epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Чалавек на вайне

Невялікая аповесць Васіля Быкава «Трэцяя ракета» стала падзеяй у савецкай літаратуры. Усесаюзны чытач прыняў яе, як кажуць, безагаворачна, і гэта вельмі прыемна. Я люблю творчасць Васіля Быкава, чытаў усё, ім напісанае, і ў гэтых кароткіх нататках мне хочацца падзяліцца некаторымі думкамі аб «сакрэтах» поспеху таварыша па пяру. Калі гаварыць шчыра, то з усяго напісанага мне асабіста найбольш падабаецца аповесць Быкава «Жураўліны крык». Здаецца, няма ў нас лепшай аповесці пра суровы і трагічны сорак першы год, самы цяжкі з ваенных гадоў, калі найбольш востра стаяла пытанне не толькі аб мільёнах чалавечых жыццяў, але і аб лёсе Радзімы, яе гісторыі і будучыні. Зрэшты, Быкаў вельмі ашчадны да таго жыццёвага матэрыялу, які дасканала ведае, і «Трэцюю ракету» можна лічыць своеасаблівым працягам «Жураўлінага крыку». І там і тут па-рознаму паміраюць людзі. Адны з унутраным перакананнем, што іначай нельга, бо абараняюць яны самае дарагое і святое, другія, тыя, каго да вайны мы па-сапраўднаму не ведалі, у гадзіну суровага выпрабавання дбаюць пра свой «шкурны» інтарэс. У «Жураўліным крыку» большы, суровейшы трагедыйны напал, бо гаворка, паўтараю, ідзе пра лёс бацькаўшчыны. Тыя, што гэтак мужна і самаахвярна гінуць за родную зямлю, яшчэ не бачаць нават пробліску перамогі над ворагам. У сорак першым годзе наўрад ці мог салдат гэтак няўрымсліва думаць пра дзяўчыну, як думаюць героі «Трэцяй ракеты».

Васіль Быкаў, сам у мінулым салдат, франтавік, вельмі тонка і дакладна адчувае тыя грані, якія праз душу ўдзельніка вайны эмацыянальна характарызуюць розныя этапы і перыяды ваеннага часу. Героі «Трэцяй ракеты», пяцёра салдат на чале са старшым сяржантам, у значнай ступені знаёмыя нам людзі. Пісьменнік як бы перанёс іх у новую аповесць з папярэдніх твораў. Іх чалавечыя, псіхалагічныя характарыстыкі ўзмацніліся, паглыбіліся, але прынцыпова новага тут няма. І ўсё ж «Трэцяя ракета» пакідае ўражанне твора, які не падобен на ўсё папярэдняе, напісанае празаікам. Паспрабуем разабрацца, у чым тут справа.

Пісаць пра вайну азначае, на маю думку, маляваць не толькі чалавечыя характары, якія вельмі выразна праяўляюцца ў абставінах смяртэльнага бою, але — і гэта, мабыць, галоўнае — ствараць непаўторны вобраз часу. Вайна, а тым болей Айчынная вайна,— падзея, у якую быў уключаны ўвесь народ: яна падпарадкавала сабе ўсе адчуванні савецкіх людзей, усе іх думы і мары. Успомнім, што нават песні былі розныя ў розныя часы вайны.

Васіль Быкаў у «Трэцяй ракеце» малюе сорак чацвёрты год, кровапралітныя баі ў Румыніі. На гарызонце ярка заззяла сонца перамогі. Героі «Трэцяй ракеты» ведаюць, што хоць яшчэ многа крыві і пакут наперадзе, але іх краіна выстаяла ў жорсткай схватцы, яна жыве і будзе жыць. Таму кроўнай для іх справай становіцца пытанне аб уладкаванні таго жаданага, мірнага жыцця, якое наступіць пасля вайны. Пра гэтае мірнае жыццё кожны па-свойму, са сваёй адметнай меркай будучага шчасця думаюць усе шасцёра з гарматнага разліку «саракапяткі». Для камандзіра разліку, старшага сяржанта Жаўтых, кубанскага хлебароба, вайна — цяжкая, няўдзячная, але неабходная работа: «Толькі тае і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна — ужо апошняя. Даваюем, і баста. Ужо другой такой не будзе. Не павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося».

Японская вайна забрала дзеда Жаўтых, імперыялістычная — бацьку, пад Халхін-Голам пакалечыла брата.

«Я б усе медалі аддаў,— гаворыць сяржант,— толькі б дзяцей зберагчы. Вунь — не скончыцца вайна да Новага года — старшы мой, Дзімітры, пойдзе. Дапрызыўнік. Васемнаццаць год хлопцу. Возьмуць, трапіць у пяхоту, і што думаеш? Маладое, дурное — у першым-другім баі і пакладзе галаву. Не жыўшы, не ведаўшы...»

З семярых найбольш ярка выпісаных герояў аповесці загінула шэсць, і амаль усе, што загінулі, былі людзьмі маладога веку, ішлі насустрач свайму жыццю. Памерці ў канцы вайны, маючы планы на тыя шчаслівыя, бязвоблачныя дні, што мусяць наступіць услед за атакамі і артылерыйскімі падрыхтоўкамі, мабыць, яшчэ цяжэй і пакутлівей, чым скласці галаву ў пачатку вайны. Пісьменнік гэта адчуў, здолеў данесці боль свайго сэрца і свой грамадзянскі смутак да чытача.

Бадай, найбольшай удачай і мастацкім адкрыццём Васіля Быкава ў «Трэцяй ракеце» з’яўляецца вобраз Люсі, сціплага санінструктара, чалавека вялікага сэрца. Колькі такіх санінструктараў праз гады, плячо ў плячо з мужчынамі, цягнулі цяжкі воз вайны. Апошняя вайна, між іншым, ад усіх папярэдніх тым і адрознівалася, што ў ёй нароўні з мужчынамі ваявалі і жанчыны. Як жа трэба намаляваць доблесць мужчыны, і што галоўнае, нарэшце, у гэтай доблесці, калі самае прыгожае, што ёсць у жыцці — жанчына-краса, аздоба, кветка гэтага жыцця,— пераносіць тыя самыя пакуты ў акопе, на полі бою, што і яе заступнік і абаронца. Гэта, дарэчы, зусім новы ў эстэтычных адносінах матэрыял, і пісьменнік вельмі дасканала адчувае яго навізну.

Героі Быкава — Жаўтых, Папоў, Лазняк, Крывёнак, Лук’янаў, Лёшка Задарожны, Люся — праходзяць перад чытачом на працягу адных толькі сутак; нічога асаблівага, апрача выканання свайго салдацкага абавязку, яны не робяць, але тым не менш характары кожнага з іх раскрываюцца ў аповесці гранічна поўна і лагічна. Кожны з герояў — непаўторная чалавечая індывідуальнасць, жыццёвыя шляхі большасці з іх як бы ілюструюць тое добрае, што было ў нашым перадваенным жыцці, і, нарэшце, біяграфіі некаторых — той друз і непатрэбшчыну, якіх мы не хацелі ці не ўмелі заўважаць у людзях.

Аповесць не мела б такога гучання, калі б пісьменнік не ўвёў і не раскрыў гэтак па-чалавечы цёпла і прывабна вобраз Люсі. Люся — гэта як бы прамень і вястун таго жыцця, якое наступіць пасля хуткай перамогі. Вось яна, маленькая, па-жаночы зграбная нават у кірзавых ботах і вайсковай гімнасцёрцы, прыходзіць на пазіцыю «саракапятчыкаў», і, як заўсёды бывае ў прысутнасці дзяўчыны, загрубелыя, абпаленыя вятрамі вайны салдаты мяняюцца на вачах. Трое маладзейшых — Лазняк, Крывёнак і Лёшка Задарожны — наогул закаханы ў Люсю, і яе з’яўленне яшчэ ярчэй, выразней абвастрае хлапечыя пачуцці і трывогі. Лёшка Задарожны — фразёр, у мінулым футбаліст — выхваляецца ўяўнай смеласцю, увішна абходжвае дзяўчыну, выклікаючы косыя позіркі сваіх «супернікаў». Ён, вядома, з усіх траіх найменш любіць Люсю, намеры яго брыдкія, агідныя. Двое ж астатніх — Лазняк і Крывёнак — любяць дзяўчыну «па-рыцарску», яны гатовы дзеля яе на найвялікшы подзвіг, адзін позірк Люсі для іх — узнагарода за пакутлівае, небяспечнае акопнае быццё.

Лёс не асабліва пеставаў Крывёнка, рос ён у дзіцячых дамах і прытулках, не ведаў мацярынскай ласкі, у дадатак вайна знявечыла яго твар. Юнак азвярэў, лютае азлабленне на «ўсіх і ўсё» перапаўняе яго істоту. Але і ў душы гэтага чалавека жыве нешта святое, прыгожае, што здольна абудзіць адным сваім з’яўленнем Люся. Знявечаны вайной, Крывёнак непамерна вышэй па сваіх духоўных якасцях за Лёшку Задарожнага, прыстасаванца і шкурніка, які не зважае на ўсе высокія ўяўленні і ідэалы. Пісьменнік вельмі добра адчувае і ненавідзіць усёй душой пароду людзей, да якіх належыць Задарожны. З такіх вырастаюць чыноўнікі, бюракраты, падхалімы — тое агіднае, пачварнае племя, якое ўносіць бруд, карыслівы разлік у кожную справу — вайна гэта ці мірныя будні. Недзе тут, у духоўным паядынку паміж Лазняком і Задарожным,— «унутраная тэма аповесці». Праекцыя твора, яго святло, перспектыва — мірнае жыццё, якое будзе заваявана вялікай крывёй і бясконцымі чалавечымі ахвярамі. У гэтым жыцці не павінна быць маны і фальшу, здрады і здзеку над чалавекам, бо за гэта заплачана ўжо вялікая цана. «На колькі ж франтоў суджана змагацца мне,— думае герой аповесці Лазняк,— і з ворагамі ў акружэнні, са сволаччу побач, нарэшце, з самім сабой. Колькі ж гэта перамог трэба здабыць гэтымі вось рукамі, каб яны склаліся ў тую, што напішуць з вялікай літары?»

Аповесць пабудавана на своеасаблівым перапляценні рамантычных, «высокіх» і бытавых, крыху нават «заземленых», інтанацый, якія характарызуюць розныя ўяўленні і адносіны да жыцця герояў аповесці. З высокімі, бескампраміснымі меркамі ставіцца да жыцця Лазняк. У душы юнака ўвесь час ідзе вялікая ўнутраная работа; гэта натура, якая, бадай, толькі складваецца, яна супярэчлівая, па сваёй сутнасці. З аднаго боку, Лазняк — чалавек подзвігу, воінскі абавязак і бездакорнае яго выкананне ў вачах юнака — найвышэйшая адзнака вартасці людзей. Але ў той жа час Лазняк ненавідзіць вайну, бо яна забрала ў яго маладосць, запляміла ў гразь самыя высокія парыванні.

«...Няхай яна будзе тройчы і сотні разоў праклята, гэта вайна. Яна кожнага дня вісела над намі ўсе нядоўгія гады нашага жыцця, яна спела, накоплівалася з самай калыскі, якую, прыйшоўшы з папярэдняй вайны, ладзілі нам нашы бацькі. Пад яе чорным крыллем гушкаліся, раслі і вучыліся мы — салдацкія сыны і самі будучыя салдаты...»

Калі для Лазняка падобныя думкі з’яўляюцца своеасаблівай «рэфлексіяй», што ідзе побач з загартоўкай яго як смелага воіна за справядлівую справу, то Люся адмаўляе вайну ўсёй сваёй сутнасцю, нават тыя высокія рамантычныя ацэнкі, якія Лазняк схільны даваць учынкам сваіх таварышаў у адпаведнасці з тым, як выконваюць яны свой воінскі абавязак.

«Эх, Лазняк, Лазняк! — разважна ўздыхае Люся.— Мне часам здаецца, што я намнога старэйшая за ўсіх вас. Здаецца, я адчуваю, разумею тое, чаго вы не разумееце. Вы такія слаўныя, храбрыя, толькі вы не разумееце сябе, вы трымаеце сябе так, нібы ўвесь век да вас і пасля вас была і будзе адна толькі вайна. Без вайны вы сябе не ўяўляеце. Ці не так? І ўсё вы мераеце салдацкай меркай. Іншай у вас няма. Праўда ж?»

Люся сапраўды менш за ўсё думае пра ўзнагароды, медалі, нават не вельмі дакарае таго ці іншага з салдат, хто спалохаўся, збаяўся на полі бою. У ёй жыве прыроджаная спагада да чалавечага гора, болю, і нібы інстынктыўна яна адчувае сябе маці, пачынальніцай жыцця, а не смерці. І хіба не паліць агнём горычы, жалю фінал аповесці, дзе ўцалелы Лазняк бярэ на рукі і выносіць з акопа маленькае цела мёртвай Люсі, якая спяшалася на пазіцыю артылерыстаў, прыбегла, каб аблегчыць пакуты хлопцаў? Харошы, па-чалавечы абаяльны вобраз дзяўчыны намаляваў у сваёй аповесці Васіль Быкаў.

Па характару свайго таленту Васіль Быкаў — выразны аналітык, падчас манера яго апавядання нават крыху сухаватая; рэдка асвеціцца яго радок усмешкай, вострым, крылатым словам, якое, дарэчы, было вельмі ў пашане і на вайне. Іншы раз нават здаецца, што пісьменнік наўмысна нагнятае дэталі, каб больш уразіць чытача. І ўсё ж варта сказаць, што Быкаў піша пра франтавыя будні вельмі праўдзіва. Здзіўляе ў яго аповесцях і апавяданнях добрае веданне вайсковага побыту. Абстрэлы, артналёты, атакі — увесь побыт вайны, той, які адначасна з’яўляецца і яе героікай, дасканала вядомы пісьменніку, як і праўда пачуцця, тая нябачная работа нерваў, свядомасці, тыя змены настрою, што вядомы толькі салдату, і не наогул салдату, а толькі таму, які сам ляжаў у акопе, страляў, адбіваў атакі, змірыўшыся ў хвіліны адчаю з думкай аб смерці.

Ёсць у аповесці і свае пралікі, з якіх я назаву толькі два. Як гэта ні здасца дзіўным, але ў Быкава назіраецца некаторая схільнасць да кніжнасці, да паўтарэння таго, што ўжо сказалі другія пісьменнікі. Сама па сабе не новая сітуацыя з Люсяй, з закаханымі ў яе хлопцамі, але тут сваё, убачанае ўласнымі вачамі празаіка перавышае запазычанае. Горш, скажам, з вобразам якута Папова, які з’яўляецца, бадай, цалкам літаратурнай рэмінісцэнцыяй. Людзей дакладна з такімі ж паводзінамі, псіхалогіяй сустракалі мы ў Э. Казакевіча («Двое ў стэпе»), у Г. Бакланава і ў іншых пісьменнікаў.

Не заўсёды ўважліва ставіцца Васіль Быкаў да мовы свайго твора, і гэта ўжо недаравальна. Я пералічу моўныя хібы толькі адной старонкі — яны датычаць як лексікі, так і фразеалогіі: «Я курчуся ў куце» ; «затуляю Люсю»; «шастае зямля»; «з ровам шыбуюць на нас бомбы»; «толькі нестрываны сум агартае мяне ад думкі, што не ўдасца ўберагчы Люсю»; «першая бомба выбівае з-пад мяне зямлю»; «земляныя глыбы»; «між калень»; «роў бліжае»; «міма» і г. д.

Думаецца, што Лазняк намаляваны залішне рэфлектыўным, яго паводзіны не пасуюць да тых напружаных абставін, якія малюе нам аўтар, але гэта — пэўная ўмоўнасць мастацкага твора, як умоўная і гармата-«саракапятка», што ўвесь дзень настойліва агрызаецца і ніхто з ёю не можа зладзіць. Галоўнае, што ёсць у аповесці «Трэцяя ракета» і што робіць яе творам, прыкметным ва ўсёй савецкай прозе,— гэта праўда аб чалавеку на вайне, праўда аб тым, як ён адчуваў, думаў, жыў, змагаўся за сваю Радзіму.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 247-253
Крыніца: скан