epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Да звёздаў

Спрэчка пачыналася к ночы, гадзін у адзінаццаць, калі вяртаўся з бібліятэкі Раман-малодшы, чорны, хударлявы аспірант з прыкметнымі пралысінамі. Раман-старэйшы прыходзіў раней. Дзе ён вандраваў з ранку да вечара, чым займаўся ўсе гэтыя дні, заставалася загадкай. Было вядома тое, што ён перажывае крызіс і дэпрэсію. Напісаны раздзел дысертацыі разбілі жорстка і бязлітасна, у інстытуце не пакінулі. Фізік пачаў выпіваць.

Раман-старэйшы не меў цяпер ніякага права на гэты інтэрнацкі пакой, дзе стаялі тры жалезныя ложкі, засланыя шэрымі каменданцкімі коўдрамі, і столькі ж пафарбаваных у зялёны колер тумбачак. Але з інтэрната яго не выселілі.

Сёння спрэчка пачалася раней звычайнага. Раман-малодшы ў бібліятэку не хадзіў: у яго балела галава. Ён сядзеў на ложку, чытаў Эйнштэйна і дацінаў свайго калегу скептычнымі пытаннямі. Спецыяльнасць Рамана-малодшага з Эйнштэйнам нічога агульнага не мела, ён вывучаў логіку і псіхалогію і збіраўся пісаць пра ўмоўныя рэфлексы. Але яго вабіла тэорыя адноснасці, адкрытая славутым фізікам, з якою ён не згаджаўся ў многіх пунктах.

Раман-малодшы сцвярджаў, што эфір усё-такі існуе. Гэтым ён тлумачыў здольнасць святла імгненна заліваць наваколле. Такая пазіцыя карэнным чынам супярэчыла тэорыі Эйнштэйна, але апошняга Раман-малодшы падазраваў у няўменні лагічна і паслядоўна мысліць.

— Людзям уласціва памыляцца, — гаварыў ён, маючы на ўвазе Эйнштэйна.

Сапраўды, як можа паверыць нармальны чалавек хоць бы ў тое, што найдрабнейшыя матэрыяльныя часцінкі, з якіх складаецца святло, з'яўляюцца адначасова і хвалямі, гэта значыць, проста энергіяй, невядома да чаго прыкладзенай? Дзе ж тут логіка?

— Слухай, кэптэн, вопыт Майкельсона яўна памылковы, — сказаў Раман-малодшы, адарваўшы на хвіліну вочы ад кнігі. — І на такім хісткім збудаванні трымаецца тэорыя адноснасці. Бедная тэорыя...

Апанент, якому адрасаваліся гэтыя словы, ляжаў з ускінутымі на спінку ложка нагамі і пазіраў у столь. Ён быў маўклівы і змрочны.

Сваім знешнім выглядам і характарам Раман-старэйшы прыкметна адрозніваўся ад свайго калегі і цёзкі. Ён быў абсалютна рыжы. Як і ўсе рыжыя людзі, ён вызначаўся душэўнай раўнавагай і не любіў многа гаварыць. Рэзкі і фанатычны Раман-малодшы ў хвіліны раздражнення крычаў, што ў жылах яго суседа па ложку цячэ не кроў, а слізкая флегма.

Раман-малодшы, дацяўшы свайго цёзку пытаннем, зноў уткнуўся ў кнігу і перагарнуў, можа, дзесяць старонак, пакуль пачуў яго адказ.

— Гвадалквівір, — нарэшце прамовіў Раман-старэйшы.

На дварэ стаяў лістапад, а ў халоднае надвор’е фізік заўсёды трубіў носам. Па гэтай прычыне вымаўленае ім слова прагучала не вельмі выразна.

— У цябе зноў французскае вымаўленне, — сказаў Раман-малодшы. — Паўтары, што сказаў.

— Гвадалквівір, — паўтарыў фізік.

— Пры чым тут Гвадалквівір?

— Рака ў Іспаніі, — паясніў Раман-старэйшы.

— Ты загаварваешся, — сказаў Раман-малодшы. — Але і пры белай гарачцы ты кусацца не будзеш. З тваім тэмпераментам небяспека для грамадства невялікая.

 

 

Ночной зефир

Струит эфир.

Шумит,

Бежит

Гвадалквивир, —

 

 

пасля хвіліннага роздуму прачытаў фізік (яго вымаўленне сапраўды нечым нагадвала французскае).

Пачуўшы пра эфір, Раман-малодшы насцярожыўся. Тэорыю адноснасці ён крытыкаваў ужо два гады і размовы на гэтую тэму вёў сур’ёзна.

— А вершы пры чым тут? — спытаў ён.

— З верша відаць, што Пушкін верыў у эфір. Але яму можна дараваць, тады яшчэ не было Эйнштэйна...

— Вывады Майкельсона не лагічныя, — загарэўся Раман-малодшы. — Як ты мне дакажаш, што светавыя сігналы з дзвюх кропак, якія ляцяць на адлегласці па прамой да трэцяй кропкі, трапляюць на яе адначасова? Тут жа ігнаруюцца і адлегласць паміж кропкамі, і хуткасць іх руху!..

— Ігнаруюцца, — праз хвіліну пацвердзіў фізік.

— А гэта лагічна? — кіпеў логік.

— А Гвадалквівір лагічны? — трубнуўшы разоў са тры носам, перапытаў Раман-старэйшы.

— Не паяснічай, пры чым тут твой дурны Гвадалквівір? Прычапіўся к слову...

— Пры тым, што слова цяжка вымаўляць. Хіба людзі не маглі прыдумаць лягчэйшага?

— У Іспаніі другая артыкуляцыя. Ім няцяжка.

— Ёсць у іспанцаў лёгкія словы, — пасля хвіліннага роздуму прамовіў Раман-старэйшы. — Эбро, Гвадарама, Тахо... Парлата эспаньёла...

Раман-малодшы ўскіпеў. Ён не ўмеў спрачацца. Ён закрычаў так, што, бадай, было чуваць не толькі ў суседніх пакоях і калідоры, а і на вуліцы.

Логік бегаў па вузкім праходзе між ложкаў, церабіў свае рэдкія валасы і лямантаваў. Можна было падумаць, што ў яго нешта ўкралі.

— Гэта ж махлярскі прыём, ім карыстаюцца толькі жулікі і шарлатаны! — крычаў ён. — Ты мне хочаш даказаць, што чорнае — гэта белае. Калі так, то ідыёцтва і геніяльнасць сапраўды адно і тое ж...

У суседнім пакоі справа загрукалі ў сценку. Праз хвіліну загрукалі і злева. Гэта азначала, што суседзі не жадаюць больш слухаць працягу навуковай спрэчкі.

Раман-малодшы змоўк. Ён заўсёды сціхаў пасля бурных выбухаў. У такія хвіліны ў яго з’яўлялася патрэба што-небудзь рабіць. Логік схапіў чайнік і пабег у кубавую за кіпятком.

Калі ён вярнуўся ў пакой, Раман-старэйшы ўжо корпаўся ў кішэнях свайго бобрыкавага паліто, якое вісела на цвіку ва ўмураваным у сцяну ля самых дзвярэй гардэробе. У яго не было курыва, і ён вышкрабаў з кішэняў тытунёвую пацяруху на самакрутку.

Раман-малодшы, насуплены і злосны, пачаў вячэраць. Ён выцягнуў з тумбачкі батон, селядзец, пакуначак цукру і літровую шкляную банку з-пад агуркоў. З такіх банак, адкінуўшы прэч умоўнасці, абодва Раманы пілі чай. Гэта давала эканомію ў часе: не трэба некалькі разоў разліваць кіпяток па шклянках. Харчовы рацыён, які склаў для сябе Раман-малодшы, грунтаваўся на прадуманай аснове. У селядцы многа фосфару, а ён асабліва патрэбен для работы мозга і наогул усёй нервовай сістэмы. Агульны тонус жыццядзейнасці арганізму былі закліканы падтрымліваць вугляводы, якіх колькі хочаш у цукры.

Рыжы фізік хадзіў па вузкім прамежку між трох ложкаў і курыў. Над яго ўласным ложкам вісела ім жа напісаная таблічка: «Курыць можна». Курэнне не магло нанесці якой-небудзь шкоды здароўю насельнікаў пакоя, бо ў мэтах вентыляцыі фортачка не зачынялася круглы год.

Віселі яшчэ дзве таблічкі, сэнс надпісаў на якіх быў зразумелы толькі тым, хто жыў у пакоі. Над ложкам Рамана-малодшага красаваўся старанна вымаляваны чырвоным алоўкам на лісце паперы надпіс: «Реr аsреrа аd аstrа». У перакладзе з латыні гэта азначала: «Праз перашкоды да звёздаў». Лозунг напісаў і павесіў фізік, але ён падабаўся Раману-малодшаму і той яго не здымаў.

Быў яшчэ трэці лозунг, напісаны ўжо Раманам-малодшым, які, аднак, вісеў не пастаянна. Рыжы фізік мірыўся з ім толькі тады, калі ў пакоі не было нікога з пабочных. «Няхай жыве незалежная Гана!» — стаяла на глянцавым, аздобленым кветкамі і ружовашчокімі амурчыкамі лісце паперы. На першы погляд лозунг прывітаў нараджэнне першай самастойнай дзяржавы ў сэрцы Афрыкі. Але, апрача прамога сэнсу, у ім таіўся яшчэ і езуіцкі намёк.

У вёсцы, адкуль паходзіў і Раман-старэйшы, жыла дзяўчына Ганна Мялешка, якая пісала яму лісты. Фізік, нягледзячы на свае трыццаць пяць год, саромеўся дзяўчат, чырванеў і бянтэжыўся ў іх прысутнасці, але з Ганнай перапісваўся. На гэта і намякаў лозунг. Расшыфраваць яго можна было ў тым сэнсе, што адзінота далёкай Ганны, якая, відаць, чакала Рамана, кончыцца не хутка.

Нарэшце сеў вячэраць і фізік. Са сваёй тумбачкі ён выцягнуў толькі банку такой жа ёмістасці, як і ў Рамана-малодшага. Спрэчкі, якія адбываліся штовечар, не ўплывалі на характар іншых адносін паміж калегамі. Раман-старэйшы апошні месяц знаходзіўся на поўным патранаце цёзкі, спажываючы той жа фосфар і вугляводы.

Вячэра працягвалася пры панылым маўчанні і задуменнасці абодвух Раманаў. І раптам яе перарваў жаночы голас у калідоры і таропкі, настойлівы стук у дзверы. Літровыя банкі, недаедзены селядзец, батон — усё гэта імгненна паляцела назад у тумбачкі. У апошнюю секунду фізік сарваў са сцяны лозунг наконт незалежнасці Ганы.

— Можна? — яшчэ раз паўтарыла высокая жанчына ў вуальцы, ужо зайшоўшы ў пакой.

Абодва Раманы стаялі ля сваіх ложкаў, як салдаты па камандзе «смірна».

— Георгій не прыходзіў? — уладна спытала жанчына і падняла вуальку.

Яе твар з густа наведзенымі бровамі і нафарбаванымі губамі гарэў нецярпеннем і злосцю.

— Паехаў на раён, — адказаў фізік, паглядаючы сабе пад ногі.

— Надоўга?

— Казаў, на два тыдні...

— Перадайце яму, што ён падлюга...

Жанчына накінула на твар вуальку, павярнулася i рушыла з пакоя. З хвіліну панавала цішыня, потым фізік і логік усміхнуліся. Мір, парушаны Эйнштэйнам, быў адноўлен.

— Калі адзін называе подлым другога, — сказаў Раман-старэйшы, — то ўжо гэтым самым ён лічыць сябе лепшым. А чым гэтая дама лепшая за Георгія. У яе ёсць муж, у яго жонка.

— Мы таксама подлыя,— заявіў псіхолаг. — Схлусілі гэтай. Сказаць бы ёй у вочы...

— Дык ён жа сам прасіў. Мінус на мінус дае плюс. Мы схлусілі і сатварылі дабро. Дама перастане нас турбаваць.

— Філасофія ўсяяднасці, — выцягнуўшы з тумбачкі банку з недапітым чаем, заўважыў Раман малодшы. — Ты апраўдваеш подласць. Па-твойму, няма на свеце абсалютна ідэальнага кахання, усё адносна?

— Усё, — пацвердзіў Раман-старэйшы.

— А цуды мастацтва, навеяныя вялікім каханнем? А смерць у імя яго?

— Дуэлі забаронены, справа рашаецца ў судзе. Вялікія ж творы пісалі і не закаханыя.

— Глупства! — пачаў гарачыцца Раман-малодшы. — Ідэальнае ёсць ідэальнае, яго не пахіснеш. Яно было і будзе ва ўсе вякі. Нават твой Эйнштэйн не абышоўся без яго. Без абсалютнага не будзе адноснага. Ідэал — гэта тая зорка, што свеціць ярчэй за ўсё.

— Прыгожыя і недакладныя словы. Астраномія не ведае такой зоркі. І наогул зоркі яшчэ не пералічаны.

— Ты хлусіш самому сабе! — зноў закрычаў Раман-малодшы. — Ты ж не бегаеш, як гэты кныр. Што цябе стрымлівае? Ну, скажы, што?..

У самы разгар новай спрэчкі адчыніліся дзверы, і ў пакой зайшоў трэці жылец, Георгій. Ён прынёс цэлую гару пакункаў і кінуў іх на ложак.

— Дэбаты наконт сэнсу жыцця? — спытаў Георгій. — Ну, і на чым спыніліся?

— Прыходзіла твая, — паведаміў фізік.

— А што вы ёй сказалі?

— Як ты прасіў.

— Цудоўна. А яна што?

— Сказала, што ты падлюга...

— Некультурна, але перанясём. Галоўнае — у час паставіць кропку. У гэтым сэнс жыцця, сябры...

Раман-малодшы, надзьмуты і маўклівы, пачаў раскладваць пасцель. Фізік класціся не збіраўся. Ён нечага чакаў. Георгій тасаваў свае пакункі ў тумбачцы.

— Кэптэн, — прамовіў ён да фізіка. — Дзяжурны яшчэ адкрыты, схадзі купі.

Раман-старэйшы ўсхапіўся і, борздзенька накінуўшы паліто, узяў у Георгія грошы.

— На рэшту бычкоў і грыбной салянкі? — спытаў ён.— Якраз хопіць.

— Не трэба, ёсць лепшае. Купі сабе папярос.

Раман-старэйшы вярнуўся хвілін праз дваццаць.

Георгій за гэты час пагаліўся. Ён заўсёды галіўся нанач. Псіхолаг, накрыўшыся коўдрай з галавой, спаў ці рабіў выгляд, што спіць.

Георгій піць не хацеў. Ён наліў сабе толькі на дно шклянкі.

— Выпі ты, — сказаў ён Раману-старэйшаму. — Я сёння добры, таму частую. І дай цёзку, можа, не будзе такі злосны.

У дзверы зноў пастукалі, на гэты раз няўпэўнена і ціха.

— Шанцуе нам на візіты, — нездаволена прабурчаў фізік. — Дыхнуць не даюць...

— Заходзьце! — крыкнуў Георгій, папраўляючы гальштук.

Фізік, таропка закаркаваўшы пляшку, паставіў яе пад ложак.

Дзверы асцярожна прыадчыніліся, і ў праёме паказалася галава Сашы, стрыечнага брата Рамана-старэйшага. Саша вызначаўся ўсімі прыкметамі «цырыка», або аўстрыйца, як жартам называлі першакурснікаў. Ён меў тоненькую шыю, вёў канспекты па ўсіх прадметах і вітаўся з выкладчыкамі хоць да сямі раз на дзень, абы толькі сустрэўся.

Рыжым «цырык» усё ж не быў, хоць насіў тое ж прозвішча, што і Раман-старэйшы.

Зайшоўшы ў пакой. Саша нерашуча перамінаўся з нагі на нагу. Ён хацеў нешта сказаць. Гэта было відаць па яго разгубленым твары.

— Гавары, калі прыйшоў, — дазволіў фізік.

— Я атрымаў стыпендыю на курс, і ў мяне засталіся грошы, — прамовіў «цырык» хвалюючыся. — Восемсот рублёў... Мабыць, касір аблічыўся...

— Гэта не бяда, — сказаў Раман-старэйшы. — Занясеш заўтра ў касу і аддасі. Я калі быў старастам, то касір мне аднойчы недадаў. Два месяцы хадзіў без стыпендыі. Ёсць правіла: лічы грошы, не адыходзячы ад касы.

— Ды і я баюся: можа яшчэ хто не атрымаў...

— Ну, то правер, спісак жа ў цябе ёсць.

— Заняткаў заўтра няма, самападрыхтоўка. Калі я ўсіх пабачу.

— Не заўтра, дык паслязаўтра. Правер усё, тады аддасі. Што табе гэтыя грошы, кішэню прапякуць? Будзе і касіру навука, няхай не памыляецца.

Георгій, седзячы на ложку, нешта перакладваў з кішэні ў кішэню. Ён маўчаў. Потым устаў і пачаў апранацца.

— Кэптэн, — сказаў Георгій. — Я начую ў Няхрышчанкі. Мы з ім артыкул пішам. Калі прыйдзе тая самая, я на раёне.

— Ясна, — адказаў Раман-старэйшы. — А калі жонка прыедзе?..

— Не прыедзе...

Георгій, наставіўшы каўнер паліто, пайшоў.

Раман-малодшы спаў. Праз колькі хвілін падаўся на свой пяты паверх і «цырык». Яго настрой прыкметна павысіўся.

Раман-старэйшы яшчэ з паўгадзіны не тушыў святла і, крочачы з кута ў кут, усміхаўся сам сабе. Пра каго ён думаў? Можа, пра стрыечнага брата, «цырыка», які глядзеў на свет такімі яснымі і чыстымі вачамі...

Раман-старэйшы расклаў пасцель, патушыў святло і лёг. Жалезны ложак быў для яго яўна кароткі, і спаць на ім прыходзілася, сагнуўшыся ў крук. На такіх ложках студэнт, а пасля аспірант Раман Булыка праспаў восем год. Той, хто вырабляў ложкі, проста не разлічыў, што на іх давядзецца спаць такім волатам, як Раман-старэйшы. Метр дзевяноста сантыметраў — сапраўдны грэнадзёрскі рост.

З-за свайго росту Раман-старэйшы яшчэ ў студэнцкія гады атрымаў і клічку «кэптэн». Справа ў тым, што сённяшні фізік у вайну быў лейтэнантам і нават два месяцы камандаваў ротай. Таму аднакурснікі з-за павагі да баявых заслуг сябра ліквідавалі неадпаведнасць, якая існавала паміж званнем Рамана і апошняй займаемай ім пасадай, і павысілі яго чын да капітанскага. Што ж датычыць англійскага гучання слова, то пэўную ролю тут адыграў колер Раманавых валасоў і рост. Рамана няцяжка было зблытаць з сынам Альбіёна.

У акно пакоя лілося мяккае месячнае святло. Ад гэтага ён здаваўся цяплейшым і ўтульнейшым. З неба падміргвалі тры зоркі — самыя крайнія з сузор’я Рыбы. Іх таямнічыя праменні дабіраліся да маленькага аспіранцкага пакоя некалькі светавых год...

Назаўтра першым прачнуўся Раман-старэйшы і рашуча рвануў коўдру з цёзкі.

— Уставай, будзем лячыцца! — загадаў ён. — Ёсць ганарар за ўчарашнюю хлусню.

Булыка выцягнуў з-пад ложка бутэльку і паставіў на тумбачку.

— Паддай адзін, а я не хачу, — сказаў Раман-малодшы. — Мне было брыдка слухаць, як ты ўчора кленчыў...

— Я не кленчыў, ён паставіў сам.

— Ну, дык пі, калі паставіў...

Раман-малодшы не хацеў спрачацца. Такое здаралася не часта. Булыка зноў схаваў бутэльку пад ложак. Ён закурыў і пачаў крочыць між ложкаў.

Без стуку ў пакой уляцеў «цырык», Саша. Ён стаяў ля дзвярэй і плакаў, па-мужчынску закрываючы твар рукамі. Яго вузкія плечы ўздрыгвалі.

Потым ён усё расказаў. Да Сашы толькі што прыбягаў касір. Ён меў інфармацыю, што стараста першакурснікаў утаіў перададзеныя грошы і збіраецца іх прапіць са сваім стрыечным братам. Саша, не паспеўшы праверыць па спіску, аддаў яму ўсе восемсот.

— Касір думае, што я хацеў іх украсці, — захліпаўся ад плачу Саша. — Ён нават не падзякаваў. А я ж раскрыў толькі вам...

— Ясна, хто пастараўся, — бялеючы з твару, ціха загаварыў Булыка. — Падлюга абсалютны! Падлюга, які лічыць, што свет населены такімі самымі, як ён. Дысертацыя спісываецца з чужых брашур, горла тых, што бачаць, можна заліць гарэлкай, да касіра выгадна паддобрыцца...

— Людзям уласціва памыляцца, — усміхнуўся Раман-малодшы.

Булыка дастаў з-пад ложка паўлітру.

— Пойдзем умывацца, — сказаў ён, засоўваючы бутэльку ў кішэню. — Пальеш мне на рукі, спірт найлепш адмывае бруд і забівае мікробаў. Чыстай рукі яму болей не падам...

— Праз перашкоды да звёздаў, — усміхаючыся прамовіў Раман-малодшы.

— Падлюгі з намі не паляцяць, — адказаў Булыка.

Ён таксама ўсміхаўся. Раман-старэйшы проста не ўмеў доўга злаваць...

 

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 462-470
Крыніца: скан