epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Праз дзень пасля салюта...

І
ІІ
ІІІ


І

 

Гэта быў адзін са старых панскіх, насаджаных у англійскім стылі паркаў — іх даволі шмат засталося на заходніх абсягах Украіны і Беларусі. Нават праз стагоддзе, з парадзелымі дрэвамі, з абымшэлымі пеньчукамі вось гэты парк, у якім цяпер размясціўся полк сувязі, мала чым адрозніваўся ад звычайнага лесу: дуб рос побач з грабам, клёнам, бяроза ў суседстве з берастам і рабінай.

Парк падняўся на шырокім, разлеглым пагорку з амаль што стромымі схіламі. Веснавая і дажджавая вада вымыла на скатах глыбокія яры, густа зарослыя дзядоўнікам, крапівой і дзікім вішняком. Злева, у нізіне, стаяў напаўразбураны панскі дом, праўдзівей, ад дома засталіся белыя калоны і тры пярэднія сцяны; задняй сцяны, як і даху, не было — усё гэта ляжала кучамі бітай цэглы і парослага быльнягом друзу. З правага боку ля падножжа паркавай гары бялее дамкамі невялікі гарадок.

Тут Валынь, Украіна, і гэта адчуваецца ў малюнках навакольных палявых краявідаў, у гаворцы жыхароў, у тым, як узыходзіць і заходзіць сонца. Стаіць верасень, над полем, дзе пакатыя ўзгоркі мяжуюць з глыбокімі ярамі, лятае белая павуцінка, чэзлыя на выгляд яблынькі гнуцца ад тугіх жаўтабокіх антонавак, з вішняку, якога тут — як лазы, пераспелыя, толькі збольшага паклёваныя птушкамі ягады асыпаюцца на дол.

Армейскі полк сувязі са сваімі радыёстанцыямі, апаратамі Бадо, СТ, з усёй разнастайнай тэхнікай атабарыўся ў парку больш за месяц назад. У засені дрэў стаяць грузавікі з прыробленымі да кузаваў драўлянымі будамі. Будаў бадай хапае для жылля, бо брызентавыя палаткі нацягнулі для сябе толькі лінейныя тэлефаністы.

Штаб размяшчаецца ў гарадку, там жа стаяць на пастоі старшыя афіцэры, якія прыходзяць у парк толькі па службе.

Служба вядомая. Полк сваім ходам перадыслацыраваўся з Германіі. Калі наспела вайна з Японіяй, была каманда грузіцца ў вагоны, але калону вярнулі назад са станцыі. Там, на Далёкім Усходзе, вайна і без палка сувязі ішла паспяхова. Роты і ўзводы цяпер займаюцца вывучэннем баявой тэхнікі, статутаў, праводзяць страявыя заняткі. Але ўсё гэта хутчэй для блізіру, бо наперадзе няпэўнасць. Ходзяць чуткі пра расфарміраванне, дэмабілізацыю. Не сакрэт, што полк сувязі болей чым напалавіну складаецца з дзяўчат. Хто іх у мірны час будзе трымаць у арміі?

Пад вечар спыняецца нават бачнасць заняткаў. Стаяць на вызначаных месцах пасты, каравулы, кухня пачынае раздачу вячэры.

У гэты час да буды, у якой жыве старшына групы бліжняй разведкі Хомчык, прыходзіць лейтэнант Траяноўскі — ён служыць начальнікам палкавога ПЗД1. Кішэнь брыджаў у лейтэнанта злёгку адтапырана. Хомчык таксама сёе-тое падрыхтаваў. Пераканаўшыся, што ніхто за імі не віжуе, парушальнікі вайсковага статута прыхопліваюць шклянку, загорнуты ў паперу пакунак з закускай і па крутому схілу пагорка спускаюцца да разбуранага панскага палаца. Там, у зараслях дзядоўніку, ёсць зацішнае месца, дзе сябры вячэрняю часінаю вядуць працяглыя размовы.

Добра, ціха ў дзядоўніку. Заходзіць сонца, яго праменні, прабіўшыся праз купы дрэў, карункавымі ўзорамі кладуцца на закураныя сцены палаца. Востра пахне палыном, выпетранай, перасохлай травой, і Хомчыку лёгка ўявіць, што тут улонне прыроды, дзікі, закінуты кут.

Хомчык выцягвае з рыльца бутэлькі зробленую з пакулля затычку. Самагонка вельмі моцная, бураковая, і гэтай бутэлькі хлопцам хопіць на ўвесь вечар. Любяць яны не столькі выпіўку, колькі магчымасць адкрыта, даверліва пагаварыць, паспавядацца. І не адны яны. Шмат за вайну накапілася ў салдацкіх душах такога, што патрабуе выйсця, абгаварэння. А гарэлкі дастаць няцяжка — вайна скончылася.

 

Хлопцы выпіваюць па паўшклянкі, закусваюць.

— Канцавога не бачыў? — пытаецца Хомчык.

— Мабыць, пайшоў да сваёй беленькай. Яму не да нас.

Радыётэхнік лейтэнант Канцавы быў трэцім, хто яшчэ нядаўна прылучаўся да збораў у дзядоўніку. Але, пазнаёміўшыся ў горадзе з бялявенькай настаўніцай, на сяброўства махнуў рукой.

Хомчык нарадзіўся і вырас у драўляным палескім мястэчку, Траяноўскі — у Маскве, але тое, мабыць, што хлопцы жылі, вучыліся ў адзін час, чыталі тыя самыя кнігі, аднолькава думалі, зрабіла іх на дзіва блізкімі адзін аднаму. Нягледзячы на розніцу ў званні, яны зблізіліся, а цяпер, прадчуваючы расстанне, асабліва даражаць вячэрнімі спатканнямі.

— Дзе ты ў Маскве жыў? — пытае Хомчык.

— Ля Рыжскага вакзала. Вуліца наша ціхая, зялёная.

— Беларускі вакзал блізка ад Рыжскага?

— Блізка. Хвілін пятнаццаць язды на трамваі.

Хомчык двойчы быў у Маскве. Першы раз прыязджаў з бацькам яшчэ да вайны, другі — ужо мабілізаваным, разам з капітанам з ваенкамата, які, маючы службовую камандзіроўку, заехаў да знаёмай дзяўчыны, але абодва разы ён трапляў у Маскву праз Кіеўскі вакзал. Таму ён не ведае, дзе размяшчаецца Беларускі, дзе Рыжскі вакзал і як выглядае ў тых месцах горад.

— Зялёныя вуліцы ў Маскве? — перапытвае Хомчык. — І мураўка па дварах ёсць?

— Дзеля гэтага трэба ехаць у Замаскварэчча. Там поўна такіх двароў. Вечарам бабулі пад вязамі п’юць чай з самавара. Ідылія...

Хомчыку за вайну прыйшлося пабачыць гарадоў. У некаторых з іх ён нават быў падоўгу, як, напрыклад, у Выбаргу ці ў гэтым нямецкім горадзе ля падножжа Судэтаў, з якога яны нядаўна выехалі. Але ўсё адно ў яго вострая цікавасць да людзей, якія выраслі ў горадзе.

— Што ты рабіў летам, пасля школы?

— Чытаў, купаўся, хадзіў у кіно.

— А ў лесе быў? Ягады, грыбы збіраў?

Не, такімі справамі Траяноўскі не займаўся. Ездзячы зрэдку да бацькі на дачу (бацька пакінуў сям’ю, калі сыну было восем гадоў), бачыў, зразумела, дзе і як растуць ягады, грыбы, але імі чамусьці не зацікавіўся.

— Ты многае страціў, — гаворыць Хомчык.

— Што я страціў?

— Як табе сказаць. Нешта такое, што цяжка выказаць словамі. Радасць адчування жыцця. Калі я толькі заходжу ў лес, мне радасна.

— А на полі не радасна? — падкалвае Траяноўскі. — Не рабі са сваёй прывычкі закона. Хто ў якім месцы вырас, той да яго прывязваецца.

— Нешта ўсё-такі ёсць.

— Нічога няма. Проста табой валодаюць захапленні, вядомыя яшчэ з часоў Русо. Шчаслівае жыццё, несапсутыя норавы магчымы толькі на ўлонні прыроды.

Хомчык не пярэчыць. Яго таварыш скончыў педінстытут, праўда, па паскоранай, уведзенай у ваенны час праграме, а Хомчык толькі дзесяць класаў. Вось так яны ляжаць, размаўляюць, іншы раз нават крыху спрачаюцца. Аб чым? Аб усім.

Дружбакамі валодае асаблівы настрой. Скончылася вайна, у якой яны маглі загінуць. Ды не ў адной вайне справа. Яны абодва трохі пабачылі свету — з мінулагодняй восені былі ва Усходняй Прусіі, затым на пачатку зімы полк перакінулі на Першы Украінскі фронт, і яго шлях пралягаў праз Польшчу, Германію, нават частку Чэхаславакіі прыйшлося вызваляць. А цяпер наперадзе няпэўнасць. Калі полк расфарміруюць, то Траяноўскага і Хомчыка хутчэй за ўсё парассоўваюць па розных часцях або нават дэмабілізуюць. Вайсковай спецыяльнасці ў іх фактычна няма.

— Успамінаеш Эльзу? — пытае Траяноўскі.

Хомчык маўчыць. Болей як тры месяцы полк стаяў у ціхім шахцёрскім гарадку ля падножжа Судэтаў. Там Хомчык з Траяноўскім нават да нямецкіх дзяўчат хадзілі: Хомчык да чарнявай, падобнай на армянку Эльзы, Аляксей — так завуць Траяноўскага — да яе сяброўкі Інгі.

— Мы брыдка зрабілі, што не папярэдзілі дзяўчат пра ад’езд. Хоць бы па-людску развіталіся. Што яны пра нас падумаюць?

— На вайне як на вайне. Бачыў жа, што было...

Так, было дзіўна, і доўга яшчэ пра гэта будуць думаць і разважаць дружбакі. Вайна падзяліла свет, і салдатам, пакуль не дайшлі да Германіі, мабыць, здавалася, што немцы — суцэльныя пачвары, што там, на іх радзіме, усе ходзяць калонамі, аддаюць адзін аднаму чэсць і выгукваюць фашысцкія лозунгі. Можа, немцы іх і выгуквалі, але з таго часу, як полк размясціўся ў шахцёрскім гарадку, малюнак змяніўся. У абвітых плюшчом і дзікім вінаградам катэджыках, у двух- і трохпавярховых, закапцелых ад вугальнага пылу будынінах жыло шмат маладога веку фраў; цыбатых дзяўчат, якія, відаць, мала думалі пра гітлеравы лозунгі, а найболей пра тое, як і дзе дастаць паўбоханчык цвёрдага, як гліна, хлеба, лыжку тлушчу або, на горшы выпадак, павідла.

Першыя два-тры дні, пасля таго як полк заняў пад стойбішча падобны на казарму старадаўні цагляны будынак школы з агароджаным жалезнымі прутамі пляцам, фраў і цыбатыя немачкі хаваліся, носа з кватэр не вытыркалі. Яны, мабыць, таксама лічылі, што рускія, савецкія, падобныя да лютых, з раскосымі вачамі скіфаў, якія зараз жа пачнуць трушчыць і нішчыць усё нямецкае. Такімі іх маляваў Гебельс на сваіх плакатах, шкуматы якіх яшчэ і цяпер віселі на сценах гэтак жа, як бясконцыя лісткі лозунгаў з трох толькі слоў: «Веrlin bleibt deutsch»2. Але па Берліне ўжо болей як тыдзень расхаджвалі савецкія салдаты. Вар’яцкага выгляду фюрэр атруціўся крысіным ядам. А тут, у запыленым вугалем гарадку, рускія не праяўлялі ніякіх барбарынскіх намераў: яны нават не цікавіліся, належыць хто-небудзь з тубыльцаў да нацысцкай партыі ці не належыць.

Між тым май зелянеў на вуліцы каштанамі, букамі, клёнамі, рускія былі зусім не такімі, як маляваў іх Гебельс, з выгляду — людзі, а не звяры. Больш таго — гарадок вельмі хутка высветліў, што ў іх, пераможцаў, добрыя сэрцы. Дзецям, жанкам, якія адважыліся першымі да іх падысці, яны давалі хлеб, цукар, суп са сваіх салдацкіх кухань.

У гарадку, між тым, мужчын было мала: нават пятнаццацігадовых падлеткаў і пасівелых дзядоў фюрэр піхнуў у фольксштурм. Расы, народы змешвалі сваю кроў на працягу ўсёй гісторыі, і калі глядзець на падзеі менавіта з такой высокай вышкі, то асабліва прыкметнымі ў сэнсе сказанага былі два тыдні пасля дня Перамогі, бо начальства ў гэты час пазірала скрозь пальцы на збліжэнне салдат, сержантаў і нават асобных афіцэраў з мясцовымі жанчынамі і дзяўчатамі.

Хомчык з Траяноўскім якраз тады і пазнаёміліся з Эльзай і Інгай. Ім было гэта зрабіць нават лягчэй, чым астатнім: да арміі, да фронту, Хомчык быў у партызанах, ды і на фронце па характару службы так ці інакш сутыкаўся з немцамі і нямецкую мову ведаў ніштавата. Аляксей таксама яе трохі ведаў, хоць ад яго можна было чакаць большага: як-ніяк скончыў педінстытут.

Полк выязджаў з гарадка трыма калонамі, праз кожныя два-тры дні. Выезд першай жа калоны паказаў, наколькі цесным, блізкім было яднанне некаторай часткі асабовага складу з мясцовымі жанчынамі. Яны стаялі на вуліцы густым, шчыльным натоўпам і, не саромеючыся, выціралі слёзы.

Пасля гэтага быў строгі загад: ніякай інфармацыі насельніцтву аб часе перадыслакацыі. Хомчык з Траяноўскім загад выканалі: знаёмым дзяўчатам пра свой ад’езд не сказалі.

Шахцёрскі гарадок, Эльза, Інга — цяпер гэта толькі ўспамін. Мінуў пераможны май, нібы ў сне праляцела першае мірнае лета, і вэлюм святочнасці, урачыстасці пакрысе спадае, саступаючы месца будзённым, іншы раз неспакойным клопатам і турботам. У Траяноўскага — настаўніцкі дыплом, а ў Хомчыка ніякай прафесіі. Перад ім, хоць і смутна, а ўжо вынікае пытанне: што будзе рабіць, калі дэмабілізуецца з арміі?

Пра адно не гавораць і нават стараюцца не думаць дружбакі — пра вайну. З лістоў, якія таму і другому прыходзяць ад матак, яны ведаюць, што большасць іхніх таварышаў, знаёмых ніколі дадому не вернецца. Іх праглынула вайна. На вайне адчуванні асаблівыя, смерць там — звычайнасць, і, можа, па гэтай прычыне тыя, хто бачыў смерць, не любяць пра яе ўспамінаць.

 

 

1 ПЗД — пункт збору данясенняў

2 Берлін застанецца нямецкім (ням.).

ІІ

 

На Украіне, на бязлесым прасторы, ноч наступае нечакана. Часіна сутоння, калі дзённае святло нібы змагаецца з цеменню, вельмі кароткая. Яшчэ некалькі хвілін назад было светла, і раптам — змрок.

З наступленнем цемені на дубах, пад якімі абсталявана танцавальная пляцоўка, запальваюцца электрычныя лямпачкі. Хлопцы-сувязісты так іх развесілі, што дрэвы здаюцца нейкімі незямнымі, казачнымі. На вышмарганым ботамі пятачку іграе радыёла, пачынаюцца танцы. Вальсы і танга будуць звінець гадзіны дзве, да самага адбою.

Танцуюць пераважна дзяўчаты з дзяўчатамі, хлопцы — яфрэйтары, сержанты — тоўпяцца збоку, назіраюць. З радыёлы вырываюцца цягучыя, млявыя гукі, шоргаюць па ўтаптанай пляцоўцы кірзавыя боты, надзетыя на стройныя дзявочыя ногі.

Можна стаяць, глядзець на парачкі, а можна блукаць па парку. Наводдаль ад пляцоўкі, праз навісь галін праглядвае высока ўкраінскае неба, засеянае шчодрымі зоркамі. Над гарадком вісіць паўбоханчык месяца, лье на белыя дамкі сваё таямнічае святло. Над старым паркам як бы лунае дзіўны, загадкавы настрой: кончылася самая вялікая вайна, якая калі-небудзь была на свеце, і што падорыць гэтым уцалелым у яе агні дзяўчатам і хлопцам мірнае жыццё, абсягі якога яшчэ за хісткай, няпэўнай заслонай?

У гурце дзяўчат ёсць адна, з якой Хомчык з той пары, як полк атабарыўся ў былым панскім парку, у час танцаў раз-пораз пераглядваецца. Завуць яе Таня Верашчагіна. У яе круглы, мілавідны твар, трохі паўнаватая постаць. Дзяўчына, як і Хомчык, старшына. Яны хутка год служаць разам, але дасюль не знаёмыя. Справа ў тым, што ў вайну група бліжняй разведкі ў размяшчэнні палка сувязі амаль не знаходзілася, сядзела на перадавой, у пяхотных палках, ды і пасля вайны Хомчык жыў не ў казарме, а ў асобным штабным доме.

Каб Хомчык умеў танцаваць, то пазваў бы Верашчагіну ў круг, знайшоў бы нейкія словы. А так ён толькі стаіць і глядзіць. Колькі вечароў кончылася тым, што, павітаўшыся з Таняй кіўком галавы, кінуўшы ў яе бок некалькі позіркаў, Хомчык затым адыходзіў і ўвесь вечар вандраваў з Траяноўскім па парку. З дзяўчатамі ён сарамлівы, нясмелы і нічога з сабой не можа зрабіць.

Так і ў гэты вечар.

— Дзіўны ты, — гаворыць Траяноўскі, — калі не можаш так проста падысці, напішы запіску. Запрасі ў кіно. Яна ж табе падабаецца.

— Падабаецца.

Запісак Хомчык пісаць не хоча. Ёсць у гэтым нешта дзіцячае, школьнае. А ён ужо даўно не школьнік. Ды і ў яго адносінах з Верашчагінай шмат няяснага, цьмянага. Было некалькі выпадкаў, калі ён сустракаў Верашчагіну з сяброўкамі, перасільваючы сябе, рабіў спробу прыпыніцца, завязаць гаворку, але яна трымалася з ім, як з незнаёмым. А потым праз другіх дзяўчат перадавала Хомчыку прывітанні...

— У Верашчагінай нікога не было? — пытае Хомчык.

— Не ведаю. Такія справы напаказ не выстаўляюць. Ды, зрэшты, што табе? Ты ж з ёю ў загс не збіраешся?

Траяноўскі гаворыць праўду. Хоць і без яго Хомчык гэта ведае. Чалавек цягнецца да чалавека не толькі дзеля таго, каб выйсці замуж ці ажаніцца. Полк сувязі, які больш чым напалавіну складаецца з жанчын, засведчыў гэта сваім прыкладам. У вайну шмат хто з дзяўчат, якія ў ім служаць, не надта глядзелі, жанатыя іх кавалеры ці нежанатыя. Кавалерамі найчасцей былі афіцэры з карпусных і армейскіх штабоў, у іх была магчымасць наладзіць на Новы год ці ў якое іншае свята пагулянку, і некаторыя дзяўчаты ахвотна на гэтыя пагулянкі ездзілі. Хлопцы ў такіх выпадках па двое і па трое сутак без змены дзяжурылі ля апаратаў Бадо, СТ і, вядома, пракліналі напарніц. А калі скончылася вайна, нават помсцілі ім, абмінаючы сваёй увагай, знаёмячыся з чужымі. Вядома, не ўсе дзяўчаты былі такія, можа, меншая палавіна, можа, трэць ці чвэрць — дакладнай статыстыкі няма.

— На вайне жылі сённяшнім днём, — працягвае Траяноўскі. — Заўтрашняга магло не быць. Вось у чым соль.

Ён зноў гаворыць правільна. Яго словы можна дапасаваць нават да цяперашняга часу: дзяўчаты і хлопцы маладыя, маладосць у жыцці бывае адзін раз.

Стаіць цёплы вераснёвы вечар, і проста грэх у такі вечар не абнімацца, не цалавацца...

— Чаму сам так не жывеш? — пытае Хомчык.

Траяноўскі зацінаецца. Пра жонку ён ніколі нічога не расказвае. У дваццаць гадоў, калі яшчэ вучыўся ў інстытуце, ажаніўся, аднак лісты ад жонкі атрымлівае рэдка, і сам ёй не піша. Хомчык даўно здагадваецца, што жаніцьба яго таварыша не радуе. Хто тая невядомая жанчына?

— Я думаю, вайна нічога не спісвае, — разважае Хомчык. — Мы панясём і добрае і благое з вайны.

У гэтую хвіліну ён думае пра выпадак, калі яшчэ там, у Германіі, з палка дэмабілізавалі некалькі дзяўчат, якія зацяжарылі.

 

 

ІІІ

 

 

Назаўтра мусіла быць тое самае — млявыя заняткі, вывучэнне статутаў, вечарам танцы пад дубамі — каб раптам не вынікла нечаканая навіна: скончылася вайна з Японіяй.

Прывід гэтай вайны ўсё ж вісеў над палком, бо некаторыя сувязісты, не могучы ўтаймаваць радасць, яшчэ днём, у службовы час, пакаштавалі самагонкі. Гэта было ЧП. І начальства неадкладна прыняло меры: чалавек восем было пасаджана на гаўптвахту, танцы адменены.

ЧП тым не меней працягвалася. Гаўптвахту абсталявалі ў напаўразбураным панскім доме, прайсці туды, нягледзячы на вартавых, было не вельмі цяжка, і спагадлівыя таварышы арыштаваных здолелі-такі перадаць ім некалькі бутэлек. Падвяселеная градусамі «губа» ноччу заспявала пра трох танкістаў...

Загадам па палку выпіўка была прыроўнена да найцяжэйшага злачынства. Жанчын з кошыкамі, якія вандравалі вакол парку, нібы ветрам здзьмула.

Старшына Хомчык жыве ў будзе разам з малодшымі лейтэнантамі Лімарам і Зускіным. Лімар — малады, шыракаплечы, з даволі прыгожым, засеяным вяснушкамі тварам, на якім асабліва выдзяляюцца падпухлыя губы і зеленавата-жоўтыя, круглаватыя, як у ката, вочы.

У полк Лімар трапіў у самым канцы вайны, і цяпер вельмі задаволены, што яго прызначылі камандзірам страявога ўзвода. Свой будучы лёс ён звязвае з арміяй.

Як ні дзіўна, але прыкладна такія ж сяганні ў Зускіна, хоць яму пад сорак, а на пагонах адна толькі зорачка.

У адзін з тых дзён Лімар просіць Хомчыка:

— Ты пасля абеду не прыходзь. Салон мне самому патрэбен.

Хомчык ведае прычыну. За Лімарам, нібы цень, блукае доўгая, непрыгожая, знешне падобная на бутэльку сувязістка.

Выпадак на гаўптвахце пакрысе забываецца, і танцы пад дубамі адноўлены зноў. Начальства проста вымушана дазволіць гэтыя танцы, бо чуткі пра дэмабілізацыю дзяўчат робяцца рэальнасцю. Ужо вядома, што рыхтуецца загад, у штабе афармляюцца дакументы.

Лёс нарэшце робіцца літасцівым і да Хомчыка. Развітаўшыся з Траяноўскім, ён на сцяжынцы, наводдаль ад палатак і буданоў спатыкае Таню. Яна адна. Яшчэ звініць радыёла, чуюцца галасы, а яна, самотная, вандруе ў адзіноце.

О, гэты Хомчык даволі змыслы чалавек! Ён даўно марыў пра такую сустрэчу, нават прадбачыў яе. Таму загадзя абдумаў сякія-такія варункі і захады. На схіле пагорка, у густым вішняку, ёсць вельмі прыдатны, зарослы травой гурбочак, на якім можна пасядзець, як на лавачцы. Хомчык вядзе туды Таню, і яна ахвотна ідзе.

Яны сядзяць, размаўляюць, як бы навыперадкі расказваючы кожны пра сябе. Таня з Поўначы, з Яраслаўскай вобласці, і Хомчыку прыемна чуць яе трохі нязвыклую, напеўную гаворку, працяглае «о» нават у тых словах, дзе масквіч Траяноўскі прамаўляе «а».

Не меней прыемна Хомчыку адчуваць побач з сабой ладнае, зграбнае Таніна цела, нават у шэрані ночы выдзяляць рысы яе мілага круглаватага твару, высокія грудзі пад салдацкай гімнасцёркай, на якой прышыты чорныя (як ва ўсіх тэхнічных войсках) пагоны са срабрыстым старшынскім малатком.

Хомчык — ён нібы даказвае гэта самому сабе — яшчэ і даволі смелы чалавек. Ён раз-пораз цалуе Таню, і яна не ўхіляецца ад пацалункаў. А хіба ён не мае на гэта права? З Таняй яны знаёмы даўно, і проста так здарылася, што не мелі магчымасці спаткацца, застацца адзін на адзін.

У Хомчыка хмельна кружыцца галава. Даўно перастала іграць радыёла, наступіў час адбою. Полк спіць. Але навошта ім з Таняй сон? Свеціць месяц, і, здаецца, там, унізе, ля руін палаца, плюскоча хвалямі рэчка, а над яе берагамі трымціць туман. Нібы вясна, нібы спяваюць у зарасніку салаўі — такое адчуванне.

Яны выходзяць са сховішча толькі пад раніцу, калі зоркі на небе пачынаюць бляднець. Кепска адно: Хомчык не можа выканаць свой кавалерскі абавязак і правесці Таню да буданчыка. Калі пойдуць удваіх, іх паставыя «засякуць». Па адным жа як-небудзь можна прашмыгнуць.

Заўтра на гэтым месцы яны зноў сустрэнуцца...

Яны сыходзяцца ў зарасніку яшчэ два разы. Збліжэнне настолькі нечаканае, імклівае, што Хомчык губляе раўнавагу. Ён, як раней, праводзіць з байцамі заняткі па дысцыплінарнаму статуту, але не ў прыклад папярэднім дням ніяк не можа знайсці патрэбны тон. Можа, па той прычыне, што яго распірае радасць, ён даруе цяпер недакладныя адказы, блытаецца сам, збіваючыся нават на тых параграфах, якія ведае назубок.

Няўважлівы ён і да Траяноўскага. Вечарам яны сустракаюцца, стаяць ля танцавальнай пляцоўкі, але Хомчык увесь час думае пра Таню, з нецярпеннем пазіраючы на свой наручны гадзіннік. Што ж, ён не лепшы за Канцавога.

Дзіўныя стаяць вечары і ночы. Ахутаныя месячным мроівам дрэвы, кусты, зорнае неба, нерухомае цёплае паветра, музыка, якая ліецца з радыёлы, вальсы і танга пад аздобленымі электрычнымі лямпачкамі дубамі — уся гэтая прыгажосць нібы апошні дарунак дзецям вайны, якія ў хуткім часе раз’едуцца, каб ніколі болей не сустрэцца.

У памяці Хомчыка ўсплываюць вычытаныя яшчэ ў школьныя гады радкі і звіняць у вушах несупынна:

 

 

Спит как во сне зачарованный сад,

Ночь в бирюзе утопает,

В воздухе носится рой серенад,

Кто-то безумно рыдает...

 

 

Нейкай трывогай вее ад гэтых радкоў. У чым яна, дзе? Хомчык не ведае.

Вярнуўшыся з выраю, птушкі пачынаюць віць гнёзды — так думае Хомчык пра тых, хто робіць няхай сабе яшчэ нясмелыя, першыя захады, каб неяк асталявацца ў мірным жыцці. Да такіх ён адносіць сябе і лейтэнанта Канцавога, які хутка месяц прападае ў беленькай настаўніцы.

Таню дэмабілізуюць, а ён, Хомчык, магчыма, застанецца служыць, але пачнецца зусім іншая служба, бо ён будзе ведаць, што яго чакае дзяўчына. Ні аб чым сур’ёзным ён пакуль не думае, яму трэба вучыцца, але ўсё адно яго жыццё стане другім, зусім другім...

У палку ёсць людзі, якія і аб сур’ёзным падумалі. Прыклад — старшы лейтэнант Пятакоў, камандзір групы бліжняй разведкі, непасрэдны Хомчыкаў начальнік. Як толькі скончылася вайна, ён афіцыйна сышоўся з радысткай Зінай Варанцовай, такой жа, як і сам, чарнявай, маўклівай, гаспадарлівай. У іх цяпер усё агульнае — будка на калёсах, куды Зіна носіць кацялкі са сняданкамі і абедамі. Ёсць падобныя прыклады сярод сержанцкага і нават радавога саставу, хоць тым парачкам асобных будак, вядома, не выдзелілі.

Недзе тут пачынаецца Хомчыкава трывога. Таня да яго блізкая, прыхільная толькі пры патаемных спатканнях, а днём, на людзях, яна па-ранейшаму трымаецца як незнаёмая.

Падзеі між тым нарастаюць. З раніцы ў палку паявіўся апрануты ў сіні цывільны касцюм чалавек, і ўсе пазналі ў ім былога камандзіра радыёроты капітана Белага. З капітанам здарылася няшчасце менавіта ў той дзень, калі скончылася вайна. Радысты аб гэтым першыя даведаліся, наладзілі банкет, на якім тры чалавекі атруціліся кансервамі, якія недзе раздабыў увішны камандзір. Капітана судзілі. Але добра тое, што добра канчаецца. Амністыя з нагоды перамогі над Германіяй скасавала капітану большую палавіну вызначанага судом тэрміну турэмнага зняволення, нядаўняя — пасля перамогі над Японіяй — астатнюю.

У той жа дзень, апоўдні, урачыста адпраўлялі дамоў першую групу дэмабілізаваных дзяўчат. Грымеў аркестр, начальнік штаба, парторг, іншыя вядомыя людзі палка гаварылі прамовы, уручалі дзяўчатам баявыя граматы. Яны стаялі ў страі ў сваіх мытых-перамытых гімнасцёрках, наваксаваных кірзавых ботах, з ордэнамі, медалямі, але з выгляду прыціхлыя, разгубленыя...

Таню з першай групай не адправілі, але Хомчык з ёй усё адно не спаткаўся. Вечарам танцаў не было, полк раставаў на вачах, настрой быў такі, што не да танцаў, а назаўтра Хомчыка паслалі на хлебанарыхтоўкі. У затуленай між асенніх пажаўцелых пагоркаў вёсачцы Хомчык разам з байцамі і камандзірамі пражыў цэлы тыдзень: звозілі збожжа на такі, малацілі, грузілі на машыны.

Калі Хомчык ад’язджаў, да яго падышоў нізенькі, рабаваты, апрануты ў пакамечаную парусінавую гімнасцёрку лейтэнант — камандзір аднаго з лінейных узводаў — і сунуў яму ў рукі надпісаны чарнільным алоўкам трохкутнічак. Ліст адрасаваўся Тані Верашчагінай.

Хомчык напачатку нічога кепскага не падумаў. Але, калі ён вярнуўся ў полк, Тані ўжо не было, наогул нікога з дзяўчат не было — іх усіх паспелі адправіць дамоў.

Хомчыка чакала запіска — у ёй Таня паведамляла адрас, перадавала прывітанні, прасіла пісаць.

Хомчык мог бы проста адправіць лейтэнантаў трохкутнічак па адрасе, але на яго раптам нахлынула падазрэнне, рэўнасць, ён некалькі дзён вагаўся і, нарэшце, не вытрымаўшы, праклінаючы самога сябе, разгарнуў трохкутнічак.

Гэта быў канец. Лейтэнант у сваім пасланні нарабіў мноства памылак, але пра характар яго адносін з Таняй сумнявацца не выпадала...

Далёкія, палітыя крывёй дарогі віхурнай маладосці. Хто адважыцца кінуць камень у тых, хто па іх прайшоў?..

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 521-533
Крыніца: скан