epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Салдаты вярнуліся

Гарбач прыехаў у горад, на сваю першую завочную сесію, хмурны і злосны. Тое, як абышлася з ім Клара, было падобна на здраду.

Ад вакзала да пачарнелых, са слядамі пажару і вялікага разбурэння каробак універсітэцкага гарадка — дзве сотні метраў. Дарога пралягае праз прыстанцыйны базар, такі ж шумны, гаманлівы, як і тады, зімой, калі Гарбач прыязджаў паступаць ва універсітэт. Гандлююць чым хочаш. Міліцыя сочыць толькі за тым, каб не біліся.

Прыпадаючы на прастрэленую нагу, Гарбач валок цяжкі чамадан, які змяшчаў у сваім ёмістым чэраве ўсё, без чаго не можа абысціся завочнік у гэтыя сорак дзён экзаменацыйнай сесіі: кнігі, паперу, бялізну, не дужа зайздросны харчовы прыпас і нават маленькую — пад адно толькі вуха — падушачку, туга набітую пакуллем. «Брацішка» з пранырлівымі вочкамі ў шынялі ўнакідку падумаў іншае.

— Браток! — тузануў ён Гарбача за рукаў гімнасцёркі. — Дзе мы бачыліся? Ты выпадкова не быў на Першым Прыбалтыйскім? — Гарбач нахіліўся да самага валасатага вуха і шапнуў такое, ад чаго «брацішка» ашчэрыў вострыя, рэдкія зубкі.

— Свой у дошку. Хочаш без маскараду? Арэхавае масла, цыгарэты «Кэмел», па-нашаму, вярблюд. Касцюм ад Юнры, новы, няношаны. Сала часам не вязеш?

— Вязу.

— З барыгамі не вяжыся. Я ўсё-такі франтавы кораш. Гэтага не трэба? Рэдка дзе знойдзеш. Голенькія, ва ўсіх ажурах...

Ён хіхікнуў, тыцнуў пад нос, разгарнуўшы веерам, набор парнаграфічных картак. Гарбач што было сілы пляснуў па нямытай бурай далоні, і «брацішка», з лютымі пагрозамі і лаянкай, укленчыўшы і азіраючыся па баках, пачаў таропка збіраць рассыпанае па бруку дэфіцытнае дабро.

Дзень пачаўся брыдка. Як бы там ні было, а біцца не варта. Зноў ён сарваўся. Першы раз — тыдні два назад, у вёсцы, калі на паркалёвай парванай сарочцы кавалёвага сына ўбачыў прышпіленыя бацькавы медалі. Аднаногі, азызлы ад недаядання каваль Цімох, франтавік з першага месяца, аддаў іх сыну на цацкі...

Быў летні вечар, разбураны каменны горад глядзеў цёмнымі праваламі пад’ездаў, рэдкае, са светлым вокам агню чалавечае жытло вынікала ў самых нечаканых мясцінах: гняздзілася наверсе чорнай каробкі, адзінокай кропкай блішчала на пустыры, але часцей за ўсё праглядвала пад самымі нагамі, з падвальных сутарэнняў. Лепш адчуваў сябе горад драўляны, што расплыўся вуліцамі і правулкамі ўзбоч галоўнай магістралі. Там жывы, амаль непарыўны ланцуг агнёў, афарбаваных колерамі даваенных абажураў, зараснікі бэзу за штыкетнікамі і шматгалосы тлум перанаселенасці. Горад жыў. Вячэрнія вуліцы людныя, чэргі ля дашчаных будак, дзе пампуюць піва і па камерцыйнай цане прадаюць папяросы. Звініць гулкі трамвай, і ўсе лаўкі ў скверах заняты парачкамі.

Павандраваўшы па горадзе, Гарбач вярнуўся ў інтэрнат. Тут быў некалі вучэбны корпус — шырокія гулкія калідоры, вялізныя, забітыя фанерай вокны. У змрочным, з адной электрычнай лямпачкай, вестыбюлі танцуюць пад акардэон студэнткі стацыянара з завочнікамі. Стацыянарніцы павінны былі раз’ехацца, але нешта затрымала іх у горадзе: ці яны адрабляюць абавязковы месяц на разборцы руін, ці запазніліся з экзаменамі. Гарбач танцаваць не мог і не ўмеў, ён стаў на лесвіцы і, прыхінуўшыся да парэнчаў, глядзеў уніз. Іграў дэмабілізаваны афіцэр з трыма ордэнамі на левым баку расшпіленага кіцеля. Па вышчарбленым паркеце шоргалі кірзавыя боты і даваенныя яшчэ туфлі-лодачкі, дзяўчаты клалі белыя рукі на плечы хлопцаў, абцягнутыя гімнасцёркамі, і ўваходзілі ў круг. Плыла сумнаватая музыка, і па шэрай сцяне скакалі цені.

Да першага экзамена было беганне на лекцыі ва ўцалелую школу, дзе рослыя завочнікі сядзелі на нізенькіх, рыпучых партах першакласнікаў і таропка запісвалі тэзісы выкладчыкаў. Выкладчыкі, як і ўяўляў Гарбач, ледзь не ўсе былі дзівакамі. Заклаўшы рукі за спіну, яны расхаджвалі па аўдыторыі і з выглядам першаадкрывальнікаў кідалі ў залу бясспрэчныя ісціны сваіх навук. Асабліва запомніўся нізенькі, шчуплы Вігдароўскі, які чытаў літаратуру старажытнай Грэцыі. Малады яшчэ, ён адпусціў вусы, на нізкіх плячах насіў шырачэзны, замежнага паходжання пінжак, жоўтыя крагі з гетрамі і меў на дзіва зычны, артыстычна пастаўлены голас. «По древней Элладе бродили аэды...» Ён гаварыў так, што сумнявацца нельга было. Трэба было настроіцца на адзіную хвалю і верыць, што сказанае ім складае аснову жыцця.

Гарбач акуратна вёў канспекты. Яму падабалася, што ва ўсіх выкладчыкаў, якія чыталі ім, завочнікам, было цвёрдае перакананне ў тым, што ведаць іх прадмет абавязкова, што іначай нельга, бо без гэтага не пражывеш на свеце.

У вялізным круглым павільёне гарадской сталовай, які нечым нагадваў залу пасяджэнняў рэйхстага, на абед завочнікам давалі талерку чырвонага, як кроў, баршчу, запраўленага апенькамі, і дзве лыжкі кашы. За відэлец і лыжку трэба было пакінуць у залог дакумент. Выкладчыкі харчаваліся тут жа, і Гарбач бачыў, як паважаны, страшэнна крыклівы на лекцыях дацэнт Буран хаваў у кішэнь пасля абеду няз’едзеную пайку хлеба. Студэнты прапаноўвалі яму кавалак паперы, каб загарнуць хлеб, але ён, зрабіўшы велічны жэст рукой, нязменна адмаўляўся.

Вечарам студэнты бралі ў бібліятэцы па кнізе, Буран набіраў іх цэлы стос, ледзь панесці, але назаўтра прыходзіў па новую партыю. Ён вёў некалькі прадметаў адразу. Фацэтны Вігдароўскі жыў у інтэрнаце, у закуранай бляшанцы з-пад кансерваў варыў на вячэру аўсянку, старанна адмерваючы лыжкаю крупы. Ва ўсім гэтым было штосьці да болю ў сэрцы харошае...

Студэнткі стацыянара жылі побач, за фанернай перагародкай, якая надвае падзяліла колішнюю фізкультурную залу. Месца хапала і там, і тут — чалавек па пяцьдзесят на пакой. Пад поўнач, пасля лекцый, пасля настырнага сядзення ці ляжання з кнігай, быў «вадапой» — выпівалася вядры па тры кіпятку, а далей, у залежнасці ад настрою, — танцы ў вестыбюлі ці спевы.

Калі спявалі студэнткі, мужчынская палавіна слухала і маўчала. Было штосьці большае, чым звычайная песня, у зладжаным хоры чыстых дзявочых галасоў і ў той насцярожанай цішыні, якой адказваў на спевы раптам анямелы табар завочнікаў. Прыгожым, грудным контральта заўсёды пачынала адна і тая ж спявачка :

 

 

Давно ты не видел подружку,

Дорогу к родимым местам,

Налей же в железную кружку

Свои боевые сто грамм...

 

 

А яшчэ праз хвіліну шматгалосы звонкі харал да самай столі папаўняў вялізную фізкультурную залу:

 

 

Гитару возьми, струну подтяни,

Солдатскую песню запой,

О времени том, товарищ, споем —

Солдаты вернулись домой...

 

 

Завочнікі ўпокат ляжалі на паласатых матрацах, адклаўшы кнігі ўбок, і твары іх былі сур’ёзна-задуменныя...

Песня студэнтак амаль заўсёды прыводзіла ў пакой каменданта — вусатага рухавага ўкраінца, які ставіўся да завочнікаў з несхаванай павагай. Амаль усе, хто атрымліваў у яго капцёрцы матрац і коўдру, насілі на грудзях калодачкі ордэнаў і медалёў, і пажылы камендант, які сам на вайне не быў, лічыў завочнікаў ветэранамі.

— Сумуюць, — падкручваючы сівы вус, заяўляў камендант. — Дзяўчатам замуж трэба. А вы з гэтымі кніжкамі. Можа ж, яшчэ не ўсе жанатыя?..

Студэнткі-стацыянарніцы былі для Гарбача тым прывабным, незнаёмым племем, якое выклікала да сябе вострую цікавасць. Усе са старэйшых курсаў, яны былі ўжо студэнткамі і ў той ружовы, бясхмарны час, калі ён толькі хадзіў з кніжкамі ў дзесяцігодку, марыў пра інстытут. Вайна і ў іх адабрала чатыры ці пяць гадоў. Дзе былі яны гэты час? Што сталася з іх марамі і з хлопцамі, якіх яны кахалі?..

Прадметаў, па якіх трэба было здаваць экзамен, налічвалася аж восем, дня не хапала, і Гарбач да глыбокай ночы праседжваў у кубавой, дзе гарэла святло і ніхто не перашкаджаў. Туды, відаць, яшчэ раней за яго, аблюбаваўшы мясціну каля самага тытана, прыходзіла і бялявая высокая студэнтка са стосікам кніг. Першы раз, лічачы яе гаспадыняй кубавой, Гарбач папрасіў дазволу пачытаць, а ўсе наступныя ночы толькі вітаўся. Яна была зацятая — тры-чатыры гадзіны, не адрываючы вачэй ад кнігі, чытала, як бы не заўважаючы яго прысутнасці. Акно кубавой расчынена ў сквер, там растуць высокія разложыстыя акацыі, пад нечымі ціхімі крокамі шуршыць жарства алей, на лавачках перамаўляюцца.

Нарэшце ён пазнаёміўся са студэнткай — яе звалі Галя, вучылася на трэцім курсе, але паступіла позна, ледзь не ў канцы навучальнага курса, і цяпер трэба даганяць. У Галі досыць прыгожы, змарнелы твар, разумныя шэрыя вочы і як бы выраз болю ў сціснутых губах. Паміж тым, што Гарбач пра дзяўчыну ведаў і што хацелася ведаць, была мяжа, і ён не адважыўся яе пераступіць. Перашкаджала тая, пра якую думаў яшчэ са школы, якой пасылаў франтавыя трохкутнічкі.

Клара прысутнічала ва ўсіх яго занятках і думках вострым, няўтольным пачуццём крыўды і абразы. У тым, як яна абышлася з ім, Гарбачом, было штосьці большае за асабістую знявагу — рушыўся погляд на свет, звыклыя ацэнкі добрага і благога, якія ён прывык лічыць непахіснымі. Там, на фронце, думалася проста: пасля перамогі, пасля вайны, пачнецца ўрачыстае свята шчасця і радасці — мірнае жыццё. Той, хто пабыў на вайне, ведае, якое гэта вялікае шчасце не капаць акопаў і шчылін, не прыслухоўвацца да посвісту мін, не ведаць пакутлівых хвілін чакання перад атакай. Звычайныя даброты зямнога існавання — магчымасць дыхаць паветрам, бачыць сонца і зорнае неба, зялёную траву і пясчаную палявую дарогу — здаваліся тады шчасцем.

За сорак летніх дзён Гарбач найбліжэй сышоўся з Мікалаем Архіпавым, маўклівым, кучаравым партызанам, які працаваў цяпер у абласным прафсаюзе настаўнікаў. Архіпаву гадоў пад трыццаць, ён задуменны, сур’ёзны, як бы ўвесь час рашае нейкую цяжкую задачу. Тое, што ён пра сябе расказаў, — навіна і дзіва для Гарбача. У Мікалая ёсць дзяўчына, ён сябраваў з ёю да вайны, калі яшчэ працаваў у вёсцы настаўнікам. У вайну яны не бачыліся, а цяпер перапісваюцца. Перапісваюцца ўжо хутка два гады, і ні разу за гэты час Мікалай не з’ездзіў да сваёй дзяўчыны.

— Не любіш болей? — рубам паставіў пытанне Гарбач.

— Не тое, — адмахнуўся Архіпаў. — Ты глядзіш на ўсё залішне проста...

Іх матрацы ляжалі на падлозе фізкультурнай залы побач, яны з Мікалаем разам хадзілі здаваць экзамены, шукалі зацішку, каб «падзубрыць», разам сталаваліся, і, нарэшце, Архіпаў сказаў тыя словы, якіх Гарбач даўно ад яго чакаў:

— Ты пытаў, чаму не еду. Сам не ведаю. Не хочацца запляміць таго, што было. Ці такая яна, як раней?.. Дый гэта не галоўнае. Ці сам я такі?..

«Ці сам я такі?..» Гарбач раздумваў над словамі новазнойдзенага сябра, і чым далей, тым болей яны здаваліся яму важкімі і значнымі. Вайна скончылася, але ляжаў разбураны горад, студэнткі, якія мусілі ехаць на канікулы, жылі ў інтэрнаце і выбіралі на руінах уцалелыя цагліны, каб залатаць правалы мёртвых каробак-карпусоў. Ці не так людзі латаюць сваё былое шчасце? На фронце сапраўды думалася проста: «Скончыцца вайна, і ўсё стане на месца». Стане, але як?..

Сябе самога Гарбач бачыў ранейшым. Ён думаў пра людзей, пра свет гэтак жа, як і тады, да вайны, можа, нават яшчэ больш палымяна і ўзнёсла. «Была ж такая вайна, і мы яе выйгралі...» Ён і да свае дзяўчыны, якой пісаў з фронту і ад якой таксама атрымліваў лісты, аднёсся зусім не так, як Архіпаў. Ён злез на станцыі ў гарадку, дзе жыла яна і дзе сам ён разам з ёю вучыўся да вайны ў дзесяцігодцы. І перш чым дабірацца ў вёску, да маці, пайшоў да яе дома. Ён сустрэў яе, пасядзеў, ахмелены шчасцем, ноч на лавачцы і толькі назаўтра рушыў шукаць машыну ці фурманку. Ён верыў, што Клара будзе чакаць яго, бо пасля ўсяго, што ён пабачыў на вайне, яна проста не мела права растаптаць тое святое і незабыўнае, што між імі намецілася. Здавалася, ён не памыліўся ў тым, аб чым столькі думаў і марыў...

Незразумелае пачалося летам, перад самай яго паездкай на завочную сесію. Ён часцей, чым трэба было вясковаму настаўніку, завітваў у гарадок, аднавіў добрыя адносіны з гаспадыняй сваёй даваеннай кватэры, каб мець магчымасць пераначаваць у гарадку і лішні раз пабачыцца з Кларай. Потым Клара пачала пазбягаць яго. Прыехаў на пабыўку незнаёмы Гарбачу капітан, і яна хадзіла з ім у кіно, на луг за рэчку, вандравала па аколіцах гарадка. Гарбачу сказалі, што Клара перапісвалася з капітанам увесь апошні год вайны, з таго часу, як ён лячыўся тут у шпіталі. Значыць, яна знаходзіла цёплыя словы для іх абодвух...

Сесію Гарбач з Архіпавым закончылі паспяхова, першыя старонкі іх заліковых кніжак былі запоўнены пакручастымі, зусім не падобнымі адзін на адзін почыркамі выкладчыкаў, якія прымалі экзамены. Жылі яны досыць эканомна, і таму ў іх хапіла грошай, каб купіць чыгуначныя білеты і як след адзначыць заканчэнне першай сесіі. Па чамаданы ў фізкультурную залу яны прыйшлі павесялелыя, з добрым шумам у лёгкіх ад клапот, цяпер па-сапраўднаму ўжо студэнцкіх галовах. Стацыянарніцы таксама раз’язджаліся — час іх адработкі па разборцы руін канчаўся. Можа, таму так прывабна на развітанне спявалі яны песню пра салдат, якія вярнуліся дамоў...

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 291-297
Крыніца: скан