epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сны

Чацвёртая рота займала тры апошнія хаты. Не хаты, а дамы нават — вялікія, прасторныя — і мураваны скляпок — прыгрэбнік ці амшанік. Па ўсіх прыкметах, прыгарадная вёска некалі мела выгляд фарсісты: дамы з мезанінчыкамі, верандамі, на вільчыках — конікі, узорыстая разьба па аканіцах.

Усёй гэтай прыгажосці ўцалела няшмат: часцей за ўсё аканіцы, падаконнікі, нават рамы павыдзіраны; хлява, калодзежнай пабудовы, паркана не асталося на ўсю вёску ніводнага, абшарпаныя хаты тужліва стаялі на пясчаным касагоры, як сіроты. З жыхароў у вёсцы не было ні душы. Іх нібыта пагналі на захад немцы.

Зрэшты, другому батальёну выпаў рай: першы і трэці стаялі на ўскраіне Краснага Сяла, разбуранага, знішчанага дашчэнту. Там, у горадзе, які славіўся фантанамі, нават напіцца вады не было дзе.

Дывізія вылезла з-пад Нарвы, з гнілых балот, і стаяла на папаўненні. Роты штодня праводзілі заняткі. На пустых палях, на зялёных, усеяных кураслепам, лотаццю сенажацях, у празрыстых, як паркі, бярэзніках грымела гучнае «ўра», капаліся па-тылавому глыбокія, на поўны профіль, акопы.

На заняткі з чацвёртай ротай не хадзілі двое — ездавыя Казловы: Іван — цясляр з-пад Віцебска, які з сякераю за поясам пахадзіў па свеце, ставіў хаты па багатых сёлах і пад Масквою, і пад Вязьмаю, — і Ягор — закаранелы жыхар лясной марыйскай вёскі, які да вайны нават не ведаў ні горада, ні чыгункі. Абодва мелі гадоў па пяцьдзесят, былі нестраявыя і| нават у тыя дні, калі не ездзілі на палкавы склад па амуніцыю, карысталіся прывілеямі, пра якія мог марыць кожны. Але абодва былі рупныя, склаўшы рукі ў вольны час не сядзелі, і ніякіх нараканняў на іх ад камандзіра роты або старшыны не было. Іван з невядома дзе знойдзеных матэрыялаў збудаваў павець на трое ротных коней, накрыў яе старой бляхай і толем, зрабіў лавачку перад домам, дзе жыў камандзір роты, і нават пасыпаў вакол яе жоўтым пяском. Іван быў цясляр, гэта ведалі ўсе і не здзіўляліся з таго, што ён вечна што-небудзь будаваў. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Коні, якія знаходзіліся пад наглядам Казловых, заўсёды вылучаліся: яны былі гладкія, чыстыя, не падбіваліся ў самай далёкай дарозе.

Казловы жылі ў мураваным скляпку. Іван зрабіў там нары, змайстраваў столік, печачку, зашкліў невялікае акно, і прыгрэбнік ператварыўся ва ўтульнае, ціхае жытло. Нехта з байцоў выкінуў на двор самавар — пагнуты, пакарэжаны, прабіты ў двух месцах кулямі. Ягор адразу, як убачыў, падабраў яго і панёс да Івана. Удвух яны доўга раіліся, а назаўтра Іван, едучы на палкавы склад, захапіў з сабой і самавар, загарнуўшы яго ад чужога, завідлівага вока ў брызентавую папону. Праз два дні медны самавар, запаяны, палуджаны, стаяў на стале ў скляпку і зіхацеў незвычайным бляскам.

Глядзець на самавар хадзілі ўсе, не выключаючы самога камандзіра роты. Старшына — хітры ўкраінец Музычэнка — нават заседзеўся, чухаў патыліцу і ўздыхаў, у думках дакараючы сябе за нездагадлівасць. Ён, мабыць, меў патаемны намер пазычыць самавар для камандзіра, але ўголас не выказаў гэтага, бо ўсе ведалі, што за медны бляск дорага заплачана. Казловы, якія не курылі, завезлі туды, у аружэйную майстэрню, двухтыднёвы прыпас махоркі.

Ягора, пасля таго як у скляпку з’явіўся самавар, часта бачылі на лузе; сагнуўшыся, ён ірваў нейкія зёлкі, калупаў дзёран лапаткай і выцягваў з зямлі карэнне.

Вечарам у Казловых было свята. На стале ледзь чутна звінеў самавар, дрыжаў язычок плошкі, а ездавыя ў сподніх, з расхрыстанымі грудзьмі сарочках сядзелі на нарах адзін насупраць аднаго і, гучна студзячы кіпяток, абліваючыся потам, чаявалі. Пайковага цукру ім хапала на дзве першыя кружкі, астатнія — аж да дзесятай — яны пілі так, шчодра разбаўляючы кіпяток духмяным травяным настоем. І маўчалі. Цэлыя тыя дзве гадзіны, пакуль пілі чай.

Усё гэта стала вядома ў роце дзякуючы Грыбіну, у мінулым дзетдомаўцу, другому нумару пры кулямёце. Той не прапусціў выпадку пагасцяваць у ездавых, а потым іх жа пры ўсіх падняў на смех.

— Чутка ёсць, — убачыўшы Казловых, паведаміў ён. — Камандзір загад атрымаў: некаторых у калгас будуць запісваць.

— У які калгас?

— У той, дзе бульбу садзяць і рэпу. Колькі хочаш будзе рэпы. Еш, хоць расперажыся. Бяжыце, бацькі, запісвацца.

Іван прамаўчаў, а Ягор, да якога насмешка дайшла не адразу, абурыўся.

— Пусты галава, доўгі язык, — сказаў ён на ламанай рускай мове. — Смаркаты сабакаў сын...

Ягора мабілізавалі ў сорак другім. Два яго сыны былі таксама ў арміі: старэйшы пайшоў па прызыву, яшчэ да вайны. Пад Смаленскам яго паранілі, і цяпер аб ім не было ніякіх вестак. Малодшы ваяваў недзе блізка, амаль побач, бо лісты ад яго прыходзілі за чатыры-пяць дзён. Дома асталіся жонка, дачка і зусім яшчэ малы, васьмігадовы сын. Рэдкія весткі пра сябе Ягор слаў на два адрасы: сям’і і сыну. Сам пісаць не ўмеў, нават па-руску гаварыў не надта добра: пісаў за яго Іван, які пра сваю сям’ю, што была яшчэ пад немцам, нічога не ведаў і пісем ніадкуль не атрымліваў.

Бадай-што ў кожным месяцы быў дзень, калі Ягор хадзіў самотны, безуважлівы, нібы на яго нападала нечаканая хвароба. Ён тады не еў, не піў, работа валілася ў яго з рук. У такі дзень ён стараўся схавацца куды-небудзь у зацішны куток і маўкліва сядзеў, ашчаперыўшы галаву рукамі, ціха пахістваючыся.

Іван ведаў, што гэта не хвароба. Ён стараўся знайсці свайго напарніка і вёў яго, як малога, у скляпок — туды, дзе яны жылі. У гэты дзень пісаліся лісты ад Ягора. Сам ён нічога не дыктаваў, а толькі з нейкім прытоеным страхам ці здзіўленнем сачыў, як паўзе па паперы Іванаў аловак, выводзячы пакручастыя значкі, падобныя на сляды па снезе. Паперы, газеты Ягор баяўся. Нават калі прыходзілі лісты з дому ці ад сына, на яго твары застываў страх. Ад усяго, што напісана чалавечай рукой, ён чакаў толькі бяды.

Іван, не ведаючы пра сям’ю нічога з самага пачатку вайны, трымаўся бадзёра, галавы не апускаў, і, мабыць, без яго Ягор даўно прапаў бы.

— Такі ўжо ён чалавек, — тлумачыў Іван. — Баязлівы, ціхі. Яго б куды-небудзь на работы якія, а не на фронт. Але што ты зробіш — вайна...

Казловы жылі дружна, разам заўсёды; Іван быў нібы за старшага над маўклівым, панурым Ягорам. З роты выбыла многа людзей — забітых, параненых, а іх, хоць ездзілі пад кулямі, мінамі, снарадамі, за два гады ні разу не зачапіла.

— Мы святыя з Ягорам, нас нішто не возьме, — тлумачыў Іван. — Іван Хрысціцель не апошні ў бога чалавек. А пра Ягорыя Пабеданосца і казаць няма чаго...

Іван знаходзіў словы, каб гаварыць з усімі: байцамі, старшыною, камандзірам роты, нават вышэйшым начальствам, а Ягор мог даверліва і шчыра размаўляць толькі з адным Іванам. Адзін раз толькі, калі немцаў пагналі ад Порхава і Мгі, Ягор напаткаў інгермаландца — жыве пад Ленінградам невялікі такі народ — і пагутарыў з ім па-свойму, па-марыйску. Той збольшага разумеў Ягора, а Ягор — яго. Ездавога гэта здзівіла і ўзрадавала.

— Панімайш, Іван думал, ест удмурт, мары, мардва — малы народ, разный німнога язык, а панымайт чалавек можна. А тут жывут людзі, далеко как, дзве тысячы вёрст, і панымайт язык мары.

Упершыню Ягор і паспачуваў тады Івану:

— Эта чалавек, Іван, жыл пад немец. Смерт відэл, страх. Плоха твая сям’я, Іван. Немец, — сабак, звер, стрэляйт, вешайт. Плоха...

Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Кожнай раніцы, дзе б яны ні начавалі, Іван расказваў Ягору свае сны. Сны яго былі нейкія маляўнічыя, узнёсла-радасныя, і не зусім верылася, што не маладому ўжо чалавеку можа так прыгожа сніцца.

— Бачыў я, Ягорка, сон, ох і сон, — замотваючы абмотку, пачынаў Іван. — Ведаеш, у нас за вёскай поле, шырокае, аж да самага возера, а возера, брат, таксама шырокае, цэлае мора табе, а не возера. Дык вось іду я нібыта полем, мяжой; раса пад нагамі — як срэбра, блішчыць, пераліваецца, а жыта высокае-высокае, ну, увесь у ім схаваешся, каласы поўныя-поўныя, проста аж хіляцца да зямлі і шасцяць, шасцяць. А неба сіняе-сіняе, ні хмарыначкі на ім, ні воблачка. А за возерам, брат, сонца ўзыходзіць. Любата, ды і толькі. А я, значыцца, іду, дыхаю, а паветра чыстае-чыстае, здаецца, пі і век не нап’ешся яго. І так лёгка мне, і так радасна, што здаецца, узяў бы ды і заспяваў. Вось у гэтым месцы я, брат, прачнуўся. Што б мог значыць такі сон, Ягорка?..

Ягор маўчаў і нешта доўга думаў.

— Можат, канец вайна скора, еслі такой шчаслівы сон. Ты гаворыш, проста песня.

Пераказаўшы з усімі падрабязнасцямі свой сон і ўсміхаючыся ад ціхага задавальнення, Іван пытаўся:

— А табе што снілася, Ягорка?

Ягору часцей за ўсё не снілася нічога. А калі і гаварыў ён пра які-небудзь свой сон, то вельмі коратка, з нейкім надрывам:

— Відэл меншы сын. Он гнал цялёнак і плакал...

У пачатку чэрвеня дывізія заняла пазіцыі ля Чорнай Рэчкі, на Карэльскім перашыйку.

Іх забіла абодвух разам адным пападаннем снарада, перад самым наступленнем. Быў цёплы дзень пачатку лета, пасля дажджоў пайшла шчодра расці трава, у маладой яркай зеляніне стаяў лес. Грыбін, які прыбег на пункт боезабеспячэння па патроны, спачатку падумаў, што ездавыя некуды сышлі. Фурманкі, цынкі з патронамі стаялі на месцы, ля гравійкі пасвіліся выпражаныя коні. Здзіўлены Грыбін азірнуўся і за некалькі крокаў ад павозак, у траве, убачыў невялікую, не больш чым на локаць, варонку і ўзбоч яе Казловых — у расшкуматаных, падпаленых шынялях, з раскінутымі чорнымі, як і вывернутая зямля, далонямі рук...

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 276-280
Крыніца: скан