epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Радасць поўная і няпоўная

У 1963 годзе «Полымя» надрукавала сем раманаў. Ні ў якія часы беларуская проза, калі гаварыць аб буйных эпічных палотнах, не брала такога разгону.

Тэматыка надрукаваных твораў нібы нагадвае вялікі гістарычны пласт у пэўным, даволі паслядоўным разрэзе. Раман Аркадзя Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка» пераносіць нас у далёкія дні першай рускай рэвалюцыі. Раманы Ільі Гурскага і Міколы Лобана прысвечаны пярэдадню Кастрычніка і самім кастрычніцкім падзеям. «Людзі на балоце» Івана Мележа — аб палескай вёсцы дваццатых гадоў.

Суд сучаснага над мінулым... Словы гэтыя датычаць не толькі рамана І. Шамякіна «Сэрца на далоні», яны падыходзяць да многіх твораў. Раман, у прыватнасці раман сацыяльны, не можа не несці ў сабе подыху гісторыі. Але творам дзейсным, хвалюючым будзе толькі той, які закране карэнныя, калі можна так сказаць, інтарэсы, пачуцці і думкі сучаснікаў, які актыўна, па лініі галоўных пытанняў жыцця, перагукваецца з нашымі днямі.

Што ж новага ўнеслі ў беларускую літаратуру раманы, аповесці апошніх гадоў? Наколькі яны суаднесены з тымі велізарнымі пераменамі, якія адбыліся ў нашым жыцці пасля ХХ з’езда КПСС?

Можна смела сцвярджаць, што беларуская проза сёння на вялікім уздыме. Яна дасягнула ідэйнай і мастацкай сталасці. Знікае вобраз-штамп, вобраз-схема, усё радзей у кнігах сустракаюцца бяскрылая натуралістычнасць і ілюстрацыйнасць. Адметнай асаблівасцю празаічных твораў нашых дзён з’яўляецца тое, што іх аўтары імкнуцца даследаваць жыццё ў яго самых разнастайных сувязях і плынях, не пазбягаюць пытанняў складаных, супярэчлівых, не падмяняюць суровую рэальнасць жыцця надуманымі карцінамі і канфліктамі.

У прозу прыйшоў, як гэта было ў лепшых творах дваццатых і трыццатых гадоў, яе законны герой — просты, звычайны чалавек. Ён, гэты герой, вядома, не такі просты — ён творца гісторыі, авеяны вятрамі і віхурамі эпохі, і як бы ўвасабляе карэнныя перамены, што адбыліся ў самых глыбінях жыцця. Проза стала больш уважлівай да праблем маральных, этычных. Гэта, як мне здаецца, зусім адпавядае асноўным тэндэнцыям нашага жыцця за апошняе дзесяцігоддзе. Сёння, як ніколі раней, паўстае пытанне аб духоўным, маральным абліччы будаўніка камуністычнага грамадства, чалавека, які свядома падпарадкоўвае сваю энергію, імкненні і жаданні велічнай справе ўсенароднага шчасця.

На маю думку, зварот літаратуры да лёсу радавых, звычайных людзей зусім не азначае, што яна выракаецца тэмы высокага, гераічнага ў нашай рэчаіснасці. Толькі тыя перамены сапраўды глыбокія, паказальныя, якія закранаюць карэнныя асновы жыцця, займаюць думкі і пачуцці сучаснікаў.

Раман Івана Мележа «Людзі на балоце» таму і з’явіўся значным дасягненнем прозы апошніх гадоў, што ў ім на ўвесь свой духоўны рост паўсталі простыя, звычайныя, на першы погляд, нават непрыкметныя героі.

З якім майстэрствам малюе Іван Мележ характары Васіля і Ганны, якое багацце пачуццяў, думак у іх выяўляе! Васіль, Ганна, Яўхім Корч, Хадоська — дзеці звычайнай палескай вёскі — пададзены буйным планам, і чытач — хто б ён ні быў па сваёй прафесіі ці адукацыйным узроўні — узбагаціцца, возьме нешта для сябе пасля знаёмства з героямі палескай хронікі. (Вось, дарэчы, і яшчэ адзін прыклад таго, што калі перад намі высокамастацкая кніга, то яе, бадай, з аднолькавай цікавасцю чытаюць людзі самых розных узростаў і адукацыйнай падрыхтоўкі.)

Новыя якасці беларускай прозы, вядома, не з неба зваліліся. Яны закладзены ў тым лепшым, што было напісана ў папярэднія гады. Творы Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы вызначаюцца пільнай увагай да свету думак і пачуццяў простага, звычайнага чалавека, да яго побыту і працы. У гэтых творах вельмі добра сплаўлена «высокае» і звычайнае, мы бачым у іх сялянскую хату, бытавое асяроддзе і разам з тым адчуваем, як пад саламяныя стрэхі прабіваецца тое галоўнае, вострае і неадольнае, што характарызуе век, эпоху, час.

Удалай спробай спалучэння «высокага» і звычайнага ў прозе апошніх гадоў, я лічу, можна назваць аповесці Васіля Быкава. Гэта ж праўда, што ў цэнтры кожнай новай рэчы В. Быкава — чалавек подзвігу, высокага воінскага і патрыятычнага абавязку. Сваю нялёгкую справу герой робіць самааддана і ўмела, не гаворыць гучных слоў і ў той жа час штохвіліны рызыкуе жыццём. Супрацьстаўляецца герой, як правіла, чалавеку, што па тых ці іншых прычынах гатовы здрадзіць воінскаму абавязку, а значыць, і Радзіме. Быкаў хораша паказвае радавога, звычайнага чалавека на вайне, вельмі ўважлівы да яго думак, пачуццяў, настрояў, да яго «акопнага» побыту. Філасофскай асновай твораў пісьменніка з’яўляецца перакананне, што вайну ў канчатковым рахунку выйграюць народныя масы, апранутыя ў салдацкія шынялі.

Васіль Быкаў здолеў сказаць сваё слова пра радавога ўдзельніка вайны. І ў той жа час ён працягвае зробленае ў літаратуры. Варта ўспомніць ваенныя раманы і аповесці Кузьмы Чорнага (няхай сабе яны незавершаныя, неадшліфаваныя, пэўныя раздзелы іх маюць характар накідаў), каб у гэтым пераканацца. Прыгадаем Кастуся Лукашэвіча з «Пошукаў будучыні», Уладзю Вялічку і Мішурына з «Вялікага дня». Яны як бы духоўныя бацькі герояў В. Быкава. Толькі задуманы больш аб’ёмна, у больш мнагалучных сувязях з асяроддзем і часам, які іх нарадзіў. Але тое, што можна зрабіць у рамане, нельга патрабаваць ад аповесці.

Большасць буйных эпічных твораў, якія паявіліся ў нашай прозе ў дваццатыя, трыццатыя, нават у ваенныя і пасляваенныя гады, мелі сваёй сюжэтнай асновай востры сацыяльны канфлікт, надзвычай драматычныя калізіі, якія вынікалі з сутыкнення носьбітаў дзвюх процілеглых ідэалогій, двух светаў маралі, розных паняццяў «дабра і зла». Усе буйнейшыя творы Кузьмы Чорнага пабудаваны на такіх канфліктах. На шляху адлюстравання гістарычнай рэчаіснасці ў яе вядучых тэндэнцыях беларуская літаратура дамаглася значных поспехаў. Былі створаны буйныя, аб’ёмныя вобразы, паўнакроўныя ў сваёй жыццёвай верагоднасці. Варта ўспомніць Міхася і Антося з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» або дзеда Талаша з аповесці «Дрыгва». Дзед Талаш стаў славутым не дзякуючы сваім партызанскім заслугам, бо такіх Талашоў у грамадзянскую вайну былі сотні, а дзякуючы таму, што яго заўважыў, узняў на высокі п’едэстал яго подзвіг Якуб Колас. І не толькі ў буйных творах узнікалі аб'ёмныя, абаяльныя, запамінальныя вобразы, а і ў творах малога жанру — у апавяданнях. Ваську Шкетава і Ваньку Разанскага з апавядання Міхася Лынькова «Над Бугам» або Андрэя Лятуна ведалі ўсе школьнікі.

І вось — нібы загадка. Пры бясспрэчна ўзросшым узроўні майстэрства пісьменнікаў, пры агульным значна вышэйшым узроўні культуры беларускай прозы, вобразаў аб’ёмных, запамінальных, якія вялі б чытача за сабой, станавіліся прыкладам для пераймання — не так і многа. Вядома, прырода канфлікту ў літаратуры змянілася, сацыяльныя калізіі саступаюць месца маральна-этычным, але ці ж тут асноўная прычына таго, што старонкі шмат якіх кніг заселены вельмі ўжо ардынарнымі, «звычайнымі» героямі? Я ўжо не кажу пра вобразы гераічныя, цэльныя, па якіх даўно сумуе чытач.

Я не бяруся адказаць на гэтае пытанне, якое мяне самога хвалюе, бо не маю пэўнага адказу. Ёсць здагадкі, думкі, якія хочацца выказаць.

Магчыма, працэсы, што адбываюцца ў літаратуры, у прыватнасці ў прозе, не завяршыліся, не закончыліся, не далі канчатковых сваіх вынікаў. Канкрэтней гэта можна абмаляваць так. Пісьменнікі, імкнучыся пазбегнуць схематычнасці, спрошчанасці, хадульнасці вобразаў, сталі ўважлівей прыглядацца да жывога, рэальнага чалавека, хочуць занатаваць яго непаўторны вобраз, няхай сабе і не вельмі прыкметны. Ці не даюць нам прыкладу, у гэтым сэнсе, апавяданні і аповесці апошніх гадоў, дзе такі моцны лірычны струмень з адначаснай цягай да нюансаў у пачуццях і настроях героя, да «дробязей» яго побыту?

Многа ў нас паявілася кніг, чытаючы якія, не папракнеш аўтара ў няведанні жыцця або ў тым, што ён выдумляе псіхалогію сваіх герояў, ёсць пэўная адпаведнасць мастацкіх карцін жыццёвым з’явам. У вобразах літаратурных герояў пазнаеш жывых людзей. Гэта, вядома, добра. Але ж ці з’яўляецца літаратура копіяй жыцця ў простым, літаральным сэнсе? Ад таго, што ў мастацкім творы пазнаеш суседа па кватэры, радасць няпоўная. Хочацца бачыць Капернікаў і Галілеяў нашага часу, вобразы, якія б у найвышэйшым абагульненні сінтэзавалі прыкметы нашага часу і яго тэндэнцыі. Бо толькі той твор стане прыкметнай з’явай літаратуры, мастацкія характары якога як бы ўбіраюць у сябе і найбольш вострыя сацыяльныя пытанні часу і тое, што пераходзіць з пакалення ў пакаленне і што звычайна называюць агульначалавечым. Наўрад ці існавалі калі-небудзь у такой абагуленасці Гамлет і Дон-Жуан, Абломаў і Анна Карэніна. Вобразы гэтыя нарадзіліся дзякуючы магутнай фантазіі іх творцаў. І яны жывуць у вяках.

І вось узнікае такое пытанне.

Ці не залішне мы прывязваем мастацкія характары да жывых рэальных прататыпаў, калі пішам свае кнігі? Ці не абмяжоўваем гэтым самым палёт фантазіі, прастор выдумкі, вымыслу, якія, вядома, не павінны адрывацца ад глебы рэальнасці, але ў той жа час як бы сінтэзаваць у адным фокусе шматлікія факты супярэчлівай, хуткаплыннай рэчаіснасці? Ці не вядзе прымітыўна зразуметы рэалізм, дзе і фігуры выпісаны, і колер вачэй не забыты, і вопратку героі носяць па апошняй модзе, да натуралізму, вельмі блізкага да бяскрылай фатаграфічнасці?

Добра, што ў нашу прозу прыйшло ўменне паказваць быт героя, тыя шматлікія жыццёвыя падрабязнасці, без якіх не намалюеш тыповых характараў у тыповых абставінах і без якіх немагчыма тканіна ёмістай мастацкай прозы. Але ці не здараецца часам, што быт як неад’емная частка мастацкага твора пераходзіць у суцэльнае бытапісальніцтва, у якім патанаюць філасофскія праблемы, вышыня абагульнення, і застаецца тое, што чытач можа ўбачыць і без пісьменніка?

У апошні час многа пішацца і гаворыцца пра глыбіню псіхалагічнага аналізу, пра аналітычны спосаб раскрыцця і ўвасаблення жыццёвых з’яў. Псіхалагічны аналіз, дакладнасць рэалістычнага малюнка, уменне пісьменніка глыбока зазірнуць у душу героя — сапраўды канкрэтная заваёва беларускай прозы. Але Якуба Коласа, што напісаў адну з самых лепшых нашых кніг — трылогію «На ростанях»,— не назавеш проста аналітыкам. Побач з удумлівым даследаваннем псіхалогіі героя ў яго знойдзеш і паэтычнае бачанне свету, уменне адным словам, адной мастацкай дэталлю сказаць многае, імкненне да жывапісу і гукапісу словам. У творах Якуба Коласа шматфарбнасць, поліфанічнасць жыцця сур’ёзна суседнічаюць з іроніяй і гумарам, вялікая нагрузка прыпадае на эмацыянальна-ацэначнае слова.

Паспяхова працуе ў нашай прозе Янка Брыль, для твораў якога ўласціва глыбокае спалучэнне псіхалагічнага аналізу і лірыкі, паэтычнага ўспрымання жыцця. Заслуга Янкі Брыля ў тым, што ён адкрыў у душах сваіх вельмі «звычайных» герояў, у душах людзей, што «пахнуць зямлёю і потам», залатыя россыпы паэзіі і высакароднасці. Удалы раман пісьменніка «Птушкі і гнёзды» па форме сваёй — паэтычная споведзь хлопца з заходнебеларускай вёскі, які не вельмі разумее сутнасць грамадскіх падзей, але настойліва прабіваецца праз ліхалецце вайны да савецкага берага.

Раман Івана Мележа «Людзі на балоце» таксама не такі ўжо цалкам аналітычны твор. Колькі ў ім паэзіі, добрай усмешкі, гумару, якое багацце стылёвых адценняў! Адным словам, ці павінны мы аддаваць пераважную ўвагу толькі прозе аналітычнай? Хіба дрэнна, што ў прозу шырока хлынулі паэзія, лірыка? Хіба не патрэбны творы рамантычныя, узнёслыя? Добрая рамантыка, пластыка, ёмістасць слова, прыўзнятасць пісьменніцкага стылю — хіба ж гэта дрэнна для прозы, якая па прыродзе сваёй прэтэндуе на тое, каб паказваць разнастайнасць і мнагалучнасць жыцця? Думаецца, што для моладзі, як хлеб, патрэбна юнацкая і сапраўды паэтычная прыгодніцкая аповесць.

Час, у які мы жывём, рамантычны, і рамантыка павінна заняць належнае месца ў літаратуры. Між тым крытыка не вельмі, як кажуць, песціць сваёй увагай творы паэтычнай, рамантычнай прозы. Даўно з’явіліся ў друку цёпла, паэтычна напісаныя партызанскія аповесці Аляксея Карпюка. Пра вартасці іх — у друку ні слова. Многа добрай, шчырай рамантыкі ў рамане Піліпа Пестрака «Серадзібор» — і гэтая акалічнасць таксама абыдзена ўвагай.

Вялікія, значныя творы і вобразы, відаць, могуць узнікнуць на скрыжаванні самых розных стылёвых плыняў, пры багацці творчых індывідуальнасцей. Нездарма да нашых дзён не сціхаюць у літаратуразнаўстве спрэчкі пра тое, да якой галіны — рэалістычнай ці рамантычнай — аднесці, скажам, шэкспіраўскага «Атэла».

Яшчэ адна заўвага ў адрас нашай прозы. За гады Савецкай улады выраслі цэлыя пакаленні людзей, духоўная біяграфія якіх пакуль яшчэ слаба намалявана ў літаратуры. Я маю на ўвазе жыццё горада, інтэлігенцыі. Жывуць і працуюць дзесяткі тысяч інжынераў, канструктараў, урачоў, высокакваліфікаваных і адукаваных рабочых. (Дзіўна, дарэчы, чаму гэтая армія не вылучыла са свайго асяроддзя свайго пісьменніка, які б глыбока і праўдзіва расказаў пра новыя з’явы ў жыцці?) А ці многа напісана пра іх жыццё, іх справы? Былі больш ці менш удалыя спробы паглыбіцца ў тэматыку гарадскога жыцця. Раман Уладзіміра Карпава «За годам год» мае ў сваёй аснове выключна важную і сапраўды «раманічную» праблему, якая выразна характарызуе час. Аднаўляецца Мінск, і сутыкаюцца процілеглыя погляды: што ў першую чаргу будаваць — горад-помнік, які б уславіў тых, хто заваяваў перамогу, ці хутчэй забяспечыць жыллём людзей, якія пасля перажытых нягод маюць на гэта безумоўнае права. Новае слова сказаў пра горад Іван Шамякін у рамане «Сэрца на далоні». Але ці задумаліся мы ў поўнай меры, чаму ўсё ж адстае наша раманістыка ў эстэтычным асваенні тэмы горада, жыцця рабочага класа, інтэлігенцыі? У чым тут прычына? Ці падыходзяць традыцыйныя вобразна-стылёвыя сродкі, прыгодныя для адлюстравання вясковага жыцця, для ўвасаблення тэмы горада? Да якіх сродкаў мы павінны звяртацца, каб не страціць шматтысячнага гарадскога чытача?

На гэтыя, як і на многія іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у творчай рабоце празаікаў, хацелася б атрымаць адказ. Хацелася, каб сваімі думкамі падзяліліся найбольш вопытныя майстры прозы, аўтары раманаў, аповесцей і апавяданняў, а таксама крытыкі, паэты і наогул усе, хто шчыра зацікаўлены ў далейшым развіцці нашай прозы і нашай літаратуры ўвогуле.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 63-69
Крыніца: скан