epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

У шалашах

Бою за мястэчка фактычна не было. Дывізія наступала з усходу, ахапіўшы нямецкі гарнізон па флангах, а партызанам паставілі задачу ўзарваць чыгунку з заходняга боку і асядлаць грунтовы шлях.

Сваю задачу мы выканалі лёгка. Была цёмная асенняя ноч без зорак і месяца. Дзьмуў золкі вецер. Нас з Дашуком, як местачкоўцаў, яшчэ звечара выклікалі да камандзіра атрада.

— Будзеце праваднікамі, — сказаў ён.

Мы згадзіліся, хоць мелі права на адпачынак. Нас з Міколам пасылалі ўстанаўліваць сувязь з камандаваннем дывізіі, калі нашы былі яшчэ за сорак кіламетраў ад мястэчка. Мы не спалі тры ночы і хісталіся ад стомленасці.

Калі падышлі да чыгункі, усе пачалі акопвацца. Капалі хто чым: нажамі, кінжаламі, грэблі зямлю рукамі: лапат з сабой ніхто не насіў. Мы з Міколам не акопваліся і, ляскаючы ад холаду зубамі, прыляглі пад кустом. Хацелася спаць, але заснуць пры такой халадэчы не было магчымасці. У мястэчку ў двух ці трох месцах нешта гарэла. Гэта было наша роднае мястэчка, у ім мы раслі і вучыліся, там засталіся нашы бацькі і сябры, але пра ўсё гэта мы не думалі. Нам хацелася спаць.

Немцы трымалі сябе далікатна. Партызаны акапаліся за паўвярсты ад чыгуначнай будкі, дзе размяшчалася нямецкая варта, пра маскіроўку асабліва ніхто не дбаў: размаўлялі, курылі, нехта знянацку нават стрэліў, але тыя, што сядзелі ў дзотах, набудаваных вакол будкі, нібы набралі ў рот вады.

Чыгунку можна было ўзарваць ноччу, але нашы камандзіры чакалі раніцы. Можа, яны разлічвалі пусціць пад адхон які-небудзь бронецягнік? Ніякіх падмацаванняў па чыгунцы ў мястэчка, аднак, не прыйшло, і рэйкі ўзрывалі на шэрым золку. Немцы гэта добра бачылі, але маўчалі. Маўчалі і тады, калі цераз палатно доўгім цугам, нават не прыгінаючыся, павалілі са сваіх неглыбокіх акопаў партызаны. Страляць немцы пачалі толькі тады, калі апошні партызан схаваўся ў хмызняку.

Хітрасць гэтую разгадалі пазней. Для прыліку пастракатаўшы з аўтаматаў, немцы ўцяклі. У іх, відаць, не было ніякай ахвоты абараняць мястэчка.

У поўдзень мястэчка стала наша. З захаду да яго падышла нейкая нямецкая часць і заняла пазіцыі ў лесе. Дзве танкеткі, пушчаныя, відаць, у мэтах разведкі, падарваліся на мінах, пастаўленых на шляху. Танкістаў, якія сабіраліся сігануць у кусты, зрашэцілі кулямі партызаны. Праз паўгадзіны немцы пачалі абстрэльваць мястэчка з гармат. Так яно стала прыфрантавым.

Партызан запісвалі ў армію. Нам з Дашуком далі адтэрміноўку на двое сутак. Жыхароў у мястэчку амаль не было, яны выбраліся ў шалашы. Недзе там знаходзіліся нашы бацькі і знаёмыя. Нас адпусцілі з імі развітацца.

Памятны той дзень позняй восені выдарыўся цёплы, сонечны. Мы адчувалі сябе героямі і нават забылі пра сон.

Але няхай бы лепш надвор’е было дажджлівым. Не паспелі мы пахадзіць па мястэчку вольнымі грамадзянамі і гадзіны, як на яго наляцелі нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Потым яшчэ і яшчэ. Многія будынкі загарэліся. На вуліцах, запруджаных вайсковымі абозамі, утварылася мешаніна з конскіх трупаў, раскіданых фурманак, пакарэжаных кухань.

Мы падаліся ў шалашы і знайшлі іх толькі вечарам. Наша з Дашуком вуліца атабарылася аж каля Трох азёр у прыгожым бярэзніку. Ніякіх азёр тут ужо не было, яны даўно высахлі і зараслі ляшчынай.

Шалашы ў лесе стаялі прыкладна ў такім парадку, як і хаты на местачковай вуліцы.

Нашы маткі не таілі радасці, нас віншавалі і запрашалі ў госці амаль у кожны шалаш, але мы кінуліся на салому і праспалі без просыпу ноч і палавіну наступнага дня.

Прачнуліся ад несціханага глухога грому. Дрыжала зямля. Мястэчка ў многіх месцах гарэла. Немец садзіў па ім цяжкімі снарадамі.

Тое, што мы ўбачылі, прачнуўшыся, узрушыла нас і здзівіла. Каля нашага шалаша сядзелі ў адной кампаніі кандуктар Пліс, удава Залаценкава і — што самае галоўнае — Бабурыха побач з Міліцыяй. Яны мірна размаўлялі, выпівалі і закусвалі, і, гледзячы на іх лагодныя, з усімі адметамі ціхмянасці твары, можна было падумаць, што сабраліся найдружнейшыя суседзі і сваякі.

У кампанію запрасілі нас, і мы не пераставалі здзіўляцца.

— Прапала мая кароўка, але ліха з ёю, — гугнявіў тоўсты Пліс. — Абы самі былі жывыя.

— Зімой дзецям без малака нельга, — разважліва прамовіла Залаценкава. — Калі мая пярэдайка не запусціцца, то будзеце браць малако ў мяне.

Гэтыя словы чула Плісава жонка і згодна ківала галавой.

Снарады бухалі адзін за адным, мястэчка гарэла. Надыходзіў вечар. У лесе мукалі прывязаныя да бяроз каровы.

— Выпаліць, як пры белапаляках, — прамовіў нехта. — Хутчэй бы яго адганялі.

— Хопіць, людцы, бедаваць! — падхапілася Міліцыя. — Ціхон, там у сене яшчэ дзве пляшкі, прынясі! — загадала яна свайму мужу. І заспявала прарэзлівым голасам:

 

 

І піць будзем, і гуляць будзем,

А прыйдзе смерць, паміраць будзем!..

 

 

Маўклівы Ціхон рупна прынёс дзве вялікія чорныя пляшкі. Міліцыя разліла гарэлку па шклянках.

— Вып’ем, кума! — тыцнула яна пад бок Бабурыху. — Не бядуй, хвала богу, што сама і дзеці цэлыя. Няхай згараць нашы хаты, няхай усё згарыць. Жыць будзем. З людзьмі не прападзеш. Паможам па суседству. А там і мужык з вайны вернецца...

Звінелі шклянкі, і дзесьці ў мястэчку рваліся снарады. Словы, з якімі людзі звярталіся адзін да аднаго, былі поўны спагады і добразычлівасці, яны гучалі шчыра і ішлі, здаецца, з глыбіні душы. Нешта з’яднала не зусім дружную вуліцу. Нешта пераламалася ў адносінах добра знаёмых нам суседзяў.

А мы думалі: чаму гэта? І ў памяці паўставала нядаўняе мінулае.

Уся вуліца ведала, што Плісава жонка страшэнна раўнуе свайго кандуктара да ўдавы Залаценкавай. Былі ў яе якія-небудзь падставы ці не, гэта невядома. Але крыку, ляманту, зняважлівай лаянкі было шмат. Плісіха ніколі не прапускала выпадку, напаткаўшы дзе-небудзь Залаценкаву, збэсціць яе апошнімі словамі.

Адносіны Бабурыхі і Міліцыі былі яшчэ горшыя. Іх хаты стаялі якраз насупраць, цераз вуліцу, і сварка паміж жанкамі, брыдкая, надакучлівая калатнеча, не спынялася ад ранку да вечара. Суседкі, зневажаючы адна другую, даходзілі да найвышэйшай віртуознасці, іх языкі плялі такія страшныя праклёны, што, калі б здзейснілася хоць малая іх доля, яны б абедзве з усёй раднёй і сваяцтвам даўно ляжалі на могілках.

Убачыла, да прыкладу, Міліцыя, як Бабурыха падняла на вуліцы жмак сена, што ненарокам упаў з чыйго-небудзь воза.

— Усё хапаеш, усё цягнеш, каб з цябе кішкі выцягнула! — лямантавала яна, высунуўшы з веснічак свой худы, пабіты воспаю твар. — На чужое квапішся, не хочаш сама рабіць, каб табе дошкі зрабілі. Калі ўжо ты наясіся, каб цябе пранцы з’елі!..

Бабурыха таксама не пазычала праклёнаў. Лаянка чуваць была за вярсту.

Суседкі грызліся, выганяючы на пашу кароў, сустракаючыся ля студні, ідучы ў краму за соллю ці запалкамі. Забрукавалі ўжо местачковую вуліцу, гулі на ёй трактары і машыны, загарэлася электрычнасць у хатах, а лаянка не спынялася. Мы чулі яе, калі хадзілі і ў першы, і ў дзесяты клас.

І вось усё перамянілася. Плісава жонка і ўдава Залаценкава, Міліцыя і Бабурыха сядзелі побач, як галубкі. Гэта было падобна на казку. Пір у асеннім бярэзніку, ля шалашоў, цягнуўся да поўначы. Мястэчка гарэла...

У нас з Дашуком быў яшчэ адзін клопат, таму мы не вытрымалі на гэтай мірнай бяседзе да самага канца. Нам рупіла да сваіх дзяўчат. Дзяўчаты нас чакалі.

За тыя некалькі гадзін, якія заставаліся да раніцы, нам трэба было сказаць ім вельмі шмат.

На світанні выбухі сціхлі. Нехта прынёс вестку, што немцаў адагналі. Нехта дасціпны дазнаўся нават, што наша вуліца не згарэла, выгараў толькі цэнтр і тыя дамы, што прылягалі да плошчы.

У шалашах заварушыліся. Запрагалі кароў, ладкавалі на вазы набытак. Наша адтэрміноўка скончылася.

Пакідаючы шалашы і матак, якія выціралі фартухамі слёзы, мы пачулі прарэзлівы голас Міліцыі:

— Мяне не правядзеш, сувой палатна ты ўзяла, каб цябе за жывот узяло...

У Міліцыі з Бабурыхай пачыналася ранейшае.

Сыпаўся з бяроз жоўты ліст. Местачкоўцы маглі збіраць свае манаткі хоць да паўдня, а нам трэба было даганяць сваіх. Мы пайшлі...

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 235-239
Крыніца: скан