epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Куліна з Чарнігава

З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна, мажная, шыракаватая, з кольцамі і пярсцёнкамі, бадай, на кожным з дзесяці парослых рудымі валасінкамі пальцаў. Гаварылі напачатку, што выйшла яна замуж за вельмі вялікага чалавека. Зрэшты высветлілася, што вялікі чалавек рабіў бухгалтарам у Чарнігаве, праўда, не звычайным, а галоўным, ды яшчэ на заводзе, дзе выраблялі розныя віны і напіткі.

Астатняя радня — вясковая. Дзядзькі, цёткі, пляменнікі, родныя і стрыечныя бацькавы і матчыны браты і сёстры жылі або ў нашай вёсцы, або ў дзвюх суседніх — Аляксеевічах і Крышанах. Але патроху і яны выходзілі ў людзі. Малодшы бацькаў брат застаўся на звыштэрміновай службе ў кавалерыйскім палку, які стаяў у Клінцах, а самы меншы матчын, Карней, або Карнюш, як мы яго называлі, вывучыўся на шафёра і з гонарам праязджаў на сваім газагенератары праз нашу вёску.

Ад нас да Аляксеевіч — пяць вёрст, а да Крышаноў — тры. Тое, што шматлікая бацькава і матчына радня жыла паблізу, мела немалыя перавагі. Я не памятаю, калі будавалі нам хату, але з расказаў маці ведаю, што ў той дзень, калі ў лясніцтве быў нарэшце аплочан лес, з’ехалася васемнаццаць фурманак і бярвенні родзічы і сваякі вывезлі адным махам. Так што даволі прасторная, на дзве палавіны хата, калі не лічыць платы за лес, каштавала бацьку два пуды жытняй мукі, з якой нагналі самагонкі, і аднаго барана-валуха, якога зарэзалі на закуску.

Жылі мы, як і ўсе, не горш і не лепш, часам нават галаднавата. Бацька з першага года ўступіў у калгас, рабіў там конюхам, брыгадзірам, паляводам, але амаль штогод нараджаліся новыя браты і сёстры, і к таму часу, калі я пачаў сёе-тое разумець на гэтым свеце, іх было ўжо сем. Працадні ў калгасе тым часам не павялічваліся, а меншалі, так што і бульбы пачалі даваць у абрэз — большая яе палавіна ішла на нарыхтоўку, і гэта прымусіла бацьку кінуць калгас і зрабіцца адыходнікам. У мястэчку будавалі розныя склады, памяшканні, і бацька рабіў там цесляром. Зарабляў жывую капейку, адмахваючы па дзесяць вёрст туды і назад і прыносячы тры разы на тыдзень па дзве буханкі пад пахай.

Першы трактар, першы аўтамабіль, першае, яшчэ нямое, кіно, якое прывезлі ў нашу вёску,— усё гэта было на маіх вачах. Сорамна прызнавацца, але цягнік я ўбачыў, калі мне было гадоў дзесяць. Бацька ўзяў мяне з сабой у мястэчка, і я нават спалохаўся, убачыўшы гэтае жалезнае страшыдла.

Цётка Куліна прыехала да нас у госці якраз у той год, калі разбіўся самалёт «Максім Горкі», а на пабудову гэтакага ж новага ў нашай чатырохкласнай школе, што размяшчалася ў хаце крывога Амелькі, сабіралі па дзесяць капеек. Цётку разам з яе даволі стараватым, з чорным тварам, мужам прывёз на рэсорнай таратайцы местачковы балагол Беня Фунт, і ўся наша вёска замерла ад захаплення. Кулінін муж насіў чорны шарсцяны касцюм, на нагах меў бліскучыя, з доўгімі наскамі туфлі, а на галаве — яшчэ нябачаны ў нашай мясцовасці капялюш колеру варонінага крыла. Пра цётку і гаварыць няма чаго. Яна ўся шасцела шаўкамі, і ад яе гэтак пахла, нібы ў сваім кулаку яна заціснула ўсе водары вакольнага поля і лесу.

Беня Фунт скардзіўся вяскоўцам, што балагольства хутка кіне, бо вельмі прыціскаюць падаткі, а Кулінін муж, шчоўкаючы сярэбраным партсігарам, трактаваў яго гарадскімі папяросамі.

Цётку Куліну частавалі як царыцу. Яна прыехала пасля сёмухі, калі старая бульба скончылася, а новая яшчэ не вырасла. Мы самі харчаваліся ў гэты час зялёным пер’ем цыбулі ды шчаўем, але дзеля цёткі былі зняты з гарышча вэнджанае сцягенца і мяшэчак з жоўтым, ёлкім салам — апошнія багацці, што ашчаджаліся для сенакоснай і жніўнай пары. Прыехала ўся навакольная радня, і таксама не з пустымі рукамі.

Тры дні гудзеў узбуджанымі галасамі і песнямі наш панадворак. А потым былі яшчэ пярэзвы, пачастункі ў другіх — далёкіх і блізкіх — сваякоў. Ніхто не хацеў перад гарадской цёткай ударыць тварам у гразь.

Ад’язджаючы, цётка ўсіх запрашала да сябе ў госці. Беня Фунт, якога дзеля выпадку спецыяльна выклікалі з мястэчка, ледзь рукі не адарваў, грузячы ў таратайку чамаданы і кашы з яйкамі, маслам, сушанымі грыбамі.

Цётка Куліна яшчэ два разы — з дзядзькам і без дзядзькі — прыязджала ў вёску. Яе хораша прымалі, частавалі, хоць і не гэтак урачыста, як першы раз.

Нарэшце настала і наша чарга паехаць у Чарнігаў да цёткі Куліны. Вядома, не проста ў госці. Мы сталі жыць так, што было не да гасцей. Браты і сёстры падымаліся, шыбавалі ў школу, з кожным годам патрабуючы ўсё болей харчу, вопраткі, абутку. З харчам было неяк прасцей. Бульба ў хаце ўсё-такі не зводзілася. Яна някепска радзіла на лясных шэразёмах, выручаючы не адну толькі нашу сям’ю. Але бывалі і такія месяцы, што, апрача бульбы і агуркоў, мы болей нічога не елі. Як я зайздросціў тым са сваіх сяброў, чые бацькі іншы раз прыносілі з крамы, з Аляксеевіч, па кілаграму срабрыстай камсы ці рудаватых, заляжалых селядцоў! Мой бацька рэдка калі дастаўляў такія прысмакі, ашчаджаючы капейку на рэчы болей сур’ёзныя. Ды і цяжка было накарміць кілаграмам селядцоў нашу вялікую сям’ю. Іншы раз я проста ненавідзеў сваіх малодшых братоў і сясцёр за тое, што іх многа, што яны так многа жаруць.

У нашага суседа Нічыпара Куліды, які гэтак жа, як і мой бацька, рабіў у мястэчку, дзяцей было двое — сын Кірыла і дачка Надзя, і дзякуючы гэтаму Куліды жылі намнога лепей, чым мы. Кірыла прыносіў у школу то мочаны яблык, то скібку хлеба, намазаную самым сапраўдным маслам, а я не заўсёды меў нават іржаны акраец у сваёй палатнянай, пафарбаванай у чорны колер сумцы. Не панясеш жа ў школу вараную бульбу.

Так ці іначай, але мы жылі, хоць жыццё з кожным годам прымала новыя абрысы і кірункі. Лён, каноплі, жыта на сваім прысядзібным участку перасталі сеяць зусім, займаючы ўсю плошчу бульбай ды загончыкамі ячменю і проса. Наш сваяк Атрахім рабіў лесніком, і гэтае сваяцтва прыносіла сям’і пэўную карысць. Дзякуючы Атрахіму вялікую дзялянку ў лесе — вёрст за восем ад вёскі — мы патаемна ад чужога вока таксама засаджвалі бульбай.

Адным словам, жыццё выкіравала ў такую каляіну, што кросны ў нашай хаце паступова зусім звяліся. Яшчэ на маёй памяці маці іх засноўвала на дванаццаць губак, абмотваючы нітамі ўсе сцены, грукаючы набіліцамі і бёрдамі праз усю зіму.

Я любіў той час, калі маці бяліла палотны. Іх рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі.

З гэтага палатна восенню і зімой маці шыла нам кашулі і штаны.

Але лён на працадні не давалі, і палотнаў не стала. Трэба было дбаць пра крамнае. Вось чаму ў такім прывабным выглядзе вынік перад нашай сям’ёй вобраз цёткі Куліны, якая па-ранейшаму жыла ў Чарнігаве, хоць да нас ужо даўнавата не прыязджала. У школу хадзілі два хлопцы і дзве дзяўчаці, і колькі ім трэба было чаравікаў, штаноў, сукенак. Дзеля гэтага бацька і ашчаджаў грошы. На местачковыя магазіны, у якіх сяды-тады выкідвалі міткаль і корт, разлічваць не прыходзілася: там у такія дні стаялі страшэнныя чэргі.

Можа, цэлы год ішло абмеркаванне паездкі да цёткі Куліны. Маці назбірала трохі масла, насыпала ў мяшэчкі сушаных грыбоў, ягад, гарбузікаў.

Гэта былі бясплатныя дары для цёткі, бо на крам і вопратку мы хацелі пазычыць у яе грошай. Грошай, нягледзячы на бацькаву ашчаднасць, у нас назбіралася вельмі мала. І палавіну з іх трэба было аддаць на білеты, то бацька наважыў узяць у Чарнігаў і мяне. Задача была ў тым, каб пазычыць сот шэсць у цёткі Куліны і накупляць за іх краму, вопраткі і чаравікаў.

У апошнія дні перад выездам бацька раптам захістаўся. Куліна даводзілася раднёй па маці, і на гэтым грунце ў сям’і вынікла жорсткая сварка.

— Не веру, што яна пазычыць грошай! — крычаў бацька.— Тры разы прыязджала, столькі дабра ёй напхнулі, дык хоць бы пасылачку ў адказ... Жыве ж бяздзетная. Лёду ў яе зімой не дастанеш...

Маці згаджалася і не згаджалася. Не магла яна паверыць, каб цётка Куліна, родная кроў і сямейная гордасць, не памагла нам у цяжкую часіну. Бацька, аднак, глядзеў на жыццё болей цвяроза. З Аляксеевіч у Чарнігаве таксама жыў чалавек, які нам ніякай раднёй не даводзіўся, але з якім бацька разам хадзіў на прызыў. У той жа вечар бацька адскочыў у Аляксеевічы і ўзяў адрас Макара Крываножкі — так звалі яго знаёмага.

І вось мы паехалі. Божа мой, колькі ўражанняў, перажыванняў, незабыўных успамінаў дала мне гэтая паездка! І сёння, калі прамінула з таго далёкага часу столькі гадоў, да дробязей я памятаю, як бралі мы ў чыгуначнай касе білет, як садзіліся ў вагон, як ехаў разам з намі ў купэ стары, маршчыністы гарманіст з драўлянай нагой, які ўсю дарогу іграў на абшарпаным гармоніку вальс «На сопках Маньчжурыі», як праносіліся міма акон вагона тэлеграфныя слупы, раз’езды, такія ж, як і ў нас, беразнякі і хвойнікі. Я ў дарозе нават крыху расчараваўся: у вагоне і на станцыях мітусіліся такія ж самыя, як і ў нашай вёсцы, людзі, і нічога незвычайнага я не ўбачыў у іхніх паставах, вопратцы, абліччах.

Чарнігаў адкрыўся белакаменнымі высокімі гмахамі, бясконцымі садамі і паркамі, што стаялі ў першай асенняй пазалоце. Грук, жалезны ляскат, гудкі аўтамабіляў мяне адразу аглушылі. Мы прыехалі раніцай, маглі б адразу падацца да цёткі Куліны, але бацька разумеў, відаць, што азначае для мяне першы мой прыезд у горад. Ён хацеў, каб горад мне спадабаўся. Таму, хоць грошай у нас было і мала, бацька завёў мяне ў сталовую, заказаў сабе і мне па баршчу і катлеце, купіў аж тры бутэлькі сітра.

Бацька як у ваду глядзеў: цётка Куліна сустрэла нас так, што горш не прыдумаеш. Як толькі мы са сваім няўклюдным драўляным чамаданам пераступілі парог яе пафарбаванага ў жоўты колер, пад жалезным дахам дома, свет для нас пачарнеў.

Мала сказаць, што цётка прыняла нас негасцінна. Яна, не тоячыся, глядзела на нас, як на ворагаў: падціснула губы, надзьмулася і, пасадзіўшы на табурэтках у зашклёнай верандзе, нават не спытаўшы пра здароўе маці і іншых нашых сваякоў, злосна грукала пасудай на кухні.

Бацька разгубіўся, як дзіця. Пабялеў з твару, слова не мог вымавіць.

Нарэшце, штосьці прамармытаўшы, выскачыў за дзверы. Я астаўся адзін.

Праз гадзіну цётка стала трохі ласкавейшай. Дала мне кубак кампоту і дазволіла пагуляць па садзе. Сад быў такі ж вялікі, як і дом з белымі аканіцамі, на дрэвах яшчэ віселі антонаўкі і вялізныя грушы, якіх у сваёй вёсцы я ніколі не бачыў. Але мне было не да яблыкаў і не да любавання прыгожым цётчыным домам, у якім было, можа, дзесяць пакояў. Мяне душылі слёзы. Першы раз у жыцці бачыў я горкую няўдзячнасць. Мы гэтак шчыра сустракалі цётку Куліну, гэтак хацелі ёй дагадзіць. То чаму ж так хутка яна ўсё забыла? Чым мы перад ёй гэтак правініліся?.. Адказу на гэтыя пытанні, якія ўзнікалі самі сабой, не было.

Да вечара цётка апомнілася. Прыйшоў са службы яе чарнаваты дзядзька, яны аб нечым пашапталіся, і да таго часу, калі вярнуўся бацька, стол на кухні быў засланы белым абрусам, на ім паявіліся сякія-такія закускі і выпіўка. Бацька быў, аднак, неразгаворлівы, піў і еў мала.

Спаць нам паслалі ў нейкім цёмным пакоі: бацьку на скрыпучым драўляным ложку, мне — на канапцы. Пра пазыку бацька нават не заікнуўся.

Назаўтра мы ўсталі досвіткам, калі цётка з дзядзькам яшчэ храплі на сваіх пухавіках. Нават не памыўшыся, выйшлі на двор, затым — на вуліцу.

— Не нудзіся, сын,— нейкім незнаёмым голасам сказаў бацька.— Яшчэ не перавяліся на свеце добрыя людзі. Макар Крываножка абяцаў выручыць. Сам пазычыць грошы і нам дасць...

Мы занялі з бацькам чаргу ля магазіна наўсцяж засаджанай дрэвамі вуліцы і гадзіны праз тры, калі горад загаманіў і загрукаў ва ўсю моц, дасталі на дваіх дзесяць метраў прыгожага, у белую крапінку міткалю і яшчэ дзесяць — моцнага чорнага корту на штаны.

У другі раз бацька стаў у чаргу адзін — грошай на дваіх усё адно не хапала.

У поўдзень, несучы пад пахамі ёмістыя пакункі, мы рушылі да цёткі Куліны. Бацька ішоў вясёлы,— трыццаць метраў міткалю і корту — не жарты. Каб яшчэ купіць пары тры чаравікаў ды хоць дзве ватоўкі, то можна смела ехаць дадому.

Але нас падпільноўвала нечаканасць: цётчын дом быў замкнуты. Мы прасядзелі доўга — гадзіны дзве, але ніхто не з’яўляўся. У бацькавых руках раптам апынуўся сагнуты цвік, ён ім шваргануў пару раз у шчыліне замка, і дзверы расчыніліся. Бацька выставіў на стол слоікі з маслам, мяшэчкі з грыбамі і ягадамі. Усміхнуўшыся, дастаў з кішэні кашалёк і палажыў на стол скамечаную дзесятку.

— Няхай спажываюць, нэпманы праклятыя... Тым жа самым сагнутым цвіком бацька замкнуў дзверы, і мы пайшлі начаваць да Макара Крываножкі.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 442-448
Крыніца: скан