуліцы і плошчы яго, стандартны гарадок. Дзяўчат знаёмых — Шуру і Марусю. Што з імі?

Ідуць таксама баі на поўдзень ад Мілерава.

 

22 ліпеня

Баі ў раёне Варонежа і на паўднёвы ўсход ад Варашылаўграда.

У раёне Варонежа нашы адцяснілі немцаў, а пад Варашылаўградам адышлі на новыя пазіцыі... Марыя Дзмітрыеўна пазнаёміла мяне з раненым лейтэнантам з Севастопаля Валодзем Сінюковым. Ён у мінулым беспрытульнік, збіраўся стаць мастаком, у вайну апынуўся ў Севастопалі і перажыў там вельмі цяжкія дні.

Ён таксама ранены ў руку. Бледнатвары, з чорнымі, гарачымі вачыма, ён робіць, нават знешне, уражанне чалавека, які многа пабачыў. Ён сапраўды шмат пабачыў, і, слухаючы яго, я быццам пераношуся думкамі ў палаючы Севастопаль.

Трэба будзе запісаць яго расказы.

Ён марыць напісаць карціну аб Севастопалі. Яна ўжо склалася ў яго. Стары, жанчына і хлопчык, а за імі горад — Севастопаль — у агні.

 

23 ліпеня

Учора баі былі на паўднёвы ўсход ад Варашылаўграда, а сёння яны ўжо ў раёне Цымлянскай і Новачаркаска!

Ашаламляючая вестка! Нават паверыць цяжка! Што адбываецца! Новачаркаск — гэта ж па сутнасці Растоў! І калі ўчора баі былі ў Новачаркаску, дык сёння яны напэўна ў Растове! Цымлянская — не лепш за Новачаркаск, яна прыблізна на той жа паралелі, але глыбока ў нашым тыле. Гэта значыць, што амаль уся Данская вобласць у руках немцаў! Што ўвесь паўднёвы фронт абыдзены з тылу, адрэзаны ад баз. Мы страцілі ўвесь Данбас! Дарагі Каменск далёка ў тыле. Той Каменск, у якім мы марылі пра летнія перамогі!

Жахліва думаць і пісаць аб гэтым.

 

24 ліпеня

Немцы вядуць баі ўжо і ў раёне Растова. Яны рвуцца на Каўказ. Ася сказала, што нас збіраюцца эвакуіраваць.

 

25 ліпеня

У Растове цяжкія баі з танкамі і мотапяхотай. У раёне Цымлянскай немцы імкнуцца пераправіцца цераз Дон.

У шпіталі клопаты ў сувязі з тым, што нас эвакуіруюць.

Акрамя таго — у душы сум. Шкада пакідаць Есентукі, людзей, з якімі звыкліся, падружыліся.

Нібы адрываю часцінку ад сэрца.

 

26 ліпеня

Мы ў дарозе. Нас поўны састаў раненых. Заняты ўсе лаўкі.

Многіх уносілі ў вагоны на насілках. Пагрузка ішла доўга, марудна. Было многа мітусні, неразбярыхі.

Нейкая старая хадзіла па пероне сярод насілак і хадзячых калек, усё выглядала, выпытвала сына.

Зараз стаім у Мінводах. Раніца. Душна. Чуваць стогны. Гоман. Завіхаюцца сёстры.

 

26 ліпеня

Мы праехалі Маздок, Гудэрмес. Прайшла разам з мостам палоска Церака. Злева ад нас — раўніна, справа — паблізу горы.

Прыпынак у Махачкале.

 

27 ліпеня

Поезд ад Махачкалы ішоў уночы. Вагон драмаў. А я сядзеў ля акна і глядзеў — побач было мора. Яно амаль падыходзіла да насыпу. Ноч была светлая, і мора было добра відаць. У змроку ночы на бераг накатваліся белыя палосы пены.

Я ўпершыню бачыў мора. Хоць на фронце быў недалёка ад Чорнага мора, але так і не ўбачыў яго. Убачыў мора ўпершыню тут. Каспійскае.

Поезд ішоў павольна. Часам спыняўся, чакаў, пакуль шлях стане вольны. Тады было чуваць, як шуміць мора. Спакойна, велічна. Яно быццам дыхала.

Уночы праязджалі Дэрбент. Назва, якая нагадала дзяцінства («Дэрбент — Калуга»). Баку не бачыў. Праспаў.

 

28 ліпеня

Мы ў Тбілісі. У вялікім доме, на чатыры паверхі, з доўгімі калідорамі.

Тут была, відаць, школа. Калідоры і пакоі-класы яўна школьныя. Занялі пад шпіталь, можа быць, часова.

Наша палата, а праўдзівей — клас — на чацвёртым паверсе. Вокны выходзяць на вуліцу, шырокія, вялікія. У вокнах, удалечыні — голыя, рыжыя горы, а поблізу — дамы, дахі. Побач цікавы будынак, санітарка сказала — серныя лазні.

Палата хутка запаўняецца. Ужо амаль поўная. Толькі адзін ложак вольны. А ўсяго ложкаў — шэсць. Усе раненыя — «ручнікі». Параненыя ў руку. Ёсць яшчэ двое з «самалётамі». У астатніх рукі на падвязках. Адзін — без рукі.

Толькі што даведаўся: нашы пакінулі Новачаркаск і Растоў! У Цымлянскай баі працягваюцца па зводцы: з пераменным поспехам.

 

29 ліпеня

Мы абжываемся патрохі, знаёмімся з урачамі і з сёстрамі і між сабой.

Сястра ў нас Эліко, грузінка, маўклівая, сухаватая, трохі дзіўная. Гаворыць па-руску дрэнна. Фінкель, Сенькін і Брыцін у яе атрымліваюцца так: Фінькін, Сінькін і Брынькін. Жучкоў у яе — Шучкоў. Хлопцы пасмейваюцца адзін з аднаго.

Быў, рабіў абход доктар Бачылава, наш галоўны лекар, стары, сівы, хударлявы. Таксама малагаваркі.

Наш непасрэдны лекар — Лена Саркісава. Вельмі сур’ёзная і важная маладая жанчына. І вельмі ўважлівая.

Баі ідуць ужо ў раёне Батайска. Значыць, немцы з ходу пераправіліся цераз Дон. Пераправіліся яны, паведамляецца, і ў Цымлянскай. Але там нашы трымаліся колькі часу.

Растоў занялі немцы, а я ўсё ніяк не магу прызвычаіцца да гэтай думкі. Усё ўспамінаю яго, якім бачыў да ранення, як было ў шпіталі. Такі горад страцілі! І што з людзьмі яго? Дзе Антонаў, Ася? Усе астатнія?

У раёне Батайска баі вельмі моцныя.

 

30 ліпеня

Яшчэ адзін удар: немцы ўжо ў раёне станіцы Клецкая! Ад Клецкай — рукой падаць да Сталінграда. Праўда, перад імі тут яшчэ Дон. Але ж ці змогуць нашы затрымаць іх на Доне?

Баі на Доне — на вялікім працягу яго,— у Батайску, Цымлянскай і Клецкай! Распаўзліся немцы на такой прасторы.

Усюды баі крывавыя. А тут увесь час гаворка: франтавыя гісторыі, анекдоты. Смех нават.

Сёе-тое з гэтых гісторый запішу ў запісную кніжку.

Тут, у шпіталі, Валодзя Сінюкоў. Я рады гэтаму. Ні з кім у мяне няма такой душэўнай блізкасці, як з ім.

 

1 жніўня

Сёння ў нас дзень успамінаў. Аб фронце, аб службе ў арміі. Усялякая ўсячына: аб тым, як немцы-аўтаматчыкі хаваліся ў саломе. Т на іх натрапілі. Аб тым, як у нямецкай кухні наш баец атрымаў вячэру. І аб тым, як у нашым шпіталі аказаўся немец, пераапрануты ў нашу форму. Жучкоў расказвае, як ён каўбасны склад ахоўваў. І як ён забяспечваў сябе і сяброў сваіх каўбасамі ў неабмежаванай колькасці. Масягін увесь час выказвае яму недавер’е. Ён, наогул, відаць, мае звычку не верыць, гаварыць адваротнае.

У Фінкеля імкненне строіць дробныя штукі. Вельмі хоча, каб з яго штук смяяліся. А ў астатні час — абходы, перавязкі. Шпітальныя будні.

 

2 жніўня

Немцы ўжо ў Кушчаўскай і ў Сальску! Яны багата прайшлі ад Растова ў бок Каўказа.

У паведамленні: нашы вядуць зацятыя баі з перавышаючымі сіламі праціўніка.

Калі ж гэта будзе спынена?

Сёння ў зводцы многа фактаў аб дзейнасці беларускіх партызан. Аб падрывах нямецкіх эшалонаў, аб ударах партызан — у раёне Віцебска, Баранавіч і іншых гарадоў.

 

5 жніўня

Мы абжываемся. У нас амаль кожны дзень бываюць шэфы — школьнікі старэйшых класаў. Бываюць прадстаўнікі розных устаноў горада. Вечарамі — у шырокім калідоры — кіно ці канцэрты. Канцэрты даюць шэфы ці тбіліскія артысты.

Хлопцы ўжо асвоілі шлях, па якім і без дапамогі рук можна перабрацца цераз агароджу вакол двара шпіталя. Жучкоў і Масягін — у халатах — пабывалі ў горадзе, папілі піва. Жучкоў пранік нават на кірмаш, дзеліцца ўражаннямі.

 

6 жніўня

Мне няёмка пісаць тут у палаце. Пісанне прыцягвае ўвагу, выклікае пытанні, пакепліванне. Але пісаць больш няма дзе. Толькі тут, седзячы на ложку.

Я стараюся не звяртаць увагі на кепікі. Часу вольнага цяпер многа, і я хачу скарыстаць яго з толкам. У мяне шмат спраў. Мая запісная кніжка запаўняецца патрохі. Я пачаў запісваць таксама расказы Валодзі Сінюкова. І акрамя ўсяго, я задумаў апавяданне. На жаль, пісаць як след левай рукой я так і не навучыўся. Рука стамляецца. Не дачакаюся, калі здымуць гіпс — цяжкую кальчугу, якая так абрыдла мне.

 

7 жніўня

Мой урач Лена Саркісава сказала, што гэтымі днямі гіпс з мяне здымуць.

Штодзень хаджу на перавязкі. Робіць іх у перавязачнай Жэня, умелая перавязачная сястра. Урач амаль кожны дзень аглядае рану. Кажа, што рана зажывае добра.

 

8 жніўня

Пасля параўнаўча спакойных зводак — зноў трывожная: баі ў раёне Армавіра. Дакацілі амаль да Каўказа. Амаль каля самых гор. Прарваліся немцы і ля Цымлянскай, падышлі да Кацельнікава. Пераправіліся цераз Дон.

А тут жыццё ідзе па сваіх законах. Абходы, перавязкі, размовы. Шэфы, канцэрты. Паходы ў халатах у горад.

Жучкоў натрапіў на вуліцы на камісара. Расказвае, пасмейваючыся.

 

9 жніўня

Мне знялі гіпс. Дыхаць стала лягчэй. Але рука не ўхваляе гэтага, з’явіўся моцны боль. Кожны раз, калі адпусціш руку,— яна цягне ўніз як жалезная. Няма пляча! А мышцы не хочуць трымаць! Каб руцэ было зручней, на мяне, пад руку — надзелі «торбу». Урач, жартуючы, назваў мяне «паштальёнам». Усё ж я цяпер больш падобны да чалавека. Хоць і трымаю руку на падвязцы.

 

11 жніўня

Баі, акрамя Армавіра, пад Краснадарам і Майкопам. Майкоп — гэта ўжо, па-мойму, зусім Каўказ. Немцы прарваліся да Каўказа!

Сённяшняя вестка турбуе і тым, што Майкоп — гэта таксама нафта.

У зводцы неаднойчы гаворыцца аб зверствах немцаў у Беларусі.

Чытаю з цікавасцю «Цяжкі дывізіён» Лебядзенкі, раблю выпіскі. Чытанне дапамагае мне на час забыцца пра цяжкія думкі аб фронце, аб радзіме.

 

12 жніўня

Мяне жартам называюць тут «начальнікам штаба». Называюць так таму, што ў мяне ёсць карта і па ёй я сачу за тым, што адбываецца.

Да мяне часта падыходзяць ад ложкаў, прыходзяць з другіх палат. Распытваюць, разглядваюць. Выказваюць меркаванні.

Усё ж у нас жыве надзея, што ўрэшце немцу дадуць па зубах. Ды так, што не злічыць зубоў,— так ляцець будзе. Вельмі ж ужо нахабна лезе.

Немцы прарваліся да Чэркаска.

Зноў паведамленне аб родных мясцінах. Нямецкі начальнік скардзіцца, што немагчыма жыць ад партызан. «Немагчыма браць падаткі. Жывем, як на вулкане...»

 

13 жніўня

Заходзіў камісар шпіталя, гутарыў з намі. Гутарка яўна мела на мэце: падняць баявы дух, веру ў нашу перамогу.

Ён знешне вельмі каларытны, наш камісар Габічвадзе. Высокі, ружоватвары, з вачыма, падобнымі на слівы, камісар вельмі важна выглядае ў белым, адпрасаваным кіцелі. Рухі яго павольныя і важна-велічныя. І ўвесь ён робіць уражанне чалавека важна-велічнага.

 

14 жніўня

Немцы — у Мінеральных Водах! У тых Мінводах, дзе так нядаўна стаяў наш перапоўнены калекамі састаў!

Усе астатнія раёны баёў ранейшыя, але ўсюды — цяжкія баі.

А тут жыццё, як быццам, звычайнае. Агляды, перавязкі. Хлопцы з палаты распачалі знаёмствы з жанчынамі, дзяўчатамі. Ходзяць на спатканні — цераз пералаз. Сёй-той уладзіўся тут, распачаў сяброўства з санітаркамі, з афіцыянткамі. Каханне квітнее ваўсю. Як і ўсюды ля фронту.

 

15 жніўня

Побач са мной ляжыць чалавек з Украіны. Яго прывезлі трохі пазней нас, ложак дадаткова ўнеслі, паставілі пры акне. У яго не раненне, а нейкая дзіўная, нябачаная хвароба ў пальцы — «панарыцый». Палец гніе. Гэты палец — на правай руцэ, сярэдні. Палец чалавек шануе і руку з ім носіць асцярожна, перад сабой. Кажа, што палец усё не папраўляецца, усё гніе.

Ён быў у абозе. Ён самы стары з нас, яму ўжо, па-мойму, гадоў, напэўна, пяцьдзесят. Па цэлых днях ён сядзіць на ложку з выцягнутай рукой. Нікуды не ходзіць, гадзінамі маўчыць, усё думае. А калі гаворыць, то аб адным — аб жонцы, аб дзецях, аб гаспадарцы і аб тым, які ў яго добры сад. Найлепшыя ў свеце яблыкі. Успамінае з пяшчотай, як ездзіў на кірмаш у мірны час.

Мне здаецца, у нашым становішчы асабліва цяжка вось такім, пажылым, жанатым. Прозвішча яго — Пісарэнка, і родам ён з-пад Кіева. Там, пад Кіевам, у сяле, сям’я, і цяпер ён мучыцца яе лёсам.

Тут ёсць яшчэ адзін украінец, малады, здаровы хлопец. Светлавалосы, з ласкавай усмешкай, адчуваецца, лагодны. Вельмі сціплы. Хлопец як хлопец. Але часам ён спявае, ляжыць і спявае для сябе. Нібыта марнуючы час. Асабліва часта адну, якая бярэ за душу: «Тыхій Дунай, тыхій Дунай бэрэжэчкі зносыць, малады жоўнер, малады жоўнер атамана просыць. Атаманэ, рідный братэ, отпусты додому, бо ўжэ скучылась, бо ўжэ смучылась дзівчына за мною». «Отпустыў бы, козачэнько, та ты доўга будэш. Напыйсь воды холодной, про любов забудэш».

Мне яны — адсюль, з Каўказа,— здаюцца землякамі: Кіеў як бы зусім побач там з намі, і яны ўсё настройваюць мяне на думкі аб доме. Трывожаць сэрца.

Што там, у далёкай «заграніцы»?

 

16 жніўня

Баі на ранейшых напрамках.

Маімі пісаннямі зацікавілася мой урач. Сёння, калі ішлі на перавязку, яна мяне спытала з цікавасцю: «Што вы пішаце?» Я сказаў, што так, усякую ўсячыну.

Яна больш не пыталася, твар яе набыў вельмі дзелавы выраз. Яна вельмі сур’ёзная і сур’ёзна працуе і сур’ёзна ставіцца да нас. Яна быццам падкрэслівае, што яна дзелавы чалавек, урач, і заўсёды памятае аб гэтым.

Я таксама аб гэтым помню і разумею яе: ёй амаль столькі ж гадоў, як і мне. І я ведаю, што яна студэнтка медінстытута ў Тбілісі. Няхай і апошняга курса.

Адносіны ў нас вельмі афіцыйныя. Але ўсё ж гэта не адносіны ўрача і хворага. Гэта адносіны двух студэнтаў, цяперашняга і былога.

Мы ўсё ж адчуваем сябе таварышамі. Хоць яна і нізашто, напэўна, не прызнаецца ў гэтым. Дзелавы чалавек, на службе.

Я прасіў яе хутчэй зняць з мяне «торбу». Яна абяцала.

 

17 жніўня

Нашы пакінулі Майкоп. Нафтапромыслы разбурылі, а абсталяванне вывезлі... Усё ж гэта вельмі непрыемная вестка!..

За тыдзень, паведамляецца, збіта 369 нямецкіх самалётаў!.. У Нікалаеве немцы за аднаго кімсьці забітага афіцэра арыштавалі і расстралялі 120 чалавек.

Зрабіў «вылазку» на «волю». Пералез удала, але калі саскочыў, штуршок разверадзіў руку. Давялося сагнуцца і закусіць губы. Насіў руку, як ляльку.

Упершыню пахадзіў на «волі». Праўда, не ведаў, што рабіць з гэтай «воляй». Выпіў віна шклянку, і толькі. Сустракаў знаёмых, са шпіталя. Аднаго-двух парачкамі. У халатах — і парачкамі.

Халат шпітальны тут, як і ў Есентуках, звычайнае адзенне. Але там быў парк, а тут — такі горад, і мне было трохі няёмка. Хоць я цяпер без гіпсу і захінуты дастаткова. Усё ж з-пад халата бялеюць голыя ногі. І шлёпанцы на голых нагах.

Вяртаючыся, сустрэў сваю ўрачыху. Яна строга пакруціла галавой як парушальніку рэжыму. Але дазволіла крыху правесці.

А вярнуўся дамоў праз парадны ўваход.

 

18 жніўня

Аб’яўлены вынікі трох месяцаў баёў. «Ідуць кровапралітныя баі, яны маюць надзвычай жорсткі характар».

Немцы засяродзілі на поўдні галоўныя свае сілы, перакінулі сюды свае дывізіі з захаду, мабілізавалі саюзнікаў і стварылі вялікую перавагу ў тэхніцы і людзях. Нягледзячы на тое, што мы страцілі значную тэрыторыю і важныя гарады, немцы не дабіліся таго, што паставілі сабе за мэту. Яны наступаюць толькі на поўдні, а пад Варонежам топчуцца. Стрымліваюць іх нашы войскі таксама і на Доне. На іншых жа франтах нашы войскі самі праводзілі актыўныя баявыя дзеянні.

За тры месяцы немцы страцілі 1250 тысяч салдат і афіцэраў, прычым толькі забітымі 480 тысяч. Страцілі 3390 танкаў, 4000 гармат і не менш 4000 самалётаў.

Мы страцілі раненымі і прапаўшымі без вестак 606 тысяч чалавек.

У зводцы высмейваецца паведамленне немцаў аб тым, што яны захапілі быццам бы за гэты час больш мільёна палонных, захапілі 10 тысяч гармат, больш 6 тысяч танкаў і самалётаў.

Красамоўная канцоўка ў паведамленні: «Страты немцаў за апошнія тры месяцы паволі, але няўхільна падрыхтоўваюць глебу для будучага разгрому нямецкіх войск».

Мне здаецца, што вывад гэты правільны. Па-мойму, так і будзе!

Хоць баі жорсткія і страты велізарныя.

 

19 жніўня

Баі ідуць у Кацельнікаве і Пяцігорску. На астатніх участках — на ранейшых пазіцыях. Аднак у раёне Клецкай зноў адышлі на новыя рубяжы.

 

20 жніўня

Нашы пакінулі Краснадар.

Мне дазволілі хадзіць без «торбы». Рука толькі на павязцы. Даволі добра загойваецца.

 

21 жніўня

Амаль кожны дзень хто-небудзь ад’язджае са шпіталя. Мы, хто застаецца, з зайздрасцю глядзім на іх. Усе ў душы мараць дачакацца свайго дня. Нас тут мучыць смяротная туга.

Мяне, здаецца, гнятуць гэтыя голыя горы. Так надакучыла бачыць іх з акна. І з такой пяшчотай успамінаюцца родныя зялёныя лясы, палі, людзі, з якімі вайна так надоўга і на такую адлегласць разлучыла.

У палаце і ў калідоры часта ідуць размовы аб выпісцы, аб тым, хто куды «пакаціць».

Я таксама думаю аб гэтым. Але куды падацца, не ведаю. Мне можна было б вярнуцца ў Маскву, адкуль мяне прызывалі. Але адтуль мне не адказалі. Ці будзе там дзе прытуліцца? Чым больш я думаю, тым мацней упэўніваюся: трэба спачатку знайсці даведкі аб тым, хто са сваякоў і знаёмых эвакуіраваўся. Спадзяюся, што, можа, мае бацька і маці паехалі ў эвакуацыю, уладкаваліся на новым месцы.

Адным словам, трэба раней за ўсё: займець даведкі, адшукаць сваіх людзей. А дзеля гэтага трэба наведацца ў Цэнтральнае бюро даведак, ёсць такое, я дазнаўся, у горадзе Бугуруслане, у Чкалаўскай вобласці. У гэты Бугуруслан і трэба выкіравацца спачатку, на месцы ўсё разведаць. Гэта галоўнае. Усё астатняе тады акрэсліцца, у залежнасці ад вынікаў пошукаў. У залежнасці ад адказаў бюро даведак.

Карацей кажучы — трэба ў Расію, на раўніну. Гэтага і хочацца.

 

22 жніўня

Увогуле, будучыня мая зусім няясная. Для службы ў арміі я, ва ўсякім разе, пакуль — не падыходжу. Рука па-ранейшаму і на падвязцы — ные, трэба падтрымліваць яе, песціць. Ніякай трасяніны не выносіць. Нават пры хадзе ступаць трэба мякка. Каб не было штуршкоў. Калі пішу, таксама патрабуе пяшчотнага абыходжання. Каб не было рэзкіх рухаў, ніякіх націскаў. І праз кожныя некалькі хвілін — адпачынак.

Я спадзяюся, што ўсё ж далей павінна быць лепей. Але ўсё гэта надзеі. Пакуль увечары, калі кладуся спаць, кручуся і так, і гэтак, падтрымліваю, падкладваю падушку, «торбу», каб ёй было зручна. Ды — усё не падабаецца ёй, ные, зануда.

Часам думаю аб вучобе. Можа, вярнуцца ў інстытут? Але дзе ён, гэты мой МИФЛИ, Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры? З Масквы яго, напэўна, эвакуіравалі. А можа, і зусім расфарміравалі?.. Не, не павінны...

Зрэшты, вучыцца чамусьці не хочацца. Неяк і не думаецца сур’ёзна аб гэтым. Не да таго...

Наогул, усё пакуль няясна...

 

23 жніўня

Усё думаю над вершам «Мы ноччу пакідалі вёску...». Амаль закончыў яго. Але не выходзіць пакуль канцоўка. Не зусім тыя словы. А сам верш быццам бы нічога. Хвалюе мяне. Напісаў збольшага яшчэ адзін — «У палаце». Сякія-такія шурпатасці ёсць, і канцоўка таксама не выходзіць. І яшчэ адзін пачаў «В распахнутые двери ворвались тугие, недалекие раскаты...». Хочацца дарабіць яго, а ён не даецца. Нічога не выходзіць, хоць крычы!.. А наогул я, мусіць, буду пісаць прозу. Ёсць у мяне добрыя задумы — два апавяданні. «Сустрэча ў шпіталі» і «Апошняя аперацыя».

Вось толькі месца знайсці б, каб можна было пабыць аднаму.

 

23 жніўня

Маімі заняткамі зацікавілася Жэня. «Што вы ўсё пішаце?» Яна ў мяне выклікае давер’е, у нас з ёй добрыя таварыскія адносіны, але я ўсё ж не сказаў ёй нічога толкам. Усё ж пісанне — гэта справа вельмі асабістая. Інтымная як бы.

Яна, можа, трохі пакрыўдзілася. Але сказала, што я пасля перавязак магу займаць яе «кабінет». Гэта — здорава! У кабінеце яе ёсць стол, а галоўнае — можна зачыніцца, быць аднаму. Ніхто глядзець не будзе.

Пасля работы і вечарамі пакой яе заўсёды вольны. Яна мне дала ключ.

 

24 жніўня

Я забыў напісаць, што Жэня тут — камсамольскі сакратар, акрамя таго, што яна — перавязачная сястра. Таму яна і мае «кабінет» — пакойчык з акном і сталом.

Тут я сяджу і пішу. Апавяданне! Проста гару ад хвалявання. Нават руку тузае боль. Але я спыняюся толькі на хвіліну. І далей. Здаецца, будзе штосьці вельмі добрае! Ва ўсякім разе я гару, як у полымі.

Як у ліхаманцы, галава, сэрца, увесь!

Што ж выйдзе з гэтага?

 

25 жніўня

Нашы вядуць баі ў раёне Прахладнай. Зноў адышлі — у бок Каспійскага мора. Да Баку.

Нашы рабілі налёты на Кёнігсберг і Данцыг!

 

26 жніўня

Учора пачаліся баі пад Сталінградам. Немцы дайшлі да Волгі!

На подступах да Сталінграда за два дні збіты 92 самалёты.

Потым нечакана было перададзена паведамленне: «У апошні час». Ужо па голасу дыктара адчувалася, што будзе нешта незвычайнае. І праўда — упершыню за апошні месяц, пасля ўсіх незлічоных, сумных вестак — першая радасная вестачка, ды яшчэ якая! Нашы войскі на Заходнім і Калінінскім фронце ўжо два тыдні вядуць вялікае наступленне на немцаў. На Ржэў і Гжацк і Вязьму.

Нашы войскі прарвалі абарону немцаў па фронту на 115 кіламетраў і адкінулі немцаў на 50 кіламетраў. Разбіта 6 пяхотных дывізій, 2 мотадывізіі, танкавая дывізія, шэрагу іншых нанесены вялікія страты. Вызвалена 610 населеных пунктаў, і сярод іх тры гарады. Баі ідуць на ўскраіне горада Ржэў.

Астатнія гарады, праўда, невялікія, на карце іх няма, але гэта не мяняе справы.

Аб тым, якія вялікія і паспяховыя баі ішлі, сведчаць велізарныя трафеі, што немцы пакінулі пры адступленні. Пералічэнне іх гучыць у нашых вушах як музыка! Дачакаемся, не можа быць, каб не дачакаліся, калі такая музыка будзе гучаць часта!

Вестка пра гэта хутка разышлася па шпіталі. Палаты ў гэты вечар доўга не маглі супакоіцца, усё абмяркоўвалі радасную навіну. Усе быццам ажылі!

Але паведамленне — немцы ў Сталінградзе — ные ўсё ж. Бы стрэмка.

 

27 жніўня

Немцы ўжо ў Маздоку.

Пад Сталінградам і ў Маздоку.

Радасць наша прыціхла.

 

28 жніўня

Баі ідуць у ранейшых раёнах. Але спакою няма ў нас.

Прыпынілі. Але ці надоўга?

 

29 жніўня

Баі ўсё там жа. Без змен.

У тым ліку — баі на ўскраінах Ржэва.

 

30 жніўня

На фронце ніякіх змен.

 

31 жніўня

«Ніякіх істотных змен не адбылося».

 

1 верасня

Ніякіх змен!

У нас такое адчуванне, што нямецкае наступленне спынена. Вельмі хочацца, каб так і было.

 

2 верасня

У ранішняй зводцы — усё тое ж: лютыя баі ў Сталінградзе. Нашы адбіваюць атакі праціўніка. На іншых франтах — без змен.

Удзень я стаяў у калідоры, падышла В. Р., спытала: чаму я сумую, нікуды не хаджу? Сказаў, што — хаджу, гуляю. Яна сказала, што яна гаворыць не пра тое: не пра тое, што я не хаджу гуляць на двор, а не хаджу ў горад. Яна раптам мне прапанавала: хочаш, я табе прынясу касцюм? Я збянтэжыўся, адмовіўся, але яна заявіла тонам цвёрдым, як старэйшая: нічога, я прынясу заўтра.

Я сёння многа думаю аб ёй. Яна старэйшая за мяне, ёй ужо больш за дваццаць пяць, і яна, кажуць, была замужам. Але муж яе загінуў ці, можа быць, прапаў без вестак. І хоць яна сама вайну не бачыла, сапраўдную вайну, і ў гэтых адносінах уступае мне, але ў жыцці яна, мне здаецца, разумее многа. Яна быццам увесь час нешта тоіць.

Да яе не адзін ужо спрабаваў падкаціцца. Але без поспеху. Хоць з выгляду яна быццам і не строгая.

Не ведаю, што азначае гэта яе размова. Але мяне яна ўсхвалявала, і я думаю аб ёй.

 

3 верасня

Баі ў Сталінградзе. А таксама ў раёне Новарасійска.

У раёне Сталінграда — баі супраць буйных груп танкаў і пяхоты, што прарваліся ў глыбіню нашай абароны. На адным участку немцы кінулі супраць нас 150 танкаў. Прарвалі нашу абарону, і нашы адышлі.

150 танкаў! Можна ўявіць, якія там баі.

Пра баі пад Новарасійскам — паведамленне невыразнае. Ясна толькі, што немцы націскаюць з боку Краснадара. І ясна, што яны прабіваюцца наперад.

Пад Маздокам нашы адбіваюць атакі.

А ў нас у шпіталі — ціхае, звычайнае жыццё.

 

4 верасня

Баі ў тых жа раёнах, і баі цяжкія.

На поўдзень ад Сталінграда нашы зноў адышлі.

Учора вечарам В. Р. адазвала мяне ўбок і папрасіла пачакаць. Я чакаў яе ў цемнаватым кутку пры лесвіцы. Яна хутка вярнулася і ўручыла мне вялікі пакунак. Яна, як і я, саромелася, але таксама старалася не паказваць выгляду. Я хацеў затрымаць яе, але яна адразу ж вызвалілася, пайшла.

Пакунак у палаце яшчэ ўчора заўважылі. Падчэплівалі мяне, пыталіся — адкуль. Але я сказаў, што купіў у горадзе.

Сёння я апранаў яго. Дзіўнае пачуццё — у чужым касцюме. Адчуваю сябе быццам змоўшчык. У змове з В. Р.

Яна ж, калі зайшла ў палату, нават выгляду не падала. Як яны, жанчыны, умеюць хаваць свае пачуцці. Нічога не зразумееш!

Я хвалююся...

 

5 верасня

На поўдзень ад Сталінграда нашы прыпынілі немцаў. Пад Маздокам немцы пераправіліся цераз раку.

Учора ўвечары, калі В. Р. ішла з работы, я перабраўся цераз плот, хацеў правесці яе. Яна не дазволіла. Я падумаў спачатку, што яна гэта — так, для выгляду. Але яна ўпарцілася, пакрыўдзілася нават. Затаіў крыўду і я. Яна пазірае на мяне — як на хлопчыка!

Наогул, на душы ў мяне крыўда і расчараванне. Адчуваю сябе абражаным...

А разам з тым і няёмкасць, што ў такі цяжкі час я думаю аб гэтым і не магу не думаць.

 

6 верасня

Баі ў ранейшых раёнах. Але пад Новарасійскам нашы адышлі зноў.

Сёння адзін ранены расказваў, як нашы раненыя прабіраліся пешкі з Кіславодска і Есентукоў у Тбілісі! Шлях, па якім яны ехалі, аказаўся ў немцаў, і ім давялося, кульгаючы, падтрымліваючы адзін аднаго, ісці па Ваенна-Грузінскай дарозе, цераз горы, многія дзесяткі кіламетраў! Кажа, што нямала раненых не паспелі вывезці...

Бачу зноў Есентукі, успамінаю, і на душы — быццам камень!

 

7 верасня

Хадзіў на стадыён, глядзеў футбол. На стадыёне разгаварыўся з суседам — малодшым лейтэнантам, пехацінцам. Ён ранены нядаўна. Адступаў з войскамі з Данбаса. Расказваў: на дарогах у час адступлення рабілася кашмарнае, «месеры» і «юнкерсы» ўсе дні выкатвалі дарогі. Расстрэльвалі і бамбілі безупынна. Немагчыма было рухацца. Над дарогамі ўвесь час гучалі трэск, выццё, грукат. Ішлі ў асноўным па начах; удзень, акапаўшыся, чакалі. Нямецкія танкі аказваліся часта наперадзе. Танкаў гэтых — мноства. Нашай авіяцыі і нашых танкаў амаль не відаць. Калі і з’явіцца пара знішчальнікаў нашых — на іх, як каршуны, «мессеры». Акрамя ўсяго — нясцерпная гарачыня, распаленыя неба і зямля.

Часці і людзі пераблыталіся, парадак захоўваць было цяжка. Каціць давялося не на ўсход, а на поўдзень, да Растова. Цераз Дон пераправіліся на поўнач ад Растова — масты былі ўжо ў немцаў. Перапраўляліся хто на чым змог. Нямала патанула... Ён апавядаў шчыра, з болем, смела, і сам ён рабіў уражанне чалавека смелага. Так што тут, ясна, быў не страх, у якога вочы вялікія, не паніка, а — праўда. У яго твар быў апалены сонцам, голас глухі. Увесь ён яшчэ выглядаў знясіленым.

Ён сказаў, што Растоў здалі амаль без бою. Сталін з прычыны Растова выдаў загад, у якім ёсць такія словы пра тых, хто вінаваты ў здачы Растова: «вы зганьбілі свае сцягі». Сталін кажа, што стварылася небяспечнае становішча для ўсёй краіны. Што адступаць далей — значыцца, згубіць усё. Што трэба ўстанавіць жалезную дысцыпліну і біцца за кожную пядзю зямлі. Што панікёраў і баязліўцаў трэба бязлітасна расстрэльваць.

Загад гэты чыталі перад строем ва ўсіх часцях. Пад загадам даюць распісвацца, як пад прысягай. Моцны гэты загад — № 227.

Я ўвесь час хаджу пад уражаннем гэтай размовы. Думаю аб загадзе, аб Растове, аб лейтэнанце, аб маіх таварышах па дывізіі,— што ім давялося зазнаць у гэтыя дні і дзе яны? Яны не інакш недзе недалёка. Тыя, хто жывы яшчэ.

Сэрца страшэнна цісне пачутае. Адчуваю амаль адчай, ніколі не думаў, што будзе такое лета!

Калі ж прыйдзе канец гэтаму? Калі ж сіла наша загаворыць? Што ж гэта робіцца?

У Сталінградзе баі як быццам ідуць паспяхова. На поўдні яго немцы чатыры разы атакавалі, але адбіты. Адбілі атакі і на поўначы.

У раёне Маздока нашы знішчалі немцаў, якія прарваліся цераз раку. Наогул, адчуваецца як быццам, што немцы выдыхаюцца. А мы, падобна, набіраем сілы.

 

8 верасня

Баі ўсё там жа. На поўдзень ад Сталінграда немцы спрабавалі наступаць. На адну батарэю кінулі трыццаць танкаў. Нашы адбілі атаку. А на захад ад Сталінграда нашы дзе-нідзе адышлі зноў.

«Пераправіўся» цераз агароджу, пашкодзіў трохі руку. Яна ўвесь дзень ные. Адправіўся на рынак, блукаў доўга, глядзеў на тылавое жыццё. Потым купіў абмундзіраванне: чорныя матроскія штаны і футболку, як да вайны.

Не хачу хадзіць у чужым.

 

9 верасня

Учора пад Сталінградам — на захад ад яго — нашы зноў адышлі на новы рубеж. У раёне Новарасійска немцы ўклініліся ў нашу абарону. Пад Маздокам немцы зноў пераправіліся цераз раку, ідуць баі па іх знішчэнню.

Усё ж немцы — топчуцца. У баях адбыліся яўныя змены. З 26-га жніўня ля Маздока па сутнасці баі немцы вядуць без поспеху. Ды і ля Сталінграда — баі пазіцыйныя.

З Валодзем Сінюковым хадзілі на кватэру да Галі Гудаковай. Яе дом недалёка ад шпіталя, за Курой. Галя, гэта відаць, закахалася ў Валодзю, ды і Валодзя — нешта незвычайны, быццам прыціх.

Я нечакана ўбачыў на этажэрцы «Тихий Дон» Шолахава. Цэлыя тры кнігі. З зайздрасцю, што тут такое багацце, разглядаў. Галя, мабыць, заўважыла, як блішчалі мае вочы, калі я разглядваў гэтыя бясцэнныя кніжкі, і нечакана расшчодрылася, падарыла іх мне!

У мяне цяпер у тумбачцы цэлае багацце! Дзякуючы Валодзю.

Вярнуў касцюм В. Р. Было няёмка. Але я сказаў, што ў мяне ёсць свой. Ды яна і бачыла.

Я не разумею яе і яе адносін да мяне. Ды і свайго пачуцця не разумею.

Усё ж мне яе вельмі шкада.

 

10 верасня

Радыё і газеты выкрываюць хлуслівыя весткі нямецкага радыё і паведамляюць пра страты з 1 мая па 31 жніўня.

Паведамляецца, што ў нас вялікія страты панеслі 42 стралковыя дывізіі і 25 брыгад, з іх 14 танкавых. За гэты час намі разгромлены 73 дывізіі, з іх 54 нямецкія, 8 румынскіх, 5 венгерскіх, 4 італьянскія, 1 славацкая і дацкі легіён. «Пройдзе небагата часу, і астатнія дывізіі Гітлера і яго падручных спасцігне такі ж канец!» — гаворыцца ў гэтай заяве.

У душы стала святлей.

 

12 верасня

Нашы пакінулі Новарасійск.

Пад Сталінградам і Маздокам баі ў ранейшых раёнах.

Нейкія наступальныя баі на Заходнім фронце і на Волхаўскім, у раёне Сінявіна. Але, відаць, невялікія.

 

14 верасня

Баі ў ранейшых раёнах. За тыдзень з 6 па 12 верасня нашы збілі 415 нямецкіх самалётаў! Якія баі ў небе!

У калідоры, дзе мы абедаем, была сустрэча з журналістамі. Расказвалі аб становішчы на фронце. Кажуць, што немцы выдыхаюцца, ужо не маюць магчымасці наступаць. А нашы сілы растуць.

Было многа народу, многа пытанняў. Слухалі з хваляваннем. Доўга гаварылі потым між сабой, у палаце. Настрой баявы! Растуць надзеі!

 

17 верасня

Ноччу быў налёт на Тбілісі. Немцы не бамбілі ці не змаглі бамбіць, але шуму было многа. Вельмі часта білі зеніткі.

Непрыемна было сядзець на чацвёртым паверсе і чакаць. Амаль усе, хто мог, кінуліся на двор. Глядзелі. У небе шнарылі пражэктары і ўспыхвалі разрывы. Чакалі напружана свісту бомб. Але ўсё абышлося.

Калі сціхла і сталі вяртацца, тыя, што засталіся ў палатах, падчэплівалі тых, каторыя пабеглі на двор. Масягін здзекаваўся з Жучкова: «Эх ты! Відаць, у штаны наклаў! Ты і на фронце, відаць, такі быў, ваяка! Ледзь што — штаны ў рукі!» Жучкова зачапіла гэта: «Трапіўся б ты мне на фронце, я паказаў бы табе, які я ваяка! Сам бы наклаў у штаны!» Потым ужо, не Масягіну, а іншым сказаў: «Мне лічаныя дні засталіся да камісіі. Што ж, я павінен рызыкаваць і не дачакацца камісіі?»

Наогул, усе ўзрушаны, гавораць узбуджана. І смяюцца больш, і анекдотаў больш... А я ўспамінаю, што мяне асабліва трывожыла, калі я падумаў пра бамбёжку. Самае страшнае, калі адваліць кавалак дома і будзеш ляцець з чацвёртага паверха — разам з ложкам і цэглай! Чамусьці мяне больш за ўсё палохае гэта: падаць з чацвёртага паверха! Мой ложак якраз у куце, з абодвух бакоў знешняя сцяна. Ужо калі адваліць вугал, дык мне першаму ляцець! Хоць ты месца мяняй!

 

18 верасня

Ідуць баі ў Сталінградзе. На яго вуліцах. Нярэдка пераходзяць у рукапашныя.

На паўночны захад ад Новарасійска маракі адбілі атакі. Пад Варонежам нашы наступаюць.

 

19 верасня

Баі на ранейшых напрамках. Яўна адчуваецца пералом у ходзе вайны. Немцы ўжо не могуць наступаць. Учора зноў гуляў у горадзе. Але самае забаўнае тое, што гуляў я са сваім лечачым урачом — Л. С. Каб сустрэцца нам на вуліцы, яна пайшла праз прахадную, а мне, як самавольшчыку, давялося лезці цераз каменную сцяну, дзе лазяць усе самавольшчыкі.

Яна мяне чакала ва ўмоўленым месцы, і мы потым даволі доўга хадзілі. Л. С. была як заўсёды сур’ёзная і цікавілася маімі літаратурнымі справамі.

На вуліцы мы сустрэлі некалькі раненых, некаторыя былі таксама парачкамі. Л. С. адчувала сябе яўна напружана: як жа, урач сама, страж парадку, у ролі парушальніка яго, з хворым, таксама парушальнікам. Што гэта падумаюць?

Пакаранне нам было жорсткае. Самае жорсткае. Л. С. і я саромеліся недзе хавацца, і вось адплата: калі мы ўжо збіраліся развітацца, ля самага шпіталя мы тварам у твар сутыкнуліся з самім камісарам Габічвадзе. Трэба было бачыць, як выразна, здзіўлена і, канечне, асуджаючы, паглядзелі слівовыя вочы камісара на Л. С.! Л. С. запалала. Нічога больш страшнага, чым гэтыя выразныя вочы, для Л. С. быць не магло! Малады ўрач, найсумленнейшая Л. С., бездакорная Л. С. гатова была загінуць.

Справа не ў тым, што камісар мог напісаць у Тбіліскі медінстытут, дзе Л. С. яшчэ лічылася на апошнім курсе, няма горшага за той суд, якім судзіш сябе сам!

Наогул, я адчуваю сябе таксама вінаватым за яе.

 

20 верасня

На фронце — усё тое ж. У раёне Маздока забіты камандуючы першай танкавай арміі немцаў генерал-палкоўнік Клейст. Фон Клейст. Той, з якім мы мінулай восенню «пазнаёміліся» пад Растовам.

З. Б. сказала, што я хутка пайду на камісію і мне дадуць водпуск, і спытала: куды я хачу паехаць. Я сказаў, што хачу ў Расію, бліжэй да родных мясцін. Яна чамусьці не раіла нікуды ехаць, пераконвала, што нідзе лепей, як тут, у Тбілісі, не будзе. Намякнула, што яна дапаможа ўладзіцца добра.

Я ведаю: яе дзядзька — вялікі чалавек у Наркамаце аховы здароўя.

Але мяне страшэнна цягне ў Расію. У якой мяне, можа, ніхто не чакае, але без якой я, здаецца, жыць не магу. Не разумею, чаму мне не хочацца заставацца тут, дзе ў мяне ўжо ёсць сябры?

Думкі, мары нясуць мяне за каўказскі хрыбет, у туманную далячынь рускіх раўнін. Мары няясныя, няпэўныя, але яны клічуць. Нястрымна.

 

21 верасня

Хачу больш падрабязна напісаць пра раненне. Пра першыя дні ў шпіталі ў Растове.

 

20 чэрвеня

Дык вось дзе «таилась погибель моя». Я ляжу і праз жахлівы боль у правай руцэ намагаюся звязаць абрыўкі страшных думак. Я паранены, цяжка паранены асколкам авіябомбы... Пяць гадзін... Страшны грукат... Я падаю... Можа быць, спачатку — падаю, а потым грукат. Дым клубіцца па вуліцы. Ляцяць каменні і падаюць на асфальт. Уецца абарваны дрот. Я ляжу тварам уніз. Першая думка — няўжо смерць? Бягуць людзі, спалоханыя, бязладныя выкрыкі. Побач ляжыць маладзенькая дзяўчынка, напэўна, школьніца. Шчака парвана. Яна падплывае густой крывёю, стогне, нешта апошняе намагаецца вымавіць, здаецца: «Мама». Паварочваю галаву — яшчэ ляжаць, нязручна, няёмка, нерухома, падплываючы крывёю. Свішча міліцыянер. Не, я жывы. Болю няма. Галава добра працуе. Паспрабаваў нагу, дзейнічае. Зірнуў на руку — дзе быў штуршок,— рана, ірваныя краі, белая галоўка плечавой касці рассечана і тырчыць з раны. Я абыякава агледзеў рану. Падняўся. Правая рука бяссільна апусцілася. Цягучы, жалезны боль. Я падцінаю руку. Лягчэй, але рука па-ранейшаму ные. Іду па вуліцы. Жанчыны, зірнуўшы на маё правае плячо, з жахам адварочваюць твары. «Дзе шпіталь?» — пытаюся. Хлопец паказвае рукой уздоўж вуліцы. Цягучая знямога адбірае мае сілы, я хістаюся, вуліца кружыцца. Дрыжаць ногі, падкошваюцца. Я апускаюся на тратуар. У атупелай галаве няма думак, няма трывог, толькі неадольнае, соннае — легчы, легчы, забыцца. Але забыццё не прыходзіць,— усё працінае цягучы, глухі боль. Да мяне падбягае Вася — сваяк Сіважалезава. «Ваня, што з табой?» Ён нахіляецца нада мной. Я абыякава ўздымаю вочы. Ён кліча маракоў, што прабягалі па вуліцы. Яны спыняюць машыну. Кладуць у кузаў. Вася трымае маю галаву і руку. Побач нехта ляжыць са скалечаным тварам, вока вылезла з вачніцы, гайдаецца. Усё тое ж жаданне — забыцца, каб не было цягучага болю ў плячы і руцэ. Машына спынілася. Крычаць: «Насілкі сюды!» — «Куды яго?» «Сюды, сюды давайце». «Гэты ўжо гатовы»,— кажа ўрач пра майго таварыша з выцеклым вокам. Калышуцца насілкі. Урач кажа: «Не хвалюйся, нічога страшнага». Я не адказваю. Я не хвалююся, толькі б сціх цягучы боль. Аперацыйны стол. Уколы, якія я амаль не адчуваю. Урач, дзяўчаты ў белых масках. Мяне ўгаворваюць, каб я не скідваў наркозавую маску, хоць гэта вельмі непрыемна. Я спакойна дыхаю, соннае жаданае забыццё цяжка навальваецца на мяне. «Не турбуйцеся,— кажу я.— Я ўсё перанясу добра»,— і засынаю.

Прачынаюся я ноччу. Цёмна. Цьмяна паблісквае сіняя электрычная лямпачка. Горача. Ссоўваю коўдру. Робіцца халадней. Рука ў бінтах, і боль сціх. Ля ложка сядзіць незнаёмая маладзенькая сястра, усміхаецца. У мяне таксама бесклапотная ўсмешка нованароджанага. «Як вас зваць?» — пытаюся. «Ася. А я вас ведаю. Вас завуць Ваня». Я слухаю, яна гаворыць. «Я была дома, калі мяне выклікалі. Кажуць: новага «цяжкага» прывезлі. Я прыйшла. Ух, і доўга ж вы спалі! Моцна!» Спаць больш не хочацца. Ася мне расказвае. Бацька яе — ваенны, падпалкоўнік, на фронце, пісьмаў ад яго даўно няма. Перад вайной жылі ў Львове. Яна была на фронце, была паранена, два месяцы ляжала ў Сочы. Адтуль паслалі працаваць сюды, у шпіталь. Тут яе клічуць «медзведзяня», яна часта танцуе танец «медзведзяняці», які раненыя вельмі любяць.

 

22 чэрвеня

Растоў. Шпіталь. Другія суткі ляжу на спіне. Рука прывязана да ложка. Не магу павярнуцца. Ніколі не думаў, што гэта так цяжка — двое сутак ляжаць нерухома. Самае вялікае шчасце, якое мне малюе ўяўленне,— гэта павярнуцца на бок і ляжаць на баку, толькі не на спіне. Другія суткі нічога не ем, нічога не хачу есці. Пажылая сястра рада падаць мне ўсё, каб я мог падсілкавацца, але я адмаўляюся. Мне толькі хочацца піць, і я п’ю, часта, многа, прагна. П’ю журавінавы квас — з вялікай ахвотаю. Без намагання піў раствор англійскай солі. Жую таблеткі стрэптацыду, якія ем дзесяткамі. Гэта, каб не было гангрэны. Учора зрабілі аперацыю. Кажуць, адрэзана галоўка, шыйка правай плечавай касці, адростак лапаткі і частка ключыцы. Але гэта не ўсё. Мне трэба быць гатовым на большае. Урач Антонаў, галоўны ўрач шпіталя, шчыра кажа, што можа пачацца гангрэна і тады руку прыйдзецца ампутаваць. Я даю згоду. На фронце я амаль увесь час жыў пад пагрозай усякіх страшных нечаканасцей, я звык гатовым быць да ўсяго. Я думаў, што магу быць забіты, магу страціць абедзве нагі, абедзве рукі — усялякі, хто глядзеў у вочы смерці, ведае гэта, таму я без вагання, вельмі лёгка, можа быць, легкадумна даю згоду адрэзаць руку. Урач кажа, што ён зробіць усё, каб руку зберагчы, пойдзе на рызыку. «Рука ўсё ж трэба хлопцу!» — жартуе ён. Усе гэтыя дні праходзяць у чаканні — будзе гангрэна ці не, будзе рука ці не. Сёння і заўтра гэта яшчэ не вырашыцца. Будуць адно рабіць усё, каб зберагчы руку. Урачы амаль не адыходзяць ад мяне.

Я ляжу адзін у палаце. Круглыя суткі сястра сядзіць ля майго ложка, я стагну ад болю і ад стомы. Двое сутак я зусім не спаў.

 

24 чэрвеня

Ледзь толькі настае ноч, роўна ў адзінаццаць на дварэ непадалёк тужліва і даўка вые сірэна. Трывога, на горад ідуць нямецкія самалёты. Прыбягаюць сёстры, і мой цяжкі ложак разам са мной нясуць на першы паверх. Сховішча няма. Усе сядзяць у калідоры і нацята слухаюць, як, то набліжаючыся, то аддаляючыся, б’юць зеніткі. Я па-ранейшаму не магу спаць. А спаць нечалавеча хочацца. Бяссільна абвісае цела. Баліць кожная костачка, кожная часцінка. Я мару аб тым, каб хоць некалькі хвілін паляжаць, заснуць, забыцца. Але легчы нельга, імгненна ўспыхвае востры боль,— не ў плячы, а ў локці і ў пальцах. Нават схіліць галаву на бок нельга, ажывае боль. Больш няма сілы трымаць прама галаву. Мяне абклалі падушкамі з усіх бакоў, але аблакаціцца на іх нельга. Ледзь схілюся на бок — выбухае боль. Каб заснуць і забыцца, прашу ўкола морфію. Не даюць. Я ўжо і так вельмі многа яго прыняў, гэта можа дрэнна адбіцца на аслабленым арганізме. Прашу сястру, угаворваю, яна спачувае, але ўкола не дае, баіцца гневу ўрача. Урэшце, урач злітаваўся над маімі пакутамі, дазваляе даць укол. Дзякую. Прыняўшы ўкол, спадзяюся заснуць, але сон не прыходзіць. Нясцерпны боль не сціхае. Морфій не дапамагае. Схіліў галаву на нейкі падрыхтаваны пюпітр і трохі задрамаў. Праз дрымоту — тузае гэты пракляты боль. Ад яго нідзе няма спакою. Пакуль яшчэ невядома, што будзе з рукой. Яе адно стараюцца ўратаваць.

 

 

 

1 Паэт Ілья Фрэнкель.

Кніжка трэцяя. ВОДПУСК НА ПАПРАЎКУ

 

24 верасня 1942 г.— 1 студзеня 1943 г.

24 верасня, Тбілісі

У ноч на 24-е нашы вялі баі ў Сталінградзе і ў раёне Маздока. У Сталінградзе адбіта некалькі моцных атак немцаў. На поўнач ад Сталінграда нашы занялі нейкі пункт.

Пад Новарасійскам — адбівалі атакі.

Мяне прызначылі на камісію. Вось-вось вырашыцца мой лёс. Яшчэ дзень-другі і — бывай, шпіталь 1747, добры дзень, будучыня. Невядомая, але прывабная.

Я нецярпліва чакаю яе.

 

25 верасня

Я прайшоў камісію. Мне далі водпуск на 6 мес. З пераасведчаннем праз 6 месяцаў.

Увечары мы — Лена, Зіна і я — адправіліся ў кіно. У апошні раз утраіх.

Пасля кіно мы правялі Лену. Над горадам стаяла светлая месячная ноч. Па плошчы, не запальваючы агнёў, упэўнена прабягалі аўтамашыны. Лена раптам сказала: «Вы што-небудзь гаварылі пра нас з Жэняй?» — «Не памятаю. Здаецца, не было гаворкі. А чаму?» Колькі я ні прасіў, яна не сказала больш нічога, акрамя таго, што Жэня гаварыла з імі пра мяне і гэтая размова непрыемная мне. Яны пастараліся перамяніць тэму. Прымусілі пакапацца ва ўспамінах. Праз некаторы час я зноў паспрабаваў высветліць, што ж затаілася. Зноў — тое ж глухое недавер’е. Мы ўжо прыйшлі да дома Лены, вярнуліся назад на плошчу. Было каля дзесяці, трамваі і тралейбусы ўжо не хадзілі. Разыходзіцца не хацелася. Паміж намі халадком павявала затоенае. Нарэшце Лена выказала свой план. Перад ад’ездам яны мне ўручаць пакет, які я прачытаю тады, калі буду па-за горадам. «Абяцайце выканаць»,— паўжартам, паўсур’ёзна патрабавала яна. «Клянуся».— «А калі не паедзеце?» — «Абяцаю вярнуць пакет, не расчыняючы». Так мы вырашылі і разышліся. Пешкі мы з Зінай прайшлі паўгорада. Яна мне паказвала будынкі, вуліцы і то расказвала іх гісторыю, то дзялілася ўспамінамі, якія яны выклікалі.

 

26 верасня

Атрымаў дакументы, з якіх вынікае, што я звальняюся ў 6 м. (шасцімесячны) водпуск, са зняццем з уліку і пераасведчаннем праз 6 м. па месцу жыхарства. З дакументаў таксама вынікае, што я напраўляюся ў Новасібірск. Чаму — у Новасібірск? Ці не ўсё роўна куды? Я пакуль ведаю толькі кружок на геаграфічнай карце, такі ж, як і пад іншымі, што нічога мне не абяцаюць. Мяне хвалюе толькі прадчуванне невядомасці. Па дарозе я заеду ў Бугуруслан, у бюро даведак. Але Бугуруслан мне, здаецца, таксама мала абяцае. Невядомая, завабная далячынь, непраніклівая за смугою, загадкавасць далёкага далягляду... Мяне хвалююць прастора і надзеі...

У першы і апошні раз падняўся ў фунікулёры. Тбілісі з птушынага палёту. Блішчыць звілістая Кура. Палац, муштаід, шпіталь удалечыні. Дахі, дахі, чырвоныя, чарапічныя, шэрыя вуліцы, чорныя, нібы маленькія жукі, аўтамабілі. А далей цякучая, няясная далячынь. Туды я паеду сёння, і будзе зноў тужліва і сумна. Зноў буду ўспамінаць пакінутых сяброў, сумаваць. Але рашэння не змяню.

У той дзень развітанне было кароткае. Аднапалатнікі пажадалі шчаслівай дарогі, паціснуў я руку З. і Л., нагадаў пра пакет. Мне ўручылі, паабяцалі пісаць — і рассталіся. Я — рэчмяшок за плечы, пабег на вакзал. Білеты ўсе прададзены. Давядзецца застацца, чарга вялікая. Здзіўляюся, як лёгка селі ў поезд таварышы ўчора. Прачытаў «пакет»: «Яна мне сказала, нібы вы з усяго шпіталя толькі да яе добра ставіцеся, а мы з З. самі да вас прычапіліся, і вы не ведаеце, як ад нас адчапіцца. Калі праўда гэта, то вельмі дрэнна вы зрабілі. Але я ўпэўнена, што гэта няпраўда, і таму не хацела вам учора казаць». Прачытаў — стала прыкра. Як магла сказаць такія словы Ж., адукаваная дзяўчына? Што яна мела на мэце? Чаго яна дабівалася?

На нашы сяброўскія адносіны кінута несправядлівая пляма. Зараз я разумею, чаму Ж. у апошні час унікала сустрэч са мной.

 

27 верасня

Тбілісі адыходзіць назад. Вось ужо Наўтлуг, ускраіна горада. Вось ужо і фунікулёра не відаць. Толькі Кура зноў падбягае да самага насыпу. Раўніна, падобная на Украіну. Але гэта Грузія. Вось Караязы. Тут сыходзіць Зіна, яна едзе да бацькі. Махнуў рукой услед.

І зноў поезд рушыць у калідоры гор.

Я задаволены, сёння мне так лёгка ўдалося атрымаць плацкарту. Мне дапамагла ў гэтым жанчына з чатырма гайкамі — з упраўлення пасажырскай службы. Яна мяне адрэкамендавала нач. вакзала, як свайго брата, які едзе ў адпачынак па раненню. «Падобны?» — хітравата спыталася яна. «Вельмі падобны». Мы атрымалі білет. Калі мы выйшлі, яна спытала: «А ты ведаеш імя сваёй сястры?» — «Не ведаю».— «Эх, ты, брат! Мяне завуць Людміла, Людміла Алёхіна». Не думаў, не гадаў, што мая сястра жыве ў Тбілісі і яе прозвішча — Алёхіна.

Сустрэў старшага лейтэнанта са шпіталя. На маё пытанне, як ён здолеў адразу сесці ў поезд, ён адказаў, што сеў без білета і едзе таксама без яго, па дакументах са шпіталя. У нашым плацкартным вагоне поўна пасажыраў. Я ляжу, а ў мяне ў нагах сядзяць два пасажыры без месц. Хтосьці ходзіць па даху вагона, хоць цягнік імкне на ўсю сілу. На прыступках таксама пасажыры, моцна трымаюцца за поручні. На прыпынках — таўкатня за вадой. Пакутую без вады. Соты раз з сумам успамінаю параду дзяўчат — узяць у дарогу ваду. Пасажыры ганяюцца за «мацоні».

 

28 верасня

Чырвонае сонца глядзіць у вокны вагона. Справа — серабрыстая палоска мора. Станцыя. На цягніку, што грукоча міма, на вагоне, ціхамірна спяць пасажыры, укрыўшыся коўдрамі. Вось адзін прачнуўся, прысеў на кукішкі, гледзячы на сонца, працірае вочы. Хутка Баку. Бакінец расказвае пра свой горад. «Кажуць, там пыл вялікі. Да?» — «Ды што вы! Мы ўсё лета ў белых гарнітурчыках ходзім. Між іншым, мяне адзін пытаўся, як вы ў Баку ходзіце ў белых касцюмах — там жа нафта па вуліцах цячэ». Слухачы заахвочваючы смяюцца. Вось ён прыпаў да акна. «Гэта — саляное возера. Тут бярэ соль увесь Баку». Суседзі яго глядзяць у акно. «Гэта пачынаецца чорны горад». Пасажыры падыходзяць да процілеглага акна. Пачынаецца Баку. Горад — без дрэў. Дамы шэрыя, з плоскімі дахамі. Горад таксама аднастайны, шэры. Толькі шыр мора выглядвае з-за дамоў ярка, незвычайна — сіняя, чыстая, вясёлая.

Трэці нумар трамвая падвозіць нас да шаснаццатай прыстані. Знаёмімся. Вайсковыя кажуць, што толькі ўчора адышоў параход на Краснаводск, давядзецца чакаць, невядома колькі. Калі наступны будзе — невядома. Вядома адно: білеты выдаюць пасля санапрацоўкі. Перад пасадкай на параход усіх прымушаюць мыцца. Я, не мыючыся, дастаў неабходную даведку. Але білет мне не далі, «патрабавання» на праезд па моры ў мяне не аказалася. Рэшту часу патраціў на візіт да каменданта. Нічога не дабіўся.

Даведаўся ад тых, хто чакаў чаргі да каменданта: а сёмай пойдзе параход на Гур’еў. Зараз шэсць. Але паехаць я не магу, пакуль не запасуся прадуктамі. Бягу на прыстань. «Ці пойдзе параход а сёмай?» Не, таму што яшчэ не пачалася пасадка. Зноў, у трэці раз, наведваю вакзал, атрымліваю прадукты. Вяртаюся ў пачатку восьмай на прыстань,— параход не адышоў, але пачалася пасадка. Бягу па рэчы, станаўлюся ў чаргу. Ёсць надзея — ашукаю. Па-першае, цёмна, дакументы праверыць цяжка, па-другое, правая рука на падвязцы. «Вашы дакументы?» — «Зараз,— кажу я, праходзячы паўз кантралёра-водніка. Здымаю з пляча мяшок.— Зараз». Прытрымліваючы яго локцем, расшпільваю кішэню гімнасцёркі, павольна выцягваю левай рукой адну даведку, другую. А пасажыры з білетамі націскаюць, нервуюцца. «Вазьміце дакументы»,— хутчэй кідае кантралёр, дачакаўшыся ваеннага білета. Не пытае білета на параход. «Пакладзіце»,— паказваю я на кішэню. Ён дапамагае мне. Вось нейкая дзяўчына. Загадвае выпіць нешта горкае. «Ад марской хваробы». Вось я ўжо на параходзе.

Уладкоўваюся наверсе, унізе паветра — гарачае, цяжкае. Ляжу на палубе, на носе. Месяц узышоў. Побач уладкоўваюцца яшчэ нейкія вайскоўцы. Уся ноч праходзіць у дрымотным чаканні. Уранку параход задыміў, усе ўзрадаваліся. Адышоў ад прычалу, павольна развярнуўся і падышоў — да другога прычалу, 27-га.

Узышло сонца. Працягваецца дагрузка. На вадзе ржавыя масляныя плямы. Вада жоўтая, жоўты адбітак горада. Параход зноў задыміў і пайшоў — нарэшце — у мора. Баку павольна адплывае назад. Вышкі, дамы, параходы з косамі чорнага дыму. І парашутная вышка на набярэжнай. Усё адыходзіць. І вось — толькі мора. Вада, сіняя, у зморшчынках — наводдаль, зялёная — ля парахода. Пеністы след за параходам. Далёка, далёка ледзь прыкметная паласа берага. Потым і яна знікае. Усюды мора, толькі мора, Каспійскае мора. Ветрык свежы, марскі. Угары ціхае, ласкавае неба з рэдкімі перыстымі воблакамі.

У чарзе за кавунамі сутыкнуўся з Валодзем Сінюковым. Ён выправіўся ў дарогу на чатыры дні раней за мяне, не дачакаўшыся маёй выпіскі, і вось сябрам зноў суджана сысціся. Стаім ля поручняў і любуемся морам.

 

30 верасня, Каспійскае мора

Цяжка вызначыць колер мора. Калі неба затулена хмарамі, калі хвалі ляніва варушацца, яно шызае, пад чыстым небам, калі разыходзіцца свежы вецер — яркае, блакітнае, у вячэрнім прыцемку цёмна-сіняе, панурае. Удалечыні — сіняе, а пры караблі заўсёды зялёнае, светлае. На хібе хваль — як кіпень,— баранчыкі пены. Пенныя грабеньчыкі далёка бялеюць на моры. Яшчэ над хвалямі бялеюць крылы чаек, што шукаюць спажыву. Часам удалечыні, справа зазначыцца серабрыстая рысачка берага; вось нешта заблішчала на ім, што — не разабраць, далёка. Ідзе карабель, плюскоча і шуміць мора за бортам. Ззаду пагойдваецца прывязаная канатам невялікая баржа з грузам. А на параходзе — як кітайскі горад. На палубе — тры вуліцы. Жыхары вельмі хутка прыстасоўваюцца да вандроўнага жыцця. Утварыліся «дамы», «вуліцы». «Дамы» агароджаны мяшкамі, чамаданамі. За «сценамі» — ложкі, столікі. Ляжыць на ложку жанчына, чытае нешта, парасон затуліў ад яе сонца, дзіця гуляе тут жа, а на вяровачцы над «сценамі» трапеча, тузаецца вымытая бялізна. Усё так па-дамашняму. На нейкай скрынцы сядзяць байцы, гармонік нешта зыкае, што — не разабраць, вецер адносіць гукі ўбок. Жанчына вымыла пялёнкі, павесіла на агароджы палубы, прывязала. Пялёнкі матляе вецер. Скрыні, тазы, кашолкі, мяшкі, клункі. Плач дзяцей. Спевы п’яных прыяцеляў. Мора шуміць за бортам. Вось дзяўчынка. Ёй — чатырнаццаць гадоў. Яна абстрыжана. Чорныя валасы ледзь пачалі адрастаць. Чорныя адкрытыя дзіцячыя вочы. На руках яе — шрамы. Яе пытаюць: «Гэта ад чаго ў цябе шрамы?» — «Ад немцаў»,— коратка адказвае яна. Вочы ў яе нейкія няцямлівыя, па-сабачаму даверлівыя, і я не здзіўляюся, калі чую адказ. Гэта вочы чалавека, які пабачыў гора. Які надламаны горам. «Як жа яны?» — «Гарачым нажом».— «А кроў не цякла?» — «Не».— «Як жа ты прыйшла да нас?» — «Сама перавязвала. Трыццаць дзён і трыццаць начэй ішла да нашых». Нельга не паверыць гэтым вачам, гэтаму простаму, жахліваму апавяданню. Яна расказвае, што маці яе расстралялі, а бацька на фронце, але дзе — яна не ведае. Зараз яна — дзяўчынка з далёкіх Сум — едзе на Волгу. У яе няма грошай, адзенне яе абарвалася, у яе — няцямныя, па-сабачаму даверлівыя вочы. Самае страшнае — гэтыя вочы. Ніколі ў нашых дзяцей не было такіх вачэй. Я даў ёй два сухары і селядзец. Яна жыве тым, што жабруе і ёй падаюць. Яна нічога не мае. Яна спіць на голай падлозе, не ўкрываючыся, сціснуўшыся ў камячок, заціснуўшы галаву рукамі. Дзе прыйдзецца, спіць. Бедная жабрачка... Што з маімі?..

Учора я гутарыў з дарослай дзяўчынай, студэнткай. Яна Святлана — студэнтка Растоўскага медінстытута. З інстытута яе мабілізавалі на фронт. Было іх разам 60. 60 студэнтак ехалі на фронт. 60 студэнтак не даехалі да фронту. Эшалон стаяў на станцыі, калі наляцелі з-за будынкаў бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі. З грукатам, глушачы, ірваліся бомбы. Асколкі секлі, ірвалі тонкія сцены вагона, цяплушкі, упіваліся ў целы дзяўчат. Яны былі засцігнуты так неспадзявана, што не ўправіліся выскачыць з вагонаў. З застыглымі ад жаху вачыма, працятыя асколкамі, зраненыя, акрываўленыя, ляжалі яны і беглі пад бомбамі. Потым, калі бамбёжка скончылася, гарэў воінскі эшалон паблізу. Бясконца доўга рваліся снарады, праціналі паветра вакол, сцены вагона асколкі... Стагналі дзяўчаты... Святлана была ў вагоне. Не ўправілася выскачыць. Пахаладзелая ад жаху, знясіленая, ляжала і нічога нібы не разумела. Вочы яе залівала нешта мокрае. Яна выцерла вочы, мімаволі зірнула, што ж гэта? Разгледзела, зразумела: кроў. Здагадалася: кроў сяброўкі, што нерухома звесілася з верхніх нар... Калі ўсё скончылася, стала ціха, да іх прыйшлі. Сярод іншых, тых, што былі ўжо нежывыя, знайшлі, выцягнулі яе. Адправілі ў шпіталь. Там ужо налічылі: на ёй было адзінаццаць ран. У шпіталі яна доўга ляжала нерухомая, уся захутаная ў бінты. Яе маладосць, гаворыць яна, скончылася. І праўда. Скончылася ў тыя некалькі хвілін. У свае дзевятнаццаць яна падобна да трыццацігадовай, змардаванай горам жанчыны.

Яна расказвае пра ўсё гэта з сарамлівай усмешкай. Мне хочацца плакаць ад гэтай усмешкі. Маці заве яе да рэчаў.

 

1 кастрычніка, Каспійскае мора

Прайшлі паўз порт Шаўчэнка. Справа, непадалёк быў пясчаны ў зморшчынах бераг, некалькі дамкоў, лодкі пры беразе. І зноў адно мора. Вось зноў — пустэльны бераг справа.

За параходам увесь час — чайкі. Варона адпачывае на мачце. Купка пасажыраў з цікавасцю глядзіць на яе.

Усе дні час ад часу аглядваю неба: ці не чарнее небяспечная кропка, самалёт. Не верыцца, што неба такое ціхамірна спакойнае. Фронт жа непадалёку... Але неба нібы спакойнае. І мора таксама.

 

2 кастрычніка

Мы сядзелі на палубе. Свежы, пранізлівы марскі вецер. Месяц — вечны спадарожнік усіх начных сустрэч. Мора, што шуміць за бортам, уздымаецца і апускаецца. Цёмныя густыя хвалі глуха і моцна стукаюць у борт, ускідваюць белыя знакі пены. Шторм.

Яна ўспамінае. Мяне цешыць яе шчырасць, даверлівасць, цеплыня ўспамінаў. Дажджлівай ноччу яна не выйшла на спатканне. Ён паўтары гадзіны чакаў яе, вымак, вярнуўся дамоў. Ён ніколі не спазняўся, заўсёды быў акуратны. Цёмнай ноччу на ўскраіне горада яны затрымаліся ў кіно. Электрычка скончыла свой працоўны дзень раней звычайнага. Яны пачакалі, потым пайшлі на вакзал, даведацца аб прычыне затрымкі. Ім сказалі: поезд будзе толькі ўранку. Ішлі стэпам. Цёмнае, камяністае поле. У туфлях ісці было немагчыма. Ліля скінула туфлі, пайшла басанож. Камяні рэзалі ногі, што раней не хадзілі па зямлі босыя. Яна стала: «Больш не магу». Ён нечакана падхапіў яе на рукі, панёс. У яе словах аб ім было многа цеплыні, лёгкага суму. «Усё ж я не люблю яго,— сказала яна раптам шчыра.— Ён, здаецца мне, ніжэй за мяне. Не хапае ў яго гордасці, годнасці». Калі яна адмовілася выйсці за яго замуж, ён дэманстратыўна павярнуўся і пайшоў. Яна не спыніла яго. Але ён потым вярнуўся сам. Сяброўкі зайздросцілі ёй. Яны гаварылі пра матэрыяльную выгаду, пра 2 тысячы рублёў акладу, пра добрую кватэру ў авіягарадку. Ліля абыякава слухала парады сябровак. (Ці таму, што ў яе бескарыслівая і гордая душа, ці таму, што яна яшчэ не ведала цану працоўнага жыцця? Я хацеў бы, каб было, канешне, першае.) Калі яна адправілася ў гэты далёкі шлях, давялося тры дні чакаць парахода на прыстані. Ён усе гэтыя дні быў ля яе. Зноў угаварваў застацца з ім. Параход адышоў нечакана, і ён так і не развітаўся з ёй у апошні раз. Ён яшчэ спадзяваўся сустрэцца, калі параход ішоў морам. Калі развітваліся напярэдадні, яна раіла яму часцей заходзіць да сваёй сяброўкі,— тая была моцна закахана ў яго. Спадзявалася: пасябруюць, лягчэй забудзе яе.

Я быў шчыры. Можа быць, я і запаліў яе сваёй шчырасцю. Я гаварыў пра тое, што яна — дзіця, якое мала бачыла «той бок жыцця», мала пакутавала, распешчана ўвагай.

Мне ўспаміналіся дні горкай франтавой тугі па каханні. Можа быць, мора вінавата ў гэтым. Яно бушавала за бортам, глуха, цяжка. Быў шторм. Параход стаяў на мелі, на якары. Баржу з грузам сарвала і пагнала ў мора. Ледзяны вецер пранізваў мяне наскрозь, але ісці не хацелася. Яна накрыла мне ногі сваім паліто, клапатліва нацягнула на мае плечы шынель. На верхавіне мачты зябка дрыжала халодная зорка.

Раніцай параход падышоў да баржы, прычапіў яе. Параход пайшоў на поўнач.

 

4 кастрычніка, Гур'еў. Рэйд

Мы стаім на капітанскім мастку рачнога парахода. Мора ласкава плешчацца за бортам. Дымяць дзесяткі параходаў на рэйдзе. Удалечыні ля далягляду частакол рыбацкіх мачт, белыя, быццам крылы чайкі, ветразі. Неймаверны, падманны спакой! Быццам і няма, і не было вайны, смерці. Быццам не побач Сталінград!.. Што там, у Сталінградзе?

 

5 кастрычніка, Гур'еў

Уся ўзбярэжная паласа ад мора да горада застаўлена ветрарухавікамі. Іх так многа, што строй іх нагадвае прысады з таполяў. Пры беразе сотні рыбацкіх суднаў з мачтамі, дзесяткі розных параходаў. Гарадок няўтульны, брудны, пыльны. Асфальт на вуліцах увесь у калдобінах. Разбітыя, брудныя тратуары. Пыльныя, шэрыя дрэвы. На рынку — цэны небывалыя. Кілаграм масла — 400 руб., кілаграм памідораў 40 руб. Мяса зусім не відаць. Грошы не ў модзе. Асаблівай увагай карыстаюцца грузінскі чай, тытунь. За пачак чаю, за 4 р. 50 к., можна купіць літр алею, цвёрдая цана якому — на грошы — 400 руб. Сапраўды, «жизнь — трогательная комбинация». Мае рацыю Косця-капітан! Казахі ганяюцца за чаем. Спачатку ўзважыць на руцэ, палюбуецца яркай этыкеткай, потым пажуе, пачынае доўга таргавацца.

 

7 кастрычніка

Мы сядзелі на лавачцы ў садзе, жоўтае лісце, кружачыся, падала на яе плечы. Па нагах яе плылі цені. Пасля трэцяга развітання я вярнуўся ў вагон і заснуў, цвёрда ўпэўнены, што ноччу паедзем. Уночы поезд грукатаў на рэйках. Раніцай, працёршы вочы, я высунуўся з купэ, спытаў: «Якая станцыя?» — «Гур’еў». Так, гэта Гур’еў, толькі эшалон наш перагналі на іншы пуць. Калі мы развітваліся зноў, на маё «да пабачэння» яе маці з усмешкай адказала: «да вечара». Мы засмяяліся. Але ўвечары мы не сустрэліся. Поезд выйшаў з Гур’ева.

 

9 кастрычніка, Макат

Ужо амаль суткі стаім тут. Паўз нас у той і другі бок, грукочучы, праносяцца эшалоны з чорнымі цыстэрнамі. А наш стаіць. Непадалёк некалькі маленькіх дамочкаў, а вакол — усюды — стэп, выпалены, роўны, бяскрайні. Ля вагонаў — кірмаш. Пасажыры таргуюцца. На чай у казахаў можна выменяць усё: крам, хлеб, «тару». Так на кожным прыпынку. Ледзь цягнік спыніцца, збягаюцца казахі, пачынаецца гандаль. У вагонах цесна, душна. Змарнелыя, аброслыя пасажыры нервова лаюць дарогу. Я застаўся без месца. Пашумеў, але месца не дабіўся. Інцыдэнт развязалі нечакана міла. Мне дала прытулак правадніца міжнароднага вагона. Адклаўшы дзённік убок, я ўзлажу на сярэднюю лаўку і, уткнуўшы падбародак у падушку, гасцінна пададзеную правадніцай, гляджу на рэдкія дамочкі станцыі, на стэп, успамінаю Каспій, Л.

 

10 кастрычніка

Мой сусед — падпалкоўнік. Едзе са шпіталя у Наркамат абароны. Ён стомлена дрэмле, стоячы ў калідоры, і я з павагі і спачування да яго на паўночы ўступіў сваё месца на лаўцы. Падпалкоўнік, змучаны дарогай, не адмаўляўся і, накрыўшыся шынялём, хутка захроп. У вагоне едзе студэнтка з геолагаразведачнага інстытута. Была «на практыцы» за Грозным. Вайна раскідала таварышаў, перапыніла практыку. Едзе адна, зусім без грошай. Прадае апошнюю жакетку. Нягледзячы на холад. Яе ніхто не купляе. Усмешка ў яе такая нясмелая, што мне здаецца, я вінаваты перад ёй.

 

13 кастрычніка, Куйбышаў

Упершыню бачыў Волгу. На тым беразе кусты лазы, пясчаныя лысіны, некалькі дамкоў. Шырокая сіняя далячынь. Доўга бадзяўся па Куйбышаўскай. Горад расчараваў мяне. «Сталіца»1 мае брудны, шэры выгляд. Безупынна імжыць дождж. Успомніў, што недзе тут жыў Пятро Кудрыцкі. Прыязджаючы дамоў, ён часта расказваў аб Куйбышаве. Зайшоў у адрасны стол. Адказалі, што адрасат — не значыцца. Недзе тут пасля Фінляндыі ляжаў Саўчык. Але ён даўно дома. Цяпер нікога са знаёмых не знойдзеш. Па ўсім свеце раскіданы.

Быў на перавязачным пункце пры вакзале. З раны выйшаў асколак касці. Але рана сама амаль загаілася. Урач, маладая, з вельмі чыстым і прыгожым тварам, бландзінка, аглядваючы яе, амаль з захапленнем сказала: «Прыгожая якая! Як кляновы лісток!»

Любаванне яе было, падобна, шчырым. Магу ганарыцца, што на плячы такая прыгожая метка. Шкада, што краса гэта схавана пад гімнасцёркай.

Зрэшты, сама ж перавязала рану і вельмі ўмела, пяшчотна.

 

15 кастрычніка

Хутка Бугуруслан. У вагоне цёмна і холадна. Уладкаваўся на лаўцы, ляжу і дрыжу. Нехта ў цемры апавядае. Прыслухоўваюся. Голас жаночы, гавораць пра Сумы. «Ці даўно вы з Сумаў?» — «У чэрвені гэтага года».— «Дык там жа немцы!» — «Немцы. А мы ў партызанах былі». Я з цікавасцю прыслухоўваюся і сам уцягваюся ў гутарку. Гутараць некалькі чалавек. Сярод іх хлопчык з Мінска. Бацька загінуў, маці забілі немцы. Яго ўсынавілі партызаны. Але ў цэнтры ўвагі маладая жанчына, амаль дзяўчынка. Яна гаворыць нялёгка і няскладна. Але якое гэта незвычайнае апавяданне! Нават для мяне многае здаецца неверагодным. Аднак я веру яе словам,— гэта падобна на тое, што я бачыў на фронце. Яна расказвае аб тым, як у яе нарадзіўся сын. Яна раджала, а непадалёк ішоў бой. Усе ішлі ў лес, малыя і старыя. Немцы наступалі. Яна нарадзіла і, падхапіўшы сваё дзіця, таксама пабегла ў лес. Праз некалькі дзён прыляцеў самалёт і яе адправілі за лінію фронту. Яна была ў Маскве, адпачывала ў санаторыі. У Маскве зарэгістравалі сына. Дзядзька паднёс запалку, і яна паказала маленькі захутаны белы камячок. Пасля яе апавядаў другі голас. Я слухаў яго, і маё ўяўленне малявала: лес, табуны кароў, авечак, павозкі з хатнімі рэчамі, маладых і старых мужчын з вінтоўкамі і гранатамі. Ён апавядаў пра тое, што ў лесе пачалі падрыхтоўку да зімы, капаюць ямы, будуюць зямлянкі. Вёскі цалкам пайшлі ў лясы, з сем’ямі. Вёскі спалены, спапялёны... Пасля яго зноў гаварыла яна. Расказала пра канцэнтрацыйныя лагеры. Расказала: маці шукала сына, пешкі абышла сотні кіламетраў і не знайшла... «Як наладжана сувязь з атрадамі?» Яна сказала, што нейкі час не было солі ў партызан і з Масквы прыслалі солі. Атрымліваюць лісты. Аднаму партызану сыны пісалі рэгулярна з Далёкага Усходу. Яна і мне параіла звязацца са штабам партызанскага руху і нават адрас дала. Паспрабую звязацца з роднымі, партызанамі... Пад’язджаючы да Бугуруслана, мы развіталіся. Яны паехалі на Уфу.

 

16 кастрычніка, Бугуруслан

Першае ўражанне — хутчэй павярнуць назад, пакуль не адышоў поезд. Ухапіцца на хаду за прыступку і ехаць абы-куды, толькі не заставацца тут. Стаю ў дворыку станцыі і пазіраю ўдалеч. На шэрым схіле гары паводдаль маленькія дамочкі, такія ж шэрыя, нязграбныя; толькі два-тры дамы ды шпіль царквы ўцешна бялеюць. Падышла машына. Прыехаў нейкі камандзіраваны з вобласці. Даведаўшыся, што я прыехаў сюды па сваёй ахвоце, здзіўляецца, малюе сумную карціну, папракае. Уладкоўваюся ў газіку. Газік стары, трашчыць, скача па незлічоных калдобінах, пагражае заваліцца набок. Марудна паўзе па прысадах між вялікіх старых таполяў, што вартуюць дарогу да горада. Адной рукой падтрымліваю бочку, якая ўпарта імкнецца прыціснуць маё калена. Мост. Рачулка. Іду па цэнтральнай вуліцы. Вуліца Рэвалюцыйная. Імжыць дождж. Тратуар разбіты, іду асцярожна, каб не набраць цераз верх чаравікаў. Пасярэдзіне вуліцы, кідаючы граззю, паўзе грузавік.

 

18 кастрычніка

Жыву ў гасцініцы. Гасцініца — як параўнаць з іншымі — вялікі будынак у самым цэнтры, на два паверхі. Мой пакой — на другім паверсе з відам на плошчу. Пакой — вялікі, шэсць ложкаў. Народ усё, як належыць, часовы. Прыязджаюць, ад’язджаюць. Амаль кожны дзень мяняецца насельніцтва і ў нашым пакоі. Больш за ўсё, здаецца, прыязджаюць, каб наведаць цэнтральнае бюро даведак па эвакуіраваных. Шукаюць сваякоў, знаёмых. Шукаюць сваё месца на зямлі, дзе вайна ўсё разбурыла, ператасавала.

Знаходзяць нямногія. Нямногія ад’язджаюць шчаслівыя. Гэта і ў мяне выклікае трывожнае прадчуванне... Зрэшты, не ўсе ад’язджаюць. Ёсць і ў маім пакоі такія, што заселі ў гэтым горадзе, нікуды не збіраючыся. Я быццам бы чытаю на іх тварах: куды нам ехаць? Дзе нас чакаюць?

У пакоі няўтульна і холадна. За акном дождж, маркотнае неба. Але я цешу сябе надзеяй. Можа быць, мне ўсё ж пашанцуе.

 

22 кастрычніка

У гасцініцы адзін з таварышаў па пакоі — Рыўкін — расказаў мне, між іншым, пра вясёлага маёра Сяргеева, які некалькі дзён назад быў тут. Маёр прыязджаў у бюро даведак, шукаў дачку. З першых дзён вайны ён згубіў яе і не мог знайсці, не было як за баявымі клопатамі. Цяпер, пасля ранення, у водпуску, ён рашыў шукаць яе. Я ўспомніў пра Асю Сяргееву, і цяжкае прадчуванне варухнулася ў сэрцы. «Як яго імя?» — «Здаецца, Сяргей». Памятаю, Ася таксама — Сяргееўна. «Яны не ў Львове жылі?» — «У Львове». Ён успомніў расказы бацькі пра дачку: паводле слоў бацькі яна была вельмі прыгожай дзяўчынай. Я разгарнуў папку і паказаў фотакарткі, якія падарыла Ася, калі мяне адпраўлялі з Растова. Расказаў аб яе жыцці. Раненне. Шпіталь у Сочы. Работа ў растоўскім шпіталі. Вялікі шлях прайшла дачка без бацькі. Згубіў яе дзяўчынкай, а знойдзе жанчынай, якая багата пабачыла і зазнала. Шкода, што мы не сустрэліся...

На фронце — баі па-ранейшаму ў раёне Сталінграда і Маздока. Баі ўпартыя, але немцы не могуць ужо рушыць наперад. Нашы адбіваюць усе атакі.

Хочацца спадзявацца, што надышоў пералом. І што нядоўга чакаць таго часу, калі мы зноў пойдзем наперад. На гэта мы ўсе спадзяемся.

 

22 кастрычніка

Лёс павярнуўся да мяне тварам. У мяне ёсць свая «кватэра». Ложак ля печкі. З матрацам, з коўдрай, з падушкай. Круглы стол з вязаным узорамі, у клетачку, абрусам. Перад акном два маленькія дрэўцы. Светла. Адаграваюся пасля няўтульнай халоднай гасцініцы. Гаспадыня знаёміць з дачкой. «Ліда,— кажа яна чарнавокай дзяўчыне, якая маўкліва схілілася ў сваім пакоі над сталом,— гэта наш брат».

 

23 кастрычніка

Дом, у якім я жыву, драўляны, на адзін паверх. З выгляду невялікі, з боку вуліцы тры акны з аканіцамі. Нічым не вылучаецца сярод іншых. Але ў сярэдзіне ён — цэлая дзяржава, ці інтэрнат. У ім цэлых сем пакояў і яшчэ веранда і сенцы. Зрэшты, палова пакояў — не пакоі, а каморкі, дзе ледзь уціскаецца ложак і столік. Я не ведаю, хто тут і як жыў раней, але цяпер тут народу — што на вакзале. Жывуць усюды, ва ўсіх куточках. Гаспадыня і яе сястра займаюць цёплую каморку ля грубкі, з другога боку, у каморцы ж, таксама пры грубцы — дачка. Брат гаспадыні — у вялікім пракураным пакоі ў агарод. Яшчэ адзін яе брат — маленькі, гарбаты — у кухні, на печцы, з хлопцам, няродным, прыёмным. Побач, у каморцы, памерам са шпакоўню, жанчына, эвакуіраваная з Віцебска. У пакоі, больш прасторным, побач з тым, у якім брат гаспадыні,— цэлая сям’я з трох чалавек. Муж, жонка і сын гадоў дзевяці — з Растова. Муж недзе служыць, па забеспячэнні, жонка — медычка. Хлопчык — жвавы і вельмі таварыскі. Я жыву ў зале, таксама ля грубкі. Раней у гэтай зале, сказалі мне, жылі таксама ваенныя, лейтэнанты. Прычым, мяркуючы па расказах, іх тут прайшло як быццам не адно пакаленне. Яны ўсе паехалі, адны — на фронт, другія — у іншыя гарады. Іх успамінаюць па імёнах і з задавальненнем.

Удзень гаспадыня атрымала ліст з фронту. Піша былы «кватарант», што жыў тут год назад. Год назад расстаўся з ёй, але піша, не забывае. Рос ён без сям’і, без бацькі, сваякоў. «Скончыцца вайна, і прыеду. У вас цесна будзе. Дзеці прыедуць. Але нічога. Я прыбудую да вашага дома пакойчык, і будзем жыць разам». Пажывуць трохі і едуць куды-небудзь, але не забываюць. Некалькі дзён назад адзін з такіх жыхароў, лейтэнант, заехаў. З фронту паслалі ў акадэмію. Зрабіў вялікі крук, але рашыў наведаць. Позна ўночы, калі ўсе спалі, дастукаўся праз аканіцу. «Ды гэта я... Ну, Павел, ну Мінько». Усю ноч, да раніцы прагаварылі, успаміналі пра былое. Ён расказваў аб тым, што перажыў пасля ад’езду. А ўранку паехаў.

 

24 кастрычніка

Быў на кірмашы. На «таўкучцы». Пайшоў у надзеі што-небудзь купіць. Купіў шкарпэткі за 300 рублёў. Грошай у мяне засталося зусім мала. Цэны на тавары страшэнныя. Жанчына прадае світэр. «Колькі?» — «Тры»,— коратка адказвае яна, і я здагадацца не магу — тры сотні ці тры тысячы. Я доўга хадзіў вакол, не адважваючыся паказаць такую сваю непрактычнасць, пакуль даведаўся, што світэр каштуе тры тысячы. Дзед з сівеючай бародкай, у чорнай вушанцы, з лапцямі пад пахай. «Што прадаеш?» — пытаецца пажылая дзябёлая жанчына з кошыкам у руцэ. «Сябе прадаю»,— жартуе дзед. «Ды каму ты, стары чорт, патрэбны. Я і то такога старога дарма не ўзяла б. Ужо калі браць, дык маладога, такога»,— яна паказвае на мяне. «Чаму толькі адну пальчатку прадаеце?» — спытаў я адну жанчыну. «Ранетых многа, бязрукіх, а нашто ранетаму, у якога адна рука, дзве пальчаткі?»

Я аддаў гімнасцёрку памыць. Апрануў чырвоную тбіліскую футболку. Каўнер шыняля зашпіліў, каб не былі відаць адкрытыя грудзі. У дзённай штурханіне я забыўся пра гэта. Увайшоў у цырульню, пагаліцца, расшпіліў шынель, і мароз прабег па скуры. Толькі цяпер успомніў, але было позна, на мяне глядзелі. Я распрануўся і сказаў: «Не магу насіць гімнасцёркі, рана баліць». Не ведаю, як смешна я выглядаў збоку ў футболцы ў такую пару... Мне трэба купіць хоць бы пару бялізны на змену. З гэтага пачнём. Вясёлае жыццё.

 

25 кастрычніка

Быў у райкоме партыі. Стаў на ўлік. Калі афармлялі, жанчына з сектара ўліку выйшла кудысьці, потым вярнулася, пазвала ў адзін з кабінетаў. Там сустрэў мяне немалады, кульгавы чалавек, адзін з сакратароў райкома. Распытваў мяне аб фронце, аб руцэ, прыглядваўся хмурным позіркам. Потым сказаў: патрэбны чалавек для работы на нафтапромыслах. Картачка, зарплата добрыя, але работа нялёгкая. Сказаў не без шкадавання, што мне, відаць, не пад сілу з такой рукой. «Трэба многа ездзіць — гаспадарка ў іх вялікая! Ды і ўмовы жыцця — амаль франтавыя... У полі, на марозе, дзесяць гадзін як мінімум!.. Увогуле, папраўляйся...»

Гэта сустрэча дала зразумець, што ў горада ёсць вельмі важная справа — нафта. Горад працуе на фронт, здабывае для яго паліва. Тут адзін з раёнаў «другога Баку». Трэст «Бугурусланнафта».

Акрамя нафтавікоў, слава горада — лётнае вучылішча. Тут вучацца будучыя ваенныя лётчыкі. На вуліцах можна ўбачыць іх у камбінезонах, унтах. Бачыў, як яны тоўпіліся ля грузавіка на Рэвалюцыйнай, непадалёк ад моста, потым на грузавіку пакацілі за горад, відаць, на аэрадром. Калі іх бачыш, адчуваеш, што гэты ціхі горад звязаны жывой сувяззю з фронтам. Працуе на фронт.

 

27 кастрычніка

Цікавы народ у «нашым доме».

Перш — пра яго старых жыхароў. Тут чацвёра з аднаго кораня — два браты і дзве сястры. Але верхаводзіць сярод іх адна, малодшая сястра. Яна працавала раней загадчыцай вучэбнай часткі ў дзіцячым санаторыі касцявога туберкулёзу. Цяпер ужо на пенсіі. Нешта з сэрцам, парок нейкі. Аднак яна вельмі жвавая і энергічная і надзелена незвычайнай цікаўнасцю. Маленькая, з выгляду моцна збітая, яна ўвесь час у клопатах, то па дому, то недзе ў горадзе.

Яе сястра — высокая, хударлявая, марудлівая. Трымаецца яна дзіўна важна, велічна ходзіць і велічна носіць галаву. Губы манерна падтулены, нібы ў дзяўчыны. І міны на твары, рухі яе манерныя, какетлівыя. Уражанне такое, быццам яна ўпэўнена ў сваёй прыгажосці і заўсёды памятае аб ёй. І быццам ходзіць яна яшчэ ў дзяўчынах, на выданні. Па раніцах яна — доўга ля люстэрка, прыводзіць сябе ў парадак; ля люстэрка і калі рыхтуецца выйсці на вуліцу. Некалі, ці то да рэвалюцыі, ці то ў першыя гады пасля яе, была фатографам, славутасцю на ўвесь горад. Была замужам за начальнікам міліцыі, але хутка разышліся. Відаць, увесь час памятае пра былое.

Брат яе Іосіф ні адзінай рысай не падобны да сястры. Быццам з іншага гнязда. Можа быць, толькі ў рысах твару яго ледзь улоўліваецца нешта агульнае. Але характар яго, склад душы, наколькі можна меркаваць пра яе, іншы. Вельмі сціплы, ціхі, сарамлівы, яго ў доме амаль ніколі не чуваць і не відаць. Я чытаў недзе, што гарбуны — злыя, але пра яго гэтага не скажаш. Па ўсім відаць — натура добрая. Міла глядзець, як ён ставіцца да хлопца, з якім жыве. Дарэчы, хлопца кінуў родны бацька, які быццам бы ажаніўся нядаўна з нейкай красуняй. Бацька быў раней дырэктарам музея, нядаўна, пасля жаніцьбы, некуды з’ехаў з маладзіцай, а сына пакінуў. Абяцаў быццам бы забраць, але нешта маўчыць пакуль. А сын душа ў душу са старым.

Яго брат таксама, здаецца, каларытная фігура. Наогул, надзвычай непадобныя яны, родныя людзі, што жывуць усё жыццё сваё пад адным, бацькоўскім дахам. Гэты брат — Сямён — высокі, худы, твар абцягнуты цёмнай маршчыністай скурай. Ходзіць па дому ўпэўненай, гаспадарскай хадою, глядзіць на ўсіх з годнасцю, востра і насмешліва. Нібы кажа: я вас наскрозь бачу. Ледзь я з’явіўся тут, прыйшоў, разгледзеў бесцырымонна, спытаў: хто, адкуль. Потым прыходзіў, дымячы папяросай, вёў грунтоўныя размовы пра фронт, пра становішча. Дапытваўся, дакопваўся, што ж там на самай справе. Чаму дапусцілі пад Сталінград і да Каўказа? «Як ты думаеш, паб’ем германца?»

Зубоў у яго няма, і ён моцна шапялявіць. Калі есць, ніжняя частка твару незвычайна моршчыцца, грымаснічае. Страшэнна курыць. Дыміць, амаль не спыняючыся, дым нейкі едкі, люты. Пакой яго поўны тытунёвага дыму, такога густога, што хоць сякеру вешай. Але яму ўсё гэта хоць бы што.

Разам з тым педантычна ахайны. Кажуць: кожную суботу, з пакункам пад пахай, крочыць у лазню. Пасля лазні абавязкова ў бібліятэку. У бібліятэцы наогул нярэдкі госць. Вельмі ўважлівы да таго, што адбываецца ў свеце. Радыё слухае пастаянна, але з непрытоеным недавер’ем. «Не кажуць праўды». З кніг найбольшая павага — да энцыклапедый, якія і чытае ахвотней за ўсё.

Аб кватарантцы з Віцебска ведаю мала. Прывёў яе сюды і ўладзіў тут, сказалі, муж, ён цяпер на фронце. Яна бывае дома мала, вярнуўшыся дамоў, сядзіць адна. Некалькі разоў чуў, як яна — проста молячыся — казала пра мужа: «Мой Мішук!» Ёсць у ёй і нейкая сарамлівасць і нейкая, відаць, ужо звыклая ненатуральнасць, што выклікае недавер’е да яе шчырасці.

Але паводзіць яна сябе, падобна, сціпла. Жыхары ж Растова тут, як дома. Гаспадар ступае так, што парыпваюць маснічыны. Калі жонка гаворыць, чуваць ва ўсім доме. Усюды ходзіць бесцырымонна. Ацэньваючым позіркам акінула мяне і, здаецца, ацэнку дала невысокую. Нешта накшталт таго: інвалід, ды яшчэ зялёны.

Тут я пакуль нічога не напісаў пра дачку гаспадыні. Пра дачку — размова асобная. Маладое пакаленне!.. Трэба больш грунтоўна...

Такія тыя, з кім я аказаўся цяпер пад адным дахам.

 

28 кастрычніка

У цэнтральным бюро даведак атрымаў адказы на мае запытанні. Пытаў пра бацьку, маці, Алесю, Пакроўскага, Валачковіча. Не знайшоў нікога. Паведамілі толькі адрас Лізы Голад. Узбекская ССР, Бухарская вобласць, Кермінінскі раён, вёс. Хазара, калгас імя Сталіна. З ёй нехта Аркадзь Якаўлевіч. Сын, відаць? Напісаў ліст, з нецярплівасцю чакаю адказу. Яна ж была на радзіме ў апошнія дні. Я амаль страціў надзею знайсці родных. Маці, напэўна, пахавала і слёзы выплакала ўсе. Успамінаю ўсё, што было ў тым далёкім, быццам учора было. А ўжо больш трох гадоў не бачыў.

 

30 кастрычніка

Радыё паведаміла нядобрыя навіны з фронту. 27-га паведаміла, што баі перайшлі ў раён Туапсэ, а праз дзень дадало — раён Нальчыка. Значыцца, нам зноў давялося адысці. Усе гэтыя дні баі ў Туапсэ і Нальчыку. І цяжкія баі ў Сталінградзе.

З Гур’ева атрымаў паштоўку ад Л. «Нарэшце рашыла напісаць табе, бо адчуваю, што мы не паедзем адсюль хутка. Паштовую скрынку нам паведамілі, сказалі, што будзем грузіцца, але да гэтага часу ўсё засталося па-ранейшаму. Настрой жахлівы, сумна і пуста, нічога добрага наперадзе не бачу. Хочацца хутчэй вырвацца адсюль». Пачатак жыцця. Да гэтага вайну яна ведала па радыёзводках, якія да таго ж, відаць, мала слухала. У той час, калі мы не ўяўлялі іншага жыцця, акрамя франтавога, ёй надакучвалі заляцаннямі. Кіно. Праводзіны. Каспій — пачатак яе жыцця. Жыццё... Успамінаю 35-ы год, калі я ўсю ноч напралёт стаяў у магазіне на рагу Савецкай, каб, атрымаўшы кілаграм хлеба, спяшацца ў школу. Калі ледзь не траціў прытомнасць ад недаядання. Калі ўдзень, бывала, вочы пераставалі бачыць. А ўночы — халодная пасцель ля замерзлага акна. Кладзешся — зуб на зуб не пападае. Каб сагрэцца, нацягваеш на сябе з коўдраю паліто. Курчышся ў тры пагібелі, грэешся сваім дыханнем.

 

1 лістапада

Гаспадыня прыйшла дамоў абураная і пачала расказваць. Выпадкова пачула яна, што ў падвале жыве жанчына з малымі дзецьмі. Яна прыйшла, даведалася, што жанчына — жонка камісара палка. Эвакуіравалася з Масквы. Жывуць голадна, не атрымліваюць хлеба. Картачак на хлеб не далі: дзеці, маўляў, не маюць даведкі аб нараджэнні. Дзеці — старэйшаму 9 год, малому не больш года — пакрыліся болькамі, хварэюць. Калі гаспадыня прыйшла, дапамагчы маці, тая сустрэла няветліва. Гаспадыня як магла супакоіла яе. Пайшла ў ваенкамат, зноў гэтыя спасылкі — няма даведак. Яна параіла: «Пайшлі б, паглядзелі дзяцей, напісалі даведкі! Што яшчэ трэба!» У ваенкамаце пасварылася. Пайшла да старога знаёмага, таварыша мужа, што працуе ў жылупраўленні. Той расхваляваўся, нахмурыўся. «Вечна ты клопаты прыносіш!» — «Што ж зробіш! Даводзіцца».— «Але што мы можам? Мы — маленькія начальнікі. Мы не маем ніякіх правоў на гэта!» Яна засмуцілася. «Ну, добра. Возьмем правы самі. Можа быць, нас за гэта не расстраляюць? Выпішам ёй картачкі на хлеб без усялякіх даведак!» Выпісалі, атрымала хлеб, некалькі абаранкаў прынесла дзецям. Заўтра чакае ў госці дзевяцігадовага сына камісара. Чым больш прыглядаюся да горада, тым больш адкрываецца ў ім асаблівасцей яго жыцця і драм. Многія драмы яго — ад вайны, ад таго, што ўсё зрушылася з месца.

Але што асабліва здзіўляе: колькі тут, у гэтым горадзе, рознага народу адусюль, дзіўна, што ўсё гэта прытуліў маленькі такі з выгляду, амаль увесь драўляны, аднапавярховы гарадок?

 

2 лістапада

Хутка новая Кастрычніцкая гадавіна. Колькі пражыта за гэты год, але мара па-ранейшаму засталася марай, берага пакуль не відаць. Бераг — на поўдні — адышоў нават далей. Немцы ўжо ў Сталінградзе і на схілах Каўказа.

Катастрафічна растаюць мае фінансы. Хадзіў за дапамогай у ваенкамат, не дапамаглі: у іх «на гэта няма законаў». Яны «не могуць браць на сябе адказнасць». На любую просьбу загадзя гатовыя адказы са спасылкай на законы і адказнасць! Непахісная абыякавасць!.. Учора дзяўчаты запрасілі мяне на танцы. У мяне было паўтара рубля. Некалькі гадзін прабегаў я ў пошуках грошай. У выпадковага ваеннага пазычыў два чырвонцы. Да вечара палову патраціў. У мяне ледзь хапіла на два білеты. А нас было трое — я і дзве дзяўчыны. Добра, шчаслівы выпадак падвярнуўся, усё ўладкавалася. Другой дзяўчыне купіў білет Вася, лётчык, што заходзіў да нас.

 

3 лістапада

Недзе завірухі ў полі, і баі, і смерць, а тут жыццё сваё. Я ўсё ўспамінаю вечар танцаў. Танцы былі ў Доме настаўніка, дом гэты на беразе рэчкі. Зала, даволі прасторная, была поўная народу, галоўным чынам, дзяўчат ці маладых жанчын. Было некалькі мужчын, два-тры лейтэнанты з малінавымі пятліцамі, некалькі курсантаў-лётчыкаў. Амаль безупынна грымела і хрыпела радыёла, і пары кружыліся, здаецца, забыўшыся на ўсё на свеце. Нейкі малады хлопец спяваў з эстрады: «Не говори, я знаю все, что ты мне скажешь... В жизни все пройдет, все позабудется...» Здавалася, што ўсё гэта адбываецца ў хмелі. Хмельныя ўсмешкі, хмельныя позіркі. А можа, гэта я захмялеў з непрывычкі, бачачы гэта, быццам з іншага жыцця.

Кажуць, танцы тут кожную суботу і нядзелю. І народу заўсёды поўна.

 

4 лістапада

Баі па-ранейшаму ў Сталінградзе, Туапсэ і Нальчыку. Нашы адбіваюць атакі і ўмацоўваюць пазіцыі. У Сталінградзе трохі прабіліся наперад, і немцы стараюцца вярнуць страчаныя пазіцыі. Пад Нальчыкам — цяжкія баі. На адным участку было кінута ў атаку больш за сто танкаў. Наступленне падтрымлівалі 70 самалётаў. Нашы падбілі 11 танкаў, але вымушаны былі адысці на новыя пазіцыі. Зноў адыходзім!

За мінулы тыдзень было збіта 202 нямецкія самалёты...

А тут ідзе сваё жыццё...

Чамусьці ў галаве ўпарта трымаецца, паўтараецца фраза, думка: «дамы поўныя ўспамінаў». Многа ўспамінаў, пэўна, тоіць і гэты дом. Не кажучы пра далёкія, успамінаў блізкіх, нядаўніх. Вясной у гэты дом вярнулася з Масквы дачка Іосіфа Роза. Яна прынесла ў дом многа гарэзлівасці, смеху. У гэтым дамку на Маскоўскай было шумна. Тры маладыя лейтэнанты, дзве гарэзлівыя дзяўчыны. Танцы. Песні ля распаленай печы. Апавяданні. Было весела. Быў вясёлы час. Потым прыйшоў май, адну з дзяўчын — Розу — прызвалі ў армію. Адправілі яе. Праз некалькі дзён з усёй дывізіяй паехалі лейтэнанты. Засталіся толькі ўспаміны. Успамінаюць тут яшчэ сына Іосіфа. Ён скончыў вучылішча ў Мінску і збіраўся наведаць дом, але якраз пачалася вайна. Тут гадаюць, што з ім, дзе ён? Гадаюць, што з астатнімі, турбуюцца. З гэтага дома пачуцці людзей, іх позіркі быццам накіраваны да далёкага фронту. Колькі такіх успамінаў ва ўсім гэтым раскіданым, далёкім ад фронту гарадку Прадуралля! Колькі позіркаў адсюль сочыць за фронтам, за сынамі.

А дамы здаюцца ціхімі. На вуліцах людзей мала. І жыццё іх быццам будзённае, спакойнае. І, здаецца, мірна, бесклапотна мільгаціць першы снег.

 

5 лістапада

Быў у тэатры, глядзеў і слухаў «Роз-Мары». У памяшканні было холадна, людзі сядзелі ў вопратцы, але ўсе месцы ў зале былі заняты. Ігралі і спявалі — не вельмі, але ўсё ж гэта было нязвыкла добра: сядзець у зале, сярод людзей, што слухаюць у святочным настроі. Адчуваць сябе сярод такога мірнага і прыгожага жыцця.

 

7 лістапада

Учора і сёння ў душы — незвычайная ўсхваляванасць. Надзвычай чулае адчуванне мінулага і цяперашняга. І чаканне нечага.

Свята, але ў душы — сумна. Успамінаю мінулы кастрычнік і ўсё, што потым адбылося. І больш за ўсё — маіх сяброў, з 269-га, з курсаў — дзе ж яны цяпер, што з імі? Асабліва гняце думка аб аднапалчанах-артылерыстах, лёс якіх мяне ўвесь час непакоіць.

Як ніколі раней, адчуваю сваю адзіноту. Вельмі пагана, што няма побач са мной маіх сяброў. Толькі ў думках, толькі недзе далёка — сябры, якіх ні ўбачыць, ні сказаць якім...

Учора перадавалі даклад Сталіна, з якім ён выступаў на ўрачыстым сходзе ў Маскве. Ён сказаў, што хоць на фронце — пасля нашых перамог пад Растовам і Масквой у мінулым годзе — адбыўся пералом на карысць немцаў, і немцы гэтым летам дабіліся на поўдні вялікіх поспехаў, факты гавораць, што яны цяпер не такія моцныя, як год назад, і ўжо не могуць павесці наступленне на ўсіх напрамках. Усё ж, ён сказаў, яны маюць дастаткова сілы, каб наступаць на адным напрамку. Сталін сказаў, што, наступаючы на поўдні, немцы хацелі аслабіць маскоўскі фронт і за галоўную мэту ставілі захоп Масквы, у абход — праз Сталінград, Саратаў, Куйбышаў... Сталін сказаў, што галоўная прычына таго, што немцы дабіліся такога поспеху — адсутнасць другога фронту, з-за гэтага немцы здолелі сабраць у Еўропе вялікія рэзервы... Ён сказаў, што саюзнікі павінны дзейнічаць разам з намі, як адзіны баявы саюз, што на баку нашай кааліцыі — бясспрэчная перавага сіл. Ён сказаў, што наша задача — знішчыць гітлераўскую дзяржаву, гітлераўскую армію, гітлераўскі «новы парадак» і пакараць іх кіраўнікоў. Наогул, прамова яго поўная сілы і ўпэўненасці і ўздымае настрой, веру ў недалёкую нашу перамогу.

Сёння перадавалі загад Сталіна. Ён надрукаваны і ў газеце. У ім ёсць такія словы: «Вораг ужо зведаў на сваёй скуры здольнасць Чырвонай Арміі да супраціўлення. Ён яшчэ зведае сілу знішчальных удараў Чырвонай Арміі». Загад канчаецца словамі: «Недалёкі той дзень, калі вораг зведае сілу новых удараў Чырвонай Арміі... Будзе і на нашай вуліцы свята!»

Так, я веру: будзе на нашай вуліцы свята. Будзе.

 

8 лістапада

Мімаволі чакаў добрых вестак з фронту — да свята. Але ў зводках усё тое ж — баі ў Сталінградзе. Туапсэ і Нальчыку. У зводцы — вестачка з роднага Палесся: партызаны пусцілі пад адхон састаў з салдатамі і афіцэрамі. Разбіта 32 вагоны...

Учора вечарам мы адсвяткавалі Кастрычніцкую гадавіну. Ціха, сціпла. За сталом сядзелі чатыры чалавекі: гаспадыня, дачка, я, лётчык Вася. Учатырох мы выпілі. Я маўчаў. Было сумна, кружылася галава. Успаміналіся зноў тыя, каго не хапала на гэтым вечары. Сябры. Сябры... Успаміналіся родныя мясціны, Карпаты, украінскі стэп. Быццам зноў бачыў станіцу Луганскую. Які год мінуў! Якія выпрабаванні прынёс нам! Толькі год, а як змянілася ўсё!.. Вася расказваў пра палёты над лініяй фронту. Падбіты самалёт упаў на лес. Павіс. Дамоў дабіраліся пешкі. Пераапранутыя, хаваючыся па лясах, абмінаючы вёскі. Потым ён падняўся, прапанаваў дачцэ гаспадыні пайсці ў клуб авіяшколы. Яны пайшлі. А я застаўся адзін з гаспадыняй, з успамінамі. Думалася аб тым, што старых таварышаў страціў на фронце, пакінуў у шпіталі, а новых няма. У гэтым горадзе, дзе столькі рознага народу, няма ніводнай блізкай мне душы. Здаецца, ніколі я не адчуваў сябе такім адзінокім.

 

9 лістапада

Цікавы чалавек брат гаспадыні Іосіф. У пакоі яго са стала, са сцен пазіраюць, быццам жывыя, птушкі. Гэта чучалы для музея. Маленькі, згорблены чалавек па цэлых днях з захапленнем шчыруе ў музеі, вечарамі важдаецца з чучаламі. Якія пасля нясе ў музей.

Улетку ён палюе на гадзюк, неаднойчы прыносіў іх дамоў. З гэтай прычыны яго ў доме баяліся. Аднойчы гадзюка выпаўзла са скрынкі, куды ён схаваў яе, і ў доме быў вялікі перапалох. Гаспадыня ўвесь дзень хадзіла па пакоі на дыбачках, пільна ўглядвалася перад кожным крокам. Увечары сядзела на ложку і, не сыходзячы з яго, прасіла запаліць святло, баялася, што гадзюка падпаўзе да яе ў цемры. Гадзюку так і не знайшлі...

У пакоі яго на пачэсным месцы таксама стрэльбы, паляўнічая сумка, патранташы. Стрэльбы дзве. Яго і яго таварыша, семнаццацігадовага хлопца Ільі. У вольныя дні яны ўдвух ідуць у лес, падоўгу бадзяюцца, вяртаюцца ўпоцемкі.

Стары — малагаваркі, першы амаль не загаворвае, але позірк яго шэрых вачэй мяккі і ўсмешка ветлівая, шчырая. Цудоўная сардэчнасць, з якой ён абыходзіцца з хлопцам, па сутнасці чужым чалавекам. Той таксама ставіцца да яго так, як сын да добрага бацькі. Не да таго, які кінуў і забыў яго, свайго сына.

 

10 лістапада

У сталовай сустрэў старшага лейтэнанта з ваенкамата. Ён папрасіў, каб я зайшоў да яго, сказаў, ёсць работа для мяне.

Я зайшоў да яго, і ён сказаў, што ў горадзе ёсць Малдаўскі педінстытут і туды патрэбны афіцэр, настаўнік ваеннай падрыхтоўкі. Афіцыйна пасада яго — загадчык кафедры ваеннай падрыхтоўкі. Коратка кажучы — ваенрук. Справа, сказаў, цікавая, народ там таксама цікавы, адукаваны, і мне, на яго думку, трэба згадзіцца, не разважаючы.

Я і згадзіўся, не доўга думаючы. Чаго мне было раздумваць, калі выбару іншага не было, а становішча маё — бядотнае, шчыра кажучы,— паўраздзеты, паўгалодны, без пенсіі, без грошай. Становішча маё патрабавала, і неадкладна, работы. Ён пазваніў у інстытут, дырэктара не застаў, але застаў яго намесніка па вучэбнай частцы. Сказаў, што можа прыслаць загадчыка кафедры ваеннай падрыхтоўкі. Франтавік, лейтэнант, артылерыст, чалавек адукаваны. Тут жа падаўся некуды і хутка вярнуўся з накіраваннем, надрукаваным на машынцы і падпісаным. «З цябе належыць»,— сказаў, уручаючы паперу.

 

11 лістапада

Быў у Малдаўскім педінстытуце.

Інстытут размешчаны ў невялікім будынку паблізу цэнтральнай плошчы.

Я з хваляваннем уваходзіў у будынак, у якім, здавалася мне, ішло жыццё, што нагадвала пра далёкі і цудоўны свет, пра мае студэнцкія дні, пра Маскву. Калі я ўваходзіў, ішлі якраз заняткі, і ў калідоры было ціха. Я спытаў, дзе можна бачыць дырэктара. Ён быў не адзін, але калі я ўвайшоў і прывітаўся, ён перапыніў размову і зірнуў на мяне. Я назваў сябе, паказаў накіраванне.

Яго субяседнікі — іх было двое — здаецца, з цікаўнасцю разглядалі мяне, і я адчуваў сябе няёмка. Але дырэктар аказаўся чалавекам вельмі добрым, тактоўным, так што знаёмства нашае пакінула ў мяне найлепшае ўражанне.

Ён сказаў, што ведае ўжо пра мяне, яму паведамілі, і што яны з нецярплівасцю чакалі ваенрука. Запытаўся, дзе я жыву, як уладкаваўся, трохі расказаў пра інстытут. Студэнтаў у інстытуце менш за сотню, створана 9 груп. У некаторых групах па некалькі чалавек.

Ён пазнаёміў мяне з субяседнікамі — гэта былі намеснік яго Агасьева, жанчына з рускім тварам, і выкладчык Беразнякоў, высокі, чорнавалосы, відаць, неспакойны мужчына.

Ён сам — Радул, Макар Міхайлавіч. Гадоў яму нямнога, мабыць, менш за сорак, позірк уважлівы, сяброўскі, голас роўны, мяккі. Твар у яго прыгожы, чарнабровы, відаць, малдаўскага тыпу, але бледнаваты, хваравіты.

Дамовіліся, што заўтра ж пачну працаваць.

 

12 лістапада

Першы дзень у інстытуце. Дзень новых, моцных адчуванняў. Знаёмства з выкладчыкамі, знаёмства са студэнтамі. Усюды прыкметная, бянтэжачая ўвага, прычынай чаму, відаць, мой вайсковы шынель і пілотка. Для адных я — ваенрук, якога яны ўпершыню бачаць, а для другіх нейкі ваенны, які чамусьці завітаў. Ці не госць нечы з фронту? Наогул, занадта многа ўвагі.

Знаёміла з выкладчыкамі і студэнтамі Агасьева. Самыя хвалюючыя хвіліны надышлі, калі Агасьева, пазнаёміўшы са мной студэнтаў, пайшла. Хвалюючыя яны былі таму, што я адчуваў, бачыў пільную ўвагу, што гэта быў для мяне пачатак іспытаў,— да мяне прыглядваліся, ацэньвалі. Але хвалявала мяне і тое, што студэнты сядзелі за сталамі, што гэта было знаёмае, дарагое мне. Разам з тым у гэтых падманліва знаёмых абставінах мне даводзілася пачынаць зусім новую дзейнасць. Добра, што быў у мяне поўны вопыт работы на курсах палітсаставу.

Было іх адзінаццаць чалавек. Былі яны розныя: і маладзейшыя, і старэйшыя, прыстойна апранутыя і апранутыя дрэнна — у зношаным адзенні. Некалькі было дзяўчат, адна з іх, маленькая, прыгожая, пазірала востра, гулліва.

Яны былі амаль равеснікі мне. Але слухалі добра, уважліва. Я пачаў з таго, што пазнаёміў іх са сваёй асобаю, з маім ваенным жыццём, пазнаёміўся з імі. Яны ўставалі, называлі сябе. У той маленькай, гуллівай студэнткі было дзіўнае імя — Молі.

Наогул, паводзілі яны сябе вельмі карэктна, выхавана.

 

14 лістапада

Трэці дзень працую. Абсяг маіх знаёмстваў хутка шырыцца. Акрамя Агасьевай і Беразнякова, я пазнаёміўся з выкладчыкамі Крачун, Ерашчук, Мыльцынай, Колакалавай, Чабаном. Ціхі, сціплы Чабан выкладае малдаўскую мову, усмешлівая, сінявокая Ерашчук — педагогіку і псіхалогію, гаваркая, жыццярадасная Колакалава — нямецкую мову. Пазнаёмілі мяне таксама з гісторыкам з Настаўніцкага інстытута — Удальцовай, масквічкай.

Тут жа, у невялікім пакойчыку — навукова-даследчы інстытут. З тых, хто працуе там, мне неяк адразу запомніўся бледнатвары, сур’ёзны Русеў. Наогул, там свет, які выклікае павагу — навука. Навука таксама жыве ў гэтыя цяжкія дні.

Запомніліся студэнты — Барабаш, Шлаен, Гужаль. Гужаль піша вершы.

 

15 лістапада

Усе дні ў Малдаўскім педінстытуце. Раблюся там сваім чалавекам, малдаванінам. У гэтыя дні адкрыў для сябе новы свет — жыццё людзей, якія былі выгнаны вайной з роднай зямлі, з Малдавіі, і якія знайшлі тут прытулак. З прычыны таго, што студэнтаў у інстытуце мала, на занятках у групе часам прысутнічае два-тры чалавекі. Даволі звычайная карціна, калі выкладчык чытае лекцыю для некалькіх чалавек. Я ўжо пісаў, што многія кепска апрануты, абутак дрэнны і ў большасці, цяпер я ведаю, чалавек трыццаць да гэтага часу спяць у аўдыторыях. Туды ж прыносяць абедаць. Так што ў аўдыторыях і займаюцца, і абедаюць, і спяць.

У малюсенькім пакойчыку з адным невялічкім акенцам сядзіць сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета Малдавіі, сівы, худы чалавек з падстрыжанай вострай бародкай. Ён расказаў, што справы Вярхоўнага Савета ледзь паспелі выратаваць, вазілі ў скрынях. Скрыні пабіліся пры перавозках, і паперы склалі ў скрынкі ад селядцоў. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся, з доляй іроніі: так больш надзейна... Ціхай, далікатнай мовай, стрымана ўсміхаючыся, сказаў: некалькі дзён назад атрымаў ліст. На канверце яго было: Бугуруслан Малдаўскай ССР.

Бачыў малдаўскую газету «Малдова сочыялістэ», але яна выходзіць не тут. Можа быць, у Маскве. Яе з цікавасцю чытаюць. Яна, відаць, як памяць аб роднай зямлі.

 

16 лістапада

Трэба крыху сказаць пра дачку гаспадыні.

Яна скончыла школу ў 41 годзе. Выпускны вечар. Бяссонная, поўная светлых мар ноч. Калі на двор легла перадранішняя сінь, у пакоі выключылі святло. Выпускнікі шумлівым гуртам выйшлі са школы, на мост, за горад. Пачыналася раніца. У цішы, за ракой уставала вялікае чырвонае сонца. Яны ўрачыста маўчалі — гэта сонца іх новага жыцця. У той жа дзень прыйшла вестка аб вайне. Тады, калі яны радаваліся сонцу, на мяжы ўжо крочыла смерць. Хутка водгукі вайны дакаціліся і сюды. Але ў іх, вучняў, пакуль ішло сваё, звыклае жыццё. Раніцамі на веласіпедзе прыязджаў яе школьны таварыш — Валодзя. Убачыўшы, што гамак на двары пусты, убягаў у дом, будзіў дзяўчыну, што спала ў пасцелі. Ліда не хацела ўставаць, але ён не адставаў. Ехалі на раку, у лес, за горад. Потым прыйшла павестка. Яна правяла яго на станцыю. Назад вярнулася без яго. Без яго было тужліва. На наступны дзень яна ўпершыню думала аб тым, што рабіць, як змарнаваць час. З ім яна ніколі не думала пра гэта. У той дзень яна пайшла за горад і хутка вярнулася, было цяжка, усё нагадвала пра яго. Часта пісала пісьмы, часта атрымлівала. Але ён пытаўся з крыўдай, чаму яна так мала піша. Відаць, пісьмы не ўсе даходзілі да яго. Ён спачатку вучыўся на курсах, потым пайшоў на фронт. Пайшоў і адразу замоўк. Пра яго лёс нічога невядома. Відаць, загінуў ці прапаў без вестак. Увосень Ліда паехала ў Куйбышаў, у будаўнічы інстытут. Было цяжкавата, галодна. Шмат часу адбірала чаканне ў чэргах. Рашыла паступіць на работу. Якраз інстытут расфарміравалі. Вярнуўшыся дамоў, яна паступіла ў бюро даведак. Працоўны дзень тут быў 12 гадзін. Зіма. Пакой ледзь ацяплялі. Застылыя ад холаду пальцы не слухаліся. А трэба было перабіраць картачкі. Тысячы картачак. Сагрэе дыханнем, пастукае пальцамі па століку і зноў бярэцца за справу, работы багата! Ведала: яе адказу нецярпліва чакаюць. Ведала: вайна. Бюро даведак працавала круглыя суткі. І ёй часта працаваць даводзілася ў начную змену, ночы напралёт. Нярэдка, здаралася, працоўны дзень працягваўся 14 гадзін.

Так, тут ім таксама нялёгка. І іх жыццём распарадзілася вайна па-свойму, не пашкадавала.

Відаць, вайна ўсюды заяўляе пра сябе.

 

І7 лістапада

Пазнаёміўся з ваенрукам з Настаўніцкага інстытута. Прозвішча яго — Чэрнік. Ён старэйшы за мяне гадоў на дваццаць, хударлявы, насмешлівы, у скураным паліто. Адчуваецца і розум, і вопыт вялікі, але не выхваляецца гэтым. Вельмі добра з ім.

Ёсць у каго павучыцца — як ваенруку.

 

19 лістапада

Усе дні былі ўжо звыклыя паведамленні: баі ў раёне Сталінграда, Туапсэ і Нальчыка.

Такое ж было і ўчора. Але неўзабаве дыктар урачыста абвясціў, што будзе перадавацца паведамленне: «У апошні час». Пасля многіх дзён стрыманых і трывожных паведамленняў, што ціснулі сэрца і выклікалі нецярплівае пытанне: калі ж настане пералом,— нарэшце, даўно чаканае: «Паражэнне нямецкіх войск у раёне Уладзікаўказа (горада Арджанікідзе). Разгромлена нямецкая танкавая дывізія і шэраг іншых часцей, захоплена 140 танкаў і многа іншай зброі. Забіта 5 тысяч салдат...» Значыцца, на Каўказе справа зрушыла!

 

22 лістапада

Учора — зноў «У апошні час»! Гэта позні вечар, голас дыктара, радасны, пераможны, маршы пасля паведамлення, я не забуду ніколі. Гэтыя голас дыктара і маршы гучалі для нас, тых, хто слухаў, радаваўся, як музыка, якой няма роўнай.

Так, адбылося тое, чаго мы ўсе чакалі! Прыйшло на нашу вуліцу жаданае свята! Нашы войскі пачалі наступленне пад Сталінградам! Прарваўшы абарону немцаў, нашы прабіліся наперад на 60—70 кіламетраў. Заняты горад Калач, разгромлены шэсць пяхотных і адна танкавая дывізіі, захоплена ў палон 13 тысяч салдат і афіцэраў, 360 гармат... Наступленне працягваецца!

 

23 лістапада

Зноў — «У апошні час»! Нашы пад Сталінградам прабіліся яшчэ на 10—20 км, занялі некалькі новых гарадоў. Захапілі яшчэ 11 тыс. палонных, вялізную колькасць трафеяў, у тым ліку 1200 чыгуначных вагонаў.

 

24 лістапада

Наступленне пад Сталінградам працягваецца з размахам, што займае дух. На паўночна-заходнім напрамку нашы войскі паглыбіліся на захад на 40 км. У раёне Клецкай узяты ў палон тры акружаныя раней дывізіі, разам з трыма генераламі. Захоплена яшчэ 12 тыс. палонных, вялізныя трафеі. Адных танкаў — каля 500.

 

25 лістапада

Наступленне ідзе поўным ходам і з ранейшым размахам. Разгромлена танкавая дывізія і захоплена яшчэ 15 тыс. палонных. Усяго за тыдзень узята ў палон 51 тыс. салдат і афіцэраў.

 

26 лістапада

Усе вечары нецярпліва чакаем «У апошні час». Наступленне ідзе з захапляючым размахам. Вызвалена многа новых населеных пунктаў, узята яшчэ 12 тыс. палонных, 108 складаў. Колькасць захопленых танкаў вырасла да 1320.

 

27 лістапада

Наступленне пад Сталінградам не слабее. Заняты яшчэ некалькі населеных пунктаў, захоплены трафеі.

У вучылішчы, у час заняткаў апёкся Ілья. Заводзіў матор, газа нечакана ўспыхнула і апаліла твар. Павезлі ў шпіталь, аказалі першую дапамогу. Цяпер ён ляжыць у пакоі, твар увесь, да вачэй, захутаны бінтамі. Відаць, яго моцна мучыць боль, але ён толькі стогне глуха.

 

28 лістапада

Пачалося новае наша наступленне — у раёне Вялікіх Лук і на захад ад Ржэва. Вызвалена больш за 300 нас. пунктаў, разгромлены 4 пяхотныя і 1 танкавая дывізіі. Немцы страцілі больш за 10 тыс. забітымі.

Пад Сталінградам наступленне працягваецца.

Калі я быў у сталовай, нечакана ўвялі бездапаможна павіслую на руках знаёмую дзяўчыну з Адэсы. Яна істэрычна стагнала і плакала. Збегліся афіцыянты. Дзяўчыну павялі ў суседні пакой, з ёй пайшлі афіцыянты. Я спытаў: «Чаму яна?» — «Паведамленне атрымала, муж загінуў». За суседнім сталом сядзеў нейкі тып у ваеннай форме. «Раве, вядома, не таму, што страціла чалавека, а таму, што атэстат не вышлюць». Ён развязна ўсміхаўся сваім таварышам па століку. Тыя маўчалі. «Відаць, чаю ўчора многа выпіла. Слёзы няма куды дзяваць». Адзін з таварышаў вылаяў яго, і ён змоўк. Астатнія моўчкі сядзелі. Прыйшлі афіцыянты. Праз некалькі хвілін з мокрымі ад слёз вачыма вярнулася новая ўдава, прайшла, нікога не заўважаючы. «Дзетак трэба пакарміць...» — пачуў я ўрывак фразы. Жыццё ідзе сваёй чаргой. Новыя трывогі, новыя турботы нахлынуць, затопяць — спакваля змываюць усё, што было нядаўна.

 

30 лістапада

Наступленне пад Сталінградам і на Цэнтральным фронце працягваецца. На паўночны захад ад Сталінграда нашы прарвалі новую абарончую лінію немцаў. Усюды немцы контратакуюць. Але без поспеху.

 

1 снежня

Да гаспадыні прыходзіла яе знаёмая. Плакала, абедзве расхваляваліся. Гаспадыня супакойвала. У знаёмай сям я бацька, маці, дзве сястры, тры браты — два гады назад паехала ў Ленінград. У вайну сям'я засталася ў Ленінградзе, трапіла ў блакаду. Нядаўна знаёмая гаспадыні атрымала ліст, што радня памерла, уся сям’я памерла. Яна плакала, патроху звыкалася з цяжкай думкай. І вось цяпер раптам атрымлівае пісьмо з дзетдома гор. Барабінска. Піша пляменніца (ёй 10 гадоў). Яна адна засталася. Пляменніца напісала, як усё было. Спачатку памерла маці, яна аддавала ўсё сваёй маленькай дачцэ. Потым памёр бацька. Было холадна, спалілі ўсю мэблю ў доме, варылі лупіны ад бульбы. Памёрлі два браты, іх не прыбіралі, яны ляжалі ў пакоі, дома. Не было каму хаваць іх. Сястра памерла ў бальніцы, калі маленькую дзяўчынку эвакуіравалі. Знаёмая наша пісала ў Барабінск, дзяўчынку не адпускаюць. Жанчына плакала. Прасіла гаспадыню пахадатайнічаць за яе ў НКУС, у пракурора. Гаспадыня піша пісьмы ў розныя ўстановы Барабінска.

 

2 снежня

Наступленне працягваецца. 30 лістапада ў раёне Сталінграда нашы знішчылі 50 транспартных самалётаў немцаў.

Зводкі паведамляюць аб няспынных контратаках немцаў. Наступленне, відаць, замарудзілася.

 

3 снежня

Быў на вечарынцы ў сяброўкі Ліды — Ніны Мардовінай. Былі дзяўчаты і два курсанты-лётчыкі. Вельмі таварыскія, сяброўскія хлопцы. Лётчыкі прынеслі бутэльку гарэлкі, паёк, дзяўчаты прыгатавалі сёе-тое з закускі. Было многа гаворкі пра вайну, пра жыццё, многа танцавалі пад патэфон. Шкода, што да 12-ці лётчыкам трэба было вяртацца.

Наогул, я не адчуваю сябе цяпер вельмі адзінока. У мяне немалыя знаёмствы, у тым ліку з дзяўчатамі. Ёсць добрыя дзяўчаты: Надзя Кажэўнікава, Святлана Баташова, Наташа Пагодзіна. Надзя — бугурусланка, а Святлана і Наташа — эвакуіраваныя, студэнткі з настаўніцкага. Тут цяпер, сапраўды, «гэтага цвету з усяго свету».

 

5 снежня

Мяркуючы па стрыманаму тону зводак, баі ідуць цяжкія. Напрамкі баёў — ранейшыя.

Абмяркоўваў становішча з Чэрнікам. Ён настроены ўпэўнена: час працуе на нас.

Я часта з ім раюся па агульных нашых справах, бываю ў яго ў настаўніцкім. Мы вельмі падружыліся.

Так, мне пашанцавала, што маім калегай аказаўся такі чалавек.

 

7 снежня

Сёння ў перадачы лістоў з фронту, у якой франтавікі паведамляюць пра сябе і шукаюць родных, нечакана пачуў пісьмо Віктара Шкута. Я ў гэты час займаўся іншай справай, слухаў між іншым, і сэнс пісьма дайшоў да мяне недзе ў сярэдзіне яго. Толькі ў канцы я пачуў, хто піша гэта. І адрас яго: нумар, яшчэ нумар. Я так расхваляваўся, што не запісаў іх, яго адрас. Таму ў душы цяпер разам з хваляваннем ад такой весткі і радасць, і прыкрасць. Трэба ж, зрабіць такі промах, такую ўдачу прапусціў.

Адразу ж напісаў і паслаў у Маскву, на радыё, пісьмо. Прашу, каб паведамілі адрас. Злуюся на сябе і суцяшаюся надзеяй. І ўсё не магу ўцішыць хваляванне ад самога пісьма. Быццам голас з немагчымага свету. Голас з Хойнік, з нашай школы. Увесь дзень я нібы бачу і чую яе, нашых хлопцаў. Быццам зноў вярнуўся той светлы, незваротны час.

Віця Шкут, гордасць школы, выдатнік з 10 класа, лепшы валейбаліст. Я зноў бачу яго і думаю аб ім. Ён быў старэйшы за мяне на клас і здаваўся недасяжным узорам. Зрэшты, на яго з павагай глядзелі ўсе, многія — з захапленнем. Са школы ён паехаў у Ленінград, у інстытут, паявіўся было ў наступнае лета і зноў знік. І вось аб’явіўся. Таксама на фронце недзе.

Адзіны школьны таварыш знайшоўся, такі выпадак, а я прапусціў яго.

 

8 снежня

Гаспадыня вярнулася дамоў прыгнечаная, разгубленая. На маё пытанне сказала, што чула аб прызыве дзяўчат 1923 года. Пайшла гатаваць абед дачцэ, якая хутка павінна вярнуцца з інстытута,— але неўзабаве вярнулася да мяне. «Яна адна ў мяне. Яна для мяне — усё жыццё. Вось хачу ўзяць сябе ў рукі і не магу. Раней я лёгка перанесла б гэта. А цяпер няма сілы». Я спрабаваў супакоіць яе, вышукваў довады, што маглі б суцешыць яе. Сказаў, што дзяўчат не пасылаюць на перадавую лінію. Яна моўчкі паківала галавой і пачала расказваць, якая ў яе неспакойная дачка. «Яна сама папросіцца наперад. Яна ў мяне такая». Ліда, між іншым, гаварыла неяк: «Ты ведаеш, яна мяне так любіць, што з усім, што я прашу, згодзіцца. Нават, калі я скажу, што хачу ў армію, яна не зробіць нічога супраць!»

 

9 снежня

Тры гадзіны прастаяў у чарзе па хлеб. Гадзіны паўтары хлеба не было, потым прывезлі, грузілі, лічылі. Духата, таўкатня, лаянка на тых, хто спрабаваў пралезці без чаргі. І наогул, невядома на што. Нервы людзей нацяты.

Вельмі многа часу траціцца на стаянне ў чэргах. Дорага абыходзіцца нам «хлеб наш надзённы»!

Наогул, я ўсё больш уваходжу ў жыццё горада. Кірмаш, магазіны, тэатр, ваенкамат, інстытуты — усё спазнаю паступова. Усё менш застаецца таямніц для мяне ў гэтым нядаўна незнаёмым і чужым горадзе, у які закінуў мяне лёс.

 

11 снежня

Наступальныя баі — на ранейшых напрамках.

Мабілізуюць дзяўчат. Едуць яны і з настаўніцкага інстытута. Прыходзяць на танцы ў апошні раз і знікаюць. Учора прызвалі дзвюх знаёмых дзяўчат. Сяброўкі, яны радаваліся, што паедуць разам. Адзін чамадан на дзвюх, адзін мяшок. Потым аказалася, што адна з сябровак застаецца. Пачалі разбіраць кофтачкі, спадніцы, пераблыталі ўсё, расплакаліся. Калі я гляджу на дзяўчат, якія ідуць на фронт, мне робіцца няёмка, хоць я і разумею, што падстаў для гэтага няма.

 

12 снежня

Баі ў раёне Сталінграда і на Цэнтральным фронце. За 10 снежня нашы збілі 60 транспартных самалётаў!

Учора ўвечары зноў была перадача — «У апошні час». Паведамленне аб трафеях, што ўзяты пад Сталінградам і па Цэнтральным фронце — з 19 лістапада па 11 снежня. Лічбы трафеяў, асабліва пад Сталінградам — ашаламляюць. Захоплена танкаў — 1510, гармат — больш за 2 тыс., 105 — самалётаў! У палон узята 72 тыс., 94 тыс. забітых (немцаў і часткова румынаў). Усяго не пералічыць. Але лічбы такія, што ствараецца ўражанне — небывалы разгром немцаў!

Асабліва здзіўляе небывалая колькасць палонных, захопленых танкаў і нават самалётаў.

На Цэнтральным фронце — трафеі не такія вялікія, але таксама — значныя. Адчуваецца, што на Цэнтральным фронце баі былі больш упартыя.

Але пад Сталінградам — небывалы разгром! Радасць у нас небывалая. На нашай вуліцы — свята.

 

13 снежня

На Цэнтр. фронце нашы замацаваліся на захопленых рубяжах. А на Каўказе баі ідуць у раёне Маздока...

Ліда расказвала сон. Прыйшла паштоўка з малюнкам — бурлівае мора і бервяно разбітага карабля на хвалях. На другім баку — неразборлівыя хісткія літары. Амаль нельга прачытаць. Відаць, цяжка пісаць было гэтае пісьмо. Почырк Валодзі. «Вось я гіну... Бачыш, як усё выходзіць, як усе нашы мары. Бывай». Яна ўвесь дзень ходзіць пад уражаннем сну. Сёння паўтара года з таго часу, як ён паехаў. Яны сядзелі побач на парце ў 10 класе. Ён быў слабы ў матэматыцы і, калі рыхтаваліся да іспытаў, прыязджаў да яе. Яна дапамагала яму. Пазаймаўшыся, стаміўшыся, яны ехалі за горад. Потым, калі здалі іспыты, ён прыязджаў па-ранейшаму, разам бадзяліся па палях, па лясах. Аднойчы ў чыстым касцюмчыку ён узлез на дрэва, што навісла над ракой, і зваліўся ў ваду. Вылез з вады мокры. Яна смяялася з яго. Неяк ён не прыйшоў раніцай. На наступны дзень прыбыў з забінтаванай галавой. Аказалася: па дарозе да яе яму раптам захацелася праехацца па бервяне цераз канаву. Веласіпед саслізнуў, і ён зваліўся, пабіўся, пакалоўся. Ён быў майстар на выдумкі. Аднойчы ў дажджлівы дзень ён вымак, запэцкаўся. Прыехаўшы, убачыў на двары бочку з вадой і, не думаючы доўга, скочыў у яе,— вады было па пояс. Вымыў штаны, пінжак і явіўся ў хату. Энергія, жыццё білі ў кожным яго ўчынку. Прайшоў час, і яна зразумела, як любіла яго. Цяпер ён самы блізкі ёй чалавек. Але яго не вярнуць.

 

14 снежня

Кожны дзень услухоўваюся ў радыё. Чорны дыск яго над сталом — акно ў свет. Для нас гэты дыск, радыё — як найважнейшая частка жыцця, кожны дзень чакаем з надзеяй. Жывём, можна сказаць, зводкамі з фронту.

За тыдзень збіта 407 нямецкіх самалётаў, з іх 325 трохматорных транспартных. Здзіўляе такая колькасць збітых транспартных. Відаць, немцы на самалётах перакідваюць кудысьці падмацаванне? У Сталінград?

На поўначы ад Сталінграда нашы захапілі некалькі вышынь, на поўдні — немцы контратакавалі. На Цэнтр. фронце — таксама цяжкія баі. На некаторых участках нашы, відаць, прыпынілі наступленне.

 

19 снежня

Учора зноў было паведамленне «У апошні час». Нашы пачалі наступленне на сярэднім Доне! З поўначы — пад Новай Калітвай і з поўдня — пад Бокаўскай. За чатыры дні нашы войскі прабіліся ўперад да 90 км, занялі Новую Калітву, Канцеміраўку і яшчэ 200 насел. пунктаў. Разгромлены дзевяць пяхотных дывізій і адна брыгада.

Гэтае паведамленне вельмі ўзрадавала, таму што ўчарашняя зводка паведамляла пра зацятыя баі — на поўдзень ад Сталінграда — з танкамі і пяхотай немцаў. Відаць, немцы спрабуюць перайсці ці перайшлі ў контрнаступленне.

Растрывожыла таксама паведамленне пра зверствы на акупіраванай тэрыторыі. Немцы ў Смаленскай вобласці чыняць расправы над людзьмі, паляць вёскі, гоняць многіх на катаргу ў Германію. Думаю з трывогай: што там, у маіх Глінішчах?

Прайшло паўгода, як я ранены. Рана загаілася, але рука ўсё на падвязцы. Спрабаваў зняць, хадзіць без падвязкі, але тады яна пачынае балець. Здаецца цяжкай, цягне ўніз плячо і моцна ные. Сяк-так у неабходную хвіліну памагаю ёй левай, але кожны раз яна пярэчыць назалелым болем. Даводзіцца лічыцца. Нават пісаць не хоча, прымушае час ад часу спыняцца, прыстасоўвацца да яе — вадзіць ёю асцярожна, без намагання, не націскаць аловак. І па-ранейшаму — нязручна спаць. Кожны раз кручуся, пакуль уладжуся так, каб ёй і плячу было зручна.

Засталіся тры месяцы да пераасведчання. Але шанцаў на паляпшэнне маіх спраў з рукой небагата. Усё ж маё становішча ў гэтых адносінах няпэўнае. Як кажуць: пажывём — пабачым.

Зрэшты, я працую як магу. І ў інстытуце, і дома. Пішу. Вельмі хочацца пісаць.

 

20 снежня

«У апошні час»! Наступленне нашых на сярэднім Доне працягваецца. За дзень прабіліся яшчэ на 25—30 км. Усяго за пяць дзён прайшлі — 75—120 км!

 

22 снежня

Наступленне на сярэднім Доне працягваецца. Немцы бязладна адыходзяць. Нашы захапілі яшчэ 7 тыс. палонных. Фронт усё больш аддаляецца ад Сталінграда, а ў Сталінградзе — немцы трымаюцца. Цікавая сітуацыя!

 

23 снежня

Нашы працягваюць наступаць на сярэднім Доне. Прабіліся яшчэ на 30 км, усяго за сем дзён — да 165 км!

 

24 снежня

Пачалося наступленне на паўночным Каўказе! Занята некалькі гарадоў, у тым ліку — Алагір. Значыцца, і на Каўказе нашы войскі пайшлі наперад. Гэта асабліва радуе.

Вельмі дарэчы мне цяпер карта, якую я доўга вазіў у рэчмяшку. Вялікую радасць адчуваю, схіляючыся над ёй, адзначаючы новыя і новыя кропкі — наш шлях на захад!

Сэрца маё ў такія хвіліны ляціць у халодныя, снежныя палі, д.?е ідуць мае таварышы, дзе павінен быў бы быць і я. Нялёгка там, ведаю, але сэрца радуецца: ідзём наперад!

На сярэднім Доне наступленне працягваецца.

 

25 снежня

Учора «У апошні час» паведамілі аб нашым далейшым наступленні, на сярэднім Доне і на Каўказе! Наступленне ідзе вельмі паспяхова.

Асабліва ўзрушыла паведамленне пра тое, што пачалося новае наступленне на поўдні ад Сталінграда. Немцы там сапраўды спрабавалі наступаць. Сканцэнтравалі шэсць дывізій, у тым ліку — тры танкавыя, і адцяснілі нас. Цяпер нашы зноў пайшлі наперад!

Хутка скончыцца сорак другі. У гэтыя дні, ці то іду па снежных вуліцах, ці то гляджу на вуліцу, успамінаю, як мы яго сустракалі на фронце, за Растовам. Усё бачу то снежны стэп, то нашы зямлянкі і гарматы.

І здаецца, чую грукат стрэлаў. І быццам чую і бачу таварышаў сваіх, так рэальна, нібы яны побач. І не хочацца думаць, што іх, можа быць, ужо ў жывых няма. Што яны, можа, даўно ў зямлі, з мая, з праклятага акружэння пад Ізюмам — Барвенкава. Думаю, як выпадкова ўратаваў мяне лёс ад такой долі, ад смерці. І як яна, смерць, ледзь не паклала ў зямлю мяне, калі я зусім не чакаў яе, быў упэўнены ў поўнай сваёй бяспецы. Разам з гэтымі, прыходзяць думкі аб тым, што адбылося на Паўднёвым фронце летам. І да гэтага часу не магу зразумець, уявіць толкам карціну. Усё гэта так нечакана і так страшна, што думка аб гэтым гняце нясцерпна. Думка гэтая, хоць я і хаваю яе і стараюся заглушаць яе, гняце мяне амаль увесь час з тых дзён, калі я ўпершыню пачуў ад раненых у Тбілісі, што адбывалася ўлетку ў стэпах знаёмага мне поўдня. Я думаю аб гэтым, таму што такі мог быць мой лёс. Бо толькі выпадак змяніў мой шлях, вывеў, як цяпер высвятляецца, з-пад занесенага над намі ўдару. Што было б са мной, калі б не гэты выпадак?.. Неадступна думаю я, што цяпер адбываецца пад Сталінградам і ля Каўказскіх гор. Кожны дзень я ўслухоўваюся ў чорны дыск радыё, углядаюся ў карту. Я душой нібы там.

Цяжкі, жорсткі ты быў, 42-гі год. Але дзякуй табе, што хоць у канцы ты цешыш нас! А за акном, ціха зніжаючыся, кладзецца снег. Прырода здаецца лагоднай, мірнай. І горад быццам дрэмле бесклапотна...

 

26 снежня

Учора «У апошні час» паведамілі: наступленне на Сярэднім Доне і на паўднёвым захадзе ад Сталінграда працягваецца. Прайшлі яшчэ 10—20 км на захад. Асабліва ўразіла — захапілі Тацынскую, гэта так далёка ад Сталінграда! На Тацынскай захапілі аэрадром, і на ім 300 самалётаў! 50 самалётаў захапілі на станцыі, у эшалоне! Відаць, немцы не чакалі такога прарыву! І для нас гэта нечаканасць, але — радасная!

 

29 снежня

Наступленне працягваецца — у Сталінградзе, на Сярэднім Доне, на Цэнтральным фронце і ў раёне Нальчыка. Нашы занялі Кацельнікава. Захапілі вялікія трафеі.

 

30 снежня

Атрымаў з Масквы тэлеграму. «Сёмага снежня перадавалася пісьмо з фронту Шкут Віктара Васільевіча... Паведамляем адрас: тысяча сто шасцідзесятая палявая пошта часць дзевяноста чатыры тысячы дзвесце трыццаць два саюзрадыё Каблукоў». Адчуваю, быццам побач стаў таварыш, ды яшчэ які, школьны таварыш! І хоць я ўжо тут не такі адзінокі, як месяц назад, усё ж яго прыход да мяне — падзея вялікая. Школьны таварыш — гэта школьны таварыш! Я нібы мацней стаю на зямлі. Мы — удвух цяпер. Сёння ж напісаў пісьмо.

 

31 снежня

Перадавалі вялікае паведамленне — «Вынікі 6 тыдняў наступлення нашых войск пад Сталінградам». Паведамленне растлумачыла ўсё, што адбылося пад Сталінградам і на Доне, прааналізавала тры стадыі нашага наступлення, паведаміла пра страты немцаў у людзях тэхніцы, пра нашы трафеі. Паведамленне гэтае дух займае, такая карціна нашага наступлення намалявана. Так, прыйшло свята на нашу вуліцу. Прыйшло — да канца старога года і пачатку новага! Душа поўная надзей, дай бог, каб яны спраўдзіліся!

Запомніць усё немагчыма. Чакаю з нецярплівасцю газет. Памятаю толькі: у Сталінградзе акружаны 22 дывізіі. Разгромлена 36 дывізій. Захоплена больш за 2 тыс. танкаў.

Так, свята на нашай вуліцы!

У апошнія дні я багата думаю пра сваю будучыню. Ладую планы на новы год. Калі мяне не возьмуць у армію — трэба пачынаць вучыцца. Не траціць попусту часу. Пакуль, можа быць, тут, завочна. А потым — у МДУ, у які ўлілі, па чутках, наш ІФЛІ. Даведку пра тое, што быў у ІФЛІ, я, праўда, згубіў, але павінны ж быць недзе дакументы — у архіве. Так што гэта можна аднавіць. Вось толькі толкам невядома, дзе гэты МДУ, куды пісаць. Кажуць, нібы ў Свярдлоўску. Увогуле, гэта трэба высветліць.

І вядома — пісаць сваё. Кожны дзень. Закончыць вершы, якія засталіся са шпіталя. Напісаць — «У апошні час». І пісаць апавяданні. Апрацаваць «Сустрэчу ў шпіталі» і «Апошнюю аперацыю».

Адным словам, не траціць попусту часу!

 

1 студзеня 1943 года

Учора ў Малдаўскім педінстытуце быў навагодні вечар. Самадзейнасць. У 12 усе выпілі за Новы год. Казалі тосты. Перш за ўсё за перамогу нашу, за разгром ворага ў гэтым годзе. Былі, вядома, таксама і за шчасце, за поспехі кожнага. Спачатку пажаданні былі агульныя, потым на змену арганізацыі прыйшла асабістая ініцыятыва. Вечар распаўся на групкі, склад якіх увесь час мяняўся. Падыходзілі да групак, адыходзілі. Адчуваўся ўздым, чуўся смех. Адна студэнтка пажадала мне стопрацэнтнага наведвання на вайсковых занятках. Разышліся позна, пад раніцу. Па праўдзе сказаць, нас папрасілі, ветліва і настойліва, з рэстарана, і мы рэціраваліся.

Я і да вечара і на вечары думкамі ўвесь час ляцеў далёка — на родную зямлю, на фронт. Памяць пра гэта ўвесь час адгукалася ва мне. Што там, дзе цяпер гаспадарыць немец? Што там, у снягах, дзе цяпер падобныя на мяне хлопцы ў шэрых шынялях? Я ўсё як бы бачыў іх сярод снягоў, пад халодным ветрам. Ля гармат, у пяхотных, прамерзлых траншэях: асабліва хвалююць мяне Сталінград, Каўказ. І таму, што там цяпер рашаецца лёс вайны, усіх нас. І таму, што там, калі б не неспадзяваны выпадак, быў бы і я. Калі б дажыў, вядома.

І ўчора і сёння я з асаблівым хваляваннем заглядваю наперад. Што ён прынясе нам, гэты год? Ці збудуцца нашы, і мае разам з усімі, надзеі?

Я веру, я спадзяюся. Я жыву надзеямі.

 

1 У Куйбышаве ў той час былі многія цэнтральныя ўстановы краіны.

СШЫТКІ. З ЗАПІСНЫХ КНІЖАК

Трэба сказаць: там, на граніцы, закопваючы даваенны скарб, дзве ці тры запісных кніжкі, самых дарагіх, я пашкадаваў, пакінуў пры сабе.

Насіў я іх з сабою ў рэчавым мяшку, разам з канцэнтратамі і патронамі. За Уманню, калі наш парадзелы полк адводзілі на перафарміраванне, я паклаў рэчавы мяшок на ўзводную павозку. Недзе ў дарозе за Першамайскам павозка наша разам з узводам звярнула на Кіраваград, а мы, некалькі чалавек, што адсталі трохі, не сустрэўшы «маяка», папраставалі на Нікалаеў.

Мой таварыш па батарэі Землякоў, што быў са ўзводам, знайшоў адну з маіх запаветных кніжак на пыльнай дарозе пад Днепрапятроўскам. Проста сярод поля. Здзіўлены находкаю, ён устанавіў, што я прапаў без вестак, можа быць, загінуў. Ён аддаў кніжку майму сябру Івану Карабутэнку.

Гэта сказаў мне пасля вайны Іван Карабутэнка. Ён сказаў і тое, што доўга насіў гэту кніжку як памяць пра таварыша, пакуль не страціў яе, паранены на Кубані.

На фронце я не пісаў запісных кніжак. І на скупы дзённік часта не хапала часу і сілы. Але ў шпіталі мяне зноў пацягнула да запісных кніжак. Далей — больш: я завёў блакнот, сшытак, куды запісваў цэлыя апавяданні-нарысы. Зноў час ад часу вяртаўся да вершаў.

Думалася, гэта спатрэбіцца для нейкіх твораў, аб якіх марылася туманна. Не спатрэбілася. Цяпер я разумею больш, чаму так хацелася запісаць усё. Гэта была патрэба жыцця, быў таксама д з ё н н і к, больш вольны і шырокі. Неабходная частка таго першага, яго працяг. Яго навакольны свет.

Запісы гэтыя мне хочацца падзяліць на дзве часткі. Зробленыя ў шпіталі, у Тбілісі. І зробленыя ў дарозе і ў Бугуруслане. Адпаведна дзвюм кніжкам дзённіка — другой і трэцяй.

 

ШПІТАЛЬ. ТБІЛІСІ

 

МЫ НОЧЧУ ПАКІДАЛІ ВЁСКУ...

 

Мы ноччу пакідалі вёску. Хаты

Мы пакідалі, дзе не спаў ніхто.

Панура коні валаклі гармату

Па вуліцы, маўклівай і пустой.

 

Ў вушах звінелі крыкі, кананада.

Камбат хрыпеў, выхаркваў цяжка кроў:

«К гарматам!.. Батарэяю!.. Гранатай!..»

І, трызнячы, гукаў байцоў.

 

Пасля грымот і бою, нібы дзіва,

Была нам ціш, па тым жахлівым дні.

Ўзыходзіў месяц. Сумна і маўкліва

Праз голле яблынь твары чырваніў.

 

Той ноччу, азірнуўшыся з пагорка

На вёску, што за намі, ў тую ціш,

Зазналі мы, як адступленне горка,

Як цяжка пераможаным ісці.

 

Мы йшлі, забыўшы голад. Ледзь ступалі

Ад зморы, ад бяссілля, ад бяды.

І раненыя раны забывалі

І не прасілі ласкі і вады.

 

Праз сотні вёрст, праз боль і гнеў

сражэнняў

Вяла, штурхала, гнала нас вайна.

Паіла нас атрутай паражэнняў

Без роздыху, без літасці, да дна.

 

Палалі вёскі, дагаралі хаты...

Ды помню горыч першай ночы той

Панура коні валаклі гармату

Па вуліцы, маўклівай і пустой.

 

1942 г.

 

 

У ПАЛАЦЕ

 

Хлопец ляжыць у палаце,

Ціхая, сонная рань.

Клопатная, у халаце

Зайшла да яго медсястра.

 

За шыбаю — голле бераста,

Чыстая сінь цячэ.

А хлопцу трызніцца, верыцца,

Што ён на фронце яшчэ.

 

Далёкі маяк Таганрога,

Бурыя, ў дыме кражы.

Ў свірэпцы, каля дарогі

Ён з кулямётам ляжыць.

 

Акаюць міны. Блізка

Ўзлятае з зямлёй трава.

Сястра чуе стомлена: «Дыскі,

Дыскі, разява, давай!»

 

Прачнуўся. З іншага свету

Думкі вярэдзяць не ў лад:

«Дзе гэта, у каго гэта

Белы, бы снег, маскхалат?»

 

Доўга, доўга не верыць

Будзе ён цішыні.

...Скрыпіць за шыбаю бераст,

Ківаецца дзень пры дні.

 

1942 г.

 

БЛАКНОТ

 

1

— Таварыш камроты, прызнацца, мне нешта не падабаюцца гэтыя бабы.

Камандзір роты не адказаў, а яшчэ больш уважліва ўглядаўся ў бінокль. Па дарозе, пылячы, ішоў натоўп жанчын у белых сукенках.

— І рукі іх быццам заняты нечым...

Камроты апусціў бінокль. Загадаў падрыхтавацца да бою, а сам пазіраў туды, адкуль набліжаўся натоўп.

Па камандзе кулямёт адкрыў агонь. Падхапіўшы спадніцы, з аўтаматамі ўцякалі «бабы».

 

2

Сястра чакала бою ў поўнай баявой гатоўнасці. Цераз плячо, накрыж, нібы кулямётныя стужкі, ляжалі ланцужкі індывідуальных пакетаў. За пояс былі засунуты шыны.

Пад мінамётным і кулямётным агнём пяхота залегла. Пачуліся крыкі раненых. Хто прасіў памагчы, хто лаяўся невядома на каго. Яна паказвала дарогу лёгка параненым. Цяжкіх, як магла, перавязвала, загадвала на палатках цягнуць у бліжэйшы акоп. Хутка яе параніла, яна вылаялася, моцна, па-франтавому.

 

3

Ледзь з’явіўся на батарэю, Н. спытаў, дзе камандзір. Сказалі: у зямлянцы. Н. пакіраваў да зямлянкі. Паправіў рамяні, разгладзіў складкі на гімнасцёрцы, падумаў, як належыць па статуту дакладваць аб прыбыцці.

— Дазвольце?

— Заходзь,— адказалі з зямлянкі. Потым загадалі: адыдзі ад святла...

Камандзір трымаў у руках карты.

— Што козыр? Ну, што новага скажаш?

Н., ніякавеючы і хаваючы гэта, далажыў пра сябе.

Камандзір, слухаючы, глядзеў у карты. Па-сяброўску ківаў.

Якраз камандзіра выклікаў назіральнік. Адклаўшы карты, ён адразу выйшаў. Яго партнёры не дачакаліся.

Ён паклікаў Н., пайшоў аддаваць нейкія загады.

...У дні сядзення вольны час марнавалі картамі, кнігамі, песнямі, гаворкамі.

 

4

Ішлі лютыя баі. Артылерысты бачылі, як з пазіцый цягнуліся рэшткі пашматаных рот. Цягнуліся па адным, полем, нядбайна закінуўшы вінтоўкі на плячо. Праходзілі, праходзілі са спакойнымі, стомленымі тварамі, як людзі, што ўсё бачылі. Частавалі артылерыстаў нямецкімі цыгарэткамі, а самі прагна жавалі сухары, якія ім давалі.

І зноў ішлі. Сустракалі часці, што рушылі на фронт, на пытанні, як там — адказвалі скупа:

— Пабачыш.

Збіраліся ва ўмоўленым месцы, спатольвалі голад, спалі.

 

5

Немцы напіралі. Камбат спыніў раненага пехацінца, што ішоў з перадавой.

— Як там?

— Цяжка. Увесь час танкі ціснуць. Мінамёты засыпаюць. Многа нашых пабілі. Роты як не было. Камандзір і палітрук забіты. Батарэя толькі што падышла, акопвалася. Рыхтавалася.

Па дарозе грукалі адыходзячыя абозы. Яны заўсёды пачыналі адыход. Яны прыгняталі, баязліва пагрукваючы назад у самым пачатку бою. Байцы праводзілі іх мацюкамі: «Змотваюць пяткі, б.., тройчы бога маць».— «У штаны напусцілі, тылавыя пацукі». Рушылі ў тыл людзі «вольнай прафесіі» — юрысты, ветэрынары, фінработнікі, клубныя работнікі. Іх таксама праводзілі мацюкамі. Рыхтаваліся да бою.

 

6

Рака. Далей адыходзіць няма куды. Занялі пазіцыю пры рацэ. Апошні і рашаючы. Немцы напіралі. Але адыходзіць няма куды, трэба трымацца да апошняга чалавека, зберагчы гарматы. Біліся да апошняга снарада.

 

7

У пачатку зімы 41 г. не было снегу, часта стаялі туманы, якія распаўзаліся толькі апоўдні. Раніцай такога дня наша калона сутыкнулася з нямецкай. Сустрэча была настолькі нечаканая, што абедзве калоны паспяшаліся назад, ведучы бязладную страляніну. Так быў паранены ў жывот начштаба 3-га дывізіёна Іскроў.

 

8

Сястру паважалі. Ёй адводзілі лепшы акоп, звалі «сястрычкай», пры ёй гаварылі далікатна, «культурна», не лаяліся. Сарамліва хавалі брудныя рукі. Стараліся галіцца.

 

9

Бабулька абышла ўсе вагоны, пытаючыся:

— Дземідзенка Івана Сямёнавіча тут няма?

— Не, мамаша,— адказвалі раненыя. Яна падыходзіла да наступнага вагона.

 

10

Байцы расказваюць, што немцы з самалётаў часам скідвалі рэйкі і плугі, яны падалі са страшэнным віскам і наганялі жах. Яшчэ былі выпадкі, калі адтуль прыляталі скрынкі з прэзерватывамі.

 

11

У агнявым баі пераможцам звычайна выходзіла наша батарэя. Немцы змаўкалі. Тады на батарэю пікіравалі бамбардзіроўшчыкі. Скінуўшы бомбы, ішлі назад, а батарэя ўпарта адкрывала агонь.

 

12

Спрабуючы ашукаць зенітчыкаў, немцы спачатку нападалі на батарэю раптоўнай групаю, на малой вышыні. Яны адцягвалі ўвагу,— у гэты час вялікая — галоўная — група груганоў заходзіла з другога боку, з тылу, старалася ўдарыць у спіну.

 

13

Немцы напалі ля Ліхой на два эшалоны з раненымі з Варашылаўграда. Бомбы разбілі некалькі вагонаў, некалькім сарвала дахі. З двух эшалонаў сфарміравалі адзін, многія да Растова ехалі пад адкрытым небам, у вагонах з распоратымі дзіркамі.

 

14

Немцы паслалі палонных наперадзе аўтаматчыкаў, каб ашукаць нашых у акопах.

 

15

Заціснутыя з двух бакоў ворагам, байцы спыніліся ў лагчыне. Выйсці можна толькі праз адкрытую паляну, што вядзе на нашы вышыні. Яна была пад абстрэлам, аднак іншага выйсця не было. Вакол смерць, але наперадзе абнадзейвала жыццё. Шчасліўцаў будзе няшмат. Перадавалі дамашнія адрасы, усе рыхтаваліся да смерці і ўсе спадзяваліся жыць.

 

16

Размовы салдат пра сабак — знішчальнікаў танкаў.

 

17

Размовы і чуткі аб «кацюшы». Расказвалі, што страляе, як з кулямёта, але кожны снарад раскідвае асколкі, якія, калі ўпадуць, таксама рвуцца, гарачыя, чырвоныя, і выпальваюць усё навокал. Казалі, што з выгляду яны зусім непрыкметныя і нагадваюць аўтамашыну з пантоннай лодкай. Немец яе вельмі баіцца і быццам бы даваў узамен дзве тысячы самалётаў, але Сталін не згадзіўся,— што ўсе ўхвалялі. Немец, казалі, яшчэ дабіваўся: давайце ажэнім майго Ванюшу з вашай Кацюшай, але гэта таксама правалілася. Тады ён пачаў гразіцца — калі будзеце страляць з «кацюшы» — я пушчу газы. Яшчэ казалі, што немцы распускаюць чуткі, быццам яе прывезлі з Амерыкі. А на самой справе, кажуць, яе прыдумаў інжынер Косцікаў, які назваў яе так, таму што жонка яго завецца Кацюша.

 

18

Пасля таго, як немцы абышлі нашу абарону на Перакопе, марская брыгада была акружана. Вестак аб становішчы на фронце не было, сувязь з фронтам перарвана. Быў адданы загад — адыходзіць да Севастопаля. Адыходзілі — хто як мог, рознымі групкамі, знішчаючы дробныя тылавыя атрады праціўніка і па-геройску гінучы ў няроўных стычках з буйнымі. У калгасах запасаліся правізіяй, у немцаў — аўтаматамі, гранатамі, патронамі. Захапілі нават аўтамабіль. У населеных пунктах распытвалі дарогу, бо карт не было. Нарэшце — лінія фронту. Ад радасці гаркнулі такое «ўра», што немцы панічна кінуліся наўцёк. Сустрэліся з сябрамі, якія ўжо іх пахавалі.

 

СШЫТАК

 

1. ВАЛОДЗЯ СІНЮКОЎ

Мы выйшлі на двор. Сядзелі, амаль ляжалі, глядзелі ў начное зорнае неба.

Мы былі неспакойныя. Ад’язджалі нашы таварышы.

Мы заставаліся ў шпіталі.

Маўчалі. Потым Валодзя прамовіў:

— А мне ехаць няма куды.

Мне таксама не было куды ехаць. Родныя мясціны пад немцам. Я разумеў яго тугу.

Я ведаў, што да вайны ён жыў у Барысаглебску. Спытаў:

— У Барысаглебску — хто ў цябе?

— Нікога.

— Чаму? Пераехалі?

— А яны былі калі ў мяне?

У яго была звычка: пытаннем адказваць на пытанне.

— Ну, маці, бацька?

— Не ведаю такіх.

— Браты, сёстры?

— Нікога.

— З кім жа ты жыў?

— Я ў іх быў нібы за прыёмнага сына.— Ён даволі доўга маўчаў.— Дзіўная сямейка! Айчым, здаецца, любіў мяне больш за сваіх дзяцей. Ніхто мяне не крыўдзіў, клапаціліся пра мяне. Праўда, малы я быў уражлівы, запальчывы і задзірысты. Верхаводзіў гуртам дзетвары, рабілі налёты на гароды. За гэта маім бацькам не раз даводзілася чырванець. Мяне жыхары дражнілі цыганёнкам і, каб адпомсціць мне, абразіць, расказвалі пра тое, што я зусім не Сінюкоў, што я невядома чый і што цяперашнія бацькі мяне проста падабралі на вуліцы. Ад старэйшай сястры Ксеніі я даведаўся, што ўсё гэта праўда. Жорстка адпомсцілі! Я ненавідзеў усіх гэтых вулічных абывацеляў, помсціў сам,— грубіяніў, рабіў гадасці. Бацькі мяне па-ранейшаму любілі, пакутавалі з-за мяне, але змяніць мяне не маглі, бо я гэтага не хацеў. Я на ўсё жыццё застаўся такім жа непаслухмяным і ўпартым. Але я мучыўся ад таго, што разумеў — маё свавольства прычыняе непрыемнасці мілым маім бацькам. І калі вучыўся ў пятым класе, збег ад іх.

Пачаліся блуканні. Не ведаць бы мне ніколі гэтых праклятых блуканняў! Узімку я вандраваў у летнім пінжачку. Неяк мяне ўначы выгналі з вакзала, і я, каб хоць трохі ўратавацца ад праклятага холаду, зачыніўся ў прыбіральні. Я быў чартоўскі стомлены і, нягледзячы на холад, заснуў у прыбіральні, зваліўся на падлогу. Калі я прачнуўся, было светла, пускалі ў вакзал. Я выйшаў, усе мяне гідліва абыходзілі, ад мяне смярдзела, пэўна, нібы з клаакі.

Яшчэ адзін выпадак глыбока ўрэзаўся мне ў памяць. Было гэта ў Казлове, той жа зімой. Ноччу, ратуючыся ад марозу, я натрапіў на калодзеж, з якога ішла цёплая пара. Я з радасцю залез у яго, ён быў неглыбокі і цёмны, і я, прыхінуўшыся спіной да трубы, зняможаны ад холаду, хутка заснуў. Прачнуўся я ад бразгату, грукату, крокаў і гучных жвавых галасоў. Нада мной былі краты, якія закрывалі ўчарашняе акно, людзі зацікаўлена паглядалі на мяне. Паклікалі вартаўніка, і той з лаянкай зняў краты і выпусціў мяне. Я паспяшаўся ўцячы, каб не трапіць у дзеткалонію.

Усё ж я трапіў у калонію. Там жа, у Казлове. У Казлове я скончыў пяты, шосты, сёмы класы. Вучыўся лёгка і добра. Чытаў многа, глытаў кнігі. Маляваў. Я вельмі любіў маляваць. Наогул, зжыўся, падружыўся з хлопцамі. Мяне палюбілі выхавацелі. Тады пацягнула мяне дамоў, да мілых бацькоў. І я аднойчы «махнуў» дамоў. У дарозе я дужа стаміўся. Не даязджаючы да Барысаглебска, я заснуў і прачнуўся ўжо, праехаўшы яго. Сышоў я на станцыі Гразі. Поезд паехаў, а я стаю, разважаю, што рабіць? Заўважыў — да мяне насустрач — жанчына, паважная, прыгожая. Адразу відаць: начальніца нейкая. Я імгненна скеміў: застукала, упрэ ў калонію.

Яна спачатку быццам са спачуваннем, з клопатам:

— Ты галодны?

— Вядзі,— тонам чалавека, якому ўсё ясна, адказаў я. Яна прывяла да другой жанчыны, у буфет.

— Накармі вось.

А сама пайшла. Я застаўся з буфетчыцай. Гэтая была апранута з прэтэнзіяй, з манікюрам і нафарбаванымі губамі. Мне яна адразу не спадабалася. Яе задаволены твар мяне адразу насцярожыў.

— Які брудны! — сказала яна.

Яна з гідлівасцю адсунулася ад мяне.

Я загарэўся.

— Брудны, ды не прастытутка! — сказаў я.— А ты прастытутка, шлюха!

Яна аж падскочыла. Быццам уджаленая.

— Хуліган! Абадранец! Я дзяжурнага паклічу!

Яе знявага і пагрозы зачапілі маю гордасць. Я заўсёды трываць не мог, калі мной пагарджаюць, ды яшчэ пагражаюць. І не любіў прыніжацца. Ніколі, з самога дзяцінства.

— Кліч! — сказаў я.— Я не такіх бачыў. А ты — распусніца, прастытутка, шлюха!

Яна выйшла. Я ні з месца.

Прыйшоў дзяжурны. Паважны, грозны.

— Адкуль? — пытаецца строга.

— З Сярэдняй Азіі,— кажу.

— Хто там у цябе?

— Бабуля.

— Нябожчыца?

— Так. Адпраўце мяне ў Сярэднюю Азію.

Адправілі мяне ў родны горад. Не да бацькоў, а ў дзетдом. Так здарылася — у дзетдом у Барысаглебску. Сабралі некалькі такіх, як я, і адправілі. У вагоне мы хвіліны спакою не далі нашай правадніцы — прымушалі на прыпынках купляць усялякую ежу, садавіну. Пагражалі інакш збегчы. Наогул, мучылі як маглі. За ўсе крыўды я ненавідзеў, помсціў. Небарака, яна добра-такі перажыла за гэты шлях.

Шчыра кажучы, я яе шкадаваў, ненавідзеў сваю жорсткасць. Але перайначыць сябе не мог.

У Барысаглебску — бывае ж! — павялі мяне паўз родны дом. Чаго толькі я не перажыў, пакуль ішоў ля яго. Усё навалілася разам: і ўспаміны, і сорам за свае ўцёкі, і жаданне ўвайсці дамоў. І быццам знарок — на лавачцы пры доме сядзеў мой браценік. Ля ліпы, што стаіць перад домам. Я, падыходзячы, напяўся ўвесь: як сустрэне! Гару ўвесь. Зямлі не бачыў. Ля дома спатыкнуўся. Ледзь не ўпаў.

— Куды вочы вылупіў? — вылаяў мяне мой браценік!

Ён мяне не пазнаў.

І я пайшоў далей. А хвіліну назад я гатовы быў увайсці ў дом!

У дзетдоме мяне пазнала адна дзяўчына.

— Уладзімір, я цябе ведаю,— сказала яна. Узрадавалася, падобна.

Я адрэзаў з пагрозай.

— Калі ведаеш, забудзь.

Яна паабяцала:

— Добра, я не буду казаць.

Ноччу, пасля праверкі, калі зачынілі дзверы на ключ, я з таварышамі наладзіў уцёкі. Наш пакой быў на другім паверсе, мы звязалі прасціны і спусціліся.

Я яшчэ раз падышоў да роднай хаты, пастаяў. Але не ўвайшоў. Паехаў бадзяцца.

Вярнуўся я ўвосень з цвёрдым намерам кончыць з бадзяжніцкім жыццём, жыць у бацькоў. Яны ўзрадаваліся, прыгрэлі мяне. Я прыціх, супакоіўся. Паступіў у восьмы клас. Вучыўся ахвотна. Вучыўся і маляваў. Пасля заняткаў шыбаваў з дому з эцюднікам у Барысаглебскія лясы. Я любіў маляваць. Увесь час аддаваў маляванню. Увесь вольны час, вольныя дні аддаваў яму. Любіў да самазабыцця. Маляваў, што бачыў — жоўтыя дрэвы, залатыя лясы. Краявіды былі цудоўныя — адзін лепшы за другі.

Скончыўшы дзевяты клас, я паехаў у Арлоўскае мастацкае вучылішча. Правучыўшыся адзін год, перайшоў у Мастацкі інстытут у Харкаве.

Адтуль быў прызваны ў армію. Трапіў у Севастопаль. У Севастопалі мяне накіравалі ў марскую школу.

Палітруком у нашай роце аказаўся выпадковы чалавек, малапісьменны і несправядлівы. Я цярпець яго не мог і не хаваў маіх думак аб ім. Ён таксама не любіў мяне, помсціў мне. За спрэчкі з ім ён пасадзіў мяне на гаўптвахту. Помню: ішоў я ў шынялі без пояса, у бесказырцы без стужак па Севастопалі. Злосна і ліхаманкава паглядаў па баках, баючыся ўбачыць сваю дзяўчыну ці сястру. З гэтага дня нашы адносіны з палітруком яшчэ больш абвастрыліся. Я адчуваў за сабой праўду, і гэта надавала мне сілы. Раззлаваны несправядлівасцю, за пятнаццаць дзён, што прасядзеў на гаўптвахце, я амаль нічога не еў, і калі мяне вызвалілі, не мог ісці. Мяне ў школу прывёў камбат, якога я і ўсе чырванафлотцы вельмі любілі. Потым я даведаўся: ён з-за мяне пасварыўся з палітруком.

Мяне хацелі пакласці ў асобны пакой для папраўкі, каб не азлабляць маракоў супраць палітрука. Але мяне ўбачылі некалькі чалавек. Вестка пра мяне імгненна пранеслася па ўсёй школе. Спайкі такой, як у маракоў, няма нідзе. Яны прабіваліся да мяне, пагражалі палітруку, прыносілі мне яблыкі, папяросы, віно.

Калі пачалася вайна, палітрук знік, паляцеў на Вялікую зямлю. Казалі, быццам адклікалі дурня на вучобу. Да нас прыслалі новага, камісара. Гэта быў камісар — душа! Заўсёды разам з маракамі, у бой ішоў першым. Мы заўсёды разам з ім праводзілі дні адпачынку. У мяне ў Севастопалі жыла сястра, дом свой з мужам мела. Там мы — у гадзіны перадышак — часта збіраліся: камісар, камбат, таварышы. Грымелі марскія песні, шыпеў патэфон, бахкалі коркі бутэлек. Весяліліся адчайна, ад усёй душы. Як толькі могуць маракі пасля бою і перад боем.

Потым зноў былі баі, гінулі таварышы. На вечарах аб іх успаміналі. Не плакалі, бо ўсе мы былі роўныя. Для кожнага з нас любы вечар мог быць апошнім.

Гінула нас многа. Загінула сястрычка з нашага батальёна, Оля. Яе разарвала снарадам. Косця, марак,— ён кахаў яе,— знайшоў толькі руку. Ён доўга сядзеў на тым месцы, ні на што не зважаючы, і толькі гаварыў: «Гэтая рука мяне лашчыла». Потым загінуў камісар, яго перарэзала кулямётнай чаргой. Мы тады хадзілі ў контратаку і трапілі пад перакрыжаваны кулямётны агонь. Камісар павёў нас на зыходныя рубяжы. Не дайшоў ён да рубяжоў, загінуў. Побач з ім загінуў яго сябар, марак, цудоўны хлопец, Алёша. І яшчэ многа легла нашага брата. Мяне тады параніла ў правую руку...

Ён абарваў расказ. Мы задуменна маўчалі. Я ўспомніў першае маё — завочнае — знаёмства з ім. У Есентуках урач Рубанік, што лячыла нас абодвух, упершыню расказала мне пра яго. Яна была ўражана яго знешнасцю. Яна сказала, што, зірнуўшы на яго, адразу зразумела: гэты чалавек многа перажыў! Пазней я ўбачыў яго: жорсткія, упартыя вочы глядзелі з-пад навіслых чорных броў. Тонкі востры нос, бледныя сцятыя губы. Закінутыя назад чорныя валасы. Над хваравітай, белай, з жаўтаватым загарам скурай. Рэзкія, нервовыя рысы твару. Рубанік казала тады, што выпадкова ўбачыла ў яго накід карціны — палаючы Севастопаль,— якую ён маляваў левай рукой. На карціне былі накрэслены, на фоне палаючага Севастопаля, тры постаці: стары, што абапіраецца на кій, абыякавы да ўсяго, жанчына — яна спалохана падняла вочы, прыціскаючы да грудзей дзіця...

Ён мне таксама некалькі разоў гаварыў пра Рубанік, пра ўрача. Вочы яго пры гэтым вільгатнелі і блішчалі нечакана мякка. Ён гаварыў аб яе клапатлівасці, аб тым, як ён яе паважаў і слухаўся яе. Гэта яна ў Есентуках пераканала яго — у час — пераехаць у Тбілісі, хоць ён і не хацеў. Я ўспомніў, як ужо тут ні камісар, ні галоўны хірург не змаглі яго перасяліць з першай палаты ў другую — ні просьбамі, ні пагрозамі. Ён палка любіў і ненавідзеў усёй душой, ён быў пяшчотны і цвёрды, як жалеза. Ён быў чулы і грубы. Якая палкая, упартая душа!

У пытаннях літаратуры і мастацтва нашы погляды сыходзіліся. Ён са злосцю лаяў тых, хто скажаў жыццё, грубую праўду жыцця... Мы разам лаялі тых, хто баіцца паказваць праўду жыцця.

 

2. АЛЁША (З расказаў Валодзі Сінюкова)

Многа цікавага народу было ў нас. Але сярод іх я неяк асабліва, адразу звярнуў увагу на аднаго. Адразу, як толькі з'явіўся да нас, у батальён марской пяхоты.

Помню, прыйшло папаўненне з караблёў. Мы высыпалі насустрач. І я сярод іншых — звычайных — адразу прыкмеціў агромністага, прыгожага марака,— на дзве галавы вышэйшага за астатніх.

Маракоў выстраілі. Да строю выйшаў камісар, пазнаёміцца. Кожны называў сваё прозвішча і карабель. Вялікі марак таксама назваў сябе, карабель. Усё як належыць.

Але потым, калі была дадзена каманда разысціся, пачалося іншае знаёмства. Вялікі назваўся проста:

— Алёша.

Так ён і запомніўся ўсім: Алёша. Так яго потым і звалі ўсе, у тым ліку і камісар.

Наогул у нас, маракоў, абыходжанне — без цырымоній. Ну, а з Алёшам зусім проста пайшло. Ён адразу дзіўна выклікаў да сябе прыхільнасць. Просты быў, таварыскі на рэдкасць.

З Алёшам адразу ў нас пачаліся прыгоды. Ледзь пазнаёміліся з навічкамі, пачалі іх, вядома, узбройваць. Алёшу выдалі вінтоўку. Ён паставіў яе ля наска, а яна яму ледзь вышэй пояса! Маракі, паглядваючы на Алёшу, пачалі пасмейвацца.

Алёша пакруціў яе ў руках. Быццам не разумеў, што гэта.

— Таварыш камісар! Куды мне гэта?

Наша тулянка так траціла побач з ім, што камісар згадзіўся спачувальна:

— Д-да, калібр малаваты!

Маракі, быццам чакалі, падхапілі:

— Ружжо бранябойнае яму хаця б!

— Яму б гармату галоўнага калібра з «Парыжанкі»1.

Алёшу далі дзегцяроўскі кулямёт.

— Ну вось, гэта яшчэ нішто сабе. Гэта па мне...

Так пачалося жыццё Алёшы ў нас, у батальёне марской пяхоты. Пяхотнае, акопнае жыццё. Жыццё сярод матухны-зямлі. Пасля мора, мінаносца — Алёша сышоў з мінаносца — гэта было не проста. Перакваліфікацыя поўная. Зусім новы курс навук. Ды і, трэба сказаць, абставіны для прыстасоўвання да новых умоў аказаліся цяжкаватымі. Жыццё кінула Алёшу за борт, і апынуўся Алёша сярод суровай стыхіі, калі там штарміла. Ну, калі не на дзевяць, дык на сем балаў, напэўна.

Немцы націскалі. Кожны дзень бамбёжкі, абстрэлы, атакі. Свету белага не відаць. І з-за хмар узнятай зямлі і, наогул, у пераносным сэнсе.

Жыццё ў батальёне, як і на караблі, усё на віду. А ў такіх абставінах чалавек адкрываецца адразу, яўляецца перад усімі, як маці нарадзіла. Глынуў Алёша адразу салёнай марской, ды так, што і захлынуцца нядоўга, але і выгляду не паказаў. Быццам бы не ўпершыню і бачыў такое.

Вось жа, і негаваркі, і непаваротлівы, але ў справе лепшага таварыша не было. Ужо калі Алёша ў акопе, і калі за «дзегцяровым» — будзьце ўпэўнены. Не падвядзе Алёша. Падтрымае каго трэба і, калі загадана ўчапіцца, учэпіцца, і не скране ніякая сіла. Калі, вядома, ёсць магчымасць трымацца.

Яшчэ вабіла ў ім сціпласць. Рэдкая сціпласць. Што б ні зрабіў, не выхваляўся. Ды і калі іншыя распісвалі яго — наш брат — марак гэта ўмее — памоўчваў. Ды і саромеўся быццам.

За гэта цягнуліся да яго, любілі. І сярод іншых —камісар наш. Сяброўства гэтае асабліва прыкметнае было, таму што і камісар быў чалавек — што трэба!

Камісар, наогул, з любоўю не напрошваўся ні да каго, кплівы і востры на язык быў, не казаў пра любоў і Алёшу, але было ясна, пяшчоту скрытую адчуваў.

Клапаціўся аб Алёшу заўсёды асабліва.

Помню: было гэта ў сакавіку. Стаялі лютыя марозы. Вецер дзьмуў такі, што шчокі імгненна браліся белымі плямамі, а ў вачах гарэў агонь.

Дровы ў нас скончыліся. У бліндажы было па-зверску холадна. Мы ўсе дрыжалі, як цуцыкі. Грэліся спіртам ды тузанінай. Ды цыгаркай — таксама быццам цяплей. Алёшу было яшчэ горш. І апрануты дрэнна, і босы. Чаравікі так разнасіліся, што і дрот ужо не трымаў. Выглядвалі ў шчыліны анучы.

Камісар шукаў яму на складзе брыгады і ў горадзе чаравікі ці боты. Але 48 памеру не знаходзілася. Алёша суткамі сядзеў у бліндажы. Трываў, не скардзіўся.

Не паспеў камісар знайсці Алёшу абутак, скончылася нядоўгая перадышка. І стала ў нас так горача, што далей няма куды. Дзяўблі, дзяўблі нас немцы — ратунку няма, і нарэшце — выбілі. Пакінулі мы пазіцыі свае.

Толькі зачапіліся за новыя, умацаваліся неяк, даюць загад — вярнуць пакінутыя пазіцыі любой цаной. Уночы прыходзіць камісар, загадвае рыхтавацца да контратакі. Сам збіраецца ісці з намі.

Паглядзеў на Алёшу, загадвае аддаць кулямёт другому мараку.

— Гэта чаму? — не згадзіўся Алёша.

— Застанешся.

Алёша заявіў цвёрда:

— Я пайду з усімі.

Камісар паморшчыўся: не час было заводзіць спрэчку. Упэўнена паўтарыў загад. Ясная сітуацыя: босы чалавек, якое яму наступленне!

Алёша змоўчаў. Але кулямёт не аддаў. І калі ўсе сталі выбірацца наверх, рушыў таксама. З кулямётам.

Пайшоў, не ведаючы, насустрач сваёй гібелі.

Бой мы пачалі, падобна, нядрэнна. Артылерыя падтрымала, і мы ўжо дабраліся амаль да немцаў, калі яны апамяталіся і адкрылі такі тарарам, што бачым — справы нашы дрэнныя. Косяць нас. Мы прыцішылі хаду і, адчуваецца, ужо быццам з аглядкай рушым. Прыкідваем ужо: куды — уперад ці назад?

Камісар гэта адчуў, ірвануў наперад, работаючы аўтаматам. Услед за ім рушыў наперад і Алёша. Ракеты ўвесь час узляталі, відаць было навокал, як удзень.

Камісар не дабег да акопаў. Нешта здарылася ў яго, ён як быццам раптам спатыкнуўся. Амаль адразу ж за ім чарга падкасіла Алёшу.

Многіх тады скасіла смерць. Але ўсё ж прарваліся і ўчапіліся ў пазіцыі. І выбілі немцаў. Ранак сустракалі ўжо ў ранейшых акопах.

Тады пачалі падбіраць раненых, забітых. Знайшлі і камісара, і Алёшу. Абодва былі мёртвыя. Абодвух скасіла кулямётная чарга. Побач.

 

1 «Парыжанка» — лінкор «Парыжская камуна».

3. ВАДАП’ЯНАЎ (З расказаў Валодзі Сінюкова)

Таксама — цікавая асоба. Адна з самых каларытных у нашым батальёне.

Калісьці быў злодзеем. Судзіўся. Будаваў канал. Быў дачасна вызвалены. На фронце з першага дня прыжыўся ў разведцы.

Неяк спатрэбілася разведцы папаўненне. Прыйшоў у роту, знайшлося многа ахвотнікаў. Ён, гамонячы рознае, быццам выпадкова выцягнуў з кішэні лімонку і ўкручвае запал. Байцы змаўкаюць, трывожна і з чаканнем сочаць за яго рухамі. Ён выпроствае вусікі чакі. Рассеяна спрабуе выняць яе. Нехта не вытрымаў:

— Кінь! Не дурэй.

Ён ці не чуе, ці не слухае. Насцярожаныя байцы бачаць, як выскачыла чака. Тут раптам заўважае, што здарылася, і ён. Палохаецца. Ад страху кідае гранату. Адкідвае ад сябе, у ногі байцоў. Усе шарахаюцца прэч. Здалёку ўслухоўваюцца, чакаюць. Граната не ўзрываецца. Нарэшце, нясмела, няёмка вяртаюцца. Вадап’янаў глядзіць насустрач кплівым, пагардлівым позіркам.

Граната зноў у яго руцэ.

Моўчкі абводзіць вачыма ўсіх.

— Вам толькі ў абозах ваяваць, а не ў разведку хадзіць...— кажа ён са знішчальнай пагардай.

Дадае прысаромленым байцам некалькі слоў, якія не друкуюцца.

Усе маўчаць.

Аб яго храбрасці хадзілі легенды.

Аднойчы разведка суседняй роты прынесла паведамленне, што немцы сядзяць у бліндажах у такім-та раёне. Вадап’янаў заявіў, што там нікога няма, ён там быў мінулай ноччу. Яму не паверылі. Увечары ён узяў хлопцаў і пайшоў у разведку. Пад раніцу ўсе вярнуліся, прынеслі тры ложкі.

— Гэта — палітруку, камроты і мне,— аб’явіў Вадап’янаў.

Ложкі, аказалася, былі ўзяты з бліндажоў, дзе быццам бы сядзяць немцы.

Быў у роце тэлефаніст, асцярожны, пужлівы. Вадап’янаў вырашыў папалохаць яго. З назіральнасцю разведчыка ён адзначыў месца, куды той заўсёды выбягаў «да ветру». Укапаў нямецкую гранату, прывязаў вяровачку і працягнуў да акопа, вырашыўшы ў зручны момант узарваць гранату. Чакаючы гэтага моманту, задрамаў. Тым часам — была ноч — прыехаў з павозкай старшына. Конь зачапіўся нагой, выбухам яму вырвала бок. Старшына адбыўся хвілінай страху.

Ротны, даведаўшыся пра гэта, лаяўся страшэнна. Але ўтаіў ад начальства.

Ды і што маглі зрабіць тут Вадап’янаву!

 

4. НЯПЕЙВАДА

Я пазнаёміўся з ім у Мінводах, у час аднаго паходу са шпіталя. Пасядзеў паўгадзіны побач, паслухаў, і вось памятаю, бачу яго, чую.

Вочы ў яго нейкага няпэўнага колеру — ці то карыя, ці то шэрыя. Сядзяць яны глыбока пад цвёрдымі цёмна-русымі брывамі, і толькі вузенькая палоска іх насцярожана і дапытліва выглядвае ў шчыліну прыжмураных вачэй. Губы танклявыя, шырокія, куточкі іх прыўзняты ва ўсмешцы, якая нібы кажа, што ён вас наскрозь бачыць. Яго не ашукаеш. Апрануты дзіўна: матроскі клёш і суконная гімнасцёрка без пятліц. Гаворыць па-руску, але «л» вымаўляе мякка, па-ўкраінску. Па вымаўленню можна здагадацца, што ён ці ўкраінец, ці сын Кубані або Дона.

— Прыехав я са шпіталя,— расказвае ён, пацягваючы піва,— канешне, куды — у Кіславодск. Таму што акрамя падацца няма куды, а там у мэне Валька, з якою мы паабяцаліся пажаніцца. Еду радасны — дзевяць месяцаў не бачывся. Прыходжу ў хату — мама яе адразу спазнала — у слёзы. «Пецька, Пецька, адкуль ты? Як ты?» — Заходзіцца ад радасці, садзіць за стол. Я сідаю. Але хоць я був галодны, як якій Тузік, што без гаспадара, але Валяй, канешна, цікавіўся больш. Сіў, аглядзеўся ось так вакол па хаце. «А дзе Валя?» — пытаюся. «Валя?» — пытае яе мама і ось так спакойна, як яку дробязь кажа: «З мужам пайшла на базар». Я як на цвіка сіў, аж падскочыў. «Як,— кажу,— з мужам? З якім?» — «А з Васем»,— кажа. Я пытаюся: «Яна выйшла замуж?» — «Ну, а як жэ!» Шчэ і здзіўляецца, што я здзіўляюся. А мне гэтая вестка як малатком па галаве. Сяджу і ўцяміць не магу ніяк, што ж рабіць у такой сітуацыі. Толькі думаю: ось табе і прыехав, пажэнівся!.. Але нічога не зробіш. Прыехав — трэба сядзець, чакаць, пабачыць сваім вокам. Паказаць сябе, што — жывы, вярнуўся. Сяджу, прымаю, вядома, пачастунак, але без здавальнення, таму што на душы трывожна. Усялякую цікавасць да яды страціў з-за любоўнай непрыемнасці і чакання. Паеў, сказаў «дзякуй» мамашы яе і чакаю. Мамаша кажа: «Калі ласка, Пецечка, шчэ вось пачастуйся, не саромейся!» — кажа так ветліва, але, бачу, хвалюецца таксама і мяркуе, чым жа гэта скончыцца. І так па выгляду яе разумею, што яна не супраць, каб я куды-небудзь знік. Але я быццам не заўважаю нічога, сяджу, чакаю. І ось прыходзіць чалавек, нясе ўсякую ўсячыну з базару. Глянуў на мэне, але без цікавасці. А за ім адразу і Валька. Як убачыла мяне, збялела, як палатно, спужалася дужа. Я таксама на яе гляджу, строга і з асуджэннем. Я, вядома, скеміў, што чалавек незнаёмы — яе муж. Я яму руку не падаю, паказую, што — пагарджаю. А да яе падыходжу. Яна глядзіць на мэне, вочы ось такія, а сама чакае, баіцца. Кажа — быццам радуецца: «Пецька! Адкуль ты ўзявся?!» Я кажу ёй важка: «Адтуль, куды ты праводзіла мэне — з фронту! А цяпер — са шпіталя!» Мамаша яе нешта загаворвае, але я ёй — нуль увагі. Кажу Вальцы — прама. «Валя, чаму ты так хутка забыла нашу любов і сваю клятву? Я цябе столькі чакав, а ты мэне забыла!» Яна маўчыць. Ёй, вядома, няёмка. І муж яе маўчыць, разважае, што да чаго. Здзіўлены таксама, вядома. Валя то маўчала, а то раптам пачала плакаць жаласна, як сабака пабіта. Гляджу я на яе і ўсё думаю, што рабіць. Падумав я і кажу ёй: «Раз такое дзело, прыходзь, Валя, у рэстаран, што на вакзале, у дзве гадзіны. Зап’ем нашу любов». Яна плача і ківае галавой: «Добра, Пецька, прыйду». Я на гэтым адвярнуўся да мамашы, сказаў: «Да свідання!» і выйшаў, як зняважаны. Але з надзеяй... Зайшоў я ў рэстаран у дзве гадзіны, гляджу: няма. Заказаў абед сабе, чакаю, спадзяюся. Але яна не прыйшла. Набраўся я з гора так, што марачкі нейкія па ўзаемавыручцы ледзь вывелі мяне адтуль. Так скончылася мая любов з Валяй!..

Ён маўчаў яшчэ колькі часу. Сумаваў. Але, відаць, сум быў не ў яго натуры, а можа, і не для яго — паказваць сябе ў такім выглядзе, пераможаным. З намаганнем сагнаў з вачэй сум, жорсткасць. Пацягваючы з куфля, загаварыў спачатку наўмысна весялей. Потым ужо і сапраўды весела, захапіўшыся.

— Прыехалі мы ў Мінводы. Толькі селі абедаць — прылятае германскі самалёт. Усе, хто буў,— адразу са сталовай хто куды. Але яны якраз і падбеглі пад бомбы. А мы сядзім і ядзім ды выпіваем. Абедаем сабе. Паелі першага, чакаем другога. Не нясуць. Тады мы на кухню, каб палаяцца, а там нікога. Тады мы адпусцілі сабе другога самі. Колькі захацелася.

А далей ехаць — аніяк. Шлях разбілі. Яго рамантуюць, паязды не ходзяць. Мы да каменданта горада: «Адпраўляй на машынах!» А ён: «Нічога не будзе. Машын няма».— «Як жа ж быць,— пытаемся мы,— нам тэрмінова ў часці трэба!» А ён нам: «Вы хлопцы — ваенныя, спыніце любую машыну і сядайце». Так мы і зрабілі. Выйшлі на шлях за горад, бачым — акурат ідзе машына. Але ў ёй пасажыраў і рэчаў шмат.

Узнімаю пісталет. Загадую: «Стой!» Машына стала.

Я на падножку. Патрабую ў шофера:

— Пропуск!

Шофер паказуе пропуск. Пытаюся:

— Куды едзеш?

— У Махачкалу.

— Па якой справе?

— Запчасткі вязу.

Ага, вось яно што. «Запчасткі»!

— З фронту ў тыл?! — кажу. Загадую: — А ну, пакажы, якія запчасткі ў вас?

У кузаве заварушыліся. Сталі крычаць: не маеце ніякага права! Але я — нуль увагі. Загадую:

— Злазь! Перасадка будзе!

З кузава не злазяць. Тады Рыжы,— быў такі чарцяка, «атарві да брось»,— адразу скеміў. Дастаў з-за спіны аўтамат ППШ. Наперад выставіў. Наглядна паказуе. І пазірае пры гэтым на іх: «Ось я зараз вам — злажу!»

Ну, тыя ў машыне — маўчок адразу. І на зямлю.

Спалохаліся, чэрці. Я загадую хлопцам — агледзець, што там за запчасткі. Хлопцы на скаты — ды ў кузаў, а там адны клункі, дамашняе барахло.

Толькі адзін паламаны матор з трактара знайшлі.

— Дык гэта вашы запчасткі? — пытаюся.

Маўчаць. А ўсе дужыя з выгляду, мардатыя. Не толькі жанчыны, але і мужчыны.

Мы там кроў на фронце праліваем, а яны — клункі ўсялякія.

Злосць мяне ўзяла. Загадаў выкінуць барахло.

— Дазваляю браць толькі чамадан адзін ці адзін клунак,— кажу.— Хто не згодны, дазваляю застацца.

Гляджу: пастаялі, сталі разбіраць свае клункі ды чамаданы.

Лезуць, пасадзіліся. Мы селі, і яшчэ месца знайшлося. Раненых байцоў пасадзілі.

Так і даехалі.

— У Махачкале сядзім, чакаем поезда. Сумаваць не даводзіцца, закупілі вялікі чайнік піва і папіваем патроху на беразе мора. Заўважаем, што нейкі тып увесь час круціцца побач. Паклікалі — ён падыходзіць, выпівае з намі. Асмялеў і пытае:

— Вы, рабята, з Каспійскага флоту?

— Да. З Каспійскага,— адказваем.

Зноў памаўчаў, глядзіць усё. Потым кажа, па-сяброўску так:

— Можаце вы мяне, рабята, перавезці на той бок?

— А як жа! — зразу кажа Рыжы.— Гэта ў нашых руках.

Ён яшчэ памаўчаў. Набраўся смеласці і кажа:

— Колькі гэта, рабята, будзе каштаваць?

— 11 тысяч,— не маргнуўшы, сказаў Рыжы.

Гэтак сур’ёзна гаворыць: быццам праўда. І мы ўсе паглядаем сур’ёзна.

Гэты пакруціў шыяй, як салома туды трапіла, кажа:

— Гэта многа, рабята. Збаўце палову.

Паспрачаліся і згадзіліся перавезці за 7 тысяч з магарычом.

Ён устаў і быццам неахвотна — дорага, маўляў,— пайшоў некуды. Глядзім: вяртаецца хутка. Нясе торбу з нечым. Прыйшоў, сеў, выкладвае. Кансервы, памідоры, шампанскае. Магарыч.

— Дорага,— кажа,— вы, рабята.

— Дак гэта ж няпростая справа,— адказваем.— Цераз цэлае мора пераправіць.

Выпілі і закусілі добра. Тады ўстаем, развітваемся.

— Вы куды гэта, рабята? — пытаецца.

Рыжы кажа:

— А куды? На службу. У часць.

— А як жа гэта? — пытаецца.

— А так,— адказваем.— Няма ў нас пака суднаў.

Ён уцяміў тады.

— Дак вы — пасмяяліся?

— Топай, дзядзька,— кажу яму.— Да скажы дзякуй, што адпускаем па-здарову.

Ён зматаўся ўраз.

Вось жа, гад. Таксама вораг, накшталт акупанта, пад назвай адкупант...

Выняў табакерку. Пажартаваў:

— Баявая песня: «Давай закурым». Музыка Папазяна. Тытунь свой.

Разлічыўшыся з афіцыянткай, устаў і хутка, нечакана паднёсшы яе руку да сваіх губ, цмокнуў сваю руку. Дзяўчына засмяялася.

Пайшоў цвёрдай, упэўненай хадой. Зухавата гледзячы наперад.

 

5. НА ТЫМ БЕРАЗЕ

Далей адыходзіць няма куды — ззаду рака. Камандзір батарэі Раманаў ведаў, што новы абарончы рубеж устаноўлены па рацэ. Ён з зайздрасцю бачыў, як на прымітыўных плытах і лодках перапраўлялася сама і перапраўляла сваю зброю пяхота. Але што мог зрабіць ён, калі ў яго такія важкія гарматы, а на рацэ ніводнай пераправы. Апошнюю пераправу нямецкія бамбардзіроўшчыкі разнеслі ўшчэнт. Заставалася: ці патапіць гарматы ў рацэ, ці...

— Абсталяваць пазіцыі! Раўкі выкапаць як мага глыбей! Паведаміць колькасць «бульбы».

Бульбай артылерысты называлі снарады. Бульбы было 99 штук. На кожную гармату па 25 снарадаў. Лейтэнант паслаў пасыльнага да камандзіра дывізіёна паведаміць пра становішча батарэі. А для сябе рашыў і камандзірам гармат загадаў строга эканоміць снарады, не выпускаць ніводнага наўгад.

Змучаныя цяжкімі баямі, байцы напружвалі астатнія сілы, каб паглыбіць раўкі пры гарматах, зрабіць іх непрыступнымі. Але работа ішла марудна, некалькі чалавек бяссільна паваліліся і спалі.

Стомленая, знясіленая батарэя ўпарта рыхтавалася да бою, вырашыўшы лепш памерці, чым ганебна аддаць гарматы ворагу.

— Па месцах! Першаму — вугламер — тры адзінаццаць. Прыцэл...

Раманаў бачыў у перакрыжаванні бінокля групу нямецкіх салдат — здалёк — маленькія, яны выйшлі на прыбярэжную вышыню. Грымнула гармата. Камбат прыклаў бінокль да твару і паморшчыўся — снарад зрабіў недалёт. Павялічыўшы прыцэл, з трывогай зірнуў: сіняваты кусцік дыму вырас акурат на грэбені ўзгорка. Тады камбат скамандаваў першаму ўзводу — залп. Немцы кінуліся ў бакі і пабеглі назад.

Лейтэнант загадаў запісаць устаноўкі і зірнуў на гадзіннік. Да цемры заставалася не менш шасці гадзін. Байцы працягвалі капаць раўкі гэтак жа старанна і маўкліва. Нібыта ўсе ведалі, што рашаючыя баі яшчэ наперадзе і радавацца рана.

Неўзабаве Раманаву далажылі: на вышыні паявіліся танкі. Ён убачыў: на грэбені вышыні тры іх чорныя сілуэты. Ён загадаў разлікам: да гармат! Скамандаваў вугламер, прыцэл. Убачыў: удалечыні ўскочылі чатыры кусцікі ў рад, закрыўшы сабою танкі. Калі дымкі рассеяліся, стала відаць, як з сярэдняга танка валіць чорны дым, а два другія павярнулі ў бок. Наступныя снарады не зачапілі танкі, але танкі спыніліся. Услед за гэтым пачалі рвацца са скрыгатам снарады перад батарэяй. На батарэю ўпоўз едкі дым. Камбат, аглухлы ад выбухаў і стрэлаў, сачыў за танкамі. Аднаму танку знесла вежу. Але ў гэтую хвіліну правую руку камбата моцна штурхнула і бінокль вылецеў з рук. Злева пачуліся стогны. Камбат паспрабаваў зноў падняць бінокль, але правая рука, быццам чужая, не слухалася яго. Ён паднёс бінокль левай і ўбачыў, як папоўз назад апошні танк.

— Стой! Атака адбіта.

Ён прайшоў па батарэі. Ля акопаў чацвёртай гарматы лейтэнант убачыў: камісар Чыркоў з сястрой перавязвалі раненых. Камандзір гарматы Хазіеў і замковы Казакоў былі забіты. Некалькі чалавек былі так цяжка паранены, што сястра сумнявалася, ці дажывуць яны да вечара. Гармата таксама выйшла са строю — разбіта прыцэльнае прыстасаванне, пакалечаны шчыт.

Ён ішоў па батарэі знарок стрымана, спакойна. Звычайным тонам даваў указанні: рыхтаваць гарматы да далейшага бою. Дакопваць раўкі. Вярнуўшыся на сваё месца, ён загадаў:

— Паведаміць колькасць бульбы!

Снарадаў заставалася роўна шэсцьдзесят штук, па дваццаць на гармату. Да цемры было 5 гадзін. Падышла сястра.

— Камбат, я вас перавяжу.

— З чацвёртага ўсіх перавязала?

— Усіх, і аднеслі ў схову.

— Ну вяжы, што з табой зробіш.

Ён спрабаваў жартаваць як заўсёды.

Але ўсмешка была падобная на грымасу болю. Рука праз меру непакоіла, і ён увесь час хадзіў па пазіцыі і па навакольным хмызняку, каб забыцца.

Праз гадзіну паведамілі — на вышыні паказалася шэсць танкаў. Батарэя адкрыла загараджальны агонь. Танкі спыніліся, але засыпалі батарэю градам асколкаў. Ля гармат падалі акрываўленыя байцы. Ужо ляжыць з залітым крывёю тварам камандзір першай гарматы Пакатаеў, наводчык трэцяй гарматы Карпаў і яшчэ многія байцы. Людзей не хапае. Ля гармат пасталі шафёры і механікі. У трэцяй гармаце за панарамай камісар батарэі палітрук Чыркоў.

Людзі страцілі адчуванне часу. Вось яшчэ адзін танк змоўк — вежу звярнула снарадам. Вось другі запалаў. Астатнія чатыры паварочваюць назад, ім наўздагон грукочуць стрэлы батарэі.

Стала ціха, і ў вушах звінела. Байцы крычалі да таварышаў, тыя такім жа крыкам адказвалі.

Падвялі вынікі. Яшчэ 11 чалавек забіта, многа раненых. Забіты Чыркоў пры панараме. З камандзіраў застаўся толькі камандзір другой гарматы. У разліках не больш дзесяці чалавек, ды і то палова з іх — шафёры і механікі.

Забітых не хаваюць. Байцы падаюць ад стомы.

Да цемры дзве гадзіны. Засталося толькі пяць снарадаў на дзве спраўных гарматы. Становішча робіцца ўсё больш небяспечным.

Але немцы не ідуць. Надыходзіць доўгачаканая цемра, добра павявае вячэрні халадок.

Адпачынак да раніцы. Забыўшыся на ўсё, людзі глыбока паснулі, толькі тры вартавыя прытаіліся ля кулямёта. Стагналі і трызнілі раненыя.

Ноччу на лапік зямлі, паліты крывёю артылерыстаў, уступіла пяхота. Немцы былі выбіты з вышыні.

 

6. ХВІЛІНА

Ездавыя трывожна пераглянуліся. Гармата змоўкла. Аўтаматныя чэргі гучалі ўжо, здавалася, на агнявой пазіцыі. Прыбег сержант Іваноў — камандзір гарматы — з акрываўленым тварам. Нумары, хапаючыся, унеслі бязвольнае цела наводчыка.

Больш супраціўляцца было немагчыма. Нямецкія аўтаматчыкі падышлі так блізка да пазіцыі, што засыпалі яе градам куль.

Было загадана адысці.

Трэба было выратаваць гармату. Трэба было вылецець на агнявую пазіцыю, дзе кожны рух пільнуюць нямецкія аўтаматы, дзе ў паветры, быццам роі пчол, звіняць іх кулі.

Ездавы кораня Каваленка разам з сержантам вылецеў на пазіцыю. Ездавы зрабіў хвацкі разварот. Іваноў так хутка прычапіў гармату, што коні, амаль не спыняючыся, з развароту рванулі ў кар’ер.

Услед ім вішчалі кулі. Прыпаўшы да шыі каня, Каваленка бязлітасна сцябаў ашалелых коней. Гармата так скакала, так гайдалася і матлялася, што сержант думаў толькі аб адным, як бы ўтрымацца на лафеце.

Па дарозе гармата ляцела яшчэ хутчэй. Але тут было ўжо спакойней. Сержант зірнуў на Каваленку. Той амаль ляжаў на шыі каня, абхапіўшы яе рукамі. Цела яго дзіўна матлялася ў сядле.

Толькі дабегшы да зарасніку, дзе іх чакалі байцы, коні спыніліся. Байцы знялі таварыша з сядла і паклалі яго на траву. Грудзі яго ў чатырох месцах былі прастрэлены. Чатыры мокрыя знакі віднеліся на гімнасцёрцы, крывавіліся на белым, незагарэлым целе.

— Коля! Дружа! Ты мяне чуеш? Ну, што ты маўчыш? — пытаўся сержант.

Мікалай нічога не адказваў. Ён маўчаў. Не чуў.

Па дарозе ён памёр.

Байцы хутка абсталявалі пазіцыю. Гармата, якую ён выратаваў, пасылала снарады на галовы насядаючых немцаў.

Ён ляжаў за намі — пабялелы, спакойны,— але нам здавалася, што ён быў яшчэ з намі.

Было гэта ў маі, пад Ізюмам. У час нямецкага акружэння пад Харкавам.

 

ЗАПІСНАЯ КНІЖКА (1/VII—22/IX)

Увесну на перадавой — жоўтае мора буйной, у рост чалавека, свірэпы.

Гаспадарлівы мужычок усюды цягаў з сабой свой рэчавы мяшок.

 

Стомлены, курыў, задрамаў і спаліў сабе штаны.

 

Маёр вывеў дывізію і памёр.

 

«Ну і народ пайшоў. Сёння прыходжу ў сталовую. Бачу, чацвёра сядзяць за сталом і двое лускаюць сланечнік. «Што вы, кажу, хлопцы, робіце столькі смецця! Не сорамна?» Той, хто лускаў, усміхнуўся, а той, што не лускаў, узяў сланечнік у таварыша і стаў частаваць сябра. І пачалі, смеючыся, пляваць луску ўсе чацвёра. Знарок насуперак робяць!»

 

Адкладзём гэтае пытанне на 7 сакавіка, на жаночы сход.

 

З расказаў «баці»:

«— Белы?

— Не.

— Чырвоны?

— Не.

— Не ваюеш?

— Не ваюю.

— Дык ты, сволач, хаваешся,— і па шчоках, кулаком.— Я чатыры гады ваюю, і ты ваюй, сволач, хоч за чырвоных, хоч за белых».

 

Баец, ледзь засне, храпеў. Механікі з БАА1 жартавалі:

— Не працуй на газе. Пераходзь на авіяцыйны.

 

Сястра. Абвешана, як кулямётнымі стужкамі, індпакетамі. За поясам — шыны. Пад агнём перабягала, рабіла перавязкі. Мацюкі.

 

Приезжали меня сватать

На серой кобыле,

Все приданное забрали,

А меня забыли.

 

Зімняй ноччу занялі вёску, каб сагрэцца.

 

Бежанцы.

 

Франтавікі на адпачынку.

 

«На довольство и удовольствия».

 

Запальвалі цыгаркі крэменем і стрэламі.

 

Вязе «снеданне» — самалёт.

 

«Гэта наш самалёт...»

 

З палону, з Брэста ў Ліман.

 

«Першы раз не страшна было».

 

Ранены памёр у шпіталі. Прыйшоў ліст да яго (Ася).

 

Адносіны да палонных.

 

Мяшэчнікі.

 

«ПО СЛЕДАМ ВОЙНЫ»2

 

«Няма больш ні радоў, ні афіцэраў, ні каманды, ні сувязі. Артылерыя змяшалася з пяхотай, насельніцтва з войскам».

 

«У цемры, прарэзанай пажарам і вогнішчамі...»

 

«Не было ніводнай вольнай хаты».

 

«Зараіліся фантастычныя чуткі аб поспехах на іншых франтах».

 

«Жыхары даймаюць нас трывожнымі допытамі».

 

«— Канец будзе праз тры месяцы. На каляды ўсе дома будзем».

«— Баюся, дома ўсё прападзе без догляду. Хто там будзе гаспадарыць?»

 

«Непрыбраная конская падаль».

 

«На вайне тыя, хто адбіўся ад часці, давер’ем не карыстаюцца».

 

«Калі ідзе бой, вёска хаваецца ў склепах».

 

«— Нашы дзеці таксама на вайне».

 

«— Немцу ўсе дапамагаюць: аўстрыяк, турка...»

 

«Адзежа ў яго: шынель, ветрам падшытая, пілотка».

«З вогнішчаў тырчаць лакіраваныя ножкі крэслаў».

 

У акопах немцаў.

 

«Абышлі ўсю вёску — паспаць няма дзе».

 

«Фруктовы сад увесь усыпаны саломай, на якой начавалі салдаты».

 

«Холадна. Палілі платы, дахі, снапы».

 

«Загадана тэрмінова адступаць, а яны: «Хлопцы! Вячэра гатова. Разбірайце, а то прападзе». (Пад Сінельнікава.)

 

«Адны мараць аб цёплай пасцелі, другія аб паходным рамане».

 

«Едзем, не цікавячыся ні імем, ні месцам злашчаснай стаянкі».

 

«Жыхары ўстрывожаны баямі, якія маюць быць пад сялом».

 

«Перад тым, як мы ўвайшлі, немцы падпалілі сяло».

 

Тыл і прастытуцыя.

 

«На дарозе валяюцца кучы ранцаў, стужкі, кінутыя пры ўцёках».

 

« — Ёсць і людзі, і мужнасць, а снарадаў няма».

 

«...Ля вогнішча выпальваюць вошай».

 

Рух па раскіслых дарогах.

 

«Храбры той, хто прымусіць сябе быць храбрым».

 

«І выгляду не паказваю, што баюся».

 

«Хмары палкаводцаў тылавых».

 

Франтавік — тылавік. (Спрэчка ў доме двух франтавікоў.)

 

«Шлях, усеяны кінутым дабром».

 

«Няма шчасця ці гора, якое магло б мяне ўзрадаваць і ашаламіць».

 

«Немцы — народ адукаваны».

 

«У яго цяпер ёсць — чуў?»

 

Жанчыны на акопах.

 

«— Немец па такой дарозе не ўцячэ».

 

«— Хлеба няма.

— Няма. Няма. Даўно».

 

Абмен на тытунь.

 

«Адыходзячыя часці вядуць за сабой жывёлу за вазамі».

 

«Здымаем адзін з аднаго вошай».

 

«Каму на вайне жыць добра?»

 

«— Хай лепш салдаты п’юць. Усё роўна ўсё дастанецца ворагам».

 

«Аэрапланы скінулі лістоўкі, што Б. будзе ўзяты 14-га».

 

«Хутка мужчын не будзе».

 

«Нас пяцёра братоў. Усе на вайне».

 

Брацкія магілы.

 

«— Цесна тут, браткі. Нельга».

 

ДАРОГА3

 

Старая абышла ўсе вагоны, называючы сына. Мора ў прыбой выкідвала міны.

 

Многа размоў пра другі фронт.

 

Раненыя ў нагу засталіся.

 

«Бацька Бульба».

 

Холадна раненаму.

 

ШПІТАЛЬ4

 

Перасадка.

 

Ранены немец у форме рускага.

 

Аўтаматчыкі пад саломай.

 

Жучкоў аб службе. Калі ўсе на занятках.

 

Апавяданне — «Спаць хочацца» (салдату).

 

У Масягіна звычка выказваць толькі процілеглыя думкі.

 

«Хацеў адпачыць» (атрымаў рэўтрыбунал).

 

Сімулянты.

 

— Я ўзяў яго за рогі.

— Каго? Брата?

— Не, вала.

 

Кулямёт на сабе ўсю Зах. Украіну. Пешкі.

 

Палоннага немца адпусцілі за астатнімі. Прывёў.

 

Румын дэзерціраваў. Бадзяўся ў полі. Баяўся да рускіх.

 

У нямецкай кухні наш баец атрымаў вячэру.

 

У цемры горы ўзвышаюцца плоска, нібы сцены, і быццам бы набліжаюцца.

 

— Дай яму па соплях, каб не вякаў!

 

— Давай не будзем, а калі будзем, то давай!

 

«Наб’юць табе холку».

 

«Той, хто кіно складае».

 

Паніка ў Тбілісі на кірмашы.

 

Смех, падобны да кудахтання курыцы.

 

Сцэна развітання: жарты пры ім і плач пасля.

 

Вада ў Чорнай рэчцы (трупы).

 

Дэзерціра бабы разарвалі.

 

Як Жучкоў каўбасны склад ахоўваў. Яго расказ.

 

Бытавыя сцэны вайны. Успомніць і вывучыць.

 

Англійскія чаравікі з поспехам мянялі на боты сялян.

 

— Чаму дзяўчаты заплюшчваюць вочы, калі цалуюцца?

— Хто вам сказаў?

— Я сам бачыў.

— Не ведаю чаму.

— Эх вы, хітрыя! Калі скажуць, што яна цалавалася, яна адкажа, што не бачыла!

 

У яго любоў да слова «алый». Спявае: «Алы косы обвевают стан».

 

На канцэрце:

— Таварышы,— сказала артыстка,— мы не ведаем, колькі будзем выступаць. Па законе фізікі целы ад награвання расшыраюцца. Калі вы будзеце сустракаць нас цёпла, мы пашырым праграму.

 

Глухому:

— Моргае табе дзяўчына.

— Та дзе ж ты прыкурыш? — храбра адказвае той, скруціўшы цыгарку.

 

«Гледзячы на будучыню, трымаецца за штаны».

 

«Как мало прожито, как много пережито» (Надсан).

 

— Чаму баба надзела штаны?

— Каб больш было давер’я.

 

Нямецкі дэлегат зімою прыйшоў да нас па запалкі. Даваў узамен ром.

 

Доктар хварэў на сэрца. Жыццёвыя нягоды пагражалі б яму смерцю. У доктара сын у арміі. Доктар хваляваўся — пяць месяцаў ад сына няма пісьмаў. Яго супакойвалі, хоць ведалі, што чатыры месяцы назад сын загінуў. Ён радаваўся!

 

Байцы смяяліся са звар’яцелай абарванай жанчыны, што падавала вайсковыя каманды. «Адкуль ты?» — «Бежанка, з Арла». А сын не ведае, што з маці!

 

«ТЯЖЕЛЫЙ ДИВИЗИОН»5

 

«Чужых хлопцаў пойдзе. Не разбярэш, дзе сын, а дзе байструк».

 

«Іншыя чакаюць, што адбудзецца што-небудзь на фронце ў саюзнікаў».

 

Калі па трывозе яго выклікалі ў часць, ён замкнуў пакой і пайшоў. Больш туды ён не вярнуўся. Не было калі.

 

Разгубленая жонка не ўзяла нават змены адзення. Пакідаючы спехам дом, яна чамусьці набрала багата відэльцаў. У вандроўках летняе адзенне яе хутка парвалася. Летам яна хадзіла ў паліто. Прадавала відэльцы.

 

«З 1939 года не чырванею».

 

«У вачах пажоўкла ад болю».

 

Уварава за вусы і бараду завуць партызанам.

 

Фінкель любіць, каб з яго штучак смяяліся.

 

Медсястра Эліко:

«Фінкін, Сінкін і Брынкін» (Фінкель, Сенькін і Брыцін).

 

Перапіўшыся, немцы пераскочылі цераз лінію фронту ў наш тыл, увайшлі ў сяло і пачалі патрабаваць «яйкі, малако».

 

Цукар звозілі грузавікамі ў раку і высыпалі. Дзядуля папрасіў мяшок сабе і цягнуў з апошніх сіл. Пры адступленні.

 

Эвакуіраваныя валяліся на вакзалах, у парках, на лаўках, на тэрасах. Жонка пісала байцу: «Два тыдні сяджу на прыстані ў Баку ў надзеі дачакацца парахода». У дарозе многія падалі, валіліся ад знясілення.

 

Нажэнку ранілі шэсць разоў. Калі яго спісалі ў бестэрміновы, па дарозе дамоў ён «паспытаў» яшчэ асколка нямецкай бомбы.

 

Першая куля адарвала край сумкі. Другая куля перарэзала рэмень. Трэцяя куля ўвайшла ў сцягно. (Перад атакай.)

 

Дзяўчына: «Вайна ўсё спіша».

 

Капельмайстар любіў павольныя вальсы, накшталт «На сопках Маньчжурыі», «Дунайскія хвалі» і не любіў Дунаеўскага. Стары служака, ён напамінаў сваім музыкантам: быць салдатамі.

 

Лётчык дажджлівай цёмнай ноччу вярнуўся на аэрадром. Самалёт вылез на прамень пражэктара, які асвятляў пасадачную пляцоўку.

Лётчык выбраўся на плоскасць. Саскочыў на зямлю. Вада блішчыць на полі, хлюпае пад нагамі.

Лёг спаць. За акном па-ранейшаму ліў дождж.

 

Надвячоркам горы здаюцца блакітнымі.

Усе, хто паспеў выбегчы на двор са сталовай, былі забіты. Пранеслі фельчара, нараджэння 1925 года, з адарванай нагой.

 

Пад бамбёжкай.

Бязногі спалохана поўз па пероне. Бомба яго здагнала. Ён жаласна застагнаў і памёр. Нацятыя, застылыя вочы. А ў іх слязінка. Адна.

 

Асколак не маглі выцягнуць рукамі. Тады баец ухапіўся зубамі і выцягнуў. Смак крыві на губах.

 

Ранены расказвае:

— На поўдзень ад К. стаім у гарах. Авіяцыі амаль не відаць. Толькі гэты двухвосты, нібы ярмо: праляціць, паглядзіць, ніякай шкоды не робіць і па ім не страляюць. Больш за ўсё з мінамётаў засыпае. Ніводнага месца жывога не пакідае. Дубы стаяць, як стаўбы, без голля, а каторыя да кораня расколаты папалам. А нашых мінамётаў таксама многа, але мін не хапае. Я акурат сядзеў на назіральным пункце. Немцы ад мяне ў 60 метрах якіх. Унізе яны стаяць, і відаць усё як на далоні. Паказую нашым, дзе стаяць нямецкія батарэі. А яны — чым будзем, калі запас захоўваем на выпадак наступлення і загадана берагчы. Танкі яго не асабліва рвуцца да нас. А каторыя і прарвуцца, то ўжо не вернуцца, будзь упэўнены.

 

Губы ў яе пухлыя, мяккія, сладастрасныя.

 

Ва! — здзіўленне ў горцаў.

 

Сядзеў загарэлы, сінятвары, як спелы баклажан, грузін у падранай шапачцы.

 

Многія рускія не выносяць спалучэння «тб. Цібілісі».

 

Раненага, якога яна несла, забіла. Яе аглушыла. Кроў заліла яе адзенне. Думалі, што яна забіта таксама. Аказалася, што яна нават не паранена. Першае хрышчэнне.

 

У час вайны цэны не толькі надзіва павышаюцца, але і падаюць — немец заплаціў старому за парсюка, якому па той пары цана была 10 тыс.— 1 руб. 20 кап.

 

Палонны, якога гналі немцы,— знясілены — упаў. Яго выпадкова не прыстрэлілі.

 

Пад гукі марша байцоў выпраўляюць на фронт. Пыл. Гарачыня.

 

Сінявата-чорныя з матавым бляскам вочы, блакітныя бялкі.

 

«Пусть он землю бережет родную,

А сосед Катюшу сбережет».

 

Анучы завуць — трохметровыя халявы. Заварочвае анучы, кажуць — «сувязь катае». «Калі б лічыў, колькі наматаў за два гады, мабыць, злучыў бы Маскву з Амерыкай!»

 

— Вы Севастопаль здалі!

— А вы?

— Мы трымалі! Калі мяне раніла, Севастопаль трымаўся!

 

Палоннага немцы разулі, распранулі. У рукавы сподняй кашулі і паміж лапатак прасунулі тоўсты друк. Канцы друка прывязалі да рук. Палонны не мог варухнуць рукамі. Пусцілі басанож па снегу. У рот уваткнулі анучу. Ён толькі мог мыкаць. «Ідзі да рускіх!» Яго падабрала бабулька. Яна ўвесь час ля яго плакала і расказвала яму пра свайго сына.

Сапсавалася машына, рамонт. Але падыходзяць немцы. Аўтаматчыкі. Надзея паправіць прапала.

З аўтамата сам расстраляў машыну. Як жывую істоту. Уцёк.

 

Нашы абышлі сяло, наступалі з тылу. Немец у паніцы ўскочыў у павозку, прымусіў хлопчыка паганяць, здуру папёрся ў бок фронту і наскочыў на свае міны. Каню вырвала бруха, немцу адарвала нагу. Хлопчыка таксама параніла.

 

У забітага чалавека ад марозу скарчанелі пальцы. Ніхто не мог вырваць вінтоўку з яго рук.

Прыхіліўшыся да дрэва, стаяў немец. Як жывы. Пхнулі. Ён упаў. Замёрз.

У акупацыі. Завязалі спадніцу на галаву, згвалціўшы, і пусцілі ў поле. Яна наўздагад прыйшла ў сяло. Брацік развязаў ёй спадніцу. Яна ўтапілася.

 

Як салдат вызваліў сабе месца ў вагоне. Стаў побач ля адной. Прытворна, старанна пачаў чухацца за пазухай. Яна ўстала. Сеў. Падсунуўся да другой, чухаецца. Другая ўстала. Сеў таварыш.

 

Хлопец прыйшоў у водпуск дамоў. У сяло прыходзяць немцы.

 

«Наш загадчык гаспадаркі працуе на 80 працэнтаў, а трэба — на 360!»

 

«...Плюс харчаванне, плюс адпачынак, ды плюс — настрой».

 

«Курыца — дура, ад сябе грабе».

 

Уначы прыляцелі бамбардзіроўшчыкі. Многія франтавікі пабеглі на двор, іншыя на вуліцу і ў сад. Калі вярталіся, з іх здзекаваліся:

 

 

жывы. І нібы спакойны. «Перадайце Н!.. Напішыце Р..!» Так і памёр.

 

За акном біўся ў шыбу кіпарыс намерзшымі ледзяшамі — тужліва і самотна.

 

Перапраўляліся цераз горную раку ў дождж. Вада прыбывала. Апошні перайшоў, калі вада ўзнялася да грудзей. Апошнюю брычку знесла вадою. Каня збіла. Чалавека, што трымаўся за брычку, панесла таксама. Беглі па беразе, падтрымлівалі словамі, парадамі. Кінулі вяроўку — не даставаў рукой. Адзін на беразе хутка абвязаўся вяроўкай, кінуўся да гінучага. Выратавалі. А каня не здолелі. Ён некалькі разоў нырнуў і прапаў. Брычка павярнулася дагары калёсамі. Бушавала асатанелая рака.

 

У шпіталі.

Нудота. Асабліва па вечарах. Каб змарнаваць час, ходзім па паверхах, сядзім на кожным не менш гадзіны. Пакуль дабяромся да апошняга, вечар падыходзіць к канцу.

 

Зборы ад’язджаючых. Мы зайздросцім, нам няма куды ехаць.

 

Пяты раз за месяц паказваюць «Арсен».

 

Сухары сушаць на вокнах: збіраюцца ў дарогу.

 

Калі ідуць па лесвіцы раненыя ў нагу — дзве мыліцы ў адну руку, другая рука — на поручнях.

 

Гаворкі пра гаспадарку, пра сям’ю. Кожны расказвае, што з дому піша жонка. «Не выдаюць вугалю, кажуць: «Нам невядома, дзе вашы мужы!»

— Кроў праліваем, а ён, сволач, такое гаворыць! Вось, пачакай, прыеду, я табе пакажу!

 

Якімаву сынок напісаў: «Рысавую картку не далі. Амірханаў кажа выдаць, а Лазарава і яшчэ дзве супраць. Амірханаў выскачыў злосны. Потым аддаў свой рыс. Кіраўнік будаўніцтва даведаўся, выклікаў, загадаў, каб Амірханаву другую картку выдалі. А Лазарава зноў кажа: не дам. Ён яе прымусіў. Выдала».

— Вось людзі! Картку не дала! Кажа, чырвонаармейцаў цяпер многа!

 

Талстой — пластыка, рэльефнасць малюнка.

 

Мяккасць, дакладнасць мовы — Чэхаў.

 

Аб вайне:

Л. Вайталоўскі «По следам войны».

А. Лебядзенка «Тяжелый дивизион».

А. Барбюс «Огонь».

 

1 Батальён аэрадромнага абслугоўвання.

2 Кніга Л. Вайталоўскага.

3 З Есентукоў у Тбілісі.

4 Тбілісі.

5 Раман А. Лебядзенкі.

КАСПІЙСКАЕ МОРА. Бугуруслан

 

«У АПОШНІ ЧАС»

 

За акном завіруха мяце.

Месяц ў хмарах белых згас.

Дзень у клопатах праляцеў.

Позні час. Паўночны час.

 

У завейную гэту ноч

Не кладзе спаць стома нас.

Мы не стульваем зморана воч,

Мы чакаем — «Ў апошні час».

 

Мабыць, з намі Каўказ і Сучан,

Ўся краіна гадае не раз:

Што сягоння — Батайск, Лісічанск?

Позні час. «У апошні час»...

 

Нібы чуцен агонь і дым,

Кулямётныя чэргі гучаць...

Колькі тысяч з чужынскай арды

Свой зазнала апошні час?

 

Хутка зводка. Завершыцца дзень.

Свет замоўк. Свет глядзіць на нас.

Чуеш, брат, перамога ідзе!

«У апошні час».

Пераможны час!

 

1942—1943 гг.

 

 

ДАРОЖНЫЯ ЗНАКІ

 

Калі нямецкія ваякі

На ўсход свой кіравалі крок,

То дбайна выстаўлялі знакі:

«Нах Сальск»,

«Нах Каменск»,

«Нах Маздок».

 

Калі ўцякалі, фрыцы знакаў

Не ставілі ўжо на палях.

Фурманак, «панцэраў» вужакі

Выдатна значылі іх шлях.

 

Шынелі, каскі і патроны,

Снарады, міны, шнапс, гарох,

Вінтоўкі, ногі, панталоны —

Як бы паказчыкі дарог.

 

Няма няхваткі тут ў адзнаках!

І свету ведама без слоў:

Па гэтых адмысловых знаках

Ідзе дарога —

«Нах Растоў»!

 

1943, люты.

 

НОЧ ЧАТЫРОХ

Бой ішоў ля чыгуначнага моста. Нямецкія танкі і пяхота зацята атакавалі, каб прарвацца з правага берага на левы. З кожнай гадзінай нашай часці было ўсё цяжэй стрымліваць націск немцаў, на дапамогу якім раз-пораз прыходзілі падмацаванні з тылу. Надвячоркам двум нямецкім танкам удалося праскочыць на наш бераг, але першы, ледзь паспеўшы сысці з моста, быў падпалены артылерыяй і, пыхнуўшы клубам чорнага дыму, спыніўся, а другі паспяшаўся вярнуцца.

Мост быў вялікі — амаль у два разы даўжэйшы за шырыню ракі. Крайнія пралёты яго праходзілі над нізкімі пясчанымі берагамі, за імі пачынаўся высокі чыгуначны насып. Адыходзячы, нашы падрыўнікі спрабавалі ўзарваць мост, але чамусьці не здолелі зрабіць гэта як належыць. Толькі крайнія пралёты сваімі знешнімі канцамі зляцелі з насыпу і апусціліся на бераг. Цэнтральныя пралёты, што ўзвышаліся над вадой стромкімі сіметрычнымі аркамі, былі цэлыя. Па гэтым мосце і спрабавалі прарвацца нямецкія танкі.

Ноччу на правым беразе шумелі маторы. Немцы рыхтаваліся раніцай аднавіць наступленне. На левым беразе стаяла начная цішыня, якую толькі зрэдку парушалі адзінокія гарматныя стрэлы. Усю ноч моўчкі шчыравалі байцы. Да чыгуначнай будкі падносілі скрыні з толам і складалі ў штабель.

Чацвёра: Герой Савецкага Саюза лейтэнант Кроцік, старшы сержант Мікалай Друк, чырвонаармейцы Калеснікаў і Быкаў адправіліся ў разведку. Яны ішлі ўздоўж насыпу. Ля моста трое спыніліся, а чацвёрты падняўся на пралёт.

Было цёмна і ціха. Толькі чуваць было, як спакойна і мерна хлюпала вада, як таямніча шаптаўся чарот. Раптам на мосце зазвінелі нейкія бляшанкі. Адразу за гэтым з боку немцаў адгукнуўся доўгай чаргой кулямёт, і кулі часта застукалі па металічных бэльках. Успыхнулі нямецкія ракеты. Некалькі хвілін у іх бледным святле былі відаць цёмны гмах моста, рака і чарот пры беразе. Трое, прытуліўшыся да зямлі, моўчкі ляжалі ля моста. Яны цярпліва чакалі, пакуль патухнуць ракеты і змоўкне кулямёт. Тады, як сціхла, вярнуўся чацвёрты і расказаў, што на мосце ён зачапіўся за дрот, на які немцы навешалі пустых кансервавых бляшанак. Яны і нарабілі столькі шуму. Было ясна: немцы заўважылі іх і цяпер будуць больш насцярожаныя і ўважлівыя, таму трэба працаваць з асаблівай асцярогай. Быццам каб пацвердзіць яго словы, зноў ускінулася ракета, і загаварыў кулямёт, і кулі з посвістам пранесліся над імі.

Усю ноч чацвёра ціха зносілі тол на мост. Пасля паўночы немцы зусім супакоіліся і толькі зрэдку кідалі ракеты. Ледзь яны ўздымаліся, на мосце ўсё замірала. Немцы так і не заўважылі нічога.

Перад раніцай па ўсім мосце — на фермах, на бэльках, на шпалах — усюды былі расстаўлены скрыні з толам.

Прашалясцеў па мосце зябкі ранішні ветрык, хваляй прабег шум па чароце. Над вадой клубіўся туман. Чацвёра завіхаліся, каб да золку скончыць усё. Заставалася яшчэ злучыць усе скрынкі з асноўным провадам, што быў праведзены за насып. Калі падрыўнік уключыць ток, гэты провад перадасць яго ўсім правадкам, ва ўсе скрынкі, і мост узляціць у паветра.

Чацвёра завіхаліся. Яны ўзбіраліся па бэльках, спускаліся на фермы, згіналіся над шпаламі, далучаючы правады да толу. Работа ішла хутка, але ранішні туман рассейваўся раней, чым яны паспелі скончыць. Цяпер завіхаўся толькі Быкаў, але яго заўважылі і абстралялі. Яму давялося таксама адысці на бераг.

Але работу трэба было скончыць. Усе разумелі, што цяпер, калі немцы бачаць мост, зрабіць гэта цяжка і небяспечна. Нельга ісці проста на мост, бо немцы адразу заўважаць. Лейтэнант Кроцік сказаў: трэба падмануць ворага, прайсці там, дзе ён не чакае, і так, каб ён не бачыў.

Лейтэнант паслаў да моста старшага сержанта і Калеснікава.

Лежачы пры насыпе, лейтэнант бачыў, як яны, прыгінаючыся, прабіраліся па чароце, як адзін з іх — гэта быў Калеснікаў — узбіраўся па ферме ўгору. Ішлі доўгія хвіліны трывожнага чакання. Але ўсё скончылася добра. Немцы іх не заўважылі. Абодва смельчакі вярнуліся жывыя і шчаслівыя.

На тым баку да ракі прыпаўзлі некалькі танкаў. На мост узышлі, азіраючыся, два немцы. Прайшоўшы некалькі крокаў, яны спыніліся, нешта разглядаючы, напэўна, тол.

Чацвёра прыціснуліся да зямлі, і лейтэнант Кроцік уключыў ток. У той жа момант гухнуў моцны раскацісты выбух, і нешта цяжка пляснулася ў ваду, а пасля яшчэ хвілін пяць сыпаліся абломкі і трэскі. Чацвёра ўздоўж насыпу пабеглі да сваіх пазіцый.

Немцы, апамятаўшыся, адкрылі шалёны агонь па нашаму берагу. Не менш гадзіны нямецкія снарады грамілі прыбярэжны хмызняк і чарот. Спазніліся.

 

СЯБРОЎСКІЯ ПАЧУЦЦІ (З апавяданняў Валодзі Сінюкова)

Над даляглядам ледзь пачало брацца на золак. З мора пацягнула халадком і вільгаццю. Старшына Конь яшчэ раз угледзеўся ў пустэльную сцежку і са злосці плюнуў. Апошнія надзеі дастаць «языка» згаслі. Трое маракоў, што ляжалі побач, адчувалася, таксама былі нездаволены. Усе былі ўзлаваны марнай вылазкай. Ён ужо разважаў, што рабіць далей: вяртацца ні з чым ці пераседзець дзе-небудзь дзень, калі раптам наводдаль пачулася слабае шорганне па камяністаму шляху. Шорганне гэтае з кожнай хвілінай рабілася ўсё чутнейшым. Нарэшце ў цемры акрэслілася постаць. Яна ішла па дарозе, потым звярнула на сцежку і павярнула проста на разведчыкаў. Чалавек нешта асцярожна нёс у руках, яго ўвага ўся была аддадзена ношы.

Калі постаць падышла ледзь не ўсутыч, старшына, наставіўшы ў твар збянтэжанага чалавека аўтамат, люта зашыпеў: «Рукі ўгору!» Постаць ад неспадзеўкі адхінулася назад і прысела. Ноша з грукатам упала.

Разведчыкі насцярожана прыслухаліся — па-ранейшаму стаяла рэдкая франтавая цішыня. Удалечыні, у баку горада, глуха грымнула гармата і зноў усё сціхла.

Затрыманага адразу абшукалі. Пры вобыску ў яго, паводле слоў аднаго з разведчыкаў, з усіх відаў халоднай зброі знайшлі толькі лыжку ды відэлец. Ноша аказалася каштоўнай для галодных разведчыкаў: каструля пахла соусам, смачнай смажанай курыцай.

Сам жа «язык» мала ўзрадаваў разведчыкаў. Гэта быў просты румынскі салдат, ад якога безнадзейна было чакаць важных вестак.

Старшына ўжо мацюкнуўся з прыкрасці на няўдачу, калі палонны, нібы каб суцешыць яго, знакамі расказаў, што вячэру ён нёс афіцэру, які непадалёк адсюль.

Старшына думаў нядоўга. «Язык» быў патрэбны. Вядома, была тут рызыка, румын мог хітраваць, навесці на сваіх. Але патрэбен быў «язык». Да таго ж румын, заўважыўшы, што старшына вагаецца, дадаў, што пан афіцэр — немец і сядзіць адзін. Старшына пагразіўся румыну, што калі ён ашукае, яму адразу — нож. Няхай ведае. Румын заківаў галавою: разумее, разумее... Загадаўшы хлопцам падрыхтавацца да аперацыі, Конь даў знак румыну весці іх. Салдат ахвотна і як бы з радасцю рушыў.

Прайшоўшы метраў з дзвесце, ён спыніўся, ціха паказаў наперад. Тры чалавекі нячутна, насцярожана падаліся ўперад, а праз некалькі хвілін гэтак жа асцярожна вярнуліся, ведучы згорбленую постаць. Гэта быў звязаны па руках нямецкі афіцэр. Яго захапілі ў акопе, дзе ён драмаў, чакаючы вячэру.

Калі разведка вярнулася ў тыл нашых пазіцый, пачало віднець. І тут аказалася, што адзін з разведчыкаў прыхапіў каструлю са смажанай курай. Курыца гэта прыйшлася цяпер вельмі дарэчы: усе былі вельмі галодныя. Ці дзіва, што галодны апетыт адразу абвастрыўся ад паху смажанай кураціны. Разведчыкі ў момант накінуліся на курыцу. Яна была надзіва смачная, але знікала так хутка, што разведчыкам станавілася сумна.

Старшына Конь быў чалавек справядлівы. Як ні мала было адной курыцы, на чатырох галодных разведчыкаў, адну ножку ён падаў салдату. Той удзячна ўзяў яе, пачаў аб’ядаць. Ёў ён спачатку сціпла, стрымана, потым, паглядваючы па-прыяцельску на разведчыкаў, стаў смачна прычмокваць. Паказваў, якая яна смачная, смажаная курыца. Але паказваў гэта не так разведчыкам, як афіцэру. Ён як бы паказваў: вось ён есць яго курыцу, курыцу пана афіцэра.

Аб’еўшы ножку, ён працягнуў яе афіцэру. Той гнеўна павёў вачыма. У вачах пана афіцэра бліснулі маланкі. Убачыўшы іх, салдат не толькі не спыніўся, а яшчэ пажвавеў. Узрадаваўся задзірыста. Тыцнуў курыную костку проста ў губы пана афіцэра, у сцятыя губы. Зірнуў на разведчыкаў, як бы чакаючы ўхвалы.

— Саюзнічкі выказваюць сяброўскія пачуцці,— пажартаваў старшына Конь.

Гэта было падобным на вясёлы спектакль. Неспадзяваны спектакль, у якім разведчыкі былі гледачамі, а артыстамі — румынскі салдат і нямецкі афіцэр. Байцы пахвальна смяяліся з кожнай штучкі салдата, а ён, падахвочаны такой увагай, станавіўся ўсё смялейшы. Напэўна, добра-такі насаліў яму былы начальнік, бо з кожнай хвілінай салдат рабіўся ўсё злейшы і бязлітасны. Ён нечакана нахіліўся да вуха афіцэра і помсліва закрычаў:

— Рус — нет капут! Да! Гітлер капут! Обер-лейтэнант капут! Да!

Афіцэру да таго часу анучу з рота вынялі, мог гаварыць. Але ён толькі гнеўна варухнуў вачыма. Нічога не сказаў. Салдат жа, схіліўшыся над вухам афіцэра, задаволена зарагатаў.

Да гэтага часу курыца была з’едзена. Разведчыкі выказалі думку, што курыца вельмі добрая, што афіцэр разбіраецца ў рускіх курыцах. Афіцэрская вячэра падмацавала разведчыкаў, і яны пайшлі дадому прыкметна павесялелыя.

А-а, трэба паясніць. Пазней, пасля допыту, стала вядома: немец быў прадстаўніком нямецкага камандавання пры румынскай часці. Пажадаў жыць у асобным бліндажы. Яму далі для абслугі гэтага салдата.

Каб клапаціўся пра пана афіцэра.

Вось ён і «паклапаціўся». Памог нам важнага «языка» прывесці. Стаў як бы таварышам нашым па аперацыі. Ён, было відаць, і сам адчуваў гэта. Ва ўсякім разе не было відаць, каб ён сумаваў, баяўся нас. Наадварот, як кажуць!...

Афіцэр ішоў наперадзе, дзяншчык за ім. Раптам дзяншчык спыніўся, пайшоў побач са старшыной, штосьці знакамі тлумачачы, стаў расшпільваць на хаду рэмень. Расшпіліў, узяў на руку, выцягнуў у бок афіцэра, вачыма пытаўся згоды. Старшыну, іншых разведчыкаў, якія толькі адыходзілі ад нядаўняй нацятасці, сцэна гэта забаўляла. У вясёлых позірках салдат убачыў згоду.

Ён ужо гатоў быў кінуцца на афіцэра, але старшына строга пакруціў галавою: нельга. Дзяншчык не паверыў, прыгледзеўся да старшыны: ці правільна зразумеў яго. Ці сур’ёзна ён, гэты рускі. Не таіў расчаравання. Быў ён, мусіць, зацяты, гэты румын. Бо праз які дзесятак крокаў ён зноў выцягнуў рэмень і зноў паглядзеў на старшыну з просьбай, дадаўшы да сваёй просьбы сяброўскую ўсмешку. Хлопцы пачалі наракаць: ды дазволь ты яму, цікава. Старшына сам вагаўся, хацеў пабачыць, што ж з усяго гэтага можа быць? Зірнуўшы з цікавасцю на румына, старшына дазволіў: ну, ладна, згодзен. Толькі ён кінуў згодна, як — у той жа момант — салдат ашалела скочыў уперад і шырока замахнуўся на афіцэра рэменем. Першым ударам ён збіў фуражку. Хапаючыся, нібы баючыся, што яго спыняць, ён ударыў другі раз. Ударыў моцна, злосна. Як бы помсціўся. Хацеў, відаць, каб афіцэр выказаў неяк боль. Але афіцэр адно гнеўна зіркаў, маўчаў, і гэта дадавала яму злосці.

Разведчыкі сілаю адцягнулі раз’юшанага салдата.

Прайшлі яшчэ некалькі крокаў, салдат супакоіўся і зноў замахнуўся рэменем, паказваючы на афіцэра.

— Тупай, тупай,— строга падштурхнулі яго ззаду аўтаматам.— Прызнанне скончана. У наяўнасці поўная любоў.

Калі ў батальёне палонных вялі на допыт, афіцэр панура крочыў наперадзе, а дзяншчык бадзёра ішоў побач з канваірам і, прыклаўшы руку да пілоткі, нешта яму даводзіў жэстамі.

— Мабыць, просіць дазволу ўдарыць,— выказаў хтосьці з разведчыкаў меркаванне.

Усе засмяяліся.

 

ТРЫ СУСТРЭЧЫ

Сёстры спыніліся, бо Марыя не магла далей ісці. Яны зайшлі ў першы хутар, што трапіўся на дарозе. Марыя зусім аслабела. Пад вечар у яе пачалася гарачка, і Кацярына, не адыходзячы, глядзела за ёй.

Так прайшло яшчэ некалькі дзён. Марыя не ачуньвала, і яны па-ранейшаму заставаліся ў хутарку, да якога з кожнай гадзінай набліжаліся немцы.

Потым прыйшла ноч: апошняя ноч свабоды і першая ноч у нямецкай няволі. Яна надышла раней, чым яе чакалі сёстры.

Апоўначы іх разбудзіў гаспадар хаты. Ён прамовіў толькі адно слова: «Немцы...» Сёстры стаялі моўчкі і не ведалі, што рабіць.

Ды і што можна было зрабіць? Сёстры былі ўдзвёх, далёка ад роднага Растова, які яны пакінулі дваццаць шэсць дзён назад і да якога цяпер было сотні кіламетраў. У Растове Кацярына пражыла ўсё сваё жыццё — 55 гадоў. Там, у Растове, і цяпер былі некаторыя з яе сяброў, якім можна было з упэўненасцю даверыцца. Тут жа ў іх не было ні сяброў, ні знаёмых. Да каго звярнуцца за дапамогай, за парадай? Што рабіць зараз, калі Марыя хворая? Што трэба зрабіць, калі яна ачуняе? Як утаіць ад немцаў, што яны — бежанкі, яўрэйкі, што яны эвакуіраваліся ў савецкі тыл? І яшчэ многа пытанняў паўстала ў тую ноч.

Першае рашэнне падказаў гаспадар хаты. Рэшту ночы сёстры праляжалі ў сланечніках ля хаты. Гаспадар вынес ім світкі.

Але заснуць Кацярына не здолела. Марыя пачынала трызніць і стагнаць, і Кацярына трывожылася, што немцы іх пачуюць.

Удзень немцы хадзілі па хатах, а па шляху прайшло некалькі аўтамашын. Гэта быў маленькі хутарок, у баку ад важных дарог, і войск у ім амаль не было. Увечары прыходзіў гаспадар, прыносіў хлеб, расказваў пра паводзіны немцаў і прасіў быць асцярожнымі.

Праз тыдзень Марыя ачуняла, і сёстры пайшлі з хутара на ўсход.

Імжэў дождж, і было холадна, але яны ішлі басанож — абутак знасіўся. Кацярына хуталася ў паліто, якое ўзяла ў Растове. Марыя была ў моднай жакетцы, у многіх месцах груба залатанай, і ў летняй сукенцы.

У першай жа станіцы іх спыніў нямецкі патруль. Немцаў было двое. Адзін, п’яны, агледзеў іх дзіўную, падраную адзежу, махнуў рукой — праходзьце. Жанчыны з прыхаванай радасцю крануліся, аднак другі зараз жа іх спыніў, рашыў адвесці ў камендатуру. Немцы заспрачаліся між сабой, але п’яны быў упарты, і іх адпусцілі. Першая сустрэча скончылася ўдала.

На дарозе іх сустрэла маладая жанчына.

— Куды вы ідзеце? Вы ж яўрэі! Вас адразу пазнаюць! Тут многа карных атрадаў!

Яна гаварыла хутка, упэўнена і ні аб чым не пыталася, быццам ёй усё вядома. Яна расказала, як учора поблізу, у хутары, расстралялі — яна сама бачыла — двух яўрэяў, якіх немцы захапілі ў полі, у сланечніку, дзе гэтыя яўрэі хаваліся.

— Дайце дакументы,— сказала яна загадным тонам.— Пашпарты парвіце, зараз жа. Добра, што іх не бачылі немцы. Яны не павінны ведаць, што вы яўрэі. Прафбілет трэба пакінуць, прозвішчы ў вас рускія: Кацярына Міроўская і Марыя Талмачова... Кажыце, што ідзеце да сваякоў у станіцу К.

Калі яна пайшла, сёстры не адразу наважыліся ісці ў станіцу. Марыя казала, што ісці трэба, бо яна змерзла і галодная. Кацярына нагадала пра небяспеку, якая ім пагражае, калі яны пойдуць у станіцу. Усё ж у рэшце рэшт яны, хоць з асцярогай і страхам, падаліся ў станіцу.

Сёстры ўвайшлі ў панадворак і папрасілі паесці. Гаспадыня прынесла. Яны ўладкаваліся на двары.

Калі яны абедалі, з боку вуліцы пачуўся скрып колаў. Потым паказалася некалькі конных салдат з аголенымі шаблямі. Шлёпаючы па гразі, прайшла група людзей.

— Гэта — яўрэі,— сказала казачка.— Іх вядуць на расстрэл. Людзей расстраляюць, а дабро падзеляць між сабой...

Людзі ішлі панура, часам азіраючыся па баках. Адзін, з сівой барадой, у выцвілым капелюшы, спыніўся, але коннік ткнуў яму спіну канцом шаблі, і ён пацягнуўся далей. Сярод іншых — кінулася ў вочы — была маладая жанчына з торбай за плячыма; з торбы выглядвала галава дзіцяці. Далей ішлі павозкі, нагружаныя чамаданамі, матрацамі і іншым хатнім скарбам. На адной павозцы сядзела жанчына, апусціўшы галаву і сціснуўшы яе рукамі. Калону замыкалі два коннікі з вінтоўкамі. Адзін з іх уехаў на двор і папрасіў вады. Ён зірнуў на Кацярыну, і яна здранцвела. Але коннік тут жа абыякава адвярнуўся.

Калі сёстры ўжо выходзілі са станіцы, іх затрымалі. Ноч іх пратрымалі ў нейкім мокрым сутарэнні, у якім смярдзела гнілой капустай. На наступны дзень да іх ніхто не прыходзіў. Яшчэ адну ноч яны правялі ў падвале, пакутуючы ад жахлівай невядомасці і голаду. Апоўдні іх выклікалі да каменданта.

Іх правялі ў кабінет, абсталяваны добрай мэбляй. За сталом сядзелі двое: адзін у цывільным, другі ў вайсковай нямецкай форме. Гэты другі сядзеў, адкінуўшыся на спінку крэсла, разглядаючы ўвайшоўшых. Кацярына пахаладзела ад яго позірку, а Марыя села на канапу і пачала есці памідор, які дала ёй цётка, што трапілася на дарозе. Марыя была зусім абыякавая да ўсяго. Кацярына штурхнула яе локцем, хацела паказаць, што так рабіць, паводзіць сябе так тут неразумна. Некалькі хвілін цягнулася маўчанне. Абодва за сталом разглядалі іх. Асабліва непрыемным, важкім быў позірк вайсковага.

— А я вас ведаю! — нечакана і па-руску сказаў немец да Кацярыны.

Ён гаварыў так цвёрда, упэўнена, што ёй стала не па сабе. Але яна сказала таксама ўпэўнена:

— Гэтага не можа быць! Я вас не ведаю.— Сказала і сама здзівілася сваёй цвёрдасці.

— Я вас бачыў!

— А я вас ніколі не бачыла.

— Даю час прыпомніць!..

Ён змоўк. Кацярыне раптам зрабілася страшна ад яго ўпэўненасці, што ён бачыў і ведае яе. Яна ўзрадавалася, калі немца — аказалася, што ён быў камендантам — выклікалі і допыт пачаў весці цывільны. За час допыту камендант яшчэ двойчы выходзіў, вяртаючыся, ён аб нечым шаптаўся з цывільным, дапытліва пазіраў на Кацярыну і зноў выходзіў. Потым ён выклікаў адну яе ў другі пакой і сам-насам доўга дапытваў, абвінавачваючы ў шпіянажы. Нічога не дабіўшыся, ён устаў, дзелавым тонам спытаў: «Ну, а грошы ёсць?» — «Толькі адзін рубель...» Ён грэбліва паморшчыўся. «Ну, ідзі! Усё адно мы з табой яшчэ сустрэнемся!» — пачула яна ўпэўненае.

На здзіўленне Кацярыны, іх адпусцілі, і сёстры адразу падаліся са страшнай станіцы. У дарозе яны ўнікалі сустрэч з немцамі. Некалькі разоў, праўда, іх спынялі асобныя немцы, але не затрымлівалі.

Сёстры жылі ў няспыннай трывозе і чаканні вялікай і страшнай бяды, што магла здарыцца кожную хвіліну, пры кожнай сустрэчы з немцамі, і якую толькі выпадкова абыходзілі неяк.

Ісці на ўсход было ўсё больш небяспечным. І яны вырашылі спыніцца, асесці ў якой-небудзь больш-менш ціхай станіцы. У адной такой станіцы яны і папрасілі прытулку. Тут працаваў, як і да вайны, «калгас», які немцы загадалі захаваць, і сёстры сталі «калгасніцамі».

Працавалі за галодны паёк, уставалі да золку і прыходзілі ўночы. Мерзлі страшна, бо было ўжо холадна, а ні абутку, ні адзежы ў «калгасе» не давалі. Марыя зноў захварэла. Твар яе, ногі і рукі апухлі. Ніхто не ведаў, на што яна хварэе. Ніводнага ўрача не было ў раёне.

Ім не назалялі больш допытамі. Яны дзялілі з казакамі адзін горкі лёс. І казачкі звалі Кацярыну па-казацку — Міраўская.

Узімку іх усё ж і тут выклікалі ў камендатуру. Відаць, па чыйму-небудзь даносу. Кацярына адказала, што Марыя хворая, але выклік паўтарылі.

Ісці адна Кацярына баялася.

— Я без цябе заблытаюся,— сказала яна хворай сястры.— Я такая баязліўка. Я загублю і цябе, і сябе.

Марыя ўстала. Абапіраючыся на плячо сястры, яна з намаганнем дайшла да камендатуры.

У камендатуры іх доўга дапытвалі. Спыталі сярод іншага аб іх нацыянальнасці, пацікавіліся, якія іх дзявочыя прозвішчы, але паверылі, што сёстры — рускія. У прафбілеце знайшлі адзнаку больш як дзесяцігадовай даўнасці аб прэміі і таксама дапытваліся, якая прэмія і за што дадзена.

Марыя не магла сядзець. Яна паклала галаву на стол і нічога не адказвала.

На развітанне камендант паабяцаў: «Выклічам яшчэ раз».

Але выклік спазніўся, праз некалькі дзён пасля допыту Марыя памерла. У апошнюю ноч яна вельмі пакутавала, стагнала ў непрытомнасці.

З «калгаса» прыслалі два мяшкі. Марыю паклалі ў труну, адным мяшком заслалі дно труны, другім накрылі нябожчыцу. Ніхто не прыйшоў правесці яе.

Стары сусед з унукам выкапалі магілу. На двухколцы Кацярына правяла сястру ў апошні шлях. Яна не ўмела кіраваць канём, баялася, што конь перакуліць труну. Згадвала маладосць, калі гімназіст, што заляцаўся да яе, вазіў яе ў Растове на Садовай у дрожках. Тады гімназіст вучыў яе кіраваць канём. Зараз яна ўспомніла яго навуку: направа — пацягнуць правай ляйчынай, налева — пацягнуць левай, спыніць — дзвюма ляйчынамі. І яшчэ многае ўспомнілася...

Дамоў з могілак ехалі ўтраіх. Ёй увесь час хацелася азірнуцца назад. Туды, дзе была Марыя. Панылым, беспрытульным бачыўся ёй свет навокал.

Быў снежань. Стаялі маразы, але снегу не было.

Яшчэ нямала давялося паспытаць Кацярыне ў нямецкай няволі. Але сустрэча ў камендатуры была апошняй сустрэчай з немцамі.

Акурат праз месяц з таго дня, калі памерла Марыя, у станіцу ўвайшлі нашы часці. Яна абняла першага ж байца, якога ўбачыла, і заплакала ад гора, крыўды і радасці.

 

ЗАПІСНАЯ КНІЖКА (23/ІХ—24/ХІ 1942 г.)

— Апёк чаму? Чаму ды чаму? Колькі пытацца! Дзяўчынка маладзенькая шчакой дакранулася, такая гарачая — ну і апякла.

— Што там, дзетачка, пра вайну чуваць? Хутка яна, праклятая, скончыцца?

— Не хутка, бабуля. Сілы ў іх вялікія.

— А пра замірэнне не чуваць?

— Міру не будзе.

— Гэта што ж ён, ірад, усіх знішчыць хоча? Што мірыцца не жадае?

— Мы не хочам мірыцца, бабуля.

— Як гэта — мы?! Дык ён жа ўсіх пазабівае! І так народу столькі палягло. Хто ж ваяваць будзе?! Адны калекі засталіся, што ні ў полі рабіць, ні дома, каб па гаспадарцы. Толькі і толку з яго, што ў кааператыве стаіць ды соль прадае.

 

З пачутага апавядання:

«Я кажу яму:

— Тры агуркі!

Ён — што камень.

— Нават аднаго агурка без «трэбавання» не выпішу. Ясна?

— Ясна,— кажу.— Зараз дастаўлю! У момант.

Выйшаў. Прынёс дубіну.

— Вось табе «трэбаванне»! Фармальнае! Вось як размалюю спіну!..

Ён адразу:

— Бярыце. Але вы будзеце перад законам адказваць!

Я кажу:

— Адкажу. Кіло агуркоў!»

 

Пісарэнка:

— Усякі цыган сваю кабылу хвалыць. Я жыў — вісімнацяць кіламетріў ад Кіева. Усе, што хочаш, можна було дастаць. У нас веласыпеды давалы на хліб. Я калы схаціў веласыпеда, пастаяў у чарзе на Храшчатыку і купіў за 250 рубліў. І сукна, і мультану можна было дастаць. Зноў жа ў хазяйстві нічога не прападала. Ад картоплі лушпайкы, што не паідалы свынні, жынка несла на базар і прадавала. Буў у мэне сад на 24 дэрэвы — 12 яблунь і 12 груш. Дак яблука прадавалы, а грушы сушылы. На зіму, на ўзвар. 4 чы 5 сотак засаджувалы під клубніку. Мы з хлопцам на работу, а жынка з дочкай — на базар, клубніку прадаваць. Прадаў клубніку, і 7 тысіч рубліў у кішэню!

 

Выпіў — і нарррмальна!

 

Бабаніну жартам завуць Баба Ніна.

 

Каспійскае мора.

— Куды! Дахаты!

— А ты спытай — ці жадаю я дахаты?

— Куды ж ты жадаеш?

— Ну, не на Чорнае, дык на Каспій.

— А што ты там рабіць будзеш?

— Я што! Ды ты, брат... Ды я, брат, з дзесяці год у флоце!

А ўсяго ж яму 14—15.

Хлапчук — выхаванец.

 

Плаціну ўзарвалі. Варожы дэсант тапілі.

 

Гора маці.

Дачка ішла на фронт. Маці не пускала, апошняя яе,— угаворвала. Але дачка пайшла. На станцыі — бамбёжка. Яе страшна пакалечыла. Шпіталь. Маці ля дачкі. Гора яе.

 

Дзіця:

— Ты далёка?

— Далёка.

— Аж у Маскву?

— Далей.

— Ну. Не можа быць.

 

Маракі:

«Траві баланду».

«Хапілі мы цераз борт» (выпілі праз меру).

«Настрой — дзевяць балаў».

 

«Сынок мой патануў на параходзе «Арменія». Скончыў плаванне ў пяць гадоў. Раней за бацьку. Але мяне, брат, нішто не пацягне на дно! Я, брат, доўга буду плаваць!»

 

«Нас было шасцёра. Трох братоў забіла. Сястра — ваенфельчар — таксама загінула на Калінінскім. Другая сястра — народная артыстка РСФСР — ранена. Ампутаваны абедзве нагі. Мяне таксама спісалі з карабля. Еду шукаць яе ў Уфу. Памагчы».

 

Без вады. Раніцай расу стрэсвалі з галін, каб напіцца. Разаслалі палатку з плямамі крыві і трэслі дрэва, расу асцярожна збіралі. Ранішняя порцыя.

 

Пасля ранення ён усё забыў. З намаганнем, урыўкамі ўспамінаў школу, дзе вучыўся, дзяўчыну, якую любіў. Праходзілі дні, успаміны дапаўняліся, зліваліся ў малюнак. Зараз ён амаль зусім здаровы. Але імёны цяжка запамінае. Некалькі разоў паўтарае сам сабе, каб не забыць.

 

Праваднік паехала ў далёкі рэйс з партыяй раненых. Дамоў не вярнулася. Горад ужо быў заняты немцамі. Дзяцей не знайшла.

 

Бомба разбурыла памяшканне, заваліла сховішча. Раскопвалі сховішча цяжка, марудна. Важкія жалезныя бэлькі, каменне, спляліся пруты. Так-сяк прабілі дзірку, далі ў сховішча паветра. Работа пайшла спакайней. Нямецкія бамбардзіроўшчыкі ўвесь час перашкаджалі, налёты працягваліся.

 

Выпадкова даведаўся ад старога:

— Вазіў прадукты...— У Р., заняты немцамі!

— Калі?

— Ды ось ужо тыдзень.

— Ды ты з глузду з’ехаў? Там жа немцы! Гэта ж — за фронтам.

— Для каго за фронтам, а для мяне — не. Я тут семдзесят гадоў жыву.

— Не веру.

— Як жа — не верыш? Сястра ў мяне ў горадзе. На Савецкай жыве. Есці ж яна, ты думаеш, не хоча? Што ж не верыш!

Стары правёў нашае падраздзяленне ў нямецкі тыл. Прыгналі многа палонных.

 

Раніцай на пазіцыях немцы заводзілі «Кацюшу». Нашы слухалі. Яны паўтаралі некалькі разоў.

 

Радыёрупар, наш. Спачатку песні. Немцы слухалі. Потым агіткі. Пяць хвілін і — хутчэй у схову. Немцы адкрывалі агонь. А нашы — з новай пазіцыі. Зноў — спачатку песні.

 

Горад гарэў. Усюды круціў, поўз дым. Не вытрываўшы, людзі выскоквалі з дымных сутарэнняў. Дыхалі, дзе не было дыму. Цяпер усё роўна. Побач вішчалі, ірваліся бомбы.

 

«Видал миндал?»

 

«Ты кажух не здаваў у дэзінфекцыю? Пакладзі яго — пабачыш — не будзе ляжаць, папаўзе!»

 

Калі Должыкаў пасля п’янкі пабіўся, у шпіталі пусцілі жарт:

— Другі фронт адкрывае.

 

З акружэння. Пасля разгрому.

 

У запале бою ён нават не адчуў штуршка кулі. Ён бег, і раптам нага падламалася. Упаў. Аглянуўся. Са зламанай нагі тырчала косць.

 

З вядром па ваду. Калодзеж між намі і немцамі. Немцы абстрэльвалі з кулямёта. Замучыла смага. Ён узяў вядро і пайшоў. Не зважаючы на перасцярогу сяброў. Набраў вады. Ішоў назад. Бачыць: з вядра б'е вада. Прабіла куля! Ён стаў, заткнуў дзірку. Памахаў кулаком немцам і спакойна пайшоў да сваіх.

 

Зімою на перадавую — батальёну, што вёў бой,— прыслалі падмацаванне — танкі. З танкамі — здагадаліся — прыслалі два тэрмасы гарачай бараніны, хлеба. Таксама — падмацаванне!

 

Гераізм працы. Калі механікі ў люты мароз рыхтавалі пабітыя самалёты да палёту, не спалі ўсю ноч на халодным ветры, адмарожваючы пальцы, то на гэта трэба было не менш мужнасці, чым для баявога подзвігу. Яны то хутка завіхаліся, то пускаліся ў скокі, дзьмулі ў рукі, спрабавалі нагрэць іх. Лётчыкі адпачывалі ў цяпле.

 

Кухня засталася па той бок фронту. Пры ёй прадукты. Некаторыя — пераходзілі лінію фронту, не зважаючы на небяспеку. Абы здабыць ежу.

 

Першы бой — ён ваяваў смела. Пра яго казалі — храбрэц. Пасля бою, перабіраючы ўсё, што было, ён сам здзіўляўся сваёй адвазе. Другі бой — ён не вытрываў, збаяўся, збег з поля бою. Доўга не вяртаўся да сваіх. Яго знайшлі, прывялі. Не расстралялі. Пабілі, па-таварыску. Трэці бой — зноў смеласць. Але гэта смеласць новага чалавека — сапраўднага воіна.

 

Ідзе снег. Цярусіць, засыпае параненага каня. Конь яшчэ дыхае.

 

Марак:

— Нейкі з курыцай на рукаве!

З лётным знакам.

 

Ён не памятае свайго ратунку. З 80 раненых, што былі на параходзе, іх выратавалася трое. Як ён саскочыў з палубы, апынуўся на вадзе, як плаваў, як падабралі марскія «охотники», як прывезлі з Севастопаля ў шпіталь, аперыравалі — нічога не ведае. Калі ён на секунду апрытомнеў, яму сказалі: «Вы ў Новарасійску». Другі раз ачнуўся — «Вы ў Кіславодску».

 

Ноччу шчаслівая пара сядзела ў кухні і спявала. Яны былі так захоплены адно адным, што забыліся: час начны і ўсе ў доме спяць. Жыхары прачыналіся. «Дзе гэта спяваюць?» У калідоры стоўпіліся і слухалі. А яны сядзелі сярод вёдраў і дзежак і спявалі.

 

У маленстве захапляўся планёрамі і самалётамі. Быў прыгожы. Дзяўчаты захапляліся ім. Але кахаў адну. Калі ён канчаў лётную школу, здарылася няшчасце: ён разбіўся. Урачы цудам выратавалі жыццё. Але ён застаўся без ног, са шрамамі на твары. Было вельмі цяжка. Жыццё было цяжарам. Падтрымлівала каханне. І вось тая, адзіная, адмовілася: «Такі мне не патрэбен». Але ён не апаў духам.

Да яго прыйшла іншая. Таксама з яго аднакласніц. Адна з тых, каго ён не заўважаў. Непрыгожая, жаллівая. Стала яму жонкай.

 

Ноч. Неба чыстае, свеціць месяц. Зорак амаль няма, найбольш адна бліскае побач з месяцам, трохі ніжэй. Дрэва стаіць ціха, на голым вецці серабрысты бляск. Мароз. Крокі гучныя.

 

«З усякага становішча ёсць два выйсці. Возьмем горшае. Горшае мае таксама два канцы, адзін з якіх лепшы. Возьмем горшы, з яго таксама два канцы, адзін з якіх лепш. Такім чынам, калі мне і не век будзе шчасціць, я маю ўсё ж многа шанцаў на ўдачу».

 

Гарэзлівасць. У трагічным месцы спектакля яны звонка, на ўсю залу, смяяліся. Былі давольныя гэтым. Маладыя былі.

 

Яны стаялі. Былі сумныя. Развітваліся. Поезд вось-вось мусіў павезці яго.

Хацелася быць сам-насам у горы. І вось жа — з акна вагона поблізу высунуліся вайсковыя, маладыя, цікаўныя. Яна пачула наўмысна гучны, гарэзлівы голас:

— Цікава, як яны будуць цалавацца!

 

Пасада — адказны выканаўца цыганскіх рамансаў.

 

«Тата, я ўжо навучыўся свістаць у чатыры пальцы, атрымаў чатыры «выдатна» і адно «добра».

 

«Разгром» А.Фадзеева.

«Кралі адзін у аднаго патроны, біліся да крыві з-за кавалка сала, здзекаваліся з яго гарадскога пінжака».

 

«Хацелася спаць, стома — усё здавалася простым, бясстрасным, няважным».

 

«Мішка ляжаў на баку, нацяўшы вялікія ашклянелыя вочы, вышчарыўшы зубы».

 

«Страху не было, было толькі тужлівае чаканне, калі ўсё гэта скончыцца».

 

«Зыбкі позірк...» Выдатная кніга!

 

Дробязную на хвіліну спрэчку перапыніла трывога, імклівыя і страшныя падзеі.

 

Прыкмета. Вываліліся з грубкі два палены. Задымілі. Яна трывожна ўбегла і ўзрадавалася — будуць госці.

 

Ноччу снілася — у акно білася птушка, лопала крыламі.

 

У акружэнні паранены камандзір. Ён просіць, каб яго пакінулі. Развітанне з ім. Аддаюць самае дарагое — патроны, якіх амаль няма.

 

Выпаў снег. І цягне зноў, як у маленстве, забыўшыся на гады і трывогі, гарэзліва страсянуўшы галавой, з віскам пабегчы па белай коўдры. Хочацца — учапіцца ў шыю таварыша, паваліць, самому ўпасці побач і валтузіцца ў мяккім, чыстым, з віскам і смехам, бесклапотна і радасна.

 

У тэатры два лейтэнанты — сувязісты — з розных канцоў перагаворваліся азбукаю Морзэ: два пальцы — працяжнік, адзін палец — кропка.

 

Раніца пры адступленні. Апоўначы, звярнуўшы са шляху ў поле, спыніліся на начлег. Раніцай прачнуліся ад страшэннага трэску. Недзе непадалёк стралялі. Слухалі. Іхнія перажыванні. Невядомасць. Потым прыйшло некалькі чалавек, некаторыя — раненыя. Расказвалі, што па дарозе прарвалася вялікая калона нямецкіх танкаў. Артылерысты сядлалі коней, рыхтаваліся да бою.

 

Сябры — сувязісты. На перадавой. Назіральны пункт і агнявая пазіцыя. Кожную раніцу абменьваліся віншаваннямі і навінамі.

 

Войскі, прыціснутыя да ракі, тонуць у вадзе.

 

Дамок у стэпе на перадавой лініі. Завіруха.

 

Жанчына і дзяўчынка супярэчылі ў ёй. Гэта вабіла.

 

Палонны баец у партызан. Недавер’е да яго. Як вярталася давер’е.

 

Словы, якія паўтараюць найбольш часта: «Калі ўсё гэта скончыцца?»

 

Стары машыніст вядзе нямецкі поезд. Ён прыгнечаны падзеямі — немцы імкліва наступаюць, нашы ўсё адыходзяць. Немец, што наглядае за старым, здзекаваецца, стары не супраціўляецца — ён прыгнечаны. Тады машыніст даведваецца пра наступленне нашых — да яго вяртаецца ўпэўненасць. Ён ажыў духам. І калі немец патрабуе весці састаў назад, адмаўляецца. Гіне героем.

 

Маці даўно не атрымлівае лістоў ад сына. Заўсёды цягучая туга. Сёння асаблівае прадчуванне — здарыцца нешта цяжкае, страшнае.

 

З пісьма:

«Немец уцякае так хутка, што не паспяваем даганяць яго».

 

Горш за ўсё ў жыцці — няпэўнасць. Аддаю перавагу яснасці. Няхай цяжкай. На жаль, жыццё складаецца амаль цалкам з няпэўнасцей. І людзі нярэдка садзейнічаюць няпэўнасцям: ухіляюцца ад адкрытых рашэнняў, дзейнічаюць няшчыра.

 

Ноччу ля ложка дачкі, што едзе на фронт, не спіць маці. Думае пра тое, што наперадзе, вельмі хутка, разлука. Што невядома — калі сустрэнуцца зноў. І ці сустрэнуцца, ці ўбачацца наогул. Можа — апошняя ноч.

Дачка прачнулася. «Мам, чаго ты не спіш?» Маці: «Я гэта... Думала, коўдра спаўзла...» — «Ты плачаш?.. Чаму?..» — «Што ты... Табе здалося...»

Вярнулася на свой ложак, ляжала, услухоўваючыся ў дыханне дачкі.

 

Упэўненасць

На мітынгу ў інстытуце выступаў госць з фронту, муж адной з выкладчыц — Ярашчук.

Сказаў: не думаў ніколі, што давядзецца сустрэцца, выступаць у Буг-не. Успамінаў Кішынёў у першы дзень вайны. Разгубленыя твары студэнтаў і выкладчыкаў. Успомніў: няёмка адчуваў сябе ў вайсковай форме. Цяпер прызвычаіўся да яе. Нібы ўсё жыццё быў ваенным. У новым нашым становішчы, сказаў, наступіла адчуванне псіхалагічнай раўнавагі. Мы ставімся да вайны ўжо як да справы звычайнай. Упэўнены ў сабе. Перанёсшы ўсе выпрабаванні, мы не апалі духам, наадварот, робімся ўсё больш упэўненымі. Ён сказаў, што бачыць гэтую ўпэўненасць і на тварах студэнтаў. Так, мы ўпэўнены. Упэўнены, што зямлю малдаўскую возьмем, возьмем і нікому не аддадзім!» На гэтыя яго словы адказалі горача, авацыяй. Перачакаўшы авацыю, ён сказаў: вайна скончыцца, нам трэба будзе рашаць новыя вялікія задачы. Грандыёзныя задачы. Гэтыя яго словы таксама патанулі ў авацыі. Апладзіравалі з радасцю: думка пра той час захапляла радасцю. І здавалася, што яно — побач. Так хацелася, каб яно было побач.

 

У такі час мы нарадзіліся: наша юнацтва — у баях, у цяжкіх паходах. Усе сілы нашы — баям, вайне. Мы — суровае пакаленне, маленства якога пачыналася бясхмарнымі днямі. І юнацтва наша пачыналася светла, але вайна ўсё раптоўна перапыніла, змяніла.

Трагедыя раненага, што трапіў у тыл. Цяжкія выпрабаванні тылавога жыцця. Няздатнасць да працы, стома, галаўныя болі. Адчуванне непатрэбнасці. Гэтыя пачуцці абвастрае каханне. Ён імкнецца да яе, яна абнадзейвае і ўвесь час ухіляецца ад яго. Ён павінен змагацца за права жыць.


1941-1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан