epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Вяселле ў Палыкавічах

Дзень сонечны, нядзельны. Лётае белая павуціна, маўклівай задуменнасцю вее ад вясковых прысадаў. Лёгкія празрыстыя колеры пануюць у паветры, у бязвоблачным небе, ва ўсім наваколлі.

У суседніх з Асцюкамі Палыкавічах прастольнае свята — «прачыстая». Калі ісці ад Асцюкоў да Палыкавіч шашой — адлегласць шэсць кіламетраў, калі напрасткі, полем і ляском,— усяго тры.

Жыхары абедзвюх вёсак даўно парадніліся. Цяжка знайсці ў Асцюках сям’ю, якая б не мела ў Палыкавічах сваяка — свата, цёшчу, свёкра, кума, брата, родзічаў другога ці ў крайнім выпадку трэцяга калена.

Сёння Асцюкі, нягледзячы на свята ў суседзяў, малоцяць. Малацьба ідзе ля гумна, на ўскраіне вёскі, дзе паўкругам пасталі стагі. Натужна тарахціць стары, спрацаваны ХТЗ, які цяпер толькі і годны, каб круціць пас малатарні. З току нясецца рогат і крык, які чуваць за вярсту. Гэта, мабыць, таму, што на таку адны маладыя. Працаваць спакойна і паважна яны не ўмеюць.

Не смяецца толькі адзін чалавек — трактарыст Іван Кніга. Ён ляжыць крокаў за дзесяць ад трактара і жуе саломіну. На яго прыгожым чарнявым твары — адбітак зацятасці і змрочнасці. Здаецца, Івану няма ніякай справы ні да малацьбы, ні да ўсяго гэтага шматгалосага тлуму.

Дарога, якая вядзе ў Палыкавічы нацянькі, праходзіць паўз гумны. Па ёй клыпае на фэст вартаўнік збожжасклада Дзямід Гузік, нізкі, крыху сагнуты стары з драўлянаю леваю нагою.

— Куды, дзядзька? — крычаць з току.

Дзямід робіць выгляд, што не чуе, і чыкільгае на сваёй дзеравяшцы далей. Але адбіцца ад языкаватай талакі не так-то проста.

— Не спяшайся, дзядзька,— данімае той жа голас.— Будзька цябе на матацыкле падвязе. Пайшоў запраўляцца...

Ля малатарні новы выбух рогату. На брыгадзіра Пятра Будзьку сёння не зважаюць. З раніцы ён бегаў па таку, камандаваў і загадваў, а цяпер ляжыць пад стогам і спіць. Прычыну перамены ў брыгадзіравым настроі ведаюць усе. У яго ў Палыкавічах вялікая радня, і Будзька даўно мог сядзець у кума на покуце за святочным сталом. Але прыйшлося скарыцца. Ці то з гора, ці то, можа, проста, каб нагнаць упушчанае, Будзька на сняданні перабраў лішку і зараз адпачывае.

Дзямід падыходзіць да малатарні. На ім новы суконны гарнітур, вышытая сарочка, на назе наглянцаваны бот.

— Можна было б і падвезці,— гаворыць Дзямід.— Хіба не заслужыў? Але ў нас не ў той бок глядзяць. Рэлігійнае свята! А можа, мне не на свята, а па дзелу патрэбна. Разумнікі!

— А што ў цябе за справа, дзядзька Гузік?

— Гэта маё ведае...

У размову ўступае Марыля Сініца, загадчыца збожжаскладу. .Яна нясе бярэмак новых мяхоў і не вельмі дружалюбна паглядае на вартаўніка.

— Да вечара можаце гуляць,— гаворыць Марыля.— А вечарам павінны быць тут. Склад вам не цацка. Я за вас адказваць не збіраюся.

— А цябе ніхто і не просіць! — гарачыцца Гузік.— Ёсць начальства большае за цябе. Ты кожнага дня ляціш куды хочаш, і я не пытаюся, дзе ты была. А калі на вяку чарвяку раз прыйшлося...

— Правільна, дзядзька! — падбадзёрвае вартаўніка нехта з хлопцаў.— Дай там дыхту. Склад не ўцячэ, а «прачыстая» адзін раз на гаду бывае.

— Прачыстая, прачыстая,— агрызаецца вартаўнік.— Знайшлі гуляку Дзяміда Гузіка. Склад прапіў... Калі мяне на вяселле пазвалі, то не магу ж я, хросны бацька маладой, не пайсці? Не магу. Дык навошта ж языкамі малоць?

— Цяпер ясна, дзядзька Гузік,— рагочуць хлопцы.— Нездарма ты сёння такім кавалерам...

Нешта мармычучы, Гузік адыходзіць.

— На Марылю не крыўдуй, дзядзька! — крычаць яму хлопцы наўздагон.— Усе дзяўчаты такія. Яны злыя, бо іх замуж не бяруць. Баяцца іх характару і бягуць жаніцца ў Палыкавічы...

На таку толькі і размоў што пра вяселле. Услых абмяркоўваюць жаніха і нявесту. Сёння жэніцца іхні ж хлопец Рыгор, які цяпер працуе ў Палыкавічах трактарыстам.

Твар Івана Кнігі, які адзін з усёй талакі не прымае ўдзелу ў размове, то чырванее, то бялее. Хлопец у гэтую хвіліну проста баіцца, каб хто-небудзь не распачаў з ім гаворкі. Хаваць сваіх пачуццяў Іван не ўмее...

У дзяўчат супраць Івана змова. Пазіраючы ў яго бок, яны робяць адна другой таямнічыя знакі і пырскаюць смехам. Цікаўнасць да Івана і яго настрою ў іх дужа вялікая, бо пераміргванне і перасмешачкі не спыняюцца з самай раніцы.

Іван бачыць усё гэта, і яго разбірае яшчэ большая злосць. Ён злуецца на сябе, што згадзіўся пайсці на ток, на рабую Марылю Сініцу, якая выстаўляе сябе начальніцай, на ўсіх, у каго здаровае, бесклапотнае горла. Але болей за ўсё Івана выводзяць з цярпення намёкі і загадкі, якімі, нібы згаварыўшыся, сёння ўсе размаўляюць.

Хлапец устае і падыходзіць да трактара. Мерна тахкае стары спрацаваны матор, у радыятары сіпіць пара, бясшумна слізгае бліскучы пас. Па таку, нібы апантаная, носіцца Марыля. Яна то бяжыць у склад, куды заносяць поўныя мяхі, то завіхаецца каля вагаў. Грукоча малатарня, глытаючы сноп за снопам. Рагочуць запыленыя да самых вушэй малацьбіты.

Іван бярэ старое дзіравае вядро і ідзе да студні.

— Матор перагрэўся,— гаворыць ён, не звяртаючыся ні да каго.— Трэба заліць вады...

Пасля таго як хлопец знікае, з хвіліну ўсе маўчаць. Потым, нібы праз адчыненыя застаўкі, прарываецца на волю стомленае доўгім чаканнем дзявочае красамоўства..

— Гэта ўсё Марыля вінаватая! — крычыць са стога шустрая бялявенькая дзяўчына.— «Малаціць, малаціць!» Ёй хоць бы што, а ў хлопца сэрца разрываецца...

— Цэлы будзе, не памрэ. Яшчэ ніводнага не панеслі на могілкі з-за гэтага.

— Такая ўжо княгіня, гэтая Шура. Проста дурныя нашы хлопцы. Куды адзін, туды і ўсе...

— У Палыкавічы іх цягне...

— Але папаварыла гэтая Шура з Івана вады. І з носам аставіла. Так яму і трэба. Няхай не бегае за чужымі...

Цяпер у наступ перайшлі хлопцы.

— Маладзец Рыгор, з-пад носа ў Івана перахапіў дзяўчыну.

— Паваяваць там было за што. Такой у нас з агнём не знойдзеш. Нашы дзяўчаты проста ад зайздрасці нагаворваюць на Шуру.

— Далёка ім да Шуры. Такая толькі вокам павядзе, і хлопцы за ёй цугам.

— Усе дзяўчаты такія. Хто больш перад імі віляе, да таго яны і ліпнуць.

Прыйшоў Іван са старым вядром, з усіх дзірак якога цурчэла вада. Размова ў адзін міг абарвалася. Тарахцеў трактар, грымела малатарня, густымі клубамі падымаўся шэры едкі пыл. Іван заліў ваду ў радыятар, падняў капот і пачаў корпацца ў маторы. Праз некалькі хвілін матор сціх, пас, бездапаможна слізгануўшы, павіс дугой у паветры.

— Усё,— сказаў трактарыст, выціраючы рукі пакуллем.— Трэба свечы мяняць...

— Іван, хоць гадзіну яшчэ,— папрасіла Марыля.— Заўтра б завезлі ў раён гэтыя восем тон і разлічыліся. Мы і так ад Палыкавіч адсталі.

— Што, я сам запрагуся ў малатарню? — агрызнуўся трактарыст.— Сказаў усё, значыць, усё.

— Табе цяпер на работу напляваць,— уз’елася Марыля.— Падумаеш, прычыну знайшоў, свечкі... Мігрэнь у цябе ад рэўнасці, вось што. Дурнымі ўсіх лічыш. Пачакай, на праўленні...

Іван моўчкі пайшоў прэч. Сонца толькі-толькі пачало хіліцца к захаду. Пасля доўгага тарахцення і грукату на таку стаяла нязвыклая цішыня. Было чуваць, як асядае ў сціртах салома.

— Якая яго муха ўкусіла? — здзіўлена спытала дзяўчына, што адграбала салому.— Кінуў-рынуў, як на пажар..,

— Вядома, якая,— ахвотна растлумачылі хлопцы.— Палыкавіцкая, чорненькая. Балюча кусаецца. Як укусіць, то і праз год не ачухаешся.

— Губіце вы нам жыццё, дзяўчаты! — робленым трагічным голасам залямантаваў нехта з хлопцаў.— Нейкая канарэйка такога арла скасавала. Ёй бы яму ногі мыць...

— Паперабіваць бы вам гэтыя ногі...

Прачнуўся брыгадзір Пятро Будзька. Ён цёр заспаныя вочы і ўтрапёна пазіраў на ўсіх.

— Кончылі ўжо? — запытаў ён у Марылі.

— Можаце канчаць тое, што пачалі раніцай. Які брыгадзір, такія і парадкі. Адзін спіць без просыпу, другі робіць што хоча...

— Ну, ну, разышлася. Стог жа змалацілі. Паабедайце, а калі трактар спраўны, то падмалоцім яшчэ. Нідзе ён не дзенецца, той Іван. Не пабяжыць на чужое вяселле, не бойся.

Ток апусцеў...

Іван Кніга блукаў па ляску ўзбоч сцежкі, якая нацянькі вяла ў Палыкавічы. Сонца садзілася за лесам. Праменні падалі на вершаліны дрэў, і ад гэтага там, наверсе, панавала залатая празрыстасць. Унізе, на верасавым доле, расплываліся шэрыя цені. Было ціха.

Хлопец раз-пораз нагінаўся, зрываючы брусніцы. Ягады здаваліся горкімі. Думкі набягалі адна за адной, зліваючыся ў нейкую гарачую, шалёную хвалю. Хвілінамі гэтая хваля захліствала ўсяго яго, распірала грудзі, салёным камяком падступала к горлу. Тады муцілася свядомасць, знікалі думкі і расло неадольнае жаданне бегчы куды-небудзь у белы свет. Хацелася ўцячы ад знаёмых твараў, насмешлівых вачэй, ад гэтай сцежкі...

Іван забрыў у зацішак і лёг пад дубком. Сухі ліст, сарваўшыся з галіны, упаў на дол. Ад усланае леташнім лісцем зямлі ішоў халадок. Вярнуўся спакой. Няўрымслівае, шалёнае пачуццё пачало знікаць, саступаючы месца балючаму суму. Боль, нібы цвік, сядзеў у сэрцы. Іван ужо адчуваў, што нікуды не ўцячэ і нідзе не схаваецца ад свайго смутку. Ён не ў гэты дзень пачаўся і не заўтра кончыцца.

Аднекуль з шэрага ляснога зацішку выплыў і паўстаў перад вачыма вясёлы круглы твар раз’язнога механіка Шацілы. «Год будзеш пакутаваць,— некалі суцяшаў былы карабельны качагар.— Марской хваробай трэба перахварэць. Тапчы ўсё пад ногі... Гуляй з другімі. Хутчэй тады пройдзе гэта...»

«Гэтае» не праходзіла, Шаціла проста аказаўся слабым прарокам. Іван даўно чакаў загадзя вядомай развязкі, і ўсё-такі яна застала яго неспадзявана. Яна, Шура, растварылася ў наваколлі і замяніла сабой увесь свет. Пра яе ведалі і рэчка, і поле, і кожнае дрэва вось на гэтай сцежцы...

Можа, Іван заснуў, а можа, гэта было толькі ціхае трызненне. Ледзь чутна шасцеў лісцем дубок, і ў яго шасценні звінеў знаёмы з дзяцінства матыў: «Табе, Йванка, сто дарог, сто дарог, гані гора за парог, за парог...» Песню спявала бабка. У яе былі мяккія рукі і маршчыністы твар. Маці памерла рана, і яе Іван не памятаў...

Усе сто дарог прывялі да Шурыных веснічак. І гора нікуды не прагоніш, калі яно ў табе самім...

Іван ляжаў доўга. Ён не варушыўся: у вушах звінела бабчына песня, і яна гучала цяпер, як музыка на Шурыным вяселлі. Душу агарнуў жаль да самога сябе. На вочы набеглі слёзы. І раптам прыйшла ясная думка, як раніца цёплага летняга дня: «Люблю Шуру і буду любіць. Што з таго, што яна цяпер замужам. Яна ж такая толькі адна...»

Ён устаў і абтрос з сябе апаўшае лісце. Сонца зусім схавалася за лесам. Паміж дрэў расцякаўся змрок. І цяпер Іван ужо выразна пачуў не гукі гармоніка і перастук бубна, а тарахценне трактара і прыглушаны гул малатарні. Вострая радасць ахапіла хлопца: не вяселле, а Рыгораў трактар гудзеў у Палыкавічах. Іван кінуўся па сцежцы ў вёску. Ён ужо бачыў Шуру не ў падвянечным плацці за вясельным сталом, а на таку, ля малатарні...

Калі ён выбег з ляска, у палыкавіцкіх вокнах загарэліся першыя аганькі. Трактар ужо не гудзеў. Не зважаючы на гэта, Іван ляцеў на ток. Там ён ужо нікога не застаў. Было толькі ясна, што малацілі тут да самага вечара. Ля гумна Іван наткнуўся на дзеда-вартаўніка: той драмаў, накрыўшыся кажухом.

— Усё змалацілі? — з надзеяй у голасе запытаўся Іван.

— Усё,— адказаў вартаўнік.— А цяпер пайшлі гуляць вяселле. Толькі якое гэта вяселле: папяюць, паскачуць, бы на вечарынцы...

Дзед адвярнуўся і накрыўся кажухом з галавой. Блішчэлі ў небе ціхія зоркі. На вуліцы заліваўся гармонік, чуліся звонкія галасы і смех. Іван павярнуў назад у Асцюкі.

«Ноч светлая,— думаў ён па дарозе.— Калі малаціць, то не трэба ніякая «лятучая мыш»...»

Звінела ў Палыкавічах вяселле...

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 372-379
Крыніца: скан