epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Поры года

Цяжкая была ў нас у гэтым годзе вясна. Доўга не адважваліся яблыні выпускаць з пупышак цвет, амаль на месяц пазней чым звычайна зацвілі сады. Цяжка ішла сяўба, спазняючыся ў параўнанні з іншымі гадамі: у маі і раз, і два насоўваліся на палі небяспечныя замаразкі. Лета дажджлівае, хмурнае ўпачатку разам з трывогай усяляла нецярплівую надзею: добра, у рост, набірала сілы збажына, асабліва азімыя.

Восень жа была радасная, бадай, для ўсіх працаўнікоў палёў: збожжавых сабрана амаль у паўтара раза больш, чым у мінулым годзе.

З добрым пачуццём успамінаецца мне асенняя паездка ў родныя мясціны. Прыемна было чуць, як не вельмі ахвочыя на захапленні землякі дзяліліся сваёй радасцю: даўно не ведалі ў нашых месцах такога шчодрага ўраджаю.

Добра, лепш чым у мінулыя гады, папрацавалі людзі. І зямля не засталася ў даўгу. Успамінаючы ветлівыя твары сваіх аднавяскоўцаў, бачу абсівераны, смуглявы, з вельмі жывымі, амаль гарэзнымі вачамі твар маладога старшыні калгаса, былога камсамольскага работніка В. М. Гапоненкі, што памяняў кабінет у райцэнтры на турботную дзейнасць у вялікай і даволі-такі запушчанай гаспадарцы...

Многа людзей, ледзь толькі азірнешся назад, ажывае ў памяці, многа ўспамінаецца падзей; падзей, прыкметных табе аднаму ці тваім сябрам, і падзей, вядомых усёй рэспубліцы, усёй краіне. Нярэдка здараецца і так, што вялікія падзеі маюць для цябе асабісты характар. Не з газетных паведамленняў ведаю я, як цярпліва працавалі беларускія геолагі ў розных раёнах Палесся, шукаючы нафту. Не раз у родных сваіх мясцінах поблізу і наводдаль бачыў я незвычайныя ў тутэйшых краях нафтавыя вышкі. Яны ўзнікалі ў розных кутках Палесся. Геолагі шукалі нафту, шукалі многія гады без асаблівых удач, нямала горкіх дзён давялося перажыць нашым настойлівым шукальнікам. Але нарэшце настойлівасць і пошукі прывялі да поспеху: забіў фантан нафты, адкрыта багатае радовішча яе.

Палеская зямля, галоўным багаццем якой яшчэ нядаўна лічыўся торф, дае цяпер «чорнае золата». Больш за дваццаць тысяч тон яго здабыта нафтавікамі Палесся да гэтых дзён.

Разам з новым адлічваннем гадоў, устаноўленым Кастрычнікам, даўно ўвайшло ў звычку і новае адлічванне года — ад 7 лістапада да 7 лістапада. Ён адзначае нібы дарожным указальнікам рубяжы пройдзенай, што адышла назад, дарогі. Багаты падзеямі і важнымі справамі і 48-ы рубеж.

Дзесяткамі новых заводаў, што выраслі ў розных кутках беларускай зямлі, новымі мікрараёнамі светлых дамоў, новымі прасторамі раскарчаванай, вызваленай ад кустарнікаў урадлівай зямлі адзначыў сябе 48-ы год рэвалюцыі. Ён стаў змястоўнай старонкай нашай гісторыі — адзін год вялікай работы народа, які працуе, натхнёны ідэямі Камуністычнай партыі, пад яе кіраўніцтвам. Ёсць у гэтым годзе ў нас, беларусаў, і свая асаблівая адзнака: на восем месяцаў раней намечанага тэрміну прамысловасць рэспублікі выканала сямігодку па аб’ёму прамысловай вытворчасці. Ужо не першы месяц многія заводы Беларусі даюць Радзіме станкі, машыны, прыбытак звыш сямігадовага плана.

Успамінаючы пражытае, з асаблівым хваляваннем думаеш пра святкаванне 20-годдзя нашай вялікай перамогі. Шырокім, сапраўды ўсенародным было гэтае святкаванне, у якім неяк па-асабліваму ярка, уражліва заззяла перад намі веліч зробленага ў гады вайны. Святкаванне перамогі стала як бы знакам усенароднай удзячнасці тым, каму мы абавязаны шчасцем сённяшніх дзён, тым, хто і цяпер побач з намі, і тым, што даўно ляжаць у зямлі Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі, хто жыве ў нашай неспакойнай памяці.

Многімі новымі сустрэчамі і новымі знаёмствамі запомніцца сёлетні год. У верасні ўся Беларусь, як братоў, сустракала пасланцоў Балгарыі і Чэхаславакіі. У кастрычніку нашымі гасцямі былі сябры з ГДР.

Як з самай звычайнай камандзіроўкі, вяртаюцца з далёкіх краін таварышы і знаёмыя, з кожным годам усё скарачаюцца адлегласці, скарачаюцца не толькі паміж гарадамі і рэспублікамі, але і між дзяржавамі і кантынентамі.

Яшчэ якія-небудзь паўтара-два дзесяткі гадоў назад як далёкая экзотыка чуліся многім і Індыя і афрыканскія дзяржавы. А сёння боль іх і радасць іх уваходзяць у нашы сэрцы. І гнеў в’етнамца поўніць гневам сэрца беларуса. Калі на джунглі і хаціны Паўднёвага В’етнама, на школы і плошчы Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам сыплюцца бомбы, скінутыя лётчыкамі ЗША, гэта адчуваецца як блізкая, як свая бяда.

Блізкай стала далёкая Куба. Ужо як звыклае бачыцца, калі сярод беларускіх юнакоў і дзяўчат сустракаюцца смуглявыя хударлявыя юнакі ў берэтах зелянковага колеру. Не першы год разам працуюць і вучацца на заводах і ў інстытутах Мінска. Гэтае яднанне з вялікім светам увайшло ў жыццё самых малых і нядаўна яшчэ ціхіх вёсачак, у хаты, якія ў мінулыя часы жылі толькі спрадвечнымі сялянскімі турботамі.

Аднак, скараціўшы адлегласці і зблізіўшы кантыненты, час, быццам пацвярджаючы вялікую сілу законаў дыялектыкі, не толькі не зменшыў у нашых сэрцах значэнне таго, што мы называем родным, адзіным, але быццам узмацніў яго. Не, не стала яна меншай, родная, наша зямля. Не, не здрабнела да яе наша сыноўняя любоў, не, не сталі менш дарагія нам яе палі і лясы. Час, скараціўшы адлегласці, як бы сканцэнтраваў нашы пачуцці. Наблізіўшы іншыя землі, ён быццам больш выразна адкрыў нам незаменнае хараство роднай зямлі, з якой і наша жыццё і самыя лепшыя нашы надзеі.

Мы верым, што надзеі нашы збудуцца. У нас ёсць багатае баявое і працоўнае мінулае, наша любоў да зямлі, наша імкненне працаваць для роднай краіны, што яшчэ такая маладая.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 219-221
Крыніца: скан