Іван Навуменка

Хлопцы самай вялікай вайны...

I
II


I

 

Пасля Бранска стала ясна, куды кіруецца эшалон. Станцыя Фаянсава, горад Кіраў, палявая пошта 07121. Хлопцы, каго тыдні на два прызвалі раней, паспелі прыслаць адтуль трохкутнікі.

Станцыя Бранск-I, як і Бранск-II, - у развалінах. Сякія-такія задымленыя каробкі прыстасаваны пад памяшканні ваеннага каменданта, перасыльнага пункта, санпрапускніка, прадпункта. Пуці адрамантаваны. На іх безліч вайсковых эшалонаў. Бранск-I, як і Бранск-II, - станцыі ўсё-такі вялікія.

Віктару Пасашку, можна сказаць, шанцуе. Па-першае, трапіў у добрую цяплушку. Двух'ярусныя з неачэсаных дошак палкі на месцы, на падлозе ніхто не спіць. Ёсць жалезная пячурка з выведзенай у столь, а не ў акно трубой. Трэба толькі ўвесь час падкладваць дровы, бо калі хоць на гадзіну пячурка астывае, то на сценах вагона, асабліва ля дзвярэй і па кутках, адразу выступае белая намаразь. Але вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У ход ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў.

Пасашка задаволен і тым, што едзе са знаёмымі і блізкімі людзьмі. У вагоне Саша Чарняўка, Васіль Міхальчук - хлопцы, з якімі Віктар вучыўся ў адным класе. Адам Пасашка, стрыечны брат, сусед, жылі на адной вуліцы...

Але ёсць у вагоне людзі, знаёмствам з якімі Пасашка асабліва ганарыцца. Гэта партызаны. Іх, бадай, палавіна. З местачковых хлопцаў, якія едуць у вагоне, толькі адзін Віктар быў у партызанах, і па гэтай прычыне ён як бы звязвае маладых местачкоўцаў з тубыльцамі навакольных сёл, вёсак, якія паспелі панюхаць пораху. Зрэшты, і раней так было. Саша Чарняўка, Васіль Міхальчук, якія партызанскіх даведак не маюць, тым не меней у небяспечных справах удзельнічалі. Сярод іх быў і Пасашка, з той толькі розніцай, што ён і тады трымаў сувязь з партызанамі...

 

II

 

У Бранску-II удала дасталі вядро кіпятку. Быў ужо надвячорак. Эшалон стаяў. Хлопцы сталі развязваць торбы і сідары, каб падсілкавацца.

Пасашка ўжо месяц, як зноў савецкі. Ім валодае дзіўны, узбуджаны і прыўзняты настрой, хоць сякія-такія рэчы, якія ён назіраў у мястэчку за гэты месяц, яму не зусім падабаюцца. Ён заўважыў: партызаны і наогул усе тыя, каму прыйшлося хадзіць не прамымі, а звілістымі, пакручастымі сцежкамі вайны, не надта раскрываюцца перад байцамі, камандзірамі, што мералі да прыдняпроўскага мястэчка крывавыя кіламетры ад самай Волгі. Вайскоўцы іх проста не разумеюць. Яны гордыя пройдзеным шляхам, перамогамі і як бы забываюць, што акрамя сорак трэцяга года быў сорак першы, калі гэтая самая дарога пятляла адступленнямі, акружэннямі, калі па ёй панура пляліся доўгія калоны ваеннапалонных.

У сваю чаргу партызаны не надта прызнаюць тых, хто, чым мог, шкодзіў немцам, не адрываючыся ад сям'і і роднага паселішча...

Зрэшты, вагон прымірыў супярэчнасці. Наперадзе вайна. Немцы вунь зноў захапілі Жытомір, ірвуцца да Кіева...

Вячэраюць, разбіўшыся на купкі. Так здарылася, што Віктар раскрывае брызентавы сідар не ў кампаніі стрыечнага брата Адама ці аднакласніка Сашы Чарняўкі, а ў кружку, які як бы ўзначальвае шыракатвары, павольны ў рухах партызан Сяргей Рагазуб. Можа, таму, што разам з гэтым Сяргеем яму аднойчы прыйшлося ляжаць у засадзе, а ў час асенняй блакады ён суткі прастаяў побач з ім па шыю ў балотнай твані... Дый пуставатыя сідары ў партызан. Местачкоўцам сяго-таго паклалі ў торбы маткі. А ў партызан толькі тое, што далі на паёк у ваенкамаце. Са сваіх хат яны нічога не маглі ўзяць, бо хаты і вёскі спалены... Павячэралі някепска. Сухары, ваенкаматаўскі шпіг, у якім на скурцы стаяць сінія казённыя пячаці, дамашнюю цыбулю запілі падсалоджаным кіпятком. Эшалон усё яшчэ стаіць. Відаць, у першую чаргу прапускаюць тыя эшалоны, якія кіруюцца на фронт. А іх маршрут - у тыл, можна і не спяшацца. У праём дзвярэй, калі хто-небудзь адчыняе іх, каб вышмыгнуць па патрэбе на двор, глядзіць цёмная снежаньская ноч. У вагоне ж пячурка да чырвані распалена. Нехта зайграў на нямецкім губным гармоніку. А ўвогуле трэба спаць. Можа, іх апошняя ноч у эшалоне.

Віктар заснуў імгненна. Прачнуўся, бадай, пазней за ўсіх - ад таго, што замерзлі калені. Усю дарогу, калі пячурка астывала, у яго мерзлі калені. Убачыў: дзверы расчынены, у вагоне бязладны рух. Значыць, прыехалі...

Тыя, хто прарочыў, што станцыі Фаянсава з ходу не праскочыць, не памыліліся. Гэта была іменна яна - некалькі прысадзістых, на скорую руку адноўленых каменных будынін, зацярушаныя снегам домікі пасёлка. А вакол лес - векавечныя сосны, хмурыя, урачыста стоеныя елкі. Туды, у лес, вяла шырока пратаптаная ў снезе дарога...

Калону пастроілі па чатыры ў рад, далі каманду рушыць. Убогі, непрывабны выгляд мела яна. Дзіравыя ватоўкі, шэрыя сялянскія світкі, латаныя-пералатаныя кажухі. У гэта быў апрануты пераважна люд цывільны. Закураныя шынялі розных армій - чырвонаармейскія, нямецкія, мадзьярскія, славацкія і яшчэ Бог ведае якія неслі на сваіх плячах партызаны. Сярод абутку былі лапці, чуні, апоркі, розных відаў і фасонаў разбітыя чаравікі і, мабыць, на тры ці чатыры сотні людзей ніводнай пары прыстойных ботаў. Можа, за гэты ўбогі выгляд на ўсіх тых, хто крочыў у калоне, з нечуванай лютасцю накінуліся бабы, што гандлявалі тут жа, на станцыі, піражкамі з мерзлай бульбы, махоркай і малаком.

- Сволачы праклятыя!.. Нашы даўно галовы палажылі, а яны толькі ідуць!..

- Ваякі няшчасныя! Спалі з жонкамі на печы...

- Глядзі, ражку наеў, патрыёт...

- Будуць хваліцца потым, што ваявалі...

- Вочы б мае не глядзелі на вас, ірадаў...

- Дэзерціры...

- Кулачугі...

- Пад спадніцамі ў жонак хаваліся...

Віктар, калі вучыўся перад вайной у дзевятым класе, не раз спрабаваў сабе ўявіць, як пойдзе ў армію. Тых, хто паспеў пайсці ў авеяныя ружовым мроівам мірныя гады, праводзілі з аркестрамі, гармонікамі, прамовамі. А табе, браце, вось які аркестр!..

Дні тры мабілізаваных трымалі ў санітарным ізалятары. Ізалятар гэты - як схованка ляснога пустэльніка. Некалькі вялікіх халодных зямлянак, з землянымі, засланымі яловымі лапкамі нарамі. Харч - тым жа сухім пайком...

Нарэшце каманда:

- У лазню!

Старэйшыя, тыя, хто ў свой час паспеў прайсці прызыў, ведалі, што гэта значыць. На хаду зрывалі з сябе шынялі, кажухі, пінжакі, нават сарочкі, тапталі, хавалі ў снег. Некаторыя ляцелі ў лазню ў адных парудзелых сподніках. На Віктару была ніштаватая паддзёўка, якую ён раздабыў, калі грамілі ўласаўскі абоз. Куртачка-талстовачка мела бліскучы замок-маланку. Свае скарбы Віктар таксама старанна затаптаў у снег.

З лазні выходзілі прыгажунамі - хоць у каноплі стаўляй. Шынялі - БВУ, ватнікі, гімнасцёркі - БВУ... Асабіста для Віктара гэта значыла, што атрымаў стары, доўгі, з прапаленым крыссём кавалерыйскі шынель, вышмаргаваныя да глянцу, няпэўнага колеру ватнікі і адносна прыстойную гімнасцёрку. Ватнік, праўда, быў караткаваты, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Чаравік увогуле не ўзяў...

Дык вось ён, запасны полк, палявая пошта 07121. Новыя, у струнку пастаўленыя баракі, пасыпаныя жоўтым пясочкам дарожкі, шырокі пляц, на якім пад гукі аркестра разыходзяцца раніцай роты на баявую вучобу. І ўсё пад навіссю векавых, меднастволых хвой, так што зверху, мабыць, ніякая авіяцыя не прыкмеціць.

Барак, у які трапіў Віктар, змяшчае на сваіх трох'ярусных нарах восемсот чалавек. Віктару дасталося месца на трэцім паверсе, пад самым дахам. Ён дзівіўся: праз ладную шчыліну ў вільчыку падміргваюць зоркі, рукой можна дастаць да зімы, аднак гэтак цёпла ў бараку, што можна спаць не акрываючыся. На другі ці трэці дзень смяшлівы чарнамазы тубылец барака, запыніўшы Віктара, торкнуў пальцам яму ў жывот, запытаў:

- Ты патрыёт?

Віктар не ведаў, што адказаць.

- Патрыёт, патрыёт, запяе твой жывот, - загугнявіў чарнамазы і рушыў сваёй дарогай.

Жывот не запеў, а нават затрубіў вельмі хутка. Не прадбачачы нічога благога, Віктар не хаваў сідара, у якім заставаўся яшчэ ладны прыпас сухароў. Прыпас растаў на вачах. Кармілі ж па трэцяй катэгорыі: шэсцьсот пяцьдзесят грамаў хлеба на дзень, дзесяць грамаў цукру, а на прыварак - што Бог пашле. Тытунёвае забеспячэнне трэцяя катэгорыя ўвогуле не прадугледжвала.

Хлебная пайка лёгка ўмяшчалася на далоні, так што пакуль Віктар стаяў у чарзе за супам ці баршчом (стравы гэтыя адрозніваліся пераважна назвай), то паціхеньку адшчыкваючы ад хлеба, з'ядаў яго ўвесь. Заставалася толькі запіць цвёрды харч супам ці баршчом.

А баявая падрыхтоўка ішла як мае быць. Акрамя яе вялося будаўніцтва новых памяшканняў. Раніцай замест зарадкі трэба было прынесці з лясной дзялянкі бервяно. У абед і перад вячэрай - яшчэ па адным. Бярвенні ніштаватыя: трошкі даўжэй за тэлеграфны слуп і, відаць, трошкі таўшчэй. Адлегласць - два кіламетры ў адзін канец. Бервяно няслі ўтрох, а Віктар - высокі ростам. На першым часе ён думаў, што не вытрывае... Але, зрэшты, гэта былі дробязі. Галоўнае было не ў гэтым, а ў тым, што ён, Віктар, прылучан да вялікай, святой справы, за якой сочыць увесь свет, якая вырашае лёс будучых пакаленняў. Хіба лёгка было ўявіць у сорак першым, што немцаў з іх армадамі танкаў, самалётаў пагоняць назад, будуць наладжваць ім «катлы», акружэнні, не горшыя, чым некалі наладжвалі яны самі. Дзеля гэтага напнулася, як сталёвая струна, уся агромністая краіна...

Асаблівыя хвіліны натхнення, узлёты духу перажываў Віктар, калі раніцай на палкавым пляцы пачынаўся развод вучэбных рот. Бліскучыя трубы выдыхалі са сваіх медных горлаў маршы і мелодыі баявых ваенных песень, гулка бухаў вялізны турэцкі барабан, мерна чаканілі крок тысячы людзей, трымаючы раўненне на застылага, з узнятай пад казырок рукой пасівелага палкоўніка, і, захоплены магутнай плынню музыкі, адчуваннем еднасці, блізкасці з усімі гэтымі людзьмі, урачыстай велічнасцю моманту, Віктар забываў пра галодны жывот, пра тое, што на ім целяпаецца няўклюдны шынель, а ад правага чаравіка зусім адстала падэшва. Тое самае, здаецца, адчувалі ўсе...

Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. На ёй ліецца кроў, губяцца маладыя жыцці, але твае бясцэнныя ахвяры не прападуць. Грыміце, трубы, і чаканьце крок, салдаты самай вялікай вайны!..

Малады васемнаццацігадовы жывот, аднак, нельга было замаліць ніякімі, няхай сабе ўзвышанымі і святымі лозунгамі. Ён патрабаваў харчу, і пры гэтым не толькі ў калорыях, а і ў пэўным аб'ёме. Пасля разводу на пляцы Віктар адразу пачынаў марыць пра абед, пра духмяную пайку, да якой было яшчэ далёка. Іншы раз ён маляваў ва ўяўленні, колькі б мог з'есці хлеба. Адной буханкі здавалася мала, ён тады дабаўляў другую, нарэшце, трэцюю. Ён бы мяў і камячыў гэтыя буханкі, адламваў хлеб вялізнымі кавалкамі і еў бы адразу з дзвюх рук...

На нарах пасля адбою таксама шапталіся пра харч. Ішло паспяховае наступленне на Ўкраіне: немцаў заціснулі пад Корсунь-Шаўчэнкаўскім - і хлопцы марылі трапіць туды, на паўднёвыя франты. Усё-такі там хлебны край: пшаніца, кукуруза, а якія там з белай мукі паляніцы пякуць!..

Ірваўся ў маршавую роту, на фронт, і малады партызан суседняга з Віктаравым раёна Вася Гайчук. Дзіўны, няўрымслівы ён чалавек!.. Ад недаядання шырокі, добразычлівы Васеў твар азыз і пасінеў, стары, мабыць, яшчэ часоў грамадзянскай вайны, шынель вісіць на ім як на калку, але ў Васі тым не меней не ўбавілася ні гумору, ні рухавасці. Увесь свой час, нават той, які адпушчан на асабістыя патрэбы, ён праводзіць ля кулямётаў. Ручны кулямёт Дзегцярова ён можа сабраць і разабраць за лічаныя імгненні і прагне гэтак жа лёгка валодаць станковым.

Насядзеўшыся ля кулямётаў, Вася прыходзіць у курылку зацягнуцда «бычком».

- Вось сюды, - ён торкае пальцам у вялізную масляністую пляму над левай кішэнькай гімнасцёркі, - Міхаіл Іванавіч прывінціць мне залатую зорачку.

- Які Міхаіл Іванавіч?

- Вядома які. Калінін. Усесаюзны стараста.

- За што?

- Як за што? Нашаткую гансікаў, як капусты. Сумняваецеся?..

Зрэшты, тыя, што былі з Васем разам у партызанах, словы яго за жарт не прымалі. Яны ведалі, што ён удзельнічаў у падрыве дзевяці эшалонаў, два ці тры разы яго прадстаўлялі на ордэн, але ўзнагароды не дачакаўся - пайшоў на фронт.

Вынікам размоў і трызненняў пра харч сталася тое, што Віктар выцягнуў з-пад матраца паддзёўку і куртачку з бліскучым замком, якія ў свой час закапаў у снег, і, улучыўшы прыдатную часіну, рушыў са сваім скарбам да галасістых баб на станцыю Фаянсава. Купляць цывільную вопратку ў вайскоўцаў яны, відаць, прызвычаіліся: за дзве каштоўныя па ваенным часе рэчы Віктар ледзь-ледзь выкленчыў семсот рублёў. Затое на тавар уласнай вытворчасці бабы ўзвінцілі цэны як мае быць: невялікі праснак-скавароднік каштаваў сто рублёў, паўлітра малака - пяцьдзесят. Віктар за набыты капітал выпіў бутэльку малака, купіў пяць праснакоў і дзве шклянкі махоркі. Тры праснакі ён з'еў па дарозе і два прынёс - падзяліцца з хлопцамі...

Усё ж паход на станцыю Фаянсава прынёс немалую карысць. Віктар пайшоў у армію па чарговаму прызыву, і як годны да вайсковай службы, але не абвучаны і пры ўсім гэтым як чалавек з пэўнай адукацыяй, ён мусіў вучыцца ў палкавой школе шэсць месяцаў. Але ён нават не мог сабе ўявіць, што цэлыя паўгода пратарчыць тут. На фронт трэба!.. Там і кормяць лепш, і ўвогуле павага франтавіку...

Ёмістая жменя махоркі, перасыпаная ў кішэню ротнага пісара, зрабіла сваю справу. Хітраваты, увішны пісар вельмі спрытна перарабіў апошнюю пяцёрку на тройку ў чатырохзначнай лічбіне, якая азначала год нараджэння, і з гэтай хвіліны Віктар амаль механічна перайшоў у катэгорыю тых, хто з дня на дзень мог чакаць залічэння ў маршавую роту...

Перад адпраўкай на фронт Віктару пашанцавала: трапіў у нарад на кухню. Жалезнымі ламамі яны адкалвалі камлыгі ўшчэнт зледзянелай бульбы, адпарвалі ледзяшы ў катле з цёплай вадой, затым сяк-так бульбу абіралі. Да раніцы суп для многіх соцень салдацкіх жыватоў быў гатовы. Хлопцы пранюхалі, што Віктар на кухні, і не прамінулі пакарыстацца выпадкам. Аж па тры разы прыбягалі праз заднія дзверы стрыечны брат Адам, Пятро Герасімаў, аднакласнік Саша Чарняўка...

У хлопцаў ад слабага харчу парос на тварах нейкі кволы пух. Віктару было шкада хлопцаў. Ён радаваўся, што яны хоць раз удосталь наядуцца...

Тады, калі Віктар апрануў новы шынель, гімнасцёрку, ватнік, яму стала шкада запаснога палка. Усё-такі былі тут свае святыя мясціны. Апрача пляца, дзе пасля ранішняй паверкі разводзілі роты, была яшчэ сушылка, цёмны, цёплы закутак барака, дзе стаяла печка, зробленая з жалезнай бочкі, і дзе, павячэраўшы, салдаты курылі, спявалі песні, варылі бульбу. Па некалькі бульбін у кішэнях заўсёды прыносілі тыя, каму пашэнціла трапіць на кухню. Тут харч па-брацку дзялілі. Прыходзіў на зборышчы і камандзір узвода, немалады, прысадзісты, трохі рыжаваты малодшы лейтэнант. Сядзеў на драўляным чурбачку перад грубкай і маўчаў. Яму таксама выдзялялі дзве-тры бульбіны і на працягу ўсяго вечара давалі закурыць.

Хораша спявалі. Пра каханне, пра дзяўчат. Віктар у душы радаваўся таму, што мае цяпер поўнае права спяваць «Зямлянку». Гэтая песня была складзена як бы пра яго таксама, хоць дзяўчыны, якая б думала аб ім, пакуль не было...

Калі на станцыі Фаянсава ішла пагрузка ў эшалон, бабы, што гандлявалі праснакамі, малаком і махоркай, былі на месцы. Але іх адносіны да салдат у новых шынялях былі зусім не такія, чым да абарванцаў, што месяц назад сюды прывандравалі.

- Сыночкі, канчайце хутчэй вайну. Ужо дыхаць болей нельга.

- Выганяйце немца - і дадому...

- Божа, Божа, якія маладзенькія. Як дома тым маткам...

- Бач, шыя тоненькая. Які ён салдат - дзіця...

Некаторыя з баб выціралі ражкамі хустак слязіну...

І вось зноў цяплушка. Усе, хто ў вагоне, думаюць, што пасылаюць на Ўкраіну. Сухі паёк выдалі на пяць сутак і на двое - НЗ.

У Віктара трымціць надзея, што паедуць праз местачковую станцыю. Месяц не быў дома, а як засумаваў. Для маці падрыхтаваў падарунак - спецыяльна не скарыстаў дзве метровыя байкавыя прасцірадлы, выдадзеныя на анучы.

Добрая выйдзе з іх для маці кофта...

Пасля Смаленска мары пра Ўкраіну пачалі згасаць. У Сычоўцы Віктар вылез з вагона і за нікчэмныя бульбяныя піражкі прадаў байкавыя прасцірадлы. Было ясна - вязуць пад Ленінград. Блакада з яго канчаткова не знята...

Потым была вайна - залітыя ржавай балотнай вадой акопы пад Нарвай, нудная, двухмесячная перастрэлка з немцамі, якія, адкаціўшыся ад Ленінграда, зацята агрызаліся і не хацелі здаваць Прыбалтыку. Віктар пакрысе прывыкаў да салдацкага бытавання. Навучыўся спаць на снезе, засланым толькі яловымі лапкамі, кіпяціць у кацялку чай, маючы пад рукамі жменю ці дзве сухіх бадылькоў. Кармілі цяпер па першай катэгорыі, давалі болей хлеба, і прыварак быў някепскі, але пачуццё голаду, абуджанае месячным знаходжаннем у запасным палку, не праходзіла.

Між тым пачыналася вясна. На балацянках пад Нарвай стала яшчэ горш, чым было зімой. Дарогі зусім расквасіла, паўсюдна, заліваючы акопы і бліндажы, стаялі азярыны талай вады. Але менавіта ў гэты час дывізію, у якой служыў Віктар, правёзшы ў эшалоне праз напаўразбураны Ленінград, перакінулі на Карэльскі перашыек. Баямі на гэтым перашыйку пачалося гарачае, наступальнае лета сорак чацвертага года...

На вайне такой жа вострай патрэбай, як харч, з'яўляюцца лісты. Без лістоў з дому ці з якога-небудзь іншага месца салдат ваяваць не можа. На Карэльскім перашыйку, пад Ленінградам, загінулі Сяргей Рагазуб і ўсе іншыя партызаны, якіх Віктар ведаў. Былі вельмі моцныя доты на Карэльскім перашыйку...

Віктар, паранены ў шыю і ў руку, ляжаў у шпіталі і чакаў лістоў ад хлопцаў, якія ўсё яшчэ праходзілі падрыхтоўку ў запасным палку. Знаёмых побач не было, ён застаўся адзін... Васю Гайчука ў першы ж дзень наступлення прадставілі да ўзнагароды медалём «За адвагу». Ён трохі неабдумана вырваўся са сваім станковым кулямётам за баявыя парадкі роты, і яго параніла ў галаву асколкам са снарада, пушчанага нашай жа самаходкай...

Пачалі наступленне тры Беларускія франты. Хлопцы ўжо былі на вайне. Ад іх сталі прыходзіць лісты-трохкутнічкі, але невясёлыя. Стрыечны брат Адам загінуў ля Дняпра, калі абыходзілі Воршу, Пеця Герасімаў дайшоў аж да Горадні. Ля Нёмана яго цяжка параніла, і некалькі дзён ён яшчэ жыў...

Васіль Міхальчук прапаў без вестак...

Ужо ва Ўсходняй Прусіі Віктар атрымаў ліст ад свайго аднакласніка Сашы Чарняўкі. Ліст ішоў усяго толькі тры дні, Саша быў побач. Віктар узрадаваўся, марыў аб тым, каб як-небудзь пабачыцца. Але хутка не стала вестак і ад Сашы...

Вайна яшчэ не скончылася, а хлопцаў нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзіў у школу і якія пайшлі на фронт, Віктар жывога не памятаў ужо ніводнага...

 

1970




Беларуская Палічка: http://knihi.com