epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Трое з зялёнай будкі

Калі б у Сашы Пеціка спыталі, чаму ён стаў цырульнікам, то ён, пэўна, не адказаў бы. Ну, стаў, і ўсё. Трэба ж каму-небудзь быць і цырульнікам, калі ў людзей адрастаюць бароды і вусы. Каб раптам перавяліся цырульнікі, то яшчэ невядома, ці былі б тады прыгажуны і прыгажуні. Хадзілі б вахлакамі...

Адным словам, Пецік не надта ламаў галаву над тым, чаму ён у дваццаць гадоў узяўся за нажніцы і брытву. І ўсё было б добра, каб не Віка, якая кожную раніцу прадавала газеты ў зялёным кіёску. Мала сказаць, што Віка невысока ставіла Пецікаву пасаду, яна проста насміхалася з Пеціка. Ёй, мабыць, падабаліся лётчыкі, лейтэнанты — розныя героі. А што гераічнага мог зрабіць Пецік са сваімі нажніцамі і брытвай?

Вядома, Пецік мог і не сустракацца з Вікай, не слухаць яе насмешак і кпінаў. Але што ты зробіш з сабой, калі ў Вікі вялікія сінія вочы, калі яна ўмее так залівіста смяяцца, а яе белыя, нібы пух, валасы свабодна варушыць кожны павеў ветру... Пецік, можа б, і развітаўся са сваёй прафесіяй, каб дагадзіць дзяўчыне, але яго нечакана прызначылі загадчыкам цырульні. Цяпер пад Пецікавым кіраўніцтвам было чатыры майстры, і яго ўцёкі з работы можна было расцаніць як самае звычайнае дэзерцірства; на такое Саша Пецік пайсці не мог.

І ён стаў працаваць, стаў заводзіць новыя парадкі ў цырульні. Але ўсё ж нешта трэба было рабіць з Вікай. Пасля таго як яна даведалася, што Пецік стаў загадчыкам цырульні, насмешкі яе не толькі не зменшыліся, а сталі яшчэ болей калючымі і крыўднымі. Так далей трываць нельга было.

Пецік знайшоў выйсце. Ён жадаў толькі аднаго — каб Віка пераканалася, што яго работа мае свой сэнс і што недарма з самай раніцы ў цырульні выстрайваецца доўгая чарга.

Малады загадчык наважыў адкрыць новы — завівачны цэх, жаночае аддзяленне цырульні. У глыбіні душы Пецік таіў надзею, што некалі да яго прыйдзе сама Віка, і ён сваімі рукамі з яе белых, пушыстых валасоў зробіць цудоўныя завіткі. Тады Віка сама ўбачыць, чаго варты яго лёгкія рукі...

Пецік спецыяльна для вывучэння завівачнай справы паехаў у абласны горад. Там ён прабыў цэлых два тыдні. Ён прывёз з горада патрэбны інструмент і прыступіў да справы. Загадчык уласнаручна ўстанавіў электраабсталяванне, і ў раённым гарадку паявіліся аб’явы, што з наступнага тыдня цырульня пачынае рабіць завіўку.

Была вясна, шапталіся маладым лісцем майскія таполі, і ў душы Пеціка расцвіталі новыя надзеі. Ён думаў аб тым, што праз які тыдзень папрыгажэюць усе дзяўчаты ў яго пасёлку, а самай прыгожай будзе, вядома, Віка.

Майскім вечарам, калі лагодная свежасць і цеплыня атульвае кожную жывую істоту, ішоў Пецік на спатканне з Вікай. Ішоў, але не дайшоў.

Хлопец раптам убачыў, як на вуліцы стала светла-светла, а людзі кінуліся ў напрамку да станцыі, дзе стаяла цырульня. Пажар! Страшная здагадка скаланула Пецікава сэрца. Ён не памыліўся — гарэла яго цырульня.

Пажар патушылі, а праз месяц у народным судзе разглядалі справу Аляксандра Пеціка. За адно толькі тое, што Пецік няправільна ўстанавіў электраабсталяванне, з-за чаго ўзнік пажар, маладога загадчыка, магчыма, і не судзілі б. Але раз ужо здарыўся такі выпадак, то была прарэвізавана ўся дзейнасць цырульні. У Пеціка выявілі недастачу цэлых чатырох літраў адэкалону «Бэз». Тут ужо крымінальны кодэкс ніколькі не хацеў лічыцца з тым, што па шчырасці сваёй душы Пецік асвяжаў твары кліентаў звыш усялякіх норм, зацверджаных прэйскурантам.

Згодна з суровымі даваеннымі законамі, Пеціку далі тры месяцы прымусова-выпраўленчых работ. На другі ж дзень міліцыянер павёў яго на станцыю, каб адправіць на будаўніцтва нейкай шашы пад Кіевам. Добра хоць, што Віка падышла на станцыю...

Але ніякай шашы Пеціку будаваць не прыйшлося. Пачалася вайна, і было не да шашы.

Невялікі пасёлак, у якім за ўсю яго гісторыю так і не быў адкрыты завівачны цэх, жыў трывожным жыццём фашысцкай акупацыі. Пра Пеціка забыліся, тым болей што цяпер ніякай цырульні ў пасёлку не было. Можа, калі і помніла Пеціка, то толькі адна Віка. Усё-такі ён яе любіў...

І вось амаль на трэцім годзе вайны, вясной, у пасёлку зноў паявіўся Пецік. Быў ён у вузенькіх плісавых штоніках, у нейкім старамодным чорным пінжаку, з верхняй кішэні якога звісаў срэбраны бралок гадзінніка. Усё гэта сведчыла, што Пецік, нягледзячы на нягоды вайны, мае пэўныя жыццёвыя поспехі. Ды і сам Пецік не таіў гэтага. Пры першай жа сустрэчы з Вікай ён паведаміў, што працаваў у цырульні ў самым Кіеве, галіў і стрыг розных нямецкіх генералаў і цяпер мае дастатковы капітал, каб адкрыць уласную цырульню і нават наняць уласных майстроў. Віка прыжмурыла вочы і, нягледзячы на тое, што не бачыліся яны амаль два гады, заявіла, што спяшаецца дадому. Яна пайшла, нават не падаўшы на развітанне рукі. Але гэтая няўвага, здаецца, ніколькі не кранула Пеціка. Наадварот, на яго твары свяцілася задавальненне, і можна было падумаць, што гордая Віка нагаварыла Пеціку самых пяшчотных слоў.

У той жа дзень Пецік пашыбаваў у нямецкую камендатуру, якая размяшчалася на станцыі. Чакаючы прыёму да каменданта, малады камерсант трымаў у потнай руцэ даведку з самай сапраўднай турэмнай пячаткай. І калі хлопца пусцілі да каменданта, ён чамусьці пачаў не з таго, што галіў у Кіеве нямецкіх генералаў і запрацаваў пэўны капітал, а націскаў на сваё турэмнае зняволенне пры бальшавіках. Таўставаты, з добра паголеным тварам немец разглядаў Пецікаву даведку.

— З турмы? — спытаў камендант. — Пойдзеш у паліцыю.

Пецік збялеў. На першым часе ён не ведаў, што адказаць.

— Я майстар, цырульню хачу адкрыць, — прамовіў ён нарэшце.

Камендант паглядзеў на Пецікавы вузенькія штонікі, на срэбраны бралок, і да яго, відаць, дайшло.

— А чаму тут турма? — паказаў ён пальцам на даведку.

— Я цырульню спаліў! — бачачы, што справа ідзе на лад, у нейкім натхненні выпаліў Пецік.

— А навошта паліць цырульню? — На твары немца адбілася самае сапраўднае замяшанне, і ён здзіўлена пазіраў на Пеціка.

— Я ўкраў адэкалон, — ліў на сябе памыі Пецік, не бачачы ўжо ніякага паратунку.

Пры апошнім адказе твар у каменданта прасвятлеў. Ён нарэшце зразумеў Пеціка.

— Цяпер ты не будзеш красці адэкалон і паліць цырульня, — пахлопаў Пеціка па плячы камендант. — Адэкалон будзе твой, уласны, а свайго не паляць і не крадуць...

Дні праз два пасля гэтага на зялёнай будцы, дзе некалі Віка прадавала газеты, паявілася шыльда з надпісам: «Цырульня». Зверху вялікімі літарамі надпіс быў зроблены па-нямецку, а ўнізе, ледзь прыкметна, — на той мове, якой Пецік пакуль што карыстаўся сам. Надпіс каменданту, відаць, спадабаўся, бо ён у другі раз пахлопаў маладога камерсанта па плячы, пачаставаўшы пры гэтым цыгарэтай.

З самай раніцы ў дзвярах новай цырульні, апрануўшы бялюткі халат, стаяў Пецік. Бароды і валасы паадрасталі за два гады Пецікавай адсутнасці аж занадта, так што работы хапала. Без чаргі мелі права на абслугоўванне толькі немцы і паліцэйскія. Гэтага правіла малады гаспадар цырульні трымаўся няўхільна, за што, калі гаварыць па праўдзе, яго гонар не надта шанавалі астатнія кліенты. Але ўсё гэта, мабыць, не вельмі хвалявала Пеціка. Тых майстроў, якіх малады камерсант абяцаў наняць у размове з Вікай, пакуль што не было. Нават каб іх і наняў Пецік, то яшчэ невядома, дзе б яны размясціліся. Маленькая будка, дзе стаяла адно крэсла, адзін столік і вісела даволі патрэсканае люстра, пакуль што была мала падобна на той салон, якім выхваляўся Пецік.

У маладога гаспадара паявіліся сякія-такія падначаленыя. Станцыйная прыбіральшчыца цётка Мальвіна за дваццаць марак у месяц згадзілася мыць сурвэткі, халат і падлогу. Беспрацоўны пры немцах тэлеграфіст Сіла Прохаравіч, якому адцяла нагу гадоў дваццаць назад, калі ён яшчэ ездзіў кандуктарам, узяўся за такую ж невысокую плату грэць і падносіць ваду. Адным словам, Пецік меў усе падставы быць задаволеным. На сцяне яго цырульні вісеў самы сапраўдны патэнт, дзе чорным па белым было напісана, што гаспадаром цырульні з’яўляецца іменна ён, Пецік. З цёткай Мальвінай і Сілам Прохаравічам Пецік падтрымліваў па гэтай прычыне строга афіцыйныя адносіны. Няхай не забываюць, што гаспадар тут ён. Толькі з Вікай было дрэнна зусім. Яна нават перастала прыкмячаць Пеціка. Калі дзяўчыне здаралася праходзіць міма цырульні, яна ў яе бок нават не глядзела. Усё гэта бачыў Пецік. Бачыў, але чамусьці не вельмі злаваўся на Віку. Ён па-ранейшаму праводзіў яе прыязным позіркам, у яго святлеў твар, калі праходзіла дзяўчына, наўмысля адварочваючыся. Хто ведае, аб чым думаў у такія хвіліны Пецік, якія планы песціў у сваёй душы...

Пецік любіў пазіраць у адчыненае акно на чыгунку. А па чыгунцы на ўсход імчаліся нямецкія паязды. Яны везлі гарматы, танкі, салдат. Іншы раз вагоны былі закрытымі і нельга было разгледзець, што ў іх унутры. Але ж, вядома, раз цягнікі імчаць на фронт, то вязуць яны не дровы.

Нават тут, на невялікай станцыі, у глыбокім нямецкім тыле, адчувалася, што ідзе вайна. Але пра вайну Пецік гаварыць не любіў. Ён ні разу не павёў пра яе размовы ні з цёткай Мальвінай, ні з Сілам Прохаравічам. А калі пра вайну, пра партызан загаварвалі Пецікавы кліенты, у тым ліку паліцэйскія і немцы, ён маўчаў як рыба. Вайна яго не датычыла. Ён рабіў сваю справу і болей нічога на свеце не хацеў ведаць.

Дні ішлі. І кожны з іх быў падобны адзін на другі. З раніцы Пецік адмыкаў сваю цырульню, цётка Мальвіна выцірала падлогу і патрэсканае люстра, Сіла Прохаравіч грэў ваду. Пецік галіў і стрыг, як гэта было заведзена, без чаргі немцаў і паліцэйскіх і ў парадку жывой чаргі цывільнае насельніцтва. Ён праводзіў уважлівым позіркам кожны цягнік, які праходзіў або спыняўся на станцыі. І ў гэтым не было нічога дзіўнага. Кожная, нават маленькая праява знешняга жыцця павінна цікавіць чалавека, які цэлы дзень толькі і бачыць, што нос свайго кліента, і ходзіць два крокі ўзад і ўперад па цеснай каморцы.

Прайшоў месяц. Ужо можна было вызначыць кола Пецікавых кліентаў. Раз у два дні з раніцы прыходзіў галіцца сам камендант. Пецік галіў яго асобнай брытвай, якую даставаў з верхняй палічкі. Адэкалоніў каменданта гаспадар таксама з асобнай бутэлечкі, на якой была залатая этыкетка.

Грошай з каменданта Пецік не браў. За гэта гаспадар кожны раз узнагароджваўся цыгарэтай.

Паліцэйскія галіліся нерэгулярна. Яны то стаялі каля зялёнай будкі талакой, то іх не было відаць па цэлым тыдні. Усё залежала ад нейкіх там аперацый, у якіх яны ўдзельнічалі. Але гэтымі аперацыямі Пецік не дужа цікавіўся.

З астатніх кліентаў Сіла Прохаравіч і цётка Мальвіна хутка выдзелілі двух пастаянных. Першы быў юнак Цішка, які працаваў рамонтным рабочым на чыгунцы. У Цішкі на верхняй губе рос толькі рэдзенькі пушок, але ў цырульню ён завітваў кожны дзень. Цётка Мальвіна першы час нават гневалася: «Бачыш ты, падшыванец, знайшоў час красу наводзіць». Але пазней усё высветлілася. Цішка прыходзіў не столькі галіцца, колькі вёў з Пецікам розныя гешэфты. Ён кожны дзень прыносіў Пеціку пачак цыгарэт, які выгандлёўваў, мабыць, у нямецкіх салдат.

Другім пастаянным кліентам быў землеўпарадчык Трапеза, які цяпер славіўся ў пасёлку як самы адменны майстар шклення акон і розных бляшаных спраў. Трапеза прыходзіў у цырульню пад вечар, пасля свайго звычайнага дзённага абходу, ставіў на падлогу драўляную скрынку са шклом і рознымі прычындаламі і садзіўся галіцца. Галіўся ён кожны дзень. Цётка Мальвіна аднойчы не вытрымала:

— Багата, відаць, жывеш, што так чамадорышся. Да вайны з барадою бегаў, а цяпер маладзіцца... Людзі недзе ў акопах, а ён сабе адзікалоны...

— Нам, дробным рамеснікам, цяпер самае жыццё, — без ніякай злосці адбіў цётчын націск Трапеза. — Патэнт у кішэні, сам сабе гаспадар, ніякага чорта лысага не ведаеш. Зарабіў марку — і куды хочаш яе. Хлеба не купіш, гарэлку не прадаюць, то хоць пагаліцца за ўласны капітал...

Гаваркі быў чалавек Трапеза і ніколі не лез за словам у кішэню.

Кожны новы дзень прыносіў у пасёлак якія-небудзь навіны. То партызаны зноў нямецкі эшалон узарвалі, то нехта заразіў усю паліцыю дызентэрыяй і бобікі коўзаюцца жыватамі, то бургамістрава жонка вусатая Анеля, якая цэлы год хвалілася, што яе запішуць у немцы, нібыта пра нямецкае падданства болей ні гуку. Але ўсе гэтыя навіны не рабілі, здавалася, ніякага ўздзеяння на Пеціка. Ён выконваў сваю работу — галіў, стрыг, вечарам падлічваў выручку, і ўсё. Цётка Мальвіна ніяк не магла дабраць розуму, што ён за чалавек. Разбагацець захацеў, то, мабыць, хваробу на гэтых марках разбагацееш. Шалудзіваму сабаку іх толькі пад хвост. Мабыць, недарэка нейкі. Навучыўся мылам бароды мусоліць, і болей яму нічога не ў галаве. Нездарма ж да вайны цырульню спаліў...

Сіла Прохаравіч трымаўся некалькі іншай думкі пра Пеціка. «Хоча перачакаць час», — заяўляў ён цётцы Мальвіне па-змоўніцку. — У бобікі не пайшоў і ў лес баіцца ісці. Адным словам, ні вашым ні нашым. Але да ўласнасці прывержаны, і значыцца, чалавек не наш. Трымай пры ім язык за зубамі...»

А Пецік галіў, стрыг, пільным позіркам праводзіў кожны эшалон, які ішоў праз станцыю на ўсход. Кожны дзень у цырульню з пачкамі цыгарэт завітваў віхрасты пуцеец Цішка, пад вечар заглядваў з драўлянай скрынкай Трапеза, які напаўняў сваім зычным голасам усю зялёную будку. Усё ішло сваім заведзеным парадкам. Толькі Віка зусім не паяўлялася на гарызонце, які адкрываўся з зялёнай будкі.

Але аднойчы заведзены парадак нарушыўся. Трапеза ў той дзень прыйшоў не вечарам, а з самай раніцы. Ён сеў на крэсла, і Пецік адразу намыліў яму зусім яшчэ чысты пасля ўчарашняга брыцця твар. Трапеза не гарланіў, як заўсёды, на ўсю будку, а, здаецца, нешта паўшэптам даводзіў Пеціку. Яны так зашапталіся, што не заўважылі, як у будцы паявіўся камендант. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на парозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Нарэшце гаспадар заўважыў каменданта і так штурхануў свайго кліента пад бок, што той ускочыў як кіпенем апараны.

Трапеза з намыленым тварам і з разгубленай усмешкай прытуліўся ў кутку, а камендант важна сеў перад патрэсканым люстрам.

Пецік галіў немца з падкрэсленай увагай, ён віўся каля яго ўюном. Камендант на гэты раз пачаставаў Пеціка адразу дзвюма цыгарэтамі. Адну з гэтых цыгарэт Пецік пасля прапанаваў Сілу Прохаравічу, але той, моўчкі шчоўкнуўшы бляшанай каробкай, пачаў рабіць самакрутку.

Увесь гэты дзень Сіла Прохаравіч быў не ў гуморы, а ў абед, за вочы, пры цётцы Мальвіне аблаяў Пеціка самымі апошнімі словамі. Але цётка Мальвіна маўчала. Яна мыла падлогу і нібы не чула таго, што гаварыў ёй Сіла Прохаравіч. Пецікаў памочнік пакіпяціўся і, не сустракаючы спачування, пакульгаў дадому сёрбаць, як ён гаварыў, поліўку з макухі.

А цётка Мальвіна маўчала вось чаму. Учора вечарам яна забегла ў цырульню забраць вядро. Пецік стаяў адзін у халаце, пазіраў у акно і барабаніў пальцамі па шкле. Цётка зайшла за занавеску і пачала там корпацца. Ёй здалося, што ад сценкі ў самым кутку адстала дошка. Яна націснула яе каленам, тады дошка адкрылася, як дзверцы. На падлогу вываліліся два брускі. Цётка Мальвіна ўзяла гэтыя брускі і, нічога не разумеючы, паднесла Пеціку. Таго перасмыкнула як ад апёку.

— Гэта мыла нямецкае, — залепятаў ён пабялелымі губамі. — Пены з яго ніякай, трэба выкінуць к чорту. Толькі грошы заплаціў здуру...

Ён хуценька схаваў брускі ў кішэню. Пры гэтым на падлогу ўпаў белы металічны карандашык. Пецік, хаваючы карандашык, усё даводзіў, што раздабыў яго для манікюру, гэта значыць, каб фарбаваць пазногці.

Цётка Мальвіна зрабіла выгляд, што паверыла. Яна спакойна ўзяла вядро і выйшла. Але сэрца з яе грудзей ледзь не выскаквала. Ёй было так страшна, аж да дрыжыкаў у каленках, разам з тым весела. Дык вось, значыць, якая птушка гэты Пецік. Няхай сабе залівае пра нямецкае мыла, так яму цётка Мальвіна і паверыла! Яна ж на свае вочы бачыла, як такімі брускамі ўзарвалі нашы вадакачку, калі адыходзілі. А карандашык — пазногці фарбаваць, кажа... Так нафарбуеш, што не застанецца ні пазногцяў, ні саміх пальцаў. Цімка, Гаўрыліхі-стрэлачніцы сынок, хацеў з такога карандашыка свістульку зрабіць, дык і цяпер ходзіць з трыма пальцамі на дзвюх руках...

Цётка Мальвіна не спала ўсю ноч. Ёй было і боязна, і разам з тым пад грудзі падкатвала нейкае радасна-помслівае пачуццё. Сам камендант галіцца ходзіць... Цыгарэткамі частуе... Немец ты дурны! Пачакай, ён табе такую цыгарэтку пакажа, што забудзеш, як бацьку роднага завуць. Гэты, відаць, жук усе трубы прайшоў. Нездарма ж ён тое мыла нямецкае прыпасае. Паязды амаль штодня падрываюцца на мінах, хіба ж гэта так сабе. Але ж і хітры! Маці родная да розуму не дайшла б. Ад яе, ад Мальвіны, хаваецца. Няхай што хочуць гавораць пра Мальвіну, але яна скрозь зямлю бачыць. Не на тую напаў. Але яна яму не вораг. Што ёй гэты немец, царства нябеснае адкрыў? Хай яму сем скул у горла.

Цётка Мальвіна наважыла маўчаць. Раз ён, гэты Пецік, хаваецца, хоча ёй нос уцерці, яе хата з краю. Толькі яшчэ прыйдзе коза да воза. Няхай сабе Мальвіна дурная, але хто ведае пра тое, што ў яе цэлых два месяцы лячыўся ранены чырвонаармеец, а пасля пайшоў сваёй дарогай? Ніхто не ведае. То-та ж!

Назаўтра цётка Мальвіна адразу ж выявіла, што дошка ў кутку болей не адчыняецца. Пецік трымаўся неяк насцярожана, раз-пораз кідаючы на цётку дапытлівыя позіркі. Не схавалася ад цёткі і тое, што з самай раніцы прыбег гэты самы Трапеза. Відаць, таксама птушка стрэляная. Так яна і паверыла, што яму прыемна цягаць на спіне гэтую драўляную скрынку. Дробны рамеснік! Ведаем мы такіх рамеснікаў!

Калі Сіла Прохаравіч за вочы напаў на Пеціка, цётка Мальвіна толькі сама сабе ўсміхалася. «Няхай плявузгае, аднаногі дурань! Жыццё пражыў, а розуму не набраўся. Сляпы, як кацянё. Але ад яго плявузготы нікому ні горача, ні боляча», — думала цётка.

Але надышла чарга адкрыць тое-сёе, чаго ён не прыкмячаў раней, і Сілу Прохаравічу. Пасля таго выпадку, калі Пецік хацеў пачаставаць старога камендантавай цыгарэтай, Сіла Прохаравіч проста знелюбіў свайго гаспадара. Ён цяпер сядзеў у цырульні ў выпадках толькі самай пільнай неабходнасці, калі трэба было распаліць стары прымус і нагрэць вады. Сіла Прохаравіч нават падумваў над тым, што варта кідаць гэтую ягоную службу. На якое яна ліха здалася яму!

Заробіць ён на кавалак хлеба і венікамі. Адно, што ўтрымлівала старога тэлеграфіста на яго службе, — дык гэта магчымасць пагаварыць з людзьмі. А дома за венікамі нават словам не перакінешся ні з кім.

Аднойчы, надвячоркам ужо, калі на дварэ церусіў дождж, Сіла Прохаравіч прымасціўся ў кутку пры ўваходзе і, здавалася, драмаў. Кліентаў нікога не было. Пецік стаяў ля акна і, як заўсёды, пазіраў на чыгунку. Ён глядзеў на нямецкага вартавога з чорным аўтаматам цераз шыю, які стаяў пад драўляным грыбам на пероне, на абмытыя дажджом бліскучыя рэйкі і барабаніў пальцамі па шкле. Як толькі Пецік забарабаніў, Сіла Прохаравіч адразу насцярожыўся. Яго чуткае, натрэніраванае гадамі вуха адразу ўлавіла да болю знаёмы перастук марзянкі. Некалі ж, не заглядваючы ў тэлеграфную ленту, чытаў Сіла Прохаравіч самыя доўгія тэлеграмы. «Віка, Віка... Віка», — выбіваў між тым пальцамі па шкле Пецік. Сіла Прохаравіч аж прыўстаў ад здзіўлення. Ён не памятаў, каб гэты малакасос калі-небудзь працаваў на тэлеграфе...

— Не сеюць, брат, цяпер ні вікі, ні чачавіцы, — не вытрымаў нарэшце Сіла Прохаравіч. — Так што і ўспамінаць не варта.

Пецік здрыгануўся ўсім целам і не адварочваў твару ад акна. Так ён прастаяў, можа, з хвіліну.

— Гэта мы некалі ў асаавіяхімаўскім гуртку азбуку Морзэ вучылі, — сказаў нарэшце спакойным голасам гаспадар цырульні. — Толькі забыў я ўсё...

— Чаму ж забыў, знакі ясныя, — пахваліў Сіла Прохаравіч. — Колькі ты прымаў у хвіліну?

— Нічога не памятаю, забыў. — Пецік, відаць, зусім не быў настроены весці размову пра азбуку Морзэ.

Здагадка ніколі не прыходзіць адна. Яна цягне за сабою і другія здагадкі. Прыйшоў Цішка, аддаў Пеціку пачак цыгарэт і сеў стрыгчыся. І ўпершыню за ўвесь гэты час Сіла Прохаравіч раптам вельмі ясна зразумеў, што стрыгчыся Цішку яшчэ не трэба, бо стрыгся ён усяго тыдзень назад і, значыць, ёсць іншая прычына, якая прывяла яго ў гэтую зялёную будку. Старому стала аж неяк крыўдна. Ён выйшаў на двор. Дождж ужо суняўся, паветра было чыстае, дыхаць стала лягчэй. Сіла Прохаравіч паглядзеў на рэйкі, якія бліскучаю стужкай беглі на ўсход, і чамусьці падумаў, што не ўсе дарогі ў жыцці такія прамыя, як гэтыя вось стальныя рэйкі. Падумаў ён і пра свайго сына, які, мабыць, таксама там недзе ваюе. Якімі дарогамі ходзіць ён — прамымі ці такімі вось пакручастымі?..

З гэтага дня Сіла Прохаравіч заўсёды выходзіў на двор, калі ў цырульні паяўляўся Трапеза або забягаў Цішка. Ён добраахвотна станавіўся на варту і пільна сачыў, каб у такія хвіліны хто-небудзь лішні не зайшоў у цырульню. Калі падыходзіў чужы чалавек, Сіла Прохаравіч наўмысля размаўляў з ім, як глухі, не шкадуючы горла. Заўважаў гэта Пецік ці не? Мабыць, заўважаў, хоць і не падаваў ніякага знаку.

Ішлі дні. Так прайшоў месяц, а можа, і болей. За гэты час на чыгунцы адбыліся перамены, якіх мог не заўважыць хіба толькі зусім сляпы чалавек. Цяпер куды болей эшалонаў імчала ўжо на захад, а не на ўсход. У ясныя вечары можна было ўлавіць вухам гукі далёкай артылерыйскай кананады. Наступалі нашы...

Неяк на станцыі скапілася некалькі эшалонаў, бо недзе на захад ад пасёлка партызаны ўзарвалі чыгунку. Эшалоны ніяк не маглі адправіцца са станцыі.

Пецік у гэты дзень быў асабліва трывожны. Ён не адрываў свайго позірку ад акна, часта курыў і, па ўсім было відаць, не знаходзіў сабе месца. Сіла Прохаравіч з неспакойным сэрцам паглядаў на гаспадара цырульні. Цётка Мальвіна хадзіла крадком, баючыся што-небудзь зачапіць. Раптам магутны ўзрыў страсянуў зялёную будку цырульні. Дзынкнула шыба, а з верхняй палічкі ўпала і разбілася бутэлечка з залатой этыкеткай — каменданцкі адэкалон.

Эшалон разарвала быццам папалам: на месцы аднаго вагона дыміліся нейкія абломкі, а кола занесла аж на перон, пад самы грыб, дзе стаяў вартавы. На станцыі паднялася мітусня і страляніна.

Усе трое ў цырульні стаялі з пабялелымі тварамі. Цётка Мальвіна раптам кінулася збіраць ашкелкі разбітай бутэлечкі.

— Ці ты здурнела? — закрычаў Сіла Прохаравіч і на сваёй дзеравяшцы скочыў да зашчапкі.

— У цябе тут нічога няма? — Ён прыблізіў свой твар да самага твару Пеціка. — Давай хутчэй, а то позна будзе...

Пецік паглядзеў на Сілу Прохаравіча, на цётку Мальвіну і зняў са стала люстра. Адхінуўшы ў сцяне дошку, ён выхапіў дзве падобныя на чорныя чарапашкі магнітныя міны.

— У мяне тут брудная вада ў вядры, — раптам знайшлася цётка Мальвіна. — А яны, гэтыя дынаміты, у вадзе не ўзрываюцца?

— Не ўзрываюцца, — усміхнуўся Пецік.

— Ты ідзі, цябе не зачэпяць,— зашаптаў Сіла Прохаравіч. — Прыткні іх дзе-небудзь у кар’еры...

Станцыю ачапілі. Са станцыйных будынкаў не выпускалі нікога. Немцы трусілі рэчы ў кожным доме, дзе жыў чыгуначны люд. Праз гадзіну і ў зялёную будку зайшоў камендант з салдатамі. Твар у яго быў злосны, нахмураны. Камендант нікога не пазнаваў.

У зялёнай будцы нічога падазронага не знайшлі. Але ні Пеціка, ні Сілы Прохаравіча са станцыі пакуль што не выпусцілі. Іх разам з рабочымі загналі ў пусты пакгауз. Там яны сядзелі ўсю ноч. А назаўтра з раніцы затрыманых паасобку выклікалі да каменданта. Сілу Прохаравіча павялі першым. Праз паўгадзіны выклікалі і Пеціка. Немец зноў разглядаў яго даведку з турэмнай пячаткай.

— Будзеш адзначацца ў паліцыі, — заявіў камендант. — Кожная раніца...

Цырульня ў гэты дзень не працавала. Пецік сядзеў у скверыку задумлівы і сур’ёзны. Раптам ён убачыў Віку. Яна некуды спяшалася. Дзяўчына, заўважыўшы яго, падышла першая. Можа, яна прачула ўжо, што ён сядзеў пад замком гэтую ноч?

— Вобыскі ідуць, — чамусьці адразу паведаміла Віка. — Учора, пасля таго як вагон узарваўся, немцы яшчэ дзве міны з-пад вагонаў знялі. З нашых, кажуць, нехта падвесіў. Паліцэйскія шэпчуцца, што вучоных сабак прывязуць немцы. Сабакамі будуць шукаць...

Пецік падскочыў з лаўкі як на пружынах.

— Мне па справе трэба, да пабачэння, Віка, — кінуў ён на хаду і пашыбаваў са скверыка.

Дзяўчына здзіўлена паглядзела яму ўслед.

Праз якую гадзіну Пецік быў ужо дома ў Сілы Прохаравіча.

— Дайце мне моцнага тытуню, — гаварыў ён спяшаючыся. — І каля будкі пасыпце тытунём. Сабакамі будуць шукаць, вас жа схопяць, калі што...

У той жа дзень Пецік знік з пасёлка.

Паявіўся ён зноў, калі прыйшлі нашы. Пецік быў у вайсковай форме і прыехаў на вайсковай машыне. Ён адразу прайшоў у сваю зялёную будку, якую не кранулі ні бамбёжкі, ні іншыя віхуры вайны. Цётка Мальвіна аж праслязілася:

— Я ж з першага дня ведала, хто ты такі, Пецік. Думаеш, я не бачыла, што ў цябе не мыла нямецкае, а гэтыя, як іх, дынаміты. Толькі чаму ж ты хаваўся, мы ж свае.

— Канспірацыя, цётка Мальвіна. Так трэба...

— А з тытунём добра выйшла, — уставіў слова Сіла Прохаравіч, — толькі, кажуць, той сабака самога каменданта за руку і хапіў, як міну абнюхаў. А азбуку Морзэ ты, Пецік, усё ж добра ведаеш. Мяне не правядзеш, дваццаць год на тэлеграфе...

— Ведаю, Сіла Прохаравіч. Рацыя ж у нас была. Нездарма ж мы немцаў адэкалонілі і эшалоны лічылі. А вам дзякуй, моцныя вы людзі, дапамаглі... Не крыўдуйце, што маўчаў, — канспірацыя...

Пецік спяшаўся. І спяшацца была прычына — непадалёку ад зялёнай будкі нецярпліва пахаджвала Віка.

Пецік развітаўся і пабег.

— А гэта што за слова такое — канпарацыя? — спытала цётка Мальвіна ў Сілы Прохаравіча.

— Не канпарацыя, а канспірацыя, — паправіў Сіла Прохаравіч. — Ну, як бы табе ясна давесці... Канспірацыя — гэта, калі ў якой важнай справе за народ трымацца, давяраць такім вось, як мы з табою. Адзін жа нічога не зробіш без народа і нічога ад яго не схаваеш...

Цётка Мальвіна была задаволена.

 

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 217-229
Крыніца: скан