epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

З пазіцыі рабочага чалавека

Мы ўсе з’яўляемся сведкамі, як усё больш узрастае значэнне, грамадская вага кнігі. Усё цяжэй падпісацца на збор твораў вядомага пісьменніка. У кніжных магазінах, у тым ліку букіністычных, заўсёды людна, тлумна.

Гэта можа азначаць толькі адно: наш сучаснік, чалавек любога ўзросту, які жыве, працуе з намі побач, шукае ў пісьменнікаў — класікаў і навейшых,— у кнігах адказы на свае духоўныя запатрабаванні.

Не будзем суцяшацца ілюзіямі: чытач бывае розны. Яшчэ шмат хто задавальняецца ходкімі дэтэктывамі, «развлекательной» літаратурай або падробкамі пад праўду жыцця,— кнігамі, дзе ёсць нібыта даволі верагоднае знешняе апісанне падзей, «фізіялогія» быту або вайны, але духоўнае жыццё герояў збеднена, значных характараў, тыпаў няма.

І ўсё ж без перабольшання можна сказаць, што савецкі чытач самы лепшы ў свеце. Бо толькі ў нас такімі велізарнымі тыражамі разыходзяцца кнігі, столькі адбываецца дыскусій па кнігах, сустрэч з пісьменнікамі. У наяўнасці шматмільённая армія чытачоў-кнігалюбаў.

Напярэдадні пісьменніцкіх з’ездаў — Беларусі і Усесаюзнага — хочацца выказаць некалькі думак адносна развіцця нашай літаратуры.

Мы ўступілі ў 80-я гады. Гэта значны рубеж, на якім можна ды, бадай, і трэба азірнуцца, падвесці падрахункі. Як развівалася, напрыклад, наша беларуская літаратура на працягу 70-х гадоў?

Я лічу — развівалася нармальна, ёсць бясспрэчныя здабыткі ва ўсіх жанрах: працягваў расці ўсесаюзны і міжнародны прэстыж нашай літаратуры, шэрагі пісьменнікаў папоўніліся колькасна, створана новае выдавецтва «Юнацтва».

І ўсё ж мне здаецца, што недзе мы не дабралі. У прыватнасці, у мастацкім асэнсаванні праблем, духоўнага клімату сённяшняй вёскі, дзе, як вядома, адбываюцца складаныя, супярэчлівыя працэсы. Страціўшы Івана Мележа, наша літаратура, як уяўляецца, не змагла ўзняцца на вышыню адчування вастраты праблем вясковага жыцця, якія характарызавалі творчасць (няхай сабе на матэрыяле 30-х гадоў) гэтага выдатнага пісьменніка.

Дзякуючы ў першую чаргу Івану Мележу наша літаратура вельмі наблізілася да чалавека працы, паглядзела на свет яго вачамі, і такі пагляд даў надзвычай вялікі плён. Можна, аказваецца, з пляцоўкі, якая ў раманах Івана Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань» называецца палескай вёскай Курані, убачыць увесь свет з яго радасцямі і трывогамі, прыкметы таго, што толькі нараджаецца, можна высветліць сувязі, якія яднаюць дзень сённяшні з днём учарашнім і заўтрашнім.

Сучаснасць у такім разуменні — не голая надзённасць, пазбаўленая шырыні гістарычнага погляду і адчування перспектывы будучыні, а сінтэтычнае, усебаковае адчуванне і бачанне жыцця.

Так, жыццё наша імкліва развіваецца ў індустрыяльным напрамку, але «кнопачная цывілізацыя» (калі, скажам, варта будзе націснуць кнопку, як пацячэ, напрыклад, малако, з’явяцца, як у казцы, малочныя рэкі з кісельнымі берагамі) яшчэ не наступіла і не наступіць, відаць, ніколі. Мы павінны цікавіцца існуючымі рэальнасцямі жыцця, імкненнямі, духоўнымі сяганнямі рабочага чалавека, які будуе камуністычнае грамадства.

На маю думку, у беларускай літаратуры за 70-я гады не паявілася твора, дзе б адчувалася вастрыня праблем духоўнага жыцця сучаснай вёскі, як гэта бачым мы, напрыклад, у некаторых творах рускага пісьменніка Валянціна Распуціна.

У няменшым даўгу мы, пісьменнікі, і перад тэмай горада. Большасць сённяшніх рабочых, інжынераў — дзеці, унукі вяскоўцаў-хлебаробаў, якія прыйшлі ў горад ад сялянскіх ніў. Гэткімі ж па паходжанню з’яўляецца большасць сучасных беларускіх пісьменнікаў. Таму мы лёгка можам зразумець сённяшняга рабочага або інжынера.

Я зусім не заклікаю пісаць «вытворчыя» раманы або аповесці, хоць і на такой аснове пры глыбокім мастакоўскім, мастацкім падыходзе можа з’явіцца добры твор. Мне здаецца, галоўнае ў нашай пісьменніцкай чыннасці — умець глядзець на свет вачамі рабочага чалавека, ацэньваць праявы жыцця яго этычнымі і эстэтычнымі меркамі.

Большасць нас, пісьменнікаў, з’яўляецца службоўцамі. Мы працуем у рэдакцыях, выдавецтвах, навуковых установах, і гэта праца адымае львіную долю нашага пісьменніцкага часу. Я лічу — гэта прамая, непасрэдная страта для грамадства. Бо раман ці нават аповесць, прысвечаную вострым праблемам сучаснага сяла, горада, не напішаш, выязджаючы ў кароткатэрміновыя камандзіроўкі.

Трэба добра ведаць, вывучыць той прадмет, пра які хочаш напісаць што-небудзь вартае.

Трэба, відаць, хоць часткова аднавіць практыку сацыяльнага заказу, якая некалі бытавала ў творчай практыцы. Трэба, каб нашы рэдакцыі, выдавецтвы знайшлі магчымасць пасылаць на год ці хоць на паўгода найбольш здольных пісьменнікаў у творчыя камандзіроўкі — з прыцэлам на будучы раман ці аповесць.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 225-227
Крыніца: скан