epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Грыбная зямля

Вядома, краявід стаў другі, не падобны на той, што рассцілаўся перад вачамі, калі Станіслаў Іванавіч сам быў юнаком і, выбіраючыся па грыбы, выдыбаў па гэтай дарозе з кошыкам у руках і ножыкам-складанчыкам у кішэні. Усё мяняецца на свеце: краявіды, воблікі людзей, гаворка. Праўда, нешта ад ранейшага ўсё адно застаецца, бо калі б было не так, то парвалася б усялякая сувязь часоў.

Чыгунку ад поля аддзяляе зялёная ахоўная паласа, на якой высока падняліся бярозы, асіны, дубкі. Ды і само поле інакшае. Прасцяг яго намнога большы, чым раней, бо поле ўвабрала ў свае межы забалочаную нізіну, што прылягала да мястэчка з паўднёва-заходняга боку, былыя сядзібы хутаранцаў, ды, відаць, і лес пацясніла.

Некалі па правую руку ад прасёлкавай дарогі астраўком сярод роўнядзі поля выдзяляўся дубовы гаёк. Яны, дзятва, любілі сюды бегаць: з маладых дубкоў выразалі пруткі, з якіх гнулі дужкі для лукаў, ставілі сілкі на сініц, драздоў. Перад каменнай будкай абходчыка, дзе прасёлкавая дарога крута выгінаецца, дарогу з абодвух бакоў абступалі асіны, кусты крушынніку і лазняку. Яшчэ, здаецца, пасля вайны раслі тут шапаткія асіны.

Нічога гэтага цяпер няма. Да самага далёкага лесу поле роўнае, як скавародка: ні шкуматка лесу на ім, ні дрэўца.

Чыгуначных будак таксама няма. На іх месцы кучы цэглы і рознага друзу. Будкі пуцявых абходчыкаў пакінуты і зруйнаваны нібыта на той падставе, што дзецям абходчыкаў было далёка хадзіць у школу.

Станіслаў Іванавіч гадоў трыццаць не жыве ў мястэчку, мае ў горадзе сям’ю — дзвюх дачок і сына — і не вельмі часта наязджае ў родны кут. На гэты раз ён прыехаў да старой маці разам з сынам, рослым, плячыстым падлеткам: вельмі хочацца Станіславу Іванавічу, каб сын хоць раз прайшоў тымі сцежкамі, па якіх у маладосці вандраваў ён сам.

Яны выйшлі позна: пра грыбы вялікай пагалоскі няма. Дзень сонечны, але не спякотны, сонца плыве ў млявай павалоцы рухомых аблачынак. У дзвюх ці трох мясцінах па полі шастаюць камбайны, падбіраючы познія аўсы.

Станіслаў Іванавіч хвалюецца, а сын Юра, пра якога гавораць, што ён як дзве кроплі вады падобен на бацьку, спакойны. У тым лесе, куды цяпер Станіслаў Іванавіч ідзе з сынам, ён збіраў грыбы даўно — калі быў, бадай, у тым узросце, у якім цяпер сын.

Яны звярнулі з дарогі, калі дайшлі да Чарнічнага бору. У гэты найбліжэйшы ад мястэчка лес Станіслаў Іванавіч не баяўся сягаць у самым раннім узросце. Пасвіў тут карову, збіраў ягады, ды і першыя, дзіцячыя яшчэ грыбы тут таксама вучыўся збіраць.

Толькі даўно няма Чарнічнага бору — ён прылягаў да чыгункі, і яго ў акупацыю высеклі фашысты. Ва ўспамінах Станіслава Іванавіча лес яго дзяцінства паўстае як прыгожы сон: кашлатыя хвоі ўперамешку з рэдкімі бярозамі, зарослы чарнічнікам сухадол, пачуццё прастору ў светлым, наскрозь пранізаным сонечнымі праменнямі бары.

Цяпер на месцы Чарнічнага бору паднялося густое чарналессе. Спляліся галінамі бярозы, асіны, ляшчыннік, крушыннік. Але ў тых жа абсягах паміж чыгункай і пясчаным з выбітымі, запоўненымі вадой каляінамі шляхам пралягае гэты новы лес, і Станіслаў Іванавіч, прадзіраючыся праз густыя зараслі, даволі ўпэўнена вядзе сына на сваё першае грыбовішча. Паміж Чарнічным борам і сцяной грабняку была зарослая травой палянка, на якой яны, дзятва, заўсёды ў грыбную пару вытупвалі па некалькі баравікоў.

Станіслаў Іванавіч хутчэй чуццём, чым свядомасцю, вызначыў, што палянка тая самая. Раней яе абступалі маладыя дубкі, з боку мястэчка падпірала цёмная сцяна грабняку. Цяпер на месцы дубкоў густа разросся ляшчыннік, сям-там кустамі падняўся грабняк.

Не паспеў Станіслаў Іванавіч некалькі крокаў ступіць, як убачыў сямейку баравікоў — тры ці чатыры разам і наводдаль яшчэ некалькі.

Дзіва дзіўнае! Як бы зарослая, напаўзабытая грыбная палянка яго спецыяльна чакала.

— Грыбы! — крыкнуў ён сыну.— Баравікі. Я заўсёды на гэтым месцы знаходзіў...

У сына — уласны гонар: падышоў, зірнуў на бацькавы баравікі і зноў падалей ад бацькі стаў калясіць па паляне, пільна ўзіраючыся ў зарослы травой, закіданы лісцем дол.

Не растуць, як раней, наўзбоч палянкі маладыя дубкі, яе цяпер густа атуляе ляшчыннік, таму і баравікі цяпер тут іншыя. З цёмна-карычневымі каптурыкамі — такія заўсёды вытыркаюцца пад арэшынамі. Але сіла зямлі ранейшая: на невялікім лапіку сярод лесу, як сорак, а мо як і сто гадоў назад, прабіваюцца баравікі. Хоць, можа, і мяняецца іх парода.

З дзесятак баравікоў Станіслаў Іванавіч паклаў у кошык, бадай столькі забракаваў. Баравікі, якія растуць па ляшчынніку, заўсёды напалавіну чарвівыя.

Далей здарылася тое, што, відаць, мусіла здарыцца. Станіслаў Іванавіч прывёў сына на другі канец Чарнічнага бору, які некалі межаваў са светлым бярэзнікам. Зарослыя мохам, напаўзасыпаныя ляжалі там у пару дзяцінства і юнацтва Станіслава Іванавіча акопы грамадзянскай вайны. У акопах і вакол іх добра раслі баравікі, і яму на гэтым месцы заўсёды шэнціла.

Светлы бярэзнік на тым месцы расце і цяпер, але акопы інакшыя. Гэтыя, што зарастаюць цяпер, засталіся з часу Айчыннай вайны. У бярэзніку, мабыць, займала пазіцыі артылерыйская батарэя, бо паўсюдна ў лесе трапляюцца глыбокія квадратныя ямы.

У бярэзніку на дзіва пачало шэнціць сыну. Раз за разам падымае ён баравікі, паведамляючы аб гэтым бацьку. Станіслаў Іванавіч на першым часе шчаслівыя выгукі сына прымаў спакойна, потым, адчуўшы, што сын па ліку знойдзеных баравікоў пакінуў яго далёка ззаду, пачаў нервавацца. Што ж, старасць мусіць саступіць маладосці, супакойваў сябе Станіслаў Іванавіч. Пачуцці аднак працівіліся. Па другі бок пясчанага шляху ў пару юнацтва Станіслава Іванавіча на многія вёрсты ўздоўж і ўшыркі цягнуліся маладыя, насаджаныя чалавечай рукой на сыпучым пяску сасоннікі. Калі Станіслаў Іванавіч падрос, стаў вучыцца ў старэйшых класах, ён не баяўся адысціся ад мястэчка на восем, а то і на дзесяць вёрст: блукаў тады вось па гэтых сасняках, верасах.

Цяпер тут бор. Намнога больш разлеглы, чым вынішчаны фашыстамі Чарнічны бор. Высока ўзняслі ў гэтым бары свае купчастыя шаты выносныя, прыгожыя меднастволыя сосны.

Як у харом уступіў Станіслаў Іванавіч у цудоўны незнаёмы бор, што вырас за час яго адсутнасці. Дол мясцінамі ўкрыты жорсткай травой, верасам, а на прагалах, між дрэвамі, ці па маладым сасонніку — белавата-наздраватым мохам.

Некалі, блукаючы вось па гэтых лясных абсягах, Станіслаў Іванавіч песціў мары аб будучыні. Многае не спраўдзілася з тых гарачых мар. Нібы кампенсуючы свае жыццёвыя страты, Станіслаў Іванавіч пачаў раз за разам знаходзіць баравікі. Гэта іменна баравыя грыбы: з медна-цёмным каптурыкам, і крамянай акруглена-тоўстай ножкай. Такіх баравікоў у пару маладосці Станіслава Іванавіча тут не расло.

Станіслаў Іванавіч знаходзіць меднагаловыя баравікі найбольш па белаватых, сярэбраных імхах. Яны вытыркаюцца кучкамі па два-тры, пяць штук і відаць здалёк. Ніхто яшчэ не быў у гэтыя дні ў бары, таму прыгожыя баравікі шчаслівы грыбнік бярэ першы. А сыну ў бары наадварот не шанцуе. Ніводнага баравіка не падняў. Станіслаў Іванавіч радуецца, што можа параўняцца па ліку знойдзеных баравікоў з сынам, а магчыма, нават трохі перагоніць. Радуецца і нічога з сабой не можа зрабіць.

Зноў працінае Станіслава Іванавіча здагадка: грыбная зямля сваё даказвае. Лес, мяняючыся сам, мяняе пароду грыбоў, але грыбное месца грыбным застаецца.

Па дарозе дамоў Станіслаў Іванавіч загарэўся паказаць сыну дубы, да лёсу якіх меў у дзяцінстве некаторае дачыненне. У час канікулаў яны, школьнікі, каб набыць новыя штаны, сарочкі, выпраўляліся на заработкі ў лясніцтва. Вось там, за чыгункай, за балотцам рабілі прасвятленне дубкам. Дубкі падняліся на градках, але ў росце іх абганялі бярозкі, асінкі, якія раслі побач, заглушаючы дубкі. Каб даць святло і жыццёвую прастору дубкам, астатнія дрэўцы належала высякаць. Колькі гадоў прайшло з таго часу? Лічы, ледзь не паўвека.

У Станіслава Іванавіча не раз узнікала жаданне паглядзець на дубкі, дзеля добрага росту якіх яны, дзятва, тры леты ўзапар церабілі асіны і бярозы, крушыны, іншыя дрэўцы.

Яны перайшлі чыгунку, перасохлае, вытаптанае скацінай балотца. Павінен ужо быць той жаданы дубовы гай. Вось дарога, якая ідзе поруч з чыгункай, балацянка, зусім зарослы травой ставок, у якім яны, дзятва, тады купаліся.

Але няма дубкоў. Замест іх на ўсім бачным прасторы разложыстыя асіны. Галаву трэба задраць, каб убачыць верх такога высокага дрэва. Камлі асін гладкія, прамыя, магутныя. І на ўсёй плошчы толькі два ці тры чэзлыя дубкі. Марна, значыць, прапала дзіцячая праца. Не пайшлі на гэтай зямлі ў рост дубы. На ёй наканавана расці вось гэтым прыгожым асінам, як па грыбных мясцінах — грыбам-баравікам.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 553-557
Крыніца: скан