epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Стыль і час

У гэтыя дні імклівага абнаўлення жыцця кожны з нас задумваецца над пытаннем аб шляхах далейшага развіцця літаратуры. Спрачацца не прыходзіцца — карэнні і вытокі літаратуры ў жыцці, літаратура — яго люстра, яго сумленне, яго прысуд і яго ідэалы. Не бачачы перад сабой гэтых задач, мабыць, не варта садзіцца пісаць. Кніга заклікана весці чытача наперад, гаварыць яму самае галоўнае аб жыцці, аб яго вартасцях і сэнсе, адкрываць перад ім новыя далягляды, узбагачаць яго духоўна. Нездарма лепшых нашых пісьменнікаў мы называем настаўнікамі жыцця. Кніга, разлічаная на тое, каб толькі даць адпачыць чытачу, адвесці яго ўвагу ад галоўнага, расказаць яму прыгожую небыліцу, трошкі паказытаць нервы — абоз літаратуры. Такіх кніг было шмат ва ўсе часы, і яны гэтак жа хутка забыліся, як і нарадзіліся.

Ёсць выказванне — пісаць крывёю сэрца. Калі ў творы перад намі найглыбейшыя перакананні пісьменніка, вынашанае і выпакутаванае яго сэрцам, сагрэтае і асветленае яго непаўторным талентам, такі твор хутка знаходзіць дарогу да душы чытача і доўга не забываецца. Але твор такі можа ўзнікнуць толькі ў выніку глыбокага ведання і разумення пісьменнікам народнага жыцця, шчырай зацікаўленасці гэтым жыццём, імкненнем сеяць прыгожае і добрае. Ніхто не вымераў сілы ўлады мастацтва над жыццём, улады прыгожага і добрага, але кожны адчувае, што ўлада гэтая магутная. Інакш мы даўно забылі б пра Эсхіла і Сафокла, Дантэ і Сервантэса, Шэкспіра і Гётэ, Пушкіна і Талстога.

Наша літаратура апрача задач пазнавальных у большай чым калі-небудзь ступені мае задачы выхаваўчыя. Будуецца новы свет, ідэалы якога — Роўнасць, Свабода, Брацтва, Праца. Яшчэ ніколі ў гісторыі чалавецтва грамадства не ставіла перад сабой такіх усвядомленых задач, не канцэнтравала дзеля іх ажыццяўлення ўсвядомленую энергію. Наша літаратура заклікана развіваць у чалавеку найлепшыя якасці будаўніка гэтага новага жыцця, выхоўваць яго светапогляд, маральны свет, эстэтычныя густы. І сёння правільныя словы, сказаныя ў вядомым партыйным дакуменце, словы аб тым, што кожная добрая кніга роўна па значэнню выйгранай бітве або новазбудаванаму заводу, а таксама тая думка, што мы не выйгралі б Айчыннай вайны, каб не выхавалі пакаленні савецкіх людзей у духу адданасці Радзіме і Савецкай уладзе. Я адчуваю, што паўтараю агульнавядомыя ісціны, але ёсць жа ісціны, значэнне якіх непераходзячае.

Жыццятворны «вецер веку» падзьмуў у ветразі літаратуры пасля ХХ з’езда партыі. Якая б ні была горкая праўда, сказаная на з’ездзе аб многіх гадах папярэдняга жыцця, але яна, зрэшты, умацавала веру ў веліч ідэалаў Кастрычніка і камунізма. Менавіта пасля ХХ з’езда пачала нараджацца атмасфера, дзякуючы якой узніклі дзесяткі выдатных літаратурных твораў. Мы памятаем ленінскія словы аб тым, што кухарка павінна навучыцца кіраваць дзяржавай, а тут, бачыце, «калёсікі» і «вінцікі», якім упадабляўся просты чалавек. Я не хачу гэтым сказаць, што ўсё ў перадваеннай ці пасляваеннай літаратуры дрэннае, няшчырае, непраўдзівае, бо заразілася культам асобы. У асноўнай сваёй плыні літаратура праўдзіва малявала вялікія зрухі ў жыцці народа. Менавіта ў 30-я гады разгарнулася творчасць Кузьмы Чорнага-раманіста, а беларуская паэзія зрабіла паварот да жывога чалавека, да свету яго думак і пачуццяў.

Мы маем цяпер проста лепшы зрок і таму бачым, што некаторыя творы ў тыя часы пісаліся з кан’юнктурных меркаванняў, а то і проста паводле шчырага, хоць і памылковага пераканання, што так і трэба пісаць.

Заканчваючы ў свой час універсітэт, я пісаў дыпломную работу аб рамане В. Ажаева «Далёка ад Масквы». Раман мне вельмі падабаўся пісьменніцкім адчуваннем сувязі асобнага чалавека з ходам грамадскага жыцця, гісторыі, падабаліся па-чалавечы намаляваныя вобразы кіраўнікоў будоўлі Батманава і Берыдзе. Я і цяпер лічу раман В. Ажаева добрым творам. І не буду таіцца, што толькі ў апошні час заўважыў, што простым людзям у рамане пашанцавала не вельмі. Пра галоўнага з «простых» землякопа Зяцькова пісьменнік здолеў сказаць толькі тое, што ён... вынайшаў, каб лепей было выкідваць грунт, выгнуты тронак для рыдлёўкі. Крыўдна і за такога «героя», і за аўтара!

Не ведаю, можа, я памыляюся, але мне здаецца, што ў спрэчках, якія разгарнуліся вакол пытання аб пошуках новага стылю, чуецца і водгалас далёкіх дваццатых гадоў. Колькі тады крычалі аб «рытме эпохі», наскаквалі на Купалу і асабліва на Коласа, як на пісьменніка, які цалкам устарэў і дапявае апошнія «нашаніўскія» песні.

Было ў гэтых крыках многа шчырай зацікаўленасці, але, мабыць, яшчэ больш было самага звычайнага літаратурнага кар’ерызму, які, на жаль, не перавёўся і да нашых дзён і мае самае разнастайнае аблічча.

Так, рытм часу ёсць, ён існуе: сёння чалавек, як ніколі раней, адчувае злітнасць, з’яднанасць свайго лёсу з тымі бурамі і віхурамі, якія веюць над планетай. Мне не раз даводзілася назіраць звычайных калгасных дзядзькоў, якія, седзячы на прызбе і па-старамоднаму пыхкаючы цыгаркамі, скручанымі з тых самых газет, якія яны нядаўна прачыталі, разважаюць пра самыя высокія пытанні ўнутранай і міжнароднай палітыкі. І не па-дылетанцку разважаюць, а з непаўторнай народнай здагадлівасцю, «хітрынкай», могучы таму-сяму навучыць нават якога-небудзь лектара, што, як з мяшка, сыпле завучанымі цытатамі.

Але ў плане сказанага пошукі стылю як самамэта ўяўляюцца мне справай надуманай, неглыбокім разуменнем сапраўдных патрэб літаратуры. Некалі паэт Міхайла Грамыка напісаў і надрукаваў паэму пад назвай «Гвалт над формай». Але паэму гэтую памятаюць толькі, мабыць, старэйшыя па ўзросту пісьменнікі ці тыя з моладзі, хто займаецца гісторыяй літаратуры.

Мне здаецца, што сённяшні этап нашай літаратуры, які пачаўся пасля ХХ з’езда, вызначаецца пашырэннем і паглыбленнем паказу народнага жыцця, паказу духоўнага багацця асобы ў яе мнагалучных, непарыўных сувязях з грамадствам, з калектывам. Літаратура ў значна большай ступені ідзе сёння ад усведамлення той ісціны, што чалавек у сацыялістычным грамадстве — не вінцік, не бяздушны механізм, а дзеяч, стваральнік усяго цудоўнага, што ёсць на зямлі. Сёння мы сустракаем «у штыхі» ўсялякі вобраз-схему, створаны па спрошчаных рэцэптах нарматыўнай крытыкі, якая «адна» ведала, якім павінен быць гэты вобраз у мастацкім творы.

Але скажыце, ці не падобна патрабаванне новага стылю безадносна да тэмы, праблемы, сутнасці характару твора на памятныя вокрыкі нарматыўнай крытыкі? Для мяне асабіста абстрактна ўзяты «новы стыль» нагадвае сэнс вядомага выслоўя: «темна вода во облацех». Гучанне, інтанацыю, падтэкст, шматпланавасць плыняў у творы дае духоўны змест героя, убачаны і адчуты пісьменнікам. Нявопытныя настаўнікі, тлумачачы мастацкія асаблівасці твора, яшчэ і сёння карыстаюцца выразамі «пісьменнік ужывае тропы», «насычае верш эпітэтамі», «карыстаецца метафарамі» і г. д. Можна падумаць, што гэтыя тропы, метафары, эпітэты назапашаны пісьменнікам і стаяць у яго на паліцы ў глячках, а аўтар, па меры патрэбы, бярэ іх і сыпле ў твор.

Вобразныя сродкі залежаць ад мастацкага бачання пісьменнікам жыцця, ад дыяпазону яго мыслення і яшчэ ад самога таго жыццёвага матэрыялу, які ў дадзены момант пад рукамі ў пісьменніка. Наўрад ці можна напісаць пра маскоўскае метро тым самым стылем, што і апавяданне пра ціхую, загубленую сярод балот палескую вёсачку: неадпаведнасць вобразных сродкаў і прадмета паказу адразу кінецца ў вочы.

Мне здаецца, сёння ў першую чаргу мы павінны гаварыць не аб пошуках новага стылю, які нібы з’явіцца панацэяй ад усіх хвароб, а проста аб глыбейшым, больш удумлівым пранікненні ва ўсе пласты сённяшняга жыцця.

Гэта праўда, што сёння жыццё кардынальна змянілася і не можа вымярацца нават меркамі саракавых гадоў. Светабачанне вясковай дзяўчыны, якая скончыла дзесяцігодку, зусім не тое, што ў яе таварышкі-равесніцы, якая скончыла толькі пачатковую школу. Многія заводскія рабочыя па свайму духоўнаму ўзроўню і запатрабаваннях набліжаюцца да інтэлігентаў (я маю на ўвазе інтэлігентнасць сапраўдную, а не ўяўную, калі, скажам, нават у настаўніка сярэдняй школы ці раённага кіраўніка мастацкія густы на самым прымітыўным узроўні).

Мне здаецца, што наша літаратура пакуль што пэўным чынам кансерватыўная ў адносінах да ўсіх гэтых перамен. Яе мастацкае мысленне, светабачанне не вырваліся яшчэ да канца з кола сялянскага светабачання і адпаведнай яму вобразнасці. Карацей кажучы, літаратура наша яшчэ вельмі мала урбаністычная. Гэта датычыць не толькі старэйшых пісьменнікаў, а і маладзейшых. Значыць, задача не ў тым, каб шукаць нейкі новы стыль, а ў тым, каб узняцца на ўзровень адчуванняў сённяшняга, па-сапраўднаму адукаванага чалавека і, не губляючы таго добрага, што ў нас ёсць,— а менавіта добрага гумару, сакавітага беларускага слова, яго ёмістай вобразнасці — па-мастацку перадаць багацце духоўнага свету нашага сучасніка.

Сапраўды, можна паставіць пытанне: ці ёсць у нас добрыя творы аб рабочых, студэнцкім жыцці, аб людзях тых прафесій, якія сталі сёння масавымі — аб інжынерах, урачах, навуковых работніках? Можна весці гаворку і ў іншым плане: ва ўсім, аб чым бы пісьменнік ні пісаў, павінны адчувацца ўзровень інтэлектуальнай культуры нашага сучасніка.

Пафас любві, павагі да чалавека, тая жыватворная Праметэева іскра, якая ва ўсе вякі надавала вялікі гуманістычны сэнс творам літаратуры,— гэты пафас з’яўляецца зместам і нашай сённяшняй літаратуры. Савецкай літаратуры ў яе лепшых здабытках заўсёды былі дарагімі чалавек, свет яго імкненняў і пачуццяў. Мне здаецца, што разуменне гуманістычнага зместу ў нашай сённяшняй літаратуры пашыраецца і паглыбляецца. Сёння ў кнігах нашых пісьменнікаў усё больш выразна гучыць тэма ўзаемных абавязкаў чалавечай асобы перад калектывам, грамадствам і грамадства, калектыву перад чалавечай асобай. Ленінскія словы аб тым, што новая літаратура будзе кіравацца спачуваннем справе ўсіх працоўных, якія складаюць яе красу і будучыню, набываюць у нашы дні ўсё большы сэнс.

І вялікі поспех рамана Івана Мележа «Людзі на балоце» або аповесцей Васіля Быкава тлумачыцца, на маю думку, не нейкім новым стылем гэтых твораў, а добрай увагай да чалавека, да жывога свету яго думак і пачуццяў. На ўзорах творчасці І. Мележа і В. Быкава можна гаварыць аб пашырэнні зместу беларускай літаратуры апошніх гадоў. Гэтая рыса, як мне здаецца, куды больш каштоўная і вартая ўвагі нашай крытыкі, чым даследаванне фармальных асаблівасцей, якія зусім розныя ў кнігах гэтых мастакоў слова.

Тэарэтыкі літаратуры ў сваіх дыскусіях ставяць сёння пытанне аб пэўным змяншэнні класавага і ўзрастанні агульначалавечага пачатку ў нашым разуменні гуманізму. Інакш не можа і быць, калі партыя напісала на сваім сцягу: «Чалавек чалавеку друг, таварыш і брат».

XXII з’езд партыі яшчэ раз пацвердзіў, што пісьменніку, каб намаляваць героя нашых дзён, зусім няма патрэбы заглядваць толькі ў тыя хаты і кватэры, якія славяцца сваім дабрабытам, бачыць толькі ідэальнае ў жыцці. Дарога да камунізма — не гладкая і ўкатаная, яна ідзе і праз цяжкія, крутыя перавалы, праз напружанне фізічных і духоўных сіл, праз драматычныя і, часам, трагічныя канфлікты.

Вядома, ідэалам нашай літаратуры, як і жыцця, можа быць мужны чалавек, чалавек з жыццесцвярджальным светаадчуваннем, чалавек, які верыць душой у стваральныя сілы грамадства, у паступальны, прагрэсіўны крок гісторыі. Гэта, вядома, не выключае таго, што ў нашых творах могуць быць і інтанацыі смутку, тугі.

Багацце пачуццяў нашага сучасніка, вядома, бясспрэчнае. Менавіта цяпер мы ставім пытанне аб сэнсе такіх паняццяў, як дабрата, спагадлівасць, спачуванне. У народзе гавораць пра мужа, які добра ставіцца да сваёй жонкі: « Ён жалее яе, шкадуе». «Жалее, шкадуе», тут, як бачым, сінонімы слоў — любіць, паважае.

Некалі М. Горкі вуснамі аднаго са сваіх герояў заявіў: «Трэба паважаць чалавека, а не прыніжаць яго жаласцю». Але тады, мабыць, гутарка ішла пра філантропію прадстаўніка пануючага класа, які, даючы бяднейшаму медны пятак, тым самым зневажаў яго чалавечую годнасць. У наш час, мне здаецца, мы можам і пашкадаваць і пасумаваць над лёсам таварыша па барацьбе, які надламіўся ў дарозе ці трапіў у трагічныя абставіны. Значыць, гутарка ідзе сёння — і я лічу гэта галоўным — аб пашырэнні гуманістычнага зместу нашай літаратуры.

Гэта праўда, што навейшыя адкрыцці навукі, у прыватнасці фізікі, уплываюць на наша светаадчуванне і, у канечным рахунку, на стыль мастацкага твора. Але ў спрэчцы «фізікаў» і «лірыкаў» я без хістанняў стану на бок «лірыкаў». Некаторыя «фізікі» сцвярджаюць, напрыклад, што не бачаць істотнай розніцы паміж кібернетычнай сістэмай і чалавекам. Чалавек, маўляў, таксама кібернетычная сістэма, і ўсе праявы яго інтэлекту, духоўнага жыцця можна мадуляваць, перадаць сігналам. Ёсць жа шахматная машына, якая іграе не горш, а нават лепш за вядомых шахматыстаў, ёсць машыны, якія «пішуць» музыку і вершы.

Наконт музыкі і вершаў не ведаю, а з тым, што электронныя лічыльныя машыны могуць замяніць, аблегчыць працу соцень тысяч бухгалтараў і рахункаводаў, згадзіцца можна. Але ў той жа час самы некваліфікаваны бухгалтар заўсёды будзе непараўнальна вышэй за самую складаную машыну, няхай сабе нават зробленую са штучнага бялка і плазмы. Бо бухгалтар — чалавек, а праявы, магчымасці чалавечага розуму практычна бясконцыя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць быць выяўлены канчаткова. «Чалавек — гэта цэлы свет»,— любіў гаварыць Кузьма Чорны. Чалавека можна параўнаць з абсалютнай ісцінай, шлях да пазнання якой практычна бясконцы.

Вядома, там, дзе прыходзіцца параўноўваць чалавека з машынай, асабліва змястоўнай гаворкі ні пра гуманізм, ні пра стыль пісьменніка быць не можа. Бо ці не маем мы тут своеасаблівай варыяцыі на тэму «калёсікаў» і «вінцікаў»?

Заканчваючы гаворку пра суадносіны стылю і гуманізму, стылю і часу, мне хочацца яшчэ раз сказаць, што мастацкі стыль не нешта застылае, нерухомае. Стыль — гэта поўная, найбольш гарманічная адпаведнасць тэм, ідэй, праблем, характараў, якія пісьменнік шукае і знаходзіць у жыцці, тыя непаўторныя, звязаныя з асаблівасцямі пісьменніцкага таленту мастацкія сродкі, якія надаюць непаўторную форму ўбачанаму, перажытаму і перадуманаму.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 56-62
Крыніца: скан