epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Выступл[енне] на беларус[кім] радыё — інтэрв’ю карэспанд[энту] апошніх паведамленняў. 15.XI.1963 г.

Для мяне, як і для кожнага сав[ецкага] пісьменніка, вялікае значэнне маюць сустрэчы кіраўнікоў партыі з дзеячамі літаратуры і мастацтва, рашэнні чэрвеньскага Пленума ЦК партыі.

Час гэты быў для мяне — і часам вялікага роздуму над шляхамі развіцця літаратуры і часам напружанай, штодзённай працы.

Я звычайна мала працую летам. Лепшы час для работы ў мяне — восень. Але ў гэта лета амаль усе дні прайшлі ў працы, якая даўно хвалюе мяне. Слухачы мае, мабыць, ведаюць, што тры гады назад быў напісан мной раман «Людзі на балоце». Лёс людзей з гэтай кнігі не перастаў мяне хваляваць пасля таго, як я закончыў сваю кнігу. Лёс гэтых людзей у новы час — мой самы вялікі творчы клопат і цяпер. Новы мой раман раскажа пра далейшае жыццё Ганны і Васіля, Хадоські, Яўхіма і другіх герояў. Героі тыя ж, але час, у які яны жывуць, іншы — гэта час вялікіх, складаных перамен у жыцці — час, калі селянін-аднаасобнік павінен стаць на шлях сацыялістычнага жыцця. Перамена гэтая не простая і не лёгкая, як гэта нярэдка паказвалі некаторыя пісьменнікі раней. Я хачу, каб новы мой раман быў праўдзівы, каб сённяшні чытач бачыў, якімі цяжкімі, часам пакутнымі шляхамі ішлі людзі к сённяшняму шчасцю. Многа цяжкага выпадае і на долю, на сэрца, і на плечы і маіх герояў, у прыватнасці і Васіля і Ганны, Хадоські і Хоні, якіх я люблю асабліва, з якімі я таксама як пісьменнік разам трывожуся і радуюся. Пісьменнік — як маці, яго настрой залежыць ад таго, якім настроем жывуць яго героі. Вось і я багата думаю разам са сваімі героямі, багата перажываю за іх. Хочацца, каб гэту любоў і гэты клопат пра шчасце дарагіх мне людзей адчувалі і мае чытачы.

Новы раман мой называецца «Навальніца над полем». Калісьці ён называўся «Звер сочыць з зарасніку», але мне гэта назва перастала падабацца, і я замяніў яе. «Навал[ьніца] над пол[ем]» — гэта і ёсць той твор, які некаторыя чулі па радыё пад назвай «Звер сочыць...».

Калі слухачоў цікавіць мая новая кніга, калі яны хочуць давед[ацца] пра Ганну і Васіля, пра Хадоську, я мог бы параіць ім паглядзець часопіс «Полымя» ў новым годзе — у ім, у «Полымі» будзе ў нумарах 1 і 2 частка майго новага рамана «Навальн[іца] над полем».

Новы раман гэты і ёсць пасільны мой адказ на клопаты партыі і народа аб літаратуры, аб нас, пісьменніках.

 

(...)


15.11.1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан