epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Па месцах Адама Міцкевіча

Цудоўны далягляд адкрываецца позірку з Замкавай гары ў Навагрудку ў вячэрнія гадзіны. Сонца садзіцца якраз за высокім пірамідальнай формы ўзгоркам — «капцом» Адама Міцкевіча. Праменні заходзячага сонца залоцяць лісце клёнаў, што стаяць, нібы ганаровая варта, ля падножжа гэтага ўзгорка, а сам ён на фоне барвовага небасхілу здаецца дзіўным, казачным уцёсам. На многа міль вакол віднеюцца цёмна-зялёныя пералескі, раскіданыя па схілах узгоркаў, удалечыні — ахутаныя сіняватай вячэрняй смугою вёсачкі, якія тонуць у прысадах расцвітаючых садоў, неабсяжны, як мора, прастор палёў.

Ля самага ўзгорка, насыпанага народам у знак незгасальнай любві да вялікага польскага паэта, шуміць-гамоніць галасамі студэнтаў малады парк. У вячэрнія часы тут асабліва мнагалюдна. Пасля заняткаў, залікаў, экзаменаў у парк сыходзіцца шматлікае студэнцтва Навагрудка. У горадзе 6 тэхнікумаў і вучылішч, 3 сярэднія школы. Будучыя настаўнікі, работнікі савецкага гандлю, спецыялісты сельскай гаспадаркі, медыкі, фінансавыя работнікі — усе яны маюць свае любімыя куткі ў гэтым прыгожым парку.

Недзе зайграў акардэон, нехта зацягнуў песню, і вось ужо яе падхапіла многа маладых галасоў, і яна, як на крыллях, лунае над паркам.

Калі стаіш у вячэрні час ля ўзгорка Міцкевіча, глядзіш на панурыя абломкі былога замка; на высокі земляны вал, якім аддзяляецца Замкавая гара ад маладога гаманлівага парку, міжволі ўзнікае думка аб той пропасці, якая існуе паміж жыццём мінулым, даўно адышоўшым у нябыт, і жыццём, светлым, сённяшнім.

Навагрудак... Ля яго крапасных сцен не раз сыходзіліся пакручастыя сцежкі гісторыі. Вотчына кіеўскіх князёў, гэты горад пазней становіцца рэзідэнцыяй літоўскага князя Міндоўга. Пад сцены Навагрудка падводзілі свае тараны татарскія полчышчы Койданы. На гэты з выгляду ціхі гарадок рабілі свае набегі закаваныя ў жалеза нямецкія рыцары. Навагрудак некалі бачыў на сваіх вуліцах урачысты марш напалеонаўскіх войск, а крыху пазней — ганебныя ўцёкі мізэрных рэшткаў французскай арміі. У навагрудскім замку наладжвала балы і піры пышная і тупагаловая шляхта.

Але не развалінамі крапасных сцен, не адзнакамі княжэння розных князёў і шляхцічаў, не бітвамі і баталіямі пад яго сценамі слаўны горад Навагрудак. Гэты невялікі з выгляду гарадок вядомы ўсяму свету тым, што тут нарадзіўся вялікі польскі паэт Адам Міцкевіч.

Некалі на гэтым самым крапасным вале любіў стаяць юны Міцкевіч, любіў глядзець адсюль на родныя сэрцу краявіды. Радзіма паэта тады не мела волі, прыгнёт царызму цяжкім ярмом лажыўся на плечы ўсіх народаў. Выношваючы ў сэрцы мару аб свабодзе радзімы, аб будучай еднасці славянскіх народаў, Міцкевіч пісаў у «Адозве да рускіх»: «...Народы ніяк не зацікаўлены ў тым, каб знішчаць адзін другога. Дзень гібелі дэспатаў будзе першым днём міру і дружбы народаў».

На Навагрудчыне шмат мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча. Паэт нарадзіўся на хутары Завоссе, непадалёку ад сяла Колдычава, 24 снежня 1798 года. Праз тры гады бацькі паэта набылі дом у самім Навагрудку і пераехалі сюды на сталае жыхарства. Тут, у гэтым зялёным, утульным гарадку, прайшлі школьныя гады паэта, сюды прыязджаў ён на канікулы, будучы студэнтам Віленскага універсітэта. Малады паэт любіў вандраваць па родных мясцінах, любіў слухаць народныя паданні, легенды. Шматлікія творы паэта і напісаны паводле гэтых паданняў і легенд. Вусная народная творчасць з’явілася невычэрпнай крыніцай, адкуль паэт браў многія вобразы і матывы сваіх твораў.

Тут, у Навагрудку, Адам Міцкевіч напісаў свой першы верш «Ода аб пажары», затым «Оду пра Міндоўга».

Непадалёку ад Навагрудка, каля вёскі Валёўка, атуленае шчыльнаю градою лесу, плешчацца ў зялёных берагах возера Свіцязь. Сюды, у гэты маляўнічы куток Беларусі, штогод з’язджаюцца ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці на Свята песні. Над люстраною гладдзю возера, над прасторамі роднай зямлі шырока і гулка разносіцца вольная песня. Цудоўную прыгажосць Свіцязі некалі апеў і Адам Міцкевіч у сваіх непаўторных баладах «Свіцязь» і «Свіцязянка».

На ўскрайку вёскі Шчорсы Любчанскага раёна расце магутны, у тры абхваты, дуб. Пад яго разгалістымі шатамі некалі любіў сядзець Адам Міцкевіч пасля працы ў бібліятэцы графа Хрэптовіча. Пад гэтым дубам, як сцвярджаюць знаўцы, паэт ствараў накіды сваёй цудоўнай паэмы «Гражына», дзе ўвасоблена ідэя еднасці народа ў барацьбе супраць нашэсця тэўтонскіх заваёўнікаў.

Мясцовыя жыхары клапатліва ахоўваюць дуб, звязаны з памяццю аб вялікім паэце. Дрэва абнесена двайной агароджай: жалезную зрабілі рабочыя мясцовага саўгаса, а знешнюю — калгаснікі. Пад дуб часта прыходзяць піянеры і школьнікі Шчорсаўскай школы. Гэта яны разбілі пад дубам клумбы, пасадзілі на іх кветкі, штодзень іх даглядаюць. Маленькі Віця Янушка, які пойдзе ў школу толькі гэтай восенню, з гордасцю паведаміў нам, што яго бацька, каваль Павел Янушка, акаваў дуб жалезам, каб яму не страшны былі навальніцы і перуны.

Не пазнаць сёння мясцін, звязаных з памяццю вялікага паэта. За гады савецкай улады яны непазнавальна змяніліся. Калі едзеш па дарогах Любчанскага, Карэліцкага раёнаў, вока радуецца высокай збажыне, цудоўным палям канюшыны, ільну. Хто не ведае, што многія любчанскія, карэліцкія, навагрудскія калгасы даўно сталі мільянерамі, забяспечылі высокія грамадскія і асабістыя прыбыткі. Узяць хоць бы шчорсаўскі калгас. Летась на працадзень тут выдадзена па 2 кілаграмы збожжа і столькі ж бульбы, па 7 рублёў грошай. На рачулцы Сервеч, па берагах якой, як расказваюць мясцовыя жыхары, любіў вандраваць Адам Міцкевіч, пабудавана гідраэлектрастанцыя магутнасцю ў 75 кілават. Ціхая і непрыкметная з выгляду рачулка робіць для калгаса надзвычай карысную справу. Дзякуючы ёй, у хатах усіх навакольных вёсак запаліліся электрычныя агні, загаварыла радыё. 12 электраматораў працуюць у калгасе: пры дапамозе электрычнай энергіі тут пілуюць лес, малоцяць, нарыхтоўваюць кармы.

У некалькіх кіламетрах ад Навагрудка размешчана азярцо Літвінка, на якое любіў хадзіць Адам Міцкевіч. Азярцо маленькае, даўно б яно зацягнулася цінай, зарасло хмызняком, каб не клопаты мясцовых жыхароў, якія яго любоўна ачышчаюць ад ілу, ад зараснікаў.

Савецкія людзі памятаюць, любяць, свята ахоўваюць усё звязанае з імем выдатнага польскага паэта. У Навагрудку створана камісія па правядзенню юбілея Адама Міцкевіча, у склад якой увайшлі самыя паважаныя людзі горада. Нават у суровыя для нашай Радзімы дні народ не забываў зберагчы дарагія рэліквіі. Не так даўно ў Цэнтральным дзяржаўным архіве БССР знойдзен загад Навагрудскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта № 40 ад 16 верасня 1920 года. Гэтым загадам прадугледжвалася стварыць у доме паэта літаратурны музей або народную бібліятэку імя Адама Міцкевіча.

Цяпер пра самы домік Адама Міцкевіча. У гады ваенных завірух ён гарэў, разбураўся, але, нібы фенікс з попелу, зноў паяўляўся на тым жа месцы. У гады Вялікай Айчыннай вайны домік быў разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён адноўлен цяпер у тым выглядзе, якім ён быў пры жыцці паэта. У гэтым дарагім для памяці доміку аднаўляецца літаратурны музей Адама Міцкевіча.

У абсталяванні музея прымаюць удзел не толькі жыхары Навагрудчыны, але і многіх іншых месц савецкай краіны. Знойдзена многа барэльефаў, скульптур, ілюстрацый, кніг Адама Міцкевіча. Толькі Навагрудская руская школа № 2 перадала музею звыш 50 экспанатаў — рэпрадукцый, барэльефаў, гарэльефаў, партрэт паэта работы мясцовага мастака Мардасевіча 1857 года.

У адрас музея прыходзяць пасылкі з Масквы, Мінска, Кіева. Маскоўскі жыхар Ляўковіч прыслаў ноты кампазітара Кюі на словы А. Міцкевіча, якія цяпер развучваюцца мясцовымі самадзейнымі калектывамі. З Мінска прыслалі рэдкі партрэт А. Міцкевіча 1895 года, работы італьянскага мастака Пальміры. Кіеўскі скульптар Ульянаў зрабіў для музея бронзавы бюст паэта.

Цікавыя экспанаты перададзены музею Польскай Народнай Рэспублікай.

Памяць аб вялікім польскім паэце жывая і незгасальная. На Навагрудчыне мы сустрэлі студэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна Лявона Мірачыцкага. Са старым партфельчыкам ён хадзіў ад вёскі да вёскі, збіраючы, запісваючы ўспаміны мясцовых жыхароў, звязаныя з мясцінамі А. Міцкевіча.

Трэба было бачыць, з якой любоўю аформілі вучні 2-й рускай школы выстаўку, прысвечаную памяці А. Міцкевіча. Яны намалявалі некалькі партрэтаў вялікага паэта, ілюстрацыі да яго твораў, сабралі шмат рэдкіх, унікальных кніг А. Міцкевіча.

У Навагрудскім педвучылішчы група пачынаючых паэтаў выдае свой рукапісны альманах «Першы промень». Для чарговага нумара альманаха падрыхтавана шмат перакладаў на беларускую мову твораў А. Міцкевіча. Магчыма, гэтыя пераклады пакуль яшчэ нельга друкаваць у сталічным часопісе, але сама праца пачынаючых паэтаў гаворыць, наколькі дарагой для іх з’яўляецца паэтычная спадчына вялікага мастака слова.


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 14-18
Крыніца: скан