epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра творчасць Кузьмы Чорнага

І
II
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ


І

У маі 1923 года ў газеце «Савецкая Беларусь» з’явіўся першы празаічны твор Кузьмы Чорнага, апавяданне «На граніцы».

На працягу пачатковых трох-чатырох гадоў Кузьма Чорны выступаў амаль выключна як аўтар апавяданняў, мастацкіх эцюдаў. Апавяданні гэтага перыяду былі аб’яднаны ім у зборнікі: «Апавяданні» — 1925 г., «Срэбра жыцця» — 1925 г., «Хвоі гавораць» — 1926 г., «Пачуцці» — 1926 г., «Па дарозе» — 1926 г.

Праца над апавяданнямі мела вялікае значэнне для далейшай творчай дзейнасці маладога пісьменніка. Яна ўзбагаціла Чорнага неабходным літаратурным вопытам, навучыла валодаць словам, абвастрыла назіральнасць — гэта значыць была добрай падрыхтоўкай для будучага раманіста. Некаторыя апавяданні пісьменніка былі як бы замалёўкамі да яго буйных твораў. Тэмы, вобразы, настроі многіх з гэтых апавяданняў вельмі блізкія да тых, з якімі чытач знаёміцца ў яго першых раманах.

У апавяданнях упершыню акрэсліваюцца асаблівасці творчай манеры маладога Кузьмы Чорнага, якія ў больш скандэнсаванай, закончанай форме выяўляюцца ў ранніх вялікіх творах.

Апавяданні ў большасці ўяўляюць з сябе асобныя замалёўкі, своеасаблівыя эцюды. Тут можна пазнаёміцца з асобнымі праявамі жыцця сялян у гады грамадзянскай вайны («Буры», «На пыльнай дарозе», «Начлег у вёсцы Сінегах»), з працэсамі, якія адбываліся ў сялянскім асяроддзі ў пасляваенны час («Максімка», «Хвоі гавораць»). Часамі з апавяданняў паўстаюць малюнкі гарадскога быту, ваенных будняў чырвонаармейцаў. Героі гэтых эцюдаў нярэдка нагадваюць адзін аднаго — часцей за ўсё ў іх жывуць працавітыя сціплыя вясковыя людзі.

Сярод ранніх герояў асабліва дарагія пісьменніку — прываблівыя, прызвычаеныя з самага маленства да цяжкай працы хлапчукі.

Вось адно з найбольш цікавых апавяданняў — «Максімка», напісанае ў 1925 годзе. Галоўны герой твора — сціплы, асцярожны, зацяты ў сабе вясковы чалавек, вобраз вельмі характэрны для ранніх апавяданняў Чорнага.

Максімку трэба везці падатак у горад. Гэтая, здавалася б, звычайная падзея выклікае трывогу ў Максімкі. «Яго браў страх ад таго, што ён выбіраецца ў горад за сорак вёрст. Чаго яму было страшна, ён сам ніколі не мог бы растлумачыць, ён не разумеў гэтага». Гэта — недавер'е селяніна да горада, якое засталося ў спадчыну ад буржуазнай рэчаіснасці.

Апавяданне напісана ў пачатку нэпа, калі ў горадзе яшчэ моцна трымаліся капіталістычныя элементы. Аднаго з прадстаўнікоў гэтага асяроддзя, асуджанага на пагібель, К. Чорны вельмі ярка паказвае ў вобразе ўладальніка заезджага дома Гірша Дрэйзіна, «вёрткага вострабародага і хуткага чалавека». Выразна намаляваў пісьменнік яшчэ некалькі вобразаў насельнікаў заезджага дома, асабліва двараніна Франца Уманіцкага, узнагароджанага некалі медалём за ўсмірэнне сялянскага паўстання ў 1905 г., ён цяпер канчаткова дэградаваў, разлажыўся, стаў дробным злодзеем. Быт заезджага дома, у якім знаходзяць прытулак спекулянты і злодзеі, цёмныя цені мінулага, палохае і адштурхоўвае ад сябе селяніна.

Але вось Максімка апынуўся ў Доме селяніна, напалоханы заезджым домам Гірша Дрэйзіна, ён рашыў тут «забіцца дзе-небудзь у куток, нікому не пападацца на вочы, як-небудзь ціхенька перадрамаць ноч і назаўтра скарэй ехаць дадому».

Аднак ён заўважае хутка, што абстаноўка ў Доме селяніна зусім іншая, чым у доме Дрэйзіна. Тут «сяляне хадзілі смела, як у сябе дома». К. Чорны скупа, але пераканальна паказвае, як у душы селяніна знікае страх перад горадам.

Максімка бачыць, што гэты горад, з якім ён знаёміцца ў Доме селяніна, друг вёскі, ён клапоціцца аб дабрабыце вёскі. Максімка прыходзіць да вываду аб існаванні ў адным горадзе двух розных асяроддзяў. І знайшоўшы між гэтых двух асяроддзяў сваё, блізкае і зразумелае яму, Максімка пачынае адчуваць давер’е і павагу да новага горада.

«Не знаў я, дзе шукаць свайго горада...» — гэтыя словы, сказаныя Максімкам, выяўляюць радасць селяніна, які вызваліўся ад прыкрага страху, які глянуў на горад прасветленымі, яснымі вачамі.

Паказаўшы, як знікае ў Максімкі варожасць да горада, К. Чорны адкрыў перад чытачом пачатак працэсу нараджэння новага чалавека.

Да гэтай тэмы — узаемаадносін горада і селяніна — К. Чорны вярнуўся пазней, у рамане «Люба Лук’янская». Апавяданне «Максімка» з’яўляецца як бы папярэднікам аднаго з найбольш спелых твораў пісьменніка.

Ужо ў гэтым апавяданні можна ўбачыць, з якой удумлівасцю глядзіць малады пісьменнік у жыццё, адзначаючы першыя парасткі новага. Характэрна, што нават у ранніх творах К. Чорны перш за ўсё цікавіцца не знешнімі падзеямі, а псіхалогіяй, «дыялектыкай душы» чалавека, тымі асаблівасцямі, якія вызначаюць яго раманы. Варта адзначыць, што ўжо ў гэтым творы адчуваецца імкненне маладога празаіка да пастаноўкі і вырашэння важных, вялікіх праблем.

К. Чорны, як правіла, асноўвае канфлікт твора на якім-небудзь звычайным выпадку. Ён амаль ніколі не бярэ выключных, няхай сабе яркіх, але нетыповых з’яў. Аднак беручы за аснову простае, будзённае, пісьменнік бачыць пад знешняй звычайнай будзённасцю глыбокі сэнс. Гэтая асаблівасць вельмі характэрна для творчай манеры К. Чорнага ў ранні перыяд; ёю адзначаны і творы пісьменніка перыяду сталасці, калі ім ствараліся лепшыя раманы.

У апавяданні «Начлег у вёсцы Сінегах» пісьменнік падае невялікі абразок з сялянскага жыцця перыяду грамадзянскай вайны. Чырвонаармеец, герой, ад імя якога вядзецца апавяданне, начуючы ў вясковай хаце, чуе раніцаю, як маці будзіць свайго малога сына пасвіць жывёлу. Сын ніяк не можа адолець сну, просіць, каб яна дала яшчэ трохі паспаць. Чырвонаармеец, які чуе ўсю гэту размову, заступаецца за малога: няхай хлапчук яшчэ крыху паспіць.

Маці адказвае чырвонаармейцу словамі глыбокага ўнутранага болю: «Ну, а што я зраблю?.. Што я зраблю, што я адна параджу? Гаспадара няма, гаспадар ваюе. А сёння мне трэба хоць трохі авёс пачаць жаць, дастаць дзе каня ды хоць возік жыта прывезці — абаб’ю як-небудзь, хоць пранікам, а вечарам у жорнах змялю, калі падсохне за дзень на печы, дык назаўтра хлеб расчыню...» Маці смуткуе і трывожыцца пра другога сына, якога белапалякі выгналі ў абоз, шкадуе меншага, якога ніяк нельга разбудзіць.

Сэрца маці поўна любові да чырвонаармейца. «Накапала ўчора зранку картопель трохі, малы яшчэ, дык пад вечар салдат накарміла — ідуць босыя, галодныя, абарваныя, абшарпаныя... Можа, думаю, і мой там дзе-небудзь, небарак...»

Усё проста, будзённа ў абразку. Але над простымі, звычайнымі турботамі і словамі жанчыны паўстае велічны вобраз маці-працаўніцы. Ёй вайна прынесла многа трывогі, смутку, усклала на жаночыя плечы нязмерны цяжар розных гаспадарчых і сямейных абавязкаў, але яна не сагнулася, вытрымлівае ўсё. Такі сэнс апавядання. У маленькім, звычайным здарэнні пісьменнік убачыў вялікі змест. Не выпадкова ў канцы апавядання К. Чорны называе сваю гераіню — «вялікая горадзеньская жанчына».

Вельмі многа агульнага з гэтым эцюдам маюць апавяданні «Буры», «На пыльнай дарозе». Героі гэтых замалёвак — дзеці, якім дачасна прыйшлося пазнаёміцца з бядотамі жыцця, дачасна пасталець. Дзеці, падобна маці з папярэдняга апавядання, — натуры моцныя, валявыя.

Прывабны вобраз такога дзіцяці асабліва добра напісан у замалёўцы «На пыльнай дарозе». Дванаццацігадовы хлопчык адчувае і разважае як сталы, ацэньваючы падзеі, разуменне якіх звычайна да людзей прыходзіць з гадамі. Клапоцячыся пра маці, ён са сталай удумлівасцю заяўляе пра нялюбага айчыма: «Дык жа ён чуць і мацеру ў труну не ўвагнаў — азіят нейкі быў, а не чалавек». «...Шкода маткі, — гаворыць ён у другім месцы, — бо яна нездараўчаная вельмі. Хто яе ведае, ці пажыве яна доўга на свеце. Мы то (сыны. — І. М.) не прападом — мы ж усе ўжо ўзняліся на ногі, але яна як... Мы ж яшчэ яе нічым не пацешылі...»1.

К. Чорны падкрэслівае ў характары свайго героя рысы сталасці, цвёрдасці, загартаванасці. «Гаварыў ён стала, як дарослы. І відно было, што пражытыя на свеце дванаццаць год навучылі яго многаму, паказалі яму многа бакоў жыцця, накалілі яго і давялі да вострай цвёрдасці...» «Ён забаўляўся ідучы і разважаў стала: і наглядаў, і абдумваў. Твар яго, у лішаях ад сонца і ветру, меў на сабе ўсе адзнакі халоднай сталасці і прывычкі — вялікае лічыць часам малым...» Апавядальніку, адчуваецца, дае асалоду «глядзець на гэты сталы не па-дзіцячаму твар».

Такі ж дзіцячы вобраз К. Чорны развівае пазней у сваіх раманах. У прыватнасці, многа агульнага мае з гэтымі вобразамі малы Міхал Тварыцкі з «Трэцяга пакалення».

Ідэя апавядання «На пыльнай дарозе» выказана ў наступных словах: «Я сядзеў на каменнях і думаў аб маленькіх і нязначных здарэннях, якія слабым здаюцца вялікімі і страшнымі, і аб вялікіх і страшных здарэннях, якія моцным здаюцца маленькімі і нязначнымі. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна і думна».

Трэба сказаць, што Чорнага наогул цікавяць моцныя, з адчуваннем годнасці сваёй людзі. Героі асобных апавяданняў пісьменніка нагадваюць герояў Горкага. У гэтых творах адчуваюцца горкаўскія матывы. Вось дзядзька Язэп з апавядання «Хвоі гавораць». Спакойна, стрымана, з годнасцю, не скардзячыся нікому, перажывае Язэп вялікае гора — смерць сына Міхала. Разважаючы над прычынамі таго, чаму Язэп так стрымана перажывае гора, апавядальнік выказвае думку, што чалавек павінен быць і ў горы моцным, не траціць годнасці. «Тады (назіраючы за Язэпам), я лішні раз упэўніўся: чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, у час жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады — увасабленне мізэрнасці. Вось чаму дзядзька Язэп маўчыць»2.

Усе героі ранніх апавяданняў, як і героі пазнейшых раманаў, — людзі працы. Іх думкі і пачуцці звязаны з працаю, якая напаўняе сэнсам іх жыццё. У працы загойваецца рана Язэпа, сціхае яго смутак па сыне, працоўныя клопаты пераплятаюцца ў душы апавядальніка з абразка «Хвоі гавораць» з нераздзеленым каханнем да Язэпавай дачкі Досі. У працы сталеюць, гартуюцца героі з твораў «Буры», «Начлег у вёсцы Сінегах», «На пыльнай дарозе».

Тэма працы, працоўнага чалавека, якая стане пазней адной з важнейшых у яго раманах, бярэ вытокі тут, у ранніх апавяданнях, замалёўках.

Чорнага найбольш цікавіць вясковы працоўны чалавек. Ужо ў першых творах малады празаік паказаў і багатае веданне сялянскай псіхалогіі, і вострую назіральнасць. У апавяданнях многа трапных бытавых дэталей. Ужо з першых тоненькіх кніжак маладога аўтара можна было меркаваць, што ў літаратуру ўвайшоў пісьменнік з вялікімі творчымі магчымасцямі.

Аднак трэба сказаць, што не ўсё было дасканала ў ранніх творах празаіка. Не адразу і да яго прыйшло майстэрства ў поўнай меры. Некаторыя апавяданні былі залішне перагружаны бытавымі дэталямі, не заўсёды ўдавалася выпукла акрэсліць нават асноўныя вобразы. Дзеянне ў апавяданнях часам развівалася замаруджана, недастаткова дынамічна. Такія хібы, у прыватнасці, уласцівы апавяданню «Хвоі гавораць», хоць яно і з’яўляецца ў цэлым бясспрэчным дасягненнем для маладога пісьменніка. Часамі пісьменнік залішне захапляўся псіхалагічным аналізам, падмяняючы рэалістычны паказ у дзеянні паказам цэлых звенняў пачуццяў. Адно з такіх яго апавяданняў мае характэрную назву «Пачуцці».

Героі ранніх апавяданняў Чорнага нярэдка людзі мала дзейныя, як бы скаваныя рэфлексіяй. Яны — характэрна — вельмі многа гавораць, многа разважаюць, назіраюць, але амаль не дзейнічаюць. Такім у апавяданні «Хвоі гавораць» выступае дзядзька Язэп, намаляваны пісьменнікам з павагай і сімпатыяй, такім уяўляецца нам і сам лірычны герой, апавядальнік, які назірае за ўсім і паступова, непаспешліва ўсё занатоўвае. Апошні апавядае пра ўсё з нейкім лёгкім ценем журботнасці. Гэтае ўражанне ўзмацняецца тым, што каханая дзяўчына Дося, дачка Язэпа, не падзяляе яго прыгожага пачуцця, хіліцца да прыезджага студэнта-каморніка, з прычыны чаго наш герой аддаецца ціхай журбе. Дзядзька Язэп раіць яму: «Што ў цябе ад яе (ад Досі. — І. М.) неспакой, дык хто ж табе вінаваты — зараз жа ідзі на вуліцу, у бок каморніка, адсадзі яго к чорту — і справе канец». Аднак герой зрабіць гэта няздольны. Ён моўчкі кахае і журыцца.

На гэтым можна было б не спыняць увагу, калі б такі вобраз быў адзінкавы, — але ён сустракаецца ў ранніх апавяданнях вельмі часта. Падобныя ж героі жывуць і на старонках першага закончанага рамана Чорнага «Зямля».

 

 

1 Чорны К. Выбраныя творы. — МН.: ДВБ, 1947. — с. 48. Далей цытуецца па гэтым выданні.

2 Чорны К. Выбраныя творы, с. 48.

II

Ад асобных эцюдаў, апавяданняў Кузьма Чорны неўзабаве пераходзіць да стварэння буйных мастацкіх твораў аб сучасных яму падзеях.

Раманы «Сястра» і «Зямля» значаць сабою пачатак новага этапу ў развіцці пісьменніка. Гэта першыя паспяховыя спробы пісьменніка даць грунтоўную, шырокую карціну жыцця. Гэта першыя творы, якія сведчаць аб прыходзе ў літаратуру пісьменніка-раманіста.

Апавяданні для пісьменніка былі добрай, карыснай школай авалодання літаратурным майстэрствам. Вынікі гэтай вучобы адчуваюцца ў рамане «Зямля», які сведчыць аб вельмі хуткім росце К. Чорнага, аб развіцці яго багатых творчых магчымасцей. Многія старонкі рамана (на пашы, адчуванні Юркі ў дзень смерці маці, перажыванні Ганны, у душы якой гасне любоў да Алеся, развітанне Ганны з родным дваром і інш.) напісаны з вялікім веданнем чалавечай душы, з сапраўдным майстэрствам.

Пісьменнік стварыў рад цікавых вобразаў — Тамаша, Алеся, Ганны, Юркі, Мікалая Крываносага, Юліка Барановіча. Умела карыстаецца ён дыялогам, пры дапамозе якога выяўляе і настроі людзей, іх погляды і развівае сюжэт. У адрозненне ад пазнейшых твораў К. Чорны тут шчодра малюе вясковыя пейзажы, паказваючы добрае веданне і адчуванне роднай прыроды.

Раман «Зямля» мае многа агульнага з папярэднімі апавяданнямі. У ім жывуць і дзейнічаюць тыя ж людзі, аб якіх пісаў К. Чорны ў апавяданнях «Максімка», «На пыльнай дарозе», «Хвоі гавораць». Аднолькавы ў іх вясковы быт, многа падобнага ў іх развагах і поглядах.

Цікава адзначыць, што аснова рамана, расстаноўка асобных вобразаў у «Зямлі» не з’яўляюцца зусім арыгінальнымі. Нельга не заўважыць, што сюжэт і асобныя героі апавядання «Хвоі гавораць», напісанага за два гады да рамана, нагадваюць сюжэт і герояў «Зямлі».

Герой апавядання, як вядома, кахае Досю, дачку дзядзькі Язэпа. Аднак на шляху яго шчасця становіцца прыезджы студэнт-практыкант, каморнік, якому таксама падабаецца Дося. Адбыўшы практыку ў вёсцы, каморнік жэніцца на Досі. Абое едуць у горад. Такія ж самыя адносіны складваюцца і ў героя рамана — Алеся, які любіць Ганну. На кватэры ў бацькі Ганны жыве практыкант-каморнік, пазнаёміўшыся з якім дзяўчына пачынае аддаляцца ад Алеся. Каморнік таксама жэніцца, абое пераязджаюць у горад. Гэтая лінія — адна з цэнтральных у рамане.

Дзея і ў рамане, і ў апавяданні адбываецца ў адзін час, увосень. Пейзажы аднолькавыя па настрою.

Гэтае параўнанне, відаць, гаворыць аб тым, што задума і асноўныя абрысы рамана акрэсліваліся або ў перыяд напісання апавядання «Хвоі гавораць» (май 1926 г.), або неўзабаве пасля гэтага.

Па свайму характару «Зямля» з’яўляецца раманам-хронікай. Паступова, адзін за адным разгортвае пісьменнік перад чытачом малюнкі жыцця невялікага беларускага мястэчка.

Жыхары мястэчка — людзі зямлі, іх жыццё і ўсе іх клопаты звязаны з вясковай працай.

Цяжкае, скупое гэтае жыццё. Многім героям прыходзіцца задавальняцца мінімумам неабходнага. Нават для Тамаша святочная падзея — пашыўка ботаў. Алесь, кіраўнік ячэйкі, жыве ў старой, цёмнай хаце. Шматлікімі прыкладамі К. Чорны як бы пацвярджае ленінскую думку пра тое, што дробным, аднаасобным сялянскім гаспадаркам з галечы не выйсці.

У выніку цяжкага, гаротнага жыцця без пары старэюць і гінуць людзі. Гіне сястра Мацвея Наталля, памірае яго жонка. З ранніх гадоў вымушан працаваць сын Мацвея Юрка.

Цяжка хворы і Тамаш, які толькі цяпер, у грамадскай працы знайшоў радасць. Успамінаючы былое, ён прызнаецца: «Пражыў век — дабра не бачыў. Па смалакурнях, па балотных равах, па панскіх маёнтках усю маладосць перажыў. Не агледзеўся, калі прайшло ўсё. А з жонкаю як жыў? Ты думаеш, добра жыў гэта я? Як жыў? Ні я ёй не люб, ні яна мне. А чаму! Бо галота страшная, бядота несусветная. Часам і кавалка хлеба ў хаце не было. Нічога не было чым пражывіць...»

Нястача, галеча калечылі чалавечыя адносіны, у тым ліку і адносіны між роднымі. Тамаш правільна разважае: «Тут яно што важна? Што чалавек ад чалавека далёка, што чужым ён робіцца другому. От хоць бы і ў мяне. Часамі кашулі не было перамяніцца. Ты паверыш? Было тое, што вошы заядалі. Яна, бывала, наваліцца, што я жыць не ўмею, што я няўдалы, а я — што ты ёй на гэта скажаш і чым ты ёй давядзеш? Лаяцца? Пробаваў і гэта... Так яно вот і пражылося. Пасля, я ж кажу, дзеці павырасталі, пайшлі ў людзі. А як яны вырасталі? Ці гэта гэтак трэба чалавеку вырастаць?! Нават і цяпер часам старэйшы возьме ды ўспамяне: мы, кажа, пры табе ніколі дабра не бачылі. Як бы гэта я тут вінаваты ў чым. Малодшы дык усё вучыцца хацеў. Намагаўся, аж страх. А тым часам дзе ў мяне той дастатак для гэтага? Мне яго і шкода было, і тады, і цяпер. Я дык усё адмоўчваўся перад ім. Раз толькі не вытрымаў, сказаў нешта груба, а ён мне ў адказ: калі, кажа, на гэткае жыццё, дык на чорта ты мяне на свет пусціў. А ты ведаеш, што гэта значыць, калі дзіця папракае бацьку, што ён яго на свет пусціў?»

Пісьменнік неаднойчы праўдзіва і з хваляваннем паказвае, як прыватнаўласніцкае жыццё калечыць адносіны між людзьмі, надае гэтым адносінам пачварныя формы. Паводзінамі большасці герояў кіруе скрыты і яўны эгаізм, незычлівасць у адносінах да суседзяў. Заможны селянін Сабастыян адмаўляецца дапамагаць свайму хвораму брату Мацвею, які жыве ў вялікай беднасці, Сабастыян і Мацвей з непрыхільнасцю адносяцца да цяжка хворай сястры Наталлі. Мацвей «даў бы ёй раз хамутом у плечы». Без догляду, без лячэння яна без пары памірае.

У асяроддзі сялян часта ўзнікаюць па розных прычынах — значных і дробных — сваркі. Шырока бытуе пляткарства. Чаго толькі не гавораць жанчыны пра Ганну, якая палюбіла каморніка і выйшла замуж за яго. Пазней з-за гэтага, прыехаўшы на некалькі месяцаў з горада да бацькі, Ганна вымушана думаць толькі пра тое, каб як-небудзь хутчэй вырвацца з вёскі.

Людзі зайздросцяць шчасцю ці поспеху свайго бліжняга. Іменна гэтая зайздрасць выклікае жаданне ў Сабастыяніхі, Вашыновічыхі і іншых нагаворваць на Ганну.

Зайздросцяць «галетніку» хвораму Мацвею за тое, што камітэт дапамогі беднаце адпусціў яму бясплатна шэсць пудоў аўса. Зайздросцяць і злуюцца, хоць і адчуваюць, што рашэнне камбеда правільнае. Зайздрасць выступае тут як своеасаблівае праяўленне чэрствасці і эгаізму ўласнікаў.

Уласніцкія тэндэнцыі развіваюць у людзей скупасць. Юлік Барановіч, якога ніяк нельга назваць бедняком, пакутуе ад таго, што пераплаціў нанятаму работніку сорак капеек. Ён не спыняецца перад ашуканствам, каб вярнуць гэтыя капейкі.

Але, напэўна, самым вялікім злом у асяроддзі сялян, намаляваных Чорным у рамане, можна лічыць іх кансерватызм. Значная частка сялян неахвотна прымае ўсякае новаўвядзенне, нават калі яно накіравана на паляпшэнне іх жыцця. Так, яны непрыхільна адносяцца да перамеру зямлі, які праводзіць сельсавет, каб упарадкаваць землекарыстанне, не хочуць падтрымліваць ініцыятыву Тамаша аб будаўніцтве грамадскіх алейні і сыраварні. «Жылі добра, кажа, і так», — пярэчыць адзін. «Мала, што яно добра, — падтрымлівае другі.— Добрага на свеце шмат, усяго не паробіш».

Намаляваўшы ярка старое, змрочнае ў вобліку вёскі, Кузьма Чорны паказвае, як сярод адвечнага злога ўсё настойлівей і смялей прабіваюцца парасткі новага. За гэтае новае змагаюцца і сакратар партыйнай ячэйкі, былы чырвонаармеец Алесь, і стары, хворы Тамаш, кіраўнік сельсавета, якія мараць аб тым, каб «перарабіць усё» ў мястэчку.

Вобразы гэтыя цікавыя і вельмі важныя для твора. Людзі розных пакаленняў, аб’яднаныя адной светлаю марай аб будучыні, яны ўвасабляюць у сабе лепшыя рысы перадавых людзей мястэчка.

Калі Алесь пазнае прывабнасць новага жыцця маладым, поўным нерастрачаных жыццёвых сіл, то Тамаш аддае новай справе свае апошнія дні. Захоплены грамадскаю працаю, поўны розных планаў, адчуваючы, якія шырокія перспектывы раскрыліся перад сялянствам, ён з запалам заяўляе: «Каб быў я малодшым, дык я тут бы цяперашнім светам чорт ведае чаго нарабіў бы».

Ён паўстае перад чытачом як натура вельмі дзейная, актыўная. Гэта ён разам з Алесем арганізоўвае перамер зямлі, наперакор такім сялянам, як Барановіч. Ён упарта дабіваецца арганізацыі грамадскай алейні і сыраварні. Ён актыўна ўдзельнічае ў рабоце камітэта беднаты. Тамаш чула адносіцца да запатрабаванняў беднякоў. Па яго ініцыятыве камітэт дапамагае Мацвею.

У Тамаша нямала агульнага з іншымі сялянамі. Як і іншыя, ён цяжка працуе на сваёй гаспадарцы, добра знаёмы са свайго жыцця з беднасцю, ён таксама пакутуе ад чэрствых адносін да сябе з боку сына, які не разумее яго. Аднак пры ўсім гэтым Тамаш уздымаецца значна вышэй за іншых сялян — ён разумее сэнс сучасных падзей, адчувае перспектыву будучых дзён. Гэта акрыляе Тамаша і адначасова прымушае яго крыху журыцца — яму не ўдасца ўбачыць тых светлых дзён. Тамаш з пяшчотай глядзіць на малога сына Мацвея Юрку, бачачы ў ім чалавека, якому суджана дажыць да запаветных дзён. «Нічога, сынку, — кажа ён абнадзейліва Юрку, — перажывецца. Выгадуешся, падрасцеш, будзеш жыць. Лепш будзеш жыць за нас усіх».

Алеся, маладога хлопца, набліжае да Тамаша аднолькавасць поглядаў на жыццё. Як і Тамаш, Алесь актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі перамеру, падтрымлівае парасткі новага. Для Алеся характэрна шырыня поглядаў. Ён добра разумее, што перамер — гэта толькі часовая мера для паляпшэння жыцця беднаты і сераднякоў. «Мы неўзабаве возьмем ды зноў перамер будзем рабіць, толькі іншы ўжо. Ніякіх нікому кліноў, усё будзе ўсіх.

— Гэта камуну, значыць, зрабіць?

— Камуну, — адказвае Алесь».

Алесь намаляваны як валявая, моцная натура. Ён поўны веры ў свае сілы, у перамогу таго новага, за якое ён змагаецца ў мястэчку. «Усё перавярну, — гаворыць ён пераканана пасля смерці Тамаша. — Мікалай Крываносы на вясну пойдзе куды-небудзь вялікай работы шукаць. А гадоў праз тры ці пяць зноў, казаў, з’явіцца тут. Дык каб не пазнаў ён тады ні вуліц гэтых, ні людзей. Маладое пакаленне падрастае, лягчэй ваяваць усё робіцца»1.

Цікава, што гэтым адчуваннем вялікіх змен, незадавальненнем існуючымі адносінамі жывуць і іншыя героі. Мікалай Жыгунец, або як яго называюць у мястэчку «Крываносы», збіраючыся ісці ў горад «на работу якую вялікую прымацавацца», такімі словамі выказвае свой настрой: «Надакучыла. Размаху якога-небудзь хочацца, а то што гэта! Нічога няма цікавага. Цупай гэтым цэпам, і знаку ніякага няма. Тут каб аж гуло ўсё! Гэта дык была б работа. А то што! Як той казаў, саматужніцтва»2.

Апошнія старонкі рамана азораны святлом жаданай будучыні. Яны прыдаюць гэтаму суроваму, часта змрочнаму твору аптымістычнае гучанне.

На жаль, праявы новага Кузьма Чорны не здолеў паказаць з такою сілаю, як застарэлы патрыярхальны быт. Паказваючы старое, Чорны стварыў багата вельмі моцных старонак, у якіх адчуваецца выдатнае разуменне людзей і жыцця. Гэтыя старонкі вылучаюцца дакладнасцю паказу, яркасцю фарбаў. Там жа, дзе Чорны гаворыць аб новым, аб планах Тамаша і Алеся, яго фарбы прыкметна бляднеюць. Тут пісьменнік часта гаворыць адцягненымі, абстрактнымі выразамі. Толькі ў агульных рысах мы можам уявіць, якой бачаць сабе будучыню Алесь і Тамаш. Пісьменнік тут нібы асцерагаецца канкрэтнасці: ён амаль не гаворыць, напрыклад, якія пытанні вырашаюць Алесь і іншыя камуністы на сходах ячэйкі.

Скупа і малаканкрэтна пададзены ў творы і вобразы людзей, якія дапамагаюць Алесю. Амаль нічога нам невядома аб грамадскіх справах местачковых камсамольцаў, няма і саміх паўнакроўных вобразаў камсамольцаў. Так, у чыста бытавым плане намаляван Клемусь, пра якога, як пра камсамольца, пісьменнік і не сказаў амаль нічога.

Недаацаніў малады пісьменнік і вобраз Волькі, які мог бы атрымацца вельмі цікавым і значным. Чорны вельмі сцісла, у некалькіх словах расказаў пра яе грамадскую працу, якая характарызуе Вольку як зусім новы тып жанчыны. Не разгорнуты таксама цікава задуманы вобраз каморніка — студэнта Андрэя.

У пачатку рамана ёсць дэталь — за акном спрачаюцца аб нечым камсамольцы. Гэтая дэталь, можна сказаць, сімвалічная: новае ў паказе пісьменніка нярэдка адбываецца недзе ўбаку, «за акном».

Тут найбольш слабыя месцы рамана. Гэтая акалічнасць не з’яўляецца выпадковаю. Яна, вядома, тлумачыцца перш за ўсё тым, што не толькі сам пісьменнік, але і ўся маладая беларуская савецкая літаратура яшчэ толькі пачынала асэнсоўваць і ствараць вобраз станоўчага героя. Тут Чорнаму прыходзілася ісці па новаму, мала даследаванаму шляху. Гэтая слабасць рамана магла мець прычынаю і тое, што пісьменнік у пэўнай меры недаацаніў значэння для твора новых вобразаў.

Крытыкі рамана як слабасць твора неаднойчы адзначалі невыразную класавую дыферэнцыяцыю герояў. Сапраўды, аўтар не дае акрэсленай класавай характарыстыкі сваім героям, абмяжоўваецца амаль выключна паказам іх быту. У выніку героі атрымаліся трохі нівеліраванымі, прыроўненымі. Юлік Барановіч, заможны чалавек, які наймае парабкаў, і бядняк, «галетнік» Мацвей сваімі паводзінамі мала чым адрозніваецца адзін ад аднаго. Тамаш у гаворцы з Алесем мімаходам заўважае: «Ворагаў мы шмат з табою нажылі. Каб, скажам, палякі ці што якое іншае, дык хоць і мне старому ўцякай — са свету зжывуць. Барановіч першы ўзяўся б за мяне...»3. Такім чынам, з гэтых слоў можна меркаваць, што ў асобе Юліка Барановіча перад намі скрыты вораг, які толькі вымушаны быць знешне лаяльным, адчуваючы асуджанасць, нетрываласць, вораг хітры.

Аднак тое, як у цэлым пададзены Юлік Барановіч у рамане, наводзіць на думку, што Кузьма Чорны зусім не збіраўся паказваць у гэтым вобразе кулака. Пісьменнік адносіцца да Юліка, ва ўсякім разе, без рэзкай антыпатыі. Цёпла, сардэчна намалявана дачка Юліка Ганна, якая любіць і паважае свайго бацьку. Ёсць у рамане ў словах самога Юліка заўвага: «Мяне раней усе лічылі кулаком, цяпер лічаць серадняком»4. На пытанне Юліка, серадняк ён ці бядняк, Алесь адказвае: «Па-мойму, серадняк».

У агульнай ацэнцы вобраза Барановіча, на маю думку, можна гаварыць пра тое, што вобраз гэты не прасветлены дастаткова. Перад намі дзве зусім розныя характарыстыкі Барановіча — Тамаша і Алеся, і мы так да канца і не высвятляем сабе, якая з іх больш правільная. Вядома, у паказе Барановіча, як і ў іншых, Чорны імкнуўся пазбягаць аднабаковасці, спрашчэння, і ў гэтых адносінах яму ўдалося стварыць вобраз складаны, супярэчлівы. І ўсё ж гэтаму вобразу не хапае цэльнасці ці давершанасці. Ствараецца такое ўражанне, быццам і сам аўтар не вызначыў да канца свае адносіны да яго.

Вобразу Барановіча, як і некаторым іншым, не стае актыўнасці і таму класавай выразнасці.

Жыццё ў мястэчку наогул паказана крыху мірным, за будзённасцю яго праяў нярэдка як бы глухне напал сацыяльных супярэчнасцей. Між тым у вёсцы і ў гэты час абстаноўка была напружаная.

У гэтых адносінах для разумення эвалюцыі пісьменніка багата дае параўнанне рамана «Зямля» з пазнейшымі раманамі К. Чорнага «Бацькаўшчына» і «Трэцяе пакаленне». У гэтых творах пісьменнік рэзкімі фарбамі малюе праявы класавай барацьбы на вёсцы, раскрывае звярынае нутро прадстаўнікоў кулацтва, скуратовічаў, сурвілаў і ім падобных.

На жаль, у рамане «Зямля» К. Чорны не даў яркіх малюнкаў класавай барацьбы, і ў гэтых адносінах «Зямля» ўступае яго пазнейшым буйным творам. Карціна жыцця сялян напярэдадні калектывізацыі атрымалася ў рамане, на жаль, няпоўнай.

Як ужо гаварылася вышэй, самыя лепшыя старонкі атрымаліся ў пісьменніка там, дзе ён паказваў будзённае сялянскае жыццё. Тут, на гэтых старонках, К. Чорны паказаў сябе бліскучым знаўцам сялянскай псіхалогіі і вясковага быту. Яго ўвагу, як і ў апавяданнях, прыцягваюць да сябе звычайныя, штодзённыя клопаты, падзеі, якія, нягледзячы на сваю будзённасць, цікавяць і хвалююць нас, бо пісьменнік расказаў пра іх з любоўю, шчыра і праўдзіва. Возьмем для прыкладу хоць бы адзін з пачатковых — другі раздзел, дзе расказваецца, як, сабраўшыся восенню ў полі, сяляне разважаюць, спрачаюцца аб розных вясковых падзеях. Тое, аб чым яны гавораць, вельмі звычайнае, нібы дробнае, але гавораць сяляне так усхвалявана і горача, што настрой герояў перадаецца і нам, чытачам, цікавіць і хвалюе нас. Мы пачынаем спачуваць Юрку, які стыне на халодным восеньскім ветры ў падраным кажушку.

Хочам заступіцца за Тамаша, якога Павел несправядліва абвінавачвае ў тым, што ён праз меру старанна аддаецца сельсавецкім справам, забывае сваю гаспадарку. Калі пачынаецца спрэчка, ці правільна, што камітэт аказаў дапамогу бедняку Мацвею, пісьменнік нібы ўцягвае нас у гэтую спрэчку, робіць прыхільнікамі Тамаша, які заступаецца за Мацвея.

Добрых малюнкаў сялянскага жыцця ў рамане многа. Выдатна напісаны сцэны, дзе пісьменнік паказвае адносіны Юркі і маці, якая хавае сваю любоў да сына за маскай уяўнай суровасці. Вобраз маці, напісаны нібы проста, толькі ў бытавым плане, бясспрэчна, адзін з самых лепшых у рамане. Вобраз гэты — вельмі характэрны, поўны драматызму і хараства тып сялянскай жанчыны, што ў нягодах жыцця выказвае вялікую цярплівасць і вялікую сілу.

Пісьменнік напісаў яго выключна моцна. Непатрабавальная і няўважлівая да сябе, яна цярпліва трывае цяжкую хваробу, не скардзячыся і не стогнучы. Урач, да якога яна звяртаецца, раіць ёй нічога не рабіць у гаспадарцы і спакойна ляжаць. Але такая ўмова — самая цяжкая для маці. Як яна можа ляжаць, калі на ёй усе клопаты пра сям'ю, пра дамашнюю гаспадарку, якіх няма каму за яе рабіць. Добры знаўца чалавечай душы, Кузьма Чорны паказвае, што ў паводзінах маці ёсць і іншыя, глыбейшыя матывы. Вялікую праніклівасць выяўляе тут малады пісьменнік. Маці Юркі, адзначае ён, не можа ляжаць яшчэ і таму, што яна прывыкла з самага маленства дзень у дзень непасільна працаваць. Жыццё без працы хоць на некалькі дзён ёй нязносна. І яна не выконвае парад урача, набліжаючы дзень сваёй смерці.

Чорны дакладны ў перадачы самых розных бытавых дэталей. Многія з іх, дробныя на першы погляд, у яго паказе напоўнены глыбокім сэнсам. Вось ідзе ў горад дзяўчына. Яна ідзе басанож, трымаючы чаравікі за плячамі. Гэтыя чаравікі яна абуе толькі перад самым горадам. Дэталь мімаволі наводзіць на думку аб беднасці сялянства таго часу, што вымушана было берагчы, як святочныя падарункі, самыя звычайныя рэчы ўжытку. Такую ж бытавую дэталь — боты — дае Чорны і ў іншым месцы, ужо ў дачыненні да вобраза Тамаша. Хворы Тамаш марыць аб тым, каб пашыць сабе добрыя боты. Тая ж самая бытавая дэталь набывае іншы змест, гучыць інакш. «Я, можа, іх (боты — І. М.) і не пашыю, — гаворыць Тамаш, — можа, і Мацвей не пашые, а хлапчук яго, што унь босы за нежывою маткаю ў царкву прыйшоў, — той пашые. І такія боты, пра якія ніхто з нас ніколі і не сніў. Чуеш? Пашые! Шкада, што не дажыву, хоць паглядзець на яго тыя новыя боты...»5.

Тут звычайная бытавая дэталь напоўнена глыбокім драматызмам. У ёй ёсць асаблівая важкасць, сімвалічнасць.

Як і ў ранейшых апавяданнях, у рамане добра выпісан быт дзяцей. Са спачуваннем піша К. Чорны аб тым, як Юрка з маленства мерзне ў полі, пасвячы каня, якім адзінокім адчувае сябе пасля смерці маці, як вымушаны дачасна рабіць мужчынскую працу, упраўляецца па гаспадарцы (сам узараў усё бацькава поле). Чорны паказвае Юрку ў двух планах: як хлапчука, які ўсёй душой можа аддавацца бесклапотным, свавольным заняткам яго ўзросту (малюнак — Юрка гуляе са сваім сябрам Юзікам), і як малога мужчыну, які ўжо досыць паспытаў горычы жыцця. Дзякуючы такому паказу вобраз Юркі паўстае перад намі жыццёва-складаным. Можна дадаць, што малюнкі жыцця Юркі маюць глыбокі падтэкст, гавораць пра тое, як ва ўмовах дробнаўласніцкай гаспадаркі калечыцца дзяцінства.

Цікавыя сцэны вячорак у Чучанах, на якія ходзіць Алесь. У гэтых сцэнах, намаляваных з этнаграфічнай дакладнасцю, многа здаровага народнага гумару, весялосці, яны асветлены ясным адчуваннем маладосці. Малюнкі вячорак узмацняюць аптымістычнае гучанне апошніх раздзелаў рамана.

Трэба, аднак, сказаць, што малады пісьменнік не заўсёды быў патрабавальны пры адборы матэрыялу для твора. Невядома, для чаго расказвае пісьменнік аб выпадковай «сувязі» Алеся і Волькі, аб іх маральным падзенні, якое зніжае гэтыя прывабныя, чыстыя вобразы. Раздзел гэты, акрамя ўсяго, выпадае з сюжэта, ён ніяк не звязан з іншымі.

Часам трапляюцца натуралістычныя, непатрэбныя дэталі, падобныя да наступных: «Мікалай цыкнуў праз зубы слінаю, папаў якраз на свой левы бот. Падняў нагу, падкурчыў, выцер аб халяву правага бота і пайшоў да сянец, ківаючыся з нагі на нагу і паварушваючы плячамі». Або: Юлік «няўдала плюнуў, абцёр бараду рукавом і падаўся на вуліцу».

У далейшым К. Чорны адбірае матэрыял больш строга, аддае ўсю ўвагу характэрнаму, тыповаму. Канцэнтруючы ўвагу на галоўным, ён, як правіла, адкідвае натуралістычныя падрабязнасці.

Раман «Зямля» — выдатная з’ява і ў творчасці Кузьмы Чорнага і ў цэлым у маладой беларускай прозе. Малады пісьменнік з поспехам вытрымаў экзамен ка права працаваць у самым складаным жанры прозы — эпічным рамане.

 

 

1 Чорны К. Зямля. — Мн.: ДВБ, 1928, с. 326. Далей цытуецца па гэтым выданні.

2 Чорны К. Зямля, с. 323.

3 Чорны К. Зямля, с. 152.

4 Тамсама, с. 72.

5 Чорны К. Зямля, с. 119-120.

ІІІ

Цэнтральная тэма рамана «Бацькаўшчына» выказана пісьменнікам у назве твора. У рамане Кузьма Чорны ставіць адну з важнейшых філасофскіх праблем чалавечага быцця.

Натуральна, праблему сваю пісьменнік вырашае праз мастацкія вобразы.

У рамане дзейнічае некалькі герояў. Яны выпісаны з рознай выразнасцю і маюць рознае значэнне. Але амаль у кожнага з іх свая роля, яны разам даюць пісьменніку [магчымасць] асвятліць галоўную праблему рамана з розных бакоў.

Раман пачынаецца з вобраза Леапольда Гушкі. Гэты вобраз найбольш выпісан Чорным.

Усё сваё жыццё бедны селянін вымушан служыць парабкам у пана, быць у вечнай залежнасці ад яго, ад панскіх паслугачоў.

Аднойчы, аручы панскае поле, ён паспрачаўся з аканомам і ў выніку — застаўся без працы. Гушка абышоў усе навакольныя двары, выпрошваючы работу, але з той прычыны, што парабка выгналі з двара, работы яму нідзе не далі. Гушка, па сутнасці, страціў права не толькі на працу, але і на месца ў жыцці. Яму няма дзе жыць, бо прыходзіцца пакінуць пакой, у якім раней жыў у маёнтку. З цяжкасцю ён выпрасіў у пана дазвол пабудаваць хацінку на пустыры.

Пабудаваўшы хацінку, бядняк жыве надзеяю на тое, што купіць хоць бы дзесяціны дзве зямлі. Зямля ўяўляецца былому парабку як сродак да вызвалення з няволі. Погляды яго на зямлю ідэнтычныя поглядам героя «Новай зямлі» Якуба Коласа — Міхала, які, як вядома, таксама марыў: «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут».

Але Гушка не можа набыць сваёй зямлі. Не можа таму, што ён не мае рускага падданства. Яго радзіма не Беларусь, а Сілезія, адкуль бацька Леапольда, радавіты ткач, вымушаны быў эміграваць пасля разгрому паўстання ткачоў.

Кулакі Сурвіла і Мазавецкі купляюць у пана зямлю, дзве дзесяціны з якой, горшыя, камяністыя, «даюць» Леапольду Гушку. За гэту зямлю Гушка часткова плоціць, часткова абавязваецца адпрацаваць. Маючы фармальны кавалак зямлі, ён па-ранейшаму застаецца па сутнасці парабкам, з той толькі розніцай, што гне спіну цяпер не на пана, а на кулака Сурвілу.

Такі ж самы гаротнік, як і многія навакольныя сяляне, Гушка разам з тым адчувае сябе быццам ён у горшым, чым іншыя, становішчы: ён чалавек без бацькаўшчыны.

Пасведчанне аб падданстве, нарэшце, усё ж прыходзіць. Ён шчаслівы, ён, нарэшце, перастаў быць адзінокім. Ён мае бацькаўшчыну.

Але ў той жа дзень, калі да Гушкі прыйшло такое шчасце, яму паведамляюць, што пачалася вайна.

І вось, ледзь атрымаўшы права лічыць сябе падданым новай бацькаўшчыны, Леапольд Гушка павінен паслаць свайго сына Адася на абарону яе.

Такім чынам, сутыкнуўшы гэтыя дзве падзеі, Чорны развівае праблему бацькаўшчыны далей. Бацькаўшчына дае не толькі правы, але і прад’яўляе абавязкі. Бацькаўшчыну трэба абараняць. Прыглушаны, як і ўсе, нечаканым паваротам лёсу, Гушка пакорліва выконвае свой абавязак. Ён аддае Адася на вайну.

Аддаўшы такую вялікую ахвяру Расіі, Леапольд Гушка трывожыцца за лёс сына і карае сябе як вінаватага за такі сынаў лёс. У ім, спачатку глуха, выспявае пакутлівае пытанне: ці варта яго бацькаўшчына такой ахвяры?

Цікавая і важная размова адбываецца між ім і Сурвілам ужо ў першую восень вайны.

Сурвіла гаворыць Гушку пра тое, што за зямлю трэба «павіннасць несці», што «вайна — гэта і ёсць тая самая павіннасць за яе. Абараніць яе трэба». На гэта Гушка рэзка адказвае:

«— Я яшчэ з яе карысці не бачыў, каб ужо абараняць яе».

Ахвяраваўшы сынам, набыўшы абавязкі, Гушка не атрымлівае нічога ўзамен. Больш таго, карыстаючыся сваім становішчам, Сурвіла эксплуатуе яго яшчэ горш. Калі спынілася адступленне рускіх войск і фронт устанавіўся, Сурвіла патрабуе ад Гушкі ачысціць тую зямлю, якую ён, Гушка, «набыў» і абрабіў. Цяжкі жыццёвы вопыт прыводзіць Гушку да думак:

«Мой сын не ваюе? Не гніе ён у акопах, ліха ведае за каго і за што? За што ён ваюе? За тое, каб тут Сурвіла мяне з хаты выкідаў? За тое, каб я з торбаю, пасля вечнага парабкоўства, па свеце пайшоў? Гэта ён адваёўвае мне права дажываць веку старцам у ярме? За што ён ваюе?»

Такім чынам, Гушка адчувае, што, набыўшы падданства, ён так і не набыў Бацькаўшчыны.

Пісьменнік паставіў бы пытанне вузка, калі б абмежаваўся лёсам Гушкі. Усё ж лёс гэты выключны.

Кузьма Чорны зрабіў шырокія абагульненні, ён паказаў, што бацькаўшчыны няма не толькі ў нашчадка сілезскіх ткачоў, але і ў адвечных працоўных абарыгенаў Беларусі, знаёмых Гушкі.

Таксама ж, як і Гушка, гаруюць і бедныя сяляне з навакольных вёсак. Як і Гушка, яны паддаюцца на хітрыкі Сурвілы і Мазавецкага і трапляюць у кабалу да іх. Як і Гушка, яны бяздольныя і бяспраўныя.

Кузьма Чорны робіць яшчэ больш шырокія абагульненні. Малюючы вялікі рух войск на беларускай зямлі, ён, хоць і скупа, паказвае, што і іншыя салдаты — былыя сяляне — былі ў такім жа становішчы. Салдат, які разам з Нямірам дэзерціраваў з царскай арміі, гаворыць: «Я ўжо раз траха не памёр, немаведама чаго, за каго і за што». З радасцю дачуўшыся, што адбылася рэвалюцыя, салдаты не даюць гаварыць генералу, які заклікае іх ісці на фронт, абвяшчаючы: «Расія ў небяспецы!»

Многімі лёсамі і вобразамі Кузьма Чорны даводзіць, што ва ўмовах царскай Расіі працоўныя не мелі бацькаўшчыны.

Леапольд Гушка, марачы знайсці бацькаўшчыну, доўгі час памыляецца і ў іншым плане. Не маючы радзімы, тут, у Расіі, ён доўга цешыць сябе думкай, што ў яго ўсё ж ёсць сапраўдная маці-радзіма. Яна недзе там, дзе раней жыў бацька. Ён думае, што яму даводзіцца гараваць толькі таму, што ён на чужыне. «У цяжкія хвіліны жыцця ён сумысля выклікаў у памяці сваёй гэтую сваю радзіму: на чужыне цяжка жыць. І ён распальваў у сабе тугу».

Ён чуў пра гэту радзіму з апавяданняў нябожчыка-бацькі. Сам Гушка амаль не помніў гэтай радзімы, ён быў зусім малы, калі бацька эміграваў.

«Пра якую радзіму ты гаворыш?» — пытаецца яго Павел Няміра. «Пра якую радзіму? Пра тую радзіму... пра тую... што я не ведаю яе, але няўжо ж і там гэтак усё?..»

Радзіма ўяўляецца Гушку вельмі абстрактна, ён зусім не ведае яе. Але вобраз яе Гушка песціць у сабе, ён трымаецца за гэты светлы і няясны вобраз, як за надзею. Даведзены да адчаю бесчалавечнай эксплуатацыяй Сурвілы, ён гаворыць з болем: «Можа, каб я кінуў, рынуў тады быў тут усё ды туды, на радзіму, вярнуўся, адкуль бацька мой уцёк тады сюды, — можа б, там я не ведаў бы гэтакага гора, гэтакага здзеку».

Аднак пісьменнік развенчвае гэтую ілюзію-мару Гушкі. Гушка знаёміцца з палонным Эдвардам Ляверам, які ўвесь час жыў у тых мясцінах, дзе быў некалі бацька Гушкі.

Лявер добраахвотна здаўся ў палон. Гушка з вуснаў свайго суайчынніка чуе, што і ў Лявера няма радзімы, якую трэба было б абараняць і адстойваць. «Чаго я падаўся ў палон? А за што я ваяваць буду? За што я галаву сваю складаць буду, за што я гніць у акопах буду? Каб я ведаў, што ад гэтага маёй сям’і там будзе лепей жыць, што я гэтым здабываю шчасце сваёй сям’і, сабе самому, дык і ішоў бы біцца. А то — сям’я там бадзяецца па гарадах, галодная, голая, спрацованая гэтак, як і скрозь, заўсёды было мне і маім таварышам, што са мною разам у палон падаліся. Нехта там мае капальні, нехта там з таго вуголля, што я капаў век свой, багацее, а я кавалку хлеба жадзен, ды яшчэ ваяваць я павінен? Мне кажуць — ратаваць бацькаўшчыну. Дык няхай гэтакая бацькаўшчына праваліцца скрозь зямлю, калі ў ёй я павінен не жыць, а гніць!»

Словы Эдварда Лявера ідуць з глыбіні яго душы. Страсныя, яны дасягаюць вялікай сілы сваёй яснасцю і лагічнай паслядоўнасцю. Лявер рашуча заяўляе, разбіваючы ўшчэнт мару-ілюзію Гушкі:

«Гэтакую бацькаўшчыну трэба самому старацца збыць з свае галавы. Не трэба мне ні бацькаўшчыны гэтакае, ні вайны, ні акопаў гэтых, нічога гэтага! Мой дзед у турме кончыўся за тое, што не сцярпеў голаду і абазваўся, а я горшы за дзеда, што павінен слухаць і маўчаць, калі мяне мучаць? За што мне ваяваць?!»

Так гіне мара-ілюзія Гушкі. Эдвард Лявер, па выразу пісьменніка, «прымусіў яго больш не гаварыць пра «радзіму».

Апошні факт нас цікавіць і таму, што К. Чорны, давёўшы праўдзіва, што працоўны чалавек ва ўмовах царскай Расіі не меў бацькаўшчыны, развіўшы гэты тэзіс, паказаў словамі Лявера, што бацькаўшчыны не мелі і працоўныя ў іншых краінах, у прыватнасці, у кайзераўскай Германіі.

Натуральна, што і рускія, і нямецкія салдаты ў аднолькавай ступені не жадаюць весці зусім не патрэбную ім, імперыялістычную вайну. Ёсць у рамане сцэна з вялікім сэнсам — у адзін дзень здаюцца ў палон рускія і немцы, якія не хочуць праліваць кроў невядома за што. Лявер пра гэту падзею расказвае наступнае: «За што мне ваяваць! І з кім мне ваяваць! Прыйшлі былі, укінуліся ў наш акоп расійскія салдаты. За што, кажуць, мы будзем ваяваць з вамі? У нас дома дзеці малыя, мы іх страціць не хочам. І пайшлі ў палон. А я падумаў сабе — ну, а я чаму павінен страціць сваіх дзяцей? Яны ад гэтага шчаслівейшыя стануць? Ім хлеба ад гэтага больш будзе, калі я галавы дамоў не прынясу? Дык я ў той жа дзень пайшоў у палон. Ваяваць за бацькаўшчыну? А калі я на гэтай бацькаўшчыне дабра ніколі не бачыў, дык тады як?»

Пражыўшы доўгі час без бацькаўшчыны, страціўшы веру ў існаванне ідэальнай радзімы там, дзе быў калісьці бацька, Леапольд Гушка, нарэшце, знаходзіць сапраўдную бацькаўшчыну.

Гэтую бацькаўшчыну дае селяніну-бедняку Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яе заваёўвае і адстойвае сын Леапольда — бальшавік Адась Гушка. Гэтая новая бацькаўшчына вуснамі Адася Гушкі заклікае: «Даволі вайны. Зямлю сялянам! Фабрыкі рабочым!»

Гэтая бацькаўшчына ажыццяўляе запаветныя мары Леапольда Гушкі. І не толькі яго, але і мары іншых падобных Леапольду сялян.

Яна дае Леапольду і іншым сялянам зямлю, вызваляе іх з путаў розных сурвілаў, змятае адразу гаспадаранне паноў і падпанкаў. Цяпер зусім інакшы змест набывае абавязак — абарона бацькаўшчыны. У працоўных людзей ёсць бацькаўшчына, і ўсе іх думкі і жаданні накіраваны на тое, каб адстаяць Радзіму ад ворага. Павал Няміра, які дэзерціраваў з фронту імперыялістычнай вайны, цяпер добраахвотна ўступае ў рады Чырвонай Арміі, ідзе ваяваць за Радзіму. Маці аддае чырвонаармейцам апошні, пазычаны акраец хлеба. Супраць ворагаў, што хочуць задушыць сацыялістычную бацькаўшчыну, Леапольд Гушка са зброяй у руках ваюе ў партызанах.

Гушка ведае, за што ён ваюе. Вярнуўшыся з партызан, ён у першы ж дзень, калі яго папрасілі чырвонаармейцы, запрагае свайго адзінага коніка, каб везці для арміі, што наступае, снарады. «Добра, зараз, — сказаў адно Леапольд»,— гэтай кароткай рэмаркай пісьменнік паказвае, што селянін ні хвіліны не вагаўся, адчуваючы грамадзянскі абавязак дапамагчы чырвонаармейцам.

Леапольд Гушка не ашукаўся ў сваіх спадзяваннях на новую бацькаўшчыну. Савецкая краіна стала для яго і яго дзяцей сапраўднай Радзімай. Адась, які праваяваў да канца грамадзянскай вайны, служыць камандзірам у Чырвонай Арміі, паступае ў ваенную акадэмію. Другі сын Антусь, скончыўшы рабфак, вучыцца далей і хутка будзе інжынерам. Павал Няміра, муж Гушкавай дачкі і былы бядняк, выявіў добрыя арганізатарскія здольнасці, ладзіць гаспадарку ў калгасе, суседнім з тым, дзе працуе Леапольд. Леапольд Гушка стаў кіраўніком калгаса, з радасцю аддае сваю сілу і вопыт людзям, вялікай сваёй сям’і. Ён прымае ўдзел і ў кіраўніцтве рэспублікай: Гушку выбіраюць дэлегатам Усебеларускага з’езда Саветаў.

У Савецкай краіне знаходзіць бацькаўшчыну і перабежчык з Польшчы, паплечнік Леапольда, Сымон Чуйка.

Але ў той час, калі пісьменнік ствараў раман, беларускі народ падзяляла несправядлівая мяжа. Польскія магнаты, скарыстаўшы цяжкае становішча савецкай краіны, знясіленай інтэрвенцыяй і вайною, гвалтам адарвалі заходнія вобласці Беларусі.

Мяжа падзяліла вёску, у якой адбываецца дзея рамана. Яна падзяліла лёсы герояў, разарвала звыклыя сувязі людзей.

Па той бок мяжы, у панскай Польшчы, засталіся стары Няміра, бацька Паўла Няміры; адарваны ад сына, ён жабраком дажывае апошнія дні. Па той бок жыве і працуе рэвалюцыянер Рыгор Чуйка, уздымае народ на барацьбу супраць паноў і белай Польшчы.

Тэма граніцы, што гвалтам падзяліла народ, родную краіну, многія гады хвалявала К. Чорнага. Не выпадкова ёй прысвечана першае апавяданне пісьменніка «На граніцы». Пасля гэтага К. Чорны неаднойчы звяртаецца да гэтай балючай і важнай тэмы. Незабыўныя падзеі верасня 1939 года, які назаўсёды ліквідаваў шматгадовую несправядлівасць, Кузьма Чорны з уздымам адлюстраваў у цэлым шэрагу твораў — п’есе «Ірынка», апавяданні «Дарагуся» і іншых.

У рамане «Бацькаўшчына» К. Чорны паказвае, што тыя героі, якія засталіся ў панскай Польшчы, па-ранейшаму не маюць радзімы. Таксама, як і ў нядаўняй царскай Расіі, у Польшчы гаспадараць багацеі — фанабэрыстыя асаднікі ды вяльможныя магнаты. Па-ранейшаму тут пануюць сурвілы ды мазавецкія. Народ жа вымушан гібець у цяжкай працы і нястачы, не маючы фактычна ніякіх правоў.

Але вопыт рэвалюцыі ў Расіі не прайшоў без знаку. Працоўны народ у белай Польшчы не хоча мірыцца з уціскам і няволяю. «Што ж, цяпер народ жыве як на пораху, — гаворыць адзін з герояў твора. — Спадыспаду, значыць, порах, і сухі вельмі. Народ чакае нечага. Народ рабіць нешта збіраецца... Што, гэта на тое рэвалюцыя была, ды і не адна, каб пан з войтам правілі на маёй галаве сваё права?»

Людзі добра разумеюць, што неабходна змагацца, што толькі ў барацьбе яны змогуць заваяваць волю. Яны ведаюць, што адзіная сапраўдная радзіма для працоўных — сацыялістычная бацькаўшчына. Так праблема бацькаўшчыны ў рамане набывае сваё выразнае філасофскае завяршэнне.

У рамане добра выказана ідэя інтэрнацыянальнага братэрства народаў у агульнай барацьбе за сваё вызваленне. Палонны, нямецкі падданы Эдвард Лявер, не стаіць у баку ад рэвалюцыйных падзей, якія адбываліся ў беларускім гарадку. Калі беларускія працоўныя ідуць на дэманстрацыі, немец Эдвард Лявер ідзе разам з імі, пад чырвоным сцягам. Вярнуўшыся пасля вайны дамоў, у лісце да Леапольда Гушкі ён піша, што яго таварышы, нямецкія рабочыя, «выказалі пратэст супраць новага астрожнага рэжыму ў Польшчы».

Пісьменнік у сваім рамане выказвае перакананне, што ў барацьбе з падпальшчыкамі новай вайны народы будуць змагацца разам. У тым жа лісце да Гушкі Эдвард Лявер заяўляе: «Мяне цяпер на вайну больш не пагоняць. А пагоняць, дык на сваю галаву. Гэта самае сказалі і ўсе на нашым мітынгу — і амерыканцы, і палякі, і нашы землякі...»

Леапольд Гушка не выпадкова стаў адным з галоўных вобразаў рамана.

Гушка — адзін з тых характараў, якія асабліва любіў маляваць Кузьма Чорны. Найбольш важнымі чалавечымі рысамі ён нагадвае многія іншыя вобразы са шматлікіх твораў пісьменніка. Ад іх Леапольд Гушка адрозніваецца найбольш, бадай, толькі сваёй незвычайнай радаслоўнай.

Як і іншыя блізкія Чорнаму героі, Леапольд Гушка нястомны і «цягавіты ў працы» чалавек. З незвычайнай упартасцю апрацоўвае ён камяністы, непрыгодны для поля, кавалак зямлі і, нарэшце, дабіваецца таго, што зямля пачынае радзіць. Працавітасць упартая — адна з самых важных для пісьменніка рыс, ён заўсёды вылучае гэтую рысу ў вобразах, падобных Леапольду. Такімі ж рысамі характарызуюцца і жонка Леапольда, і дачка Марылька. Усе яны перш за ўсё — людзі працы.

Панскі парабак, чалавек, які паспрабаваў усю «прывабнасць радавітага парабкоўства», Леапольд Гушка, імкнучыся выбіцца з залежнасці ад паноў, марыць набыць сваю зямлю. Кузьма Чорны выдатна паказвае, з якім замілаваннем Гушка думае пра гэта найвышэйшае для яго шчасце — мець сваю зямлю: «Ён бы даглядаў яе (зямлю.— I. М.), угнойваў бы, урабляў. Ён быў бы сам сабе панам».

Праблема зямлі ў рамане — і гэта вельмі важная адзнака яго — непарыўна пераплятаецца з праблемай бацькаўшчыны. Зямля ў паказе К. Чорнага ў рамане набывае як бы значэнне сіноніма бацькаўшчыны. Зямля, адносіны да яе перш за ўсё вызначаюць характар і пазіцыі герояў.

Адносінам селяніна да зямлі пісьменнік прысвячае наогул многія старонкі сваіх раманаў, аповесцей, апавяданняў. Тэма зямлі — адна з самых важных у Чорнавай творчасці.

Лічачы, што зямля можа дапамагчы вызваліцца ад панскай кабалы, Леапольд Гушка не шкадуе нічога, каб набыць яе. Верачы ў яе сілу, Гушка за ўдзірванелы, безнадзейны кавалак яе ўлазіць у пастку кулака Сурвілы, аддае за яе ўсе грошы, якія збярог за жыццё катаржнай працай. Прадае рэчы са сваёй хаты, застаецца амаль без вопраткі і абутку.

У драме «Бацькаўшчына», напісанай К. Чорным паводле рамана, ёсць вельмі выразная і моцная сцэна. Дзея адбываецца на кірмашы. Леапольду Гушку не хапае чатырох рублёў, каб выплаціць Сурвіле, які прыняў яго ў «кампанію» на куплю панскай зямлі, свой грашовы ўзнос. Але Гушка прадаў ужо ўсё, што мог.

Што рабіць? Гушка кліча перакупшчыка, здымае з ног боты і кідае яму. Старыя, разбітыя боты перакупшчык і глядзець не хоча. Тады Гушка здымае пінжак, а калі гэтага аказваецца мала, каб атрымаць патрэбныя чатыры рублі, не вагаючыся, скідае камізэльку, шапку і аддае перакупшчыку. Гушка аддаў усё, што мог, толькі б ажыццявіць сваю надзею — набыць зямлю.

Атрымаўшы дзве дзесяціны камяністай зямлі, якая спрадвеку ніколі не ведала плуга, Гушка, не шкадуючы ні сябе, ні жонкі, ні дачкі, апрацоўвае яе. Яму здаецца, што ён хутка стане «сам сабе панам»!

Кузьма Чорны крок за крокам развейвае гэтую ілюзорную веру селяніна ў зямлю. Пісьменнік паказвае, як з самага пачатку, калі былому парабку здаецца, што ён, нарэшце, пачаў станавіцца вольным гаспадаром, Леапольд Гушка трапляе ў пастку, пастаўленую прагавітым і драпежным Сурвілам.

Забраўшы ў свае рукі Гушку, Сурвіла бязлітасна эксплуатуе яго, знарок затрымлівае афармленне рускага падданства.

Чым далей, тым мацней трымае Гушку ў сваіх руках Сурвіла. Усё больш мацнее залежнасць Гушкі ад кулака.

Трэба адзначыць, што Гушка апынуўся ў такім становішчы не адзін. «Цяпер можна сказаць уся вёска і робіць — і коньмі, і рукамі — Сурвілу і Мазавецкаму».

Як ні ўпарціцца Гушка, ён, нарэшце, вымушан прызнаць крушэнне сваіх лепшых спадзяванняў. «Гэта я яму зямлю купіў, а не ён мне!» — гаворыць з болем і адчаем ён пра Сурвілу. Найбольшага напалу трагедыя Гушкі набывае тады, калі Сурвіла спрабуе адабраць апрацаваную былым парабкам зямлю і загадвае перабрацца на пустыр.

«Дзякуй яму за ласку! Адсюль ён мяне не згоніць! — заяўляе рашуча Гушка. — Я на гэтым кавалку ўсе свае сілы паклаў! Я ссівеў тут, камяні гэтыя руйнуючы. Няхай прыйдзе з прыставам ды жыўцом за горла бярэ, і то я пачну праўды даходзіць. Што, я ад пана ўцёк на тое, каб век вечны Сурвілу за парабка быць? Можа, мне не варта было спачатку брацца за гэтую справу, але што ж, запазна я агледзеўся».

Пісьменнік паказвае, што вялікая Гушкава мара ажыццяўляецца нарэшце ў калгасе. Станаўленню калгаса стары Гушка аддае свой вялікі працоўны вопыт і сілы.

На жаль, апошні перыяд жыцця Леапольда Гушкі пісьменнік падаў вельмі скупа. Вобраз Гушкі, намаляваны спачатку Кузьмой Чорным надзвычай жыва і моцна, не мае такога ж грунтоўнага мастацкага завяршэння. Тут мастацкі паказ падмяняецца паспешлівым пералікам з’яў.

Аналізуючы вобраз Леапольда Гушкі, нельга не адзначыць, што пісьменнік больш упэўнена адчуваў сябе там, дзе маляваў Гушку-працаўніка, гаротніка, ахвяру хцівага кулака. Там жа, дзе трэба было паказаць Гушку як новага чалавека, як кіраўніка калектыўнай гаспадаркі, як грамадзяніна сацыялістычнай бацькаўшчыны, у раманіста, падобна, не хапіла належных фарбаў. Гэта, на жаль, зніжае мастацкую вартасць вобраза, у цэлым цікавага і значнага.

З вобразаў, блізкіх да Леапольда Гушкі, найбольш акрэслены стары Няміра, які з прычыны трагічных акалічнасцей застаецца па той бок мяжы, вымушаны апошнія гады свайго жыцця батракаваць. Расказваючы аб жыцці старога Няміры, параўноўваючы яго лёс з лёсам Гушкі, пісьменнік, натуральна, падмацоўвае асноўную думку рамана.

Як вядома ўжо, адзін з любімых вобразаў К. Чорнага — жанчына-працаўніца, маці. Вобразы такіх жанчын можна знайсці ў многіх творах пісьменніка. З сімпатыяй намаляваны яны і ў рамане «Бацькаўшчына». Гэта — жонка Леапольда Гушкі і яго дачка Марылька.

Жонка Гушкі ўвесь час непакоіцца, турбуецца пра дзяцей — Адася, Антуся, пра свайго мужа. Вобраз гэты паўстае ў рамане глыбока чалавечым і паэтычным.

У сапраўднай велічы раскрываецца прыгожая душа маці ў сцэне, дзе яна, маючы галодных дзяцей, сама галодная, аддае галодным чырвонаармейцам толькі што пазычаны хлеб, пакідаючы для сваёй сям’і невялікі акрайчык. «Калі чырвонаармеец пайшоў — жанчына ўзяла з стала хлеб, пакруціла яго ў руках, пасля адламала на нюх табакі, паклала ў рот, паволі перажоўваючы, і думала, што рабіць з гэтаю рэштаю, ці яе есці, ці глядзець на яе».

І маці, і Марылька — людзі працы. Яны дапамагаюць Леапольду Гушку, не шкадуючы сілы. Маці, хворая, зняможаная, усяляк стараецца перамагчы сваё бяссілле, з апошніх сіл намагаецца зрабіць усё, што трэба для сям’і і гаспадаркі.

Надмерная праца зусім надрывае яе здароўе. «Якое дзіва, што яна ўсе сілы свае страціла, — гаворыць са спачуваннем Леапольд Гушка. — Гэтулькі яна тут адных камянёў папацягала, гэтулькі дзірвану гэтага пападрала».

Звыклая ўсё жыццё працаваць, бачачы ўвесь сэнс жыцця ў гэтым, яна не можа жыць без працы. Нават калі ў часе баёў ёй даводзіцца сядзець у хаце, яна нудзіцца — нельга працаваць. У вайну яе, працоўную сялянку, больш за ўсё ўражвае тое, што палі стаяць нязжатыя. «Не жнуць людзі, нічога не робяць...» — сумна адзначае яна.

Вельмі падобны да гэтага вобраз Кузьма Чорны малюе пазней у рамане «Вялікі дзень».

Важнае месца ў творы займаюць Адась Гушка і Рыгор Чуйка. Адась Гушка вядзе рэвалюцыйную работу спачатку ў сваіх родных мясцінах, пазней на фронце. Ён вяртаецца ў родны горад і стварае бальшавіцкі рэўком, абвяшчае лозунгі рэвалюцыі. Пазней, калі родны край займаюць белапалякі, ён абараняе заваёвы Кастрычніка на фронце. У канцы твора мы даведваемся, што ён вучыцца ў вайсковай акадэміі.

Рыгор Чуйка ўдзельнічае ў партызанскай барацьбе з белапалякамі. Вымушаны застацца ў панскай Польшчы, Рыгор арганізуе забастоўкі сярод рабочых і парабкаў, уздымае іх на барацьбу з памешчыкамі і капіталістамі. На жаль, абодва гэтыя вобразы ў рамане не набылі яскравага аблічча, ім нестае жывых фарбаў. Пісьменнік аддаў ім мала ўвагі.

Кузьма Чорны, відаць, сам адчуваў, што гэтыя вобразы трэба было б падаць глыбей і паўней. Аб гэтым гаворыць той факт, што ў п’есе «Бацькаўшчына» вобраз Адася Гушкі пісьменнік абмаляваў з вялікай увагай. Вобраз Адася ў п’есе стаў фактычна адным з галоўных.

У п’есе Адась — яркі, паўнакроўны вобраз, адзін з самых лепшых вобразаў бальшавікоў у творах Кузьмы Чорнага. Ён стаў тут вялікай творчай удачай пісьменніка. Трэба сказаць, п’еса ў цэлым засведчыла значны творчы рост пісьменніка. Яна засведчыла разам і тое, што пісьменнік сам крытычна асэнсоўваў свае памылкі і пралікі.

Цікава задуман аўтарам рамана вобраз Эдварда Лявера. Лявер, нямецкі салдат, унук такога ж ткача-паўстанца, як і бацька Леапольда Гушкі, мае многа супольнага з Гушкам. У паказе Чорнага Лявер бачыцца намі як родны брат Гушкі. З самага маленства яны ішлі нібы паралельнымі шляхамі, з той розніцай, што Лявер працаваў у Сілезіі, на здабычы жалезнай руды, а потым у вугальных капальнях.

Як і ў Гушкі, у Лявера працоўная, незабяспечаная сям’я. Жонка Лявера — работніца з трыма дзецьмі — вымушана ездзіць з горада ў горад у пошуках работы. Як і Гушка на сваім полі, Лявер на фронце задумваецца над тым, за што яму прыходзіцца ваяваць. Ён таксама адчувае, што ў яго няма сапраўднай бацькаўшчыны, што вайна вядзецца ў інтарэсах капіталістаў. «Нехта там мае капальні, нехта там з таго вуголля, што я капаў век свой, багацее, а я кавалку хлеба жадзен, ды яшчэ ваяваць я павінен? Мне кажуць — ратаваць бацькаўшчыну... Не трэба мне ні бацькаўшчыны гэтакай, ні вайны, ні акопаў, нічога гэтага!»

І Лявер, разумеючы антынародную сутнасць імперыялістычнай вайны, сам здаецца ў палон рускім. У часе рэвалюцыйных падзей Эдвард Лявер ідзе разам з рускімі. Лявер удзельнічае ў рэвалюцыйнай дэманстрацыі. «Ён ішоў непадалёку ад сцяга, разам з усімі, гэты палонны салдат «варожай» арміі», — адзначае пісьменнік, выказваючы вобразам Лявера, яго ўчынкамі ідэю братэрскага яднання працоўных розных нацыянальнасцей у агульнай рэвалюцыйнай барацьбе.

Вярнуўшыся ў кайзераўскую Германію, Лявер актыўна ўдзельнічае ў рабочым руху, у забастоўках. Ён вядзе ў Германіі тую ж работу, якой аддае сваю маладосць у Заходняй Беларусі беларус Рыгор Чуйка. Абодва працуюць у імя стварэння сацыялістычнай бацькаўшчыны на родных землях. Шкада, што гэтая, магчыма, найбольш цікавая старонка біяграфіі Лявера пададзена раманістам толькі інфармацыйна, вобраз Лявера, як і вобраз Адася ў кнізе, не мае вартага завяршэння.

Вобраз Эдварда Лявера — зусім новы як у творчасці К. Чорнага, так і наогул у беларускай прозе.

Значна ярчэй, глыбей намаляваў К. Чорны кулака Сурвілу. Сурвіла — драпежнік і хцівец, усе пачуцці якога падпарадкаваны аднаму — нажыве. Бесчалавечна эксплуатуе Сурвіла не толькі Леапольда Гушку, ён і шляхціц Мазавецкі паступова завалодваюць усёй вёскай.

Сурвіла звычайна глядзіць на сялян вачамі драпежніка, з усяго, што можа цікавіць жывую істоту, яго хвалюе найбольш адно: як з каго можна пажывіцца. Захапіўшы, аблытаўшы ахвяру, Сурвіла не выпускае яе з сваіх рук датуль, пакуль не вып’е апошнія сокі.

Сваё драпежнае нутро Сурвіла, аднак, маскіруе пад дабрадушным, спагадлівым выглядам. Ён прыкідваецца і няшчасным, і бедным, і пакутнікам. Ён крывадушна скардзіцца на вайну, хоць за час яе нажыў вялікае багацце; ён на словах спачувае людзям, хоць у душы непакоіцца толькі пра сябе. Ён зазывае ў сваю хату людзей, хаты якіх папалілі яго абаронцы, белапалякі, стогне над людской бядою: «небаракі-людзі гэтак пакутуюць. Дзе ім цяпер дзецца».

Кузьма Чорны бязлітасна выкрывае гэтага чалавека-звера, ганьбіць яго чорныя задумкі і ўчынкі.

З вобразаў, што акружаюць Сурвілу, пісьменніку больш удаліся шляхціц Мазавецкі, які пазней становіцца апорай панскай Польшчы ў гарадку, і сын Сурвілы. Малады Сурвіла становіцца правай рукой Мазавецкага, працягваючы і падмацоўваючы справу бацькі.

Кузьма Чорны праўдзіва намаляваў аблічча сваіх герояў, даў кожнаму з іх з пазіцый савецкага пісьменніка выразную сацыяльную ацэнку.

«Бацькаўшчына» — раман эпічны; падзеі, якія ў ім разгортваюцца, ахопліваюць вялікі прамежак часу, прыблізна дваццаць год. Дзея першых старонак твора адбываецца гады за два напярэдадні вайны 1914 года, апошнія старонкі малююць перад намі пачатак трыццатых гадоў.

Эпоха, пра якую расказвае К. Чорны, — адна з самых багатых і складаных у гісторыі беларускага народа, яна характарызавалася вялікімі сацыяльнымі зменамі.

Ствараючы свой раман, К. Чорны пракладваў ім у беларускай літаратуры дарогу эпасу.

 

IV

Раман «Трэцяе пакаленне» Кузьма Чорны скончыў у 1934 годзе.

Час, у які ствараўся раман, — першая палова трыццатых гадоў — гэта гады першых пяцігодак, калі савецкая краіна небывалымі ў гісторыі тэмпамі ішла наперад, ліквідуючы сваю шматвяковую адсталасць. Час гэты, як ніякі другі, быў насычаны значнымі падзеямі.

Краіна дробных сялянскіх гаспадарак, местачковых рамеснікаў, старых, тэхнічна адсталых заводзікаў і фабрык станавілася краінаю перадавой індустрыі, буйной калектыўнай гаспадаркі, імклівага росту ў самых розных галінах жыцця.

Ішло напружанае спаборніцтва дзвюх сістэм — сацыялістычнай і капіталістычнай. Сацыялістычны лад у барацьбе з рэшткамі панурага мінулага заваёўваў адну за адной асноўныя пазіцыі ва ўсіх галінах гаспадаркі. Ішло разгорнутае пераможнае наступленне сацыялізма па ўсяму фронту.

Гэты час адзначаны і новымі перамогамі ў савецкай літаратуры.

Леанід Лявонаў стварае раман «Соць» — адзін з першых у нашай літаратуры твораў пра сацыялістычную перабудову, Валянцін Катаеў піша «Час, наперад!» («Время, вперед!»), крыху пазней, у 1938, Аляксандр Малышкін — «Людзі з захалусця» («Люди из захолустья»). У адным радзе з гэтымі і іншымі такімі творамі трэба паставіць і раман Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне».

Калі параўнаць гэтыя творы, то можна заўважыць, што ў іх змесце і кірунку думкі, пры ўсіх індывідуальных якасцях, якія надаюць кожнаму твору своеасаблівае аблічча, багата падобнага, блізкага. Блізкія, падобныя клопаты людзей, іх спадзяванні. Блізкія людзі.

Усё гэта творы — аб сацыялістычным наступленні, якое ішло не толькі ў гаспадарцы, у эканоміцы, але і ў псіхіцы людзей, у іх паводзінах, у іх адносінах між сабою і адносінах да працы, да навакольнага свету.

Змянялася не толькі аблічча краіны, змянялася аблічча чалавека. Аджывала старое, што стагоддзямі ўкаранялася ў душы чалавека, нараджаліся новыя рысы. Нараджаўся новы чалавек, новы герой.

«Трэцяе пакаленне» — твор пра барацьбу старога і новага ў псіхалогіі людзей, пра нараджэнне новага героя. Іменна ў гэтым — асноўная асаблівасць рамана.

Паказ нараджэння новага, барацьбы са старым, аджылым складае змест кнігі, вызначае яго кірунак, яго думкі і яго фарбы.

Гэта задача вызначае вобразную сістэму рамана.

З найбольшай увагай Кузьма Чорны малюе вобраз Міхала Тварыцкага.

Пісьменнік пільна сочыць за ім, паказвае, як фарміруецца светапогляд і характар гэтага чалавека.

З маленства, працуючы пастушком у кулака Скуратовіча, адчуваючы над сабою ўладу прагнага эксплуататара, назіраючы пакуты бацькі, атручанага на вайне, Міхал прыходзіць да жорсткага вываду:

«...круціцца бязлітасная і халодная штука. Яна бяздушная. І ўсё, што трапляе пад яе, яна душыць і крышыць»1.

Гэтая бяздушная машына раздушыла бацьку, без часу звяла яго ў магілу.

Гэтая машына можа раздушыць і яго, Міхала. Трэба асцерагацца, каб не трапіць пад яе.

Разам з гэтым да Міхала прыходзіць ад бацькі і з вопыту працы ў Скуратовіча другі важны, страшны вывад: усе людзі — ворагі, можна спадзявацца толькі на сябе.

Гэта прымушае Міхала жыць, насцярожана азіраючыся, не верачы нічому, што вакол яго, жыць нацята і насцярожана. Ужо з першых дзён працы ў кулака Міхал пачынае баяцца і Скуратовіча, і яго хутара. За гэтыя часы «Міхалка прывык глядзець на ўсё з падазронасцю», — піша аўтар.

У Міхала вельмі моцна развіваецца пільная назіральнасць. Прыйшоўшы да вываду аб жорсткасці жыцця, ён з патаемнай злараднасцю сочыць за кожным крокам чорнай, скрозь зманлівай дзейнасці свайго гаспадара.

Ён хутка пранікае ў таямніцы Скуратовічавых спраў, бярэ ў свае рукі ключы ад іх. Скуратовіч пабойваецца свайго праз меру дапытлівага пастушка. Міхал ловіць гэта, чуе ў сабе дужасць ад усведамлення невядомай раней сваёй сілы. «Ты раней са мной нават не гаварыў па-людску, а цяпер дагаджаеш мне, каб я маўчаў», — думае ён пра Скуратовіча.

У яго душы спее злосць. Ненавідзячы сваё рабскае існаванне, ён, падобна Макару Дзевушкіну Дастаеўскага, думае з асалодай пра тое, як прымусіць свайго прыгнятальніка «патрапятацца».

«Падазронасць мучыла Міхалку. Ён думаў: «Цяпер-то Скуратовіч са мной добра, а як раней быў. Каб пайшоў сказаў, што палавіну ўсяго з поля ён звёз да Сцепуржынскага, от бы патрапятаўся б ён у мяне. От бы я яму падстроіў штуку!»

І ён пачаў усміхацца і гаварыць сам сабе пра Скуратовіча:

— Тады папаскакаў бы. Папаенчыў бы. От бы папагнуўся б!

Памаўчаў, чмыхнуў носам, стрымліваючы смех, ізноў:

— От папабожкаў бы тады!»2

Міхал цешыцца радасцю помсты. У гэтай радасці яго пратэст супраць рабскага свайго становішча.

Але калі Скуратовіч, пачуўшы ўночы гэтае мармытанне і не разабраўшы слоў, пытае з другога пакоя: «Што ты кажаш?» — Міхал «спалохаўся і прыліп да пасцелі».

Пратэст яго нясмелы. Нявольніцкі страх, пачуццё прыгнечанасці перамагае. Яго пратэст — не той пратэст, з якім выступае супраць Скуратовіча, супраць старога, чорнага, таварышка Міхала па працы парабчанка Зося. Міхал баіцца старога, пазбягае барацьбы з ім.

Імкнучыся адпомсціць забойцам бацькі і брата, Зося, праўда, сваёй смеласцю і цвёрдасцю падымае на час і Міхала, вядзе на смелы ўчынак — выкрыццё бандыцкай дзейнасці Скуратовіча.

Але ўчынак гэты не становіцца нормай жыцця Міхала Тварыцкага. Ён — толькі ўзлёт, зроблены пад уплывам больш высокага чалавека. Разарваўшы свае зносіны са Скуратовічам і нават пайшоўшы супраць яго, Міхал Тварыцкі не можа канчаткова вызваліцца ад таго чорнага, што пераняў ад кулака-хутараніна і чаму навучыла яго адвечная філасофія.

Паступова, крок за крокам Кузьма Чорны паказвае, як у душы былога парабка ўсё больш і больш усталёўваецца і мацнее старое, аджылае, якое збліжае яго са Скуратовічам.

Са сваім жорсткім вывадам — «бязлітаснае і халоднае жыццё душыць і крышыць усё, што пападаецца», — Міхал Тварыцкі выходзіць на самастойны шлях.

Ён нічога не бачыць навокал. Жыццё здаецца яму поўным страшных нечаканасцей. Ён увесь у трывозе перад жыццём.

Непакоіць яго і сучаснае, і будучыня. Над ім увесь час вісіць прывід страшнай, «чорнай часіны» — вайны.

Ён не ведае чалавечай радасці і здавальнення.

Міхал упэўнен, што вызваліць яго ад смяротнай небяспекі — быць раздушаным, можа толькі сваё багацце, свая маёмасць. Чатырнаццацігадовым хлапчуком, працуючы парабкам у горадзе, ён марыць: «Кажуць, зямлю будуць даваць, то і я на ўсю нашу сям’ю вазьму. Буду рабіць і абжывацца».

І ён з незвычайнай настойлівасцю імкнецца зарабіць грошай, каб «абжыцца». Ён увесь у гэтым сваім імкненні.

Запрацаваўшы грошай, ён абжываецца. Будуе новую хату, хлеў, купляе каня, арэ зямлю. Ён працуе, не адпачываючы сам, і не дае адпачыць сваёй жонцы. Скнарыстасць яго неймаверная — хоць навокал многа млыноў, ён прымушае жонку малоць збожжа ў жорнах, каб толькі не «раскідаць грошы». Дбаючы пра дзіця, ён у той жа час уздымае крык з-за таго, што Зося, яго жонка, узяла два рублі, каб паправіць дзіцяці туфлікі.

Думкі аб сваёй уласнасці, аб грашах выпальваюць у яго душы чалавечыя пачуцці.

У вобразе Міхала Кузьма Чорны паказаў, як у абстаноўцы сацыялістычнага будаўніцтва траціць сілу старая мараль, ламаюцца старыя звычкі, нараджаецца новае.

Чорнага больш за ўсё цікавіць тое, як Міхал робіцца новым чалавекам.

У вялікіх пакутах нараджаецца новы Міхал.

Панура, насцярожана глядзіць ён спачатку на свет, на акаляючае яго жыццё, не заўважаючы, што час змяніўся і ўсё навокал зусім іншае, чым раней, калі жыў яго бацька, калі сам ён працаваў у Скуратовіча.

Старыя погляды, перанятыя ад нябожчыка-бацькі, ад усяго таго мінулага, у якім ён рос у гады бязрадаснага маленства і першай сталасці, уступаюць у вострую супярэчнасць з новым жыццём, з новымі людскімі звычаямі.

Сышоў у нябыт жыццёвы прынцып — чалавек чалавеку вораг — галоўны прынцып адносін між людзьмі ў старым буржуазным грамадстве. Але Тварыцкі гэтага не заўважае. Ён па-ранейшаму трымаецца даўнейшых поглядаў. «Кожны сабе зарваць стараецца, а ты думаеш, што ўсе добранькія», — дакарае ён жонку.

Перастала ў абстаноўцы сацыялістычнага будаўніцтва пагражаць Тварыцкаму рэальная небяспека «чорнай часіны», а ён усё ніяк не можа пазбыцца страху перад ёй, фактычна атручвае сабе ўсё жыццё. Ад гэтага неспакою перад «чорнай часінай» ён палохаецца сучаснага і будучыні.

Схаваўшыся ў сваёй вузкай, каравай нары, у вечным неспакоі за сваё жыццё, Міхал Тварыцкі такі глухі да праяў навакольнага новага жыцця, што абудзіць яго, перайначыць ніяк не можа нават жонка.

Між Міхалам Тварыцкім і Зосяю распальваецца канфлікт, які, нарэшце, выводзіць іх на зусім розныя шляхі.

Дробнаўласніцкая закасцянеласць прыводзіць Міхала да лагічнага канца — Тварыцкі становіцца не толькі адшчапенцам, але і злачынцам перад новай рэчаіснасцю, перад людзьмі, якія будуюць яе.

Не хочучы таго, вядома, ён робіцца пасобнікам ворагаў, што прыйшлі ў нашу краіну з заграніцы рабіць сваю злую справу. Сын кулака, выкрытага Зосяю разам з Міхалам і расстралянага па заслугах, Толік Скуратовіч і былы «панскі сырнік» Стафан Седас па заданню замежных гаспадароў абакралі банк, забралі вялікую суму грошай, прысланых для буйнога будаўніцтва. З-за нястачы грошай будаўніцтва зрываецца. Сотням рабочых некалькі месяцаў не плоцяць зарплату.

Следчыя органы імкнуцца знайсці сляды злачынства. Ёсць адзін чалавек, які мог бы дапамагчы раскрыць гэтае заблытанае, таямнічае здарэнне, — Тварыцкі. Ён гэта добра разумее.

Але ён маўчыць, тоіць, таму што яму выпадкам здараецца знайсці тыя грошы, якія ўкралі бандыты. З-за гэтых грошай, з-за клопату толькі пра сваё малое, эгаістычнае існаванне ён робіць злачынства.

Тут вышэйшы пункт, завяршэнне шляху Тварыцкага-ўласніка. Шлях гэты канчаецца трагічна. Тварыцкі становіцца ворагам, пападае на лаву падсудных, траціць сям’ю.

У чым сэнс трагедыі Міхала Тварыцкага?

Пісьменнік дае на гэта выразны адказ. Па-чорнаўску філасофска абгрунтаваны.

Трагедыя Міхала ў тым, што хоць ён «з народа, але стаў адшчапенцам і ў такім выглядзе ворагам народа»3. Тварыцкі ішоў не магістральным шляхам, якім ішоў увесь народ, што працаваў на будоўлях пяцігодкі, ён ішоў старымі, крывымі сцежкамі, упарта трымаючыся за старое, уласніцкае, ставячы вышэй за ўсё свае асабістыя эгаістычныя інтарэсы.

Глыбока раскрыўшы сутнасць псіхалогіі Тварыцкага, яе шкоднасць і небяспечнасць у наш час, Кузьма Чорны разам з тым паказаў і шлях для Тварыцкіх у новае жыццё. Моцна, сурова вучыць Тварыцкага наш суд, наша савецкая рэчаіснасць. І Тварыцкі ўрэшце прыходзіць да разумення прычын сваёй жыццёвай трагедыі:

«Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады; навакол чаго трымаліся калісьці цэлыя гады мары — ёсць непатрэбнасць. Не прымаюць гэтыя людзі таго, чым раней думаў усё жыццё трымаць, чым думаў ратавацца і ратаваць блізкіх сваіх. Няма хцівасці, няма скупасці, няма ў аднаго да другога нянавісці»4.

Тварыцкі пойдзе па магістральнаму шляху, ён увальецца ў вялікую армію новых людзей — будаўнікоў сацыялістычнага грамадства.

 

 

Акрамя вобраза Міхала Тварыцкага Кузьма Чорны ў рамане намаляваў яшчэ некалькі глыбокіх, паўнакроўных вобразаў. Гэтыя вобразы адрозніваюцца адзін ад другога як сваімі характарамі, так і жыццёвым вопытам, адносінамі да навакольнага свету.

Але яны падзяляюцца не толькі па сваіх непаўторных, індывідуальных асаблівасцях. Пісьменнік праводзіць між імі больш глыбокую мяжу, вызначае іх класавую прыналежнасць, класавыя ідэалы. Героі рамана «Трэцяе пакаленне» складаюць дзве процілеглыя групы: з аднаго боку — прадстаўнікі рабочага класа і працоўнага сялянства, з другога — кулакі. Між гэтымі групамі герояў ідзе непрымірымая класавая барацьба.

З аднаго боку — былы чырвонаармеец, цяпер буйны савецкі работнік Назарэўскі, начальнік будаўніцтва Несцяровіч, жонка Міхала — Зося Тварыцкая, «кажушаны кравец», з другога боку — Скуратовічы, Сцепуржынскі, Наўмыснік.

Кузьма Чорны глыбока паказаў звярынае нутро кулакоў, якія любымі сродкамі імкнуцца сарваць сацыялістычнае будаўніцтва. Найбольш ярка ўвасоблены метады дзейнасці і «філасофія» ворагаў у вобразе Скуратовіча. У паказе пісьменніка Скуратовіч — усё самае горшае, што засталося нам у спадчыну ад капіталізму.

Скуратовіч — чалавек-звер. У барацьбе за сваё існаванне, за сваю ўласнасць ён гатовы ісці на любыя сродкі. Ён не спыняецца ні перад чым. «Час такі брыдкі цяпер, няпэўны, страшны неспакой, войны, рэвалюцыі ўсялякія. Чалавек цяпер азвярэў. Што ж, кожны ратуецца, як можа, кожны жыць хоча».

Звярыная сутнасць Скуратовіча выяўляецца ў яго паводзінах. Звонку ж ён стараецца прыхаваць сваё нутро маскаю дабраты, кволасці, прыгнечанасці. Ён увесь двудушны. Гэта Чорны ярка паказаў у сцэне рэквізіцыі ў кулака збожжа і ў адносінах між Скуратовічам і яго сынам. Толік Скуратовіч па бацькавай указцы робіць жахлівую расправу над бацькам Зосі, які паведаміў, што стары Скуратовіч хавае лішкі збожжа. Старэйшы Скуратовіч пасля прыязджае на месца расправы і крывадушна жахаецца: «Ай, што робіцца. То гэта ў вуліцы, сярод людзей. А як мне, на адзіноце».

Скуратовіч — хітры, небяспечны звер. Каб схаваць сляды сваіх злачынстваў, ён ідзе нават на тое, што паліць свой уласны хлеў, вазоўню, склеп. Чорны паказаў Скуратовіча бязлітасным і страшным ворагам, які не спыніцца ні перад чым у сваёй нянавісці да савецкага жыцця. Фізічнае знішчэнне гэтага звера ўспрымаецца як адзіна правільны сродак ухіліць небяспеку, якую ён тоіць у сабе.

Кузьма Чорны намаляваў вобраз Скуратовіча з вялікай мастацкай сілаю.

Толік Скуратовіч, працягваючы шлях бацькі, канчае сваё жыццё тым, што ідзе ў савецкую краіну замежным шпіёнам. З замежнай разведкаю звязвае свой лёс і Сцепуржынскі, што пад чужым прозвішчам Наўмысніка пралез на будаўніцтва шкодзіць і помсціць.

Скуратовічы і сцепуржынскія, пры ўсёй іх хітрасці, урэшце, зазнаюць паражэнне, бо супраць іх народ, савецкія людзі. Чорны выводзіць у рамане некалькі прывабных вобразаў савецкіх людзей, сярод якіх па пластычнай рэльефнасці і яркасці фарбаў вылучаюцца вобразы Зосі і асабліва — «кажушанага краўца».

Вобразы Назарэўскага і Несцяровіча — кіруючых савецкіх работнікаў — пісьменніку ўдаліся менш. Яны пададзены эскізна і не маюць закончанасці. Аднак і ў іх ёсць жывыя, трапныя рысы, якія гавораць пра мастацкія ўдачы Чорнага. Як прыклад гэтаму можна прывесці тыя старонкі, дзе пісьменнік паказвае адносіны Несцяровіча да Наўмысніка. Перад намі паўстае постаць савецкага работніка — сумленнага, разважлівага і пільнага.

Назарэўскі запамінаецца нам асабліва па першай частцы рамана, калі ён прыязджае ў родны горад на папраўку пасля ранення. Моцнае ўражанне робіць яго глыбокая, гарачая прамова на судзе, калі ён гаворыць пра «асобу з нявольніцкай душой». У гэтай сцэне Назарэўскі паўстае перад намі як чалавек, які ўмее рабіць значныя абагульненні, умее далёка бачыць і ўсім сэрцам ненавідзіць старое, нявольніцкае.

Цёпла, з любоўю намаляваў пісьменнік сястру Кандрата Назарэўскага Ірыну. Ірына ў савецкім жыцці знаходзіць шырокі светлы шлях і хоча аддаць свае сілы справе «выкарчоўвання эксплуататарства, нявольніцтва з душы».

Больш увагі Кузьма Чорны аддае вобразам Зосі Тварыцкай і краўца. Лёс Зосі спачатку мае многа агульнага з лёсам Міхала Тварыцкага. Разам працавалі яны ў Скуратовіча, а пасля ў горадзе разам будавалі сваю хату, сваё жыццё. Але Зося не перажывае такога пакутнага разладу між сваімі ідэаламі і новым жыццём.

У чым прычына гэтаму? Што яе розніць з Міхалам?

Як і Міхалавы, Зосіны паводзіны грунтуюцца на яе асабістых чалавечых якасцях, на жыццёвым вопыце і на пэўных перакананнях, што выходзяць з гэтага вопыту.

Жыццёвы вопыт і ў Міхала, і ў Зосі ў галоўным аднолькавы. Значыцца, прычыну таго, што яны пайшлі рознымі шляхамі, трэба шукаць у асабістых якасцях іх, у іх перакананнях.

Пісьменнік на многіх прыкладах паказвае, як па-рознаму глядзяць і ідуць у жыцці Міхал і Зося. Супастаўленне гэтых двух шляхоў і лёсаў дае Чорнаму высветліць абодва вельмі важныя для рамана вобразы.

Розніца між Зосяю і Міхалам у тым, што яна як чалавек — больш чулая і смелая. Яна востра адчувае праявы новага, смела ідзе насустрач ім. Яна ахвотна адмаўляецца ад чорнай, цеснай хаты і беспрасветнага, бязрадаснага жыцця на адзіноце, у сваёй «нары». «Яна бачыла, што можа быць заўтра. Магла здагадвацца, як яно пойдзе на паслязаўтра». Яна цягнецца душой да светлага, да новага. Гэта і дапамагае прыйсці ёй да новага простай і яснай дарогай.

«Кажушаны кравец» — своеасаблівы тып былога беларускага селяніна, які адарваўся ад зямлі і жыве толькі сваім рамяством. «Я паўвека свайго прахадзіў па свеце, шыючы кажухі. Там было так — што зарабіў, тое і сцерабіў». Ён і ў хаце ўласнай бывае, можа, некалькі дзён на год. Хадзіў па вёсках і шыў кажухі ён у акрузе «на вёрст больш як сто». Гэта чалавек прыгнечаны і прыніжаны жыццём, слабавольны, чалавек, які звык падпарадкавацца і пабойвацца. Ён перад усімі гнецца і з усімі хутчэй згаджаецца. У яго няма адчування чалавечай годнасці.

Чалавечую годнасць абуджае ў ім наша савецкае жыццё. На будоўлі электрастанцыі ён упершыню пачынае бачыць сябе чалавекам. «Колькі я на сваім вяку меў над сабою гаспадароў, а сам чалавекам ніколі не быў», — гаворыць пра сябе Кравец, працуючы на будаўніцтве. Усведамленне сваёй годнасці краўцом пісьменнік добра паказвае ў апошняй частцы рамана. Характэрнай у гэтых адносінах з’яўляецца яго сустрэча з Наўмыснікам — кулаком Сцепуржынскім. Спачатку, па забытай звычцы, ён памкнуўся падаць руку, але хутка схамянуўся і ўзвысіў голас. Пісьменнік скіроўвае ўвагу чытача на тое, што «гэты чалавек гаворыць вельмі смела і адкрыта, не аглядаючыся назад».

Тут, у сям’і такіх жа, як сам ён, рабочых людзей упершыню ў жыцці кравец з годнасцю глядзіць у заўтрашні дзень. Вельмі кранае сэрца тое, як, быццам толькі што нарадзіўшыся, проста па-дзіцячы радуецца ён хараству людзей і жыцця.

Гэты вобраз — адзін з самых прывабных і глыбокіх не толькі ў рамане, але і ва ўсёй творчасці Кузьмы Чорнага.

Ёсць яшчэ адзін герой у «Трэцім пакаленні», аб якім, на жаль, не ўспамінае ніхто з даследчыкаў рамана.

Герой гэты займае даволі значнае месца ў апошняй частцы рамана, ён надзелены ўсімі рысамі новага. Ён — шматфарбны вобраз людзей, што робяць на будаўніцтве, калектыў. Пісьменнік, малюючы вобраз калектыву, абліччы і ўзаемаадносіны рабочых, вылучае як важную рысу мінулага гэтых людзей тое, што раней кожны з іх жыў паасобку, зашываючыся ў сваю нару. Цяпер стварылася новае асяроддзе, з’яднанае, дружнае, у якім кожны чалавек адчувае сябе часткай адной вялікай сям’і. Варта ўспомніць, як адгукаецца гэты «герой» на няшчасны выпадак, што здарыўся з мулярам, былым краўцом. Варта ўспомніць і сцэну звароту краўца дамоў пасля бальніцы, якая напісана пісьменнікам узрушана, з замілаваннем.

Кравец у калектыве знаходзіць сваю долю і месца ў жыцці. Ён разам з усімі робіць адну вялікую справу.

«Цябе тут мы шануем таксама, — гаворыць Несцяровіч краўцу, — як і ўсіх гэтых людзей, што тут цяпер з табой сядзяць, за адно. Ты кажаш, што ты мураваў. Мільён людзей, скажам, працуе. Адзін муруе, другі цэглу робіць, трэці дрэва чэша, чацвёрты зямлю арэ. Кожны робіць сваё, а разам гэта адна справа».

У рамане, які называецца «Трэцяе пакаленне», пра трэцяе пакаленне гаворыцца параўнаўча мала. Галоўнае месца ў ім займаюць прадстаўнікі першага пакалення (Скуратовіч, Сцепуржынскі, кравец) і асабліва другога пакалення (Міхал і Зося Тварыцкія, Кандрат Назарэўскі, Ірына і іншыя).

Трэцяе пакаленне ў рамане прадстаўляе дачка Зосі і Міхала — Слава. У эпілогу Славе Тварыцкай — восем год. Яна толькі што ўступае ў жыццё. Мы бачым яе самыя першыя жыццёвыя крокі.

Кузьма Чорны ў рамане, такім чынам, толькі пачаў гісторыю трэцяга пакалення. Як вядома з эпілога кнігі, Чорны меў намер напісаць новую кнігу аб вялікай дружбе паміж Славай Тварыцкай і Зосяй Назарэўскай — людзьмі двух пакаленняў. Там, трэба думаць, тэма трэцяга пакалення была б разгорнута і паглыблена.

Аднак, нягледзячы на гэта, тэма трэцяга пакалення мае сваё значэнне і ў гэтай кнізе. Немалая частка рамана прасякнута клопатам аб трэцім пакаленні. Раман накіраваны ў будучыню, галоўныя яго героі багата думаюць і непакояцца пра лёс трэцяга пакалення. Клопат пра яго лёс становіцца ад сярэдзіны твора і да канца як бы новым лейтматывам, які надае раману своеасаблівы накірунак.

Які будзе лёс у гэтага пакалення? Як забяспечыць яму лепшае жыццё?

Над гэтым думаюць не толькі героі рамана. Гэта роздум аб будучыні пакалення і самога аўтара твора. У гэтым роздуме адна з найважнейшых філасофскіх канцэпцый Кузьмы Чорнага ў творы.

Асаблівасці аўтарскай канцэпцыі можна добра высветліць, прасачыўшы за поглядамі на гэтыя пытанні Міхала Тварыцкага.

Міхал Тварыцкі зыходзіць з таго, што над Славай, як і над кожным чалавекам, з першых дзіцячых дзён вісіць небяспека «чорнай часіны». «Ты ніяк пра дзіця не дбаеш, — гаворыць ён жонцы, — ты думаеш, што дзень пражыў, то і дзякуй богу. А што наперадзе? Ты думаеш, вайны не будзе? Яшчэ, можа, прыйдзецца дзіцяці голаму і босаму па дарогах бадзяцца, без бацькі і маткі паміраць з голаду».

Міхал Тварыцкі ўбівае дзіцяці ў галаву, што не трэба глядзець спакойнымі, яснымі вачамі на жыццё, трэба баяцца «чорнай часіны», уводзіць у дзіцячую душу страх перад будучыняй. Ён як бы вучыць глядзець на свет праз цёмнае шкло, якое робіць усё навакольнае страшным.

«Філасофія» Міхала несла ў сабе вялікую небяспеку для дзіцяці. Яна павінна была немінуча скалечыць дзіця, змалку пазбавіць яго радасці жыцця, прыглушыць лепшыя чалавечыя пачуцці, зрабіць душу малой дачкі нявольніцкай.

Асуджаючы жыццёвыя погляды Міхала Тварыцкага, Кузьма Чорны адмаўляе і яго погляды на выхаванне дзіцяці, на лёс таго пакалення, да якога належыць Слава. Чорны рашуча асуджае культ нявольніцтва і страху перад жыццём. Ён за чалавечую радасць, за здаровае жыццё змалку.

Савецкае жыццё, якое выратавала Зосю і Ірыну, адхіліла ад Славы небяспеку «чорнай часіны». Пісьменнік упэўнен: трэцяе пакаленне ў жыцці не толькі не павінна, але і не будзе ведаць тых праклятых чорных дзён, якія зазналі першыя пакаленні. Слава ідзе ў жыццё бадзёрым, упэўненым чалавекам, глядзіць у будучыню яснымі, шчаслівымі вачамі.

Як бачым, раман «Трэцяе пакаленне» і асаблівасцямі вобразаў, і жыццёвымі асновамі, і філасофскімі матывамі мае нямала агульнага з папярэднімі творамі Кузьмы Чорнага. Разам з тым гэты раман увёў у творчасць пісьменніка і многа новага: і самой праблематыкай кнігі, і турботамі яго герояў, і новымі абсягамі жыцця, якія аўтар заўважыў і паспрабаваў грунтоўна даследаваць.

Па жыццёвасці, значнасці праблем і па мастацкіх вартасцях раман «Трэцяе пакаленне», бясспрэчна, адно з найбольшых дасягненняў і самога пісьменніка і ў цэлым тагачаснай беларускай літаратуры.

 

 

1 Чорны К. Трэцяе пакаленне. — Мн.: ДВБ, 1946, с. 47. Далей цытуецца па гэтым выданні.

2 Чорны К. Трэцяе пакаленне, с. 45.

3 Чорны К. Трэцяе пакаленне, с. 136.

4 Чорны К. Трэцяе пакаленне, с. 199.

V

Аповесць «Люба Лук’янская» — другі твор з задуманага Чорным цыкла — напісана ў 1936—1937 гадах.

Па свайму зместу аповесць блізкая да «Трэцяга пакалення». Як і ў «Трэцім пакаленні» тут пісьменніка найбольш цікавіць працэс росту чалавека ва ўмовах савецкага жыцця. Праўда, гэты працэс пададзен тут не так шырока, як у папярэднім творы. У цэнтры ўвагі пісьменніка тут адзін герой, яго клопаты, яго ўчынкі і погляды.

Люба Лук’янская, галоўны герой аповесці, — родная «сястра» Зосі Тварыцкай. У іх вобразах вельмі многа агульных рыс. І Люба, і Зося ў маленстве і юнацтве сваім спазнаюць досыць «свінцовай мярзоты».

Люба, страціўшы сям’ю, згубіўшы бацьку, які змагаецца недзе ў арміі з ворагамі, працуе за наймічку ў млынара.

Цяжкая, беспрасветная паднявольная праца прыглушае ў Любе лепшыя чалавечыя пачуцці. Яна звыкае з абыякавасцю і чэрствасцю людзей. Таму праявы чуласці і спагады Сашкі Стафанковіча, стальмаха з Даўгабродскай вуліцы ў Мінску, робяць на яе асабліва моцнае ўражанне. Яна ўпершыню ў жыцці не адчувае адзінокасці. Уся яе істота цягнецца да кахання, да радасці: «Млынар бачыў як бы нейкую змену ў гэтай дзяўчыне, быццам яе існаванне, поўнае дагэтуль толькі цягавітасці ў працы, набыло адразу нейкі сэнс, быццам новыя інтарэсы абудзіліся ў яе».

Але Сашка ашукаў яе. Ашукаў жорстка. Цяжарную, млынар выганяе Любу з хаты, пазбаўляе працы. Люба ідзе ў Мінск, шукаць бацьку свайго дзіцяці. Той, даведаўшыся, што Люба ў Мінску і цяжарная, схаваўся. Настаюць, бадай, самыя цяжкія дні ў жыцці жанчыны.

Але Люба не сагнулася ад гора і жыццёвых бядот. Яна, хоць і нялёгка, адольвае горкае і цяжкае выпрабаванне. Пісьменнік вылучае як асноўныя рысы яе характару — настойлівасць і стойкасць. Ёй дае дужасць і тое, што на дапамогу ёй прыходзяць савецкія людзі. З іх падтрымкаю Люба становіцца пісьменнай, гадуе і выхоўвае сына, выбіваецца з галечы. У савецкай краіне, паказвае аўтар, праца чалавека высока цэніцца, — добрая праца Любы на фабрыцы прыносіць ёй славу і пашану. Праца дае ёй усё неабходнае для жыцця і выхавання сына.

Жыццёвы шлях Любы Лук’янскай — не ёсць штосьці выпадковае, нехарактэрнае. Такім шляхам ішлі ў той час тысячы, дзесяткі тысяч людзей, якія толькі пры савецкай уладзе змаглі «людзьмі звацца». Кузьма Чорны падае шлях Любы як адну з самых тыповых з’яў жыцця.

У Любы няма такога трагічнага разладу між кірункам сваіх імкненняў і ўмовамі жыцця, які быў у Міхала Тварыцкага. Люба ахвотна вызваляецца ад праклятай спадчыны — цемры, забітасці, атупеласці, з радасцю скідвае яна з сябе тыя чорныя лахманы, што дасталіся ад млынара. У процівагу Тварыцкаму, які ўпарта не хацеў скідваць сваёй чорнай світы, Любе даюць шчасце тыя хвіліны, калі яна апранае чыстую бялізну.

Сцэна «пераадзявання», што на першы погляд можа здацца малазначнаю, вельмі важная. У ёй глыбокі і вельмі чалавечны сэнс. Не выпадкова пісьменнік напісаў яе так усхвалявана; у ёй Чорны выказаў тонкае веданне душы чалавека. «І перад тым як пакласці яго (сяннік.— І. М.) назад на ложак, зняла адтуль кучу лахманоў — тых, што раней былі заместа пасцелі. Тут былі яшчэ і тыя (іх было найбольш), што прынесла ад млынара. Цяпер яны ляжалі каля парога вялізнай кучай. Яна выкінула іх у сенцы ў самы цёмны кут. Ужо без лахманоў паклала на ложак сяннік, накрыла яго новым прасцірадлам, нацягнула на падушку новую навалачку, паклала коўдру з новым падкоўдранікам. Пасля пачала мыць галаву, маючы асалоду ад паху мыла. Скінула з сябе зрэбную і палатаную бялізну і надзела новую, тонкую. Адзеўшыся, яна памыла і адзела сына, села на ложак, перажываючы ўсім целам вялікую лёгкасць ад чыстай бялізны. У той меры як спадалі яны з яе, яна быццам нанава нараджалася на свет. Нязведанае ніколі за ўсё жыццё адчуванне лёгкай і чыстай бялізны запоўніла яе ўсю, першае, можа, на жыцці адчуванне чыстаты туманіла галаву»1.

Так жа хораша і чалавечна паказаў Кузьма Чорны тыя хвіліны, калі Люба ўпершыню чытае, калі яна ўпершыню адчувае, што ёсць у яе сапраўдны друг, што адзінокасць сышла назаўсёды. У гэтым росце чалавека, «ачышчэнні» яго — пафас аповесці «Люба Лук’янская».

Трэба, аднак, сказаць, што рост Любы Лук’янскай Кузьма Чорны паказаў няпоўна. Рабочы калектыў, у якім расла Люба і які памагаў ёй уздымацца, вызваляцца ад лахманоў мінулага, новая праца, якая не няволіла Любу, а развівала ў ёй пачуццё годнасці і гонару, пададзены вельмі бегла, у кароткіх аўтарскіх заўвагах і ў словах гераіні. Гэта збядняе вобраз Любы.

Відаць, пісьменнік сам адчуваў гэта, бо ў канцы аповесці, як бы імкнучыся выправіць свой пралік, словамі Любы гаворыць аб вялікім значэнні ў яе рабочым жыцці працы. «З кожным годам я прывыкала да новай гэтай мне працы і ўцягвалася ў яе...»2 і г. д. Але гэтага вельмі мала.

З іншых вобразаў рамана больш вызначаюцца Сашка Стафанковіч, яго бацька, Вэня Шпулькевіч, партызан Рыльскі, бацька Любы — камандзір артылерыйскага палка Лук’янскі, настаўніца Валя Іваноўская.

Малады Стафанковіч і Шпулькевіч — прадстаўнікі той агіднай часткі абывацеляў, якія імкнуцца, карыстаючыся працаю другіх, прабіць сабе кар’еру, зрабіць лёгкае, бесклапотнае жыццё. «Ён (Сашка. — І. М.) стаў папулярным немаведама за што. Здаецца, ён быў душой усіх спраў, а каб хто запытаўся, што ён і дзе такое зрабіў. Ні ён і ніхто на гэта ніколі не сказаў бы і слова. Заўсёдная яго работа называлася «кіраўнічая работа», але што гэта было за кіраўніцтва. Кіраваў ён шмат чым, але толькі там, дзе льга было абысціся без «кіраўнічай кваліфікацыі» і дзе не пахла глухім кутком, з якога трэба было сапраўднай кіраўнічай працай выганяць дух глухога застою».

Стафанковіч — тып палітычнага авантурыста, які ўсю сваю дзейнасць падпарадкоўвае не інтарэсам справы, а асабістай карыслівасці. Праца яго цікавіць толькі ў той меры, у якой яна можа прынесці яму якую-небудзь выгаду. Бяздушны кар’ерыст, ён нязменна імкнецца выставіць усюды сваю асобу на віднае месца. Пісьменнік з'едліва малюе, як ён нахабна лезе ў ганаровыя прэзідэнты.

Яшчэ больш агідным тыпам паказан Вэня Шпулькевіч, былы агент «свінога купца Хурса», спекулянт, які маральна натхняе Стафанковіча ў яго паганых справах. Гэтыя вобразы Чорны падае ў востра сатырычным плане. Сатыра пісьменніка часта набывае характар гнеўнага выкрыцця, ёю Чорны ўсхвалявана выказвае нянавісць і гнеў да бруднага, подлага ахвосця, што прыстасоўваецца да нашага жыцця, хітра карыстаецца ім.

Савецкае жыццё, дае адчуць Чорны, не тое асяроддзе, дзе могуць расці і развівацца такія пачвары. Таму зусім правамерна паказана ў рамане, што абодва авантурысты, пратрымаўшыся немалы час на паверхні жыцця, аказаліся, нарэшце, выкрытымі, і іх кар’ера ганебна скончылася.

Абодва вобразы мелі бясспрэчнае пазнавальнае значэнне. Не страцілі гэтага значэння яны і сёння, бо стафанковічы і шпулькевічы, вядома, не перавяліся...

Лук’янскі многімі сваімі рысамі напамінае Кандрата Назарэўскага з «Трэцяга пакалення». Як і Кандрат, Лук’янскі ўвесь час грамадзянскай вайны знаходзіўся на перадавых пазіцыях, актыўна ўдзельнічаў у баях з ворагамі савецкай улады.

У Лук’янскага — вялікае асабістае няшчасце: ён страціў сям’ю. Доўгі час ён жыве, не ведаючы, што з сям’ёю. Толькі выпадковая сустрэча з партызанам Рыльскім — знаёмым Любы, праз многа год пасля вайны, наводзіць яго на след дачкі.

Лук’янскі ў паказе Чорнага — чалавек чысты, сціплы, адданы ўсёй душой савецкай краіне. Ён напісан пісьменнікам з вялікай павагай і любоўю.

Паказ трэцяга пакалення і ў гэтым творы мае другараднае значэнне. Таму гэту аповесць нельга лічыць працягам «Трэцяга пакалення», тым творам, у якім пісьменнік збіраўся паказаць вялікую дружбу двух пакаленняў. «Люба Лук’янская» стаіць побач з першым раманам цыкла, вырашаючы на іншым матэрыяле тую ж тэму — лёс і шляхі другога пакалення. Гэта кажа пра тое, што маштабы эпапеі, якую Кузьма Чорны пачаў ствараць, былі надзвычай вялікія...

 

 

1 Чорны К. Люба Лук'янская. — Мн.: 1937, с. 97—98.

2 Чорны К. Люба Лук'янская, с. 170.

VI

Пасля з’яўлення ў друку «Любы Лук’янскай» (1937 г.) пісьменнік, як заўсёды, плённа працаваў. Ён настойліва працягваў працу над задуманай эпапеяй.

«Цяпер я заканчваю раман «Судны дзень», — пісаў Кузьма Чорны ў «Аўтабіяграфіі»,— і адначасова працую над п’есай на тэму аб вызваленні з-пад панска-польскага панавання народаў Заходняй Беларусі — на тэму аб вялікіх гістарычных падзеях восені 1939 г. Пасля сканчэння гэтых твораў буду працаваць над сканчэннем рамана «Вялікае выгнанне», які ў большай частцы ўжо напісаны».

П’еса, аб якой піша К. Чорны, нам вядома. Гэта, бясспрэчна, «Ірынка». Раманы ж не захаваліся — і «Судны дзень», і «Вялікае выгнанне», і, па некаторых вестках, яшчэ «Простыя людзі», — загінулі ў адным з пажараў, што лютавалі ў Мінску ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Да нас дайшоў толькі невялікі ўрывак з рамана «Судны дзень». Урывак быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва»11 ліпеня 1940 г. пад назваю «Свая хата».

Наступны і вельмі важны раздзел у багатым творчым жыцці Кузьмы Чорнага складаюць творы, напісаныя ім ужо ў гады вайны. І ў гэты, вельмі неспрыяльны для пісьменніцкай працы час, Чорны працаваў з выключнай энергіяй. Ім напісаны былі за гэтыя гады шматлікія публіцыстычныя артыкулы, нарысы, апавяданні.

Мне здаецца найбольш важным сярод іх раман «Вялікі дзень».

Твор застаўся няскончаным — ранняя смерць пісьменніка спыніла працу над раманам задоўга да яе завяршэння.

Раман «Вялікі дзень» па задуме пісьменніка, як сведчыць яго жонка Р. І. Свераноўская, павінен быў складацца з трох частак. Чорны паспеў напісаць толькі дзве першыя часткі: «Пошукі роднай зямлі» і «Спустошанне», з трэцяй часткі нам вядомы адзін раздзел.

План усяго рамана не захаваўся, і таму тое, як збіраўся разгарнуць пісьменнік вобразы сваіх герояў у трэцяй частцы, нам невядома. Гэта, бясспрэчна, стварае значныя цяжкасці для даследчыкаў рамана.

Відаць, незавершанасць рамана ў пэўнай меры зніжае яго вартасці. Але тое, што паспеў ужо напісаць Чорны, дае падставы лічыць, што «Вялікі дзень» — адзін з самых значных, самых спелых у ідэйна-мастацкіх адносінах яго твораў.

Раман вызначаецца вялікай эпічнай шырынёю. Падзеі, якія разгортваюцца ў рамане, бяруць свой пачатак у 1910 годзе, канчаюцца першымі месяцамі вайны. Такім чынам, падзеі, што ўвайшлі ў раман, ахопліваюць больш чым трыццацігадовы шлях нашай гісторыі.

Шырынёю вызначаецца і круг герояў, якія дзейнічаюць у рамане. Перад намі паўстаюць вобразы, якія розняцца адзін ад аднаго як па сваёй класавай прыналежнасці, сваіх класавых сімпатыях, так і па сваіх чалавечых асаблівасцях, характарах. Багаты некалі пан Гальвас, які «незадоўга да першай імперыялістычнай вайны пачаў бяднець у сваім вялікім маёнтку», былы панскі парабак, затым — панскі арандатар, што пачаў хутка багацець, Ксавэр Блецька, яго сын Адам, упраўляючы гальвасаўскай гаспадаркай немец Тоўхарт, сын Тоўхарта Генрых, «ціхманы і цягавіты ў працы чалавек» Максім Астаповіч, таварыш Максіма — партызан Кірыла Вялічка, камандзір-пагранічнік Уладзімір Вялічка і салдат Мішурын, удзельнікі абароны Брэста, Марына — дачка Максіма — вось далёка не поўны пералік асноўных герояў рамана К. Чорнага. Можна сказаць, што да гэтага ў беларускай прозе не было твора, роўнага па шырыні ахопу падзей і багаццю вобразаў.

«Вялікі дзень» — гэта раман, як і абодва папярэднія, аб барацьбе старога і новага. Ад папярэдніх твораў, разгледжаных намі, «Вялікі дзень» вылучаецца тым, што тут працэс барацьбы новага і старога паказан не ў псіхалогіі аднаго, двух, трох вобразаў, а ў напружаным, жорсткім змаганні розных класаў, розных класавых імкненняў. Не трэба спрашчаць вядома: і ў «Трэцім пакаленні», і ў «Любе Лук’янскай» пісьменнік, сочачы за ўнутранай эвалюцыяй сваіх герояў, паказваў класавыя вытокі чалавечай псіхалогіі, таксама як і класавы характар асяроддзя, што акружала герояў і ўплывала на іх. У рамане «Вялікі дзень» К. Чорны таксама дае разгорнутыя характарыстыкі ўнутранага руху вобразаў. Але акцэнт, галоўную ўвагу пісьменнік у «Вялікім дні», на нашу думку, у большай, чым раней, меры засяроджвае на паказе супярэчнасцей і барацьбы розных грамадскіх груп, што ўвасабляюць у сабе рысы старога або новага. У гэтым нам бачыцца важная асаблівасць новага твора, якая вылучае яго шырокай эпічнасцю ў параўнанні з ранейшымі творамі, асабліва з «Любай Лук’янскай». Наогул, эпічнасць, як істотная асаблівасць, уласціва і «Любе Лук'янскай», і яшчэ больш «Трэцяму пакаленню», але ўсё ж эпічны размах у іх багата меншы, чым у «Вялікім дні».

Разам з гэтым у апошнім творы набывае асабліва вялікае гучанне тэма, якую пісьменнік уздымаў толькі ў рамане і п’есе «Бацькаўшчына», — тэма абароны савецкай Радзімы, абароны новага свету. Мы бачылі ў ранейшых творах Чорнага, як, пераадольваючы перажыткі былога, фарміраваўся і рос новы чалавек, як ён, радуючыся новаму, аддана працаваў на карысць савецкай Радзімы. Тут мы бачым, як чалавек, што вырас ва ўмовах нашага новага жыцця, абараняе вялікія здабыткі сваёй працы. Любімы герой аўтара, сціплы працавіты чалавек, тут выступае найперш як абаронца Радзімы, салдат, народны мсцівец.

Гэтая асаблівасць збліжае раман Чорнага з яго апавяданнямі перыяду Айчыннай вайны, сабранымі ў зборнік «Вялікае сэрца».

У апавяданнях зборніка пісьменнік стварыў шэраг вобразаў змагароў з нямецкімі захопнікамі. Можна сказаць, што ў зборніку змешчаны нібы эскізныя малюнкі, якія былі пазней пашыраны, разгорнуты ў рамане. Так, вобраз Пархвена Катлубовіча з апавядання «Вялікае сэрца» надзвычай падобны да вобраза Максіма Астаповіча, аднаго з галоўных герояў рамана. Ёсць падабенства і ў бацькі (апавяданне «Бацька») з Антонам Цвіркам, што дзейнічае ў «Вялікім дні». У апавяданнях і ў рамане сустракаюцца блізкія, часам і аднолькавыя сітуацыі. Але блізкасць апавяданняў і рамана не толькі ў гэтым, а — куды больш важна — і ў тым, што і апавяданні, і раман прасякнуты адным, галоўным матывам — нянавісцю да прыгнятальнікаў і прагай барацьбы з імі да пераможнага канца.

Раман «Вялікі дзень» прысвечаны паказу першых двух год Айчыннай вайны. Пра гэта гаворыць і падзагаловак твора: «Вайна 1941—1942 гг.». Аднак уся першая частка — «Пошукі роднай зямлі» — апавядае пра падзеі, вельмі далёкія да пачатку Айчыннай вайны. Вузлы, што завязваюцца ў гэтай частцы, бяруць пачатак за некалькі год перад першай імперыялістычнай вайной.

На самых першых старонках пісьменнік выводзіць у творы вобраз памешчыка Гальваса, «ні то графа, ні то барона».

Гальвас незадоўга да вайны «пачаў бяднець у сваім вялікім маёнтку». Падобна многім сваім братам па класу, Гальвас займаўся тым, што піў і гуляў у карты, усё больш залазячы ў даўгі. Каб мець грошы, ён распрадае зямлю. Чорны ярка паказвае нікчэмнасць і жыццёвую непатрэбнасць Гальваса.

Падобны да гэтага вобраз у свой час неаднойчы малявалі выдатныя рускія пісьменнікі — М. Салтыкоў-Шчадрын, Гл. Успенскі, М. Горкі. Аднак К. Чорны не паўтарае класічныя вобразы, у вобразе Гальваса ён паказвае далейшую эвалюцыю прадстаўнікоў класа памешчыкаў, звязвае гэты вобраз з блізкай нам рэчаіснасцю. Такім чынам, Чорны развівае даўні вобраз, па-наватарску дапаўняе яго новымі рысамі. Трэба сказаць і пра тое, што пісьменнік уводзіць гэты вобраз не з простай цікаўнасці, вобраз гэты неабходны раману, без яго гісторыя перадваенных год была б збедненай, няпоўнай.

Гальвасы — гэта «апошнія магікане» класа, які распадаўся і гінуў. У вобразе старога пана і яго сына пісьменнік паказаў працэс паступовага змізарнення і як вынік — канчатковага духоўнага вымірання памешчыцкага класа. Цэзары Гальвас — сын старога Гальваса — яшчэ больш нікчэмная і пустая істота, чым яго бацька. Ён не здольны ўжо ні на якую карысную справу, усё яго жыццё праходзіць у бязмэтным, нялюдскім бадзянні. Ён не мае ніякіх моцных жаданняў, у яго душы жыве толькі адна бясконцая нуда і абыякавасць да ўсяго, што акаляе яго. «Дзіўная рэч, але ён не памятаў у твар ніводнага простага чалавека», — такой простай і трапнай дэталлю падкрэслівае пісьменнік бескарыснасць Гальваса-сына.

У паказе дэградацыі Цэзарыя Гальваса адна рыса, мне здаецца, для Чорнага мае асаблівае значэнне. Відаць, у гэтым і асноўная прычына той увагі, якую надае пісьменнік гэтаму вобразу. Кузьма Чорны вобразам Гальваса паказвае, што такая спустошаная істота непазбежна губляе і самае галоўнае ў чалавеку пачуццё — пачуццё радзімы. «Гэта было існаванне нуднае і бескарыснае, — гаворыць пісьменнік пра Цэзарыя Гальваса, — і ніякіх карэнняў яно не мела і на той зямлі, на якой расло і трымалася, і на той, якую льга было бачыць з вокан міжнародных вагонаў. Цэзары Гальвас не ведаў тае зямлі, сокі якой кармілі яго... Яму было ўсё роўна, якую траву мне капытамі яго конь, на якім ён кожны дзень выязджаў на спацыр, яму было ўсё роўна, якія колеры ляжаць на вяршалінах дрэў, калі заходзіць ціхае асенняе сонца»1.

Кастрычніцкая рэвалюцыя вымятае гальвасаў, як непатрэбнае смецце. Яны ўцякаюць за мяжу, ратуючыся ад гневу паўстаўшых людзей. Разам з іх ад’ездам гіне і памяць пра іх. «І ніхто ніколі не ўспомніў, дзе і як жывуць Гальвасы і ці жывуць яшчэ яны».

 

 

У тым свеце, у якім жывуць Гальвасы, яшчэ адна асоба прыцягвае вялікую ўвагу пісьменніка.

Гэта асоба, праўда, не радавіты памешчык, а, на думку пана, звычайны мужык Ксавэр Блецька.

Ксавэр Блецька — адзін з важных вобразаў рамана і адна з найбольшых удач пісьменніка.

У вёсцы ідзе хуткі працэс расслаення. У той час як большая частка сялян бяднее і разараецца, другая, нешматлікая — акулачваецца, прыбіраючы ў свае рукі чужую зямлю і маёмасць. Расце і багацее сярод сабе падобных і Ксавэр Блецька, былы панскі паслугач.

Ксавэр Блецька некаторымі сваімі рысамі ў пэўнай меры нагадвае Міхала Тварыцкага. Адрознівае іх спачатку, бадай, найбольш тое, што Блецька пачынае сваю «кар’еру» ў іншых умовах, у дарэвалюцыйны час, ва ўмовах, якія спрыялі ажыццяўленню яго ўласніцкіх планаў.

Як і ў паказе Тварыцкага, Чорны засяроджвае ўвагу чытача на тым, якім спосабам нажывае сабе багацце Блецька.

Як і Тварыцкі, Ксавэр Блецька пачынае з таго, што імкнецца сарваць у свайго гаспадара пана Гальваса ўсё, што можна. Спачатку ён «ціхом цягнуў сабе ў кішэню адусюль, адкуль толькі мог, замест таго каб дбаць аб кожнай гальвасаўскай саломіне». Злоўлены на крадзяжы панскага дабра, ён вымушан пакінуць цёплую сваю службу ў пана і займаецца дробным гандлем. Аднак неўзабаве Блецька даведваецца аб тым, што панская ахмістрыня — цяжарная ад пана і што пану Гальвасу вельмі хочацца збыць яе куды-небудзь. Ксавэр Блецька з уласцівай яму жвавасцю думкі мігам ацэньвае тыя магчымасці, якія мае ў сабе гэта вострая для пана «сітуацыя», і рашае зараз жа скарыстаць яе. Паабяцаўшы ахмістрыні жаніцца, ён выпраўляе яе да пана з наказам, каб яна вымагала «дзеля будучага панскага сына» добры кавалак зямлі — пяцьдзесят дзесяцін.

Пісьменнік бліскуча перадае хцівасць і нахабства гэтага прайдзісвета. Блецька загадвае ахмістрыні патрабаваць не абы-які, а самы лепшы, любімы і пану кавалак зямлі. Пан Гальвас не згаджаецца на гэта патрабаванне брыдкай цяпер каханкі. Ён дае ахмістрыні грошы, але рашуча адмаўляецца даць зямлю. Блецька аднак настойвае, каб ахмістрыня пайшла зноў да пана з патрабаваннем. Тая не наважваецца ісці зноў, і тады Блецька ідзе да пана сам. Не такі ён, каб адступіць там, дзе чуе спажыву.

Неймаверная прага да ўласнасці заглушыла ў Блецьку звычайныя чалавечыя пачуцці. Без якіх-небудзь ваганняў, тым больш без нейкіх пакут сумлення, усё прыносіцца ў ахвяру спажыве. Любы метад добры, дзе можна здабыць багацце. Бязлітасна націскае Блецька на пана, валодаючы тайнай, якую той, добра разумее Блецька, хоча схаваць што б там ні было. «Што гэта будзе вашай ласцы за інтэрас, — нахабна кажа Блецька пану, — калі на ўсю акругу пойдзе погаласка, што ваш сын, скажам, ці дачка гадуецца ў нейкага Ксавэра Блецькі. Нашто ж каб на вашу ласку пальцамі тыцкалі»2.

Якое тонкае, хітрае ў гэтых словах спалучэнне быццам спачування і проста-такі здзеку. Востры, дакладна разлічаны ўдар у самае чулае панскае сэрца!

Цікава, што ў тлумачэнні нахабства, з якім дабіваецца Блецька свайго, пісьменнік дае прычыну, якая была ім выказана некалі ў «Трэцім пакаленні», дзе сілу малы Міхал адчувае, адкрыўшы Скуратовічаву тайну. І тут моц Блецьку дае валоданне панскай тайнай. «А як жа! Ён (Блецька. — I. М.) быў гаспадаром гальвасаўскай тайны!»

Ксавэр Блецька з трыумфам дабіваецца свайго — купляе ў пана зямлю, і якраз той, самы лепшы, аблюбаваны кавалак. Ды яшчэ як! За панскія ж грошы, тыя грошы, якія толькі што, каб адкупіцца, пан даў ахмістрыні і якія Блецька прыбраў сабе. Выдатная, проста бальзакаўская дэталь!

«...Блецька як мае быць таргаваўся і трымаўся быццам у сябе ў хаце. А як жа! Ён быў гаспадаром гальвасаўскай тайны. Такім парадкам ён за гальвасаўскія грошы, перададзеныя яму Аміляй, купіў у Гальваса пяцьдзесят дзесяцін самай лепшай зямлі, на скрыжаванні Нясвіжскай і Лечашынскай дарог»3.

Кузьма Чорны бязлітасна, да канца выкрывае бесчалавечнасць Блецькі-ўласніка. Выдатна характарызуе звярыную сутнасць Блецькі падзея, якая следуе пасля таго, як Блецька купіў зямлю. Скарыстаўшы панскую «тайну», стаўшы гаспадаром панскай зямлі, Блецька загадвае жонцы забіць панскае дзіця, якое павінна нарадзіцца. Яно больш не патрэбна.

Добра выяўляюць вобраз Блецькі ў цэлым узаемаадносіны Блецькі з жонкай. Жаніўшыся па разліку, ён ненавідзіць яе ўсёй душой і абыходзіцца з ёю не толькі без якой-небудзь павагі да яе, але з нялюдскай чэрствасцю і жорсткасцю. Ён не толькі не шануе яе матчыну любоў да першага сына, а з нянавісцю здзекуецца і з яе і з яе старэйшага сына. Ён фактычна ўрэшце зводзіць яе ў магілу.

Страціўшы чалавечае ў сабе, ён калечыць не толькі жыццё Амілі, але і дзяцей. Эксплуатуючы нялюбага старэйшага сына Антона, ён прычыняе бяду і малодшаму Адаму. Вядома ж, ён вінаваты ў тым, што выпешчаны ім нашчадак Адам падымае руку на Антона і забівае яго.

Так расце і мацнее кулак, чалавек-звер. Новыя часы зрываюць яго намеры. Стаіўшы злосць, ён робіцца ціхім, нават нібы перайначваецца, робіцца старанным кааператарам. Ён так добра вядзе ролю няшчаснага і лагоднага чалавека, што яму нават спачуваюць. Чорны выдатна паказвае, што Блецька і сам зжываецца з новай сваёй роллю. Быццам зусім траціць ранейшыя свае звярыныя якасці, згаджаецца з прысудам новага часу.

Праўда, прыедзе з Германіі Адам, намякне пра вайну, і перад намі зноў паўстане былы Ксавэр Блецька.

Пісьменнік, выкрываючы затоеныя блецькавы думкі, як бы папярэджвае: не верце зверу.

У цэлым добра пададзена ўся сям’я: і жонка Аміля, і абодва сыны. Усё гэта жывыя, праўдзівыя вобразы. Але найбольш цікавы з іх, бадай, меншы сын Блецькі Адам. Чорны шчодра малюе яго вобраз, пільна сочыць за яго шляхам, адчуваннем і думкамі. Ён добра напісаў тыя пачуцці, якія хвалююць Адама пасля забойства брата, пасля таго, як Адам пераходзіць мяжу і прыладжваецца служкаю да маладога Гальваса, едзе з ім у Германію да сябра Цэзарыя Генрыха Тоўхарта. У вобразе Адама Чорнаму добра ўдалося паказаць дыялектыку злачыннага і чалавечага, і таму такім па-мастацку пераканальным выйшаў у пісьменніка шлях Адама ад крымінальнага злачынцы да здрадніка Радзімы, паслугача акупантаў.

Упершыню, відаць, Чорны паказвае тут непасрэдна перадваеннае жыццё ў Германіі. Гэтым сцэнам не хапае дакладных дэталей, быт Германіі паказан скупа, малаканкрэтна, і гэта натуральна. Але абодва немцы Тоўхарты маюць свае жывыя рысы. Калі старэйшы — бацька — намаляваны найбольш у час яго службы ў Гальваса некалькімі рыскамі, то сына яго — Генрыха — мы бачым у развіцці, разгорнута. Бачым, як з акуратненькага, ціхага гімназісціка з залапленымі штанамі вырастае «высокі і грузны ў плячах» здаравіла, спелы ў сваіх перакананнях фашыст. Гэта адкормлены бугай тады, як з ім сустракаецца малады Гальвас, ужо не марыць, а верыць, што разам са сваімі паплечнікамі ён «рана ці позна паставіць свой жалезны п’едэстал над усім светам. На п’едэстале будзем мы, а пад ім казюлі і чэрві»4.

У вобразе Генрыха Тоўхарта пісьменнік малюе, як у перадваенны час уздымаліся будучыя прэтэндэнты на сусветнае панаванне.

У гэтым вобразе ён паказвае, як узнікала фашысцкая пагроза для мірнага жыцця савецкіх людзей.

 

 

Побач з гэтымі Кузьма Чорны малюе вобразы людзей, што сталі будаўнікамі новага жыцця.

З вялікай любоўю малюе пісьменнік вобразы тых, хто ў мірных, будзённых клопатах робіць самае прыгожае, што можа рабіць чалавек, — ствараюць жыццё, хараство на зямлі, чалавечае шчасце.

Сярод гэтых вобразаў — Марына, яе дачка Настачка, Максім Астаповіч, Уладзя і Кірыла Вялічкі і нямала іншых.

Гэта — галоўныя героі рамана і, як паказвае пісьменнік, адзіныя сапраўдныя, законныя гаспадары зямлі. Не Гальвасы, не Блецькі, не Тоўхарты, а Астаповіч і Вялічка і ім падобныя, даводзіць Чорны, павінны ўладаць зямлёй. У іх на гэта ўсе правы: яны адваявалі яе («знайшлі»), апрацавалі і зрабілі яе ўрадліваю.

З любоўю піша Кузьма Чорны пра зямлю, на якой жывуць блізкія душы яго героі. Багатае настроямі эпічнае апавяданне пісьменніка, у якім нямала і горычы, і болю, і з’едлівасці там, дзе ён малюе родную зямлю, гучыць з сардэчным паэтычным замілаваннем. «Тут усюды было прасторна. І ўсяго тут было многа. Многа было дрэў, і зямлі, і травы, і вады, і неба. Зямля тут радзіла добра. Хвойныя лясы пракідаліся градой дубу і грабу. Бярозавыя гаі стаялі ў ясную восень, як у золаце. Здавалася тады, што калі зойдзе сонца, праменне яго астаецца на ўсю ноч ляжаць на ціхіх дрэвах. Улетку спеў на полі поўны колас і пахла яго салома, і трава, і кара дрэў, і вецер»5.

На гэтай, такой любай пісьменніку зямлі жывуць дарагія яго сэрцу людзі. І тут, як і ў некаторых ранейшых творах Чорнага, вельмі моцна чуецца ўлюбёны яго матыў еднасці прыроды і чалавека.

Прыроду і чалавека яднае праца. Усе лепшыя людзі Чорнага жывуць з прыродаю, на ёй і з ёю карчуюць пні, робяць поле, будуюць хаты, гадуюць дзяцей. Моцнымі працоўнымі клопатамі звязаны з прыродаю ў рамане Марына, Настачка, Максім Астаповіч, бацька і сын Вялічкі.

Найбольш уважліва выпісан Чорным Максім Астаповіч. Вобраз гэты галоўнымі рысамі нагадвае многія ранейшыя вобразы пісьменніка, асабліва Леапольда Гушку, з якім у Астаповіча агульныя нават жыццёвыя акалічнасці.

З замілаваннем піша Кузьма Чорны пра нястомную і таленавітую працавітасць Астаповіча. Чаго толькі не рабілі на вяку здатныя на ўсё яго рукі. «...Максім Астаповіч, зусім яшчэ малады хлопец, хадзіў з бацькам па людзях і капаў калодзежы. Ва ўсёй шырокай навакольнасці ўсе калодзежы тут былі выкапаны старым і маладым Астаповічамі. Максім Астаповіч навучыўся быць і мулярам. Ён умеў ставіць ветракі. Ён нанава адрамантаваў гальвасаў вадзяны млын. Ён стаў пчаляром, садаводам і агароднікам. Так, шукаючы, як ён казаў, таленту, каб жыць, ён шмат што пераняў і многа чаго ўмеў»6.

Чорны паказвае, як багата гора даводзіцца зазнаць гэтаму чалавеку. Памірае, надарваўшыся ў надмернай працы, любая «несвіжанка»-жонка, панскія паслугачы ў час белапольскай акупацыі раскідаюць амаль збудаваную хату, але Астаповіч перагорвае ўсё. Прыходзіць, як піша Чорны, блаславенны час, вяртаецца савецкая ўлада, і Астаповіч зноў будуецца і будуе: паштовую кантору, сельсавет, школу.

Чорнаму ўдалося паказаць Астаповіча як жывую істоту. Пісьменнік не тоіць яго чалавечых слабасцей, незвычайнай даверлівасці, што даходзіць часам да слепаты: Астаповіч ніяк не можа раскусіць Блецьку, лічыць яго нават дабрадзеем, дзякуе яму. Не хапае Астаповічу і самастойнасці ў поглядах: «Астаповіч змалку і дагэтуль быў чалавек мяккі і падатлівы чужому слову». У ім ёсць не толькі мяккасць, але і ўседаравальнасць. «Можа, што іншае, а судзіць каго-небудзь — ніколі не было ў яго натуры».

Яго сябар і паплечнік Кірыла Вялічка — характар больш цвёрды, ваяўнічы.

Пакрыўджаны ў дні панскай акупацыі разам з Максімам, Кірыла Вялічка не бядуе так, як яго сябра. Вялічка разам з сынам ідзе ў лес і помсціць пану Гальвасу за крыўду — паліць набітае поўна снапамі панскае гумно. Паміраючы ў лесе ад варожай кулі, Кірыла Вялічка ў апошнюю хвіліну навучае сына: «Жывучы — рабі ўсё сам і май натуру, каб не надакучаць нікому і каб ніхто ніколі не папракнуў цябе, што ты з чужога жывеш. Няхай лепш да цябе горнуцца людзі як да чалавека, які здолен зрабіць што трэба». Ён наказвае сыну: «І барані цябе божа, выносіць на сваім карку крыўду»7.

Сын Кірыла Вялічкі — Уладзя — не адразу знаходзіць свой шлях. У паказе яго жыцця пасля смерці бацькі ёсць у рамане нейкая недадуманасць. Нематывавана, ненатуральна бесклапотнае жыццё Уладзі ў Слуцку, у цёткі. Як бы выпадковым прымаецца кароткае паведамленне, што Уладзя нарэшце «прыстаў да чырвонаармейскай часці». І ўсяго праз некалькі радкоў заключнае: «І так ён прабыў з часцю да самага канца вайны».

Яшчэ ў першай частцы рамана Чорны пачынае галоўную тэму рамана — тэму народа і вайны.

Вайна, паказвае Чорны, — вялікае няшчасце для народа. У першай частцы ў лёс герояў рамана ўрываюцца першая сусветная вайна, белапольская акупацыя.

Першая сусветная вайна перапыняе працу Астаповіча, блытае яго планы. Нішчыць яго мары стварыць «рай на адваяванай ад лесу зямлі», калечыць Максіма. Пакуль Максім вымушан быў ваяваць, яго жонка памірае ад непасільнай працы, а гаспадарка прыходзіць у заняпад.

Трэба сказаць, што ў рамане пісьменнік амаль не паказаў сутнасць вайны, абышоў факт ператварэння вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую. Па старонках рамана як далёкае водгулле праходзіць такая вялікая падзея, як Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Вялікая рэвалюцыйная навальніца прайшла як бы стараной ад Максіма.

Вобраз Максіма ў першай частцы рамана падан больш сам па сабе, ён мала звязан з гістарычнай абстаноўкай. Гэта, вядома, у значнай меры звужае жыццёвае багацце вобраза.

Лепш намаляваў К. Чорны Максіма Астаповіча ў часы белапольскай акупацыі. Узрушана, жывымі праявамі пісьменнік расказвае пра тое, як Гальвас і яго аканом, вярнуўшыся з акупантамі, бесчалавечна зганяюць сялян з зямлі, раскідваюць збудаваныя імі новыя хаты. Тут можна папракнуць пісьменніка хіба ў тым, што ён амаль не паказаў супраціўлення народа акупантам і здзекам. Толькі адзін чалавек — Кірыла Вялічка — паўстае, бунт яго носіць адзіночны, стыхійны характар. Натуральна, што гэты бунтар-адзіночка нічога амаль не змог зрабіць; падпаліўшы панскае гумно, ён гіне ад выпадковай кулі.

Чорны добра разумеў бяссілле такога адзіночнага бунтарства. Не выпадкова ў рамане ёсць эпізод, дзе смяротна ранены Кірыла Вялічка гаворыць са шкадаваннем свайму сыну Уладзіку:

«Чутно па людзях, што там, пад Слуцак, людзі па лясах туляюцца, дома не сядзяць. Я цяпер адумаўся, што мне трэба было пашукаць гэтых людзей, а не ўміраць тут сабе на боль і табе на пакуту».

Шкада, што такія людзі не з’явіліся на старонках твора. Мала што мяняе ў гэтых адносінах сцэна, у якой пісьменнік робіць Уладзю Вялічку сведкам таго, як белапалякі караюць слуцкіх партызан. Сцэна сама па сабе ўражвае, але яна амаль нічога не дадае да нашых уяўленняў аб народным змаганні супраць тагачасных акупантаў.

Узаемаадносіны — вайна і народ — складаюць аснову і змест другой часткі твора — «Спустошанне».

Згодна з гістарычнай праўдаю Чорны светлымі фарбамі малюе апошнія перадваенныя дні, напоўненыя шчасцем чалавечага быцця, мірнымі жыццёвымі клопатамі.

Самыя харошыя, паэтычныя радкі прысвячае пісьменнік унучцы Астаповіча Настачцы, прадстаўніку таго пакалення, для якога Гальвас быў «нейкі таемны і невядомы пан», а імя дзеда Кірыла Вялічкі было легендай.

Вобраз Настачкі добра дапаўняе галерэю прывабных дзіцячых вобразаў, якую стварыў Кузьма Чорны ў сваіх раманах. Настачка многімі рысамі нагадвае Славу Тварыцкую і сына Любы. Пісьменнік паказвае шчаслівае маленства Настачкі, якой пакуль не давялося ведаць «страшнай праўды» мінулага.

Новае жыццё выбавіла Настачку ад цяжкай долі, якую зазнавала кожнае сялянскае дзіця ў мінулым. Гэта было шчаслівае маленства. «Яна не цягалася цэлымі днямі на полі за каровамі, не прабівала босых ног аб палявое каменне і травяністыя карчы, яна не ўставала разам з сонцам і не ведала страшнай дзіцячай пакуты, калі ў галаве стукае боль ад бессані і лягчэй адысці ў нябыт, чым адарвацца ад сну».

Праз бязвоблачны свет Настачкі мы адчуваем і радасць яе жыцця і радасць жыцця яе маці Марыны і яе дзеда Астаповіча.

Але ўжо ў той час, калі пісьменнік апавядае пра дзіцячыя радасці і клопаты Настачкі, мы ведаем, што над шчасцем яе навісла смяротная пагроза. Перад гэтым, у самым пачатку другой часткі рамана, пісьменнік расказаў ужо, як на мірную нашу зямлю фашысцкім дыверсантам вяртаецца Адам Блецька. У рамане добра перададзена адчуванне вялікай навалы, што павінна пачацца са дня на дзень.

Яна вось-вось пачнецца, абрыне на нас, гэта навала, вайна. Вось яна, яшчэ неймаверная мяжа між мірам і вайною, між шчасцем і горам.

З хваляваннем, з нервовым запалам піша Чорны малюнкі першых дзён вайны. Нават праз радкі адчуваецца боль, з якім гаворыць пісьменнік пра нечуваныя пакуты людзей, якіх заспела знянацку вайна. «Раз-пораз імчаліся нізка над зямлёй нямецкія самалёты і секлі кулямі зямлю. Натоўп жанчын і дзяцей пачаў разбягацца па полі, і тады аўтаматчыкі з лесу далі залпы. Праз гул самалётных матораў чуліся крыкі і енкі»8.

Ёсць нешта апакаліптычнае ў тым, з якой шырынёю малюе пісьменнік народную бяду. Такой шырыні малюнкаў у Чорнага, бадай, не было раней. Наогул, другая частка рамана вылучаецца шырынёй бачання падзей вайны, імкненнем ахапіць народную бяду шырокім позіркам. Малюючы асобныя вобразы, пісьменнік імкнецца стварыць вобраз народа. І бяда для яго — не бяда асобных людзей, а бяда для ўсіх, народа.

Так, раман «Вялікі дзень» набывае эпічны размах, і гэта імкненне да эпасу ў творы вельмі адчуваецца.

Кузьма Чорны паказвае, з якім гераізмам і самаадданасцю савецкія людзі абараняюць сваё права на жыццё, на незалежнасць, шчаслівую будучыню для дзяцей. Малюнкі першых баёў з гітлераўцамі, і асабліва ўпартых баёў у Брэсце, адносяцца да найбольш драматычных старонак рамана. Тут Чорны, бадай, упершыню ў сваёй творчасці з такім запалам і так шырока малюе батальныя карціны. Аб баях ён неаднойчы пісаў і раней, але ніколі батальны жанр не хваляваў так пісьменніка. У рамане «Вялікі дзень» Чорны піша пра баі з незвычайнай дасюль падрабязнасцю, імкнецца паказаць вайну ва ўсёй яе трагічнай складанасці. Можна сказаць, у «Вялікім дні» ўсе батальныя сцэны намаляваны з эпічнай шырынёй і маштабнасцю. У гэтых адносінах раман «Вялікі дзень» — значны крок наперад у параўнанні з папярэднімі творамі.

Для батальных сцэн пісьменніка характэрна, што Чорны паказвае падзеі бою не з вонкавага боку, не як старонні назіральнік, а праз адчуванні сваіх герояў. Так, напрыклад, бой у Брэсце ўвесь пададзен праз пачуцці Вялічкі. Гэта прыдае малюнкам бою большую жыццёвую пераканальнасць і ўражлівасць.

Трэба, праўда, адзначыць, што той, каму даводзілася непасрэдна быць у баі, заўважыць, што адчуванні чалавека ў баі Чорны паказвае даволі агульна, прыблізна. Прыкметна, што пісьменніку не хапала жывых назіранняў. Гэта, напрыклад, можна заўважыць і ў тым, як пісьменнік перадае адчуванні Уладзіміра Вялічкі і як паказвае яго дзейнасць як камандзіра. Калі ў паказе чалавечых паводзін Вялічкі ёсць жывыя рысы, хоць і не хапае жывых дэталей, то як камандзір Вялічка амаль ніяк не выяўлены. А тое, што пісьменнік паказвае ў ім камандзірскае, — ёсць вельмі павярхоўнае.

Гэтыя слабасці твора, думаецца, амаль непазбежныя. Трэба лічыцца з тым, што Чорны пісаў свой твор аб вайне адным з першых, ды і з прычыны хваробы не мог глыбей пазнаць тонкасці вайсковай справы. Відаць, на гэтых асаблівасцях твора адбілася і тое, што пісаўся ён у нялёгкіх умовах ваеннага часу.

І Вялічка, і яго байцы паказаны Чорным як мужныя, цвёрдыя людзі, якія не шкадуюць жыцця ў барацьбе з ворагам. Пісьменнік амаль не гаворыць пра патрыятычныя пачуцці байцоў, але тое, як яны ваююць, як абараняюць горад, лепш за любыя рытарычныя развагі расказвае нам пра іх любоў да Радзімы, пра іх вялікі патрыятызм.

Пачуццё нянавісці да захопнікаў, прагі барацьбы з ворагам у Вялічкі моцнае. Нават тады, калі ён, пасля мнагадзённых баёў у Брэсце, ляжыць цяжка паранены, на мяжы між жыццём і смерцю, ён імкнецца да барацьбы.

«Было і яшчэ ў яго адчуваннях: яму штосьці рупела, быццам ён стараўся ўспомніць тое важнае, ад чаго залежаў яго лёс. І нарэшце гэтае адчуванне стала непераможным жаданнем зрабіць смерць хоць бы яшчэ аднаму немцу, але так, каб ён доўга мучыўся. На доўгі час пачыналася яго нянавісць і жудасная сваімі памерамі пагарда»9. Гэтае вялікае пачуццё параненаму і знясіленаму Вялічку надае сілы, уздымае яго.

Кузьма Чорны чула заўважыў, што ў цяжкіх выпрабаваннях вайны памацнела, як жыццёва неабходнае, адчуванне Радзімы. Як натуральнае памацнела ў нашых людзях, адзначае пісьменнік, імкненне шырока бачыць свет, разбірацца ў сэнсе складаных падзей, у якія ўцягнула людзей усенародная барацьба супраць ворага. Важную думку выказвае Чорны, малюючы савецкага камандзіра Вялічку ў той момант, калі ён толькі што вырваўся з абложанага ворагам Брэста, дзе яго ўзвод дзевяць дзён біўся з наступаючымі немцамі.

«Уладзімір Вялічка быў просты чалавек. Ён зусім, і асабліва ў гэты час, не ўсвядоміў сабе ўсяго значэння той справы, з якой толькі што выйшаў. У жыцці Вялічка займаў малое месца. Можа быць, яго свет быў абмежаваны тым месцам, дзе ён жыў, і тым, што ён калі бачыў. Але ў гэтыя хвіліны, калі ён разам з новым сваім другам Андрэем Мішурыным ляжаў у гарачыні жытняга поля і пакутаваў ад раны ў плячы і ад свайго вялікага смутку, у гэтыя хвіліны, а можа, і пасля ўжо назаўсёды, ад яго так званай, як мы сказалі, абмежаванасці да ўсяго таго, што льга назваць усеабдымнай чалавечай асобай, быў толькі адзін крок. Душа яго раскрылася для пазнання свету, яна шукала гэтага пазнання»10.

На жаль, трэба сказаць, гэтая пісьменніцкая развага застаецца ў рамане ў значнай меры толькі дэкларацыяй. У мастацкім пісьменніцкім паказе характар адчуванняў і думак Вялічкі застаецца звычайна абмежаваны. Ён думае амаль толькі аб блізкім, асабістым, аб Марыне, аб дачцэ Настачцы. Правільна зазначыўшы, што погляды Вялічкі сталі больш шырокімі, «усеабдымнымі», аўтар рамана не падмацаваў гэта, не паказаў канкрэтна, як пашырыўся яго ўнутраны свет. Унутраны свет камандзіра ўзвода Вялічкі па сутнасці застаецца вузкім, замкнёным у цесны сямейны круг.

Вобразам савецкіх людзей у рамане супрацьпастаўлены вобразы ворагаў і іх прыслужнікаў. Тут мы зноў сустракаемся з Генрыхам Тоўхартам, з Адамам Блецькам, закінутым у родныя мясціны ў ролі фашысцкага дыверсанта, знаёмімся з гітлераўскім салдатам Эмілем Клеберам. У абліччы Генрыха Тоўхарта Чорнаму ўдалося стварыць адзін з першых у беларускай літаратуры вобразаў буйных фашысцкіх дзеячаў.

Адкормлены гітлераўскі чын, спецыяліст па рускіх пытаннях Тоўхарт становіцца ўпраўляючым захопленай немцамі вялікай вобласці. Ён займае той маёнтак, дзе яго бацька быў панскім паслугачом, сам становіцца яго гаспадаром. Не выпадкова поўна глыбокага значэння тое, што Тоўхарт займае месца Гальваса.

З хваляваннем, з нянавісцю Чорны паказвае бесчалавечнае аблічча акупантаў. Самыя першыя іх крокі на савецкай зямлі заліты людской крывёю, адзначаны масавымі забойствамі. Ярка расказаў пісьменнік, як нямецкі дэсант бязлітасна забівае мірных людзей — дзяцей і жанчын, што ўцякаюць ад нашэсця, як фашысцкія самалёты паляць і руйнуюць хаты, вёскі, гарады. Гэтыя малюнкі напісаны пісьменнікам, які глыбока любіў родны народ і разам з ім перажываў яго бяду.

У вобразе Эміля Клебера Чорны намаляваў аднаго з мільёнаў узброеных акупантаў. Гэта жорсткая і бяздушная істота, якая прыйшла ў нашу краіну для разбою. Як і ўся звярыная зграя яе паплечнікаў, істота гэта непахісна засвоіла, што ўсё будзе «ўзята для нямецкай радасці», што трэба быць бязлітасным у адносінах да заваяваных.

Клебер — жорсткае, нялюдскае стварэнне, гатовае на любое злачынства па загаду свайго фашысцкага начальства. З яго душы, паказвае пісьменнік, выгнаны ўсе чалавечыя пачуцці. Позіркам забойцы глядзіць Клебер на савецкую зямлю.

«Перад ім была зямля, якую ён упершыню бачыў, хоць пра якую і вельмі многа чуў раней. Незвычайнасць яго стану не кранула яго душы. Далягляд, над якім паднялося сонца, нічога не гаварыў яго сэрцу. Лес, які быў навокал яго, не вабіў яго»11.

Як бы падкрэсліваючы асноўную рысу ў характары Клебера, пісьменнік піша: «Клебер12 глядзеў на ўсё гэта (на савецкіх людзей.— І. М.), як на цэль, у якую трэба было б страляць...» Трапная, дакладная псіхалагічная дэталь!

Разам з нямецкімі захопнікамі выступаюць здраднікі — Адам і Ксавэр Блецькі. Адам — крымінальны злачынца, што забіў брата, дапамагае фашысцкім захопнікам асталявацца ў яго родных месцах, выдае гітлераўцам людзей, якія хаваюцца ў млыне. Ён расчышчае дарогу і для свайго бацькі Ксавэра Блецькі.

Ксавэр Блецька тут вельмі цікава намечан. У вобразе яго адчуваецца вялікая псіхалагічная праніклівасць пісьменніка. Нават пры тым, што ён толькі пачаты, вобраз Блецькі адзін з найбольш цікавых у гэтай частцы.

Другая частка рамана «Вялікі дзень» канчаецца падзеямі першых дзён вайны. Вайна ўвайшла ў савецкую краіну, захапіла ўсіх герояў, паставіла кожнага з іх перад вялікім выпрабаваннем.

Раман абрываецца на самым пачатку вялікай усенароднай бітвы. Карціна, так шырока разгорнутая, засталася напісанай толькі, можа быць, у невялікай меры. Наперадзе павінны былі нас чакаць вялікія і крутыя павароты чалавечых лёсаў, народнага лёсу.

Пісьменнік не ўправіўся расказаць пра гэта. Але і тое, што ён управіўся зрабіць, дае падставы залічыць раман «Вялікі дзень» да значных здабыткаў прозы Кузьмы Чорнага і ўсёй беларускай літаратуры.

Раман «Вялікі дзень» — адна з вяршынь у багатай творчай спадчыне Кузьмы Чорнага, адзін з паказчыкаў таго, з якімі болем, любоўю і надзеяю думаў пісьменнік пра народ у часіну смяротна небяспечнай фашысцкай навалы.

 

 

1 Чорны К. Выбраныя творы, с. 296.

2 Чорны К. Выбраныя творы, с. 290.

3 Чорны К. Выбраныя творы, с. 290.

4 Чорны К. Выбраныя творы, с. 312.

5 Чорны К. Выбраныя творы, с. 316.

6 Чорны К. Выбраныя творы, с. 318.

7 Тамсама, с. 342—343.

8 Чорны К. Выбраныя творы, с. 389.

9 Чорны К. Выбраныя творы, с. 377.

10 Чорны К. Выбраныя творы, с. 375.

11 Чорны К. Выбраныя творы, с. 395.

12 Тамсама, с. 396.

VII

Ува ўсёй творчасці Чорнага вельмі акрэслены круг вобразаў і круг праблем, якія яго хвалююць.

Ад ранніх апавяданняў да апошніх раманаў яго вызначае цікаваць да пэўных катэгорый людзей і праблем.

Можна сказаць, што між героямі ўсіх яго твораў існуе нейкае сваяцтва. Часам гэта сваяцтва вельмі блізкае, часам далейшае, але яно нязменна звязвае яго творы — раманы, аповесці, апавяданні. Ёсць блізкасць і ў тых праблемах, якія турбуюць увесь час пісьменніка і якія ён вырашае.

Самы любімы герой Чорнага — просты, ціхі чалавек. Упершыню ўвайшоўшы ў раннія замалёўкі, ён заняў самае важнае месца, вызначыў сабою рух падзей і клопатаў ува ўсіх значных творах пісьменніка.

Герой гэты не робіць знешне вялікіх спраў. У яго найбольш звычайныя практычныя жаданні, гаспадарчыя, бацькоўскія яго клопаты, як правіла, не ідуць далей сваё сям’і, сваёй вёскі. Ён працуе не хапаючыся, упарта і ў працы цярплівы незвычайна. Ён не майстар гаварыць, але пры тым ён — філосаф, схільны разважаць і аб практычных справах, і аб вечных ісцінах. Звычайна героя гэтага свайго Чорны малюе са шчырай, элегічнай замілаванасцю. Калі трэба, судзіць яго са шкадаваннем.

Ад ранніх твораў Чорны выказаў пільную ўвагу да ўнутранага жыцця свайго героя, і гэта стала адметнай асаблівасцю пісьменніцкага стылю. Чорны нязменна выступае як уважлівы даследчык чалавечай душы, глыбокі псіхолаг. Параўноўваючы, як з часам змяняецца герой К. Чорнага, мы можам убачыць, што герой гэты расце, па крайняй меры, па дзвюх лініях: і як мастацкі вобраз і як тып жывога жыцця. У першым выпадку, відаць, усё вызначалася ростам жыццёвага вопыту, паглыбленнем светапогляду, удасканаленнем майстэрства, што ўсё разам давала бачыць чалавека больш пранікліва, усебакова. У другім выпадку — рост героя вызначала сама рэчаіснасць, што фарміравала і ўдасканальвала чалавека як асобу. Героі Чорнага жылі ў гады, у якія адбываліся надзвычайныя змены і ў навакольным свеце, і ў адносінах між людзьмі, і ў душах людзей.

На маю думку, гэта тое, што яднае і што робіць своеасаблівымі такіх чорнаўскіх герояў, як Тамаш і Вольга («Зямля»). Леапольд Гушка і Павал Няміра («Бацькаўшчына»), Міхал Тварыцкі і Кравец («Трэцяе пакаленне»), Максім Астаповіч і Уладзімір Вялічка («Вялікі дзень»).

Прыглядаючыся да ўнутранага свету сваіх герояў, Кузьма Чорны нязменна сочыць за тым, як у душы чалавека ідзе змаганне светлага і цёмнага, добрага і злога, старога і новага. Тое, як ідзе змаганне гэтае ў душы чалавека, што перамагае ў ёй, вызначае ў аснове адносіны Чорнага да Чалавека. Увесь клопат пісьменніка ў тым, каб перамагала светлае, чалавечнае, новае.

Уся творчасць Кузьмы Чорнага, можна сказаць, поўніцца клопатамі пра перамогу добрага, новага ў чалавеку, пра ўсталяванне светлага, вартага чалавека жыцця. Творы пісьменніка прасякнуты святлом нараджэння новага.

Любячы добрае, светлае ў чалавеку, Чорны быў непрымірыма варожы да ўсяго, што калечыла ці прыніжала яго. З асаблівай нянавісцю ён адносіўся да такіх заган чалавека, як эгаізм, скнарлівасць, імкненне жыць за кошт другіх, прага да ўласнай нажывы. Ён заўсёды пільна прыглядваўся да чалавека-ўласніка.

Адносіны да ўласнасці былі для Чорнага той меркай, па якой ён вымяраў вартасць чалавека.

У вобразах Скуратовіча, Блецькі, Сцепуржынскага Чорны выкрыў найбольш злосных прадстаўнікоў уласніцтва, якія ў імя нажывы і ў імя абароны сваёй уласнасці гатовы пайсці на любое злачынства. У вобліку Міхала Тварыцкага Чорны паказаў, як прага да ўласнасці нявечыць чалавека і, змярцвяючы яго душу, робіць панурым, пазбаўляе чалавечай радасці.

Тэма заняволення чалавека і калечання яго прагай да нажывы, прыватнай уласнасцю і іншымі заганамі змрочнага мінулага — адна з самых важных у творчасці многіх пісьменнікаў розных краін дарэвалюцыйнага часу. Тэма гэта хвалявала неаднойчы і савецкіх літаратараў.

Варта прыгадаць хоць бы, з якой настойлівасцю даследавалі гэтыя праблемы такія вялікія пісьменнікі XIX стагоддзя, як Ф. Дастаеўскі і Л. Талстой, як А. Бальзак і Э. Заля, а пазней, у пачатку нашага стагоддзя — А. Чэхаў і М. Горкі. У наш савецкі час гэтыя, трансфармаваныя ў многім заганы знайшлі сур’ёзных даследчыкаў у асобе Л. Лявонава і Ф. Гладкова, А. Галаўко і К. Крапівы.

Тут Кузьма Чорны выступае як паплечнік іншых савецкіх пісьменнікаў, прадаўжальнік вялікіх традыцый класічнай рускай і сусветнай літаратуры.

Варта адзначыць пры гэтым адну цікавую дэталь. Пісьменнікі мінулага нярэдка паказвалі трагедыю людзей, якія, выйшаўшы з бядняцкага асяроддзя, пазней, захапіўшыся прагай багацейства, нажывы, пранікліся псіхалогіяй эксплуататараў. Гэта тэма знаходзіць сваё вырашэнне і ў творах К. Чорнага. Міхал Тварыцкі, сын бедняка і сам бядняк, змалку ахвотна пераймае кулацкую «філасофію» Скуратовіча. Кандрат Назарэўскі, выступаючы з абвінаваўчай прамовай на судзе, гаворыць пра Міхала: «Наш барадаты малады чалавек любіць з гонарам гаварыць пра тое, што ён калісьці служыў за парабчука ў кулака Скуратовіча. А от, скажам, цяпер, затаіўшы вялікую суму дзяржаўных грошай, ператварыўшы іх у якія-небудзь матэрыяльныя каштоўнасці і прычакаўшы якое-небудзь, скажам, падумаем на хвіліну, прыходу іншай улады, не Савецкай, не наняў бы ён тады сабе парабкаў, як той самы Скуратовіч? Наняў бы, бо не мог бы ж ён адзін управіцца з сваім багаццем. А як гаспадар любіць парабка, ён ведае з сваёй уласнай практыкі»1.

Дарэвалюцыйная літаратура ў адпаведнасці з рэальнасцю паказвала, што ў калечанні асобы вінаваты былі ўмовы жыцця чалавека, сацыяльныя законы існавання эксплуататарскага ладу. Як лейтматыў, які тлумачыў трагедыю герояў многіх твораў дакастрычніцкай літаратуры, гучаць словы Ільі Лунёва з горкаўскай аповесці «Трое»: «Толькі жыць па-чалавечы няма ніякай магчымасці».

Але героі Чорнага жывуць у іншы гістарычны час, чым героі старой класічнай літаратуры. Кузьма Чорны, вельмі ўважлівы даследчык жыцця, пісьменнік, здатны і да глыбокіх назіранняў і да шырокіх філасофскіх абагульненняў, бачыў, што ўзаемаадносіны асобы і асяроддзя ў наш час прынцыпова змяніліся.

Чорны добра бачыў, што сацыялістычнае грамадства мае зусім іншую якасную ролю ў адносінах чалавечай асобы. У тым канфлікце, які ўзнік між Міхалам Тварыцкім і калектывам, грамадствам, Чорны паказвае — праўда не на баку асобы, Міхала, а на баку грамадства. Чорны выдатна паказвае, што прынцыпова новае, сацыялістычнае грамадства не толькі не нявечыць, а ўздымае чалавека, дае яму жыццёвую сілу, ачышчае яго ад усяго змрочнага, вяртае яму радасць. Ёсць глыбокі філасофскі сэнс у тым, што Міхал Тварыцкі не наняў парабкаў, як Скуратовіч, а стаў рабочым на сацыялістычнай будоўлі, стаў чалавекам новага свету. Шчасце Тварыцкага і падобных да іх, паказвае пісьменнік, у тым, што яны жывуць у новым грамадстве, у аснове якога гуманнасць і справядлівасць.

Калі капіталістычнае грамадства разбурала асобу, што так яскрава паказала літаратура мінулага, наша грамадства, на многіх прыкладах па-мастацку давёў К. Чорны, спрыяе станаўленню і духоўнаму здароўю яе.

Чорны паказаў, што сацыялізм высока ўздымае чалавечую годнасць. У нас чалавек акружаны вялікаю ўвагаю і клопатам. Вельмі характэрна ў гэтым сэнсе тое, што паказу клопатаў аб чалавеку Чорны прысвяціў многія старонкі, сагрэтыя шчырым хваляваннем і радасцю. Варта ўспомніць, для прыкладу, як сустракаюць Краўца з бальніцы. «Што я такое рабіў на свеце, што вы так да мяне... — гаворыць Кравец, расчулены таварыскаю ўвагай і клопатам.— Я паўвека свайго прахадзіў па свеце, шыючы кажухі. Там было так — што зрабіў, тое і сцерабіў. Толькі ад таго і асталося, што ўспамінаць, ні сабе, ні людзям. А тут — хіба я тут што такое зрабіў? Ну, я мураваў, цэглы клаў».

«Цябе мы шануем таксама, як і ўсіх гэтых людзей, што тут цяпер з табой сядзяць, за адно», — адказвае яму Несцяровіч.

Лепшыя старонкі сваіх раманаў Чорны аддае паказу чалавечай радасці. Цяпер няма ніякай патрэбы даводзіць беспадстаўнасць сцвярджэння А. Кучара, які гаварыў у артыкуле пра «Трэцяе пакаленне». «...ён (Кузьма Чорны. — І. М.), папраўдзе, часамі бывае крыху рэакцыянерам у дачыненні да радасных фарбаў жыцця, ён вельмі ўжо трымаецца за сваё звычнае для яго кола вобразаў людзей, ахопленых сілай уласнасці, або ціхіх маўклівых пакутніц з ліку жаночага тыпажу».

Чорнаму блізкімі і дарагімі былі горкаўскія погляды на быццё чалавека як на творчасць, «мэта якой — безупыннае развіццё каштоўнейшых індывідуальных здольнасцей чалавека для перамогі яго над сіламі прыроды, для яго здароўя і даўгалецця, для яго вялікага шчасця жыць на зямлі, якую ён адпаведна несупыннаму росту яго патрэб хоча апрацаваць усю, як духоўнае жыллё чалавецтва, аб’яднанага ў адну сям’ю».

Ва ўсіх творах Чорнага праца выступае як неадменная аснова чалавечага жыцця і разам — як аснова мастацтва. Без працы няма не толькі жыцця герояў, але і не было б саміх твораў Чорнага ў тым выглядзе, у якім яны ёсць. У чалавечай працы Чорны бачыць вялікі жыццёвы сэнс. Для яго праца гэта не толькі адзін з неадменных заняткаў чалавека, неабходных для таго, каб жыць, але і той найважнейшы крытэрый, меркай якога вызначаецца вартасць чалавека.

Не выпадкова ўсе самыя прывабныя героі Чорнага — людзі вялікай працы. Першы і самы важны абавязак чалавека — працаваць, жыць сваёй працай.

Калі пасля смерці Вялічкі Максім Астаповіч бярэ апеку над Уладзікам, ён лічыць першым абавязкам — навучыць хлопца працаваць. «Ты ў мяне, бадзячая душа, у два дні будзеш умець класці сцяну ў гладкі вугал. І ўсё ты будзеш умець рабіць сваімі рукамі, раз твой бацька мне цябе прыпаручыў».

Паэтызуючы ў тым жа рамане «Вялікі дзень» вобраз Максіма Астаповіча, Чорны з непрытоеным захапленнем піша, як многа ўмеў і многа рабіў ён за сваё жыццё. Капаў калодзежы, ставіў ветракі, умеў рабіць мулярскую справу, мог быць і пчаляром, і садаводам, і агароднікам. Ёсць нешта па-гогалеўску паэтычнае ў тым, з якой узнёсласцю піша Чорны, колькі хат і розных іншых будынкаў склаў Максім Астаповіч у наваколлі, колькі пасадзіў ён садоў, колькі дарог абсадзіў дрэвамі.

Можна сказаць, што старонкі пра разгон астаповічаўскай працы, бадай, самыя паэтычныя ў рамане «Вялікі дзень».

Такою ж працавітасцю надзелена пісьменнікам у «Вялікім дні» і жонка Астаповіча — «несвіжанка». Праца ў паказе Чорнага, акрамя ўсяго, — тая аснова, якая збліжае і родніць іх, у працы яны адчуваюць радасць сумеснага жыцця.

Як ужо гаварылася вышэй, праца, на думку Чорнага, — як бы пробны камень, на якім вызначаецца вартасць, якасць людзей. Паказваючы розніцу між Астаповічам і Блецькамі, Чорны скіроўвае нашу ўвагу перш за ўсё на іх адносіны да працы. Блецькі любілі карыстацца чужою працай, «здолелі, як яны казалі, галавой дайсці да жыцця», а Астаповіч з «несвіжанкай» «елі свой хлеб з натруджаных рук».

Вызначаючы працу як аснову быцця, пісьменнік-рэаліст Чорны бачыў і выразна паказаў, што стары свет, які скалечыў многія чалавечыя вартасці, калечыў і самую аснову іх — працу. К. Чорны выдатна даводзіць гэта многімі вобразамі сваіх твораў.

Згадаем хоць бы, з якой нечалавечай намоглівасцю вымушан Максім Астаповіч асталёўваць сваё «аселішча», ірваць, здзіраць спрадвечны дзірван. Згадаем, што гэта непасільная праца забірае ад яго самага дарагога чалавека — жонку.

Чорны паказвае, што ў капіталістычным грамадстве, дзе вынікі працы спажываюць не тыя, хто яе робіць, а тыя, хто купляе, працоўнага чалавека пазбаўляюць нават «права аўтарства». «Максім Астаповіч многа чаго зрабіў на доўгія часы па ўсёй акрузе, але гэта не быў паўнапраўны майстар. Гэта быў толькі падзённік. У кутку, дзе ён радзіўся і вырас, усе дарогі асталіся навек высаджаны ім дрэвамі. Змяніўся твар усёй мясцовасці, але дарогі належалі Гальвасу, яму асталася і слава за іх. Максім Астаповіч атрымаў за работу, што далі, спажыў і зноў астаўся такім, якім радзіўся на свет.

У пастаўленых ім ветраках людзі малолі збожжа, раней бацькі, а пасля іх дзеці, але ніхто і не думаў пра Максіма Астаповіча. Было падобна, што існуе на свеце нейкі невядомы і не бачны магутны майстар, а Астаповіч толькі наймаецца ў яго на чорную работу»2.

Як відаць ужо з гэтых заўваг, у творах Кузьмы Чорнага пастаўлены вельмі важныя праблемы чалавечага быцця і як праявы нядаўняй гісторыі і як праявы нашай сучаснасці.

 

 

1 Чорны К. Трэцяе пакаленне, с. 136.

2 Чорны К. Выбраныя творы, с. 318.

VIII

Кузьма Чорны — выдатны майстар слова. Пісьменнік заўсёды з вялікай увагай адносіўся да работы над словам, нястомна ўдасканальваў сваё моўнае майстэрства.

Якуб Колас пісаў, што творчасць Чорнага з’яўляецца «вельмі паказальнай у адносінах моўнай дбайнасці, чыстаты, цікавай пабудовы сказаў». Колас заклікаў пісьменнікаў вучыцца ў Чорнага: «Літаратурная спадчына гэтага, так рана памёршага мастака, патрабуе самай пільнай увагі з боку як літаратурнай моладзі, так і сталых пісьменнікаў. Там ёсць шмат чаму цікаваму павучыцца: пісьменнік умеў адкрыць новае гучанне слоў, умеў выказаць усё, што турбавала яго, з вялікай дакладнасцю».

Работу над мастацкім словам Кузьма Чорны разглядаў як адзін з самых важных абавязкаў пісьменніка. «Сачыце за чыстатой свае мовы. Займайцеся заўсёды сваёй беларускай мовай, — пісаў Чорны аўтару гэтай працы. — Ведайце, што мова гэта аснова літаратуры ».

Уся творчасць пісьменніка — яркі прыклад стараннай і ўпартай работы над мовай.

Але мова Кузьмы Чорнага, як і мова іншых пісьменнікаў, не была адзінай і нязменнай на ўсім творчым шляху. Робячы назіранні над мовай пісьменніка, нельга не заўважыць, што яна з цягам часу змянялася, развівалася. Асобныя рысы, уласцівыя мове К. Чорнага ў ранні перыяд, пазней знікалі, другія, наадварот, узмацняліся і акрэсліваліся больш выразна.

Толькі прасачыўшы, як развівалася мова пісьменніка, можна па-сапраўднаму зразумець асаблівасці стылю і мовы Кузьмы Чорнага, тыя законы і нормы, якіх ён трымаўся ў рабоце над словам.

 

 

Спынім увагу перш за ўсё на асаблівасцях мовы ранняга перыяду, якія пазней пачалі знікаць. У ранніх творах Чорнага заўважаецца схільнасць пісьменніка да лірычна-паэтычнага спосабу апавядання. Ранняя проза яго па стылявых асаблівасцях прыкметна адрозніваецца ад прозы пазнейшых гадоў, напісанай у суровай і простай манеры, без якіх-небудзь акрас лірыкі.

Вобразна можна сказаць, што творы пачатковай пары пісала адначасова рука празаіка і паэта.

Не выпадкова, што многія з твораў гэтага перыяду маюць, падобна вершам, лірычнага героя. Ад імя гэтага лірычнага «я» часта і вядзецца апавяданне, настроем, думкамі яго ацэньваюцца і асвятляюцца падзеі. Гэты лірычны герой жыве і ў замалёўках «Буры», і «На пыльнай дарозе», «Начлег у вёсцы Сінегах», і ў разгорнутым апавяданні «Хвоі гавораць». Ён ідзе па дарозе з хлапчуком, які пасталеў да часу («На пыльнай дарозе»), і з павагай, з радасцю слухае разважлівую, дарослую гаворку малога. Развітаўшыся з хлапчуком, ён у форме лірычнага маналога выказвае свой настрой, што ўзнік пад уплывам падзеі: «І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна і думна.

Было жаданне спяваць што-небудзь моцнае і цягучае, спяваць яго доўга без слоў і без лішняй тут весялосці.

...Ён, малы, вырасце і таксама, як цяпер, моцна і горда пройдзе па зямлі, па дарозе...

У такіх думках я сяджу на каменнях...»1

У ранніх апавяданнях і раманах Кузьмы Чорнага можна сустрэць цяжкія, манерныя, знарок загадкавыя выразы, якія нярэдка нават цяжка зразумець. «Смех — часта дзындра сумных настрояў і сталых думак. Адгэтуль я праводжу раўналежнасці пры маіх разгадках усяго...»2

Пісьменнік, які пазней будзе імкнуцца да прастаты і дакладнасці ў мове твораў, у пачатку шляху, відаць, не давяраў хараству прастаты. Напэўна, адсюль ішло яго тагачаснае імкненне гаварыць «прыгожа», «кучарава», ненатуральна. Вось сказ з ранніх апавяданняў: «Я быў малады, і ў маёй сталасці былі некаторыя элементы надуманасці. Часамі яны неўзаметку пачыналі сплываць»3. Паказваючы, што чалавек мала хваляваўся, пісьменнік гаворыць: «хвалі душы не былі вялікімі». Выраз «у хвіліны неспакою» перадаецца зваротам: «У хвіліны бур і вострых пакут духу».

У рамане «Зямля» пра тое, як Ганна з сумам адчувае, што пачынае знікаць каханне да Алеся, аўтар піша наступным чынам: «І цяпер цвілі ў душы піжмы і палыны. Бездапаможнасць і нават безнадзейнасць панавалі над ёю»4.

Далей пісьменнік так перадае стан душы гераіні:

«Сум, журба, захапленне — вырасталі ў душы дзяўчыны. Цвілі ружы ў дзяўчыніным сэрцы, чарнелі і вялі іх пялёсткі і зноў змяняліся і ружавелі.

Маладосць і каханне поўнілі дзяўчыну. І цяжкасці чалавечых бур паведамлялі ўжо яе аб нязведанай глыбіні свету»5.

У маладога Чорнага можна знайсці абстрактныя, малаканкрэтныя выразы. Выбіраючы словы, пісьменнік тады глядзеў часам, відаць, не столькі на іх канкрэтна-сэнсавыя значэнні, не столькі на тое, каб ужыць іх як мага больш дакладна, колькі на гукавое, арнаментальнае значэнне іх. Моўны матэрыял у такім выпадку выкарыстоўваўся найперш не для таго, каб пісаць канкрэтны малюнак, а каб стварыць пэўны настрой, адпаведна творчай задуме аўтара. Тады з-пад пяра пісьменніка з’яўляліся абстрагіраваныя, імпрэсіяністычна настроевыя малюнкі-мелодыі. «На хмурых дарогах надоўга асталявалася восень. Жыла ў неабдымнасцях свету і цешылася радасцю зямлі.

Збіралася ўміраць восень! І ў павольным скананні яе хваляваліся буры і кіпелі імкненні. І ў пажоўклай траве была радасць гэтых і ўсякіх дзён; жыла і кіпела — у пахучай зямлі, у каменнях, у лісці»6.

Імкнучыся ствараць лірычна афарбаваныя малюнкі, Чорны вымушан быў, натуральна, рытмізаваць мову, набліжаць яе да вершаванай. Вось прыклад з аднаго ранняга твора: «Каржакаватыя хвоі, чырвона-агнявыя асіны і жоўтыя бярозы, і пад імі шумяць кусты.

Шумяць... Шумяць!

І ядлоўцам пахне над полем.

Густа паўсходзіла жыта, і ўсё таксама смяюцца яму ясныя дні.

Праляцелі ўжо гусі і жураўлі, чорныя дзікія птушкі клююць сакаўную рабіну і, журацца дні над свежай раллёю і над балотнай сухой асакою...

Мы выбіраем познюю бульбу»7.

Малюючы свет, у якім жывуць яго героі, пісьменнік часта не надта клапоціцца пра тое, каб перадаць рэальныя, канкрэтныя прыкметы гэтага свету. Як можна меркаваць ужо з папярэдняга прыкладу, ён часта імкнецца не так да канкрэтызацыі, як да абагуленай паэтызацыі малюнка. Восень жыла «ў неабдымнасцях свету і цешылася радасцю зямлі»; «у павольным скананні яе (восені. — І. М.) хваляваліся буры і кіпелі імкненні».

Трэба адзначыць, што абстрактна-паэтызаваны характар часам маюць не толькі асобныя замалёўкі, але і паказ псіхалагічнага стану ці настрою герояў. Вясковы хлопец, слухаючы галасы камсамольцаў, якія спрачаюцца «над кнігаю тэорый Дарвіна», і прадчуваючы набліжэнне ў сельскай гаспадарцы часу машын, думае пра гэта такім чынам: «Гэта прэлюдыі да будучай індустрыяльнай вайны з прыродаю»8. У другім раздзеле: «І я раптам адчуў у сабе і вакол сілу дзейнасці і размах чалавека на нязначным атаме свету — зямлі»9.

Кузьма Чорны вельмі рана адчуў неправамернасць такіх паэтычных абстракцый для перадачы чалавечых пачуццяў, таму ўжо ў рамане «Зямля» іх непараўнана менш, чым у ранніх апавяданнях. Пісьменнік у рамане імкнецца шукаць дакладныя, простыя словы для перадачы чалавечых пачуццяў.

Мова ранніх твораў Кузьмы Чорнага, у тым ліку ў пэўнай меры і рамана «Зямля», вызначаецца багатай метафарычнасцю. Малады пісьменнік вельмі часта ўжывае метафарычныя выразы: «Дзяўчаты звіняць смехам», «мякка абдымае зямлю празрыстая ноч» (апавяд. «Хвоі гавораць»), «Вуліца была сухая, з пагадлівым тварам», «дзень ужо пачаў брацца з вечарам» (у сэнсе: набліжаўся вечар), «цёмны і пусты быў вечар», «сінія вочы яе слаўна абвеялі яго жаночаю пяшчотаю». Асабліва багата метафарычных выразаў у пейзажных малюнках: «У садах і агародах зелянелася сцябло пачарнелага на марозах зелля, барвенак на градах і пад дрэвамі ў садах весела распаўзаўся па зямлі. Плакалі стрэхі, і моцна пахлі намоклыя непілованыя дровы». «Сонца хварэла блёклым святлом».

У ранніх творах, больш за ўсё ў апавяданнях, Чорны любіць ужываць выразы-сентэнцыі, прычым гэтыя выразы павінны мець у сабе, па задуме аўтара, асабліва важны змест. У іх пісьменнік часта сцісла выказвае ідэю твора ці нейкае надзвычайнае меркаванне пра людзей і свет. Ідэя апавядання «Буры» выкладзена, напрыклад, у першым выразе-сентэнцыі: «У ціхіх скаргах непрыбранага жыта чуў я вялікія буры». Апавяданне «Начлег у вёсцы Сінегах» пачынаецца такім жа выразам: «Вялікі паход скупы на адпачынак». «Смех — часта дзындра сумных настрояў і думак» — пачатак апавядання «Хвоі гавораць». Ужо сам факт паўтарэння гэтага прыёму ў розных творах сведчыць аб тым, што ён не выпадковы. Характэрна, што ў большасці выпадкаў пісьменнік імкнецца ўжываць незвычайныя, часам малазразумелыя сентэнцыі, стараючыся як бы ўразіць, заінтрыгаваць чытача.

Гэта выклікана, відаць, недавер'ем маладога аўтара да хараства прастаты. У далейшым пісьменнік адмаўляецца ад гэтага прыёму. Ужо ў рамане «Зямля» Чорны стараецца не ўжываць падобных выразаў-сентэнцый.

Часта карыстаецца ў ранніх творах Чорны клічнымі інтанацыямі, амаль не ўласцівымі стылю пісьменніка ў перыяд сталасці. Схільнасць да клічных інтанацый у ранняй творчасці Чорнага ідзе, не інакш, ад узнёсласці яго тагачаснай лірычна-паэтычнай плыні.

Юрка «падышоў да насыпанага над зямлёю жвіру, як стары, аглядзеў яго і кінуўся на яго тварам...

Пахнуў пясок, і трава каля яго, і восень, і зямля.

Як жа яна пахла — зямля!»10

«Якія дарогі ў полі ляжаць! І якія туманы ўстаюць над зямлёй! Неба — халоднае і звонкае, як сонечны дзень. Ветры дзьмуць над дарогамі.

Што гэта — сонца і мяккая зямля?! Што гэта — прастор і вецер! І трава, і дрэвы, і паўтоптваны ў зямлю жоўты ліст!»11

Кузьма Чорны паступова пачынае адыходзіць ад гэтага лірычна-паэтычнага стылю. Ужо ў рамане «Зямля» сляды гэтага стылю, можна сказаць, не вызначаюць характар твора, раман напісаны ў аснове ў строга рэалістычнай манеры. Паэтычныя акрасы ёсць яшчэ ў «Зямлі» як знак пошуку ў маладога аўтара, як рэшткі яшчэ не адоленага.

Тут яшчэ часам ужываюцца такія «смелыя» метафары: «Юнацкі твар каморніка ўпаў у акно на вуліцу»12, што павінна значыць у звычайнай мове: каморнік зірнуў у акно на вуліцу.

Вось яшчэ адзін з прыкладаў маладой моўнай задзірыстасці Чорнага ў рамане «Зямля»: «Вясёлай вільгаццю пахнуў ток, і мышынаю цішынёю (!) гучэлі (!!) саламяныя куткі ў гумне»13.

Шукаючы ў жывой практыцы свайго стылю, вызначаючы сабе яго асаблівасці, Чорны як бы ўсё больш пераконваецца ў правільнасці пушкінскіх поглядаў: «Точность и краткость — главные достоинства прозы». Чым далей, тым з усё большай непрыхільнасцю пачынае адносіцца Чорны да ўсякага знешняга ўпрыгожання, да якіх бы там ні было праяў, як ён пазней назаве, «сантыментальнага стылька».

Аналізуючы твор аднаго маладога пісьменніка, Кузьма Чорны праз дзесяць гадоў напіша: «Аўтару трэба дамагацца прастаты і выразнасці ў кожнай фразе, у кожным слове, таксама як і не дапускаць у свой стыль элементаў сантыменталізму... «Цёплы сонечны праменьчык пяшчотна казытаў шчаку». Гэта гучыць больш чым прыкра. Гэта рэшткі дрэнных уплываў сантыментальнага стылька, які калісьці вельмі задзёрыста стараўся падняць галаву ў нашай літаратуры і з якім так цяжка было змагацца»14.

Сталы, вопытны літаратар Чорны вучыў, што ў аснове празаічных твораў павінен быць «суровы стыль». «Гэта той стыль, які заўсёды дазваляў майстрам літаратуры ствараць чалавечыя вобразы. Гэты стыль не можа мець у сабе нават самых найменшых элементаў сантыменталізму. Сантыменталізм гучыць як фальш»15.

Выпрацоўваючы сталы «суровы стыль», Чорны ўпарта і цвёрда адольваў звычкі і ўплывы «сантыментальнага стылька», неканкрэтнасць і манернасць ранняй сваёй мовы.

Стыль рамана «Зямля», як было ўжо відаць, яшчэ далёка не ва ўсім адпавядае патрабаванням «суровага стылю» сталага Чорнага, але ён ужо мае ў сабе многія важныя адзнакі гэтага стылю.

Па сваіх моўных вартасцях «Зямля» — адзін з самых цікавых і значных для ўсяго пісьменніцкага шляху твораў. І ў моўных адносінах твор гэты — паказчык вельмі хуткага сталення багатага чорнаўскага таленту.

У рамане «Зямля» пісьменнік настойліва шукае дакладнага слова, звяртаючы перш за ўсё ўвагу на яго сэнсавае значэнне.

Вось некалькі характэрных узораў ужо з мовы рамана «Зямля», выбраных на дзвюх старонках: «Яшчэ досвіткам пачыналі цупаць у таках цапы», «Сабакі «ўсю ноч заходзіліся брэхам на агародах і паплавах», «...Калівы шчуплае і вясёлае травы, што зрэдку дзе высоўвалася з-пад чорнага лісця, перамешанага з мокрым снегам, весялілі людское вока», «У дварох пылілі церніцы, грызучы перасохлы лён...», «Шасталі сячкарні»16.

Пісьменнік імкнецца як можна дакладней перадаць асаблівасці працэсу працы, гукі, адметныя якасці прадметаў. З усіх дзеясловаў, якія маглі абазначыць гук удару цэпа: — стукаць, ляскаць і г. д., выбран самы дакладны: цапы цупалі. Вельмі канкрэтна абазначае шум сячкарні дзеяслоў «шасталі».

Каб дасягнуць найбольшай дакладнасці, пісьменнік нярэдка выкарыстоўвае дзеясловы ў метафарычным, але ўжо канкрэтным значэнні: церніца грызе лён. Або: «Алесь прыгалубіў Маню, гладзіў па валасах»17.

Набываюць дакладнасць і выразнасць эпітэты, якія выкарыстоўвае пісьменнік: «Калівы шчуплае і вясёлае травы». Эпітэт, як бачым, добра характарызуе асаблівасць позняй асенняй расліны.

Чорны заўсёды ахвотна карыстаўся багаццямі жывой народнай мовы, імкнуўся выполваць моўнае літаратурнае пустазелле. Ён шчодра ўводзіў у свае творы сакавітыя народныя словы, трапныя пагаворкі, прымаўкі, своеасаблівыя ідыёматычныя звароты. Іх вельмі многа ўжо ў рамане «Зямля».

«Дык я тут табе скажу, што каб яго зрабіць іншым, дык трэба капыл новы» (43), «Бачыла, што (Юзік) аціраецца каля ганка» (48), «Нічога не ведаеш, а язык так і матляецца за вушамі» (176), «Каб твае словы ды богу ў вушы» (181), «Ну, дык можаш... гібець сабе пры сваім, сваёю нішчымніцаю душыцца» (192), «Я ж ужо і гаспадар дома так сабе, прышый, як той казаў, кабыле хвост» (223), «Хоць ты яму кол на галаве чашы, усё роўна ты яго не перайначыш» (237), «Не можаш памагчы, дык лепш памаўчы» (297) і г. д.

У стылі фальклорных плачаў напісан маналог развітання сястры з нябожчыкам Тамашом:

«Ды бывала ж ты малы босы і голы мёрз.

«Ды бывала ж ты і галодным быў.

«А ці памятаеш ты, братка, як ты ў маладосці хворым ляжаў, а не было табе на макавае зерне чым паправіцца.

«А калі ты, Тамашка, хадзіў па суседзях шэсць злотых палучыць на падатак.

«А як не дастаў гэтых шасці злотых і нудзіў, на парозе седзячы...

«Дый малады ж ты быў, дый прыгожы.

«А дзе ж твая прыгажосць дзелася.

«А куды ж твая сіла ўцякла» (319).

Усе гады творчай дзейнасці, усё жыццё ў Чорнага не сціхала любоў да жывой народнай мовы, захапленне моўнай творчасцю народа.

Жывая мова народа — гэта крыніца, якая ўсё жыццё шчодра давала пісьменніку моўныя вобразы, лексічныя формулы, звароты.

Мове Кузьмы Чорнага, пісьменніка яркай індывідуальнасці, натуральна ўласцівы некаторыя свае, спецыфічныя, асаблівасці. Прыглядаючыся да мовы яго твораў, можна лёгка заўважыць, што пісьменнік любіць спалучаць з дзеясловамі назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў і прыметнікаў. «Канец лета прынёс большую прывыкласць, а восень — адзнакі лёгкага суму, як бы па нечым далёкім, што толькі паманьваецца, ніколі не прыйдзе, бо, можа, і не існуе, і прыносіць семнаццацігадовай дзяўчыне няведанне, чаго яна сама хоча» («Зямля», стар. 161).

«Хоць сапраўды ён, можа, і ўзвышаецца ў гэты момант над многім і многімі, але тое, што яго акружае цяпер, прыгнечанне, якое падае на яго душу,— усё гэта можа паставіць чалавека ў план бязвольнасці, слабасці і гнілой мяккасці» («Люба Лук’янская», стар. 56), «Вялікі цяжар душы. Узняцце вострых думак ападала да бязум’я» («Люба Лук'янская», стар. 66), «Самое ж акно яшчэ ўсё было ў водсветах захаду, на ім яшчэ добра трымалася яснасць» («Трэцяе пакаленне», стар. 171), «Наглядальны чалавек адразу сказаў бы, што яго нешта мучыць, можа, нават часамі цяжкае прыгнечанне кладзецца на яго душу» («Вялікі дзень» — «Выбраныя творы», стар. 414).

Такія формы сустракаюцца ў раманах вельмі часта.

Варта сказаць, што, часта ўжываючы складана-залежныя сказы, Чорны амаль ніколі не бярэ дзеепрыслоўных і дзеепрыметнікавых зваротаў, якія, на яго думку, мала ўласцівы беларускай мове.

Выдатны знаўца роднай мовы, яе багацця, яе найтанчэйшых асаблівасцей, Чорны чым далей, тым больш набліжаў сваю мову да жывой, гутарковай народнай мовы. Ён нібы бярэ за ўзор мудрую прастату жывой народнай гутаркі, следуе гэтаму ўзору.

У мове яго ўсё больш пераважаюць простыя, кароткія сказы. Ужываючы складана-залежныя сказы, пісьменнік імкнецца, як можна, скандэнсаваць іх, спрасціць іх структуру, пазбягае цяжкіх, шматступенных перыядаў.

У адпаведнасці з асаблівасцямі гутарковай мовы К. Чорны вельмі эканомна ўжывае эпітэты, пакідае ў сказе толькі самыя неабходныя. Часам са сказа, як у гутарковай мове, выпадаюць дзейнікі.

Як адзнакі дрэннага густу, Чорны настойліва ўнікае кніжнай гладкасці, а таксама пявучай рытмічнасці. У творах яго няцяжка знайсці ў адным сказе некалькі займеннікаў. Ён нібы знарок піша сказы няроўныя, шурпатыя. Але за гэтай вонкавай шурпатасцю добра праглядваецца імкненне пісьменніка надаць найбольшую энергію сказу, слову. І яму ўдаецца гэта. Шурпатая чорнаўская фраза звычайна мае ў сабе вялікую энергію.

Вось адзін з характэрных прыкладаў мовы К. Чорнага перыяду яго сталасці:

«Пад дом падышла яна баючыся. Каб не дзіця, яна, можа, і зусім не пайшла б сюды. У вокнах цёмна. Яна пхнула дзверы — яны замкнёны. Падняла руку — ключ, як заўсёды, схован над дзвярыма. Увайшла ў хату, пакарміла дзяўчынку, паклала спаць. «Славачка, дачушка, спі, расці здарова. Будзь шчасліва...» Славачка заснула, паклаўшы кулачок на губы. Зося пайшла з хаты» («Трэцяе пакаленне», 118).

Унікаючы кніжнасці, імкнучыся да натуральнасці жывой гаворкі, К. Чорны часта ўжывае пабочныя сказы, выразы: «Да гэтага раптам пачалі далучацца ўсякія чуткі і гаворкі. (Трэба яшчэ раз сказаць, што хоць не ўсё, а шмат што з гэтых гаворак праз пэўны час пацвердзілася, як чыстая праўда). Пачалі гаварыць, што нібыта дзён таму назад дзесяць хтосьці з гэтай мясцовасці быў, з прычыны нейкіх там сваіх інтарэсаў (здаецца, па гонту ездзіў), па той бок гарадка, адсюль, значыцца, вёрст за шэсцьдзесят, калі не больш» («Трэцяе пакаленне», 87).

«Там, дзе поблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцк, незадоўга да першай імперыялістычнай вайны пачаў бяднець у сваім вялікім маёнтку пан Гальвас. Гаварылі, што ён меў тытул не то графа, не то барона, але дакладнасць гэтай справы не вельмі цікавіла тутэйшых людзей. Куды цікавей было тое, што Гальвасу прыйшла патрэба прадаць частку сваёй зямлі, якое ў яго было так тысяч дзве дзесяцін. Маёнтак яго пачаў занепадаць яшчэ раней, але да продажу пяці сот дзесяцін ён дадумаўся тады, калі пачаў піць і гуляць у карты. Праз карты, казалі, ён і залез у даўгі» («Вялікі дзень»)18.

Як важную асаблівасць трэба адзначыць у мове Чорнага цікавую, выразную публіцыстычную плынь. Старонкі публіцыстыкі ў творах Чорнага вызначаюцца вастрынёю думкі і страснай усхваляванасцю, у іх нярэдка гучыць прамоўная інтанацыя.

Узорам такой публіцыстыкі, думаецца, можна лічыць прамову Кандрата Назарэўскага ў час суда над Міхалам Тварыцкім, адну з мацнейшых па ідэйнай глыбіні і страснасці старонак у рамане «Трэцяе пакаленне».

«Перад намі цёмная і прыглушаная асоба, якая выйшла з гора. Дадамо яшчэ сюды такое слова: асоба з нявольніцкай душой. А вунь на стале ляжыць яго вопратка, у якую ён зашыў пачак грошай, рыхтуючыся іх траціць. Глянем на гэтую адзежыну. Яна парваная, каравая, смярдзючая, хоць і дала, а можа, і не раз давала прытулак вялікім грошам. Такая ж каравая і тая хата, сапраўдная нара, у якой жыў гэты чалавек. Такое ж было і яго маленства, гэта факт. Што трэба, значыцца, рабіць такому чалавеку — любіць усё гэта ці ратавацца ад яго? Ратавацца, гэта ясна. Але мы тут бачым вынік іншага кірунку гэтага ратавання... Усё навакольнае — страшнае, нікому і нічому не вер, вер толькі сабе, спадзявайся толькі на сябе, калі можаш — крышы ўсё, што не ты, ваюй з усім. Але ты адзін, а перад табою ўвесь свет, адкрытай вайны тут быць не можа. З’яўляецца і вырастае хітрасць, хцівасць, машэнства, несумленнасць, панурасць самога ў сабе, злобная недаверлівасць сябелюбства, неспачуванне нікому»19 і г. д.

Кузьма Чорны, дзе трэба, смела ўжывае публіцыстычныя выразы: «...затаіўшы вялізную суму дзяржаўных грошай, ператварыўшы іх у якія-небудзь матэрыяльныя каштоўнасці», «сваю нявольніцкую душу ён любіць, яна ў яго стала гарманічнай, ён узвёў яе на пастамент святасці і рад», «ён гатоў падтрымаць прыход усялякіх цёмных сіл, гатоў прадаць усялякую вялікую справу» і г. д.

У адпаведнасці з асаблівасцямі прамоўнага стылю К. Чорны ўжывае тут разгорнутыя, шматперыядныя складаныя сказы, многа аднародных сказаў.

Такія ўзоры публіцыстыкі, што звычайна перадаецца вуснамі якога-небудзь героя, ёсць і ў раманах «Бацькаўшчына», «Люба Лук’янская», «Вялікі дзень».

Ёсць у раманах К. Чорнага і публіцыстычныя адступленні. Вось адно з іх: «Дзевяцідзённая абарона горада, які прыняў на сябе першы ўдар нямецкага войска ў момант, калі яно яшчэ было поўна энергіі і заўзятай упэўненасці ў сваёй непераможнасці і ў хуткай перамозе над Савецкім Саюзам, была адным з тых вялікіх эпізодаў Айчыннай вайны, якія пасля выраслі ў шматлікія эпапейныя моманты»20 і г. д.

У публіцыстычным адступленні аўтар, як відаць, тлумачыць ваенна-стратэгічнае і маральнае значэнне гераічнай абароны горада і крэпасці Брэста, у якой удзельнічаюць героі. Але адступленне гэта мае ў сабе не толькі неабходныя весткі, пад гэтым павярхоўным можна заўважыць — пісьменнік вырашае дзве глыбокія і важныя творчыя задачы. Па-першае, ён адразу шырока паказвае размах гістарычных падзей, удзельнікамі якіх выпала быць яго героям, і гэтым надае шырокае, эпічнае гучанне самому твору. Па-другое, такі шырокі і значны зачын раздзела з першых старонак узбуйняе яго вобразы, надае гэтым вобразам эпічную значнасць.

Трэба, аднак, сказаць, што публіцыстычных адступленняў у творах Чорнага небагата.

 

 

1 Чорны К. Выбраныя творы, с. 49—50.

2 Тамсама, с. 51.

3 Тамсама, с. 55—56.

4 Чорны К. Зямля, с. 78.

5 Тамсама, с. 208.

6 Чорны К. Зямля, с. 225.

7 Чорны К. Выбраныя творы, с. 64.

8 Чорны К. Выбраныя творы, с. 53.

9 Тамсама, с. 66.

10 Чорны К. Зямля, с. 121.

11 Тамсама, с. 249.

12 Тамсама, с. 76.

13 Тамсама, с. 165.

14 ЛіМ, 22 чэрвеня 1938.

15 Тамсама.

16 Чорны К. Зямля, с. 262—263.

17 Тамсама, с. 328.

18 Чорны К. Выбраныя творы, с. 287.

19 Чорны К. Трэцяе пакаленне, с. 135.

20 Чорны К. Выбраныя творы, с. 274.

ІХ

Асаблівасці пейзажу ў творчасці К. Чорнага змяняліся ў асноўных рысах у тым жа кірунку, што і яго творчая манера.

Пейзаж ранняга перыяду творчасці пісьменніка вызначаецца сваёй ярка выражанай лірычнасцю, настроевасцю. Ствараючы пейзажны малюнак, пісьменнік не столькі імкнецца да таго, каб як можна канкрэтней акрэсліць, перадаць рысы і фарбы гэтага малюнка, колькі стварыць пэўны настрой. Таму такім малюнкам уласціва некаторая абстрактнасць, умоўнасць.

Пейзаж у гэты час пісьменніку патрэбен найчасцей для таго, каб узмацніць адпаведны настрой. Апавяданне «На пыльнай дарозе» заканчваецца малюнкам, які адпавядае радасна-задуменнаму настрою героя: «Пры пыльнай дарозе шумяць палыны, і вясёлыя плачуць наводдаль каліны».

У адпаведнасці з такой функцыяй пейзаж адухоўліваецца. У тым жа апавяданні: «Моцна думаюць голыя яшчэ кусты», «Вецер прынёс аднекуль сухі жмут аўсянай саломы, прыпёр да быльнікава куста, растрасае патроху і разганяе па саломіне ў полі, салома звонка шалясціць і навявае задуменнасць вялікай далечыні», «Дарога — ад таго, што шырокая, ветраная і пыльная, — вясёлая» і г. д. Зусім натуральна, што гэтыя асаблівасці ранняга пейзажу К. Чорнага абумовілі сабой і стыль мовы ў пейзажных замалёўках, якая нагадвае вершаваную, рытмічную прозу.

Трэба сказаць, што лірычна-паэтычная плынь, уласцівая ранняй творчасці К. Чорнага, была асабліва ўстойлівай якраз у пейзажы. У рамане «Зямля», у якім пісьменнік упарта адольваў прынады лірычнага стылю, лірычная плынь яшчэ захоўваецца дзе-нідзе ў пейзажах, хоць лепшыя ў рамане малюнкі прыроды выпісаны ўжо ў дакладнай манеры «строгага стылю». Вось характэрныя ўзоры лірычнага пейзажу ў рамане «Зямля»:

«Хмары ўсё плылі на высокім небе. Гусціліся на даляглядах, сінелі і цямнелі над зямлёй. Гойдаліся вятры на дрэвах, зямля маўчала, слухала ў чулай дрымоце і вострай чуласці. Поле пахла ветрам і шырынёю сваёй жадала сонца. Сінелі лясы, ціха і нявінна. Так па-дзіцячаму свецяцца конскія вочы на палявых дарогах» (224).

У гэтых малюнках, як і ў ранніх апавяданнях, пісьменнік часта ўжывае ўзнёслыя, клічныя інтанацыі. «Якая трава маўчала на полі! І ў якіх жа туманах вырастала яна і сохла! Пыльнае сцябло было ў травы! Абпыленае летняю гарачынёю, размахамі асенняе волі. Веснавымі вятрамі, сонцам і нястрымнасцю дарог. Ляжалі дарогі, беглі ў свет. І гойдалася трава каля іх» (224).

Але ўжо ў рамане «Зямля» К. Чорны часта адыходзіць ад такога метаду падачы пейзажу. Ён імкнецца, ствараючы пейзажныя замалёўкі, быць як можна больш канкрэтным і дакладным. Многія пейзажы ў рамане «Зямля» набываюць пластычную рельефнасць і яркасць, вызначаюцца багаццем і сакавітасцю фарбаў. У іх знікаюць абстрактныя, арнаментальнага характару выразы, узнёслыя інтанацыі, рытмічнасць. Яны — строгія і простыя.

Трэба адзначыць адну вельмі характэрную асаблівасць пейзажаў К. Чорнага. Пісьменнік амаль заўсёды падае іх у сувязі з працэсамі працы. Часам прырода з’яўляецца фонам, на якім працуюць людзі, але нярэдка праца і прырода жывуць разам, як роўныя, непадзельна з’яднаныя. «І шмат дзён было такіх — хмурных, снегавых і мокрых. Мокры снег не ўвесь растаў. Ляжаў пад куп'ямі ў ямах. Зямля была пярэстаю. Але ўсё памерла пад гэтым снегам; на траве снег не растаў.

Яшчэ досвіткам пачыналі цупаць у таках цапы. Пасля ўвесь дзень стукала імі ўся вуліца, і на ўсю ж вуліцу пахла пылам з растрэсеных снапоў. Каля адчыненых гуменных варот бялела салома і з’яўляліся людзі з абпыленымі тварамі, чорнымі вусамі і бародамі. Чуючы цеплыню на дварэ, у хлявах рыкалі каровы і пад вечар каля калодзезяў здзіўлена абнюхвалі снег. У дварах іржалі коні. У дварах жа стаялі драбіны з чорнымі ад прамёрзлай гразі калясьмі. І побач з імі наладжаныя сані чакалі свайго хуткага часу»1.

Адным з першых у беларускай літаратуры К. Чорны стварае малюнкі індустрыяльнага пейзажу. Індустрыяльны гарадскі пейзаж мае віднае месца ў раманах «Трэцяе пакаленне», «Люба Лук’янская». Некалькі паслядоўных малюнкаў прыроды ў раёне Двух хат («Трэцяе пакаленне») даюць нагляднае ўяўленне пра тое, як мянялася аблічча балотнай мясцовасці, у якой жывуць і дзейнічаюць героі. Малюнкамі прыроды К. Чорны паказвае, як людзі перарабляюць, змяняюць зямлю.

У адпаведнасці з жыццёвай праўдай пісьменнік многія пейзажныя малюнкі разгортвае ў дзейныя карціны масавай калектыўнай працы.

«Чыстае неба спускалася на гэты зялёны ўзгорак, увесь купчасты ад хмызнякоў... Налева ледзьве відна была хатка. Паміж ёю і абрывам, на вялікай разлегласці ўсяго ўзгорку (кіламетраў паўтара), варушыліся чалавечыя постаці. Іх было многа. Дзе-нідзе яны былі па некалькі чалавек, часта — вялікім гуртам... Бесперапынна спускаліся ўніз і падымаліся ўгору прымацаваныя к канатам бочкі і звычайныя ручныя насілкі, падаючы на рыштаванні цэглу і гліну»2 і г. д.

Нярэдка пісьменнік карыстаецца пейзажам для таго, каб глыбей і ярчэй выявіць пачуцці чалавека. Пейзаж, такім чынам, дапамагае вырашаць важную задачу глыбокага раскрыцця вобраза.

Вось як у рамане «Вялікі дзень» пейзажным малюнкам выяўляе пісьменнік псіхалогію ворага Клебера: «Пачынаўся дзень. На ўсходзе, праз рэдкае хвойнае стволле, ён убачыў на небе агністае святло: маладое сонца стаяла над краем зямлі і плыло ўгару, і здавалася, што яно стаіць на адным месцы і толькі зменшваецца яго круг. Клебер не быў ні лірык, ні рамантык, і асабліва тут. Перад ім была зямля, якую ён упершыню бачыў, хоць пра якую і вельмі многа чуў раней... Лес, які быў навокал яго, не вабіў яго... Абочынамі дарогі пачалі ісці групы чырвонаармейцаў: стомленыя, ішлі адзін за адным. Пасля зноў прайшлі жанчыны з дзецьмі. Клебер глядзеў на ўсё гэта, як на цэль, у якую трэба было б страляць, каб ён быў тут у іншых умовах»3.

Цяжка паранены ў плячо пры абароне Брэста Уладзімір Вялічка, убачыўшы каля сябе расліну, якая спадабалася яму, пачынае думаць аб тым, што варожая навала прынесла смяротную пагрозу ўсяму самаму роднаму і дарагому. Вялічка з новай сілай адчувае, як моцна звязаны ён з роднай краінай.

Часам Чорны ўжывае пейзаж як паэтычную паралель чалавечым пачуццям. Алесь (раман «Зямля») адчувае, што яго каханая дзяўчына Ганна пачынае быць абыякавай да яго, і гэта выклікае ў хлопца трывогу. Адчуванне страты кахання пісьменнік узмацняе пейзажам позняй восені. Той дзень, калі Алесь адчуў, што Ганна ўжо не любіць яго, быў «адным з апошніх цёплых дзён». Павевы блізкіх халадоў, голыя дрэвы ў садах, асенні вецер — усё гэта адпавядае настрою Алеся.

Трэба таксама адзначыць, што пейзаж у творах Чорнага часам удзельнічае ў руху сюжэта, у развіцці інтрыгі. Тварыцкі працуе каля хвойнага лесу, пасярод якога цячэ рэчка. Крык мноства варон над лесам прыцягвае ўвагу Тварыцкага, ён ідзе ў лес і знаходзіць труп Седаса. Гэтым малюнкам завязваецца інтрыга ў другой частцы рамана «Трэцяе пакаленне».

Чорны неаднойчы выкарыстоўвае пейзаж для ўзмацнення інтрыгі. Спрабуючы высветліць абставіны загадкавай гісторыі з забойствам Седаса, Тварыцкі пільна аглядае лясныя мясціны, па асобных адзнаках — зламаны сук алешыны, патаптаны мох і г. д. — разгадвае некаторыя акалічнасці драмы. Але разгадаць удаецца яму далёка не ўсё. Ён напружана думае над тым, што ўбачыў, ён заінтрыгаваны. Заінтрыгаваны і чытач.

Такім чынам, роля пейзажу ў творах Чорнага і значная, і разнастайная. Прырода — вельмі важная частка вялікага творчага свету выдатнага пісьменніка беларускага народа.

 

1946—1948

1 Чорны К. Зямля, с. 262.

2 Чорны К. Трэцяе пакаленне, с. 157.

3 Чорны К. Выбраныя творы, с. 395—396.


1946-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 23-105
Крыніца: скан