epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Бытавое, як мастацкае

Шлях пісьменніка... Вядома, ён у першую чаргу ў творах, у кнігах, як вынік і адбітак пройдзеных жыццёвых дарог і тых дум і пачуццяў, што спадарожнічалі вандроўніку. Доўгі час Аляксей Кулакоўскі ўяўляўся мне пісьменнікам-бытавіком: пільная ўвага да «дробязей» жыцця, да тых шматлікіх дэталей і падрабязнасцей, без якіх немагчыма тканіна добрай, ёмістай прозы. І сюжэты нескладаныя — выпадкі з жыцця, расказаныя цёпла, са шчырай усмешкай, сакавітай, але без асаблівай экспрэсіі мовай.

І вось трапілася на вочы апавяданне «Гарэў аганёк», якое адразу перавярнула ўсе ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. У ім таксама нескладаная гісторыя: вучні памагаюць калгасу выбіраць бульбу, разам з імі настаўніца, якая, мяркуючы па тым, як адносяцца да яе дзеці, на ўдзячную глебу сее ў іх душах «разумнае, добрае, вечнае». Усё ідзе як мае быць: вучні выберуць бульбу, тады прысядуць каля цяпельца, якое ўжо гарыць, і пакаштуюць гэтай самай бульбы, толькі печанай, незвычайна смачнай на пахмурным асеннім полі. І гэтая вячэра каля агню будзе найвышэйшай узнагародай за ўвесь дзень, напоўнены шчырай працай, і нават нечым значна большым, можа, нават пэўнай вехай на шляху яднання гарачых, даверлівых сэрцаў. Але вось прысунуўся на поле дзядзька Палікар, той самы, які, калі сядзіць каля агню, нагадвае здалёк мяшок з бульбай. Рабіць Палікар не вельмі ахвочы, і яму даручана пячы бульбу. Дзядзька бульбы напёк, але сам усю і паеў, пакінуўшы пасля сябе лушпайкі, крошкі белай, як мука-крупчатка, бульбы, выедзеныя з сярэдзіны палавінкі.

Колькі харошай, някідкай на знешні погляд паэзіі ў гэтым кароценькім апавяданні і колькі злой, калючай іроніі ў адрас розных захрыбетнікаў, марнатраўцаў, сквалыг, людзей з чорнымі душамі. Хіба толькі бульбу з’еў Палікар? Ён сваім учынкам украў у дзяцей нешта надзвычай дарагое, радаснае, растаптаў іх свята.

Менавіта гэтае кароценькае апавяданне прымусіла па-новаму зірнуць на ўсё, напісанае Аляксеем Кулакоўскім. Можа, я памыляюся, але галоўным у таленце гэтага надзвычай цікавага, самабытнага пісьменніка мне якраз здаецца ўменне ў будзённым, звычайным убачыць вялікае і значнае, выявіць паэзію ва утылітарных фактах жыцця.

Аляксей Кулакоўскі не з тых пісьменнікаў, якія залішне цесна прывязваюць асабістую жыццёвую біяграфію да сваіх твораў. Але прывязанасць гэтая ўсё-такі ёсць, ад яе, відаць, каб і хацеў, не ўцячэш.

Прачытаўшы аповесці «Гартаванне», «Нявестка», «Да ўсходу сонца», раманы «Расстаёмся ненадоўга», «Сустрэчы на ростанях», такія апавяданні, як «Незабыўнае рэха», «Дванаццаты жорсткі», я зразумеў, што было ў Аляксея Кулакоўскага поўнае рамантыкі, неспакойнае камсамольскае юнацтва, цяжкія франтавыя дарогі, што яго асабістая біяграфія вельмі цесна змыкаецца з лёсам шматлікіх літаратурных герояў.

Аляксей Кулакоўскі — пісьменнік актыўнай грамадскай тэмы. Пішучы пераважна пра вёску, пра будні калгаснага жыцця, ён публіцыстычна востры, непрымірымы да фактаў руціны, бюракратызму, зазнайства, да ўсяго таго, што замінае імкліваму поступу наперад арцельнай гаспадаркі. Праўда, не заўсёды пяру пісьменніка спадарожнічае поспех, здараюцца і творчыя пралікі. Так было, напрыклад, з аповесцю «Дабрасельцы», дзе пісьменнік не здолеў ідэйна ўзняцца над прыватным фактам, паставіў акцэнты толькі на цёмным, змрочным. А ўвогуле талент А. Кулакоўскага — светлы, аптымістычны, вельмі чалавечны. Сярод беларускіх празаікаў Кулакоўскі вызначаецца мяккімі, акварэльнымі фарбамі, добрай лірычнай цеплынёй, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка.

Пісьменнік у росквіце сваіх сіл, і сёння ён у няспынных пошуках. Даўно была напісана аповесць «Гартаванне» — адзін з нешматлікіх у нашай літаратуры твораў аб станаўленні характару юнака ў рабочым асяроддзі, аб буднях рабочага калектыву трактарнага завода. Цяпер пісьменнік настойліва вывучае будні Салігорскага камбіната, які за апошнія гады вырас непадалёку ад яго роднай вёскі. У друку з’явілася ўжо нямала цікавых эцюдаў аб людзях Салігорска. Будзем спадзявацца, што гэтыя эцюды выльюцца ў новы цікавы мастацкі твор.

Шмат пройдзена жыццёвых дарог і напісана кніг. Творы Аляксея Кулакоўскага вядомы ўсесаюзнаму чытачу, некаторыя з іх выдадзены ў краінах народнай дэмакратыі.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 253-255
Крыніца: скан